Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта

“Я адзавуся”. Кніга-помнік паўстаўшай душы беларусаў Друк E-mail
04.05.2014 | 21:46 |
“Я адзавуся”: Кніга-помнік паўстаўшай душы беларусаў
pdf (4,82 МБ)
pdf (4,82 МБ)
Васіль Якавенка

Неяк нават не чакалася, што наша беларуская літаратура, спакваля звяртаючыся да паўстання Кастуся Каліноўскага, якое бунтоўна адшумела, адбалела 150 гадоў таму і не перастае вярэдзіць душу, зрабіла столькі што сабранае і выстраенае у адным фаліянце ўражвае і ўражвае як велічны помнік волату зямлі беларускай і ягоным паплечнікам Касінерам Свабоды. Безумоўна, гэта пачэсны патрыятычны ўчынак нашых літаратараў, падхапіўшых штандарт паўстанцаў за волю, за долю. А сярод аўтараў і класікі, і тыя, хто поплеч з імі.

Паэмы і драмы, трагедыі, вершы апавяданні... Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Уладзітмір Караткевіч, Адам Мальдзісм, Генадзь Кісялёў... Дзясяткі прозвішчаў , і кожны робіць свой унёсак як асабістую даніну памяці легендарнаму герою. Карпатлівую і нялёгкую працу на зборы і ўкладанні ўсяго гэтага выканаў паэт Сяргей Панізьнік.

Вядома, уражвае і моцна ўражвае настолькі сталы, мужны, асветай асвечаны вобраз маладога чалавека -- героя, кіраўніка паўстання, які нават у трагічна-крытычны момант не страціў свайго крамяністага духу ды з выклікам да маскалёў прыняў смерць. Да нашага гонару за яго, аднак, прымешваецца скруха: гэтак рана пакінуў белы свет!.. Ен вельмі цаніў адукацыю, марыў далучыць да яе мужыкоў, адукацыя і дапамагла яму зразумець і ацаніць свой народ, ягоны пагібельны стан пад ярмом акупантаў. Сэрца яго ўспламянілася, на палымяныя і гнеўныя словы Яські-гаспадара з-пад Вільні адгукнуўся народ.

Кніга "Я адзавуся" не пакіне абыякавымі чытачоў, яна паспрыяе як далейшаму гартаванню патрыятычных пачуццяў у душах, якія не ўмерлі, так і ўшанаванню памяці пра слаўнага сына беларускага народа і ягоных паплечнікаў -- як Серакоўскі і іншыя, увекавечванню іх подзвіга ў культурным абліччы гарадскіх вуліц і плошчаў на Беларусі. Усё гэта ператворыцца ў светлую і яркую з'яву, імя якой Кастусь Каліноўскі.

 

Памяці справядлівага

Сяргей ПанізьнікСяргей Панізьнік, укладальнік

Даследчык духоўных каштоўнасцей, назапашаных нашым народам, Адам Мальдзiс назваў Кастуся Калiноўскага другiм пасля Францiшка Скарыны беларускiм адраджэнцам. Такая слушная думка пацвярджаецца i iншымi вучонымi. Вiктар Дарашкевiч, да прыкладу, пiша:

«Важна падкрэслiць: Скарына бачыў перспектыву развiцця кнiжнай нацыянальнай паэзii i ўвогуле лiтаратуры ў яе дэмакратызме, служэннi народу, наблiжэннi да працоўных мас. Шлях да народа, якi шукала i знайшла новая беларуская паэзiя ХIХ-XX стст. у асобе В. Дунiна­Марцiнкевiча, У. Сыракомлi, Я. Лучыны, Ф. Багушэвiча, К. Калiноўскага, класiкаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановiча, iшоў праз стагоддзi ад Скарыны.

Духоўная еднасць i пераклiчка пачынальнiкаў беларускай лiтаратуры XIX ст. са Скарынам прасочваецца i ў публiцыстычных творах, напрыклад у публiцыстыцы К. Калiноўскага. Вялiкi рэвалюцыянер­дэмакрат Калiноўскi ў апошнiм лiсце з­пад шыбенiцы пiсаў: "Нямаш, браткi, большага шчасця на гэтым свеце, як калi чалавек у галаве мае розум i навуку. Тагды ён толькi магчыме жыцi ў багацтве, па праўдзе, тагды ён толькi, памалiўшысь Богу, заслужыць неба, калi збагацiць навукай розум, разаўе сэрца i радню цэлу сэрцам палюбiць".

