Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ТВОРЫ arrow Пісьменнік і час arrow Менскі альбом. Навелы.

Менскі альбом. Навелы. Друк E-mail
17.04.2015 | 00:47 |
Уладзімір СцяпанУладзімір СЦЯПАН

Рэрых і Ліўшыц

Любое сховішча з карцінамі мае пэўныя памеры.

Надыходзіць час, і старыя палотны павінны саступіць сваё месца новым. Так было і так будзе. Мне даводзілася запісваць палотны з фонду кафедры станковага жывапісу БДТМІ. Даводзілася замалёўваць палотны сваіх выкладчыкаў-настаўнікаў, калі яны былі яшчэ студэнтамі. Пісаў і паверх сваіх уласных старых палотнаў...

Мой выкладчык жывапісу - Хаім Майсеевіч Ліўшыц, расказаў пра свае гады вучобы ў Ленінградскай акадэміі мастацтваў. Пра суворыя і жорсткія трыццатыя гады. Палотнаў не хапала, грашовых сродкаў не было, каб набыць чыстае льняное палатно. Паперы добрай - не знайсці... Студэнтам выдалі старыя карціны навучэнцаў яшчэ той - Імператарскай акадэміі. Выдалі са сховішчаў і тры вялізныя карціны Мікалая Рэрыха. Студэнты разрэзалі іх на кавалкі. Паабцягвалі свае падрамнікі і пазамалёўвалі.

Я тут палітыкі не бачу.

Сумна? Несправядліва? Можа і так. Але жыццё рухаецца па сваіх законах. Некаму, гадоў праз дваццаць, выдалі са сховішчаў і палотны Хаіма Ліўшыца. Нехта замаляваў іх... Адкуль апантанаму студэнту пяцідзесятых-шасцідзесятых гадоў было ведаць, што ён весела квэцае фарбай па палатне Мікалая Рэрыха.

Менск-Віцебск-Парыж...

Калі табе дзевятнаццаць, то выкладчыка, якому шэсцьдзесят пяць, успрымаеш неверагодна старым. У 1977 годдзе, столькі і было майму інстытуцкаму настаўніку жывапісу і кампазіцыі - Хаіму Майсеевічу Ліўшыцу. Гэта яго пераняў на параднай лесвіцы пры вялізным акне Глобус і паказаў невялікага памеру фотаздымак, кепскай якасці. На той картачцы быў сфатаграфаваны сам Глобус, які праходзіць па местачковай вуліцы ля аднапавярховага цаглянага дамка.

Я стаяў праваруч і маўчаў. Хаім Майсеевіч уздзеў акуляры з тоўстымі шкельцамі, адставіў здымак на даўжыню рукі.

- Што гэта, Хаім Майсеевіч? - спытаў мой сябар у майго выкладчыка.

- Дзе?

- На здымку?

- Чалавек ідзе па вуліцы.

- А што гэта за дом? - тыцнуў пальцам у картачку Глобус.

- Ну, дом, і што? Аднапавярховы.

- Хаім Майсеевіч, гэта ж дом Шагала, - сказаў я расчаравана.

Ліўшыц паглядзеў спачатку на мяне, потым на майго сябра, потым на здымак, потым падышоў да акна бліжэй. Раптам з яго тварам нешта зрабілася.

Я не магу гэта апісаць дакладна. Трэба доўга і старанна падбіраць словы. Карацей, Хаім Майсеевіч на вачах памаладзеў. Таргануўся. На паўгалавы зрабіўся вышэйшы, акуляры зляцелі з носа і павіслі на шнурку.

- І вы што думаеце, што я не знаю, што гэта дом Шагала? Думаеце так?.. Мой дом, наш дом, мы жылі праз два ад гэтага. Вось тут. - Кароткі ўказальны палец зрабіў пятлю і завіс у паветры, быццам да сцяны дакрануўся.

Семдзесят сёмы год. Менск. Пра Шагала ўголас лепей было не гаварыць. Вучылі сацыялістычнаму рэалізму, навуковаму камунізму і гісторыі партыі... Парыж здаваўся недасягальным.

