Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Ілья Копыл. НЯБЫШЫНА. ВАЙНА: Акупацыя вачамі падлетка Друк E-mail
04.05.2010 | 22:36 |
Image Выдавецтва Віктара Хурсіка. Мінск. 2009

Прадмова

Пра другую сусветную вайну і Вялікую Айчынную, як яе частку, напісана вельмі шмат, але, па-мойму, аднабакова, скажона і хлусліва, у асноўным пра гераічнае. Пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя ўбачылі свет шматлікія мемуары генералаў і маршалаў - удзельнікаў вайны. Потым мемуары сталі пісаць усе, аж да радавога. З дзесятак тых успамінаў прачытаў і я, але хутка зразумеў, што ўсе яны як блізняты-браты. Гэта голая статыстыка - пералік ваюючых армій з абодвух бакоў і іх камандуючых, колькасць самалётаў і бронетэхнікі, колькасць гармат на адзін кіламетр фронта. Бегства Чырвонай Арміі ў першыя два гады вайны падаецца як запланаваны адход. У мемуарах я не знайшоў звестак пра колькасць чырвонаармейцаў, што апынуліся ў нямецкім палоне. Такое ўражанне, што ў палоне быў толькі адзін генерал Карбышаў, які гераічна загінуў. У мемуарах не паказан лёс асобнага чалавека, простага салдата. Толькі мемуары генерала Гарбатава заслугоўваюць увагі. Ён адзіны, хто рызыкнуў расказаць нам пра сталінскія рэпрэсіі, пра катаванні людзей, пра ГУЛАГ.

Памятаю, як у сярэдзіне 70-х гадоў мемуары генерала Гарбатава былі забаронены. У бібліятэку вайсковай часткі, дзе я служыў, прыбылі прадстаўнікі Асобага аддзела і ўсе асобнікі кнігі канфіскавалі...

У сваіх нататках, якія я прапаную чытачу, я запісаў тыя падзеі ваеннага ліхалецця, якія адбываліся побач са мной, у нашай вёсцы і вакол яе і тое, што я пачуў ад свайго бацькі і ад аднавяскоўцаў. Я тады быў падлеткам, усім цікавіўся, запамінаў, ўпітаваў у сябе навіны, як губка. Усё аб чым я пішу - праўда, пабачаная на свае вочы.

ТАКАЯ ПРАЎДА

1. Перад вайной

Еўдакія Кузьмінічна Копыл, маці аўтара.
Еўдакія Кузьмінічна Копыл, маці аўтара.
Вёска Нябышына ў якой я нарадзіўся і дзе прайшлі мае дзяцінства і юнацтва, уваходзіла ў склад Бягомльскага раёна Мінскай вобласці (зараз Докшыцкі раён Віцебскай вобласці). На той час гэта была апошняя беларуская вёска перад савецка-польскай мяжой. Наступная вёска - Восава, да якой было 6 км, знаходзілася ўжо на польскім баку. Між гэтымі дзвумя вёскамі пралягала савецка-польская мяжа. Вяскоўцы, бывала, парушалі памежную тэрыторыю, натыкаліся на малапрыкметныя сігнальныя прыстасаванні. Але гэта былі не наўмысныя, а выпадковыя парушэнні: збор ягад, грыбоў, арэхаў. Нам пашанцавала, што памежнік Карацупа, нёс службу на мяжы з Румыніяй, а не ў нас. У той час мой бацька быў старшынёй калгаса, а гэта на вёсцы галоўная ўлада. Яму часта даводзілася ўладкоўваць канфлікты між памежнікамі і "парушальнікамі" мяжы - вяскоўцамі, і амаль заўсёды ўдавалася іх пагасіць. Памежнікі часта бывалі ў нашай хаце, я іх не палохаўся, яны нават бралі мяне на рукі, заводзілі гульні. Мы да іх прызвычаіліся. У нашай вёсцы не было шпіёнаманіі. Гэта толькі ў кніжках можна прачытаць, што дзеці і дарослыя ў памежных вёсках толькі тым і займаліся, што лавілі "лазутчыкаў". І ўсё-такі чалавек 10-15 нашых вяскоўцаў нкусаўцы забралі. Назад ніхто з іх не вярнуўся.

Мы, дзеці, перад вайной гулялі ў вайну. Зброяй служылі палкі, рагаткі, камяні. Не аднойчы была праліта кроў, былі разбітыя насы, галовы, многія не раз хадзілі з сінякамі і гузамі. Ад бацькоў свае раны па-магчымасці хавалі. Мы падзяляліся на белых і чырвоных, выбіралі начальнікаў, займалі вызначаныя пазіцыі, і пачыналася бойка. Пацярпелыя (раненыя) не крыўдзіліся.

2. Пачатак вайны

Мікалай Піліпавіч Копыл, брат аўтара. Трагічна загінуў у 1944 г. Здымак 1940 г.
Мікалай Піліпавіч Копыл, брат аўтара. Трагічна загінуў у 1944 г. Здымак 1940 г.
Прыкладна 15 верасня 1939 года ў нашу вёску ўступіла і размясцілася тут вайсковая частка Чырвонай Арміі. Гэта былі вершнікі і нейкі абоз. Іншай тэхнікі: гармат, танкаў, аўтамабіляў - я не бачыў. На нашым гумне, якое пачыналася за хатай, і на выгане за вёскай было пастаўлена шмат палатак. Чырвонаармейцы чамусьці ўсе былі ў касках. У стасункі з вяскоўцамі, нават з намі, дзецьмі, яны не ўступалі, мабыць, каб не выдаць ваенныя сакрэты. Да палатак нас не падпускалі, калі я спрабаваў наблізіцца, вартавы спыняў мяне воклічам: "Стой! Назад!" А мне так хацелася пабываць унутры палаткі. Таму за ўсім гэтым я назіраў праз плот са свайго двара. Мне запомніліся брызентавыя вёдры, з якіх чырвонаармейцы паілі вадой сваіх коней, і круглыя шчоткі для чысткі поўсці. 17 верасня раніцай на зямлю лёг вельмі густы туман, бачнасць была 2-3 крокі. Калі туман парадзеў, то я ўбачыў, што наша гумно апусцела. Ні чырвонаармейцаў, ні палатак там ужо не было. Я пабег на тое месца, дзе стаялі палаткі, і знайшоў там з дзесятак драўляных лыжак. Мабыць чырвонаармейцы іх у спешцы забылі, не заўважылі ў траве і тумане. Лыжкі былі пафарбаваны ў светла-карычневы колер і пакрыты лакам. Яны былі зусім новыя і пахлі пакостам. Калі мама ўбачыла маю знаходку, чамусьці не абрадавалася, а, наадварот, напалохалася. Яна загадала мне палажыць лыжкі на месца, таму што чырвонаармейцы могуць вярнуцца за імі. Я зрабіў гэта з нежаданнем і вартаваў іх, каб хто іншы не забраў. Але чырвонаармейцам было не да лыжак. Яны пайшлі ў бок мяжы з Польшчай, адна калона - на Гняздзілава, другая - на Восава. Страляніны мы не пачулі, пераход мяжы адбыўся мірна. А тымі лыжкамі, якія я зноў прынёс у хату, уся наша сям'я карысталася вельмі доўга.

Хоць мяжа была ліквідавана, нашым вяскоўцам яшчэ доўгі час не дазвалялася наведаць сваіх сваякоў і знаёмых у Восаве, Докшыцах і ў іншых месцах Заходняй Беларусі. Калі мы, мой тата і я, у першы раз наведаліся ў Восава, то аслупянелі. Мы ўбачылі там чыстую роўную вуліцу, светлыя, добрыя хаты , двары, агароджаныя штакетнікам і прыгожа пафарбаваныя, стрэхі хат пакрытыя чарапіцай ці ацынкаванай бляхай. У нашай савецкай вёсцы Нябышына стрэхі былі саламяныя, двары агароджаны як папала. Мяне больш за ўсё ўразіла тое, што на вуліцы Восава я не ўбачыў кароў і іх ляпёшак. Вуліца ў нашай вёсцы была цалкам забруджана, асабліва раніцай, калі кароў выганялі ў поле. Убачыўшы ўсё гэта мой бацька, сам сабе, тады прамовіў: "Вось табе і польскі прыгнёт."

А тое, што заходніх беларусаў нкусаўцы пагналі на расстрэл у Катынь і Курапаты, што заходніх беларусаў эшалонамі адпраўлялі ў савецкі ГУЛАГ за Ўрал і ў Запаляр'е, ні мой бацька, ні я не ведалі.

Другая сусветная вайна для беларусаў пачалася 1 верасня 1939 года, але мы, усходнія беларусы, гэтага не заўважылі і не адчулі.

3. Новы паварот у вайне

Сябры. Злева направа 1-шы рад: Аляксандр Каляга, Леанід Русаковіч, Андрэй Копыл. 2-гі рад: Уладзімір Парфяновіч, Ілля Копыл, Віктар Астапенка, Пётра Шышла. Пасля заканчэння Нябышынскай школы. 1951 год.
Сябры. Злева направа 1-шы рад: Аляксандр Каляга, Леанід Русаковіч, Андрэй Копыл. 2-гі рад: Уладзімір Парфяновіч, Ілля Копыл, Віктар Астапенка, Пётра Шышла. Пасля заканчэння Нябышынскай школы. 1951 год.

На прыканцы 1939 года некалькі нашых вяскоўцаў забралі на фінскую вайну, у тым ліку і нашага суседа Косцю Паўловіча. Праз нейкі час ён, паранены і абмарожаны вярнуўся дадому.

22 чэрвеня 1941 года аб тым, што пачалася вайна, вёска даведалася ад майго бацькі. У той час у нас не было электрычнасці, не было радыё, не было аўтобуснага руху. Адзіны тэлефон быў толькі ва ўправе калгаса. З Бягомля патэлефанавалі, перадалі што пачалася вайна. Што рабіць, як быць далей, нічога не сказалі, сувязь парушылася і больш яна з раённым цэнтрам не аднавілася. У нашым двары вечарамі сталі збірацца вяскоўцы. Надвор'е было цёплае, але ўсе былі адзеты не па-летняму, быццам бы больш ніколі не вернуцца дадому. Людзі былі напалоханы, гаманілі ў паўголаса. Нам, дзецям, было не зразумела, чаму дарослыя так напалоханы вайной. Мы ж кожны дзень гулялі ў вайну, і нічога жахлівага ў гэтым не бачылі. Мы з цікавасцю яе чакалі, разам з дарослымі, каб ўключыцца ў гэтую агульную "гульню".

Можа праз два-тры дні сталі чутны выбухі і былі бачны трывожныя зарніцы ў напрамку Докшыц. Потым гэтыя выбухі сталі перасоўвацца на поўнач, паўночны ўсход і зусім заціхлі дзесьці на ўсходзе. Бацька называў невядомыя мне гарады - Полацк, Віцебск, Лепель, Барысаў, куды, на яго думку, пасунуўся фронт.

У 1941 годзе мы так і не адчулі, што такое вайна. Мужчыны ўсе засталіся дома, на вайну нікога не забралі, мабілізацыя спазнілася. Апынуліся на вайне толькі тыя вяскоўцы, якія ў гэтыя дні былі па нейкім справам у раённым цэнтры Бягомлі. Іх там проста пахапалі і павезлі на Барысаў. Сярод іх апынуўся і наш сусед Зміцер Маскалейчык, шафёр калгаснай палутаркі. Ён прайшоў амаль усю вайну і толькі ў канцы быў лёгка паранены.

Так склаліся абставіны, што праз нашу вёску ў 1941 годзе не адступала Чырвоная Армія, не наступалі немцы, не ішлі натоўпы бежанцаў, не гналі статкі буйной рагатай жывёлы на ўсход, каб яны не дасталіся ворагу. Нашу вёску не бамбілі, не абстрэльвалі з гармат, немцы не ўрываліся ў нашы хаты, нікога не забівалі, не рабавалі, не гвалтавалі. І калі, будучы дарослым, я чытаў творы пра вайну, бачыў кінастужкі, мая свядомасць уступала з гэтым у супярэчнасць. Я пражыў усю вайну ў акупацыі і добра ведаў, як усё адбывалася ў асобна ўзятай вёсцы.

4. Роспуск калгаса

Сябра аўтара Леанід Шульгат. 1951 год.
Сябра аўтара Леанід Шульгат. 1951 год.
Фронт адсунуўся далёка на ўсход, а ў глыбокім тыле ў немцаў засталася наша вёска і некрануты, неразрабаваны калгас "Чырвоны расцвет" і старшынёй гэтага калгаса заставаўся мой бацька - Піліп Гіляравіч Копыл. Трэба адзначыць, што афіцыйна яго прозвішча па бацьку было Іларыёнавіч. Калі расейцы ў ХІХ-м стагоддзі перапісвалі нашу вёску, то іх чыноўнікам не падабалася імя майго дзеда - Гілярый і яго перайменавалі ў Іларыёна. Відаць гэта быў пачатак русіфікацыі ў нашай вёсцы, такіх перайменаванняў было шмат.

На пачатку вайны калгаснікі па-ранейшаму хадзілі на працу. Трэба было даглядаць скаціну. У калгасе былі коні, каровы, авечкі, свінні. Малако здаваць не было куды, ім кармілі парасят, цялят, раздавалі калгаснікам. Ураджай у 1941 годзе ўрадзіўся небывалы, жыта шугала вышэй чалавечага росту.

На прыканцы чэрвеня (а можа на пачатку ліпеня) нарэшце ў нашу вёску завіталі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі: валасны стараста і нямецкі афіцэр з перакладчыкам. Яны прыехалі на легкавой машыне. Іх суправаджала ахова і з 6 чалавек на 2-х матацыклах з каляскамі. Валасны стараста выклікаў майго бацьку і загадаў сабраць людзей на сход. Вёска Нябышына ў той час налічвала 120 двароў і была падзелена на дзве часткі шашой Бягомля - Докшыцы. Бацька адразу паслаў некалькі юнакоў у абодва бакі вёскі, каб заклікаць людзей на сход. Праз хвілін 15-20 усе вяскоўцы былі ў зборы, прыйшлі сем'ямі, нават з дзецьмі. І мяне, сямігадовага хлапчука, мой бацька ўзяў з сабой. Сход адбыўся на вуліцы, клуба ў вёсцы не было, а школа згарэла да вайны.

Спачатку нямецкі афіцэр давёў да нас ваеннае становішча. Ён сказаў, што Мінск вызвален ад камуністаў, нямецкая армія пад Смаленскам. Ён павіншаваў і нас з вызваленнем. Людзі стаялі моўчкі. Потым дайшоў да пытання прызначэння старасты. Хтосьці з натоўпу крыкнуў: "Няхай старастай будзе старшыня калгаса Піліп Гіляронак. Кіраваць людзьмі - для яго справа звыклая". Я з гонарам паглядзеў на бацьку, але на яго твары ўбачыў жах і разгубленасць. Нямецкі афіцэр і валасны стараста параіліся паміж сабой і аб'явілі, што старшыню калгаса прызначаць старастай не мэтазгодна і для яго самога - небяспечна. Потым мой бацька казаў, што ён перажыў самы крытычны, самы небяспечны, самы жахлівы момант у сваім жыцці. Ён з цеплынёй успамінаў таго нямецкага афіцэра, які ўратаваў яго ад немінучай смерці, не прызначыўшы старастай. Праз нейкі час па беларускім вёскам пачалі шастаць карнікі атрадаў асобага прызначэння НКУС СССР. Адным з такіх атрадаў камандаваў Ваупшасаў. Яны расстрэльвалі ўсіх, хто, каб пракарміць свае сем'і, уладкаваўся на працу да немцаў. Гэта былі медработнікі, настаўнікі, інжынеры, журналісты, артысты, кухары і вялікі шэраг іншых. Галоўнай жа мішэнню былі старасты.

А старастам нашай вёскі на тым сходзе прызначылі Кастуся Шульгата. Гэта быў статны, высокі, шырокаплечы мужчына, які выдзяляўся ў натоўпе. Таму, відаць, немцы і звярнулі на яго ўвагу. Гэта быў вельмі сціплы, бяскрыўдны чалавек. Адказацца ад пасады было немагчыма, перад намі былі акупанты, хоць і паводзілі яны сябе міралюбна, але чакаць можна было ўсяго.

Прызначыўшы старасту немец абвясціў аб роспуску калгаса. Коні, інвентар, зямля вярталіся іх уладальнікам - сялянам. Калгас распаўся на 120 індывідуальных гаспадарак. Не гледзячы на тое, што ўжо быў прызначаны стараста, дзяліць калгас загадалі майму бацьку. Я не буду апісваць, як адбывалася гэта складаная справа. Яна працягвалася шмат дзён. Трэба было ўсё ўлічыць, нікога не пакрыўдзіць. З гэтай задачай мой бацька справіўся паспяхова, бо ніхто з вяскоўцаў не паскардзіўся на яго новай уладзе.

Куды падзяваліся каровы, свінні, авечкі, не памятаю, прашляпіў. Хутчэй за ўсё іх цалкам забралі немцы. Калі надышоў час дзяліць калгасных коней, бацька ўзяў з сабой і мяне. Дзялілі па жэрабю. Калі падышла чарга майго бацькі цягнуць жэрабя, ён даручыў гэта мне. Бацька разгарнуў скручаную паперку, якую я выцягнуў, і з радасці пачаў скакаць. Нам выпаў самы лепшы калгасны конь. Ён быў малады, але ўжо аб'езджаны, белай масці. Нам зайздросцілі, а я вельмі ганарыўся. Бацька адзеў на Бялька аброць, перадаў павадок у мае рукі і прамовіў: "Ну, гаспадар, вядзі каня дадому". У вёсцы той выпадак памятаюць і зараз. У лютым месяцы 1942 года ў нас каня ўкралі. Бацька аднёс заяву ў нямецкую камендатуру ў Докшыцы. Праз два дні немцы каня знайшлі і вярнулі яго нам.

5. Першая сустрэча з немцамі

Міхаіл Сідаравіч Маскалейчык. 1955 год.
Міхаіл Сідаравіч Маскалейчык. 1955 год.
У адзін з ліпеньскіх дзён, на пачатку месяца, мы, вясковыя падлеткі купаліся і загаралі на пясчаным беразе ракі Поні ў 100 метрах ад маста. Нечакана мы ўбачылі, што з боку Докшыц рухаецца аўтамабільная калона, машын 10-15. Яна мінавала вёску і накіравалася ў наш бок да маста. На першай машыне справа спераду над кабінай развіваўся чырвоны сцяг. Хтосьці крыкнуў: "Нашы!" - і цераз мост мы пабеглі насустрач. Перад мастом калона спынілася. Мы ўбачылі, што гэта немцы. Яны выйшлі з пярэдняй машыны і са словамі: "Гут, гут", - па-сяброўску хлопалі па нашых голых спінах. Мы асмялелі, палезлі на падножкі, адчынілі кабіну, націскалі на клаксон, сігналілі. Такія велізарныя машыны мы бачылі ўпершыню. У нашым калгасе была ўсяго адна грузавая машына ГАЗ-АА1 - палутарка. Немцы не сварыліся на нас, з цікавасцю нас разглядалі і сталі частаваць шакаладам, які мы таксама бачылі ўпершыню. Я быў менш баявіты, апынуўся ў хвасце і мне шакалада не дасталося. Было крыўдна, на вачах накаціліся слёзы. Убачыўшы гэта адзін немец дастаў з кішэні губны гармонік і падарыў мне. Потым немцы паказалі рукамі, каб мы вярталіся назад на бераг ракі: "Шнэль, шнэль". Мы пабеглі, а калона прадоўжыла рух у бок Бягомлі.

6. Хрышчэнне

Хтосьці распусціў чуткі, што немцы будуць караць тых, хто не хрышчоны. У нашай вёсцы нехрышчанымі былі ўсе дзеці. Я нават не ведаю, ці была да вайны хоць адна дзеючая царква ў Бягомльскім раёне. Хачу сказаць, што на самой справе немцы не займаліся высвятленнем, хто хрышчоны, а хто не. Аднак, далей ад ліха, мой бацька праявіў ініцыятыву і прывёз з Докшыц святара. Усіх нас, нехрысцяў, сабралі ў адной хаце і пахрысцілі. Я памятаю, як той абрад адбываўся. На падлозе ў цэнтры хаты паставілі кадку з калодзежнай вадой. На дне кадкі ляжаў крыж. Нас паставілі ў кола вакол кадкі. Святар чытаў малітву, макаў пальцы ў ваду, а потым кожнага з нас мазаў па лбе. Нацельных крыжыкаў нам не далі. Прыкмет, хрышчоны ты, ці не, у нас не засталося. Але ў мяне з'явілася хросная мама. Неўзабаве ў суседняй вёсцы Вітунічы адчынілася царква. Раней у яе памяшканні было збожжасховішча. Аднойчы мама ўзяла з сабой у царкву і мяне.

7. Першы раз у першы клас

Брат аўтара Андрэй Піліпавіч Копыл. 1954 год.
Брат аўтара Андрэй Піліпавіч Копыл. 1954 год.
2 жніўня 1941 года мне споўнілася 7 гадоў, трэба было рыхтавацца да школы. Бацькі, не толькі мае, непакоіліся, ці будуць працаваць школы ва ўмовах акупацыі. Але ўсё склалася найлепшым чынам. У жніўні ў нашу вёску наведаліся дзве жанчыны з валасной управы і ўзялі на ўлік усіх дзяцей школьнага ўзросту. Мой бацька яшчэ да вайны набыў мне буквар, сшыткі, алоўкі.

Як я ўжо згадваў наша школа згарэла ў студзені 1940 года. Для малодшых класаў пабудавалі хату 5-цісценку. Астатнія дзеці хадзілі ў школу за 2 км у суседнюю вёску Вітунічы. Такі ж парадак застаўся і пры немцах.

1-га верасня 1941 года я пайшоў у першы клас. Ніякай нацыскай прапаганды ў школе не вялося. Настаўніца ні разу не называла ўслых прозвішчы фашысцкіх правадыроў Гітлера, Гебельса, Герынга. Яна нас проста вучыла чытаць, пісаць і лічыць. Прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі ні разу не наведалі школу, каб пракантраляваць навучальны працэс. Але вучыцца нам давялося не доўга. У лістападзе (зямля ўжо была падмарожана, але снег яшчэ не выпаў) да школы падышла група ўзброеных людзей. Школа стаяла асобна, крыху ўбаку ад вёскі, і падыйсці да яе можна было непрыкметна з боку могілак. Гэта былі чырвонаармейцы, адстаўшыя ад фронту. Іх шмат блыталася ў навакольных лясах. Яны былі брудныя, абадраныя, не голеныя, навялі на нас жах. Магчыма яны шукалі ежу. У клас увайшлі трое, астатнія засталіся на вуліцы. Яны былі вельмі здзіўлены - ідзе вайна, немцы пад Масквою, а тут, як ні ў чым не бывала, у школе ідуць заняткі! Такое дапусціць нельга. Адзін з іх, магчыма старэйшы, схапіў настаўніцу за грудкі і закрычаў ёй у твар: "Ты фашысцкая прыслужніца, здрадніца", - і штосьці яшчэ. Потым ён успомніў пра нас і па-драпежніцку закрычаў: "А вы, фашысцкія ўблюдкі, марш дадому і каб вашага духу тут больш не было!" Яны размаўлялі па-руску. Можна сказаць, што гэта быў для нас першы ўрок рускай мовы і апошні ўрок заняткаў у школе. Мы, напалоханы, пабеглі дадому, кінуўшы ў школе сваё адзенне, буквары, пісьмовыя прылады. Больш мы ў школу не пайшлі, было небяспечна. Што здарылася з настаўніцай - не ведаю.

У Вітунічах школа працавала да канца вучэбнага года.

8. Прымакі

Стрыечны брат аўтара Аляксандр Капылоў з жонкай Настай. 1948 год.
Стрыечны брат аўтара Аляксандр Капылоў з жонкай Настай. 1948 год.
"Пайшоў у прымы", - так у нашай вёсцы казалі пра мужчыну, які пасля шлюбу ішоў жыць у хату жонкі, ці ў хату бацькоў жонкі. Але я хачу расказаць зусім пра іншы, нечаканы выпадак.

У жніўні 1941 года праз нашу вёску ўбок Докшыц немцы гналі невялікую калону палонных чырвонаармейцаў, чалавек сто. У вёсцы яны прыпыніліся на гадзіну, каб адпачыць. Палонныя і канваіры размясціліся на зялёным лужку школьнай тэрыторыі. Навіна гэта абляцела вёску, і хутка сюды сабралася шмат вяскоўцаў, прынеслі з сабой ежу, у каго што было на той момант. Людзі спакойна раздавалі палонным хлеб, вараную бульбу, сала, сыр, малако, яйкі, гародніну. Гэтым жа самым частавалі і немцаў-канваіраў. Хтосьці прынёс вядро вады і конаўку. Што цікава, немцы нікога не штурхалі, не праганялі, не крычалі, як гэта я не аднойчы бачыў у савецкіх пасляваенных кінастужках. У канваіраў нават аўчарак не было.

Калі адпачынак закончыўся, палонных пастроілі, нямецкі афіцэр звярнуўся да жыхароў вёскі: "Каму для ўласнай гаспадаркі патрэбны работнікі, можаце браць палонных у свае сем'і". Але мае аднавяскоўцы не рынуліся ратаваць палонных. Я не ведаю, як гэта патлумачыць. Магчыма ў першы год вайны мы яшчэ не ўбачылі, не адчулі яе жахаў і лічылі, што палонным нічога не пагражае. А можа людзі не забыліся, як пры савецкай уладзе тых, хто карыстаўся працай батракоў, выслалі ў Сібір, і таму зараз праявілі асцярожнасць? І толькі тры ці чатыры незамужніх, а можа ўдовых жанчын спрактыкаваным вокам выбралі сабе мужыкоў. Прывяла да сябе ў хату прымака і наша суседка. Ён быў прыгожы, статны мужчына. Яго звалі Фёдарам, родам з Украіны. Я пабег з ім знаёміцца, ён размаўляў са мной, як з дарослым. Адзін раз на месяц Федзя хадзіў у воласць адзначацца. У вёсцы прымакі пражылі да 1943 года. Калі партызаны зрабілі наша жыццё нязносным, усе яны пайшлі ў партызаны, а затым - у Чырвоную Армію. Пасля вайны яны вярнуліся ў Нябышына, каб забраць на Украіну сваіх выратавальніц. Але толькі Фёдар увёз з сабой нашу суседку. Яна прыслала з Украіны некалькі пісем. Фёдар пабудаваў для яе хату побач са сваёй. Сам ён быў жанаты, але яго жонка прыняла нашу зямлячку сардэчна, яны сталі сяброўкамі.

9. Наша вёска ва ўмовах акупацыі

Капылова Ніна, па мужу Саракалетава. Здымак 1928 г. У акупацыю 1941–1944 гадоў жыла ў Мінску.
Капылова Ніна, па мужу Саракалетава. Здымак 1928 г. У акупацыю 1941–1944 гадоў жыла ў Мінску.
Як я ўжо сказаў, наш калгас перастаў існаваць. Да гэтага ён праіснаваў гадоў 10-12. Яшчэ свежай была памяць людзей, як іх раскулачылі, сілком загналі ў калгас, а некаторых выслалі ў Сібір. І вось зноў, цяпер ужо з рук акупантаў, людзі атрымалі зямлю ў сваю ўласнасць, сталі гаспадарамі. Немцы абклалі ўсе двары цвёрдым падаткам у выглядзе здачы збожжа, жывёлы, фуражу. Мы своечасова ўбралі ўраджай 1941 года. Трэба адзначыць, што гэта быў ураджай калгасны, усіх тонкасцяў, яго падзелу, не ведаю. Нам дастаўся вялікі палетак жыта, а таксама па некалькі сотак ячменю, аўсу, гароху, канюшыны. Здаецца бульбу, грэчку і лён не дзялілі, магчыма ўсё гэта немцы забралі цалкам. Але бульба ў нас была свая. Я дакладна не ведаю памер падаткаў, якія здаваў мой бацька немцам, але добра памятую, што для сябе заставалася значна больш, падаткі нельга было назваць рабаўніцкімі. Памятаю, як аднойчы бацька запрэг каня, закінуў на павозку трох авечак, папярэдне звязаўшы ім ногі, і павёз іх здаваць у Докшыцы. Я вельмі абрадаваўся, калі ён мяне ўзяў з сабой. На прыёмным пункце нам выдалі квітанцыю і нават грошы за здадзеных авечак. Грошы мой бацька браць адмаўляўся, таму што гэта былі савецкія чырвонцы. Ён палічыў, што над ім пажартавалі. Загадчык прыёмнага пункту запэўніваў, што савецкія грошы ў хаду на роўне з акупацыйнымі маркамі і параіў нам зайсці ў краму. Насамрэч, на чырвонцы мы купілі соль, цукар, крупы і штосьці яшчэ, неабходнае ў гаспадарцы. Усё гэта мы пагрузілі на воз і паехалі дадому. Пасля гэтага людзі сталі даставаць схаваныя савецкія грошы і смела імі карыстацца. Яшчэ мы здавалі немцам па кабану ў год, але акрамя гэтага была магчымасць і для сябе гадаваць па аднаму - два кабаны. Трэба прызнаць, што нямецкая адміністрацыя не кантралявала, якое ў гаспадарцы гадуецца пагалоўе жывёлы. Так акрамя свіней мы гадавалі 15-20 авечак. Калі да акупацыі мы маглі дазволіць сабе мяса толькі па вялікім святам, на Каляды, Вялікадзень, Тройцу, Дзяды, то ва ўмовах акупацыі мы маглі дазволіць сабе мяса кожны дзень. Немцы да нас у вёску амаль не наведваліся. Мы - дзеці не адчувалі таго, што жывём пад акупацыяй. У вёсцы быў ўсяго адзін паліцай, 18-гадовы хлопец з мясцовых, бяскрыўдны. Калі немцы і прыязджалі ў вёску, то да старасты. Але такое здаралася не так і часта. У часы акупацыі нам, дзецям для гульні заставалася меньш часу: калі хочаш заможна жыць, трэба шмат працаваць. І мы, падлеткі, таксама ўключыліся ў працу. Бацька браў мяне ў поле. Я ў 7-8-гадовым узросце навучыўся ўпраўляцца з канём і нават умеў баранаваць поле.

Так мы адносна спакойна пражылі да канца 1941 года, увесь 1942 год і амаль усю першую палову 1943 года. Ужо з канца 1942 года сталі распаўсюджвацца трывожныя чуткі пра партызан.

10. Начны візіт

Пасля ўсталявання помніка на магіле Веры Салянка ў вёсцы Нябышына. Ілля Копыл і жыхаркі Санкт-Пецярбурга Дзянісавы Зіна і Юля, пляменніцы Веры. 2008 г.
Пасля ўсталявання помніка на магіле Веры Салянка ў вёсцы Нябышына. Ілля Копыл і жыхаркі Санкт-Пецярбурга Дзянісавы Зіна і Юля, пляменніцы Веры. 2008 г.
У снежаньскую ноч 1942 года мы пачулі грукат у шыбу, а затым у дзверы. Бацька запаліў лямпу, запытаў: "Хто там?" "Свае, адчыняй," - пачулася з вуліцы. У хату ўвайшло 10-12 чалавек, іх выгляд быў бандыцкі. Я напалохаўся і пачаў моцна плакаць. "Заткніце яму рот," - сказаў адзін з іх. Потым яны запыталіся, ці ёсць у вёсцы немцы? Бацька адказаў, што іх няма і не бывае, можа адзін - два разы на месяц праедзе патруль у дзённы час і ўсё. Старэйшы сказаў: "Нам патрэбны адзенне, абутак, харч." Мама хутка падрыхтавала яешню, парэзала сала, каўбасу, хлеб, паставіла на стол салёныя грыбы, капусту - усё што было. Ці то ў жарт, ці ў сур'ёз адзін запытаўся: "А дзе самагонка?" Але самагонкі ў нас не было. Пасля "трапезы" бацька аддаў ім боты, ватоўку, штосьці яшчэ. Але партызанам гэтага было мала: убачылі бацькаў кажух - забралі, сушыліся каля печкі валёнкі - забралі. Бацька ўпрошваў не забіраць кажух і валёнкі, селяніну без іх зімой вельмі цяжка пражыць. Старэйшы са злосцю прамовіў: "Зараз я цябе прыстрэлю і не патрэбны табе будуць ні кажух, ні валенкі." Настрой у партызан сапсаваўся. "Дзе харчы?" - звярнуўся да мамы адзін з партызан. "Дык я ж вас пакарміла," - адказала яна. Пачуўшы гэты, як ім здалося, наіўны адказ, партызаны раз'юшыліся. Яны патрабавалі адчыніць клець, забралі сала, каўбасы, кумпякі - усё, што можна было несці і колькі можна было панесці. Гэта было звычайнае рабаўніцтва. Нам пашчасціла, што ў іх не было транспарта і нават рэчавых мяшкоў. У нас засталося збожжа, бульба, у хлеве стаяла жывёла. Пасля гэтага здарэння прадукты харчавання мы трымалі ў розных месцах, у тайніках. І вопратку навіду не трымалі. Мой бацька вельмі шкадаваў кажух і валёнкі.

Для параўнання хачу сказаць, што за ўвесь час акупацыі ў нашу хату ўсяго аднойчы зайшоў немец. Гэта было ў студзені 1942 года. Ён пераступіў парог і прамовіў: "Матка, яйка," - і чакаў, стоячы на палавіку ля дзвярэй. Са спалоху мама схапіла кошык з яйкамі і паднесла немцу. "Найн, найн," - сказаў ён і паказаў пяць пальцаў. Мама паклала на яго далонь 5 яек, ён сказаў: "Данке", - і выйшаў з хаты.

