Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Паміж двух агнёў: Урокі гісторыі Друк E-mail
11.01.2008 | 16:59 |
Змест
Паміж двух агнёў: Урокі гісторыі
1. Абнадзейлівы пачатак
2. Паланізацыя
3. Русіфікацыя
4. Марныя надзеі

4. Марныя надзеі

Магутны ўсплёск нацыяналізму як грамадска-палітычнай плыні, якая мела на мэце забеспячэнне кожнай нацыі права на самастойнае свабоднае развіццё, выбухнуў ў Еўропе ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў і прывёў да ўзнікнення на руінах былых шматнацыянальных імперый цэлага шэрагу нацыянальных дзяржаў; ён спарадзіў таксама пэўныя надзеі на нацыянальнае адраджэнне і развіццё беларускага народа. Падставы для гэтага давала і прыкметнае паслабленне нацыянальнага ўціску з боку царскіх улад. Першай з іх можна лічыць «Часовыя правілы для выкладання Закона Божага іншых хрысціянскіх вызнанняў і аб парадку назірання духоўнымі асобамі за выкладаннем гэтага прадмета ў навучальных установах ведамства народной асветы», зацвержданыя тагачасным міністрам народнай асветы Д. Талстым 22 мая 1906 года. У адпаведнасці з «Часовымі правіламі…» пры жаданні бацькоў каталіцкага веравызнання выкладанне Закона Божага іх дзецям ва ўстановах расійскай народнай асветы магло весціся і па-беларуску. І хоць з-за ўпартага супраціўлення польскіх ксяндзоў беларусам так і не удалося ў належнай меры скарыстаць гэты «падарунак» расійскіх улад, сам па сабе факт прызнання імі існавання беларускай мовы меў важнае значэнне для нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа.

Было б, канешне, вялікай памылкай думаць, што адзначаны крок царскіх улад быў прадыктаваны іх бацькоўскімі клопатамі пра беларусаў, іх нацыянальную культуру і мову. Безумоўна, расійскіх палітыкаў хвалявала зусім іншае, найперш той бясспрэчны факт, што, нягледзячы на ўсе прымаемыя захады, ім так і не ўдалося зламаць дух супраціўлення палякаў. Наадварот, тыя працягвалі адчайна адстойваць сваё права заставацца ў лоне ўласнай нацыянальнай культуры, ажыццяўляць усю сваю грамадскую дзейнасць на аснове выкарыстання роднай мовы. Ва ўмовах нацыянальна-вызваленчага руху, ахапіўшага ў тыя часы ўсю Еўропу, гэта ўяўляла сабой вялікую небяспеку для тэрытарыяльнай цэласнасці Расійскай імперыі. Каб адвесці ад сябе зазначаную пагрозу, расійскія палітыкі і пайшлі на пэўнае паслабленне нацыянальнага ўціску беларускага народа. Такім чынам яны спадзяваліся займець сярод ягоных прадстаўнікоў як мага больш верных саюзнікаў у барацьбе з больш небяспечным для сябе польскім элементам. Беларусы ў пераважнай большасці к таму моманту настолькі дэнацыяналізаваліся, што, на думку царскіх чыноўнікаў, ужо не ўяўлялі сабой на колькі-небудзь істотную пагрозу для магутнай Расійскай імперыі.

Тым не менш на хвалі дэмакратызацыі і рэвалюцыйнай барацьбы, ахапіўшай Расію ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, і на Беларусі таксама пачалі з’яўляцца палітычныя партыі і грамадскімя арганізацыі, многія з якіх узялі на ўзбраенне беларускую нацыянальную ідэю. Аднак максімум, што змаглі яны здзейсніць, гэта склікаць у снежні 1917 года ў Мінску Усебеларускі Кангрэс і 25 сакавіка 1918 года абвясціць Беларускую Народную Рэспубліку суверэннай дзяржавай. На большае ў іх не хапіла моцы. Па-першае, таму, што яны не здолелі павесці за сабой шырокія народныя масы, падпаўшыя пад вялікі уплыў бальшавіцкіх лозунгаў «мір – народам, зямля – сялянам, заводы і фабрыкі – рабочым». А па-другое, ім не ўдалося займець верных знешніх саюзнікаў. Ні Савецкая Расія, кіруемая бальшавікамі, ні кайзераўская Германія, якая ў той час акупавала большую частку нашага краю, ні палякі, якія, скарыстаўшы аслабленне Расіі, распачалі актыўную барацьбу за аднаўленне сваёй дзяржаўнасці, не пажадалі падтрымаць нацыянальна-патрыятычныя партыі, рухі і грамадскія арганізацыі Беларусі ў іх памкненні стварыць на сваёй тэрыторыі незалежную беларускую дзяржаву. Кожная з названых асноўных дзеючых асоб гістарычнай драмы, што разыгрывалася на беларускай сцэне, дбала толькі пра свае нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы, у якія не ўваходзіла стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Зусім наадварот, часцей за ўсё яно ішло ўразрэз з нацыянальна-дзяржаўнымі інтарэсамі Савецкай Расіі і Польшчы. Дый Германія была невялікім яе прыхільнікам.