Мы з Глобусам ішлі па праспекце і гаварылі пра Парыж. Пра Шагала

і Пікасо, пра Жоржа Брака і Фернана Лежэ. Мы гаварылі пра выдатных мастакоў. Купілі ў гастраноме партвейна і напіліся. Але і п'яныя працягвалі гаварыць пра карціны і Парыж. Большасць інстытуцкіх выклачыкаў «прафукалі» свой талент на партрэты перадавікоў, брыгадзіраў, калгасніц і калгаснікаў, партызан і чырвонаармейцаў... І калі яны бачылі, што нехта збіраецца пайсці не іхнім шляхам, то раздражняліся.

Яны, як тапельцы, хапалі за рукі жывых і цягнулі на дно. Мы пачыналі вучыцца падманваць настаўнікаў, уладу, пачалі вучыцца выжываць.

Мы не баяліся будучыні.

Праз пару месяцаў я сядзеў у майстэрні і маляваў. Прыйшоў Ліўшыц. Час быў позні, нават вячэрні, малюнак скончыўся. Я маляваў Менск. Маляваў, як Парыж... Маляваў тэлевежу і хацеў, каб яна была падобная да Эйфелевай. Хаім Майсеевіч сеў на табурэтку. Доўга разглядаў мае эскізы і накіды. Потым закрыў твар рукамі. Потым мне падалося, што ён заплача. Потым, калі адыме далоні ад твару, то яго рот стане крывіцца, а вочы мружыцца, як ад сляпучага святла...

«Яны вас, Уладзімір... Я ж Паўла Філонава ведаў, чулі пра яго? Бедны чалавек. І Шагала бачыў. Ён з'ехаў назаўсёды. Калі б не з'ехаў, то і... Паслухайце мяне, я вам дабра жадаю, не піце столькі віна, не трэба. Я ў Ленінградзе напіўся ў трыццаць трэцім - ледзь не памёр... Віно добрае было, старое, сапраўднае... Не паказвайце гэта нікому. Сабе малюйце, а іншым не паказвайце. Можа потым, калі-небудзь... І сябру свайму скажыце... І я быў левы, такі левы, ну такі... Бачыў эцюд Веласкеса, той, з Эрмітажа, які прадалі амерыканцам. Яны шмат прадалі. Лепшае прадалі. Я ўсе тыя карціны бачыў. На свае вочы, як вашы... А Шагал, што Шагал... Рэмбрант ёсць. «Начная варта» - самая лепшая карціна ў свеце... Эх, стары я... Эх, я столькі бачыў усяго. Не піце столькі, я вас вельмі прашу». Хаім Майсеевіч Ліўшыц пайшоў.

Ён выглядаў прыгнечаным і спалоханым. Я зірнуў на яго плечы, на патыліцу і пачаў збіраць з падлогі малюнкі. Яго спіна - была спінай палоннага...

На наступны дзень ён прыйшоў на заняткі. Ён быў звычайны. Сціплы, ветлівы і крышку абыякавы. Больш з такой шчырасцю ён са мной не гаварыў.

Ліўшыц памёр у Амерыцы, куды з'ехаў на самым пачатку дзевяностых да сына.

Не ведаю, ці захаваліся яго ўспаміны пра дваццатыя-трыццатыя гады, калі ён вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, а потым у Ленінградскай Акадэміі мастацтваў...

Я маляваў тэлевежу, старыя кварталы Верхняга горада, Траецкае, мост праз Свіслач, касцёл і царкву...

Пачыналі будаваць гандлёвы цэнтр «Няміга» і дом Мусінскага...

У цагляным і абшарпаным двухпавярховым дамку на вуліцы Астроўскага мастакі ладзілі выставу. Мікола Паўлоўскі выношваў план уцёкаў у Парыж.

У вялікім і брудным пакоі, дзе боўталіся дзве яркія лямпачкі, а ўсе вокны закрывалі планшэты і зацягвалі посцілкамі, ён расcтаўляў на падлозе свае палотны, расфарбаваныя аэрографам. Ён хадзіў сярод іх у брудным сацінавым халаце,

у спартовых штанах з адвіслымі каленямі і кедах на босыя ногі. Рукавы халата былі закасаныя вышэй локцяў... Яго чорна-зялёна-цытронавыя карціны на тэмы космасу мяне не хвалявалі зусім. Яны здаваліся нежывымі, як фотаздымкі.

