Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Гістарычны матыў arrow Анатоль Астапенка БЕЛАРУСЫ: АД ЭТНАСУ ДА НАЦЫІ

Анатоль Астапенка БЕЛАРУСЫ: АД ЭТНАСУ ДА НАЦЫІ Друк E-mail
18.03.2017 | 18:38 |

БЕЛАРУСЫ: АД ЭТНАСУ ДА НАЦЫІ

Частка І. Падставы гісторыяграфіі

Беларуская нацыя складвалася не адно стагоддзе, і працэс яе фармавання не завершыўся да гэтай пары. Могуць запытацца, на якой падставе я лічу, што працэс утварэння нашай нацыі яшчэ не скончыўся. Гэта вынікае з усім ведамых і даўно набалелых праблем. Найперш даецца ў знакі занядбаны стан беларускай мовы і культуры. Але найбольшы сум выклікае неразуменне патрэбнасці беларускага нацыянальнага мыслення на дзяржаўным роўні. Што вядзе да ліквідацыі беларускамоўных школ, дзіцячых садкоў, наагул беларускамоўнай адукацыі.

Як і кожная нацыя, беларуская нацыя ёсць вынікам эвалюцыйнага – пераходу беларускага этнасу ў якасна новы стан – нацыю. Таму рэтраспектыўна шлях фармавання нашай нацыі можна падаць як наступныя фазы:

1.      Утварэнне этнасу. Час: каля 1000 год таму (пачатак).

2.      Развіццё і завяршэнне фармавання этнасу ў ХVXVI стагоддзях з адметнымі беларускімі рысамі.

3.      Пачатак утварэння нацыі (сярэдзіна – канец ХІХ ст.).

4.      Фармаванне нацыі (ХХ – пачатак ХХІ ст.).

5.      Завяршэнне фармавання беларускай нацыі і паўнавартае існаванне беларусаў, як нацыі (мажліва першая палова ХХІ ст.).

Перш чым брацца за высвятлення ўсялякіх акалічнасцяў, звязаных з беларускай нацыяй і з беларускім нацыяналізмам – трэба ад самага пачатку высветліць крэда, правілы аўтаравай гульні ў гэтым пытанні, бо, прынамсі, ёсць розныя прэцэдэнты.

Можна дзеіць і ў святле савецкае гістарыяграфіі, адлічваць пачатак беларусаў як нацыі ад Кастрычніцкай рэвалюцыі і пад тое выказаць глыбокую падзяку “старэйшаму брату”, маўляў, ён выцягнуў нас з цемры.

А можна лічыць днём незалежнасці Беларусі, і тым самым пачатак нашай гісторыі, 1944 год, год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Тут і мадэрн і нават суперпостмадэрн.

А можна ўзяць за аснову мадэль найбольш ведамую і бяскрыўдную: беларусы – гэта адна з трох галін старажытнага усходнеславянскага племені, цэнтрам, якога была Кіеўская Русь.

З апошнім можна было б пагадзіцца, але такой мадэлі не досыць. Бо ўвесь астатні наступны пасля Кіева перыяд, што доўжыўся аж да акупацыі Рэчы Паспалітай Расіяй, (блізу XVIIIXIX стагоддзяў!) паўночна-ўсходнія славяне, якія ўтварылі Масковію, а потым і Расійскую імперыю і заходнія славяне, што аб’ядналіся ў Вялікае княства Літоўскае, жылі сваім незалежным жыццём. І менавіта на гэты перыяд прыходзіцца падаўляючая частка нашай гісторыі, гэта час фармавання этнасу, розных там працэсаў асіміляцыі, змяшэння крывей, у канцы канцоў фармаванне нацыянальнага характару, ментальнасці і як вынік – нацыі.

Цяпер вернемся да сфармулявання асноватворчых прынцыпаў, на якіх будуць грунтавацца наша пагляды на беларускую гісторыю.

Прынцып першы. Ён датычыць гэтак званай праблемы “славянскага брацтва”. Рызыкну сцвярджаць, што няма ніякага славянскага брацтва, як і няма адзінага славянскага племя. Ёсць група моў, якія паядноўваюцца ў групу славянскіх моў. Таксама, як існуе, прыкладам, група раманскіх моў, носьбіты якой народы розных краін – Італіі, Францыі, Румыніі і г. д., але ж ніхто не дадумаўся казаць пра нейкае “брацтва” гэтых краін і спекуляваць, такім спосабам, на мажлівых палітычных праектах агульных для гэтых краін.

