Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Культура arrow Пад бацькоўскiм дахам : З кнігі ўспамінаў малодшага сына Я.Коласа (+ відэа)

Пад бацькоўскiм дахам : З кнігі ўспамінаў малодшага сына Я.Коласа (+ відэа) Друк E-mail
11.09.2012 | 21:49 |
Сустрэча малодшага сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча з віцебскімі студэнтамі, літаратарамі, мясцовай інтэлігенцыяй. 2009 г.Мiхась МIЦКЕВIЧ

Мiнаюць стодваццацьпятыя ўгодкi з дня нараджэння бацькi, мiнула паўстагоддзя, як яго не стала, а зацiкаўленасць да яго асобы, да яго творчасцi доўжыцца. І гэта нягледзячы на сотнi i сотнi публiкацый, на абарону звыш дваццацi дысертацый па яго спадчыне. А колькі шчырых, сардэчных успамiнаў аб iм як настаўнiку, пiсьменнiку, чалавеку пакiнулi яго ўдзячныя вучнi, паплечнiкi! 

Лiтаратуразнацы вызначаюць яго ролю ў лiтаратуры як "беларускага Гамера", стварыўшага нацыянальную "Iлiяду" i "Адысею" - "Новую зямлю" i "Сымона-музыку". 

Аб яго жыццi i творчасцi найбольш каштоўную, на мой погляд, кнiгу напiсаў Максiм Лужанiн - "Колас расказвае пра сябе". Аўтару гэтай кнiгi было нялёгка разгаварыць немнагаслоўнага, скупаватага на словы народнага песняра. Але ўсё ж гэта яму ўдалося. Галоўнае -- удалося крыху раскрыць сакрэты творчай лабараторыі Коласа, яго "тэхналогii" адлюстравання чалавечага жыцця, жыццёвай праўды мастацкiмi сродкамi. І ў гэтым праглядаецца нязгода Коласа з так званым "сацыялiстычным рэалiзмам", хаця шэраг твораў, асаблiва публiцыстычнага характару, прыходзiлася ўкладваць "в прокрустово ложе" соцрэалiзма. У кнiзе мудрага Лужанiна бадай усе прыведзеныя факты з жыцця бацькi, за невялiкiм выцяткам, мне былi добра вядомы. Праўда, эпіграму "Абмыецца Янка ў нарзане" прачытаў адрасату не аўтар, а Алесь Дудар, які чуў яе ад Коласа. Крыху паспрачаўся з Лужаніным па аднаму пытанню: нiбыта мой дзед Мiхал у дзень нараджэння свайго сына - Кастуся - знайшоў у час абходу лесу баравiка. А была ўжо позняя восень. Але Аляксандар Амброжавiч запэўнiў, што гэта не мастацкае ўзмацненне, а са слоў самога Коласа. Што ж? Значыць той 1882 год аказаўся шчодрым не толькi на баравiкi, але i на нараджэнне двух у будучым вялiкiх майстроў слова: Янку Купалу i Якуба Коласа.

Аб творчасцi абодвух паэтаў існуе не так і мала пытанняў, якiя шырока не разгорнуты, альбо наогул абыйдзены ўвагай даследчыкаў.

Да апошнiх часоў шэраг твораў Янкi Купалы i Якуба Коласа не перадрукоўваўся па тым цi iншым прычынам, не ўсе матэрыялы аб iх дзейнасцi пабачылi свет. Амаль пяцьдзесят гадоў праляжалi ў архiве вершы Якуба Коласа гумарыстычнага характару, напiсаныя ў больнiцы - на "медыцынскiя тэмы". А гэтых вершаў назбiралася з паўсотнi. Калі гартаеш старонкi памяцi, усплываюць моманты з даўно мiнулага, з тых часоў, калi Колас i Купала хадзiлi па нашай маляўнiчай i пакутнай зямлi, сустракалiся, жартавалi, абмяркоўвалi надзённыя пытаннi.

На сустрэчах з настаўнiкамi, студэнтамi, школьнiкамi часцей другiх узнiкаюць пытаннi аб iнтымным жыццi нашай сям'i, аб узаемаадносiнах бацькоў, бацькоў i iх дзяцей, аб тым, ці адчуваў я, што бацька - знакамiты пясняр.

Для мяне Якуб Колас быў самым звычайным бацькам - клапатлiвым, абавязковым, ураўнаважаным, добрым. Мне, канешне, больш пашанцавала, больш дасталося ўвагі, чым старэйшым братам, як самаму меншаму. Ды і стан жыцця паступова наладжваўся. Галоўнае - была ўпэўненасць у будучынi, у заўтрашнiм днi.Кожны год на лета бацька вывозiў сям'ю на ўлонне прыроды, блiжэй да лесу, да рэчкi. На хутары цi ў вёсачцы ён знiмаў пакойчык, а нязменны сенавал быў найлепшым прытулкам для начлегу. З пяцiгадовага ўзросту бацька пачаў мяне браць у лес, у грыбныя паходы, у невялiчкiя падарожжы. Хадзiць я не любiў, больш падабалася "ехаць" на бацькавых плячах. Так, кожны вечар з мамаю мы хадзiлi да поезда сустракаць бацьку, а назад кiламетры са два ён мяне нёс на плячах. З асалодаю i радасцю, я ўспрымаў такiя прагулкi. Навокал у лясах было многа грыбоў, бо грыбнікоў было не шмат - Ждановiчы, дзе мы адпачывалi ў 1930-1931 гадах, былi ў прыгранiчнай зоне i паездкi туды без адпаведнай вiзы не дазвалялiся. У цягніку ўзнiкалi канфлiкты пагранiчнiкаў з пасажырамi з-за недасканальнасцi справак, дазволаў i iнш. У грыбныя часы бацька хадзiў у лес разы па два ў дзень і прыносiў рэкордныя зборы на маёй памяцi - па пяцьсот-семсот баравiкоў. Там жа ён паказваў мне, як хаваць маленькiя грыбочкi на выраст. І як цiкава было праз дзень цi два выцягнуць са сваёй сховы ладнага баравiка. Там, у Ждановiцкiм лесе, пару разоў мы пападалi пад абстрэлы, прыходзiлася хавацца за больш тоўстымi дрэвамi. Недалёка было стрэльбiшча, але вiдаць кепска абсталяванае. Бацька знаходзiў у лесе кулi ад вiнтоўкi, кулямёта. Я iх многiя гады хаваў i зберагаў, як нешта вельмi значнае. На другi год у весну мы наведалi гэтыя мясцiны ды крыху забавiлiся каля агеньчыка - бацька вельмi любiў сядзець каля агню, вiдаць, прывычка са сваiх дзiцячых i юнацкiх часоў. Гадзiннiк жа сапсаваўся i, калi мы ўзышлi на пагорак, з якога вiдна станцыя, ад яе ўжо адыходзiў цягнiк, пакiдаючы за сабою клубы дыму. А больш цягнiкоў не было. Якая роспач ахапiла мяне! З-за слёз слова не мог вымавiць. Нiбы канец сусвету! Бацьку прыйшлося доўга i цярплiва суцяшаць малога. "Мы возьмем падводу, спакойна даедзем да гораду - лепш, чым цягнiком. Дзе захочам - прыпынiмся, ды й разглядаць наваколле лепей". Як даехалi - не памятаю, але бацька пераканаў мяне i супакоiў. Праз многа гадоў, успамiнаючы сваё дзяцiнства, я выпраўляўся ў падарожжа са сваiм сынам, а пасля i з унукам па тропках, узгорках... ... Не толькi прыгажосць краявiдаў, траў i кветак, валуноў i волатаў-дубоў зачаровывала малышню. Як палянiўчы з салiдным стажам, я iм паказваў сляды звяроў, стараўся звярнуць увагу на птушак i iх галасы, а iншы раз прывабiць птаха, iмiтуючы голас яго сабратаў. На жаль, нi ў воднага з маiх патомкаў не абудзiўся iнстынкт паляўнiчага. У мяне ж - вельмi рана, аж у шэсць гадкоў. Цi то наш Юрка, цi Лёсiкаў зрабiў мне рагатку. І я шпурляў з яе каменьчыкi, як i многiя мае равеснiкi. Аднойчы пацэлiў у жоўтаротага вераб'я i той звалiўся пад ногi ў агонii. Затрэсла лiхаманка i мяне - абудзiўся iнстынкт паляўнiчага. З такiмi ж падшыванцамi хадзiлi па садах, вышукваючы "здабычу". Канешне, мае захапленне прыходзiлася ўтойваць ад бацькоў, асаблiва ад бацькi. Бо ўсё жывое, акрамя драпежнiкаў (ваўкоў, каршуноў), ён лiчыў чуць не святым. Ну, а ластаўка, бусел, плісачка - гэтыя ў яго ўяўленнi былi наздвычайнымі сябрамi чалавека. Іншы раз з малюнкамі такіх сяброў мне пад падушку бацька падкладаў размаляванае чорнымi чарнiламі яйка. Малюнак хаткi з буславым гняздом, цi сам цыбаты птах, альбо калодзеж, стажок сена. Другі раз знаходзiўся яблык цi шакаладка. Ранiцою, як толькi я прасынаўся, ён, хiтравата ўсмiхаючыся, пытаўся, цi не прынёс мне што-небудзь бусел. Мастаком бацька быў неважнецкiм, расказваў, што ў семiнарыі iншы раз браў забракаваны настаўнiкам чарцёж, падпраўляў i здаваў, не спадзяючыся атрымаць больш як траяк. Не было здольнасцi да малявання i ў мяне, i маiх братоў. Колькi часу мне прыйшлося затрацiць, каб навучыцца пiсаць стандартным шрыфтам! Музыка бацьку давалася лягчэй. У семiнарыі семінарыстаў вучылi iграць на срыпцы. І iншы раз вечарам бацька знiмаў маленькую скрыпачку, якая вiсела над яго ложкам, i наiгрываў простыя незамыславатыя мелодыi. У маладыя гады ён хадзiў у царкву, каб паслухаць хоры. Туды набiралiся спевакi з выдатнымi галасамi, музыку ж пiсалi лепшыя кампазiтары, ды i альтэрнатывы гэтай музыцы ў тыя часы не было. Пасля, як з'явiлiся дабротныя радыепрыемнiкi Вiленскага завода, мы вечарамi заслухоўвалiся песнямi паўднёвых славян - з Сафii, Белграду. Цудоўна гучалi народныя песнi ў выкананнi Стэфанii Пятровай, а таксама ўкраiнскiя - у выкананнi Казлоўскага, Петрусэнкi, Нежданавай.

Мацi вельмi хацела навучыць нас iграць, запрасiла рэпетытара - старэнькага Жухавiцкага. Юрка наадрэз адмовiўся, хаця музыку любiў i iмгненна падхоплiваў мелодыi новых песень. Данiк з год пазаймаўся i прыпынiў заняткi, хаця Жухавiцкi запэўнiваў мацi, што з яго яшчэ можа атрымацца добры скрыпач - слых абсалютны. Пра мяне ён так не мог сказаць, бо музыкальнага слыху не было i не было жадання цягаць смыкам па струнах. Той самастойнасцi, што была ў Юркi, у мяне не было. І ўсё ж я вельмi ўдзячны маці, што атрымаў невялiкую падрыхтоўку ў галiне музыкi. Гэта дало магчымасць зразумець i палюбiць сапраўдную музыку - класiчную. У тыя гады амаль у кожнай сям'i спявалi песнi, спявалi і ў нашай хаце - i беларускiя, i рускiя, асаблiва, калi прыходзiлi госцi. Хаця i не часта збiралiся блiзкiя, сябры, але кожнае застолле суправаджалася песнямi. А буднiя днi праходзiлi па заведзенаму распарадку. Бацька быў "жаваранкам", уставаў рана i займаўся простымi гаспадарскiмi справамi. Часта адзiн і пілаваў, і сек калоддзе, а як лепш, з якога боку ад сучка пакалоць, ведаў добра. Пры снегападах рабiў акуратныя праходы - зiмы былi снежнымi. Пасля снядання - работа за пiсьмовым сталом да абеду, а пасля дзве-тры гадзiны адпачынку i зноў за свой пiсьмовы стол. Чарнiлы - чорныя, пяро толькi № 86, i то не кожнае. Уначы бацька спаў не больш чатырох-пяцi гадзiн. Ён сапраўды пакутаваў ад бяссоння. Магчыма, яно было выклiкана напружанай штодзённай творчай работай. Было такое здарэнне. У часе працы над перакладам пушкiнскай "Палтавы" нiяк не даваўся радок: "Тиха украинская ночь". Вырашэнне прыйшло ў часе сну. Абдумванне твораў адбывалася i ў часе вуджэння рыбы, да якога Колас прызвычаiўся ў Тальцы, а таксама ў грыбных паходах. Пагэтаму ён не любiў хадзiць па грыбы кампанiямi, iншы раз браў з сабою жонку, радзей - мяне. Аб спрыяльных умовах для творчай работы бацькi клапацiлася мацi. Пад яе ўвагаю i клопатам былi ўсе жыхары нашага вялiкага дому, дзе было многа моладзi. Пасля арышту бацькавага дзядзькi Язэпа Лёсiка ў нас знайшоў прытулак яго сын Юрка. У тыя часы ён вучыўся на электраманцёра. Вельмi здольны хлопец з вялiкiмi-вялiкiмi намаганнямi прабiваў сабе дарогу. Для яго, сына "ворага народу", вышэйшыя навучальныя установы былi зачынены. І ўсе ж абыходнымi шляхамi ён здолеў паступiць у Маскоўскi энергетычны iнстытут, якi скончыў, даслужыўся да галоўнага энергетыка буйнога горада. У доме пражывала таксама Вольга Прачук, якую мацi ўзяла на выхаванне яшчэ на Куршчыне, дзе яе сям'я з Гродзеншчыны страшэнна пакутавала. Тут яна скончыла тэхнiкум, пасля завочна - матэматычны факультэт унiверсiтэта. У часе вайны мы сустрэлiся з ёю ў Ташкенце, яна настаўнiчала ў Янгiюле. Выхоўвалася ў нашым доме асiрацелая Жэня Увядзенская, дачка матчынай сяброўкi па Вiльнi i далёкая радня. Мацi настойлiва дамагалася, каб усе атрымалi адукацыю. Жэня скончыла медыцынскiя курсы, працавала пад Оршаю, у Старобіне, а пасля выйшла замуж за братавага сябра - Валодзю Петухоўскага, хiмiка, i з iм з'ехала ў Рубежнае. Пражываў у нашым доме i Мiкола Мiцкевiч - сын першага бацькавага настаўнiка - Яськi - Iвана Васiльевiча Мiцкевiча. Апошнi рана памёр, бацька абяцаў яму дапамагчы сыну. Мiкола, як i Данiк, скончыў хiмфак унiверсiтэта, прайшоў усю вайну, абаранiў доктарскую дысертацыю, стаў акадэмiкам.

Некаторы час у нас кватараваў мастак Семашкевiч з жонкаю. На другой частцы дома пражываў бацькаў дзядзька Ігнат Юр'евiч Міцкевiч з жонкаю Валянцiнай Мiхайлаўнай, доктаркаю. Як яны атрымалi кватэру і з'ехалі, то ў тыя пакоi бацька запрасiў знаёмага настаўнiка Iгната Мiкалаевiча Мазура. У яго было двое дзяцей - гадоў на пяць старэйшы за мяне Усевалад i мая равеснiца Iна, з якою я і сябраваў i часта сварыўся.

Да братоў нярэдка прыходзiлi сябры. Старэйшы - Данiла, быў лiдэрам надзвычай згуртаванай кампанii былых аднакласнiкаў-аднагодкаў па хiмпрафшколе. Аўтарытэт старэйшага брата быў бясспрэчным, i тыя хлопцы, якiх не забрала вайна, наш дом лiчылi родным i сталi сапраўды i маiмi сябрамi, нягледзечы на дванаццацiгадовую рознiцу ва ўзросце.

Больш усiх з моладдзю займаўся дзядзя Саша - матчын брат, якi жыў пры нашай сям'i, як дзядзька Антось у бацькоўскай. Адзiны з матчыных братоў ён здолеў атрымаць вышэйшую адукацыю, скончыў Казанскi унiверсiтэт, выкладаў у школе, пасля ў тэхнiкуме мову, лiтаратуру. І да яго, як да свайго настаўнiка, прыходзiлi студэнты, ён трохi падкормлiваў iх у тыя нялёгкiя гады. Дзядзя Саша дома вёў гаспадарчыя работы - ад будаўнiцтва нашага дому да падтрымання яго ў належным стане, распараджаўся iнструментам, меў варштат, на якiм iншы раз габляваў дошкi. Ён наглядаў таксама за садам, агародам, высаджваў кветкi.

У тыя часы прыходзiлася трымаць жывёлiну: карову, пасля казу, кожны год выкормлiвалi парсючка - усё ж добрае падспор'е для вялiкай сям'i. Iншы раз дзядзя Саша мабiлiзоўваў пляменнiкаў у Калодзiшчы за жалудамi - кормам для кабана. Наогул дзязька быў заўзятым працаўнiком, але трохi скупаватым. Гэта не заставалася па-заўвагай пляменнікаў. Пры даручэннi iм якiх-небудзь заданняў тут жа ўзнiкалi пытанні: колькi заплоцiш? І пачыналi таргавацца па мелачоўцы не столькi ў камерцыйных мэтах, колькi ў спартыўных. Але такiм чынам дзядзька iмкнуўся далучыць гультаяватых хлопцаў да гаспадарчых спраў. Заўсёды вясёлы, жартаўлiвы, дабразычлiвы, ён карыстаўся пэўным аўтарытэтам за яго адукаванасць i чалавечнасць. Ён быў моцна прывязаны да сястры, вельмі паважаў бацьку і бясконца любiў пляменнікаў. Яны ж адказвалі тым жа, але любiлi знаходзiць зачэпкi, незлаблiва пажартаваць над ім. Самым строгiм чалавекам у нашым доме была мацi. Яна прайшла вельмi суровую школу ў жорсткай, але справядлiвай iгуменні і на усё жыццё засвоiла хрысцiянскiя каштоўнасцi: чэснасць, справядлiвасць, гуманнасць. Там жа, ў манастыры, схапiла сухоты i толькi дванаццаць год змагла настаўнiчаць - пашла горлам кроў. Можа таму яна так аберагала нас ад прастуд, захворванняў. Яна была цалкам аддана сям'i. Амаль штодня хадзiла на рынак, прыносiла цяжкiя кошыкi правiянту, яна ж i абмывала i абшывала - дома была швейная машынка Зiнгера. Бацьку яна старалася трымаць на дыеце - нiчога смажанага, вострага i г.д., гатавалi такiя стравы, каб не зашкодзiлi, бо ён пакутваў ад язвы страўнiка, заробленай яшчэ ў часы турэмнага зняволення. Бацька любiў простыя сялянскія стравы, а я нiяк не мог прывыкнуць да тушанай кіслай капусты, адваранага сала, цi аўсянага кісялю. Запраўка салатаў па бацькаваму рэцэпту расквараным салам падабалася ўсім. Многія стравы, а таксама спіртное, выклікалі ў бацькі страшэнныя болі. Ён казаў, што за сваё жыццё выпіў з вагон соды, ратуючыся ад болю. Еў ён мала, відаць таму выглядаў худым-худым. Мацi ўспамiнала, як яны пасля шлюбу прыехалi на радзiму бацькi, i адна з яго цётак, убачыўшы схуднелага пляменнiка, залямантавала: "А мой жа ты, Кастусь! А якi ж ты худы! Ты ж, напэўна, скора памрэш!" - так балюча i непрыемна было такое чуць, нiбыта маладая жонка ў гэтым вiнаватая. Мацi сачыла за нашай вучобай, паводзiнамi i ўстанавiла, можна сказаць, дамастроеўскi рэжым. Пасля адзiнаццацi гадзiн брамка i дзверы запіраліся, у часы работы i асаблiва у часы адпачынку бацькi ў доме павiнна быць поўная цішыня. І гэты распарадак настолькi вытрымлiвалi, што, калi аднойчы мяне схапiлi ў цэнтральным скверы нiбыта за крадзеж кашалька ў трамваi, дзе мяне наогул не было, i адвялi ў дзiцячую камеру - на Пляц Волi, - я не адважыўся патэлефанаваць дахаты, бо ў гэты час бацька адпачываў. Як я нi даказваў, што купiў бiлеты ў кiнатэатр "Радзiма", паказваў iх, мяне пратрымалi гадзiны са тры да прыходу начальнiка. Во дзе я наслухаўся лаянкi мiлiцыянтаў! Такога я нiколi не чуў. За дваццаць гадоў поруч з бацькам я нi разу не пачуў, каб ён вылаяўся. У нашым доме толькi часам Юрка карыстаўся нефармальнай лексiкай, цяпер жа яго "тэрмiны" выйшлi з ужывання. А на мае спробы выказвання чаго-небудзь падобнага iмгненна гучалi такiя пагрозы, што прыходзiлася клапаціцца аб ахове сваёй фiзiяномii. Ад Юркi мне даставалася нярэдка, але пасля раздачы аплявух, ён тут жа адыходзiў і шкадаваў малога. Старэйшы ж бiў рэдка, але жорстка. Бацька толькi адзiн раз крыху ляснуў мне па патыліцы - было за што. Ад мацi за непаслушэнства даставалася, прыходзiлася яшчэ i выслухоўваць цягучыя натацыi. Мяне, юнака, здзiўляла, як у чалавека, выгадаванага ў сялянскiм асяроддзi, нават пры надзвычайных абставiнах захоўвалася чысцiня паводзiн i выказванняў. Бацька нiколi не ўзвышаў голасу, быў абсалютна чэсным чалавекам. Дома стварылася такая атмасфера, што я не мог уявiць, як можна сказаць няпраўду. Хлусня лiчылася недапушчальнай. Склалася ўпэўненнасць, што самая адмоўная рыса чалавека - гэта хлусня. На вялiкi жаль, мы жывем у свеце нагрувашчавання iлжы i мiфаў. Многiя з iх так укаранiлiся ў галовах, што людзi лiчаць iх сапраўднасцю. I як цяжка, асаблiва пажылым людзям, разувервацца ў iх, тым больш, што хлуслiвыя абяцанкi ўспрымаюцца нашмат прыемней, чым праўда. Канечне, мiфы мiфам рознь. Але яны часта так захапляюць! Як я ўпрошваў дзядзьку Сашу расказваць перад сном мiфы старадаўняй Грэцыi! Праўда, ён хутчэй сам засынаў, расказваючы прыгоды Адысея. Ён iх добра ведаў, як i лiтаратуру наогул. І iншы раз з моладдзю абмяркоўваў як творы класiчнай лiтаратуры, так i новыя. А новых выдавалася не так i многа. Дома, у бацькавай бiблiятэцы знаходзiлася нямала каштоўных кнiг, у тым лiку падараваных аўтарамi з адпаведнымi аўтографамi. Праз многа гадоў мы з братам прыпамiналi, якiя кнiгi мясцiлiся на палiцах i ў бацькоўскай шафе. Але далёка не ўсе прыпомнiліся. Наведваючы букiнiстычныя магазiны ў Маскве, Ленiнградзе на вочы траплялi так добра знаёмыя па вокладцы кнiгi з майго маленства. То зборнiчак вершаў Беранжэ, то "Отечественная война 1812 года". Аднойчы я наведаў свайго апанента па доктарскай дысертацыi - цудоўнага чалавека, аднаго з вядучых спецыялiстаў у галiне апрацоўкi матэрыялаў праменем лазера - Каваленку Уладзiмiра Сяргеевiча. За размоваю аб лiтаратурнай спадчыне ён стаў мне паказваць кнiгi са сваёй бiблiятэкi. Гляджу - знаёмыя малюнкi! Прозвiшча аўтара не помнiў - гэта была кнiга Блавацкай, дарэвалюцыйнага выдання. Другая кнiга - таўшчэзны том "Мёртвых душ". Гляджу - i тут такiя знаёмыя малюнкi! Была ў нас такая кнiга! І я асцярожна пытаюся, цi не ахвяраваў бы гаспадар гэтую кнiгу нашаму музею. Смяецца Уладзiмiр Сяргеевiч i расказвае, што такiх кнiг было выдадзена дзве тысячы экземпляраў. Кожны экземпляр ад рукi размалёўвалi два мастакi. Адзiн з iх - Далькевiч - дзед Каваленкi! Канешне, гэта сямейная рэлiквiя, i дамагацца яе было б нетактоўна. У свае дзiцячыя i юнацкiя гады я не бачыў, каб бацька чытаў што-небудзь з мастацкай лiтаратуры. Ён сам пiсаў, iншы раз чытаў свежыя вершы жонцы. У яе быў добры густ, лiтаратуру ведала някепска. Бацька да яе заўваг прыслухоўваўся. Тут жа, ў яго кабiнеце, адбывалiся сустрэчы з маладымi пiсьменнiкамi. За шклянкай гарбаты яны чыталi свае вершы, раiлiся з бацькам. Частым i жаданым госцем быў Янка Купала. Ён нiколi не прыходзiў з пустымi рукамi. Абавязкова прыносiў цi кулёчак цукерак, цi пячэння, падараваў мне малому раскошны альбом з жывеламi сусвету - ён ведаў мае захапленнi. Iлюстрацыі былi каляровымi, куды багацейшымi, чым у кнiгах Брэма, семiтомнiк якога быў у бацькоўскай бiблiятэцы. Маці ведала любімыя стравы дзядзькі Янкі і, калі было вядома, што ён зойдзе да нас, старалася прыгатаваць што-небудзь на яго густ. Купала любіў бачок заліўнога парасяці, галавізну рыбіны і інш.

Янка Купала вельмi любiў нашага Юрку. Стройны, лоўкі юнак падабаўся ўсім нашым знаёмым, і хлопцам, і дзяўчатам. І Купала выказваў яму сваю сiмпатыю, але не абышлося без казуса. Аднойчы, калi Юрка быў яшчэ школьнiкам, да нас прыйшоў нехта з настаўнiкаў з яго 21-ай школы са скаргаю: "Ваш сын распявае непрыстойныя песнi!" Тое, што Юрка любiў напяваць, як кажуць, сабе пад нос, добра ведалi. У хлопчыка быў добры слых, ён iмгненна падхоплiваў пачутыя мелодыi i агучваў iх. Але ж дома нiхто непрыстойных песень не спяваў. Пачалi разбiрацца - што за песня? А яна гучала так: "Дайте мне за рупь с полтиной девицу с огнем". Цi даходзiў да школьнiка сэнс яе - хто яго ведае. Але ж адкуль яна ўзялася? Аказалася, што прапагандыстам яе быў... Янка Купала! Гэта ён, гуляючы з бацькам у шахматы, напяваў яе, а малы падхапiў i панёс у школу! За гульнёй у шахматы сябры часта жартавалi, трохi кпiлi адзiн над другiм, але ў добразычлiвым плане, павазе, гэта толькi замацоўвала сардэчныя адносiны. Iншы раз даводзiлася падслухаць што-небудзь i мне, тым больш, што на такую малышню, як я, нiхто не звяртаў увагi. На жаль утрымаць у памяцi многае з таго, што агучвалася, сталася немагчымым. Засталiся толькi такiя-сякiя абрыўкi гутарак, вершаў. Так, у пачатку трыццатых гадоў у Саюзе пiсьменнiкаў досыць рэгулярна адбывалiся капуснiкi. Паэты выступалi з вершамi, пародыямi, эпiграмамi, спявалi - адным словам падтрымлівалi аптымiстычны настрой, сяброўскую атмасферу ў сваiм калектыве. Неяк бацьку стала вядома, што да чарговага капуснiка Андрэй Аляксандравiч рыхтуе паэму цi верш, дзе "класiкi" будуць развенчвацца як сыходзячыя з паэтычнай сцэны. Бацька засеў за стол i падрыхтаваў з свайго боку гумарыстычна-сатырычную паэму "Сон ці я". Некалькi разоў ён зачытваў яе дома сябрам. Рукапiс жа, як i другiя творы гэтага жанру, не пабачылi свет - згарэлi на трэцi дзень вайны, як i ўвесь нажыты скарб. Сутнасць паэмы, як мне здавалася, адлюстроўвала прэтэнзii маладога пакалення паэтаў на лiдэрства ў паэзii. У гумарыстычным аспекце апiсвалася, як паэты ўзбiралiся на Парнас. Ішлi туды Гук i Водгук i не пагарджалiся адзiн з другiм. Вiдаць, мелася на ўвазе, што паэты абсалютна раўнацэнныя. Запомнiўся невялiкi ўрывачак з гэтае паэмы: 

Эх, падайце нам Гарэцкага, 
Штурхача даць маладзецкага! 
Скiнем музу заняпалую 
І вех возьмем над Купалаю. 

Ад Якуба дзядзькi Коласа 
Не пакiнем нават воласа, 
А з Бядуляю, тым крывуляю 
Мы пакончым аднэй дуляю!

Магчыма, што ў гэту паэму ўваходзiла пародыя на маладнякоўцаў, трапiўшая ў друк, але не атрымаўшая адпаведнага каментарыя: 

Бурапень ты, песнь новая! 
Сэрца рыжае, скачы! 
П'яны вечар носам клёвае, 
А з стрэх вiснуць смаркачы.