Паўлоўскі застаўся для мяне там - у семдзесят сёмым, у паўразбураным дамку. У прыціснутым начным небам цёмным квартальчыку Верхняга горада.

Я маляваў Менск, як Парыж.

Дзённы сеанс. «Змена

1974 год. Пачатак красавіка.

Ёсць у Менску месцы, якія я ненавіджу. Люта ненавіджу, як па мне, то лепш бы іх не было... Але яны ёсць.

І цяпер кінатэатар «Змена»падаецца месцам далёкім, як не ў Менску.

Не памятаю, які там круцілі фільм, але, відаць, вельмі цікавы, што мы з Глобусам, вырашылі паглядзець. Доўга калаціліся ў трамваі нумар тры. Даехалі. Гаварылі пра сваё: пра мастацтва і карціны, пра настаўнікаў і аднакурсніц, пра алейны жывапіс і будучыню. Перад гэтым пабылі на Камароўцы, памалявалі вясковых цётак у клятчастых хустках і мужыкоў у ватоўках... Падзівіліся на агромністыя гарбузы, на свінячыя галовы з заплюшчанымі вачамі і крыўдліва падціснутымі пашчамі, на рэбры свінячыя ружова-бэзавыя... Паелі пончыкаў з павідлам па пяць капеек... Хацелі патрапіць у вучэльню, у сваю майстэрню, але злосная вахцёрка дзверы не адчыніла - нядзеля.

Які ж там ішоў фільм? Як і тады, так і цяпер, праз трыццаць пяць гадоў, мне гэта не дае спакою. Бывае, што адной дэталі і не хапае, каб успамін выглядаў пераканаўча. Менск быў шэры, расплывісты, як малюнак тушшу на абгортачнай вогкай паперы. Ну, ведаеце, калі туш расплываецца і лінія губляе дакладнасць. Пакамечаным, як тая абгортачная папера, выглядаў красавіцкі Менск. І мы з Глобусам былі абгорнутыя той паперай. Перайшлі рэйкі, павярнулі за рог, прайшлі побач з тэлефоннымі будкамі. Шкло павыбіванае, а самі тэлефонныя апараты на дзве капейкі выглядалі калекамі, знявечанымі

і непатрэбнымі. Касы кінатэатра зачыненыя - сеанс адмянілі...

Кіно не прадбачылася. Мы пахадзілі побач, падзівіліся і вырашылі па-спрабаваць вярнуцца ў вучэльню, каб памаляваць у цёплай майстэрні цукрова-снежныя гіпсы. Можа, нарэшце, хоць там пашанцуе?

Але кіно нас чакала.

Сапраўднае, рэальнае, жывое, а не на чыстай прасціне экрана. Кіно мусіла адбыцца тут. На шэрай мокрай вуліцы, на бруднай пакамечанай абгортачнай паперы, на шурпатым асфальце. Спачатку з'явіліся два падшыванцы гадоў па трынаццаць - дробныя і мітуслівыя. Яны папрасілі капеек. Мы не далі. Пераглянуліся з Глобусам, плячыма перасмыкнулі, хацелі да прыпынку рушыць. Тут падышлі трое юнакоў нашых гадоў. Мясцовыя і нахабныя, з цыгарэтамі. Па іх разуменні - мы пакрыўдзілі меншых сяброў. Да прыпынку - метраў сто. Але для гэтага трэба павярнуць за рог. Не, мы не спалохаліся. Удвух можна супраць трох. Лёгка. Меншыя падшыванцы некуды зніклі. Слова за слова, і бойка пачалася...

Глобус выхапіў нож.

Яго сцізорык ляжаў у кішэні. Лоўкі - нагойстраны як брытва. У мокра-хрыпатым гомане і крыках - нашых-іхніх, нож бліснуў кароткім лязом суха і колка. Мясцовыя адхінуліся, адскочылі, спалохаліся, бо не чакалі такога сцэнарыя... Помню вочы іхнія і твары, якія згубілі афарбоўку, імгненна спалатнелі...

Нож - гэта не жарт. Гэта моцны жэст. Глобус хутка секануў паветра. «Нож...» - здзіўлена прашаптаў адзін з мясцовых і азірнуўся. З-за рога дома выбегла трое меншых і пара дарослых дваццацігадовых хлопцаў. У аднаго на шыі матляўся шалік колеру варанай морквы.

