Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ТВОРЫ arrow Пісьменнік і час arrow Калі помста робіцца сэнсам жыцця, альбо Папярэджанне Юры Станкевіча

Калі помста робіцца сэнсам жыцця, альбо Папярэджанне Юры Станкевіча Друк E-mail
25.08.2011 | 13:28 |
Кастусь ТРАВЕНЬ, 28.01.2002, г. Менск

"Калі Літва была заваёвана Расіяй, мы таксама спазналі глабалізацыю, толькі ў межах Расіі, а менавіта былі ператвораныя ў занядбаны сялянскі край''. Павел Біч [1]

Кастусь ТРАВЕНЬКрытыка - справа патрэбная для грамадства, і яшчэ ў большай ступені для пісьменніка, але, як правіла, цяжкая і няўдзячная для аўтара тэкста. Між тым позірк збоку, шчырага і надзеленага некаторым жыццёвым дасьведам чалавека, можа ў нечым памагчы і пісьменніку, і грамадству. Сёння нявырашаных жыццёвых супярэчнасцяў існуе мноства, і, на жаль, праблемы не заўсёды знаходзяць сваё адлюстраванне ў літаратуры. Але тут, бадай, іншы выпадак. 

Наша моладзь вымушана карыстацца чужымі і часьцяком непатрэбнымі для нас у жыцці гледзішчамі і распрацоўкамі. Нават старэйшае пакаленне ідэйна разгублена. Для пісьменнікаў вельмі шмат інтэлектуальна-разумовай працы. Для крытыкаў і аналітыкаў таксама. Між тым гэтай працы яўны дэфіцыт. Жукоўскаму[2] не ўдалося ні разбудзіць, ні ўзлаваць нашых ‘‘Белінскіх''. Патрэба ў прафесіянальных крытыках, шчырых, таленавітых, што добра ведаюць жыццё і літаратуру, вялізарная.

Сёньня жыццё вельмі хутка імчыць наперад... Яно само больш вострасюжэтнае, чым яго літаратурнае адлюстраванне. Між тым рэалістычны выхад з жыцёвых тупікоў - ёсьць альфа і амега цяперашняга часу і асвятлення яго ў сучаснай літаратуры.

Трэба адзначыць, што наша савецкая інтэлектуальная эліта пацярпела на нашых вачах магутны Крах... Вызвалілася месца для беларускай інтэлектуальнай эліты і яе інтэлекту, яе роздуму, меркаванняў высноў.

...Цяпер усё можна?! Ці можа быць шчаслівай прастытутка? Шчасьце гея - ці існуе яно? Ці атрымлівае кілер асалоду ад сваёй працы? Украдзеная дзяржаўная маёмасьць - ці з'яўляецца яна зладзействам, у адрозьнені ад крадзяжу прыватнай маёмасьці? Мэта жыцця чалавецтва : максімальнае матэрыяльнае спажываньне ці навукова-інтэлектуальны прагрэс? Продаж зброі цывілізаванымі краінамі - ці не парушэнне асноўнай запаведзі Бога - Не забі?! Пабудова прыватнага новага грамадства, дзе парушаны асноўныя хрысьціянскія законы - ці не адчыняе яно шлях да прорвы ? Быць хрысьціянінам, мусульманінам, будыстам - ці не значыць гэта выконваць пажаданні пана Бога ? Самазабойства чалавека - ці не зьнявага гэта Бога?

Частка нашай інтэлектуальнай эліты працягвае задаваць неканструктыўныя пытанні, якія, як паказала гісторыя, ня маюць адказаў : ‘‘Что делать ?'' і ‘‘Кто віноват?'' Ці не сьведчанне гэта іхняй разумовай нягегласьці ? Станоўчыя вынікі, па маім меркаванні, можа прынесьці толькі пытанне ‘‘Чаго мы хочам ?''...

І

Герой апавядання Юры Станкевіча ‘‘Ізумрудна-зялёныя мухі'' ня любіць свой с - ы правінцыйны горад, не любіць с - ю армію, не любіць с - ю перабудову, не любіць с - я песьні, не любіць с - ю сталіцу.

Адкуль узялася гэта нелюбоў, што ня толькі маладыя, але і сталаго веку людзі не любяць тое месца, дзе ўзьнікла і праходзіць іхняе жыццё?

Яны не любяць, таму што іх тут таксама ніхто не любіць, нават самых здольных, нават таленавітых не любяць, не заўважаюць, не зьвяртаюць увагі і, значыць, не падтрымліваюць, не аберагаюць, не дапамагаюць.

Герой апавядання ўсё гэта не любіць, бо гэты родны горад і само ягонае жыццё не дае яму аніякай магчымасьці вызначыцца, дасягнцуць так патрэбнага кожнаму юнаку посьпеху.

Посьпех і радасьць узаемазьвязаны. Няма посьпеху, станоўчых вынікаў і - значыць не будзе шчасьця. Што гэта за с - е жыццё, якое не прыносіць вынікаў, калі радасьць на кароткі час дасягаецца толькі праз ужывання спіртовых напояў?

Маладому чалавеку спачатку магутна пашчасціла. Рэдкая ўдача спаткалася на ягоным шляху. Ён сустрэў каханую. Каханне да жанчыны можа памяняць ужо вызначаны жыццёвы шлях, накірунак хады, нават зьмяніць лёс.