Пасля агучвання гэтай паэмы Андрэй Аляксандравiч не адважыўся выступiць. У хуткiм часе вясёлыя капуснiкi адышлi ў нябыт. Распачалася траўля пiсьменнiкаў, грамадскiх дзеячаў - безгрунтоўныя абвiнавачваннi ў нацiяналiзме. Пачалiся арышты i пакуль што - ссылкi. Гэта кампанiя праводзiлася адначасова з калектывiзацыяй на сяле i раскулачваннем заможных сялян. "Раскулачылi" Шыманскага, у якога наша сям'я летавала ў 1930 годзе. А яго гаспадарка вялася на высокiм узроўнi. Ён меў галандскую кормакухню, трымаў шэсць кароў, меў плантацыi клубнiкi, вырошчваў на сiлас кукурузу. Працавалi ўсе члены яго сям'i, нанiмаў i батракоў. У яго хаце некалi спыняўся Фрунзе, i, можа быць, таму яго спачатку не выслалi, але ўсё забралi. Пад раскулачванне папалi i родныя Янкі Купалы, якiм ён дапамагаў як толькi мог, каб вывесцi гаспадарку на належны ўзровень вытворчасцi. Iх пасадзiлi ў таварны вагон, на поўнач, пасадзiлi разам і iх мацi - мацi народнага паэта Янкі Купалы. Янка Купала быў у роспачы. Ён нічога зрабіць не мог - дапамог бацька, якому з вялікімі намаганнямі ўдалося вызвалiць Бянiгну Іванаўну ад высылкі. Нападкi на самаго паэта былi настолькi жорсткiмi, што нервы яго не вытрывалi i ён зрабiў замах на самагубства. Бацька вельмi балюча перажываў за свайго паплечнiка, але ж i самаму даставалася мала меньш. Прышлося, цi хутчэй заставілі пісаць "пакаяльныя" лiсты. Арыштавалi бацькавага дзядзьку Язэпа - акадэміка. Вакол Купалы і Коласа ўтваралась недабразычлівая атмасфера. Нават малады скульптар, якога Колас падтрымліваў маральна і матэрыяльна - у часе вучобы выслаў таленавітаму юнаку "пэнсію" са сваёй кішэні - збаяўся, што яго работа, выстаўленая ў доме саюза пісьменнікаў, можа адмоўна паўплываць на яго рэпутацыю. І ён палез на шафу, дзе стаяў бюст Коласа нібы паправіць яго, а сам штурхнуў яго плечуком, і бюст зляцеў, разбіўшыся на дробныя кавалачкі. Людзі гэта бачылі. Канешне, бацьку было непрыемна, але ён успрыняў гэты ўчынак як вынік баязлівасці маладога хлопца. І гэта здарэнне ніяк не паўплывала на іх далейшае сяброўства. Не вытрываў траўлі прэзідэнт Акадэміі навук - Ігнатоўскі, застрэліўся. Суровыя падзеі адбываліся і ў прыродзе. Зіма 1931 года была надзвычай снежнай, без адлiг, а вясна неверагодна позняй. Снег растаў вельмi хутка, што вызвала катастрафiчны павадак. Колькi дабра сплыло з вадою!

Затапiла i хату Янкi Купалы. Ледзьве паспелi на гару зацягнуць свой скарб, добра, што памаглi маладыя лiтаратары. Тыднi тры Купала з жонкаю жылi ў хаце Коласа. А на сценах купалавай хаты засталiся сляды ад вады на вышыні каля паўтара метра ад падлогі. За гэтай бядою ішла куды большая - як вынiк першых год калектывiзацыі рэзка пагоршылася становiшча з прадуктамi, з газай. Досыць частыя перабоi з падачай электраэнергii вымушалi карыстацца газавымi лямпамi. Ды i страву гатавалi, карыстаючыся керагазамi i прымусамі. Летняю парою, асабліва ў часы адпачынку, сабраць дровы праблемы не было. А на зіму нарыхтоўвалі шмат дроў.

У 1932 годзе мы летавалi каля станцыi Воўкавiчы ў Прылучках у агромнiстай калгаснай хаце. Там жа адпачывала сям'я Чэкалiнскiх, з якiмi бацькi былi знаёмы яшчэ з дваццатых гадоў - кватаравалі ў Русецкага. Чэкалiнскiя запрасiлi на лета сваiх знаёмых - Прозаравых Таiсiю i Маргарыту i iх мацi. Дзяўчаты былi добра выхаваныя, прыгожыя, з iмi пасябравала мацi i мае старэйшыя браты.

У маладым калгасе патрэбны былi рукi i дарослыя хадзiлi на работы, аплата была натураю - гароднiнай. А нас - малышню, Іван Казiмiравiч Чэкалiнскi, якому Юрка даў мянушку "Длiнный Ваня", мабiлiзаваў на вькананне прасцейшых работ. Iх сям'я была вялiкаю - пяцера дзяцей, ды прыязджала радня - Мечыслаў i Маня. Юрка ж час ад часу мабiлiзоўваў малышню на лоўлю жаб, на якiх ён уначы лавiў ракаў - па вядру за ноч. У халоднай і чыстай Пцічы iх было шмат. Навакольныя лясы былi беднымi на грыбы, затое ж там было шмат зуброўкi. І ў наступныя гады бацька браў мяне з сабою па тую траву. Настойка на зуброўцы была экзатычнай рэдкасцю i карысталiся павагаю ў гасцей, асаблiва з Расеi. Кантакты з рускімі пісьменнікамі пашыраліся. У 1933 годзе бацька пазнаёмiўся з рускiм паэтам Сяргеем Мiтрафанавiчам Гарадзецкiм, якi ахвотна ўзяўся перакладаць паэтычныя творы на рускую мову. Чалавек ён быў вельмi цiкавы, з дваран, карыстаўся аўтарытэтам у мастацтве, заснавальнiк школы акмеізма. Ён жа "адкрыў" Ясенiна. Паводле яго слоў, ён скончыў два факультэты унiверсiтэта, многа вандраваў па свеце. Многае пабачыў i з убачанага, дамаляваннага яго багатай фантазіяй, расказваў неверагодныя гiсторыi. Расказчыкам ён быў выдатным, хоць дыкцыя была даволi невыразная i бацька параноўваў яе з цецяручыным балбатаннем. А за верагоднасць гiсторый у жарт называў Наздровым. Але ж пасябраваў i прывязваўся да яго, перасылаў многа грошай для падтрымкi.

З 1933 года сям'я летавала на Пухавіччыне. Хто параіў бацьку адважыцца ад'ехаць ад гораду так далёка як да Талькі, не ўзгадаеш. Але ж там адпачывала сям'я Кандрата Крапівы з дзецьмі - Барысам і маленькім Гарыкам, там жа летаваў Сымон Баранавых. Недалёка, у Цербутах, адпачываў сябра Коласа мастацтвазнаўца Антон Ус, крыху далей, на хутары Мікіты - Міхась Чарот з дачушкай Святланай. А на адкрыццё паляўнічага сезону ў Тальку прыязджала цэлая капэла пісьменнікаў. Запомніўся Сташэўскі, ён з такім захапленнем расказваў гісторыі з прыгод паляўнічага, што мы з Юркам слухалі раззявіўшы ірты. Як Юрка перажываў, як яго цягнула на паляванне! Ён чуць не тросся ад жадання пайсці разам з імі! А дарога была няблізкаю - кіламетраў з пятнаццаць да Суціна, вакол якога раскінуліся бясконцыя разлівы Пцічы, дзе тысячы і тысячы качак выводзіліся і жыравалі. Бацькоўскае сэрца не вытрымала бязслоўнай Юркавай мальбы. Зімою 1934 года ён купіў у таго ж Русецкага, у якога некалі здымалі кватэру, стрэльбу дванаццатага каліберу фірмы "Заўэр". Гэта была вядомая фірма, якая адна з першых перайшла на прамысловыя рэйкі вытворчасці паляўнічай зброі, і таму шмат таннейшай, чым стрэльбы індывідуальнага вырабу. Радасці Юркі не было канца, і на адкрыцці наступнага сезону ён здабыў пяць крыжных качак. Праўда, адзін з братоў Злобічаў з хутара Мікіты прынёс аж чатырнаццаць. Паміж паляўнічымі вандроўкамі Юрка прападаў з вудай на рачулцы Талька. Зрабіў ён вуды мне і бацьку. Напэўна тут бацька ўпершыню далучыўся да вуджэння. У свае юнацкія гады ён хадзіў з дзядзькам Антосем на лоўлю рыбы ў дзве таптухі, і ў "Новай зямлі" свой погляд на рыбную лоўлю выказаў так:

...Дзед меў да сецей нахіленне,
А вудзіць - не: не меў цярпення
І не любіў наогул вуды
І гэтай вудавай маруды,

Бо вуды любяць больш паны
І, выбачайце, свістуны.
Хоць, праўда, хлеб ядуць і з вуды
Але не ўсе і не заўсюды.

Вудзілі на талькаўскай яме, і часамі паспяхова. Рыбы было парадкам, і іншы раз бацька выцягваў добрага ляшча. Аб яго поспехах стала вядома, і Кандрат Крапіва, майстар вострага слова, прысвяціў такую эпіграму:

Быў я ў Парыжы на кангрэсе,
То ў Загібельцы, браце, лепш:
Няма грыбоў ў Булонскім лесе,
А ў Сене - хоць бы адзін лешч!

Адказ прагучаў вершам "Загібелька".

Каля вёскі Талька было многа балоцін з ягадамі, арэхамі, грыбныя ж мясціны знаходзіліся далекавата. І ў наступнае лета бацька спыняецца ў леснічоўцы Волеся Бранавіцкага, недалёка ад невялічкай вёсачкі з такою самотнай назвай як Загібелька. У той год там летавалі Пятрусь Броўка і дзядзька Ігнась. Зрэдку заходзілі адзін да другога. Лета ж было дажджлівым, грыбоў было мноства. Бацька браў у грыбныя паходы і мяне, і маці. За Загібелькаю пачыналіся чароўныя пералескі з белым мохам, які аздабляў узгоркі, дзе так гожа выбіваліся на паверхню чорнагаловыя баравікі. Колькі было радасці, калі знаходзілі баравік "з конскі капыт" непаўторнага хараства. У такога прыгажуна збіраліся разам, дзівячыся з чарговага цуда прыроды. Заядлы грыбнік, бацька беражна адносіўся да лесу. Калі здаралася там перакусваць, то ніводны след не павінен быў заставацца на віду. Усё прыбіралі, хавалі ў ямку, ці пад мох. Грыбы ж абавязкова зразалі вострым-вострым нажом. Карэньчык, каб не парушаць грыбніцу, заставаўся ў зямлі. А каб не выдаваць грыбныя мясціны, яго накрывалі ігліцаю, маленькія баравічкі надзейна прыкрываліся лістотай, ігліцай, карой дрэў. А праз пару дзён зразалі прыгожыя, таварныя грыбы. Бацька страшэнна ўзрушаўся, калі бачыў пагрэбаны мох, які нехта драў, адшукваючы маленькія з арэшыкі грыбы. Чарвівыя і старыя баравікі ён звычайна нашпільваў на галінкі дрэў. Хай рассейваюцца споры, засяваецца лес грыбніцаю!

Убачанае, перажытае, нават нязначная з'ява ці выпадак, знаходзіла адлюстраванне ў вершах. Так з'явілася паэма для дзяцей "Міхасёвы прыгоды". Асаблівых прыгод не было, а ўсё ж дзецям цікава, тым больш, што твораў для іх было абсалютна недастаткова. Іншы раз школьнікі на сустрэчах пытаюцца, а ці праўда, што адбылося пры зборы суніц і г. д. Праўда. Пасля цяжкай хваробы адправілі мяне у вёсачку, абсталяваліся ў хаце аб'ездчыка Яўсейчыка. У вёсцы было поўна дзетвары, і імёны многіх з іх знайшлі носьбіта ў гэтай паэме. Колькі год прайшло, а ўваччу і той шчупачок, і змяя, якую ўкінулі ў агонь. Цікава другое - як тагачасная цэнзура, у прыватнасці ў асобе Дадзіомавай, прад'яўляла народнаму паэту патрабаванні: выкінуць слова "псяюха", а то дзеці будуць лаяцца гэтым словам. У першапачатковым выглядзе было так:

І, каб больш не было яе духу,
На агонь палажылі псяюху.

Прыйшлося ж зрабіць замену, якая істотна пагоршыла гучанне:

І, каб больш не было яе паху,
На агонь палажылі кусаху.

Канечне, гэта дробязь, але ж і шэраг другіх твораў падпаў пад экзекуцыю цэнзараў, што, безумоўна, прыводзіла да страты не толькі гучання, але і сэнсу, яркасці адлюстравання падзей. Нават "Новая зямля" не пазбегла ўразання. Праўда, у зборах твораў у раздзеле каментарыяў прыведзены варыянты, але ў асобных выданнях кніг іх няма. Так, у ХІІІ раздзеле - "Падгляд пчол" - гучыць пахвала сялянскай кухні:

Крыніцы бурнага натхнення
Мінут вясёлых, ажыўлення,
Стаяць, як біскупы, бутэлі,
І ласа ўсе на іх глядзелі.

Ляжыць гарамі ў іх падножжы
Закуска, гэта міласць божа:
Тут сыр, як першы снег, бялюткі,
Каўбас прыемнейшыя скруткі,
Што толькі ёсць у Беларусі.

.  .  .  .  .  .

 масла! Не! Сказаць баюся
У час пайкоў і суяты
Дражніць пустыя жываты!
І апошнія радкі прыйшлося апусціць.

У юнацкія гады мяне больш гарнулі да сябе раздзелы, насычаныя гумарам. Пазней - філасофскія роздумы аб зямлі і дарогах, жыцці і смерці.

Трэба заўважыць, што для самога аўтара з'явілася неспадзяванасцю незвычайная зацікаўленасць слухачоў гэтага твору. Так, удзельнікі педагагічных курсаў, студэнты педтэхнікума прасілі чытаць і чытаць! З бацькавых пісем вынікае, што ён сам спярша не ацаніў значэння "Новай зямлі". Адлюстраванне ўсіх пытанняў жыцця селяніна ад народзінаў да сканання, імкненняў і паводзін у розных умовах утварыла, па сутнасці, энцыклапедыю сялянскага жыцця канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў. І кожнага, хто выйшаў з сялянскага асяродку, паэма не магла не зачароўваць сваёй праўдзівасцю, даступнасцю, паэтызацыяй жыцця простага чалавека, чалавека-працаўніка. Для многіх беларусаў "Новая зямля" стала настольнай кнігай, абуджала лепшыя пачуцці, павагу да сваёй працы.

Невыпадкова, што ў кнізе братоў Лапцёнкаў "шчыра, як на духу" у адказах на апытанні рэспандэнтаў аб любімых кнігах, героях ёсць "Новая зямля", Лабановіч, дзядзька Антось.

Сапраўды, дзядзька Антось - прыроджаны настаўнік, выхавальнік, нястомны працаўнік, мастак на ўсе рукі:

Антось жа правіў гаспадарку,
Рабіў за двух, на сваім карку
Цягнуў ярэмца хлебароба,
Ну, словам, дзядзька наш - асоба!

На такіх Антосях стагоддзямі трымалася гаспадарка, перадаваўся вопыт і сакрэты земляробства, якія ўпітваліся з маленства, прывівалася любоў да зямлі, да работы, да роднага краю.

Вобраз дзядзькі Антося, стаўшага літаратурным героем, з'яўляецца тыповым вобразам працавітага земляроба-беларуса, які заслугоўвае адпаведнага ўвасаблення ў помніку.

"Новая зямля" выклікала агромністую ўвагу як чытачоў, так і крытыкаў, літаратуразнаўцаў. На розных этапах гісторыі яе ўспрымалі не толькі па рознаму, але і ў процілеглых напрамках. Але бадай ніхто не прачытаў гэты твор так глыбока, дэталёва, як Алесь Адамовіч. Ён пераканаўча паказаў, што "Новая зямля" - шэдэўр міравога ўзроўню, вершаваны раман, які істотна паўплываў на развіццё беларускай прозы, беларускага рамана. Выказвалася і такая думка, што роўнага гэтаму твору няма ні ў адной з славянскіх літаратур. Набліжаецца да яго паэма другога Міцкевіча - "Пан Тадэвуш" - шляхецкая гісторыя, гісторыя жыцця шляхты па сутнасці на той самай зямлі за стагоддзе да падзей Коласавага твора. Цікава, што пачатак абедзвюх паэм пераклікаецца. Наш выдатны пісьменнік Сяргей Грахоўскі адзначаў, што такія радочкі, як "Мой родны кут, як ты мне мілы..." маглі нарадзіцца толькі за кратамі, у адарванасці ад свайго народу. Адам Міцкевіч пісаў сваю паэму таксама адарваны ад роднага краю, у выгнанні:

Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое:

Не цэнім маючы, а страцім - залатое -
Шкада, як і красы твае, мой родны краю.
Тугою па табе тут вобраз твой ствараю...

З перакладу Я. Семяжона

Безумоўна, Коласу вельмі хацелася, каб з яго паэмай пазнаёміліся не толькі беларусы, і таму прыкладаў вялікія намаганні да перакладу на рускую мову. Над перакладам працаваў шэраг перакладчыкаў, дапамагаў і правіў пераклады аўтар, але тым не менш, пераклад далёка не адэкватны арыгіналу. Ды і ў рускай мове не знойдзеш адпаведнага перакладу беларускага "дзядзькі" з яго сэнсавымі асаблівасцямі - цеплынёй, сардэчнасцю, роднасцю. Някепскі пераклад чатырох раздзелаў паэмы зрабіў М. Ісакоўскі.

Вялікія непрыемнасці абрынуліся на Коласа ў сувязі з адмовай Гарадзецкага правіць яго халтурны пераклад. Праглядаючы яго, Максім Лужанін зрабіў шэраг слушных заўваг. Гарадзецкі не пагадзіўся, як не прасіў яго Колас - у паэме трэба было паправіць мест 500 - пісаў ён. Прыпыніў Гарадзецкі і пераклад "Рыбаковай хаты". Больш таго, відаць, пакрыўджаны заўвагамі аб няякасным перакладзе, Гарадзецкі, як паведамілі Коласу (і Колас напісаў яму пісьмо аб гэтым), распаўсюджваў слухі, што "Новая зямля" - кулацкая паэма. Відаць, гэта з'явілася прычынай "дапаўнення" Коласам 18 радкамі апошняга раздзела паэмы. "Устаўлены гэтыя 16 (18!) радкоў для таго, каб у некаторай ступені знізіць зачараванасць уласнай зямлёй," - пісаў Колас Мазалькову. А адносна перакладу паэмы ён пісаў наступнае: "У некаторых раздзелах апускаліся невялічкія кавалачкі. Часта да такой апрацоўкі звярталіся толькі таму, што асобныя мясціны былі не зусім удалыя, а зрабіць лепш не ўдавалася". "Невялікіх кавалачкаў" назбіралася каля 700 радкоў. І, нягледзячы на тытанічныя намаганні Сямыніна П. Л., на рускай мове паэма гучыць далёка не адэкватна арыгіналу. А матывацыя ўстаўкі Коласам 18 радкоў (183-200) неабгрунтаваная, яна зніжае не столькі зачараванасць уласнай зямлёй, колькі асноўную ідэю твора. Гэта выклікана палітычнымі меркаваннямі, а не мастацкімі. Таму гэтыя 18 радкоў павінны быць прыведзены ў каментарыях, а не ў асноўным тэксце.

Выдатны пераклад на польскую мову, як ацэньваюць літаратуразнаўцы, зрабіў Чэслаў Сэнюх, ураджэнец Навагрудчыны. Працаваў ён над перакладам цэлых дзесяць гадоў. З цудоўнымі ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча фондам беларускай культуры выдадзена трохмоўная кніга. На той час - да 120-х угодкаў Коласа не быў зроблены пераклад на ўкраінскую мову. Цяпер ён ёсць - на Украіне выдадзена "Новая зямля" ў перакладзе Валерыя Стралко. За два гады ён зрабіў выдатны пераклад - гэта сапраўды подзвіг паэта-перакладчыка. На працягу многіх гадоў над перакладам на англійскую мову працуе Вера Рыч.

Шыкоўна выдадзеная У. Гілепам, трохмоўная кніга з'явілася добрым падарункам аматарам паэзіі.

Іншы раз прыходзілася папацець над складаннем аўтографа. Адным з іх з'явілася прысвячэнне сваёй супрацоўніцы Але Бушык, якая адзначала саракагоддзе работы ў фізіка-тэхнічным інстытуце ў нашай лабараторыі электрафізікі:

Ад Міхася і ад Антося -
Маіх Наднёманскіх дзядоў
Мне нешта ўсё ж перадалося,
Каб я здароў!

А што? Уважліва чытайце
Старонку за старонкай зноў і зноў!
Не зразумела што - пытайце!
Каб я здароў!

Вы сорак год адпрацавалі,
А "Новая зямля" - аж восемсят гадоў.
Квітнейце і працуйце далей,
Каб я здароў!

А мне - пара падумаць аб адстаўцы,
Я свой жыццёвы шлях прайшоў.
Пагрэць бы косці, седзячы на лаўцы,
Каб я, каб я, каб я здароў!

Стаўшае выслоўем "Каб я здароў" запазычана з паэмы "Сымон-музыка". А гэта паэма, прысвечаная беларускай моладзі, з'яўляецца вяршыняй творчасці Коласа. Над першым варыянтам яе аўтар працаваў адначасова з работай над "Новай зямлёй". Першапачаткова яна задумвалася як "казка жыцця", у аснову якой пакладзена праблема адносін простага народа да сваіх геніяў. Гэта праблема застаецца актуальнай і на сённяшні дзень. Дастаткова ўспомніць, як затоптвалі, захлопвалі словы геніяльнага Андрэя Сахарава; пры гэтым - не просты народ, а эліта, для якой аказаліся незразумелымі ці непрымальнымі новыя погляды, новыя ідэі, якія ідуць насуперак склаўшымся поглядам.

Першы варыянт гэтай паэмы быў завершаны на Куршчыне, дзе знаходзілася сям'я ў часы першага бежанства. Фінал гэтага варыянту быў глыбока містычным. Любая Сымона - Ганна - гіне. З яе вобразам-прывідам Сымон сустракаецца ў яве-сне на могілках, дзе адбываецца ўзрушаны дыялог двух закаханых сэрцаў. Гучыць наказ герою крочыць далей новым шляхам, уздымаць сваім цудоўным словам жар чалавечых сэрцаў. Літаратуразнаўцы вызначылі вобраз Сымона-музыкі як паэта-адраджэнца, а вобраз Ганны - як алегарычны сімвал маладой Беларусі, ліквідаванай як незалежнай. Алегарычныя і другія вобразы паэмы. За самім Сымонам праглядаюцца некаторыя рысы аўтара, шматкроць абвостраныя і ўзмоцненыя.

Першыя гады савецкай улады, несумненныя поспехі ў нацыянальным адраджэнні, перспектывы развіцця культуры і дабрабыту народа паўплывалі на аўтара ў кірунку неабходнасці перапрацоўкі гэтага твора. Другі варыянт паэмы, значна пашыраны, перапрацаваны, быў скрадзены ў поездзе і назаўсёды згублены. Прыйшлося аднаўляць па памяці, дапісваць. Многае дапамагла ўспомніць жонка паэта.

У тыя часы - дваццатыя гады - згуртаванне маладых пісьменнікаў выступала з нападкамі на "старых". Пісала, не называючы прозвішчаў, што ёсць паэт, які піша адным памерам, выкарыстоўваючы прымітыўнае дзеяслоўнае рыфмаванне.

Безумоўна, усякая крытыка непрыемна, вызывае горыч, перажыванні. Таму аўтар у гэтай паэме прымяніў розныя памеры, розныя варыянты рыфмавання, нібы паказваючы, што яго пяру пакараецца шырокая палітра мастацкіх прыёмаў. Але якраз гэта, як пазней прызнаў сам аўтар, толькі пагоршыла твор. Менавіта аб працы над "Сымонам-музыкам" цікавыя звесткі прыводзіць Максім Лужанін у сваёй кнізе-эсэ.

Сапраўдным гімнам Беларусі, яе народу, гучыць уступ да трэцяга раздзелу паэмы. Пачатак яго часта цытуецца, а вось канчатак пад уплывам цэнзуры аўтару прыйшлося істотна папсаваць. А першапачаткова гучаў ён так:

...Родны край! Ты разарваны,
Паабапал ад мяжы
Лях ліхі, маскаль паганы
Моцна сцягваюць гужы,

Каб з хаўтурнае майстэрні
Беларусу сшыць халат,
Ды ні пан, ні хам не верне
Плынь гісторыі назад!

Эх, чаго нам не прыйшлося,
Брацця мілыя, ужыць!
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць.

Невядомых, непрызнаных,
Неаплаканых нікім:
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым!

Толькі ж, брацце, край не згінуў,
Не пагнуўся яго стан,
І із нас душы не выняў
Ні маскаль, ні польскі пан.

Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы, край свой адзначаць
І сваім уласным краем
Край свой родны называць?!

Фактычна, гэта паэма не перавыдавалася з 1925 па 1946 год. І гэта не магло не хваляваць аўтара, аддаўшага многа здароўя і сіл на стварэнне сапраўднага шэдэўра.

Работа над трэцяй вялікай паэмай "Рыбакова хата" таксама расцягнулася на многія гады. Спачатку была задумка напісаць твор аб цяжкім лёсе жанчыны ў панскай Польшчы пад назваю "На крэсах усходніх". Але ў часе распрацоўкі тэмы рамкі твора значна пашырыліся, праца вылілася ў паэму. Калі я падрыхтоўваў успаміны пра свайго брата Юрку, многае прыпомнілася з тых ужо далёкіх часоў. Бацька працаваў над паэмаю прыблізна з 1938 года, а летавалі мы ў 1939 годзе ў вёсачцы Беразянка - у лесніковай хаце Лявона Шчэрбы. Дом лесніка знаходзіўся на канцы вёскі. З яго вакна праз малады пералесак праглядалася разбураная, з пачарнелымі ад часу брывенцамі маленькая хацінка. Расказвалі, што ў ёй некалі жыў рыбак. Летам ён адыходзіў на рэчку на свой промысел, а на зіму вяртаўся. Аднойчы ён пайшоў і знік. І ніхто не ведаў, што з ім здарылася. Вось у такую хатку і пасяліў аўтар сваіх герояў - Марыну і Данілу, а паэма атрымала назву "Рыбакова хата". Гэта паэма напісана адным строгім памерам, напісана пушкінскім ямбам і прысвечана не ўз'яднанню беларускага народа, як гэта трактавалі літаратуразнаўцы, а другой важнейшай праблеме чалавечага існавання - пасля праблемы ўласнай зямлі - даху над галавой як неабходнага паратунку ад холаду і непагадзі.

Такім чынам, гэтыя тры творы можна разглядаць як адзінства матэрыяльных і духоўных асноў існавання чалавека ў яго нацыянальным космасе.

Паэма перакладзена на рускую мову калектывам аўтараў (Сямынін, Мазалькоў, Гарадзецкі), а на ўкраінскую - Тэрэнем Масэнкам.

Праца над чацвёртай буйной паэмай "На шляхах волі" доўжылася каля чвэрці стагоддзя. Праблему рэвалюцыі задумывалася асвятліць у трыццаці раздзелах - як і ў "Новай зямлі". Значная частка гэтага твору была напісана ў 20-я - пачатку 30-х гг. мінулага стагоддзя. Перамены ў палітычнай трактоўцы падзей вымушалі прыпыніць работу. Асобныя раздзелы друкаваліся ў перыёдыцы, у зборах твораў. Частка падрыхтаванага да друку матэрыялу загінула ў пажары. Аўтару ж карцела вярнуцца да гэтай паэмы, да здзяйснення даўнішніх задумак, і гэта не давала яму супакою. І на схіле дзён ён працаваў над завяршэннем твора. Засталося два раздзелы да запланаваных трыццаці. Фактычна ж , як паказаў Міхась Мушынскі, паэма была завершана. Але абставіны склаліся такім чынам, што асобнаю кнігаю гэты значны твор не быў выдадзены.

Характэрнай рысай творчасці Коласа з'яўляюцца лірычныя адступленні, уступы да многіх раздзелаў паэм як неабходны сродак падрыхтоўкі ўвагі чытача, фарміравання адпаведнага настрою для ўспрыняцця развіцця падзей, менавіта праз апісанне прыроды, яе гармоніі і хараства.

