 Эрнест Ялугін Яўген Гучок, паэт, публіцыст
Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не быў усыпаны ружамі. Разумець гэта павінна так: яго нястомная і выніковая праца на ніве беларускага прыгожага пісьменства не вельмі была ацэнена і ўганаравана як былымі, так і сённяшнімі ўладамі краіны і кіраўніцтвам пісьменнікаў. Чаму ж так атрымалася? У адрозненне ад некаторых іншых пісьменнікаў, чые творы выдаваліся ў двух, трох, чатырох і болей тамах (сёння яны нават пры жаданні - не чытаюцца), Э. Ялугін - сціплы, не вёрткі па жыцці чалавек, а як пісьменнік - шчыры прыхільнік праўды - больш паслугаваў ісціне, а не ўстаноўкам сацрэалізма. Ён - стваральнік жывых твораў. Відаць, таму і аднаго тома выбранага не заслужыў.
А створана Э. Ялугіным нямала. Гэта раманы "Мсціслаўцаў посах" і інш., аповесці "Без эпітафіі" (пра трагічны лёс Цішкі Гартнага) і інш., нарысы "Салёная планета" і інш., эсэ "Толькі камяні" і інш., сцэнарыі дакументальных фільмаў "Мсціслаў: звенні часу" і інш. Асабліва адзначыўся творца ў стварэнні кніг гістарычнай тэматыкі. У дадатак да сваёй творчасці ён здзейніў (як і Ніл Гілевіч) варты ўвагі грамадзянскі ўчынак: уласнымі сродкамі і з сяброўскай фінансавай падтрымкай апошнім часам выдаў выбранае ў трох тамах сваіх твораў. Першы том аб'ёмам больш за 25 умоўна-друкаваных аркушаў змяшчае раман "Ідзі і кажы", які распавядае пра падзеі ў ХVІ ст. (праўда, з сэнсава апраўданымі экскурсамі ў мінулае і будучае) на тэрыторыі тагачаснай Беларуска-Літоўскай дзяржавы (ВКЛ), а таксама ў Макоўскім вялікім княстве. У другім томе змешчаны драматычныя творы ("Свечачка на Дзяды", "Святло прадоння" і "А потым - Рай"), прысвечаныя сваёй, беларускай, і замежнай сучаснасці і не такой ужо далёкай мінуўшчыне і якія, па словах самога аўтара, аб'ядноўвае апора на рэальныя падзеі. Такая ўжо яго творчая пазіцыя. Трэці том займае зноў жа гістарычны раман "Перад патопам", які ў многім спалучаны з раманам "Ідзі і кажы", але ў ім пададзены падзеі другой паловы ХVІ ст.
Вось жа пра раман першага тома "Ідзі і кажы", які я толькі
што прачытаў (і вельмі шкадую, што не прачытаў яго раней: не было мажлівасці -
твор гэты не меў да гэтага часу публікацыі), неабходна сказаць не мімаходзь, а
крыху больш разгорнута. Дык і кажу.
Пра што ж у гэтым рамане? Як і амаль ва ўсіх творах Э.
Ялугіна - пра Радзіму, каханне, здраду, людзей годных і нягодных, пра адносіны
і стасункі паміж імі і многае іншае, спадарожнае ім. адразу трэба адзначыць,
што "Ідзі і кажы" напісаны ў рэчышчы гістарычнай мастацкай прозы, якая вымагае
не толькі ўстанаўлення фактаў мінулага, але і яскравага жывога іх
адлюстравання. Нашаму аўтару гэта ўдалося. У яго атрымаўся жывы ва ўсіх
адносінах твор. Парад намі жывое жыццё герояў і іх эпохі.
Пераканаўча, з даследчыцкай трапнасцю аўтар абмалёўвае
характар мсціслаўскага княжыча Фёдара (вядома, праз яго словы і дзеянні) - сына
князя Мсціслаўскага Міхаіла -, які пайшоў на здраду сваёй Айчыне, які збег у
Маскоўскае княства да вялікага князя Васілія, за што давялося плаціць дарагую
цану яму самому і яго Радзіме. Закаханне княжыча ў пляменніцу маскоўскага
гаспадара і аднолькава незадаволенасць сацыяльным становішчам, пакуль што
адпушчаным яму дома, не апраўдвае здраду.
Персанаж беларускай міфалогіі Дзіў, прысутнасць якога
абазначаецца ў рамане ўжо з першых старонак твора, сцвярджае, што каханне і
іншае ў параўнанні з вернасцю Радзіме не павінна мець літасці. У такіх
сітуацыях і выпадках стаўка на закаханасць, хай яна нават утрымлівае ў сабе
шэкспіраўскія жарсці, амаль заўсёды церпіць фіяска. Радзіма - вышэй за ўсё.