Каханне, як шмат яно патрабуе ведаў, культуры, шчырасьці, настойлівасьці, густу, упэўненасьці, аптымістычнага сьветапогляду і здароў'я... Каханне - гэта прамая дарога да Бога. Праз любоў да жанчыны мужчына пачынае Любіць Сонца, Неба, Лес, Траву, Жыццё і нават самае складанае - Любіць Людзей.

Ці можна ўсяму гэтаму навучыцца ў маленькім правінцыйным гарадку? Местачковаму маладому чалавеку ад нараджэння ўжо вызначана роля другараднай асобы, якому ў лепшым выпадку прыдзецца абслугоўваць патрэбы больш высокага слою наезджых людзей. І таму большасьць тутэйшых, зразумеўшы, што яны па свайму статусу людзі другога і трэцяга гатунку, што ім у жыцці вызначаны шлях абслугі і пьянства, спачатку несьвядома не любяць тых, хто дамініуе ў сучаснасьці. Гэтая нелюбоў распаўсюджваецца і на ўсё астатняе: горад, армію, песьні, сталіцу, перабудову... Страчана Вера ў тое, што гэта самае значнае месца на зямлі, бо тут нарадзіўся Ты. Што тут самая прыгожая і велічная рака, самыя чароўныя дзяўчаты, самыя таленавітыя сьпевакі мясцовага ДК, а тутэйшыя футбалісты адны з найлепшых на планеце... Вера знішчана. Веру разбурылі наезджыя людзі, бо наезджыя вайскоўцы былі лепшымі, ім аддавалі сваё каханне мясцовыя прыгажуні.

Потым некаторыя з маладзёнаў пойдуць далей і замест любові пачнуць карыстацца нянавісьцю...

Юры Станкевіч адчуў гэтую плынь і ў сваіх творах аналізуе гэты рух. Духоўная жыццёвая тэрыторыя страчана даўно, і віны героя ў тым няма, што яна, гэтая тэрыторыя, каланізавана. Наадварот, герой апавядання вырваўся з малога кола штодзёнасьці, дзе гінуць ягоныя маладыя сучасьнікі ў п'янцы і неразуменні. Мацнейшыя зьязджаюць на ‘‘большую землю''. У героя яшчэ жыве надзея, ён спадзяецца шляхам індывідуальнага змагання збудаваць сваё шчасьце. Калі вакол шмат няспраўджанага, неверагодна цяжка збудаваць сваё асобнае шчасьце. Адзін падман нараджае другі, утвараецца ланцуг ашуканства, ствараецца грамадства, народ, эпоха, жыцці, збудаваные на махлярстве, двайных стандартах.

Кожны чалавек нараджаецца чыстым лістом паперы з чыстымі файламі і атрымлівае ад Бога генетычнае пачуццё любові, справядлівасьці, чысьціні, праўды, прыгожасьці. Чужыя людзі, што каланізавалі краіну - гэта больш старая гэнерацыя віруса, дзе двайныя стандарты імперска-каланіяльнага характару існавання настолька ўмацаваліся, што не выклікаюць унутранага пярэчання іхніх носьбітаў. Для іх гэткі стыль жыцця - генетычна замацаваная норма, бо яны дамінуюць і карыстаюцца больш якасным жыццём, эксплуатуючы тутэйшых. Для абарыгенаў, якія не перайшлі мяжу натуральных стасункаў, захавалі несьвядомую прыгажосьць душы і неасэнсаваную любоў да Бога, чужы стыль існавання зьнішчальны.

Малады мужчына, герой апавядання ‘‘Ізумрудна-зяленыя мухі'' падсьвядома адчувае патрэбу абароны сябе, свайго ‘‘Я'', і ён купляее рэвальвер. Гэта быў ‘‘Радом'', адзін з варыянтаў бельгійскага нагана, сямізарадны рэвальвер калібра 7,62 з барабанам, мадэль вытворчасьці 1895 года.

Такім чынам, герой апавядання, не знайшоўшы нейкіх іншых сродкаў барацьбы, зьвяртаецца да самага надзейнага і ўжо выпрабаванага чалавецтвам. Ён вырашае ісьці самым рашучым шляхам абароны свайго''Я'' з дапамогай зброі.

Якія варыянты жыцядзейнасьці існавалі ў героя апавядання да тога моманту, як ён пачаў страляць? Ён мог - пасьля таго як яго абрабавалі - пачаць спачатку, гэтак робяць у цывілізаваных краінах сучасныя, валявыя, разумныя мужчыны.

Але герой апавядання ўзрос у чорна-белым асяродзі, запас трываласьці гэтых людзей абмежаваны. Яны хутка стамляюцца, кідаюцца ў адчай, які альбо нішчыць іх, альбо нараджае нянавісьць, жаданне помсты.

Людзі чорна-белага стану сьвядомасьці ня толькі не бачаць выйсьця ў складаных жыцёвых абставінах, яны ня маюць гэтага выйсьця! Іхні ўзровень падрыхтоўкі, адукацыі, прафесіяналізму ў большасьці не дазваляе ўзьняцца на сучасны ўзровень самасьвядомасьці і адшукаць свой індывідульны напрамак. Жыццёвая тэрыторыя не дае магчымасьці прымяніць нават тыя маладыя сілы і энэргію, што ў іх ёсьць. Не дазваляе зарабіць неабходныя сродкі, каб асталяваць свой жыццёвы кут.