У юнацкія гады - з бацькавых твораў - я быў зачараваны не паэмамі, а палескімі аповесцямі. Павольнае і бясхітраснае развіццё падзей, цудоўная мова, незвычайная цеплыня і смутак настаўніка ў дачыненні да яго каханай прымушалі па-сапраўднаму перажываць разам з ім. Чытаючы гэтыя аповесці, я не здагадваўся, што за персанажамі іх стаяць рэальныя асобы. Я быў вельмі ўражаны, калі ў хуткім часе пасля заканчэння вайны прыйшоў ліст ад Габрынькі з-пад Пінску. Яна пісала крыху аб сабе і аб тым, што сястра яе Ядвіся жыве ў Польшчы, замужам за афіцэрам. Значыць і іх бацька, Пан падлоўчы, рэальная асоба? Каму ж належыць яго маналог, які так моцна здзівіў мяне - маналог аб нашых продках-літвінах, -- яму ці аўтару? У той гісторыі, якую мы вывучалі ў школе, ні слова аб гэтым не было. Толькі значна пазней, вывучаючы карту Беларусі, я заўважыў мноства вёсак з назвамі, утворанымі ад слова Літва: Літвінка, Літвяны, Літвічы. А ў вёсцы Літва спыняўся, калі ездзіў на паляванне. Гістарычнае мінулае занатоўваецца ў фальклоры, песнях, геаграфічных назвах, сімвалах, гербах і г. д. Ну, а да архіўных матэрыялаў дабіраюцца не многія.

Максім Лужанін у сваёй кнізе-эсэ расшыфраваў прозвішчы дзеючых асоб і прывёў цікавыя дадзеныя. Несумненна, Колас пісаў з настальгіяй у сэрцы аб сваіх маладых гадах, перажываннях ахапіўшага кахання. І міжволі прыходзяць думкі, што самыя светлыя, задушэўныя творы нараджаюцца на ўспамінах аб падзеях, перажываннях маладосці. Варта прыгадаць адпаведныя творы Талстога, Горкага, Перміціна і інш. Колас выношваў думку напісаць і пра свае юнацкія гады семінарскіх часоў, але на гэта ўжо часу не хапіла... Пазней, у ваенныя гады, гэтую аповесць давялося перачытаць і яму. І ён адзначыў: чытаў да позняй ночы як дзённік сваёй маладосці.

Трэцюю частку пісаў пазней, для гэтага прыйшлося падымаць Віленскія архівы аб судовай справе, яны захаваліся. Але той цеплыні ў трэцяй частцы трылогіі я не адчуў. І, напэўна, невыпадкова, што амаль праз стагоддзе прыйшлі да высновы, што безыменны верш ад 31 жніўня 1905 года, верш, напісаны на рускай мове, прысвечаны Ядвісі:

Образ далекий, образ желанный
Светлая радость и горесть моя!
Чудишься мне ты в ночи вдохновенной
И в рокоте дивном певца-соловья;

В мирном журчаньи потока в овраге,
В песне унылой родной стороны,
В трепетном блеске, в священном молчаньи
Задумчивой, нежной и юной весны.

Образ далекий, образ прекрасный!
Ты скрылся навеки, погиб для меня.
Но чудишься мне ты в ночи молчаливой
И в ярком сияньи весеннего дня.

Напэўна, многія чытачы палескіх аповесцяў таксама былі зачараваны вобразам Ядвісі, супярэчлівай, гордай і мілай дзяўчыны. Гэты вобраз закрануў і сэрца нашага вядомага паэта Уладзіміра Карызны, бо з-пад яго пяра з'явіўся цудоўны верш "Ядвіся".

У жаночых вобразах твораў Коласа - Ядвісі, Ганны з "Сымона-музыкі", Галі і Насці з паэмы "На шляхах волі", Марыны з "Рыбаковай хаты" і іншых адлюстроўваюцца адносіны аўтара да жанчын наогул, як да нечага высокага, светлага, святога. Гэта праглядаецца і ў шматлікіх пісьмах, і да знаёмых, і да тых, кім захапляўся.

У гады педагагічнай дзейнасці ён захапіўся студэнткай Наталкай Туравец, але ёй аб гэтым ні слова не сказаў, але ж напісаў праз трыццаць гадоў: "...Я любіў Вас вельмі моцна, шчыра, без усякіх замахаў на Вашу жаноцкасць - адным словам, было платанічнае каханне... Цалую Вас, мой дарагі жаночы вобраз, які не адзін раз сніўся мне. Даруйце за ўсё, а Наталку Туравец любіў я, Якуб Колас" .

Звычайна захапленне, ці закаханасць да жанчыны, ці да яе вобраза, суправаджалася напісаннем вершаў. Так, шаснаццаць вершаў прысвечана другой Наталлі - Чэкалінскай, сям'я якой жыла паблізу ад нашае хаты, а ў 1932 годзе сем'і летавалі каля Воўкавіч. Вершы былі ўпісаны рукою аўтара ў альбом, які Чэкалінская захавала, пранесла праз кашмар канцлагеру, у які трапіла ў часы нямецкай акупацыі.

Вершы, прысвечаныя сваёй будучай жонцы, не захаваліся. Маці ж расказвала дзяўчатам, як яна пазнаёмілася з мужам. Заняткі па ўдасканаленню педагагічнай работы праводзіліся здаўна. На адным з такіх заняткаў яны сустрэліся. Адсядзеўшы тры гады, Кастусь Міцкевіч пасля доўгага часу беспрацоўя атрымаў дазвол і заняўся педагагічнай работай. У яго былі напрацоўкі па педагогіцы, і ён выкладаў іх настаўнікам. У часе заняткаў ўгледзеў маладую сімпатычную дзяўчыну і не зводзіў з яе вачэй. Яна гляне яна на яго - а ён глядзіць. Яна сарамліва апусціць вочы, пачырванее, ізноў гляне, а ён не адрывае ад яе вачэй... А пасля заняткаў падышоў, пазнаёміўся, правёў да хаты. Пасля часта сустракаліся, ён яе далікатна даводзіў да дому і - ні слова. І гэтак - каля году, відаць, у настаўніка не хапала рашучасці раскрыць свае пачуцці словамі. І маладая настаўніца, якой спадабаўся старэйшы за яе на дзевяць гадоў мужчына, узяла ініцыятыву ў свае рукі і прапанавала: Костусь, а можа мы пажэнімся? Прапанова з удзячнасцю была прынята. Праз нейкі час пасля шлюбу маладая знайшла запісную кніжачку мужа з вершамі, поўнымі кахання.

-- Што гэта? - досыць строга запытала яна. А той стаў апраўдвацца:

-- Гэта ж я табе прысвячаў!

-- Я зразумела, што мне. Але чаму тут пасля шлюбу нічога не дабавілася? - пераводзячы ў жартаўлівы тон, запытала яна.

На жаль, гэтая запісная кніжка згубілася ў часы першага бежанства. Пазней ёй быў прысвечаны шэраг цудоўных вершаў.

Канешне, маці ведала пра захапленні мужа, бо ён сам па прастаце душэўнай дзяліўся з ёй, як з верным другам. Яна перажывала, як, напэўна, і кожная жанчына, якая любіць свайго мужа. Але ніколі гэта горкае пачуццё не вылівалася папрокамі ў нашай прысутнасці. Яна ведала, што творчай асобе патрэбна пэўная "энергія актывацыі" для падтрымкі творчага ўздыму, настрою. І ніколі не пераносіла свае пачуцці на "саперніцу". Дачку Чэкалінскай - Ірму - яна запрасіла на адпачынак на пару тыдняў у Падбярэжжа, дзе мы летавалі ў 1936 годзе. Сустракалася са Святланай Сомавай, паэтэсай, перакладчыцай Коласавых вершаў, заходзіла да яе.

Шэраг вершаў Колас прысвяціў Святлане, з якой пазнаёміўся ў Ташкенце. Прыгожая, абаяльная маці двух хлопчыкаў ведала аб захапленні Коласа, але ўзаемных пачуццяў у яе не было. Бацька часта заходзіў у Саюз пісьменнікаў Узбекістана сустрэцца з калегамі, атрымаць карэспандэнцыю, выпіць кухаль піва і іншы раз сустрэцца са сваёй сімпатыяй - перакладчыцай С. І як жа ён перажываў, калі аднойчы застаў С. на каленях Барыса Лаўранёва! Але ён дараваў ёй "здраду", з нецярплівасцю чакаў ад яе пісем, калі тая была ў камандзіроўцы, аб чым часта запісваў у сваім дзённіку. Як сведчаць гэтыя запісы, у бацькі былі размовы з жонкаю на гэту далікатную тэму. Але ж якую трэба было мець вытрымку - вытрымку святой жанчыны - каб дараваць мужу захапленне другой і не труціць яго душу папрокамі. Калі ж маці захварэла на запаленне лёгкіх, у дзённіку быў зроблены такі запіс: "Мая Маруся занемагла... Божа мой... Няўжо не прывязу яе дамоў у Беларусь... Ніколі такой цяжкай хваробы ў яе не было. Прычына... Ну, што казаць? Можа, нават і я прычына. Мая бедная Маруся! Як блізка да сэрца яна ўсё прымае. Не ведае, што больш дарагога чалавека за яе ў мяне нікога на свеце няма". Душэўная прастата, чэснасць, ці, як некаторыя лічаць, дурнота - апавядаць пра свае захапленні блізкаму чалавеку, з'яўляецца характэрнай рысай для часткі людзей і, напэўна, знаходзіцца на генетычным узроўні, перадаецца нашчадкам. Бо і я, абдымаючы сваю маладую жонку, спавядаўся ёй аб сваёй ранейшай хваробе - азіяцкім вірусе кахання да аднакласніцы. Толькі мне гэта споведзь прыпаміналася на працягу шасці дзесяткаў гадоў.

Бадай нідзе не раскрываецца душа чалавека так, як у дзённіках, пісьмах, не прызначаных для друкавання, - проста, бясхітрасна, ад чыстага сэрца. Эпісталярная спадчына Якуба Коласа вельмі багатая - больш тысячы пісем, паштовак вядома. А колькі іх засталося ў адрасатаў! Шмат пісем і вершаваных прысвячэнняў было адрасавана Былінцы, як ён называў Алесю Кетлер, бухгалтарку адной з рэдакцый газет. Па сутнасці, у гэтых пісьмах занатоўваліся розныя падзеі, нават сны - як споведзь адзінокага чалавека. Страціўшы лепшага друга - жонку, ён павінен быў каму-небудзь выказаць свае перажыванні, пачуцці. Гэта адвечная праблема адзіноцтва, якая вылівалася і ў пісьмах, і ў вершах:

Мінуў яшчэ адзін мой год,
Год самы цяжкі, самы горкі,
Не так мне свецяць месяц, зоркі,
Бо я адзін цягну паход.

Мой лепшы друг згас у пуці.
Глядзець на рэчы можна розна.
Другога ж друга шукаць позна
І друга мне ўжо не знайсці.

3.ХІ.45 г.

І нават у адчуванні адзіноты Коласа не пакідае гумар, аб чым сведчаць эпіграмістычныя вершы. Адзін з іх - "Маім каханым":

Я чалавек не без загану,
І вы з мяне пасмеяцеся:
У сэрцы я нашу Святлану,
А поўніць мыслі мне Алеся.

Спачуваючы яго перажыванням, Алеся далёка не бескарысліва адносілася да паэта. Аднойчы яна прыйшла за "данінаю", як трапна сказала братава Зарына, ды так, каб госця пачула. Бацька ж падрыхтаваў абяцаныя грошы, а куды іх паклаў - забыўся. Страшэнна збянтэжаны, нідзе не мог іх знайсці. Ці не ўзяў хто? Але ж дома былі толькі свае. Пайшоў на пошукі і я. На падаконніку за фіранкаю за бацькавым ложкам былі тыя грошы. У бацькі адлягло ад сэрца. Другі раз яна прыйшла па грошы на кратовае футра. Нявесткі чулі, як яна гаварыла: Мала! Мала! Мала! Канечне, яна атрымала колькі было трэба, але бацька грашыма не раскідваўся. Магчыма таму яна прыляпіла яму мянушку ці што - Жадаба. Ён не пакрыўдзіўся і іншы раз падпісваўся гэтай мянушкай.

Падарункі, грашовая падтрымка - а яна даставалася многім блізкім і незнаёмым - гэта адна справа. Але калі яго сімпатыя набралася нахабства і стала падбухторваць старога перабрацца ў яе кватэру, у яе сям'ю, дзе яна будзе даглядаць адзінокага чалавека - гэта зусім другое. Мы ж з братам і з жонкамі кожны дзень не толькі разам снедалі, абедалі і г.д., але і па вечарах заходзілі перакінуцца навінамі, расказаць аб сваіх турботах, развесяліць пачутым анекдотам.

Даніла страшэнна абурыўся і жорстка адбіў гэту атаку. Бацька і сам разумеў недарэчнасць прапановы і што ёй патрэбен не ён, а яго грошы. Мне ж ён сам казаў, што акрамя маёй маці ў яго жанчын не было.

Прыгажосць і абаяльнасць жанчыны ён узносіў да нябёс. Можа таму ў яго творах адмоўных жаночых вобразаў і не было. Лепшым літаратурным вобразам жанчыны ён лічыў Дыяну Вернон.

У творчасці Коласа асобнае месца займае такі рэдкі жанр як казкі жыцця, дзе жывёльнаму свету, сілам прыроды надаюцца ўласцівасці, характэрныя для чалавека. Гранічна проста і надзвычай глыбока закранаюцца розныя жыццёвыя пытанні. Філасофска-алегарычны характар зместу казак быў, відаць, вельмі блізкім сэрцу аўтара. Ён даражыў гэтымі творамі. І перажываў, калі іх не друкавалі. А з казкі "Дудар" было выкінута самае галоўнае, і пры савецкай уладзе яна друкавалася апалавіненай і таму малазразумелай. Па сутнасці, казка прысвечана тэме карыстання роднай мовай, што выказана праз суадносіны трох братоў, якім бог даў аднолькавыя здольнасці і розум, але розныя ўмовы існавання. На папрокі Старшага Брата, што мовы Малодшага няма і на ёй нічога не выказана сусвету, Малодшы Брат расказаў казку пра дудара, якога пан пасадзіў у склеп, адкуль музыку яго ніхто не мог пачуць. Толькі гэтая частка казкі жыцця ўвайшла ў друк. З тэксту зразумела, што браты - рускі, украінец і беларус.

Вядома, мова з'яўляецца найвялікшым здабыткам народа - аб гэтым казаў і акадэмік Дзмітрый Ліхачоў. Народ, страціўшы сваю мову, ператвараецца ў гістарычны пясок і як народ знікае - і гэта было паказана рускім філосафам Ільіным. Значэнне мовы ў кансалідацыі народа, уздыме яго культурнага узроўню і на гэтай аснове ўсебаковага росквіту краіны добра разумелі і Колас, і Купала, і многія дзеячы, здольныя самастойна асэнсоўваць розныя аспекты жыцця. Таму на працягу усёй сваёй дзейнасці паэты многа увагі аддавалі мове, пашырэнню сферы карыстання ёю як важнейшым інструментам развіцця. Таму з'явіўся зборнік твораў "Другое чытанне для дзяцей беларусаў", артыкулы, праводзілася распрацоўка граматыкі мовы, методыка выкладання і пісьмо ў ЦК КПБ аб стане беларускай мовы, якое Колас заносіў туды ў апошні дзень свайго жыцця. Мы спадзяваліся, што пэўная рэакцыя на гэта пісьмо будзе, прыслухаюцца да грамадскага завяшчання народнага паэта. Але пісьмо гэта было замоўчана.

У адной з апошніх казак жыцця "Як птушкі дуб ратавалі" добра праглядаюцца "дзеючыя асобы". Так, пад крумкачом схаваны акадэмік Трусэвіч Б. І., пад дзятлам - акадэмік Маркаў Д. А., пад галубкамі - сыны, пад сарокаю і сойкаю - адпаведна нявесткі Коласа Зарына і Наташа. А той стан, у якім знаходзіўся дуб - гэта стан здароўя самога аўтара, пад хворым дубам меўся на ўвазе менавіта ён.

На творчым шляху Коласа былі і няўдачы, часцей ад недахопу аб'ектыўнага матэрыялу, але аўтар быў дастаткова самакрытычным і многа працаваў над паляпшэннем тэксту. Пры перавыданнях твораў уважліва праглядаў іх, уносіў пэўныя праўкі. У апошнія гады жыцця дапамагалі і рэдактары, даючы свае парады. Аб рабоце над паэмаю "Сымон-музыка" расказаў у сваёй кнізе Максім Лужанін, а Міхась Мушынскі падлічыў, што працуючы над гэтай паэмай, Колас унёс паўтары тысячы правак.

На працягу многіх гадоў першым слухачом і дарадцам была жонка паэта. Калі яе не стала, бацька іншы раз чытаў свежыя вершы мне ці Даніку. На некаторыя мае заўвагі ён нібы крыўдзіўся, кажучы: дурань, ты нічога не разумееш! А назаўтра прыходзіў з праўкаю - глядзі, як я паправіў! Бывала, як з вершам "Кукуруза", прыходзілася рэзка не пагаджацца, бо верш гучаў занадта сатырычна. Перарабіў. На жаль, першага варыянта гэтага верша не захавалася. Ну, а ад старонніх крытыкаў, асабліва ў пачатку трыццатых, прыходзілася бараніцца. У лепшым выпадку яго погляды трактаваліся як "нацыянальна-дэмакратычныя". Кастрычніцкую рэвалюцыю, якую зараз некаторыя гісторыкі кваліфікуюць як контррэвалюцыю, Колас сустрэў насцярожана. Дакладна акрэсленых палітычных поглядаў, прыналежнасці да якой-небудзь партыі не было. Ён прытрымліваўся дэмакратычных поглядаў. З прыходам у ЦК КПБ Н. Ф. Гікалы палітычная атмасфера стала больш лагоднай. Новы сакратар неаднаразова запрашаў да сябе бацьку на размову, якую вёў тактоўна, далікатна, раз'ясняў палітыку партыі, маляваў перспектыву развіцця грамадства, раіў прачытаць адпаведны артыкул Леніна. Гэта былі захады на далучэнне інтэлігенцыі да курсу партыі. Бацька дома дзяліўся сваімі ўражаннямі ад размовы і станоўча адзываўся аб сакратару.

Не гледзячы на тое, што ў сярэдзіне трыццатых жыццёвы ўзровень крыху ўзнімаўся, становішча было нялёгкім. У горадзе адчыніліся спецмагазіны - таргсіны, -- дзе за золата, срэбра можна было набыць тавары, якіх у продажы не было і ў паміне. Маці ўспомніла, што ў куфэрку ляжыць бабчына ікона Божае маці. Ікона была ў важкім акладзе цёмнага металу. Даніка, як хіміка, папрасілі высветліць, ці не срэбра гэта. Ён мазнуў салянай кіслатой, і аклад заблішчэў. Занеслі ў таргсін - срэбра аказалася высокай пробы. За яго атрымалі каля пуда грэчкі, цукар, масла. Адным словам, Божая маці моцна падтрымала сям'ю.

Тым часам у рэспубліках Савецкага Саюза пачалося ўхваленне Сталіна як правадыра народаў. ЦК КПБ даручыў пісьменнікам падрыхтаваць прывітальнае пісьмо правадыру ад беларускага народа. Бацька пісаў першую частку, Купала - другую і перакладаў з яўрэйскай мовы апошні раздзел, над якім працаваў Ізі Харык. Калектыўна ж абмяркоўвалі кожны радок усе пісьменнікі. Запомнілася, з якім хваляваннем і захапленнем бацька цытаваў апошнія заключныя радкі Купалы:

Хай смутак вачэй тваіх добрых не росіць,
Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход,
Прымі прывітанне, якое прыносіць
Табе, Правадыр, беларускі народ!

Для пісьма была змайстравана шкатулка, інкруставаная трыма тысячамі элементаў. Падпісалі пісьмо па старшынству: Янка Купала, Якуб Колас... Пісьмо было напісана па-майстэрску, яго цытавалі, вывучалі ў школах.

Вялікай падзеяй у жыцці бацькі з'явіўся яго ўдзел у міжнародным антыфашысцкім кангрэсе пісьменнікаў, які адбыўся ў Парыжы ў 1935 годзе. Паездка ў замежжа ўпершыню, адказнасць за падрыхтоўку даклада вымушалі хвалявацца, перажываць. А тут яшчэ турботы з пашывам вопраткі, бо ў той, што насілі тады, няёмка было высоўвацца куды-небудзь. Праўда, у прывілегіраванай майстэрні пашылі ўсё, што было трэба, а добрыя кашулі маці купіла ва ўнівермагу. Моцна крануў за душу праезд праз родныя мясціны - Стоўбцы; а далей - праз Польшчу, Чэхаславакію, Аўстрыю, Швейцарыю - у аб'езд Германіі. Уразіў і з'езд, яго ўдзельнікі, якія прыехалі з розных краін свету, каб сваім словам абудзіць чалавецтва, папярэдзіць аб пагрозе "карычневай чумы", аб той небяспецы, якая навісла над мірам. У ліку дэлегацыі Савецкага Саюза былі знаёмыя па пяру; відаць, адтуль пайшло сяброўства з Паўлом Тычынам. Многае давялося ўбачыць упершыню. Ён успамінаў пісьменніцу з Індыі з меткаю на ілбе - знакам прыналежнасці да вышэйшай касты, французаў - хлопцаў і дзяўчат, якія пры развітанні цалаваліся на вуліцы. У нас тады ніхто падумаць аб гэтым не мог. З паездкі бацька прывёз мне багатыя ілюстрацыі архітэктурных шэдэўраў Еўропы, маім братам фотаапарат Цэйс-Ікон, які я захапіў, уцякаючы з Мінска ў сорак першым і захаваў. Цяпер ён экспануецца ў літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, там жа і Юркава стрэльба, набытая бацькам на VІІ з'ездзе Саветаў - з'ездзе індустрыялізацыі, удзельнікам якога ён быў. Тагачасны нарком прамысловасці Сярго Орджанікідзэ дэманстраваў вырабы маладой індустрыі. Кожны дэлегат мог набыць тры рэчы. І бацька прывёз яшчэ тульскі самавар і пензенскі веласіпед - на радасць маім братам. У тыя гады веласіпеды былі рэдкасцю. У экспазіцыі музея знайшлі месца абгарэлы гадзіннічак, які бацька набыў у Швейцарыі для жонкі, ды пару срэбраных бакальчыкаў, падараваных Янкам Купалам на дваццаціпяцігоддзе шлюбу бацькоў. Гэтыя рэчы знаходзіліся ў сейфе. А сейф пасля пажару забраў Адам Брыж, настаўнік, сябра бацькавага дзядзькі Ігната Юр'евіча. Брыж закапаў яго ў сваім садзе, а 8.12.44 г. сейф прывезлі да гаспадара. У пісьме да жонкі Колас пісаў: "Учора паклікалі слесара, узламалі... Ды і ламаць гэтую ржавую скрыню было не шкода. Цябе, пэўна, забрала цікавасць, як забірала яна і мяне, а што ж захавалася ў сейфе? Прыгадаў апавяданне Гогаля "Заколдованное место". Там дзед адкопваў у лесе скарб. Адкапаў кацёл, выцягнуў, а як глянуў - дык толькі плюнуў. Тое самае захаваў і наш сейф. Большую частку яго займала мокрая гліна. У зямлі, куды ён быў закопан, была вада. Разам з вадою наплыў пясок і гліна. У гэтай гліне сям-там пападаліся сатлелыя кусочкі паперы - ад кніг, рукапісаў і аблігацый. У прыскрынку знайшлі аправу ад тваіх залатых часоў, яшчэ адны маленькія часікі з ланцужком і мужчынскія часы, срэбраны партсігар, дзве купалаўскія чаркі і яшчэ дзве чарачкі, што я колісь купіў у Маскве. Пачысціўшы, чаркі яшчэ могуць служыць, а рэшта - няшчасны лом. Толькі клопату нарабіў гэты сейф нам і людзям." (10 снежня 1944 г.).

Праз 63 гады ва ўплывовай газеце з такой архаічнай назвай як "Советская Белоруссия" з'явіўся нарыс да 90-годдзя сына Адама Брыжа - Аркадзя. Праўда, яго прозвішча перарабілі ў Расіі на "Бриш". Наш таленавіты фізік прымаў удзел у распрацоўцы праекта атамнай бомбы. Яго ўспаміны, як і ўспаміны яшчэ прыкладна дзесяці беларусаў, удзельнікаў гэтага праекта, апублікаваны у зборнічку, выдадзеным выдавецтвам нашага універсітэта. Не хапае там успамінаў аднаго з куратараў праекта выдатнейшага вучонага Міхаіла Аляксандравіча Ельяшэвіча. Аб яго работах па даследванню фізікі атамнага выбуху стала вядома праз многа гадоў пазней. Сапраўды, работа распрацоўшчыкаў праекта, у тым ліку спецыялістаў-беларусаў, -- гэта аграмадны подзвіг нашых вучоных. І добра, што хаця аб адным з іх напісала газета. Але калі б журналісты больш цікавіліся культурнай спадчынай, наведвалі музеі, то такога аляпаватага падзагалоўка як "Золото Коласа" не з'явілася б. Загінуўшыя рукапісы, частка з якіх ніколі не публікавалася, шмат даражэй усякага золата, нават калі б яно там было.

Лета 1936 г. праводзілі на хутары Андрэя Асіеўскага, недалёка ад вёсачкі Падбярэжжа, што за мостам праз Свіслач за Пухавічамі каля Бабруйскай шашы. Хатка стаяла метрах у трыццаці ад рэчкі. Па берагах яе раслі магутныя дубы. Пойма Свіслачы вельмі маляўнічая, а вада была чыстаю, празрыстай метра на паўтара-два. Аб чысціні яе сведчыла тое, што пітную ваду бралі з рэчкі, калодзежа не было. Рэчка кішэла рыбаю, ды якой! Недалёка ад хаты пад дубамі бацька аблюбаваў месца, добра занадзіў і штодня хадзіў вудзіць, распальваў грыб-скрыпель, каб дым адганяў камароў. Пасля Юрка наглядзеў яшчэ лепшае месца, зацішное, за паваротам рэчкі. Цяпер яго няма - рэчка прабіла новае русла.

Лета было вельмі цёплым, засушлівым, грыбоў не было да восені. Бацька перажываў за ўраджай, чакаў купчастых хмар, а іх усё не было. І ўсё ж аднойчы ўвечары на гарызонце сабраліся хмары і пачалася навальніца. Маланка палыхала кожныя дзве-тры секунды, да нас даносілася бесперапыннае глухое ракатанне. Мы да ночы любаваліся такой рэдкаснай з'явай прыроды.

Палюбавацца прыродаю, наведаць Коласа прыязджалі вайскоўцы - з Лапіч, Цэлі, дзе стаялі іхнія гарнізоны. Прыязджаў сюды і славуты актор Віцебскага драмтэатра Павел Малчанаў. На беразе Свіслачы расклалі вогнішча, спявалі песні, чыталі вершы. А праз некалькі дзён завіталі артысты першага драмтэатра. Яны летавалі ў Падбярэжжы. Пад грушамі-сапяжанкамі стаяў столік, дзе мы звычайна снедалі і абедалі. Вакол яго - лаўкі, аднак на ўсіх месца не хапала, частка актораў стаяла як на фуршэце, з талерачкамі ў руках. Маці нечым частавала гасцей пад выбухі жартаў, смеху, песень і дэкламавання. Сустрэча адбылася надзвычыай цёплай тым ласкавым летнім вечарам. А праз пару месяцаў у памяшканні іх тэатра адбылося святкаванне 30-годдзя літаратурнай дзейнасці Коласа. Было шмат яркіх выступленняў, падарункаў, была агучана пастанова ўраду рэспублікі аб узнагароджанні юбіляра легкавою машынаю. З прывітаннем ад калектыва тэатра выйшаў на сцэну, калі не памыляюся, Глебаў, у простай вопратцы і з вудай. Уладкаваўшыся на краю сцэны, звесіўшы ногі ў аркестровую яму, ён папляваў на кручок і закінуў лёску ў партэр. А там Ржэцкая прычапіла муляж здаравеннага ляшча, чамусьці блакітнага колеру з расшытаю белымі ніткамі лускою. Артыст па-майстэрску вывуджваў рыбіну, якая затрапятала ў яго руках так натуральна, нібы жывая. А з сярэдзіны муляжа ён дастаў скрутак паперы з прывітальным адрасам, з аўтографамі актораў і натхнённа агучыў прывітанне.

Адным са спякотных жнівеньскіх дзён завітаў да нас Янка Купала з жонкаю - цёцяю Уладзяй, як яе называлі. Нагаварыўшыся, жанкі пайшлі на купальню, а бацька і дзядзька Янка уселіся за столікам пад сапяжанкамі і за ціхаю гамонкаю асушылі бутэльку каньяку ОС, якую прывёз госць свайму сябру. Пад вечар яны пайшлі на рэчку павудзіць. Бацька асталяваўся на сваім месцы, а дзядзька Янка закінуў некалькі разоў вуду на завароце рэчкі, выцягнуў двух ці трох маленькіх акунькоў і пайшоў адпачываць пад дуб. Тым часам у бацькі ўзяўся язь з кілаграм вагою. Азарт захапіў і госця, але яго запал хутка выдахся, і ён вярнуўся пад дубок - апору для спіны - і задрамаў. А бацька выцягнуў другую рыбіну - крыху меншага галаўня. Мяне тут жа адправілі да хаты з наказам, каб да іх прыходу рыбу падсмажылі. Не кожны дзень бывалі такія ўловы, але ў той дзень пашанцавала.