Праўда, у верасні 1941 года цераз нашу вёску ішла румынская частка. Яна прыпынілася на кароткі адпачынак. Румыны распалілі паходную кухню, але, відаць, у іх не было чаго закінуць у кацёл. Яны хадзілі па дварах і, не зважаючы ўвагі на гаспадароў, лавілі курэй. Курынае кудахтанне раздавалася па ўсёй вёсцы. Я і мая бабуля Наста сядзелі ў гэты час на прызбе сваёй хаты і назіралі за гэтым спектаклем. Бабуля ціха абуралася, а мне было смешна. Некалькі кур не далічыліся і мы.

Пасля начнога візіту партызан спакойнае жыццё закончылася. Кожную наступную ноч мы сустракалі з трывогай.

11. Аперацыя "Мост"

Уздоўж нашай вёскі працякае рака Поня. Цераз раку быў пабудаваны драўляны мост, вышыня якога над вадою была 2-2,5 метры. Немцы шашой Докшыцы - Бягомля, якая праходзіць цераз гэты мост, карысталіся рэдка. Шаша грунтовая, разбітая, лясная, зімой на ёй было шмат снежных заносаў. Але мост быў вяскоўцам патрэбны: для нарыхтоўкі сена, дроў, сувязі з суседнімі вёскамі. І трэба ж, аднойчы ноччу партызаны мост спалілі. Для нашай і навакольных вёсак гэта была калі і не трагедыя, дык вялікая нязручнасць. Спаліць яго партызаны маглі безсперашкодна і днём - немцаў і паліцаяў у вёсцы не было, мост не вартаваўся. Каб яго спаліць, не трэба было праяўляць гераізм. Партызаны нанеслі шкоду не немцам, а нам, вяскоўцам. Ды партызанам гэтага не патлумачыш, невядома, дзе іх было шукаць. Пасля таго, як мост згарэў стараста паехаў у Докшыцы на паклон да немцаў. Яны прыслалі спецыяліста і тэхніку. Для адбудовы маста прыйшлі ўсе працаздольныя мужчыны. Толькі ўсё было дарэмна, што вяскоўцы днём будавалі, партызаны ноччу знішчалі. Нарэшце немцы плюнулі на гэту справу, зімой мы ездзілі па лёдзе, а летам, калі рака мялела - у брод.

А ў галоўны партызанскі штаб партызаны відаць, адпраўлялі данясенні, што на акупіраванай немцамі тэрыторыі знішчаны "стратэгічны" мост, спынены рух нямецкай тэхнікі на ўсход - рух, якога не было.

На маю думку так, у асноўным, праваявалі партызаны ўсю вайну.

12. Першая ахвяра вайны

Наступіў 1943 год. Ён прынёс нам пакуты і небяспеку. Яна чакала нас як з боку немцаў, так і з боку партызан. Напрыканцы лютага 1943 года ў нашу вёску Нябышына нечакана, адкрыта днём, увайшоў партызанскі атрад. Ён рухаўся па шашы з боку Бягомлі. Гэта быў унушальны санны абоз. Партызаны былі адзеты ўсе як адзін у новыя белыя кажухі (гэтым партызанам кажух майго бацькі быў бы не патрэбен). Усе яны былі ў валёнках, аднолькавых зімовых шапках, пад кажухамі віднелася новая ваенная форма. У гэтых партызан адчувалася ваенная выпраўка. Яны былі ўзброены аўтаматамі, кулямётамі, мелі радыёстанцыі. Нават дзіцяці было зразумела, што гэта была добраўкамплектаваная армейская частка. Што ў Докшыцах, усяго ў 12 км ад Нябышына, знаходзіўся моцны нямецкі гарнізон, іх не хвалявала. Убачыўшы такую моц, мы яшчэ не ўсвядомілі ці нам радавацца, ці непакоіцца. Калі партызан лічыць нашымі абаронцамі, то абараняць нас на той час патрэбы не было. З 1941 па 1943 гады немцы нас пальцам не кранулі (я маю на ўвазе нашу вёску).

Камандзірам гэтага атрада быў нехта Мядзведзеў, цёзка па прозвішчу таго легендарнага Мядзведзева, які быў закінуты для арганізацыі партызанскага руху на Украіну. Атрад прыпыніўся на адпачынак у нашай вёсцы на некалькі дзён. У кожнай хаце размясцілася па некалькі чалавек. А ўсяго вёска, як я сказаў, налічвала 120 двароў. Пракарміць такую колькасць партызан было цяжкавата, давялося рэзаць авечак, цялят, курэй. Сам Мядзведзеў жыў у нашай хаце. Па-першае, наша хата была самая новая, мы яе пабудавалі ў 1940 годзе; па-другое, для партызан мой бацька заставаўся старшынёй калгаса. І першае, аб чым ён папрасіў Мядзведзева, каб партызаны не чапалі старасту.

Вечарамі партызаны ладзілі танцы. Аднойчы адзін з гэтых партызан, будучы п'яным, запрасіў на танец дзяўчыну Фаню Пашэвіч. Яна адмовіла яму, сказала: "Я з п'янымі - не танцую." "Сука, - закрычаў ён, - а з п'янымі немцамі ты танцуеш!!?" "Я іх ні разу не бачыла, немцы ў нас танцы ніколі не ладзілі," - спакойна адказала Фаня. Звар'яцелы партызан выхапіў пісталет і два разы стрэліў у Фаню. Гэта адбылося ў хаце, на вачах вяскоўцаў і іншых партызан. Праз некалькі гадзін яна памерла. Фаня была самая прыгожая дзяўчына нашай вёскі. Гэта была першая ахвяра вайны ў нашай вёсцы. І адкрылі крывавы лік партызаны. Злачынцу не пакаралі. "Гэта мой лепшы кулямётчык," - сказаў камандзір атрада Мядзведзеў. І дадаў: "На вайне ахвяры непазбежны." Але ж гордую дзяўчыну Фаню забілі не ў баю.

13. Зноў партызаны

Не паспелі мы ачуняць ад прабывання ў нашай вёсцы атрада Мядзведзева, як у красавіку 1943 года у нашай вёсцы нечакана з'явіўся партызанскі атрад Шляхтунова. Гэта была вышкаленая вайсковая частка, якая выглядала больш грозна, чым нават атрад Мядзведзева. Гэтыя "партызаны" таксама былі апрануты ў новую форму. У іх мелася зброя: аўтаматы, кулямёты, супрацьтанкавыя ружжы і нават лёгкія пераносныя мінамёты. Частка атрада была на падводах, частка - верхам. Шляхтуноўцы стаялі ў нашай вёсцы некалькі дзён. Для мясцовых жыхароў гэта было няпростае выпрабаванне. Маім бацькам адносна пашчасціла, мы ўтрымлівалі аднаго чалавека - камандзіра. Шляхтуноў, як і раней Мядзведзеў, абраў для сябе нашу хату, а наша сям'я, акрамя мяне, часова перабралася ў старую. Я застаўся ў новай разам з камандзірам атрада. Ён адпачываў на ложку, а я на палку за грубкай. Раніцай прыходзіла мама і рыхтавала госцю сняданак. Днём на падлозе я распачынаў нейкія гульні, але ні Мядзведзеў ні Шляхтуноў на мяне так і не звярнулі ўвагі. Для мяне гэта было крыўдна.

Аднойчы некалькі партызан сядзелі за хатай, грэліся на сонцы, як на дарозе з боку вёскі Далёкае стала бачна група ўзброеных людзей. Гэта маглі быць ці немцы, ці паліцаі, разгледзець было немагчыма, адлегласць да іх была каля кіламетра. Партызаны ў іх бок далі некалькі аўтаматных чэрг. Мой бацька кінуўся да партызан з крыкам: "Што вы нарабілі, навошта стралялі? Заўтра вы пакінеце вёску на волю лёсу, а паслязаўтра немцы спаляць маю хату". Так яно і здарылася, нашу хату спалілі цераз 20-25 дзён.

Шляхтуноў павёў свой атрад на захад у бок Докшыц. Нам гэта было незразумела, там жа моцны нямецкі гарнізон? У той жа дзень да нашай хаты прыскакалі 20-30 вершнікаў начале з камбрыгам Дуброўскім. Ён хацеў сустрэцца з Шляхтуновым для нейкіх перамоў, але спазніўся. На нашым гумне яны спешыліся і прыселі на траву адпачыць. Я быў з бацькам у хаце, калі да нас увайшоў партызан, відаць афіцэр. Ён прычапіўся да майго бацькі, схапіў за грудкі, стаў пагражаць пісталетам і крычаць, чаму бацька не ў партызанах, чаму яго не забілі немцы, як старшыню калгаса? Я напалохаўся і стаў крычаць. Праз адчыненае акно мой крык пачулі. У хату прыбеглі іншыя партызаны і ўтаймавалі раз'юшанага ваяку. Так я ўратаваў свайго бацьку. Вось так і жылі мы кожны дзень пад страхам.

14. Запылалі вёскі

Такім чынам у нашай вёсцы пабывалі партызаны Мядзведзева і Шляхтунова. Яны пайшлі далей у Заходнююю Беларусь. Перад імі стаялі канкрэтныя задачы. Якія? Аб гэтым раскажу на прыканцы сваіх успамінаў. Але ж у нас былі і партызаны, замацаваныя за Бягомльскім раёнам - партызанская брыгада "Жалязняк". Што цікава, яны ні разу не наведалі нашу вёску днём, баяліся. Звычайна гэта рабілі ноччу, каб паздзекавацца над старастай і абрабаваць 2-3 хаты. Хутка нам стала зразумела, якую страшную небяспеку ўяўляюць партызаны.

Вясной 1943 года немцы ачапілі і спалілі разам з людзьмі вёску Шуняўку, што знаходзілася ў 4-х км ад нашай вёскі. Я добра памятаю, як мой бацька абураўся гэтым. У злачынстве ён абвінавачваў як немцаў, так і партызан. А адбылося ўсё наступным чынам. Партызаны з засады побач з вёскай у 4 гадзіны раніцы абстралялі нямецкую машыну. Я дакладна не ведаю, якую шкоду яны наняслі немцам, але партызаны ў немцаў на віду ўцяклі ў бок вёскі і там іх след знік. Вёска ў гэты час безмяцежна спала, не ведаючы, што жыць ёй засталося апошнюю гадзіну. Недарэчнасць была яшчэ і ў тым, што партызаны для засады пераапрануліся ў сялянскую вопратку. Немцы былі ўпэўнены, што засада - справа рук жыхароў вёскі і выклікалі з Докшыц падмогу. Праз паўгадзіны да Шуняўкі пад'ехалі карнікі, ачапілі яе і знішчылі разам з жыхарамі.

Па такому сцэнарыю была прадпрынята спроба знішчыць суседнюю з намі вёску Вітунічы, што ў 2-х км толькі з другога боку ад ракі Поні. Зноў такая ж засада, у той жа час, сялянская вопратка, абстрэл і бегства на вачах у немцаў у бок вёскі. Але на гэты раз карнікі трохі прыпазніліся. Вёска ўжо прачнулася, і людзі своечасова ўбачылі небяспеку, схаваліся ў бліжэйшым лесе. Вёску спалілі разам з жыхарамі, якія прамарудзілі, не здолелі ўцячы, загінула больш за 50 чалавек. Зараз Вітунічы адбудаваны, а макет Шуняўкі ўстаноўлены на мемарыяле Хатынь. Зараз мы дакладна ведаем, што і Хатынь знішчана па такому д'ябальскаму сцэнарыю.

Пасля тых трагічных падзей да майго бацькі прыйшлі стараста і яшчэ некалькі мужчын. Яны доўга размаўлялі, абмяркоўвалі пытанне, як уратаваць жыхароў вёскі ад знішчэння як з боку немцаў, так і збоку партызан. Гэтыя мудрыя мужыкі ўжо тады прыйшлі да высновы, што ў злачынствах супраць насельніцтва ў часы акупацыі партызаны адыгрывалі не апошнюю, а можа галоўную ролю.

15. Стараста

Як я ўжо казаў, старастай нашай вёскі прызначылі самага сціплага, бяскрыўднага чалавека Кастуся Шульгата. Немцам спадабалася яго ўнушальная камплекцыя. У яго не хапіла смеласці і рашучасці, каб паспрабаваць адмовіцца ад пасады. Ды і хто б рызыкнуў спрачацца з акупантамі? Пасля гэтага ён рэдка выходзіў на вуліцу, каб менш сустракацца з людзьмі. Пасада прыгнятала яго. Можа ён адчуваў нейкую віну перад людзьмі? Але ў чым тут была яго віна? На яго месцы мог апынуцца любы вясковец.

Стараста шмат турбот дастаўляў майму бацьку. Калі да старасты прыязджалі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі, каб вырашыць якое-небудзь пытанне, напрыклад, атрымаць справаздачу па падаткам ці арганізаваць выдзяленне падвод для гаспадарчых работ, Кастусь Шульгат так хваляваўся, што нічога не мог патлумачыць. Тады адзін з яго сыноў бег да майго бацькі і той ішоў яго выручаць. Добра, што немцы хоць і выказвалі незадавальненне, але старасту не білі. Ды й наведваліся яны да нас у вёску не часта.

Больш жахліва і складана было, калі наступала ноч. У хату старасты ўрываліся партызаны і пачыналі над ім здзекавацца. Яны збівалі яго прыкладамі, кулакамі, нагамі, называлі яго здраднікам, нямецкім прыслужнікам. Яго сыны, Леанід ці Мікалай, беглі па начной вуліцы да нас, грукалі ў дзверы і крычалі: "Дзядзька Піліп, тату партызаны забіваюць!" Дзядзька Піліп, гэта мой бацька, хутка апранаўся і бег ноччу ратаваць старасту ад партызан. Усю вайну з твара старасты не зыходзілі сінякі, гузакі, кровапацёкі. Па яго твару можна было даведацца, былі ноччу партызаны, ці не. Ратуючы старасту, мой бацька падвяргаў небяспецы і сябе. Неаднойчы партызаны чапляліся і да яго. Але паступіць інакш ён не мог.

Калі нашу вёску вызваліла Чырвоная Армія, адразу прыехалі з Бягомлі НКУСаўцы, каб арыштаваць старасту. І зноў мой бацька яго абараніў. Ён сказаў НКУСаўцам: "Тады бярыце і мяне, я ўсю акупацыю падтрымліваў старасту і дапамагаў яму". Больш Шульгата не чапалі. Калі я прыязджаў у сваю вёску, яго сыны дзякавалі мне за добрыя, смелыя ўчынкі майго бацькі. З малодшым сынам Кастуся Леанідам мы былі аднагодкамі і сябравалі.

16. Аперацыя "Котбус"

Мы, жыхары вёскі Нябышына, гэту вайсковую аперацыю немцаў супраць партызан называлі першай нямецкай блакадай.

Я ўжо пісаў, што на працягу 1941-1942 гадоў мы немцаў амаль не бачылі. Пачынаючы з 1943 года, калі з'явіліся партызаны, у нашай вёсцы было наладжана патруляванне. Так склалася, што адзін тыдзень патрулявалі немцы, і праязджалі цераз вёску на трохкалёсным матацыкле. Іх было 2-3 чалавекі. Яны як правіла не спыняліся і адразу паварочвалі на Докшыцы. Бывалі выпадкі, калі яны спыняліся і заходзілі да каго-небудзь у хату з пытаннем: "Матка, яйка?" Наступны тыдзень вёску патрулявалі партызаны. Дакладней, гэта быў адзін партызан і ён нёс службу нязменна. У яго таксама быў транспарт - веласіпед. У нашай вёсцы гэтага партызана ведалі ўсе. Яго прозвішча было - Звераў. Старэйшыя жыхары яго памятаюць і зараз. У нас было такое ўражанне, што графік патрулявання немцы і партызаны распрацоўвалі сумесна. На пачатку траўня 1943 года і немцы і партызаны патруляванне раптам спынілі. Мы гадалі: "Чаму?" Ад неяснасці стала неспакойна. А ў гэты час немцы рыхтаваліся да правядзення вайсковай аперацыі супраць партызан, якая называлася "Котбус". У гэты час партызаны рыхтавалі для сябе сховішчы ў непралазных балотах і лясах, пакінуўшы каля вёсак невялікія групы, пераапранутыя ў вясковае адзенне. Іх галоўная мэта - збор інфармацыі аб дзеяннях немцаў і мясцовага насельніцтва. Падсвядома мы разумелі, што аперацыя супраць партызан патрэбна. Яны актыўна сталі правакаваць немцаў, каб падштурхнуць іх на карныя дзеянні супраць мірнага насельніцтва. Трагедыя ўжо накрыла вёскі Шуняўку і Вітунічы. Якая вёска ў партызан на чарзе, мы не ведалі, жылі як на гарачым вуголлі. Таму мы жадалі, каб партызаны былі як мага далей адсунуты ад нашай вёскі. Але мы не ведалі, як будуць ставіцца немцы да насельніцтва ў час правядзення вайсковай аперацыі. Мой бацька і большасць жыхароў вёскі вырашылі не рызыкаваць, а ратавацца.

Зразумела, што вяскоўцы не валодалі інфармацыяй пра блакаду. Партызаны не папярэдзілі нас, што набліжаецца небяспека, у мяне засталося ўражанне, што гэта было не ў іх інтарэсах. Наадварот, яны ўвесь час нас "падстаўлялі". Ва ўсялякім выпадку так атрымлівалася. Гэта пазней, у пасляваенных кінастужках нам сталі расказваць быццам партызаны баранілі насельніцтва ад захопнікаў.

Аднойчы з вёскі Восава да дзядзькі Сцяпана, хата якога стаяла побач з нашай, прыбег сваяк, хлапчук, мой аднагодка. Яго звалі Ўладзік. Ён расказаў, што ў іх вёску прыехала шмат немцаў і паліцаяў. Акрамя машын у іх з сабой маюцца танкі і гарматы. Хутка яны пойдуць цераз Нябышына ў бок Бягомлі лавіць і знішчаць партызан. Так мы даведаліся, што блакада вось-вось пачнецца і з гэтага часу, як кажуць, сядзелі на чамаданах. Мы падрыхтавалі ўзяць з сабой самае неабходнае: харч, адзенне, сярнічкі, сякеру. Ноша была размеркавана на кожнага. Мне дастаўся школьны ранец з сухарамі і нямецкі тэрмас з малаком. Увесь дамашні скарб мы ноччу закапалі ў ямы, каб ніхто не бачыў. Спалі ў вопратцы. Мужчыны па чарзе вартавалі вёску, сачылі за дарогай. Мой самы старэйшы брат Мікалай, 1922 года нараджэння, і іншыя хлопцы, нават непаўналетнія, яшчэ раней падаліся да партызан - інакш ім пагражала адпраўка на працу ў Нямеччыну. Бабуля Наста, маці майго таты, была ўжо старэнькая і ісці разам з намі не магла. Для яе за аселіцамі ў забалочаным хмызняку бацька збудаваў шалаш, спадзяючыся, што яна там перажыве блакаду. Раніцай, перш чым пакінуць сваю хату, мама ў апошні раз падаіла карову, потым мы ўсю сваю скаціну выгналі ў поле, вароты ў двор зачынілі, каб жывёла не змагла вярнуцца назад. Дзверы ў хаты (у нас было дзве хаты: старая - дзедаўская і новая) мы на замкі не запіралі, каб іх не зламалі. Усё гэта рабілася без спешкі, быццам мы збіраліся на адпачынак на прыроду.

Мы пакідалі вёску, а немцы ў вёску ўваходзілі. Тактыка вяскоўцаў была такой: аб'яднанне ў групы па 3-5 сямей, і потым кожная група самастойна павінна была ісці сваім маршрутам у лясы і Лобацкія балоты. Мы не сталі перапраўляцца цераз раку Поню побач з вёскай, а загаддзя выбралі брод у 2-х кіламетрах ад яе. На беразе ракі ў зараслях трысця метраў 300 ад броду яшчэ напярэдадні быў падрыхтаваны тайнік для дзядзькі Сцяпана, роднага брата майго бацькі. Ён быў інвалід, заместа ног у яго былі пратэзы. На гэтым месцы пазней ён без прыгод і перасядзеў усю блакаду. Другі родны брат майго бацькі дзядзька Іван застаўся ў вёсцы - ён сам і яго жонка Юстына былі хранічна хворыя.

Нам тэрмінова трэба было рухацца як мага хутчэй, але адбылася замінка. Я ўспомніў, што дома застаўся мой зусім маленькі сабачка, шчаня. Яго падарыў мне наш сусед дзед Барыс. У Барыса была ўласная сабака, звалі яе Мурза, я яе вельмі баяўся. Аднойчы яна мяне так напалохала, што я нават захварэў. І вось сусед, каб загладзіць сваю віну, і каб я больш сабак не баяўся, падарыў мне шчаня.

Я скінуў з плячэй ранец, крыкнуў пра сабачку, і бацькі не ўспелі апамятацца, як я ўжо быў на другім баку ракі. Яны крычалі, каб я вярнуўся назад, але я ўжо ні на што не звяртаў увагі. Адлегласць у 2 км я пераадолеў вельмі хутка. Мне ўжо было амаль 9 гадоў, і бегаў я добра. Вуліца вёскі была пустая, я нікога не сустрэў. Але наша хата, пуня і ўсе пабудовы былі ўжо ахоплены полымем. Такое відовішча назіраць было жахліва. Нават на вуліцы, далёка ад пабудоў было горача. Гарэлі хаты дзядзькі Сцяпана, Дзядзькі Івана і Нікіфара. Гэта была расплата немцаў за страляніну з нашага двара партызан Шляхтунова. Я куляй кінуўся назад з вёскі і зноў нікога ў ёй не сустрэў. Відаць я апынуўся ў ёй, калі немцы ўжо зрабілі сваю справу, а паліцаі яшчэ не прышлі. Гэта мяне і выратавала. Куляй панёсся назад да родных. Не збаўляючы хуткасці кінуўся ў раку і неўзабаве далучыўся да нашай групы. Я думаў, што зараз усе на мяне будуць сварыцца, але бацька сказаў: "Ну што, усе ў зборы? Пашлі за мной". У мяне нават ніхто не запытаўся, што я ўбачыў у вёсцы, і я пакуль што не сказаў, што наша хата і яшчэ тры згарэлі.

Толькі пазней, калі я ўбачыў забітых аднавяскоўцаў, мне стала зразумела, якой небяспецы я падвяргаў сябе гэтай неабдуманай выхадкай. Я мог апынуцца ў руках немцаў ці паліцаяў і загінуць. А што перажылі мае бацькі?

На балоце мы кожны дзень мянялі месца знаходжання. Агонь не палілі. Заўсёды ў першую чаргу будавалі з яловых галінак шалаш для начоўкі. Аднойчы мама ўгаварыла бацьку распаліць маленькі касцёр, каб спячы аладкі. Запаслівая мама ўзяла з сабой крыху мукі і маленькую патэльню. Як толькі ўзвіўся дымок, у небе над намі з'явіўся нямецкі самалёт-разведчык "рама". Мы ўжо добра ведалі павадкі гэтага самалёта. Мы затапталі касцёр і затаіліся. Як толькі "рама" зрабіла над намі круг і адляцела, бацька скамандаваў: "Хапайце свае рэчы і хутчэй бяжым адсюль". Мы адбеглі ад шалаша на 300-400 метраў і ўбачылі як у небе з'явіўся другі самалёт. Ён скінуў тры бомбы, адна з якіх трапіла ў шалаш. У ім у паспешлівасці я забыў губную гармошку, тую самую, якую падарыў мне немец пры сустрэчы на мосце ў 1941 годзе. Я ўжо зноў ледзьве не кінуўся назад да шалаша, але пападанне бомбы ўсё вырашыла. Больш касцёр мы не палілі. У немцаў не хапала сіл, каб акружыць і адразу прачасаць увесь лясны ці балотны масіў. Яны гэта рабілі шырокімі палосамі. І пакуль яны пераходзілі на чарговую паласу, мы непрыкметна перабіраліся на пракантраляваную і там хаваліся. Трэба адзначыць, што немцы непралазныя хмызнякі абыходзілі, адпускаючы ў іх бок некалькі аўтаматных чэрг. Тое ж было і на балотах. А мы, каб уратавацца, былі гатовы на любыя выпрабаванні.

17. Смерць партызана

У час блакады да адной групы вяскоўцаў далучыўся партызан. Ён заблудзіўся на балотных абшарах, адстаўшы ад свайго атрада, мясцовасці не ведаў. Да слова сказаць, гэты партызан мне быў добра знаёмы. Ён быў мужам маёй стрыечнай сястры Клаўдзіі. Звалі яго Уладзімірам, родам ён быў з Ленінграда. Клаўдзія яшчэ да вайны паехала ў гэты горад на працу і там выйшла замуж. За тыдзень да вайны маладыя прыехалі ў нашу вёску на адпачынак. У нас была вельмі прыгожая прырода: лес, рэчка, лужкі, пакрытыя кветкамі, крыніцы, грыбы, ягады, арэхі, чмялі, конікі, матылькі, стракозы... Зараз нічога гэтага няма.

Дзядзька Лаўрэн, бацька Клаўдзіі, быў і рыбак, і грыбнік, і цікавы субяседнік. Уладзіміру наша вёска падабалася. Калі пачалася вайна, вярнуцца ў Ленінград магчымасці не стала. Так Уладзімір з Клаўдзіяй і жылі ў нашай вёсцы, пакуль гэта было магчыма. Я часта бегаў да дзядзькі Лаўрэна, каб паслухаць цікавыя аповеды пра вялікі горад Ленінград. Калі з'явіліся партызаны, Уладзімір і Клаўдзія адразу пайшлі да іх. І вось блакада. Убачыўшы знаёмых вяскоўцаў, Уладзімір абрадаваўся, папрасіў вывесці яго з балота, паказаць дарогу. Дабраахвотнік адразу знайшоўся і павёў партызана. Праз хвілін 10-15 людзі пачулі адзіночны выстрал. Неўзабаве вярнуўся назад і "праваднік". Ён загадкава сказаў: "Я паказаў яму дарогу куды трэба. Больш ён сюды не вернецца ". Як потым высветлілася, адбылося наступнае. Спачатку яны ішлі мірна, размаўлялі. Партызан быў вельмі стомлены. Калі "праваднік" прапанаваў яму дапамагчы паднесці вінтоўку, Уладзімір з радасцю яе перадаў. Ён адчуў палёгку. А "праваднік" падлавіў зручны момант і стрэліў у партызана. Смерць наступіла імгненна. Потым, як ні ў чым не бывала, забойца далучыўся да сваёй групы аднавяскоўцаў. Чаму ён так паступіў, якая была ў тым неабходнасць, што яго падштурхнула на злачынства, на што ён разлічваў - ніхто не ведаў. Пасля блакады партызаны расстралялі злачынцу пасярод вуліцы нашай вёскі. Такі ж лёс чакаў і ўсю яго сям'ю, але партызаны яе не знайшлі. Жонка разам з дзецьмі змагла своечасова ад'ехаць да сваякоў у горад Быхаў, дзе яны і пражылі да канца вайны. Пасля вайны вярнуліся, але больш іх ніхто не чапаў. Я вагаўся, ці называць прозвішча таго аднавяскоўца, які стаў злачынцам, каб не напамінаць, яго дзецям і ўнукам пра тую трагічную падзею траўня 1943 года, у якой іх бацька і дзед быў галоўным вінаватым. Палічыў, што можна. У нашай вёсцы ўжо даўно няма яго нашчадкаў. Старэйшы сын загінуў на фронце. Малодшы - Уладзімір меў буйны характар, п'янстваваў, учыняў бойкі, за што некалькі разоў сядзеў у турме, дзе і памёр. Яго ўнук (сын Уладзіміра) працаваў міліцыянтам ў Мінскім раёне, таксама быў асуджаны. Пра яго далейшы лёс нічога не ведаю. Усе яны насілі мянушку Самсура, прозвішча іх - Ляўко. Але ў вёсцы людзей ведалі і называлі па мянушкам.

На жаль прозвішча забітага партызана Уладзіміра я не ведаю. Што здарылася з Клаўдзіяй, жонкай Уладзіміра, маёй стрыечнай сястрой, даведацца не ўдалося. Яе сляды згубіліся. Пасля вайны ніякіх звестак пра яе наша сям'я не мела.

18. Малыя дзеткі - малыя бедкі

На балоце ў час блакады адбылося яшчэ некалькі падобных адна на другую трагедый. Адна жанчына, маці-адзіночка павесіла сваю маленькую дачку. У другой групе адразу дзве жанчыны задушылі сваіх маленькіх дзетак. Балотныя вандроўкі паставілі дзяцей у нязносныя ўмовы: хмары мошак і камароў, вільгаць, недаяданне, недасыпанне, хваробы. Дзеці пакутавалі, плакалі. Людзі замест падтрымкі сталі выказваць незадавальненне, папракаць: плач могуць пачуць немцы, а гэта - канец. І тыя жанчыны, тыя маці, замест таго, каб плюнуць на вяскоўцаў, з якімі нельга было знайсці паразумення, замест таго, каб кінуць іх і ратаваць сябе і сваіх дзяцей у адзіночку, пайшлі на крайні крок - пазбавілі сваіх немаўлятак, сваіх дзетак жыцця. Мужамі двух апошніх жанчын былі якраз тыя прымакі. Калі яны вярнуліся з вайны і даведаліся, пра тое што ўчынілі іх жонкі, яны кінулі іх і адразу ад'ехалі да сябе на радзіму. А жанчыны тыя ўсё жыццё да старасці ў адзіноце з цяжкім грузам, з цяжкім грахом на сэрцы так і пражылі.

19. Трагедыя ў вёсцы

Пакуль мы хаваліся на балоце, у нашай вёсцы разгортваліся трагічныя падзеі. Свае хаты пакінулі не ўсе жыхары. На месцы засталіся хворыя і састарэлыя людзі, а таксама тыя, хто не пажадаў расставацца са сваёй маёмасцю. Былі і такія, хто лічыў, што ім нічога не пагражае. Большасць з іх схавалася побач са сваімі хатамі ў ямах, у высокай траве, у бульбяных барознах і нават на гарышчах сваіх хат. Такіх людзей у вёсцы засталося шмат, але колькі ўсяго, не ведаю.

Калі немцы ўвайшлі ў Нябышына, то першай жывой душой, якую яны ўбачылі, была мая бабуля Наста. Ёй надакучыла сядзець у адзіноце ў сховішчы і яна пайшла да хаты. Тут і сустрэлася з немцамі. Як потым расказвалі людзі, якія назіралі са сваіх сховішчаў за падзеямі і ацалелі, немцы цераз перакладчыка паразмаўлялі з бабуляй, нечым яе пачаставалі і загадалі прайсці па вёсцы і сказаць людзям, каб яны нічога не баяліся. Але гэта быў падман. Хоць немцы зачыстку ў вёсцы і не рабілі, але калі яны выпадкова напароліся на некалькі чалавек, то працаздольных тут жа накіравалі ў Докшыцы для далейшай адпраўкі на працу ў Нямеччыну. Старых і хворых адпусцілі.

А мая бабуля так і пайшла вольна па вуліцы, пакуль не зайшла ў хату да сваёй сяброўкі-аднагодкі паразмаўляць. Немцы ўпэўніліся, што ў нашай вёсцы партызанамі і не пахне, падпалілі некалькі крайніх хат, у тым ліку і нашу, і пайшлі далей у бок Бягомлі. Убачыўшы пажар, людзі, якія хаваліся побач з вёскай, прадбачліва кінуліся ў лес. Вось як раз у гэты момант я і прыбег да сваёй хаты, каб уратаваць сабачку, але хата ўжо гарэла.

Між тым і ў гэты момант у вёсцы заставаліся жыхары. Праз нейкі час у яе ўвайшлі паліцаі. Іх было не надта многа, чалавек 15-20, можа крыху больш, і з імі каля дзесятка падвод. Якая мэта была ў іх, можна здагадацца. Яны сталі рабаваць пустыя хаты і грузіць скарб на вазы. Разам з паліцаямі рабаўніцтвам займалася і адна жанчына. Людзі, якія рызыкнулі і засталіся ў сваіх сховішчах побач з вёскай, здалёк пазналі яе. Гэта была наша нябышынская жанчына Надзя Прахаронак. Да вайны яна пайшла замуж у вёску з недалёкай Заходняй Беларусі. Яе муж якраз і быў начальнікам гэтай паліцэйскай каманды. Жанчына добра ведала хаты ў якіх можна было добра пажывіцца. Людзі ўбачыўшы яе асмялелі: гэта ж наша жанчына! Яны павылазілі са сваіх сховішчаў і накіраваліся да яе, як да выратавальніцы. Яны папрасілі спыніць рабаўніцтва не здагадваючыся, што падпісваюць тым самым сабе смяротны прыгавор. Менавіта яна, Надзя Прахаронак, параіла свайму мужу-паліцаю, зрабіць так каб у вёсцы не засталося ніводнага сведкі. Паліцаі абшукалі вёску і яе наваколле. Усіх, каго злавілі, загналі ў пуню. Такіх было не менш 15-ці чалавек. Потым у пуню кінулі гранату і падпалілі. З пуні чуліся крыкі і плач. Кажуць, што Надзя Прахаронак не пашкадавала і сваіх бацькоў, яны загінулі ў той жа пуні. Хто спрабаваў збегчы, таго застрэлілі. Старых і хворых забівалі на месцы. Такі лёс напаткаў і маю бабулю. У пуні згарэў мой стрыечны брат разам са сваёй няроднай маці. Яму было ўсяго 5 гадкоў, ён хварэў. Жанчына засталася з ім, каб даглядаць і загінула разам. Муж яе з двумя іншымі сынамі ўратаваўся.

Дарэчы, Прахаронак - гэта не прозвішча, а мянушка. Дзеда звалі Прохарам. Старэйшы брат Надзі загінуў у партызанах. Другі брат пасля вайны з'ехаў да сваякоў на Украіну. Памятаю, ён называў і горад - Каменскае. Пра Надзю мы больш нічога не чулі. Я нават не ведаю, ці шукалі яе і яе мужа-паліцая пасля вайны, каб аддаць іх пад суд. Вось такая была вайна: свае жахлівей, чым немцы.