Малады мужчына паспрабаваў вырвацца з кута, з кола аблогі. Сьвінячае жыццё яму непатрэбна. Ён адмовіўся ад Каханай, бо не мог прапанаваць ёй той мінімальны ўзровень матэрыяльнага дабрабыту, які захаваў бы іхняе каханне, ягоную самапавагу да сябе як да мужчыны, і павагу каханай. Адмова ад каханай - гэта адмова ад шчасця! Але калі няма надзеі на шчасце - то што тады ўзамен?

У апавяданні ‘‘ Ізумрудна-зялёныя мухі'' герой ужо разумее плынь жыцця, шукае выйсьця і ня можа яго адшукаць. З юнацтва ён усьведамляе, што ў жыцці яму ўгатавана другасная роля няпоўнавартаснага існавання. Сапраўднае жыццё віруе ў іншым месцы. ‘‘Урэшце, усё з таго і пачалося, што ў іх с...м райцэнтры было мала дзевак. Іх проста не хапала на ўсіх, бо побач было два ці тры гарадкі-спадарожнікі з вайскоўцамі. Штогод, штомесяц, штодня мангалоідныя лэйтэнанты і капітаны бралі з гарадка даніну - дзевак у жонкі, звозілі іх за сьвет ці заставаліся ў сваіх гарадках-спадарожніках''.

Герой працуе, зарабляе грошы, мае мэту жыцця, уяўляе сямейнае шчасьця. Але зладзеі, украўшы заробленыя грошы, тым самым крадуць ‘‘ у яго лепшы ў жыцці час, надзею, спадзяванні, пачуццё годнасьці.'' І тады наўзамен шчасліваму, першаму варыянту жыцця, у героя пачынае нараджацца іншы варыянт, раней узгадаваная ў юнацтве нелюбоў да с.....ай рэчаіснасьці ператвараецца ў нянавісьць, якая патрабуе помсты. Сэнсам жыцця робіцца помста.

У кожнага самца: тыгра, ільва, ваўка, ліса, мужчыны павінна быць свая жыццёвая тэрыторыя, дзе ён з'яўляецца гаспадаром. Дзе гаспадаром з'яўляецца ягоны род. Гэтую сваю жыццёвую тэрыторыю кожны гаспадар любіць. Калі не любіць - значыць не гаспадар. Не

маючы альбо страціўшы гэтую тэрыторыю самец вымушаны загінуць. Сёння мужчына гіне праз п'янства, бадзяжніцтва, страту сэнсу жыцця...

Чым здольны, таленавіты, а самае галоўнае шчыры пісьменнік адрозніваецца ад усіх астатніх адукаваных і не вельмі адукаваных грамадзян? Тым, што ён бярэ з жыцця тыя ці іншыя рэаліі і прасуе іх, узмацняе, канцэнтруе.

У сваіх творах Юры Станкевіч не шукае выйсьця для сваіх герояў, ён проста паказвае іхнюю жыцёвую дарогу. Дарогу часта страшную, але реальную, праўдзівую, іншы раз гэта жыццёвыя шляхі ўяўлення, другі ці трэці варыянт рэчаіснасьці, тое, што прысутнічае ў рэчаіснасьці як бы ў цяньку і покуль не выходзіць на першае месца, але можа ўзмацніцца ў любы момант, калі першы варыянт жыцця па той ці іншай прычыне не спраўдзіўся.

У апавяданні ‘‘Паленпак'' пісьменік паказвае маладога салдата-студэнта Сяргея Каляду, які не знайшоў жыццёвыя арыентыры, заблудзіўся ў нескладанай рэчаіснасьці і зрабіў кепскі, непапраўны жыццёвы ход. Такіх хлопцаў можна ўбачыць вялікае мноства, і самае галоўнае такіх разгубленых і інфантыльных у нашым грамадстве з гадамі ня меншае. Ня так шмат можна ўбачыць разумных, дасьведчаных і сыстэмных. Піва, гарэлка, сучасная музыка, масавая культура, тэлебачанне пасьпяхова заціраюць жыцёвыя арыентыры ня толькі маладых, але і сталых грамадзян. Можна сказаць, што чужая матрыца штодзёнага ўкладу жыцця штампуе і штампуе гэткіх людзей пакаленне за пакаленнем.

Герой ‘‘Паленпака'' не навучаны сыстэмна будаваць сваё жыццё. Першую жанчыну ў сваім жыцці ён кахае, але акрамя свайго пачуцця яму ж няма чаго прапанаваць Паліне. Таму яны і плачуць да сёнішняй пары, гэтыя дзяўчаткі, узіраючыся на дарослых мужчын-дзяцей, якія не навучаны здабываць для каханай жыцёвага дабрабыту, быць надзейным абаронцам для прыгажуні.

Тэма абароны прыгожай жонкі наогул нераспрацавана ў нашай літаратуры, і ня толькі нашай. Між тым тэма надзвычай цікавая і значная, часцяком нашы хлопцы пабойваюца жаніцца з красунямі, не ведаючы як будаваць з імі сваё сямейнае жыццё. Пакруціўшыся ў жыцці, прыгажуні вымушаны выходзіць замуж за сталых кандыдатаў навук, арабаў, мурынаў, габрэяў, немцаў і нарвежцаў. Нашым хлопцам застаецца смактаць гарэлку і жаліцца на сваё пакутлівае і нешчаслівае жыццё.