Асабліва ўпарта супраціўляліся рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці палякі, хоць на працягу 120 гадоў беларусы актыўна дапамагалі ім у нацыянальна-вызваленчай барацьбе супраць царскай Расіі і, здавалася, заслужылі таго, каб у цяжкую гадзіну заходнія суседзі падалі ім братнюю руку дапамогі. Аднак далей абяцанняў польскія палітыкі не пайшлі, ды і гэтыя абяцанні, трэба думаць, даваліся толькі дзеля таго, каб перацягнуць на свой бок як мага больш даверлівых беларусаў і з іх дапамогай дасягнуць для сябе максімальных поспехаў у барацьбе з Савецкай Расіяй.

Сапраўдныя намеры польскіх палітычных і дзяржаўных лідэраў адносна беларускіх зямель яскрава праявіліся падчас польскай інтэрвенцыі 1919-1920 гадоў. Фактычна адразу ж яны далі зразумець, што іх канчатковая мэта – адбудова Польшчы ў межах 1772 года. Прычым беларусам, дашчэнту спляжаным паланізацыяй і русіфікацыяй, у новай польскай дзяржаве не давалася аніякай палітычнай аўтаноміі, нават той моцна ўрэзанай, якой яны карысталіся ў апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай. Тым самым польскія палітыкі фактычна адмаўляліся прызнаць беларусаў у якасці самастойнага самабытнага народа і, зыходзячы з гэтага, не прызнавалі за ім права мець сваю ўласную дзяржаўнасць. Усё насельніцтва беларускага краю яны атаясамлівалі з польскай нацыяй. Не рабілася выключэння нават адносна жыхароў усходніх раёнаў, якія пад уплывам шматгадовай русіфікацыі ўжо не мелі нічога агульнага з польскай культурай і мовай.

Няўмольнае жаданне польскіх палітычных і дзяржаўных дзеячаў як мага хутчэй адчуць сябе на Беларусі поўнаўладнымі гаспадарамі спарадзіла масу грубых парушэнняў нацыянальных інтарэсаў яе карэннага насельніцтва. Польскія акупацыйныя ўлады стваралі шэраг перашкод у работе беларускамоўных навучальных устаноў, а нярэдка і ўвогуле закрывалі іх. Уводзячы свае парадкі, яны разбройвалі беларускія нацыянальныя вайсковыя фарміраванні, разганялі мясцовыя адміністрацыйныя органы, закрывалі рускія газеты і г.д.

Каб завесці ў падман сусветную грамадскасць, польскія інтэрвенты па ўсёй Беларусі пачалі ладзіць «плебісцыты», гмінныя, павятовыя сходы, губернскія і абласныя «народныя» з’езды, ад якіх дамагаліся прыняцця і пасылкі ў Варшаву рэзалюцый і просьбаў аб «прылучэнні да Польшчы». У выніку пры ўсёй сваёй талерантнасці і палітычнай слабасці ўрад БНР у сакавіку 1920 года звярнуўся з нотай-пратэстам да удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі, аднак яна засталася па-за ўвагай сусветных палітыкаў, вырашаўшых далейшае грамадска-палітычнае жыццё народаў свету, у тым ліку Еўропы.

Пасля ўсіх грозных віхураў, што пранесліся над нашай Бацькаўшчынай падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, Беларусь аказалася разарванай на дзве часткі: заходнюю, якая апынулася ў Польшчы, стаўшы яе «Усходнімі Крэсамі», і ўсходнюю, што засталася пад уладай бальшавікоў і хутка ўвайшла у склад Савецкага Саюза, пераемніка Расійскай імперыі, у якасці адной з ягоных саюзных рэспублік. На многія гады жыццёвыя шляхі, якімі давялося ісці беларусам той і другі частак іх адзінай Айчыны, істотна разышліся. Агульным у іх грамадскім жыцці было толькі адно: ні беларусы Заходняй Беларусі, якая апынулася пад уладай Польшчы, ні беларусы Савецкай Беларусі не атрымалі рэальных мажлівасцяў для свайго нармальнага грамадска-палітычнага і нацыянальна-культурнага развіцця ў якасці самастойнага самабытнага этнасу.

Адчуўшы сябе ў новай Польшчы поўнымі гаспадарамі, палякі не сталі асабліва цырымоніцца з беларусамі, падпаўшымі пад іх уладу. Ужо 18 жніўня 1926 года Юзэф Пілсудскі, нягледзячы на свае беларускія генеалагічныя карані, з высокай трыбуны заявіў, што беларуская мова з’яўляецца настолькі цяжкай і нераспрацаванай, што яна не можа быць мовай школы і органаў кіравання. Гэтай сваёй заявай польскі дыктатар фактычна падаў сігнал, па якому ўся чыноўніцкая армія Польшчы магла і павінна была рэзка ўзмацніць свае намаганні па апалячванні беларусаў.

