Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ТВОРЫ arrow Пісьменнік і час arrow Глядзець вачыма будучыні

Глядзець вачыма будучыні Друк E-mail
22.04.2017 | 15:52 |
Зінаіда ГімпелевічШмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада Ватэрлоо Зінаідай Гімпелевіч.
Сёлета, карыстаючыся журналісцкімі напрацоўкамі дачкі, я хачу прадоўжыць дыялог з суайчынніцай, народжанай у Мінску, кваліфікаваным вучоным, рэпрэзентантам Беларусі ў англамоўным свеце.
Сяргей Панізьнік.

– Спадарыня Зіна, Вы даўно вядомыя на Беларусі як дасканалы і паспяховы навуковец. Дзякуючы Вам Беларусі паболела ў свеце. Але ж гмах узводзіцца з падмурка... Уяўляю напластаванні часу: Мінск, руская філалогія ў педагагіччным універсітэце. 1979 год-Вы ўжо ў Канадзе. Выжыванне, урастанне. Прыватныя ўрокі музыкі... А што ад айчыма, Вашага другога бацькі, беларускага кампазітара Дзмітрыя Камінскага, "гучыць" і па сёння? Музыкай свайго сэрца каго насычаеце ў сваім доме?

- Шчыры дзякуй за цёплыя словы наконт маёй сціплай працы, асабліва за пытаньне аб маім другім бацьку, Дзмітрыі Камінскім.

У Канадзе маюць добрае выслоўе: пеўнік заўсёды вернецца на свой першы шасток. Як у любога чалавека, мой насест-гэта сям"я, дзяцінства і юнацтва на радзіме. Свайго роднага бацьку - Якава Гімпелевіча я страціла рана ў дзяцінстве. Ен, хутаранін з Заходняй Беларусі, страціў здароўе на вайне і памёр, не дажыўшы 52-ух гадоў. Але памятаю бацьку добра. Яго працавітасць, дабрыню і пачуццё доўгу перад сям'ёй, таварышамі, светам навокал... У дзяцінстве я часта хварэла, а ён насіў мяне на руках і спяваў мне, малой, песні праз усе доўгія ночы хваробы. Дзяцей любіў больш за ўсё на свеце. Мае сябры заўсёды зайздросцілі мне, усе жадалі сабе такого бацьку, які займаўся намі з сястрой, ніколі не крычаў на нас, дапамагаў ва ўсім . Да яго беглі ўсе мае сябры з вуліцы, школы, а ён каму соплікі падатрэ, каму слёзы страсе, каго падкорміць, а каго на каленцы, ці на плячах павозіць. Мама была строгая, яна нас ніколі не песціла, але зараз я ёй вельмі ўдзячная за тое, што не стала "беларучкай", за яе шчырасць, за тое, што яна - мая мама. Памерла яна ўжо ў Канадзе, добра прыглядала за хворым мужам, маім отчымам, мужна пераносіла сваю хваробу-рак, ды і памерла дастойна. Я памятаю гэта добра, таму што адыйшла яна на маіх руках, як яна хацела, дачакаўшыся, пакуль прыеду з Еўропы, дзе працавала ў архівах. Я ёй адтуль тэлефанавала кожны дзень у шпіталь, а яна мне толькі за 48 гадзін да смерці сказала: "Зараз можаш вяртацца, мой час падыходзіць." А да таго сваім настаўніцкім голасам гаварыла: "Паехала працаваць, дык працуй; у мяне ўсё пад кантролем". Вось такі быў моцны чалавек. А Камінскі прыйшоў у сям'ю, калі мне было адзінаццаць гадоў. Ён аказаў на маё выхаванне вялікі ўплыў. У тым сэнсе, што гэты натуральны дэмакрат (нягледзячы на расейскае дваранства; а бацьку яго ахрысціў сам П. І. Чайкоўскі) і паводле даўніх традыцый фундаментальна адукаваны інтэлігент быў лепшым прыкладам дзеля тыповай савецкай піянеркі са звычкамі нясчаснага Паўліка Маразова, якой я была ў той час. Ён прыехаў у Мінск пасля вайны, выкладаў у музычнам вучылішчы, кансэрваторыі, пісаў цудоўную музыку. Любіў беларускі фальклор, заўсёды выкарыстоўваў яго ў сваіх творах. Паважаў жыццё, людзей, ён так і не прымірыўся з Саветамі, але быў вельмі адзінокі чалавек: сваімі думкамі і пачуццямі дзяліўся рэдка. Мне вельмі пашанцавала, што ён паверыў у мяне і выхоўваў у духу любові да волі. Ён, фактычна, і настойваў на маёй эміграцыі, дзякуючы яму я і лічу зараз Канаду сваёй краінай, як і яго, сваім бацькам. У Канадзе Бог даў магчымасць вывучыць беларускую мову. Ведаеце, у той час на Беларусі ўжо панавалі прыкрыя адносіны да беларускай мовы, але ў Канадзе, дзякуючы беларусам, якіх тут сустрэла, асабліва сям'і Сурвіллаў, перагледзела сваё стаўленне. Тут трэба зазначыць: я ніколі не кіну каменя ў бок вялікай рускай культуры. Але я думаю, што гэта нядобра падмяняць адну культуру другой і не столькі не даваць, колькі стрымліваць ахвоту на пазнанне роднай мовы на роднай зямлі. Іншымі словамі, усімі сродкамі стрымліваць сваё, Богам дадзеннае і адводзіць гэты дар на перыфэрыйны шлях. Такім чынам, пазнаўшы мову, я моцна пабагацела на мацярык бацькоўскай культуры, беларускай, а па маме-з ідыш- ужо засталася бедная на ўсё жыццё.

