Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ТВОРЫ arrow Пісьменнік і час arrow Фотамайстар

Фотамайстар Друк E-mail
13.04.2010 | 00:31 |
Уладзіміра ДАМАШЭВІЧА Апавяданне Уладзіміра ДАМАШЭВІЧА
Новы Час. - 26 сакавіка 2010 г. - С. 14-15.
Мы заплацім сабою, сваім народам! Рускіх стане на дзесяць мільёнаў больш, а нас - нуль без палачкі, вось колькі нас будзе! Мы ператворымся ў нуль, мы знікнем!

Лета выдалася гарачае, спякотнае, без дажджоў. Збажына на полі даспявала без пары, з малым, засушаным зернем. А ў верасні, калі поле паступова гусцела, пачаліся дажджы. Толькі першага верасня, як памятае майстар Карнілка, пагода стаяла адмысловая, як па заказу, і ён заўсёды прыносіў дадому, у сваю фоталабараторыю, некалькі стужак і касетаў добрых вясёлых школьных здымкаў, якія рабіў па запрашэнні ў некалькіх школах, толькі паспявай.

Гэта быў сякі-такі заробак да яго працы ў газеце, якую ён не любіў і ўжо падумваў пра тое, каб пайсці ў якое іншае месца, каб не здымаць надзьмутых старшыняў калгасаў, заношаных трактарыстаў і нявыспаных худых даярак.

Цяпер апошнім часам нахапілася новая - ці то хвароба, ці то ўлюбёнасць - хадзіць на мітынгі, якія сяды-тады арганізоўвалі апазіцыйныя партыі, выводзячы на вуліцы і на плошчы не адну тысячу людзей, пераважна моладзі. Яму асабліва імпанаваў яшчэ даволі малады важак самай баявітай і шматлікай партыі, якая мела ў сваёй праграме бачыць Беларусь незалежнай дэмакратычнай краінаю - без камуністаў, з'арыентаваных на Усход. Гэта быў Лявон Войніч, высокі, стройны, хударлявы мужчына з галавою мудраца: высокі лоб, які ўжо пераходзіў у лысіну, цёмныя смелыя вочы, востры правільны нос, добра акрэслены жарсткаваты рот, прыемнага тэмбру барытоністы голас, якім ён умеў артыстычна мадуляваць. Яшчэ ў ім здзіўляла тое, як ён умеў гаварыць: цвёрда і пераканаўча, ніколі не заікаючыся і не спатыкаючыся, нібы перад ім ляжаў тэкст, набраны вялікімі літарамі...

Хоць майстар Карнілка па пашпарце лічыўся рускім, бо нарадзіўся на Смаленшчыне, ён цалкам трапляў у палон яго жалезнай логікі і згаджаўся з прамоўцам на ўсе сто, як і ўсе тыя, хто яго чуў вось на гэтай плошчы ці вуліцы. Таму, ходзячы на мітынгі, ён вяртаўся не з пустымі рукамі, а меў некалькі плёнак і касетаў, запоўненых здымкамі гэтага незвычайнага чалавека, прытым у самых розных ракурсах, у самых нечаканых паваротах, выразах твару: у часе прамовы, у паўзах, часам з усмешкай, калі відаць былі яго белыя роўныя зубы, калі правая рука яго падкрэслівала нейкую новую думку. Але жэсты і ўсмешкі ў яго былі рэдкія.

Майстар Карнілка лічыў, што гэты чалавек даб'ецца пастаўленай мэты, хоць яму будзе вунь як цяжка, і ўсёй душою хацеў яму спрыяць - хоць бы вось такім спосабам, - праз аб'ектыў, каб захаваць яго воблік надоўга.

А зусім нядаўна фотамайстар надумаў сабе цікавую работку: змайстраваць фотаальбом, у якім паказаць свайго героя Лявона Войніча ад пачатку іх знаёмства да сённяшніх дзён, калі той выступае з высокай трыбуны ва ўладзе, на сесіях, на сустрэчах з выбаршчыкамі, на плошчах перад тысячнымі натоўпамі, дзе ён рэзка крытыкуе рэжым за тое, што ён прадае нацыянальныя інтарэсы: закрываюцца беларускія школы ў гарадах, а ў сталіцы рэспублікі ўжо няма ніводнай школы на роднай мове. Гэта не зафіксуеш на стужцы, але зрабіць подпіс пад здымкам можна - і нават трэба: даваць вытрымкі з яго выступленняў - самыя вострыя і трапныя мясціны.

