Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ДЗЯРЖАВА І МЫ arrow Палітыка arrow Палітыка дзяржавы: як яе бачыць і чаму не ўспрымае кампазітар

Палітыка дзяржавы: як яе бачыць і чаму не ўспрымае кампазітар Друк E-mail
08.12.2007 | 12:36 |
Змест
Палітыка дзяржавы: як яе бачыць і чаму не ўспрымае кампазітар
1. Якую дзяржаву мы будуем або: хто на Беларусі гуляе з намі ў дурня?
2. Саюз «двух братских народов» ці «одна братская могила»?
3. Чаму таварыш У.Пуцін баіцца нацыяналізму?
4. Пасланне ва ўчарашні дзень
5. Русіфікацыя - галоўная прычына вымірання беларускага народа

Пасланне ва ўчарашні дзень

Артыкул чацверты

«Но нам не следует забывать, что все мы – люди вчерашнего дня».
М. Горкі

У 80-х гадах мінулага стагоддзя ў савецкім друку паведамлялася, што на наступны дзень пасля перамогі баскетбольнай каманды «Жальгірыс» вытворчасць працы і настрой літоўскага народа падняліся. Пра гэта я ўспомніў слухаючы па тэлебачанні Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь: «Независимая Беларусь – наш достойный и надёжный дом». Адразу склалася ўражанне, што «Пасланне» гэта і па форме (руская мова) і па змесце – савецкае і адрасавана яно ўсё яшчэ «белорусскому советскому народу».

Не ведаю, ці ўзрасла вытворчасць працы, ці падняўся настрой у беларускага народа пасля выступлення Прэзідэнта, а ў мяне трансляцыя важнай для краіны падзеі вызвала супярэчлівыя, неадназначныя думкі. З аднаго боку на экране тэлевізара – упэўнены, рашучы, аптымістычны Прэзідэнт, у якога за 13 год прэзідэнцтва з’явілася нават не другое і не трэцяе дыханне, з іншага – няўпэўненыя, нерашучыя, песімістычныя твары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якіх прэзідэнт заклікаў не быць «равнодушными наблюдателями». Пасля праслухоўвання прэзідэнцкага «Паслання» мой «прысуд» быў кароткім: «нічога не будзе». Чаму? Давайце разбірацца разам.

Сённяшняя ўнутраная (ды і знешняя) палітыка Беларусі ўвайшла ў супярэчнасць з XXI стагоддзем, з сусветнымі глабальнымі працэсамі, з нормамі права, гуманістычны сэнс якога – абарона асабістай, грамадзянскай, працоўнай, маёмаснай, вераспавядальнай, творчай незалежнасці, нарэшце – са здаровым сэнсам, які падказвае чалавеку не ставіць «калёсы» – матэрыяльныя праблемы наперадзе «каня» – духоўных праблем.

А. Лукашэнка заклікае беларускі народ «стать нацией трудоголиков». Але «лянівых» нацый не бывае, на тое яны і нацыі, што змаглі мабілізаваць усе свае сілы і волю на тое, каб: 1) абудзіць увесь народ і адрадзіць нацыянальныя, народныя духоўныя каштоўнасці; 2) кансалідавацца ў нацыі («трудоголиков»); 3) усталяваць дэмакратыю, абараніць правы чалавека, права прыватнай уласнасці, рэалізаваць поўную незалежнасць краіны. Гэтыя тры этапы, неабходныя для таго, каб стаць паўнавартаснай нацыяй («трудоголиков»), іншага шляху чалавецтва не ведае. На якім жа этапе знаходзіцца наша Беларусь? Беларусы «знаходзяцца» зараз на тым адрэзку часу, у параўнанні з еўрапейскімі народамі, які папярэднічае першаму этапу фарміравання нацыі – «абуджэнню», «адраджэнню». Ці абудзіліся беларусы, ці адрадзілі яны свае родную мову, культуру, гісторыю, нацыянальныя сімвалы? Адназначна – не. Мы яшчэ спім і адраджаць свае духоўныя каштоўнасці не думаем. У 1994 годзе ў беларусаў быў ўнікальны шанец, які выпаў нам за апошнія 300 год, і які мы не скарысталі. Беларускі народ даў і дае шмат прарокаў, толькі ісці за гэтымі прарокамі няма каму. А. Лукашэнка ж вырашыў, што нам лепш працягваць спаць, а яму – А. Лукашэнку – працаваць. Цяпер ён хоча, каб беларусы не былі «равнодушными наблюдателями». Ці разумее ён, што «равнодушными наблюдателями» беларусаў зрабіла ўся папярэдняя маскоўская палітыка саветызацыі і русіфікацыі, якая праводзілася і праводзіцца сваімі ж манкуртамі ва ўладзе?

