Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Эрнест ЯЛУГІН. "Рой чалавечы" Друк E-mail
29.09.2011 | 12:09 |
Змест
Эрнест ЯЛУГІН. "Рой чалавечы"
ІМЯ, або Чаму я не падобны на Карла Маркса
РОЙ ЧАЛАВЕЧЫ.
1. Ад Новага Запавету да Ніцшэ
2. Да зорак?
3. Тост французскага прэзідэнта
4. Канфуцый, Агасфер і памылка Вебера
НАРМАНСКІ СЛЕД.
1. Кроў і працэнты
2. Русь і Рось
3. «Панізоўнікі» ці «лютыя»?
«Русские» грёзы инородцев
Лiст у рэдакцыю
«Тады, мой сын, ты будзеш чалавек!»

ІМЯ, або Чаму я не падобны на Карла Маркса

Дзіўная гэта патрэба - ўспамінаць. Я не пра тое, ці замкнуў уваходныя дзверы, пакідаючы хату, або, дапусцім, ці выключыў, выходзячы, газ, - непазбежны старэчы клопат, мабыць, кожнага, асабліва калі мадзееш напрыканцы жыцця ў адзіноце. О, а яшчэ ключ! Абмацваю кішэні - так і ёсць, зноў забыў! Чортавы цяперашнія замкі - націснуў кнопку, шчоўкнула, а потым шчоўкнула ў мазгах, што апрануў не тое паліто, а ключ жа застаўся ў ранейшым. Не, я пра ўспаміны мінулага, якое даўно прайшло і дымам, здаецца, развеялася.

І ладна б ўспаміналася толькі прыемнае. У жыцці не так многа здараецца радасці, каб гэтага не цаніць і, значыць, не паспрабаваць хоць у мроях зноў апынуцца там, дзе ўжо нічога не засталося, і толькі гэтае "кіно" ў тваіх запаленых мазгах. Ну вось хоць бы і мая маці. Пакуль з ёю былі дзеці (чацвёра) і хворы ад ваенных раненняў і кантузій муж, яна пра мінулае калі і згадвала, то коратка і з вельмі канкрэтнай прычыны. За гаспадарчымі клопатамі ўсіх накарміць-апрануць-дагледзець не заўсёды хапала сілы, каб хаця распытаць нас пра школьныя справы і даць плескача за дурныя ўчынкі. Але вось дзеці раз'ехаліся, муж памёр, толькі два гады і пабыўшы на жабрацкай пенсіі, і засталася мама адна ў хаце (потым яе забралі дочкі ў Смаленск, там і спачывае на новых могілках). Тады ў яе і пачаўся перыяд успамінаў. Кот (з выдатнымі якасцямі, паміж іншым, лаўца аднекуль набеглых пацукоў) аказаўся самым цярплівым і ўдзячным слухачом, суседкам мама не надта давярала, ведаючы іх паталагічную схільнасць да пляткарства. Усё і падрабязна, нярэдка паўтараючыся ўжо напрыканцы, яна апавядала дочкам, Лоры і Томе, якія наязджалі са Смаленска, і мне, калі я раз у два месяцы, прыкладна, дні на тры наведваўся з Мінска.

Успаміны часцей былі такімі змрочнымі, што, не вытрымліваючы (сэрца ад іх шчымела, змагацца з кімсьці хацелася - з прывідамі мінулага!), я прасіў: "Мама, кінь нарэшце вярэдзіць сябе і нас жудасцямі. Яны мінулі, ты выжыла, дзякаваць Богу, дык навошта варушыць кепскае? Ну яго. Няхай сыйдзе дымам". "Ох, - чулася ў адказ, - ды так быццам лягчэе на душы".

Яшчэ адны падобныя ўспаміны давялося слухаць ад жыхаркі лясной вёсачкі Вяркалы ў пяці кілометрах ад Шацка Кацярыны Шохан (у дзявоцтве Добыш), бабулі маёй цяпер ужо памерлай жонкі. Адрозніваўся "стыль" бабулі Каці ад маёй мамы адным - прыхаваным нейкім арганічным гумарам аповяда пра самыя змрочныя выпадкі і мудрым здзіўленнем, што такое людзі маглі ўчыняць. Часам пасміхваючыся, апавядальніца выцірала краем хусткі вочы, ды і ў мяне ўскіпала пякучая сляза і спазмам ад абурэння, нават нянавісці да вылюдкаў сцінала горла. Прыкладам, калі бабуля Каця з выразнымі падрабязнасцямі расказвала, як яе мужа, удезельніка Імперыялістычнай, а потым Грамадзянскай вайны на баку "чырвоных" у часе гітлераўскай акупацыі, калі ўжо і малодшы сын, Сяргей (трое старэйшых з самага пачатку былі на фронце) пайшоў у партызаны, аднойчы тыя ж самыя так званыя лясныя салдаты, пабіўшы ды паздзекваўшыся, вывелі босага на расстрэл, вымагаючы ў старога прыхаваныя афіцэрскія боты сына. І забілі б упартага старога, каб бабуля Каця не выцягнула тыя боты са схрону і не аддала азвярэлым вылюдкам. Дзед Міша выціраў скупую слязу закаржэлым ад цяжкой сялянскай працы кулаком, калі слухаў той аповяд сваёй "бабы", але моўчкі.