Сюды ж да бацькі прыязджаў Андрэй Александровіч з сынам. Нехта прывёз малакаліберку - і мы сапернічалі ў майстэрстве. Да дуба прымацавалі карабок ад "Казбека" (бацька аддаваў перавагу гэтаму гатунку цыгарэт). Дзядзька Андрэй з'едліва кпіў пры маіх промахах. Бацька ж страляў лепш за другіх. Той дуб прастаяў яшчэ з паўстагоддзя, але, калі я наведаў гэтую мясціну з фотаапаратам, ад гэтых дубоў засталіся невялікія часцінкі магутных камлёў. Сама Свіслач была завалена дрэвамі, ляжалі ў ёй і дубы. Адзін дуб спалілі мае браты. А было гэта так. Усхадзіўся вятруга, і Юрка заспяшаўся дахаты. У той момант, калі ён пераскокваў загародку, у руку ўшпіліў шэршань. Дасталося і каню, прывязанаму недалёка ад гэтага месца. Конь парваў пастромкі і ўцёк. А на Юркавай руцэ ўскочыла з пятак пухліна, балела страшэнна. І хлопцы вырашылі выкурыць шэршняў з дупла. Данік прывёз крыху серы, і позна вечарам падпалілі яе ў дупле дуба. Праз некаторы час загарэлася спарахнелае нутро, загуло, і пад раніцу са страшэнным грукатам рухнула дрэва ў рэчку. Бацька бедаваў па дрэве, тым больш на ім было буслава гняздо. Буслы даўно зляцелі, але ж... Адчуваючы сваю віну, хлопцы сышлі кудысьці на цэлы дзень. Пасля з'явіўся верш "Дуб", прысвечаны гэтай падзеі.

Пад восень дзед Андрэй выдаваў сваю дачку замуж, і я ўпершыню прысутнічаў на цікавай цырымоніі. Пад патэфон весяліліся і танцавалі. І пад танцы паставілі пласцінку з украінскай песняй "Ой, під вышнею, під чэрэшнею стояў стары з молодою, як і з ягідкою...". А "малады" быў ужо чалавекам пажылым, і людзі пачалі пасмейвацца. Маці хутка выправіла гэтую памылку. Праз многа гадоў наш гаспадар па Беразянцы Лявон Шчэрба жаніў свайго сына Міколу з дачкой той маладой - унучкаю Андрэя Асіеўскага. На гэтым вяселлі я ўжо быў не пасіўным сведкаю.

Ад шашы паміж Свіслаччу і яе прытокам Балачанкаю клінам цягнуліся хвайнякі, амаль да ўпадзення Балачанкі ў Свіслач у вяршыні гэтага кліну. У сваіх паляўнічых вандроўках Юрка абышоў усё наваколле і ўпадабаў хутар з пяці хат - Вусце. Яму так спадабалася гэтая мясціна, што ён пераканаў бацьку наступнае лета правесці там, тым больш, што легкавушка М1 ужо была атрымана і праблема пераезду аблягчалася. Мясціна сапрўды была надзвычай прыгожай і выгоднай у многіх адносінах. Прыгажосць гэтага міжрэчча не магла не закрануць душу паэта, гэтаму кутку быў прысвечаны цэлы шэраг вершаў. А верш "Мой дом", можна сказаць, з фатаграфічнай дакладнасцю адлюстроўваў Вусцянскія краявіды. Тут жылі і працавалі сапраўдныя гаспадары, дбалыя людзі. Тут быў гурт дзетвары, маіх аднагодкаў, усе па меры сваіх сіл дапамагалі бацькам і знаходзілі час уволю пагуляць. Вакол - грыбныя хвайнякі, а поруч рачулка Балачанка, дзе кожны дзень купаліся, лавілі рыбу. На лугавых балоцінах вадзіліся качкі, дупелі, каросцелі - і для Юркі тут было раздолле.

Спыніліся ў хаце Язэпа Рымашэўскага, а ў 1938 годзе - яшчэ і ў Валодзі Жука. Аднаго пакойчыка не хапала - часта прыязджалі да нас родныя, знаёмыя. Маладзейшыя знаходзілі месца на сенавале, а пажылыя - у хаце. Дзякуючы таму, што прыязджалі знаёмыя, у іх захаваліся фотаздымкі, у прыватнасці, у маёй стрыечнай сястры Ніны, а таксама ў сясцёр Прозаравых.

У Вусцях спыніўся на адпачынак бацькаў дзядзька Ігнась, зняў хату і бацькаў шафер Краўкоў. А ў хаце Асіеўскага ў Падбярэжжы свой летні адпачынак праводзіў Пятро Глебка, зрэдку ён заходзіў і да нас. Успамінаючы гэтыя часы, Колас прысвяціў Глебку верш "Падбярэжжа":

[...]

Прыгадаем, Пятро, тыя межы,
Па якіх нашы ногі хадзілі.
Жыў і ты, жыў і я ў Падбярэжжы,
І былі мы тады яшчэ ў сіле...

Я не бачыў пышнейшай адзежы
І убранства лугоў, зеляніны,
Апроч той, што цвіла ў Падбярэжжы
Уздоўж Свіслачскай мірнай даліны...

Нас хілілі дубовыя вежы,
Свіслач рыбай нас шчодра дарыла.
Эх, Пятро, мой Пятро! Падбярэжжа
Прыгадаць мне сягоння так міла!

Да бацькі ў Вусце прыязджаў Міхась Лынькоў з сваім маленькім Маркам, загінуўшым пасля ў Трасцянцы. Лынькоў суправаджаў таджыкскага паэта Лахуці, які быў у Мінску і хацеў наведаць Коласа. У Вусце прыязджалі вайскоўцы, у тым ліку лётчык Макарцаў Б. П. з Пухавіцкага аэрадрома. З ім бацька пасябраваў, на працягу многіх гадоў яны ліставаліся. Аднойчы дамовіліся, што Макарцаў прыляціць на У-2 і скіне пошту. Чакалі яго на лузе каля рэчкі Балачанкі. У дамоўлены час ён праляцеў, ды так нізка, што многія пападалі на дол, баючыся папасці пад колы самалёта. Газеты ж зваліліся каля другога берага рэчкі. Туся Прозарава імгненна кінулася ў ваду і з пераможным выглядам прынесла газеты. Яе "подзвіг" часта ўспаміналі.

Вясёлых прыгод хапала. Аднойчы бацька зайшоў да дзядзькі Ігнася, і там яны добра пасядзелі, выпілі вішнёвай настойкі на спірце, а міску вішань ён прынёс дадому. Прысеўшы на ганку, паціхеньку з імі распраўляўся. Маці ўбачыла, што муж ужо прымае лішку, адабрала міску, а ягады высыпала на зямлю. Тут жа падбег шчанючок аўчаркі і хутка іх падабраў. Пад вечар наша гаспадыня ўбачыла, што сабака ляжыць і не варушыцца. Ці не здох? Яна яго раскатурхала, а ён не можа ісці - падгінаюцца ногі і ён падае. Калі разабраліся, у чым справа - было смеху.

Наведаць бацьку прыязджаў Янка Купала, прыязджалі акторы ІІ-га драмтэатра, яго кіраўнікі. Тут пачалася праца над падрыхтоўкай п'есы "Вайна вайне". У Вусцях Колас пачаў перакладаць творы Т. Р. Шаўчэнкі на беларускую мову. А мне прывозіў кіпы кніг мастацкай літаратуры з бібліятэкі Саюза пісьменнікаў. Запомнілася "Салёная купель" Новікава-Прыбоя; "Пан", "Містэрыі" Кнута Гамсуна, якога бацька цаніў вельмі высока як майстра слова.

 У Вусцях адсвяткавалі шлюб нашай Жэні і сябра Даніка Валодзі Петухоўскага. На вяселле налавілі таптухаю рыбы, многа было смеху, жартаў, песень і танцаў. Для мяне два леты, праведзеныя ў Вусцях, засталіся ў памяці як самыя светлыя, самыя шчаслівыя.

Але наступалі змрочныя дні і гады. У пачатку чэрвеня 1937 года на імя сакратара ЦК КПБ Беларусі прыходзіць пісьмо ад кіраўніка Саюза пісьменнікаў СССР В. Стаўскага: "Посылаю письмо на мое имя поэта М. Исаковского Прошу обратить внимание на факт включения Якубом Коласом в сборник, готовящийся к печати, контрреволюционного стихотворения "Полымя".

Ісакоўскі атрымаў з выдавецтва шэраг вершаў для перакладу на рускую мову. І ў адным з вершаў "Вместо приветствия к 5-й годовщине" убачыў, што дата напісання - 1926 год, і пачаў асэнсоўваць: якому часопісу ён прысвечаны? Па розных вытоках пачаў наводзіць спраўкі і "выявіў", што "Полымя" - гэта контррэвалюцыйная арганізацыя. І ёй жа Колас прысвяціў верш, і мала таго - уключае ў зборнік вершаў у 1937 годзе! Ісакоўскі пазваніў рэдактару (С. Гарадзецкаму), каб верш знялі. Але трэба высветліць другое пытанне - чаму Колас уключыў гэты верш у зборнік? Колас не мог не ведаць - піша Ісакоўскі - аб контррэвалюцыйнай сутнасці арганізацыі "Полымя". І, значыцца, напрошваецца выснова, што гэта зроблена з варожымі мэтамі!

Гэта адзін з прыкладаў "пільнасці" савецкага чалавека, які неаднаразова бываў у доме Коласа, чытаў свае вершы, у тым ліку для хатняга карыстання. Яны былі выдадзены кніжыцамі ў двух экземплярах. Вершы цудоўныя, у адным з іх абыгрываліся прозвішчы нашых паэтаў - Глебкі і Броўкі - як нешта раўнацэннае, нешта накшталт таго, як дзед сее маркоўку, бабка сее рэпку, дзедка кажа Броўка, бабка кажа Глебка.

Яго пісьмо рэзанансу не атрымала, відаць таму, што органы ўжо пачалі збіраць паказанні, выбіваемыя з арыштаваных "ворагаў народа".

Невядома, ці пісала што-небудзь Н. Нагіна, якая выдавала сябе за журналістку і якая заўсёды з'яўлялася ў гасцініцы, калі бацька прыязджаў у Маскву. Іншы раз яна прысылала свае творы - параіцца з Коласам. У мяне ж склалася ўражанне па яе паводзінах, што яна працавала на органы. Прыгожая жанчына, ліставалася з бацькам, але за ёю праглядалася нешта не шчырае, халоднае.

Пачаліся масавыя арышты, выкрыванні "ворагаў народа", стваралася надзвычай цяжкая атмасфера, падазронасць. Быў арыштаваны і расстраляны сакратар ЦК КПБ Гікала М. Ф. Прыйшла бяда і ў нашу хату. Лютаўскай ноччу да нашага дому пад'ехаў "чорны воран". Бацька падумаў, што гэта па яго, не паспеў апрануць пільчак, але аказалася, што прыехалі забіраць дзядзю Сашу. У яго пакоі зрабілі вобыск, зразумела, нічога не знайшлі. Дома было халаднавата, бацька папрасіў дазволу надзець пільчак. У адказ прагучала здзеклівае: "Мы вас сейчас накроем".

Як стала вядома шмат пазней з архіўных дакументаў, дзядзьку арыштавалі, каб выбіць з яго паказанні супраць "нацыянал-фашыста" Якуба Коласа, як тады нкусаўцы называлі пісьменнікаў. Ад часу да часу маці насіла свайму брату перадачы - прадукты і невялікія грошы. Аднойчы ёй пазванілі, і нехта сказаў, што яго адпусцілі, ён сядзеў у камеры з Каменскім, і той прасіў, каб грашовая перадача заканчвалася лічбай 7 - 17, 27 рублёў. Гэта будзе азначаць, што дома ўсё ў парадку. Маці западозрыла няладнае і нешта перапытала. У трубцы пачулася прыглушанае запытанне да кагосьці - калі наступны дзень перадачы. Стала ясна, што гэта чарговая правакацыя, спроба "ўстанавіць" змову і выкрыць ворагаў народа.

На скрыжаванні нашага Вайсковага завулка і вуліцы Фрунзе днямі стаяў мужчына. Мы, пацаны, вырашылі - шпіён! Але за кім сачылі - невядома.

Дзядзьку асудзілі на рэдкі па тым часе тэрмін - пяць гадоў зняволення і адправілі на лесапавал у Краснавішэрск. Пасылкі яму слаў яго брат Міша. Марознай зімой сорак першага дзядзя Саша адмарозіў нагу, яе ампутавалі. А рабы-калекі былі непатрэбны, іх не лячылі. Куды толькі бацька не пісаў, паручаўся за свайго швагра, але ў лепшым выпадку атрымліваў ветлівыя адпіскі. Бацька быў на прыёме ў Варашылава, той паабяцаў дапамагчы, як і абяцаў упустую многім людзям.

Ад бацькі мне не прыходзілася што-небудзь чуць адносна тэрора і яго арганізатараў. Толькі балючыя ўспаміны пра сваіх сяброў і паплечнікаў, і не было ніякай упэўненасці, што гэтыя людзі вінаватыя, што яны "ворагі народа". Маці ж выказвала сваё бачанне і ў першую чаргу вінаваціла Сталіна. "Як можа чалавек з вузкім ілбом малпы кіраваць такой вялікай дзяржавай?" - яе словы. У мяне мурашкі па спіне пабеглі ад іх. Нас выхоўвалі як патрыётаў курсу Сталіна. Маці ж ненавідзела яго. Але чаму? Жаночая інтуіцыя, больш тонкая, чым у мужчын, ці прыродная здольнасць да аналітычнага мыслення? Пазней мне стала вядома, што старэйшы брат сам разабраўся, як аналітык, куды глыбей, чым хто іншы.

Масавыя арышты і вынішчэнне навукоўцаў, пісьменнікаў - у першую чаргу людзей інтэлектуальнай працы - гэта найвялікшае злачынства ў гісторыі чалавецтва. У цывілізаваным свеце нішто так высока не цэніцца, як развіты інтэлект - гэта самая вялікая каштоўнасць. Пройдуць многія пакаленні, пакуль з народных глыбінь выб'юцца ў дастатковай колькасці таленты, якія павядуць народ за сабой.

Падзеі тых страшных гадоў адлюстраваны ў геніяльным фільме Абуладзе "Покаяние".

Штодзённая аднапалярная інфармацыя і яе інфарматыўнае поле ўплывае на погляды людзей, як магнітнае поле на жалезныя апілкі. Гэтыя погляды замацоўваюцца, людзі пачынаюць лічыць, што інакшага не можа быць. І на гэтым заснавана любая вера, у выніку якой паступкі, дзеянні дыктуюцца верай, а не здаровым сэнсам. Вера ў тое, што вакол ворагі, шпіёны, здраднікі лёгка замацоўваецца ў свядомасці людзей, асабліва з нізкім узроўнем адукацыі, з неразвітым інтэлектам. І такімі людзьмі лёгка маніпуліраваць. Ярчэйшым прыкладам з'яўляюцца шахіды, гатовыя дабраахвотна ахвяраваць сваім жыццём дзеля вырашэння задач іх кіраўнікоў.

У 1938 годзе Масква прыслала на Беларусь свайго эмісара на пасаду сакратара ЦК партыі - Панамарэнку П. К. Хадзілі чуткі, што ён быў сваяком Малянкова Г. М., надзвычай жорсткага і ўплывовага функцыянера, які разграміў шэраг партыйных арганізацый. Ён мог прыкрыць сваяка, якія б той не праводзіў дзеянні.

Азнаёміўшыся са становішчам з кадрамі у Беларусі, Панамарэнка заклікаў Коласа на размову. На здзіўленне, новы сакратар стаў расказваць пісьменніку пра гістарычнае мінулае Беларусі, закрануў шэраг падрабязнасцей гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, ды гаварыў з энтузіязмам. Бацька быў зачараваны новым сакратаром. Якія глыбокія веды! Але, калі прааналізаваць наступныя крокі Панамарэнкі, то можна прыйсці да высновы, што гэта быў зандаж - як адносіцца народны паэт да праблем самастойнасці Беларусі, яе будучыні і інш. Хутчэй за ўсё, што ў гэты час паступіла заданне наркому ўнутраных спраў маёру Наседкіну падрыхтаваць спраўку аб беларускіх пісьменніках, чым яны дыхаюць. Адным словам - сабраць кампрамат, які, фактычна, збіраўся і раней. І Панамарэнка атрымаў яго. У дасье Наседкіна першынствавалі Купала і Колас. З грубымі факталагічнымі вывертамі, з граматычнымі памылкамі ў гэтай паклёпніцкай спраўцы народныя песняры былі "выкрыты" як удзельнікі антысавецкага падполля, што пацверджвалася 41 паказаннем супраць Купалы і 31 супраць Коласа. На Крапіву, Лынькова, Броўку і іншых "паказанняў" было менш. Відаць таму Купала і Колас былі вызначаны доблеснымі чэкістамі-феліксаўцамі як кіраўнікі нацыянальна-фашысцкага падполля і польскія шпіёны. Гэтых фактаў было дастаткова, каб усіх пісьменнікаў расстраляць. І Панамарэнка напэўна мог не прасіць дазволу ў Крамля на гэта. Але, відаць, ён не рызыкнуў узяць адказнасць на сябе і вырашыў напісаць ліст Сталіну "Аб беларускай мове, літаратуры і пісьменніках": "Изучив состояние белорусского языка и литературы, ознакомившись с белорусскими писателями и их настроениями, хочу ознакомить Вас с некоторыми выводами и попросить совета по мероприятиям, которые, как мне кажется, вытекают из этих выводов". Далей у яго лісце канстатуецца, што ворагі народа, якія прабраліся да партыйнага і савецкага кіраўніцтва Беларусі, ставілі мэтай адарваць краіну ад СССР, утварыць самастойную дзяржаву пад пратэктаратам Польшчы. А для гэтага яны мелі кваліфікаваныя кадры ідэалагічнай падрыхтоўкі насельніцтва. З грубымі ператрымкамі і фальсіфікацыяй фактаў Панамарэнка абрушваецца на дзеячаў культуры - нібы тэатр, літаратура, мастацтва - усё было пастаўлена на службу ворагам. Але найбольшую контррэвалюцыйную дзейнасць правёў саюз "савецкіх" пісьменнікаў Беларусі. "В этом союзе, -- піша Панамарэнка, -- несправедливой критикой, клеветой, издевательством, пренебрежением затравили не одного честного коммуниста и писателя... (Але ж ніводнага прыкладу не прыведзена!) Здесь разлагали литературное движение, здесь боролись с советскою властью под видом борьбы за эту власть... " Але ж хаця бы адзін прыклад - як гэта магло адбывацца. Далей Панамарэнка піша, што пісьменнікі узурпіравалі права талкаваць мову, стварэнне новых слоў, тэрмінаў, лозунгаў. "Существующее белорусское правописание искажено в националистическом (???) духе, оно преднамеренно построено так, чтобы отличалось от русского даже там, где в живом произношении нет разницы. Так, было введено аканье, т.е. написание а не под ударением вместо о и я вместо е. Например, горад, вялікі вместо город, великий" і г.д. ...Позволю привести ряд примеров, слов и оборотов, имеющихся сейчас в белорусской литературе.

Слово подъём заменено каким-то диким словом уздым.

Вместо образования - адукацыя.

Краски - фарбы ".

Эх, Панцеляймон Кандратавіч! Не чыталі вы майстроў слова! Як дакладна прадбачыў наш Купала ворагаў беларушчыны! Словы генія таму і каштоўны, што праз многія гады яны не страчваюць сваёй моцы:

Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб той мове,
Якой азваўся беларус.

Чаму вам дзіка яго мова?
Паверце - вашай ён не ўкраў.
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
З якім радзіўся, падрастаў.

Другі геній беларускага і польскага народаў Адам Міцкевіч паўтара стагоддзя таму пісаў, што беларуская мова - адна з самых распрацаваных славянскіх моў, на ёй гаворыць каля 10 мільёнаў людзей, на ёй адбывалася дыпламатычная перапіска... Рускую ж мову славуты паэт добра ведаў...

Не хапіла адукацыі і ведаў і таму, хто рыхтаваў сакратару праект ліста і размазаў цёмнымі "фарбамі" і сябе, і сакратара. Згодна з іх бачаннем, уся бяда ў тым, што многія словы ў беларускую мову ўвайшлі не з усходу, а з захаду. І толькі ў імперскім зацьменні словы чужой мовы могуць здавацца "дзікімі".

З гэтага ліста стала вядома, што лідэр беларускіх чэкістаў запрасіў з цэнтра санкцыю на арышт Купалы і Коласа даўно, але санкцыя не атрымана. І Панамарэнка прапануе шэраг мер, якія, на яго думку, патрэбна правесці. У іх ліку - павялічыць колькасць рускіх школ, "ликвидировав колоссальную перегруженность этих школ, и удовлетворить полностью желание населения обучать детей на русском языке, конечно, за счет новых школ, т. к. реорганизация некоторого числа белорусских школ в русские, хотя и является практически целесообразной, но политически недопустима". Прайшло крыху больш за паўстагоддзя і "желание населения" "задаволілі", палітычная недапушчальнасць у імперскай палітыцы згубіла актуальнасць.

А па двух пытаннях: а) па прапануемых мерапрыемствах у адносінах да беларускай мовы - граматыкі і літаратуры; б) па адносінах да пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа - Панамарэнка просіць у Сталіна даць параду, што рабіць.

Так, Панамарэнка гэтым пасланнем хацеў падстрахавацца. Але адказу не знойдзена, магчыма яго і не было. Бо ад часу паслання да часу ўказа аб узнагародах ордэнамі прайшло ўсяго два месяцы. Узнагароджанні праводзіліся ў маштабе ўсіх рэспублік, так што на падрыхтоўку гэтай акцыі патрэбен быў пэўны прамежак часу. Несумненна, па распараджэнню Крамля праз месяц Панамарэнка адсылае ў Маскву ліст з прапановаю ўзнагародзіць 40 чалавек ад Беларусі. Праз некаторы час пачалася кампанія ўзнагарод людзей другіх прафесій. Такім чынам, байку аб замене ордэраў на ордэны нехта прыдумаў.

Масавыя расстрэлы інтэлігенцыі, якія распачаліся 8 жніўня 1937 года, праз год былі прыпынены. Прадоўжвалася вынішчэнне каманднага складу арміі, ваенных спецыялістаў, што прывяло да страшнейшага разгрому арміі ў 1941 годзе. Толькі праз пяцьдзесят гадоў былі апублікаваны сакрэтныя цыркуляры з запланаванымі нормамі рэпрэсій па першай катэгорыі (расстрэл) і другой (зняволенне на 8-10 гадоў). Там жа былі вызначаны "тройкі", якія прымалі рашэнне - каго ў расход, каго ў рабы. "Суддзі" не бачылі і не заслухоўвалі абвінавачанага. На аснове апісання "справы", сфабрыкаванай нкусаўцамі, выносіўся прысуд. Асуджаемых нават не знаёмілі с прысудамі і расстрэльвалі. На Беларускую ССР "спусцілі" план - 2000 па першай і 10000 па другой катэгорыі. Планы не толькі выконваліся, але і перавыконваліся. І адпаведныя начальнікі дамагаліся ў Крамля атрымаць дадатковыя "ліміты" на расстрэл, у тым ліку і Панамарэнка. Бязлітаснасць да "ворагаў народа" дазваляла лічыць сябе непахіснымі прыхільнікамі крамлёўскага кіраўніцтва. І ўсё ж "заслуга" Панамарэнкі ў тым, што ён не ўзяў на сябе адказнасць за ліквідацыю яшчэ не рэпрэсаваных пісьменнікаў. Пасля ён дазнаваўся ў Коласа адносна арыштаванага "ворага" Кузьмы Чорнага. Бацька запэўніў, што гэта адзін з выдатнейшых празаікаў, і ніякім ворагам народа не можа быць. Кузьму Чорнага выпусцілі.

У далейшым Панамарэнка прыхільна ставіўся да Коласа, неаднаразова сустракаўся з ім.

Узнагарода Янкі Купалы і Якуба Коласа найвышэйшым ордэнам - ордэнам Леніна - з'явілася надзвычай важнай падзеяй у іх жыцці. Фактычна, гэта была індульгенцыя на ахову ад падкопаў пад іх дзейнасць, пад іх грамадзянскую пазіцыю. Узнагарода гэтым ордэнам была вялікай рэдкасцю, аб чым сведчыць і выбіты на ім нумар - крыху больш за тры тысячы. Таму бацьку віншавалі і прыходзілі падзівіцца на сам ордэн. Прыйшоў павіншаваць і князь Друцкой. Ён са сваёй мілай згорбленай ад часу княгіняй дажываў свой век непадалёку ад нашай хаты. Казалі, што ў часе грамадзянскай вайны ён будаваў для Чырвонай арміі мост пад абстрэлам непрыяцеля. У яго як буйнога будаўніка знаходзіліся вялікія грошы, і ён іх перадаў маладой савецкай уладзе. Таму яго і не чапалі, але і на работу нідзе не прымалі - князь! А ў яго за плячыма была не толькі ваенна-інжынерная акадэмія, але і вялікі вопыт будаўніцтва. На настойлівыя просьбы выкарыстаць яго веды ад яго адмахваліся. Але неяк адважыліся даць на праверку праект будынка. Князь прыйшоў у абурэнне - фундамант не разлічаны, будынак можа рухнуць! Заўвагу не прынялі да ведама. Дом рухнуў.

З якою павагаю павіншаваў бацьку князь Друцкой! З непадробнай цікавасцю разглядаў ордэн, і з якой шчымлівасцю і смуткам заўважыў: "И мы когда-то были с орденами!"

Гарадскі транспарт пасля вайны не працаваў, і Панамарэнка даў загад - выдзеліць Коласу трафейны "Опель-Адам" (прататып першага "Масквіча"). Пасля - "Опель-Адмірал", на якім спачатку ездзіў яго сын Валерый.

З трафеяў Панамарэнка выдзяліў бацьку і мне па радыёпрыёмніку, падараваў таксама кішэнны гадзіннік. Аднойчы раніцай ён наведаў нашу хату разам з Ларысай Александроўскай - паглядзець, у якіх умовах жыве паэт і запрасіць да сябе ў Дразды.

У жыцці нямала нечаканых супадзенняў, не абышлі яны і нас. Так, пастанова аб наданні Коласу звання народнага паэта была прынята ў год майго нараджэння - 1926. Указ аб узнагародзе ордэнамі быў падпісаны 31.01.1939 года - у дзень майго нараджэння, а амаль праз дваццаць гадоў у гэты самы дзень была падпісана пастанова аб прысваенні мне звання майстра спорту. Бацькі не стала ў дзень нараджэння маёй дачкі, а цешчы - у дзень нараджэння меншага сына. Старэйшы брат Даніла памёр у дзень нараджэння Янкі Купалы. Успамінаючы такія сумныя даты, іншы раз пажартуеш - у чый дзень з унукаў адыйдзем мы з жонкай?

1939 год пачаўся новай кампаніяй - ліквідацыяй хутароў, хутарскога гаспадарання, будаўніцтва новай вёскі. Праўда, гэтае "будаўніцтва" зводзілася да механічнага перавозу старых хат на новае неабжытае месца. Пры гэтым загінулі сады, страчаны уходжаныя, угноеныя землі, ліквідаваны многія выгоды сялян. Узровень жа дабрабыту не палепшыўся. Пад гэту кампанію папала і райскае месца - хутар Вусце. Другога летняга прыстанішча доўга не шукалі. Насупраць Вусцянскага грудка праз маляўнічую пойму Свіслачы праглядаліся хаткі Беразянкі, вёсачкі з дзевятнаццаці гаспадарак. Там, у апошняй хатцы вёскі, хатцы лесніка Лявона Шчэрбы і яго жонкі Зосі мы асталяваліся. Недалёка ад нас дарогу перасякала канава Жалезянка, што ішла з-пад Блужы, праз забалочаныя мясціны. Чыстая, добра прагрэтая вада папаўняла Свіслач. Берагі яе і тут упрыгожвалі дубы, месцамі суцэльнаю сцяной звешваліся над вадою лазнякі, а бялюткі пясочак, шматкроць перамыты вадою, аздабляў нізінкі за паваротамі русла. З якою асалодаю мы бавілі час на ім у гарачыя дні! Мурожная трава зялёным покрывам рассцілалася ўздоўж высокага берага, напаўняючы паветра водарам кветак. А на заліўных лугах віліся выжарыны - астанкі даўняга рэчышча. З другога боку - хвайнякі з балоцінкамі, але далёка не такія грыбныя, як Вусцянскія.

У той год у Беразянцы адпачываў бацькаў дзядзька Ігнась, сюды ж перабраўся Пятро Глебка і летаваў з сям'ёй шафёр Хадасоўскі.