На мой погляд, задача, якую павінен быў вырашыць у першую чаргу першы Прэзідэнт Беларусі – кансалідаваць народ, які за час расійскай, а потым савецкай каланіяльнай палітыкі быў расколаты па мове, канфесіям, ідэалагічна. Але Крамлю зусім не патрэбна была кансалідацыя беларускага народа ў нацыю. Крамлю на тэрыторыі Беларусі патрэбна зрусіфікаваная, дэнацыяналізаваная савецкая біямаса, якой можна лёгка кіраваць. Крэмль зараз з дапамогай рускай мовы спрабуе кансалідаваць расійскую поліэтнічную тэрыторыю. Нічога ў яго з гэтага не выйдзе, бо «двойчы ў адну і тую ж ваду нельга ўвайсці». Затое монаэтнічныя беларусы лёгка маглі б кансалідавацца на базе сваіх нацыянальных каштоўнасцей. Але ці трэба гэта ўладзе, якая дзейнічае па- макіявэлеўскі: «падзяляй – і ўладарнічай». А ці трэба гэта апазіцыі?

Цяпер Прэзідэнт заклікае «восстановить исконно-белорусские традиции», «уделить внимание развитию национальной культуры и искусства». Прэзідэнт не канкрэтызаваў, якія традыцыі «восстанавливать»: беларускія спрадвечныя, якім паўтары тысячы год і якія крышталізаваліся на роднай мове і не мелі слова «исконный» ці «советские безнациональные русскоязычные традиции», якія ў Беларусь прыйшлі з Расіі ў 1917 годзе? Калі «беларускія спрадвечныя», дык як улада збіраецца «восстанавливать» іх, калі яна сама прызналася ў сваім бяссіллі перад гэтымі традыцыямі: ёй на традыцыйнай беларускай мове «трудно сформулировать понятия в естественных науках», яна на роднай мове не можа «выразить ничего великого», бо, на яе думку, «белорусский язык – бедный язык».(Гэта зусім не азначае, што і ўсяму беларускаму народу на роднай мове «трудно выразить великое»). Праўда, на рускай і англійскай мове, якія ўлада лічыць адзіна «великими», яна за апошнія 13 год таксама не змагла «сформулировать ничего великого». А віной гэтаму – так званае «двуязычие», якое, на думку беларускага псіхатэрапеўта С. Язерскага, «вядзе да рашчаплення свядомасці».

Як я ўжо казаў, Пасланне Прэзідэнта савецкае не толькі па форме, але і па змесце. Нашы цяперашнія посткамуністы ва ўладзе – такія ж (па Леніну) «грубыя, вульгарныя» матэрыялісты, як і іх папярэднікі – камуністы. Яны хоць і «православные», але – атэісты, для якіх матэрыя, матэрыяльныя каштоўнасці – першасныя, а дух, духоўныя каштоўнасці – другасныя. Для іх не «сознание определяет бытие, а бытие определяет сознание». У выніку такая матэрыялістычная філасофія вядзе да адмаўлення аб’ектыўнай ісціны аб тым, што ўсёй практычнай (матэрыяльнай) дзейнасці чалавека папярэднічае яго разумовая (духоўная) дзейнасць. А паколькі мова (якая да таго ж характарызуе разумовыя здольнасці чалавека) адносіцца да духоўнай сферы, то А. Лукашэнка лічыць, што «кроме языка (духоўнасці, душы – аўт.) есть ещё очень много проблем – прежде всего, чтобы люди нормально жили во всех цивилизованных смыслах» (матэрыяльны дабрабыт). Дарэчы, такой жа камуністычнай думкі аб першынстве матэрыі («каўбасы») перад духам («мовай») прытрымліваецца і «белорусская оппозиция» і ў гэтым яна змыкаецца з сённяшняй «белорусской властью». Але, як вядома, пакланенне матэрыяльнаму заўсёды прыводзіць да разбурэння духоўнага (маральнага). Яшчэ сто год таму вялікі рускі пісьменнік Максім Горкі пісаў:»Самая ценная творческая сила – человек: чем более развит он духовно, чем лучше вооружён техническими знаниями, тем более прочен и ценен его труд, тем более он культурен, историчен». Як бачым, на першае месца М. Горкі ставіць духоўнасць.

