Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ДЗЯРЖАВА І МЫ arrow Дайджэст выказаных думак arrow Герадоцінкі, або Сны аб снах

Герадоцінкі, або Сны аб снах Друк E-mail
04.04.2010 | 14:44 |
Леанид ДайнекаЛеанид ДАЙНЕКА
Куфэрак Маіх думак

Раздзел 1

Жыў калісьці на свеце мудры чалавек па імені Герадот. Быў ён грэкам, апісваў гісторыю не толькі сваёй Айчыны, але й суседніх народаў, шмат падарожнічаў,і так праславіўся , што яго назвалі Бацькам Гісторыі (!). Ішоў па Зямлі Герадот, нёс поўны-паўнюткі мех розных гісторый. Ды аднойчы лопнуў мех - рассыпаліся, раскаціліся ва ўсе бакі маленькія гарошынкі-герадоцінкі, вясёлыя і не вельмі. Некаторыя з іх я падабраў...

***

Не думайце, што ў каменным веку ва ўсіх людзей былі толькі каменныя сэрцы.

***

Дзекабрыст Міхаіл Лунін у лісце з акатуйскай катаржнай турмы аптымістычна зазначыў: " У гэтым свеце няшчасныя толькі дурні ды жывёлы".

***

Напалеон,сумуючы ў ссылцы на востраве Святой Алены, у каторы раз успамінаючы свае перамогі і паражэнні, сказаў: " Усё мае мяжу, нават нянавісць".

***

" Прыгажосць уратуе Свет", - вымушаны быў прызнаць Квазімода і пайшоў тапіцца.

***

" Дзекабрысты разбудзілі Герцана", - напісаў Ульянаў-Ленін і заснуў у Маўзалеі.

***

Індусы ў Індыі вельмі радаваліся, што Калумб адкрыў не іх, бо не хацелі называцца індзейцамі.

***

У вайне Пунсовай і Белай Ружаў у Англіі перамог садоўнік-Гісторыя.

***

“ Гора пераможаным”, - з правілаў старадаўняга Рыму. “ Гора паэтам, калі іхняй краінай кіруюць не іхнія чытачы”, - з правілаў таго ж самага Рыму.

***

-Калі ўжо хто-небудзь мяне разаб"е?!-пасля чарговай перамогі пакрыўджана спытаўся Пір.

***

-Іду на Вы!-сказаў князь Святаслаў і зрабіў ход канём на Б-2 (Другое Балгарскае царства).

***

-Якія ж вы кансерватыўныя! Яшчэ нашы прапрадзеды лёталі ў Афрыку без візаў,- сказалі беларускія буслы беларускім грамадзянам.

***

-Я зрабіў сенатарам свайго любімага каня,-сказаў імператар Калігула,-Не забывайце,што ў мяне каля Неапалю ёсць яшчэ тры конныя заводы.

***

-Вы ўратавалі Рым,-сказаў гусям галоўны аўгур,-У знак вялікай пашаны за такі подзвіг вашых нашчадкаў будуць падаваць на сталы не на гліняных,а на срэбных талерках.

***

Гістарычная навука зрабіла рэзкі рывок уперад.Аказваецца,Зямля стаіць не на трох кітах,а на дзевяці дэльфінах!

***

Усе міфы старадаўняй Грэцыі прыдумаў Гамер,але ён быў сляпы,не знайшоў дарогу ў патэнтнае бюро і не здолеў зарэгістраваць сваё вынаходніцтва.

***

Праметэй,які даў людзям агонь,быў,аказваецца,першым піраманам.Праз тысячагоддзі ў Малой Азіі праславіўся ягоны прапраўнук Герастрат Праметэевіч.

***

Яшчэ й дагэтуль спрачаюцца Воўк з Сабакам -хто з іх першы падыйшоў да вогнішча,якое запаліў уначы чалавек.

***

Чалавек так засумаваў па ледавіку,які займаў калісьці амаль палову Еўропы,што ўзяў і прыдумаў халадзільнік.

***

Малпа,седзячы на дрэве,назірала як сякуцца каменнымі сякерамі неандэрталец з краманьёнцам,і сказала сама сабе:-Хоць забіце,ніколі не буду пераўтварацца ў Чалавека!

***

Першым сейбітам стаў той невядомы дагістарычны чалавек-расцяпа,у якога была дужа дзіравая кішэнь.Ён ласаваўся ў стэпе дзікай пшаніцай,набіў ёю поўныя кішэні і,калі вяртаўся ў сваю пячору,з дзіравай кішэні выпаў на зямлю каласок...

***

Даўным-даўно людзі падзяліліся на гараджан і на сялянаў.На думку некаторых "дужа прасунутых" вучоных сёння на Зямлі існуюць дзве вялікія чалавечыя расы:"цюлікі палявыя" і "жулікі гарадскія".