Беразянцы былі працавітымі, сімпатычнымі людзьмі, умелі працаваць і весяліцца. Яны ўтварылі маленькі, але вельмі дружны калгасны калектыў, які узначальваў Клемус Жук. З яго цесцем Васілём Паскробкам бацька пасябраваў. Той быў вельмі цікавым чалавекам, майстрам на ўсе рукі, штукаром. Ён рабіў такі хвацкі квас з сушаных груш на мёдзе, што прыводзіў усіх у захапленне. Яму прысвечана колькі старонак у ХVІ раздзеле паэмы "Рыбакова хата".

Недалёка ад Беразянкі ляжалі балоцінкі з чэзлымі хвойкамі і здаравеннымі купінамі. Калгаснікі вырашылі асушыць балота і зрабіць там агарод. Лапатамі пракапалі канаву, спусцілі ваду ў Свіслач, а купіны склалі, на ўгнаенне. Калі ж прыйшоў час дажынак, заклікалі і маіх бацькоў. Да бацькі сяляне адносіліся з глыбокаю павагай. А як хораша спявалі! Тут быў свой аркестр, свае майстры музыкі і спеваў.

Да бацькі часта прыязджалі вайскоўцы, пісьменнікі, супрацоўнікі Віцебскага драматычнага тэатра. Пры абмеркаванні далейшага лёсу п'есы "Вайна вайне" я не стрымаўся і прыткнуў свае тры грошыкі - выказаў думку, што ў сучасных умовах гэтая п'еса не спрыяе справе выхавання патрыятызму. Мяне высмяялі, было прыкра, што усунуў свой нос не туды, але што зробіш?

Прыязджаў да бацькі нехта Махнач. Мяне папрасілі выйсці, бо размова ішла з вока на вока. Пасля бацька прагаварыўся, што гэтага чалавека, адсядзеўшага ў турме, не зламалі. Ён жа расказваў аб жудасных катаваннях у засценках НКВД.

Пакойчык у хаце Шчэрбы быў невялічкі, маленькім быў і сенавал. І калі прыязджаў Юрка з сябрамі, а часам і Данік, то было цеснавата. Таму ў наступным годзе мы летавалі ў прасторнай хаце Карлюкевіча. Там і пунька была не малая. А поруч - Свіслач, дзе бацька праязджаў на лодцы пры сваіх паходах у грыбы. А вудзіць хадзіў досыць далёка ўніз па рацэ на сваё прашлагодняе месца. Каля хаты Карлюкевіча рос малады хвайнячок, але грыбоў у ім не было. І бацька прыносіў з Вусцянскіх лясоў старыя грыбы і раскідваў іх у гэтым хвайнячку. Праз пару гадоў там нарасло многа баравікоў.

Беразянка, як і яе людзі, так спадабаліся бацьку, што ён вырашыў пабудаваць побач з вёскаю дачу. Выбралі ўчастак, навазілі лесу, але пачалася вайна. Назаўсёды скончылася дачнае будаўніцтва, нават не пачаўшыся. А Беразянку напаткаў лёс Хатыні. Немцы спалілі яе разам з 43-а жыхарамі. Толькі некалькім жанчынам і дзецям удалося ўратавацца.

Перад адыходам на службу у армію ў Беразянку прыехаў Юрка, каб развітацца з намі. Універсітэцкі выпуск 1940 года накіравалі ў конную артылерыю за Ломжу на граніцу з Германіяй. У часы службы Юрка некалькі разоў прыязджаў дахаты. Вайскоўцам у новых неабжытых мясцінах патрабавалася забеспячэнне самым неабходным з цывільных рэчаў - у першую чаргу канцылярскімі прыналежнасцямі, сшыткамі, кнігамі і г.д. Без бацькавай дапамогі дастаць што-небудзь было амаль немагчымым. Бацька звярнуўся да тагачаснага наркома асветы Уралавай - Дунькі, як яе называлі за інтэлектуальны ўзровень, і праблема была вырашана.

Многа турботы ў бацькі вызваў пажар роднай вёскі Мікалаеўшчыны. Там дзеці пяклі яечню, ад агню загарэлася салома, хлеў, ад яго - хаты, цесна прытуленыя адна да адной. Дарослыя былі ў полі, даць рады не было каму, і хвілін за сорак згарэла больш за дзвесце хат. І бацька звяртаецца ў Саўнарком, піша дакладныя сакратару ЦК Панамарэнку з просьбаю адбудаваць вёску па-новаму, з новаю планіроўкаю, са школай і больніцай. Для школы таксама трэба было здабываць паперу, кнігі і інш. і таксама затрачваць многа часу і энергіі. Затрымлівалася галоўнае - работа над паэмай "Рыбакова хата".

Прэзідыум Акадэміі пастанавіў чарговую сэсію правесці ў Беластоку, які быў далучаны да Беларусі. Адтуль недалёка і да Ломжы, Ставісак, дзе служыў Юрка. Праведаць, як яму служыцца, пабачыць сына бацька не мог сабе адмовіць. У Юркі, загартаванага фізічна, падрыхтаванага маральна, служба цяжкасцей не выклікала, а юнакам пасля дзесяцігодкі прыходзілася вельмі цяжка - да слёз.

Акрамя гэтай паездкі не абышлося без больш далёкіх. У складзе дэлегацыі разам з Купалам ездзілі ў Грузію на святкаванне дваццацігоддзя рэспублікі. Камандзіроўка была выкарыстана і для лячэння ў Цхалтуба, але ванны з цхалтубскімі водамі не памаглі. Відаць, не ў жарт пісаў Гарадзецкі, што трэба быць здаровым, каб вылячыцца цхалтубскаю вадою. Паездкі ж па розных справах у Вільню, Маскву адбіваліся на здароўі. Падымаўся ціск крыві, давала знаць аб сабе сэрца.

Многа перажыванняў выклікала рашэнне Савецкага ўраду аб перадачы Віленскага краю, калыскі беларускай культуры - горада Вільні - літоўцам. Гэта быў "вялікадушны" жэст Сталіна - задобрыць акупаваную, згодна з дамовай з Гітлерам, Літву за кошт беларускіх земляў. Бацька быў добра знаёмы з этнаграфічнымі картамі акадэміка Карскага, з межамі пражывання беларусаў. У Вільні літоўцаў было не больш трох працэнтаў, а навакольныя вёскі населены беларусамі. Бацька парываўся выступіць з пратэстам, але Данік адгаварыў, разумеючы бессэнсоўнасць такой акцыі.

Пад час адной з паездак у Маскву мы спыніліся на Клязьме ў дзядзькі Мішы. Бацька ездзіў па сваіх выдавецкіх справах, а я ўпершыню пазнаёміўся з цэнтрам сталіцы, пабываў на ВДНХ СССР. Мне і ў галаву не прыходзіла думка, што некалі я сам стану ўдзельнікам гэтай выставы, і нашы распрацоўкі будуць адзначаны букетам з залатых, срэбраных і бронзавых медалёў. Выстава паказалася мне грандыёзнай, непаўторна прыгожай.

У Маскве мы прабылі некалькі дзён. Назад білеты былі ўзяты ў міжнародны вагон, які аказаўся запоўненым, як і другі вагон, немцамі, ад'язджаўшымі дамоў. Значыць, яны ўжо былі папярэджаны аб набліжэнні вайны. Мы прыбылі ў Мінск 16 чэрвеня. Назаўтра прыехаў Юрка. Яго выклікалі на армейскія спаборніцтвы па стэндавай стральбе. Пару месяцаў назад ён удзельнічаў у спаборніцтвах у Маскве, нават атрымаў грамату і грашовую узнагароду. Без належных трэніровак гэта быў несумненны поспех. Па прыездзе Юрка расказваў, што немцы рыхтуюцца да вайны, іхнія самалёты часта пералятаюць граніцу. Ён нават па аднаму нібыта страляў. Спаборніцтвы з фіналамі павінны былі закончыцца 24 чэрвеня. Я кожны дзень ездзіў на стэнд, які знаходзіўся на стадыёне фізкультуры, каля батанічнага саду, назіраць за цудоўным відовішчам - як разлятаюцца талерачкі пры трапным стрэле. Зрабіў некалькі здымкаў, якія захаваліся.

На дзённы спектакль найлепшага ў Саюзе тэатра - МХАТа ў мяне быў білет на 22 чэрвеня. Ставілі ці то "Тарцюфа", ці то "Школу зласлоўя" Шэрыдана. Я ўжо ведаў аб нападзе немцаў - бацьку пазванілі з рэдкалегіі газеты і пад сакрэтам сказалі. А ў часе спектакля на сцэне з'явіўся чалавек у ваеннай вопратцы і абвясціў гэтую страшную навіну. Афіцэрам - іх было многа на спектаклі - было загадана тэрмінова вярнуцца ў свае часці. На другі дзень бацька паехаў у ЦК, дзе сакратар Гарбуноў Ц. С. запэўніў, што нашы войскі ўжо вядуць баі пад Кёнігсбергам. Я пасаромеўся выказаць сваё сумненне - бо як можна нападаць на мацнейшага - ізноў высмяюць.

Што рабіць? Вырашылі выехаць у Беразянку і пачакаць, пабачыць, як будуць разгортвацца падзеі. Сабралі неабходныя рэчы ў чамаданы. Нямецкае радыё, якое слухаў Данік, перадавала пабеданосныя маршы і трубіла аб поспехах войск вермахта. На ўсякі выпадак за домам выкапалі шчыліну, перакрылі яе, а ў фундаманце дома выбілі акно са склепу, каб можна было выбрацца. Ранішнім налётам самалётаў на трэці дзень вайны адна бомба трапіла ў лінію вадапровада, другая - узарвала дах у доме насупраць, а праз дом бомба папала ў крыльцо хаты Вайнераў, так што ўся сярэдзіна аказалася на віду.

Спаборніцтвы закончылі датэрмінова, Юрку прызначана было 24.06 з'явіцца ў камендатуру ці ваенкамат. Ён прасіў мяне захаваць стрэльбы: скончыцца вайна - будзем разам хадзіць на паляванне. Стрэльбы я захаваў, а ён не вярнуўся...

Ніхто ўявіць не мог, якія цяжкія выпрабаванні лягуць на нас, на народ. Перад развітаннем мы з Юркам селі каля дрывотні, я прынёс карабок цукерак, да якіх ён быў яшчэ больш ахвочы чым я. Невясёлая была размова. Я сэрцам адчуваў, што больш мы ніколі не пабачымся, але выказаць гэтага яму не мог. Было так цяжка, так горка. Праз пару гадзін, як Юрка пайшоў, пачаўся вялікі налёт авіяцыі, дзесьці гадзіны ў тры. Ад разрыву бомбаў задрыжэла зямля, пачаліся пажары. Прышлося выкаціць з-пад дрэў аўтамабіль, а ў яго сеў акумулятар, у спешцы паспелі схапіць пару чамаданаў, кошык з ежаю, а я - Юркавы стрэльбы і яго фотаапарат. Вывезці нас з горада пагадзіўся сусед, з тым, каб другім рэйсам вывезці яго сям'ю. Гарэлі хаты на Вайсковым завулку, здаравенныя галавешкі далёка пераляталі пад узняўшымся шквалам ветру. Гарэла Чырвоная вуліца - усе дамы, акрамя бензакалонкі. Праз вогненную алею пранесліся хутка. Уздзібіліся трамвайныя рэйкі насупраць радыёзавода, угары гулі самалёты. Каля Акадэміі Навук ужо было цішэй. Дабраліся да Сцяпянскіх дач, дзе пакінулі машыну, а бацька даў сваё пасведчанне хлопцу, які нас вывозіў, каб яго не затрымалі. Але, як стала вядома з пісьма Юркі, машына стаяла на перакрыжаванні нашага завулка і вуліцы Фрунзе ў варонцы з узарваным бакам. Юрка дастаў з яе ключы і перадаў іх жонцы Фёдара Хадасоўскага, якую з яе дзецьмі выпадкам сустрэў на Магілёўскай шашы за Мінскам. Юрка перачакаў бамбёжку ў цэнтры, нікога ў камендатуры не застаў і вечарам прыйшоў шукаць нашы трупы - дом дагараў, дагаралі хаты на нашым завулку. Ён дастаў са шчыліны кажух, падушкі і перадаў суседу - Пужэвічу. А мы спыніліся насупраць дачы наркома унутраных спраў Цанавы Л. Ф. Бацька хадзіў туды, сустрэў кіраўніка спраў Саўнаркома Фадзеева, той абяцаў дапамагчы выбрацца адтуль. Там жа ўзяў лапату, мы выкапалі неглыбокія ямы, заслалі яловымі лапкамі і рыхтаваліся пераначаваць у лесе. Прыходзіў капітан НКВД, таксама запэўніваў, што нас не пакінуць, прыходзіла жонка Цанавы з сынам, паспачувала. А ўначы машыны адна за адной ад'язджалі ў бок Маскоўскай шашы. Раніцай акрамя стоража там ужо нікога не было. Мы адправіліся на паўстанак і таварнякам даехалі да Калодзішч. Там жылі даўнішнія знаёмыя Лагуноўскія, якія гасцінна прынялі нас, накармілі. А на станцыі бацьку настойліва раілі хутчэй адпраўляцца на Маскву. Тут мы развіталіся з дзядзькам Ігнасем, які накіраваўся да жонкі, у Балачанку. На вочы дзядзькі нагарнуліся слёзы. І гэта знайшло адбітак у вершы "Развітанне".

Таварняк рухаўся марудна, дзесьці стаяў усю ноч і толькі к вечару наступнага дня дабраліся да Оршы. А там - налёт самалётаў. Я ўбачыў чорныя кропкі, аддзяліўшыяся ад самалётаў і хутка зачыніў дзверы вагона. Праз вагон ад нас у другі вагон папала бомба, асколкам другой выбіла раму у нашым. Самалёты пайшлі на разварот і падалося, што будзе паўтор. Хутка падхапіўшы рэчы, выбеглі на ўзгорак за пуці. У суматосе Данік падабраў чужы чамадан, прыйшлося яму ісці і замяніць. Самалёты больш не паказваліся і мы крыху супакоіліся. У хуткім часе дазваніліся да Купалы, і ён прыслаў сваю машыну. Купала сустрэў, кажучы: вы мае госці на два-тры дні. Маці трохі пакрыўдзілася, але гаспадар меў на ўвазе, што ён сам тут доўга не затрымаецца. Наступным днём з-пад Оршы даносілася страляніна гармат. Прарваўся нямецкі танкавы корпус, і там разгарнуліся баі. Раніцой даведаліся, што з Копысі ідуць дзве машыны на ўсход - з Гродненскага керамічнага завода і з Мінска. Машыны былі перагружаны хатнім скарбам, эвакуіравалася некалькі сямей - Бялонькі, Сурскія. Нас узялі можа дзякуючы таму, што была кашолка з вяндлінай. Есці ж у дарозе трэба. Праўда, насельніцтва сустракала нас з болем і жалем, прыносілі прадукты. Хто ведае, можа заўтра-паслязаўтра прыдзецца ўцякаць і ім... Тыдні два прабіраліся прасёлкамі, пакуль не даехалі да вёскі родных жонкі Белонькі ў Калінінскай вобласці, дзесьці пад Таржком. Нас давезлі да Калініна, адтуль дабіраліся поездам да Масквы. Білетаў не давалі, Масква была амаль зачынена для бежанцаў. Толькі дзякуючы бацькавым дакументам атрымалі дазвол. Усім гэтае вымушанае падарожжа каштавала многа нерваў, асабліва бацьку. Спыніліся ў матчынага брата Мішы, на станцыі Клязьма. Праз некаторы час прыехаў Купала і сваю машыну загнаў у дзядзькаў двор.

Становішча было няўпэўненае. Цёплай адзежыны не было, у Мінску засталіся многія дакументы - ашчадная кніжка, пенсійнае паседчанне, мая метрыка і інш. Што далей, куды падацца? Бацька матаўся па Маскве, па выдавецтвам, рэдакцыям і знаёмым. Усё гэта патрабавала сіл і нерваў, перажыванняў. Праз Саюз пісьменнікаў многія мінчане даведваліся наш адрас і заязджалі на Клязьму. Часцей другіх бываў Янка Купала, раніцаю хадзілі разам на вакзал, дзе была радыёкропка, слухалі навіны. Яны не радавалі. Праз месяц пасля пачатку вайны пачалася бамбёжка Масквы. Хаця паветраная абарона яе была магутнай, асобныя самалёты прарываліся і скідвалі бомбы. Амаль за 30 кіламетраў ад Масквы добра былі чутны выбухі, відны сляды трасіруючых снарадаў. Мноства пражэктарных променяў адшуквалі самалёты і доўга вялі іх. Тыя ж скідвалі свой смертаносны груз дзе папала. Не абмінулі і Клязьму. Частку запальваючых бомбаў людзі, асабліва моладзь, тут жа выхватвалі і тушылі. Але ж некалькі хат згарэла. Згарэла і аптэка, якая стаяла праз дарогу насупраць дзядзькавай дачы.

Недалёка ад Клязьмы ў Тарасаўцы была дача Новікава-Прыбоя. Бацька здаўна сябраваў з ім, і мы аднойчы наведалі яго. Канешне, як паляўнічаму, я расказаў яму пра стрэльбы, ён падараваў мне пачак пораху "Сокал". Але больш каштоўным падарункам з'явілася яго "Цусима" з дарчым аўтографам.

У канцы ліпеня беларускім урадам была прынята пастанова аб эвакуацыі супрацоўнікаў нашай Акадэміі ў Ташкент і разгортванні там работ. І сёмага жніўня мы выехалі з Масквы. Праз тыдзень былі ў Ташкенце. Спыніліся ў гасцініцы, трэба было набываць самыя неабходныя рэчы. Грошы быстра разыходзіліся. На рынках было поўна прадуктаў і цэны былі невысокімі. Але належнай практычнасці ў бацькоў не хапала і ніякіх запасаў не зрабілі. Рысу ж было навалам.

Нехта параіў комнату ў прыватным доме ў пенсіянераў Андрэевых, але ж далёка ад цэнтру.

Даніку трэба было ўладкавацца на работу, мне - у школу. Ніякіх даходаў не было і ніякай дапамогі ад Саюза пісьменнікаў таксама. Становішча пагаршалася, мяне са школаю адпраўлялі на збор бавоўны, а абутку не было. Нечакана прыйшла дапамога ад Саўнаркома Беларусі. З пасыльным прыслалі тры тысячы рублёў, такіх патрэбных у той час. Позняй восенню бацьку прапанавалі лепшую комнату з калідорчыкам бліжэй да цэнтру, на Пушкінскім праездзе, 13, у доме Русаўскіх.

Паток бежанцаў нарастаў, асабліва пасля аб'явы па радыё 16 кастрычніка аб здачы Масквы. Кожную раніцу бацька хадзіў на Пушкінскую вуліцу да лазні, дзе вісела радыёкропка - паслухаць навіны, што адбываецца на франтах. З наступленнем немцаў на Маскву абарвалася сувязь з Юркам. Ён нас расшукаў праз дзядзьку Мішу, і мы нядоўга ліставаліся. Мы атрымалі некалькі пісем - трохкутнікаў, якія не заклеіваліся - так патрабавала цэнзура. Гэта былі бадзёрыя пісьмы мужнага ваяра. Мы даведаліся, што ён прыбіўся да 49-га корпуснага артылерыйскага палка і ваяваў пад Смаленскам. На апошнім лісце да мяне стаяла дата 30.09.41 - напярэдадні генеральнага наступлення немцаў на Маскву. Мы страшэнна перажывалі за яго лёс, ведаючы яго храбрасць і непахіснасць. У палон ён ніколі б не здаўся. Колькі слёз пралілі бацькі! І колькі мільёнаў бацькоў гаравала аб сваіх сынах...

Тым часам у Ташкент прыбывала ўсё больш і больш бежанцаў, у тым ліку шэраг пісьменнікаў: Чукоўскі, Лугаўской, Уткін, Цішчанка, Гарадзецкі і інш. Раней прыехала Эдзі Агняцвет і паспела атрымаць добрую кватэру. Многім жа было цяжка ўладкавацца, знайсці жытло і работу. З сынам і жонкаю прыехаў М. Модэль, пару дзён начавалі ў нас, бо больш недзе было прытуліцца. Бацька як мог дапамагаў звяртаўшыся да яго бежанцам. Частка супрацоўнікаў нашай Акадэміі была накіравана ў Самарканд. Становішча пагаршалася, хутка раслі цэны, хлеба па картачках не хапала. На наша шчасце, аб нашым прыездзе ў Ташкент даведаўся акадэмік Пічэта У. І., першы рэктар Беларускага універсітэта. Ён добра ведаў бацьку. Пасля Новага году аслабанялася комната ў адміністратыўным будынку, дзе былі размешчаны галоўным чынам супрацоўнікі АН СССР - ленінградцы. Там асталяваліся і другія знакамітыя людзі. Там жа была і сталоўка, дзе можна было па картачках набыць абеды. Гэта значна палепшыла побыт, бо ў часе хваробы маці прыходзілася кухарыць бацьку, самому гатаваць стравы. Кліматычныя ўмовы Ташкента аказаліся неспрыяльнымі для матчынага здароўя. Ды і на бацькавым здароўі адбіваліся нялёгкія ўмовы жыцця. За гады эвакуацыі ён палягчэў на 16 кілаграм, як ён пісаў - згубіў пуд . Сталі з'яўляцца агністыя кругі ў ваччу - вынік высокага ціску крыві. Каб зарабіць колькі грошай прыходзілася многа і напружана пісаць як публіцыстычных артыкулаў, так і вершаў. Адзін з іх - "На пажарышчы" - прысвечаны Юрку. Бацька пачаў пісаць аповесць пра юнака, апынуўшагася ў варожым стане - таксама хацеў прысвяціць сыну-воіну, але фактычнага матэрыялу не хапала і работу прышлося прыпыніць.

У Ташкенце ладзілася многа сустрэч з воінамі, студэнтамі, прыходзілася часта выступаць. Часта заходзілі землякі, апынуўшыяся ў Ташкенце. Многа часу прыходзілася затрачваць на ўладкаванне супрацоўнікаў Акадэміі. У пачатку сорак другога прышлося ехаць у Маскву, адтуль - у Казань - на сэсію Акадэміі навук. У Маскву ён ехаў у купэ з паэтам Берасцінскім. У адзін з вечароў яны крыху выпілі, разлілі астатак, Берасцінскаму не хапіла. А маці перасылала ў Маскву свайму брату невялікую пасылку, з кошыка тырчэла бутэлька з этыкеткаю узбекскага белага "Бішты". Бацька выцягнуў яе і наліў у пустую шклянку. Берасцінскі пачаў свой тост за жанок, якія засталіся там, над імі раскінулася зорнае неба, тое што і над намі. І выпіў... І яго тут жа вывернула. У бутэльцы ад Бішты маці адсылала алей... Бацька адчуваў сябе дужа вінаватым - не разгледзеў.

У Казані адбылася апошняя сустрэча з Янкам Купалам, аб'ектыў фотаапарата зафіксаваў іх на фотаздымку. А летам сорак другога прыйшла жудасная вестка - Купалы не стала, трагічна абарвалося яго жыццё. Бацька вельмі балюча перажываў страту свайго паплечніка, не гледзячы на тое, што між імі адбылося непаразуменне. Колас, дэзінфармаваны адносна таго, што Купала нешта ведае пра Юрку і маўчыць, напісаў яму ў адчаі пісьмо з папрокамі. Купала ж на самой справе нічога не ведаў. Пасля бацька ў лісце да Лынькова пісаў: "Невясёлыя часы перажываем мы. Быў Янка Купала, а цяпер яго няма. Проста не верыцца, што я ўжо не сяду з ім радам за сталом... Як бы там не было, а мы прайшлі вялікую дарогу ў жыцці. Калі аглянешся назад ды падумаеш ды прыпомніш усе тыя моманты, калі нам прыходзілася сустракацца, гутарыць і выпіваць, то выйшла б цэлая кніга ўспамінаў... Крыўдна мне было і тое, што Янка не адказваў на мае пісьмы. Але ўсё гэта - дробязі. Яны ні ў якой меры не маглі парушыць нашу шматгадовую дружбу, і пры першым жа спатканні мы бы трохі паспрачаліся і выпілі б з захапленнем па чарцы згоды, і ўсё пайшло б па-ранейшаму. Весць аб яго смерці вострым нажом прайшлася па маім сэрцы".

Бацька адразу ж адгукнуўся вершам, прысвечаным памяці друга, зрабіў захады, каб у дзень нараджэння Янкі Купалы наладзіць вечарыну. Вечар яго памяці прайшоў надзвычай урачыста і цёпла. З дакладам аб паэзіі Янкі Купалы выступіў бацька, прафесар Бродскі зрабіў даклад аб творчасці Янкі Купалы, пасля выступілі прафесар Піксанаў, Гарадзецкі - "Купала і народная творчасць", выступіла з успамінамі Эдзі Агняцвет. На вечарыне было многа беларусаў, прысутнічалі рускія пісьменнікі і паэты.

У той дзень, калі прыйшла страшная вестка аб смерці Купалы, бацька зайшоў у Саюз пісьменнікаў Узбекістана. Яго сустрэў нехта з рускіх пісьменнікаў і са спачуваннем выказаў трагічную навіну - памёр Якуб Колас... На што пачуў адказ: "Я, дзякаваць богу, яшчэ жывы, не стала майго друга..." Ой, прабачце!

Ішла напружаная работа, пісьменнікі многа працавалі, пісалі. Напісаў і Карней Чукоўскі паэму "Адалеем Бармалея" і пры сустрэчы з бацькам пацікавіўся аб яго ўражанні. Бацька ж сказаў, што паэма напісана віртуозна, але ў мяккай форме адзначыў - як гэта маленькія пташкі, звяркі могуць адалець магутнага ільва? Не стасуецца гэта з рэальным становішчам - прыніжаюцца праціўнікі Бармалея. Аўтару не спадабалася такая заўвага, але Колас гаварыў так, як яму бачылася, тым больш, што ішла жудасная вайна, а ў паэме ў алегарычнай форме праглядалася існуючая сітуацыя.

Падзеі на франтах балюча адзываліся ў сэрцы Коласа. І гэта знаходзіла адлюстраванне і ў яго дзённіку, і ў большасці лістоў да блізкіх і знаёмых. Гэтыя падзеі пастаянна абмяркоўваліся з прыезжымі з "цэнтра" і з землякамі. А іх было не мала. Яшчэ ў канцы сорак першага Данік напаткаў свайго калегу ...у вінным паграбку. Падышоўшы зусім блізка да яго, абыякаватым тонам адзначыў: "Как будто Феликс". Той чуць не самлеў ад нечаканасці. Даўнішні добры знаёмы, таксама хімік, апынуўся ў Ташкенце. Аматар альпінісцкіх паходаў, вандровак, уладкаваўся ў Акадэмію навук і заняўся забеспячэннем неабходным абсталяваннем, рэактывамі. Гэтая справа яму была добра знаёмая, і ён на сваім гарбу прывозіў столькі грузу, што тры мужчыны ледзьве спраўляліся аднесці. Ён стаў частым наведвальнікам нашай сям'і, іншы раз прывозіў прадукты з глыбінкі. Неяк даведаўся, што недалёка ад Ташкента - у Капланбеку ў лабараторыі садвінтрэста працуе мінчанін Ісак Драпкін. І адтуль Фелікс Лагута прывозіў цудоўнае сапераві, а то і спірта, падобнага па паху да сырца, выраб якога наладзіў Драпкін з адходаў вінаграду. Гэтакі напой бацька назваў "хамут". Гурман Гарадзецкі аддаваў яму належнае, тым больш, што лепшага не было.

Часта заходзіў да нас Н. М. Малёнак, ён уладкаваўся ў медыцынскі інстытут выкладчыкам хіміі. Там жа на базе маленькай лабараторыі Данік арганізаваў сінтэз сульфамідных прэпаратаў, якія перадавалі ў шпіталі. Пасля паранення на фронце ў Ташкент накіравалі Валодзю Агіевіча, нашага літаратуразнаўцу. Сюды ж была эвакуяваны Шчолкаўскі радыёзавод, дзе працаваў Ізя Флакс, даўнішні сябар Даніка. Шчыры, слаўны хлопец, з якім пасябраваў і я. Ён пасля вайны паступіў у аспірантуру нашага фізіка-тэхнічнага інстытута, адбыў у ленінградскі фізтэх, там абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. У апараце ЦК Узбекістана працаваў наш зямляк І. Ф. Клімаў. Ён заходзіў да нас з жонкаю - Галінай Маркаўнай. У яе быў добры голас, яна часамі спявала, а Іван Фролавіч добра ведаў літаратуру і іншы раз агучваліся вершы. Усе нашы знаёмыя з глыбокай павагаю адносіліся да бацькі і да маці, якая старалася хоць чым-небудзь пачаставаць госця, нечым дапамагчы. Пасля ад'езду Клімава ў Маскву бацька ліставаўся з ім. Тым часам гэты "мілы, белабрысы" настойліва агітаваў бацьку ўступіць у партыю.