20. Канец блакады

Блакада працягвалася тыдзень, тыдзень мы хаваліся на балоце. Кожны дзень мы пераходзілі на новае месца. У нашай групе было 13 чалавек: двое мужчын, пяць жанчын, шэсць дзяцей, з якіх самаму малодшаму было 8 гадоў. Мы пілі ваду з ручая. Харчы закончыліся. Калі "рама" перастала лётаць, мы сталі распальваць агонь. Шукалі птушыныя гнёзды і варылі птушанят. Мой бацька часам адлучаўся, каб разведаць, што адбываецца ў вёсцы. Гэта было небяспечна, ён мог напароцца на засаду. Аднойчы бацька сказаў: "Пара дадому." Вось тут я і сказаў, што наша хата згарэла. Але бацька ўжо ведаў пра тое. Мы выйшлі з леса, убачылі сваю вёску. Яна ўся была амаль цэлая. У нас падвысіўся настрой, мы забыліся пра пільнасць і са спазненнем убачылі ў вёсцы групу ўзброеных людзей. Да плоту былі прывязаны коні, уцякаць было позна. Незнаёмцы падалі рукамі знак, каб мы падыйшлі да іх. Бацька пайшоў адзін, следам за ім увязаўся і я. Гэта былі партызаны і сярод іх камісар 1-га атрада брыгады "Жалязняк" Спірыдон Барздыка (пасля вайны я з ім сустрэўся яшчэ раз). Мы падыйшлі бліжэй. Перад намі адкрылася жудасная карціна: папялішча, на якім ляжала каля 15-ці абгарэлых чалавечых цел. Мяне апанаваў страх, стала мутарна.

Барздыка складаў "Пратакол аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у вёсцы Нябышына". Сам ён і ўсе астатнія падпісаліся пад пратаколам. Мой бацька ўдакладніў, што гэта злачынства здзейснілі не немцы, а паліцаі. "Якая розніца?" - сказаў Барздыка. Калі нас партызаны адпусцілі, мой бацька ідучы сказаў: "Адкуль яны так хутка з'явіліся і дзе яны былі, калі гэтых людзей забівалі?" Зараз на тым месцы няма ні помніка ні памятнага знака. І месца тое знайці не магчыма, і сведак тых падзей не засталося. Так далёка ад Мінска "ушаноўваецца" памяць ахвяр вайны.

21. У Нямеччыне

Як я ўжо казаў, што частку нашых вяскоўцаў (іх набралася не надта многа) адправілі на працу ў Нямеччыну. Такі лёс напаткаў і сям'ю маёй роднай цёткі Алёшы. Яна схавалася ў замаскіраванай зямлянцы паблізу вёскі. Калі іх сусед трапіў у рукі немцаў, то і паказаў ім гэту зямлянку. Сям'і цёткі пашанцавала, калі б яна трапіла паліцаям, лёс быў бы трагічным. Разам з цёткай Алёшай у Нямеччыну адправілі яе мужа - дзядзьку Тумаша і двух дачок Веру і Лізу. Дзве другія дачкі, Марыля і непаўналетняя Аня, за некалькі хвілін да гэтага пакінулі зямлянку і накіраваліся ў бліжэйшы лес, што іх і выратавала ад палону. Непаўналетні цётчын сын Ваня перад блакадай прымкнуў да партызан, дзе яго сляды і згубіліся. Вось так вайна раскідала адну сям'ю на тры часткі.

Пасля вайны дзядзька Тумаш, цётка Алёша, Вера і Ліза вярнуліся дадому. Як ім жылося на чужбіне, яны ніколі не расказвалі. Вера зараз жыве ў Мінску, ёй ужо за 80, Ліза - у роднай вёсцы Нябышына, ёй пад 80 гадоў. Калі я бываю ў вёсцы, прыпыняюся ў Лізы. Нават зараз мне ні разу не ўдалося яе разгаварыць. Даведаўся толькі, што ўсе яны працавалі ў баўэра. На пытанне, як ім там жылося, Ліза адказвае: "Па-рознаму." І ўсё. Субсідыю, якую яна атрымала ад нямецкага ўрада за прымусовую працу ў часы вайны, Ліза падзяліла між сваімі дзецьмі.

Была ў Нямеччыне яшчэ адна мая стрыечная сястра, дачка дзядзькі Лаўрэна. Яе таксама завуць Верай. У часы блакады яна адстала ад нашай групы, заблудзілася і трапіла к немцам. У 2004 годзе на Вялікдзень я быў у Нябышыне і на некалькі гадзін завітаў да яе. Яна ўжо зусім старэнькая і амаль не выходзіць на вуліцу. Вера сама завяла гаворку пра Нямеччыну. Яна атрымала кампенсацыю ад нямецкага ўрада і запыталася ў мяне, ці бачыў я "еўра"? Трэба адзначыць, што Вера была прыгожай дзяўчынай, але з нараджэння мела фізічны недахоп, як і яе бацька - яна гарбатая. Працавала Вера ў баўэра хатняй работніцай. Вялікая сям'я гаспадара ставілася да яе з павагай. Яе ні разу не пакрыўдзілі нават словам. Харчавалася яна за адным сталом з гаспадарамі. На святы яны дарылі ёй нейкія падарункі. Часам бралі яе з сабой у тэатр і кіно. У Веры быў свой пакойчык. Спецыяльна для яе наймалі краўчыху, каб пашыць адзенне, якое б рабіла яе горб не надта прыкметным. У яе не было адчування, што яна знаходзіцца ў няволі. Праўда, быў смутак па дому, па родным мясцінам, было вялікае жаданне ўбачыцца з бацькамі, братамі, сёстрамі, схадзіць у лес па ягады і грыбы, выкупацца ў Поні. Яна кажа, што калі б была магчымасць у той час наведацца ў Нябышына да бацькоў, пасля пабыўкі яна б дабраахвотна вярнулася ў Нямеччыну да сваіх гаспадароў, не назаўсёды, але вярнулася б.

Тую мясцовасць, дзе была Вера, занялі амерыканцы. Пра амерыканцаў яна ўспамінае з захапленнем: "Усе яны такія пекныя, ветлівыя, далікатныя." Вера ўпершыню ўбачыла чорненькіх салдат. Яе вельмі здзівіла і абрадавала, што сярод амерыканскіх салдат было некалькі беларусаў, было з кім паразмаўляць. Яна некалькі разоў сустракалася з імі. Жонка баўэра ўгаворвала Веру застацца ў іх на нейкі час пакуль у свеце не стане больш стабільнае становішча. Але Вера рашыла ехаць дадому разам з усімі такімі ж як і яна. У дзень ад'езду яе праважала ўся сям'я баўэра, прыйшлі і яе новыя знаёмыя амерыканскія салдаты. Пры развітанні былі абдымкі, пацалункі, слёзы. "Я ніколечкі не шкадую, што папала ў Нямеччыну. Хоць пабачыла свет, пабачыла, як жывуць людзі ў іншых краінах," - падвяла рысу пад нашай размовай мая стрыечная сястра Вера. "Ну і дзе людзі жылі лепш, там ці ў нас?" - запытаў я. "Не задавай бязглуздых пытанняў," - паставіла мяне Вера на месца. Але мяне цікавіла яшчэ адно пытанне, і я яго задаў: "Вера, амерыканцы цябе вызвалілі ў красавіку 1945 года, а дадому ты вярнулася толькі ў чэрвені 1946 года. Чаму ты так доўга дабіралася?" Яна адказала: "Ты ж ведаеш, як гэта рабілася. У амерыканскую зону прыбылі прадстаўнікі савецкага камандавання, павіншавалі нас з вызваленнем, з вяртаннем на Радзіму. Нас размясцілі ў пасажырскіх вагонах. Праваднікі нас сустракалі ветлівымі ўсмешкамі, было радасна да слёз. Але як толькі мы выехалі з амерыканскай зоны акупацыі і апынуліся ў савецкай зоне, прыветлівасць з твараў праваднікоў знікла. Яны раптам пераўтварыліся ў наглядчыкаў і канваіраў. Нас перагрузілі ў таварныя вагоны-цялятнікі і адвезлі ў фільтрацыйны лагер і цэлы год фільтравалі".

Пасля вяртання дадому Вера працавала правадніком вагона пасажырскага цягніка. Калі ў яе нарадзіўся сын Аляксандр (Шура), яна звольнілася з працы і вярнулася ў вёску да сваіх бацькоў, стала працаваць паштальёнам. Сын падрастаў, закончыў школу. Пасля школы пераехаў у Мінск, уладкаваўся на працу, але цяжка захварэў і памёр у 40-гадовым узросце. Пахаваны ён на Паўночных могілках. Калі я прыязджаю ў Нябышына, Вера пытаецца ў мяне, ці быў я на магіле Шуры. Я ёй адказваю, што бываю, магіла дагледжана.

Яшчэ мяне цікавіць лёс жыхара нашай вёскі Мішы Бычка. Ён старэйшы за мяне на 4-5 гадоў. У дзень блакады, калі ён убачыў немцаў, то пабег у бок ракі. Але ён не ўмеў плаваць. Немцы там яго злавілі. Міша Бычок і зараз жыве ў вёсцы Нябышына. Разгаварыць пра мінулае мне яго не ўдалося.

22. Радзіёнаўцы

Блакада скончылася раптоўна, як і пачалася. Даты дакладна я не памятаю, але мяркую, што тыя падзеі пачаліся 16-18 траўня, а закончыліся 25-27 траўня 1943 года. Хата наша згарэла, уся скаціна прапала, маёмасць, якую мы схавалі ў ямах, рабаўнікі знайшлі. У нас нічога не засталося. Але свае агароды і поле мы паспелі засеяць да блакады, была надзея на новы ўраджай. Як і калі адбылося пахаванне аднавяскоўцаў, якія загінулі ў час блакады, у тым ліку і маіх бабулі Насты, дзядзькі Івана, не памятаю. Чамусьці гэта адбылося без майго ўдзелу. Ужо ў наш00 час, бываючы ў вёсцы, я спрабаваў высветліць, дзе іх магілы, але ніхто нічога не ведае. Няма магілы і Фані Пашэвіч, якую забіў раз'юшаны партызан.

Часова нас прытуліў у сваёй хаце аднавясковец Цімафей Салянка. Жыццё працягвалася. Аднойчы на ўскрайку леса я збіраў шчаўе і ўбачыў, што па жыту ідуць немцы. Іх было вельмі многа. Я бачыў толькі іх галовы на ўзроўні калосся. Прыгнуўшыся я кінуўся ў лес, дабег да балота і там схаваўся. Колькі часу я там прасядзеў, не ведаю. Стала цямнець, а на балоце больш нікога няма, боязна. Прыйшлося ісці ў вёску. Па вуліцы мірна, як ні ў чым не бывала, хадзілі людзі. Мяне апанаваў жах, калі я ўбачыў бацьку, які спакойна размаўляў з немцам! Рабіць было нечага, і я накіраваўся ў іх бок. Убачыўшы мяне бацька сказаў: "Ну вось, і ўцякач вярнуўся," - і яны засмяяліся.

Гэта быў першы прыход Радзіёнаўцаў у нашу вёску. Усе яны былі апрануты ў новую нямецкую форму, былі добра ўзброеныя: аўтаматы, кулямёты, гарматы, шматствольныя мінамёты, аўтамабілі, палявыя кухні. Хадзілі чуткі, што на іх галоўнай базе ў Докшыцах ёсць нават танкі, але я іх не бачыў. Нам, дзецям, усё было цікава, і яны, Радзіёнаўцы (мы іх называлі яшчэ і народнікамі) давалі нам магчымасць патрымаць у руках зброю. Асабліва падабаліся аўтаматы і пісталеты. Калі гэтыя салдаты хацелі зайсці да каго-небудзь у хату, пыталіся дазволу. Людзі сустракалі іх ветліва, ахвотна ўступалі з імі ў размову. Яны ад нас нічога не патрабавалі - ні адзення, ні харча, ні самагонкі, як гэта рабілі звычайныя партызаны. Хутка мы зразумелі, што радзіёнаўцы для нас - самая надзейная абарона ад усялякіх нечаканасцяў. Мы былі абаронены і ад партызан, і ад паліцаяў, і нават ад немцаў. Радзіёнаўцы некалькі разоў пакідалі нашу вёску і вярталіся зноў. Нават калі мы ведалі, што яны знаходзяцца ў суседняй вёсцы, мы адчувалі сябе спакойна.

Аднойчы мой бацька да нас ў хату (мы па-ранейшаму жылі ў Цімафея) прывёў радзіёнаўца. Ён прывітаўся з намі і назваўся: "Цімафееў". Я вельмі здзівіўся, палічыўшы яго сынам нашага гаспадара Цімафея. А ён тым часам паставіў на стол бутэльку "шнапса". Мама тое-сёе падрыхтавала закусіць. У нас было вялікае жаданне ўбачыць і паслухаць самога Радзіёнава. Але ён разам са штабам брыгады знаходзіўся ў Докшыцах. Убачыць яго мне так і не ўдалося. Затое Цімафееў коратка расказаў нам захапляльную гісторыю пра яго. Я перадаю з яго расказа ўсё, што мне ўдалося запомніць.

Сам Цімафееў - былы савецкі лётчык, капітан. Яго самалёт падбілі, і ён трапіў у палон. Зараз Цімафееў - ад'ютант Радзіёнава. Прозвішча самога Радзіёнава насамрэч - Гіль. Ён - былы падпалкоўнік Чырвонай Арміі, служыў у штабе дывізіі.

Мы ўважліва слухалі Цімафеева.

У баі пад Талачыным Уладзімір Гіль быў кантужаны, страціў прытомнасць. Калі апрытомнеў, вакол была ціш, страляніны не чуваць. Ён зразумеў, што фронт адсунуўся далёка на ўсход, не дагнаць. Што рабіць у тых абставінах? Адно выйсце - палон. А там будзе бачна. Характар у Гіля быў рызыковы, авантурны. Яму вельмі хацелася папаліць, але папяросаў не было. На полі нядаўняга боя ляжала шмат загінулых чырвонаармейцаў. Уладзімір Гіль звярнуў увагу на труп афіцэра. Ён быў раздзеты па пояс, гімнасцёрка ляжала побач. Праверыў кішэні забітага, але папяросаў там не было. Зірнуў у яго пасведчанне. Гэта быў палкоўнік Радзіёнаў. Гіль прыняў рашэнне: калі ісці ў палон, дык лепш палкоўнікам Радзіёнавым, чым падпалкоўнікам Гілем і пайшоў да лясной дарогі, па якой рухалася вялікая калона ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Пякло сонца. Канваіраў было не шмат, але палонныя разбягацца не збіраліся. На павароце дарогі Гіль непрыкметна прыстроіўся да калоны. Праз некалькі дзён прыбылі на станцыю Сувалкі, дзе немцамі быў арганізаваны фільтрацыйны лагер. Камендант лагера выйшаў перад строем палонных і падаў каманду: "Камуністы, камандзіры і палітработнікі - выйсці са строю на 5 крокаў!" Над строем павісла цішыня. Усе даўно павыкідвалі свае пасведчанні і пазрывалі з каўняроў знакі адрознення. Ніхто не варухнуўся. І толькі падпалкоўнік Уладзімір Гіль выйшаў са строю цвёрдым крокам і прадставіўся каменданту: "Палкоўнік Радзіёнаў", - і падаў яму свой пісталет. Камендант аж аслупянеў ад нечаканасці, пабялеў, але хутка ўзяў сябе ў рукі і сказаў: "Гут, гут," - і нават паціснуў яму руку. Ён пранікся да Радзіёнава даверам і на наступны дзень прызначыў яго сваім намеснікам. А гэта ўлада, абавязкі, адказнасць. Усім гэтым трэба карыстацца разумна. Уладзімір хадзіў па тэрыторыі лагера і не аднойчы чуў у спіну: "Здраднік, нямецкі халуй". Яго гэта не бянтэжыла, а наадварот, падвышала настрой. Ён падабраў для сябе памочнікаў, была створана картатэка, сабраны звесткі на кожнага палоннага. У галаве Гіля-Радзіёнава зарадзілася думка, якая перарасла ў упэўненасць: шлях на Радзіму можна пракласці толькі са зброяй у руках. Атрымаць яе ваўмовах палона было магчыма толькі з рук немцаў. У пісьмовай форме Гіль звярнуўся да каменданта з прапановай стварыць з палонных рускі полк. Камендант пагадзіўся. Паслалі запыт у Берлін. Гітлер даў згоду на стварэнне не толькі палка, але брыгады. Гіль-Радзівонаў штабіст вопытны, таму ён у першую чаргу сфарміраваў штаб брыгады. Потым пачалася крапатлівая праца па камплектаванню частак і падраздзяленняў. Тых палонных, якія былі гатовы заўзята служыць фашыстам, адпраўлялі ў Нямеччыну на працу. Былі выпадкі, калі самых небяспечных пускалі ў расход. Урэшце фарміраванне закончылася. Колькасць асабовага складу брыгады на той момант складала: баявыя падраздзяленні - 2500 чалавек, тылавыя - 300 чалавек. Потым пачалася цяжкая баявая падрыхтоўка, зладжванне падраздзяленняў і частак. Адбыліся заліковыя тактычныя вучэнні, якія прайшлі паспяхова. Спачатку немцы трымалі брыгаду на другарадных ролях: ахова чыгункі, чыгуначных мастоў, станцый, складоў. Узбраенне было адпаведнае. Калі ў немцаў не стала хапаць сіл, каб трымаць пад кантролем партызан, яны звярнулі ўвагу на брыгаду Гіль-Радзіёнава. Яе перапранулі ў новую форму, забяспечылі ўсім неабходным, узброілі аўтаматамі і кулямётамі, узмацнілі мінамётнай і гарматнай батарэямі, танкавай ротай, забяспечылі аўтамабілямі для перавозкі асабовага складу і коннай цягай. Пасля гэтага брыгадзе была пастаўлена задача на правядзенне баявых аперацый супраць партызан. Але што гэта былі за аперацыі, якія былі іх вынікі, ці закранулі яны мірнае насельніцтва, у якіх абласцях і раёнах Беларусі яны адбыліся, капітан Цімафееў нічога не сказаў.

Крыху памаўчаўшы, ён працягнуў свой расказ: "Мы добра ўзброены, мы - моцная баявая адзінка. Гэта разумеюць як партызаны, так і немцы. Пра Радзіёнава ведае Берлін. Гітлер яго ўзнагародзіў двумя Жалезнымі крыжамі. Гэта вышэйшая нямецкая ўзнагарода". Але Цімафееў зноў прамаўчаў, за якія подзвігі Гіль-Радзіёнаў быў узнагароджаны. Толькі дадаў, што пра яго ведае Масква, Сталін яго ўзнагародзіў ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга і прысвоіў яму званне палкоўніка. Так падпалкоўнік Гіль ураўняўся ў чыне з загінулым палкоўнікам Радзіёнавым. Я ў той час гэтаму не здзівіўся. Я не ведаў, хто такі Сталін. У нашай сям'і пра Леніна, Сталіна ніколі нічога не згадвалася. А ў школе я яшчэ не вучыўся. Толькі пра Варашылава і Будзённага я ведаў ад сваіх старэйшых братоў. Зараз, калі я пішу гэтыя нататкі, у мяне ўзнікае пытанне: за якія заслугі Гіль-Радзіёнаў атрымаў высокую ўзнагароду ад Сталіна? У мяне няма магчымасці знайсці адказ на гэта пытанне.

Калі ж расказ капітана Цімафеева падышоў да канца, ён з нейкім смуткам сказаў: "Мы не ведаем, што нас чакае наперадзе. Не выключана, што пасля пра нас будзе шмат хлусні. Мы такія, як ёсць, так склаўся наш лёс. Можа гэтыя хлапчукі (ён кінуў у бок мяне і майго брата Андрэя) выжывуць у гэтай вайне і калі-небудзь скажуць добрае слова пра нас". Я раблю гэта праз 62 гады. Я разумею, што капітан Цімафееў расказваў нам не ўсё. Магчыма з яго расказа я штосьці ўпусціў. Але ўсё, што я прыпомніў, занатаваў праўдзіва, ад сябе я нічога не дадаў.

У сярэдзіне жніўня 1943 года брыгада Гіль-Радзіёнава перайшла на бок партызан. Як і чаму гэта адбылося, што гэтаму папярэднічала, я не ведаю. Радзіёнаўцы назаўсёды пакінулі нашу вёску. Без іх мы зноў сталі безабароннымі. Мы зноў апынуліся між молатам і кувадлай - між партызанамі і немцамі. Заставацца ў нашай вёсцы стала небяспечна. Мы не сталі чакаць, калі нас пасцігне лёс Шуняўкі ці Вітуніч і перабраліся на правы бок Поні ў лясную вёску Забар'е, якая знаходзілася ў 5-6 км ад Нябышына. Нам здавалася, што там будзе жыць спакойней, бяспечней. У Забар'і былі расквартараваны партызаны. Я спадзяваўся ўбачыць тут і радзіёнаўцаў, але дарэмна. Я спрабаваў што-небудзь высвятліць пра іх у тутэйшых партызан, але яны адмахнуліся ад мяне, як ад назойлівай мухі.

Калі закончылася вайна ў вёску вярнуўся прымак Фёдар (я пра яго згадваў). Ён на пачатку 1943 года пайшоў у партызаны, а пасля вызвалення апынуўся ў Чырвонай Арміі. І вось у канцы ліпеня ці пачатку жніўня 1945 года ён вярнуўся ў Нябышына. Я адразу пабег да яго. Мы не бачыліся два з паловай гады. Фёдар абрадаваўся сустрэчы, а я тым больш. Мне ўжо споўнілася 11 гадоў, я лічыў сябе дарослым. Нездарма ж кажуць, што адзін год вайны залічваецца за тры. Галоўнае пытанне, якое я яму збіраўся задаць - што ён ведае пра далейшы лёс народнікаў-радзіёнаўцаў пасля пераходу іх на бок партызан? Далей распавядаю са слоў Фёдара.

Калі была дасягнута дамоўленасць аб пераходзе радзіёнаўцаў на бок партызан, прызначаны дзень, час і месца сустрэчы, партызанскае кіраўніцтва высунула ўмовы - расфарміраваць брыгаду, а асабовы склад размеркаваць па розным партызанскім атрадам. Палкоўнік Гіль-Радзіёнаў рашуча адхіліў гэтыя прапановы, як не прымальныя, і высунуў свае: брыгаду, як баявую адзінку захаваць у тым жа складзе; даць гарантыі бяспекі кожнаму салдату; вызначыць раён дыслакацыі брыгады. Але якія гарантыі мог даць камандзір партызанскага атрада? "Пакуль вы будзеце прымаць рашэнне, - сказаў Гіль-Радзіёнаў, - мне трэба вярнуцца ў Докшыцы пакуль дзейнічае сённяшні пароль, забраць штабную дакументацыю і развітацца з начальнікам нямецкага гарнізона." На самай справе ён рашыў разграміць нямецкія гарнізоны ў Докшыцах і ў Круляўшчызне. Свой пераход на бок партызан ён увянчаў бліскучай перамогай над немцамі. Пакуль Гіль-Радзіёнаў граміў нямецкія гарнізоны, Берыя аддаў загад Цанаву радзіёнаўцаў абязброіць і пусціць у расход - растраляць. Месцам для правядзення злачыннай акцыі была выбрана лясная паляна побач з Бягомльскім партызанскім аэрадромам. Фёдар сказаў, што там ужо рылі катлаваны для масавых пахаванняў. Толькі і пасёння не зразумела, як збіраліся апрычнікі Берыі абязброіць узброеную да зубоў, добра абучаную, зладжаную баявую адзінку, якая налічвала 2800 чалавек.

Камандзір партызанскай брыгады «Жалязняк» Ціткоў, якая дзейнічала ў Бягомльскім раёне меў сустрэчы з Гіль-Радзіёнавым і такога паварота падзей не чакаў. Ён тэрмінова адправіў радыёграму Панамарэнку і Сталіну. Адказ з Крамля прыйшоў вельмі хутка. Брыгада Гіля-Радзіёнава пакінута ў тым жа складзе, як самастойная баявая адзінка. Палкоўніку Гілю-Радзіёнаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Увесь асабовы склад брыгады ўзнагароджаны баявымі ордэнамі. Берыя і Цанава часова адступілі. Брыгада паспяхова працягвала змагацца супраць немцаў. Яе не аднойчы кідалі на самыя небяспечныя ўчасткі. Калі Чырвоная Армія стала набліжацца да межаў Беларусі, брыгаду Гіль-Радзіёнава перакінулі ў раён возера Палік у 30 км на поўнач ад Барысава. Там брыгада ўвязла ў цяжкія, працяглыя баі. Трагедыя заключалася ў тым, што на гэтым участку фронта Чырвоная Армія спыніла сваё наступленне і стала рыхтавацца да аперацыі Баграціён. Гэта дало магчымасць немцам зняць з фронта некалькі дывізій і кінуць іх супраць Радзіёнава. Немцы добра ведалі, з кім маюць справу, некаторыя іх камдзівы ведалі яго асабіста. Супраць брыгады дзейнічала нямецкая авіяцыя. Радзіёнаву чакаць дапамогі было неадкуль. Камандаванне Чырвонай Арміі і партызанскага руху раўнадушна назіралі, як гіне брыгада. Тое, што Берыі і Цанаве не ўдалося зрабіць уласнымі рукамі, было зроблена рукамі немцаў. Брыгада нанесла немцам вялікі ўрон, але і сама панесла незлічоныя страты. У адным з баёў каб зручней было кіраваць ім, Радзіёнаў высунуў свой назіральны пункт (НП) на лёд возера. Ад разрыва снарада лёд праламаўся. Па словам Фёдара цяжка паранены камбрыг пайшоў пад лёд. Гэта адбылося ў сакавіку 1944 года, а можа на пачатку красавіка.

Пасля гібелі свайго камандзіра, радзіёнаўцы працягвалі змагацца. Ніхто ў палон не здаўся. Колькі дзён, тыдняў, а можа і месяцаў працягвалася гэта крывавае пабоішча, не ведаю. Калі, нарэшце, прыйшла дапамога, у жывых іх засталося каля 800 чалавек, загінула больш 2000. Усіх, хто застаўся ў жывых, абязброілі і адправілі на Калыму. Што яны адчувалі, можна толькі гадаць.

Такім быў трагічны лёс радзіёнаўцаў і іх мужнага камандзіра палкоўніка Уладзіміра Гіля са слоў прымака Фёдара. Ці ёсць у свеце такая асоба, якая мае дзве вышэйшыя ўзнагароды ад Гітлера і дзве вышэйшыя ўзнагароды і званне Героя Савецкага Саюза ад Сталіна, не ведаю.

І апошняе, магчыма Уладзімір Гіль наш зямляк, беларус? Гіль - прозвішча беларускае.

23. У нашу сям'ю прыйшла бяда

Як я ўжо сказаў, пасля перахода радзіёнаўцаў на бок партызан мы перабраліся ў вёску Забар'е. Там нас прытулілі добрыя людзі, якія пачалі называць нас бежанцамі.

Была восень 1943 года. У Забар'і размяшчалася рота аўтаматчыкаў (так яны называлі сябе самі) 3-га партызанскага атрада брыгады "Жалязняк". Асноўная частка атрада разам з камандаваннем размяшчалася ў вёсцы Будзілаўка. Там служыў і мой старэйшы брат Мікалай. Рота аўтаматчыкаў складалася з добраабучаных байцоў Чырвонай Арміі. Усе яны былі рускія. Праўда, сярод іх быў адзін смуглы баец. Усе называлі яго нацменам. Паводзілі партызаны сябе добра. Мы з імі суіснавалі побач быццам жылі ў адной хаце. З намі пражывала іх трое. Часта яны хадзілі на нейкія заданні. Пасля вяртання снедалі ці вячэралі ў залежнасці ад часу вяртання. Ежу рыхтавалі ў іншай хаце адразу на ўсю роту. Міса супу з іх стала даставалася і мне. Некалькі разоў яны прыносілі бульбу і прасілі маму пасмажыць. Часам садзіліся вакол стала і пачыналі спяваць. Песні былі сумныя, жаласлівыя. Мы сядзелі побач і слухалі. У мамы цяклі слёзы. Я імкнуўся запомніць словы песень. Аднойчы партызаны вярнуліся з задання, і мы ўбачылі, што сярод іх няма "нацмэна". Ён загінуў, аднак яго цела партызаны ў вёску не прынеслі, каб пахаваць. Гэта была адзіная страта за ўвесь час знаходжання роты ў Забар'і.

У сакавіку 1944 года я і мой родны брат Андрэй, які быў старэйшы за мяне на 5 гадоў, адначасова захварэлі тыфам. Наш бацька паспрабаваў звярнуцца за медычнай дапамогай да партызан. Ён ведаў партызанскага лекара Сырнікава, які да вайны працаваў у Бягомлі. Але партызанскае кіраўніцтва ў дапамозе адмовіла. Я і Андрэй ў двух ляжалі на адным ложку без лекаў, без медыцынскай дапамогі. Цікава, што ў хаце больш ніхто не захварэў. Партызаны з нашай хаты ў момант перабраліся ў іншае месца. Зараз я нават і не прыпомню, як мы выкарабкаліся з той хваробы.

Я і Андрэй па-ранейшаму хварэлі, калі да нас у Забар'е верхам на конях прыехалі некалькі партызан. Яны паведамілі, што трагічна загінуў мой самы старэйшы брат Мікалай. Як яны расказалі, Мікалай быў у начным патрулі, а днём адпачываў у хаце. У гэты самы час другі партызан паставіў на падлогу кулямёт для праверкі, па неасцярожнасці націснуў на спускавую скабу і кулямётнай чаргой цяжка параніў соннага Мікалая. Брату ампутавалі нагу па пах. Ён памёр на аперацыйным стале, магчыма ад страты крыві, магчыма ад балявога шоку - аперацыю рабілі без абезбольвання. Перад смерцю ён папрасіў, каб не каралі віноўніка гэтага трагічнага здарэння.

Цела Мікалая партызаны чамусьці не прывезлі. За ім паехалі дзве маіх стрыечных сястры: Аня, якая зараз жыве ў Мінску, і Марыля, якая зараз у Малдове. Бацька не паехаў сам, таму што трэба было зрабіць труну і выкапаць магілу, а ў час вайны гэта было складана зрабіць. Прывезлі цела Мікалая ў суправаджэнні партызан. Памятаю, як бацька запытаў: "А дзе ампутаваная нага?" Партызаны паабяцалі прывезці яе і слова стрымалі. Калі абмывалі цела, з яго выпадалі кулі. Труну з нябожчыкам паставілі ў тым жа пакоі, у якім стаяў ложак, дзе ляжалі хворыя я і мой брат Андрэй, толькі ў супрацьлеглай сцяны. Мы былі так знясілены хваробай, што не маглі самастойна стаяць на нагах. Нас, падтрымліваючы пад рукі, па чарзе падвялі да труны для развітання. Не ведаю, што адчуваў Андрэй (яго ўжо няма ў жывых, трагічна загінуў у 1984 годзе), што ж тычыцца мяне, то ў маім сэрцы, на маёй душы было пуста. Я быў не ў стане ўсвядоміць трагічнасці моманту, таго што я больш ніколі не ўбачу свайго брата. У мяне нават не навярнуліся на вачах слёзы. Я быў так дакананы хваробай, так ёй прыгнечаны, што мне хацелася аднаго - хутчэй вярнуцца ў свой ложак. Толькі мама горка плакала. У хату сабралася шмат знаёмых і незнаёмых людзей. Пахаванне адбылося ціха, на змярканні, каб пазбегнуць абстрэлу. Пахавалі Мікалая ў Вітунічах побач з тым месцам, дзе яшчэ нядаўна стаяла царква, якую спалілі партызаны ў лістападзе 1942 года. Царква праіснавала нядоўга, была адчынена пры немцах у ліпені 1941 года, а да той пары служыла калгасным сховішчам.

Калі я ўжо быў афіцэрам і прыязджаў на адпачынак у сваю вёску Нябышына, абавязкова наведваўся ў Вітунічы на магілу брата. Аднойчы я прыйшоў туды, але магілы брата не адшукаў. Зніклі ўсе магілы (там было некалькі пахаванняў). Я ўбачыў толькі роўнае месца. Мама мне патлумачыла, што перад нейкай гадавінай Перамогі ўсе магілы ўскрылі і загінулых перазахавалі ў агульную магілу на якой паставілі помнік. Калі быць дакладным - маці сказала, што на новай магіле паставілі бетонны слуп. Я бачыў той помнік, на ім напісана некалькі прозвішчаў, але прозвішча Мікалая Копыла там не значылася. Маці дадала, што на перазахаванне нікога з сваякоў не запрасілі, дзе чыя магіла - не ўдакладнялі. Нікога не запрасілі і на адкрыццё помніка. Пра ўсё, пра перахаванне маці даведалася пазней. Ёй было крыўдна - была магіла сына і раптам яе не стала, зруйнавалі.

Калі маці памерла, я доўгі час не наведваўся ў сваю вёску бо служыў вельмі далёка, у Кіраўскай вобласці. Пасля звальнення я вярнуўся на сваю радзіму ў Беларусь і праз некаторы час я ўзяўся за справу, каб вярнуць імя брата на помнік, які ўсталяваны на брацкай магіле ў Вітунічах. У савецкі час усе пытанні вырашыла КПСС. Таму я адаслаў ліст у Докшыцкі райкам КПБ. Атрымаў адмоўны адказ, накіраваў другі ліст. На гэты раз у архіве знайшліся звесткі пра майго брата - партызана. На помніку з'явілася імя Мікалая: "Копыл Н.Ф." Цяпер у мяне ёсць месца, куды пакласці кветкі.

24. Зноў блакада

Чырвоная Армія наступала вельмі марудна. Толькі на пачатку 1944 года яна ўступіла на тэрыторыю Беларусі.