Альбом будзе трохі палітызаваны, але што ў гэтым дрэннага? Цяпер такі час: палітыка сядзіць у кожнага ў пячонцы, без яе проста немагчыма жыць. Добра было б потым растыражыраваць альбом, каб яго пусціць у людзі, у народ, але гэта паспеецца. Галоўнае - зрабіць арыгінал-макет, а тады будзе ведаць, што і як, у які бок вярнуць і куды кіраваць...

Аказалася, што не так усё проста, як яму спачатку здавалася. Трэба было перакапаць свой архіў стужак - плёнак і касетаў, старых здымкаў, якія ляжалі ў яго, складзеныя без усякай сістэмы, лепш сказаць, зваленыя ў кучу, у якой цяжка было знайсці пачатак і канцы. Да таго ж у яго ўсё неяк няўзнак памянялася-паламалася: ён развёўся з жонкаю. І адна з прычын, калі не галоўная, была тая, што фотамайстар перастаў як след займацца сваімі справамі, каб пракарміць і дагледзець сям'ю, а звязаўся з апазіцыяй, прападаў на розных мітынгах і дэманстрацыях, здымаў нейкіх там крыкуноў, што выступалі супраць рэжыму. За што не раз фотамайстар меў непрыемнасці - не толькі ад роднае жонкі, але і ад уласнага начальства на рабоце, а таксама ад міліцыі, якая часцяком затрымлівала яго, забірала і засвечвала стужкі, спасылаючыся на нейкія ім вядомыя, а яму невядомыя, пастановы і ўказы, пагражала ўжыць да яго больш строгія меры. Яны з жонкаю размянялі кватэру, ёй дасталося два пакоі і двое дзяцей, а яму - аднапакаёўка на першым паверсе ў старым доме, пабудаваным яшчэ пасля вайны, - казалі нават, што яго збіраюцца зносіць, а тут пачнецца новая вялікая будоўля. Але калі тое будзе... Пры размене, пярэбарах у яго шмат чаго згубілася, шмат чаго завалілася і пераблыталася, таму ён да ўсяго стаў адносіцца яшчэ больш няўважна, нібы стаў жыць сённяшнім днём - і толькі.

Ва ўсякім разе, цяпер яму рупіў толькі альбом, астатняе стала дробным і нецікавым. І якраз тут у яго з'явіўся новы клопат: неяк на мітынгу недзе ў кастрычніку да яго прыклеіўся адзін хлопец вясковага тыпу, проста апрануты, і сам просты, як лапаць, сярэдняга росту, русавалосы, у шэрым падношаным плашчы, са спартыўнаю сумкаю чорнага колеру, даўно не новаю. Ён стаў угаворваць майстра ўзяць яго на кватэру. «На якую кватэру? - здзівіўся майстар. - Я маю аднапакаёўку, у якой мне і аднаму цесна, а ты хочаш, каб я цябе ўзяў. Хто ты такі?»

Хлопец расказаў, што ён студэнт трэцяга курса, што яму цяпер не далі інтэрната за яго паходы на мітынгі і дэманстрацыі, сказалі шукаць кватэру. Ён хацеў бы пабыць у яго хоць пару месяцаў, а там яго сябра абяцаў яму знайсці добрае месца з ім разам, там у яго цяпер нейкія непаладкі ў сям'і... Хлопец так прасіўся, так умольваў майстра, што ён згадзіўся ўзяць яго на якіх пару месяцаў. Раз хлопец паплаціўся за сваю цікавасць да апазіцыйнага віхру, то яму трэба дапамагчы, - рашыў майстар. Выходзіць, што яны абодва паплаціліся за адно і тое ж, звязаны адной вяровачкаю. Вечарам хлопец прынёс свае небагатыя пажыткі: раскладушку, чорную суконную коўдру, пару прасцінаў, невялікі ясікпадушачку, яшчэ ўсякай там драбязы: ручнік, шыла-мыла, зубную шчотку.