Тая ж i ў Скарыны i Калiноўскага арыентацыя на культ розуму i навуку, паспалiты люд ("радню цэлу"), пасмяротнае прызнанне заслуг чалавека».

А калi вы зверыце тэксты К. Калiноўскага з яго зваротам да люду паспалiтага з тэкстамi прадмоў цi пасляслоўяў Ф. Скарыны дзеля разумення тым жа людам паспалiтым сэнсу Святога Пiсання, то адчуеце iх духоўнае сугучча. Прапаведнiк волi i роўнасцi, народны будзiцель К. Калiноўскi, магчыма, i не чытаў скарынаўскiх першадрукаў (хаця ўпершыню iх выявiлi якраз у Санкт­Пецярбургу). Перазовы - у геннай пераемнасцi пакаленняў. Такая ўжо «памяць крывi»...

Вось толькi некалькi скарынаўскiх выслоўяў: «...каб мы... усялякага труда i скарбаў для паспалiтага дабра i для айчыны свае не шкадавалi... бо ад прыраджэння звяры, што ходзяць у пустынi, знаюць ямы свае; птушкi, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры i ў рэках, чуюць вiры свае; пчолы i ім падобныя бароняць вулляў сваiх, - таксама ж i людзi, дзе нарадзiлiся i ўскормлены суць па Бозе, да той мясцiны вялiкую любоў маюць».

Таму зусiм натуральным выглядае тое, што выдавецтва «Юнацтва» ўслед за кнiгаю пра Скарыну («Слаўны сын Беларусi», 1994) падрыхтавала i кнiгу пра Калiноўскага («Жывi ў свабодзе!»).

Калiноўскi, сын Сымона, Вiкенцiй (Вiнцэнт) Канстанцiн паволi вяртаўся на мацярык роднай зямлi, да таго народа, за волю якога аддаў жыццё. Самi беларусы толькi 15 лютага 1916 г. назвалi Калiноўскага сваiм Героем, неад'емнай постаццю ўласнай гiсторыi. Гэта было абвешчана Вацлавам Ластоўскiм у артыкуле «Памяцi Справядлiвага», якi ён пад псеўданiмам Сваяк надрукаваў у вiленскай газеце «Гоман».

Потым з'явiлiся доследы Максiма Гарэцкага, Антона Луцкевiча, Аляксандра Цвiкевiча... Яська­гаспадар з­пад Вiльнi, якi меў яшчэ i такую празыўку - Васiль Свiтка, паступова ўсведамляецца як гiстарычная асоба. Выпрацоўваецца пачуванне крэўнай еднасцi з рэальным змагаром за справядлiвасць. Этымалагiчны змест iмя Канстанцiн утрымлiвае такiя азначэннi: Непахiсны, Трывалы, Цвёрды. Нездарма сучаснiкi i гiсторыкi называлi Калiноўскага Лiтоўскiм Маратам (лiтоўскiмi, лiцвiнскiмi называлi беларускiя землi). Дзеячы нацыянальнай публiцыстыкi ўводзiлi ва ўжытак такiя iмёны для Калiноўскага: Касцюк, Костусь, Канстант, Канстантын, Кастусь. Апошняе iмя прыжылося за iм навечна. Так чалавек, якi «валодаў несакрушальнай вытрымкай i не дазваляў схiлiць сябе нi да якога згоднiцтва» (з успамiнаў Ю. Яноўскага, сакратара паўстанцкага камiтэта), стаў для нашчадкаў сiмвалам народнай нескаронасцi, змагарнасцi за чалавечыя правы.

Да таго ж памяць пра паўстанне яшчэ жыла ў народнай свядомасцi. Фальклорныя эапiсы, да прыкладу, узнаўляюць «Песнь на Божы час», дзе ёсць такiя словы (пераробка да патрэбаў часу даўняй песнi «I шумiць, i гудзе...»):

Божый час, Божый час
Завернуўся для нас;
Мужык вольно стаў спевацi, 
Годзi, годзi прападацi.