Уяўляю, якія шыкоўныя гэта былі боты. Лётчыцкія, афіцэрскія. Ды для селяніна-калгасніка, які, нягледзячы на "ўдарніцкую" працу, не мог купіць нават прыстойныя бацінкі хоць і мінскай фабрыкі імя наркама лазара Кагановіча. А то ж афіцэрскія ялавыя боты! Я сам змалку мроіў пра такія, нават вырабляў з навошчанай пергаміннай паперы для сваіх "дзеючых асоб", калі ствараў для забавы сабе "тэатр лялек", назаву гэта так. Мне бацька перад сконам аддаў свае афіцэрскія боты, якія яму на фронце па сяброўску зрабіў зямляк-умелец. Убачыўшы пякучую скупую слязу дзеда Мішы, я падараваў яму гэтыя мае "фамільныя" боты, і як раней мой бацька, ён потым надзяваў іх толькі на значныя святы ці калі ехаў у горад у госці. Я быў рады яго радасцю, але, мяркую, сынавых ботаў, якія ў яго забралі партызаны, ён усё адно не забыў.

Як і мая мама, бабуля Каця, апавядаючы, нешта адначасова рабіла па гаспадарцы, толькі зрэдку прысаджваючыся перавесці дух, і зноў клапатліва тупала-тупала. Я са спазненнем (калі ўжо ў 80-гадовай бабы Каці здарыўся інсульт ад фізічнага перанапружання) пачаў запісваць яе аповеды на просценькі магнітафон. Адначасова то былі мне ўрокі надзвычай багатай, жывой і вобразнай беларускай мовы, дзе ў натуральную еднасць дзіўным чынам сплаўляліся і слоўцы рускія, польскія, яўрэйскія і, у меншай ступені нават германскія.

Дык для чаго гэтыя ўспаміны мінулага, калі нават не ставіцца мэта, дапусцім, згадаць былога ворага, каб ну калі ўжо не адпомсціць, то хаця б перасцерагчы нашчадкаў? Дарэчы, даследчыкамі заўважана, што ўспаміны ўласцівыя і іншым жывым істотам, не толькі чалавеку. Зноў жа - навошта? Для перадачы каштоўнага жыццёвага вопыту, дзеля выжывання, значыць, папуляцыі? А якім тады чынам? Чалавек, дык той хоць валодае неацэнным інструментам- Словам. Якое да таго ж людзі здагадаліся замацоўваць яшчэ і графічнымі знакамі. І людзі інстынктыўна імкнуцца скарыстаць свой дар. У некаторых такое памкненне ўзнікае ці не ў падлеткавым узросце, пішуцца гэткія ўспаміны малакасоса.

Але і запозненасць вартая спагады. У часы журналісцкай працы, здаралася, прыязджаеш да "бывалага" чалавека - распытаць аб пражытым-перажытым, а на цябе з падушкі пазіраюць вочы нямога прывіда, нерухома-спакойныя і нейкія апусцелыя, бы хата, гаспадара якой толькі нядаўна занеслі на клады: старэчы склероз спустошыў такі нядаўна выдатны мозг. "Табе б наведацца хоць тыдні на тры раней", - тлумачаць родзічы. Так, прыкладам, было, калі я прыехаў у мястэчка Капыль, каб убачыць жанчыну, у якую калісьці ў юнацтве быў закаханы паэт Цішка Гартны, ён жа першы старшыня Урада БССР Зміцер Жылуновіч. У пакоі побач на сцяне вісеў фотапартрэт сапраўды неверагодна прывабнай дзяўчыны, а з высокай падушкі пазіралі гэтыя вочы - прадоннем нябыту.

Ды вярнуся бліжэй да вытокаў. Толькі яшчэ дазволю сабе невялічкае лірычнае разважанне. Ахвочы да дурной рызыкі, я неаднойчы несвядома ставіў на кон жыццё. І па меншай меры да таго ж мяне двойчы спрабавалі забіць. Гэтулькі разоў смерць зазірала мне ў вочы! А неяк вось атрымлівалася - уратоўваўся.

У першую чаргу ратавала маці. Але ж і нейкія іншыя людзі. Язык не паварочваецца назваць іх чужымі. Чаму яны мяне ратавалі?