Як гэта ўжо не аднойчы здаралася,, галоўны ўдар скіравалі супраць беларускай нацыянальнай сістэмы адукацыі, якая была створана ў грозныя гады грамадзянскай вайны намаганнямі беларускай нацыянальна-патрыятычнай інтэлігенцыі. І калі ў год усталявання польскага панавання ў Заходняй Беларусі тут налічвалася 400 беларускіх школ, дык ужо ў 1928 годзе іх засталося 29. К 1934 году іх колькасць скарацілася да 16, а пазней беларускіх школ у Заходняй Беларусі не стала ўвогуле. Такі ж лёс напаткаў беларускія гімназіі і настаўніцкія семінарыі.

Другім асноўным накірункам апалячвання беларусаў стала выцясненне праваслаўнай царквы. За параўнальна кароткі прамежак часу больш за 1300 праваслаўных храмаў было пераўтворана ў каталіцкія, пасля чаго набажэнства ў іх адразу ж пачало весціся на польскай мове. У застаўшыхся праваслаўных цэрквах асноўная і дадатковыя набажэнствы дазвалялася весці толькі на рускай мове з тым, каб яны не змаглі стаць асяродкам беларускасці ва «Ўсходніх Крэсах».

Акрамя пашырэння жыццёвай прасторы польскай мовы, зазначаныя захады польскіх улад у рэлігійнай сферы мелі на мэце таксама павелічэнне колькасці насельніцтва, якое па нацыянальнаму прызнаку яны маглі б афіцыйна лічыць палякамі. Яшчэ ў 1921 годзе, калі толькі распачыналася ўсталяванне новай польскай дзяржавы, усе жыхары Заходняй Беларусі, у тым ліку этнічныя беларусы, якія спавядалі каталіцкую веру, былі запісаны палякамі. Акрыленыя поспехам, польскія ўлады не без падстаў спадзяваліся, што шляхам выцяснення праваслаўнай веры каталіцкай яны змогуць яшчэ больш павялічваць колькасць палякаў за кошт беларусаў, аж покуль зусім не звядуць іх з «Усходніх Крэсаў».

Не забыліся паланізатары і пра беларускі друк. Усяго толькі за тры гады (з 1927 года па 1930) агульная колькасць газет і часопісаў, што выдаваліся ў Заходняй Беларусі на роднай мове яе карэнных жыхароў, зменшылася амаль удвая – з 23 да 12. Улады дазвалялі выдаваць толькі такія беларускамоўныя газеты і часопісы, якія мелі прапольскі і клерыкальны характар і сваёй дзейнасцю прыносілі беларускай справе больш шкоды, чым карысці.

Ад апалячвання беларусаў польскія палітычныя дзеячы не адмовіліся нават падчас акупацыі Заходняй Беларусі фашысцкай Германіяй. У адрозненне ад беларусаў, палякі хуценька пацягнуліся гужам у адміністрацыйныя органы і ўстановы, што ствараліся немцамі на акупаваных тэрыторыях. Асаблівую зацікаўленасць яны праявілі да заняцця кіруючых пасад у сістэме народнай адукацыі і стварэння навучальных устаноў на польскай мове. У выніку агульнаадукацыйная школа Заходняй Беларусі ў 1941-1942 навучальным годзе па мове навучання мала ў чым адрознівалася ад той, што была тут да верасня 1939 года.

Не без дапамогі нямецкіх акупацыйных улад, якія былі зацікаўлены ў абвастрэнні супярэчнасцяў паміж палякамі і беларусамі, у наступным навучальным годзе пазіцыі польскамоўнай адукацыі былі значна падарваны на карысць беларускамоўнай. Аднак належнага развіцця беларуская агульнаадукацыйная школа не атрымала. І не толькі таму, што не ўваходзіла ў планы нямецкіх акупацыйных уладаў і сустракала варожае супраціўленне з боку галоўнага камандавання як беларускіх партызан, так і Арміі Краёвай (АК), якія дзейнічалі ў раёнах Заходняй Беларусі. Недастаткова актыўна дзейнічала ў дадзеным накірунку і беларуская інтэлігенцыя, бо, навучаная сталінскімі рэпрэсіямі, яна добра разумела, чым гэта, урэшце рэшт, можа для яе скончыцца.

Ва Усходняй Беларусі, стаўшай асновай для ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, больш-менш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі склаліся толькі напачатку, пакуль бальшавікі яшчэ не паспелі як след адладзіць сваю рэпрэсіўную машыну і былі занятыя падаўленнем іншых, больш небяспечных з іх пункту погляду ворагаў сацыялізму, чымсьці «беларускі нацыяналізм». Карыстаючыся спрыяльным момантам, беларускім нацыянальна-патрыятычным сілам у 1924 годзе нават удалося надаць беларусізацыі статус дзяржаўнай палітыкі.