***

"Даўгарукімі " людзі сталі задоўга да заснавальніка Масквы Юрася Даўгарукага.Камень з прашчы і страла з лука вельмі-вельмі падоўжылі заграбастую чалавечую руку.

***

Аксіёма: "Археалогія-навука аб разбітых гаршках!"

***

Дзеля чаго першабытны чалавек пачаў маляваць на сценах пячораў фрэскі,высякаць з каменю і ляпіць з гліны ідалаў? Усё скончылася нашым часам і скульптарам Цэрэтэлі.

***

Невыпадкова ў ліку першых паслядоўнікаў Хрыста было так шмат рыбаловаў. Вялікі Настаўнік і Рэфарматар хацеў,вядома ж,каб ягонае вучэнне пашыралася, і ўспомніў прымаўку:"Рыбак рыбака видит издалека."

***

"Лячу ад хваробы "Помста фараонаў".Народны лекар баба Галя. Вуліца Івана Мазепы. Белая хатка пад піраміндальнай таполяй."

***

Фараоны,аказваецца,вельмі цікавіліся жыццём насякомых,вывучалі яго. Бо што такое іхнія муміі,як не "стадыя кукалкі?".


***

Для загробнага жыцця фараону ў магілу клалі ўсё. У тым ліку і..."залаты пеніс".

***

Пустынны жук-скарабей шчаслівейшы за фараона,бо не думае аб бяссмерці.

***

Цар Фрыгіі Мідас быў вельмі-вельмі-вельмі багаты... Нам з вамі, нажаль, не быць такімі багацеямі. А яшчэ ён быў вельмі самаўпэўнены. Будучы суддзёй музычнага спаборніцтва, ён аб”явіў пераможцам не салодкагалосага Апалона, а Пана, за што пакрыўджаны Апалон узнагародзіў яго аслінымі вушамі...

Калі орды кімерыйцаў раптоўна ўварваліся ў Фрыгію, калі надыйшоў Апошні Час, Мідас закрычаў сваім прыслужнікам:

- Рэжце быкоў!

Клалі пад нож няшчасных жывёлін, іхнюю кроў злівалі ў вялізны гліняны збан-піфас. Базілеўс Мідас доўгімі прагнымі глыткамі пачаў піць гэтую кроў. Піў-піў і ... памёр. Аказваецца, свежая бычыная кроў - страшэннейшая атрута.

***

У сакавіку 1938 года адбыўся аншлюс Аўстрыі ( дарэчы, націск у гэтым слове на першым складзе ). Аўстрыю далучылі да фашысцкай Германіі, бо па-нямецку “аншлюс” азначае “далучэнне”. Збылася мара Гітлера - ягоная маленькая радзіма ўлілася ў вялізны фашысцка-імперскі кацёл. А перад гэтым, яшчэ ў першай палове трыццатых гадоў, адбываліся драматычныя крывавыя падзеі...

Мясцовыя фанатычныя прыхільнікі далучэння да Германіі ўдзень і ўначы крычалі аб “вялікім братнім народзе”, аб адзінай свяшчэннай “крыві, расе, мове”, ладзілі шумныя шэсці, заклейвалі гарады, вёскі і дарогі лістоўкамі. Але федэральны канцлер і міністр замежных спраў Аўстрыі Энгельберт Дольфус разумеў, што аншлюс - імгненная смерць для ягонай краіны і ягонага народу, што ў жалезных абдымках “вялікага брата” не застанецца ні парушынкі ад аўстрыйскай самабытнасці. Як мог, ён змагаўся за незалежную Аўстрыю, нават пайшоў на саюз з італьянскім дучэ Мусаліні, падпісаўшы ў сакавіку 1934 года Рымскія пратаколы.

Раніцой 25 ліпеня 1934 года 154 эсэсаўцы з 89-га аўстрыйскага батальёна СС начале з Гольцвеберам, перапранутыя ў форму аўстрыйскай грамадзянскай гвардыі, знянацку напалі на ўрадавую канцылярыю і захапілі яе літаральна за некалькі хвілін, бо ім дапамог начальнік паліцыі здраднік маёр Фей.

Федэральны канцлер Энгельберт Дольфус быў цяжка паранены. Яго паклалі на канапу ў ягоным жа службовым кабінеце, падсунулі столік, кінулі на столік паперу і ручку: - Падпісвай акт аб сваёй адстаўцы. Ён адмовіўся.

Стаяла лютая гарачыня. Ён сцякаў крывёю. Ён хацеў піць. На стол паставілі графін з халоднай вадою: - Падпісвай, і адразу пап”еш. Ён адмовіўся.

Цяклі пакутлівыя хвіліны, гадзіны... - Падпісвай, і мы паклічам урача, - сказалі яму. Ён адмовіўся.

Ён памёр праз восем гадзін. Памёр, але не падпісаў.

А на карце свету і сёння ёсць Аўстрыя.

