Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ТВОРЫ arrow Пісьменнік і час arrow Святло, якое застаецца... (Да 10-годдзя смерці Міколы Ганька)

Святло, якое застаецца... (Да 10-годдзя смерці Міколы Ганька) Друк E-mail
29.05.2009 | 17:39 |

Вольга Іпатава... Вербніца ў Таронта выдалася халоднай і няветлай: моцны вецер роўна і метадычна астужваў усё новых і новых наведнікаў могілак " Pine Hills". А іх, наведвальнікаў, было шмат - акурат на гэты дзень прыпадаў каталіцкі Вялікдзень, людзі мелі ажно чатыры выходных дні і маглі прыбраць магілы блізкіх з іх збуцвелымі за зіму кветкамі і вянкамі, счарнелымі стужкамі ды свечкамі.

Мы - некалькі сябраў Згуртавання Беларусаў Канады - таксама пашчыравалі на магіле нашага земляка, выдатнага беларускага пісьменніка Кастуся Акулы, хаця за магілу можна было і не хвалявацца: неўзабаве адпаведныя службы возьмуцца за добраўпарадкаванне могілак. Завязуць кветкі, выметуць дарожкі, прыбяруць смецце... Таму самотны выгляд навакольнага не надта бянтэжыў.

Аднак калі мы пайшлі на другі канец гэтых даўгаватых могілак, каб наведаць магілу яшчэ аднаго выдатнага беларуса, які ляжыць тут , а менавіта Міколы Ганька, то, прайшоўшы масток праз ручай, здаля ўбачылі помнік, каля якога ярка гарэлі свечкі і які выдзяляўся сярод іншых асаблівай дагледжанасцю і чысцінёй.

Я была тут раней, яшчэ ў 2003 годзе. І яшчэ тады мне кінуўся ў вочы вельмі выразны і прафесійна зроблены партрэт на ружова-шэрым граніце. Яго зрабіў карэспандэнт нашай газеты "Культура" Генадзь Жынкоў у 1993 годзе, калі Мікола Ганько прыязджаў у Беларусь і прывёз для нашых хворых чарнобыльскіх дзяцей лекаў і медыкаментаў на некалькі мільёнаў даляраў. Іх сабралі тут, у Канадзе, але іх трэба было везці, растаможваць, размяркоўваць разам з адпаведнымі службамі і прасачыць, наколькі выконваецца гэтае размеркаванне.

Мікола Ганько ў рэдакцыі газеты “Культура”, 1994 г.  

Пра гэты візіт Мікола Ганько пакінуў справаздачу - успаміны. Чытаць яе і сёння надзвычай цікава: людзі, іх характары, лёсы дзяцей і іх бацькоў - усё добрасумленна і таленавіта адлюстраваў Мікола Ганько, які, дарэчы, не быў прафесіяналам прыгожага пісьменства, а працаваў доўгія гады дарожным майстрам, а пасля менэджэрам у будаўнічай фірме.

У яго было шмат і іншых здольнасцяў - прыгожы чысты голас (шмат гадоў ён спяваў у царкоўным хоры парафіі святога Кірылы Тураўскага і кіраваў ім), уменне граць на балайцы, талент абыходзіцца з людзьмі і арганізоўваць іх для грамадскай дзейнасці і сумеснай працы. Выдаваць газету - "Інфа ЗБК." Быць добрым сямейнікам і сябрам.