Я разумею прычыну, калі тое здарылася са мной, відаць, першы раз. Майго бацьку тады перавялі з Асінторфа на завод у Оршы механікам. На заводзе ў яго з'явіўся новы сябра - токар Уладзімір Корбан, які ў вольны час займаўся мастацкай самадзейнасцю і чытаў са сцэны байкі, у тым ліку свае. Мой бацька спяваў народныя песні, але таксама спрабаваў пісаць вершы. І вось аднойчы на пачатку лета сябры ў выхадны дзень накіраваліся за горад на бераг Дняпра. Там захапляліся цудоўным краявідам і адначасова заўзята абмяркоўвалі творчыя дасягненні адзін аднаго, параўноўваючы іх з шэдэўрамі любімых майстроў. Мне тады было гады са два, паэзія мяне яшчэ зусім не цікавіла, таму я займаўся іншымі справамі. А менавіта назіраў за плынню дняпроўскай вады. Урэшце канчаткова асмялеўшы, узяў нейкі пруток ды стаўшы на самы бераг, даволі круты, пачаў паляваць на вадзяных кузюрак. Памятаю, што грудок дзёрна пад маімі нагамі раптоўна шухнуў уніз, а разам і я. Наступны ўспамін таго моманту - гэта імклівае гойданне яркага камячка сонца, што праз ваду зіхацела мне ў вочы. Следам успамінаецца ўжо, як мяне ўсяляк торгаюць, паклаўшы на мурог, балючае ванітаванне вадой, раскудлачаная галава бацькі і зусім аголены Корбан (для мяне тады - дзядзька Бом), які выкручвае і разгладжвае сваю мокрую вопратку. Корбан аказаўся спрытнейшы за бацьку, ён мяне і здабыў з дняпроўскай глыбі, куды рынуўся не распранаючыся, нават не зняўшы бацінкі.

Эпізодна і без усялякай сістэмы здабываючы з глыбіні памяці выпадкі майго ратавання ў дзяцінстве, а толькі па моцы ўражання, цяпер згадаю, як мяне ўтрымала на гэтым свеце неверагодная прага займець добрую паперу і як гэта было бліскуча скарыстана разумнай і добрай сэрцам студэнткі-медычкі, імя якой мне і зараз, болей чым праз паўстагоддзя так прыемна згадваць, - Сара.

Канешне, у першую чаргу я захапляюся неверагоднай адданасцю дзецям сваёй маці.

Зімой 1945 года я ўжо хадзіў у школу ў другі клас і вельмі любіў пісаць, але не было ні чым, ні на чым. Мама на чыгуначнай станцыі Крычаў выменьвала на нешта жоўтыя папяровыя мяшкі, і гэта было лепшае, з чаго яна рабіла школьныя сшыткі. Была халадэча, галадуха і неверагодная скучанасць. У дзедавай хаце, дзе наша сям'я цудам займела прытулак падчас бежанства, пасля адступлення германскіх войск, якія спальвалі ці ўзрывалі ўсе будынкі, акрамя нас - гэта цёткі Матрэны, мамы і яе траіх дзетак - месцілася яшчэ пастаянна дзве сям'і, у тым ліку сляпы жабрак-лірнік з жонкай і павадыром. Хутчэй за ўсё сляпец-лірнік і прынёс у наш асяродак сыпны тыф, які тады лютаваў страшэнна.

За лірнікам і яго жонкай захварэў я. Спецкаманда падбірала па вёсках тыфозных і звозіла ў санітарныя баракі ля чыгуначнай станцыі, адкуль для многіх, асабліва дзяцей і старых, была прамая дарога ў магілу, аднойчы заявілася і за мной. Мама, ведаючы мой агульны слабы стан здароўя, так адчайна супраціўлялася гэтаму, што санітары ўрэшце адступіліся ад шалёнай бабы. Тры тыдні я канаў у непрытомнасці.

Выкараскаўся дзякуючы нястомнаму догляду мамы, хоць у яе і без таго звыш галавы было ўсялякага клопату па выжыванні сям'і. А яшчэ - ці не з-за неверагоднай прагі нарэшце займець добрую паперу, гладкую, белую, у лінейку і клетачку. Я яшчэ ні разу не пісаў на такой, толькі бачыў, як гэта рабілі ўсяго некалькі шчасліўчыкаў на ўсю школу. А паабяцала мне яе практыкантка-медычка з Масквы. Тая самая Сара. Два з нечым тыдні яна пастаянна наведвала мяне, хоць гэтага магла і не рабіць. Калі мама заўважала, што я пачынаю канаць, яна некуды бегла шукаць Сару - і тая прыходзіла. Раніцою, увечары, уначы. Нарэшце яе тэрмін практыкі скончыўся, і Сара прышла наведаць мяне на развітанне. А паколькі яна ведала з трызненняў маю мару пра паперу, то паабяцала мне такую прыслаць з Масквы. Згараючы ад высокай тэмпературы, правальваючыся ў вогненна-пякельны вір непрытомнасці, я трызніў той казачнай паперай, і ў самыя крызісныя моманты на дапамогу маме прыходзіла суровая цётка Матрэна і казала: "Ты ж не памры толькі. А то прыдзе пасылка ад Сары - і вернуць назад". Паперу вернуць?! Такога я дапусціць не мог.

