Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Культура arrow Суверэнітэт, глабалізацыя і міжкультурны дыялог

Суверэнітэт, глабалізацыя і міжкультурны дыялог Друк E-mail
26.07.2010 | 13:16 |
}Мікалай КРУКОЎСКІМікалай КРУКОЎСКІ, доктар філасофскіх навук, прафесар

Няма асаблівай патрэбы даказваць, наколькі актуальнай сёння стала праблема ўзаемадзеяння культур і творчага паміж імі дыялогу. Актуальнасць тая асабліва ўзрасла менавіта пасля трагічных вераснёвых падзей мінулага году ў Злучаных Штатах Амэрыкі, што яшчэ ў 1993 г. прадказваліся вядомымі публікацыямі С.Хантынгтона аб магчымасці вострых канфліктаў паміж культурамі. Пасля чаго з'явілася, нарэшце, і нядаўняя дэкларацыя ЮНЭСКА на гэты даўно ўжо існаваўшы надзвычай сур'ёзны тэмат. Праблема сапраўды і сучасная і ў той жа час мае вельмі і вельмі даўнюю гісторыю. Менавіта на ёй асноўвалася, напрыклад, нядаўняя ваяўніча-зласлівая варажнеча паміж савецкай псеўдасацыялістычнай і заходнееўрапейскай капіталістычнай культурамі. Але і ўся мінулая гісторыя культуры ледзьве не з антычных часоў поўніцца гэтай праблематыкай, пачынаючы з узаемаадносін паміж старажытнымі грэчаскай і рымскай культурамі альбо з стасункаў паміж хрысціянскай культурай і паганствам, таксама прымаўшых часамі вельмі канфліктны характар. Пагэтаму, дарэчы, і ў беларускай эстэтыцы яшчэ ў сярэдзіне сямідзесятых гадоў, нягледзячы на няшчадны партыйна-ідэалагічны ўціск і завугольныя інтрыгі маскоўскіх і ленінградскіх акадэмічных мэтраў, аўтарам гэтых радкоў упершыню, як здаецца, ў тадышняй навуцы была пастаўлена і з дапамогай матэматыка-лагічнай методыкі тэарэтычна сфармулявана праблема ўзаемадзеяння паміж мастацкімі культурамі розных эпох і розных народаў (гл. нашы работы "Основные эстетические категории (опыт систематизации)", Мн., 1974, стар. 269-272, і "Кибернетика и законы красоты", Мн., 1977, стар. 229).

Тая ж па сутнасці праблематыка ставіцца перад намі гісторыяй і сёння. У глабальным амаль што масштабе як адзначаны Хантынгтонам канфлікт паміж ісламскай і амэрыкана-еўрапейскай культурамі, і ў больш канкрэтным і блізкім да нас адносна плане - як таксама пагражаючыя фактычна канфліктам стасункі паміж культурамі беларускай і рускай. Цесна звязана з ёй і гэтак жа вострая сёння праблематыка ўзаемаадносін так званай глабалізацыі і нацыянальнага суверэнітэту. Звязанасць іх сцвярджае, дарэчы, усё той жа Хантынгтон, справядліва падкрэсліваючы, што ў ХХІ стагоддзі ўсе ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі, як пазітыўныя, так і канфліктнага характару, будуць вызначацца не паасобна ўзятымі геапалітычнымі, матэрыяльна-фінансавымі або ідэалагічнымі інтарэсамі, які б глабальны і эканамічна безальтэрнатыўны характар яны ні прымалі, а пераважна агульнакультурным нацыянальным фактарам як цэласнаю сістэмаю, уключаючаю ў сябе не толькі эканоміку, але і мову, і рэлігію, і філасофію, і мастацтва, і нацыянальную самасвядомасць увогуле, увасобленую ў паняццях дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці. Прычым актуальнасць і дзейснасць гэтага нацыянальна-культурнага фактару будзе залежыць ад агульнага ўзроўню яго развіцця. І не толькі ад узроўню, але і ад пэўнай канкрэтнай фазы гэтага развіцця, што, як зараз убачым, асабліва тут важна. Таму, каб утрымліваць тыя міждзяржаўныя ўзаемаадносіны ў пазітыўна-стабільных межах, пазбягаючы небяспечных канфліктаў, трэба перш за ўсё ўлічваць агульнакультурную спецыфіку гэтых дзяржаў, сур'ёзна вывучаць і улічваць агульны стан і ўзровень развітасці іх нацыянальных культур і, толькі абапіраючыся на вынікі такога вывучэння, прадбачыць характар узнікаючага паміж імі ўзаемадзеяння і садзейнічаць нармалізацыі яго здзяйснення. Самы ж нармальны стан узаемаадносін паміж культурамі - гэта стан гарманічнага адзінства агульначалавечага і нацыянальнага, адзінства, нагадваючага гармонію шматкаляровага дывана, які бачыцца тым прыгажэйшым, чым ярчэйшыя складаючыя яго паасобныя каляровыя плямы.