Але самы вялікі талент Міколы Ганька, на мой погляд, быў у простай і яснай выснове, на якой ён пабудаваў усё сваё жыццё - любіць Беларусь і служыць ёй. Жыццё склалася так, што рабіць гэта ён мог толькі ўдалечыні ад яе, і толькі на ніве грамадскай дзейнасці. Затое ў гэтую грамадскую дзейнасць ён укладаў усю душу і ўсе свае здольнасці арганізатара і публіцыста. Газета "Беларус" на яго смерць адгукнулася такімі словамі: "16 траўня ў Таронце спачыў адзін з найвыдатнейшых дзеячаў беларускай дыяспары ў Канадзе, шматгадовы старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады Мікола Ганько." Ён быў яшчэ і шматгадовым старшынём царкоўнай рады парафіі імя Кірылы Тураўскага, і радным БНР, і выдаўцом, і публіцыстам. Ягоная публіцыстычная спадчына, сабраная разам ў кнізе М. Ганько "Каб сьведчылі пра Беларусь", сама з'яўляецца сведчаннем значнасці ягонага ўкладу ў беларускую публіцыстыку замежжа. Постаць Міколы Ганька не страціла сваёй значнасці і цяпер, праз 10 гадоў з дня ягонай смерці. Услед за Вінцэнтам і Раісай Жук-Грышкевічамі ён пакінуў нам неацэнныя старонкі ўдзельніка і арганізатара многіх падзей жыцця беларускай дыяспары ў Канадзе.

Жыццё склалася так, што ў 21 год ён змушаны быў пакінуць радзіму - брату Міхася Ганька, ачольніка Саюза беларускай моладзі, не было месца ў пасляваеннай савецкай Беларусі. НКВД "прамацала" ледзь не кожную душу, якая была пад акупацыяй. Як і на што павінны былі жыць людзі, якіх кінула ўлада, што абяцала ім бяспеку і абарону ад вайны ( "врагу ні пяді мы не отдадім"), органы не цікавіла. Настаўнікі, паштальёны, тэлеграфісты, перакладчыкі - усе яны патрапілі пад графу "супрацоўніцтва з акупантамі" і заплацілі за гэта калі не жыццём, дык концлагерамі. Нават немаўляты, падросшы, ужо неслі на сабе кляймо "жыцця пад акупацыяй" і павінны былі прызнавацца ў гэтым пры запаўненні кожнай анкеты...

Сябры парафіі імя К. Тураўскага на магіле М. Ганька.  

Мікола Ганько апынуўся ў лагеры для перамешчаных асоб у Зальцбурзе (Аўстрыя), дзе пазнаёміўся з паэтам Алесем Салаўём і знаўцам беларускай літаратуры, магістрам Варшаўскага ўніверсітэта Алесем Грыцуком, які ў час вайны займаўся на Беласточчыне стварэннем беларускіх школ. Быў там і Уладзімер Дудзіцкі. Разам яны вырашылі выдаваць для беларусаў друкаваны орган, які аб'яднаў бы ўсіх патрыётаў. Да іх далучыліся А. Губерт і Оля Дуброўская - пазней яна стала жонкай А. Грыцука. Выпускаць газету "Зь Беларускага Жыцьця" было нялёгка, ды маладыя людзі з энтузіязмам пераадольвалі ўсе цяжкасці. Вось як піша пра гэта ў адным са сваіх артыкулаў Мікола Ганько: "Машынку нейкую дасталі, 1923 году, мая аднагодка. Ляп, ляп, ляп! Але нічога... Набілі матрыцы, першы нумар напісалі, фарбы трэба было набіваць рукой. Колькі там экземпляраў трэба было? Мабыць, 200: людзей многа было. Чатыры старонкі, папера благая, фарба адразу расплываецца, а як замнога, дык распаўзаецца. Усе такія задаволеныя: маем пісьменьнікаў, і нават друкара маем!"

Тады ж ён стаў патроху пісаць і сам. Спачатку, на прыклад брата, стаў весці дзённік, першыя старонкі якога пазначаныя так: " Зальцбург, 1947." Любіў літаратуру з дзяцінства - нездарма вырастаў побач з братам -паэтам. Любоў да Слова засталася з ім на ўсё жыццё. У сваіх артыкулах часта ўзгадваў Скарыну, пісаў пра Кірылу Тураўскага. Цытаваў Купалу, Коласа, Багдановіча. Сваё разуменне значнасці літаратуры для развіцця нацыянальнай свядомасці найбольш поўна выклаў у сваім слове да беларускай моладзі 26 чэрвеня 1993г, калі быў на Бацькаўшчыне:

" Вырастаючы ў таварыстве пісьменьнікаў, паэтаў і гісторыкаў, я моцна палюбіў паэзію зь Янкам купалам на чале. Калі прыходзіла хандра, я звычайна браў творы Купалы або "Сымона-музыку" Коласа й чытаў. Гэта была мая маральная апора, зь якой я браў сілу для далейшага жыцьця...