У гэты час я і мой брат Андрэй пайшлі на папраўку, хвароба адступала сама па сабе. Я ўжо самастойна выходзіў на вуліцу, садзіўся на прызбу і грэўся на сонцы. Але ў гэты час і ў Забар'і стала жыць неспакойна. Немцы пачалі дзейнічаць больш актыўна, каб засцерагчы ад партызан свае тылы ў прыфрантавой паласе, бамбілі навакольныя лясы. Дзякуй Богу, вёску яны не чапалі. Калі і пралятаў над вёскай самалёт, то вельмі нячаста. Аднойчы я сядзеў на прызбе сваёй хаты, калі над вёскай з'явіўся нямецкі самалёт. Неба было хмарнае, і ён ляцеў не надта высока. Зрабіў над вёскай круг і на другім зыходзе скінуў бомбу. Я бачыў, як яна падала, не вертыкальна ўніз, а пад нахілам у напрамку палёта самалёта. Бомба ўдарыла ў прасценак паміж вокнаў суседняй хаты і ўпала побач на зямлю. Выбух не адбыўся. Партызаны тую бомбу адвезлі кудысьці за вёску. Гаспадарамі пацярпелай, і ў той жа час шчаслівай, хаты былі Фаміны. Яны прытулілі ў сябе сям'ю Сідара Маскалейчыка з нашай вёскі Нябышына, неразлучнага сябра майго бацькі. З іх сынам Мішам сябраваў і я. Але хадзіць да Фаміных баяўся. У іх хаце быў на пастоі нейкі партызанскі чын, па прозвішчу Аксючыц. Ён заўсёды быў п'яны, да ўсіх чапляўся, пагражаў пісталетам. Усе насельнікі хаты жылі ў страху і небяспецы. Асабліва пакутавалі дзве дачкі Фаміных і старэйшая дачка дзядзькі Сідара. Таму ні я да Мішы, а Міша да мяне прыходзіў гуляць. Калі я захварэў, Мішу да мяне перасталі пускаць, каб не заразіўся тыфам. Калі б бомба выбухнула, усе яны маглі загінуць.

Мае бацькі некалькі разоў таемнымі сцежкамі хадзілі ў Нябышына, каб пасадзіць агарод. Мяне і Андрэя яны адводзілі ў лес за Забар'е і там астаўлялі. Вярталіся яны позна вечарам і забіралі нас. Нашы бацькі маглі не вярнуцца назад, маглі апынуцца ў руках немцаў ці паліцаяў. Аднойчы той лес, у якім нас пакінулі бацькі, сталі бамбіць нямецкія самалёты. Мы схаваліся ў яму, якая на шчасце была побач. Калі бамбёжка закончылася, мы не здолелі выбрацца з той ямы, не хапіла моцы. Сцямнела. З ямы мы бачылі кавалак неба, на якім ужо ззялі зоркі. Нарэшце з'явіўся бацька і выцягнуў нас. У вёсцы было бяспечней, але бацькі нас адводзілі ў лес на выпадак, калі раптам у іх адсутнасць вёску Забар'е займуць немцы.

Распаўсюдзіліся слухі, што немцы рыхтуюць чарговую блакаду. Аднойчы мы заўважылі, што з вёскі Забар'е зніклі апошнія партызаны. Мясцовыя жыхары адчулі палёгку, а мы, бежанцы, наадварот, адчулі небяспеку: раз партызаны ўцяклі, то гэта прамы сігнал, што вельмі хутка тут будуць немцы. Як звычайна, партызаны нас пра небяспеку не папярэдзілі. Мой бацька вырашыў перажыць чарговую блакаду ў лесе і на балоце. Мясцовыя ж жыхары не прыдалі значэння небяспецы, засталіся ў вёсцы, угаварвалі нас застацца. Але ў нас ужо быў вопыт: у першую блакаду ўсе, хто пакінуў вёску, засталіся ў жывых, а хто застаўся ў ёй - загінулі. У адзін з дзён мы пакінулі Забар'е, а на наступны дзень прыйшлі немцы. Не знайшоўшы ў вёсцы партызан, яны пайшлі далей, вяскоўцаў не чапалі, ніхто не пацярпеў. А мы забраліся ў глыб балота, спадзяючыся, што там нас ніхто не знойдзе. Усяго ў нашай групе было 15-20 чалавек. Магчыма на трэці дзень нашага блукання мы сядзелі на балотных купінах, адпачывалі, як раптам убачылі немцаў. Мужчыны і старэйшыя падлеткі непрыкметна кінуліся ў непралазны хмызняк. Немцы гэтага не заўважылі. Жанчыны і дзеці засталіся на месцы. Мы сядзелі ціха без мітусні, чакалі, што будзе. Немцы рухаліся калонамі па аднаму, між калонамі была шарэнга. Колькі было тых калон - не злічыць. Калі немцы дайшлі да нас то прыпыніліся. Яны паводзілі сябе спакойна. Цераз перакладчыка афіцэр запытаўся ў жанчын, дзе зараз іх мужы? Усе дружна адказалі, што мужчыны на вайне.

Потым ён паказаў на майго брата Андрэя і запытаўся, колькі яму гадоў. Маці адказала, што яму споўнілася 11. Насамрэч яму было 15 гадоў, але пасля хваробы ён меў выгляд, варты жалю. Як выглядаў я - не ведаю, не было люстэрка, каб паглядзецца. Потым перакладчык сказаў, каб мы вярталіся ў сваю вёску, ніхто там нас не кране, там больш бяспечна, там няма страляніны. Перакладчык быў у чырвонаармейскай форме без пагон. Разам з немцамі быў каржакаваты мужчына, апрануты па-вясковаму. Ён у наш бок прамовіў: "Усыпаць бы вам па спіне бізуноў". "За што?" - не ўстрымалася цётка Анэта. "А каб не ўцякалі", - адказаў ён па-беларуску. Немцы пайшлі далей, а мы засталіся сядзець на балотных купінах. Не надта далёка страляў нямецкі 6-ствольны мінамёт. Мы яго называлі "шараваркай". Калі вярнуліся мой бацька, дзядзька Сідар і ўсе астатнія, мы, паверыўшы немцам, вярнуліся ў Забар'е. Нас сустрэла гаспадыня хаты. У вёсцы панаваў спакой. Больш мы ўжо не бачылі ні немцаў, ні партызан, не чуваць было страляніны, перасталі лётаць самалёты.

25. Вызваленне

Дакладна не магу сказаць колькі часу мы жылі вольна - без немцаў і без партызан - можа тыдзень, можа два. У адзін ясны, цёплы дзень у вёску Забар'е ўвайшла частка Чырвонай Арміі. Было шмат салдатаў, аўтамабілі - "студабекеры", гарматы, кацюшы і некалькі танкаў. Дзякуй Богу вёску не абстрэльвалі. За ўвесь час акупацыі ў Забар'і не згарэў ніводны дом. Жыхары вёскі сустракалі Чырвоную Армію вельмі стрымана. Я не бачыў, каб людзі кідаліся да вызваліцеляў у абдымкі з пацалункамі, каб кідалі на браню букеты палявых кветак, каб выходзілі насустрач з чыгунком гарачай бульбы ці збанком малака. Ды і не было з чым сустракаць. Партызаны выграблі ўсё да апошняга кураня, да апошняга зерня. Людзі моўчкі глядзелі на ваенную калону цераз платы сваіх двароў. Калона прайшла праз вёску Забар'е і спынілася ў вёсцы Туменцы, да якой было ўсяго паўкіламетра. Мне вельмі хацелася паглядзець на кацюшы зблізку, і я пабег туды. У лічаныя хвіліны ля ваеннай тэхнікі сабраліся падлеткі двух суседніх вёсак. Нам пашанцавала. З адной устаноўкі салдаты знялі брызентавы чахол і сталі рыхтавацца зрабіць залп у бок Вітуніч і Нябышына. Потым афіцэры параіліся паміж сабой і залп адмянілі. Устаноўку зачахлілі, і калона рушыла далей.

Вось такім я запомніў дзень нашага вызвалення.

Верагодна дзесьці было інакш, але ў нас было так.

26. Вяртанне дадому

На наступны дзень пасля прыходу Чырвонай Арміі мы адправіліся ў сваю вёску. Нам здавалася, што ў мінулым засталіся усе пакуты акупацыі, жыццё на балоце, партызанскае і паліцэйскае рабаўніцтва, голад, холад, хваробы, страты блізкіх людзей. Як жа мы памыляліся!

Мы падыйшлі да берага ракі Поні і ўбачылі роднае Нябышына. Яно была спалена да тла. У восень 1943 года мы пакінулі вёску цэлай. У першую блакаду немцы спалілі 4 крайнія хаты, у тым ліку і нашу за тое, што з нашага двара партызаны адкрылі страляніну. Хто на гэты раз спаліў усю вёску, ці немцы ці партызаны, невядома. Людзі нават спрачаліся, хто з іх злачынца. Вёска мела стратэгічнае значэнне для немцаў, ім было выгадна, каб яна заставалася цэлай. Пад прыкрыццём вёскі яны маглі ўшчыльную наблізіцца да ракі Поні з боку Докшыц, пераправіцца на правы бераг і стварыць прамую пагрозу партызанам. Партызаны добра ведалі пра гэту небяспеку. Каб засцерагчыся ім было выгадна спаліць вёску. Гэтым самым яны пашыралі далягляд да 2 км. Немцы ў гэтым выпадку ўжо не маглі падыйсці непрыкметна да ракі.

Нарэшце мы прыйшлі на сваё папялішча. Яно ўжо зарасло травой. Бацька сказаў: "Нічога, адбудуемся. Галоўнае - мы жывы, хоць і не ўсе." Ён меў на ўвазе смерць Мікалая. "Я паставіў перад сабой мэту - выжыць і вас зберагчы. І мы гэтага дасягнулі, - прадоўжыў свой маналог бацька. - Гэта большае геройства і мужнасць, чым абстраляць з засады нямецкую машыну, ці забіць немца з-за вугла". Потым, калі я ўспамінаў гэтыя словы, я пагаджаўся з імі. Мне не зразумела, для чаго Аляксандр Матросаў закрыў амбразуру сваім целам. Можна ж было закрыць яе шынялём, бушлатам, ці закінуць у амбразуру гранату.

Але вернемся да пяпялішча. Бацька азірнуўся наўкола, а потым бадзёра прамовіў: "Хопіць марнаваць час, пачынаем будаваць жыллё". Ён узяў у рукі сякеру і высек некалькі жардзін, лес быў побач. На гумне ў нас цудам уцалела капешка саломы. Да канца дня мы пабудавалі прасторны, утульны шалаш. Вечарам да нас завітаў мой стрыечны брат Міша Ананіч. Мы яго з ахвотай прынялі ў свой шалаш, месца хапіла ўсім. Мішу было 14-15 гадоў. Ён прыйшоў да нас з непустымі рукамі. На правым плячы ў яго вісеў нямецкі карабін, а на левым - вялікая торба з патронамі. Той карабін нас здорава выручаў. Міша вельмі хутка стаў трапным стралком. Ён страляў птушак, забіваў зайцоў і нават пры дапамозе стрэла глушыў рыбу. Я збіраў шчаўе ці свірэпу, і з усяго гэтага маці варыла вельмі смачную ежу. Міша і мяне навучыў метка страляць.

На наступны дзень да нашага шалаша прыехала раённае начальства з Бягомлі. Чыны загадалі майму бацьку: "Цябе ад пасады старшыні калгаса ніхто не адхіляў, прыступай да працы, падымай калгас". Як мне помніцца, размаўлялі злосна, у адказ не далі нічога сказаць. Але як падымаць? Няма ні мужчын, ні коней, ні інвентара, ні насення. Замест хат і гаспадарчых будынкаў засталіся адны папялішчы. Як толькі чыноўнікі з'ехалі адразу да нас прыбег мой сябра Лёня, сын старасты Кастуся Шульгата і разгублена звярнуўся да майго бацькі: "Дзядзька Піліп, прыехалі НКУСаўцы забіраць нашага тату". Мой бацька пабег яго ратаваць.

У той жа дзень мой бацька сабраў людзей, каб параіцца з імі, што рабіць далей, як падымаць калгас. Я быў разам з ім. На вуліцы ляжала тоўстае бервяно і людзі садзіліся на яго. Каму не хапіла месца сядзелі на траве. Тут былі старыя людзі, калекі. З тых, каго я запомніў, сярод іх былі Нікіфар, дзядзька Лаўрэн, Цімафей, Пётр і Міша Кузьмічы, Сідар і Змітрок Маскалейчыкі, Мікіта, Косця Паўловіч, дзед Барыс. Прыйшло некалькі жанчын. Выслухаўшы майго бацьку, людзі абурыліся. Хтосьці сказаў: "Піліп, няўжо зноў у нас будзе гэты нянавісны калгас, зноў галеча? Мы нават пры немцах жылі лепш, пакуль не з'явілася гэтая партызанская нечысць". Усе разам загаманілі. Гэтыя жорсткія словы вырашылі лёс майго бацькі.

27. Мой бацька пайшоў на фронт

Пад уражаннем размовы з вяскоўцамі мой бацька на наступны дзень паехаў у Бегомлю да першага сакратара райкама партыі Манковіча. Яны добра ведалі адзін аднаго. Да вайны не аднойчы сустракаліся на раённых нарадах. У часы акупацыі Манковіч быў камісарам партызанскай брыгады "Жалязняк". Вярнуўшыся з Бягомлі, бацька расказаў, як прайшла сустрэча. Мы сядзелі каля вогнішча і слухалі. Я прывяду ўрывак з яго аповеду, які мне найбольш запомніўся.

Бацька: (Прывітаўшыся) Сцяпан Сцяпанавіч, я зайшоў да Вас, каб сказаць, што адмаўляюся ад пасады старшыні калгаса. Буду працаваць шараговым калгаснікам.

Манковіч: Мы тут не ў цацкі гуляем. Партыя загадала.

Бацька: (Перабівае) Прабачце, я - беспартыйны.

Манковіч: Скажы дзякуй, што ты да мяне зайшоў, што я цябе добра ведаю, мог бы загрымець...

Бацька: Сцяпан Сцяпанавіч, не будзем марнаваць час, я для сябе прыняў цвёрдае рашэнне, я настойваю на сваім.

Манковіч: (стукнуўшы далонню па сталу) На фронт пойдзеш!

Бацька: Я не прыгодзен да службы па стану здароўя.(На Першай сусветнай вайне яго кантузіла, таму ў яго быў дрэнны слых.)

Манковіч: Гэта мы будзем вырашаць, годзен ты да службы ці не.

Бацька: Мой узрост не прызыўны.

Манковіч: І з узростам разбярэмся. Людзі за радзіму кроў праліваюць, змагаюцца з фашызмам, а ты прыкрываешся станам здароўя, узростам. Заўтра к 12.00 быць у райваенкамаце. Я туды патэлефаную.

Бацька працягваў расказ, але мяне паклікаў Міша. Ён паказаў мне каршуна, які спакойна сядзеў на вершаліне сасны. Міша даваў мне стрэліць ужо некалькі разоў. Я нават трапляў у бляшанку з-пад кансерваў. Ён аддаў мне ў рукі карабін і сказаў, каб я пастараўся пацэліць у птушку. І я пацэліў, каршун упаў на зямлю. На вячэру мама зварыла бацвінне з птушыным мясам. Каршун быў вельмі тлусты.

Раніцай бацька абняў нас па чарзе і пайшоў у Бягомлю аселіцамі, каб не сустракацца з людзьмі. Мы засталіся ў шалашы. З фронту ад бацькі прыходзілі лісты. Мама іх чытала ўслых. Пасля траўня 1945 года мы лічылі дні, калі ён вернецца дадому. Але, як высветлілася, СССР і яго непераможная Чырвоная Армія без майго бацькі не маглі дабіць Японію.

Ён загінуў 19 жніўня 1945 года ў Манчжурыі пад горадам Мукдэнам.

28. Выпадковыя ахвяры

Такім чынам, Чырвоная Армія вызваліла нашу мясцовасць ад немцаў, акупацыя закончылася. Людзі паціху сталі вяртацца ў вёску. Дарослыя хадзілі на працу ў калгас, а ў вольны час ладкавалі сваё жыццё. Мы, дзеці, засталіся без нагляду. Бацькі папярэджвалі нас, каб мы не хадзілі ў лес па грыбы ці па ягады - там яшчэ блыталіся адстаўшыя ад фронту немцы. Гэтак сама ў 1941 годзе мы баяліся адстаўшых чырвонаармейцаў. Але мы не надта слухаліся бацькоў. Мы збіраліся ў купку і шукалі "трафеі". Паколькі баёў вакол нашай вёскі не адбывалася, то і трафеі былі бедныя: бляшанкі з-пад кансерваў, драўляныя скрынкі, картонныя каробкі. Усё гэта мы неслі ў свае двары. Трапляліся і больш небяспечныя цацкі. Я ўжо пісаў, што ў майго стрыечнага брата быў нямецкі карабін і запас патронаў.

Адзін 10-гадовы падлетак знайшоў ракетніцу. Яна была зараджана. У час гульні ён націснуў на курок, адбыўся стрэл і сігнальнай ракетай другому падлетку прапаліла штаны і абпаліла скуру на назе. Віноўнік уцёк дадому, а пацярпелы, наадварот, баяўся паказацца на вочы бацькам, але не з-за раны, а з-за прапаленых штаноў.

Аднойчы я асабіста сам правёў небяспечны эксперымент. Я разабраў вінтовачны патрон, адсыпаў частку пораху, прапіхнуў кулю ўнутр гільзы, а зверху насыпаў порах. Потым порах падпаліў сярнічкай. Адбыўся стрэл. Куля паляцела ўвышыню на 15-20 метраў. На гэтым мае прыгоды не закончыліся. Я падняў кулю і вырашыў выплавіць з яе свінец на грузіла для вуды. Але куля была разрыўная, адбыўся выбух, вогнішча раскідала. Дробныя асколкі прадзіравілі мае штаны і ўпіліся ў скуру ног. Пацякла кроў. Невялічкія асколкі жалеза я павыкалупваў лязом нажа. Не толькі маці, але нікому пра гэты выпадак я не расказваў. Пішу пра гэта ўпершыню.

Сярод нашых знаходак часта былі капсулі-дэтанатары для толавых шашак. Мы іх кідалі ў агонь і разбягаліся ў розныя бакі. Бывала, што хто-небудзь кідаў у вогнішча патрон ці дэтанатар непрыкметна. І калі знянацку адбываўся выбух, мы былі вельмі напалоханыя.

Але не ўсё нам сыходзіла з рук. Былі выпадкі вельмі трагічныя, са смяротным канцом. Так 11-гадовы хлапец (звалі яго Ваня) знайшоў унітарны пушачны боепрыпас - снарад. Ён прынёс яго на свой двор і стаў аддзяляць снарад ад гільзы. Маці была на працы. Хутка вакол Вані сабраўся цэлы натоўп падлеткаў. Ваня стукаў боепрыпасам аб зямлю, выбух мог адбыцца ў любы момант. Вынік быў бы непапраўны. Магчыма і я не пісаў бы гэтыя радкі. Нас ад немінучай гібелі выратавала тое, што боепрыпас быў фугасны, узрывацель быў закрыты металічным калпачком. Нарэшце гільза аддзялілася. Яна была запоўнена доўгім Як макарона, порахам, даўжынёй 15-20 см. У гэты час на двор зайшоў 14-гадовы хлопец Валодзя (зараз ён жыве ў Бягомлі). Ён у сваёй руцэ трымаў толавую шашку з капсулем-дэтанатарам. Не хапала бікфордавага шнура. Убачыўшы доўгі порах ён палічыў, што ім можна замяніць бікфордаў шнур і прапанаваў падараваць шашку. Яе вага хутчэй за ўсё складала 200 г. Мы ўсе накіраваліся за вёску ў бок могілак. Уладальнік шашкі скруціў з махоркі цыгарку, замацаваў у капсуль адну трубачку пораху і падпаліў яе. Порах задыміўся і патух. І тут на дапамогу прыйшоў Ваня: "Давай я падарву, у цябе рукі дрыжаць." Мы на ўсякі выпадак адбеглі на 25-30 метраў і, заляглі. Ваня надзейна падпаліў порах і імгненна ў яго руках адбыўся выбух. Ваня загінуў. Ён быў адзіным дзіцём у сям'і. Мы з перапалоху разбегліся хто куды.

З гэтага здарэння мы не зрабілі высноў. Праз некалькі дзён другі хлопец, якому было гадоў 14-15, знайшоў супрацьтанкавую гранату. Ён сабраў нас і павёў да ракі глушыць рыбу. На беразе ён выняў засцярагальную чаку і кінуў гранату на сярэдзіну ракі. Але выбух не адбыўся. Тады ён раздзеўся і нырнуў у ваду. Я не памятаю як гэтага хлопца звалі, таму што ён быў нашмат старэйшы за мяне. Адшукаўшы гранату, ён вылез на бераг. У яго хапіла розуму папярэдзіць нас, каб мы адышлі на 30-40 м і заляглі, што мы ўсе і зрабілі. У момант замаху для кідка граната выбухнула. Хлопца разнесла ўшчэнт. Гэта было жудаснае відовішча. Мы ляжалі за купавінамі, баяліся паварушыцца. Ён таксама быў адзіным дзіцём у маці. Якраз у гэты час вербавалі людзей для засялення горада Кенігсберга, і Вольга, яго маці, ад'ехала туды адразу пасля пахавання сына. Міліцыя па гэтых няшчасных выпадках ніякага следства не праводзіла і нават не прыязджала ў вёску. Магілы гэтых двух хлапцоў знайсці ўжо немагчыма.

29. Я адмовіўся помсціць

Праз некалькі тыдняў, калі фронт быў ужо далёка на захадзе, праз нашу вёску рухалася невялікае армейскае падраздзяленне, чалавек у 20-25 на 8-10 павозках. У кожную павозку было запрэжана па два кані. На нашым гумне яны спыніліся на прывал, распалілі паходную кухню, сталі рыхтаваць сабе абед. Я тут жа падключыўся да іх, стаў збіраць і падносіць дровы. За гэта атрымаў чарпак супу, які налілі ў салдацкі кацялок, а ў накрыўку ад кацялка паклалі кашу. Ежа была смачная. Сярод салдат быў палонны немец. Ён атрымаў на абед такую ж порцыю, як і ўсе. Пасля абеда камандзір стаў са мной размаўляць - колькі мне гадоў, дзе мой бацька. Потым запытаўся, ці ёсць у нашай сям'і загінулыя ў часы акупацыі. Я адказаў: "Так, ёсць", - і пералічыў усіх загінулых сваякоў. Ён сказаў, што наша сям'я моцна пацярпела ад акупантаў. Запытаўся, ці ўмею я страляць. Я адказаў, што ўмею. Афіцэр даў мне карабін і сказаў, што я за ўсё магу адпомсціць, магу застрэліць палоннага немца. Немец насцярожыўся, магчыма ён зразумеў, аб чым ідзе гаворка. Я зірнуў на яго, а ён глядзеў на мяне шырока расплюшчанымі вачамі. Мне не хацелася помсціць ні гэтаму немцу, ні любому іншаму. Я сказаў афіцэру, што маіх сваякоў забілі паліцаі. Я хацеў яшчэ дадаць, што брата Мікалая забілі партызаны, але ён мяне спыніў і ўдакладніў, што немцы і паліцаі - усе яны фашысты. Мне стала не па сабе, заныла пад лыжачкай. Я паклаў карабін на зямлю, кінуўся на ўцёкі і прасядзеў у кустах, пакуль салдаты не пакінулі наша гумно. Я пра гэта нікому не расказваў. І калі зараз прыпамінаю той выпадак, то з павагай стаўлюся да сябе. Я ўспамінаю таго немца і думаю, ці ўдалося яму выжыць і вярнуцца на сваю радзіму ў Нямеччыну. І яшчэ, я ўспамінаю таго савецкага афіцэра, які паспрабаваў укласці зброю ў рукі 10-гадовага падлетка і скалечыць яго дзіцячую душу. Дзякуй Богу, мая мараль аказалася вышэй за мараль таго афіцэра, хоць слова "мараль" я тады яшчэ не ведаў.

30. Жыццё працягваецца

Бацька пайшоў на фронт, а мама, брат Андрэй і я засталіся ў шалашы. Жыццё працягвалася. Але якое гэта было жыццё? Гады акупацыі ў параўнанні з ім маглі здацца раем. Нас чакалі цяжкія выпрабаванні. Знайшоўся бацька Мішы, і мой стрыечны брат разам са сваім карабінам пакінуў наш шалаш. Мы пазбавіліся, хоць і мізэрнага, але мяснога рацыёна, які ён здабываў для ўсіх нас. Маму і брата Андрэя штодзённа ганялі на працу ў калгас. За гэта не плацілі, толькі ставілі палачкі-працадні. Палеткі пуставалі, таму што па віне партызан не было магчымасці восенню 1943 года пасеяць азімыя, а вясной 1944 года - яравыя. Партызаны лічылі, што ўраджай можа дастацца немцам. Тое, што ўдалося пасадзіць у сваіх агародах, рызыкуючы сваім жыццём, не вырасла без дагляду. На перадзе нас чакала халодная і галодная зіма і яшчэ больш галодная вясна. З Бягомльскай МТС прыгналі калёсны трактар ХТЗ, пачалі араць поле, рыхтаваліся да сяўбы азімых. Мы, падлеткі, пільна сачылі, калі будуць араць поле дзе ранней расла бульба. Мы збіралі марожаную, гнілую бульбу, якую называлі "лапуны", таму што лупіна лёгка здымалася. З такой бульбы мы пяклі чорныя, цвёрдыя ляпёшкі. Але тады здавалася, што яны вельмі смачныя. У першыя пасляваенныя гады ўдосталь наеліся травы.

Сем'і, у якіх былі мужчыны, пачалі будаваць сабе хаты. Першым пабудаваўся Аляксей Ляўко. Ён быў добрым цесляром. Пабудавалі сабе хаты Пётра Кузьміч, Кастусь Шульгат, Міша Кузьміч, які стаў старшынёй калгаса. Мы, як і шмат іншых сямей, заставаліся жыць у шалашах і часовых пабудовах. На двары ўжо стаяла сярэдзіна жніўня 1944 года. Пара было рыхтавацца да школы. Мая хросная мама Юстына была добрай швачкай. У яе нейкім цудам збераглася даваенная швейная машына, і яна пашыла мне штаны з нямецкай маскіровачнай плашч-палаткі. На ўзлесках, уздоўж дарог мы збіралі адзенне і абутак, кінуты чырвонаармейцамі ці немцамі, нават драныя, без падэшвы. Падэшвы мы высякалі і выстругвалі з асінавых чурак па форме і размеру ног і цвікамі прыбівалі к халявам. У такім абутку хадзіць нязручна, але іншага выйсця не было. Аднойчы мы знайшлі парашут, жанчыны пашылі з яго блузы, кофты, фіранкі.

31. Другі раз у першы клас

Наступіла 1-га верасня 1944 года. Я пайшоў у першы клас Нябышынскай сямігадовай школы, пайшоў у першы клас другі раз. Мне споўнілася 10 гадоў. У першым класе мне рабіць было нечага. Але ў нашай школе былі створаны толькі 1-шы і 4-ты класы. 2-га і 3-га класаў не было, так распарадзілася вайна. У школу я пайшоў з шалаша. Не было ні зэдліка, ні стала. Школу размясцілі ў хаце Аляксея Ляўко. Замест парт стаялі доўгія вузкія сталы і такія ж лавы. На лаве нас умяшчалася 6-8 чалавек. Першакласнікаў налічвалася 25-30 чалавек, а вучняў 4-га класа - 10-12 чалавек. На ўвесь клас было два ці тры буквары. Два класы вучыла адна настаўніца. Быў і дырэктар школы па прозвішчу Шылоў. Ён быў дырэктарам нашай школы да вайны і зараз разгарнуў дзейнасць, каб пабудаваць у Нябышына новую прасторную школу. І ён свайго дасягнуў, будаўніцтва пачалося. Школы яшчэ не было, а мы ўжо па перыметру школьнай тэрыторыі пасадзілі дрэвы, якія растуць там і зараз. Школу пабудавалі. Яе адчынілі на першае верасня 1949 года. Але дырэктар школы Шылоў гэтага не дачакаўся. Яго забілі ў канцы траўня 1945 года. Як нам казалі, гэта здзеснілі "зялёныя" ці "лясныя браты" - змагары супраць савецкай улады. Дырэктара пахавалі ў Бягомлі. Мы, школьнікі, у пахаванні не ўдзельнічалі, бо ад нашай вёскі Нябышына да Бягомлі 15 км. Аўтобусы ў той час не хадзілі.

У канцы верасня 1944 года пасля ранення вярнуўся з вайны наш сусед Зміцер Маскалейчык. Да вайны ён працаваў калгасным шафёрам. Ён разумеў, што да наступлення халадоў пабудаваць хату немагчыма, мала часу, а перазімаваць неяк трэба. Тады ён сабраў больш-менш працаздольных суседзяў і агульнымі намаганнямі за 2-3 дні быў выкапаны катлаван глыбінёй не менш метра і плошчай 10-12 кв.м. На гэтым месцы пабудавалі зямлянку. У зямлянцы размясціліся некалькі сям'яў, у тым ліку і мы. З шалашом я развітаўся. У зямлянцы было цяплей, але не было ўмоў, каб падрыхтаваць урокі. Спалі на саломе, не распранаючыся. Пакутавалі адным словам.

На прыканцы кастрычніка, а можа на пачатку лістапада дзядзька Лаўрэн закончыў будаўніцтва сваёй хаты. Гэта была не хата, а хатка, і ўсё ж лепш, чым зямлянка. Дзядзька Лаўрэн прытуліў некалькі сям'яў, у тым ліку і нашу. Мы спалі на глінабітнай падлозе на саломе. На дзень салому ўбіралі. Мы па-ранейшаму спалі ў верхнім адзенні. Сподняй бялізны не было, як не было і прасцін. Але для мяне самым галоўным было тое, што ў мяне з'явілася магчымасць рабіць урокі за сталом. Акрамя таго ў хаце была печ, ля якой можна было пагрэцца. Вёска пакрысе будавалася і хутка ў дзядзькі Лаўрэна засталіся толькі мы. Дзядзька Лаўрэн змайстраваў двухпавярховыя нары, і больш на падлозе ніхто не спаў. Тая хацінка стаіць і зараз, там дажывае свой век дачка Лаўрэна, мая стрыечная сястра Вера.

У снежні 1944 года ў нас з'явіўся яшчэ адзін настаўнік - Пётра Аляксандравіч Бобрык. Ён вярнуўся з вайны інвалідам, не было нагі вышэй калена. Пакуль яму рабілі пратэз, мы кожны дзень вазілі яго ў школу на працу на саначках і пасля заняткаў дадому. Бывала саначкі перакульваліся, але ён за гэта на нас не крыўдзіўся.

32. Хвароба за хваробай

Вайна, тым часам адсунулася далёка на захад за межы нашай краіны. Пасля таго, як Чырвоная Армія вызваліла нас ад нямецкай акупацыі, партызанскага самадурства і бязмежжа, мы неяк расслабіліся. Тут і насунулася на нас новая навала - хваробы. Першай хваробай, якая напала на дзяцей была свінка. На нашых тварах ад вуха да вуха цераз падбародак утварылася ці нейкая пухліна, ці ацёк. Магчыма хвароба перадавалася ад аднаго да другога. Але нікога гэта не хвалявала, ні настаўнікаў, ні бацькоў. Ніякай медычнай дапамогі мы не атрымлівалі. Не паспелі мы ачуняць ад адной хваробы, як прыйшла новая. На гэты раз усе дзеці перахварэлі на адзёр. І зноў медычнай дапамогі не дачакаліся. Шмат хто перахварэў малярыяй, у тым ліку і мой брат Андрэй. Ён медычную дапамогу атрымаў, таму што яму споўнілася 15 гадоў, і ён змог самастойна дабрацца да Бягомлі і наведацца ў паліклініку да лекара. Яму прапісалі прымаць пілюлі хіны. Мама нават пафарбавала хінай у жоўты колер фіранкі на вокны з парашутнага шоўку.

Нязносныя пакуты нам прычыняла кароста. Мы, карослівыя, сядзелі на ўроках і ўвесь час чухаліся, сорамна было паказаць рукі, хавалі іх пад сталом. І зноў ніякай медыцынскай дапамогі і ніякіх парад. Выратаваў мяне дзядзька Лаўрэн, ён узяўся за маё лячэнне. Ён толькі што пабудаваў лазню, добра яе напаліў, потым абстрыг мяне поўнасцю. Я прапацеў, абмыўся. Маё чыстае цела з галавы да ног дзядзька Лаўрэн намазаў калёсным дзёгцем. Гадзіны дзве я прасядзеў у цёплай лазні, потым апрануўся ў самае горшае адзенне і два дні прасядзеў у хаце. Потым зноў была лазня. Я адмыўся ад дзёгця і выйшаў з лазні чысты - каросты як не было. Вось такім стаўся для мяне першы пасля вызвалення год. А вайна працягвалася.

33. Чакаем Сяргея

Заставаўся невядомым лёс майго старэйшага брата Сяргея, 1926 года нараджэння. Ён і яшчэ некалькі юнакоў з нашай вёскі пасля заканчэння сямігадовай школы ў 1940 годзе па набору паехалі ў Ленінград на вучобу ў ФЗУ. Там іх і застала вайна. Пасля вайны ўсе хлопцы, акрамя нашага Сяргея, вярнуліся дадому. Яны расказалі, што Сяргей памёр з голаду ў іх на руках. Ён не змог есці не толькі чалавечыну, але нават сабак, кошак, пацукоў. Дзе ён пахаваны і ці пахаваны ўвогуле, яны не ведаюць. Не хацелася верыць, што Сяргея больш няма. Асабліва балюча гэта было для мамы.