Аналіз гістарычнага лёсу паказвае на блізкасць беларускага этнасу да наступных этнасаў: літоўскага (балцкага) і ўкраінскага. Менавіта наша супольнае паходжанне і узаемныя ўплывы – найбольш відавочныя. Што тычыцца ўкраінцаў, то на маю думку, працяглы час мы былі, фактычна, адным народам – прынамсі ў часы ВКЛ. У нас адныя і тыя ж нацыянальныя героі, старабеларуская (на Ўкраіне лічаць, што яна – стараўкраінская) мова, адны песні, казкі, паданні. Падзел этнасу пачаўся не так і даўно – недзе ўжо з часоў Рэчы Паспалітай. Украінцы лічаць, што Статут ВКЛ, напісаны “ўкраіньскою мовою”. Мы лічым – “беларускай”. Гэта значыць, што мова тады ў нас была адна (зразумела – розніца ў гутарцы насельніцтва ў розных мясцінах заўсёды ёсць, але, як цяпер прынята гаварыць, – на дыялектным узроўні). Але пазней сфармаваліся дзве розныя мовы і дзве нацыі – беларуская і ўкраінская.

Зусім іншая рэч – рускі этнас. Па-першае, не праглядваецца буйнога цэнтру, накшталт Полацка ці Кіева, вакол якога гуртавалася б будучая руская нацыя. Прынамсі ў часы Кіеўскай Русі. Суздаль? Ноўгарад? Цьвер? Трохі пазней (на 2–3 стагоддзі) такім цэнтрам стала Масква. Але гэта ўжо пазней. І не “трохі”, а значна пазней – калі палітычная мапа як Еўропы, так і Азіі істотна змяніла свае абрысы. І, пачынаючы з ХVXVI стагоддзяў, Маскоўскае царства пачынае прэтэндаваць на ролю галоўнай славянскай усходняй дзяржавы і нават атрымоўвае саманазву Трэці Рым). І потым доўгі час (да канца XVIII cт.) дзве буйныя славянскія дзяржавы – ВКЛ і Масковія – спадкаемцы Кіеўскай Русі, будуць аспрэчваць сваё лідэрства ўва ўсіх галінах, пакуль ВКЛ не атрымае паразы ў выніку трох раздзелаў Рэчы Паспалітай.

Прынцып другі. Беларусь – сэрца Еўропы. Беларуская культура гэта не нейкая там, пераходная, памежная культура паміж Еўропай і Азіяй, паміж Польшчай і Расіяй – а цалкам самастойная культура, якая наадварот – зрабіла і робіць уплыў на заходнія рэгіёны і ўсходнія, на поўдзень і на поўнач. Правамоцнасць такой думкі пацвярджае дзейнасць тысяч этнічных беларусаў, якія ўвайшлі ў гісторыю іншых краін, сталі нацыянальнымі зоркамі Польшчы, Літвы, Францыі, Амерыкі і іншых. Прыкладам, наш суайчыннік Адам Міцкевіч, стаў класікам польскай літаратуры, Фёдар Дастаеўскі – геній рускай літаратуры, Гіём Апалінэр – французскі паэт, а Ігнат Дамейка – нацыянальны герой Чылі. Цікава, што ў творчасці кожнага з гэтых людзей можна адчуць, убачыць Беларусь.

Беларусы – арыйскі народ. З усіх славянскіх народаў (па іншай версіі і балцкіх) яны найбольш захавалі чыстату сваёй нацыі, што пацвярджаецца мовай, якая максімальна захавала старажытныя рысы і, як даводзіць С. Суднік, блізкая да санскрыту, яны ганарацца сваімі аўтэнтычнымі спевамі і танцамі, высокім інтэлектам і працаздольнасцю.

Беларусы захавалі найстаражытнейшыя рысы і ўнікальны генатып. І тут нечакана вымалёўваецца новы найвышэйшы сэнс звязаны толькі з беларусамі. Маю на ўвазе тое, што, мы маем нацыянальны сцяг у выглядзе трох палос – белай, чырвонай і зноў белай. І менавіта такія колеры аздабляюць вопратку найвышэйшых царкоўных чыноў, біскапаў, у беларускай праваслаўнай Царкве. А калі ўлічыць, што ў першыя стагоддзі пасля прыняцця хрысціянства існавала сімфонія дзяржавы і Царквы, г. зн., што яны існавалі як адзіны арганізм, то гэтая бел-чырвона-белая гама з царкоўнага жыцця накладваецца на ўсё культурнае і грамадскае жыццё старажытнай Беларусі. І няма больш такой краіны, як праваслаўнай, так і каталіцкай, дзе б царкоўныя і дзяржаўныя сімвалы супадалі! Толькі Беларусь мае такую унікальную гаму! Бел-чырвона-белы сцяг адзін найунікальнейшых, найхарашэйшых і накаваных Госпадам сімвалаў.

І ўспомнім яшчэ Хрыстову кроў на плашчаніцы. Тыя самыя колеры – белы, чырвоны і белы…

І галоўнае: наш бел-чырвона-белы сцяг сімвалізуе збаўчую ахвяру Хрыста, укрыжаванага на Галгофе, гэта ягоная кроў на чыстым, беззаганным Божым стварэнні Шостага дня – чалавека, створанага на вобраз і падобнасць.