Да гэтага часу, аднак, ўсё гэта па сутнасці ігнаравалася, змазваючыся туманным і надта ўжо расплывістым паняццем правоў чалавека, разуметага пераважна як біялагічны індывід. Гэтым кіраваліся дагэтуль краіны еўраамэрыканскага культурнага рэгіёну і арганізацыі тыпу ААН і менавіта з-за гэтага ў полі іх зроку губляліся часам правы ажно цэлых народаў і іхніх культур як найважнейшых сацыяльных суб'ектаў. Ігнараваліся фактычна іх правы на нацыянальную незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт. Менавіта пагэтаму ў нядаўнім мінулым разгаралася столькі вострых і нярэдка крывавых канфліктаў, узяць хоць бы зусім ужо мяжуючую з генацыдам цяперашнюю руска-чачэнскую вайну. Ды і стан самое Рэспублікі Беларусь выклікае сёння вялікую трывогу за захаванне яе незалежнасці і суверэнітэту з прычыны злачыннага па сваёй сутнасці намеру кіраўніцтва ўключыць яе ў склад Расійскай Федэрацыі ў якасці правінцыяльнай губерніі. Уключыць, не лічачыся ні з вялікай гістарычнай мінуласцю Беларусі, ні з яе сучаснай нацыянальнай культурай, ні, тым болей, з дзяржаўным яе суверэнітэтам. Фактычная ліквідацыя незалежнасці Рэспублікі Беларусь праводзіцца сёння, дарэчы, менавіта пад глабалісцкім гаслам прыярытэту эканомікі над усёй нацыянальнай культурай. Гаслам, якое парадаксальна супадае і з колішнім марксісцка-ленінскім інтэрнацыяналізмам, паказаўшым свой ісцінны твар у Венгрыі, Чэхаславакіі, Афганістане, былых прыбалтыйскіх рэспубліках і на Каўказе. І з цяперашнім алігархічна-фінансавым імперыялізмам, для якога нацыянальная культура і суверэнітэт таксама ўсяго толькі дробныя перашкоды на шляху да сусветнага неакаланіялісцкага панавання транснацыянальных кампаній і фірм. Нездарма яны так змагаюцца за стварэнне так званага адкрытага грамадства, свабоднага для фінансавага ўмяшальніцтва са зне і не абароненага дзяржаўным суверэнітэтам. "Деньги не пахнут" - ўслед за старажытнарымскім імператарам-цынікам Веспазіянам заявіў неяк у гэтай сувязі па маскоўскай тэлевізіі г-н Сорас, адзін з сусветна вядомых фінансавых супералігархаў глабальнага масштабу і, вядома ж, гарачы прыхільнік таго самага глабалізму, гаворка пра які пойдзе крыху ніжэй.

Каб правільна прадбачыць і ацаніць вынікі кантактаў паміж той альбо іншай культурай, а за ёю і паміж пэўнымі дзяржавамі ў цэлым, трэба браць культуру ў яе сістэмнай цэласнасці, стараючыся разглядаць яе як, скажам так, лес, а не паасобныя дрэвы. Гэта апошняе, дарэчы, ёсць самая частая памылка, якая робіцца пры аналізе міжкультурных стасункаў. Так, напрыклад, аўтару гэтых радкоў яшчэ ў канцы пяцідзесятых гадоў, вывучаючы працэс узаемадзеяння рускай і беларускай моў, давялося зрабіць такую грубую памылку з прычыны ізаляванага вузкалінгвістычнага падыходу да аналізу сітуацыі на аснове гэтак жа ізалявана ўзятага марксісцкага прынцыпу прыярытэту эканомікі, вельмі, як было ўжо сказана, падобнага на сучасны глабалізм. І ў выніку ўплыў рускай мовы на беларускую быў ацэнены тады як пазітыўны, ўзбагачальны фактар, у той час як на справе ўжо тады па канечнай сваёй дэструктыўнасці ўсё гэта на справе было элементам татальнай русіфікацыі, свядома здзяйснянай тадышнім савецка-расійскім кіраўніцтвам. Нешта падобнае, нажаль, мае часам месца і цяпер, калі ўсчынаецца гаворка, наадварот, пра неабходнасць у якасці адзінага сродка адраджэння культуры амаль што прымусовых уводзін ва ўсеагульны ўжытак беларускай мовы ў якасці мовы дзяржаўнай. Культура тады, маўляў, аўтаматычна адродзіцца разам з суверэнітэтам, незалежнасцю і ўсім астатнім. Забываюць пры гэтым, аднак, што і ў савецкія часы беларуская мова была дзяржаўнай і існаваў нават сваеасаблівы суверэнітэт у выглядзе зафіксаванага ў Канстытуцыі права рэспублікі на аддзяленне. А культура як душылася, так і працягвала няшчадна душыцца, нягледзячы нават на "Ліст беларускага народу таварышу Сталіну", створаны, дарэчы, на бліскучай беларускай мове і падпісаны святымі для нас імёнамі. Забываюць, што мова з'яўляецца хоць і вельмі важнай, але толькі часткай жывога і неверагодна складанага сацыяльнага арганізму, які называецца культурай. Культура - гэта не якая-небудзь прэснаводная гідра, што можа поўнасцю адрадзіцца нават з паасобнага свайго маленькага кавалку.