34. Дзень Перамогі

Якім ён запомніўся? Справа ў тым, што я яго ўвогуле не памятаю. Мне нават давялося пацікавіцца, які гэта быў дзень тыдня. Калі не памыляюся, 9 траўня 1945 года была серада. У гэты дзень усе мы былі на занятках. Але настаўнікі нам не сказалі, што мы нарэшце дачакаліся дня перамогі. Магчыма яны пра гэта не ведалі. Звесткі пра тое, што немцы капітуліравалі, да нашай вёскі дайшлі значна пазней. У нас не было радыё, яно з'явілася ў нашых хатах праз 10-15 гадоў. Звесткі пра перамогу, пра канец вайны наша вёска сустрэла без бачнага трыумфа. Да гэтага часу амаль кожная сям'я атрымала па 1-2 пахаронкі. Калі нашу вёску вызваліла Чырвоная Армія, усіх вяскоўцаў, хто быў у партызанах, забралі на фронт, нават непаўналетніх. Відаць, камандаванне палічыла так, што калі падлетак партызаніў са зброяй у руках, то яго можна кідаць у бой без ваеннай падрыхтоўкі. У першым жа баі амаль усе яны загінулі. Толькі аднаму жыхару з суседняй вёскі Старае Запонне пашчасціла ўцалець. Ён быў сталага ўзросту, і яго прызначылі несці службу ў абозе. Я вучыўся ў адным класе з яго сынам Анатолем, бываў у іх хаце і сам чуў расказ яго бацькі. Вось што ён расказаў, калі вярнуўся дадому з вайны.

Нашых землякоў нават не пераапранулі ў ваенную форму, не кожнаму выдалі зброю. З іх сфарміравалі батальён і правялі разведку боем. Для гэтай мэты, як правіла выкарыстоўваліся штрафныя батальёны. Разведка боем праводзіцца для таго, каб выявіць агнявыя кропкі праціўніка. З такога бою жывымі не вяртаюцца. Камандаванне ператварыла нашых землякоў у гарматнае мяса аднаразовага карыстання. Мусіць таму дзень перамогі (я наўмысна пішу з малой літары) для многіх жыхароў нашай вёскі хутчэй за ўсё стаўся днём смутку. Ды й на дзяржаўным узроўні гэты дзень не ўпамінаўся як свята. Упершыню пра яго гучна напомнілі толькі 9 траўня 1965 года.

Што тычыцца нашай сям'і, то мы шчыра радаваліся перамозе. Мы лічылі дні, калі вернецца з вайны наш бацька. Але не дачакаліся...

35. Я трапляю ў лагер

Не палохайцеся, у піянерскі. У канцы траўня 1945 года я закончыў першы клас з Пахвальнай граматай. Загад аб гэтым зачытаў дырэктар школы Шылоў. Але тую грамату мне не ўручылі. Шылоў сказаў, што ён адвязе ведамасць паспяваемасці ў раённы аддзел народнай адукацыі, а пасля я атрымаю Пахвальную грамату на рукі. Але дырэктара забілі, пра грамату забылі.

На пачатку летніх школьных канікул у нашу вёску на некалькі дзён завітала жанчына праведаць сваіх сваякоў. Яна працавала настаўніцай, а на час летніх канікул яе прызначылі на пасаду начальніка піянерскага лагера. Яна сустрэлася з маёй маці і сказала, што забярэ мяне ў лагер на першую змену. Зірнуўшы на мяне яна параіла, каб я змяніў гэтыя "фрыцаўскія" штаны на іншыя. Штаны ў мяне былі адны. Я пабег да сваёй хроснай мамы і расказаў ёй пра праблему. Яна хутка адшукала прыдатны кавалак тканіны, з якога атрымаліся кароткія штанішкі на лямках. Калі падыйшоў да заканчэння тэрмін пабыўкі ў нашай вёсцы начальніка піянерскага лагера, раніцай мы пакінулі Нябышына. Да лагера было 30 км. Першыя 15 км да Бягомлі мы пераадолелі лёгка і хутка. Дарэчы, наш раённы цэнтр да вайны людзі называлі па-рознаму, хто - Бéгамля, хто - Бягóмля. Пасля вайны гэта ўжо быў Бягомль. Далей я буду карыстацца новай назвай.

Пасля Бягомля мы павярнулі па шашы на Лепель. Другая частка дарогі далася цяжэй. Прыпякала сонца. Аўтобусы ў той час не хадзілі. Папутныя машыны нас не падабралі. Адлегласць у 30 км мы прайшлі за 7-8 гадзін. Трэба адзначыць, што я быў босы, падэшва ног смылела. Летняга абутку ў мяне воогуле не было. У той час мы ўсе, як толькі сыходзіў снег і да восеньскіх маразоў хадзілі басанож. Лагер мне не надта спадабаўся. Размясцілі нас у актавай зале школы. Там ужо былі растаўлены жалезныя салдацкія ложкі. Пасцелены камплект: сяннік, напханы саломай, такая ж падушка, старая байкавая коўдра, вафельны ручнік. Прасцін і навалачак не было. Спалі мы ў верхняй вопратцы, паколькі на нас не было сподняй бялізны - ні маек, ні трусоў. Усе мы былі босыя, ногі нашы былі каравыя. За тры тыдні нас ні разу не вадзілі ў лазню, ні разу не вадзілі на рэчку. У нас не было ні мыла, ні зубных шчотак, ні зубнога парашку. На плоце вісела некалькі рукамыйнікаў. Вось і ўся гігіена. У адным памяшканні спалі і хлопчыкі і дзяўчынкі. Паколькі мы спалі ў адзенні, то не бачылі палавых адрозненняў і не праяўлялі цікаўнасці да іншага полу. Пра іншыя забавы і казаць няма чаго: ні кіно, ні радыё, ні кніг, ні гульняў, ні спаборніцтваў, адзін раз звадзілі на экскурсію на мясцовы піваварны завод.

Кармілі нас кожны дзень аднолькава: раніцай і вечарам манная каша, прыгатаваная на вадзе, гарбата, кавалачак чорнага і кавалачак белага хлеба, два кавалачкі цукру. На полуднік - бацвінне, каша ячневая, кампот ці кісель, два кавалачкі хлеба. Харчаваліся мы ў звычайнай вясковай хаце ў тры змены. Вёска даваенная, вайна яе не кранула. Магчыма, гэта была зона свабодная ад партызан. Абслугоўвала нас гаспадыня хаты. Сам гаспадар быў хворы, ён не размаўляў, а мычаў. Калі нас прыводзілі на прыём ежы, ён заўсёды стаяў у двары, трымаючыся за тын. Ён быў апрануты ў сподняе адзенне. З яго рота на кашулю цякла слюна. Гэта нам вельмі моцна "падымала" апетыт. З цягам часу мы да яго прызвычаіліся.

Арганізацыйна мы былі раздзелены на тры атрады. Атрад складаўся з трох звён. На чале звяна стаяў звеннявы, на чале атрада - камандзір і начальнік штаба. Мая зямлячка (начальнік лагера) надзяліла пасадай начальніка штаба і мяне. Але я гэтаму не абрадаваўся. У мае абавязкі ўваходзіла раніцай далажыць піянерважатай, што дзеці на месцы, у строю, здарэнняў не адбылося. Акрамя гэтага мы штодзённа раніцай на пастраенні па чарзе падымалі сцяг.

У нас, дзяцей з аслабленымі вайной арганізмамі, амаль ва ўсіх назіралася начное нетрыманне мачы. Так як мы спалі не распранаючыся, то раніцай на нашых штанах красаваліся мокрыя плямы. Я і мой камандзір атрада спалі побач і мы дамовіліся, што свае няхітрыя абавязкі, такія як пастраенне атрада, даклад, пад'ём сцяга будзе выконваць той з нас, каму пашчасціць прачнуцца раніцай сухім. Але часцей выбару не было, мы абодва прачыналіся мокрымі. Было сорамна, але што зробіш. У такім становішчы былі і дзяўчынкі.

Нарэшце лагерны тэрмін закончыўся. Успамін ад лагера застаўся адмоўным. Трэба было неяк дабірацца дадому.

36. Нам будуюць хату

Да Бягомля набралася цэлая група дзяцей. Нас падабрала папутная грузавая машына. Ад Бягомля да Нябышына я дабраўся пяшком. Дома мяне чакала прыемная навіна - нам пачалі будаваць хату. А справа пачалася наступным чынам. Яшчэ ў кастрычніку 1944 года ў нашу вёску прыбыў з Мінску ўпаўнаважаны, каб пракантраляваць, як ідуць справы ў калгасе. Тут нічога дзіўнага няма. Такія ўпаўнаважаныя наязджалі і да вайны кантраляваць сяўбу, жніво, малацьбу і асабліва нарыхтоўку збожжа. Але так здарылася, што на гэты раз упаўнаважаным быў мой стрыечны брат Аляксандр Венядзіктавіч Капылоў. Яго бацька і мой - родныя браты. Аляксандр быў старэйшы за мяне на 25 гадоў. Ён быў на фронце з першага дня вайны, атрымаў званне маёра, быў паранены і ў 1944 годзе звольнены з войска. Аляксандр зазірнуў у зямлянку, дзе мы жылі. Нас там было, як селядцоў у бочцы. Ён паразмаўляў з маёй маці, паабяцаў дапамагчы і адбыў у Бягомль. Што адбылося ў Бягомлі, Аляксандр мне расказаў у 1983 годзе пры нашай сустрэчы. К гэтаму часу я ўжо быў пенсіянерам.

Пабываўшы ў нас у зямлянцы і ўбачыўшы наша жабрацкае становішча, ён сустрэўся з раённым кіраўніцтвам: з 1-м сакратаром райкама партыі Манковічам, які адправіў майго бацьку на фронт, і з старшынёй райвыканкама Цітковым - былым камандзірам брыгады "Жалязняк". Абодва тэрарызавалі Бягомльскі раён у час акупацыі, а пасля вызвалення ўзначалілі кіраўніцтва раёнам. Аляксандр пры сустрэчы ім сказаў: "Як вам не сорамна, сям'я франтавіка, нязменнага даваеннага старшыні калгаса жыве ў нязносных умовах. Трэба ім дапамагчы. Кіраўніцтва вобласці будзе трымаць гэта пытанне на кантролі". Яго папярэджанне спрацавала. Улады раёна знайшлі дзесьці стары хлеў, разабралі яго і перавезлі на наша гумно. У нас з'явілася надзея, што хутка ў нас будзе свая хата. Будаўніцтва хоць і марудна, але рухалася. Талакой склалі зруб. Да восеньскіх дажджоў паставілі страху. Важным атрыбутам хаты з'яўляецца печ. Для яе пабудовы патрэбна цэгла. Яе мы навучыліся вырабляць самі. Побач з вёскай ёсць залежы гліны. Яе мы здабывалі ўручную, добра размешвалі, фармавалі і гатовую цэглу раскладвалі на спецыяльны насціл для сушкі. Для печкі патрэбна была і вогнетрывалая цэгла. Я з маці ўзялі ручную цялежку і пайшлі ў Вітунічы. Там на пяпялішчы спаленай школы назбіралі цэглы і пацягнулі дадому. Ад Вітуніч да Нябышына 2 км. Праз кожныя 100-200 м мы прыпыняліся, каб адпачыць. Мы выбіваліся з сілаў. Нарэшце мы дабраліся да моста цераз Поню. І тут нам не пашанцавала. На сярэдзіне моста нам сустрэўся старшыня сельсавета Спірыдон Барздыка, той самы Барздыка, які быў камісарам 1-га атрада партызанскай брыгады "Жалязняк". Ураджэнец Свярдлоўскай вобласці, рускі, адукацыя пачатковая, але камуніст. Дома яго чакала жонка, сям'я, але ў Беларусі яму было лепш, чым на Урале. Ён знайшоў адзінокую жанчыну і асеў тут назаўсёды на нашу бяду. Савецкай уладзе патрэбны былі надзейныя кадры на ўсіх кіруючых пасадах. Сярод беларусаў такіх не адшукалася, усе хто жыў ва ўмовах акупацыі траплялі пад падазрэнне.

Барздыка спыніў сваю брычку. Ён ездзіў, як пан, на брычцы, і стаў на нас крычаць, што мы раскрадальнікі дзяржаўнай маёмасці, што нас чакае Калыма. Ён адабраў у нас цялежку з цэглай і спіхнуў яе з моста на самае глыбокае месца ракі Поні. Пасля гэтага ён нас адпусціў. Мы ішлі дадому з пустымі рукамі. Было крыўдна. Мама плакала, а мне хацелася яму адпомсціць.

Наступіла першае верасня 1945 года. У другі клас я пайшоў з хаты дзядзькі Лаўрэна.

37. Гуманітарка

Дзіва, але і ў нашу вёску даходзіла амерыканская гуманітарная дапамога. Аднойчы старшыня калгаса Міша Кузьміч ўручыў мне ватоўку, якую зараз бы назвалі курткай. Яна была светла-жоўтага колеру, велікаватая, але цёплая. Я яе насіў некалькі гадоў. Потым брат Андрэй прынёс мне боты. Яны былі карычневага колеру, халявы брызентавыя, а ніз скураны. Некалькі разоў нам даставаліся картонныя каробкі з харчовымі наборамі. Сярод харчовых прадуктаў, якія мне запомніліся, была бляшанка павідла, бляшанка салёных арэшкаў, 3-х кілаграмовая бляшанка гарохавай (а можа соевай) мукі, яечны парашок, аскарбінавая кіслата і кофе ў аднаразовых пакеціках. Атрыманне гуманітаркі было радаснай падзеяй.

38. Весці з Манчжуры

Мой бацька змагаўся з японцамі ў далёкай Манчжурыі. Мы атрымлівалі ад яго рэдкія лісты. 3-га верасня 1945 года Японія капітуліравала. Мы радаваліся, аднак у сярэдзіне верасня атрымалі ліст з Манчжурыі ад незнаёмага нам афіцэра, які паведаміў, што наш бацька загінуў 19 жніўня 1945 года. Праз тыдзень пасля гэтага мы атрымалі "пахавальную". Асабліва цяжка было маці. Яна кожны дзень плакала па сыну Мікалаю, па сыну Сяргею, па мужу. Слухаць яе плач было нязносна, здаецца яна выплакала ўсе свае слёзы.

РАЗВАЖАННІ

Гэта ўжо не ўспаміны, а мае меркаванні, мае высновы, мой погляд на падзеі Другой сусветнай вайны. Гэта маё ўласнае, можа павярховае, можа недакладнае, але даследаванне.

Пра партызан, пра партызанскі рух складзена, прыдумана шмат мітаў. Тыя міты прыдумалі самі ж партызанскія начальнікі і камісары. Потым гэтыя міты падхапілі, выказваючыся сённяшнім жаргонам, "чэсныя" журналісты і пісьменнікі.

Міт першы, быццам бы партызаны нанеслі немцам велізарны ўрон. Насамрэч, калі страты і былі нанесены, дык хутчэй за ўсё не немцам, а мірнаму насельніцтву. Я ўжо прыпамінаў мост цераз раку Поню. А такіх жа мастоў і масткоў у Беларусі была не адна тысяча. Разбуры кладкі цераз ручэй і адсылай наверх данясенне, што знішчан яшчэ адзін мост, яшчэ адзін стратэгічны аб'ект. Прачытаў неяк мемуары камбрыга Ціткова "Брыгада Жалязняк". З іх я даведаўся, што партызаны ў маёй роднай вёсцы двойчы разграмілі нямецкі гарнізон. Але ж у вёсцы Нябышына за ўсю вайну ніколі не было нямецкага гарнізона. Як можна двойчы разграміць тое, чаго ўвогуле не існавала. Часова ў нас празмяшчаліся "радзіёнаўцы", але супраць іх партызаны нават піскнуць баяліся.

Міт другі, быццам бы партызаны абаранялі насельніцтва ад немцаў. Гэта хлусня. Калі немцы і паліцаі забівалі людзей у вёсках Шуняўка, Вітунічы, Нябышына, партызаны спакойна назіралі са сваіх сховішч, як адбываецца працэс. Яны пальцам аб палец не ўдарылі, каб абараніць людзей. Ніхто з іх не праявіў геройства і самаахвярнасці, не выступіў са зброяй у абарону вяскоўцаў. А ведалі ж, што будзе тварыцца, інфармаваныя былі. Самай надзейнай абаронай ад акупантаў было б тое, каб партызан увогуле не было. Яны стваралі небяспечныя ўмовы для жыцця мірнага насельніцтва і стваралі іх свядома і наўмысна. Партызаны - саўдзельнікі ў злачынствах. Але самі спраўна складалі акты, пратаколы аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адпраўлялі іх у Крэмль. Аб гэтым я скажу ніжэй.

Міт трэці, быццам бы партызанскі рух у Беларусі быў масавым, усенародным. І тут, мякка кажучы, да праўды вельмі далёка. Як гэта масавасць і ўсенароднасць забяспечвалася, аб гэтым таксама скажу.

Першы этап партызанскага руху

На мой погляд ён ахоплівае перыяд з чэрвеня 1941 года па снежань 1942 года. За гэты час з нашай вёскі ніводзін чалавек не пайшоў у партызаны. Нямецкая акупацыйная адміністрацыя паступіла прадбачліва, дазволіла сялянам трымаць паўнавартасную гаспадарку. Вёска добра памятала здзекі савецкай улады, калі людзей сілком заганялі ў калгасы, раскулачвалі, арыштоўвалі, высылалі на Поўнач і ў Сібір. Наша вёска звычайная, такая ж як і ўсе вёскі ўсходняй Беларусі. Першым партызанам з нашай вёскі стаў паліцай, адзіны паліцай - наш аднавясковец. Я не ведаю, што падштурхнула гэтага 18-гадовага хлопца стаць паліцаем. Можа права мець у сваіх руках зброю? Але ж тую зброю ён ні разу не прымяніў. Ён блытаўся па вуліцы з вінтоўкай на плячы, як непрыкаяны, ніхто на яго не звяртаў увагі. Як толькі здарылася магчымасць, ён са зброяй, якую яму ўручылі немцы, падаўся да партызан. Але партызаны не ацанілі яго "патрыятычны" учынак, хутка яго знайшлі забітым у патыліцу. Першыя так званыя партызаны былі чужынцамі на нашай тэрыторыі. Яны маглі існаваць толькі за кошт рабаўніцтва мясцовага насельніцтва. А мясцовы жыхар, якім быў наш аднавясковец-паліцай, мог замінаць ім рабаваць, таму яго і забілі. Першыя партызаны, якімі былі бадзячыя групы адстаўшых ад фронта чырвонаармейцаў, не былі арганізацыйна аб'яднаны і таму надвор'я не стваралі. Як ужо казаў, яны па начах рабавалі і мардавалі насельніцтва, а сустрэч з немцамі пазбягалі. Яны мелі нейкую стралковую зброю, але боепрыпасаў у іх не хапала. Акрамя чырвонаармейцаў у лясах хаваліся партыйныя функцыянеры і чыноўнікі раённага маштабу. Па дадзеным мемуараў НКУСаўца Ваупшасава і камбрыга брыгады "Жалязняк" Ціткова на канец 1942 года (вайна ўжо ішла цэлых паўтара года) у лясах Бягомльскага раёна хавалася некалькі груп такіх вось псеўдапартызан агульнай колькасцю ўсяго толькі 122 чалавекі. Такі ж самы малюнак назіраўся і ў іншых раёнах Беларусі. Надзеі Крамля на ўсенародны супраціў ворагу на акупіраванай тэрыторыі не спраўдзіўся. Каб высветліць, якое становішча склалася на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі і Украіны, пад Масквой сталі тэрмінова фарміраваць "Асобную мотастралковую брыгаду асобага назначэння НКУС СССР". Як бачыце, назва вельмі ўнушальная. Брыгада складалася з некалькіх батальёнаў. Там рыхтаваліся высокакласныя спецыялісты шырокага профілю. Пасля падрыхтоўкі фарміраваліся групы па 30-40 чалавек і перапраўляліся на акупіраваную немцамі тэрыторыю. Групы добра экіпіраваны ўсім неабходным, былі добра ўзброены. У іх склад уваходзіла па некалькі чалавек, падрыхтаваных на пасады камандзіраў партызанскіх атрадаў. Кожная група мела свой маршрут і замацаваную за ёй тэрыторыю ў тыле немцаў. Задачы груп: пашырэнне партызанскага руху, разведка, дыверсіі, іншыя асобыя задачы - расправы над тымі, хто працаўладкаваўся ў немцаў, каб неяк пракарміць свае сем'і, а гэта былі лекары, настаўнікі, артысты, інжынерна-тэхнічныя спецыялісты, чыгуначнікі, дробныя служачыя і іншыя.

Адной з такіх груп з неабмежаванымі паўнамоцтвамі кіраваў НКУСавец Ваупшасаў. Яны шукалі дробныя бадзяжныя групы чырвонаармейцаў каб аб'яднаць іх у партызанскія атрады. У выпадку непадпарадкавання - расстрэл на месцы. Па начах група Ваупшасава наводзіла жах на мірнае насельніцтва ў вёсках, карала "здраднікаў". Але колькасць партызан ад гэтага не павялічвалася, а наадварот, узрасла да партызан нянавісць.

Другі этап партызанскага руху

Ён ахоплівае перыяд са студзеня 1943 года па ліпень 1944 года. Кіраўнікі Крамля зразумелі, патрэбна іншая больш жорсткая тактыка. Каб выгнаць насельніцтва са сваіх хат, са сваіх вёсак і загнаць у лес да партызан, трэба было ўжыць больш дзейсныя рэпрэсіўныя меры. Як назло немцы не надта зверствавалі, для іх было значна важней, каб сяляне працавалі, спраўна плацілі падаткі. Велізарнае войска трэба было карміць. Я абапіраюся на прыклады з жыцця маёй вёскі ва ўмовах акупацыі.

Крамлю не пашанцавала і з гауляйтарам Беларусі. Кубэ быў мяккі ліберальны інтэлігент. Ён шляўся па тэатрам і музеям, якія былі адбудаваны ў Мінску дзякуючы яго асабістым намаганням. Ён быў пісьменнікам, аўтарам п'ес, якія ставіліся не толькі на падмостках мінскіх тэатраў, але і ў шмат якіх краінах Еўропы. На роль ката Кубэ быў не здатны. Нават вырашэнне габрэйскага пытання ён некалькі разоў адкладваў, марудзіў час. Крэмль абураўся і было чаго. Атрымлівалася, што заслоны НКУС дарэмна кулямётнымі чэргамі вярталі натоўпы габрэяў назад у Мінск, не дазволіўшы ім эвакуіравацца. Дзеяннямі Кубэ былі не задаволены і ў Берліне. Не ў першы раз у двух дыктатараў, у Сталіна і Гітлера, супалі думкі, мэты, намеры: Кубэ пара было знішчыць. Супраць Кубэ была дэталёва падрыхтавана і здзейснена сумесная тэрарэстычная аперацыя гестапа і НКУС (гэта мае асабістыя меркаванні). Наіўна думаць, што ў рэзідэнцыю Кубэ можна было пранесці выбуховае прыстасаванне без маўклівай згоды гестапа. Забойства Кубэ адмоўна і трагічна адбілася на лёсе беларусаў. Новы гауляйтэр Готберг задавальняў і Маскву і Берлін.

Калі немцы не чыняць рэпрэсіі і злачынствы на акупіраванай Беларусі, або чыняць іх не ў тых масштабах, як хацелася б Маскве, іх (немцаў) трэба к гэтаму прымусіць, справакаваць. Пачалася падрыхтоўка к другому этапу. Каб планаваць рэпрэсіўныя аперацыі супраць насельніцтва, патрэбен быў планавы орган. Крэмль 30 траўня 1942 года стварыў Цэнтральны штаб партызанскага руху начале з Першым сакратаром ЦК Беларусі Панамарэнкам, ураджэнцам Краснадарскага краю, па нацыянальнасці ўкраінцам. Звяртаю вашу ўвагу на тое, што Штаб быў створан не ў чэрвені 1941 года, калі пачалася вайна, а амаль праз год, калі спадзяванні Крамля, што ўсенародны партызанскі рух пачнецца сам сабой, рухнулі. Штаб пачаў падрыхтоўку непасрэдных выканаўцаў злавесных планаў Крамля. Для майго Бягомльскага раёна былі сфарміраваны партызанскія атрады. Іх фарміраванне пачалося ў ліпені 1942 года на тэрыторыях Кіраўскай, Маскоўскай і Тульскай абласцей. Гэта быў касцяк будучай партызанскай брыгады "Жалязняк". Штаб брыгады фарміраваўся ў падмаскоўнай Барвісе. Камандзірам брыгады быў прызначаны камандзір сапёрнага батальёна маёр Ціткоў, туляк. Потым усе гэтыя фарміраванні, так званыя партызанскія атрады, а на самай справе паўнавартасныя добраўзброеныя армейскія падраздзяленні, пераправілі праз лінію фронта на тэрыторыю акупіраванай Беларусі. Да места свайго базіравання ў Бягомльскіх лясах атрады паступова прыбылі ў канцы кастрычніка 1942 года. Да канца гэтага года ішло ўладкаванне іх баз сталага знаходжання.

Пачатак 1943 года - гэта пачатак "актыўных" дзеянняў партызан. Але супраць каго іх дзеянні былі накіраваны? Дастаткова і не глыбокага аналізу, каб высветліць, якія задачы стаялі перад партызанамі.

  1. Барацьба супраць партызан Арміі Краёвай, у складзе якой былі, як палякі так і беларусы.
  2. Пры дапамозе рэпрэсій прымусіць насельніцтва Беларусі пакінуць сваё жыллё, падацца ў лясы, каб папоўніць шэрагі партызан.
  3. Пераключыць увагу сусветнай супольнасці са злачынстваў савецкага камуністычнага рэжыму на злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
  4. Працяг генацыду супраць беларускага народа з боку маскоўскага рэжыму.

Партызаны Арміі Краёвай змагаліся супраць немцаў па-сапраўднаму, яны не займаліся імітацыяй. Таму немцы спрыялі прамаскоўскім партызанам у іх барацьбе з АК. Яны прапускалі іх на захад праз свае гарнізоны без адзінага выстрала. Так узгаданыя мной партызанскія атрады Мядзведзева і Шляхтунова без парашкод былі прапушчаны ў Заходнюю Беларусь праз мястэчка Докшыцы, дзе знаходзіўся моцны нямецкі гарнізон. Тады мы гэта ўспрымалі, як геройскі ўчынак партызан. Мы і не здагадаліся, што гэта была змова, што тут адбылося супадзенне інтарэсаў Масквы і Берліна. Для Крамля партызаны Арміі Краёвай у Беларусі былі больш небяспечнымі ворагамі, чым нямецка-фашысцкія захопнікі. Крэмль, ачуняўшы ад 1941 года, ужо планаваў, якой будзе Еўропа, якой будзе Польшча пасля вайны. Армія Краёва магла зблытаць усе планы.

Для выканання другой задачы - стварыць на акупіраванай Беларусі "усенародны" партызанскі рух - быў распрацаваны вельмі просты, накіраваны супраць насельніцтва, бесчалавечны план. Галоўнае - трэба было справакаваць немцаў на пачатак рэпрэсій. План распрацоўваўся ў Цэнтральным штабе партызанскага руху. Спачатку быў акрэслены і складзены спіс вёсак, якія падлягалі знішчэнню. Гэтыя вёскі былі раўнамерна размеркаваны па ўсёй тэрыторыі Беларусі, каб чуткі пра зверствы немцаў, якія вельмі хутка пачнуцца, імгненна распаўсюджваліся ва ўсе куткі рэспублікі. Трэба было як мага мацней напалохаць насельніцтва. Побач з вёскамі, якім партызаны вынеслі прысуд, у начны час ладзіліся засады. Перад засадай партызаны пераапраналіся ў вясковае адзенне. Потым пачыналася доўгае чаканне з'яўлення прыдатнай для абстрэла цэлі - адзіночная машына, матацыкл, павозка, малаколькасная група салдат. Самы зручны час для абстрэла - гэта 4-5 гадзін раніцы, калі вёска спіць моцным сном. Калі на дарозе з'яўлялася доўгачаканая цэль, партызаны наўгад кідалі гранату, давалі ў белы свет аўтаматную чаргу, а потым, на вачах у немцаў, уцякалі ў бок вёскі, дзе іх след знікаў. Немцы былі ўпэўнены, што засада - справа рук вяскоўцаў. Хутка немцам прыбывала выкліканая падмога, яны ачаплялі вёску, якая спала, і знішчалі яе разам з жыхарамі. Менавіта такога выніку партызаны і чакалі. Немцы, як шчупакі, праглынулі прынаду, закінутую крамлёўскай вудай. Аднак я не магу сцвярджаць, што немцы нічога не разумелі. Проста яны прынялі правілы гульні, прапанаваныя Крамлём. А мы, бездапаможнае, безабароннае насельніцтва, апынуліся пасярэдзіне, як між молатам і кавадлай.

Калі прасачыць, калі загінулі вёскі, якія пакояцца на тэрыторыі мемарыяла Хатынь, то можна ўбачыць, што іх знішчэнне пачалося з 1943 года, што супадае па часе з перакідкай прамаскоўскіх партызан на тэрыторыю Беларусі. Не сакрэт, што амаль усе вёскі знішчаліся па аднаму і таму ж сцэнарыю, пра які я расказваў вышэй. Дэталі ўдакладняліся на месцах. Немцам даставалася завяршаючая крывавая фаза сцэнару. Але часцяком і яны даручалі гэту справу паліцаям.

Можна прыйсці да высновы, што за знішчэнне беларускага насельніцтва ў гады другой сусветнай вайны нясуць адказнасць як немцы так і партызаны, як Нямеччына так і СССР. Чыя віна большая, чыя меньшая, судзіце самі. Людзі былі вымушаны кідаць свае хаты, сваю маёмасць і ўцякаць у лясы да партызан, каб не быць зажыва спаленымі ў сваіх хатах. У Крамлі ад гэтага паціралі рукі - масавасць партызанскага руху ў Беларусі нарэшце дасягнута. Якім коштам - іх не цікавіла.

Колькасць злачынстваў, здзейсненых немцамі па сцэнарыю партызан, з 1943 года стала рэзка ўзрастаць. Нарэшце наступіў пералом, якога так доўга чакаў Крэмль. З'явілася магчымасць падняць на ўвесь свет лямант пра злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія распачаліся на самай справе. Гэтым самым злачынствы савецкага рэжыму супроць уласнага народа адышлі на задні план. Сусветная супольнасць пераключыла сваю ўвагу з Катынскай трагедыі на трагедыю Хатыні.

Савецкая ўлада з самага пачатку вайны рыхтавалася выяўляць злачынствы нямецкіх акупантаў на савецкай тэрыторыі. Так яшчэ 06.01.42 г. Савецкі ўрад заявіў, што савецкія органы вядуць падрабязны ўлік злачынстваў гітлераўскай арміі. Але злачынствы фашыстаў не былі масавымі. І толькі праз 10 месяцаў пасля гэтай заявы і праз 1 год 4 месяцы ад пачатку вайны, калі цераз лінію фронта былі перакінуты партызанскія атрады - падбухторшчыкі, а часам і выканаўцы злачынстваў, 02.11.42 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была заснавана "Надзвычайная дзяржкамісія па ўстанаўленню і расследаванню злачынстваў". Членамі камісіі і сталі камісары і палітрукі партызанскіх атрадаў. Яны складалі пратаколы ці акты, вялі падлік нямецкіх злачынстваў. Весці той падлік цяжкасцяў не было, так як партызаны загадзя ведалі пра плануемыя фашыстамі злачынствы. У надзвычайную дзяржкамісію на разгляд паступіла 304 тысячы пратаколаў і актаў аб нямецкіх злачынствах на акупіраванай тэрыторыі. Пад шумок была спроба спісаць на немцаў і злачынствы НКУС - расстрэлы ў першыя дні вайны зняволеных савецкіх турмаў. Так 25 чэрвеня 1941 года каля вёскі Трасцянец НКУСаўцамі было забіта каля 2 тысяч вязняў Мінскай турмы. 26-28 чэрвеня 1941 года ва ўрочышчы Цагельня каля г.п. Чэрвень НКУСаўцы расстралялі 2 тысячы палітвязняў з Мінскай і іншых турмаў. У ліпені 1941 года, адступаючы з Віцебску, НКУСаўцы аблілі бензінам турму і спалілі яе разам з палітвязнямі. Напрыканцы 80-х і ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя Савецкая ўлада і КДБ імкнуліся "павесіць" на немцаў і Курапаты, шукалі там нямецкі след. Але рабіць гэта было безсэнсоўна. Калі на кожнае злачынства немцаў у самай глухой вёсцы партызанамі складаўся пратакол, то схаваць масавыя расстрэлы ў наваколлі Мінска было б проста немагчыма. Падпольшчыкі абавязкова склалі б такі пратакол.

Гэта далёка не ўвесь пералік. Я нічога не згушчаю і ні ўякім разе не апраўдваю немцаў. Але пра нямецкія злачынствы напісана вельмі шмат, а партызаны застаюцца гэтакімі чыстымі, пушыстымі. Пара сказаць праўду і пра іх.

Беларусы ў другой сусветнай вайне

У першую чаргу трэба адзначыць, што беларусы ўступілі ў другую сусветную вайну 1-га верасня 1939 года, калі на Польшчу, у склад якой уваходзіла значная частка Беларусі, напала гітлераўская Германія. 17 верасня на Польшчу напаў СССР, хаўруснік Германіі. У складзе польскай арміі было шмат беларусаў. Беларусы змагаліся і за Польшчу і за Беларусь. Германія і СССР з'яўляюцца вінаватымі ў распальванні самай крывавай, самай бесчалавечнай вайны ХХ стагоддзя. 22 верасня 1939 года ў Брэсце адбыўся сумесны ваенны парад савецкіх і нямецкіх войскаў, прысвечаны разгрому і падзелу Польшчы. Парад прымалі з нямецкага боку генерал Гудэрыян, з савецкага боку камбрыг Крывашэін. Яны абмяняліся сцягамі. Гудэрыян уручыў Крывашэіну фашысцкі сцяг, а ўзамен атрымаў савецкі сцяг. Цікава, у якіх музеях зараз знаходзяцца гэтыя "рэліквіі"? Пасля парада палонных беларусаў і палякаў пагналі на расстрэл у Катынь. Пасля савецкай акупацыі Заходніх абласцей Беларусі супраць заходніх беларусаў пачаліся паўнамаштабныя масавыя рэпрэсіі. У газеце "Народная воля" за 04.08.1998 г. прыведзены наступныя дадзеныя: з верасня 1939 года па 22 чэрвеня 1941 года з Заходняй Беларусі на савецкую тэрыторыю (у Сібір, на Поўнач, у Казахстан) было дэпартавана:

  • ваеннапалонных 46 тысяч;
  • грамадзян (мужчын) абвінавачаных органамі савецкай улады 250 тысяч;
  • іншыя грамадзяне, сем'і абвінавачаных, людзі, папаўшыя пад падазрэнне 990 тысяч.

