Старонка 2 з 6
Якую дзяржаву мы будуем або: хто на Беларусі гуляе з намі ў дурня?
Артыкул першы
З чаго б гэта апошнім часам Крэмль, як і ў савецкія часы, стаў надаваць вялізную ўвагу рускай мове? 2007 год у Расіі аб’яўлены годам рускай мовы. 16 лютага гэтага года Прэзідэнт У. Пуцін і наогул заявіў на ўсю Расійскую федэрацыю, дзе пражывае 160 народаў і народнасцяў: «Русский язык – это государствообразующий фактор». Гэта было сігналам для таго, каб Дзярждума ўжо 22 лютага адхіліла праект Дамовы аб размежаванні паўнамоцтваў паміж рэспублікай Татарстан і Федэрацыяй, дзе, між іншым, было патрабаванне да кандыдатаў у прэзідэнты Татарстана ведання роднай татарскай мовы. Расійскія тэлеканалы, падаючы гэту інфармацыю, «с восторгом» дадавалі: «…несмотря на то, что сам президент Владимир Путин представил этот проект для утверждения в Госдуму». Вось такія імперскія гульні!
Сапраўды, руская мова ўтварыла (аб’яднала) Русь, потым – Расійскую імперыю, у склад якой у якасці калоніі «добровольно вошла» (!) і наша Беларусь («Северо-Западный край»). Затым руская мова «аб’яднала» народы СССР і сацыялістычны лагер. «Союзные объединения» – сацыялістычны лагер і СССР не вытрымалі выпрабавання «дружбой» і ляснуліся, а руская мова не вытрымала выпрабавання на ролю імперскага «цементирующего языка» – не змагла аб’яднаць розныя ў этна-культурных стасунках народы і, насамрэч, «аказалася» такой жа нацыянальнай мовай рускага народа, як і іншыя нацыянальныя мовы быўшых народаў СССР.
З гэтай крыўды за распад савецкай імперыі і з-за паніжэння статусу рускай мовы ад «обязательно изучаемой» да «добровольно изучаемой» у быўшых рэспубліках СССР (акрамя Беларусі, за што нас вельмі любіць Крэмль) і ўзнік ў Расіі фашысцкі рух-рэванш. Адсюль – забойствы на нацыянальнай глебе і воклічы супраць «инородцев»: «понаехали тут!» (у імперыях іначай не бывае). Зноў уздымаецца лозунг «великоруссизма» пад інфармацыйным прыкрыццём «собирания славян». Неўтаймаваны «собиратель» ці то рускага, ці то славянскіх народаў Зьміцер Рагозін, які ўзначальвае «Конгресс русских общин» (заўважце, як настырна наведваюць Беларусь розныя «собиратели» – праханавы, жырыноўскія, зюганавы, рагозіны і г. д.) даў нядаўна сваё інтэрв’ю аднаму з «белорусских» тэлеканалаў, у якім, у прыватнасці, сказаў, што неабходна «склеить разбитую славянскую чашку» (маецца на ўвазе распад СССР. – А. Р.), што «русские, украинцы и белорусы вместе – уникальная славянская нация»(! – А. Р). Акрамя таго Зьм. Рагозін лічыць, што трэба «закрепить русское население (заўважце, шавіністы рэдка называюць народ народам, а толькі «населением» – А. Р.) на Кавказе». Як я ўжо казаў раней – гэта не што іншае, як комплекс нацыянальнай непаўнавартасці рускага народа, які аказаўся без сваёй «великой Родины – СССР» і цяпер, у адрозненне ад іншых народаў, не мае свайго дзяржаўнага ўтварэння і шукае апору ў мінулым.
Нядаўна адзін расійскі тэлеканал паказаў фільм пра забойствы ў Санкт-Пецярбурзе, здзейсненыя на глебе нацыянальнай нянавісці да «инородцев» – нярускіх. Адна толькі група падлеткаў (!) «Бешеная толпа», чыёй літаратурай з’яўляецца «Майн Камф» А. Гітлера, у 2003 годзе забівае цыганскую дзяўчыну, у 2004 годзе – дзевяцігадовую таджыкскую дзяўчынку (на вачах у бацькі!), у 2004 годзе – в’етнамскага студэнта і якута Бяльды. А ўсяго за гэты час былі забітыя каля дзесяці чалавек, у тым ліку – сенегальскі студэнт, грамадзянкі Кыргызіі і Азербайджана… Гэта – вынік імперскай палітыкі Крамля. Але самае цікавае: 14 чалавек, якіх падазравалі ў забойстве, выпушчаны на свабоду. За гэтымі падлеткамі, вядома, стаяць дарослыя. А пакуль дзяржава не вырашае (а імперыя ніколі не вырашае) нацыянальныя праблемы, іх «вырашаюць» банды «патриотов». Разам з ростам колькасці забойстваў на нацыянальнай глебе расце і колькасць нацысцкіх сайтаў у Расіі.