Глобус адступіў на крок, хутка склаў нож, закінуў у кішэнь. Тут і пачалася сапраўдная бойка... Тупая і бяздарная. З крыкам, лаянкай... Вулічная.

Мяне павалілі першым. Пачалі «мясіць». Калі я здолеў вырвацца і падхапіцца на ногі, то Глобус ляжаў, а яго білі. Я ўчапіўся ў шалік, колеру варанай морквы, і пачаў адцягваць хлопца. Ён захроп, заторгаўся, але Глобуса біць кінуў. Мяне павалілі на спіну і зноў пачалі біць нагамі.

«Нож!» - у гэтага нож... Апошняе, што я пачуў...

Глобус размазваў па твары яркую кроў. Мы цягнуліся да прыпынку...

І тут зноў з'явіліся падшыванцы. Мы пабеглі. Уваліліся ў трамвай. Брудныя і ў крыві. Глобус закрываў твар рукамі, а кроў выцякала між пальцаў...

На другі дзень, у інтэрнаце архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, дзе я тады жыў, мне зробіцца млосна. Знаёмы студэнт-в'етнамец абмажа мае жоўта-бэзавыя бакі смярдзючай маззю з металічнай пушачкі. Я буду моршчыцца ад болю і дзівіцца на фотакартачкі ў пакоі в'етнамцаў. Ён, мой лекар, стаіць з аўтаматам пад дрэвам. На галаве саламяны капялюш...

Мае сінякі праз тыдзень сыдуць, а рэбры перастануць балець.

Глобусу застанецца зламаны нос...

У маёй сумцы ляжаў скальпель. У кішэні балоневай курткі Глобуса - ножык з блакітнымі тронкамі. Усё магло скласціся інакш. Зусім кепска.

Гнюснае месца - кінатэатр «Змена». Ненавіджу... Здаецца, там жылі Сяргей Шупа і Альгерд Бахарэвіч.

P. S. А кіно называлася - «Франсіска Гоя, ці Цяжкі шлях пазнання».

Нафталінавыя цукеркі

У той вечар ішоў снег. Нават, не ішоў, а валіў.

Вішня ў бэзавым змроку, залаты ліхтар...

Дрэўца так абляпіў снег, што яно выдае несапраўдным - казачным, падобным да дэкарацыі лялечнага мультфільма. Вішня і ліхтар за акном, а я за сталом. Падпёр галаву кулаком і гляджу ў бэзавы змрок. Вось, нарэшце, адна з галінак не вытрымлівае цяжару і выпростваецца, скідае снег. А потым ізноў, на вачах, пачынае павольна згінацца.

Гаспадыня, у якой мы здымаем маленькі пакойчык, такі вузкі, што дваім цяжка разысціся, трындзіць і трындзіць. Яна напілася нашай дармавой кавы, сыпала духмяны карычневы парашок - не шкадавала, а цяпер пакутуе. Сэрца калоціцца, твар - чырвонымі плямамі, на лбе - кропелькі поту. Ёй не падабаецца снег, зіма, доўгі вечар, кватарант Жэнька, які яшчэ не вярнуўся з інстытута. Калі б не было мяне ці Генуся, то кепскімі былі б мы, а не Жэнька. Кепскі заўсёды той - каго зараз няма.

- Ну, хто мне скажа, дзе пархатага носіць? - гучна так прамаўляе гаспадыня і папраўляе пад бокам вялізную падушку.

Яна сядзіць на высокім ложку, абкладзеная падушкамі, і глядзіць, сочыць за кожным нашым рухам.

- Прыйдзе, - адказвае Генусь і працягвае крэмзаць алоўкам па старонцы альбома.

- Відаць, па дзеўках бегае... Прыцягне паскуднік яшчэ брыдоту якую. Заразы рознай хапае на свеце. Мала іх немцы душылі.

- Заняткі ў яго да дзевяці, пакуль збярэцца, даедзе, якія дзеўкі. - Пярэчыць Генусь, якога задзяўбло слухаць старую.

- Снег прымушу зграбаць, як толькі прывалачэцца... А ў пятніцу вы-праўлю ў лазню, каб свае пархі памыў.