Дык чаму, праслухаўшы Пасланне, я сказаў: «нічога не будзе»? А таму, што ўлада, клапоцячыся аб «каўбасе» для народа – «эффективной и конкурентноспособной экономике», «возрождении села», «экономическом развитии» і г. д. ці забылася, ці не ведае, што ўсёй практычна-матэрыяльнай дзейнасці чалавека папярэднічае яго разумова-духоўная дзейнасць (перш чым нешта зрабіць, трэба падумаць), якая ажыццяўляецца ва ўсіх народаў (акрамя беларускага) на роднай мове. Перш чым пачынаць гаворку пра эканоміку – «калёсы», трэба пачаць гаворку пра мову (духоўнасць) – «каня» і паставіць не «калёсы» – эканоміку наперадзе «каня» – мовы (духоўнасці), а «каня» – мову (духоўнасць) наперадзе «калёсаў» – эканомікі. Для таго, каб краіна стала матэрыяльна багатай, патрэбна ўмова: каб народ стаў духоўна багатым, каб была высокая культура. А для таго, каб народ стаў духоўна багатым і культурным, неабходна першаўмова: моўная самастойнасць грамадства – стабільнасць роднай мовы. Анямечаныя ў мінулым венгры, палякі, чэхі, эстонцы падняліся да ўзроўню сапраўднай еўрапейскай культуры толькі пасля таго, як іх родныя мовы шляхам свядомага моўнага будаўніцтва і аднаўлення вызваліліся ад залішніх уплываў нямецкай мовы, калі яны ў сапраўднасці сталі незалежнымі ад яе. Японцы свой эканамічны цуд стваралі не на «великих русской и английской» мовах, а на роднай – японскай. У Беларусі праблема адраджэння роднай мовы ўжо даўно пераспела, а Прэзідэнт і «белорусская оппозиция» кажуць: «кроме языка есть ещё очень много проблем» (што б яны не гаварылі, а для А. Лукашэнкі і «оппозиции» галоўная «проблема» – улада). Тут я адкажу і Прэзідэнту, і «оппозиции»: «Згубіўшы галаву па валасах не плачуць», што азначае: «Згубіўшы мову (моўна-культурную незалежнасць) па «каўбасе» (дзяржаўнай незалежнасці, выміранні народа, эканамічнай незалежнасці, адсутнасці дэмакратыі і правоў чалавека) не плачуць». Бо першаўмова чалавечага жыцця – родная мова. Якую вобласць жыцця мы б не закранулі, пачатак усяго – родная мова: якаснае мысленне – мова, якасная праца – мова, якасная прадукцыя («каўбаса») – мова, духоўнае і фізічнае здароўе народа – мова, культура – мова, права – мова, незалежнасць – мова, свабода – мова, дэмакратыя – мова і г. д. Без беларускай мовы няма будучыні для Беларусі.

Калісці А. Лукашэнка сказаў: «Беларусь – духовный лидер Европы»». Удумайцеся ў гэтыя словы! Чалавека і народ духоўным, у першую чаргу, робіць яго мова і яго культура. Родная мова – першая ўмова чалавечага быцця, якая мае патрэбу ў прызнанні і ахове яе законам. Ці вярнулі беларусы сабе «першую ўмову чалавечага быцця», сваю духоўную каштоўнасць – родную мову? Адназначна – не! Ці працуе закон аб дзяржаўнасці роднай мовы ў Беларусі? Адназначна – не! Дык якая ж «Беларусь – духовный лидер Европы»? Хутчэй – бездухоўны.

Тры мовы ў Беларусі – беларуская, руская, трасянка (няякасная мова, узнікшая ў выніку палітыкі русіфікацыі, на якой размаўляе ад 30% да 50% беларусаў), як тыя лебедзь, рак ды шчупак, у тры бакі расцягваюць намаганні беларускага народа, распыляюць яго энергію, якая, па волі ўлады, і так ідзе «ў свісток» – дыскусіі ў грамадстве, марнае шуканне справядлівасці ў судах і кабінетах бюракратаў. Польскаму народу суверэнітэт, стабільнасць і салідарнасць забяспечваюць польская мова і польскі касцёл. Рускаму народу тое ж самае забяспечваюць руская мова і Руская праваслаўная царква. А што ці хто забяспечыць у Беларусі суверэнітэт, стабільнасць і салідарнасць, аб якіх заявіў Прэзідэнт: руская мова, трасянка, Руская праваслаўная царква на чужой для яе тэрыторыі з чужой, так званай «царкоўнаславянскай» (насамрэч – старабалгарскай) мовай? А можа сам Прэзідэнт? Рэдка такія прэзідэнты, як Гавел і Рузвельт кансалідавалі нацыі, усё роўна да іх самым моцным кансалідантам, самай вялікай аб’яднаўчай і стваральнай сілай з’яўлялася родная мова.