Я ачуняў недзе на пачатку сакавіка. А напрыканцы красавіка мяне кантузіла і пасекла асколкамі ад выбуху супрацьтанкавай гранаты, калі зноў давялося ляжаць у трызненні. Я трызніў усё пра тую ж паперу. Я доўга яшчэ чакаў пасылку ад Сары. А калі вельмі чакаеш, то неяк жа знаходзяцца сілы, каб дачакацца.

Словам, праз усё жыццё адчуваю сябе даўжніком за ратаванні. А ці вярнуў хоць частку доўгу, ці варта было людзям старацца дзеля майго выжывання - не ведаю. Бо грашыў. Звычайна без папярэдне абдуманага намеру, па маладой дурасці. Каюся.

Праўда, пакаянне дае станоўчыя вынікі тады, калі асэнсоўваюцца глыбінныя прычыны ўласных учынкаў і паводзін. Вось толькі разабрацца ў сваёй падсвядомасці не кожнаму пад сілу, тут і Фрэйд мала чым здольны дапамагчы. Абмежаваны розум асобнага чалвека, нават прызнанага сучаснікамі геніяльным. "Жыве між нас геній, як сонца, як зоры, як мудрасць вялікай зямлі..." - па памяці згадваю вучаныя ў школе радкі Янкі Купалы пра Сталіна. Не, нездарма лічыцца, што ісціну здольны спасцігнуць толькі агульны розум чалавечы, і то не адразу. Не "мудрасць"натоўпу, бо якая яна ўжо там, мудрасць! А паяднаны розум тых, хто адчуе сябе доўгатэрміновай еднасцю. Так бы мовіць, вялікай працоўнай сям'ёй.

Адбываецца ж тое ў выпадку, калі кожны будзе мець магчымасць свабодна выказвацца. У гэтым сэнсе жанр аўтабіяграфіі варты, каб яго па меншай меры не лічыць другасным, забавай марнаслоўнай. Галоўнае - каб была там праўда. З асобных "малых" праўд неяк можа і скласціся адна вялікая, нацыянальны жыццяпіс эпохі, калі хочаце. Іншая справа, што, як з'едліва-трапна заўважыў дзёрзкі на язык Ігар Губерман, вядомы сваімі знішчальнымі "гарыкамі", часцей усё ж мемуары пішуцца дзеля таго, каб ненахабна і тонка сябе пахваліць. Каб жа! Гэта не самы горшы варыянт. Хоць урэшце карысна пазнаёміцца з усякімі мемуарамі. Урэшце памалу можна і разабрацца, што сабой уяўляюць іх аўтары. Гэта падумалася, калі мне нядаўна трапілася тоўстая кніга ўспамінаў былога беларускага прэм'ер-міністра, які ледзь не стаў першым прэзідэнтам. Божа, падумалася, аказваецца, чалавек нават не цяміў, а кім і дзеля чаго ён узняты лёсам кіраваць!

Цяпер пра мае цяперашнія нататкі-спробы жыццяпісу. Сапраўдная матывацыя хутчэй застаецца для самога ў падсвядомасці. Але ў адным упэўнены цвёрда - яны абавязкова і для таго, каб выказаць удзячнасць добрым людзям за тое, што тыя бескарысліва рабілі дзеля мяне. Ну і як спроба неяк утаймаваць застарэлы боль ад уласнай недасканаласці. А яшчэ - як развітанне са сваімі літаратурнымі мроямі.

Узняў вочы ад аркуша паперы і міжволі звычна абводжу позіркам паліцы з надзейнымі старымі сябрамі-кнігамі. Вось "Марцін Ідэн" Джэка Лондана, калісьці, даўно-даўно набыты мною за адну з першых сціплых зарплат. Не заробкаў. Спробы заробкаў я рабіў ці не з дзесяцігадовага ўзросту, а на працу ў калгас мяне пачалі цягаць увогуле гадоў з дзевяці, бясплатна, як пры камунізме. Харчуючыся спечанымі мамай аладкамі з назбіранай з дазволу брыгадзіра марожанай падгніўшай бульбы. Том апавяданняў Драйзера. "Майстар і Маргарыта" Булгакава. "Алхімія слова" Парандоўскага. Тацыт. Герадот. Іхні калега Салаўёў. Аршанскі Кміта. Яшчэ, набыты пазней, Іосіф Флавій, "Іудзейская вайна"... А вось і апошняя прыжыццёвая кніга Юліяна Сямёнава. Нейкі перыяд у сваім жыцці я хацеў быць падобны па стылістыцы на гэтага майстра.