Яны павячэралі разам, пілі малдаўскае віно, якое прынёс новы кватарант - звалі яго Ігнасем, рэдкае цяпер імя. Ён быў негаваркі, толькі трохі расказаў пра сябе - адкуль, хто бацькі, колькі братоў-сёстраў, але ўсё ў яго было звычайна, без ніякіх адхіленняў ад нормы. Гаспадар таксама сёе-тое распавёў яму пра сябе, паказаў некалькі здымкаў, зробленых на мітынгах, хлопец зацікавіўся імі, пытаўся, хто гэта, а хто гэта, а галоўную фігуру звычайна ў цэнтры здымка, высокую, з адкрытым тварам і голаю галавой ён добра ведаў. Майстар расказаў пра тое, як прыйшоў да думкі, што вось гэты, на здымках, Лявон Войніч, гаворыць правільна: трэба нешта рабіць, а не мірыцца з тым шэрым жыццём, якім жывём мы сёння.

Малады хлопец уважліва слухаў, часам што-небудзь перапытваў, як бы хочучы заглыбіцца ў тэму. Яго, як ні дзіўна, цікавілі асобныя прозвішчы, якія сталіся вядомымі ў апошні час сярод апазіцыйнай моладзі; яго зацікавіла, чаму іх афіцыйная прапаганда называе нацыяналістамі, хоць яны, па сутнасці, ніякія не нацыяналісты, а толькі патрыёты свайго краю. Дык хіба гэта грэх?

Фотамайстар згаджаўся з яго словамі і прыводзіў думку, што менавіта кожнага беларуса-патрыёта ў 37-м годзе расстрэльвалі як ворага народа, нацдэма, заклятага праціўніка савецкай улады, а гэта былі ніякія не ворагі, а лепшыя людзі нацыі, якімі можна і трэба было б ганарыцца, а не абзываць іх страшным кляймом «вораг народа» - і знішчаць, як «шалёных сабак». І сёння, калі іх дзеці і ўнукі выходзяць на плошчы і вуліцы з бел-чырвона-белымі сцягамі і пратэстуюць супраць скасавання беларускіх школаў, дык іх ужо таксама называюць самымі горшымі словамі: адмарозкамі, недабітымі нацдэмамі і нават фашыстамі...

Яны доўга яшчэ потым гаварылі, ужо выключыўшы святло, студэнт Ігнась парыпваў сваёю раскладушкаю, варочаўся, не знаходзіў зручнае позы. І калі заснуў сам майстар Карнілка, нават не заўважыў - плаўна і непрыкметна. Спаў моцна, без усякіх сноў, і прачнуўся ўжо завідна, было восем пятнаццаць. Глянуў на раскладушку - пуста, яна акуратна засланая чорнаю суконнаю коўдраю, на падушцы-ясіку ляжыць згорнутая ў дзве столкі невялікая паперка, як з блакнота. Майстар разгарнуў яе і прачытаў: «Выбачайце, спяшаюся на заняткі. Буду вечарам. Ігнась». Почырк роўны, правільны, спакойны - ні ўлева, ні ўправа.

«Ну й ладна, мне што? Зараз паснедаю - і за работу».

Снедаў, думаў, успамінаў учарашні вечар, гутарку з хлопцам. Ці не зрабіў ён глупоты, што адразу паказаў сябе, распрануўся дагала? Мо не варта было б так адразу?.. Але што, хіба ён не ведае, хто ён, Карнілка, якому Богу моліцца? Хіба не быў ён на мітынгах, не бачыў, на чыім баку яго сімпатыі?

А вось хто гэты Ігнась, ты, братка, ведаеш толькі павярхоўна. Мо гэта зусім не той хлопец, за каго ён сябе выдае? Варта было б праверыць, што гэта за студэнт, ці за сімпатыі да апазіцыі яго выставілі з інтэрната? Мо гэта звычайная падсадная вутка? А ты, стары, адразу пайшоў на яе голас? Можа такое быць? Можа, яшчэ і як...