***

У 409 годзе пайшлі ў Рым рымскія легіёны. Пікты і скоты напалі на брытаў.Юты напалі на піктаў,скотаў,а потым і на брытаў. Англы з саксамі напалі на піктаў,скотаў,брытаў і ютаў. Вікінгі напалі на ўсіх. Нарманы напалі на ўсіх. Што гэта? Вялікабрытанія! Ах,навошта пайшлі з вострава рымскія легіянеры!

***

Ірландцы(не ўсе!) кажуць:"Ірландская мова-наша нацыянальная мова. Англійская ж-родная".

***

Руская мова (че,ще,ре...) дужа "вострая" для беларускіх вушэй. І занадта ўжо "па-маскоўску" гавораць мінскія тэледыктары. Адсюль-дыскамфорт. У ідэале (а я ўпэўнены,што так і будзе) руская мова на Беларусі будзе "беларуска-рускай" ,падобна як у ЗША няма англійскай класічнай мовы,а ёсць "амерыкана-англійская."

***

Тры вялікія дыктатары. Прыйшлі ў метраполіі з поўдня,з малалікіх народаў. Зрабіліся ярымі шавіністамі. Карсіканец Буанапартэ-Банапарт у Францыі. Аўстрыяк Шыкльгрубер-Гітлер у Германіі. Грузін Джугашвілі-Сталін у Расіі.

***

Калі ў карэйца пытаюцца "колькі ў вас лыжак?",значыць,хочуць даведацца колькі ў сям"і чалавек. "Адкласці лыжку"-па-іхняму-памерці.

***

"Народ-такі папірус,на якім можна пісаць якія заўгодна іерогліфы". Мао Цзэ Дун.

***

"Люблю старадаўнасць і веру ёй." Канфуцый.

***

Імя першачалавека Адам перакладаецца як "Чырвоны". Ён быў злеплены з чырвонай гліны. Калі-нікалі,каб ажывіць(!) фігуркі першых людзей,да гліны дамешвалася кроў багоў(!!) ,і гліна рабілася яшчэ больш чырванейшаю.

***

"Чаму? Навошта? Куды? Хіба не вар"яцтва-жыць яшчэ?! ". Заратустра.

***

"Бойцеся майго вулею. У ім ёсць пчолы,але няма мёду." Бабур,заснавальнік дынастыі Вялікіх Маголаў.

***

Боль...Шынель...Мазоль... Словы вайны. І таму ў беларускай мове яны-словы мужчынскага роду.

***

Антонія Радзівіла,нашчадка славутага роду,па ягонай просьбе пахавалі " між сваіх", у Нясвіжы,на Беларусі. Дзе пахаваюць нас?

***

"Ён ведаў-кружыцца Зямля! Але ў яго была сям"я." Яўген Еўтушэнка.

***

"Не будзе спадарожнага ветру караблю,які не ведае ў якую гавань ён плыве". Сенека.

***

Беласкурыя,чорнаскурыя,жоўтаскурыя,чырвонаскурыя -усе жывыя людзі. Сінескурымі людзей робіць Смерць.

***

Каб не было Ніла,фараоны б жылі і будавалі свае піраміды на Місісіпі або на Янцзы.

***

Прыгледзьцеся да геаграфічнай карты. Паўночная Амерыка нагадвае магутную птушку з "галавой-дзюбай" Аляскай, з "крылом" Каліфорніяй. Нездарма на гербе Злучаных Штатаў Амерыкі-арол. Што й казаць! Вялікага палёту дзяржава!

***

Прыклады вясёлай гістарычнай геаграфіі. "Вся Русь! Вся Русь"-вскричал Мамай.И побежал в Сарай. " ( Сарай-сталіца Залатой Арды. Хан Мамай быў разбіты ў 1380 годзе на Куліковым полі.) "Русские-за Прут. Немец-за Серет." ( Прут і Серэт-назвы рэк. На іхніх берагах ішлі жорсткія баі ў час Вялікай Айчыннай вайны,і немцы адступалі на захад.)

***

Яшчэ за 2040 гадоў да нашай эры егіпецкі пісец Іпувер напісаў верш " Размова расчараванага са сваёй душой(!)",а людзі і сёння расчароўваюцца і размаўляюць. Хто з душой,а большасць з бутэлькай,або з парожнім кілішкам.

***

На індаеўрапейскіх мовах,якія паходзяць ад адзінай дагістарычнай прапрамовы,размаўляюць сёння 2 мільярды чалавек. У тым ліку і мы-беларусы.

***

Скарга яўрэя. "Сорак гадоў вадзіў прарок Майсей наш народ па пустыні,шукаў Зямлю Запаветную. І нарэшце знайшоў,прывёў... І што мы маем? Ні кроплі нафты,хоць суседзі купаюцца ў ёй... І-мора арабскіх шахідаў-дынамітчыкаў!

***

У свой час у Кітаі была магутная Мінская дынастыя і Мінская імперыя. Просьба не блытаць з Мінскай губерняй або Мінскай вобласцю. І не блытайце,калі ласка, Вялікую Кітайскую Сцяну з Мінскай кальцавой дарогай.