Згадаю яшчэ пра Юліяна Сямёнава, бо гэты пісьменнік сваімі творамі "падзвігнуў" мяне дамагчыся першай паездкі ў Алжыр часоў змагання за незалежнасць. У выніку я здолеў напісаць прыгодніцкі "алжырскі" раман "Астравы", які аднойчы і падараваў масцітаму Юліяну, калі апынуўся ў семінарыстах на маскоўскіх Вышэйшых літаратурных курсах, а ён - там лектарам. Вядома ж, семінарысты прагна распытвалі Юліяна, як ён стварае свае знакамітыя суперчытабельныя раманы. Той, па-свойску нам пасміхваючыся, лагодна адказваў. Упэўнены ў сабе, у нейкай дзіўнаватай як бы ўніформе, знаўцы казалі - дэсантнай, у адпаведных ёй бацінках - з тоўстай, але мяккай скуры, такімі ж надзейнымі падэшвамі - мая мара ў падлеткавым узросце, таму і запомнілася, мабыць, але ўжо залішне паўнаваты і са слядамі рэгулярных п'янак на круглым і ў нечым інфантыльным твары. Вальяжна памахваючы рукой баксёра, ён расказваў пра свае паездкі за мяжу - у Заходнюю Еўропу і куды хацеў (сябра ж галоўных маскоўскіх чэкістаў!), як сустракаўся з князямі і міжнароднымі авантурыстамі. Адказваў нібыта шчыра, па-свойску, а вось жа не толькі я адчуваў - нешта істотнае ўтойвае. Прыёмы майстэрства, здавалася нам.

Што Юліян утойваў сапраўды, я даведаўся толькі пасля, у час "перабудовы", калі ён пачаў выпуск унікальнага па фактах і журналісцкіх доследах часопіса "Совершенно секретно". Даведаўся, прачытаўшы гэтую яго апошнюю кнігу - "Ненапісанные романы". Дзе так рэльефна-доказна, праз уласны жыццяпіс зроблены глыбокі мастацкі аналіз сталіншчыны, бальшавізму. І гэтае яго шчымліва-развітальнае ў прадмове: "Хочу предложіть чітателю... сюжеты, которые уже не станут романамі: не успею, увы." Шкада. "Сюжэты" сведчаць, таленавіты адметны расійскі раманіст сапраўды, выходзіць, не паспеў стварыць самае значнае з таго, для чаго рыхтаваў яго пісьменніцкі Бог.

Толькі ж і раней Юліян гэтыя сюжэты хутчэй за ўсё не напісаў бы. Ва ўсякім разе так, як занатаваў у канцы зямнога свайго падарожжа. Справа нават не ў палітычных умовах. Напісалі ж запаветнае Салжаніцын і Шаламаў (спіс можна доўжыць) у тыя часы, але ў куды больш суровых абставінах, увогуле жахлівых, калі разабрацца, рызыкуючы жыццём, тут іншае. Юліян перажыў гібель бацькі ў лубянскіх катавальнях, а нейкім жа чынам мала, што ацалеў, - ён выхаваўся настолькі савецкім, "афарбаваўся" і вонкава, і, відаць, душэўна так, што зрабіўся сваім сярод "чужых", нават знакавым, знакамітым "Штырліцам", здолеўшы адначасова шмат пра што даведацца з таямніц кадэбісцкай д'ябальскай кухні. Тым часам згаданыя "сюжэты", аказваецца, усё ж паволі выспявалі ў ім на ўзроўні ці не падсвядомасці, а асэнсоўваючыся, насычаліся пачуццём неабходнасці запісаць іх.

Ці боязна яму было, калі раптам што, і загінуць за такое? Чаму ўрэшце Юліяну не хапіла адвагі на тое, што зрабіў той жа Салжаніцын? Кінарэжысёр Андрэй Канчалоўскі ў сваёй кнізе ўспамінаў "Возвышающий обман" чамусьці вельмі цьмяна згадвае прычыну, па якой яны перасталі быць закадычнымі сябрамі, і чаму ўрэшце не зазірнуў "да Юліка" нават тады, калі той больш года паміраў пасля інсульта. Згадаў: "ездзіў міма і не ўзняўся да яго ні разу". Чаму? "Непрыемна было заходзіць да хворага, паралізаванага", - нібыта гранічна шчыра тлумачыць Канчалоўскі.

Ранавата Юліян памёр для гістарычнага раманіста. І пазнавата для яго выбухнула "Перестройка", калі ён, уласна, і адважыўся выдаць запаветнае. Каб неўзабаве загадкава зваліцца ад мацнейшага інсульта і анямець.