А. Лукашэнка заклікае народ да салідарнасці і адзінства. З кім? Вядома – з уладай. А ці разумее сама ўлада, што, перш, чым заклікаць народ да кансалідацыі з ёй, трэба спачатку кансалідаваць сам народ? Ці кансалідаваў народ А. Лукашэнка? Адназначна – не. Як можа кансалідаваць народ у нацыю чалавек, які абразіў гэты народ, сказаўшы, што «белорусский язык – бедный язык», што «белорусы не имеют своих Репиных и Шаляпиных». А ці ведае ён і яго памочнікі ад культуры (лепш бы яны былі «да культуры»), што шлях на оперную сцэну Ф. Шаляпіну праклаў вялікі бас беларус Фёдар Ігнатавіч Стравінскі, бацька кампазітара №1 ХХ стагоддзя – Ігара Стравінскага?! (Бедная не беларуская мова, а наш народ, які мае такую ўладу!) … Задача цяперашняй «белорусской власти», пачынаючы з 1994 года, заключалася не ў кансалідацыі народа, а ў дэкансалідацыі яго, бо ўлада дзейнічала па прынцыпе Макіявелі: «падзяляй і ўладарнічай», падзяляючы народ на чэсных і нячэсных, сваіх і чужых. А цяпер яна хоча салідарнасці. Смешна і горка … Калі ўлада не салідарная з народам, то і народ не будзе салідарны з ўладай. Тут патрэбна шчырасць з боку ўлады. Пакуль шчырасці няма.

Паколькі «прасоўванне свабоды ёсць прасоўванне духу» (Джон Куінсі Адамс), а свабода ўладзе якраз і не патрэбна («наш народ не готов к демократии»), то ўладзе не патрэбна і родная мова, якая з’яўляецца духам свабоды народа. Таму ўлада разумее, што пачаўшы беларусізацыю ў сферы адукацыі, яна гэту ўладу згубіць. Ва ўсякім выпадку для ўлады ў Беларусі зараз патавая сітуацыя, якая характарызуецца словамі Леніна: «вярхі не могуць, а нізы не хочуць жыць па-старому». Узнікае класічная перадрэвалюцыйная сітуацыя.

На чым трымаецца ўлада? На штыках. Але ўлада, якая трымаецца на штыках ёсць антынародная ўлада. А. Лукашэнка ніколі не падзеліцца ўладай з народам – не дапусціць актыўных яго прадстаўнікоў да мікрафонаў, да дзяржаўных СМІ, да выбараў, хаця і заклікае (праўда, толькі дэпутатаў) «активно участвовать в решении общественных проблем», не быць «равнодушными наблюдателями». А таму народ, для якога апошнія 300 год улада была чужой, а сам ён быў адлучаны-адчужаны ад яе, адлучаны-адчужаны ад зямлі, сродкаў працы і вынікаў яе, будзе працаваць так, як працаваў раней. Навошта беларусам будаваць лепшае жыццё, калі гістарычна розныя акупанты знішчалі іх духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці: мову, культуру, фальклор, святыні, помнікі? І знішчалі гэта пастаянна, ад чаго будаванне пастаяннага жыцця і жытла не мела сэнсу. Жыццё было чамаданнае, часовае, бо народ ведаў, што і заваёўнікі будуць часовымі. Таму сёння беларус, які стаміўся ад ўсяго гэтага, кажа: »Болей нічога не трэба, хопіць!» Тут Аляксандр Рыгоравіч правільна падмеціў думку беларуса, толькі не ўказаў на прычыну такой псіхалогіі, якая фарміравалася гістарычна.