Уся філязофія беларускай справы напісана ў творах беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Мне ніколі не было цікава шукаць нейкай ісьціны па-за нашай ісьцінай беларускай".

Характэрная дэталь: пакідаючы радзіму, хлопец , як самае дарагое для душы, узяў з сабой томік "Сымона-музыкі." Кніжку гэтую ён правёз па дарогах Польшчы, Нямеччыны, Аўстрыі. Яна была з ім, калі вадаплавам ехаў у далёкі і невядомы край - Канаду, упершыню ў жыцці перасякаючы акіян і з невыноснай горыччу ў сэрцы ўсведамляючы, што, мабыць, назаўсёды пакідае Беларусь. Апошнія старонкі пасляваеннага дзённіка: " У 17.20 21.6.1948 вадаплаў "Сатурнія"выехаў з порту, маючы на барту каля 3000 пасажыраў-эмігрантаў. У тым ліку й я.

Бывай, Эўропа! Некалькі дзён падарожжа па Атлянтычным акіяне - і будзем у Канадзе. Знаю, што перажыў на старой зямлі, знаю. Як і нашто. Цяпер еду ў нязнаны сьвет, каб хіба нанова пачынаць жыць, але як? Бывай, Эўропа й мая дарагая Бацькаўшчына Беларусь!"

Адбыўшы двухгадовы кантракт на сельскагаспадарчай ферме, ён мог сам будаваць сваё новае жыццё. Можна было назаўсёды забыцца на мінулае, пазбавіцца горычы расчараванняў і нязноснага суму па бацьках, якіх засталіся без абодвух сыноў, па сцежках маленства, па ручаіне ў роднай вёсцы Калядзіна, што пад Маладэчнам. Забыцца на радзіму было прасцей, чымся ўпарта верыць ў яе будучыню і працаваць на яе. І што ён мог зрабіць - адзін, без радні і знаёмых, у чужамоўным асяроддзі?

Аднак любоў творыць цуды. Знайшліся землякі - такія ж хлопцы, вырваныя з карэннем з роднай глебы, але поўныя маладога аптымізму і ўпартасці - Міхась Пашкевіч, Кастусь Акула (Аляксандар Качан), Міхал Мацукевіч, Валянцін Навіцкі, якія вырашылі стварыць згуртаванне беларусаў у Канадзе. Чым яно павінна займацца? Перш за ўсё - заявіць пра сябе, лепей за ўсё нейкім друкаваным органам, каб сабраць тых, хто не хоча зракацца роднага і растварыцца ў новым свеце.

З лістапада 1948 года пачынае працаваць арганізацыя - з яе планамі на будучыню, з выданнем першай ў Канадзе беларускай газеты "Беларускі эмігрант". Яе адказным сакратом адразу ж робіцца Мікола Ганько. Справа з большага знаёмая - яшчэ з Аўстрыі. Цяпер ён і арганізуе падпіску, і вярстае газету, і піша для яе матэрыялы.

(Думаецца, ў будучыні газета "Беларускі эмігрант" будзе пераведзеная ў электронны фармат, каб яе змаглі чытаць сучасныя беларускія даследчыкі. Цікавыя, непаўторныя факты з жыцця беларусаў на чужыне робяць яе сапраўды ўнікальнай).