***

Першая ў гісторыі забастоўка адбылася ў Егіпце ў 1156 годзе да нашай эры. Страйк аб"явілі будаўнікі пірамідаў у дэйр-эль-Медыне,якія два месяцы (толькі ўсяго?!) не атрымлівалі прадукты з дзяржаўных складоў. Пэўна,прафсаюзным босам у забастоўшчыкаў быў сам фараон!

***

Праклінаючы свой лёс,калі на пустыннай лясной начной дарозе ў вашага аўтамабіля нечакана "спусціла" кола,не праклінайце,калі ласка,невядомага вынаходніка драўлянага кола з дзвюмя спіцамі для павозак. У 3200 годзе да нашай эры,замочваючы ў коле сяброў геніяльнае "ноў-хаў" ,ён,бедалага, яшчэ не ведаў,што заместа мулаў,аслоў і валоў пабягуць па дарогах "жалезныя коні".

***

-А чаму я белы рус?-нечакана спытаўся ў сваёй бабкі Гэлі чарнавалосы ўнук Стасік.Ён быў гарадскім хлапчуком,а на лета прыехаў у вёску.-А таму,што ты цэлае лета п"еш малако ад нашай кароўкі.А яно ж белае.-адказала,не разгубілася Гэля. Два мудрыя чалавекі весела заўсміхаліся.

***

"-Калі Адам араў,а Ева прала,хто тады быў дваранінам?"-агрэсіўна пыталіся ў сваіх апанентаў ультрарэвалюцынеры еўрапейскага сярэдневечча. Адказваю малаадукаваным таварышам:"Дваранінам быў Бог-творца. Ён надзяляў першалюдзей зямлёй,вадой,жывёламі,райскім садам... А потым (за грахі!) адабраў гэты самы райскі сад.

***

-Таварышок, а хто гэтыя самыя... бальшавікі?-асцярожна пацікавіўся задрыпаны мужычок у здаравяка-матроса,што быў байцом харчатраду і цягнуў на вяроўчыне з ягонага двара парасё. Худое парасё не хацела ісці,упіралася,пранізліва вішчала.-А гэта тыя ў каго гэты самы...самы большы,-сапучы,чырванеючы ад натугі,весела растлумачыў матрос,-Зразумеў? -А-а-а...-хітранька заўсміхаўся,радасна заківаў галавою мужычок.


Леанід Януаравіч Прокша,беларускі пісьменнік,вясёлы кучаравы чалавек,расказваў,калі мы насілі з ім насілкі з пяском у час чарговага суботніку на будаўніцтве Дома творчасці "Іслач": "Ездзіў я агітаваць за калгасы. Быў студэнтам... Прымусілі... Нашу групу ўзначальваў Сакалоў з Віцебска. Увесь у чорным... Голас,як гром... Шыбы дрыжалі,калі ён крычаў на вясковым сходзе сялянам:-Все,как один-в колхоз! Только там-счастье! Там-богатая жизнь! А потым выйшлі на вуліцу ,выйшлі,як кажуць,"адліць",і я чуў,як сумна-сумна сказаў-прашаптаў гэты самы Сакалоў у цемру,не здагадваючыся,што я-побач:-Начинается второе крепостное право.


Мой бацька Марцін Сцяпанавіч,які ваяваў і на фінскай вайне,і ў "вызваленчым паходзе 1939 года",і ў Латвіі (далучаў да СССР),і ў партызанах, і ў Чырвонай Арміі (быў цяжка паранены 13 верасня 1944 года пад польскім горадам Ломжа) павучаў мяне,асабліва,калі быў нападпітку):-"Не лезь у паліціку...Заб"юць!" Савецкую ўладу не ганіў,называў сябе (зноў жа,нападпітку) "бальшавіком", але аднойчы(цвярозы і галодны) адчайна цяжка махнуў рукой:-Ат,замянілі аднаго цара другім!

***

Анатоль Грачанікаў,цудоўны чалавек,цудоўны паэт, мой "самы гуманны" рэдактар, аднойчы,калі я зайшоў да яго ў службовы кабінет,сказаў,павярнуўшыся тварам да акна,у якім на чорныя голыя дрэвы падаў першы снег,сказаў на рускай мове: "Страна молчащих миллионов". Мы зразумелі адзін аднога.