Да гэтага трэба дадаць, што за той жа перыяд было расстраляна 135 тысяч чалавек. Як можна, узважыўшы ўсё гэта, лічыць дзень 17 верасня днём вызвалення заходніх беларусаў ад польскага прыгнёту?! 19 чэрвеня 1941 года, усяго за тры дні да нападу Германіі на СССР, з Беларусі на Усход была адпраўлена апошняя партыя беларусаў колькасцю 22 тысячы чалавек. Гэта больш за 300 вагонаў-цялятнікаў, больш 20-ці эшалонаў. Толькі 22 чэрвеня спынілася тое бязмежжа з боку савецкага рэжыму.

Пачалася так званая Вялікая Айчынная вайна. Паняцце "айчынная" - спрэчнае. Так, мы, беларусы, змагаліся за сваю Айчыну. Але за яе змагаліся і тыя, хто быў на баку Чырвонай Арміі, і тыя, хто быў на баку немцаў. Апошнія наіўна спадзяваліся, што з рук немцаў можна было атрымаць незалежнасць сваёй Айчыны - Беларусі. Яны ў другі раз наступілі на адны і тыя ж граблі. Так на пачатку ХІХ стагоддзя нашы продкі таксама спадзяваліся, што Напалеон прыпаднясе ім на сподачку незалежнае ВКЛ. Тады таксама беларусы былі і ў войску Напалеона і ў войску Кутузава.

Які ж унёсак зрабілі беларусы ў ход другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны? Калі нас вызваліла Чырвоная Армія з-пад акупацыі, мой бацька сказаў што нас можна лічыць героямі, пераможцамі. Мы перамаглі, перахітрылі смерць. На нас была накіравана зброя з двух бакоў - з боку немцаў і з боку партызан. Мы лавіравалі між імі і ім на зло выжылі ў неверагодных умовах. Можа мой бацька меў рацыю, што Беларусь існуе ў першую чаргу дзякуючы той частцы насельніцтва, якая здолела выжыць ва ўмовах акупацыі.

Па дадзеным дзяржаўных СМІ ў складзе Чырвонай Арміі змагалася 1,5 мільёна беларусаў. Акрамя таго на тэрыторыі Беларусі дзейнічала ад 370 тысяч да 400 тысяч партызан. Але такой колькасці партызанскі рух дасягнуў толькі пасля траўня 1943 года. Да траўня на Беларусі дзейнічалі партызаны, сфарміраваныя на тэрыторыі Расіі, не занятай немцамі, і перакінутыя цераз лінію фронта на нашу тэрыторыю. Для нас яны былі такімі ж чужынцамі, як і немцы. Яны ставіліся да нас непрыхільна і іх не было за што любіць. Пра ўсё гэта я ўжо вышэй расказваў. І калі па іх віне запылалі вёскі, партызанскія атрады папоўніліся беларускімі сялянамі, якія ратаваліся ад смерці. У іх проста не было выбару.

У Архіве Генеральнага сакратара ЦК КПСС (Асобая папка), які быў рассакрэчаны першым Прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным, захоўваецца Даклад Панамарэнкі Сталіну. Сталін трымаў Беларусь пад асобым кантролем. Ён добра ведаў гісторыю, ведаў як беларусы ліхаманілі імперыю: паўстанне Тадэуша Касцюшкі 1794-1795 гадоў, паўстанне 1831-1832 гадоў, паўстанне Кастуся Каліноўскага 1863 года. Сталін не мог дараваць беларусам утварэнне БНР і Слуцкае паўстанне. Калі немцы акупіравалі Беларусь, Сталін выклікаў Панамарэнку і загадаў яму падрыхтаваць даклад пра становішча ў Беларусі. Гэты даклад, лёг на стол Сталіну ў верасні ці кастрычніку 1941 года. У дакладзе можна прачытаць, што з 5,7 мільёнаў чырвонаармейцаў, якія здаліся ў палон у першыя месяцы вайны, беларусы складаюць 1,5 мільёна. Далей з Даклада можна даведацца, што эшалоны з мабілізаванымі беларусамі, якіх везлі на ўсход для фарміравання і папаўнення воінскіх частак, па дарозе разбягаліся, і эшалоны на месца прызначэння прыбывалі амаль пустымі. Колькі было такіх эшалонаў, колькі было такіх уцекачоў, нашых землякоў - невядома. Безумоўна, архіўныя дакументы з "Асобай папкі" генсека асабіста я сам не чытаў, у сваіх руках яе не трымаў, не гартаў яе выцвілыя старонкі. Аб усім гэтым я даведаўся з тэлеперадачы журналіста-гісторыка Леаніда Млечына на канале ТВЦ. 50-хвілінная перадача, прысвечаная падзеям на Беларусі 1941 года, была паказана 28.06.2004 года.

Шмат беларусаў змагалася ў партызанскіх атрадах Арміі Краёвай, якія дзейнічалі як на тэрыторыі Польшчы, так і на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Беларусы змагаліся і ў складзе арміі пад камандаваннем польскага генерала Андэрса, якая дзейнічала на тэрыторыі Італіі. У баях за вызваленне Італіі загінула 1270 беларусаў. Усяго ж на Заходнім фронце ў складзе арміі саюзнікаў змагалася звыш 30 тысяч беларусаў. Сярод іх быў наш зямляк Пётра Конюх, які нарадзіўся ў мястэчку Стоўбцы. У сталіцу Італіі горад Рым армія генерала Андэрса ўвайшла пад песні Пятра Конюха, ён быў батальённым запявалам. У Рыме вайна для яго скончылася. Ён быў прыняты ў Акадэмію мастацтваў, стаў сусветна вядомым спяваком, яму апладзіравала ўся Еўропа. Толькі на Радзіме вакол яго была завеса маўчання.

У шэрагах Чырвонай Арміі змагалася 1,5 мільёна беларусаў, з гэтай колькасці загінула каля аднаго мільёна. Сярод іх і мой бацька. Аднак заяўляць, што Беларусь зрабіла вялікі ўклад у разгром фашысцкай Германіі, я б не стаў. У той час Беларусь не мела дзяржаўнасці, не мела сваёй арміі. Яна была прыдаткам СССР і сама нічога не вырашала. Другая справа, што Беларусь найбольш пацярпела ад вайны, панясла вялікія страты.

Што тычыцца беларусаў, то яны мужна змагаліся на франтах вайны ў розных якасцях. На жаль у мяне вельмі мала пра іх звестак. Некалькі прыкладаў:

Генерал арміі Іван Данілавіч Чарняхоўскі, родам з-пад Віцебска. Камандуючы 3-м Беларускім фронтам, Герой Савецкага Саюза. Загінуў у 1944 годзе.

Палкоўнік Іван Іванавіч Якубоўскі, уражэнец Магілёўскай вобласці. Намеснік камандзіра танкавага корпуса. Двойчы Герой Савецкага Саюза. Пасля вайны ён займаў шэраг высокіх пасад, быў прызначаны намеснікам Міністра абароны СССР, Маршал Савецкага Саюза.

Генерал-маёр Зіньковіч з Магілёўшчыны. Камандзір танкавага корпуса, Герой Савецкага Саюза. Пры фарсіраванні Дняпра загінуў.

Палкавы камісар Фамін, абаронца Брэсцкай крэпасці, нарадзіўся ў мястэчку Колышкі Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Загінуў 30 чэрвеня 1941 года, абараняючы крэпасць.

Капітан Шаблоўскі нарадзіўся ў вёсцы Запалянне Быхаўскага раёна на Магілёшчыне. Загінуў 24 чэрвеня 1941 года пры абароне Брэсцкай крэпасці.

Генерал-маёр Леў Міхайлавіч Даватар з вёскі Хоціна, што на Віцебшчыне. Камандзір кавалерыйскага корпуса, Герой Савецкага Саюза.

19 жніўня 1941 года ў бітве за Маскву генерал Леў Даватар загінуў*.

Генерал-маёр Скрыганаў нарадзіўся ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Камандзір дывізіі, Герой Савецкага Саюза. Удзельнічаў у баях за Сандамірскі плацдарм. 26 студзеня 1945 года генерал Скрыганаў загінуў пры фарсіраванні ракі Одэр. Пахаваны ў Львове.

Ст. лейтэнант Аляксандр Гаравец нарадзіўся ў вёсцы Машканы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Гэта быў вельмі храбры лётчык. На фронце з чэрвеня 1942 года. За кароткі тэрмін знішчыў 11 самалётаў ворага. Удзельнік бітвы на Курскай дузе, якая адбылася на пачатку ліпеня 1943 года. За 4 дні ён збіў 8 самалётаў. 6-га ліпеня 1943 года быў яго апошні бой. Ён заўважыў 20 бамбардзіроўшчыкаў праціўніка і нечакана напаў на іх. Ён збіў у гэтым паветраным баі 9 нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў. Ст. лейтэнант Аляксандр Гаравец - адзіны ў свеце лётчык, які ў гады вайны за адзін паветраны бой збіў столькі самалётаў. У гэтым баі загінуў і сам. 28 верасня 1943 года яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Яшчэ адзін беларус - лётчык Грыцавец. Ён стаў першым двойчы Героем Савецкага Саюза за 50 збітых самалётаў. Першымі героямі Савецкага Саюза яшчэ да вайны сталі лётчыкі беларусы Селіцкі, Леванеўскі, Ляпідзеўскі.

Феадосій Арцёмавіч Смалячкоў нарадзіўся ў вёсцы Падгор'е Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Ён быў шэраговым салдатам Ленінградскага фронта. Спачатку быў поварам, потым перавёўся ва ўзвод разведкі і, нарэшце, стаў снайперам. Першы раз снайперскую пазіцыю ён заняў 29 кастрычніка 1941 года і адразу знішчыў трох немцаў. У апошні раз ён выйшаў "на паляванне" 15 студзеня 1942 года. У гэты дзень яго ахвярамі былі чатыры фашысты, але і яго насцігла куля нямецкага снайпера. Усяго Смалячкоў знішчыў 125 фашысцкіх салдатаў і афіцэраў, патраціў 126 патронаў. Яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

19-гадовы Пётра Купрыянаў, жыхар вёскі Жодзіна Мінскай вобласці 2-га лістапада 1944 года паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава. Яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Слынны савецкі разведчык, які дзейнічаў у Нямеччыне і Італіі напярэдадні вайны, Леў Маневіч нарадзіўся ў мястэчку Чаусы Магілёўскай вобласці. Гестапа яго арыштавала і змясціла ў канцлагер. Вызвалены амерыканцамі, памёр у Дзень Перамогі 8 траўня 1945 года. Над яго магілай амерыканскія салдаты выканалі салют. Яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У СМІ прагучалі звесткі, што Беларусь дала Расіі і Савецкаму Саюзу 62-х адміралаў. Хто яны? На жаль іх прозвішчаў я не ведаю.

Вышэй я прывёў некалькі прыкладаў таго, як змагаліся нашы землякі на франтах другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн. Каб апісаць гераізм беларусаў на той вайне, не хопіць ніякай кнігі. А як пачувалі сябе беларусы на акупіраванай тэрыторыі, як яны сябе паводзілі - часткова аб гэтым я ўжо расказваў. Яшчэ раз паўтаруся, што тэзіс, быццам бы на Беларусі ішла Вялікая Айчынная вайна, прыцягнуты за вушы. У адносінах да Беларусі і беларускага народа гэта была драпежніцкая вайна, вынішчальная вайна, як з боку фашысцкай Германіі так і збоку СССР. Супрацьстаянне партызан і паліцаяў - гэта супрацьстаянне Германіі і СССР. Даводзілася чуць і чытаць меркаванні ў СМІ, што ў Беларусі паралельна з вайной паміж СССР і Нямеччынай ішла грамадзянская вайна. Але я, як не ўнікаў у працэсы, якія адбываліся ў маёй вёсцы і ў суседніх вёсках, прыкмет грамадзянскай вайны не заўважыў. Можа хто-небудзь лічыць грамадзянскай вайной змаганне партызан супроць мірнага мясцовага насельніцтва? Але ж насельніцтва не аказвала партызанам ніякага супраціву. Яно пакорліва пераносіла ўсе іх здзекі.

Расклад сілаў на акупіраванай тэрыторыі

Немцы. У час вайны гэта была самая моцная ўзброеная сіла на нашай тэрыторыі, акупанты. Іх гарнізоны і камендатуры размяшчаліся ў гарадах, раённых цэнтрах, на чыгуначных станцыях. Галоўная іх задача - ахова чыгункі, бяспека руху эшалонаў з ваеннымі грузамі. У немцаў не хапала сіл і сродкаў, каб трымаць пад кантролем кожную вёску. Дый такой неабходнасці не было. Былі вёскі, у якіх бачылі немцаў 1-2 разы за ўсю вайну. Асабіста я іх бачыў тры разы. Да 1943 года мы з імі суіснавалі мірна. Пачынаючы з 1943 года, калі з'явіліся партызаны, якія сталі правакаваць немцаў, пачаліся карныя аперацыі.

Паліцаі. Беларусы не надта імкнуліся ў паліцаі. Іх колькасць складала ўсяго каля 30 тысяч. Гэтага было недастаткова, каб пры іх дапамозе ладзіць вайсковыя аперацыі, у тым ліку і карныя. Таму немцы на тэрыторыі Беларусі задзейнічалі паліцэйскія часткі з іншых тэрыторый, напрыклад, з Прыбалтыкі. Мы ведаем, што Хатынь знішчана ўкраінскім паліцэйскім батальёнам.

У маёй вёсцы Нябышына ў паліцыю пайшоў усяго адзін жыхар. Нашу вёску абрабавалі і забілі 15 чалавек у траўні 1943 года паліцаі, якія прыбылі з Докшыц.

Народнікі. Так мы называлі нямецкія часткі, зфарміраваныя з савецкіх ваеннапалонных. Вышэй я ўжо апавядаў пра брыгаду палкоўніка Гіль-Радзіёнава. Такія часткі знаходзіліся ў дваякім становішчы. З аднаго боку, яны лаяльна і нават прыхільна ставіліся да мясцовага насельніцтва, з другога боку яны былі на службе ў немцаў і трэба было паказваць ім сваю дзейнасць і адданасць. Я не думаю, што немцы ім давяралі поўнасцю. Але ў іх не было іншага выйсця, не хапала сіл.

СБМ - Саюз беларускай моладзі. У нашай вёсцы такой арганізацыі не існавала, хоць моладзі было шмат. Я не ведаю, колькі сяброў было ў складзе СБМ. Розныя крыніцы даюць розныя лічбы. Яны хістаюцца ад некалькіх тысяч да некалькіх дзесяткаў тысяч, у залежнасці ад становішча на акупіраванай тэрыторыі. Савецкая прапаганда заяўляла, што СБМ створан па ўказцы з Берліна, што гэта фашысцкая здрадніцкая арганізацыя. Але ў гэтых юнакоў і дзяўчат былі самыя светлыя патрыятычныя памкненні. Яны дбалі пра незалежнасць Беларусі і шчыра верылі, што такое магчыма ва ўмовах нямецкай акупацыі. Да таго ж гаўляйтэр Беларусі Вільгельм Кубэ спрыяў моладзі СБМ у гэтым. І калі з Берліна паступіла прапанова пераўтварыць СБМ у вярбоўшчыка моладзі для накіравання на працу ў Нямеччыну, Кубэ не пагадзіўся з гэтым. Ён быў перакананы, што беларускую моладзь чакаюць больш важныя справы на Бацькаўшчыне, што ў першую чаргу ў моладзі трэба выхоўваць антыбальшавіцкі настрой. Гэтым самым, хоць і ўскосна, СБМ выратаваў ад адпраўкі на працу ў Нямеччыну дзесяткі тысяч маладых беларусаў. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў Чырвонай Арміяй лёс сябраў СБМ склаўся па-рознаму. Шмат хто з іх пакінуў Беларусь разам з немцамі, а потым эмігрыраваў у ЗША, Канаду, Аўстралію ды іншыя краіны і стаў дастойным грамадзянінам тых краін. Многія змагаліся ў шэрагах Чырвонай Арміі. Але гэта іх не выратавала. Па іх следу ішоў СМЕРШ. Сваё жыццё яны закончылі ў савецкіх ГУЛАГах.

Асабіста я нават думкі не дапускаю, каб сябраў СБМ залічыць у здраднікі. Яны былі адданымі патрыётамі сваёй краіны - Беларусі. Мы імі павінны ганарыцца. Наша сягонняшняя свядомая моладзь працягвае іх справу.

БНС - Беларуская народная самапомач. Распараджэнне аб стварэнні БНС Вільгельм Кубэ аддаў 22 кастрычніка 1941 года. У савецкіх крыніцах я знайшоў выключна абразлівую характарыстыку гэтай арганізацыі. Першым дакументам, які я прачытаў была праца В. Раманоўскага "Саўдзельнікі ў злачынствах" (выдавецтва "Беларусь", 1964 год). Асабіста я, як чалавек, які ўсю вайну пражыў у акупацыі, да зместу гэтай кнігі ставіўся крытычна, удумліва ўнікаў у тое, што можна было прачытаць паміж радкоў. У кнізе шмат напісана пра БНС, але нічога канкрэтнага. Я спрабаваў знайсці колькі сяброў налічвала гэта арганізацыя, але дарэмна. Таму можна лічыць, што БНС была параўнальна масавай арганізацыяй. Савецкай прапагандзе называць рэальную лічбу было не выгадна. У "Народнай газеце" за 01.07.1993 года было надрукавана вельмі грунтоўнае даследаванне кандыдата гістарычных навук Галіны Кнацько "Мінск у гады акупацыі". У гэтым даследаванні няма эмоцый, а ёсць ссылкі на архіўныя дакументы, ёсць табліцы, канкрэтныя лічбы. З матэрыяла бачна, якую велізарную працу выконвала БНС: бытавыя ўмовы жыцця мінчукоў, выплаты пенсій, арганізацыя харчавання, медычнае абслугоўванне, дзіцячыя ўстановы, арганізацыя прытулкаў і бясплатных абедаў для бяздомных і шмат што іншае.

Трэба адзначыць, што нямецкая акупацыйная ўлада пакінула ў Мінску савецкія парадкі. Дзейнічалі савецкія пашпарты, прапіска, аплата камунальных паслуг, аплата лістоў непрацаздольнасці, тыя ж памеры заробкаў і пенсій, кошты на тавары першай неабходнасці. Савецкія грошы хадзілі нароўні з акупацыйнымі дойчмаркамі. Працавалі ўсе прадпрыемствы і ўстановы, людзі як і раней хадзілі на працу. Мая стрыечная сястра перад вайной працавала на 5-м паштовым аддзяленні горада Мінска, на тым жа месцы працавала ў гады акупацыі, а потым і пасля вайны да выхада на пенсію.

БСА - Беларуская самаахова. З дазволу немцаў яна пачала стварацца ў ліпені 1942 года, а ў красавіку 1943 года была немцамі абяззброена і распушчана. Аддзелы БСА не пускалі ў вёскі як партызан, так і паліцаяў. Немцы палічылі, што ўзброеныя вёскі стануць небяспечнымі і для іх.

Партызаны АК. У склад партызан Арміі Краёвай уваходзілі як палякі так і беларусы. Яны дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы і Заходняй Беларусі. Да Бягомльскага раёна яны не дайшлі, таму я з імі не сустракаўся, звесткамі пра іх не валодаю. Чуткі хадзілі, што яны змагаліся з немцамі па-сапраўднаму. Але яны не жадалі, каб на іх тэрыторыю аказвалі ўплыў савецкія партызаны, таму змагаліся і з імі.

Партызаны прамаскоўскія. Пра іх досыць падрабязна я ўжо расказваў. Хачу адзначыць, гэта мае ўласныя высновы, што, калі б на тэрыторыі акупіраванай Беларусі не было партызан, страты насельніцтва былі б значна меншымі, не было б спаленых вёсак, і мы б пасля вайны хутчэй адбудавалі б сваю краіну. Я ўжо расказваў, як партызаны наўмысна правакавалі немцаў супраць мірнага насельніцтва. Мяне вельмі ўразіла і абурыла тое, што прамаскоўскія партызаны замест таго, каб аб'яднаць свае намаганні з намаганнямі партызан Арміі Краёвай у барацьбе супраць немцаў, распачалі барацьбу паміж сабой. Партызаны атрадаў (брыгад) Мядзведзева і Шляхтунова з самага пачатку былі падрыхтаваны супраць партызан Арміі Краёвай.

Мірнае насельніцтва. У мяне няма дадзеных, якая колькасць насельніцтва Беларусі была эвакуіравана ва ўсходнія раёны СССР. Я думаю, не шмат. Беларусь была акупіравана немцамі маланкава. Сталіца рэспублікі горад Мінск быў заняты немцамі на шосты дзень вайны. Ва ўмовах такой хуткацечнасці падзей аб эвакуацыі не магло быць нават гаворкі. Кіраўніцтва рэспублікі і абласцей так мітусліва ўцякала, што на сталах іх кабінетаў засталіся ляжаць сакрэтныя, зусім сакрэтныя, асобай і дзяржаўнай важнасці дакументы, якія вельмі дапамаглі немцам усталяваць на захопленай тэрыторыі свой, з элементамі савецкага , парадак. Магчыма, гарадское насельніцтва з усходніх абласцей рэспублікі часткова было эвакуіравана. Напрыклад, сям'я майго будучага цесця, жыхара горада Оршы была эвакуіравана ў Ульянаўскую вобласць. Гурты бежанцаў, якія рухаліся па дарогах на ўсход, вымушаны былі вяртацца назад, паколькі нямецкая армія наступала хутчэй і абагнала іх. Сельскае насельніцтва хутчэй за ўсё, цалкам засталося на акупіраванай тэрыторыі. У сваіх успамінах я кіруюся досведам са сваёй вёскі Нябышына. Апынуўшыся ў акупацыі ў нас і ў думках не было, каб змагацца з акупантамі. У нас не было зброі, і ніхто не імкнуўся, каб яе набыць. Гэтым можна было наклікаць бяду не толькі на сваю сям'ю, але і на ўсю вёску. У нас было адзінае памкненне - выжыць. Таму мы сядзелі ціха. Мая вёска Нябышына была звычайнай вёскай, як і ўсе вёскі Беларусі ў якіх пражывалі такія ж самыя мірныя людзі. Я не чуў, каб хоць у адной з навакольных вёсак людзі ўзялі ў рукі зброю і выступілі ўадкрытую супраць акупантаў. Калі з'явілася чужая для нас партызанская навала, мая маці малілася Богу, каб у гэтую ноч партызаны абмінулі нашу хату.

Габрэі. 26.09.04 г. на канале ТВЦ паказалі перадачу: "Вокзал Победы. Последний из гето". Я запісаў расказ габрэйкі: "На 2-й день войны мы хотели эвакуироваться, но все дороги с Беларуси на Восток были перекрыты отрядами НКВД. При попытке пройти или проехать отряды НКВД открывали стрельбу. НКВД нас вернуло в руки немцев".

За знішчэнне габрэяў нясуць адказнасць і Гітлер, і Сталін. Яны аднолькавыя злачынцы.

Страты Беларусі ў другой сусветнай вайне

Пытанне даволі складанае, недаследаванае, заблытанае. Мне здаецца, што праўда хаваецца наўмысна, камусьці гэта выгадна. Доўгі час гаварылася, што ў Беларусі загінуў кожны чацвёрты чалавек. Гэта лічба ўспрымалася на веру. Як яна атрымалася, ніякіх тлумачэнняў ніхто не даваў. У мяне з'явілася жаданне даведацца, у выніку якіх абставін загінула столькі людзей- на фронце, ва ўмовах акупацыі, ці неяк інакш. З маёй сям'і вайна забрала 4-х чалавек і ўсе яны загінулі пры розных абставінах. Бабулю Насту забілі паліцаі ў траўні 1943 года, бацька загінуў у вайне з Японіяй 19 жніўня 1945 года, старэйшы брат загінуў у партызанах выпадкова па неасцярожнасці, сярэдні брат Сяргей памёр з голаду ў блакадным Ленінградзе. Маё жаданне даведацца больш дакладна, больш падрабязна пра агульныя ахвяры вайны было марным, мае магчымасці абмежаваныя. У апошні час на самым высокім узроўні была агучана ўжо іншая лічба ахвяр, што за гады вайны загінуў кожны трэці беларус. А колькі загінула ўсяго? Зноў ніякага тлумачэння. Можа да 65-годдзя Перамогі больш дакладна пералічаць ваенныя ахвяры?

Я пачаў шукаць крыніцы, каб атрымаць хоць нейкія звесткі па гэтаму пытанню. Я наведваўся ў бібліятэкі, гартаў старыя падшыўкі газет і часопісаў. Нарэшце ў згаданай кнізе "Саўдзельнікі ў злачынствах". Аўтар запэўнівае, што ў сваёй працы ён карыстаўся архіўнымі дакументамі і матэрыяламі. З кнігі я даведаўся, што гітлераўцы за тры гады акупацыі Беларусі знішчылі 2219316 чалавек, што падцвярджаецца табліцай (стар. 91).

Табліца ўражвае сваёй "дакладнасцю": падлік зроблены да адзінага чалавека.

Давайце больш уважліва зірнём на гэтыя лічбы. Мы заўважым, што на тэрыторыі Беларусі забіта, закатавана 810091 ваеннапалонных. Хто яны гэтыя ваеннапалонныя? Відавочна, што гэта былі чырвонаармейцы вайсковых частак Заходняй асобай ваеннай акругі, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Беларусі. Яны трапілі ў палон на пачатку вайны. Савецкая сістэма воінскай службы была пастаўлена такім чынам, што прызыўнікі ніколі не служылі на сваёй Радзіме побач з местамі свайго пражывання. Беларусы служылі на Каўказе, у Сярэдняй Азіі, на Урале, на Далёкім Усходзе, толькі не на тэрыторыі Беларусі. На Беларусі неслі службу ўраджэнцы Каўказа, Сярэдняй Азіі, хлопцы расійскай глыбінкі. Вось тыя 810091 загінуўшых палонных і былі імі. Брэсцкую крэпасць абаранялі больш за 300 чачэнцаў. Залічваць усіх іх на баланс Беларусі не выпадае. Іх падлічыў Генеральны штаб Чырвонай Арміі і звесткі разаслаў у ваенкаматы па месту жыхарства. Кожная рэспубліка, кожная вобласць СССР вяла падлік сваіх ахвяр. Магчыма, у гэтай колькасці былі часткова і беларусы. Тады давайце разбярэмся колькі іх было і прыплюсуем да нашых ахвяр. Я лічу, што 810091 загінуўшых палонных трэба мінусаваць ад агульнай колькасці загінуўшых мірных нашых грамадзян. Гэта значыць, трэба ўжо прытрымлівацца лічбы загінулых у 1409225 чалавек. Калі гэта не так, то трэба лічыць румынамі чырвонаармейцаў, загінуўшых пры вызваленні Румыніі, венграмі - чырвонаармейцаў, загінуўшых пры вызваленні Венгрыі, і нават лічыць немцамі чырвонаармейцаў, загінуўшых у баях на тэрыторыі Германіі! Гэтыя абсурдныя прыклады можна працягваць далей. Але мне здаецца, што і 1,4 млн. чалавек - лічба завышаная. Сюды залічаны габрэі, якіх эшалонамі везлі з акупіраваных немцамі краін Еўропы ў Беларусь і тут знішчалі. Такіх, па розным крыніцам, налічваецца ад 50 тысяч да 250 тысяч. Не трэба іх залічваць у ахвяры Беларусі. Яны падлічаны ў тых краінах, адкуль іх вывезлі. Дык дзеля чаго нам двайная бухгалтэрыя? Можа дзеля таго, каб выдаваць сябе яшчэ большымі пакутнікамі? Вышэй я вёў гаворку пра тыя ахвяры, якія панесла мірнае насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі. Але ж нашы землякі гінулі не толькі там. Чамусьці людскія ахвяры ў згаданай табліцы падлічаны дакладна да аднаго чалавека, што зрабіць было даволі цяжка. А вось пра тыя ахвяры, якія панесла Беларусь ад дзеянняў Чырвонай Арміі, ад дзеянняў Савецкай улады і партызан даведацца ўвогуле немагчыма. Усё пакрыта таямніцай, усё засакрэчана. Хачу нагадаць яшчэ раз, што другая сусветная вайна для Беларусі, для беларусаў пачалася не 22 чэрвеня 1941 года, а 1-га верасня 1939 года. Таму ўзнікае шмат пытанняў, на якія хацелася б атрымаць адказы і тлумачэнні. Напрыклад, колькі беларусаў, якія былі ў складзе польскай арміі, загінула ў барацьбе супраць нямецка-савецкіх захопнікаў з 1 верасня 1939 года па 22 верасня 1939 года. Як мы ведаем, у гэты дзень адбыўся ганебны сумесны парад двух "брацкіх" армій - нямецкай і савецкай. Сярод жаўнераў, якія трапілі ў нямецкі палон, было 70 тысяч беларусаў. Яны былі інтэрніраваны ў СССР у абмен на палякаў, трапіўшых у савецкі палон. Каму з іх ад гэтага абмена пашанцавала больш? Пытанне цынічнае. Дарэчы, савецкае кіраўніцтва ашукала немцаў, яно перадала ім толькі невялікую частку палонных палякаў, астатніх чакалі турмы, расстрэлы, ГУЛАГ. 46 тысяч палонных беларусаў выселілі ў Казахстан. Колькі ўсяго палякаў і беларусаў было ў савецкім палоне, мне невядома. Пасля парада 22 верасня 1939 года ў горадзе Брэсце вайна супраць заходніх беларусаў не спынілася і працягвалася да 22 чэрвеня 1941 года. На тэрыторыі Беларусі праводзіліся жорсткія карныя аперацыі супраць мірнага насельніцтва. У выніку гэтых аперацый з Заходняй Беларусі ў Сібір, на Поўнач, у Сярэднюю Азію было выслана 1 240 000 чалавек. За той жа перыяд было расстраляна 135 тысяч чалавек. У гэтай лічбе не ўлічаны палонныя беларусы, якія расстраляны разам з палякамі ў адпаведнасці з Пастановай Палітбюро ЦК КПСС "Аб расстрэле ваеннапалонных польскіх афіцэраў, чыноўнікаў, памешчыкаў, асаднікаў" ад 05.03.1940 года. Расстрэлы адбыліся ў красавіку 1940 года ў Катынскім лесе пад Смаленскам, у Старабельскім лагеры пад Харкавам, у Асташкаўскім лагеры Калінінскай вобласці, у ваколіцах Мінска - Курапаты, Дражня, Лошыца, парку Чалюскінцаў і ў іншых месцах. Колькі ўсяго беларусаў расстраляна ў адпаведнасці з гэтай жахлівай Пастановай - невядома.

Чаму мы адракаемся ад нашых суайчыннікаў, загінуўшых ад рук НКУСаўцаў, спрабуем выкінуць іх з народнай памяці? Пытанняў шмат, а адказаў няма.

Вядома, што на працу ў Нямеччыну было вывезена 377776 грамадзян Беларусі. А колькі іх там загінула? Невядома. Колькі іх пасля вызвалення адмовілася вярнуцца на радзіму і з'ехалі ў Англію, Канаду, ЗША, Аўстралію і іншыя краіны? Ёсць звесткі, што такіх 260 тысяч. А гэта ж таксама нашы страты ў вайну. Хаця, з якога боку на гэту справу паглядзець. Магчыма наадварот, гэта нашы набыткі. З'ехаўшы ў іншыя краіны, нашы землякі сталі вартымі грамадзянамі тых краін, знакамітымі асобамі. Асабіста для мяне не мае значэння, якім чынам яны апынуліся за мяжой, на чыім баку яны былі ў часы другой сусветнай вайны. Мы павінны ганарыцца імі. Калі б яны вярнуліся на Радзіму пасля 1945 года ці засталіся на Радзіме пасля вызвалення Беларусі, то яны на доўгія гады сталі б вязнямі савецкага ГУЛАГу і зніклі б у ім. Добра, што ў іх хапіла розуму своечасова ад'ехаць у замежжа.

Пасля 22 чэрвеня 1941 года ў першыя дні вайны НКУСаўцы правялі масавыя расстрэлы вязняў, якія знаходзіліся ў савецкіх турмах на тэрыторыі Беларусі. Такія расстрэлы адбываліся пад Вілейкай і Чэрвенем, у вёсцы Трасцянец пад Мінскам і ў іншых месцах. Палітвязняў Віцебскай турмы НКУСаўцы расстраляць не паспелі. Немцы ўжо былі ля сцен горада. Трэба было ратаваць сябе і свае сем'і. Таму НКУСаўцы аблілі сцены турмы бензінам і падпалілі. Палітвязні згарэлі жыўцом. Гэта ўсё нашы страты. Колькі людзей было знішчана вось такім метадам, невядома.

Беларусы змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у складзе армій іншых краін - у англійскай, амерыканскай, канадскай, французкай. Колькі іх там усяго было, колькі загінула, дзе іх пахаванні, ці ўскладаюць кветкі на іх магілы супрацоўнікі нашых амбасад у тых краінах хаця б раз на год? Вядома, што ў складзе арміі польскага генерала Андэрса змагалася больш за 50 тысяч беларусаў. Армія вызваляла ад немцаў Італію, пры гэтым загінула 1270 нашых землякоў. Якім чынам яны ўлічаны ў агульнанацыянальных стратах Беларусі?