Гдзе не глянь, гдзе не стань, 
Валачыцься пагань.
Выганiць нам ею трэба, 
Каб за тое дастаць неба.

I хто пан - вон ад нас!
У Божый час, ў Божый час!
Бо мы роўные з панамi,
Бо за вольносць усе с касамi!

У 1968 г. ад Панiзнiк Альжбеты Фролаўны, 1888 года нараджэння, я запiсаў у вёсцы Бабышкi Мiёрскага раёна Вiцебскай вобласцi:

Пад Аршавай ёсць такое места: там кiпеў крывавы бой. 
Бой крывавы, пiр багаты не забудзем цалы век...

Калi я папрасiў бабулю прадоўжыць песню, яна не змагла. Як закляцце: век­стагоддзе, адведзенае на памяць, мiнулася. А прадоўжыць гiстарычную памяць не было каму...

Больш пашчасцiла лiтаратурным творам, прысвечаным паўстанню i кiраўнiку змагарнаю справай на Лiтве­Беларусi - К. Калiноўскаму. Такiя помнiкi прыгожага пiсьменства пачалi сваё жыццё яшчэ ў 1920­я гг., сярод якiх у першую чаргу трэба назваць п'есу Еўсцiгнея Мiровiча «Кастусь Калiноўскi» (упершыню пастаўлена 2 лiстапада

1923 г. - да шасцiдзясятай гадавiны збройнага чыну). Змiтрок Бядуля прарочыў спектаклю «значэнне эпахальнае». Янка Купала ў газеце «Савецкая Беларусь» пiсаў, што п'еса «абяцае стаць драматычным творам, якi запануе ў гэтым сезоне». I далей, аналiзуючы паасобныя сцэны: «Наша рэвалюцыйная моладзь, асаблiва жаночая, так i кажа: "Тут далi б нам больш ад яго [Калiноўскага] духу! Гэта хоць i патрасе нашыя душы, але якi гэта быў бы святы, абнаўляючы агонь!"» Свой водгук на драматычны твор Е. Мiровiча Янка Купала закончыў так:

«Моладзь павiнна знаць тых, хто складаў галовы за волю працоўных Беларусi».

На сёння Калiноўскiяна складае вялiкую анталогiю празаiчных i вершаваных твораў. Зборнiк «Жывi ў свабодзе!» - гэта спроба агляду творчых здабыткаў беларускiх пiсьменнiкаў. Кнiга пра Калiноўскага прадстаўляе розныя жанры, але першыя старонкi ў ёй аддадзены ўзнаўленню спадчыны самога Яськi­гаспадара - непаўторнага публiцыста, паэта. Не ўсё вернута з небыцця, не ўсё з выяўленага можна было прадставiць ў кнiзе, абмежаванай памерамi. У зборнiку - як запавет Калiноўскага - на суд чытачоў выносяцца яго ўзнадзейныя вершаваныя радкi, нумары «Мужыцкай праўды», трагiчныя «Лiсты з­пад шыбенiцы». Iх трэба ўспрымаць вачыма i сэрцам самога Кастуся, таленавiтага аўтара, а не праз заангажаваныя акуляры ўзбуджанага пярэпалахамi кнiгалюба, ды яшчэ пад засняю-абажурам з лямпаю пераменлiвага накалу. Iсцiна падпiтваецца толькi сваёй боскаю святлiвасцю. I не варта зашорваць iсцiну пры чарговых зменах «палiтычнай сiтуацыi». Iсцiна не можа ўзбуджаць хоць якiя «антынастроi». Iх пры жаданнi могуць справакаваць добраахвоты­iнтэрпрэтатары.

Мы ведаем лiрычнага адрасата Кастуся Калiноўскага. Гэта Марыя Ямант - чарнабровая галубка вязня Вiтажэнца. Зоркаю Венерай стала асуджанаму на смерць 26­гадоваму дзецюку анёльская iстота з райскага саду свабоды. Праз паўстагоддзе яшчэ адзiн 26­гадовы паэт, Максiм Багдановiч, таксама пашле ў неба «пагляды свае». Такi ж самы змагар, гэтак жа асуджаны на смерць, хоць i сухотамi. Iх лёс падобны стаўся - i ў рыцарстве, i ў пасмяротнай славе.