***

На пытанне "Хто вы?" доўгавалосы страшэнна стомлены чалавек адказаў: "Я-Чэ Гевара. Спадзяюся, што я для вас буду больш карысным жывы,чым мёртвы." Так у балівійскйх непраходных джунглях скончылася кар"ера сябра Фідэля Кастра славутага Чэ. Яму б , займаючы пост міністра прамысловасці, экспартаваць-прадаваць кубінскі цукровы траснёг.Ён заняўся экспартам рэвалюцыі. Пэўна, так лягчэй, больш эфектна і прыгожа. Нажаль, не атрымалася. У час расстрэлу густым цяжкім залпам яму адарвала нагу. Ён ляжаў у зале мясцовай прэфектуры, як мёртвы прыгожы тыгр, і спалоханыя сялянкі з дзецьмі чарадой праходзілі каля яго, уражана шапталі:"Хрыстос... Ісус...". Так, ён нечым нагадваў Хрыста. Але гэта быў Хрыстос аўтамата Калашнікава, Хрыстос барыкадаў. Аргенціна... Куба... Конга... Балівія... Балівійскія сяляне, якіх ён хацеў ашчаслівіць, аказаліся больш цвярозымі і мудрымі, чым ён, і здалі яго вайскоўцам. Калі я чую імя "Чэ", у маёй свядомасці чамусьці ўсплывае аскалены чалавечы чэрап.

***

У 1861 годзе ў ЗША (паўднёвыя штаты) мелася 3 мільёны рабоў-неграў, у Расіі 25,5 мільёнаў прыгонных сялян, беласкурых хрысціян-еўрапейцаў. Вось такія лічбы.

***

Трапіў пад ледавік у адной з каўказскіх цяснінаў і загінуў з усёй сваёй групаю вядомы кінаакцёр і кінарэжысёр Сяргей Бадроў-малодшы. Шкада таленавітага чалавека,які , па сутнасці, толькі пачынаў жыццё. Ён ствараў ,калі быць шчырым, вобраз гэткага рускага супермэна Рэмба, які ўдала і прыгожа ваюе супроць каўказскіх сепаратыстаў. І вось Каўказ у з я ў я г о. У гэтым бачыцца трагічны сімвал.

***

З газеты "Звязда" даведаўся,што памёр Вячаслаў Адамчык. Гэта быў самабытны неардынарны вельмі разумны чалавек. І ўспомнілася як на пачатку жніўня 1976 года ён увайшоў у тлумны кабінет часопіса "Маладосць",дзе, як заўсёды, кіпела чарговая вострая творчая дыскусія, спыніўся на парозе, увесь нейкі бледны, дужа ўсхваляваны.А потым глуха выдыхнуў: " Чулі? Памёр Іван Мележ." І заплакаў.

Пухам зямля табе, Вячаслаў Уладзіміравіч.

***

Праз 20 мільярдаў гадоў СУСВЕТ упадзе (!) ў ЧОРНУЮ ДЗІРКУ , знікне ў ёй... І НІЧОГА (!) не будзе. Так пішуць у навуковых трактатах,так лічаць вучоныя. І ўсё-ткі я ,смяротны звычайны чалавек (што мне тыя мільярдагоддді?!), не магу не задаць сваё пытанне:"А што будзе тады, калі НІЧОГА НЕ БУДЗЕ?

***

Калі б кожны на Зямлі паміраў у свой час, усе б былі шчаслівыя.

***

Люблю Грэцыю. Люблю гэтую залатую калыску вечнасці. Чаму ў ёй, у яе мастацтве столькі сонца,святла , радасці, столькі свежага ветру? Кожны ручаёк, кожная скала, кожны лясок і кожны астравок ( а іх у Эгейскім моры, як зорак у небе!) населены тут добрымі багамі і бажкамі; цудоўнымі, як пацалунак маці, міфамі... Усе мы, хто мысліць, плача, смяецца, хто жыве на берагах Тэмзы або Свіслачы, Дуная або Віслы-адтуль.

***

Адольф Гітлер у сваёй "Майн Кампф" ,гэтым фашысцкім евангеллі, пісаў аб "другім выгнанні з раю", гэта значыць, аб тым, што германцаў іншыя народы, у першую чаргу -яўрэі, пазбавілі лепшых земляў , выцеснілі на задворкі Еўропы. Толькі вайна магла,на ягоную думку, вярнуць арыйцам пануючае становішча. Пасля заканчэння перамаганоснай вайны (а ў перамозе фюрэр не сумняваўся) немцам павінны былі адыйсці найлепшыя кавалкі Еўропы, у тым ліку Крым,якому было ўжо прыдумана новае імя-Готэнланд. Сімферопаль планавалася назваць Готэнбургам, Севастопаль-Тэадэрыхсхафенам у гонар караля остготаў Тэадэрыха. Крым павінен быў стаць велізарным нямецкім курортам, Гібралтарам на Чорным моры. Палацы і зямля ў Крыме даваліся нямецкім героям, кавалерам залатога Крыжа,рыцарскага Крыжа,жалезнага Крыжа першай ступені, а таксама тым,хто меў срэбны або залаты знак удзельніка рукапашных баёў . Гэтыя героі-супермэны мелі права мець дзвюх жонак ,бо "лепшаму воіну дастаецца самая прыгожая жанчына,а барацьба і каханне заўсёды былі злучаны між сабою."

***

Пачатак шасцідзесятых...Журналіст раённай газеты бадзёра чэпка,як малады ганчак, насядае на сівавусага дзядка ў дзень выбараў:-За каго галасуеце,айцец?