Газета сапраўды змагла сабраць вакол сябе многіх беларусаў, яна стала глытком вады для тых, хто раней адчуваў сябе адзінокім ў вялікай, невымерна далёкай краіне. Гэтыя людзі, якім, каб выжыць, давялося цяжка і многа працаваць, спачатку ледзь не па цэнтах збіралі грошы для набыцця свайго, уласнага беларускага дому - Дому, які ў сучаснай Беларусі ўсё яшчэ спрабуюць стварыць як духоўны сімвал яднання нацыі. Але тут, у Канадзе, беларусам быў патрэбны і рэальны дом, дзе яны маглі б збірацца, вырашаць свае справы і ладзіць свае святы. Дзе размяшчаўся б і храм - беларускі, нацыянальны, з роднай мовай, якая на радзіме тым часам усё болей заганялася ў свайго роду рэзервацыі.

( Знішчыць яе дашчэнту, ператварыўшы Беларусь у першую " узорную", цалкам рускамоўную савецкую рэспубліку не далі і яны - з цягам часу гэтыя "новыя канадыйцы", як і эмігранты Амерыкі, Аўстраліі, Бельгіі, Францыі сталі выразнай палітычнай сілай, якая праз свае парламенты і ўрады прымушала савецкіх ідэолагаў адступаць; хаця і нехаця, але неяк клапаціцца аб нацыянальным іміджы Беларусі).

Беларускі грамадска - рэлігійны Цэнтар у Таронта (спачатку на Дандас 1000, потым на Сан-Кларэнс Авеню 524) стаў сапраўдным беларускім Домам. Тут штотыдзень ладзіліся царкоўныя службы, тут адзначаліся дарагія для сэрца кожнага свядомага беларуса даты - юбілеі Скарыны, Багдановіча, Купалы, Коласа, Цёткі. Тут сустракаліся маладыя людзі - і многія, многія шлюбныя пары вянчаў Міхал Мацукевіч, які, скончыўшы ўкраінскую духоўную семінарыю ў Вінніпезе, стаў пастырам новай парафіі, а пасля першым ерархам Беларускай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у Паўночнай Амерыцы.

Тут, у беларускім доме, пазнаёміўся з Марыяй Кулеш з вёскі Шчокаўшчына, што на Вілейшчыне, якая таксама эмігравала ў Канаду, і Мікола Ганько. Яна, як і ён, была з сялянскай праваслаўнай сям'і, што трывала трымалася на беларускіх нацыянальных традыцыях. Працавітая, разумная і разважлівая дзяўчына стала для Міколы Ганька не толькі каханай жонкай, але і сапраўдным духоўным апірышчам, дапамагаючы яму ва ўсіх ягоных справах.

Нездарма 15-годдзе іхняга сужонства сябры Згуртавання адзначылі як свята. Былі падарункі, былі шчырыя беларускія песні, ад якіх на вочы наварочваліся слёзы, бо кожны ведаў - дарогі на радзіму няма, яны тут, у Канадзе, сабраныя ў беларускай залі, і ёсць радзіма... Была і паэзія -добрая, шчырая, напісаная Кастусём Акулам, якога за прафесіянала радзіма прызнала толькі ў пачатку наступнага стагоддзя, калі Саюз беларускіх пісьменнікаў прыняў яго сваім ганаровым сябрам. Акула прысвяціў ім, маладым яшчэ, поўным сіл і энтузіязма, верш, назваўшы яго вельмі трапна -"Сейбіты":

Калі ў чырвеньскі вечар
Зязюля вам гады лічыла,
А вы цешыліся кожным "ку-ку!"
І крычэлі: "Яшчэ раз! Яшчэ раз!"
Ці думалі вы тады,
Дзе накукаваныя гады
Пражываць будзеце? 

Калі хадзілі вы па родных гонях
За плугам ці па ягады
Забаўляліся з малечай ў пікара
Ці песьняй пры калаўроце
Насаложваліся,
Ці не варажылі вы тады
Пра шчасце?
І дзе яно,
І якое яно,
І калі - нарэшце
Да вас загляне...