А ці можна, наогул, выхаваць патрыятызм у людзей на комплексе непаўнавартасці? Вось гэта зараз і спрабуе вырашыць «белорусская власть». І «вырашае» яна гэта без вырашэння галоўнай праблемы для беларускага народа – вяртання яму спрадвечнай духоўнай нацыянальнай каштоўнасці – роднай мовы, з-за адсутнасці ў грамадстве якой, уласна кажучы, і ўвесь комплекс нацыянальнай непаўнавартасці беларусаў: «усе народы з роднымі мовамі, толькі мы – з чужой». Відаць «белорусская власть» моцна пакрыўдзілася на Ніла Гілевіча за тое, што не змагла «купіць» за 30 срэбраных вялікага змагара за родную мову, як гэта ёй удалося зрабіць у адносінах да некаторых іншых «деятелей национальной культуры». Значыць трэба даць мове пад дых! Няхай змагар адчуе! О, як улада любіць здзеквацца асабліва з тых, хто вышэй за яе. «Бей их – потому что они лучше нас» (М. Горкі). Але вернемся ў Расію.
Я згодны з расійскім прэзідэнтам: родная мова – гэта і нацыятворны, і дзяржаватворны фактар. Але чужая мова ніколі не зможа аб’яднаць адзін ці некалькі народаў, калі ў іх ёсць родныя мовы. А ў тых жа, напрыклад, татараў ёсць свая родная мова і руская мова для іх – не такая ўжо і родная! Ці не таму Крэмль забараніў татарам (з трэццяга разу!) лацінку, якая лепш, чым кірыліца перадае гукі татарскай мовы і пакінуў кірыліцу? Сталін знішчаў арабскі алфавіт у мусульманскіх народаў, Пуцін знішчае лацінку. Для чаго?
Як вядома, Сталін «будаваў» вялікую непераможную імперыю і нацыяналізм (патрыятызм) кожнага з 190 народаў СССР перашкаджаў яму рабіць гэта. Прасцей было перавесці ўсе народы на адну імперскую мову, мову загаду – рускую. Няма моў – няма народаў – няма праблем. (Шкада, што Сталін не дажыў да распаду імперыі, створанай ім! Напэўна ён бы, як і Ленін, які зразумеў у канцы свайго жыцця, што ён натварыў, выў бы на Месяц па начах, паміраючы ў жудасных канвульсіях. І «Лінія Сталіна», пабудаваная ўдзячным нашчадкам, не зменшыла б яго пакутаў). Пуцін і «сотоварищи» вырашыўлі таксама будаваць імперыю (у які там раз: пяты?). Але цяпер, каб стварыць імперыю, трэба знішчыць нацыянальныя мовы народаў, іх культуры, асіміляваць гэтыя народы, перавесці іх на адну мову – рускую («русский язык – это государствообразующий фактор»), уніфікаваць нацыянальныя культуры і прывесці іх да адной – касмапалітычнай, безнацыянальнай, хімерычнай «культуры», якая потым прыводзіць каланіяльныя народы да бескультур’я, бездухоўнасці і да вымірання. Такі лёс усіх каланіяльных народаў, у тым ліку і беларускага. Ці не таму вымірае беларускі народ, выміраюць народы Расіі (па мільёну ў год!), што метраполія (Масква) знішчыла традыцыйны ўклад гэтых народаў і не пакінула ім апірышча, якое даў кожнаму народу Бог – мову? Цяпер разумееце, чаму ў Татарстане душаць татарскую мову, як у Беларусі беларускую? Бо пакуль будзе жыць татарская (беларуская) мова, будзе жыць татарскі (беларускі) народ, датуль Крамлю не ўдасца зламаць незалежнасць народаў, іх волю да свабоды і дэмакратыі. Бачыце, «русские и белорусы – один народ», а «один народ» праглынуў гэтыя словы і змаўчаў.