-За блок,-адказвае "айцец".

-А дакладней,шырэй?-атакуе раёншчык.

-Ды за блок,-няўпэўнена разгублена мармыча дзядок і чамусьці (пэўна,ад хвалявання зацыкліўся на слове "блок" ) кажа:

-У майго зяця Аркадзі новая хата ,гэта самае, з блокаў пабудавана.

А галасаваў ён за "непарушны блок камуністаў і беспартыйных".

***

Настаўнік гісторыі выйшаў у школьны калідор і зняў са сцяны партрэт Лаўрэнція Паўлавіча Берыі,што вісеў (у рамцы!) на самым пачэсным месцы між партрэтаў такіх жа "мудрых,вялікіх,верных ленінцаў і г.д." "Пратрэ пыл з рамкі"-падумалі мы. Настаўнік гісторыі з хрустам зламаў рамку,выхапіў з унутранай кішэні свайго чорнага жакета ручку-самапіску, вострым яе канцом выкалаў партрэту вочы(!!!) і ,смачна плюнуўшы, шпурнуў скамечаны партрэт (скамечанага Берыю!) сабе пад ногі. "Здурнеў! Звар"яцеў!"-жахнуліся мы.

Так пачалася "хрушчоўская адліга".

***

"У сувязі з падаражаннем паліва ацяпляльны сезон у інквізіцыі пачнецца на месяц пазней." Галоўны качагар Тарквемада.

***

"Прыйшоў,перамог,але не ўбачыў. Нехта наступіў на мае акуляры". Цэзар.

***

"Шукаю чалавека і шэсць амфар з віном". Дыяген.

***

"Выкую ключы ад Раю. Нядорага". Слесар Пятрэнка.

***

"Грошы не пахнуць,але іх пачала есці моль. (Подпіс неразборлівы).

***

"З рымскага заапарку збегла ваўчыца.Беражыце ад яе дзяцей". Дырэктар заапарку Карнеліус Пяты.

***

"Мы,літоўскія князі, просім супрацоўнікаў (неразборліва) пашпартнага стала яшчэ раз удакладніць якой мы ўсё-ткі нацыянальнасці. Адказ даваць толькі на гербавай паперы з вадзянымі знакамі "Пагоні". Гедымінавічы.

***

"Знайшоў пункт апоры,але Зямлю не перавярнуў. Надта цяжкая." Архімед.

***

"І ты,брат?!"-выгукнуў Брат-2 Брату-3,калі той разам з Братам-4 пачаў калоць яго кінжалам.

***

"Мы,вандалы,просім прабачэння за ўчарашні шум і паламаныя статуі цэзараў. Трошкі пагарачыліся." Надпіс крывёй (!) на сцяне разбуранага рымскага Калізея.

***

"Трэнеру Раманцаву, футбалістам. Учора вы прайгралі нейкаму "Андэрлехту". Пратэстую! Патрабую неадкладна выплаціць мне няўстойку ў памеры 5 мільёнаў рымскіх сестэрцыяў!" Спартак.

***

"Мінскаму гарвыканкаму. Патрабую не павышаць цэны на муку! Карыстаючыся незаконным правам дзяржаўнага манапаліста , вы знішчаеце дробных прадпрыймальнікаў." Млынар Менеск. Сіні вір на Свіслачы.

***

"Тым,хто наверсе. Неадкладна прышліце сантэхнікаў пачысціць трубаправод! Вадзянік XXXV Ручаёўскі. І-зноска: Усё

яшчэ жыву ў Нямізе. Дайце кватэру на Серабранцы."

***

Вечная барацьба жывога з жывым… На Урале ў магіле

краманьёнца знайшлі флейту (!) зробленую з бярцовай косткі неандэртальца.

***

У магіле дзяўчыны-неандэрталкі ляжаў засохлы букецік лугавых кветак. Неандэртальцы яшчэ не ведалі Рэлігіі. Але тая рука,што паклала сціплы букецік, і тое сэрца,што ўздрыгнула пры гэтым, належалі ўжо Чалавеку!

***

“У афрыканскай саване злавіў чалавека-зебру. На выгляд гэта звычайны тоўсты мужчына гадоў сарака з рыжымі вусікамі. Але ўсё ягонае цела,уся скура ,як у зебры разлінавана палосамі- чорная паласа...белая...чорная...белая. Гэткі таўсцячок-марачок.

Чалавека-зебра амаль забыў англійскую мову. Ды я пачаставаў яго добрым віскі, і ён пакрысе разгаварыўся. Аказалася,што гэта Джэк Сміт са штату Тэхас, яры куклускланавец, расіст. Гаворыць,што яго пакаралі афрыканскія калдуны-магі. За што пакаралі - не ведае”. Эрнэст Хемінгуэй.