Але, з другога боку... Здаецца, нічога падазронага за ім няма. Звычайны праставаты, вахлакаваты, не надта развіты як на сённяшнюю студэнцкую моладзь. «Штабс-капітана Рыбнікава» не чытаў, Купрына нават не чуў. З беларусаў чуў пра Максіма Гарэцкага, кажа, што чытаў яго «Запіскі на імперыялістычнай вайне». Можа, й праўда... Але што Гарэцкі быў рэпрэсаваны і расстраляны - не ведае. Звычайны студыёзус, чаго ад яго хацець? Па гадах, здаецца, яму ўжо недзе дваццаць пяць, што ж ён так спазніўся? Ці служыў у войску - не сказаў... І яшчэ - зачуханасць яго здаецца штучнаю, тут ён як іграе ролю такога вясковага лапця, а сам, відаць, не такі - мо нават гарадскі і сэрцаед жаночы...

Але такія думкі-сумненні як узнікалі, так і знікалі, не пакідаючы глыбокага следу ў свядомасці, ён лічыў, што гэта дробязі, якія ён сам сабе прыдумляе. Яго цяпер цікавіла, як добра скласці альбом, каб ён зацікавіў гледача: мо варта даць некалькі каляровых здымкаў для ажыўляжу?..

Сёння дзень у яго прайшоў неяк хутка, выйшаў толькі ў краму, купіў пельменяў, яек, кефіру, кавалак таннае кілбасы - на дарагую выбачай! Галоўнае, каб было што закінуць у топку, казаў адзін чыгуначнік. Свой жывот ён прывучыў не быць пераборлівым, за што не раз і сварыўся з жонкаю, бо ёй, як жанчыне, хацелася часам нечага смачнейшага, чым яго шырпатрэб.

Новы кватарант прыйшоў у дзесяць вечара, казаў, што затрымаўся ў чыталцы. Дзіўна, што пра ключ ён не загаворваў, а гаспадар сам не напрошваўся. Але, нібы адгадваючы яго думкі, хлопец сказаў, што ён увесь час будзе прыходзіць недзе так - пасля дзесяці вечара, астатні час ён або на занятках, або ў чыталцы, шмат семінарскіх заняткаў, увесь час трэба рыхтавацца, каб не страціць стыпендыі. Сёння ён быў у трохі лепшым касцюме, паголены, прычасаны - меў прыстойны выгляд, і майстар падумаў, што проста ён прывыкае да чужога чалавека. А галоўнае, каб ён яму не надакучаў.

Вячэралі разам, зноў кватарант дастаў са свае спартыўнае сумкі пляшку малдаўскага партвейна, запытальна паглядзеў на гаспадара: што ён скажа? А гаспадар сказаў, што яму гэта не зашкодзіць, а вось студэнту дык можа адбіцца на паспяховасці, на што той з усмешкаю адказаў, што можа піць доўга, а яшчэ даўжэй - не піць, тым больш партвейн, які ён уважае лепш за сухача. Потым ён нечакана пахваліўся, што прачытаў Купрына - «Штабс-капітан Рыбнікаў», што яму вельмі спадабалася апавяданне і гэты японскі штабс-капітан, вельмі разумны і асцярожны чалавек, а  вось жа прамахнуўся - і пагарэў з-за нейкай там прасціцёткі. А каб не яна, дык ён яшчэ вунь колькі нашкодзіў бы. А каму трэба было яго вылавіць, тыя спалі... Нешта падобнае было і ў гэтую вайну...

Але развіваць тэму студэнт не стаў, а гаспадар ахвотна падключыўся. Менавіта, каму трэба, той заняты абы чым, а не галоўным. Вось чаму нас і правучылі тыя ж немцы, як японцы ў тую вайну. Мараль «сей басни такова»: «Дзякуй Богу, што твой праціўнік паўдурак. Інакш табе было б не знасіць галавы».

На што студэнт нечакана сказаў, што яму падабаюцца амерыканцы: за сваю паразу ў ПірлХарбары яны скінулі на японцаў усяго дзве атамныя штучкі, пасля чаго японцы адразу ўзнялі ручкі. Яны абодва трохі пасмяяліся з удалай рыфмы, якую знайшоў студэнт, а потым схамянуліся: з чаго смяюцца!

- Табе проста трэба ісці ў паэты, - зазначыў гаспадар.

- Не, паэта з мяне не будзе, - адказаў студэнт, - пайду ў юрысты.