У кожнай культуры ёсць сваё месца, свой баланс і парушаць гэты баланс не трэба - гэта вялікі грэх, які вядзе да канфліктаў, у якіх няма і быць не можа пераможцаў. Прыклад таго-наша трасянка, ці суржак на Украіне. Але я адыходжу ад пытання. Мой айчым, мой другі бацька, беларускі кампазітар Дзмітры Камінскі, адкрыў для мяне пазнанне найбольш класічнай музыкі, але дзверы заўсёды былі шырока адчынены фальклору, джазу і іншым жанрам. Калі раблю хатнюю працу, дык стаўлю чатыры дыскі: класіку, народную, джаз, шансон і мяняю разы два на тыдзень. Трэба сказаць, што у сваім гусце і адносінах да музыкі я больш не расту. Джаз люблю ў апрацоўках 1920-ых-1980-ых. А фальклор, які трымае за сэрца-беларускі і на ідыш (мелодыі толькі, слоў, на жаль, не разумею). Як і другі бацька, Камінскі, я спынілася на музыцы Стравінскага і Пракоф"ева. Больш усяго люблю класіку ў выкананні Рыхтара. Дасёлета, пакуль у Пяцербургу не пачула Наталлю Троль, думала, нібыта старэнькая, што ў новай генерацыі няма вялікіх высот. Але вось памылілася, ёсць і будуць!

-Як Вас сёння можна прадставіць чытачам ? Вы - прафесар кафедры славянскіх і германскіх даследаванняў універсітэта Ватэрлоо (штат Антарыё), доктар навук, прэзідэнт Канадскай асацыяцыі славістаў, сябар Канадскай асацыяцыі беларусістаў, з 2002 года ўзначальваеце канадскае аддзяленне Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва (БІНіМ). З 2005 года -у выканаўчай радзе Паўночна- амерыканскай асацыяцыі беларусістаў. Пералік, разумею, няпоўны...

-Ведаеце, гэтыя пасады, якія вы пералічылі, прыходзяць самі. Як і ўсе іншыя, хто цяжка працуе. Я не трачу час на пошукі славы ці пасад. Тыя, хто шукаюць гонара для сабе ў нашай справе (мы ж не працуем у Галівудзе), больш паходзяць на тую бадлівую кароўку без рагоў.