***

“Якабінцам і санкюлотам.Прашу вас адкласці хоць на тыдзень штурм Бастыліі, бо калі вы разбурыце яе, мне не будзе дзе начаваць. А тут праз дзень даюць па сухару”. Бомж Франсуа.

***

Перад тым, як падпаліць парыжскую ратушу, камунар у сваё вядро з керасінам уліў з бутэлечкі (ён у самыя суровыя барыкадныя дні насіў яе з сабою ) некалькі кропель пасвяцонай вады(!).

***

“Членам райкама Камуністычнай партыі Стараканаўнага раёна . Дакладваю. Сёння, 7 лістапада 2000 года, мною, Іванам Парфіравічам Штурмавым. у прысутнасці панятых, камсамолак з 1935 году Веры Шаблюк і Зінаіды Непераможнай, праведзена ўскрыццё пісьма-капсулы ў 2000 год. Пісьмо-капсула было закладзена ў гранітны чырвонага колеру пастамент помніка таварышу Арджанікідзе 7 лістапада 1950 года. На тым месцы пастаменту,дзе была ўманціравана свяшчэнная (так у тэксце. Аўтар.) капсула, вялікімі прыгожымі літарамі высечана:”Пісьмо ад камуністаў, камсамольцаў і акцябрат у 21 стагоддзе. Ускрыць 7 лістапада 2000 года.” Ускрылі. У капсуле выяўлена труха жоўтага колеру, так як папера не вытрымала доўгага часу і атмасферных катаклізмаў.” Подпісы: Штурмавы, Шаблюк, Непераможная.

***

Стэнаграма выступлення адказнага супрацоўніка міністэрства культуры Руслана Мустафавіча Славінскага перад маладымі паэтамі літаратурнай студыі “Свіслацкія пегасы”.

Славінскі:-А наконт мовы,дарагія юныя таварышы, абсалютна-абсалютна не трэба драматырызаваць. Пытанне цудоўна вырашана. Цвіце яна ,даражэнькая,расце і працвітае!

Галасы з залы:-Дзе?! Скажыце адрас!!!

Славінскі:-Указваю адрас, дарагія юныя таварышы паэты і драматургі. Можаце запісаць. Паўднёвей сталіцы нашай дзяржавы горада-героя Мінска. На Украіне. Там,як і ў нас - мова.

Яны, украінцы, і ў рускі язык, як кажуць, уклалі ўсю сваю гарачую душу. Ды ого-го як уклалі! Мікалай Гогаль, Уладзімір Караленка! Пісак ( прабачце ) такога памеру ў нас ніколі не было й не будзе. А ўзяць Адэсу-маму? Ільф з Пятровым, Эдуард Багрыцкі, Міхаіл Святлоў, Іосіф Уткін, Веніямін Каверын, Ісак Бабель, Канстанцін Паўстоўскі, Міхаіл Жванецкі... ( Галасы: Хопіць! Хопіць! ) Цэлая гвардзейская руская літаратурная армія! І ўсю гэту армію яны, украінцы, аддалі Расіі.

А мова цвіце, мова расцвітае, дарагія вы мае юныя таварышы драматургі і паэты!

***

Калі б Напалеон ведаў, што ў Беразіне такая халодная вада, ён бы не пераправіўся 12 чэрвеня 1812 года з усім сваім вялікім войскам на ўсходні бераг Нёмана. Ах,гэтыя наіўныя дзеці цёплых паўднёвых астравоў !

***

На пачатку 2003 года сацыёлагі задалі жыхарам Мінска пытанне: " Кім вы сябе адчуваеце? " Аказваецца, 79 % адчуваюць сябе беларусамі, 60 % - славянамі, 15 % - еўрапейцамі. Марсіянінам не адчуў сябе ніхто. Радуе апошняя лічба. Усё-ткі, павольна, няспешна, можа, нават неахвотна, але нашы людзі рухаюцца ў Еўропу, дзецьмі якой заўсёды былі, ёсць і будуць.

***

Шмат было ў чалавечай гісторыі пакутлівых смерцяў, але я раскажу пра смерць венгра Дзьёрдзя Дожы...

У красавіку 1514 года ў Венгрыі абвясцілі крыжовы паход супроць туркаў. На вайну ўзняўся ўвесь народ: феадалы, купцы, рамеснікі, сяляне... Апалчэнне сялян-крыжаносцаў узначаліў Дзьёрдзь Дожа, які незадоўга да гэтага за геройства ў антытурэцкай вайне быў узведзены ў шляхетны стан. Дожа сабраў сялян, падумаў-падумаў і вырашыў, што на дадзены момант злейшы вораг сялянства не туркі, а сваёй гадоўлі мясцовыя феадалы. Пачалося крывавае паўстанне. Далучаючы да сябе сялянскія атрады, Дзьёрдзь Дожа перамаганосна прайшоў праз увесь Алфёльд ( Сярэднедунайская нізіна ) , разбіў шляхецкае войска Стэфана Баторыя, асадзіў горад Цемешвар. Феадалы ўцяклі ў горад Буду. Усё лета палала страшная вайна. Былі зверствы з абодвух бакоў. Нарэшце трансільванскі гаспадар Янаш Запальяі разграміў сялян, частку ўзяў у палон і загадаў правесці для Дзьёрдзя Дожы “вогненную каранацыю”. Голага Дожу пасадзілі на жалезны нагрэты да чырвані трон, абцугамі ўсклалі яму на галаву такую ж чырвоную распаленую жалезную карону. Сялянскі правадыр канаў у страшэнных пакутах, а ягоныя палонныя паплечнікі, ягоныя ўчарашнія баявыя сябры-пабрацімы ігралі на дудках і флейтах, павольна танцавалі наўкол “вогненнага трона” і на кожным павароце, на кожным “па” адкусвалі (!) па кавалку мяса з яшчэ жывога цела Дзьёрдзя...