ІІ

Сваімі апавяданьнямі Юры Станкевіч загрунтаваў мастацкае палатно для самага важкага і моцнага свайго твора - ‘‘Любіць ноч - права пацукоў''. Раман пра другі ці трэці варыянт будучыні, фрагменты якой у рэчаіснасьці ўжо бачны сёння.

Ёсьць такое расхожая меркавання, якое часьцяком цытуецца ў прэсе: ‘‘Гісторыя вучыць, што яна нічому не вучыць''.

У гэтым меркаванні ёсьць праўда і ёсьць свая няпраўда. Праўда ў тым, што сапраўды часцяком гістарычныя хібы, памылкі ў гісторыі паўтараюцца. Няпраўда ж заключаецца ў тым, што на самой справе - гэтыя памылкі робіць новая маладзейшая генерацыя людзей, якая па той ці іншай прычыне не ўзбагаціла сваю сьвядомасьць досьведам продкаў.

Падзеі ў Карабаху, Косава, Чачні ўзьніклі не адразу, не раптам, спачатку там таксама адбываліся мікрапрацэссы, якія былі бачны ўсім, таксама і ўладзе, але ўсе спадзяваліся, што неяк абыйдзеца, пранясе, яны ж людзі, не расісты, веруюць у Бога, адукаваныя, цывілізавныя грамадзяне. Не пранясло! Скончылася вялікай крывёй... Забыліся, што кожны мужчына павінен мець сваю жыцёвую тэрыторыю, дзе ён гаспадар!

Амерыканскі філосаф Эрых Фромм адзначыў, што катэгорыя людзей, якія па той ці іншай прычыне не могуць дзейнічаць плённа, дамінаваць у сваім асяроддзі, вымушаны займацца кампенсатарным гвалтам у якасьці замены прадуктыўнай дзейнасьці. ‘‘Чалавек,які не можа ствараць, хоча разбураць.''

Пісьменнік Юры Станкевіч узяў нават не мікраскоп, а звычайнае павелічальнае шкло, і пайшоў па задворках нашага жыцця і пачаў разглядаць тыя хібы, балячкі, гнайнікі, кантэйнеры з сьмеццем, тых людзей, што жывуць ніжэй жыццёвага плінтуса, і пачаў пісаць аб усім, што ўбачыў. Яго раман - адзін з варыянтаў будучыні.

‘‘Любіць ноч - права пацукоў'' - самы актуальны твор Юры Станкевіча, ён мастацкімі сродкамі ўзьнімае існуючыя праблемы ў краіне на вышэйшым ўзроўні трывогі. Ён прымушае нас расплюшчыць вочы, зірнуць далей свайго носа, далей праспэкта Скарыны ў Менску. Што пакінем сваім дзецям і ўнукам? Якую краіну? І чыю краіну? Калі мы не збудуем, не сканструіруем яе для нашых нашчадкаў, то хто зробіць гэта за нас ?

Другі ці трэці варыянт сучаснасьці гэта ня выдумка, не перабольшванне, а жорсткая рэальнасьць. Раман ‘‘Любіць ноч - права пацукоў'' адлюстроўвае тыя фрагменты жыцця, якія існуюць ужо сёньня, і самае галоўнае, паказвае будучыя магчымыя вынікі нашага ўчарашняга выбару...

Раман складаны, напісаны няпроста, з моцнай энэргетыкай, і яшчэ чакае свайго вельмі прафесійнага даследчыка. Фактычна падзеі рамана цякуць ужо незалежна ад людзей і грамадства, якое некалі памылілася і зрабіла кепскі выбар. Большасьць ужо ня мае магчымасьці нешта зьмяніць у плыні дробных падзей штодзённай рэчаіснасьці, што струменяць адно за другім і дзе няма магчымасьці паставіць кропку, прыпыніцца, азірнуцца, асэнсаваць, памяняць накірунак падзей...

Рэчаіснасьць, намаляваная ў рамане - гэта жыцёвы рэгрэс, вяртанне на 50 ці 100 год назад. Краіна ня мае будычыні, яна акупавана прыхаднямі, жорсткімі і разбуральнымі. Мясцовая ўлада выконвае ролю каланіяльнай адміністрацыі, для якой тутэйшае насельніцтва з'яўляецца не сваім.

Магчыма, самы разбуральны момант высвечаны ў рамане - адсутнасьць еднасьці ў насельніцтва: няма мэты існавання, адсутнічае іерархія, няма лідэраў, нават звычайных важакоў, тутэйшых аўтарытэтаў, нават тутэйшых ‘‘ злодзяў у законе'', таму прыхадні адчуваюць поўную свабоду дзеяння.

Вось важак прыхадняў у рамане кажа: ‘‘... ужо хутка чвэрць гэтага горада наша, і зямля стала нашай , і яны экспансуюць сталіцу, туды ўжо і грошы адпраўлены - на подкуп, на хабар , і зямля там для іх гатовая , а вашых людзей, - даводзіў ён, - купіць вельмі лёгка , ды ты і сам бачыш , хоць ты і вар'ят, хто праз дзесяць гадоў будзе тут пры ўладзе, хто будзе сапраўдны гаспадар, вы ж бездапаможныя , хцівыя і раз'яднаныя , і калі нават ты пра мае гэтыя словы будзеш з раніцы да вечара штодня на плошчы крычаць - усё роўна табе ніхто не паверыць і нікога ты не пераканаеш...''.