У Канадзе людзі жывуць па правілах, яны простыя і для большай часткі насельніцтва прымальныя. Ва ўніверсітэце працую па правілах, якія атрымала, калі прайшла конкурс на пасаду тады малодшага прафесара: 40% займае выкладчыцкая праца, 40% -навуковая і 20%-адміністратыўная. Вельмі люблю вучыць, і на працягу двух вучэбных сяместраў - у нас гэта восень-зіма і зіма-вясна- большую частку часу выкладаю, ці рыхтуюся да заняткаў, ці правяраю працы студэнтаў. Навуковую працу раблю па вечарах і ў выхадныя. Трэці сяместр, летам, займаюся навукай і магу больш часу аддаваць аспірантам. Летась мне далі вышэйшае ў нас званне - поўны прафесар. У камітэце па прысваенню было 12 чалавек з Канады, Злучаных Штатаў і Англіі. Выбіраў гэты камітэт наш дэкан, сенат і іншыя сябры адміністрацыі. Хто яны-не ведаю і ніхто мне ніколі не скажа таго, што я не павінна ведаць. Мая справа была падрыхтаваць дакументы. Але атрымала званне лёгка. Ну, адміністрацыя задаволена таму, што значнасць універсітэта падвышаецца ад колькасці поўных прафэсараў. Кожны год, як і ўсім прафесарам, мне даюць адзнаку студэнты, загадчык кафедры, дэкан, прарэктар і рэктар. У мяне заўсёды добрыя адзнакі. Ад гэтай адзнакі залежыць павышэнне зарплаты. Усе астатнія пасады, як і прэзідэнтства маё - праца дабрачынная. Універсітэту прыемна, напрыклад, што я прэзідэнт асацыяцыі славістаў, але грошы на зборкі, на якія выклікае прэзідэнт федэрацыі гуманістыкі і сацыяльных навук Канады, яны не даюць-трэба браць ці з навуковага гранту, ці са сваёй кішэні.

Але гэта не страшна, таму што зарплата дастойная-хапае і на жыццё, і на дабрадзейныя справы, і на адпачынак, які па закону павінна браць месяц, але за ўсё жыццё не магла ўзяць больш, чым тыдзень-два таму, што не паспяваю з працай. А калі не бярэш поўны месяц, гэты час прападае, не накапліваецца, грошы не дадаюць. Ну і добра тое, што ёсць. Каб суміраваць, дык усё проста: муж таксама навуковец і хоць працуем у розных галінах,у яго ўсё тое самае: адпачынак караценькі. Але калі справы патрабуюць, дык робім, стараемся працаваць добра, як і ўсе.

-Івонка Сурвілла згадвала, што ў 1989 годзе разам з Вамі стварала Канадскі Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Назвала Вас пажыццёвым сябрам Фонду, бо Ваш фінансавы і арганізацыйны ўнёсак ў агульную справу вельмі значны. Была радасць ад падужэлых дзетак... А Беларусь чым Вам аддзячыла за дабрачынннасць?

-У гэтым сэнсе ні Івонка ні я не шукалі падзякі. Вырасце здаровенькая беларуска, ці беларус, пазнаюць свабоду і дабрыню людзей у свеце -гэта такая падзяка, якой цаны няма! А нам пашанцавала трошкі ім дапамагчы, вось і ўсё. Украінцы, трэццяя па колькасьці нацыя ў Канадзе, не змаглі, на жаль, нічога зрабіць... А мы, маленькая купка ахвотнікаў, па пальцах пералічыць, зрабілі. З дабраславення архіепіскапа Мікалая (грошаў, праўда, не даў), але гэта было няважна. Грошы сабралі сярод нашых новых суайчыннікаў-канадыйцаў, калі зразумелі, ў якую бяду трапілала наша Беларусь... Беларусь. Афіцыйная Беларусь ад мяне далёка. Але кожны з нас носіць у сэрцы сваю Беларусь. Магчыма назваць гэта сумленнем, не ведаю, але ў кожнага сваё паняцце. Нехта не атрымаў яго ад прыроды, нехта атрымаў, але страціў. Кожны вырашае сам. Для мяне прыкладам ужо амаль трыццаць гадоў з'яўляецца Івонка Сурвілла. Гэты чалавек-цуд! Яе Беларусь- невымерная. Наш Фонд-гэта яе твар, яе існасць, яе кроў, яе вера. Я толькі дапамагала. Пасля працы (яна была дырэктарам дзяржаўнага перакладчыцкага дэпартаменту: вельмі адказная праца, а я выкладала рускую мову ў Атаўскам універсітэце і Міністэрстве замежных спраў), мы збіраліся вечарамі, начамі і працавалі на Фонд. У 1990-ым я паехала з Атавы працаваць у Ватерлоо і ўся адказнасць засталася на ёй. Праўда, тады у нас была Управа, але... Амаль кожны дзень абмяркоўвалі ўсё па тэлефоне.