«Мужыцкая праўда» пацягне на том «Выбранага» апантанага палемiста­асветнiка. Тэксты ўзяты з хрэстаматыi «Беларуская лiтаратура XIX стагоддзя» (1988), Вячаслаў Рагойша, якi адаптаваў iх для падручнiка, так пракаменцiраваў «Мужыцкую праўду»: «Гэта выданне - яскравы ўзор беларускай рэвалюцыйнай публiцыстыкi. Выходзiла нелегальна ў выглядзе асобных друкаваных адбiткаў (на адным цi двух баках папяровага лiста) лацiнскiмi лiтарамi. Усяго ў 1862-1863 гг. выйшла сем нумароў газеты, кожны з якiх быў падпiсаны псеўданiмам К. Калiноўскага "Яська­гаспадар з­пад Вiльнi".

Газета ў даходлiвай форме выкрывала грабежнiцкi характар рэформы 1861 г., палiтыку царызму на беларускiх землях, заклiкала сялян да ўзброенага паўстання за зямлю i волю, за чалавечыя правы. Разам з тым ў ёй выявiлася i пэўная абмежаванасць сялянскага рэвалюцыйнага дэмакратызму (неразуменне прычын узнiкнення прыгоннага права, iдэалiзацыя мiнулага, усхваленне унii).

Мова газеты народная, вобразная, багатая стылiстычнымi фiгурамi, эмацыянальная. К. Калiноўскi творча выкарыстаў стыль пашыраных у той час у Беларусi народных гутарак (непасрэдны зварот да адрасата гаворкi, гутарковыя iнтанацыi, непасрэднасць выказвання i г. д.).

Упершыню на мове арыгiнала газета цалкам надрукавана ў кнiзе С. Агурскага "Очерки по истории революционного движения в Белоруссии (1863-1917)" (Мн., 1928). У перакладзе на рускую мову ўвайшла ў выданнi: "Революционный подъем в Литве и Белоруссии 1861-1862 гг." (М., 1964; № 1-6); "Восстание в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг." (М., 1965; № 7). Публiкуецца па зборнiку дакументаў i матэрыялаў "Prasa tajna z lat 1861-1864" (Wroclaw; Warszawa; Krakow, 1966, cz. 1, s. 320-329)».

«Лiсты з­пад шыбенiцы» ўзяты з часопiса «Маладосць». Iх падрыхтаваў да друку Язэп Янушкевiч. Мала хто быў знаёмы з «Лiстамi» i турэмнымi паказаннямi К. Калiноўскага сярод вязняў з камер 37 года. А калi чытаеш «собственноручные» запiскi ахвяраў сталiнскага тэрору, праз напластаваннi часу чуюцца тыя ж самыя «згукi Бацькаўшчыны». Няскоранасць духу лучыць «Лiсты» з надпiсамi на сценах Брэсцкай крэпасцi, з перадсмяротнымi радкамi, пакiнутымi ў гестапаўскiх засценках.

Згода Максiма Танка на перадрук яго паэмы «Калiноўскi» была атрымана ў дзень, калi ён, грузна абапершыся знясiленымi рукамi на стол, чакаў прыезду «хуткай дапамогi». Спачатку меркавалася даць урыўкi ў зборнiк «Жывi ў свабодзе!». Максiм Танк, узняўшы цяжкую галаву, папрасiў змясцiць твор цалкам: «Дужа яна мне дарагая, паэма. Пiсалася тады, калi было нялёгка змагацца за Калiноўскага...»

Мы выконваем пажаданне­запавет маркотнага Максiма Танка. Ён сам прайшоў праз змрочную лукiшскую турму. Спадкаемца Калiноўскага мог прывiдна бачыць, як пiша Мiкола Арочка - даследчык творчасцi Максiма Танка, «тую вiсельню, на якой царскiя сатрапы на чале з Мураўёвым спрабавалi пятлёй перацяць, задушыць вялiкую паўстанчую справу вызвалення роднага краю. Колькi на тым жа пляцы адскрыпела новых вiселень, што забралi блiзкiх таварышаў, палiткатаржан...». I далей - пра долю паэтаў Танка i Таўлая: «Яны, скатаваныя, змардаваныя, ахвярна палiлi сябе ў сырых казематах з усведамленнем працягу гераiчных спраў сваiх вялiкiх папярэднiкаў».