- Судзіць ці абараняць? - спытаўся гаспадар.

Студэнт падумаў, а потым адказаў:

- Абараняць...

- Вельмі слушна. Віншую, - зазначыў гаспадар. - Аднак: як жа тыя дзве штучкі?

- Я сказаў бы, што японцы іх заслужылі, - адказаў студэнт.

Гаспадар пакруціў галавою, як бы згаджаючыся са сказаным, і дадаў у заключэнне:

- Каб кожны атрымаў тое, што заслужыў, было б няблага. Аднак...

Майстар заўважыў, што яму прыемна пагаварыць з чалавекам, відаць, жыццё адзінокага мужчыны яму прыелася, а гаварыць сам з сабою ён яшчэ не навучыўся - стаж адзіноты быў не такі яшчэ вялікі...

Дні непрыкметна каціліся, ён прывыкаў да новага чалавека, які не здаваўся яму чужым, а выклікаў да сябе сімпатыю. Мо нават таму, што не лез у душу з роспытамі, не надакучаў нейкімі там аповедамі пра сябе, не хваліўся поспехамі ў дзяўчат, як гэта любяць рабіць студэнты. Адзі нае, што яго цікавіла і пра каго яны гаварылі і нават спрачаліся, была апазіцыя, пераважна яе лідэр Лявон Войніч. Ігнась не зусім быў згодзен з тэзісамі Лявона наконт далейшай дзейнасці: апора на ўласныя сілы, сяброўства з сусе дзямі толькі на ўзаемна выгадных умовах, развіццё нацыянальнай культуры, беларускай школы і мовы перш за ўсё, якая з кожным годам ідзе к заняпаду - і з гэтым ўсе як змірыліся і робяць выгляд, што так і трэба, і што працэс гэты спыніць нельга, а тым больш - спыніць і нават павярнуць назад. А Лявон даказвае, што яго трэба спыніць - і любымі сродкамі, інакш праз год-два-тры будзе ўжо позна.

- Што значыць «любымі сродкамі»? - пытаўся студэнт у майстра.

- Любымі, я так думаю, - гаварыў майстар, - гэта значыць нават самым радыкальнымі.

- Што гэта за радыкальныя? Узброеныя? - зацікавіўся студэнт.

- Не трэба ўзброеных. Не трэба ліць родную кроў, як гэта бывае ў грамадзянскіх войнах, у войнах дамовых, як кажуць палякі. Трэба змагацца мірнымі сродкамі: масавымі мітынгамі, дэманстрацыямі, акцыямі непадпарадкавання, як гэта рабіў вялікі індус Гандзі, галадоўкамі, забастоўкамі... А не так, як мы робім: выйшлі, пашумелі, пагаварылі, потым разышліся - і на гэтым кропка. Не, так мы не зрушым з месца гэты цяжкі воз. Акцыі трэба праводзіць бясконца, пакуль рэжым не стоміцца і не прызнае, што патрабаванні апазіцыі, народа правільныя, законныя, і іх трэба выконваць, бо голас народа - гэта голас Божы, і калі яны яго адрынуць - значыць, яны не слугі народа, а ворагі народа і павіны пайсці ў адстаўку, даць месца тым людзям, якія здольны вывесці краіну з заняпаду - менавіта культурнага заняпаду, нацыянальнага памірання. Гэтая зямля, па якой мы ходзім, на якой жывём, якая нас поіць і корміць - беларуская, дык чаму мы мову сваю беларускую занядбалі, выкінулі на звалку гісторыі?

Майстар памаўчаў, перадыхнуў і працягваў:

- Што выкідаюць на звалку? Тое, што аджыло сваё, што знасілася дашчэнту і не мае больш ніякай патрэбы. А мова наша? Чаму наш рэжым кідае яе на звалку, як непатрэбшчыну? Якое права ён мае гэта рабіць? Хіба можна выкідаць на звалку самае святое, самае дарагое - мову, - што вякамі належала нашаму народу? Няўжо нашы вярхі зусім аслеплі і аглухлі, няўжо зусім атупелі і апупелі, што не бачаць відавочнага? Чаму яны не гля нуць на сваіх суседзяў і не вучацца ў іх? Хто з нашых суседзяў - злева, справа - адрокся ад свае мовы, роднае, на якой гаварылі іх дзяды-прадзяды, хто гаворыць на чужой, на пазычанай, на суседавай? Дзе, хто? Нідзе, ніхто! - аж задыхнуўся майстар і секануў рукою паветра.