Падзяка. Гэта я без меры удзячная канадыйцам за тое, як яны (таксама на свае грошы, за кошт свайго прыватнага часу, бо наш Фонд не меў і не мог мець дзяржаўную падтрымку паводле яго характару), зрабіліся роднымі нашым беларускім дзеткам. Яны куплялі ім білеты у Канаду, займаліся іх здароўем, кармілі, апраналі, вазілі на адпачынак, лячылі ім зубкі (зноў жа за кошт сваёй кішэні). Усяго не пералічыць. За прамінулыя гады ніводнага разу не сустрэла праўдзіва багатых людзей. Рабілі ўсё простыя людзі, працаўнікі, якіх называюць сярэднім класам.

Вось яшчэ прыклад беларускага супрацоўніцтва за мяжой, можа чытачам будзе цікава ведаць. Кожны год Канадыйская Фэдэрацыя гуманітарных і сацыяльных навук збірае кангрэс асацыяцый навукоўцаў. У Фэдэрацыю уваходзяць амаль 90 асацыяцый розных галін: эканамісты, матэматыкі, журналісты, славісты і іншыя. Усяго бывае восем-дзесяць тысячаў дэлегатаў. Кожная асацыяцыя мае тры дні для навуковай канферэнцыі ў прамежку 8-мі дзён кангрэсу.

Калі планаваўся кангрэс гэтага году, то яшчэ летась я падала заяўку на выставу мастакоў славянскага паходжання. Працы было шмат, але ўсё прайшло цудоўна. Пяцёра беларускіх мастакоў (з 25-ці) прынялі ўдзел. Але хацелася зрабіць нешта сваё. Пазваніла ў Таронта Віялеце Кавалёвай, кіраўніцы самадзейнай фальклорнай групы "Яваровы людзі", і Валянціне Шаўчэнка, спявачцы групы (у нас у Таронта - цудоўная суполка актыўных беларусаў і грамадска-рэлігійны цэнтр). Спыталася, ці могуць падрыхтаваць канцэртную праграму?

Звязаліся таксама з дуэтам беларусаў, якія выконваюць класічную праграму. Атрымала зал тэатра на 440 глядачоў. Гэты канцэрт зрабіў у Атаве шмат для сцвярджэння беларускага духу ў Канадзе. Два месяца таму прыйшоў ліст ад канадыйкі украінскага паходжання: яна таксама была захоплена канцэртам і хацела б зрабіць у наступным годзе такі ж з украінскай тэматыкай. Пыталася, а колькі сродкаў я, як прэзідэнт канадыйскай асацыяцыі славістаў, магу ёй даць на арганізацыю. Я адказала, што вельмі ёй удзячная за ініцыятыву, а сродкі магу даць тыя ж, як сама атрымала-зеро, нуль. Нашыя людзі самі шылі касцюмы, нехта з тых, хто не спяваўў і не таньчыў - рабіў рэквізіт, ці вёз людзей уАтаву і назад; дзяўчынка-мастачка склала праграму, я надрукавала і прывезла з часткай рэквізіту. Больш я ад той жанчыны-канадыйкі званкоў не чула. Вось так.