Такім чынам у будучым тэрыторыя можа ператварыцца ў заселеную прыхаднямі гарады і ў зарослыя хмызняком і падлескам правінцыйныя абшары, праз якія будуць цягнуцца тры-пяць-дзесяць транспартных магістраляў, якія кантралююць узмоцненыя вайскова-паліцэйскія наземныя і паветраныя патрулі.

ІІІ

Раней грамадства натуральным чынам нараджала і прадукавала пакаленні, якія ўсьведамлялі мяжу паміж дабром і злом. Абсалютная большасьць маладых людзей выдатна ведала, што такое ‘‘дабро''. Сёння межы ‘‘дабра-зла'' сьцёрты. Вырастае ў масавай колькасьці новае пакаленне, якое зло лічыць дабром. Як нараджаецца гэтая сьвядомасьць зла, Юры Станкевіч паказвае ў апавяданнях ‘‘Усе дзеці любяць бананы'' і ‘‘ Коткі ў бібліятэцы'', то надрукованы ў часопісе ‘‘Крыніца'' № 9 за 2001 год.

Пераказваць гэтыя навэлы няма сэнсу, лепш разгледзім унутраныя матывы гэтых твораў.

У некаторых слаях нашага постсавецкага грамадства страчана мэта існавання, пачуццё любові да жыцця, да сям'і, жанчыны, дзяцей. На глебе, дзе няма любові, пачынае густа ўзрастаць пачуцёвае пустазелле, новы слой пакаленння, у якога любоў замяняецца сэксам, радасьць нараджаецца ад спажывання сьпіртовых напояў і наркотыкаў, дзеці для гэтых людзей ператвараюцца ў ‘‘юродаў''.

Каханне дорыць чалавеку радасьць. Любоў да Радзімы выклікае радасьць пры перамозе нацыянальнай спартовай каманды, любоў да жанчыны стварае радасьць ад існавання дзяцей і ўнукаў, разам любоў і радасьць твораць шчасьце.

А калі няма любові - пытаецца Юры Станкевіч у нас? Што тады прыносіць радасьць? Злую радасьць прыносіць зьдзек над жывой істотай: спачатку над коткамі, сабачкамі, потым дзецьмі, потым на зьмену зьдзеку прыходзіць забойства, якое патрабуе новых забойстваў, гвалту, нараджае варожасьць паміж слаямі, групоўкамі, класамі грамадства. Бедны ненавідзіць багатага, багаты ня любіць бедных, тутэйшыя варожа ўспрымаюць прыхадняў. Еднасьць грамадства разбураецца, утвараецца пачуццё безабароннасьці, а потым і абыякавасьці нават да ўласнага лёсу.

Чалавек заўсёды баіцца страціць тое, што любіць, а калі ён нічога не любіць, то няма чаго і баяцца. Тады і асабістае жыццё - толькі прага незвычайных, пачварных, гострых пачуцяў і ня мае вялікай каштоўнасьці.

Сёньня сучасны маладзён лёгка адчувае сябе Іванам, заўтра Джонам, паслязаўтра Саідам, губляе пачуццё адказнасьці за лёс краіны, за лёс чалавецтва і нават за свой асабісты лёс... Мы, такія сьвядомыя і сучасныя, баімся прызнацца, што на нашых вачах адбылася рэвалюцыя сьвядомасьці, і Юры Станкевіч папярэджвае наша грамадства, што рэвалюцыя працягваецца, што трэба быць гатовым да новай грамадскай сытуацыі, імкнуца мінімізаваць яе наступствы ўжо сёньня. Кожны дзень і кожны год наша цяперашняя рэчаіснасьць нараджае будучых рэвалюцыянераў, бязлітасных і жорсткіх.

Усваіх творах Юры Станкевіч выступае як мастак, а не як палітык ці дзяржаўны дзеяч. Ён аналізуе негатыўныя моманты нашага жыцця, зьвяртае ўвагу грамадства на нашу бяздзейнасьць - як улада, грамадства, дзяржава, і ўсе мы робімся закладнікамі гэтай бяздзейнасьці.

Крытык Павал Абрамовіч у сваім артыкуле ‘‘Проза для няўдачнікаў ‘‘ у часопісе ‘‘Arche'' Скарына № 4 за 2001 год піша: ‘‘Непакоіць наступнае, ці не пойдуць заўтра тыя, хто падчас чытання рамана Любіць ноч ... атаясамляюць Рэчаіснасьць-1 і Рэчаіснасьць-2, вызваляць Беларусь ад бежанцаў, азіятаў, не беларусаў па прыкладзе Данілы Прусака...''.

Зьдзіўляе неспакой адукаванага і прафесійнага крытыка. Яго не трывожыць, што дзяржава, грамадства, народ паціху саслізгваюць у прорву, страчваюць нацыянальную свядомасьць і адказнасць за краіну... Ён не аналізуе прычыны негатыўных жахаў, паказаных у рамане, а яго непакоіць пачуцці чытача, які, прачытаўшы творы пісьменіка: ‘‘ адчуе агрэсію, нянавісьць, няўпэўненасьць, расчараванне, агіду, боль, безвыходнасьць, роспач".

