Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Не пагаснуць зоркі ў небе, покуль неба будзе Друк E-mail
15.02.2010 | 21:41 |

Не пагаснуць зоркі ў небе...Дваццаць год таму — 26 студзеня 1990 года — Вярхоўны Савет БССР 11-га склікання прыняў “Закон аб мовах”, які павінен быў спыніць русіфікацыю Беларусі. Яна не толькі не спынена, а наадварот, пагражае тытульнай нацыі вялікай бядой.

Менавіта аб гэтым з трывогай гаварылі выступоўцы на канферэнцыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”, прысвечанай ролі грамадства ў паляпшэнні стану роднай мовы.

Старшыня грамадскага аб’яднання, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў пачаў сваю прамову з аб’ектыўных лічбаў. Паводле перапісу насельніцтва 1999 года роднай мовай назвалі беларускую 86 працэнтаў беларусаў, тое ж самае зрабілі паўмільёна небеларусаў. Згодна з гэтым павінна была б весціся моўная палітыка дзяржавы... Але яна пайшла ў адваротны бок. Склалася парадаксальная сітуацыя, калі нават вынікі сумнавядомага рэферэндуму-95 трэба абараняць ад тых, хто яго праводзіў. Бо ўведзеная пасля яго “роўнасць” дзвюх дзяржаўных моў — беларускай і рускай — дала на практыцы амаль поўнае выцясненне і дыскрымінацыю роднай, заменай яе рускамоўем.

Калі ў 1990-1995 гадах у сярэдніх школах краіны навучалася па-беларуску больш за 75 працэнтаў вучняў, то зараз гэтая лічба не дасягае і 20 працэнтаў і скарачаецца з кожным годам. У такіх буйных абласных цэнтрах, як Гродна і Магілёў, наогул няма беларускага навучання. Мала таго, што беларускіх школ у беларускіх гарадах кот наплакаў, дык яны шпарка знікаюць і ў сельскай мясцовасці: дзетак пераводзяць у іншыя, рускамоўныя, сілком адрываючы ад сваіх каранёў. Вось гэта парадак, прагрэс!

— Тут вельмі многае залежыць ад настаўніка, яго аўтарытэту, прыкладу для моладзі, — перакананы Алег Анатольевіч. — Мяне, напрыклад, навучыла беларускасці настаўніца рускамоўнай школы Клаўдзія Цярэнцьеўна Саўчанка — вечная ёй за тое ўдзячнасць і любоў. А дзед, помню, палохаўся, калі чуў маю гаворку, прасіў: “Не размаўляй па-беларуску, цябе ж заб’юць!” Разумею ягоны страх. Ён генетычна перадаўся многім беларусам яшчэ з 1937-1938 гадоў: толькі тады было рэпрэсавана 12 тысяч нашых настаўнікаў, у тым ліку 4 тысячы — галоўным чынам выкладчыкаў роднай мовы — расстраляна.

— Цяпер, дзякуй Богу, не расстрэльваюць — “проста” вінавацяць у сяброўстве з БНФ і выганяюць са школы, — працягваў А.Трусаў. — Лічу, што наша Таварыства павінна маральна падтрымліваць і гуртаваць вакол сябе настаўніцтва, дапамагаць выхоўваць годных людзей — патрыётаў Бацькаўшчыны, прыхільнікаў роднага слова. Калі настаўнікі самі будуць такімі, моладзь пойдзе за імі — мудрымі старэйшымі сябрамі.

Аб ролі духоўнасці ў выхаванні пашаны да сваёй мовы пранікнёна гаварыў вельміпаважаны пробашч касцёла св.Сымона і св.Алены, кандыдат гістарычных навук Уладзіслаў Завальнюк:

— Мова — святыня народа. Яна адухоўлівае яго, абуджае лепшае ў чалавеку. Няма сумневу, што набажэнствы павінны весціся на роднай мове. Праз яе чалавек адкрывае душу да Бога. Аб тым, каб дзеці ўзрасталі з верай і матчынай мовай у сэрцы, перадавалі яе з пакалення ў пакаленне, каб храм свяціўся зорачкай адраджэння духоўнай вясны, — клопат нашага Касцёла.