Калі на ніве добра апрацаванай
Асачылі вы сейбіта, --
Павольнага, памяркоўнага,
Натхнёна-працавітага, --
Ці гадалі тады,
Што некалі й самім давядзецца
Сейбітамі добрага і адвечнага
Крочыць... на чужыне?
І што на чужыне
Зярняты роднага прарасьці
Могуць,
А праросшы,
Успамагаць зьняможаную,
Зьняволеную Матку...

Пад вершам стаіць дата - 2 кастрычніка 1976 году, і Марыя Ганько ўспамінае гэты дзень з пачуццём радасці, што гэта- кветкі, віншаванні, сугучча душаў і думак, надзея на лепшае - БЫЛО, і адначасна з пачуццём незваротнасці Часу, які няспынна бяжыць наперад, не даючы нікому з жывых зазірнуць у будучае...

У тым будучым былі заўчасныя смерці сяброў, маладых хлопцаў, чые сэрцы не магла змірыцца з тым, што ніколі ўжо не пабачаць любую Бацькаўшчыну, сваіх бацькоў і дарагія мясціны дзяцінства, былі непаразуменні паміж аднадумцамі (асабліва гэта тычыцца разнагалоссяў паміж прыхільнікамі БНР і БЦР, што забралі шмат энергіі і здароўя), суперніцтва паміж ерархамі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ). Ды і проста людзі ёсць людзі. Асабліва ж калі паміж імі наўмысна сеюцца розныя чуткі, падаграецца недавер. Кім? Яны добра ведалі - кім, таму і праз гады насцярожана ставіліся да чужынцаў, якія спрабавалі ўцерціся ў арганізацыю і разваліць яе знутры. Бо эмігранты Канады і ЗША былі актыўнай палітычнай сілай, якая сачыла за ўсім, што робіцца на Бацькаўшчыне, і праз урады сваіх краін даводзіла да ведама факты парушэнняў правоў чалавека ў савецкай Беларусі, асабліва ж права на родную мову і культуру. Яны, якія жылі ў свабодным свеце, добра разумелі, што калі не будзе роднай мовы, значыць, згіне народ, ператворыцца ў прыдатак чужой дзяржавы і будзе адстойваць не свае ўласныя, а чужыя, часта варожыя для яго самога інтарэсы. Няспынныя клопаты эміграцыі , яе выступленні супраць шалёнай русіфікацыі на Беларусі давалі пэўныя вынікі: нават у часы, калі Мікіта Хрушчоў прадракаў, што Беларусь стане першай краінай "па-сапраўднаму савецкіх людзей", якія будуць гаварыць на адной, савецкай (г. зн. рускай) мове, у Беларусі не зачыніліся ўсе беларускія школы, не ўсё было выпалена і знішчана. Пазней якраз гэтыя ацалелыя парасткі і далі сілу і моц нацыянальнаму руху, які асабліва яскрава абазначыўся у канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў. Марыя і Мікола Ганькі пабачылі гэтыя парасткі, прыехаўшы ў Мінск на Першы з'езд беларусаў свету пасля многіх гадоў спадзяванняў і надзей.

Яны прыехалі як прадстаўнікі Згуртавання Беларусаў Канады. Гэтая арганізацыя выжыла праз суровыя гады выпрабаванняў, і яны былі , калі можна так сказаць, той закваскай, якая трымала іншых, ядром, якое гуртавала і натхняла беларусаў Канады. Разам з іншымі, такімі ж яркімі і адданымі беларускай справе асобамі - Івонкай і Янкам Сурвілламі, Барысам і Людмілай Рагулямі, Раісай Жук-Грышкевіч, Кастусём Акулам, Міхасём Мацукевічам (пазней першаерархам БАПЦ Уладыкам Мікалаем), Валянцінай Пашкевіч, Вольгай Грыцук, большасць з якіх аддалі грамадскай працы больш за пяцьдзесят гадоў жыцця, яны пабачылі, што Беларусь жыве. Гэта быў час вялікіх спадзяванняў і надзей, а таксама шкадавання, што многія з паплечнікаў і сяброў - такіх, як Аляксей Грыцук, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Валер Навіцкі (Валянцін Новік), Лявон Карыба, Мікола Шуст і іншыя, не дажылі да спраўджвання сваёй мары - абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

На гэтыя гады прыпадае большая частка публіцыстычнай спадчыны Міколы Ганька. Так, мы можам казаць пра ягоную публіцыстыку як пра з'яву ў літаратурна-мастацкім жыцці беларускай Канады.