Уся сусьветная класічная літаратура абуджае ў той ці іншай ступені моцныя пачуцці, а руская літаратура нясе ў сябе вялікую колькасьць негатыўнага ўздзеяння. Любы таленавіты літаратурны твор у той ці іншай ступені з'яўляецца перабольшванем, бо канцэнтруе жыцёвыя з'явы і працэсы. Нават фотаграфія ёсьць канцэнтрацыя рэчаіснасьці.

Пасля амерыканскіх фільмаў-катастроф мне здавалася, што амерыканскія спецслужбы самым пільным чынам прааналізавалі ўсе магчымыя ідэі глябальных тэрактаў. Але падзеі 11 верасьня ў Нью-Йорку паказалі, што гэта ня так...

Літаратурны аналітык, як паталагаанатам, што кожны дзень корпаецца ў мерцвяках і вызначае прычыны сьмерці чалавека, не павінен палохацца тых жахаў, што натварыў пісьменнік у сваіх творах. Калі творы таленавітыя і сыстэмна адлюстровываюць тыя ці іншыя падзеі ці людзей, то гэтыя творы ўзбагачаюць нашу супольную сьвядомасьць, наша разуменне сучаснасьці. Аналітык павінен знайсьці і паказаць удумліваму чытачу і тыя варыянты падзей, якія існуюць у жыцці і якія ня здолеў ці не захацеў паказаць пісьменнік. Тады грамадства ў большай ступені будзе падрыхтавана да розных варыянтаў жыцця і будзе навучана выбіраць лепшы. Калі такога аналізу няма, наша грамадства ўвесь час будзе наступаць на адныя і тыя ж чужыя граблі.

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што Юры Станкевіч ня ставіў мэты шукаць выйсьце. Ён ставіў мэту паказаць, як нараджаецца яшчэ дробнае зло, якое з цягам часу вырасьце і стане вялікім Злом. Ён прапаноўвае, нам усім: чытачам, крытыкам, уладзе, грамадству - самім пашукаць гэтае выйсьце, калі мы хочам, каб нашы і вашы дзеці і ўнукі жылі ў спакойнай, мірнай, сытай эўрапейскай дзяржаве.

ІV

У чалавека, таксама як і ў дзяржавы, на пераломных момантах існавання, на перакрыжаванях лёсу паўстае праблема свабоды выбару.

Без енку, памяркоўна і спакойна Юры Станкевіч спачатку ў аповесьці ‘‘Прузі'' папярэджвае наша грамадства: "Прідоша прузі, і покрыла землю, і шла она в полночныя страны.'' Летапіс.

І закончвае ён сваю аповесьць наступным дапаўненем: ‘‘ Самае вялікае воблака саранчы памерам больш за пяць тысяч квадратных кіламетраў зарэгістраванна ў 1988 годзе, калі яно пералятала Чорнае мора. Падлічана, што колькасьць асобін складала дзьвесьце пяцьдзесят мільярдаў штук . Іх агульная вага была пяцьсот восем тысяч тон''.

Гэта ўжо ня выбар, гэта тое, што ідзе за выбарам, гэта наступствы выбару.

У аповесьці ‘‘Рыфма'' пісьменнік скарпулёзна, педантычна разглядае гэтае перакрыжаванне лёсу, месца, дзе робіцца выбар.

Бізнэсовец Рыгор Вайтовіч, зарабіўшы някепскія грошы, адчувае, што на Радзіме ён непатрэбны, ён адчувае дыскмфорт, трывогу і варожасьць улад да дробных прадпрымальнікаў, і таму рыхтуецца з'ехаць за мяжу. Нягледзячы на некаторы неспакой, які ён адчувае ад прынятага рашэння, усё ж выбар зроблены. Гэта асэнсаваны выбар, як у Гегеля:'' у кожнай сытуацыі ёсьць толькі адна-адзіная рэальная магчымасьць выбару. ....свабодны чалавек дзейнічае на аснове разумення гэтай адной магчымасьці, на аснове асэнсаванай Неабходнасьці''.

Асэнсаваная Неабходнасьць для Рыгора Вайтовіча разуменне, што ўлада таксама зрабіла свой выбар, і таму іншай альтернатывы не існуе.

Выбар зроблены, і ён адчувае сябе разняволеным, ён траціць асцярожнасьць, да яго вяртаюцца звычкі савецкага чалавека - жаданне пахваліцца сваімі дасягненнямі, сваімі грашыма перад эмігранткай-студэнткай Палінай.

Непрыкметна для сябе ён ізноў вяртаецца на раздарожжа, нечакана ўзнікае новая альтернатыва выбару ўжо быццам вызначанага жыцёвага лёсу. Між тым герой аповесьці не асэнсаваў гэты надзвычай важны момант.

Важнейшае імгненне жыцця - і як часта яго мы не заўважаем!

‘‘ Большасьць не вартасна, таму што яна не бачыць, калі яна стаіць на раздарожжы і павіна прыняць рашэнне. Яно не заўважае, калі жыццё задае ім пытанні і калі яны яшчэ маюць магчымасьць адказаць на іх так ці інакш.'' [3]

Калі ж памыліўся Вайтовіч? Калі захацеў эмігрантку студэнтку Паліну? Ці калі ад разняволенасьці ў ім адрадзіўся даверлівы, балбатлівы савецкі чалавек, прывучаны надзімаць шчокі?