І гэта не проста ўзвышаныя словы. Многім вядома неардынарная асоба Уладзіслава Завальнюка яго нястомным слугаваннем справе духоўнасці і беларускай культуры ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Калі ўдзельнікі канферэнцыі праходзілі праз галоўную, паўнюткую залу храма, дзе ішла нядзельная імша, то затрымліваліся тут на колькі часу: так захоплівала малітва па-беларуску, так прыгожа гучаў беларускі спеў... Чаму б і праваслаўным храмам у Беларусі не даць дарогу мове тытульнай нацыі?

Кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі засяродзіў увагу на большай, чым раней, актуальнасці роднай мовы ў СМІ ў варунках, калі беларускамоўная адукацыя ў краіне фактычна ператворана ў фікцыю. Але такіх СМІ ў краіне мізер, ды і тыя нярэдка грашаць недарэчнымі калькамі з рускай мовы, канцылярызмамі. Між тым лепшых пісьменнікаў, сапраўдных творцаў і носьбітаў прыгожага пісьменства не падпускаюць да дзяржаўных СМІ, выпіхваюць на ўзбочыну грамадскага жыцця.

Доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса вельмі хвалюе засмечанасць нашай крынічнай, прыгожай, багатай мовы не ўласцівай ёй ненарматыўнай лексікай, што абражае слых нармальнага чалавека. Ён згадаў гістарычны эпізод, калі наш славуты зямляк, паўстанец 1863 года Бенедыкт Дыбоўскі, апынуўшыся ў Сібіры, стаў першапраходцам у даследаваннях Байкала. Шукаючы месца для навуковай базы на беразе легендарнага возера, ён нарэшце спыніўся ў вёсцы беларускіх перасяленцаў, якія беражліва захавалі свае звычаі, сваю мову, дзе абсалютна адсутнічалі словы брыдкай лаянкі, чутай у іншых паселішчах. Мо таму і тут, удалечыні ад радзімы, беларус-навуковец пачуваўся як дома і зрабіў свае выдатныя адкрыцці, праславіў Бацькаўшчыну?

Негатыўнае стаўленне сённяшніх улад да мовы свайго народа праілюстраваў пісьменнік Васіль Якавенка — адзін з ініцыятараў апублікаванага ў “Народнай Волі” Ліста да кіраўніка дзяржавы аб неабходнасці вырашэння вострых моўных праблем у краіне:

— Пад тым Лістом падпісаліся многія сотні людзей розных прафесій, узростаў, поглядаў, з’яднаных адным клопатам, адной трывогай. І што? Іх галасы не пачулі наверсе. Усё скончылася нічым...

Але калі слухаеш рупліўцаў беларушчыны з розных куточкаў краіны, міжволі ўзнікае ўпэўненасць: не, не ўсё скончылася! Адчуваеш не маркоту — надзею і радасць за цудоўных людзей, што і ў самых неспрыяльных абставінах не складваюць крылы, бачаць перад сабой высакародную мэту і шукаюць спосабы яе дасягнення. У кожнага — свае метады, формы, падыходы, а разуменне такое: трэба несці землякам роднае слова ва ўсёй яго красе і прывабнасці, рабіць апору на моладзь, за якой будучыня.

— Нашы хлопцы і дзяўчаты ўсё больш ахвочыя да цікавых экскурсій па музеях, шматдзённых вандровак па гістарычных мясцінах роднага краю, сустрэч з цікавымі землякамі, — дзяліўся сваімі назіраннямі малады і прыгожы хлапчына з Магілёва Алег Дзьячкоў. — Неўпрыкмет для сябе далучаюцца яны да беларускай мовы, гісторыі Радзімы. А то было — аднойчы разам з сябрамі-ТБМаўцамі арандавалі на цэлы дзень тралейбус, упрыгожылі яго па-беларуску, развесілі партрэты Купалы і Коласа. Чыталі іх вершы, спявалі з пасажырамі нашы песні, дарылі ім буклеты, прысвечаныя народным песнярам, запрашалі ў гурток беларускай мовы і кінаклуб. Во было свята для гараджан! І не адно.