Гэтыя паралелі не могуць быць выпадковымі, Беларусь мусіць быць абраніцай Божай. Беларусь не толькі геаграфічны цэнтр Еўропы, Беларусь – цэнтр хрысціянства. Як тут не ўспомніць праекты манаха Іаана (у свецкасці – Алега Бембеля) аб аб’яднанай хрысціянскай дзяржаве з цэнтрам у Беларусі.

Вось такая атрымалася нацыянальная гісторыя беларусаў з самых вытокаў, з пачатку новай гісторыі чалавецтва, што пачала свой адлік пасля з’яўлення месіі – Збавіцеля чалавецтва Іісуса Хрыста. Канешне, сапраўднае навуковае абгрунтаванне прапануемай гіпотэзы тут адсутнічае, але ўсё наперадзе. На першым этапе станаўлення любой канцэпцыі вызначальную ролю грае вера. Бе   

Прынцып трэці. Гісторыя Беларусі павінна быць нацыянальнай. Гэта гісторыя беларускага этнасу, беларускага народу, беларускай расы і, нарэшце, беларускай нацыі. Беларусь мае бязмала тысячагадовую гісторыю. Бо пачатак яе – абвяшчэнне незалежнасці Полацка і Турава ў Х–ХІ стст. І гэта вялікі гонар – ведаць, што ты належыш да народа, які сваю дзяржаўную незалежнасць датуе тысячагоддзем. Мы былі тады, калі Масквы яшчэ не было...

ВКЛ – была дзяржавай з выразным беларускім характарам, беларускай культурай і дзяржаўнай беларускай мовай.

Гэта была БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА. ВКЛ існавала больш за 5 стагоддзяў (ад заснавання Наваградской дзяржавы каля 1240 г. – да падзелу Рэчы Паспалітай у канцы ХVIII cт.) і была адной з наймагутнейшых еўрапейскіх дзяржаў. Яе межы ў пэўныя часы дасягалі вялізнай прасторы – ад Балтыйскага да Чорнага мора. Беларусы засялялі тэрыторую сучаснай Беларусі, Віленскага краю (цяпер Літва), Смаленскай і Бранскай абласцей да Мажайску, Цьверы, Каломны (блізу Масквы), Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) і часткі Чарнігаўскай вобласці (цяпер Украіна). Акрамя таго Калінінградскую вобласць засялялі ў асноўным беларусы...

Вялікае Княства Літоўскае было беларускай дзяржавай ва ўсіх сэнсах! Усе князі ВКЛ, пачынаючы ад першага князя Міндоўга, карысталіся беларускай мовай не толькі ў справаводстве, але і ў звычайнай гутарцы. Няма ніякіх сведчанняў, аб нейкай сувязі, ці нейкім падабенстве іх роднай мовы з мовай жамойтаў і аукштайтаў – базавым этнасам сучасных літоўцаў. Мова “літвы” сярэднявечча – беларуская, а ліцьвін – гэта назва беларуса тых часоў. Усе асноўныя гістарычныя падзеі, навуковыя і літаратурныя здабыткі ВКЛ звязаны вылучна з беларусамі (і ў адпаведнай меры з украінцамі), але не з сучаснымі літоўцамі, ці як іх яшчэ завуць – з летувісамі. Гэта значыць, што ўся, нахабна прысвоеная гісторыя сучасных літоўцаў, належыць не суседняй краіне – Літве, а Беларусі. Сорам нам, што наш спрадвечны герб Пагоня – герб іншай суседняй краіны – Літвы і наша сталіца Вільня чамусьці (нават у нас!) завецца Вільнюсам. Сорам нам, што наша краіна, якая ў ХІІІ – ХVI стагоддзях задавала тон сусветнай цывілізацыі і несла беларускую культуру далёка на Захад, у наш час без усялякіх на гэта падстаў згубіла сваю гістарычную назву, якую “падабралі” ў сучаснай Літве, размешчанай насамрэч на паўднёвы захад ад тэрыторыі сапраўднай, летапіснай Літвы, што месцілася ў басейне сярэдняга цячэння Нёмана.

Менавіта беларусы прынеслі хрысціянства сваім суседнім пананскім народам жамойтам і аукштайтам, прынеслі разам з ім еўрапейскую культуру і ў літаральным сэнсе “вывелі іх з лесу”. Прынамсі, толькі ў канцы ХІХ ст. людству стала ведама пра існаванне літаратурнай літоўскай мовы і наагул пра існаванне літоўцаў і Літвы ў сучасным сэнсе – як неславянскай і небеларускай дзяржавы.

І далёка не другарадная падзея – друкаванне першых кніг (Бібліі, катэхізісу і інш.) у ВКЛ на беларускай мове. Першы друкарскі станок, што працаваў на кірылічным алфавіце, быў створаны Ф. Скарынам больш чым на поўстагодзя раней першадрукара Масковіі Фёдарава. Зрэшты, і Фёдараў паходзіў з Беларусі і меў ад нараджэння прозвішча Федаровіч...