Любоў да яе - самае першае і высокае духоўнае пачуццё. Ці не пра гэта гаворыць
ускосна прысутны ў рамане і Францыск Скарына ў сваіх прадмовах да Бібліі: "Понеже
от рождения звери, ходящие в пустыни, знают ямы своя; пчелы и им подобная
боронять ульев своих, - тако ж и люди, игде зародились и ускормлены суть по
Бозе, к тому месту великую ласку имають".
А ў князя Міхайлы Глінскага без агаворак на шэкспіраўскую
любоўную жарсць была прамая, шкурная здрада Радзіме. Яму, бачыце, мроілася
роля-пасада вялікага князя ў ВКЛ, а то і болей - каралеўская карона у Рэчы
Паспалітай.
Вось жа з такіх княжычаў і князей і іх папаярэднікаў і
наступнікаў - большассьці ліцвінскай (беларускай) магнатэрыі і шляхты (буйнай
ды і дробнай) пачало прыходзіць у заняпад, у вымарачнае становішча Вялікае
Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Гэта з'ява-праява - тэндэнцыя ў ХХ ст. ахарактарызавалася
паэтычнай максімай, якая, на вялікі жаль, не пакінула нашу зямлю і сёння: "Яны
Радзіму збыць пасмелі, абы набыць сабе партфелі".
Страшнай трагедыяй абарочваецца каханне Зыха і Насты з
паселішчаў, што знаходзіліся па розныя бакі мяжы. Іх саміх і ўсіх жыхароў
лясной вёскі накрыла крывавая бойня, распачатая маскоўцамі і іх памагатымі з
ліцвінаў. А Зых і Наста - маладыя людзі аднаго племя, адной зямлі, але
маскоўская захопніцкая палітыка наканавала ім жыць у двух розных дзяржавах. Ды,
да ўсяго, яны і самі ў пэўнай ступені вінаватыя, што, як кажуць, не зусім
асцярожна абыйшліся са сваім гарачым каханнем. І тым не менш, крывавы чын, які
будзе працягнуты і ў будучыні, распачалі суседзі, з якімі гісторыя вымусіла
жыць нашаму народу.
Вось жа пасля перабегу княжыча Фёдара ў Масковію пачасціліся
ўварванні маскоўцаў на землі ВКЛ. Тых маскоўцаў добра і трапна ахарактарызаваў
народ Мсціслаўшчыны, пра што засведчана ў "Слоўніку беларускай мовы" Івана
Іванавіча Насовіча: "Не паі маскву, яна і так п'яная, не дуры маскву, яна і так
дурная".
Вядома, што ў Масковіі ўсе жыхары-насельнікі ад самага
высокага статуса баярына да апошнягя смерда былі халопамі цара. Вось яна -
пераемнасць пабудовы, структуры ўлады ад Залатой арды і імперыі Чынгіз-хана. У
ВКЛ жа магнатэрыя і шляхта (нават дробная) у пэўнай ступені, у адрозненне ад
смердаў, перад вялікім князем і каралём пачувала сябе больш-менш вальготна. Нават
прыгнечаны працоўны люд - сяляне і рамеснікі тут былі ў крыху лепшым
становішчы, чым той жа люд на Усходзе. Пра гэта мы даведваемся з вуснаў простых
людзей, што зафіксавана ў рамане: "У Вялікім княстве падаткамі народ стрыгуць
дагала, а ў Масковіі і ўвогуле скуру абдзіраюць". Вось жа ў такіх умовах жыве
мсціслаўскі падлетак Пятрок (будучы друкар Пётр Мсціславец), каб апынуўшыся
потым у Маскве, пераканацца ва ўсім гэтым.
Рэльефна выразна абмаляваны магнатэрыя ВКЛ і Кароны
(асабліва ў частках 13 і 14 рамана "Вабнае зіхаценне палацаў" і "Каралеўскія
забавы" і гаспадара Масковіі з яго рабскім атачэннем (самадурства, крывадушша,
жорсткасць, агрэсіўнасць, подласць, помслівасць, трусасць і інш.). Аўтар
пераканаўча раскрывае сакрэты, таямніцы і інтрыгі княства, каралеўскага і
царскага двароў-прыходаў гаспадароў жыцця.