20 лiпеня 1936 г. адбылася сустрэча Максiма Танка са сваiм сябрам Мiкалаем Дворнiкавым - Гарасiмам, якi, ад'язджаючы ваяваць у Iспанiю, падарыў паэту на памяць самапiску з пажаданнямi напiсаць добрыя творы. Гарасiм загiнуў у баi з фалангiстамi, так i не паспеўшы ажыццявiць сваю мару - арганiзаваць i ўзначалiць узвод iмя Калiноўскага. У 1938 г. Максiм Танк выканаў просьбу сябра: напiсаў паэму пра Калiноўскага. Уладзiмiр Калеснiк, яшчэ адзiн пранiкнёны даследчык творчасцi Танка, вельмi высока ацанiў яго паэтычны здабытак: «Па пераканальнасцi ў перадачы атмасферы высакароднай ахвярнасцi... паэма Танка не мае сабе роўных у беларускай лiтаратуры».

Аб гiстарычнай пераемнасцi нацыянальных гераiчных традыцый думаў i Пятрусь Броўка, ствараючы свой верш «Кастусь Калiноўскi» падчас Вялiкай Айчыннай вайны. Згадваў гэтае iмя Кузьма Чорны ў публiцыстыцы ваенных гадоў. Што датычыць творчасцi Петруся Броўкi, то ён, як адзначыў лiтаратурны крытык Мiхась Ярош, «тонка адчуў спецыфiчнасць фальклорнай тыпiзацыi, стварыў яскравы вобраз народнага заступнiка». А «дабiцца арганiчнага злiцця гiсторыi i сучаснасцi ў шырокiм эпiчна­былiнным плане Броўку ў вершы "Кастусь Калiноўскi" дапамагла стылявая традыцыя народнай творчасцi, па­майстэрску выкананая паэтам».

Яшчэ адзiн сын Сымона - Уладзiмiр Караткевiч, нашчадак шляхецкага роду, адзiн з прадстаўнiкоў якога непасрэдна ўдзельнiчаў у паўстаннi пад штандарамi Калiноўскага. Караткевiч таксама быў «хворы на сумленнасць i справядлiвасць», i драматычным падзеям 1863-1864 гг. прысвяцiў амаль усё сваё творчае жыццё. Яшчэ студэнтам Кiеўскага ўнiверсiтэта збiраў ён матэрыялы для дысертацыi аб адлюстраваннi паўстання 1863 г. ва ўсходнеславянскiх i польскай лiтаратурах. Але энцыклапедычныя веды Караткевiча, на шчасце (як заўважыў гiсторык Генадзь Кiсялёў), увасобiлiся не ў сухой манаграфii, а рассеялiся па многiх мастацкiх творах. Раман «Каласы пад сярпом тваiм» - гэта яго «доўг Дняпру, людзям паўстання 1863 года, Беларусi». Тэма паўстання - у пралогу да рамана «Нельга забыць», у п'есе «Кастусь Калiноўскi», у многiх вершах. Лейтматывам да гэтай часткi спадчыны пiсьменнiка маглi б паслужыць цi не гэтыя словы, выказаныя ў адрас Калiноўскага:

«Каб не плакалi з голаду дзецi, каб не было прыгону i гвалту, каб квiтнела вольнае слова, каб не сiвелi ў роспачы жанчыны, каб мужчыны не лаялiся бяссiльна i не памiралi з думкай, што ў iх жыццi не было жыцця, - ён аддаў сваё жыццё. Бо ведаў: неацэнны дар - жыццё - нельга абражаць рабствам, голадам, цемрай, нацыянальным уцiскам, смяротнымi пакараннямi».