З цікавай жанчынай пазнаёмілася я падчас канферэнцыі. Таццяна Трубач, пазаштатная супрацоўніца гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” верыць, што напіцца з беларускай крынічкі, якая бруіць з глыбінь стагоддзяў, і ўзняцца духам можна, не адрываючыся ад зямнога. Напрыклад, трымаючы ў руках вышыванкі са старажытнымі традыцыйнымі ўзорамі, у якіх зашыфраваны свет беларускай душы, глыбокі сэнс і мудрасць. Разгадаць і асэнсаваць гэтыя сімвалы-знакі нашых продкаў можна толькі на іх прыроднай мове — па-беларуску. І калі хто сёння бярэ голку, каб перанесці на палатно гэтыя пасланні далёкіх прашчураў, сам далучаецца да глыбінных вытокаў беларускасці.

Спадарыня Таццяна распавяла пра дзейны паспяховы праект “Чалавек у вышыванцы”, падказаны пісьменнікам Уладзімірам Содалем, і запрасіла на выставу ў Музей гісторыі беларускай літаратуры ў Траецкім прадмесці Мінска.

Нязменны кіраўнік Гуманітарнага Коласаўскага ліцэя Уладзімір Колас у каторы раз пацвердзіў, што за роднае слова, беларускую адукацыю трэба змагацца не толькі словамі, а і рэальнай справай. У неверагодна цяжкіх умовах іх вядомы свету Ліцэй жыве, выхоўвае добра адукаваных і адданых Бацькаўшчыне беларусаў, перад якімі адчынены дзверы вышэйшых навучальных устаноў Еўропы. Прыйдзе час, і іх веды спатрэбяцца Радзіме.

...Адметнасцю гэтай навукова-практычнай канферэнцыі сталася тое, што ўпершыню за доўгі час на такога кшталту мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі афіцыйных улад. Больш за тое: начальнік аддзела ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Аўдзеева першай паднялася на трыбуну форуму і вітала яго ўдзельнікаў. Прачула і, па ўсім відаць, шчыра дзякавала “Таварыству беларускай мовы” за вялікую працу па захоўванні неацэннай духоўнай спадчыны — роднага слова, якое ўвасабляе самабытнасць народа і яго непаўторнасць ва ўсім свеце. Шаноўная спадарыня Аўдзеева натхнёна чытала вершы пра нашу цудоўную мову, распавядала пра розныя святы, фестывалі, новыя музеі, выставы...

Толькі, на жаль, госця канферэнцыі пастаралася пазбегнуць адказаў на пытанні з залы (а іх узнікала нямала). Калі запіскі дайшлі да прэзідыума, спадарыні Аўдзеевай у зале ўжо не было. І прафесар Мікола Савіцкі, іншыя ўдзельнікі канферэнцыі так і не пачулі пра афіцыйны пункт гледжання на тое, што іх хвалюе. Напрыклад: чаму ў міністэрскім плане святкавання юбілейных дат выбітных дзеячаў беларускай культуры на 2010 год не значыцца 100-годдзе вялікай паэткі Ларысы Геніюш? Ці чаму на штогадовыя Дні беларускага пісьменства ніколі не запрашаюць жывых класікаў нацыянальнай літаратуры, а на Купалаўскія святы — лаўрэатаў Купалаўскай прэміі? Ці ж можа нацыянальная культура, родная мова існаваць пры ігнараванні найталенавітых творцаў, якія складаюць гонар і славу краіны Беларусь?

Трэба разумець — прадстаўніца Мінкульта не змагла б адказаць на гэтыя пытанні. Не сказаць жа ёй было... маўляў, не разумееце — ідэалагічны ціск зверху?

Ну а прадстаўніца Міністэрства адукацыі зусім прамаўчала, хаця да яе ведамства пытанняў накапілася яшчэ больш. І мы іх добра ведаем, і яны джаляць сэрца. Але яно, нягледзячы на ўсе трывогі і засмучэнні, поўніцца верай у лепшае. Гэтую веру ў змрочны час выказаў наш прарок Янка Купала:

Не пагаснуць зоркі ў небе,
Покуль неба будзе.
Не загіне край забраны,
Покуль будуць людзі.

Не ведаю, ці спявалі песню на гэтыя словы ў “Купалаўскім” тралейбусе, што ішоў па вуліцах Магілёва з волі і рупнасці маладога беларуса Алега Дзьячкова. Але пакуль шчыруюць такія рупліўцы, ёсць спадзяванне, што бяда, якая пагражае Беларусі, будзеадхілена.

Народня Воля. 11 лютага 2010 г. 
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1583
mod_vvisit_counter Учора 1572
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 7828
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 20170