Ці яшчэ адзін штрых. Беларусы ў ХVII ст. адбудавалі Маскву (пра гэта пісаў нават Лаўрэнцій Абэцэдарскі) і засялілі яе сваімі найлепшымі сынамі, так што нашчадкамі іх ёсць сучасныя карэнныя масквічы. Гэта не выпадкова, бо ровень культуры, навукі і тэхнікі ў ВКЛ тых часоў на парадак перасягаў суседнюю Масковію.

Наагул, пералік унёску беларусаў у сусветную культуру можна працягваць бясконца і я буду як мага старацца пра гэта казаць.

Гісторыя Беларусі і яе тытульнай нацыі – беларусаў яшчэ не напісаная. Яна мусіць быць перапісана выключна ў нацыянальным духу, без аглядкі на Маскву, Польшчу і Літву і я б дадаў, ідучы за духам часу, – без аглядкі на Еўропу. Яна павінна быць перапісаная так, каб там не было месца такім выразам як “ВКЛ – беларуска-літоўская дзяржава”, а заменена – “ВКЛ выключна беларуская дзяржава”. (З цягам часу слова “выключна” можна паступова апускаць). І руска-польскія войны Масковіі, пра якія так любяць апошнім часам гаварыць модныя гісторыкі, у значнай ступені не толькі войны з Польшчай, а і з Беларуссю, і, можа з апошняй, нават у большай ступені. І не трэба замоўчваць далікатны момант, звязаны з святкаваннем Расіяй 4 лістапада, гэтак званага “Свята Замірэння”, якое было прызначана на гэтую дату на знак вызвалення Рускай дзяржавы ад “палякаў” у 1612 годзе. Тыя “палякі” ў вялікай ступені былі ў сапраўднасці беларусамі! І калі я чацвёртага лістапада іду ў свой Свята-Пятра-Паўлаўскі храм каб адзначыць дзень Казанскай Божай Маці, то заўсёды думаю пра тое, што нам трэба быць больш сумленнымі і шчырымі ў такіх пытаннях і не забывацца, што праваслаўная дзяржава ВКЛ тых часоў і праваслаўная маскоўская дзяржава суіснавалі ў не вельмі сяброўскіх дачыненнях. І свята адной дзяржавы – часта было трагедыяй для другой, і наадварот.

Нацыянальная гісторыя Беларусі патрэбная. Мы наноў павінны прайсці нашу тысячагадовую гісторыю, перапісаць падручнікі, манаграфіі, усю літаратуру з пазіцый нашай нацыянальнай ідэі.

І гэта цяжкі шлях, але ён патрэбен. Ён патрэбен таму, што Беларусь любіць Бог і ён папусціў безліч розных няправых правадыроў, здраднікаў, сярэбралюбцаў і Юдаў. Ён даў нам цяжкі шлях выпрабаванняў і мы павінны несці гэты крыж, мы павінны прайсці шлях каяты і толькі потым мы атрымаем “безумоўную асалоду” і станем добрай хрысціянскай краінай…

Частка ІІ. Старажытнасць беларускага этнасу.

Час узнікнення беларускага этнасу мае бязмала тысячагадовы тэрмін. Ужо з часоў Кіеўскай Русі выяўляецца адметнасць жыхароў, што насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі. Як ведама, з ХІ–Х стст на аснове старажытных славянскіх плямёнаў крывічоў, драўлянаў і радзімічаў былі ўтвораны першыя дзяржаўныя ўтварэнні нашых продкаў, якія насілі назоў Полацкае і Тураўскае княствы. Прынята таксама лічыць, што гэтыя княствы ўваходзілі ў склад адзінай дзяржавы – Кіеўскай Русі.

Я пільнуюся тае думкі, што акрамя трох памянёных плямёнаў, продкамi беларусаў было таксама і племя лiтва, якое рассялялася на вялiкiм абшары тэрыторыi сучаснай Горадзеншчыны i Мiншчыны. Дакладныя абсягі летапiснай Лiтвы даволi пераканаўча вызначыў Мiкола Ермаловiч у сваёй кнiзе "Па слядах аднаго мiфа". Але на ягоную думку племя лiтва было балцкага паходжання. Паводле сведчанню iншых, лiтва – не балцкага i, нават, не угра-фiнскага, – як гэта лiчыў Iван Ласкоў, а славянскага паходжання. Так, чэшскi даследнік П. Шафарык сцвярджае, што слова "лiтва" – скажонае слова "лютва". Славянскае ж племя велеты-люцiчы, як добра ведама гiсторыкам, i рассялялася яно таксама на тэрыторыях сучасных Горадзеншчыны i Вiленшчыны.