Што ж, далёка не кожнаму літаратару наканавана доўгажыхарства. А ўсё адно спяшацца з "запаветнымі сюжэтамі" мала сэнсу. "Сюжэтам" уласціва выспяваць натуральным чынам. Так што застаецца назапашваць творчую энергію, пачуцці і вобразныя здабыткі ў сабе - і чакаць. Чакаць, рыхтуючыся, спадзявацца і... не кідацца ў адчай нават у хвіліну, калі адно і здолееш, магчыма, што накрэмзаць словы, якія прамаўлялі твае продкі ў часе падрахункавай споведзі з запаленай ужо "адыходнай" свечкай у руцэ: "Госпадзе, я жыў" Затое гэта будуць іменна твае словы, хоць іх і прамаўлялі мільёны і мільёны да цябе і будуць прамаўляць пасля цябе. Калі ў клічніку так будзе і заставацца пытанне: "Жыў?"

Але ж Ты даў мне для нечага з'явіцца на свет, Усявышні!

У цесным і цёмным катуху рабочага барака на чыгуначнай станцыі Асінаўка бліз Оршы. У акно з адзінарнай так-сяк асаджанай рамай, успамінала маці, задзімала сырым холадам позняй восені, і бацька, прыбегшы з працы, паспешліва распальваў жалезную "буржуйку" тым, што трапілася пад руку, - свежай газетай, амаль цалкам занятай паведамленнямі пра мітынгі працоўных, на якіх радасна-зацята-адзінагалосна прымаліся рэзалюцыі з ухвалай бязлітаснай расправы над нядаўнімі паплечнікамі Леніна, членамі ЦК кампартыі і народнымі камісарамі (народнымі!) Зіноўевым, Каменевым і іх прыхільнікамі ("прыспешнікамі"!) ў Мінску. Тыя, згодна з выступам тав. Сталіна, займаліся, аказваецца, не ўздымам народнай гаспадаркі згодна пастанове чарговага гістарычнага (вядома ж!) Пленума, а "шкодніцкай і шпіёнска-дыверсійнай дзейнасцю на карысць капіталістычных дзяржаў", ад чаго ў краіне перамогшага сацыялізму па-ранейшаму нізкаякасная прадукцыя, бясконцыя аварыі на вытворчасці, людзі душацца ў чэргах за вадзяністым хлебам і што ні год, то недарод на шырокіх калгасных нівах. "Смерць здраднікам пралетарыяту і роднай камуністычнай партыі Леніна-Сталіна!" - згодна газетным рэпартажам, адзінадушна абвяшчалі мітынгоўцы на стадыёнах, заводах і будаўнічых пляцоўках, у тым ліку на Асінбудзе, куды майго бацьку прыслалі рабіць механікам, і быў ён малады "спец". А значыць, пад асаблівым наглядам пралетарскіх кантралёраў і рабкораў. І каб хто паведаміў "куды трэба" пра "дэманстратыўнае" спальванне газеты, на першай паласе якой меўся вялікі партрэт таварыша Сталіна побач з паведамленнем буйным шрыфтам пра маючую адбыцца праз два тыдні ў Крамлі "гістарычную і лёсавызначальную" сесію Вярхоўнага Савета, - будуць зацвярджаць Сталінскую Канстытуцыю! -бацьку "свяціў" бы ГУЛАГ, а то і "без права перапіскі" пад гарачую чэкісцкую руку. На календары значылася 19 лістапада 1936 года.

Пра газету бацька ўспомніў аднойчы на старасці, дакладней, на сваё 60-годдзе, дадаўшы: "А акушэрка ж была камсамолкай-актывісткай і хутчэй за ўсё завербаванай стукачкай". Спрабую ганарыцца, што менавіта я адцягнуў на сябе ад учынку бацькі ўвагу камсамолкі-актывісткі, бо рашуча-голасна пратэставаў супраць свайго з'яўлення на свет, змрочна-халодны і прасякнуты трывогай і "класавай" нянавісцю.

Па сваёй маладой дурасці я не даўмеўся своечасова распытаць бацьку пра многае, а ў хуткім часе той цяжка захварэў і праз два гады адышоў "у сваю дывізію", як напісаў пранізлівы паэт-франтавік Аляксей Пысін. Не спытаўся і пра тое, ці былі ў тым барачным пакойчыку партрэты Леніна і Сталіна.