Цэнтральнае месца ў ёй было адведзена вырашэнню праблемы беларускай мовы. Каб пакласці канец шматгадоваму панаванню на Беларусі рускай мовы, другая сесія ЦВК БССР у ліпені 1924 года прыняла спецыяльную пастанову, накіраваную на забеспячэнне планамернага ўводу беларускай мовы ва ўсе асноўныя сферы грамадскага жыцця, найперш у дзейнасць рэспубліканскага дзяржаўнага і партыйнага апаратаў. Згодна з ёй беларусізацыю апаратаў самога ЦВК, Саўнаркома, Наркамасветы і Наркамата земляробства планавалася здзейсніць за адзін год; Наркаматаў унутраных спраў, юстыцыі, сацыяльнага забеспячэння, пошты і тэлеграфа – за два, а ўсіх астатніх дзяржаўных устаноў і арганізацый – за тры гады. Кастрычніцкі (1926 г.) пленум ЦК КП (б) Б у сваю чаргу прыняў рэзалюцыю, якой абавязаў да 1 студзеня 1927 года перавесці на беларускую мову ўсю працу партыйнага і камсамольскага апаратаў.

Вялікая ўвага надавалася пашырэнню выкарыстання беларускай мовы таксама ў сістэме народнай адукацыі. У выніку ўжо ў 1928/29 навучальным годзе з 5818 пачатковых школ і 327 сямігодак беларускімі былі адпаведна 5456 і 279 школ, ці 94 і 85 працэнтаў. Усё большую ролю пачала адыгрываць беларуская мова ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, асабліва педагагічнага профілю.

Паўнапраўнай гаспадыняй уваходзіла яна ў тэатры, навуку, перыядычны друк. Асабліва вялікі станоўчы ўплыў зрабіла беларусізацыя на нацыянальную мастацкую літаратуру. Менавіта ў 20-я гады беларускага Рэнесансу ў нашай літаратуры з’явілася цэлая плеяда таленавітых паэтаў і пісьменнікаў, па-сапраўднаму расквітнеў талент народных песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, напісаны творы, стаўшыя бясцэнным духоўным багаццем беларускага народа.

Але гэтая светлая паласа ў беларускім нацыянальна-культурным Адраджэнні доўжылася нядоўга, хоць дзеля справядлівасці варта зазначыць, што трыумфальнага шэсця беларускага народа на шляху Адраджэння не было ніколі. І ў тыя гады таксама нямала з’явілася на Беларусі такіх, хто адразу ж пачаў ставіць палкі ў колы беларусізацыі. У тым ліку і сярод уплывовых дзяржаўных і партыйных дзеячаў, хаця беларусізацыя і была ўзведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Хутка яны і ўвогуле перайшлі ў рашучае наступленне на беларушчыну. Як і калісьці пасля падзелу Рэчы Паспалітай, на Беларусь зноў нястрымным патокам хлынуў вал русіфікацыі. Рускую мову пачалі настойліва вяртаць ва ўсе віды службовага справаводства і ў навучальныя ўстановы. Найперш у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя, добра разумеючы, што ўслед за імі будзе вымушана пераходзіць на рускамоўнае навучанне і агульнаадукацыйная школа. Каб яшчэ больш расчысціць дарогу для рускай моды, у 1933 годзе была праведзена рэформа правапісу беларускай мовы, у выніку якой апошняя была штучна набліжана да рускай. Гэта істотна зменшыла яе ўстойлівасць супраць асіміляцыі з боку рускай мовы, атрымаўшай у Савецкай Беларусі бясспрэчны прыярытэт. Пасля памянёнай рэформы выцясненне беларускай мовы рускай з грамадскага жыцця беларусаў набыло сапраўды катастрафічныя маштабы.

Становішча сур’ёзна ўскладнялася тым, што імкліва радзелі шэрагі актыўных прыхільнікаў беларускай нацыянальнай ідэі, якіх сотнямі і нават тысячамі бязлітасна карала бальшавіцкая рэпрэсіўная машына. Сфабрыкаваўшы агентурную справу пад назвай «Саюз вызвалення Беларусі», органы Аб’яднанага Дзяржаўнага Палітычнага Упраўлення (АДПУ) у лютым 1930 года распачалі масавыя арышты найбольш актыўных нацыянальна свядомых дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі, пісьменнікаў, навукоўцаў, супрацоўнікаў народнай адукацыі і прадстаўнікоў усіх іншых пластоў беларускай інтэлігенцыі. Пад караючы «нож» папала звыш сотні чалавек.

Яшчэ большыя страты панесла беларуская нацыянальная інтэлігенцыя ў час сталінскіх рэпрэсій 1937-1938 гадоў. Многія тысячы яе прадстаўнікоў самага рознага профілю былі арыштаваны і сасланы на поўнач і ва ўсходнія раёны Расіі, а многія расстраляны на месцы. У адной толькі Акадэміі навук Беларусі было рэпрасавана 57 чалавек. Бальшавіцкі караючы меч не шкадаваў нават інтэлектуалаў самай высокай пробы: акадэмікаў і член-карэспандэнтаў, таленавітых паэтаў і пісьменнікаў.

Мэтанакіраваная шырокамаштабная русіфікацыя савецкага тыпу на Беларусі прыпынілася толькі ў гады яе нямецкай акупацыі. І, як ні дзіўна, у тыя змрочныя ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны гады з’явіліся нават сілы, якія актыўна ўзяліся за здзяйсненне ідэі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, цешачы сябе нязбыўнымі спадзяваннямі. Дасягненню імі пэўных поспехаў у гэтай справе ў немалой ступені садзейнічала падтрымка з боку нямецкіх акупацыйных уладаў, якія такім чынам спрабавалі ўнесці раскол у беларускае грамадства, якое апынулася пад іх панаваннем, і займець сярод беларусаў як мага больш сваіх саюзнікаў у смяртэльнай схватцы з Савецкім Саюзам.