Я не ведаю, што такое пархі, але не перапытваю - сабе даражэй. Спытай толькі, дык потым гадзіну гаварыць давядзецца.

Сяджу за сталом і гляджу ў бэзавы вечар. Ні чытаць, ні маляваць не хочацца - баляць вочы. Хочацца спаць, але пакуль не прыйдзе трэці кватарант, гаспадыня заснуць не дасць, праверана.

Апранаюся і выходжу, каб прынесці вядро вугалю з дрывотні. Дзверы адсоўваюць снег, праразаюць на ганку паўкола. Мне падабаецца гэты дворык, засыпаны снегам. Падабаецца цішыня. Прыватны дом знаходзіцца амаль у цэнтры горада, а адчуванне такое, што горад далёка-далёка, вакол засыпаныя, пахаваныя пад снегам аднапавярховыя дамы...

Жэнька, нарэшце, прыйшоў. Моўчкі выслухоўвае праклёны на сябе і на тое племя, да якога належыць, круціць пальцам каля скроні, каб гаспадыня не бачыла, паціскае плячыма, грэбліва крывіць рот, вячэрае цёплым малаком з батонам, і кладзецца побач з грубкай.

Мы з Генусем спім на вузкім тапчане. Ён такі вузкі, што спаць удвух можна толькі бокам, а калі паварочвацца, то разам. У нас дамоўленасць - пад коўдрай пра дзевак не гаварыць. Забароненая тэма.

Каб не гаспадыня, якой за семдзесят, я б заснуў адразу. Яна выспіцца ўдзень, калі нас няма, а потым і сама не спіць, і нам не дае, прымушае слухаць байкі пра маладосць і мінулае. Ці пра хваробы разважаць возьмецца. Якая лепш, ад якой добра памерці, а ад якой адны пакуты і смерць паганая, нялюдская, і няхай ад такіх іншыя загінаюцца. У семнаццаць гадоў слухаць пра такое невыносна і нецікава, але ж даводзіцца.

- А чыстыя якія тыя немцы былі... І паголеныя, і пастрыжаныя, і духмяныя... Не тое, што наш Жэнька. Чуеш, што кажу? З мылам мыліся, а не так, як ты - бруд адно па скуры размазваеш...

Снег працягвае падаць. Па шпалерах ляцяць цені, слізгацяць, як лісце.

- Жэнька, ці чуеш мяне?

- Ага.

- Мала вас немцы душылі, кажу... Каб не я, ой, што б тады і было, - брыдка-саладжавым голасам цягне словы гаспадыня... - Жах!

- Ну, і што б тады было? - злосна з кухні перапытвае Жэнька.

- Я адна, мусіць, дзесяткі з два жыдкоў ад вернай смерці ўратавала...

Гаспадыня чакае або пытанняў, або пярэчанняў, а іх няма.

Кватарант прыкідваецца, што заснуў.

- Магла б і болей, а ты мне хлеба прынесці не хочаш?.. Эх, няўдзячны ты, Жэнька... Мяне немцы на брычцы вазілі і на легкавіку каталася, лётала па Менску, як тая фрау. Шакаладам частавалі, чуеш? Я ў тое вашае гета лекі насіла.

І хлеб, і сала... У мяне там сяброўка была. Галя Коган - чарнявенькая такая, маленькая. Застрэлілі яе, відаць, фашысты. Не верыш, заўтра картачку знайду, пакажу табе Галю. Яны ў самым канцы завулка жылі, у цагляным доме.

- Калі яна засне? - шэпча ў плячо Генусь.

- Заўтра раніцай, каб снег прыбралі. Пакуль не прыбярэш, Жэнька, на працу не пойдзеш. А калі не жадаеш - ідзі шукай кватэру, Але дзе ж ты, пархаты, такую танную знойдзеш? Амаль задарма жывеш у цяпле...

- Добра, добра... Я спаць хачу... Я сплю...

- Спі, а хто табе не дае.

Падае снег. Усё ў галаве пачынае блытацца, перамешвацца.