- А гэта вы добра сказалі! Проста, як у сук уляпілі! - гарачыўся і аж падскокваў на табурэце студэнт.

Фотамайстар між тым гаварыў далей: на яго як накаціла нейкая магутная хваля, якая ўзняла яго высока-высока, што яму рабілася ажно страшна, бо ўнізе была чорная прорва.

- Дык чаму ж нашы вярхі такія разумныя наадварот? Дзе іх вочы? Дзе іх вушы? Дзе іх розум урэшце? Калі яны лічаць, што родная мова - гэта нішто, то трэба прызнаць, што яны падпісваюць сабе страшны прысуд: яны прызнаюцца, што яны самі нішто! Але, каб не лічыцца такімі, яны пазычылі мову ва ўсходніх суседзяў і карыстаюцца ёю як сваёю. І не думаюць, што за гэта трэба будзе плаціць дарагую плату. І чым жа яны будуць плаціць? Ды сваім знікненнем! Яны міжволі, самі таго не адчуваючы, растворацца, як тая соль, у рускім моўным акіяне і перастануць існаваць як беларускі народ, як нацыя беларусаў, а стануць рускімі, расійцамі. І гэты час не за гарамі. За год, за дзесяць, за сто - нас не будзе як нацыі, бо не будзе нашае роднае мовы! Вось мы з табою - на якой мове гаворым? На трасянцы з беларускіх і рускіх словаў! А на добры лад мы павінны гаварыць на чыстай літаратурнай беларускай мове, якую выкладаюць у школах, у вышэйшых вучэльнях... Я кажу «выкладаюць»... Каб жа выкладалі! Каб выкладалі, мы не гаварылі б на трасянцы... Мы заплацім сабою, сваім народам! Рускіх стане на дзесяць мільёнаў больш, а нас - нуль без палачкі, вось колькі нас будзе! Мы ператворымся ў нуль, мы знікнем! Дык няўжо наш урад гэтага не бачыць? Калі не бачыць - дык трэба яму паказаць - і даказаць. І першы факт гэтага доказу - гэта тое, што яны, нашы вярхі, ужо не беларусы, а расейцы, і хочуць, каб мы ўсе бралі з іх прыклад - пайшлі за імі ў абдымкі да рускага мядзведзя. Нават трохі сімвалічна - абняцца з мя дзведзем...

- Мядзведзем па прозвішчу Мядзведзеў! Сапраўды сімвалічна! - перабіў яго студэнт і зарагатаў, але нечакана абарваў рогат і стаў сур'ёзны - зноў не зводзіў вачэй з майстра.

Майстар, як падхоплены ўсё той жа хваляй, гаварыў далей:

- Паказальнікі на праспекце Незалежнасці па-беларуску - гэта добра, аб'явы прыпынкаў у транспарце, у метро - па-беларуску - гэта выдатна. Але... ці не ёсць гэта звычайная паказуха: для гасцей з-за мяжы? Самая звычайная, можна сказаць, савецкая. Бо пахадзіўшы па вуліцах беларускай сталіцы, прыслухаўшыся да галасоў людзей на вуліцы, у метро, у аўтобусе і тралейбусе, госць адразу пачуе і зразумее, што ніякіх беларусаў тут ужо няма, што тут толькі рускія. А дзе ж падзеліся беларусы? - спытае ён у сябе, а можа і ў тых, што гавораць па-руску. І яму на чыстай рускай мове, праўда, з акцэнтам беларускага паходжання, скажуць: «Да белорусы вокруг вас, все мы белорусы». - «А где же ваш родной язык?» - спытае дасведчаны паляк, ці літовец, ці ўкраінец, а мо нават швед. І што ж пачуе ў адказ? Пачуе шмат чаго, толькі не пачуе праўды: што беларускую мову ў нас забралі за нішто, праўдзівей, мы яе аддалі за нішто нашаму «вялікаму суседу».