Заязджаў да бацькі з Паўднёвага фронту Цёмкін. Ён служыў, відаць, у палітупраўленні пры Лазару Кагановічу. Як ён расхвальваў свайго патрона! Які ён разумны, як імгненна прымае рашэнні, толькі занадта нервовы.

Амаль кожны дзень хто-небудзь заходзіў у нашу комнату № 39. Іншы раз наведвальнікі засіжваліся дапазна. Напэўна, наша комната была адной з найбольш шумных. Астатнія жыхары нашага дому жылі надзвычай ціха. Выключэннем была комната паверхам ніжэй нашай. Там шум падымаўся позна ўвечары, а то і ўначы, калі са спектакля вяртаўся народны артыст СССР С. М. Міхоэлс. Звычайна яго суправаджалі акторы, і іншы раз праз падлогу да раніцы даносіліся гукі іх маналогаў, жартаў. Надзвычай разумны, цікавы чалавек, лепшы кароль Лір, арганізаваў важкую дапамогу краіне праз яўрэйскую абшчыну Амерыкі. Ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам, уваходзіў у шэраг грамадскіх аб'яднанняў, камітэтаў і г. д., дзе часта сустракаўся з бацькам. Яго смерць у Мінску моцна закранула сэрца паэта. С. М. Міхоэлс разам з Голубавым былі накіраваны ў Мінск для азнаямлення са спектаклямі, вылучанымі на прэмію. Шмат пазней стала вядома, што яго па ўказцы з Масквы забілі на дачы Цанавы і кінулі пад колы машыны на пустыры, каля стадыёна "Дынама". Слых жа пусцілі, што ён папаў пад машыну, ідучы на сустрэчу з доктарам Шапірам.

У Ташкенце бацька пастаянна сустракаецца з сабратамі па пяру, прымае актыўны ўдзел у мностве сустрэч са студэнтамі, вайскоўцамі, аматарамі паэзіі, нярэдка выступае па радыё. У кастрычніку сорак другога адбываецца ўрачыстае святкаванне яго 60-годдзя. Павіншаваць народнага паэта прыехалі з Масквы К. К. Крапіва і старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Н. Я. Наталевіч. Вечарыну адкрыў прэзідэнт нашай Акадэміі К. В. Гораў. З доўгім дакладам аб жыцці і творчасці юбіляра выступіў К. К. Крапіва. Віталі юбіляра вучоныя, пісьменнікі, сваё майстэрства прадэманстравалі вядомыя артысты. У гонар юбіляра ўлады Узбекістана перайменавалі вуліцу Асакінскую ў вуліцу імя Якуба Коласа.

Радасная сустрэча адбылася з былым студэнтам педтэхнікума Сцяпанам Ліхадзіеўскім. Наш хлопец карыстаўся вялікім аўтарытэтам і павагай у Ташкенцкім педінстытуце, дзе ён працаваў. Бацька вельмі хацеў, каб ён вярнуўся на родную зямлю. У сваім інстытуце Ліхадзіеўскі арганізаваў сустрэчу Коласа са студэнтамі. Сам выступіў з цудоўным дакладам, а вечарыну адкрыў прафесар Д. Благой, выступіў С. Гарадзецкі, В. Агіевіч, М. Тарэшчанка.

Канечне, сустрэчы са студэнтамі, з землякамі былі прыемнымі, радавалі нас. Але ж усе мы з напружаннем чакалі - можа хаця б якую вестачку атрымаць аб нашым Юрку. А вестак не было... І колькі радасці было, калі на два дні завітаў Пятрусь Броўка! Яго сустрэлі як роднага, маці пасцірала яго вопратку. Ён жа ехаў у Алма-Ату да жонкі і сына і, канешне, не мог не пабачыцца з Коласам.

У сорак трэцім у Ташкент ад урада Беларусі камандзіравалі да бацькі Жэню Канапліна. Па афіцыйнай версіі яго прыслалі для дапамогі ў рабоце бацьку. Мне ж здалося, што пасля ранення яго накіравалі падлячыцца. Ён сапраўды дапамагаў бацьку у розных арганізацыйных справах, быў спрытным кантактным хлопцам і хутка ўвайшоў у кола нашых сяброў.

Паміж камандзіроўкамі ў Маскву, пастаянным наведваннем рэдакцый газет, Саюза пісьменнікаў бацьку прыходзілася затрачваць шмат сіл і часу на дапамогу многім бедаваўшым людзям. Так, яму стала вядома, што ў Ташкенце ў страшэнна цяжкіх умовах знаходзіцца праўнучка Пушкіна з хворым сынам. Гэта нашчадкі Пушкіна, якога так любіў з маленства і аб якім пасля пісаў: "Цяжка сказаць, што больш за ўсё любіш у Пушкіна. Я проста люблю яго, люблю кожны радок: ад знішчальнай эпіграмы "Воспитанный под барабаном, наш царь лихим был капитаном " да танчэйшага лірычнага васьмірадкоўя "Я Вас любил". Я люблю Пушкіна - творца непаўторных паэм, Пушкіна-празаіка, гісторыка, стваральніка новай рускай мовы, Пушкіна-рэдактара "Современника". Як многа сумясціў ён у сабе, гэты ўсеабдымны геній, чыё дыханне мы адчуваем кожную хвіліну поруч з сабою!" Так, такому глыбокаму, такому змястоўнаму вызначэнню сутнасці і ролі Пушкіна, напэўна, пазайздросцяць многія пушкіністы. І Колас піша ліст намесніку старшыні СНК Узбекістана Ламакіну: "...Праправнук Пушкина 23-летний молодой человек, очень талантливый художник-график. От голодания он теряет зрение, не имеет ни обуви, ни одежды... Я обращаюсь к Вам с большой просьбой, Николай Андреевич, заинтересоваться судьбой этого семейства и оказать материальную помощь голодающим потомкам великого русского поэта Пушкина".

Прыходзіць пісьмо з Алма-Аты ад Янкі Маўра - работы няма, пенсіі не атрымлівае, няма грошай заплаціць за навучанне ў школе дачкі Наташы. Бацька адсылае яму дзвесце рублёў. Нялёгкае і няпэўнае становішча было ў многіх супрацоўнікаў Акадэміі, аб чым бацька піша Ц. С. Гарбунову: "Насельніцтва нашага дома - акадэмікі, прафесары - раз'язджаецца. Выехаў на другі дзень па маім звароце і акадэмік Ліпатаў. Прынёс мне пячаць, нічога не сказаў, што робіцца, што трэба рабіць у Акадэміі. Наша Акадэмія існуе толькі на паперы. Ні прэзідэнта, ні сакратара няма. Няшчасныя супрацоўнікі жывуць самапасам. Я з таварышам Былінскім (старшыня саўнаркома) гаварыў. Я стаяў за тое, каб сюды прыехаў Гораў. Стаю на гэтым і зараз. Няможна далей цярпець гэтага. Або Акадэмію трэба пераводзіць у другое месца, або тут павінен быць прэзідэнт, ці сакратар. Проста душа баліць за страшэнны заняпад нашай установы".

Работа ў Акадэміі у якасці нязменнага віцэ-прэзідэнта адбірала нямала часу ад творчай работы. У трыццатыя гады пры станаўленні гэтай установы многа ўвагі аказвалася кадрам, вяртанню спецыялістаў, з'ехаўшых з роднай зямлі. У вольныя ад адміністрацыйнай работы часы бацька займаўся сваёй асноўнай справай. Але прыходзілася рыхтавацца да сэсій, да пасяджэнняў Прэзідыума. Гэта работа занатавана ў пратаколах і іншых дакументах. Але многае з тых спраў, якімі прыходзілася займацца, сышло ў нябыт. Спрэчкі звычайна не адлюстроўваліся ў пратаколах, а іх хапала. Помніцца, колькі намаганняў прышлося прыкласці, каб адхіліць праект Домбаля - арганізаваць паказальны калгас пад патранажам Акадэміі на мяжы з Польшчай. Хай там бачаць цуд сацыялістычнай эпохі! Яму, як віднаму дзеячу міжнароднага сялянскага руху, стварылі выдатныя ўмовы: абралі ў акадэмікі, прызначылі дырэктарам інстытута эканомікі, адным з кіраўнікоў Акадэмііі навук, поруч пабудавалі двухпавярховы асабняк, у якім цяпер месціцца дзіцячы садок. Якія непрыемнасці маглі адбывацца ў пагранічнай зоне Колас добра ўяўляў. І пазней, у пасляваенныя гады прыходзілася выступаць супраць паспешных рашэнняў жвавых кіраўнікоў, якія марылі перацягнуць акадэмічны інстытут у міністэрства.

Бацька актыўна падтрымліваў адкрыццё новых інстытутаў, нават далёкіх ад профіля грамадскіх навук, у прыватнасці інстытута фізікі. Важнасць падрыхтоўкі спецыялістаў дакладных навук ён добра разумеў. Разам з М. Я. Мацапурам прапанавалі вылучыць у акадэмікі аднаго з таленавітых фізікаў - Ф. І. Фёдарава. Праўда, той быў у той час толькі кандыдатам навук, і на адпаведным аддзяленні гэтая кандыдатура не прайшла. Праз колькі гадоў ён быў абраны ў акадэмікі, атрымаў дыплом на адкрыццё, атрымаў зорку героя сацыялістычнай працы.

Іншы раз прыходзілася заступацца за супрацоўнікаў, беспадстаўна пакрыўджаных адміністрацыяй. Так, у прыватнасці прыйшлося адмяніць загад аб звальненні сумленнага работніка - Галіны Жылуновіч, уся "віна" якой была ў тым, што яе бацька, Цішка Гартны, быў рэпрэсаваны.

Вельмі перажываў арышты нашых выдатнейшых вучоных, пісьменнікаў, у прыватнасці, братоў Гарэцкіх - Максіма і Гаўрылы, Шчарбакова В. К., які перадаў некалі сшыткі з запісам размоў з дзедам Талашом і інш. Перажываў і за расправу з буйнейшым генэтыкам-селекцыянерам А. Р. Жэбракам. На жаль, артыкул Жэбрака ў часопісе Nature з заўвагаю адносна таго, што далёка не ўсе селекцыянеры падзяляюць погляды Лысенкі Т. Д., быў расцэнены як паклёп на савецкую навуку. Прыхільнасць Сталіна да авантурыста Лысенкі абумовіла крах Жэбрака. Яго звольнілі і не давалі работы. А калі Антон Раманавіч звярнуўся да Лысенкі з просьбаю аб дапамозе атрымаць работу, той (паводле слоў Жэбрака) сказаў: "Я вас громил и громить буду. И в этом моя наилучшая помощь".

Разгром выдатнейшай сусветнай школы генетыкаў на чале з Вавілавым Н. І., адгукнуўся праз гады стратамі ў сотні мільярдаў даляраў. Гэта заканамерны вынік прыхода да руля невукаў, якім быў Лысенка.

У Ташкенце адбылася сэсія нашай Акадэміі, прыехалі відныя вучоныя, у тым ліку Н. С. Акулаў. Ці можна было прыгадаць, што праз шэраг гадоў наша лабараторыя электрафізікі, дзе працаваў і я, войдзе ў склад яго аддзела?

У тыя ж гады была арганізавана Акадэмія навук Узбекістана. Бацька як віцэ-прэзідэнт Акадэміі Беларусі вітаў яе адкрыццё. Крыху раней Данік запрасіў да нас у хату свайго калегу па універсітэту Абіда Садыкава, маладога кандыдата хімічных навук. Праз колькі гадоў яго абралі прэзідэнтам гэтай акадэміі, і ён доўгі час кіраваў ёю. А бацька марыў, каб нашу Акадэмію навук ачоліў Гаўрыла Гарэцкі, адзін з найвыдатнейшых вучоных. Самому бацьку ў гады вайны прапанавалі ўзначаліць акадэмію, але ён катэгарычна адхіліў гэтую прапанову, каб не паставіць крыж на сваёй творчай рабоце. Шматгранная і вельмі насычаная праца адмоўна адбівалася на яго здароўі. Аб гэтым ён неаднойчы занатоўваў у дзённіку: "Два гады, як прыехалі ў Ташкент. Ніколі не спадзяваўся, што ў Ташкенце нажыву сабе пакуту. Галава мая, як ніколі, водзіць у бакі. Ногі не слухаюцца. Хадзіць трэба асцярожна, каб не падагнуліся ногі і не ўпасці. Відаць, у сухой Азіі прыйдзецца легчы на вечны адпачынак. Пабольвае галава, але боль такі, якога ніколі раней не заўважаў. Трохі адпачну і вазьмуся за паэму".

Мы ўсе хварэлі, асабліва цяжка пераносіла клімат маці - тройчы хварэла на запаленне лёгкіх. І перад ад'ездам у Маскву, куды бацька парываўся выехаць даўно, ён вырашыў падлячыць жонку. Дамовіўся з кіраўнікамі рэспублікі наконт пуцёўкі ў Чымган. Там, была "база" лідэраў Узбекістана. З затрымкаю і не без прыгод дабраліся туды і спыніліся на "дачы" Абдурахманава. Яна нагадвала вагон на тры купэ, у кожным з якіх размяшчалася па два ложкі, і між імі можна было паставіць столік ці стул. "Дача" Юсупава была крышку большай. Дачы былі пад аховай стоража-кіргіза, які жыў недалёка ад іх.

На адным узроўні схіла гары асабняком стаяў туберкулёзны санаторый, унізе - дзіцячы, а насупраць на другім баку даліны - ваенны. Уладкаваліся добра, на дворыку можна было гатаваць страву, неабходны посуд быў. Але не было радыё, без якога бацька не мог вытрымаць. Прыходзілася спускацца да дзіцячага санаторыя, дзе малады хлопец-радыст рана не ўставаў, і бацьку прыходзілася яго будзіць, каб уключыў радыёкропку. Бацька абураўся, што нікога з персанала санаторыя і дарослых не хвалявала адсутнасць гука, а значыць і апошніх паведамленняў. А яны ўжо радавалі - немцаў гналі, і мы з радасцю і хваляваннем перажывалі гэтыя падзеі. На "ваенцы" вісела карта з флажкамі на лініі фронта. Але туды хадзіць было не столькі далёка, колькі цяжка падымацца назад па крутому нахілу цясніны.

Паветра ў Чымгане было непаўторна цудоўнае, а сама гара Вялікі Чымган пералівалася краскамі пад промнямі сонца. У цені была добрая прахалода, пад сонцам - горача. Блукаючы са стрэльбаю па схілах гары, я слухаў радыё з "ваенкі", і так чотка даносіліся гукі, паведамленні "совинформбюро", цудоўныя песні, рамансы, што быў уражаны - за некалькі кіламетраў з лагчыны да гары гук даходзіў без перашкод. У Чымгане для мяне адкрыліся радасці і шчасце паляўнічага, там пачыналася майстэрства стральбы. Трафеі былі невялікія, прыходзілася берагчы патроны, але ўсё ж пяць кеклікаў сталі дадаткам да стала. Мяса ж барсука бацька параіў выкінуць. Яго бацька і дзядзька Антось палявалі на іх восенню з сабакамі і забівалі палкамі. Лой ішоў на лекі, а мяса выкідвалі.

У Чымган завіталі Фелікс Лагута і яго прыяцель, альпініст. Яны прывезлі пошту і крыху прадуктаў, а самі збіраліся пайсці ў паход у мясціны малазаселеныя - за Малы Чымган. Тут жа, пайшоўшы за палівам, яны наткнуліся на вывадак кеклікаў і паклікалі мяне. Падыйшлі да таго месца, дзе садзілася чарада птахаў - нічога няма. Сталі паказваць - тут! І раптам з узрывам лопату ўзляцелі кеклікі. Я не варухнуўся - ад лопату наступіў шок.

-- Чаго ты не страляў?

Я не паспеў адказаць, як метраў з пяці ад нас сарваліся яшчэ два кеклікі, і я імгненна адрэагаваў - дуплет - і дзве птушкі ўпалі.

Для мяне там аказалтся выключныя ўмовы - і хараство прыроды, і дзікія яблыкі, алыча, грэцкія арэхі, якіх я крыху назапасіў, і, канешне, вандроўкі са стрэльбаю.

Маці адчувала сябе надзвычай добра - лепшага адпачынку ў яе жыцці не было. І гэта радавала бацьку, не гледзячы на тое, што яму прыходзілася далёка хадзіць слухаць навіны, ды і бяссонне не праходзіла. Адным з бацькавых здабыткаў з'явіўся верш "Чымган".

Аднойчы мы з Феліксам вымусілі бацькоў моцна паперажываць. Адправіліся мы з ім на рынак у Брэч-Мулу, што кіламетрах у сямі-васьмі ад Чымгана. Фелікс чамусьці клапаціўся аб вяроўках, якія неабходна ўзяць з сабою. Узялі. Да Брэч-Мулы ісці было лёгка - круты нахіл. Пераходзілі раку Чаткал вісячым мостам, які гойдаўся. А за намі ўвязаўся сабака стоража па клічцы Каратай. Раскірэчыўшы ногі, пёс стаяў на мосце і баяўся рухацца. Пад мостам грымела рака метрах у сарака ўнізе. Прыйшлося цягнуць за ашыйнік. А назад Лагута павёў мяне Кадалакскай цяснінай. Мясцовыя жыхары лічылі, што праз яе прайсці немагчыма. Лагута ж паспеў спусціцца ад Чымгана, і добра ведаў дзе за які камень зачапіцца і на які абаперціся. Там тры ці чатыры ўступы вышынёй метры па чатыры ды слізкія каменні, адшліфаваныя бурным ручаём. Цясніна звузілася да чатырох-пяці метраў, сцены ж амаль вертыкальныя. Сабаку прыходзілася падымаць на вяроўцы, Фелікс страхаваў і мяне. Канешне, відовішча жудкаватае, і мы, пераадольваючы перашкоды, затрымаліся. Дахаты прыйшлі, калі ўжо на небасхіле засвяціліся зоркі. Атрымалі добрую ўзбучку, але ж перажытае і ўбачанае засталося ў памяці на ўсё жыццё.

На жаль, доўга затрымлівацца ў Чымгане не выпадала. Я здаў дакуманты ў Варонежскі авіяцыйны інстытут, а бацька атрымаў доўгачаканы выклік у Маскву. Паступіць на маторабудаўнічы факультэт мяне загітаваў Данік. Ён жа паабяцаў дапамагчы перавесціся ў Маскоўскі авіяцыйны.

Весткі аб поспехах чырвонай арміі, аб яе наступленнях на розных франтах, салютах Масквы сагравалі душу паэта. І ён старанна запісваў гэта ў дзённіку, і свае радасныя пачуцці, і смутак аб няважным стане здароўя: чырвоных плямах уваччу, бяссоніцы. На старонкі клаліся перажыванні, меркаванні: "Чымган успомню добрым словам, хоць тут было досыць маркотна... Тут поўная цішыня. Дачныя ўмовы найлепшыя. Тугавата было з харчаваннем. Але стараннямі Марусі жылі памяркоўна... Калі я сеў, каб пісаць далей 10-ы раздзел паэмы, у вачах паявілася пляма, яна так трапяталася, што трудна было глядзець на літары. Адначасова з гэтым адчувалася слабасць. Гэта другі выпадак у Ташкенце. Першы раз было вясною, і таксама ў сырую пагоду...

Як бы часам горка ні было мне тут - а гэтай горычы і ў другім месцы не пазбавіўся б - усё ж аб Чымгане застануцца добрыя ўспаміны. Асабліва добрым словам успомняць яго Маруся і Міхась".

Да Ташкента дабрацца памог дырэктар дзіцячага санаторыя Студніцкі - на аўтобусе санаторыя. Праз некаторы час, як стала вядома, ён загінуў на гэтай трасе.

Адпачынак у Чымгане не палепшыў стан здароўя бацькі, і ён аб самапачуванні пакідае такі запіс: "...Сёння адчуваю сябе вельмі слабым. Злёгку пабольвае галава. Ногі ледзь слухаюць. Няма смеху. Даўно не смяяўся. Няма радасці - нічога не цешыць. Часам думаю аба ўсім, што напісаў: напісанае як бы чужое для мяне. Няўжо ўсё гэта - вынік неяснага прадчування канца? Стаміўся я ў дарозе. Трэба безадкладна змена месца - ехаць з Ташкента". А турботы ад'езду бацька вельмі перажываў і хваляваўся:

"Мыслі аб выездзе з Ташкента палохаюць: як забраць і ўпарадкаваць рэчы, і давесці іх да ладу, даставіць на станцыю. Будзе многа клопату і псавання крыві... Падумаеш аб зборах на дарогу, аб дамашнім барахле, якое трэба ўладкаваць, дык робіцца прыкра. Маруся смяецца з мяне, з мае боязі перад труднасцямі... Як перажыць апошнія дні?". Сабрацца дапамаглі Фелікс і Ізя. Рэчы даставілі на вакзал, багаж жа ў багжным аддзеле не прымалі. Адказ быў: "Надо ждать". Чаго - не зразумела, скора поезд адыходзіць, а тут такая затрымка. Аказалася проста - у рускай мове адно і тое ж гучанне мае розны сэнс. Дастаткова па іншаму расставіць літары і пачуецца: "Надо ж дать". І пасля гэтага рэчы прымаюць. На развітанні з Узбекістанам першы сакратар ЦК Узбекістана прыслаў бацьку на дарогу кілаграмаў з дваццаць сухафруктаў, сярод іх сушаная цыбуля. Усман Юсупаў настаўляў - трэба есці кіслае малако з цыбуляю - і ніякія хваробы не прыстануць.

Выехалі з Ташкента ў мяккім вагоне. У адным купэ - бацька з маці, у другім - я з Феліксам. Дні праз тры прыходзіць Лагута з таямнічаю ўсмешкаю і паказвае што ён знайшоў - браўнінг. У вагоне ехала некалькі вайскоўцаў, нехта з іх пакінуў сваю зброю ў туалеце. Я да бацькі. Падымаць шум нельга: што можа здарыцца з чалавекам, згубіўшым табельны пісталет, мы ўяўлялі. Бацька асцярожна вёў размовы і ўбачыў аднаго разгубленага флоцкага капітана. Той ехаў у Маскву з жонкаю. Па яго паводзінах стала ясна, чый пісталет. Божа! Як узрадаваўся гэты чалавек, як дзякаваў, а на памяць падараваў том вершаў Маякоўскага, прыхільнікам творчасці якога ён быў. Творчасць Маякоўскага для бацькі не была ўзорам, хаця яму і прыйшлося аднойчы станоўча пісаць пра яго як пра паэта.

У Маскву прыехалі пад салюты аб узяцці Кіева. Цяпер Масква салютавала часта, па некалькі салютаў у адзін дзень у гонар поспехаў на розных участках франтоў, і гэта радавала: набліжаўся час вызвалення Беларусі.

Нас сустрэла цэлая група знаёмых, сяброў, так што рэчы было каму несці, і мы накіраваліся ізноў на Клязьму да дзядзькі Мішы. Ён дапамог затрымаць электрычку, каб мы паспелі вынесці свае клункі. Турботы пераезду закончыліся. А мае толькі пачыналіся. Да інстытута дабірацца прыходзілася каля двух гадзін. А там кожны дзень чатыры пары заняткаў, адзін дзень быў адведзены на вайсковую падрыхтоўку. Часу катастрафічна не хапала для выканання заданняў, чарцёжных работ і інш. Займацца было цяжка, мая падрыхтоўка была значна слабейшая, чым у масквічоў. Фактычна, усе студэнты паступалі з атэстатамі выдатнікаў. І тым не менш, з шасцісот студэнтаў першага курса да чацвёртага дайшло 214. З выпускнікоў нашай групы пераважная большасць хлопцаў абараніла кандыдацкія дысертацыі, некалькі - доктарскія. З нашай групы М-1-3 у член-коры АН СССР выйшаў Ігар Зоцікаў, два курсы МАІ скончыў Рэм Хахлоў, у будучым рэктар універсітэта, акадэмік. Ён трагічна загінуў у альпінісцкім паходзе. На нашым курсе вучыўся Сяргей Капіца, аўтар перадач "Очевидное-невероятное".

У шматлікіх лабараторыях інстытута была выдатная база, розныя каштоўныя вынаходніцтвы знаходзілі прапіску тут. Так, я пазнаёміўся на кафедры рэзання металаў Крываухава з прынцыпова новым спосабам апрацоўкі матэрыялаў - з дапамогай электрычнага разраду. А ў скорым часе, пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута, мяне накіравалі ў фізіка-тэхнічны інстытут нашай Акадэміі, дзе пачаліся даследванні і распрацоўкі менавіта гэтага спосабу, над чым я працаваў 56 гадоў. Але гэта пазней.

А тады прыходзілася выкладацца з усіх сіл. Губляць кожны дзень па чатыры гадзіны на дарогу было проста немагчыма. Я ўладкаваўся ў барак, дзе жылі супрацоўнікі акадэміі, у адзін пакой з Валодзем Агіевічам і Маркаўцом, спецыялітам па кляшчах. Агіевіч часта разыгрываў Маркаўца, зневажаючы прадмет даследванняў калегі. Часамі трохі даставалася і мне. Аднойчы ён пачаў цытаваць па памяці рускіх і беларускіх паэтаў і экзаменаваць - хто напісаў? Адкуль я мог ведаць? І я вырашыў прачытаць свой юнацкі верш. Канешне, ён быў напісаны пад уплывам творчасці бацькі. І Валодзя не надта ўпэўнена сказаў: "Нешта з Коласа".Тут я зарагатаў. Гэта напісана мною! Ён глянуў, памаўчаў, а потым запытаўся, ці ведаю я, які самы слабы твор Коласа. Безумоўна, погляд крытыка быў для мяне цікавым. Але ён адрэзаў: "Самы слабы твор Коласа -гэта ты". І цяпер рагатаў ён.

Жарты з'яўляліся неабходнай часткай узаемаадносін, дазвалялі падтрымліваць добры настрой, нават калі было не да весялосці.

Аднойчы я вырашыў разыграць Валодзю. Прыйшоў у пакой і прыкінуўся добра выпіўшым. Відаць, гэта яму прыйшлося да спадобы, ён толькі што атрымаў паёк, і гарэлка ў яго была. Ён пачаставаў і мяне. Мне ж адмаўляцца было нельга - здагадаецца. Я выпіў чарку і пад песні заваліўся ў ложак. А назаўтра Валодзя паехаў на Клязьму і праінфармаваў бацькоў. На бяду, тут быў і Фелікс Лагута. І ён тут жа запэўніў - гэта са мной, гэта са мной! Пасля ён сказаў, што хацеў мяне выручыць, што я выпіваў не дзе-небудзь, а з ім. Калі я ў нядзелю заехаў на Клязьму, то атрымаў узбучку, не будучы вінаватым. Маці ведала, што я магу падурачыцца. Бо не так даўно, яшчэ ў Ташкенце, пасля здачы экзамена ў мяне таксама быў жартоўны настрой. Я прыйшоў у пакой да бацькоў і пачаў п'яненькім голасам нешта расказваць. Бацька не разабраўся, падышоў і з такім болем сказаў: "Сынок, сынок, рана ж ты пачаў". Добра, што выручыла маці, яна імгненна разабралася: "Ды што ты, Костусь, ён жа іграе!". Так, матчына вока бачыла наскрозь. А тут Феліксава "алібі" пагоршыла сітуацыю.

З прыездам у Клязьму работы ў бацькі не паменшылася. Прыходзілася пілаваць дровы, расчышчаць дарожкі ад снегу і, канешне, займацца сваёй пісьменніцкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Так, у пісьме да Гарадзецкага ён пісаў, што да 25-годдзя Савецкай Беларусі напісаў верш для беларускай газеты, вялікі артыкул у "Праўду", асобна для "Известий", для франтавой газеты - віншаванне байцоў з Новым годам, а таксама працаваў над перакладам гімна. Акрамя таго пісаў рэцэнзію на доктарскую дысертацыю прафесара Дабрыніна. А ў сакавіку сорак чацвёртага ў Нова-Беліцы адбылася сэсія Вярхоўнага Савета, дзе выступаў з дакладам. Аб уражаннях ад паездкі сведчыць пісьмо ў Ташкент да Эдзі Агняцвет: "Ад'ехаўшы кіламетраў сто, а можа і меней, ад Масквы, пападаем у зону, дзе кіпелі бітвы. Нідзе няма цэлае станцыі. Навокал руіны, бітая тэхніка, гарэлыя танкі, вагоны. Усё гэта валяецца пад адкосам. У Гомелі амаль ніводнага цаглянага дома не засталося... Гомель - гэта труп горада: руіны, кучы друзу, бітай цэглы, гарэлага жалеза... Калі я пабачыў родныя беларускія землі і лясы, дык мяне ахапіла такое пачуццё, што мне захацелася плакаць...".