-Чытаю справаздачу дачкі аб 26-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. Вы выступалі з дакладам: " Васіль Быкаў: памяць майго сэрца". А праз год выйшла напісаная Вамі першая англамоўная манаграфія пра ўлюбёнага пісьменніка: "Васіль Быкаў: Яго жыццё і творы". Сярод водгукаў на Вашу працу ўразілі словы Арнольда МакМіліна пра тое, што Вы зірнулі на Быкава вачыма будучыні. У чым жа арыгінальнасць Вашага даследавання? І якія адкрыцці для сябе зробіць праз "Вашага" Быкава англамоўны чытач?

-Пачну з таго, што Васіль Быкаў, пераказваючы рускую фразу "Пушкін-гэта наша ўсё!", разам з Багдановічам, Коласам, Купалам, Караткевічам, Барадуліным (прабачце за няпоўны перелік)-"гэта наша ўсё!" Я думаю, што мяне жыццё песціць на сустрэчы з унікальнымі людзьмі (кожны чалавек-унікальны, тут няма спрэчак), але я маю на ўвазе такіх, як Івонка Сурвілла, Васіль Быкаў, лёс якіх больш даваць людзям, чым браць. Вы разумееце, канешне. Я гавару аб тым, што кожны чалавек-кніга, якую ён піша сам, але не кожны заслугоўвае, каб аб ім пісалі кнігу. У гэтым сэнсе Васіль Быкаў, як і пералічаныя і непералічаныя беларускія аўтары, стаіць асобна ў маім успрыняцці свету. Ён - цуд чалавечага сумлення, кожная рыса якога вельмі зразумелая людзям свету. Спадзяюся, што мне трошкі ўдалося данесці галоўныя рысы характару яго "кнігі" англамоўнаму чытачу. Водгукі добрыя. Зараз па заказу маскоўскага выдавецтва перекладаю, ці лепей сказаць, перапісваю на рускую мову творы Быкава. Ідзе добра, але не хапае часу. Магу не скончыць да восені, а потым зноў не буду мець часу-трэба вучыць.

-Вы як сябар Паўночна-Амерыканскага беларусазнаўчага таварыства калісьці выступілі ў Таронта на з"ездзе Амерыканскага славянаведнага таварыства з дакладам пра псалмы Рыгора Барадуліна, пакладзеныя на музыку бардам Алесем Камоцкім. Гэта зноў жа водгулле музыкі Вашага дома? Здзіўляюць "параметры" Вашых зацікаўленняў. А якую музыку Вы спасціглі ў творах даследаванага Вамі Уладзіміра Караткевіча? Як выявілася, ён з"яўляецца аўтарам раманса, прысвечанага сваёй маскоўскай каханцы...

-Ну, гэта праўда: мяне шмат што цікавіць, асабліва калі важная тэма. Узаемны уплыў музыкі і лірыкі цудоўна распрацаваў Арнольд МакМілін у сваіх артыкулах. Асабліва ён займаўся Караткевічам і Барадуліным. Я згодна з кожным тэзісам яго даследавання.

-Вы служыце дыфузіі культур. Пімен Панчанка пісаў пра донарства беларускай нацыі і адзначаў, што "мы-народам усім сваякі". Як выяўляецца гэтае глыбіннае сваяцтва ў Вашай кнізе "Беларуска-яўрэйскія пісьменнікі дваццатага стагоддзя"?

-У макра-сэнсе я мяркую, што культура ў чалавецтва адна, і складаецца з планетаў кожнага чалавека і кожнай новай генерацыі ўсіх нацый і народаў. А ў гэтым сэнсе не маем вялікіх ці малых культур. У мікра- сэнсе: у кожнай нацыі ёсць больш значнае, ці меньш значнае месца на працягу гісторыі і гэтая пазіцыя мяняецца ўвесь час. Хто мог думаць, што галасамі маленькага ангельскага племені будзе карыстацца ў 20-тым стагоддзі амаль уся планета, а вялікая латынь стане мовай навукоўцаў?