Ужо 22 верасня 1941 года генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ звярнуўся да жыхароў акупаванага беларускага краю з адозвай, у якой ён, у прыватнасці, заявіў: «Беларусы! Першы раз у вашай гісторыі перамога Германіі дае вам магчымасць забеспячэння вашаму народу свабоднага развіцця і светлай будучыні без расійска-азіяцка-бальшавіцкага ўціску і чужога для вашай нацыі панавання. Я спадзяюся, што кожны з вас зразумее, што яго інтарэсы цесна звязаны з інтарэсамі Германіі і што вы будзеце вернымі паслядоўнікамі і памочнікамі нямецкага кіраўніцтва». У кастрычніку таго ж года нямецкія акупацыйныя ўлады пайшлі на стварэнне Беларускай народнай самапомачы (БНС), якая выдавалася імі за беларускую дзяржаўную сістэму самакіравання. І хоць яна знаходзілася пад поўным кантролем рэйхсканцэлярыі, БНС здолела зрабіць пэўныя захады ў галіне беларускага нацыянальна-культурнага развіцця.

З іх ліку на першы па значнасці план трэба паставіць арганізацыю дзейнасці агульнаадукацыйных школ на аснове выкарыстання ў навучальным працэсе беларускай мовы. Апрача гэтага, органам Беларускай народнай самапомачы на пераважнай частцы акупаванай Беларусі, за выключэннем толькі асобных усходніх раёнаў, удалося наладзіць выданне на роднай мове газет, часопісаў і кніг, што таксама мела немалаважнае значэнне для таго, каб не даць канчаткова згаснуць беларускаму слову.

Сваю дзейнасць Беларуская народная самапомач і іншыя арганізацыі падобнага кшталту, якіх дарэчы, нямала ўзнікла на Беларусі падчас яе акупацыі, працягвалі да прыходу часцей Чырвонай арміі, разгарнуўшай летам 1944 года на беларускім накірунку магутнае наступленне. Разам з адступаючымі ў спешным парадку нямецкімі войскамі на захад падаліся кіраўнікі і многія шараговыя члены грамадска-палітычных арганізацый, што дзейнічалі пад кантролем акупацыйных улад, а таксама простыя людзі, якія дзеля кавалка хлеба былі вымушаны пайсці на службу ў створаныя немцамі на Беларусі ўстановы і арганізацыі. Усе яны добра ведалі: за супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі літасці ім не будзе.

Сярод той агромністай масы беларусаў, якія, ратуючыся ад немінучых сталінскіх рэпрэсій, услед за немцамі ўцякалі ад наступаючай Чырвонай арміі, былі не толькі заклятыя ворагі, але і патрыёты сваёй Айчыны, якія былі гатовыя з яшчэ большым напружаннем працаваць на карысць свайму народу пасля таго, як беларуская зямля стане вольнай ад нямецка-фашысцкай навалы. Таму трэба прызнаць, што той масавы зыход беларусаў з роднай зямлі толькі істотна ўскладніў рэалізацыю беларускай нацыянальнай ідэі. Асабліва калі ў дадатак яшчэ ўлічыць, што ў пераважнай сваёй большасці гэта былі інтэлігенты, высокаадукаваныя людзі, якіх так не ставала пасляваеннай Беларусі.

Каб у поўнай меры ацаніць людскія страты, панесеныя беларускім народам у гады Вялікай айчыннай вайны, да адзначанага вышэй трэба дадаць і тых нашых шматлікіх суайчыннікаў, што былі закатаваны нямецка-фашысцкімі акупантамі за супраціўленне ім і адмаўленне ад супрацоўніцтва. А колькі беларусаў загінула ў братазабойчай вайне, выкліканай тым, што многія жыхары нашага краю, дарэчы, далёка не заўсёды па ўласным жаданні, апынуліся па розных баках барыкадаў! Варта зазначыць, што ў гэтай вайне гінулі не толькі партызаны і паліцаі, але і мірныя людзі. Днём паліцаі, што былі на службе ў нямецкіх акупацыйных уладаў, бязлітасна расстрэльвалі партызанскія сем’і і палілі іх дамы, а ноччу прыходзілі ў вёску партызаны і тое ж самае ўчынялі з сем’ямі паліцаяў.