Так, многае з тых часоў сцерлася з памяці, але найбольш важкія падзеі, перажыванні занатаваны ў пісьмах Коласа, у яго дзённіку. І лепш, чым ён сам аб іх наўрад ці выкажаш. Напапярэдадні першага мая 1944 года ён у дзённіку запісаў: "Зранку перабіраў торф. Пасыпалі з Феліксам дарожкі пяском. Зносіў у яму смецце і паліў. Бедная Маруся, яна засталася адна ў хаце, рыхтуецца да заўтрашняга дня. Успомніла дзень нараджэння Юркі - 1 мая, расчулілася, расплакалася. Як цяжка ёй было. Яе настрой перадаўся і мне. Юрка, Юрачка,загінуў ты бясследна. І мы не ведаем твайго лёсу. А як ты перажываў з таго дня, калі вайна, пажар Мінска разлучылі нас. І не ведалі мы, што разлучаны навекі...". А другога мая ў дзённіку занатована наступнае: " Заўтра збіраюся ў Маскву на пахаванне Новікава-Прыбоя. Як цяжка ўсведамляць, што Новікаў-Прыбой памёр! Сышоў з жыцця яркі пісьменнік, рэдкасны чалавек, самародак-мудрэц, глыбіна зямлі. Калі ён быў жывы, не прыходзіла ў галаву мысль, што гэты чалавек сыдзе ў магілу. Як ён пакутаваў, будучы ў больніцы! Як глыбока перажываў ён гэты чалавечы трагізм! Мімаволі думаеш і аб сваім апошнім часе на зямлі. А ён не такі ўжо далёкі...

21.VI. Устаў рана. Каравуліў час выезду Міхаські, самага дарагога ў маім жыцці. Юрка ні на міг не выходзіць з маіх мыслей. Мне так яго шкода. Беразянка, Вусце і Юрка, і Ігнась - неадлучная кампаненты аднаго комплексу...

3.VIІ. Пісаў артыкул для "Праўды". Удзень ішоў дождж. Вечарам прыязджаў Воўка і Агіевіч. Воўка кінуўся цалаваць нас - узяты Мінск. Я борздзенька дапісаў артыкул і прасіў Воўку завезці ў "Праўду".

19.VІI. Еду ў Маскву на Прэзідыум Акадэміі. Маруся яшчэ раней, чым учора, паехала таксама. Бедная, як яна вытрывае. Мала есць, многа клапоціцца, працуе, перажывае...

 29.VІI. Вечарам прыехаў Данік з Мінска. Прывёз цікавыя навіны - сейф мой адкапалі і схавалі - настаўнік Брыж і Юркаў сябра Путан.

6.VІI. Нядзеля. Некалькі дзён не гаворыць радыё. Учора паслаў заказное пісьмо начальніку Пушкінскага радыёвузла. Без радыё ў гэты час цяжка жыць. Жыву мыслямі аб вайне. Чакаю газет - газеты зараз адна крыніца, з якой чэрпаеш весткі... Калі ж канец кату Гітлеру?

29.ІХ. Збіраліся паехаць у Маскву. Уночы доўга не спаў. Думаў і пра Вузкае, і пра Мінск - як там пазімуеш? Дзе возьмеш дроў? Куды паложыш? Патрэбны разак і сякера. У 12.36 паехаў у Маскву... Заходзіў да Сяргея, адтуль да Петруся Броўкі. У Петруся пасядзелі вельмі лагодна, хораша. Ён кухарыў. На нашу лагоду ўплывала і мая частка агульнай работы, а галоўным чынам пляшка з трыма зоркамі...

3.ХІ. (У санаторыі "Вузкае") Нікога няма. Павіншавала адна толькі Маруся...

16. ХІ. Пішу па памяці. 4/ХІ вечарам з Масквы прыйшла цэлая кампанія: Данік, Міхась, Воўка, Віцька, Боня, Пятро, Жэня. Навалаклі рознага дабра. Справілі банкет. Хлопцы прыпаднеслі торт, як Чэрчылю - у выніку 62 свечкі. Хлопцы начавалі. Было цесна. Спалі мы не дужа важна..."

У пачатку снежня бацька выехаў у родны Мінск. Аб сваіх уражаннях ён пісаў: "Мая мілая, харошая, бясконца дарагая Маруся, мой лепшы прыяцель! З чаго пачаць? У маіх вачах стаіш ты, Маруся - вось так, як тады, калі поезлд з мінуты на мінуту быў гатовы рушыць на захад... Я не магу дараваць сабе, як гэта я тарапіў цябе, каб ты ішла на "Сокал" да Міхася. Ты даруеш мне ўсё гэта, калі прымеш пад увагу апошні момант развітання. А потым, калі поезд рушыўся і ты засталася дзесь там, у халоднай Маскве, я доўга не мог супакоіцца і ўсё дакараў сябе самога, як гэта павярнуўся мой язык сказаць табе: "Ідзі, Маруся!". Мы паехалі. У Кубінцы з вагона выйшаў Бонька, мы развіталіся з ім, на развітанне пацалаваліся і паехалі далей. Даехалі добра... Сустракаць прыйшоў В. А. Лявонаў і Міхась Лынькоў. Я зараз жа паехаў у свой дом. Прыйшоў таксама Федзя з жонкаю. Гэта ён прыгнаў машыны. Каб ты бачыла, як радасна сустрэў ён мяне... Заходзіў да Выхадцова, аформіў сваю хлебную картачку, атрымаў талоны на абед...

Прыехаў у той дом, дзе зараз сяджу і пішу табе гэта пісьмо. Перада мною слепа гараць свечы "Гіндзенбургліхт". І пяро, і чарнільніца, і чарніла дрэнныя. І тым не менш, дом падабаецца мне. Учора у ім было холадна. Сягоння ўладзілі кахлянку. Яна бярэ мала паліва, а цяпла дае многа...

Сягоння быў у т. П[анамарэнкі]. Наўперад зайшоў да яго памочніка. Ён абяцаў мне пазваніць у Маскву, у пастпрэдства, каб там паклапаціліся - калі на тое будзе патрэба - устроіць цябе ў лепшай бальніцы. Потым доўга гаманілі з П. Ён даў мне малалітражку. Загадаў правесці святло. Такім чынам усё будзе добра. Дом невялічкі. Самы большы пакой па размеру будзе такі, як пакойчык у Міхася на "Сокале". Другі, паралельны, такі ж самы, але крыху вузейшы. У Олі пакойчык яшчэ меншы, але самы цёплы. Куханька маленькая... Мінск разбураны, але твар горада застаўся. Мінск ёсць Мінск, хоць ён страшны у сваіх руінах. І дзіўная рэч: у мяне няма пачуцця мёртвага горада. І страшна прызнавацца - я нават задаволен, што пры аднаўленні сталіцы мы зробім яе больш разумнай, больш планавай і выправім тыя агрэхі, якія з'явіліся у выніку бяспланавага, непрадуманнага будаўніцтва. На руінах нашага дома я не быў яшчэ...

Мілая мая Маруся! Мяне так непакоіць тваё здароўе. Папраўляйся, дружок мой. Я пастараюся прывесці ў парадак хату. Жыць у ёй можна. Цалую Міхаську...

Цалую цябе. Аб паездцы ў Маскву яшчэ нічога не ведаю, але прыеду. Будзь здарова. Твой Костусь. [6 снежня 1944]".

Праз некалькі дзён пасля ад'езду бацькі ў Мінск, маці прыйшла да мяне на Галаванаўскі завулак, дзе я здымаў невялікі пакойчык у прыватным доме, недалёка ад метро "Сокал".Яна прыйшла развітацца са мною. Абняла, расцалавала і расплакалася, паведаміўшы мне, што кладзецца ў больніцу на аперацыю.

Аперацыя прайшла паспяхова, але тыдні праз два яе перавялі ў другую больніцу для далечвання. Там было страшэнна холадна. Як яна ні прасіла, каб далі другую коўдру, ёй адмовілі. І яна застудзіла лёгкія. Са страшнейшым кашлем яе выпісалі з больніцы. Маці спынілася ў добрых знаёмых - Валі Сай і яе мужа Процькі Марка Аляксееевіча. Да маці Валя адносілася надзвычай шчыра, даглядала як магла. Сама яна намучылася з двума малымі дзецьмі ў партызанскім лагеры дзесьці ў Чэрвеньскім раёне. У хуткім часе бацьку прыйшлося зноў клапаціцца, каб пакласці жонку ў больніцу. Маці змарнела, абяссілела. У лёгкіх знайшлі пацямненне. У нас была адна надзея - на пеніцылін, які толькі распрацоўвалі Раскін і Клюева. Праз знаёмых дасталі гэты новы сродак, але дактары лічылі, што ён не дапаможа. Ёй станавілася горш і горш. Бацька стараўся прынесці чаго-небудзь з ежы, каб падтрымаць здароўе жонкі. 9 мая ў святы Дзень Перамогі мы ў чарговы раз прыйшлі наведаць яе. Напярэдадні ёй зрабілі пракол і адкачалі гной з лёгкага. Наступіў крызіс. Маці ўжо не магла гаварыць. Я ўзяў яе руку пагладзіць, а там адна костка, абцягнутая скурай. У мяне хлынулі слёзы, гэта - канец. Маці збянтэжана круціла галавою, нібы хацела мяне супакоіць. У ноч з 20 на 21 мая яна памерла на руках у Даніка. Бацька пазваніў мне, каб я заехаў да яго ў гасцініцу. Калі я ўбачыў яго з апухлымі вачамі, мне стала ясна...

Як ён марыў завезці жонку на радзіму жывой і здаровай! Прыйшлося везці ў труне. Аднаму з першых аб сваім горы бацька напісаў свайму дзядзьку і сябру Ігнату Юр'евічу.

"Дарагія В[алянціна] М[іхайлаўна] і Ігнась!

Паведамляю Вас аб маім вялікім горы: у ноч з 20 на 21 мая памёр мой самы блізкі, самы дарагі друг, Маруся. Памерла ў Маскве ў бальніцы. 24 мая пахавалі ў Мінску на Ваенных могілках. Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палавіну душы. Цяжка мне і пуста... "

А 16.06.1945 г. бацька пісаў Святлане Сомавай: "Сегодня было бы ровно тридцать два года совместной жизни с моей незабываемой Марусей, если бы она была жива. Но не судила ей доля дожить до этого дня. Время идет, а моя острая боль тяжелой утраты сжигает меня, и когда я говорю о своем потерянном друге, мне трудно удержать слезы. Моя жизнь как-то поблекла и потеряла для меня свой интерес. Хожу я и езжу по улицам сожженного и разрушенного Минска, а вокруг полное одиночество..."

Так, з пачуццём глыбокай адзіноты бацька застаўся да канца свайго жыцця. Праз дзень пасля пахавання маці бацьку са мной запрасіў да сябе ў Дразды П. К. Панамарэнка. Праязджаючы праз Масюкоўшчыну, мы спыніліся каля могілак. З левага боку знаходзілася аграмадная брацкая магіла, дзе пахавалі каля ста тысяч нашых салдат. З правага боку былі таксама пахаваны асобна немцы і асобна італьянцы - дзесяткі тысяч памерлых ад ран. Страшнае, жахлівае відовішча крывавых слядоў вайны. А дзе, дзе ляжаць косці нашага Юрачкі? Колькі разоў ён мне сніўся! Божа мой! Вярнуўся, жывы! І ахоплівала горкае пачуццё, што гэта быў толькі сон...

Аб сваім вялікім горы бацька пісаў сваім блізкім, знаёмым. Ад 11.09.1945 года я атрымаў ліст ад яго:

"Дарагі мой сынок Міхасёк! Астаўся я адзін. Самапачуванне маё не надта цікавае. Лёг паляжаць. Лежучы, думаў пра цябе, як ты там жывеш. І вось рашыў сесці і напісаць табе колькі слоў. На другі дзень пасля твайго ад'езду сабраўся ў Балачанку. Раней 2-х гадзін дня выбрацца не маглі. Заехалі каля 4-х дня. Я пайшоў з кошыкам пад Парню. Пападаліся сям-там баравікі. Але з раніцы хадзіла многа народу, і мой збор быў не дужа багаты. Знайшоў каля 25 баравікоў. У хвойніку было маўкліва і глуха. Хоць бы адна птушачка заціўкала. Прайшоў невялікі і нядоўгі дожджык.Хадзіў я адзін, успамінаючы тыя дні, калі мы хадзілі тут перад вайною: ты, мама і я. Я прыйшоў пад тую нагнутую хвойку, каля якой ты колісь хаваў на выраст маленькія баравічкі. Ты не знайшоў свайго схову, і толькі праз тыдзень я выпадкам насунуўся на яго і падабраў цэлы гурт ладных баравікоў, схаваных табою. Кожная мясцінка каля Парні нагадвала мне той далёкі і дарагі час, калі я з мамаю хадзілі тут. Я прыгадаў і той куточак хвойніку, дзе мама знайшла вельмі ўдалага баравіка. Я ўсё думаў пра маму. У маіх вушах гучаў яе голас вось так, як бы толькі што чуў яго. І мне прыйшла ў галаву такая блазная думка: гукнуць у лесе - Мару-у-уся! І я падумаў сабе: а што адчуў бы, калі б раптам на гэты выгук я пачуў - А-гу! Мне стала сумна-сумна, і на вочы наплывалі слёзы. Пішу гэта табе проста, як летапіс свае душы і свайго настрою, і пастаўся да гэтага, як да звычайнага факта нашага чалавечага жыцця..."

Адчуаючы адзіноту, неабходнасць зняць цяжар перажыванняў, бацька гэты летапіс свае душы выказваў у пісьмах да Святланы Сомавай, да Алесі Кетлер, а таксама да другіх знаёмых. Свой сум ён занатаваў і ў пачатку працягу паэмы "Рыбакова хата", якую закончваў у Мінску:

З чаго пачаць працяг паэмы?
У прошласць сплыў час немалы...
Ох, чарпанулі гора ўсе мы,
Зазналі розныя сталы!

Шумеў, шугаў над нашым краем
Агністы віхар, чорны вір.
Яшчэ сягоння мы не знаем
Каго і дзе хавае жвір.

І часта, часта ў падарожжы
Магіла зрок прыпыніць твой,
І ты панікнеш галавой -
Каго вартуе агарожа?

Няма ні напісу, ні крыжа,
Адзін гарбок сухой зямлі,
Дзе вецер песні свае ніжа
На травяныя сцебялі.

Мой мілы дружа, скуль і хто ты?
Як ты знайшоў тут дом глухі,
Дзе больш няма надзей, турботы,
Дзе толькі родзяць лапухі?

Мне боль пякучы сэрца гложа
І сына ўспомню я свайго.
А дзе магіланька яго,
Мне адказаць ніхто не можа.

Я мімаволі ўспамінаю
І ў той куток імкнуся зноў,
Дзе жыў я ціха, як у раю,
З сваёй сям'ёю між дубоў.

Былі вы жывы і шчаслівы -
Ты, друг мой жонка, і ты, сын.
Нам песні пелі пожні, нівы,
Кусты надсвіслачскіх далін.

І вас цяпер няма са мною!
О, хоць бы вам пачуць мой сум,
Зірнуць у вір гаротных дум
З яго бяздоннай глыбінёю..

Мой мілы сын, мая Маруся!
Нас разлучыў няўмольны лёс.
За вас зямлі я памалюся
І акраплю расою слёз...

У той дарагі сэрцу "куток надсвіслачскіх далін" улетку сорак пятага мы прыязджалі некалькі разоў. Заязджалі да Канстанціна Сцяпанавіча Дзяткі і яго жонкі Марыі Іванаўны. Косцік, як звалі Дзятку, расказваў розныя гісторыі з часоў нямецкай акупацыі. Расказаў гісторыю хлопца, які з-за любай дзяўчыны пайшоў да немцаў. З гэтай гісторыі нарадзілася аповесць "Між дзвюх рэчак". Ён расказваў, як загінуў Валодзя Жук, у якога мы летавалі ў 1938 годзе. Яны разам на дзвюх падводах адвозілі ў мястэчка збожжа. Калі вярталіся назад, конь Косціка крутануў на Падбярэжскай лагчыне і абыйшоў месца, дзе была пастаўлена партызанская міна. А конь Валодзі не збочыў, і павозка падарвалася. Валодзя памёр ад ран.

У доме Дзяткі сустрэліся з героем Савецкага Саюза, камандзірам партызанскай брыгады "Полымя" - Я. Ф. Філіпскіх. Ён пабраўся з пляменніцай Косціка мілай Вандай і заязджаў да яе радні.. Пасля Ванда Браніславаўна ўзначаліла акадэмічную бібліятэку імя Якуба Коласа, а іх дачка працавала ў інстытуце фізікі нашай акадэміі, выконвала таксама ролю сакратара навуковага савета па фізіцы плазмы, у склад якога уваходзіў і я. А тады за добраю чаркай і казачнай закуссю, прыгатаванай Марыяй Іванаўнай, адбылася цёплая, шчырая гамонка і аб літаратуры, і аб далейшых шляхах жыцця. Яўген Фёдаравіч у знак пашаны да Коласа падараваў яму свой партызанскі пісталет ТТ.

У адну з паездак у Балачанку мяне давезлі да Вусцянскага грудка, бацька паехаў да Косціка, а я са стрэльбаю накіраваўся да балоцінак, дзе раней Юрка іншы раз падымаў качак. Але ні курапатак, ні качак не папалася, я дайшоў да Кручка, дзе Балачанка ўпадае ў Свіслач, а між імі раскінулася зарослая лілеямі азярынка з берагамі з гушчарам лазнякоў. Адтуль чуўся ні то свіст, ні то піск невядомай мне птушкі. Я зацікавіўся і стаў асцярожна падыходзіць да берага азярыны. Таямнічыя гукі ішлі з другога боку яе, з куста, але, як я не прыглядаўся, ніякай птушкі не згледзеў. І таму ціхенька, абыходзячы завадзь, падыйшоў да гэтага куста. Раптам ззаду нешта як баўтане па вадзе, ды як зашыпіць! З перапуду я імгненна стрэліў туды. З-за кругоў на вадзе нічога не было бачна. Я да куста, аж там два маленькія звяркі. "Бабры!" - прамільгнула ў галаве. За карак падняў аднаго малыша, а ён зашыпеў, як кацянё. Дык гэта ж выдранё! Я да азярыны - у метры ад берага ляжала забітая выдра. Запіхнуў яе ў рукзак, а выдранят прыйшлося ўзяць за пазуху. Гэта іх піск я прыняў за птушыны голас. Выдранят кармілі з соскі, яны хутка раслі.

Канікулы падыходзілі к канцу, трэба выбірацца ў Маскву на вучобу. З бацькам мы ліставаліся, зрэдку ён наведваў сталіцу па сваіх справах і заўсёды прывозіў мне што-небудзь з прадуктаў. Восенню мяне расшукала жонка Лужаніна, яна прасіла перадаць пропуск у інстытут, які забылася ў Мінску Наташа, таксама студэнтка МАІ. Мне было цікава пазнаёміцца з той, на вучобу якой бацька адсылаў грошы Янку Маўру ў Алма-Ату. З фатаграфіі пропуска паглядала прыгожая поўнашчокая дзяўчына. Калі ж я знайшоў іх групу і спытаўся, ці ёсць Фёдарава, падышла худзенькая дзяўчына, не падобная да той, што на фота. І я нічога лепшага не прыдумаў, як сказаць: "А на картачцы Вы прыгажэйшая!" Такая "пахвала", відаць, крыху драпанула яе самалюбства, бо іншы раз яна дэманстратыўна не заўважала мяне. Але ж прыходзілася сустракацца ці то ў сталоўцы, ці ў чарцёжнай зале. Прыгожая, разумная, яна мне падабалася, нягледзячы на тое, што маё сэрца было акупавана азіяцкай дзесяцікласніцай.

На канікулы наступнага года мы ўжо ляцелі разам у Мінск, і са мною была яшчэ мая стрыечная сястра Ніна. Часамі з Наташай я сустракаўся ў Мінску, на дзень яе нараджэння прывёз ёй тры качкі з гарачым пацалункам. Аднойчы, калі бацька ехаў у Балачанку, я запрасіў і Наташу пабываць у тых маляўнічых мясцінах, пахадзіць разам.

Восенню мне трэба было шукаць другі прытулак, бо яшчэ ў мінулым годзе мая добрая гаспадыня папярэдзіла аб гэтым. Бацьку было вядома, і ён рабіў захады дапамагчы мне. У адным з лістоў ён пісаў:

"Мой дарагі сынок! Маркотна мне без цябе. Часта, кожны дзень па некалькі разоў успамінаю цябе. Я паслаў табе пісьмо, але калі яно дойдзе. Зараз пасылаю табе гэта пісьмо праз жонку Лужаніна - Жэню - Яўгенію Эргардаўну Пфляўмбаум. Я гаварыў з ёй пра кватэру. У яе можна было б і асталявацца. Праўда, яна жыве каля метро Парк культуры, на процілеглым канцы ад "Сокала"... У яе вялікі пакой. Бяда толькі ў тым, што ў Лужанінай будзе жыць і дочка Янкі Маўра. На благі канец можна адгарадзіцца шырмай...

Бывай здаровы, мой мілы, мой дарагі Міхаська. Купі сабе вітамін С і хоць па пяць бобак прымай у дзень. Я пачаў іх прымаць, і мае дзясны перасталі крывавіцца. З кватэраю як-небудзь уладзімся. Моцна цалую цябе. Жадаю здароўя, поспехаў, удачы. Твой бацька".

Каб мне прапісацца ў ведамасным доме, дзе мела комнату жонка Лужаніна, бацьку прыйшлося нямала паклапаціцца, пабываць у прыёмнай Вярхоўнага Савета, дзе вырашылі гэта пытанне.

Калі я размаўляў з Яўгеніяй Эргардаўнай аб уладкаванні ў яе комнаце, яна запыталася - а як жа з Наташай? Да пераезду ў Мінск яны жылі разам, прапіскі ў Наташы не было. А я ў жарт адказваю:

-- Вялікі страх - мы распішамся і ўсе пытанні будуць зняты.

-- Ой, як добра бы гэта было - я так ладзіла з ёю, яна слаўная дзяўчына!

У Маскву мы ехалі разам з Наташай і прыйшлі да згоды ўступіць у шлюб. Як жа паведаміць аб гэтым бацькам? Каб гэта было больш занятна, я прапанаваў ёй пазваніць свайму бацьку, каб той павіншаваў майго з маім шлюбам, а я пазваню свайму, каб ён павіншаваў Янку Маўра з нагоды таго, што Наташа выходзіць замуж. Выконваючы маю задумку, Наташа перадала гэта свайму бацьку, а той адразу - на кім жа ён жэніцца, калі заходзіў да цябе? І мая Наташа прызналася, але мне нічога не сказала. У майго бацькі пытанні не ўзніклі. Павіншаваць, дык павіншаваць, і як чалавек абавязковы, ён пры сустрэчы з Маўрам павіншаваў яго. А той толькі запытаў: "Дык што ж мы будзем рабіць?" А Колас адказвае: "Рабі, што хочаш, мне якое дзела?" У таго і сківіцы адвіслі ад нечаканасці. Прыйшоў дахаты, расказаў жонцы - тая ў плач: "Колас не хоча, каб дзеці парадніліся!" І хацела ісці разбірацца, што такое здарылася. Але пайшоў Янка Маўр. Хатняя гаспадыня Коласа, Марыя Георгіеўна, убачыўшы Янку Маўра, запытала:

- А за каго ж выходзіць Наташа, ці не за нашага Міхаська?

- А вы што, не ведалі?

Бедны тата! Як гэта яму не паведамілі?! Так нечакана! Старыя знаёмыя крыху пасядзелі, выпілі, а праз дзень бацька прыехаў да нас у Маскву. Ён дастаў бутэльку наліўкі і сказаў:

- Ну, нявестка, накрывай стол!

Наташа ж Коласа баялася, але бацька цёпла павіншаваў і пажадаў самага найлепшага ў жыцці. Аднак, аб першых яго пачуццях я даведаўся шмат пазней з яго пісем-споведзей. У іх праглядаецца і пэўная эвалюцыя ўражання: "21.09.1946. Я нахожусь в состоянии некоторого беспокойства. А самое основное - мой Михась. У него нет угла, а он не один, а с подругой дней своих суровых.. Я не предполагал в Минске, что его непродуманный шаг так глубоко меня взволнует здесь, в Москве, когда я все лицезрел непосредственно. Нахожусь под этим свежим впечатлением, и настроение у меня такое, что будь я женщиной, я бы заплакал. Сейчас сижу в холодной гостинице, собираюсь хлопотать о комнате для сына. Комната-то есть, но пропишут ли туда моего опрометчивого сына. Хлопот много, но на сердце у меня радость".

 

"31.03.1947. ...Вчера заходил Михась с женой. Я взял им билеты в кино. Вечером опять заходили дети. Поговорили. Хорошая жена у моего Михаськи."

"16.10.1947. ...Вспоминал своего Михаську. Мне стало как-то жалко его. Я беспокоюсь и за Данилу, но Михася мне почему-то более жалко, может быть потому, что это мой самый младший сын. Рад, что жена у него толковая, дочь моего друга Янки Мавра, красавица."

Ці мог бацька прыгадаць, што яго "опрометчивый" сын пражыве ў добрай згодзе са сваёю сяброўкаю больш шасцідзесяці гадоў? Так, многа гадоў мінула з тых часоў, а студэнцкія гады, праекты, залікі, экзамены помняцца добра.

Вучоба ў мяне пайшла лягчэй, бо на складаныя заданні затрат часу было менш - не было такой задачы, якую бы не магла вырашыць жонка, а я дапамагаў ёй разбірацца ў механізмах, а таксама ў вывучэнні англійскай мовы. Замежная мова і асновы марксізму даваліся ёй цяжэй.

Не абышлося без камічных выпадкаў. Так, да заняткаў па асновах марксізму яна не рыхтавалася, прапускаць жа іх было нельга. І гэта яна засвоіла яшчэ на першым курсе ў Алма-Аце, калі не змагла прыйсці на экзамен па марксізму-ленінізму і яе тут жа адлічылі з інстытута. У гарах, дзе знаходзіўся яе бацька і дзе яна рыхтавалася да экзамену, выпаў снег, а ў дзяўчыны не было абутку і яна не магла дабрацца да горада. За няяўку на экзамен менавіта па гэтаму прадмету яе і адлічылі. Дзе даведка, што выпаў снег? Ледзьве ўдалося застацца, дзякуючы дэкану - Мільёншчыкаву, у будучым акадэміку.

А цяпер сядзела на занятках ціха, як мыш, і дрыжэла. А заняткі праводзіла настаўніца з прозвішчам Граза, якое адпавядала яе характару. Глянуўшы ў журнал, яна выклікала адказваць Фёдараву. Наташа толькі змяніла прозвішча і маўчала. Тады гэта Граза ткнула пальцам у яе бок і грозна сказала: "Я вас вызываю!" І тут у студэнткі ад страху адшыбла памяць - забылася сваё новае прозвішча.

-- А я не Федорова.

-- А кто вы?

І нічога лепшага не прыдумаўшы, ляпнула:

-- Начинается как-то на М, а кончается на К.

Група легла ад рогату, а Граза за такі здзек толькі выкрыкнула:

-- Вон!

Прыйшлося выканаць загад. А тая - у дэканат са скаргаю, дзе, праўда, ёй паведамілі, што студэнтка памяняла прозвішча. Толькі чаму яно канчаецца на К - засталося невядома.

Сваім сябрам па інстытуту я не гаварыў аб зменах у маім жыцці. Я чакаў выпадка - і ён надышоў. Наступілі Кастрычніцкія святы, і я запрасіў іх на вечарыну. Калі ж яны сабраліся, я абвясціў:

-- Знаёмцеся - гэта мая жонка!

Ад нечаканасці хлопцы разгубіліся: ці то жарт, ці праўда? Тым не менш, вечар прайшоў хораша. Можа ад шуму ў нашым пакоі - вечарамі слухалі музыку - ці па другой прычыне суседзі напісалі скаргу, што тут пражывае без прапіскі студэнтка. З'явіўся ўчастковы, але ўбачыўшы штамп у пашпарце, выпісаў невялікі штраф за парушэнне рэжыму, і на тым справа скончылася.

Вясною "па сямейных абставінах" мы пакінулі Маскву. Вярнуліся пад бацькоўскі дах, уладкаваўшыся у самым цёплым пакоі плошчаю ў сем з паловай метраў, і былі шчаслівы. Дакументы занеслі ў Політэхнічны інстытут на машынабудаўнічы факультэт. Прыйшлося даздаваць шэраг экзаменаў, з чым лёгка справіліся. Вучыцца тут было непараўнальна лягчэй, хаця ніякай лабараторнай базы, наглядных сродкаў не было. Ад беднасці нашы курсавыя і дыпломныя работы былі выкарыстаны як наглядныя сродкі для студэнтаў, якія ішлі за намі. Адсутнасць лабараторнай базы кампенсавалася шчырымі адносінамі настаўнікаў, якія ўкладалі ў нас не толькі веды, але і душу. І мы бясконца ўдзячныя Гаранскаму, Шлапакову, Пікусу, Клябанаву і іншым.

Канечне, забаўныя сітуацыі ў нас утвараліся і тут. Так, Н. К. Клябанаў, знаёмячыся са студэнтамі, зачытаў іх прозвішчы. Спыніўшыся на двух Міцкевічах, запытаў:

-- Вы братья?

Група грохнула смехам.

-- Нет, нет, вы сёстры?