У кантэксце гістарычнай праўды праглядаецца
нешчаслівы-неміласцівы лёс Беларусі-Літвы ў рэчышчы супрацьстаяння між сабой
Азіі і Еўропы. Наша зямля тады была ўсходнім фарпостам Еўропы. Мяжа між Еўропай
і Азіяй у тыя часы пралягала па левай даліне Дняпра бліжэй да Масковіі. І вось
нашы продкі былі, фігуральна кажучы, між молатам і кавалдай. Не часта ў часы
смяротнай небяспекі спяшаўся ім на дапамогу Захад. Наадварот, ён быў схільны да
аслаблення ВКЛ, каб пасля сдзейсніць у яго адрас-бок акт інкарпарацыі. І пра
гэта можна даведацца з рамана "Ідзі і кажы". Тут жа падаюцца густа і шчыльна напісаныя
(сэнсы і словы заўсёды ўпрытык падагнаны адзін да аднаго) батальныя сцэны
Аршанскай бітвы на Крапівінскім полі і на рацэ Крапіўна.
Ад першай і да апошняй старонкі тэкст рамана "Ідзі і кажы"
здольны трымаць чытача ў трывожным напружанні. Праўда, часам ён перарываецца
момантамі здаровай усмешкі і гумару. А ўсё гэта адбываецца коштам здзіўляючай
энцыклапедычнай эрудыцыі аўтара, глыбокага ведання чалавечай псіхалогіі,
вядома, у бліскучым, непаўторным стылістычным выкананні-афармленні. Яго пяру
падуладны і тонкія пейзажныя замалёўкі, і трывожна-містычны стан прыроды. Яны ў
яго на ўзроўні высокай паэзіі. Яго славесная находка часта ўтрымлівае
метафарычныя рухі, што надае тэксту дадатковую абаяльнасць. І ўсё гэта і
заўсёды апраўдана. І таму ствараецца ўражанне, што аўтар не стылізуе, а піша з
натуры.
Нельга не сказаць пра кампазіцыйную пабудову рамана, які складаецца
з 37 частак-раздзелаў. І што паказальна: кожны раздзел існуе нібыта асобна,
самастойна, аўтаномна, а між тым, яны звязаны між сабой і тэматычна, і ідэйна,
і сюжэтна, і стылістычна і разам складаюць адзінае цэласнае, цэлае, калі хочаце
- сімфанічны эпас. Гэта неразрыўнае пано, якое складаюць нібыта самастойныя
мазаікі. Як гамераўскія "Іліяда" і "Адысея".
Дарэчы, "Ідзі і кажы", як амаль і ўсе творы Э. Ялугіна, не
"падпарадкоўваюцца" тэхніцы хуткага чытання. Глыбока напісаны, раман гэты
патрабуе ўдумлівага, можа, нават і ўслых чытання, - чытання на ўзроўні
мастацкага выканання. Тым больш, што тэкст яго большым сваім аб'ёмам амаль
рытмізаваны.
Вось такая высокапрафесійная паэтыка твора нашага аўтара. Яна
вартая ўхвалення, вывучэння і наследавання, з гледзішча тонкай аўтарскай назіральнасці
і бліскучай яго стылістыкі.
Неабходна адзначыць, што "Ідзі і кажы" стваралася на працягу
20-ці гадоў, улічваючы, вядома, што аўтар карпатліва даследаваў розныя
летапісы, хронікі, акты, дакументы, паданні і інш.; вывучаў творы айчынных і
замежных гісторыкаў, мысліцелей і пісьменнікаў (больш за сотню адзінак); творча
кантактаваў з гісторыкамі-сучаснікамі М. Ермаловічам, М. Ткачовым, А. Трусавым,
К. Тарасавым, М. Чарняўскім, А. Белым, З. Сіцькам, А.Пухоўскім і інш. Неацэнную
дапамогу аказваў яму сваімі кансультацыямі наш славуты гісторык Мікалай
Мікалаевіч Улашчык. Таму раман, можна лічыць, у пэўнай ступені атрымаўся
дакуменціраваным творам. А адкрываецца том (рамана) прадмовай доктара
гістарычных навук, прафесара Анатоля Пятровіча Грыцкевіча "З гістарычнай
дакладнасцю і мастацкай выразнасцю", у якой прызнаецца бяспрэчная ўдача
пісьменніка і выказваецца спадзяванне на прыхільную сустрэчу чытачамі гэтага
твора. А напісаў тую прадмову выдатны наш гісторык незадоўга да сыходу ў іншы
свет - у нябесную Беларусь.