Такіх фактаў на Беларусі падчас акупацыі было нават не сотні, а тысячы. І гэта – адна з найвялікшых трагедый беларускага народа, якая служыць пераканаўчым доказам, як важна пры ўсіх сітуацыях, тым больш экстрэмальных, быць незалежнымі, дзейнічаць у поўнай адпаведнасці са сваімі ўласнымі нацыянальнымі інтарэсамі і ні ў якім разе не аказацца ў ролі разменнай карты ў руках палітыкаў іншых краін.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў практычна ўсё яе мужчынскае насельніцтва, здольнае насіць зброю, было адразу ж мабілізавана і без асаблівай ваеннай падрыхтоўкі адпраўлена на перадавую. Там пераважная большасць з іх апынулася ў складзе так званых штрафных рот, якія камандаванне Чырвонай арміі кідала на штурм найбольш умацаваных пазіцый праціўніка. Падчас такіх штурмаў вельмі нямногім з іх удзельнікаў удавалася застацца жывымі і нескалечанымі. Такім спосабам беларусаў, што былі мабілізаваны ў Чырвоную армію на вызваленай тэрыторыі, прымушалі ўласнай кроўю заплаціць за сваю «віну», якая заключалася толькі ў тым, што ўсе папярэднія ваенныя гады яны «мірна» жылі пад акупацыяй. Менавіта дадзенай акалічнасцю можна растлумачыць, чаму так часта ў тыя апошнія часіны вайны прыходзілі з фронта ў беларускія хаты і кватэры пахаванкі.

Зазначаная «віна» беларусаў паслужыла падставай і для асабліва жорсткага разгортвання на вызваленых беларускіх землях рэпрэсіўнай дзейнасці, накіраванай на пошук і пакаранне ўсіх, хто мог у той ці іншай меры садзейнічаць фашыстам у іх вайне з Савецкім Саюзам. І, як заўсёды бывае ў падобных выпадках, пад нож савецкіх карных органаў, акрамя сапраўды вінаватых, нямала папала і такіх, хто пацярпеў зусім дарэмна. Праўда, аб гэтым стала вядома толькі пасля, калі ўжо практычна нічога нельга было паправіць.

Калі ўсё сказанае вышэй падсумаваць і належным чынам асэнсаваць, дык не прыходзіцца здзіўляцца, чаму за гады Вялікай айчыннай вайны Беларусь так многа страціла сваіх сыноў і дачок: па афіцыйных звестках кожнага чацвёртага, а па дадзеных асобных даследчыкаў – ажно кожнага трэцяга. Дарэчы, такіх агромністых людскіх страт (у адносным выражэнні) не панесла ніводная незалежная краіна, па якой таксама ў двух напрамках – спачатку з захаду на ўсход, а пасля з усходу на захад – пранесліся грозныя ваенныя віхуры. Здзіўляе іншае: па сённяшні дзень мы як след так і не ацанілі дадзены факт і не зрабілі з яго для сябе належных вывадаў.

Як толькі закончылася вайна і распачалося аднаўленне разбуранай ёю народнай гаспадаркі, на Беларусь галоўным чынам з цэнтральных абласцей Расійскай Федэрацыі нахлынула плынь спецыялістаў розных прафесій і нават высокакваліфікаваных рабочых. Яны павінны былі замяніць загінулых беларусаў і дапамагчы жывым хутчэй падняць з попелу і руінаў беларускія гарады і вёскі, фабрыкі і заводы з тым, каб засведчыць усяму свету перавагу савецкай сацыялістычнай сістэмы над заходняй капіталістычнай. Адначасова мелася на ўвазе «разбавіць» беларусаў, якія так і не заслужылі ў саюзнага кіраўніцтва належнага даверу, іншаэтнічным матэрыялам.

Неўзабаве камандзіраваныя саюзнымі органамі кіраўнікі і спецыялісты запаланілі практычна ўсе асноўныя дзяржаўныя, партыйныя і гаспадарчыя органы і ўстановы Беларусі, яе вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Абсалютная большасць іх не ведала ні гісторыі, ні культуры, ні мовы карэнных жыхароў новага для іх краю і таму практычна была не ў стане працаваць у беларускамоўным асяроддзі. Да ўсяго, рускія, адчуваючы сябе ў Савецкім Саюзе адзінай дзяржаўнай нацыяй, калі яны па волі саюзнага кіраўніцтва аказваліся па-за межамі сваёй этнічнай тэрыторыі, у пераважнай сваёй большасці асабліва і не імкнуліся авалодваць мовай мясцовага насельніцтва, пазнаваць ягоную гісторыю, культуру, традыцыі. Зусім наадварот, многія з іх сваёй задачай у сферы духоўнай дзейнасці лічылі ўсямернае садзейнічанне як мага больш шырокаму распаўсюджванню ў месцах свайго новага пражывання рускай мовы і усёй рускай культуры цалкам.

Згаданая акалічнасць стала магутным фактарам паскарэння русіфікацыі пасляваеннай Беларусі, не дазволіўшым беларусам замацавацца ў статусе сапраўднага гаспадара на сваёй этнічнай тэрыторыі. Практычна ва ўсіх сферах грамадскага жыцця рэспублікі запанавала руская мова. Не стала выключэннем нават сістэма школьнай адукацыі і дашкольнага выхавання. К сярэдзіне 80-х гадоў толькі 23,1 працэнта агульнаадукацыйных школ і 19,3 працэнта дашкольных дзіцячых устаноў працавалі на беларускай мове. Амаль усе яны знаходзіліся ў сельскай мясцовасці. У гарадах жа дашкольнае выхаванне і школьнае навучанне фактычна цалкам вяліся на рускай мове. Пераважна на рускай мове вялося абучэнне ў прафесійна-тэхнічных вучылішчах, тэхнікумах і вышэйшай школе.