Вішня, немцы на легкавіку, сабакі, зноў немцы, ваеннапалонныя, карціны, няскончаныя малюнкі, фотаздымкі, снег, за мной бягуць немцы і страляюць, брэшуць сабакі, я падаю і спаўзаю з высокага адхону ў траву, прыкідваюся забітым, здзіраю больку пад сэрцам, кашу вокам на плямку крыві, якая расплываецца на кашулі, і здзіўляюся, што крыві так мала, могуць не паверыць, могуць здагадацца, што я жывы, палохаюся... Вой! Памажыце ж, памажыце! Вой, паміраю, Жэнька, дзе ты? Вады, вады!

Не адразу разумею, хто просіць ратунку, хто крычыць, каму дапамагаць, я ж мушу ляжаць нерухома. Упэўнены, што крыкі - у маім сне, бо там - вайнушка...

А крычыць наша старая гаспадыня. Крычыць і стогне, кліча нас на дапамогу. Падхопліваемся, грукаем у сцяну, за якой жывуць нявестка гаспадыні і яе ўнукі. У іх ёсць тэлефон. Я апранаюся і выходжу сустракаць «хуткую». Ідзе снег. Нават не ідзе, а валіць. Стаю ў двары, на снезе толькі мае сляды. Прыходзіць унук гаспадыні, просіць цыгарэту. Чакаем разам, палім і маўчым.

Машына з чырвоным крыжам прыязджае праз паўгадзіны. Немалады доктар, халат паверх паліто, вітаецца з нашай гаспадыняй - ён ведае ўсе яе хваробы. Мерае ціск, а потым спрактыкавана робіць укол.

Жэнька прыбірае снег, выцірае на падлозе калюгі, возіць па масніцах анучай. Гаспадыня сядзіць на сваім высокім ложку, прыціскае да грудзей падушку.

- Ці ж гэта дактары? Вось у немцаў былі дактары. Жэнька, і тут, і там прыбяры, толькі бруду нанеслі. Жэнька, і судно маё далёка пад ложак не запіхвай. Спіце, што сядзець, не памру я сёння.

Раніцой на заняткі ў мастацкую вучэльню я не пайшоў. Вольна спаў га-дзін да дзесяці на вузкім тапчане, а потым выйшаў у двор і пачаў маляваць снег... Гаспадыня пазірала на мяне з акна, потым выкараскалася на чыста падмецены ганак, доўга стаяла і, як мне падалося, усміхалася.

- А мой сын таксама мастаком быў... Эх, шкада - няма яго... Змерз? Ідзі ў дом, я вады нагрэла, кавы пап'ём, а то захварэеш, хто лячыць будзе. Я толькі аборты рабіць добра ўмею.

Ногі мокрыя. Рукі замерзлі. Эцюд атрымаўся.

- А майго сына як і цябе звалі... - кажа гаспадыня і размешвае ў вялікім кубку распушчальную каву.

На стале, побач з маім кубкам - дзве цукеркі. Разгортваю фольгу, кусаю ссівелы цвёрды шакалад. У роце прысмак нафталіна.

І вішню я намаляваў...

І чорны плот, і брамку сінюю,

І цішыню...

Гаспадыня аблізала лыжачку і паклала на цырату.

Жэньку наша гаспадыня здолее прапісаць у сваім доме. Калі праз пяць гадоў дом знясуць - ён атрымае кватэру на вуліцы Куйбышава, непадалёк ад Камароўкі, лічы - ў цэнтры.

Ядзя ела яблык

Мастак і мадэль - вечная песня. Ёй тысячы гадоў.

Я пазнаў Ядзю імгненна. Глянуў і пазнаў. Хоць яна і апранутая, і хустка на галаве стракатая, але пазнаў. Маляваць - не фатаграфаваць. Жанчына стаяла скульптурна: абапіралася на левую нагу, правая крыху адстаўлена ўбок, корпус і галава павернутыя. Звычайная пастава для натуршчыцы.

Мяне яшчэ і на свеце не было, а Ядзя сядзела, ляжала, стаяла на шэрым дыктавым подыуме, на тле рознакаляровых драпіровак. З гіпсавай амфарай, з жаўтлявым чэрапам быка, побач з букетамі штучных кветак... Яе вялікае аголенае цела свяцілася і зіхцела.

І была яна маўклівая і засяроджаная...