- Няўжо такое можа быць? - усклікнуў студэнт. Па шчоках у яго цяклі слёзы.

- На вялікі жаль, усё ідзе да такога ганебнага канца, - адказаў майстар.

- Не, нешта трэба рабіць, каб мы не прапалі. - Студэнт выцер вочы тыльным бокам далоні, крутнуў галавою, нібы адганяючы ад сябе назойлівых нябачных камароў, і працягваў: - Сёння я не засну, вы так развярэдзілі маю душу, што там бушуе пажар ці нешта такое. Мне, скажу вам шчыра, і балюча ўсё гэта пачуць, і радасна, што ёсць людзі, якія не жывуць толькі сённяшнім днём, не дбаюць толькі пра свой утульны катух, пра свой брух, а думаюць пра нацыю, пра яе заўтрашні дзень. Значыць, мы не павінны прапасці, калі ў нас ёсць такія людзі, як вы? Ці праўду я кажу?

- Наконт мяне ты перабольшваеш, але я табе скажу ўпэўнена, што ў нас ёсць шмат моцных людзей, якія мысляць шырока, бачаць далёка і робяць шмат, але яны неяк самі па сабе, неяк раз'яднаныя, а часам нават варожа ці з недаверам ставяцца да людзей, якія робяць тую самую справу - абараняюць інтарэсы нацыі. Мы забываем элементарную рэч: што мы ідзём рознымі - мо часам і не такімі ўжо рознымі - дарогамі да адной мэты - незалежнай вольнай Беларусі, беларускай Беларусі, а не нейкай там Белай Русі, якая будзе гаварыць па-расейску. Памятаеце словы Мураўёва-вешальніка? Ён сказаў так: «Что не доделал русский штык, доделает русская школа». Гэты яго акупанцкі голас нутром чуюць нашы вярхі і робяць усё, каб школа наша як мага хутчэй стала менавіта рускай на ўсе сто працэнтаў і каб яна завяршыла асіміляцыю, адвучыла нас ад роднай мовы і прывучыла да расейскай.

- Няўжо нашы вярхі такія цёмныя, што не бачаць гэтай смяротнай пагрозы? - здзівіўся студэнт.

- У тым ўся і трагедыя, што яны не лічаць гэта пагрозай, а «благодатью», якая сыходзіць на іх з неба. Мы проста глядзім на свет рознымі вачыма і думаем рознымі галовамі. Вось у чым уся наша бяда. Чаму Усявышні зацьміў розум нашым кіраўнікам, ніхто не ведае, аднак нас чакае не найлепшы час. Нам не хапае не аргументаў, а сілы, каб пераканаць нашы вярхі, што яны ідуць прамою дарогай у нікуды - у бяспамяцтва.

- Не, далей я так не магу! Вы мне так раскрылі вочы, што я цяпер стану самым заядлым абаронцам роднае мовы і незалежнае Беларусі на роднай мове! Дагэтуль я ведаў усё гэта павярхоўна, нам ніхто не гаварыў так проста і ясна, як вы.

- Чаму толькі я? А на мітынгах наш Лявон не тое гаворыць?

- Вось неяк так выходзіць, што там чуеш адно, а тут, у вас - зусім іншае ўражанне. Вы проста нібы заганяеце цвік у мазгі, і яны пачынаюць думаць па-іншаму, не так, як думалі дагэтуль... А чаму вы самі ні разу не выступілі перад публікай? У вас добра атрымалася б, я ўпэўнены! - ажывіўся студэнт.

- Я не аратар, я - араты, - сказаў адзін паэт. Вось і я - фатограф, а гаварыць трэба ўмець, і наш Лявон гэта ўмее мо нават лепш за нас усіх, ён гаворыць менавіта пра тое, што мы думаем, але маўчым. Ён агучвае нашы думкі, таму яго любяць слухаць.

- Але ж гэтага мала - слухаць. Ну слухаюць - а што далей? Нешта трэба рабіць, - гарачыўся студэнт.