 Як такі незвычайна складаны і па-своему жывы грамадскі арганізм, нацыянальная культура патрабуе вельмі шырокага і цэласнага філасофскага разгляду, што ў межах невялікага выступлення або артыкула наўрад ці магчыма ўвогуле. Дзеля сцісласці пагэтаму працягнем тут і надалей метафарычнае параўнанне культуры з жывым арганізмам. Будучы прадуктам чалавечай дзейнасці, культура ўвогуле нагадвае свайго творцу - чалавека. І нагадвае вельмі моцна, маючы, як і чалавек, скажам так, свае цела і душу. У ролі цела выступае ў ёй матэрыяльная культура як сістэмная сукупнасць усіх створаных чалавекам матэрыяльных рэчаў - носьбітаў і прадстаўнікоў матэрыяльных каштоўнасцей, задавальняючых у канечным ліку цялесныя патрэбы чалавека. У ролі душы выступае культура духоўная, маючая ў якасці сваёй аб'ектыўнай асновы мову як носьбіта і выразніка каштоўнасцей духоўных, задавальняючых адпаведна інтарэсы свядомасці і наогул патрэбы чалавечай душы. Словы і рэчы, згодна выразу францускага філосафа Мішэля Фуко, і складаюць сабой культуру. Ён забыў, праўда, яшчэ на вобразы, якія ўтвараюць трэці вялікі культурны пласт, што аб'ядноўвае сабою матэрыю і дух, пачуццёвасць і розум і ўяўляе сабой менавіта культуру мастацкую. Вось гэтая сваеасаблівая тройца, ці, як называў яе вялікі Гегель, дыялектычная трыяда, у сваім сістэмным адзінстве і ўяўляе сабою культуру як вельмі цэласны і па-свойму жывы, рухомы і зменлівы сацыяльны арганізм. Як у жывым арганізме і ў чалавеку нельга зразумець функцыянальнасць якога-небудзь паасобнага яго органа і, тым болей, уздзейнічаць на яго без уліку рэакцыі на гэта ўсяго арганізму, так і ў культуры нельга вылучаць і разглядваць толькі адзін які-небудзь яе пласт альбо функцыю. Культура павінна разумецца і функцыянаваць толькі ў сукупнай сваёй сістэмнай цэласнасці. Нават такія ўзаемна далёкія, здавалася б, яе пласты, як эканоміка і рэлігійная этыка, як паказаў некалі Макс Вэбэр, звязаны паміж сабою і моцна залежаць адно ад другога. Тая самая мова як частка культуры, здавалася б, уяўляе сабой проста нейкі тэкст, як думаюць сучасныя постмадэрністы (вядомы сваёй скандальнасцю расійскі пісьменнік-постмадэрніст В.Сарокін увогуле, падобна гогалеўскаму Пятрушку, лічыць, што літаратура ёсць усяго толькі літары на паперы!). Але ж на справе тэкст гэты нясе на сабе і ў сабе вельмі рэальны, глыбокі і важны духоўны сэнс, што заключае ў сваіх літарах, словах і сказах усю духоўную культуру народу, уключаючы і яго навуку, і філасофію, і стратасферныя вышыні яго рэлігіі. І ўсё гэта ў сваю чаргу аказвае адваротны ўплыў на мову, прыдаючы ёй змест і ўвогуле сэнс яе існавання. Больш таго, згодна вядомай у лінгвістыцы гіпотэзе Сэпіра-Уорфа, чалавек увогуле бачыць акаляючы свет як бы праз каардынатную сетку ягонай мовы. Не толькі бачыць, але і аб'ектыўна пераўтварае яго. Як чалавек гаворыць, так ён, па сутнасці, і дзейнічае. Мастак-жывапісец, напрыклад, пішучы карціну, не можа пазбавіцца ад уплыву сваёй роднай мовы, што і неспецыялісту выразна бачна, калі параўнаць еўрапейскі пейзаж з хоць бы пейзажам традыцыйна-кітайскім. Мова ўдзельнічае нават у культуры матэрыяльнай. Але ж і, наадварот, матэрыяльная культура (напрыклад, тэхніка!) аказвае з свайго боку на мову магутны ўплыў, што добра ведаюць як лінгвісты, так і археолагі. У ідэале квітнеючая нацыянальная культура заўсёды ўяўляе сабой цэласную гармонію сваіх паасобных частак і перш за ўсё гармонію духоўнага і матэрыяльнага сваіх пластоў.

 Пагэтаму і ў працэсе кантактавання культур, калі адбываецца пэўнае ўзаемнае ўздзеянне паміж імі толькі на адным якім-небудзь ізалявана ўзятым культурным узроўні, той жа мовы, напрыклад, тэхнікі альбо мастацтва, такое ўздзеянне можа адыгрываць пераважна дэструктыўную, разбуральную ролю. Асабліва, калі яно мае масавы альбо, тым болей, прымусовы характар. Гэта асабліва часта здараецца пры наяўнасці значнай колькаснай перавагі якой-небудзь адной з узаемадзейнічаючых культур, як тое мела раней і ў яшчэ, можа, больш катастрафічнай меры мае месца цяпер ў адносінах рускай культуры да культур так званых малых народаў расійскай Поўначы. Ды і ў адносінах яе да культуры беларускай назіраецца тое самае. Або пры перавазе, напрыклад, тэхнікі, як гэта назіраецца ва ўзаемаадносінах амэрыканскай і сучасных заходне-еўрапейскіх культур, змушаных сёння прымаць спецыяльныя меры для абароны сваіх літаратурных моў ад англа-амерыканскага моўнага ўплыву альбо ад нядобрага ж уплыву амэрыканскай масавай культуры (гэта не кажучы ўжо аб нацыянальнай матэрыяльнай культуры, як тое здарылася, напрыклад, у Францыі, дзе якраз і ўзнік з той прычыны сёнешні стыхійны еўрапейскі антыглабалізм!). Мы ўжо не гаворым тут пра аналагічныя працэсы ў культурах, напрыклад, афрыканскага ці азіяцкага рэгіёнаў, якія доўгі час знаходзіліся ва ўмовах каланіяльнага ўціску і якія мы, еўрапейцы, па нядобрай традыцыі ўсё яшчэ працягваем лічыць адсталымі. Увогуле, калі ў жывую і цэласную сістэму адной культуры ў масавым парадку ўрываюцца паасобныя элементы нейкай іншай культуры, то, як і ў рэальным жывым арганізме, гэта нагадвае сабой інфекцыйнае захворванне і прымае звычайна форму цяжкога, паталагічнага канфлікту. У гісторыі культуры вядомы такія выпадкі і яны заўсёды перажываліся народам як крызіс. Вельмі змешаная па свайму паходжанню англійская мова, напрыклад, таксама ўзнікла ў свой час у выніку такога глыбокага сацыякультурнага крызісу.