Я ўжо казаў, што мы дакладна ведаем, колькі мірнага насельніцтва знішчана немцамі на акупіраванай Беларусі. А колькі насельніцтва знішчылі партызаны? Яны ж таксама палілі вёскі, расстрэльвалі людзей. Гэта было! Зноў няма адказу. Неабнародавана нават лічба колькі партызан-беларусаў загінула пры сутыкненнях з немцамі? Невядома, якія людскія страты панесла Беларусь ад выканання загада Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання № 270, які ваеннапалонных чырвонаармейцаў аб'яўляў здраднікамі і дазваляў арышты іх сем'яў?

З 1,5 мільёна беларусаў, якія ваявалі ў складзе Чырвонай Арміі, загінуў 1 мільён, у іх ліку і мой бацька. Гэта вельмі шмат - 66,3%. Масавая гібель чырвонаармейцаў-беларусаў прыпадае на 1944 год. Прычына гэтага вядома.

Беларусь панясла і матэрыяльныя страты. За гады вайны спалена 9200 вёсак, разбураны гарады, знішчана прамысловасць і сельская гаспадарка. 619 вёсак (а зараз ужо пішуць 628 вёсак) спалены разам з жыхарамі і пасля вайны не адбудаваліся, зніклі з карты Рэспублікі.

Цёмнай ці белай плямай з'яўляецца савецка-фінская вайна. Гэта працяг другой сусветнай вайны. Колькі беларусаў удзельнічала ў гэтай вайне, колькі загінула, колькі замёрзла ў карэла-фінскіх лясах і балотах? Ніякіх звестак пра гэта я не знайшоў.

Калі падлічыць, падсумаваць усе ахвяры другой сусветнай вайны, то магчыма высветліцца, што загінуў не кожны чацвёрты, не кожны трэці, а кожны другі беларус? А можа, наадварот, усяго толькі дзесяты?

Пад "шумок" вайны СССР абрабаваў Беларусь - на тэрыторыю Расіі былі вывезены амаль усе культурныя і мастацкія каштоўнасці. Пасля вайны назад нічога не вярнулася. Тое, што не паспелі вывезці ў Расію, немцы вывезлі ў Германію. Доктар філалагічных навук прафесар Адам Мальдзіс у газеце "Известия" ад 29.09.2000 года з боллю ў сэрцы расказаў, што ўсяго ад 1 да 5% нашых (беларускіх) культурных, мастацкіх і духоўных каштоўнасцяў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Напярэдадні вайны ў Расію вывезена калекцыя слуцкіх паясоў, Крыж Еўфрасінні Полацкай, выданні Францішка Скарыны, царкоўныя рэліквіі.

Ці дачакаемся мы праўды

Гісторыя другой сусветнай вайны ў савецкай інтэрпрэтацыі - суцэльная хлусня. Патрабуецца дэталёвая інвентарызацыя. Гісторыкі савецкага накірунку лямантуюць: не дазволім перапісваць гісторыю вайны! Але ж яе спачатку трэба праўдзіва напісаць. вярнуць яе нам. Трэба аддзяліць усялякае мемуарнае шалупенне і пакінуць праўду, якой бы горкай яна не была.

На першым з'ездзе беларусаў свету акадэмік Радзім Гарэцкі сказаў у сваім дакладзе: "... Больш усебаковай і аб'ектыўнай ацэнкі патрабуе партызанскі рух Беларусі ў час другой сусветнай вайны. Ён заключаў у сабе не толькі гераічнае, што ўсяляк высвечваецца, а і трагічнае, што ўсё яшчэ зацямняецца, проста замоўчваецца. Так, ён мала выконваў адзін з важнейшых абавязкаў, а менавіта - бараніць насельніцтва Беларусі ад вынішчэння рознага роду карнікамі, а ў шэрагу выпадкаў нават садзейнічаў гэтаму". Гэта было сказана ў 1993 годзе. Я ўдзячны акадэміку. З яго вуснаў я пачуў тое, што доўгія гады выношваў у сабе. Мне тады падумалася, што лёд крануўся, што высновы акадэміка Гарэцкага падхопяць і працягнуць іншыя. Але заварушыліся, паднялі галовы былыя партызанскія функцыянеры, рынуліся бараніць свой міф аб заступніцтве за простых, мірных беларусаў.

Знішчаны школьныя падручнікі па гісторыі, выдадзеныя ў першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У апошні час распачата беспардонная спекуляцыя тэмай вайны і перамогі. Слухаеш некаторыя афіцыйныя прамовы і складаецца ўражанне, што прамоўца кіраваў дывізіямі, арміямі, франтамі, распрацоўваў вайсковыя аперацыі, натхняў войскі на подзвігі, браў Берлін. Узнікае жаданне зняць ордэн Перамогі з помніка Перамогі і пачапіць яго на грудзі прамоўцы. Пачалася новая хваля прыватызацыі перамогі. Так, мы праняслі на сваіх плячах цяжар вайны, перацярпелі шмат пакут, паняслі вялікія страты. Але не трэба перабольшваць унёсак Беларусі ў справу разгрому нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чырвоная Армія больш чым на палову складалася з цёмнаскурых і вузкавокіх салдат. Тыя беларусы, якіх мабілізавалі ў 1944 годзе, загінулі на працягу 1-2 месяцаў. Іх ледзь хапіла на некалькі разведак боем. Перамога над фашысцкай Германіяй дасягнута агульнымі намаганнямі ўсіх краін свету. Брэсцкую цытадэль, якой мы так ганарымся, абаранялі воіны розных нацыянальнасцяў, там загінула 300-350 чачэнцаў, пра якіх сёння не ўспамінаюць.

Чырвоная Армія вызваліла краіны Усходняй Еўропы ад фашызму, для народаў вызваленых краін гэта была вялікая радасць, але яна была нядоўгай. На змену карычневай чуме прыйшла чырвона-карычневая. Васіль Быкаў у артыкуле "Горкі смак Перамогі" ("Народная газета" ад 07.03.1995) пісаў: "Мы меркавалі, што вызваляем еўрапейскія народы ад фашызму, не падумаўшы, што нясём ім новае зняволенне..." Савецкая акупацыя праіснавала 45 гадоў. Толькі гарбачоўская перабудова і галоснасць паспрыялі вызваленню. Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў варты таго, каб яму пры жыцці ў гэтых краінах былі ўсталяваны помнікі, як цару-вызваліцелю.

Чым больш аддаляе нас час ад другой сусветнай вайны, ад дня Перамогі, тым больш падымаюцца новыя хвалі хлусні. У дзяржаўных СМІ толькі і чуеш напышлівую балбатню пра ўсенародны ўздым на барацьбу супраць ворага, пра самаахвярнасць, пра суцэльны гераізм на фронце і ў тыле. Але давайце зірнём праўдзе ў вочы. Які ж гэта гераізм, калі за першы год і асабліва за першыя месяцы вайны ў нямецкі палон трапіла 5,7 мільёна савецкіх салдат і афіцэраў. Чаму такая процьма не засланіла сабой краіну? Калі быў у гады вайны суцэльны ўздым, гераізм, патрыятызм, дык як тады мог з'явіцца загад стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання № 270, які аб'яўляў здраднікамі не толькі салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў нямецкі палон, але і членаў іх сем'яў? Калі лічыць, што кожная сям'я складалася з 4-5 чалавек, дык атрымліваецца, што ў СССР аказалася ў час вайны ад 25 млн. да 30 млн. здраднікаў! Што ж гэта была за дзяржава, у якой мы жылі?

Калі быў у гады вайны ўсенародны ўздым, патрыятызм, гераізм, то як мог з'явіцца на свет загад наркома абароны СССР І. Сталіна № 227 ад 28 ліпеня 1942 года, як атрымаў назву "Ні кроку назад!" Гэты загад прадпісваў стварыць заградатрады НКВД, узброеныя кулямётамі, аўтаматамі і іншай зброяй. Атрады размяшчаліся ў тыле часцей, прызначаных для атакі. Пры спробе адступіць, заградатрады адкрывалі агонь па сваім. Акрамя таго загад даваў санкцыі на стварэнне штрафных рот і батальёнаў. Загад прадпісваў расстрэльваць перад строем трусаў і панікёраў. У адпаведнасці з загадам № 227 такіх было расстраляна (слабанервовых прашу не чытаць, перагарніце старонку) 954 тысячы савецкіх салдат і афіцэраў! Такі "патрыятызм" у страшным сне не мог прысніцца. Што ж гэта за дзяржава такая? Што ж гэта за кіраўнікі дзяржавы, што аддавалі такія драпежныя, безчалавечныя загады? Гэта нелюдзі. Любога салдата, які замарудзіўся і апошнім падняўся ў атаку расстрэльвалі, каб правучыць, запалохаць іншых. Загад з'явіўся ў канцы ліпеня 1942 года. Вайна працягвалася ўжо больш года, быў назапашаны вялікі вопыт яе вядзення. Але патрыятызму, запалу ў арміі не было. Што ж гэта за армія, якую ў атаку, у наступленне трэба падымаць і гнаць наперад пры дапамозе заградатрадаў. Кожнаму ваенаначальніку і шараговаму салдату вядома, што армія, якая наступае, нясе значна большыя страты, чым тая, якая трымае абарону. А што адбывалася на самай справе? Чырвоная Армія, якая трымала абарону, у баях за кожны горад несла незлічоныя страты. Звычайна армія пакідае горад ці тэрыторыю, каб зберагчы сваю жывую сілу і тэхніку, перагрупавацца і чакаць праціўніка на новых рубяжах абароны. Але тут нават гаворка не ішла, каб берагчы жыццё сваіх салдат і афіцэраў для будучых баёў. Абараняючы Смаленск Чырвоная Армія згубіла 1,5 мільёна чалавек. Пад Ржэвам і Вязьмай яшчэ 1,5 мільёна. У баях за Маскву загінула каля 1 мільёна чалавек. К восені 1941 года ад той часткі Чырвонай Арміі, якая была выстаўлена супраць немцаў, засталося 7% асабовага складу. Але і немцам патрэбна была перадышка. Становішча Чырвонай Арміі пад Масквой палепшылася, калі з Далёкага Усходу сюды прыбылі свежыя арміі, якія трымалі там на выпадак агрэсіі з боку Японіі. Не трэба скідваць з шаляў вялікую бескарыслівую дапамогу, якую аказалі СССР Злучаныя Штаты Амерыкі. Чырвоная Армія мела шматкратную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы над нямецкай арміяй. Па віне бяздарнага кіраўніцтва гэта перавага была згублена ў першыя месяцы вайны. Калі мы вядзём размову пра дапамогу, то прыпамінаем толькі амерыканскія аўтамабілі "Студабекеры". Але ж США бесперабойна пастаўлялі для СССР танкі, самалёты, іншае ўзбраенне, выбуховыя рэчывы. Я не буду называць канкрэтныя лічбы дапамогі, скажу толькі , што яны астранамічныя. Акрамя таго ЗША пастаўлялі ў СССР прадукты харчавання. Чырвоная Армія галадала. Мой стрыечны брат Аляксандр Капылоў пачаў вайну сувязістам. Ён мне расказваў, што кармілі іх вельмі кепска - раз у двое сутак. Усе думкі былі накіраваны на тое, дзе і як знайсці ежу, хадзілі з працягнутай рукой, а бывала і рабавалі мясцовае насельніцтва.

Прэзідэнт Рузвельт, Сенат і Урад ЗША прынялі ў той час Пастанову абмежаваць у забеспячэнні прадуктамі ўласны народ, каб за кошт гэтага арганізаваць пастаўкі для СССР. Я не магу назваць лічбу, колькі мільёнаў тон прадуктаў харчавання было пастаўлена, але ў СМІ прагучала інфармацыя, што гэтага хапіла б, каб паўнавартасна карміць 3-х мільённую армію на працягу 3-х гадоў. На жаль факт амерыканскай дапамогі замоўчваецца.

На абарону Масквы былі перакінуты вайсковыя фарміраванні з Сярэдняй Азіі. Там былі размешчаны вялікія сілы, бо Сталін баяўся, каб Сярэдне-Азіяцкія рэспублікі не паспрабавалі аддзяліцца, выкарыстаўшы цяжкае становішча СССР. Унутраныя ворагі для Крамля былі небяспечней вонкавых. Падставы для гэтага існавалі. Толькі за 1929 год супраць савецкай улады адбылося 730 паўстанняў, у тым ліку і ў арміі. Салдаты-сяляне адкрыта заяўлялі, што ў выпадку вайны яны не будуць абараняць СССР. Пра гэта гаварылася ў перадачы "Особая папка" на канале ТВЦ 22.03.2004 года. Каб прадухіліць крах СССР, Сталін, ратуючы сваю скуру, вёў перамовы з Гітлерам аб спыненні вайны. Пасярэднікам перамоў была хаўрусніца Гітлера - Балгарыя. За спыненне вайны Сталін даў згоду добраахвотна аддаць фашысцкай Германіі Украіну, Беларусь, Прыбалтыку, Бесарабію, Букавіну, Карэльскі перашыек (гл. кнігу ваеннага гісторыка Д. Валкагонава "Ленін"). Дарэчы, сатрап Ленін, ратуючы сваю ўладу, у 1918 годзе ўжо здаваў нас немцам па Брэсцкаму міру. І вось зноў усё магло паўтарыцца. Але Гітлер адхіліў прапанову Сталіна. Гэтыя тэрыторыі і так ужо былі пад нямецкай акупацыяй. А калі б Гітлер пагадзіўся? Як бы склалася гісторыя Беларусі, у якім бы накірунку яна б развівалася? І што казалі б нам сёння ветэраны? І ці ведалі б мы іх, саміх ветэранаў, па волі Сталіна, якога яны ўхваляюць? У апошні час беларускія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны паднялі лямант вакол помніка маршалу Жукаву. Ім няцерпіцца ўсталяваць яго ў цэнтры Мінска. Але якія адносіны мае Жукаў да Беларусі? Так, ён служыў на нашай тэрыторыі ў якасці камандзіра палка. Ну і што? Такіх камандзіраў праз Беларускую ваенную акругу прайшлі тысячы, можна натыкаць помнікаў на кожным квадратным метры. Жукаў нарадзіўся ў Калужскай вобласці. Калі яго землякам патрэбен такі помнік, няхай яны і ўстанаўліваюць. А мы павінны шанаваць сваіх знатных землякоў, у тым ліку і ваенаначальнікаў. Ні ў Мінску, ні ўвогуле на тэрыторыі Беларусі ўсталёўваць помнікі Жукаву не варта. Беларусь была здана немцам за месяц, а сталіца рэспублікі горад Мінск - на 6-ты дзень вайны. Вызвалялі Беларусь доўгіх 3 гады 1 месяц і 5 дзён. Маршал Жукаў ваяваў не розумам, а колькасцю. Ён заваліў нямецкія траншэі трупамі савецкіх салдат. На аднаго забітага нямецкага салдата прыпадае (па афіцыйным дадзеным) 10 савецкіх. Але гэта не дакладная, значна заніжаная, лічба. Перад 60-годдзем Дня Перамогі, якое пампезна адсветкавалі ў Расіі і Беларусі, у адной з тэлеперадач было сказана, што да нашага часу лічацца без вестак зніклымі больш 6-ці мільёнаў салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі! Куды ж яны дзеліся? Яны загінулі, іх проста ніхто не лічыў. Магчыма гэта быў злосны намер. Сем'ям без звестак зніклых салдат і афіцэраў не плацілі пенсій, пазбаўлялі іх ільгот. Гэта ж астранамічная эканомія для бюджэта краіны...

У мяне няма намеру пакрыўдзіць ветэранаў ВОВ, абразіць іх пачуцці, адносіны да мінулага, для іх гераічнага. Яны мужныя людзі, ім пашчасціла выжыць у той мясарубцы. Здароўя ім, няхай жывуць доўга! Я ўсяго толькі іх заклікаю зірнуць праўдзе ў вочы. Новыя пакаленні нашых людзей маюць права і павінны ведаць усю праўду пра другую сусветную вайну, якой бы тая праўда горкай не была. Калі мы нашу моладзь будзем выхоўваць на хлусні, то яна, моладзь, будзе паўтараць памылкі сваіх папярэднікаў, будзе наступаць на тыя ж самыя граблі. Памятаю, як па расійскаму тэлеканалу НТБ 23.06.2000 года паказалі дакументальную кінастужку "Перамога. Адна на ўсіх." Сталін арганізаваў паміж Жукавым і Коневым гонку, спаборніцтва, хто першым увойдзе ў Берлін. Савецкіх маршалаў у пагоні за славай нішто не магло спыніць. Кожная пядзя зямлі на подступах да Берліна прапітана крывёю савецкіх салдат. На шляху адной з дывізій к Берліну сустрэўся дот, у якім знаходзіўся кулямётны разлік з двух нямецкіх салдат. Гэтую перашкоду можна было абысці з флангаў, каб не трапіць пад кулямётны агонь, і наступаць далей. Разумны камандзір так бы і зрабіў. Але паступіў безагаворачны загад - захапіць дот. Батальёны, палкі па некалькі разоў падымалі ў атаку і кідалі на дот, але нямецкі кулямёт працаваў безадказна. Мясцовасць перад амбразурай была завалена трупамі салдат. Ад гэтага жудаснага відовішча нямецкі кулямётчык звар'яцеў, кулямёт замоўк. Але і ў атаку падымаць ужо не было каго, падраздзяленне амаль усё загінула. Вось такія "таленавітыя" камандзіры былі ў Чырвонай Арміі.

Абвінавачваць у неапраўданых стратах камандзіраў сярэдняга і ніжэйшага звяна несправядліва. Яны не мелі права ўносіць змены ў загады камандзіраў больш высокага рангу. Для прыкладу. Перад фронтам дывізіі была добраумацаваная вышыня з шматлікімі агнявымі кропкамі. За вышынёй - вёска, у якой размяшчаліся немцы. Немцы не збіраліся здаваць ні вышыню, ні вёску. Батальёны і палкі дывізіі некалькі разоў кідаліся на штурм, хадзілі ў атаку, але безвынікова. Гінулі і салдаты і камандзіры. І вось на 7 гадзін раніцы наступнага дня быў прызначан чарговы штурм. Камандзір палка паставіў задачу захапіць вышыню нядаўна прызначанаму на пасаду камандзіру батальёна. Атака - пасля 15-ці хвіліннай артылерыйскай падрыхтоўкі. Але камандзір батальёна ўсё вырашыў па-свойму. Пад покрывам ночы батальён непрыкметна падкраўся да вёскі. Часавых ліквідавалі ціха. Потым па сігналу байцы адначасова ўварваліся ў хаты. Сонныя немцы былі знішчаны без адзінага выстрала. Савецкіх байцоў уразіла тое, што немцы, знаходзячыся на перадавой, спалі на чыстай бялізне. Пакончыўшы з немцамі ў вёсцы, батальён з тыла атакаваў вышыню і без асаблівага шуму захапіў яе. Усе агнявыя кропкі немцаў былі падаўлены. У 6 гадзін раніцы, за гадзіну да атакі, камандзір батальёна далажыў камандзіру палка аб захопе вышыні і вёскі. Вы думаеце, што камандзір батальёна за праяўленую ініцыятыву атрымаў узнагароду? Як бы не так. Батальёну было загадана пакінуць вышыню і вёску, вярнуцца на зыходныя пазіцыі і чакаць, як было запланавана, сігнала для атакі. Камандзіра батальёна адхілілі ад пасады, пазбавілі афіцэрскага звання і накіравалі ў штрафную роту. Гэта шэраговы выпадак, якіх было вельмі многа.

Пасля таго, як Германія капітуліравала, адбылася сустрэча паміж маршалам Жукавым, фельдмаршалам Мантгомеры (Англія) і генералам арміі Эйзенхаўэрам (ЗША). У размове Эйзенхаўэр запытаўся ў Жукава, як яму так хутка ўдалося захапіць Берлін. Вакол Берліна, на далёкіх і блізкіх подступах да яго суцэльныя мінныя палі, на якіх падарвалася некалькі амерыканскіх салдат. Саюзнікі спынілі наступленне. Вельмі крыўдна гінуць, калі вось-вось закончыцца вайна. Так думалі і шэраговыя амерыканскія салдаты, і генералы, і Галоўнакамандуючы генерал арміі Эйзенхаўэр, і Прэзідэнт ЗША. Але гэта там, у іх. У нас было ўсё па-іншаму. Маршал Жукаў адказаў Эйзенхаўэру, што які сэнс жалець салдат, калі ведаеш, што гэта апошні штурм. Жукаў на міннае поле, на верную смерць кінуў мотастралковую дывізію. У жывых ад дывізіі засталіся адзінкі. Так быў пракладзены праход праз міннае поле. Там, дзе прайшла дывізія, на зямлі засталіся ляжаць тысячы забітых і сцякаючых крывёю, параненых салдат і афіцэраў. Параненым, пакалечаным, кантужаным медычнай дапамогі ніхто не аказваў, не было часу. У пракладзены мінны праход адразу пайшлі танкі. Яны давялі справу да канца, гусеніцамі перамалолі косці і мёртвых і жывых і змяшалі іх з зямлёй. Магчыма ўсе яны папалі ў спіс без вестак прапаўшых. Для маршала Жукава жыццё салдата, афіцэра, генерала было нішто.

За ўсю другую сусветную вайну загінула 307 тысяч англійскіх салдат і афіцэраў. Гэта ў тры разы меней, чым іх страты ў Першую сусветную вайну. Страты амерыканскай арміі ў другой сусветнай вайне склалі 250 тысяч салдат і афіцэраў. Страты савецкай арміі незлічоныя. Па афіцыйным дадзеным спачатку яны склалі 7 мільёнаў чалавек, потым - 8 мільёнаў, зараз абвяшчаецца, што ваенныя страты Чырвонай Арміі склалі каля 10-ці мільёнаў чалавек. Але і гэта лічба значна заніжана. Толькі ў баях за Берлін загінула каля мільёна савецкіх салдат і афіцэраў. Такі ж самы малюнак назіраўся ў баях за іншыя гарады.

Гледзячы на тыя падзеі з пазіцый сённяшняга дня, мне не зразумела, для чаго Сталін, Жукаў, Конеў так напіналіся, каб першымі захапіць Берлін. Па-першае, амерыканцы і не збіраліся яго браць штурмам, пазбягалі вялікіх неапраўданых страт. Па-другое, захапіўшы Берлін, савецкае кіраўніцтва ўсёроўна вымушана падзяліла горад на 4 часткі акупацыі паміж саюзнікамі, паднесла ім яго на сподачку.

Некалькі слоў аб тым, як падпісваўся акт аб капітуляцыі Германіі. Ён быў падпісаны 7 траўня 1945 года. З амерыканскага боку акт падпісаў генерал Сміт, з боку СССР - генерал Суслапараў, з боку павержанай Германіі - генерал Йодль. Акт уступіў у сілу ў ноч з 7 на 8 траўня. 8 траўня лікаваў увесь свет. Звесткі дайшлі да Крамля. Там абурыліся. Хто пасмеў свавольнічаць?! Амерыканцы, каб уцешыць Жукава, каб не дражніць звера, не сталі пярэчыць супраць яшчэ аднаго падпісання акта аб капітуляцыі Германіі. З боку СССР акт падпісаў надменны маршал Жукаў, з боку Германіі - фельдмаршал Кейтэль. Але гэта падзея ўжо не іграла ніякай ролі, ніхто ў свеце, акрамя СССР, яе не заўважыў.

Трэба адзначыць, што Сталін не выказаў асаблівай радасці, што ў вайне з Германіяй пастаўлена апошняя кропка. Ён быў не супраць паваяваць яшчэ. Вайна з самага пачатку пайшла не па яго сцэнару. Ён збіраўся першым знянацку, без аб'яўлення вайны напасці на Германію і за кароткі тэрмін дайсці да Берліна. Жукаў і Цімашэнка падрыхтавалі план вядзення вайны. СССР меў шматкратную перавагу над Германіяй у жывой сіле і ў узбраенні. Але атрымалася ўсё наадварот. Лепшы сябра Сталіна папярэдзіў падзеі, напаў першым і вельмі хутка дайшоў да Масквы. Пасля парада перамогі, які адбыўся ў Маскве ў дажджлівы дзень 24 чэрвеня 1945 года, пра Дзень Перамогі не ўспаміналі 20 гадоў - да 9 траўня 1965 года. З гэтага моманту галоўнай дзеючай асобай у Вялікай Айчыннай вайне стаў чарговы генсек ЦК КПСС Леанід Брэжнеў. На яго грудзях з маўклівай згоды сённяшніх ветэранаў пачапілі ордэн Перамогі. Цяпер ужо самай галоўнай вайсковай аперацыяй стаў не штурм Берліна, а высадка дэсанта на бераг Цэмескай бухты каля Наварасійска і захоп там невялікага плацдарма плошчай у 30 кв.км. Плацдарм некалькі разоў наведаў начальнік палітаддзела 18-й арміі палкоўнік Брэжнеў. На думку ваенных гісторыкаў тая аперацыя была лёсавызначальнай для далейшага хода вайны.

Як з цягам часу ўсё мяняецца. Зараз нам даводзяць, што паваротнай кропкай у ходзе вайны была бітва на "Лініі Сталіна" пад горадам Заслаўем на подступах да Мінска, бітва - якой не было.

Які эпізод вайны не возьмеш - усюды натыкаешся на хлусню. Возьмем прыкладам блакаду Ленінграда. Не для людской памяці, а па ідэалагічным меркаванням, для турыстаў, як нейкую выставу, пабудавалі Піскароўскія могілкі. А на тым месцы, дзе праводзіліся самыя масавыя пахаванні, пасля вайны заклалі парк Перамогі. Кроны дрэваў у ім разрасліся, трава на газонах сакавітая, квітнеюць клумбы - зямля ўгноена... Нашчадкі памерлых і выжыўшых прагульваюцца па алеях парка і магчыма не падазраюць, што пад іх нагамі сотні тысяч людскіх парэшткаў. Улада рабіла і працягвае рабіць усё, каб сцерці вялікія страты з памяці. У Ленінградзе ёсць яшчэ адно змрочнапамятнае месца - цагельны завод. У часы блакады ён працаваў як крэматорый. Спачатку ў пячах завода штодзённа спальвалі па 800 цел. Потым, па загаду Першага сакратара Ленінградскага абкама КПСС Жданава, норму спальвання давялі да 1500 трупаў за суткі. Попел з печаў вывозілі ваганеткамі і выгружалі ў катлаван, з якога да блакады здабывалі гліну. Катлаван, ці кар'ер, меў вельмі ўнушальныя размеры. Пасля вайны яго запоўнілі вадой, уладкавалі бераг, пабудавалі пляжы, зоны адпачынку - атрымалася прыгожае возера. Зараз там адпачываюць, купаюцца, загараюць, п'юць піва пецербуржцы. Няўжо ім невядома, што дно гэтага возера пакрыта тоўстым слоем святога попелу. На тым месцы, дзе стаяў цагельны завод, пабудавана станцыя метро "Парк Перамогі". Уваход у метро знаходзіцца як раз там, дзе стаялі печы.

Якая колькасць людзей загінула ў блакадным Ленінградзе, дакладна невядома. Да вайны ў горадзе пражывала 3 мільёны чалавек. На момант ліквідацыі блакады засталося ўсяго 500 тысяч. Эвакуіравана людзей з Ленінграда было не надта многа. Гэта быў у асноўным персанал навукова-даследчых устаноў. У Ленінград хлынулі бежанцы. Па розным ацэнкам іх колькасць складала ад 2 да 3 мільёнаў чалавек. Яны і сталі паміраць першымі. Бо былі без дакументаў, без месца працы, ім не выдаваліся картачкі на атрыманне пайкоў. Блакаду можна было зняць на год ранней.

Чаму я так падрабязна пішу пра блакадны Ленінград? Таму, што ў гэтым пекле памёр мой родны брат Сяргей. Дзе яго магіла - невядома. Крэмль не спяшаўся з дапамогай блакаднаму Ленінграду.

Разам з "рукой дапамогі" СССР вырашаў свае далёкаідучыя планы. А калі здаралася, што насамрэч акупіраваным народам была патрэбна хуткая дапамога і яны яе прасілі, СССР не спяшаўся яе аказаць. Так здарылася з Варшаўскім паўстаннем. Камандаванне Чырвонай Арміі, якая была ўжо побач з Варшавай, раўнадушна назірала ў біноклі, як немцы распраўляліся з паўстанцамі.

Як вызвалялася сталіца Чэхаславакіі Прага - гэта цэлая захапляльная гісторыя ў якой замешана Руская Вызваленчая армія (РВА) генерала Уласава.

13 сакавіка 1945 года 1-ю рускую дывізію гэтай арміі пад камандаваннем генерал-маёра Сяргея Бунячэнка нямецкае камандаванне перакінула да Берліна, дзе ішлі кравапралітныя баі. Але генерал Бунячэнка адмовіўся выконваць загады нямецкага камандавання, аб чым 13 красавіка аб'явіў усяму асобаму складу сваёй дывізіі. Прывітанне "Хайль Гітлер" было заменена на звычайнае прыкладанне рукі да галаўнога ўбору. Дывізію, а разам з Уласавым і ўсю армію, генерал Бунячэнка павёў на поўдзень. 2-га траўня дывізія спынілася на прывал у 50 км ад Прагі. У той жа дзень у штаб дывізіі прыбыла чэшская дэлегацыя і праінфармавала Уласава і Бунячэнку, што ў Празе рыхтуецца паўстанне супраць нямецкіх акупантаў, прасілі дапамогі. Паміж Уласавым і Бунячэнкам па гэтаму пытанню спачатку паразумення не было. 3 траўня 1945 года дывізія займалася раззбраеннем нямецкіх гарнізонаў. Немцы ўласаўцам супраціву не аказвалі. Нямецкія салдаты і ўнтэрафіцэры адразу былі адпушчаны, а афіцэраў адпусцілі на наступны дзень. 4 траўня амерыканская армія па прыказу генерала Эйзенхаўэра пачала наступленне ў Чэхаславакіі. Да Прагі было не надта далёка. Спадзяючыся на амерыканцаў, у 11 гадзін 5-га траўня пачалося Пражскае паўстанне. Немцы пачалі жорстка яго падаўляць. Да Прагі пачалі рухацца эсэсаўскія часткі. Паўстанне сцякала крывёй. ЧНС - Чэшскі Нацыянальны Савет зноў звярнуўся за дапамогай да Уласава. Амерыканцы гатовы былі аказаць дапамогу, але савецкае камандаванне забараніла ім гэта рабіць. Ялцінскімі пагадненнямі была вызначана мяжа на якой саюзнікі павінны былі спыніцца. Чырвоная Армія была далёка і дапамагаць паўстанцам яна, як звычайна, не збіралася. На гэты раз генералы Уласаў і Бунячэнка прыйшлі да высновы, што паўстанцам трэба тэрмінова аказаць дапамогу. Армія рушыла на Прагу. 5-га траўня радыё паўстанцаў перадала: "Абаронцы Прагі! Мужна трымайцеся, напружце апошнія сілы! Нам на дапамогу рухаецца армія генерала Уласава!" На прыканцы дня армія ўвайшла ў Прагу. За 6 і 7 траўня армія ачысціла Прагу ад немцаў, спыніла моцныя часткі эсэсаўцаў, якія наступалі на Прагу. Прага была вызвалена. Уласаўцаў радасна сустракала насельніцтва. На танках уласаўцаў было напісана: "Смерць Сталіну, смерць Гітлеру". Але большасць у ЧНС складалі прамаскоўскія камуністы. Яны былі напалоханы тым, што супрацоўніцтва з уласаўцамі скампраментуе іх перад СССР. 7-га траўня яны прынялі рэзалюцыю, каб уласаўцы пакінулі горад. Вось так функцыянеры ЧНС аддзякавалі ўласаўцам за вызваленне сталіцы ад немцаў. Раніцай 8-га траўня дывізія ў апошні раз прайшла па вуліцам Прагі, пакідаючы яе. Людзі плакалі, прасілі ўласаўцаў не пакідаць горад. Прагу зноў адразу занялі фашысты. ЧНС ім не перашкаджаў, хаця насельніцтва, дзякуючы Уласаву, было ўжо добра ўзброена. Чэхі вызвалілі палонных немцаў, якіх у палон захапілі ўласаўцы. Па дамоўленасці з ЧНС, немцы папоўнілі свае запасы зброі, харчавання і ў гэты дзень, 8-га траўня, пакінулі горад. 9 траўня 1945 года ў свабодную Прагу ўвайшла Чырвоная Армія. Савецкае камандаванне было абурана тым, што чэхі далі магчымасць пакінуць горад спачатку ўласаўцам, а потым немцам. Савецкія ваеначальнікі прывыклі браць гарады, заваліўшы іх трупамі сваіх салдат і мірнага насельніцтва, пакінуўшы пасля сябе руіны. Вінаватых знайшлі хутка. Былі арыштаваны кіраўнікі паўстання і ЧНС. У поўным складзе - каго расстралялі, каго адправілі ў ГУЛАГ. А многія нашы ветэраны і зараз носяць медаль "За взятие Праги".

Уласаўцы шукалі паратунку ў амерыканцаў, але тыя не прапусцілі іх у саю зону. Дзень 17-га траўня стаў апошнім днём арміі Уласава. Амерыканцы далі магчымасць савецкім часткам акружыць яе. Пачалася крывавая расправа. Чэхі-сведкі расказвалі і пісалі ў сваіх успамінах, што расправа над уласаўцамі - самае жахлівае, самае жудаснае, што ім давялося бачыць за гады другой сусветнай вайны. Генерала Уласава і Бунячэнку адвезлі ў Маскву, дзе вынеслі смяротны прысуд. Больш падрабязна аб арміі Уласава можна прачытаць у газеце "Московские новости" за 05. 05.1991 года.

У савецкай зоне акупацыі Германіі фашысцкія канцлагеры працягвалі дзейнічаць. Ва ўласнасць НКУС ад гестапа перайшло 11 канцлагераў. Аднак гэта было недастаткова, адчыніліся новыя. Нават працягвалі дзейнічаць канцлагеры з такімі злавеснымі назвамі, як Бухенвальд і Заксенхаўзен. Іх зачынілі самымі апошнімі ў 1950 годзе. Вязьні заставаліся там тыя ж самыя, што і пры Гітлеры - антыфашысты.