Якую ж дзяржаву на рускай мове два стагоддзі будуюць беларусы? На прэс-канферэнцыі прадстаўнікам СМІ Украіны прэзідэнт А. Лукашэнка сказаў: «Белорусский язык мы не разыгрываем в политических целях. Это не карта». На пытанне «хто такія «мы?», яшчэ раней, даючы прэс-канферэнцыю прадстаўнікам СМІ Расіі, адказаў сам А. Лукашэнка (слухайце і чытайце А. Лукашэнку – крыніцу ведаў!): «Здесь (у Беларусі – А. Р.) ничего не осталось (пасля распаду СССР – А. Р.), здесь остались осколки – осколок КГБ, осколок МВД, осколок Госплана. То есть это части, это были отделы, и из этого надо было формировать государственные органы, надо было создавать государство». Калі верыць прэзідэнту (не верыць «усенароднаабранаму» ніяк нельга), то аказваецца, што «создавалось государство» (незалежнае!) не на беларускай аснове, духоўных і культурных традыцыях, кадрах, а на «осколках », «отделах» КГБ СССР, МВД СССР, ГОСПЛАНА СССР! Гэта яны «белорусский язык не разыгрывают в политических целях», як гэта было ў СССР, але «разыгрывают как карту в политических целях» рускую мову, як гэта было ў СССР. ЯНЫ і У. ПУЦІН, бо менавіта Ў. Пуцін сказаў: «Русский язык – это государствообразующий фактор». Значыць ЯНЫ і У. ПУЦІН (а не мы, беларусы) будуюць тут НЕШТА рускае?! Што: Русь, Расію, губернію Расіі, калонію Расіі?
На маю думку, ЯНЫ І ПУЦІН будуюць пратэктарат Расіі. «Протекторат – 1. Форма зависимости, при которой слабая страна, формально сохраняя своё государственное устройство и некоторую самостоятельность во внутренних делах, фактически подчинена сильной империалистической державе. 2. Страна, находящаяся в такой зависимости.» (С. Ожэгаў). Пратэктарат – самая гнюсная форма каланіяльнага паняволення таму, што гэта паняволенне закамуфліраванае, скрытае, якую просты народ не адчувае. Так і беларусы не адчуваюць таго, што нарабіў Крэмль («КГБ, МВД, ГОСПЛАН») за гэтыя 12 год у Беларусі.
Калі газа-нафтавая вайна – не чарговы саюзны спектакль паміж Расіяй і Беларуссю, то А. Лукашэнку цяжка будзе выбрацца з таго кутка, у які ён сам сябе загнаў. Мяркуйце самі. Паміж Расіяй і Беларуссю створана (адноўлена) агульная інфармацыйная прастора, якую кантралюе Крэмль. Паміж дзяржавамі створана (адноўлена) адна агульнаадукацыйная прастора, якую таксама кантралюе Крэмль. Створана (адноўлена) агульная савецкая «культурная» прастора, якую кантралюе Крэмль і ў якой дамінуе рускамоўнае безнацыянальнае бескультур’е. А самае страшнае для беларускага народа – Крамлём знішчана беларускамоўная адукацыя, а нацыянальная культура пераведзена на чужую мову (уявіце сабе рускую культуру на татарскай мове!). Руская мова, як і ў каланіяльныя часы, выпампоўвае беларускія таленты ў Маскву і Санкт-Пецярбург. А ў Беларусі праводзіцца палітыка выціскання гэтых талентаў у Расію: ім на радзіме не ствараюцца ўмовы для іх творчасці і працы. (Дык хто каго ў Беларусі «пасадзіў на чамаданы: Шушкевіч з Пазьняком рускіх» ці Лукашэнка беларусаў?). Гэты працэс таксама кантралюе Масква. Расіі выгадна мець таленты (усе імперыі выпампоўваюць іх з сваіх калоній), а Беларусі – не, таму яна за гэты час стала яшчэ большай правінцыяй Расіі – пратэктаратам. І тое, што народ маўчыць – гэта паказчык дэградацыі нашага грамадства, яго стомленасці, яго непасіянарнасці, адсутнасці нацыянальнай свядомасці, яго каланіяльнай забітасці і неразумення сітуацыі ў Беларусі. Я ужо не кажу пра дэградацыю моладзі, падлеткаў, школьнікаў, пачынаючы з першага класа, якая выяўляецца ў іх дэвіянтных паводзінах. Гэта – больш, чым сумныя вынікі каланіяльнай палітыкі русіфікацыі беларусаў, якая і прывяла да паступовага вымірання нашага народа. Гэта наша гуманітарная катастрофа.