 І тады ў гэткай нядобрай сітуацыі дзяржава, каб захаваць роўнавагу паміж уласным культурна-нацыянальным воблікам і агульначалавечым сацыяльным асяроддзем, што складаецца з іншых культур, павінна пераходзіць на палітыку культурнага пратэкцыянізму, даўно вядомага ў сферы эканомікі як палітыка абароны ўласнай матэрыяльнай культуры з мэтай захаваць справядлівую роўнавагу на гэтым ўзроўні. Пратэкцыянізм такі пры гэтым павінен здзяйсняцца ўжо не стыхійна і не амаль што вобмацкам, як тое рабілася, напрыклад, дзе-небудзь у васемнаццатым стагоддзі, а цалкам свядома і сістэматычна, на аснове ўсёй моцы маральнага аўтарытэту суверэннай дзяржавы і з улікам складанай спецыфікі бытавання і развіцця гэтага жывога сацыяльнага арганізма - культуры. Тым болей, што, абараняючы сваю культуру, дзяржава абараняе і саму сябе, бо культура з'яўляецца як бы аб'ектываванай нацыянальнай самасвядомасцю, якая ляжыць ў аснове не толькі дзяржаўнага суверэнітэту, але і самой дзяржавы. Нездарма ж некалі вялікі Гегель акрэсліваў дзяржаву як рэальнасць маральнай ідэі! На Беларусі, аднак, складаецца сумнае ўражанне, што пра паняцце пратэкцыянізму і неабходнасць палітыкі афіцыйнай падтрымкі ўласнай нацыянальнай культуры нашы сучасныя ўлады не толькі не чулі, але і не жадаюць увогуле чуць. Нават нягледзячы на тое, што ў сваім фактычна злачынным намеры здаць Беларусь Расіі яны самі рызыкуюць трапіць пад дзеянне артыкула Крымінальнага Кодексу РБ, які прадугледжвае здраду дзяржаве. Татальная русіфікацыя зараз прыводзіць да вельмі небяспечнага расколу беларускага насельніцтва на рускамоўную і беларускамоўную яго часткі, прыводзячы і да расколу паміж горадам і вёскай, што канчаткова падсякае і так катастрафічна разбураную колішнімі бальшавіцкімі эксперыментамі сельскую гаспадарку. Гэта пагражае ўжо расколам усяму беларускму грамадству і проста не можа не параджаць палітычны экстрэмізм, а за ім і жахліва-нядобры вынік яго - тэрарызм. Вось чаму так настойліва падкрэслівае вышэйпамянёная Рэзалюцыя ЮНЭСКА неабходнасць рэалізацыі міжкультурных і міждзяржаўных кантактаў як толькі справядлівы дыялог на роўных правах і пры роўных абставінах.

 Кантакты і ўзаемаадносіны паміж культурамі здзяйсняюцца, аднак, не толькі ў такой фрагментарна-частковай форме. Тып узаемаадносін, асабліва яго каштоўнасна-ацэначны аспект, г. зн., пазітыўны ён у цэлым альбо адмоўна-канфліктны, можа зараней вызначацца як у прасторы, так і ў часе агульным характарам і станам узаемадзеючых культур. Так што магчымыя вынікі такіх кантактаў таксама можна прадбачыць у пэўных межах. Яны, тыя ўзаемаадносіны, не толькі вызначаюцца, але і маюць звычайна ярка выражаны вышэйазначаны ацэначны аспект, прымаючы пры пэўных умовах альбо характар глыбокай сімпатыіі і ўзаемапрыцягальнасці, як тое было, напрыклад, паміж антычнай культурнай класікай і культурай італьянскіх гарадоў эпохі Рэнесансу, альбо востра канфліктны, варожы характар, што назіраецца зараз ва ўзаемаадносінах паміж амэрыкана-еўрапейскай і ісламісцкай культурамі. У аснове ўсяго гэтага ляжыць фундаментальная тыпалогія культур, вядомая ўжо ці не з тых жа антычных часоў, але, як здаецца, і дагэтуль дастаткова намі яшчэ не ўсвядомленая. Згодна гэтай тыпалогіі вылучаецца, коратка кажучы, чатыры наступныя тыпы культур адпаведна таму, як у іхняй структуры ўзаемаадносяцца духоўныя і матэрыяльныя іх пласты. Гэта калі 1) у дадзенай культуры духоўнае як істотны складнік яе пераважае над складнікам матэрыяльным, 2) у дадзенай культуры духоўнае і матэрыяльнае знаходзяцца ў гарманічным адзінстве, 3) у культуры пачынае пераважаць ужо матэрыяльнае над духоўным, і, нарэшце, 4) духоўнае і матэрыяльнае ў культуры аказваюцца зусім ужо ў стане актыўнага супрацьстаяння, ператвараючы культуру ў хаатычны абсурд. Азначаныя тыпалагічныя станы культуры ў філасофскім аспекце, пачынаючы з італьянскага філосафа Дж.Віка і цераз Гегеля канчаючы сучаснымі гісторыкамі Шпенглерам, Тойнбі і Сарокіным, лагічна звязваліся з працэсам гістарычнага развіцця культуры, выступаючы ў ім як фазы гэтага працэсу і трактуючыся адпаведна як фаза пачатковага росту культуры, фаза яе найвышэйшага росквіту, фаза ўпадку і заключная фаза канчатковага яе распаду. Пасля чаго пачынаецца чарговы, фігуральна кажучы, віток спіралі яе гісторыі. Усё гэта наглядна дэманструе да здзіўлення дакладнае супадзенне абстрактнафіласофскай тэорыі з найбагатшай канкрэтна-гістарычнай эмпірыкай, падцвярджаючы ісціннасць гэтай незвычайна стройнай і прыгожай культуралагічнай канцэпцыі. Не магчыма не адзначыць зноў жа, што ў нас на Беларусі і гэты аспект азначапнай канцэпцыі пераважна ў эстэтычным аспекце распрацоўваўся ажно з сярэдзіны шасцідзесятых гадоў і распрацоўваўся падрабязна з арыгінальным стасаваннем найноўшай па таму часу тэарэтыка-сістэмнай і тэарэтыка-інфармацыйнай метадалогіі. Больш таго, тое было зроблена і адносна тыпалогіі самога чалавека як суб'екта і аб'екта мастацкай культуры ("Логика красоты". Мн., 1965., "Homo pulcher - человек прекрасный", Мн., 1983.). Але ў сілу тых жа абставін, што таксама выдатна ілюструюць спецыфіку тадышніх руска-беларускіх міжкультурных кантактаў, усё гэта замоўчвалася маскоўскімі калегамі, якія пачалі асвойваць гэтую канцэпцыю наогул толькі з сярэдзіны дзевяностых гадоў. Замоўчваецца, дарэчы, і цяпер заадно з тутэйшымі рускамоўнымі калегамі, з боку якіх тое выглядае ўжо зусім непрыгожа (у многіх праграмах па эстэтыцы і іншых афіцыйных дакументах міністэрстваў адукацыі і культуры РБ нашы работы, напрыклад, як і ў камуністычныя часы, наогул не ўпамінаюцца, як і закрыты амаль што поўнасцю ўсе магчымасці для публікацыі артыкулаў і кніг).