- Ён гаворыць перад тысячай-другой-дзесяццю, а ці чуе яго народ? Чаму не даюць яму выступіць па тэле, па радыё, у афіцыйным друку? Дзе не чуеш роднага слова, дзе гучыць толькі «великий и могучий»? А ўсё таму, каб народ адвыкаў ад свайго слова, каб думаў, што ўсе яго ўжо забыліся, што яно больш непатрэбнае нікому. А тут раптам Лявон скажа да свайго народа на роднай мове! Для іх пачуць такое - проста жах. Ды яны баяцца яго праўды, баяцца, груба кажучы, застацца без электарату, без тых, хто за іх галасуе, баяцца, каб не застацца голымі. Вось чаго яны баяцца, - тлумачыў майстар.

- А ён умее іх распранаць, гэта так! - усклікнуў студэнт. - Умее паказаць іх балячкі, якія яны так спраўна хаваюць пад шыкоўнымі касцюмамі і белымі кашулямі з чырвонымі гальштукамі. Ад іх так і нясе прадажным духам, як бы яны яго ні залівалізабівалі «Краснаю Масквою»!

- Малайчына, Ігнась, ты моцна сказануў! Каб яны пачулі, дык, скрыгічучы, зубы паламалі б ад злосці. Яны даўно запісалі яго ў ворагі - менавіта за яго праўду, якая ім вочы коле. А «Красная Масква» ім так пахне, нібы таму кату валяр'янка. Яны баяцца, што як скончыцца «Красная Масква», дык і скончыцца іх панаванне. Груба кажучы, застанецца толькі смурод...

- А вось мне незразумела, чаму яны так баяцца роднай мовы? Перайшлі б на родную - і кіравалі б далей, - паспрабаваў не згадзіцца студэнт.

- Дзівак! Няўжо ты не разумееш, што іх пасады - гэта якраз плата за родную мову, якую яны прадаюць? Усяго толькі! Як прададуць усю без астатку, вось тады яны могуць застацца без пасадаў. На іх месца прышлюць з «Краснай Масквы», а іх «за ненадобностью» могуць перакінуць за Урал. Каб схаваць ад гневу народнага і як узнагароду за службу, за дружбу, - адказаў фотамайстар спакойна. - Ну, вы таксама сказанулі! Такога я не чакаў пачуць! І як ні дзіўна, гэта вельмі падобна да праўды! Гэта жах! А я думаў, што яны не хочуць перавучвацца на родную мову з-за свае ляноты. Ажно яно вунь што! Гэта плата за страх! Яны дрыжаць ад страху пры думцы, што Лявон адбярэ ў іх пасады і пасадзіць на іх месца шчырых беларусаў, якія яшчэ не паспелі забыць свае роднае мовы! Вось чаго яны баяцца!

... Гутарка-спрэчка доўжылася яшчэ мо з гадзіну, абодва дыскутанты стаміліся, доўга не маглі заснуць і яшчэ дагаворвалі ўсякія свае аргументы ўжо поначы, без святла. Прачнуліся позна, была якраз нядзеля, можна і расслабіцца, хоць фотамайстра чакала адна невялікая работка: яго запрасілі на юбілей, каб ён зняў шаноўнага юбіляра і яго сям'ю.

Студэнт Ігнась быў нейкі сумны: ці таму, што не выспаўся, ці яшчэ што яму не давала спакою. Ён зноў дастаў са свае чорнае сумкі пляшку малдаўскага партвейна, яны паснедалі, трохі захмялелі, і студэнт агаломшыў гаспадара навіною: ён дзякуе яму за прыемны прытулак і пераходзіць жыць да свайго прыяцеля, у якога ёсць дадатковая плошча.

Але гэта было яшчэ не ўсё. Ужо адыходзячы, сабраўшы свой небагаты скарб, студэнт сказаў майстру жахлівую рэч: каб ён асцерагаўся, бо яго могуць забіць. Хто і што - ён не патлумачыў, ды майстар і не дамагаўся ніякіх тлумачэнняў. Падумаўшы, ён зразумеў, хто і за што мае на яго зуб.

...Недзе праз тыдзень фотамайстра сапраўды знайшлі нежывога ў сваім пад'ездзе. Потым пайшла пагалоска, што яго абрабаваў і забіў той самы малады кватарант, які пражыў у яго два тыдні. Але слядоў яго ніякіх не знайшлі, ды іх, відаць, ніхто і не шукаў.

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1061
mod_vvisit_counter Учора 2936
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 15816
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 11147