Да 1945 года яны сядзелі ў фашысцкім Бухенвальдзе, а пасля 1945 года - у савецкім Бухенвальдзе. Вонкавую ахову неслі савецкія салдаты, унутраная ахова складалася з шараговых эсэсаўцаў, начальнікамі аховы былі афіцэры СС. Савецкі рэжым ведаў, на каго цалкам можна абаперціся. Савецкім вязнем канцлагера Фюнфайхен быў Эвальд Пік, родны брат будучага прэзідэнта ГДР Вільгельма Піка. Пасля перамогі па ўсёй усходняй Германіі ішлі арышты. Асаблівае паляванне пачалося на падлеткаў. Тысячы нямецкіх падлеткаў ад 12 да 18 гадоў былі кінуты ў канцлагеры. Арыштоўвалі цалкам школьныя класы. Допыт арыштанта працягваўся 1-2 хвіліны. Для прыкладу, следчы задае арыштанту пытанне: "Газеты чытаеш, радыё слухаеш?" "Ja, ja", - адказвае напалоханы арыштант. Следчы запісвае ў пратакол: "Арыштаваны сцвярджае, што займаўся нацыскай прапагандай."

Яшчэ прыклад. Следчы пытаецца ў чарговай ахвяры, на якой пасадзе той працуе. "Эсбанфюрэр", - чуецца адказ. А раз "фюрэр" - дарога ў канцлагер. Следчы не стаў удакладняць, што эсбанфюрэр - гэта ўсяго толькі кіроўца трамвая.

Больш падрабязна пра гэта можна прачытаць у "Московских новостях" за 06.06.1993 года.

У нямецкае рабства было прымусова вывезена каля 380 тысяч беларусаў. Нямецкі бок ужо ў наш час прызнаў сваю віну і нават усім пацярпелым выплаціў кампенсацыю. Хацелася б даведацца колькі тысяч ці мільёнаў немцаў было вывезена на працу ў СССР пасля акупацыі Германіі? Можа хтосьці скажа, што такога не было і быць не магло? Было. За 1945-1946 годы на працу ў СССР было прымусова вывезена каля мільёна нямецкіх жанчын. Колькі іх выжыла ў савецкіх умовах і вярнулася ў Германію? Колькі было вывезена мужчынскага насельніцтва? Таямніца.

Хачу закрануць яшчэ адно пытанне. За ўсю вайну ў маёй і ў навакольных вёсках немцы не згвалцілі ніводнай жанчыны. Пасля капітуляцыі Германіі маршал Жукаў дазволіў войску на некалькі дзён разгула. Для немцаў гэта былі самыя жахлівыя, самыя цяжкія дні за ўсю вайну. Савецкія салдаты і афіцэры азвярэлі, страцілі розум. Яны рабавалі, забівалі мужчын і падлеткаў, гвалцілі жанчын і непаўналетніх дзяўчынак. Бязмежжа савецкіх салдат і афіцэраў набыло велізарны размах. Колькі адбылося згвалтаванняў невядома, можна толькі здагадвацца. У 1946 годзе нямецкія жанчыны з Усходняй Германіі зрабілі больш за 800 тысяч абортаў. Яны не пажадалі ражаць дзяцей, зачатых гвалтоўна.

Паверце, я не імкнуся ў сваіх нататках паказаць савецкую армію ў цёмных фарбах. Я толькі хачу параўнаць паміж сабой тых і другіх. Калі ты асуджаеш злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то, ступіўшы на іх зямлю, пакажы сябе з лепшага боку, пакажы свой хвалёны гуманізм, з павагай стаўся да жанчын. Яны ж ні ў чым не вінаватыя, з павагай стаўся да культуры краіны, якую вызваліў ад фашызма. Інакш, які ж ты вызваліцель? Ты такі ж самы вандал, цемрашал, захопнік, садыст, кат. Папытайце нашых ветэранаў хто з іх гвалціў? Ніводны не прызнаецца, сорамна перад дзецьмі і ўнукамі.

Між тым, тыя 800 тысяч абортаў можна лічыць як афіцыйна зафіксаваную колькасць нямецкіх жанчын, згвалтаваных савецкімі ваякамі. Але гэта лічба недакладная. Тысячы немак не вытрымалі здзекаў, сораму, абразы, гвалту і скончылі жыццё самагубствам. Іншыя былі забітыя. Некаторыя, зразумела, не зацяжарылі. Можна меркаваць, што было згвалтавана больш за мільён нямецкіх жанчын. Былі выпадкі калектыўнага гвалтавання нямецкіх жанчын узводам, ротай. Каб спыніць урэшце гэта дзікунства маршал Ракасоўскі аддаў загад гвалтаўнікоў, рабаўнікоў расстрэльваць перад строем вайсковых частак. пра ўсё гэта падрабязна і не аднойчы было расказана ў тэлеперадачах "Вайна стагоддзя", "Другая сусветная ў колеры", "Асвенцым", "Сталінград" і іншых на тэлеканале "Hіstory".

У нямецкім палоне былі англійскія, амерыканскія, французкія, канадскія, аўстралійскія і іншых краін ваенаслужачыя. Кіраўніцтва гэтых краін дбала пра сваіх людзей, якія апынуліся ў бядзе. Усе дзяржавы, акрамя СССР, выконвалі Жэнеўскае пагадненне аб утрыманні ваенапалонных. Ваенапалонныя гэтых краін па лініі Чырвонага крыжа рэгулярна атрымлівалі пасылкі, у якіх быў набор: сыр, каўбаса, тушонка мясная і ласосевая, сгушчонка, шакалад, кава, канцэнтрат сокаў і іншая дробязь. Што цікава, немцы не перашкаджалі супрацоўнікам Міжнароднага Чырвонага крыжа пастаўляць пасылкі ваенапалонным. Палонным афіцэрам дазвалялася насіць воінскія знакі адрознення.

А як адчувалі сябе нямецкія салдаты і афіцэры ў савецкім палоне? Цэласнага матэрыяла я не знайшоў. Трапляліся нейкія абрывачныя звесткі. Я не змог даведацца, колькі нямецкіх салдат і афіцэраў было агулам у савецкім палоне. Пад Сталінградам трапіла ў савецкі палон, па розным крыніцам, ад 90 тысяч да 115 тысяч. З гэтай колькасці выжыла і вярнулася ў Германію ўсяго толькі 5 тысяч, ці ўсяго толькі ад 4,3% да 5,5%. У нямецкім жа палоне выжыла 63% савецкіх салдат. Не цяжка падлічыць, што смяротнасць у савецкіх канцлагерах была ў 12 разоў вышэй, чым у нямецкіх.

Па вуліцах Масквы правялі калону ваенапалонных немцаў. "Заваёўнікі" прайшлі па Маскве спакойна, падтрымліваючы строй. Не ведаю, чаго гэтым улада хацела дабіцца. Магчыма разлічвала, што людзі будуць услых выказваць пракляцці, абразы ў бок палонных немцаў, пляваць, кідаць камяні. Людзі глядзелі на гэтую шэрую масу палонных моўчкі і нават са спачуваннем. Некаторыя падбягалі да калоны, перадавалі клункі з ежай. І такіх людзей было шмат. Немцы бралі тыя перадачы з рук масквічоў спакойна.

Я адмоўна стаўлюся да гэтай акцыі савецкага кіраўніцтва - прагнаць палонных немцаў па вуліцах Масквы. Каб учыніць здзек над бездапаможнымі палоннымі, шмат розуму не трэба. Над сваімі грамадзянамі савецкая ўлада здзекавалася яшчэ больш бязлітасна. Гэта лішні раз даказвае, што савецкі і фашысцкі рэжымы падобны адзін да аднаго як блізняты-браты.

Я абяцаў яшчэ раз вярнуцца да падзей савецка-фінскай вайны. Тайну пра савецка-фінскую вайну савецкая ўлада трымала за сямю пячацямі. Толькі ў часы гарбачоўскай перабудовы, і асабліва пасля распаду СССР, усё выйшла наверх.

Вайна пачалася 30 лістапада 1939 года, закончылася 12 сакавіка 1940 года. Падрабязна пра савецка-фінскую вайну расказала газета "Комсомольская правда" за 12 і 14.11.1989 года. Падчас гэтай вайны, з даклада Молатава, загінула 49 тысяч савецкіх салдат, ранена 159 тысяч ("Известия" за 02.06. 1992 года). З "Народнай газеты" за 11-13.03.1995 года можна даведацца, што за 105 дней фінскай кампаніі Чырвоная Армія страціла 74 тысячы забітымі, 17 тысяч прапаўшымі без вестак, 198510 чалавек параненымі і абмарожанымі. Па ацэнках заходніх гісторыкаў страты СССР у той вайне - 217 тысяч забітымі, 17 тысяч прапаўшымі без вестак. "Камсамольская праўда" за 14.11.1989 года прывяла такія дадзеныя: страты Чырвонай Арміі забітымі складаюць 272 тысячы чалавек. Сталін на нарадзе каманднага складу сказаў: "Наша няўменне ваяваць абышлося нам у гэтай вайне ў 500 тысяч чалавек". Калі Сталін назваў такую лічбу, то трэба меркаваць, што сапраўдныя страты Чырвонай Арміі ў 105-дзённай савецка-фінскай вайне былі значна большыя.

Памятаю, 3-га ліпеня 1984 года я са сваёй жонкай Нінай гуляў у парку імя Горкага. Горад Мінск быў у святочным убранні. Мы сядзелі на лаве, слухалі музыку, елі марожанае. Да нас, на свабоднае месца, падсеў мужчына. Было бачна, што ў яго ёсць жаданне паразмаўляць, выказацца. Ён сказаў, што 3-га ліпеня 1944 года ніякага вызвалення горада не адбывалася. З 30-га чэрвеня на 1-га ліпеня немцы скрытна без адзінага выстрала пакінулі горад. Толькі раніцай, калі людзі ішлі на працу, высветлілася што на вуліцах няма нямецкай тэхнікі, няма немцаў, іх установы апусцелі. 1-га і 2-го ліпеня горад жыў свабодна, не было ні нямецкай ні савецкай улады. "А дзе ж былі падпольшчыкі? Яны ж у склаўшыхся абставінах павінны былі выйсці з падполля, адкрыцца перад людзьмі і распачаць арганізацыю жыццядзейнасці ў горадзе?" - падумаў я, але прамаўчаў. "Ніякага падполля ў Мінску не было", - сказаў ён, быццам бы прачытаўшы маё маўклівае пытанне. Далей з яго слоў мы даведаліся, што мінчане радаваліся вызваленню заўчасна. 3-га ліпеня на горад наляцела савецкая авіяцыя і ўшчэнт разбамбіла яго. Бамбілі жылыя кварталы, загінула шмат людзей. Усё гэта ён бачыў сваімі вачамі, усё гэта ён перажыў сам. Мы слухалі, але ў размову з ім не ўступалі - раптам гэта нейкая правакацыя? У той час я быў савецкім чалавекам і праз нейкі час пра гутарку забыўся. У галаве былі іншыя турботы. Пасля працы трэба было матацца па гораду, каб атаварыць харчовыя і прамтаварныя талоны. Такой была савецкая рэчаіснасць.

Наступіў 1994 год - чарговая круглая дата з дня вызвалення Мінска. Мінск святкаваў. А на расійскіх тэлеканалах у гэты самы час успаміналі пра вайсковую аперацыю "Баграціён". У адной з тэлеперадач выказаў свае ўспаміны расійскі ветэран-лётчык. Ён расказаў, што да вайны служыў пад Мінскам, а жыў з сям'ёй у самім горадзе. Калі пачалася вайна, сям'я не змагла эвакуіравацца і засталася ў Мінску.

Калі пачалося вызваленне горада ў 1944 годзе авіяполк, у якім ён служыў, быў нацэлены на Мінск. Пра лёс сваёй сям'і ён нічога не ведаў. 1-га ліпеня авіяразведка данесла, што ў Мінску праціўнік не заўважаны, немцы змаглі пакінуць горад непрыкметна. Высокае начальства абуралася, што немцы змаглі ўлізнуць з-пад самага носа. Шараговыя лётчыкі радаваліся, што горад не трэба будзе бамбіць, будзе менш разбурэнняў. Штаб пачаў распрацоўку плану бамбёжкі другіх беларускіх гарадоў, якія знаходзяцца далей на захадзе - Баранавіч, Гродна, Брэста і іншых. І тут нечакана раніцай 3-га ліпеня полк атрымаў загад бамбіць Мінск, прычым бамбіць жылыя кварталы, адміністрацыйныя будынкі - не чапаць. Шараговыя лётчыкі не разумелі, для чаго бамбіць горад, які немцы пакінулі двое сутак таму. Сухапутныя арміі нават не сталі заходзіць у сталіцу Беларусі, а хутчэй кінуліся на захад даганяць праціўніка. Абмяркоўваць загад, пярэчыць начальству было небяспечна. Гэты лётчык бачыў са свайго самалёта дом, у якім засталася яго сям'я. І на гэты дом ён скідаў бомбы.

Што было далей - не ведаю. На жаль, тэлевядучы аддаў мікрафон другому ветэрану. І тут я ўспомніў таго незнаёмца з парка Горкага з якім давялося сустрэцца ў 1984 годзе. Два ўдзельнікі вайны расказалі адно і тое ж у розны час. Прычым яны грамадзяне розных краін, не ведаюць адзін аднаго.

Мая стрыечная сястра Ніна Капылова ўвесь час акупацыі пражыла ў Мінску. Пры сустрэчах я пакрыху выцягваў з яе звесткі пра тое, як яна перажыла акупацыю. Мая цікаўнасць да 3 ліпеня 1944 года ў Мінску распалілася.

Калі пачалася вайна, Ніне споўнілася 23 гады. Яна была прывабная прыгожая дзяўчына. Таму я запытаўся, як паводзілі сябе немцы, як ставіліся да маладых жанчын. Яна адказала, што не чула, каб немцы прыставалі да жанчын, ці кагосьці згвалцілі. Мінск быў не надта вялікім горадам, і калі нешта здаралася, на наступны дзень усе пра тое ведалі. На паштовае аддзяленне, дзе яна працавала, штодзённа наведваліся дзесяткі немцаў. Яны адсылалі паштоўкі, пісьмы, бандэролі, пасылкі. Ніна сказала, што наслухалася іх "Darf іch hereіn", "Guten Tag", "Bіtte sehr", "Danke schon", "Auf wіedersehen". Але мяне больш за ўсё цікавіў дзень 3-га ліпеня 1944 года. Я сказаў, што гэты дзень напэўна быў самы радасны. Яна адказала, што, наадварот, гэта быў самы жахлівы дзень. Савецкая авіяцыя разбамбіла горад.

Так, Германія вінавата. Але чаму працягваецца маўчанне пра вінаватасць СССР? Мы адзіная рэспубліка, зараз незалежная краіна, якая ў выніку другой сусветнай вайны страціла значную частку сваёй тэрыторыі. Як мы ведаем вайна пачалася 1-га верасня 1939 года. Германія ў саюзе з СССР напала на Польшчу. Ускосна гэта быў напад і на Беларусь, паколькі значная частка беларускіх земляў знаходзілася па віне бальшавіцкай Расіі ў складзе Польшчы. Шмат беларусаў служыла ў польскім войску. 10-га кастрычніка 1939 года СССР нанёс новы ўдар па Беларусі. Па распараджэнню Сталіна Літве былі перададзены старажытная сталіца Беларусі Вільня і Віленскі край. У адпаведнасці з тым жа распараджэннем да Літвы адышлі Свянцянскі раён і часткі тэрыторый Відзаўскага, Астравецкага, Ашмянскага, Воранаўскага, Гадуціскага, Пастаўскага, Свірскага і Радунскага раёнаў. Беларусь у адначассе згубіла 2750 кв.км. сваёй тэрыторыі з насельніцтвам 457500 чалавек. З прамоў на высокім узроўні часта можна пачуць, што Беларусь атрымала сваю дзяржаўнасць з утварэннем БССР. Але якая ж гэта дзяржаўнасць, калі, не пытаючыся ў гэтай дзяржавы, не пытаючыся ў яе вышэйшага органа ўлады - Вярхоўнага Савета БССР, яе тэрыторыі звычайным распараджэннем дыктатара былі перададзены іншай краіне. Што гэта, як не вайна? Пасля таго, як і сама Літва апынулася пад савецкай акупацыяй, 25 жніўня 1940 года па распараджэнню з Крамля Вільня стала сталіцай Літоўскай ССР. Крэмль даў нам зразумець, што з Вільняй і Віленскім краем мы развіталіся на заўсёды. Бязлітасная вайна СССР супраць Беларусі на гэтым не спынілася. Супраць заходніх беларусаў пачаліся татальныя рэпрэсіі - арышты, расстрэлы, раскулачванні, дэпартацыі. Усяму свету вядома Катынь, дзе ў адпаведнасці з Пастановай Палітбюро ЦК ВКП (б) ад 5 сакавіка 1940 года былі расстраляны беларусы. Расстрэлы нашых суайчыннікаў адбываліся і ў іншых месцах.

Настаў 1944 год. Да канца ліпеня Беларусь поўнасцю была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэба было б радавацца, але Савецкая ўлада пачала пошук "варожых элементаў" на нашай тэрыторыі. Тых, хто служыў у войску генерала Андэрса, а таксама "кулакоў", "нацыяналістаў" высылалі ў Сібір, Казахстан, на Далёкі Усход, на Поўнач Расіі. Усяго за 1944-1954 гады туды было саслана звыш мільёна беларусаў. 20 верасня 1944 года Сталін нанёс яшчэ адзін удар па Беларусі. Ён перадаў у склад Польшчы Беластоцкую вобласць і 3 раёны Брэсцкай вобласці. Дык якія ж мы пераможцы? Ці ёсць тут чым ганарыцца? СССР разграміў беларусаў больш адчувальна, чым Германію.

Нарочна не прыдумаеш

У савецкія часы дзень 22 чэрвеня 1941 года стараліся не прыпамінаць, надта непрыемныя ўспаміны савецкаму рэжыму навявала гэта дата. 22 чэрвеня 1971 года ніхто ні па радыё, ні па тэлебачанню, ні ў газетах не напомніў, што гэта за дзень.

Я ў той час служыў у ракетных войсках стратэгічнага назначэння (РВСН), меў званне капітана. Раніцай, звычайна, ракетны полк строілі для развода на заняткі. Але ў гэты дзень было па-іншаму. Адрозненне было ў тым, што на пляц вывелі аркестр. Такое адбывалася толькі ў дні дзяржаўных свят. А гэта ж быў звычайны дзень, сярэдзіна тыдня. Пастраеннем палка займаўся начальнік штаба, прозвішча яго ўжо не памятаю. Бачым: да пляцу набліжаецца камандзір палка палкоўнік Палуэктаў. У двух кроках за ім, крыху лявей - ідзе нампаліт маёр Ігін. Начальнік штаба падаў адпаведныя каманды і пад аркестр пайшоў насустрач. Камандзір выслухаў даклад, выйшаў на сярэдзіну перад строем і гучна прамовіў: "Здраствуйте, товарищи!" Мы, як гэтага патрабаваў статут, дружна адказалі на прывітанне. Далей камандзір палка прамовіў: "Віншую вас са святам - 30-й гадавінай нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз!" Мы спачатку разгубіліся ад нечаканага віншавання, але потым дружна адказалі трохкратным "Ура!" Сэнс віншавання нарэшце дайшоў да нампаліта. Ён ухапіўся за рукаў кіцеля камандзіра і ўзрушана кажа: "Таварыш палкоўнік, апамятайцеся. З чым гэта вы віншуеце?" Нам усё гэта чуваць. Камандзір абурана адкінуў руку маёра Ігіна і ўзвышана дадаў: "Так, так, я не абмовіўся. Калі б Германія не напала на Савецкі Саюз, мы б яе не перамаглі і ў нас не было б свята - Дня Перамогі". Потым мы ў гонар дня нападу Германіі на Савецкі Саюз пад аркестр прайшлі ўрачыстым маршам. Гэты анекдатычны выпадак, відавочцам і ўдзельнікам якога я быў, з вуснаў у вусны распаўсюдзіўся па ўсёй дывізіі і выйшаў за яе межы. Калі мы збіраліся ў курыльні або за сталом, хто-небудзь успамінаў: "А памятаеце, як палкоўнік Палуэктаў?.." - і пачынаўся рогат. З маёрам Ігіным я жыў па суседству на адной лесвічнай пляцоўцы. Аднойчы я запытаўся ў яго, ці быў працяг таго віншавання? Ён адказаў, што непрыемнасці былі, справай займаліся і палітаддзел і асобы аддзел. Хутка маёр Ігін атрымаў чын падпалкоўніка. Палкоўніка Палуэктава перавялі ў Маскву, ён стаў генералам.

30-годдзе з дня Перамогі

Мае прыгоды, звязаныя з вайной, працягваліся. Напярэдадні 30-годдзя дня Перамогі палітработнікі прыдумлялі шэраг мерапрыемстваў на ваенна-патрыятычную тэматыку. Нампаліт вайсковай часткі, у якой я нёс службу, даведаўся, што ў часы вайны я жыў у акупацыі. Ён запытаўся ў мяне, ці сустракаўся я з немцамі, што я ведаю пра партызанскі рух. Я адказаў, што шмат ведаю і пра тых, і пра тых. Нампаліт запланаваў маё выступленне на гэту тэму перад салдатамі. У межах адведзенага мне часу я расказаў сваю праўду пра вайну, пра немцаў, пра жыццё ва ўмовах акупацыі. Змест майго выступлення хтосьці данёс нампаліту, і ён запрасіў мяне ў свой кабінет. Трэба сказаць, што нампаліт быў прыстойны чалавек, і ён тактычна, нават па бацькоўску, параіў мне быць больш асцярожным у сваіх выказваннях, праўда ў некаторых выпадках можна несці шкоду. Гэта быў 1975 год.

Да 30-годдзя з дня Перамогі высокім камандаваннем было загадана ў кожнай казарме зрабіць стэнд, на якім адлюстраваць удзел у Вялікай Айчыннай вайне бацькоў тых салдат, якія праходзяць службу ў гэтай казарме. З гэтай прапановай я звярнуўся да салдат, і шмат хто з іх адклікнуўся на маю просьбу. Малодшы сяржант Жальскіх сказаў, што яго бацька змагаўся супраць немцаў у шэрагах французскага супраціўлення, і ў яго ёсць фатаграфіі. Каб зэканоміць час, я здолеў арганізаваць яму тэлефонную размову з бацькам. Хутка малодшы сяржант Жальскіх атрымаў з дому пакет. Фатаграфіі былі не любіцельскія, а прафесійныя і, што самае галоўнае, яны былі каляровыя. На здымку быў вельмі статны мужчына, апрануты ў французскую ваенную форму, на грудзях красаваліся французкія ўзнагароды - ордэны і медалі. Мой стэнд атрымаўся на славу. На стэндзе былі планшэты з фотаздымкамі сваякоў іншых салдат. Перад святам Перамогі камандаванне правяло агляд казарм.

Мой стэнд быў прызнаны лепшым і я нават атрымаў падзяку. Пасля свята да мяне ў казарму наведаўся прадстаўнік асобага аддзела маёр Фёдараў. Да мяне ён прыехаў упершыню, што мяне здзівіла і насцярожыла. Ад штаба нашай вайсковай часткі да майго падраздзялення было 43 км. Мы прывіталіся. Фёдараў прайшоўся па казарме і прыпыніўся каля стэнда, прысвечанага дню Перамогі, паглядзеў фотаздымкі, прачытаў тэкст, сказаў, што зроблена добра і развітаўся са мной. Праз 3-4 дні ў маё падраздзяленне нечакана заявілася каміся ў складзе двух падпалкоўнікаў, якіх суправаджалі сакратар парткама маёр Дзмітрый Пахучы і той жа "асабняк" маёр Фёдараў. Як потым высветлілася, маёр Фёдараў зрабіў запыт у архівы КДБ адшукаць "справу" на грамадзяніна Жальскіх. Звесткі з архіва паступілі ў асобы аддзел дывізіі. А звесткі былі наступныя: Чырвонаармеец Жальскіх трапіў у нямецкі палон. Калі з'явілася магчымасць, ён уступіў у Рускую вызваленчую армію, якую фарміраваў генерал Уласаў. Асабіста я "справу" Жальскіх не чытаў, таму ўсіх падрабязнасцей не ведаю. Пра ўсё гэта я кажу са слоў маёра Пахучага.

Праз нейкі час Жальскіх уцёк з арміі Уласава і ўступіў у французкае супраціўленне. Французы яго прынялі прыязна. У шэрагах французскага супраціўлення ён праявіў сябе, як мужны, храбры, знаходлівы воін, што бачна па яго шматлікім узнагародам, якія ён атрымаў ад Францыі. У 1946 годзе ён добраахвотна вярнуўся на радзіму ў СССР. Радзіма з ім абышлася крута, прамым ходам накіравала ў ГУЛАГ, дзе ён правёў доўгіх 8 гадоў. Яго вызвалілі ў 1954 годзе. Вось такі лёс напаткаў бацьку малодшага сяржанта Жальскіх. Таму камісія і прыбыла ў маё падраздзяленне. Асабліва актыўнічалі падпалкоўнікі. Я так і не зразумеў, ці яны былі з КДБ, ці проста палітработнікі. Яны не назваліся, а я не мог патрабаваць ад іх паказаць пасведчанні, бо яны прыбылі ў суправаджэнні прадстаўніка нашай вайсковай часткі. Пачалася разборка. Адзін з іх сказаў у мой бок, якую сувязь я ўбачыў паміж французкім супраціўленнем і днём Перамогі, якое дачыненне ўвогуле мае Францыя да гэтага нашага святога дня? Я адказаў, што Францыя і шмат іншых краін былі нашымі саюзнікамі. Нават у складзе Чырвонай Арміі існавала французкае авіяпадраздзяленне "Нармандыя - Нёман". Маёр Пахучы прыклаў палец да сваіх вуснаў, падаў мне знак, каб я як можна менш размаўляў, а больш ківаў галавой у знак згоды з камісіяй. На мяне пасыпаліся абвінавачванні: як я мог такое дапусціць - уласаўца выдаваць за героя, што я згубіў рэвалюцыйную пільнасць, дапусціў палітычную блізарукасць, апалітычнасць - стандартны набор абвінавачванняў для таго часу. Было сумна і смешна. Але трэба было рабіць сур'ёзны выгляд і слухаць гэту бязглуздзіцу, паказваючы ім кукіш у кішэні. Потым у мяне запатрабавалі "Кнігу ўліку асабовага складу падраздзялення". Сталі яе правяраць. Мы тую кнігу называлі "Кніга штатнага раскладу". У ёй былі пералічаны ўсе пасады і асобы, якія іх займалі, з кароткімі біяграфічнымі дадзенымі. І вось падпалкоўнік натыкнуўся на салдата, нацыянальнасць якога была - немец.

"Якім гэта чынам у асобарэжымным падраздзяленні апынуўся немец?" - уставіўся на мяне правяральшчык. "Яго да нас не з ФРГ заслалі, гэта наш савецкі немец з Казахстана", - адказаў я. "Вы тут мне не жартуйце, ён магчыма з паволжскіх немцаў, высланых у Казахстан. Ніхто не ведае што там у яго галаве", - абурана сказаў падпалкоўнік. "Прэтэнзіі не да мяне. Не я вырашаю дзе каму служыць. Мне прыслалі салдата, мая задача навучыць яго воінскай прафесіі, якой бы нацыянальнасці ён не быў. Дарэчы, гэты лепшы салдат падраздзялення", - не здаваўся я. Падпалкоўнік па "Кнізе ўліку..." працягваў знаёміцца з маімі падначаленымі. Раптам ён падскочыў са стула, быццам яму ў задніцу пырнулі шылам. "Ды тут асінае гняздо!" - закрычаў ён, натыкнуўшыся на запіс: "Камандзір аддзялення малодшы сяржант Кох". Я не магу ведаць, якія асацыяцыі і фантазіі ўзніклі ў галовах гэтых правяральшчыкаў. Магчыма ім прыпомніўся Эрых Кох, стаўленнік Гітлера, гаўляйтэр Украіны, палач украінскага народа. Раптам гэты малодшы сяржант Кох сваяк таго Коха? Магчыма ён у гэтай казарме стварыў таемную камеру катаванняў і па начам катуе салдат. Якраз тады ў арміі квітнела дзедаўшчына. Падпалкоўнікі, перабіваючы адзін аднаго, няслі ўсялякую бязглуздзіцу. Я іх не слухаў, а чакаў, калі гэты цырк закончыцца. Калі іх славесны запас быў вычарпаны, і яны нарэшце спыніліся, я ім патлумачыў, што малодшы сяржант Кох - украінец. Чалавек не вінаваты, што яму дасталася такое прозвішча. Камісія забрала планшэт са стэнда з фотаздымкамі "уласаўца" і ад'ехала. На наступны дзень паступіў загад: малодшага сяржанта Жальскіх і шараговага салдата (немца, прозвішча не памятаю) адправіць для праходжання службы ў іншую вайсковую частку. Я пазбавіўся самага лепшага свайго салдата. Малодшы сяржант Кох застаўся на месцы. Вось такім чынам для мяне абярнулася святкаванне 30-й гадавіны дня Перамогі. Трэба адзначыць, што з боку камандавання часці па гэтаму выпадку ў мой адрас папрокаў не прагучала.

Пасляслоўе

Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ведаюць праўду, з кожным годам застаецца менш. Тыя, хто яшчэ з намі, не жадаюць адкрыць акопную праўду. Міфы аб вайне: пра ўсенародны ўздым, пра масавы патрыятызм, пра "За Радзіму, за Сталіна" - ім больш да спадобы. Ім праўда не патрэбна. У іх адзінае жаданне - спакойна дажыць свой век у гонары і славе.

Пакідаюць гэты свет і тыя людзі, дзяцінства якіх прыпала на гады вайны. Мне ў 1941 годзе споўнілася 7 гадоў. Усю вайну я пражыў ва ўмовах акупацыі і тое-сёе ведаю і помню. У адрозненне ад ветэранаў я жадаю, каб аб другой сусветнай вайне была напісана праўда, якой бы горкай яна не была. На шчасце некаторыя ўдзельнікі другой сусветнай вайны, сталі знакамітымі пісьменнікамі, не спалохаліся напісаць пра суровую акопную праўду вайны. Яны пакінулі для нас і для наступных пакаленняў незабываемыя яркія творы. Гэта Віктар Някрасаў, Грыгорый Бакланаў, Віктар Астаф'еў і наш Васіль Быкаў. Дзякуй Богу ёсць і гісторыкі і пісьменнікі, якія пішуць на гістарычныя тэмы, даносяць да нас праўду пра нашу мінуўшчыну. Сярод іх Анатоль Грыцкевіч, Леанід Лыч, Віктар Чаропка, Захар Шыбека і іншыя. З замежных беларусаў, з творамі якіх я знаёміўся, у гэты шэраг я б паставіў Янку Запрудніка. З вялікай цікавасцю я прачытаў кнігі расійскага ваеннага гісторыка-даследчыка Марка Салоніна, а таксама Віктара Суворава. Лічу што веданне намі айчыннай гісторыі знаходзіцца яшчэ ў больш горшым становішчы, чым веданне роднай беларускай мовы. Носьбіты роднай мовы пакуль што ёсць. Гэта ў першую чаргу беларускія пісьменнікі, журналісты, гісторыкі, мастакі, гэта значная частка моладзі, ёсць шмат чыноўнікаў, якія добра ведаюць родную беларускую мову. Добра ведаюць і берагуць родную мову беларусы Замежжа. Мы павінны ведаць і шанаваць сваю мову, ведаць і ганарыцца сваёй гісторыяй. Наша гісторыя - адна з багацейшых і самых трагічных.

22 чэрвеня 2003 года ў газеце "Народная воля" быў змешчаны мой артыкул пра падзеі другой сусветнай вайны, якія адбываліся ў маёй вёсцы. На свой артыкул я атрымаў шмат водгукаў як праз газету, так і па тэлефону. Адны мяне падтрымлівалі, іншыя абражалі. Такое адбывалася і пры асабістых сустрэчах. Праз некалькі дзён пасля выхада артыкула ў маёй кватэры раздаўся тэлефонны званок, званіў Пётра Мікалаевіч Бобрык з г. Паставы Віцебскай вобласці. Ён сказаў, што з цікавасцю прачытаў мой артыкул і запытаўся: "Ці ня сынам ты будзеш даваеннага старшыні калгаса Піліпа Копыла і ці ня ты ёсць той хлапчук, які ў ліпені 1941 года выйграў самага лепшага каня?". "Так, гэта быў я", - адказваю. Мне было дзіўна, цікава і прыемна, што чалавек памятае тую далёкую падзею. Яму было тады 12 гадоў і ён прысутнічаў, калі вяскоўцы па жрэбію дзялілі коней.

А як склаўся лёс іншых герояў маіх успамінаў? Шмат маіх аднагодкаў, аднакласнікаў ужо няма ў жывых. Памерлі Леанід і Мікалай Шульгаты - сыны старасты. У 2007 годзе памерла мая стрыечная сястра Вера Салянка. У 2006 годзе памёр Міша Маскалейчык. Міша Бычок пражывае ў роднай вёсцы Нябышына, яму 81 год. Мае стрыечныя сёстры, дочкі дзядзькі Тумаша: Аня пражывае ў Мінску, ёй 81 год; 83-гадовая Марыля жыве ў Малдове; Ліза стала пражывае ў вёсцы Нябышына, ёй 82 гады; самая старэйшая сястра Вера жыве ў Мінску, ёй 86 гадоў. Мой родны брат Андрэй трагічна загінуў на працы ў 1984 годзе. Яму было 55 гадоў.

Дажываюць свой век апошнія сведкі другой міравой вайны.

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 337
mod_vvisit_counter Учора 1572
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6582
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 18924