З савецкіх часоў беларускі народ быў адлучаны-адчужаны і ад сваёй гісторыі. Спачатку «Ленін думаў пра Беларусь», потым – Сталін, потым – Хрушчоў, потым – Брэжнеў …, а цяпер думае А. Лукашэнка, ён сам так захацеў. У выніку – гісторыю беларускага народа сёння творыць не сам народ, а Прэзідэнт. Чалавек жа па-за сваёй гісторыяй – не чалавек, паколькі сваю гісторыю ён павінен тварыць сам. Без тварэння сваёй гісторыі ён расчалавечваецца. Растаптаць родную мову, культуру, гісторыю, гістарычныя сімвалы народа – растаптаць народ і тады ён без усяго гэтага стане безыніцыятыўным паслухмяным рабом, вінцікам-шпунцікам адміністратыўна-каманднай сістэмы. Раб, як і жывёліна, не мае нацыянальнасці, а рабская праца – самая непрадуктыўная. Дык ці будзе беларуская прадукцыя, якая зроблена несвабоднымі людзьмі ды яшчэ трасяншчыкамі, канкурэнтназдольнай? Сумняваюся. Магу прывесці прыклад дзейнасці трасяншчыкаў, якія думаюць гавораць і працуюць на няякаснай мове.

Я жыву ў мікрараёне Сухарава, дзе пражывае больш за 50 тысяч мінчукоў. За 14 год існавання гэтага раёну гарадскія ўлады так і не пабудавалі ў ім ні паліклінікі, ні рынку. Тут няма ніводнага спецыялізаванага магазіна «Садавіна – гародніна», няма ніводнай кнігарні, ніводнай бібліятэкі, не вырашана да гэтага часу праблема гарадскога транспарту. У раёне ўжо няма чым дыхаць, няма свабоднай зямлі, а гарадскія ўлады ўсё будуюць у Сухараве і будуюць…У мікрараёне спее гнеў. Думаю, што «памаранчавая рэвалюцыя» у Беларусі пачнецца менавіта з Сухарава. Дык вось: забудова Сухарава – вынік дзейнасці іменна трасяншчыкаў, якія думаюць на паўмове, размаўляюць на паўмове і працуюць на поўмове. У беларускага народа ёсць такое трапнае слова – паўдумак: чалавек, які думае на паўмове. Гэта – пра тых, хто планаваў мікрараён Сухарава. Беларусы! Ведайце: усё, што зроблена ў Беларусі няякасна – зроблена трасяншчыкамі! За гэта трэба «дзякаваць» тым трасяншчыкам ва ўладзе, якія праводзяць у Беларусі палітыку русіфікацыі – знішчэння беларускай мовы, у выніку чаго і існуе трасянка – інструмент няякаснага мыслення і працы. А вы кажаце: «конкурентноспособная продукция», «мировой рынок»… Смешна. Парадак трэба навесці спачатку ў галаве, таварышы трасяншчыкі! Але парадак – якасную думку – можа навесці толькі якасная родная мова.

У савецкія часы існаваў такі анекдот: «Пытанне: «чаму літоўская карова дае шмат малака?» Адказ:»Таму, што з ёй размаўляюць на роднай мове». Пасля перамогі літоўскай баскетбольнай каманды «Жальгірыс» настрой і вытворчасць працы ў літоўцаў, якіх справядліва называлі нацыяналістамі (патрыётамі сваёй рэспублікі), павышаліся таму, што высокая нацыянальная самасвядомасць, гонар за свой родны край, свой народ, сваю мову і культуру вызывалі станоўчыя эмоцыі, з’яўляліся крыніцай псіхічнай раўнавагі народа. У той час, як у беларусаў так званае «двуязычие» (у сапраўднасці – моўная нестабільнасць, коснаязыкасць) з»яўляецца крыніцай комплексу нацыянальнай непаўнавартаснасці, псіхалагічнай напружанасці, псіхічнага раздваення, раўнадушша да працы, а таму стомлены беларус-трасяншчык кажа: «болей нічога не трэба, хопіць!»

Улада таксама стамілася, у яе няма новых ідэй. Нешта новае мільганула ў Пасланні Прэзідэнта, але яно будзе блакіравана учарашнімі людзьмі ва ўладзе, бо ўсякія змены ў краіне для гэтай улады нясуць небяспеку, а таму беларус ва ўладзе думае: «болей нічога не трэба, хопіць!»