А вось выява Карла Маркса мелася адназначна. Мама хацела, каб яе пяршынец (была ўпэўненая, што народзіць хлопчыка) меў падабенства з геніяльным заснавальнікам самага перадавога і правільнага вучэння пра прывід камунізму, які "бадзяецца па Еўропе" (зірніце на першы абзац Маніфеста Камуністычнага Інтэрнацыянала на рускай мове: "Призрак бродит по Европе..."). Мама чула ад аўтарытэтных людзей, што ў часе цяжарнасці трэба абавязкова паболей глядзець на прыгожае - і прыгажосць тая перадасца дзіцяці. Мама не магла надта любавацца на прыгажосць прыроды - вакол быў вэрхал будаўнічых пляцовак, да таго ж хацела, каб яе нашчадак аказаўся дасканалейшы за продкаў, у якіх знаходзіла нямала недахопаў, у тым ліку па разрадзе розуму. Карл жа Маркс ёй здаваўся каралём прыгажосці і мудрасці.

Але на Маркса маме доўга глядзець не давялося. Праз нейкі час яна з трывогай пачала заўважаць, што партрэт становіцца ўсё болей цьмяным, затуманеным, а а следам па вечарах яна ўжо і дарогу перастала бачыць.

Бацька павёз маму ў Оршу да акуліста. Пажылы, яшчэ дарэвалюцыйнай універсітэцкай вывучкі ўрач пляснуў далонямі па каленях: "Перастала бачыць Карла Маркса? Табе, маладзіца, трэба як мага болей глядзець, дзе ляжыць масла, ды есці тварог і яйкі. У цябе цяжкі авітаміноз, можна ўвогуле аслепнуць. Дзіцё сваё ратуй, а не на партрэты дзівіся. Я выпішу парашкі, але яшчэ абавязкова трэба масла і яйкі".

А дзе тыя масла і яйкі набыць у рабочым пасёлку, калі нават хлеб і крупы ў магазіне купіць няпроста, у чэргах душачыся! У калгасных вёсках наваколля таксама горкая нішчымніца. Бацька выцягнуў з куфэрка "парадныя" боты, набытыя ім тады, калі ён працаваў падручным сталевара ў Юзаўцы на Данбасе, і якія абуваў толькі па святах, і павёз у Оршу, на базар. Вярнуўся без ботаў, але з гаршэчкам яек і некалькімі пліткамі амерыканскага шакаладу.

Часам мне бывае цікава зірнуць на партрэт Карла Маркса. Відаць, ад мамы перадалося. Сапраўды прыгожае інтэлектуальнае аблічча. Але ў мяне ад яго ні рысачкі, вось і барада нават зусім іншая. Як вызначыла жонка (цяпер ужо нябожчыца), падобны я нечым на бацьку і крыху на маці, Ніну Змітраўну, Чубкову ў дзявоцтве. Не ведаю, чаму прырода распарадзілася, каб мне іменна такое дасталося ў спадчыну, і розум, заўважаю, у мяне падобны на той, што маюць родзічы. Нешта перадалася нават ад цёткі Матрэны, бацькавай сястры з Белі, якая нас, траіх малалетачак, ратавала ў дзедавай хаце ў часе ліхалецця Другой сусветнай вайны і гітлераўскай акупацыі. А Карла Маркса я паважаю, за адукаванасць і выдатны розум. Яшчэ ў школе, не вельмі ўцяміўшы "Антыдзюрынг" Энгельса, тым не меней следам узяўся самахоць чытаць марксаў "Дас Капітал". Потым перачытаў, ужо скончыўшы ўніверсітэт. Геніяльнае даследванне пра тое, як ствараецца багацце, утым ліку нацыянальнае. Чытаецца не горш, чым раманы Бальзака.

Што да імя, то я, вядома ж, рады, што яно ў мяне не Карл. Ну як бы гэта ўспрымалася, каб напісалі: "Карл Ялугін - беларускі літаратар". Як боты ўсмятку. Вось, прыкладам, Карл Ясперс - гэта гучыць. Ці там - шведскі кароль Карл Дванаццаты... Маё беларускае вуха ўспрымае гэта нармальна.

Тым не меней германскае імя мяне не абмінула. Але ўжо і тое добра, што не назвалі па тым часе якім гібрыдам з бальшавіцкіх правадыроў. Прыкладам, да Сталіна далучалі Леніна - атрымліваўся Стален. Да Варашылава Леніна - Варлен. Або: Сталкір. Здагадваецеся адкуль? Кірлен. Пяцілетка. Ударнік... Маладыя савецкія энтузіясты "рэвалюцыйна-савецкія" імёны выдумлялі дзеткам як абярог, як знак прыналежнасці да савецкай эліты. І ад патаемнай боязі быць западозранымі ў буржуазных перажытках. Нюансаў многа.

У пасялковым Савеце Асінаўкі мне запісалі імя, якое выбраў бацька. Падсвядома прыстасаваўшы да беларускай гартані імя правадыра германскіх камуністаў Тэльмана, які тады рашуча змагаўся з штурмавікамі Гітлера. Маці хацела іншае - Уладыслаў. Я аднойчы расказаў пра тое сваёй нявестцы, Лоры, і яна неўзабаве назвала гэтак свайго сыночка, а майго, значыць, унука. Збылася-такі мара маёй мамы.