Пазней, калi пачалося ўтварэнне Вялiкага княства Лiтоўскага, лiтва змяшалася з iншымi славянскiмi плямёнамi – крывiчамi i дрыгавiчамi, утварыўшы сучасных беларусаў. Сведчаннем, што люцiчы-лiтва былi народамі з мовай, блiзкай да суседнiх славянскiх народаў, ёсць тое, што iх мова стала дзяржаўнай мовай ВКЛ. Дык вось, нашыя продкi здолелi захаваць праз стагоддзi сваю мову, хоць i аддалi яе назву (лiтоўцы- лiтвiны) балцкаму племенi жмудзi.

Існуе аднак і іншая думка пра этнагенез беларусаў – канцэпцыя балцкага паходжання. Чаму мы заўсёды так намагаемся падкрэсліць славянства беларусаў? Што значыць быць славянінам? А нічога не значыць. Адзінае што можа быць бясспрэчным – гэта блізкасць моў, якія мы з гэтай прычыны гуртуем у адну сям’ю і называем яе сям’ёй славянскіх моў. У іншым, пачынаючы з расавых прыкмет, антрапалагічных і генетычных фактараў, размова пра адзінства непазбежна прыйдзе да тупіковага выніку. Якія славяне, скажам, балгары, што прыйшлі ў свой час на Балканы аднекуль з пад Урала і засвоілі мясцовую славянскую гаворку? Падобная сітуацая магла здарыцца і на тэрыторыі Беларусі, дзе мясцовыя балцкія плямены з нейкіх прычынаў, можа палітычных, ці ў выніку культурнай перавагі славянскамоўнага насельніцтва, перайшлі паступова на іншую мову – славянскую.

Ёсць аналагічны пагляд і на паходжанне рускай нацыі. Ягор Халмагораў у сваім “Рускім нацыяналісце” наўпрост піша: “Хіба рускія – славяне? Не. Рускія не чэхі, не палякі і тым больш харваты... Ім не патрэбны для асабістай самаацэнкі ніякія доказы таго, што яны этнічна бліжэй да славян, чым да шведаў...” Сапраўды роля розных этнасаў, асабліва татар, у фармаванні рускага этнасу даўна вядомая.

Найпаслядоўней сцвярджае канцэпцыю балцкага паходжання беларусаў С. Санько. Ён прыходзіць да формулы: “Беларусы – славянскамоўныя балты”. У артыкуле “Этнагенез беларусаў: навука і ідэалогія”, надрукаваным у часопісе “Архэ” (№ 11, 2006) С. Санько разам з А. Дзермантам пішуць: “Аўтахтанісцкая балцкая мадэль беларускага этнагензу паўстала не па прыхамаці таго ці іншага даследчыка і не з падачы спецслужбаў якой-кольвечы афарбоўкі, а з логікі развіцця двух асноўных канкурыруючых этнагентычных парадыгмаў, пададзеных адменамі славянскай аўтахтанісцкай міграцыянісцкай мадэляў...” На думку аўтараў аўтахтанісцкая балцкая мадэль беларускага этнагенезу дазваляе з’яднаць у адзінае цэлае ўвесь комплекс дадзеных з фізічнай антрапалогіі, этнагеномікі, лінгвістыкі, археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, фалькларыстыкі і іншых. Аўтары адзначаюць, што параўнанне, гэтак званага “полімарфізму мітахендрыяльнай ДНК” беларусаў і літоўцаў сведчыць пра іх генетычную блізіню. Акрамя таго аналіз групаў крыві АВО і МN сведчыць пра вельмі значную ступень падабенства, “якія амаль не адрозніваюцца ад прабацькоўскага і генетычна-антрапалагічнага тыпу”.

Гэтыя аргументы вельмі слушныя. І яны ў значнай меры пераклікаюцца з даледаваннямі Аляксея Мікуліча[1], які паказаў у сваіх творах, што тэрыторыя Беларусі была заселеная продкамі сучасных беларусаў яшчэ тысячу гадоў таму. Антрапалагічныя даследаванні паказваюць, што не было масавых міграцыяў, якія маглі б змяніць фізічны тып насельнікаў нашага краю. Увагу Мікуліча прыцягнулі праблемы гістарычнай і антрапаэкалагічных аспектаў насельніцтва Беларусі. Высветлілася, што татальная папуляцыя беларускага сельскага насельніцтва становіць сабой самаўзнаўляльны арганізм, дзе абмен генамі адбываўся да апошняга часу пераважна паміж яго паслядоўнымі нашчадкамі. Генафонд Беларусі, натуральна, не абаронены ад пранікнення генаў з суседніх этнасаў. І ўсё ж высветлілася, што фенатыпы і генатыпы пры ўсей стахастычнасці генетычных працэсаў захавалі сваю стабільнасць.

М. Доўнар-Запольскі пісаў: “Беларусы становяць найбольш чыстае славянскае племя, захаваўшы і знешні выгляд славяніна і шмат адзнак яго псіхікі і быту[2]”.