Дык што мы маем зараз у Беларусі? Краіна скаваная савецкімі ланцугамі – савецкім мысленнем, савецкімі безнацыянальнымі каштоўнасцямі. У краіне суцэльны валюнтарызм: нацыянальную ідэю фармулюем на чужой мове, краіну «любім» на чужой мове, гісторыю Беларусі выкладаем на чужой мове, беларускую культуру «развіваем» на чужой для гэтай культуры мове, словам – на чужой мове «будуем» «белорусское» жуццё. Па тэлебачанні – суцэльныя хлестакоўшчына і манілаўшчына, з экрану зніклі інтэлект і культура. На вуліцах Беларусі – усё яшчэ савецкія помнікі-пачвары расійскім камуністычным істуканам, якія, нібыта расійскі «полицейский надзиратель», пагражаюць беларусу: «Я ещё доберусь до тебя, младший брат!» Кляп у роце беларуса – немагчымасць сказаць праўду, выказацца аб набалелым спарадзіў у грамадстве сацыяльную дэпрэсію. Палітыка русіфікацыі прывяла да дэградацыя роднай мовы, дэградацыі грамадства, бездухоўнасці, а гэта прывяло да вымірання беларускага народа, а таму беларус, які стаміўся ад усяго гэтага, кажа: «болей нічога не трэба, хопіць!»

Ці зможа гэта ўлада прыпыніць выміранне беларускага народа? Адназначна – не. Гэтая ўлада думае не пра будучыя пакаленні, а пра будучыя выбары і пра тое, як «ещё много, много раз» застацца ва ўладзе. Улада дбае пра вечную ўладу, бо яна для яе – самамэта, а не сродак, каб зрабіць жыццё простага чалавека лепшым. Гэтая ўлада будзе выміраць разам з выміраючым народам, але так і не зразумее, што зараз беларускаму народу патрэбна дзяржаўная праграма не фізічнага аздараўлення шляхам пабудовы лядовых палацаў, а дзяржаўная праграма духоўнага аздараўлення – адраджэння спрадвечных духоўных каштоўнасцей народа шляхам адкрыцця беларускіх класаў і школ, вяртання роднай мовы, культуры, гісторыі на радыё, тэлебачанні, у кватэрах, на вуліцах, вучэльнях і ўніверсітэтах, у кабінетах чыноўнікаў, дзе застаяўся савецкі імперска-каланіяльны смярдзючы дух. Беларусы, хоць і савецкія, паступова пачнуць прачынацца і ўключацца ў адраджэнне роднай краіны, роднай мовы, культуры і гісторыі, бо ўсё роўна: »гены пальцам не расціснеш!» Вось тады Прэзідэнту Беларусі не трэба будзе ў сваім Пасланні казаць пра «инициативу», «активность», «конкурентноспособность», «повышение качества», «возрождение села», «бережливость» і г. д. – усё гэта зробіць родная мова, гонар за яе!

Ачалавечванне расчалавечанага, духоўна знявечанага беларуса можа адбыцца толькі праз вяртанне да родных каранёў. Беларусам, як глыток свежага паветру, як свежая энергія неабходна вяртанне роднай мовы ў школы і іншыя навучальныя ўстановы. Не трэба толькі чапаць «вчерашних людей», няхай яны пішуць свае мемуары на імперска-каланіяльнай рускай мове ці рыхтуюцца ў лепшы свет да сустрэчы з тым, каго яны адмаўлялі ўсё жыццё і які даў кожнаму народу па роднай мове – Богам.

На гістарычна-палітычную арэну выходзіць ужо новая генерацыя еўрапейскіх беларусаў, якая не баіцца размаўляць на роднай мове, бо яна ведае, што чужая мова, гвалтам прынесеная на штыках, ніколі не несла стваральнай энергіі, толькі разбуральную, што яна не можа быць голасам свабоды. Толькі родная мова можа даць маладой Беларусі свабоду думак, свабоду слова і свабоду справы – шанец на гістарычную перспектыву. Ідзе маладая Беларусь! Учарашнія людзі, не перашкаджайце сённяшняй маладой Беларусі! Пішыце лепш мемуары і гуляйце з Прэзідэнтам у свой «хахей»! І памятайце аб тым, што бывае тады, калі не мяняць ваду (уладу) ў акварыуме (ў дзяржаве)!

P. S. Быў прыемна ўражаны, калі, скончыўшы пісаць артыкул, прачытаў у газеце «Свободные новости» артыкул В. Карбалевіча «Послание из прошлого». Але сваю назву мяняць не стаў.




 
« Папяр.
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 329
mod_vvisit_counter Учора 2910
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 5002
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 17344