Прымяняючы вышэй азначаную канцэпцыю і адпаведную ёй метадалогію з ужываннем тэарэтычнай эстэтыкі і логікі ацэнак, становіцца зразумелай і яснай агульная карціна міжкультурных кантактаў і ўзаемадзеянняў як у далёкім мінулым, так і ў цяперашняй пякуча-сучаснай рэчаіснасці. Так, познеантычная культура рэзка адмоўна была ўспрыйманая прадстаўнікамі культуры раннехрысціянскай, а дзеячамі Высокага Адраджэння, наадварот, вельмі цанілася культура так званага веку Пярыкла, бо ў першым выпадку раннехрысціянская культура вылучалася перавагай духоўнасці над матэрыяльнасцю, будучы на ўзыходзячай фазе свайго развіцця, а культура познеантычная ў асобе прагнілае Рымскай імперыі хілілася ўжо да свайго гістарычнага ўпадку, ператварыўшыся, як пісаў Шпенглер, з арганізму ў мёртвы механізм,. У другім прыкладзе гарманічныя адраджэнцы італьянскага Рэнесансу, наадварот, захапляліся гарманічнай жа культурай пярыклавых Афін (непасрэдна яе, праўда, яны не ведалі, успрыймаючы толькі па рымскіх копіях), бо і тыя і другія, нягледзячы на розніцу у часе, знаходзіліся на аднолькавай ступені развіцця, адпавядаючай фазе росквіту. Гэтак жа можа трактавацца і цяперашні амэрыкана-ісламскі сацыя-культурны канфлікт, што і зрабіў С.Хантынгтон, аб'явіўшы яго вынікам супрацьстаяння ў пэўнай меры ўпадачнай ужо еўраамэрыканскай культуры і культуры ісламскіх соцыумаў, што, вызваліўшыся адносна нядаўна з-пад каланіяльнага ярма, знаходзяцца зараз на ўзлёце сваёй гісторыі. Зрабіў, хоць і адстаўшы ад нас, беларусаў, у чыста тэарэтычным плане на добрыя дваццаць год.