А. Лукашэнка часта паўтарае: «по своему менталитету белорусы – самый интернациональный народ». Не ўсе ўсведамляюць, што значыць «интернациональный», таму гэтым словам, як і словам «двуязычие», любяць карыстацца людзі, адарваныя ад сваіх нацыянальных каранёў. «Інтэр» азначае «паміж», а «паміж» – гэта не нацыя, і не нацыянальнасць, і не народ, а усяго толькі адлегласць, (прамежак, прамежнасць) паміж народамі – дзірка ад бубліка. Гэта не той сэнс, які ўклаў у свой верш «Маладая Беларусь» Янка Купала, калі казаў: «…Занімай, Беларусь маладая мая, /Свой пачэсны пасад між народамі!..» Як можа заняць «пасад», ды яшчэ «пачэсны», тое, чаго няма? Няма мовы – няма народа, няма дзяржавы («язык – это государствообразующий фактор»). Ці не таму Міністэрства культуры (якога народа?) «заваліла» другі (!) конкурс на напісанне Дзяржаўнага гімну Рэспублікі Беларусь на вышэйзгаданы тэкст, які быў у якасці абавязковага, што трэба было па загадзе Масквы для «самого интернационального народа» пакінуць савецкі гімн? Спасылкі на тое, што ў Беларусі няма кампазітараў (няма кампазітараў – няма праблем) ці яны слабыя – гэта савецкая шавіністычная хлусня ў тым жа духу што і «белорусский язык – бедный язык» (А. Лукашэнка). Проста трэба было «осколкам КГБ» і г. д. «создавать государство» – пратэктарат Расіі, таму і трэба было захаваць савецкі каланіяльны беларускі гімн, бо такі ж савецкі імперскі гімн пакінула сабе метраполія – Масква ў чаканні «интернационального союзного соития с Белорусью». А чытачам сайта скажу, што «Патриотическая песнь» нашага земляка Міхайлы Глінкі, якая пэўны час была гімнам Расіі – нашмат больш якасная музыка, чым гімн СССР А. Аляксандрава, які зараз зноў (у другі раз, як і савецкі ў Беларусі) з’яўляецца гімнам Расіі, як сімвал «собирания русских (а беларуская зямля, на думку расійскіх і «белорусских» шавіністаў, таксама ўваходзіць у склад «русских») земель».
…«Интернациональный народ» – гэта як і «жывы труп» – аксюмарон, бо кожны чалавек, кожны народ маюць сваю якасць – нацыянальнасць. І ў тым, што беларусы «народ-паміж» – наша (і першага прэзідэнта) трагедыя.
P. S. Пакуль пісаў артыкул, прачытаў у «Народнай волі» жарт С. Калякіна: «ЗША думаюць, што Расія мае ўласны план па Беларусі, але ён настолькі глыбока захаваны, што дагэтуль не могуць гэты план выявіць». Паважаны Сяргей Калякін! План Крамля па Беларусі ляжыць на паверхні, таму яго не бачыць ні Амерыка, ні Еўрасаюз, ні «белорусская оппозиция». Гэты план нядаўна агучыў сам Уладзімір Пуцін, і ён палягае ў далейшай русіфікацыі народаў Расіі і Беларусі. А 12 сакавіка тэлеканал «Россия» перадаў, што ў Адэсе (Украіна) рускай мове хочуць надаць статус рэгіянальнай. Не ўдалося зрабіць яе на Украіне дзяржаўнай, дык зробім рэгіянальнай («не мытьём, так катаньем»)! Відавочна, што газа-нафтавая вайна ў дачыненнях да Украіны і Беларусі аказалася малаэфектыўнай. Але ўдумайцеся ў словы расійскага палітолага С. Чарнышова, якія пераклікаюцца з словамі У. Пуціна: «Расія – гэта перш за ўсё руская мова, а не тэрыторыя». Суміруючы думкі С. Чарнышова і У. Пуціна, атрымаем адказ і Амерыцы, і Еўрасаюзу, і «белорусской оппозиции»: «Там, дзе руская мова – там руская тэрыторыя і руская дзяржава».
Але нам не трэба плакаць, а, нарэшце, ўсвядоміць сабе, што палітыка русіфікацыі ў Беларусі – гэта каланіяльная палітыка Масквы, што ўлада тут прамаскоўская, марыянеткава. І прыслухаемся да голасу вялікага Народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча, нястомнага змагара за нацыянальную мову. Мова, на яго думку, з’яўляецца адзіным гарантам Незалежнасці Беларусі, яе Свабоды і Дэмакратыі. Яшчэ ў мінулым стагоддзі Паэт Гілевіч сказаў: «Свабоду для Беларусі і для беларускай мовы можа здабыць толькі народ, узброены родным словам! І ваяваць гэтым словам трэба цяпер, а не некалі пасля».
Удумайся, шаноўныя, у сэнс сказанага і адкажыце сабе на пытанне: ці сваю дзяржаву будуеце вы пры дапамозе чужой «зброі»?!
|