Многія гісторыкі і этнографы адносяць час фармавання беларускага этнасу да ХІІІ-XVI стагоддзяў – часу фармавання этнічных адрозненняў рускіх, беларусаў і украінцаў. Адак настаў час прыняць новую парадыгму што да старажытнасці беларускага этнасу. Шматлікія крыніцы з самых розных галінаў ведаў, такіх як гісторыя, археалогія, мовазнаўства і этнаграфія дазваляюць зрабіць выснову аб самае малое тысячагадовым веку беларускага этнасу.

Довады тут наступныя.

Довад першымоўны.

Адам Міцкевіч, а пазней Іван Шпілеўскі сцвярджалі, што беларуская мова найменш змененая з усіх славянскіх моў. І ў гэтым ёсць вялікая доля праўды. У беларускай мове захавалася шмат рысаў, якія сягаюць індаеўрапейскага часу.

Станіслаў Суднік лічыць, што час узнікнення асаблівай лінгвістычнай фармацыі, на аснове якой потым утварылася беларуская мова сягае ажно 2300 году да н. э. Спачатку яна існавала як форма крывіцка-дрыгавіцкка-люціцкага кайнэ, а ў часы ВКЛ пашыраецца на ўсю тэрыторыю княства, дыялектныя асаблівасці паступова сціраюцца, утвараецца адзіная дзяржаўная мова ВКЛ, якую прынята лічыць старабеларускай ці проста беларускай мовай. У артыкуле “Беларуская мова – першааснова сучасных і зніклых славянскіх моваў” (Беларуская нацыянальная ідэя. – Гродна. 1999.) С. Суднік піша: ”Беларуская пісьмовая мова была адзінай паўнавартаснай пісьмовай мовай ВКЛ і ўсёй Усходняй Еўропы. Гэтае становішча і абумовіла той факт, што беларуская мова стала мовай міжнародных зносін. Наогул, міжнародных моваў на той час было няшмат. Лаціна, Грэцкая, Санкрыт, Арабская, Магольская, Ханьская. І Беларуская.” У памянёным артыкуле ёсць шмат цікавых выкладак прысвечаных падабенству беларускай мовы і старажытнага санскрыту, які быў мовай старажытных індусаў. Частасць ужывання гуку [а] ў санскрыце – 66% і беларускай мове – 68 % мы маем амаль поўнае супадзенне. Адрыў па гэтым паказніку ад іншых моў вельмі вялікі, прыкладам, у нямецкай мове – 17 %, у рускай мове – 23 %.

Што да эвалюцыі беларускай мовы у гістарычнай рэтраспектыве мы назіраем наступную карціну. Ужо ў ХІІ стагоддзі розніца паміж мовамі жыхароў беларускіх зямель і рэшты Русі існавалі пэўныя адрозненні. Гэта, між іншым, сведчыць нават “Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы”, выдадзенай яшчэ за савецкім часам як падручнік для студэнтаў-філолагаў (1961). Калі “Слова аб палку Ігаравым”, датаванае канцом ХІІ стагоддзя не прынята адносіць да помнікаў старабеларускага пісьменства (“Слова..” лічыцца помнікам проста “старарускага пісьменства”), то ўжо “Дагаворная грамата смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам 1229 г”, ”Грамата князя Гердэня 1264 г.” і шэраг іншых напісаныя на мове, якая мае шэраг беларускіх рыс.

Довад другі – фальклорны. Матэрыялы музычна-песеннага фальклору і вусна-паэтычнай творчасці беларусаў паказваюць на іх унікальнасць, якая праяўляецца ў аўтэнтычнасці спеваў, танцаў, народных гулянняў, традыцыяў, з каранямі ў сівой даўніне.

Безумоўна, грунтам, на якім заснавана большасць беларускіх традыцыяў, народнай спадчыны ёсць паганьства. Цяпер цяжка вылучыць асаблівасці, спецыфіку менавіта беларускага культу. Хутчэй за ўсё, галоўныя святы і почат языцкіх багоў аднолькавыя для ўсіх усходніх славян. З прыняццем хрысціянства народныя святы не зніклі, а змяніліся. Шмат якія святы, як Вялікдзень, Каляды, захавалі шэраг вонкавых дахрысціянскіх рысаў (скажам, калядаванне), але напоўніліся хрысціянскім зместам (на тыя ж Каляды святкуецца Раство Хрыстова і пяюцца калядныя песні прысвечаныя нараджэнню Хрыста).

Аднак да гэтай пары ў Беларусі існуюць такія святы, на якія хрысціянства так і не здолела накласці свайго адбітку. Гэта, перадусім, Купалле. Хоць святкаванне Купалы як католікамі (ў ноч з 23 на 24 чэрвеня), так і праваслаўнымі (ў ноч з 6 на 7 ліпеня) абедзьвюмя канфесіямі прывязана да Нараджэння Яна (Іаана) Хрышчэнніка (24. 06 – кат., 7. 07 – правасл.), гэтая ноч у нашай краіне і цяпер праходзіць зусім не па-хрысціянску. Сіла языцкага духу сярод беларусаў здзіўляе, але прыраўноўваючы сябе да іншых народаў – мы ўбачым у іншых аналагічную карціну, калі яшчэ не больш выразную. Скажам, у нашых суседзей літоўцаў, продкамі якіх былі жамойты.