Тая ж увогуле праблема паўстае і перад намі ў кантэксце цяперашніх узаемаадносін паміж беларускай і рускай культурамі. Беларуская культура, як бы ні складваліся вузкапалітычныя абставіны і як бы ні здзекваліся з яе пражываючыя на яе тэрыторыі рускамоўныя нашы недобразычліўцы, знаходзіцца зараз безумоўна таксама на ўзлёце. Пра тое сведчыць як сам гэты выраз - Беларускае Адраджэнне, так і яснае разуменне беларусамі таго, што Адраджэнне наша можа здзейсніцца толькі праз адраджэнне менавіта духоўнага пласту культуры. Строга кажучы, у нас яно толькі яшчэ пачынаецца, але пачынаецца як беспаваротны аб'ектыўны гістарычны працэс. Руская ж культура перажывае сёння страшны і нават нечаканы, здавалася б, ўпадак, калі паглядзець уважліва на амаль што задушаную бессаромным прыярытэтам матэрыяльна-жывёльнага, індывідуалістычнага пачатку колішнюю высокую яе духоўнасць. Асабліва наглядна гэта выступае ў сферы рускай мастацкай культуры, варта пачытаць толькі творы, напрыклад, В.Ерафеева, В.Сарокіна ці В.Пялевіна, альбо палюбавацца скульптурамі акадэміка З.Цэрэтэлі. Бачыцца гэта і ў іншых яе прадстаўнікоў, што, падобна персанажам андэрсенаўскай казкі пра голага караля, амаль што кленчаць перад гнілізнаю заходнеўрапейскага постмадэрнізму, які і на Захадзе пачынае ўспрыймацца ўжо як нешта нясучае толькі смурод. "Без мата нет русского языка", - хаваючыся за штучную іронію, вымушаны прызнацца сёння сам міністр рускай культуры РФ Швыдкой. Відавочна, што нам, беларусам, сёння зусім не па дарозе з такой распаднай, хоць, зрэшты, некалі вялікай і магутнай культурай. Не па дарозе і з расійскай дзяржавай, што любой цаной імкнецца далучыць да сябе тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і разглядае яе як сваю ўласную правінцыю, ацэньваючы беларускую культуру толькі з пазіцый яе матэрыяльна-тэрытарыяльнай каштоўнасці, згодна словам свайго прэзідэнта, быццам нейкія катлеты, і адмахваючыся, як ад мух, ад яе духоўнага зместу. І ўсё гэта ігнаруючы такі найістотнейшы складнік яе, як незалежнасць беларускай дзяржавы і яе суверэнітэт. Тут ужо ўнісонам будуць дзейнічаць абодвы азначаныя вышэй сацыякультурныя фактары і дзейнічаць у адмоўным, дэструктыўным аспекце. Гэта і разгледжаны ўжо колькасны фактар, выражаны ў вялізнай колькаснай жа перавазе расійскага грамадства ў тэрытарыяльных і дэмаграфічных адносінах з яго такімі дадатковымі магчымасцямі, як, напрыклад, ваенны патэнцыял, што само па сабе ўжо правакуе настроенасць на супраціўленне прымусу і гвалту. Гэта і фактар якасны, выражаны ў прынцыповым самаадштурхоўванні паміж беларускай культурай, перажываючай фазу няхай пакуль і ранняга яшчэ, але ўзлёту з яго заканамерным прыярытэтам рамантычна-узнёслай духоўнасці, і ўгразлай па горла ў цынічным матэрыялізме культурай рускай. І тады пачынае дзейнічаць яшчэ адна, агульная ўжо сацыякультурная заканамернасць, сфармуляваная выдатным англійскім тэарэтыкам культуры і гісторыкам Арнольдам Тойнбі, што гучыць сёння прыблізна так: кожны выклік у гісторыі правакуе адпаведны адказ. Такая фармулёўка ў нашым кантэксце, думаецца, не патрабуе тлумачэння. Тут ужо канфлікт можа стаць вельмі верагодным. Асабліва, калі ўлічыць тое, што найбольш маладая, свядомая і сацыяльнаактыўная частка беларускага насельніцтва знаходзіцца ў меншасці ў параўнанні з традыцыйна маўклівай пасіўнай большасцю, ды ўспомніць яшчэ адносна недалёкае партызанскае мінулае Беларусі, дык сітуацыя пагражае прыняць і зусім ужо непазбежны экстрэмісцкі характар з усімі выцякаючымі адсюль сумнымі наступствамі. Вось што чакае нас замест узаемнапаважнага дыялогу, калі абодвы урады не адмовяцца ад авантурнай і крайне небяспечнай ідэі стварэння на месцы незалежнай Рэспублікі Беларусь з развітай нацыянальнай культурай палітычнага монстра ў выглядзе нейкай саюзнай дзяржавы з двухгаловым, як у расійскага арла, суверэнітэтам.

Цесна звязана з праблемай міжкультурных кантактаў і так званая глабалізацыя, пад гаслам якой, як ужо было сказана вышэй, рэалізуецца пераважная большасць сёнешніх міжкультурных кантактаў, дэманструючы дзівоснае адзінадушша паміж марксісцка-ленінскім сацыялізмам з яго прыярытэтам эканомікі над духоўнай культурай і сучасным алігархічна-імперскім фінансавым капіталам, не зусім законна прысвоіўшым сабе назву "глабалізм" і таксама плюючым на самастойнасць нацыянальных культур і дзяржаў з іх індывідуальнай сваеасаблівасцю і суверэнітэтам. На глабалізм спасылаюцца, дарэчы, і цяперашнія прыхільнікі "аншлюсу" Беларусі ў склад Расійскай федэрацыі і, што горш за ўсё, не ўсе нават шчырыя прыхільнікі Беларускага Адраджэння правільна яго разумеюць. Нядобрая як для нас, беларусаў, сёння, так і наогул для гісторыі чалавецтва яго прырода становіцца зразумелай, калі глянуць на яго зноў жа з пазіцый канцэпцыі фазавага культурнага развіцця. Але ўжо развіцця не паасобных канкрэтных цывілізацый, а цэлых сацыякультурных рэгіёнаў, а то і ўсяго чалавецтва (на гэта менавіта і прэтэндуе глабалізм, што бачна і па ягонай назве і што ўяўляецца таксама магчымым, калі ўлічыць таксама не вельмі ўжо радуючую сёнешнюю спецыфіку агульначалавечага прагрэсу з яго сацыяльнай, экалагічнай і дэмаграфічнай трывожнай праблематыкай).