Уладзiмiр Калеснiк занатоўваў свае гутаркi з пiсьменнiкам. З запiсаў вучонага вынiкае, што Караткевiч лiчыў постаць Калiноўскага самаю шчымлiваю ва ўсёй нашай гiсторыi. Яго вобраз цяжка выяўляць праз мастацкае слова, бо Калiноўскi яму здаецца чалавекам, зацiснутым самадысцыплiнай, нават жорсткiм. Гэта палiтык, дыктатар, фанатык палiтычнай iдэi, запраграмаваны, самаабмежаваны ў сваiх паводзiнах.

Талент пiсьменнiка пераадолеў супрацiўленне матэрыялу - i мы маем шматфарбны, аб'ёмны партрэт, створаны мастаком слова. Выснова лiтаратуразнаўцы Пятра Васючэнкi такая, што вобразам К. Калiноўскага У. Караткевiчу ўдалося абвергнуць мiф пра «традыцыйную» пакорлiвасць, забiтасць беларусаў, што прыхаваная гатоўнасць да самаахвяравання - такая ж уласцiвасць беларускага характару, як i талерантнасць, добразычлiвасць (гл. зборнiк: Абнавiцца духам: Старонкi сучаснай лiтаратурнай крытыкi. Мінск., 1993).

У. Караткевiч, А. Куляшоў звярталiся па парады, удакладненнямi да аўтарытэтнага крынiцазнаўцы беларускай мiнуўшчыны, даследчыка жыцця, дзейнасцi i светапогляду К. Калiноўскага - да Г. Кiсялёва. Дарэчы, шаноўны Генадзь Васiльевiч - «расiйскi хлопец», як пiша пра свайго калегу кандыдат гiстарычных навук Марат Батвiннiк, па сканчэннi Маскоўскага гiсторыка­архiўнага iнстытута працаваў у дзяржаўных архiвах Вiльнi, сам удыхаў у навiслых скляпеннях яе муроў раствораную ў паветры гiстарычную субстанцыю Калiноўшчыны. А вось яшчэ аднаму аўтару зборнiка, доктару навук Адаму Мальдзiсу дзеля напiсання аповесцi не трэба было пераўвасабляцца ў «кротуса» (так Вядзьмак Лысагорскi назваў Г. Кiсялёва). Даследчык лiтаратурна­грамадскага жыцця мінулых часоў А. Мальдзiс быў у кантэксце падзей i зрухаў XIX ст. Аповесць Адама Мальдзiса добразычлiва сустрэла крытыка, кнiга была перакладзеная на латышскую i польскую мовы, а нядаўна паводле аповесцi пастаўлены спектакль.

«...Сёння памяць аб Калiноўскiм таксама трывожыць людзей», - пiша Валянцiна Куляшова ў кнiзе пра бацьку «Лясному рэху праўду раскажу...». I пагаджаецца з тымi, хто лiчыць паэму «Хамуцiус» вяршыняй творчага развiцця Аркадзя Куляшова.

Пра свайго героя паэт пачаў збiраць матэрыял даўно, але першыя паэтычныя радкi напiсалiся ў 1968 г., «калi сямейная драма дала бацьку эмацыянальны штуршок, а думкам - кiрунак», пiша Валянцiна Куляшова. Стварыўшы паэму, Аркадзь Куляшоў абагульнiў «сэнс жыцця Калiноўскага з пункту гледжання нашага сучаснiка».

У назапашанай мною Калiноўскiяне ёсць i паэтычная частка, дзе сабраныя вершы прадстаўляюць аўтараў пяшчотнага крыла чалавецтва - жанчын (пакуль што мы гаварылi пра тых, да каго звяртаўся Калiноўскi са словам: «Дзецюкi!»). Унёсак у гэтую паэтычную анталогiю зрабiлi Наталля Арсеннева, Ларыса Генiюш, Раiса Баравiкова, Валянцiна Коўтун, Вольга Куртанiч, Нiна Мацяш, Людмiла Рублеўская, Люба Тарасюк... У зямлячкi К. Калiноўскага Дануты Бiчэль цi не самы багаты паэтычны наробак. Мужнае iмя чалавека, якi на пароль «Каго любiш?» адгукаўся нiбы клятваю: «Люблю Беларусь!», сустракаецца ў вершах

«Белавежская пушча», «Супольна», «Якушоўка», «Сваяцтва», «Здалеча», «I дзве Лiтвы», «Замест запавету», «Вера», «Дзяды» i iншых. Роспач, знявер, адчай пераплаўляе Данута Бiчэль у абнадзейныя словы:

«Шчэ супольна сямейка збярэцца!». Заклiкае сейбiтаў долi сваёй, дзецюкоў, за рукi ўзяўшыся, зарой гарэць... Толькi тады мы - I не загiнем. I не станем прахам... Спяём Радзiме песню, а не плач.