Довад трэці – археалагічны. Курганныя матэрыялы сведчаць, што славянская міграцыя на землі балтаў не пасунула апошняй. З моманту іх кантакту пачалося фармаванне новых культур. Балцкія элеменеты на Беларусі выяўляюцца ў гідраніміі, дыялекталогіі, палеантрапалогіі.

І чацверты, на які найбольш звяртае ўвагу Мікуліч – антрапалагічны аргумент. Пачынаючы з неаліту (каля 4-га тысячагоддзя да Р. Х.) ужо сфармаваліся рэгіянальныя асаблівасці матэрыяльнай культуры. На пачатаку першага тысячагоддзя на тэрыторыя Беларусі адбылося змешванне прышлых славян з карэннымі балтамі. Заразом узбагаціўся генафонд абодвух народаў.

Матэрыялы палеантрапалагічных раскопак А. Мікуліча і І. Сілівон сведчаць, што праз 40 пошніх пакаленняў існуе безумоўная пераемемнасць асноўных расавых асаблівасцяў. Гэта дазволіла таксама зрабіць наступную выснову: антрапалагічныя асаблівасці лакальных папуляцыяў вызначаюцца генетычнай якасцю самого этнасу. Паводле паказнікаў абагульненых біялагічных адлегласцяў можна шукаць сляды генетычнай памяці папуляцыяў у гістарычным аспекце. Генафонд беларусаў, літоўцаў і заходніх рускіх бліжэй за іншых да сярэднееўрапейскага, палякі і ўкраінцы – больш аддаленыя.

Выходзячы з канцэпцыі аб захаванні ў пакаленнях структурных кампанентаў папуляцыйнай сістэмы ад продкавай агульнасці (А. Любішчаў, Ю. Рычкоў), з’явіліся падставы давесці значную стабільнасць генафонду ў прыраўнанні з мовай і культурай. Уся тэрыторыя Беларусі паводле звестак аб генетычных сістэмах і рэпрадукцыйных памерах была цалкам заселеная продкамі сучаснага насельніцтва каля 10 000 гадоў таму.

Такім парадкам, на падставе антрапалагічных данняў устаноўлена, што сучасныя беларусы – гэта беспасярэднія нашчадкі мясцовага старажытнага насельніцтва. Заразам фактычнае фармаванне этнасу адбывалася не меней чым праз 200 пакаленняў, “што дазваляе прасачыць яго пачатак да палееўрапеоіднай расавай супольнасці[3]”.

 

Такім чынам настаў час асэнсавання новай парадыгмы часу ўзнікнення беларускага этнасу. Шматлікія крыніцы з гісторыі, археалогіі, мовазнаўства і этнаграфіі дазваляюць зрабіць выснову аб самае малое тысячагадовым веку беларускага этнасу.

 



[1] Мікуліч А. І. Беларускі этнас: папуляцыйна-генетычны аспект эпахальнай стабільнасці // Беларуская нацыянальная ідэя. Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. – Мн., 2000.; Мікуліч А. И. Наша генетическая память. – Мн., 1987, іншыя.

[2] М.Доўнар-Запольскі. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. – Вільня. 1919.

[3] Мікуліч А.І. Беларускі этнас: папуляцыйна-генетычны аспект эпахальнай стабільнасці // Беларуская нацыянальная ідэя. Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мн., 2000, стар. 44.

 

 
Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Творчыя арганізацыі патрабуюць перагляду Пастановы №7
Брама сайта | Галоўная старонка


Творчыя арганізацыі патрабуюць перагляду Пастановы №7 ГА “БАЖ”, РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбаю патлумачыць чаму гэтыя арганізацыі не ўвайшлі ў спіс...
Анатоль Астапенка БЕЛАРУСЫ: АД ЭТНАСУ ДА НАЦЫІ
АДВЕЧНАЕ | Гістарычны матыў


БЕЛАРУСЫ: АД ЭТНАСУ ДА НАЦЫІ Частка І. Падставы гісторыяграфіі Беларуская нацыя складвалася не адно стагоддзе, і працэс яе фармавання не завершыўся да гэтай пары. Могуць запытацца, на якой падставе...
Литвинизм и Белая Русь
АДВЕЧНАЕ | Даследаванні


Вадим ДЕРУЖИНСКИЙ В российской прессе появилась статья минчанина, кандидата политических наук Николая Малишевского (1977 г.р.) «Литвинство и Белая Русь». Автор в традициях сталинизма лишает Беларусь и беларусов права на свою...
РЕАЛЬНАЯ ДЕЙСТВИТЕЛЬНОСТЬ «ПУТИНЛЭНДА»
ДЗЯРЖАВА І МЫ | SOS-паралелі