Як толькі бізнесовец сказаў - ‘‘...не ў сэнсе таго , што мне грошай шкада. У мяне іх зашмат, вы нават не паверыце. - Ён упершыню ўбачыў, як яна зацікаўлена павярнулася да яго і зірнула прама ў твар сваімі бурштынавамі вачыма''. У гэты момант свабода выбара для Вайтовіча скончылася. У гэтае імгненне з свабоднага чалавека, нават з пераможцы, ён ператвараецца ў ахвяру.

Якая ж прычына жахлівага жыцёвага канца Рыгора Вайтовіча ? Якія звычкі, схільнасьці валодаюць бізнэсоўцам? Вайтовіч лёгка ідзе на здраду сваёй жонцы. Можна сказаць, што ён гэта робіць звыкла, аўтаматычна, яшчэ лягчэй, чым зьязджае з сваёй Радзімы. Асяродзе, ў якім ён тусуецца, адчувае сябе няўпэўнена.

- ‘‘Лайдакоў разьвялося - процьма ... Заводы кладуцца адзін за другім . Пралетар разбэшчваецца - няма чаго рабіць. П' юць. Да швачак маіх падлабуньваюцца, ганю іх''. - Гаворыць адзін з бізнэсоўцаў.

Што ж у'яўляе сабой узніклы клас дробных прадпрымальнікаў?

‘‘ ...а потым размова пойдзе пра гандаль, рэкет, урэшце, пра баб. А затым хто-нібудзь прапануе: ці не патэлефанаваць , прыедуць дзяўчаты, пачнуць піць шампанскае , палезуць у лазьню, разбяруцца па парах , хто потым і памяняецца, назаўтра будуць успамінаць падрабязнасьці, агаворваць вартасьці дзяўчат, каб праз тыдзень-два ўсе зноў паўтарылася".

Такім чынам Вайтовіч адпавядае свайму класу. Новых бізнэсоўцаў цікавіць працэс зарабляння грошай, як мага больш грошай. Лагістыка назапашвання грошай з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю для прадпрымальнікаў. Фактычна апрача грошай у іх няма аніякага іншага жыццёвага падмурка. Сваіх паэтаў і пісьменікаў яны ня ведаюць і фінансава не падтрымліваюць. Уладзе прадпрымальнікі непатрэбны, пралетары іх таксама не любяць...

Сяброўка бізнэсоўца, студэнтка Паліна, эмігрантка з паўдневых краёў з крымінальным мінулым, яна някепска асела ў сталіцы. Адукаваная, маючы густ, розум, яна дзеліць людзей па Уэльсу на марлокаў - патомкаў рабацяг, што жывуць пад зямлёй, і элояў - што жывуць пад сонцам.

‘‘А я хачу піць шампанскае з багемай. Размаўляць пра жывапіс, літаратуру. Мець за сьпіной заможнага мужа. Элоя. ‘‘ Яе стары прыяцель па прозвішчу Чорны спакушае яе, - давай разок рызыкнём. А потым ідзі да сваіх элояў ‘‘.

Гэта перакрыжаванне лёсу, момант свабоды выбару маладой жанчыны.

Абодва героі аповесьці маюць аднолькавыя жыцёвыя каштоўнасьці. Абодва фактычна несвабодныя людзі, вельмі прадказальныя, бо фактычна ня маюць іншай альтэрнатывы. У тым сэнсе, што ў абоіх адсутнічае высакая мэта жыцця, няма любові, няма Бога ў душы. Паліна значна больш крымінальна дасьведчана.У яе страчана мяжа паміж дабром і злом, згублена пачуццё плённага жыцця. Адукаваная, разумная, з густам, яна даволі лёгка ідзе на забойства. Мэта - дасягнуць жыцця пад сонцам, разам з элоямі - дазваляе ёй гэта зрабіць. На пытанне, ці можна рабіць зло? Эмігрантка Паліна сваімі дзеяннямі адказвае: калі аб гэтым ніхто не даведаецца - то можна!

Трэба зазначыць, што ў сучаснай літаратуры, кіно, тэлебачанні забойства робіцца вельмі лёгка, іншы раз прыгожа, спрытна, цікава. На самай справе - забойства чалавека - незваротны крок праз мяжу, пасьля якога ўжо няма дарогі назад. Ніякія грошы, ніякія жыццёвыя дасягненні не могуць перакрыць грэх забойства.

Пасьля забойства ўжо ня можа быць сапраўднага шчасьця! Гэта грэх ня толькі перад людзьмі, але грэх перад Богам.

Дасягнуўшы свайго, Паліна з'язджае за мяжу і трапляе ў асяродзя, якое прасвечвае ўсіх эмігрантаў на ‘‘вшивость''. Элой, амерыканскі сэнатар з якім яна зьбіраецца пабрацца шлюбам, жыве ў грамадстве, якое не верыць чужым словам.

Імкненнне мець шмат грошай на самой справе не робіць чалавека свабодным. Патрэбна яшчэ схільнасьць траціць гэтыя грошы на стварэнне, на прагрэсіўнае развіццё сям'і, горада, краіны, цывілізацыіі, пакідаць пасьля сябе шчаслівых дзяцей і ўнукаў, ўдасканаленне асяроддзя і грамадства. Юры Станкевіч пераканаўча паказаў гэта ў сваёй аповесьці.