Калі я задумала гэтую працу, канадыйскі рускамоўны пісьменнік беларускага паходжання накрычаў на мяне: "Якога д'ябла ты нас падзяляешь? Мы--беларусы розных канфесіяў. Хутка пачнеш нас дзяліць нанова?!" А я сабе падумала: "Вось які Юрка Пялюшонак, цудоўна-упарты беларус!" Але я таксама ўпартая і больш за ўсё мяне цікавяць факты, і чаму гэтыя факты выклікаюць тыя, ці іншыя пачуцці. Вось я і сабрала голыя факты-сведчанні аб Беларуска-яўрэйскіх пісьменніках дваццатага стагоддзя, напісала ўступ-эссэ да слоўнікавых звестак. Гэтыя факты сведчаць аб вялікай, амаль безпрэцэндэнтнай павазе і шчырай любові беларусаў розных канфесій да жыцця, да чалавека, адзін да аднаго. Праца гэта-двухмоўная, па-ангельску і па-беларуску. Гэта, спадзяюся, дапаможа зліцца макра- і мікра- сэнсам нашага светаадчування. А галоўная мэта-паказаць суайчыннікам і чужынцам, якім вялікім у даўнасці быў беларускі дух, як выстойваў ён супраць расізму і антысемітызму ў тыя часы, калі іншыя, якія лічылі сябе мацнейшымі, не вытрымлівалі. Вытрымалі мы? Не ведаю, будучыня пакажа. Караткевіч казаў, што нават адзін многае можа, калі будзе ісці да канца. А мы - не адны. І Панчанка мае поўную рацыю. Гэтая праца пісалася, каб беларусы помнілі, а чужынцы пазналі, якія мы былі. Толькі тыя народы, якія маюць мінулае, могуць спадзявацца на будычыню.

-На Дзісеншчыне (маёй - і не толькі) нарадзіўся Элізар Бэн Іегуда (1857-1922), які ўзнавіў іўрыт. У беларускай прэсе з пашанай пісалі пра паважанага земляка. Мы выяўляем яўрэйска-беларускае сваяцтва розным чынам. Вось газетныя загалоўкі: "Талачынскі "адрас" гімна ЗША" (гэта пра кампазітара Ірвіна Берліна); "Мінчанін" Харысан Форд прызнаны самым дарагім акторам у свеце" (знайшлі ж, што дзед і бабка папулярнага кінаактора калісьці нарадзіліся ў Мінску). Але пра больш сурёзнае. Кастусь Ладуцька ў майскім нумары часопіса "Маладосць" напісаў артыкул "Тры браты Чарныя з Дукоры". Размова ідзе пра Шмуэля, Баруха, Даніэля, кожны з якіх меў літаратурныя здольнасці. Кастусь Ладуцька згадвае нарыс Д. Чарнага "Дукор", напісаны ў Таронта ў 1951 годзе: "Вось бы перакласці !" Памёр Д. Чарны ў 1959 годзе. Рукапісы ў Новым Свеце не гараць?

-Вы самі цудоўна адказалі на сваё пытаньне. Так, мы шчаслівыя - маем шмат сваякоў. Мая сціплая праца таксама, як і Кастуся Ладуцькі, імкнецца напомніць сваякам, што мы - сваякі.

А кожная кніжка піша сябе сама, нягледзячы на вялікія пакуты і радасці аўтара: вы як паэт гэта добра ведаеце. І ведаеце, что лёс у кніжкі, як і ў чалавека: у каго лягчэйшы, у каго цяжэйшы. Знайсьці добрага перакладчыка, ці выдавецтва цяжка і ў Новым Свеце. Напрыклад, я знайшла перакладчыка на кнігу Быкава, каб самой займацца іншай справай, Прачытала працу перакладчыка-першую главу, заплаціла і пачала перакладаць сама. Згаданую кніжку "Беларуска-яўрэйскія пісьменнікі дваццатага стагоддзя" друкуе новае выдавецтва- Цэнтар Беларускіх Дасьледаваньняў, што ў Канзасе (прэзідэнт - Марыя Паўліна Сурвілла, цудоўны музыказнаўца, знаны беларусіст). Гэта першая кніга выдавецтва, таму з ёй шмат працы, і ў мяне таксама: трэба быць і карэктарам, і рэдактарам, а сваіх памылак не бачыш. Але ўсё добра пайшло і хутка кніга з'явіцца ў Канзасе.