 Калі ўзяць, напрыклад, гісторыю еўрапейскага сацыякультурнага рэгіёну з рэгіёнам амерыканскім уключна, то тут таксама даволі выразна выступаюць вышэй азначаныя вялікія фазы ў яго развіцці, якія могуць быць інтэрпрэтаваныя як станаўленне, росквіт і наступаючы ўпадак азначанага рэгіёну. Асабліва, калі ўспомніць памянёную вышэй тыпалогію сацыякультурнага развіцця, згодна якой для пачатковай яго фазы характэрна, як памятаем, перавага духоўнай культуры над матэрыяльнай, для фазы росквіту - гарманічная іх роўнавага, і для фазы таго, што калісьці Шпенглерам было названа, як і яго славутая кніжка, заняпадам Еўропы - перавага ўжо матэрыяльнай культуры над духоўнай з паступовым нарастаннем амаральнага індывідуалізму. У кантэксце такой тыпалогіі еўрапейская гісторыя дае дастаткова выразныя, думаецца, падцверджанні рэальнасці гэтых фаз, асабліва наглядныя у сферы мастацкай культуры. Гэта эпоха да Рэнэсансу (першабытна-абшчынны лад, антычнасць і феадалізм) з вядучаю, нягледзячы на ўласную канкрэтнацывілізацыйную перыядычнасць, роллю рэлігіі і ўвогуле духоўнасці ў сацыякультурным жыцці і тэндэнцыяй да ўтварэння вялікіх цэнтралізаваных соцыумаў-імперый на базе царквы і адзінства духу. Эпоха самога Рэнэсансу з яе, як ужо гаварылася, гарманічнай роўнавагай матэрыяльнага і духоўнага фактараў і ўзнікненнем такіх жа цэласных і гарманічных сацыкультурных арганізмаў, як нацыя, што з'яўляецца надзвычай важным і дагэтуль дастойна не ацэненым яшчэ гісторыка-сацыяльным фактам. І, нарэшце, эпоха так званага Новага часу ці, згодна традыцыі, капіталізм пры амаль што поўнай ужо секулярызацыі рэлігіі і царквы, імклівым нарастанні перавагі ў грамадстве і культуры матэрыяльнага прынцыпу над прынцыпам духоўным і (тое, як кажуць, nota bene!) напорыстай тэндэнцыяй зноў да ўтварэння транснацыянальных імперый, але з апорай толькі на матэрыяльнае багацце, амаральны індывідуалізм, грошы, армію і іншыя прымусова-сілавыя структуры. Апошняя эпоха якраз і ёсць фаза ўзнікнення і далейшага развіцця таго, што паўстала сёння перад намі пад назваю глабалізму і што Хантынгтон характарызуе ў хлёсткай афарыстычнай форме: globalism for the West, imperialism for the rest (што для Захаду глабалізм, для астатніх - імперыялізм).

Што датычыць еўра-амэрыканскага, ці, як у нас прынята пісаць, заходняга сацыякультурнага рэгіёну, то тут усё гэта бачыцца дастаткова пераканаўча, як пераканаўча, на першы погляд, успрыймаюцца і высунутыя Хантынгтонам прычыны яго сёнешняга канфлікту з рэгіёнам ісламскім. Хантынгтон лічыць увогуле, што акрамя ісламскага рэгіёну застаюцца яшчэ і Кітай і Індыя як таксама магчымыя апаненты Захаду. Але калі ўлічыць, што і там гэтак жа імкліва прабівае сабе дарогу тэхнічны прагрэс з яго выключна матэрыяльна-сілавымі прыярытэтамі, хоць і пад пэўным яшчэ кантролем духоўнага пачатку, то магчымасць таго, што глабалізм пачне хутка поўнасцю адпавядаць сваёй назве і ахопіць сабой сапраўды ўсю планету, становіцца дастаткова рэальнай. І міжвольна напрошваецца тады вельмі песімістычны варыянт канца гісторыі, процілеглы прадбачанаму Фукуямай. Чалавецтва калі не загіне ў ядзерным Армагедоне, то абавязкова вырадзіцца, як прадракаў некалі Дэсманд Морыс, ў агідную голую малпу, пераўзыходзячую ўсё жывое велічынёй ужо не мозгу, а геніталій.

Тут не месца, аднак, абмяркоўваць эсхаталагічны аспект праблемы, хоць сёння і ён вельмі важны. Тым болей не час і не месца наогул упадаць у такі беспрасветны песімізм. Чалавецтва ўзнікла на планеце Зямля ўсё ж такі не па прыгожынскай прыхамаці верагоднаснай гульні выпадку. Яно безумоўна не адзінокае ў мёртвым і халодным матэрыяльным Сусвеце, як здавалася астрафізіку Шклоўскаму, і не можа застацца без будучыні. Бо ў Сусвеце ёсць не толькі хаатычна-абсурдная матэрыя, але і той, каго мы называем Богам і з чыім існаваннем звязваем упарадкаванасць і разумнасць Сусвету. Таму і нам, беларусам, ёсць сэнс змагацца за сваю нацыянальную і агульначалавечую вартасць, каб быць дастойнымі членамі той усё-такі розуманоснай касмічнай сістэмы, што называе сябе чалавецтвам.

Рэзюмэ.