Хоць і сам я, дзякуючы настойлівасці маці, аказаўся ў пэўным сэнсе цёзкам старажытнага літоўска-польскага караля Ягелы. У ваеннае ліхалецце, у снежаньскія маразы 1941 года павяла яна мяне хрысціць у крычаўскую праваслаўную царкву. Святар заўважыў, што імя, якое хоча для мяне маці, не тое што не "праваслаўнае", а ўвогуле паганскае. Але маці з цёткай Матрэнай бацюшку неяк угаварылі: у выніку той ахрысціў мяне вадой і, агучыўшы, запісаў у кнігу маё новае імя - Уладыслаў, дадаўшы пры гэтым: "Уніяты вы, ну уніяты, госпадзе памілуй грэшных". З чаго цётка Матрэна, якая наведвала царкву пастаянна і мяне з сабой брала, бо вельмі ж прасіўся, не аднойчы потым смяялася.

Маё ж пасведчанне аб нараджэнні пакінула мне некалькі непрыемных уражанняў. Розныя людзі, у тым ліку афіцыйныя асобы, якія па нейкіх прычынах зазіралі туды, пасмейваліся з таго, як запісалі мяне ў Асінаўцы, - ЭрнАст. Маці называла мяне Эра. У вёсцы Бель пад Крычавам настаўніца, Ефрасіння Спірыдонаўна, запісала: Эраст. Цётка Матрэна клікала Ерніст. Для школьных прыяцеляў і пасля я - Эрык, на скандынаўскі лад. Нарэшце начальнік пашпартнага стала ў Крычаве, афармляючы мой першы пашпарт, спытаў:

- Чаму бацькі цябе гэтак назвалі, відаць, як Тэльмана?

- Ага, - з гонарам адказаў я.

- Вось і запішам правільна: Эрнст, - вырашыў начальнік.

Але ж беларускай гартані цяжка пераадолець збег ажно чатырох зычных гукаў, абавязкова зычныя разбаўляе галосная - "а", "о", "і","е" ці "э". Апошнюю звычайна ўжываю я і сам, называючы сябе.

А неяк пасля чарговага майго выступу па Беларускім тэлебачанні прыйшло пісьмо з вёскі Бель ад былога паплечніка майго бацькі часоў яго старшынства (быў так званым дваццаціпяцітысячнікам хрушчоўскага пасылу) ў калгасе: "Здароў, дарагі наш былы сусед ЭрнІст Васільевіч!.."

Хоць жа ў цітрах маё імя было пазначана інакш - у французска-англійскім, так бы мовіць, варыянце. Але майму земляку, мазгавітаму старому з-пад Крычава, больш натуральным падаўся варыянт свой уласны. Загадкі асіміляцыі, аднак.

Беларуская дэмакратычная грамадскасць была, мякка кажучы, здзіўленая, прачытаўшы ў "Советской Белоруссіі", ці не вядучай газеце Адміністрацыі А. Лукашэнкі, апублікаванае там пісьмо галоўнага рабіна Іудзейскага рэлігійнага аб"яднання Беларусі Аўраама Бенянсона прэзідэнту ЗША "Не нужна нам, евреям, другая власть".Ад імя сваёй паствы гэта напісаў чалавек, які, па сведчанні газеты "Наша Ніва", мае амерыканскі пашпарт, а ў Беларусі знаходзіцца чатыры гады. Чаму містэр Бенянсон такое зрабіў? Можа, таму, што надта ўжо, як яму ці яго начальнікам падалося, што беларусы паважліва ставяцца да сваіх суайчыннікаў яўрэйскага паходжання, а ў кагосьці ўзнікла патрэба ўзбудзіць у Беларусі антысеміцкія настроі і на гэтым пабудаваць нейкі гешэфт? Прыкладам, хвалілася ж публічна вядомая маскоўская сіяністка Ала Гербер, што заслугоўвае ўзнагароды ад Ізраіля за ўкінутую ёю ў сродкі масавай інфармацыі чутку пра маючыя адбыцца пры падтрымцы кадэбістаў пагромы. Учыніла такое, хвалілася, каб, запанікаваўшы, яўрэі больш масава рынуліся з СССР у эміграцыю. Хоць і без таго зыход нібыта на "гістарычную радзіму" быў надзіва інтэнсіўным. Некаторыя аспекты гэтага фенамена ў сукупнасці з іншымі важнымі этнічнымі пытаннямі разглядае пісьменнік ЭРНЕСТ ЯЛУГІН у сваім эсэ "Рой чалавечы".



 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1602
mod_vvisit_counter Учора 1732
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6909
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 3334