Дзеiў у беларускай лiтаратуры i яшчэ адзiн зямляк Кастуся Калiноўскага - Сакрат Яновiч: паэт, празаiк, эсэiст, грамадскi дзеяч. Ён нарадзiўся ў 1936 г. у мястэчку Крынкi на Беласточчыне, дзе калiсьцi i выходзiла «Мужыцкая праўда». «Беласточчына, - пiша Уладзiмiр Гнiламёдаў, - старажытная беларуская зямля, вядомая сваiмi даўнiмi - яшчэ з часоў Ф. Скарыны - культурнымi i кнiжнымi традыцыямi. Ёсць гiстарычныя звесткi, што на працягу 1568-1570 гадоў у Заблудаве (мястэчка пад Беластокам) з добрым плёнам працавала славянская друкарня, заснаваная Iванам Фёдаравым i Пятром Мсцiслаўцам. Духоўныя традыцыi не перарывалiся i спрыялi ўстойлiвасцi i захаванню ў мясцовым людзе пачуццяў чалавечай i нацыянальнай годнасцi, i, калi ўцiск станавiўся невыносным, людзi ўзнiмалiся на супрацiў».

Яго Кнiга «Беларусь, Беларусь» Сакрата Яновiча, якая мела шырокi рэзананс (Варшава, 1986), напiсана спецыяльна па­польску, каб звярнуць увагу грамадскасцi. Аповесць «Сярэбраны яздок» - яго першая кнiга, якая выйшла ў Мiнску (1978, пасляслоўе Янкi Брыля). Якуб Мiско, рэцэнзуючы кнiгу - а там змешчаны i выбраныя апавяданнi, замалёўкi, гумарэскi аўтара, - адзначаў, што асобнае месца тут займае невялiкая аповесць «Сярэбраны яздок». Гэта «яшчэ адна старонка ў лiтаратуры, прысвечанай паўстанцкаму руху пад кiраўнiцтвам Калiноўскага».

Новы ўздым увагi да постацi Калiноўскага адбыўся ў апошнi час, калi адзначалiся такiя даты, як 125­годдзе, 130­годдзе паўстання, 150­годдзе з дня нараджэння слаўнага сына Беларусi.

Але сама «эпоха Калiноўскага», спадчына палiтычнага i культурнага дзеяча еўрапейскага маштабу да сёння цiкавiць вучоных, пiсьменнiкаў, мастакоў. У навуковы зварот паступаюць новыя матэрыялы, прыходзiць новае асэнсаванне ўсёй палiтры мiнуласцi, з якой, як фенiкс, ускрыляецца нашая будучыня.

Сярод турбот першапачатковых гiсторык М. Батвiннiк называе, да прыкладу, i такiя: «...неабходны сучасны, абноўлены летапiс жыцця i дзейнасцi беларускага змагара. Можна нават назваць гэту кнiгу "Каляндар Калiноўскага" i выдаць на высокiм мастацка­палiграфiчным узроўнi, як "Каляндар Скарыны" (Мінск, 1988). Таксама неабходна гiстарыяграфiчная праца, прысвечаная К. Калiноўскаму з аналiзам усяго, што назапашана ў Калiноўскiяне».

Галоўнае, што наспела тэрмiнова выдаць, - гэта энцыклапедычны даведнiк «Калiноўскi i яго час».

Жыць з клопатам пра заўтрашнi дзень - гэта значыць прадаўжаць справу продкаў. Застаецца толькi ўслед за Калiноўскiм усклiкнуць:

- Жывi ў свабодзе, будучыня Беларусi!

 

Даведка: пра кнігу "Я адзавуся" пытайцеся ў краме "Акадэмічная кніга".

 
Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 2139
mod_vvisit_counter Учора 1879
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 2139
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 40021