Згодна Дэкларацыі ЮНЭСКА і яшчэ больш раннім публікацыям у друку (Хантынгтон), стабільнае сацыяльна-палітычнае жыццё ў свеце дваццаць першага стагоддзя будзе развівацца ўжо не паводле нейкіх паасобных інтарэсаў пэўных дзяржаў (тэхнічны прагрэс, геапалітычныя абставіны, энергетычныя крыніцы, ваенныя меркаванні і да т.п.), а як дыялагічныя кантакты паміж культурамі як цэласнымі сацыяльнымі арганізмамі з улікам іх не толькі эканомікі, але і мовы, рэлігіі, філасофіі і ўвогуле нацыянальнай спецыфікі і самасвядомасці аж да дзяржаўнага суверэнітэту уключна. Гэта асабліва важным становіцца ва ўмовах таго, што сёння называецца глабалізацыяй. Сама тая глабалізацыя, як яна стала стыхійна складвацца ў ХХ ст. з прыярытэтам эканомікі толькі заходнееўрапейскага тыпу, павінна быць перагледжана і дастасавана да гэтых новых патрабаванняў. Становіцца неабходным паважальнае вывучэнне іншых народаў і іх культур без імкнення падпарадкаваць іх сабе (вестэрнізацыя, русіфікацыя і інш.), што прынесла ўжо нямала шкоды ў міжнародным жыцці і міждзяржаўных адносінах, нагадваючы неакаланіялізм і правакуючы барацьбу за незалежнасць у такіх крайніх яе праявах, як зноў-такі палітычны экстрэмізм і яго вынік- тэрарызм.

Пры такім вывучэнні народаў і іх культур павінны улічвацца не толькі нацыянальная спецыфіка і агульны ўзровень іх культурнага развіцця, але і канкрэтны іх стан ў залежнасці ад фазы гэтага развіцця, на якой яны знаходзяцца ў сучасны перыяд. Згодна існуючай у сучаснай культуралогіі і філасофіі гісторыі канцэпцыі Шпенглера-Тойнбі-Сарокіна гэтыя фазы адпавядаюць момантам станаўлення, росквіту, заняпаду і канчатковага ўпадку дадзенай культуры і вызначаюцца тым, што для фазы станаўлення культуры характэрнай з'яўляецца перавага духоўнага фактара над матэрыяльным, для фазы росквіту яе - гарманічная ўроўнаважанасць таго і другога, для фазы заняпаду - перавага ўжо матэрыяльнага над духоўным і фаза, урэшце, канчатковага ўпадку характарызуецца поўнай супрацьпастаўленасцю абодвух фактараў, блізкай хаасу і абсурду. Гэта накладае на станы народаў і іх культур прынцыпова важныя характэрныя рысы, уключаючыя ў сябе адпаведную спецыфіку і сацыяльных ідэалаў, і маральных норм, і эстэтычных густаў, і тыпаў матэрыяльнай каштоўнасці і многага іншага, вызначаючага індывідуальнае аблічча і стыль дадзенай нацыянальнай культуры. А ўсё гэта ў сваю чаргу з неабходнасцю прадвызначае сабою і тып адносін, што можа ўзнікнуць пры тым альбо іншым кантакце паміж культурамі. Адносін дадатнага тыпу, г. зн., з узаемнымі сімпатыямі і агульным узаемапрыцягненнем, калі кантактуючыя культуры знаходзяцца на аднолькавай ці блізкай фазе свайго развіцця, і, наадварот, адмоўнага тыпу адносін з узаемнай антыпатыяй і узаемаадштурхоўваннем у выпадку знаходжання абедзьвюх культур на фазах супрацьлеглых ці ўзаемнадалёкіх (логіка такога ўзаемадзеяння паміж, напрыклад, мастацкімі культурамі ў агульнатэарэтычным плане была падрабязна распрацаваная ў нас на Беларусі яшчэ ў сярэдзіне сямідзесятых гадоў). Да апошняга, напрыклад, тыпу ўзамаадносін якраз і належаць адзначаны Хантынгтонам канфлікт паміж еўраамэрыканскай культурай і культурамі ісламісцкімі. Сюды ж можна аднесці, нажаль, і характар узаемаадносін паміж беларускай і рускай культурамі. Першая з іх перажывае сваё адраджэнне і свой узлёт на базе пераважнае ролі духоўнасці перад матэрыяльным быццём, духоўнасці як асновы імкнення захаваць сваю свабоду, незалежнасць і здабыты з такою цяжкасцю дзяржаўны суверэнітэт. Культура ж руская, калі глянуць бліжэй на яе сучасны стан, знаходзіцца зараз у цяжкім крызісе, характэрным для фазы упадку, калі ўсё, уключаючы і вышэйшыя сферы духоўнай культуры, аказваецца падпарадкаваным толькі грубасілавому і матэрыяльна-жывёльнаму фактару.

З чоткім усведамленнем азначаных сацыякультурных заканамернасцяў становіцца яснай і незвычайна ўзросшая ў гэтых абставінах роля палітыкі і палітычных дзеячоў. Калі адбываюцца кантакты паміж, скажам так, фазавароднаснымі культурамі, гэтыя кантакты прымаюць пераважна пазітыўны, узаемапрыцягальны характар, і тут яны не выклікаюць асаблівай трывогі. Калі ж кантактуюць культуры рознага, так бы мовіць, сацыякультурнага ўзросту, то сітуацыя аказваецца нашмат складанай. Розныя рэлігіі, розныя сацыяльныя і палітычныя ідэалы, розныя тыпы эканомікі, розныя густы і ўвогуле розныя погляды на акаляючы сусвет - усё гэта патрабуе ад палітыкі і палітыкаў найвялікшай стрыманасці, мудрасці і спакою, каб кантакт не перарос у канфлікт, падобны таму, што даўно ўжо палае на Бліжнім Усходзе і можа, на вялікі жаль, разгарэцца і ў нас паміж Беларуссю і Расіяй. Канфлікт, што абавязкова прыводзіць да вымушанага экстрэмізму і тэрарызму, а можа скончыцца, як не без падставы папярэджвае С.Хантынгтон, і глабальнай вайной.

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 844
mod_vvisit_counter Учора 1769
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 4419
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 844