Не ведаю, а ці ёсць сярод мастакоў, скульптараў, графікаў і манументалістаў, якія вучыліся ў апошнія гадоў пяцьдзесят, хоць адзін, які не маляваў Ядзю. Мусіць - няма... І мне пашчасціла маляваць яе і пісаць разоў пяць. І мае настаў-нікі інстытуцкія, калі былі студэнтамі, таксама малявалі, пісалі, ляпілі з гліны

і з пластыліну гэтую жанчыну. У 1955-м яна прыйшла ў інстытут, трохі падзарабіць. Думала часова, а засталася на ўсё жыццё. Зрабілася прафесійнай натуршчыцай. Не была яна прыгажуняй у сённяшнім разуменні. Звычайная жанчына.

Я маляваў Ядзю ў вучэльні, потым некалькі разоў, але падоўгу, у інстытуце.

...Цэлюліт, варыкоз, валасы рэдкія, сівыя, спіна крышку сагнулася, твар у зморшчынках, блакітныя жылкі праглядаюць праз белую незагарэлую скуру, але я гэтаму мала надаваў увагі. Дэфармаванае часам і жыццём, цела робіцца выразным, яго лягчэй маляваць...

Гадоў восем таму...

Так, у новым тысячагоддзі сустрэў яе на аўтобусным прыпынку, на вуліцы Сурганава, побач з акадэміяй, побач з Домам друку, побач з уваходам у інтэрнат... Не магу прызвычаіцца да назвы - акадэмія. Ну, не акадэмія яна для мяне... Запарыце мяне алоўкамі - не акадэмія, а калі і так, то пухавіцкая, як яе абзываў мастак Малішэўскі.

Ядзя ела жоўты яблык. Няспешна, з асалодай, але і асцярожна. Стаяла на прыпынку, як скульптура. Вакол былі людзі. Яны ўсе рухаліся, а Ядзя стаяла.

Ядзя магла паглядзець на малюнак, ці палатно, напісанае студэнтам любога курса, і беспамылкова, як загадчык кафедры, вынесці вердыкт. «Табе паставяць тройку, а табе чацвёрку... А гэты малюнак у фонд забяруць. А табе стыпендыі не дадуць, чуеш?» - спакойна разважала голая натуршчыца. На прыёмных іспытах яна казала маладым мастакам - хто і што атрымае. Па яе позірку можна было здагадацца - стане абітурыент студэнтам, ці не. Натуршчыца ніколі не памылялася. Пра карціны не выказвалася, бо ў кампазіцыі не разумела. Яна была на-дзейная і спакойная. Не спазнялася, магла затрымацца, калі вельмі прасілі.

Нехта мне сказаў, што яна адмовілася пазіраваць апранутай. Пакрыўдзілася і сышла з акадэміі, а пайсці пазіраваць у вучэльню, ці мастацкую школу, гонар не дазваляў.

Яна ела яблык і глядзела на мяне. У твар. Так, як на скончаны малюнак. Тым жа абазнаным позіркам шэрых вачэй. Магчыма, яна маё імя спрабавала згадаць, прозвішча... Яна глядзела так, як тады - у 1980 годдзе мінулага стагоддзя.

Я мог спытаць пра адзнаку... Мог, але... Навошта...

Доўгі зялёны аўтобус павёз старую жанчыну, якая ведала маё мінулае і маю будучыню...

Мастак і мадэль - вечная песня. Ёй тысячы гадоў.

2009
polymja.lim.by
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
Лепшы верш | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Правда ли, что на самом деле Путин - богатейший человек в мире?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | SOS-паралелі


После 17 лет пребывания у власти российский лидер владеет "состоянием в размере 200 млрд долларов, 58 самолетами и вертолетами, а также 20 дворцами и загородными виллами" "Возможно, российский президент Владимир...
Пралегамены да канструявання беларускага нацыяналізму
АДВЕЧНАЕ | Гістарычны матыў


Анатоль Астапенка У кожнай сучаснай дзяржаве кожнынармальны грамадзянін ад пачатку нацыяналіст. Быць нацыяналістам - гэта нармальны стан чалавека. Чалавека без свайго нацыянальнага пачатку на Зямлі проста не існуе. Кожны нараджаецца альбо...
Творчыя арганізацыі патрабуюць перагляду Пастановы №7
АДВЕЧНАЕ | Гістарычны матыў