Увогуле, гэтая тэма - літаратурна-мастацкае жыццё беларускай Канады - яшчэ чакае сваіх даследчыкаў. На сённяшні дзень якраз у Канадзе мы можам назіраць фенаменальную з'яву - жаночую плынь літаратуры і публіцыстыкі. Найперш варта ўзгадаць кнігу Раісы Жук-Грышкевіч , гэтага нястомнага летапісца і палымянай патрыёткі : "Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча"(1993 год). Дантыст па адукацыі, яна добра разумела сілу друкаванага Слова і зафіксавала мноства фактаў і падзей пасляваеннага жыцця беларускай эміграцыі. Праз шмат гадоў выдалі ўспаміны пра сваіх мужоў - зачынальнікаў ЗБК - Міколу Ганька і Аляксея Грыцука іхнія жонкі і адначасна самі грамадскія дзяячкі Марыя Ганько і Вольга Грыцук. Нядаўна пабачыла свет кніга ўспамінаў старшыні БНР Івонкі Сурвіллы, другую кнігу прозы і перакладаў выдала Ірына Варабей, а Зінаіда Гімпелевіч, пасля даследчыцкай працы пра Васіля Быкава на ангельскай мове, рыхтуе свой чарговы твор. Паказала сябе як таленавітая даследчыца і Марыя Паўліна Сурвілла з яе працай аб музычнай культуры беларусаў.

Што тычыць літаратуры мінулых дзесяцігоддзяў, то найперш узгадваецца творчасць Кастуся Акулы з яго фундаментальнай трылогіяй, кніга прафесара Янкі Садоўскага "Гісторыя беларусаў у Канадзе", а таксама творы Барыса Рагулі, які напісаў пра беларускае студэнцтва ў Лювэне.

Але вернемся да публіцыстыкі Міколы Ганька.

Ягоныя артыкулы розных гадоў даюць шырокую панараму беларускага жыцця ў Канадзе пачынаючы ад першых крокаў маладых беларусаў, якія пасля Другой сусветнай вайны і вяртання бальшавіцкай улады на Беларусь прыехалі сюды па кантрактах і шукаюць магчымасці знайсці аднадумцаў, і да асэнсавання новай хвалі эмігрантаў, што хочуць будаваць сваю будучыню ў свабоднай краіне.

Напісаныя жывой, яркай мовай, па гарачых слядах тых ці іншых падзей, артыкулы гэтыя, упершыню сабраныя разам у кнізе "Каб сьведчылі пра Беларусь", і сёння чытаюцца з цікавасцю і тым хваляваннем, якое адчуваў сам Мікола Ганько. Узгадайма артыкул пра пахаванне Янкі Сурвіллы - знанага беларускага дзеяча і заснавальніка беларускай радыёстанцыі ў Мадрыдзе, якога хавалі 7 чэрвеня 1997 году у Гул - французкай частцы Атавы. Бачыш гэты яскравы сонечны дзень, "больш прыгодны на летнік, чымся на паховіны", дамавіну перад алтаром касцёла, бел-чырвона -белы сцяг і кветкі, кветкі, а таксама людзей, што прыйшлі праводзіць у апошні шлях свайго сябра і калегу. З тым жа болем узгадвае Мікола Ганько і другога свайго аднадумца і сябра - Алеся Грыцука, з якім яшчэ ў Аўстрыі ствараў першую беларускую газету.