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
АДВЕЧНАЕ | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Правда ли, что на самом деле Путин - богатейший человек в мире?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | SOS-паралелі


После 17 лет пребывания у власти российский лидер владеет "состоянием в размере 200 млрд долларов, 58 самолетами и вертолетами, а также 20 дворцами и загородными виллами" "Возможно, российский президент Владимир...
Пралегамены да канструявання беларускага нацыяналізму
АДВЕЧНАЕ | Гістарычны матыў


Анатоль Астапенка У кожнай сучаснай дзяржаве кожнынармальны грамадзянін ад пачатку нацыяналіст. Быць нацыяналістам - гэта нармальны стан чалавека. Чалавека без свайго нацыянальнага пачатку на Зямлі проста не існуе. Кожны нараджаецца альбо...
Творчыя арганізацыі патрабуюць перагляду Пастановы №7
АДВЕЧНАЕ | Гістарычны матыў


ГА "БАЖ", РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбаю патлумачыць чаму гэтыя арганізацыі не ўвайшлі ў спіс творчых саюзаў. Разам з тым іншыя...
Литвинизм и Белая Русь
АДВЕЧНАЕ | Даследаванні


Вадим ДЕРУЖИНСКИЙ В российской прессе появилась статья минчанина, кандидата политических наук Николая Малишевского (1977 г.р.) «Литвинство и Белая Русь». Автор в традициях сталинизма лишает Беларусь и беларусов права на свою...
РЕАЛЬНАЯ ДЕЙСТВИТЕЛЬНОСТЬ «ПУТИНЛЭНДА»
ДЗЯРЖАВА І МЫ | SOS-паралелі


На Западе много десятилетий тому назад придумали парк аттракционов под названием «Диснейлэнд». Задумка была оригинальна и проста одновременно: каждый обыватель «западного рая» (при наличии небольшого количества «баксов» в кармане)...
Член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец прапанаваў меры па падтрымцы беларускай мовы
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


У Беларусі неабходна прыняць меры па падтрымцы нацыянальнай мовы для забеспячэння рэальнага раўнапраўя дзяржаўных моў у сітуацыі двухмоўя, зацверджанага Канстытуцыяй. Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі 17 лютага першы намеснік дырэктара...
Удзельнікі акцыі ў Бабруйску выставілі ўльтыматум уладам
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


У Бабруйску 26 лютага на мітынгу супраць дэкрэту № 3, які адбыўся на цэнтральнай плошчы горада, прыняло ўдзел больш за 1000 чалавек. Распачаў мітынг і быў яго вядоўцам сустаршыня Беларускай...
«Круглый стол» с тремя неизвестными. Чапай думу думает
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вопрос о будущем одного человека должен уступить место вопросу о будущем всей страны. Митинг возмущенных «тунеядческим» декретом белорусов завершился мирно, и Александр Лукашенко, улетевший в Сочи, получил возможность спокойно подумать....
Пресловутый «русский мир»
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вадим Деружинский   Уважаемые коллеги! Не смог промолчать, видя, какой дурдом вы тут обсуждаете. Некий господин Костян С. И. называет себя «председателем Белорусского славянского комитета». Поскольку славяне - понятие сугубо...
Краснасельскі краязнаўца
АДВЕЧНАЕ | Асоба


Мінае 80 гадоў з дня нараджэння (11.01.1937) Верацілы Міхася, сына Уладзіміра з пасёлка Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне. 40 гадоў прайшло, як я пазнаёміўся з магутным краязнаўцам, дасціпным гумарыстам-фалькларыстам, рэстаўратарам, нумізматыкам,...
если бы Вы стали президентом Беларуси
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вадим Дзеружинский ПОЗИЦИЯ. По поводу вопроса "Главный вопрос к Вам: если бы Вы стали президентом Беларуси, то какие бы вы предприняли действия для процветания этой крайне бедной природными ресурсами...
+ + +
Брама сайта | Галоўная старонка


...
Joomla! Ukraine

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 686
mod_vvisit_counter Учора 1258
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 2593
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 14319
Каталог TUT.BY