Магутны наступ рускай мовы і культуры на Беларусь прыпыніўся толькі ў гады гарбачоўскай перабудовы, якая ў рэшце рэшт прывяла да абвяшчэння нашай Бацькаўшчыны суверэннай незалежнай дзяржавай. Перабудова дала магчымасць прыняць спецыяльны закон аб наданні беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы, стварыць у пэўнай меры нацыянальную сістэму адукацыі, ажыццявіць шэраг іншых захадаў па далейшым развіцці беларускай нацыянальнай культуры і ў першую чаргу беларускай мовы.

Аднак, на вялікі жаль, і на гэты раз, як сказаў бы адзін з герояў савецкага кіно, нядоўга музыка грала. Напалоханыя зусім нечаканымі для іх поспехамі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, шматлікія рускамоўныя дзяржаўныя, грамадска-палітычныя, гаспадарчыя дзеячы і нават прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, што ўжо на працягу не аднаго пакалення прытрымліваліся ў сваім жыцці рускай мовы, фактычна адрокшыся ад сваёй роднай і не жадалі мець аніякіх клопатаў, звязаных з неабходнасцю належнага авалодвання беларускай мовай, вельмі хутка ачунялі ад шоку і перайшлі ад абароны да наступлення. Іх атакі на беларускую мову асабліва рэзка ўзмацніліся з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, які з першых дзён свайго прэзідэнцтва надаў прыярытэтнае значэнне стварэнню ў Беларусі спрыяльных умоў для ўсебаковага развіцця рускай нацыянальнай культуры, у тым ліку мовы, дазволіўшы істотнае прыніжэнне дзеля гэтага сацыяльнай ролі ў нашым грамадстве беларускай нацыянальнай культуры, найперш мовы.

У 1995 годзе ён нават ініцыяваў правядзенне ўсенароднага рэферэндуму, вынесшы на яго, акрамя іншых, пытанне аб наданні рускай мове, поруч з беларускай, статусу дзяржаўнай. Лукашэнка па сутнасці паўтарыў вопыт польскіх улад 1919-1920 гадоў, калі яны ў мэтах падвядзення «законных» асноў пад апалячванне беларусаў шырока выкарыстоўвалі народныя «плебісцыты», ігнаруючы пратэсты не толькі нацыянальна свядомых беларусаў, але і сусветнай грамадскасці. Прынамсі, яшчэ ў 1916 годзе прадстаўнікі прыгнечаных нацый на сваім трэцім з’ездзе ў Лазане аднадушна асудзілі практыку правядзення плебісцытаў сярод прыгнечаных нацый, трапіўшых пад палітычную залежнасць ад іншых, больш моцных нацый.

Практычна поўнасцю паўтарылі беларускія арганізатары рэферэндуму польскі вопыт і адносна тых метадаў, спосабаў і сродкаў, што былі выкарыстаны для дасягнення пажаданых вынікаў. Розніца паміж «плебісцытамі», якія ладзіліся палякамі на акупаваных імі беларускіх землях у 1919-1920 гадах, і рэферэндумам, які быў праведзены ў 1995 годзе ў Рэспубліцы Беларусь пад кіраўніцтвам яе першага прэзідэнта, хіба толькі ў тым, што ў першым выпадку ініцыятары гэтай акцыі (палякі) мелі на мэце забеспячэнне рэалізацыі сваіх уласных нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў, ушчамляючы дзеля гэтага нацыянальныя інтарэсы беларускага народа, а ў другім само вышэйшае кіраўніцтва Беларусі пайшло на ўшчамленне нацыянальных інтарэсаў сваёй тытульнай нацыі дзеля садзейнічання больш поўнай рэалізацыі на яе этнічнай тэрыторыі нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў суседняй дзяржавы, г. зн. Расіі.

Надаўшы па выніках рэферэндуму рускай мове статус дзяржаўнай, беларускае кіраўніцтва тым самым зняло ўсякія перашкоды на шляху аднаўлення яе поўнага панавання ў грамадска-палітычным жыцці Рэспублікі Беларусь. Хоць беларуская мова фармальна і застаецца дзяржаўнай, канкурыраваць на роўных з рускай яна не ў стане, паколькі ёй ніяк не ўдаецца пазбавіцца ад той цяжкай хваробы, у якую яе загналі за доўгія гады русіфікацыі. Таму невыпадкова многія нацыянальна свядомыя беларусы ў 1995 годзе так рашуча выступалі супраць правядзення рэферэндуму па моўнаму пытанню, называючы яго самазабойствам. І, як паказалі наступныя падзеі, яны мелі рацыю.