Цікава было б прааналізаваць сытуацыю, пры якой Рыгор Вайтовіч быў бы высокамаральным, адукаваным чалавекам, які б прапанаваў прыгажуні Паліне іншую жыццёвую альтернатыву.

Сам па сабе бізнэсовец Вайтовіч чалавек нядрэнны, у яго шмат дробных грашкоў, як у дварнягі блох, але ён не здольны на забойства. Між тым мяжа сумленнага жыцця ў яго ўжо размыта і таму ён не адчувае амаральнасьці і крымінальнасьці Паліны. Распуста - той пераходны модуль, дзе сустракаюцца Паліна і Вайтовіч, а далей як заўсёды - носьбіт большага зла нішчыць носьбіта дробных грашкоў.

Ці могуць людзі, няздольныя да стварэння, да дабра, запоўненыя ўсім папярэднім жыццём сьвядомасьцю зла, адразу памяняць сваю жыцёвую хаду, зрабіць іншы выбар? Гэта пытанне Юры Станкевіча да ягоных чытачоў.

Аднолькавыя працэсы адбываюцца на ўсёй постсавецкай прасторы, і тут ёсьць над чым падумаць усяму грамадству.

Усё вышэй сказанае адносіцца да сьветаўспрымання сталых, дасьведчаных пражытымі гадамі людзей. Можна сказаць што ў значнай меры проза Юры Станкевіча - гэта адлюстраванне сьветапогляду савецкага чалавека, ідэалы якога разбураны падзеямі апошняга дзесяцігодзя (1991-2000г.). Сталы чалавек падводзіць вынік свайго жыццёвага шляху, які ён прайшоў разам з краінай. І вынікам ён бачыць разбурэнне.

Маладыя людзі знаходзяцца ў пачатку жыццёвай дарогі, яны перапоўнены марамі, у іх сьвядомасьці віруюць ідэалы. Іхняя мэта жыцця - хутчэй адсунуць ад стырна кіравання ўсё старое, аджылае, што перашкаджае імкліваму руху наперад.

Улада любіць маладых, іх так лёгка запаліць жаданням ехаць на БАМ, на цалінныя і залежныя землі, на вызваленне ад імпэрыялізму, на разбурэнне сацыялізму, на гераічную сьмерць... Зьвярніце ўвагу, з якой асалодай і натхненнем сучасныя юнакі-вайскоўцы - блакітныя, чырвоныя, чорныя і іншыя берэты - бьюць аб уласную галаву цэглу, дэманструючы гераізм і самаахвярнасьць і сваю некрытычнасьць мыслення.

Таму проза Юры Станкевіча не кожнаму з маладых па зубах, тут трэба думаць, аналізаваць, прыглядацца, параўноўваць, вывучаць... Тут трэба мець галаву, жыццёвы досьвед, разуменне хады гісторыі...

Працягваючы думку аб ідэалах, трэба сказаць, што моладзі патрэбны прыклады удач, здзяйсьненяў, шляхі, што вядуць да перамог! Дастаеўшчыны наеліся ўжо ўсе папярэднія пакаленні, цяперашняя моладзь хоча смачна есьці, цікава жыць, зарабляць добрыя грошы, ісьці дарогамі перамог! Застойнае і сьмярдзючае жыццё ім не падыходзіць аніяк, і гэта радуе і выклікае некаторы аптымізм...



[1] Павал Біч - кандыдат тэхнічных навук, незалежны менскі аналітык, публіцыст, аўтар артыкулаў у "Народнай волі'' і на сайтах.

[2] Даніла Жукоўскі - крытык, сталы аўтар "Нашай Нівы'' і ‘'Архэ'', аўтар вядомага артыкула ў пачатку стагодзя "На хайвэі постмадэрнізма''. 

[3] - Эрых  Фромм. ''Душа  чалавека ''.

 
« Папяр.   Наст. »

Каментар

Каб карыстацца гэтай формай Вы павінны мець наладжаны javascript...

Было калісьці на заре советской власті (вечаровай) у Менску таварыства маладых літаратараў 'Тутэйшыя', дык спадар Юры Станкевіч прывабіў увагу яшчэ там - рэальная літаратура нонканфармізма была. Магчыма, і цяпер у ім ніякага канфармізму.

Напісаў Amateur,
Дата 12/06/2011 Час 03:10

Станкевіч - гэта сіла! А яшчэ Кастусь Травень, Васіль Якавенка, Вітаўт Мартыненка, Здзіслаў Сіцька, Славамір Адамовіч, Міхась Скобла (з жывых). Дый памерлыя класікі жывей многіх жывых: Кастусь Акула, Анатоль Сыс, Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч. Паспрабуйце адшукаць іхнія кнігі ў кнігарнях - фіг вам у вігвам.

Напісаў Great Litvin,
Дата 09/21/2011 Час 22:31

Ну і любіце вы загрузіць тэкстам, спадары. Праўда, дзеля кнігі Юры Станкевіча варта разгавецца, напэўна. Так што варта і падзякаваць сп. Кастусю Травеню за жывы, зацікаўлены водгук. А то ж у нас цвярозых рэцэнзій ніхто не друкуе.

Напісаў Benjamin,
Дата 08/30/2011 Час 16:59

 1 
Старонка 1 з 1 ( 3 Каментар )

Каб пакінуць/прачытаць каментары - зарэгіструйцеся (залагіньцеся)
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 939
mod_vvisit_counter Учора 2936
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 15694
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 11025