Вялікі Э. Кант калісьці прапаноўваў вырваць з рук моладзі
раманы і аповесці, якія не скіроўваюць яе да высокага жыцця. Вось жа і сёння
многія розныя элітныя жаночыя і мужчынскія прыгодніцка-бандыцкія творы не
здольны адграніваць душу чалавека на Дабро; наадварот, яны яе разбураюць. Дык
вось, безумоўна, гэта ні ў якой ступені не тычыцца твораў (асабліва -
гістарычных) Э. Ялугіна. Сёння яны патрэбны і неабходны чытачу, асабліва
беларускаму патрыёту. Яны, добра насычаныя бясспрэчнай інфармацыяй шырокага
дыяпазону, з'яўляюцца яшчэ, да ўсяго, удзячнай крыніцай для
навукоўцаў-даследчыкаў: гісторыкаў, этнографаў, мовазнаўцаў, рэлігіяведаў,
палітолагаў, палітыкаў, псіхолагаў, псіхіятраў, крыміналістаў, стылістаў і інш.
Як і ва ўсіх яго творах, у рамане "Ідзі і кажы" багата дэтальнага апісання
інтэр'ераў і экстэр'ераў палацаў і храмаў, зброі, палявання-забаў, цырымоній
магнатэрыі, царкоўных рытуальных прыналежнасцей, адзення, прычосак, рознага
начыння, пітва і страў (і натуральна, людзей вакол іх), жытла беднага люду і
многага іншага. І, заўважым, у кожнага персанажа - свой моўны аўтапартрэт і,
вядома, па абодва бакі мяжы. А ўдала аўтар усё гэта дэталізуе, бо добра яго
ведае, бо даследаваў, вывучаў. І таму старонкі твора гучаць пераканаўча. Дарэчы,
"Ідзі і кажы" можа быць вартым спадарожнікам падручнікам па гісторыі Беларусі.
Больш таго, ён сам у пэўнай ступені - універсальны мастацкі падручнік.
Няма сумневу, што раман "Ідзі і кажы" нароўні з іншымі
творамі Э. Ялугіна - важкі ўклад у скарбніцу прыгожага беларускага пісьменства,
уклад, які яе ўзбагачае.
А цяпер колькі слоў пра асобу аўтара і яго жыццёвы шлях.
Нарадзіўся Эрнест Васільевіч Ялугін у вёсцы (станцыі) Асінаўка Аршанскага
раёна; цяпер у складзе Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Што датычна
працоўнага паслужнога спісу ў розных установах, то тут карціна такая. Пасля
заканчэння сярэдняй школы (1954 г.) у горадзе Крычаве - радзіме бацькоў -
служачых, інтэлегентаў быў літсупрацоўнікам пры крычаўскай раённай газеце "Шлях
сацыялізма". З 1957 г. па 1960 г. працаваў у мсціслаўскай раённай газеце "Калгасная
праўда"; потым - у шматтыражцы "За коммунистический труд" (Салігорск). З 1961
г. - загадчык аддзела, адказны сакратар газеты "Знамя юности". У 1992 г.
завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ. З 1966 г. - раз'язны карэспадэнт
"Сельскай газеты", з 1969 г. - карэспадэнт газеты "Літаратура і мастацтва"; з
1976 г. - супрацоўнік часопіса "Нёман", з 1978 г. па 1984 г. - намеснік
галоўнага рэдактара гэтага ж выдання. З 1991 г. па 1997 г. - галоўны рэдактар
газеты "Наша слова". І дзе б ні працаваў Э. Ялугін, ён дзейсна прапагандаваў
любоў да беларушчыны. Цяпер на пенсіі. Жыве ў Мінску. Чалавек ён - сумленны,
справядлівы, добразычлівы, спагадлівы. Сёння цяжка хварэе. У дадатак да таго,
што пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы, на яго здароўі адбіўся незайздросны
лёс нашай Бацькаўшчыны ад мінуўшчыны і да сённяшніх дзён. Пажадаем шаноўнаму
Эрнесту Васільевічу хутчэйшага выздараўлення і новых здзяйсненняў на ніве
айчыннага прыгожага пісьменства.
І яшчэ. У вёсцы - чыгуначнай станцыі Асінаўка (цяпер гэта
амаль прыгарад горада Дуброўна) імем пісьменніка Э. Ялугіна названы цэнтральная
вуліца і завулак. А ўдастоіўся такога гонару Эрнест Васільевіч за годны ўклад у
беларускую літаратурную класіку і яе развіццё. Як бачым, у адрозненне ад
кіруючых сталічных колаў, у глыбінцы - на малой радзіме пісьменніка больш
разумеюць і цэняць стваральніка жывых літаратурных твораў.
|