Роздумам пра тое "Хто мы ёсьць і кім мы будзем?" адметны артыкул пад аднайменнай назвай. Увогуле, М. Ганько паказвае сябе як аналітык, які з мудрай сялянскай дасціпнасцю апісвае людзей і праблемы, з якімі сутыкаецца ў сваёй дзейнасці старшыні Згуртавання Беларусаў у Канадзе. Таксама ён піша як шматгадовы старшыня парафіі імя св. К. Тураўскага, які рабіў даклады на розныя тэмы беларускага нацыянальнага жыцця, пра што сведчаць назвы артыкулаў: "Наш шлях да дзяржаўнасці", "Грамадскі боль", "На дзень памяці сьв. Кірылы Тураўскага", "Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква" і іншыя.

Да яго не аднойчы звярталіся людзі па тую ці іншую параду, і ён заўсёды ўнікаў у справу і як мог дапамагаў. Сп. І. Сурвілла ўзгадвае, як па першым часе яе абрання М. Ганько, тады ўжо смяротна хворы, хаця і не ведаў пра гэта, аказваў ёй духовую падтрымку і як важна гэта было для яе. Ён жа ўзяўся даставіць у Беларусь лекі для чарнобыльскіх дзяцей, арганізацыяй якіх займаўся фонд, створаны з актыўным удзелам І. Сурвіллы, і апісаў гэта ў дзённіку свайго падарожжа. Мы не можам ведаць, колькі дзіцячых жыццяў было выратавана дзякуючы гэтым дарагім і такім дэфіцытным для Беларусі як тады, так і цяпер лекам, але што яны сыгралі важную ролю для сотняў, а можа і тысячаў нашых дзетак, можам казаць з упэўненасцю - пра гэта сведчаць многія лісты падзякі.

... Паміраў ён тады, калі эйфарыя ад абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці стала значна памяншацца, бо аднавіўся наступ на ўсё беларускае, а дзяржава стала пераследаваць беларускіх патрыётаў. Час ад часу выходзячы са шпіталю, Мікола Ганько піша прывітанне ХХІІІ сустрэчу беларусаў Паўночнай амерыкі, дзе ёсць такія словы: " Сяння над Беларусьсю павісла цёмная хмара прывіду 1937 году". Таксама ён падрыхтаваў і адправіў ад імя ЗБК ліст да амбасадара Рэспублікі беларусь у Амэрыцы М. Хвастова, дзе выказвае абурэнне з нагоды таго, што газеце "Наша Ніва" было вынесена папярэджанне за тое, што газета ўжывае правапіс, з якім не пагаджаюцца сённяшнія ўлады. Вось ягоныя словы: " Правапіс і граматыка, якія ўжываюць газеты, школы, пісьменства і "усе" установы ў Рэспубліцы Беларусь, ёсьць плёнам палітыкі генацыду беларускага народу, што якраз пачынаўся ў 1930-х гг., калі быў выдадзены дэкрэт наркамату БССР ў справе замены беларускай граматыкі й правапісу "эрзацам" беларускай мовы, і дасягнуў вышыні ў 1937-1940 гг."

Магчыма, якраз гэты пратэст, разам з іншымі, спыніў на той час, ажно да мінулага году, наступ на беларускі правапіс "Нашай Нівы" і іншых нешматлікіх нацыянальных выданняў. Можа, нам сёння не хапае такіх пратэстаў і такой адданасці беларускай нацыянальнай справе, якой гарэла сэрца палымянага патрыёта Міколы Ганька...

Дзесяць гадоў прайшло з дня ягонай смерці - а ягоныя словы жывуць, турбуюць, стукаюцца ў нашыя сэрцы.

Вольга Іпатава 

P.S. Марыя Ганько ў гонар памяці свайго мужа заснавала штогадовую літаратурную прэмію імя Міколы Ганька. Імя пераможцы будзе неўзабаве аб'яўлена.

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 697
mod_vvisit_counter Учора 2936
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 15452
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 10783