ГА "БАЖ", РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбаю патлумачыць чаму гэтыя арганізацыі не ўвайшлі ў спіс творчых саюзаў. Разам з тым іншыя...
Литвинизм и Белая Русь
АДВЕЧНАЕ | Даследаванні


Вадим ДЕРУЖИНСКИЙ В российской прессе появилась статья минчанина, кандидата политических наук Николая Малишевского (1977 г.р.) «Литвинство и Белая Русь». Автор в традициях сталинизма лишает Беларусь и беларусов права на свою...
РЕАЛЬНАЯ ДЕЙСТВИТЕЛЬНОСТЬ «ПУТИНЛЭНДА»
ДЗЯРЖАВА І МЫ | SOS-паралелі


На Западе много десятилетий тому назад придумали парк аттракционов под названием «Диснейлэнд». Задумка была оригинальна и проста одновременно: каждый обыватель «западного рая» (при наличии небольшого количества «баксов» в кармане)...
Член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец прапанаваў меры па падтрымцы беларускай мовы
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


У Беларусі неабходна прыняць меры па падтрымцы нацыянальнай мовы для забеспячэння рэальнага раўнапраўя дзяржаўных моў у сітуацыі двухмоўя, зацверджанага Канстытуцыяй. Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі 17 лютага першы намеснік дырэктара...
Удзельнікі акцыі ў Бабруйску выставілі ўльтыматум уладам
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


У Бабруйску 26 лютага на мітынгу супраць дэкрэту № 3, які адбыўся на цэнтральнай плошчы горада, прыняло ўдзел больш за 1000 чалавек. Распачаў мітынг і быў яго вядоўцам сустаршыня Беларускай...
«Круглый стол» с тремя неизвестными. Чапай думу думает
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вопрос о будущем одного человека должен уступить место вопросу о будущем всей страны. Митинг возмущенных «тунеядческим» декретом белорусов завершился мирно, и Александр Лукашенко, улетевший в Сочи, получил возможность спокойно подумать....
Пресловутый «русский мир»
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вадим Деружинский   Уважаемые коллеги! Не смог промолчать, видя, какой дурдом вы тут обсуждаете. Некий господин Костян С. И. называет себя «председателем Белорусского славянского комитета». Поскольку славяне - понятие сугубо...
Алег Трусаў. «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V–XV стагоддзі)»
КНІГІ | Нятленнае


Гісторыя - гэта навука аб развіцці чалавечага грамадства. якая вывучае мінулае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і раз-настайнасці. У сувязі з гэтым гісторыя складаецца з сусветнай (усеагульнай) гісторыі і...
Краснасельскі краязнаўца
АДВЕЧНАЕ | Асоба


Мінае 80 гадоў з дня нараджэння (11.01.1937) Верацілы Міхася, сына Уладзіміра з пасёлка Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне. 40 гадоў прайшло, як я пазнаёміўся з магутным краязнаўцам, дасціпным гумарыстам-фалькларыстам, рэстаўратарам, нумізматыкам,...
если бы Вы стали президентом Беларуси
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вадим Дзеружинский ПОЗИЦИЯ. По поводу вопроса "Главный вопрос к Вам: если бы Вы стали президентом Беларуси, то какие бы вы предприняли действия для процветания этой крайне бедной природными ресурсами...
+ + +
Брама сайта | Галоўная старонка


...
Бунтоўны дух мысляра
Лепшы верш | Водгук, рэцэнзія


Я ведаю паэта Яўгена Гучка ўжо не адзін дзясятак гадоў. Чалавек ён чысцейшага сэрца, высокіх дум і парыванняў, неадступны і пранікнёны патрыёт сваёй роднай зямлі. Эрудыт, мысляр... А ў той...
Гісторыкі патлумачылі расейскаму шавіністу, калі з’явілася беларуская мова
АДВЕЧНАЕ | Даследаванні


Дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Леанід Рашэтнікаў заявіў, што «беларуская мова была створаная пастановай пасяджэньня аргбюро ЦК ВКП(б)». Пры гэтым ён спаслаўся на расейскую газэту «Правда» за 1926 год, паведамляе...
Joomla! Ukraine

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 813
mod_vvisit_counter Учора 836
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 813
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 22770
Каталог TUT.BY