-Прафесар Адам Мальдзіс выявіў імёны ці не шасці лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, выхадцаў з Беларусі. Вылучаліся на прысуджэнне гэтай узнагароды і Васіль Быкаў, і Рыгор Барадулін. Закранула выказванне філосафа В. Акудовіча: "Пакуль беларуская літаратура шырока не загучыць на самых розных мовах, ...датуль мы не будзем мець свайго Нобеля". З гэтай нагоды якія рэцэпты ёсць у Вас, доктар навук Зіна Гімпелевіч?

-Дарагі мой спадар Сяргей (калі дазволіце). Рэцэптаў не маю, гадаць не гадаю. Тое, што не далі Быкаву і Барадуліну-вельмі баліць. Думаю, што Акудовіч мае рацыю, але гэта толькі адна праблема, праўда - вялікая. Большая частка перакладаў Быкава на ангельскую такая дрэнная, што лепей бы іх не было. Лірыку Барадуліна перакласьці на ангельскую амаль немагчыма. Але я ўпэўнена, што зараз, калі Быкаў быў бы жывы, ён бы прэмію атрымаў. З'яўляюцца новыя пераклады-хутка будзе двухмоўнае: беларуска-ангельскае "Мертвым не баліць "(таксама у Канзасе), чытаюць і маю кнігу пра Быкава.

- Пяць гадоў таму ў Таронта Вы агучылі такое пытанне:"Што я магу зрабіць для захавання мовы, культуры і гістарычнай спадчыны Беларусі?" Услед за Вамі гэтае ж пытанне я задаю і самому сабе і жыццёвымі здзяйсненнямі буду на яго адказваць. І хай далучаюцца да іспыта на самабытнасць нашы суайчыннікі за мяжой, усе грамадзянне Рэспублікі Беларусь. І некалькі слоў -для натхнення-пра Вашыя поспехі ў пастаўленым пытанні-закліку.

-Людзі зараз больш разумеюць Беларусь таму, что да "старой гвардыі"- Вітаўта Кіпеля, Янкі Запрудніка, Арнольда МакМіліна,Томаса Бэрда і іншых далучаюцца цудоўные даследчыкі ў розных галінах. Так, ужо амаль двадцаць гадоў маем новага сябра ў Канадзе, гісторыка і сацыёлага - Дэвіда Марплса, якога мы ўкахалі ў Беларусь; Курт Вулхайзэр з Гарварду, вядомы лінгвіст, Паўліна Сурвілла, тонкі музыказнавец. Гэта людзі моцнай акадэмічнай жылкі з роднай ангельскай мовай. Калегі ім вераць, не акадэмікі--- таксама. Але хацелася б, каб даследчыкаў было больш... Галоўнае - не крывіць душой і нават калі мы не згодныя адзін з адным - старацца працаваць разам.

-Дзякую, спадарыня Зіна, за Вашыя карысныя разважанні на юбілейных агледзінах. Налета - 5-ы кангрэс беларусістаў. Будуць неспадзяванкі ў Вашым інтэлектуальным багажы?

-Так, я атрымала запрашэнне і, вядома, не прапушчу такі важны форум.

2009
-------------------------------------------------
Да азначэнняў навуковай, прафесійнай дзейнасці спадарыні Зінаіды Гімпелевіч некалькі ўдакладненняў: яна - намеснік старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сустаршыня Канадыйскай асацыяцыі славістаў, старшыня Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Канадзе, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
2017
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 700
mod_vvisit_counter Учора 3121
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 3821
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 33995