Сёння рэдка можна пачуць выступленні беларускіх палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў высокага рангу на беларускай мове. І гэта, дарэчы, не магло не здарыцца, улічваючы, што яшчэ ў 1994 года, зусім нядаўна абраны першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Александр Лукашэнка публічна назваў беларускую моду недасканалай, неразвітай, непрыдатнай для таго, каб на ёй выказваць вялікія, глыбокія і мудрыя думкі, адначасова зазначыўшы несумненныя перавагі ў дадзеных адносінах рускай і англійскай моў. Бо мы ж ведаем, як нашы дзяржаўныя дзеячы і чыноўнікі самага рознага кшталту ўмеюць падладкоўвацца і ўслугоўваць галоўнай у краіне асобе. Што да звычайнага абывацеля, якога нашы правіцелі ўжо даўно прывучылі ва ўсім бездакорна падпарадкавацца іх волі і жаданням, то ён, трэба сказаць, і на гэты раз цалкам апраўдаў спадзяванні сваіх гаспадароў. І вось не без ягонай згоды беларуская мова пачала выштурхоўвацца практычна з усіх сфер грамадскага жыцця. У тым ліку, калі не сказаць у першую чаргу, і з сістэмы народнай адукацыі. Як і ў змрочныя гады, калі беларускі народ не меў сваёй уласнай дзяржаўнасці, зараз беларускія дзеці у нашых школах зноў выхоўваюцца ў чужых для іх нацыянальна-культурных традыцыях, адрываючыся ад роднай мовы, беларускай культуры, праўдзівай нацыянальнай гісторыі, без чаго практычна немагчыма выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй Айчыны.

Карацей кажучы, як ужо неаднойчы бывала ў нашай гісторыі, сёння беларуская мова, а разам з ёй і ўся беларуская культура зноў апынулася на краю бездані. Адначасова і перад беларускім народам як самастойным этнасам паўстала гамлетаўскае пытанне «быць ці не быць», бо, калі мы канчаткова страцім сваю родную мову, то аўтаматычна страцім і сваё права называцца самастойным народам, нацыяй, пераўтварыўшыся у шэрую людскую масу, якая павінна будзе папоўніць сабой іншую нацыю, у дадзеным выпадку рускую. Пакуль пераважную большасць беларусаў Бог уратаваў ад гэтай бяды. Але ці выратуе ён нас ад яе і ў новым стагоддзі? А можа нам пара канчаць з выпрабоўваннем свайго лёсу?

Адказы на пастаўленыя пытанні, безумоўна, дасць сам беларускі народ. Мы ж сваім кароткім экскурсам у айчынную гісторыю хацелі толькі паказаць, што без сваёй уласнай дзяржаўнасці народ не мае рэальнай мажлівасці для свайго паспяховага і ўсебаковага нацыянальнага развіцця. Апынуўшыся ў складзе дзяржавы, якая належыць іншаму народу, ён абавязкова пазбаўляецца такой мажлівасці і вымушаны працаваць на карысць нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў тытульнай нацыі, непазбежна наносячы істотную шкоду сваім уласным інтарэсам. Пры гэтым чым даўжэй няма дзяржаўнасці, тым цяжэй народу выходзіць на свой уласны шлях самастойнага нацыянальнага развіцця. І тут, як кажуць, нічога не папішаш, такая логіка развіцця міжнацыянальных адносінаў у рамках адзінай многанацыянальнай дзяржавы. У падобных выпадках дзяржаўная нацыя, якой належыць уся паўната улады ў краіне, імкнецца ў поўнай меры выкарыстаць сваё выгаднае становішча для падпарадкавання і асіміляцыі ўсіх астатніх залежных ад яе нацый і народнасцяў з тым, каб апошнія раптам не ўзмацніліся і не пазбавілі яе тых істотных прывілей, да якіх яна паспела прывыкнуць настолькі, што лічыць іх бадай ці не законнымі.

Менавіта таму беларусы аднолькава дрэнна адчувалі сябе ў складзе і Рэчы Паспалітай, дзе фактычна ўладарылі палякі, і Расійскай імперыі, якая належыла рускаму народу. І калі ў складзе Савецкага Саюза беларусы не мелі над сабой такога нацыянальнага ўціску, які ім давялося зведаць, жывучы спачатку ў Рэчы Паспалітай, а затым Расійскай імперыі, дык толькі таму, што ягонае партыйнае кіраўніцтва баялася канчаткова страціць давер да сябе з боку сусветнага пралетарыяту і такім чынам ўскладніць сваё становішча не толькі ў свеце, але і ва ўласнай краіне. Можна не сумнявацца: апыніся беларусы пад нямецкім абцасам і Германія ўзялася б за іх анямечванне з такім жа (а магчыма, нават з яшчэ большым) імпэтам і напорыстасцю, з якім Рэч Паспалітая і Расійская імперыя на працягу доўгіх стагоддзяў асімілявалі беларускі народ. Вось чаму нам трэба як мага хутчэй зразумець: хочам нармальна жыць на сваёй зямлі, так, як жывуць усе астатнія перадавыя народы свету, – трэба ўсімі сродкамі ўмацоўваць сваю уласную дзяржаву, як зрэнку вока, берагчы суверэнітэт і дзяржаўную незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны. І ні на каго асабліва не спадзявацца, бо ніхто, апрача нас саміх, у гэтым па-сапраўднаму не зацікаўлены.



 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 2089
mod_vvisit_counter Учора 2273
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 9775
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 45315