На Западе много десятилетий тому назад придумали парк аттракционов под названием «Диснейлэнд». Задумка была оригинальна и проста одновременно: каждый обыватель «западного рая» (при наличии небольшого количества «баксов» в кармане)...
Член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец прапанаваў меры па падтрымцы беларускай мовы
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


У Беларусі неабходна прыняць меры па падтрымцы нацыянальнай мовы для забеспячэння рэальнага раўнапраўя дзяржаўных моў у сітуацыі двухмоўя, зацверджанага Канстытуцыяй. Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі 17 лютага першы намеснік дырэктара...
Удзельнікі акцыі ў Бабруйску выставілі ўльтыматум уладам
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


У Бабруйску 26 лютага на мітынгу супраць дэкрэту № 3, які адбыўся на цэнтральнай плошчы горада, прыняло ўдзел больш за 1000 чалавек. Распачаў мітынг і быў яго вядоўцам сустаршыня Беларускай...
«Круглый стол» с тремя неизвестными. Чапай думу думает
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вопрос о будущем одного человека должен уступить место вопросу о будущем всей страны. Митинг возмущенных «тунеядческим» декретом белорусов завершился мирно, и Александр Лукашенко, улетевший в Сочи, получил возможность спокойно подумать....
Пресловутый «русский мир»
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вадим Деружинский   Уважаемые коллеги! Не смог промолчать, видя, какой дурдом вы тут обсуждаете. Некий господин Костян С. И. называет себя «председателем Белорусского славянского комитета». Поскольку славяне - понятие сугубо...
Алег Трусаў. «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V–XV стагоддзі)»
КНІГІ | Нятленнае


Гісторыя - гэта навука аб развіцці чалавечага грамадства. якая вывучае мінулае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і раз-настайнасці. У сувязі з гэтым гісторыя складаецца з сусветнай (усеагульнай) гісторыі і...
Краснасельскі краязнаўца
АДВЕЧНАЕ | Асоба


Мінае 80 гадоў з дня нараджэння (11.01.1937) Верацілы Міхася, сына Уладзіміра з пасёлка Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне. 40 гадоў прайшло, як я пазнаёміўся з магутным краязнаўцам, дасціпным гумарыстам-фалькларыстам, рэстаўратарам, нумізматыкам,...
если бы Вы стали президентом Беларуси
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вадим Дзеружинский ПОЗИЦИЯ. По поводу вопроса "Главный вопрос к Вам: если бы Вы стали президентом Беларуси, то какие бы вы предприняли действия для процветания этой крайне бедной природными ресурсами...
+ + +
Брама сайта | Галоўная старонка


...
Бунтоўны дух мысляра
ТВОРЫ | Водгук, рэцэнзія


Я ведаю паэта Яўгена Гучка ўжо не адзін дзясятак гадоў. Чалавек ён чысцейшага сэрца, высокіх дум і парыванняў, неадступны і пранікнёны патрыёт сваёй роднай зямлі. Эрудыт, мысляр... А ў той...
Гісторыкі патлумачылі расейскаму шавіністу, калі з’явілася беларуская мова
АДВЕЧНАЕ | Даследаванні


Дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Леанід Рашэтнікаў заявіў, што «беларуская мова была створаная пастановай пасяджэньня аргбюро ЦК ВКП(б)». Пры гэтым ён спаслаўся на расейскую газэту «Правда» за 1926 год, паведамляе...
Сенсационное выступление экс-помощника Лукашенко
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Эканоміка


Кирилл Рудый призвал защитить бизнес от силового давления государства. Экономика сегодня падает не из-за реформ, а из-за того, что их нет. Силовая реакция на кризис усугубляет его. Появляются проблемы, вызванные...
В чем единство?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | SOS-паралелі


Александр Зеличенко, «Эхо Москвы» Хорошая штука единство. Только в чем? В ненависти ко всем миру? В желании всех переиграть? В радости по поводу еще одной разбомбленной школы? В сириянаш? В любви к вождю? В  умилении...
Особенности ведения белорусскоязычного бизнеса
АДВЕЧНАЕ | Мова


Гродненский предприниматель 20 лет подряд держит белорусскоязычный магазин со строительными материалами и делится с «Белсатом» особенностями ведения белорусскоязычного бизнеса. ...
Урадавая ўзнагарода
АДВЕЧНАЕ | Асоба


1 лістапада 2016 года падчас урачыстасці ў Палацы Рэспублікі  ў Мінску пісьменнікку Васілю Якавенку ўручана ўрадавая ўзнагарода — медаль Францыска Скарыны — за плённую літаратурную і грамадскую дзейнасць.   ...
Матвей Ганапольский: Правда для Путина
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Кто-нибудь, да скажите же ему правду! Кто-нибудь - это кто-то из окружения Владимира Путина. А "сказать правду" - это намекнуть на то, что может сделать украинский президент Порошенко и...
Joomla! Ukraine

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 83
mod_vvisit_counter Учора 810
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 4936
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 28492
Каталог TUT.BY