Ізноў рогат. Тады наш стараста Сяргей Касцюковіч сказаў:

-- Не, яны нават не брат і сястра, а муж і жонка.

Са сваім старастам і яго будучай жонкай Тамарай Кажанковай мы пасябравалі, як кажуць, на ўсё жыццё. У 2007 годзе споўнілася 60 гадоў нашага сяброўства. Студэнты групы неаднаразова прыходзілі к нам, бацька вельмі ветліва сустракаў іх, засталіся фотаздымкі.

Дыпломную работу я выконваў пад кіраўніцтвам С. І. Губкіна, слыннага спецыяліста ў галіне тэорыі і практыкі пластычнай дэфармацыі металаў. Ён толькі што быў запрошаны з Масквы ўзначаліць Фізіка-тэхнічны інстытут Акадэміі і кафедру ў інстытуце. Яго як выдатнага спецыяліста вельмі высока ставіў сакратар ЦК партыі М. Т. Іаўчук. Ён неаднаразова заходзіў да бацькі, сам доктар філасофскіх навук, пакінуў добрае ўражанне сваёй эрудыцыяй, ведамі, рашучасцю. Але, на жаль, у хуткім часе яго знялі з гэтай пасады з-за "няправільнай" трактоўкі ленінізму і Леніна як рускай з'явы. Справа ў тым, што ў краіне пачалася кампанія, накіраваная на доказ прыярытэту Расіі і расійскіх вучоных у многіх галінах дзейнасці. Гэта нарадзіла шэраг анекдотаў. Паводле аднаго з іх, расшчапленне атама таксама належыць рускім, бо яшчэ апрычнік Івана Грознага, шчапаючы лучыну, выпадкова расшчапіў атам. Ну, а ленінізм - гэта не расійская, а сусветная тэорыя.

Перад курсавой і дыпломнай работамі мы надоўга пакідалі сваё гняздо, праходзячы практыку на заводах Масквы і Ленінграда. А ў гэтыя часы ў Мінску праходзілі з'езды, святкаванні 30-годдзя БССР і інш., прыязджала многа гасцей. Многія з пісьменнікаў гасцявалі ў доме Коласа. Аб наведванні яго пакідалі свае аўтографы на кафлях печы. На жаль, большасць з іх не запомнілася, толькі два слядкі - Гарадзецкага С. М. і Ліпатава С. М. засталіся ў памяці:

Внимая мощным жизни гулам,
Сын Беларуси, друг России,
Живи так долго, чтоб Джамбула
В борьбе с полетом дней осилить.

І:

Я прочитал все эти строки,
Хоть я и не гожусь в пророки,
Но знаю, что же говорить,
Что Колас вечно будет жить.

Пісьменнікі Беларусі таксама рабілі "наезды" на сваіх калег. Летам 1947 года вялікая група нашых літаратурных творцаў накіравалася ў Ленінград на літаратурныя вечарыны, якія адбыліся і ў доме літаратараў, і ў гарадскім лекторыі. Адбыўся мітынг і на славутым Кіраўскім заводзе. Ленінградцы азнаёмілі сваіх калег з самымі ганаровымі аб'ектамі свайго горада. Аляксандр Пракофьеў запрасіў да сябе на дачу. За дні наведвання Ленінграда паэты моцна пасябравалі - паэтычныя душы Коласа і Пракофьева адклікнуліся гучаннем ва ўнісон. І горад, і яго пісьменнікі пакінулі яркія ўражанні ў бацькі. А той год выдаўся надзвычай неўраджайным, на поўдні краіны так выгарэла, што мала чаго засталося людзям. Адчувалася гэта і ў Ленінградзе. І Колас піша свайму сябру: "Сердечный Вам привет, мои дорогие друзья из благословенного Минска. Живу и отогреваюсь теплотой Ленинградских друзей, величью и красотой вашего города. Приехали из Москвы в Минск после вдохновляющих рюмок... Я хорошо помню свое слово, сказанное Вам, Алесь, на Вашей даче. Сегодня я пошел по начальству. А вчера на собрании партийного актива я виделся с руководящими товарищами и рассказал о том, что в порядке дружбы с ленинградцами не мешало бы подтвердить ее "вещественным знаком" невещественных отношений. Мою мысль горячо поддержали. Сейчас заместитель председателя Совета Министров при мне дал распоряжение послать на адрес председателя Союза Ленинградских писателей вагон бульбы...

Передайте мой сердечный привет М. И. Комиссаровой и Николаю Леонидовичу Брауну, и всем моим друзьям. Крепко обнимаю и целую Вас. Якуб Колас".

З пераездам бацькі ў Мінск пачалося асваенне і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол хаты. Яшчэ ў сорак пятым пасадзілі бярозку і чатыры дубкі вакол яе, нібы сімвалы нашай сям'і. Адзін дубок не прыняўся. Пасадзілі і некалькі пладовых дрэўцаў, а на клумбе каля хаты бацька пасеяў жыта, зерні ж прывёз з Балачанкі. Пасля пастаянна засявалася дзялянка жыта. Каля хаты былі пастаўлены "доследы" па адначасоваму высяванню ячменю і жыта.

Напярэдадні прыбаўлення ў нашай сям'і бацька прапанаваў пасадзіць дубок і назваць яго Юркам. У самым канцы батанічнага сада ў куточку самасейнага кустарніка знайшлі гожы дубок, адкапалі і ўдвух перанеслі ў свой двор. Каб ён лепш прыняўся, бацька старанна паліваў яго. Аднойчы трохі перастараўся і перакарміў яго селітраю. Абвялі лісточкі, бацька спалохаўся і стаў прамываць глебу вадой. Дубок ачуняў. Пасадзілі і шэраг дэкаратыўных дрэў, ядлоўцу і інш. А ў сорак сёмым бацька загадаў распланаваць пад пасадку пладовых дрэў пустыр і пасадзіць сад. Данік запрасіў слыннага селекцыянера Волазнева даць параду, як лепш распланаваць пасадкі. Пасля прывёз розныя гатункі пладовых і костачкавых дрэў, у тым ліку селекцыі Волазнева і Сюбаравай. Частка з гэтых дрэў захавалася.

Хата з пячным ацяпленнем патрабавала многа дроў. На першы час разабралі пабудаваны немцамі бункер, там драўніны было шмат. Для яе захавання пабудавалі з дошак сарайчык з добрым пограбам і з маленькім пакойчыкам - для мяне на лета. Пасля пабудавалі мураваны гараж і маленькую баньку з паліцамі. Некалі бацька любіў парыцца, і відаць, марыў, што давядзецца яшчэ. Не давялося, здароўе пагаршалася. У нашай хатцы кухня была настолькі маленькай, што не было дзе павярнуцца. І ў 1946 годзе пачалі будаваць двухпавярховую прыбудову памерам 6х6 м. На першым паверсе размясцілася куханька, пакой для хатняй гаспадыні, ванна і туалет. На другім паверсе - спальня і кабінет гаспадара. Улады прапанавалі бацьку пабудаваць катэдж, але ў тыя часы, калі мноства людзей жыло ў зямлянках і бараках, ён не мог прыняць гэтай прапановы. Становішча людзей было цяжкім, у гаротным стане знаходзіліся дзіцячыя дамы. Бацькі загінулі, патрабавалася неадкладная дапамога дзецям. Прыходзіць мноства пісем з просьбамі дапамагчы, і бацька піша ў Міністэрства, піша Панамарэнку, ходзіць па прыёмным Міністэрстваў.

Многа сіл вымагалі клопаты аб Акадэміі. Здаралася, нікога з Прэзідыума яе не было, а тут прыбывала з Германіі абсталяванне для завода дакладных прыбораў. Ні склада, ні нават брызенту накрыць скрынкі не было. А захаваць каштоўнасць неабходна, і трэба было пісаць і пісаць, хадзіць і хадзіць.

У адным з пісем ад 26.07.1946 ён пісаў: "З сягодняшняга дня пачаў работу ў Акадэміі ў якасці адміністратара. З мяне адміністратар такі, што лепей было б, каб такія адміністратары пападаліся радзей".

Хапала работы і па аддзяленню гуманітарных навук - разбіраць спрэчныя пытанні па гісторыі Беларусі, літаратуры, даць належную ацэнку ролі Скарыны, Багушэвіча, Каліноўскага... Многа часу адымалі і клопаты аб будаўніцтве школы ў роднай вёсцы. У адным з лістоў да дырэктара яе Колас пісаў: "...Што напісаць аб тваім будаўніцтве? Учора я спраўляўся наконт розных дробязей, як цвікі, акоўка дзвярэй і вокан, ручкі і інш. можна дастаць у крамах г. Мінска. Што ж датычыцца кафлі, то яе трэба купляць у Івянцы... З бензінам зараз цяжка... Пра лакамабіль яшчэ не спраўляўся, але думаю, што набыць яго зараз нельга. Вось так дзень за днём праходзяць мае дні. Няма таго дня, каб не прыслалі мне пісем, а пісьмы ўсе такія, што трэба "памагаць": адзін прышле вершы, другі прозу, трэці якія-небудзь пераклады або кнігу. А ў таго нехта высланы, асуджаны, таго "няправільна " падаткамі аблажылі і г.д. А да ўсяго гэтага, не бывае такога дня, каб не было таго ці іншага засядання. Асабліва для сябе мне трудна вылучыць хоць адзін дзень, і ўсе мае асабістыя справы запушчаны. Вось і назаўтра ладзіўся паехаць да Косціка, пахадзіць па хвойніку каля Парні, дык не: трэба ехаць аглядаць нейкі дом у 12 кіламетрах ад Мінска для Саюза пісьменнікаў...

Крыху пазней у лісце да Гарадзецкага бацька пісаў: "...Я все еще нахожусь на положении полубольного. Силы мои иссякают... На собрания, вечера, на сходы не рискую выходить... За это время пришлось много работать над всевозможными статьями - в московскую "Литературную газету", в "Красную звезду". Послал стихи в "Правду", в "Огонек", в военную газету для советских воинов, находящихся за пределами родной страны. Писал статью в нашу "Учительскую газету", в нашу "Советскую Белоруссию", стихи в "Звязду" (нашу). Два раза записывался на пленку для радио. Сегодня записали четыре стихотворения для московского радио. Причем чтение вызвало реакцию в легких. Еле дотянул - стал душить кашель..."

Іншы раз бацька даваў мне пачытаць "пасылкі" маладых паэтаў Запомніліся байкі Уладзіміра Корбана, талент яго выразна праглядаўся з вучнёўскіх сшыткаў. І ўсё ж цэлы шэраг заўваг быў накіраваны маладому дараванню. Рэцэнзіі Коласа на прысланыя творы былі на рэдкасць дакладнымі, іншы раз рэзкімі, хаця ў канцы сваёй адозвы ён прасіў прабачыць за танальнасць. Лынькову ж параіў на адну трэцюю (!) скараціць раман і выказаў мноства такіх заўваг, ад якіх можна пакрыўдзіцца, але ж заўвагі ішлі ад шчырага сэрца. Акрамя заўваг прыходзілася, асабліва маладым, даваць парады. Так, у лісце да Грышкевіч ён пісаў: "Мілая Рагнедачка!.. Прачытаў Ваш верш. На гэты раз хваліць Вас за яго не буду. Цэнна ў вершы добрая мысль, думка, але Вам не ўдалося знайсці моўныя сродкі, словы - форму, каб мысль гэта засвяцілася, як брыльянт у залатых асадках. Ніколі не тарапіцеся ў складанні вершаў. Дабівайцеся ў пісанні дасягнуць такой дасканаласці, каб Вы першым чынам задаволіліся самі сваёй творчасцю і яе вынікам... Адно скажу: вучыцеся, чытайце як мага болей кніг: паэт павінен мець шырокую і глыбокую адукацыю, павінен засвоіць багатую спадчыну з культуры прошлых часоў і адтачыць сваю паэтычную зброю так, каб яна без хібы біла нашых непрыяцеляў і жычліва служыла свайму народу".

На ўсё жыццё мне ўрэзалася ў памяць тое хваляванне, той незвычайны тон голасу бацькі, калі ён прынёс прысланую з Заходняй Беларусі кніжачку з грозным прозвішчам аўтара - Танк і з партрэтам юнака з хударлявым тварам.

-- Вось дзе сапраўдны паэт беларускай зямлі! - яго словы.

Сустрэліся яны шмат пазней.

Да Максіма Танка Колас адносіўся як да роднага сына. І Яўген Іванавіч адказваў ўзаемнасцю. Наогул, сяброўскія, амаль бацькоўскія, адносіны склаліся ў бацькі з многімі пісьменнікамі. Бывала, што і крыўдзіліся на яго, як Аркадзь Куляшоў, калі Колас адхіліў прысуджэнне яму трэцяй прэміі пасля атрымання першай, а пасля другой. Канечне, не зашкодзіла б і трэцяя, але Колас не мог пагадзіцца, бо лічыў, што гэта будзе выглядаць як спад творчасці таленту.Толькі адзін з пісьменнікаў, якіх я ведаў, прызнаўся, што не любіць Коласа. Гэта былы вучань Янкі Маўра і яго сябра - Саша Міронаў, з якім я часта сустракаўся; цікавы чалавек, выдатны расказчык.

Пагутарыць з Коласам прыходзілі многія пісьменнікі, а з большасцю з іх ён сустракаўся ў Саюзе пісьменнікаў, на пленумах, з'ездах. Але ўдзельнічаць у сходах і другіх мерапрыемствах станавілася цяжэй і цяжэй, здароўе пагаршалася, зачасціліся думкі аб немінучай смерці, і нам ён нярэдка выказваўся: "Я тут часовы госць". Гэты матыў гучаў і ў пісьмах да блізкіх, да сяброў. Так, у пісьме-споведзі Гарадзецкаму пісаў: "...Немощны мы, друже. Вот и ты все храбрился, философски доказывал мне бессмертие и все прочее в этом роде. Но старость есть старость, а с ней и ее неизбежная спутница - смерть. О ней я помнил всю жизнь. Но раньше в зрелые годы она представлялась не очень страшной, потому что в организме было много сил. Теперь они иссякают, и конец представляется более реально и тревожно. Говорю это потому, что недавно мне было очень плохо. Появились неприятные пятна в глазах, да такие, каких еще не бывало. Все это получилось в результате длительной болезни и большой праздничной нагрузки. Ведь пришлось сидеть, не вставая, четыре часа на юбилейной сессии Верховного Совета. Был прием у правительства с многочисленными тостами. На следующий день пригласил писателей, приехавших на праздник. Много перед этим писал. Вот оно и сказалось. 8 января приехал врач и медицинская сестра. Выпустили 225 грамм крови и приказали лежать в постели. Теперь золотые снежинки и искры исчезли из глаз..."

Усё часцей прыходзілася звяртацца да дактароў. Пасля нават нязначнай прастуды ўзбуджаўся працэс у лёгкіх - запаленне - і на тыдні і месяцы прыходзілася класціся ў стацыянар. У лютым сорак дзевятага з Крамлёўкі ў пісьме да Лужаніна Колас пісаў: "Дарагі Максім!.. Учора скончылі заліваць пеніцылін. Працэс у лёгкіх спыніўся, але ён, як паказвае практыка, можа праз тыдзень ізноў пачацца. Я вельмі аслабеў, упаў у целе. Гэтаму ў значнай ступені спрыяе і тое мноства ўсялякіх аналізаў. Каб гэтыя аналізы прарабілі над валом, дык і той падаўся б..."

Максім Лужанін працаваў памочнікам Коласа, дапамагаў адказваць на мноства пісем, падрыхтоўваў матэрыялы для бясконцага шэрагу артыкулаў. Праўда, калі Лужанін сам пісаў артыкулы, ганарар за іх бацька аддаваў аўтару. На "пасаду" памочніка Лужанін доўга не пагаджаўся. З гонарам, складаным характарам, досыць самалюбівы, Лужанін быў выдатным знаўцам літаратуры. За яго глыбокія веды, у тым ліку тэорыі літаратуры, бацька выказваўся, што лепш бы было, каб ён займаўся літаратуразнаўствам, чым пісаў вершы. Максіма ў яго паводзінах крыху стрымлівала жонка, надзвычай вытрыманая, абаяльная жанчына, паэтка, бадай ці не больш здольная за яго. Максім жа быў выдатным майстрам эпіграмы. Уламаць яго дапамагаць Коласу мог, напэўна, толькі Данік, прыкладаючы свае здольнасці дыпламата і пераконваючую аргументацыю. Яны і сябравалі. Да таго ж абодва валодалі унікальнымі, рэдкаснымі якасцямі: колькі б не выпілі напярэдадні - на другі дзень галава не балела. Магчыма, гэта акалічнасць спрыяла злоўжыванню братам спіртным. І як ён смяяўся, калі я аднойчы перабраў лішку і не мог падняцца назаўтра, адчуваючы сябе так кепска, што Наташа звярнулася за паратункам да яго! А бацька перажываў, што такі здольны хлопец траціць час на непатрэбныя заняткі. Можа яны былі і не зусім непатрэбнымі, бо, дзякуючы чарцы, брацец пазнаёміўся з большасцю ўплывовых асоб, што дазваляла лягчэй вырашаць розныя жыццёвыя пытанні.

Аднойчы Данік пайшоў і да ночы не вярнуўся. Бацька не мог заснуць, усё чакаў яго. Ці не здарылася бяда? Ці не забілі дзе? Нервы былі напружаны. Я яго супакойваў як мог. Але ўсё роўна клопаты аб сыне не далі магчымасці заснуць ні на хвіліну. Я падняўся рана, было яшчэ цемнавата, і пачуў, як бразнула клямка варот. Глянуў - прабіраецца мой старэйшы брат. Падняўшыся на другі паверх, я хацеў супакоіць бацьку, сказаў: "З'явіўся твой блудны сын, не хвалюйся". Бацька кінуўся да акна, убачыў Даніка цэлым і імгненна расплакаўся, нервовае напружанне знялося. А я ўпершыню бачыў бацькавы слёзы.

Даводзілася і мне пазніцца і таксама выклікаць бацькоўскія перажыванні. Так, аднойчы мы паехалі з Фёдарам Хадасоўскім на паляванне на яго матацыкле, а ў ім нешта сапсавалася, і Федзя доўга рамантаваў яго. Дадому прыехалі позна ўночы.

Федзя быў адмысловым шафёрам, слесарам, а таксама майстраваў радыёпрыёмнікі і г. д., але аднойчы, везучы бацьку з Балачанкі, заснуў за рулём, і машына з'ехала ў кювет і легла на бок у балоціну. Сам бацька выбрацца з машыны не мог, Фёдар вынес яго на руках - сіла была, некалі быў чэмпіёнам па барацьбе ў сваёй вазе. Траўм ніхто не атрымаў, але Данік тут жа разлічыў яго і на яго месца запрасіў маладога хлопца з гаража Акадэміі Сяргея Сонюшкіна. "Пэнсію" сваім шафёрам бацька плаціў са сваёй кішэні - тысячу рублёў. Сяргей машыну даглядаў добра, і пасля таго, як атрымалі Опель-Адмірал, бацька падараваў Адама Сяргею.

Паездкі па гораду былі амаль штодня; за горад жа, галоўным чынам у Балачанку, дзе так хацелася пабываць, пахадзіць па лесе, здараліся зрэдку. Сэсіі, пасяджэнні, мітынгі, тэрміновыя работы і частыя захворванні прыкоўвалі да дому, а то і да стацыянара.

Бацька вельмі турбаваўся наконт помніка жонцы. Дзе заказаць і каб помнік быў дастойны самага дарагога чалавека. Вызваўся дапамагчы Фелікс Лагута. І ён прывёз з Ленінграда вялікі помнік. На тым месцы, дзе пахавалі маці, ён не ўпісваўся. Прыйшлося перахаваць труну з прахам яе і ўстанавіць на пустыры Ваенных могілак, на самым высокім месцы. Да гадавіны яе смерці прыехалі браты маці - Іван з Вільні і Міхал з жонкаю з Клязьмы. З Вільні прыехаў і адзін з родзічаў - Цімафееў. З бацькавых плячэй зваліўся цяжкі груз. Ён папрасіў Заіра Азгура зрабіць барэльеф да помніка, што і было выканана.

А восенню сорак дзевятага памірае даўнішні друг і сваяк бацькі - дзядзька Ігнась. Ён быў яшчэ крэпкім мужчынам, рупліўцам на ніве школы. Аднойчы ўвосень ён, вяртаючыся са Стоўбцаў з нарады дырэктараў школ, заснуў на падводзе па дарозе ў Мікалаеўшчыну і прастыў... Успыхнуў застарэлы сухотны працэс, лёгкае распалася. На пахаванне яго мы ездзілі з бацькам. Абарваўся яшчэ адзін ланцужок, які звязваў яго з мінулым.

Праз колькі гадоў, ідучы наведаць яго магілку праз густа заселеныя могілкі, я апынуўся перад помнікам Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу. Бываюць і такія поўныя супадзенні.

У канцы пяцідзесятага бацьку прыйшлося ехаць у Маскву на канферэнцыю прыхільнікаў міру. Краіну ахапіла кампанія барацьбы за мір, што парадзіла анекдоты накшталт такога: у рэбе пытаюцца - ці будзе вайна зноў?

-- Не, не, што вы! Зараз пачнецца такая барацьба за мір, што каменя на камені не застанецца.

З канферэнцыі бацька папаў у больніцу - зноў працэс у лёгкіх. Праўда, гэты працэс хутка прыпынілі, але аказалася, што шмат пагоршыўся стан сэрца, але што - дактары не казалі. Калі я прыехаў наведаць бацьку, доктар строга-настрога наказаў мне ні ў якім разе не хваляваць хворага, яму забаронена ўставаць і г.д. Па таму, што яго пратрымалі там каля двух месяцаў і адаслалі ў санаторый яшчэ на месяц, я шмат пазней зразумеў, што гэта быў інфаркт міякарда. Я паведаміў бацьку толькі прыемныя навіны, у прыватнасці, што мой старэйшы брат жэніцца, дома ўсё ў парадку, чакаем яго выздараўлення і скарэйшага прыезду дахаты.

Бальнічная палата, як бацька пісаў Лынькову, была прыстасавана для пісання так, як свіння для верхавой язды. Пісаць прыходзілася алоўкам, лежачы ў пасцелі. У такіх умовах, нягледзячы на цяжкае становішча са здароўем, гумар не пакідаў яго. Ён напісаў гумарыстычны верш "Воз навукі", які пераслаў Лужаніну з прыпіскай "не для друку". А ў пісьме Глебку паведаміў: "...А я ўжо месяцы тры не плаціў членскіх узносаў, і прыйдзецца ў выпадку чаго траляваць на той свет беспартыйным. Затое ж цяпер я мільянер: 16 000 000 кубікаў пеніцыліну ўлілі ў мяне шляхам уколаў у злучаныя штаты. Цяпер кінулі пеніцылін... На маёй спіне пабывала за гэты час гэтулькі банак, што, калі напоўніць іх гарэлкаю, то іх хапіла б на цэлы год, п'ючы па два шкалікі ў дзень. А колькі мяшкоў кіслароду выдыхаў за гэты час! Каб палажыць іх адзін на другі, то яны мінулі б акно таго кабінета, дзе сядзіш ты з Кандратам". А ў пісьме да Лынькова чытаем наступнае: "...Пазаўчора мне ставілі п'яўкі - падняўся ціск крыві. Божа мой, чаго толькі не перацярпела маё цела! Калі б усе гэтыя працэдуры прарабілі над вярблюдам, то і ён даўно ўжо здох бы".

Тым часам верш "Воз навукі" атрымаў рэзананс. Гумарыстычна-сатырычных твораў, дзе ў якасці дзеючых выступалі бы ўплывовыя асобы, фактычна не пісалі, асцерагаючыся непрыемнасцяў. Напэўна, Петрусю Броўку, блізкаму да кіраўнікоў Акадэміі, верш спадабаўся. І ён прачытаў яго не толькі сябрам-пісьменнікам, але і ў ЦК, і там рагаталі. І да мяне звярталіся знаёмыя з просьбаю атрымаць рукапіс гэтага верша. А Янка Маўр напалохаў бацьку - нашто было чапаць І. М. Ільюшына, былога намесніка старшыні Саўміна , партыйнага функцыянера. Па сутнасці, ў тым вершы нічога крыўднага не было. Але ў тыя часы крытыка "высокіх" асоб успрымалася як нешта незвычайнае. Так, добра помніцца, як у тыя ж гады мы ў фізтэху "пакрытыкавалі" нашага парторга - у насценнай газеце інстытута. Колькі было шуму! Аргументам было: "Хіба Сталіна крытыкуюць?" Яно было і смешна, і жудкавата. На ўсякі выпадак я пайшоў да сакратара парткома Акадэміі параіцца, ці мы сапраўды ўчынілі нешта недазволенае. Канечне можна! Але тут жа пры мне ён пазваніў у райком партыі ўпэўніцца ў сваёй праваце. Праз месяц у мінскай газеце з'явіўся артыкул, дзе поруч з другімі недахопамі адзначаўся зажым крытыкі ў нашым інстытуце. Сапраўды: "Быў час, быў век, была эпоха..." - усё пад жорсткім кантролем.

У хуткім часе з'яўляецца працяг тэмы - верш "Канец воза навукі".

У крамлёўцы на кансультацыю да бацькі запрасілі прафесара Вінаградава, вядомага спецыяліста, які карыстаўся аўтарытэтам з-за сваіх ведаў. Аглядзеўшы хворага, ён сказаў: "Калі хочаце жыць, то трэба кінуць курыць". А бацька курыў з шасці гадоў - і табак, і лістоту бярозы і інш. І гэта сказалася не толькі на лёгкіх, але і на крыватоку ног. Сэрца ў больніцы, потым і ў Барвісе, крыху падлячылі, але значна пагоршыўся стан ног. Хадзіць было цяжка, неабходна было часта адпачываць. І тым не менш, лес прыцягваў старога грыбніка і ўвесну, і ўлетку, і асабліва восенню. Аматары-грыбнікі добра ведаюць, які цуд прыроды першыя вясновыя грыбы - страчкі. Якое хараство, разнастайнасць форм і афарбоўкі! Ды і добра прыгатаваныя, яны з'яўляюцца далікатэсам. Бацька любіў іх збіраць не менш, чым баравікі, але не даводзілася бываць у мясцінах, дзе іх нарастае іншы раз неверагодная колькасць. У балачанскіх маладых хвайняках іх амаль не было.

Пасля заканчэння інстытута я стаў радзей суправаджаць бацьку, бо па выхадных днях быў часта заняты трэніроўкамі або спаборніцтвамі. Бацьку, як я адчуваў, было прыемна чуць пра мае поспехі ў стральбе. Сам жа ён некалі быў першым стралком з нагана ў сваёй роце, ды і з малакаліберкі страляў метка. Мая - Юркава - стрэльба, прыгодная для палявання, для спартыўных спаборніцтваў не падыходзіла. Падвярнуўся выпадак набыць стрэльбу славутай фірмы Голанд-Голанд, бацька тут жа даў грошы, а стрэльба каштавала мала менш кошту двух кароў. Праўда, па дарэвалюцыйнаму цэнніку кошт такой стрэльбы адпавядаў кошту цэлага стада.Ну, а на набыццё коней, кароў родзічам, знаёмым ішло шмат больш грошай, чым на стрэльбу.

Аднойчы я прачнуўся ад шуму - праз плот пералазіў нейкі даўгавязы незнаёмы чалавек. Я выскачыў на ганак - гляджу - дзядзька Юзік! Што здарылася, як ён дабраўся ў такую рань? Дзядзька сказаў, што ўсю ноч ішоў пехам - укралі карову. Мне не верылася, што за адну ноч можна прайсці кілометраў з восемдзесят. Дзядзька ж сказаў, што на ногі ён лёгкі, а стаў хадзіць у шэсць месяцаў. Нешта ж часта здараліся прапажы кароў, коней у нашай радні!

Просьб аб дапамозе было многа. Напрыканцы 1955 года ад дзядзькі Юзіка прыйшло пісьмо, якое так моцна ўсхвалявала хворага бацьку, што ён у апошні дзень таго года адпісаў яму так: "Дарагі Юзік! Пісьмо тваё мне прынеслі пасля таго, калі я, хворы, вярнуўся з Масквы, ляжаў у пасцелі. Мяне хацелі завезці ў бальніцу ў Маскве, але я, можна сказаць, збег у Мінск. У Мінску таксама хочуць пакласці ў бальніцу. У мяне завялася хвароба, якая называецца гіпертаніяй. ...Павышэнне ціску крыві. Калі гэты ціск дужа высокі, дык вельмі часта здараецца, што ў галаве лопаюцца крывяносныя сасуды. Кроў выліваецца ў мозак, і чалавек, у лепшым выпадку, памірае, а ў горшым, становіцца нікому не патрэбным чурбаком чалавечага цела. Хвароба гэта развіваецца на грунце нэрвовага ўзбуджэння. Не скажу, каб і тваё пісьмо прайшло бясследна ў сэнсе развіцця гіпертаніі. Так, ты пішаш, што да цябе прыязджалі "даволі высокапастаўленыя людзі", каб паглядзець, дзе жыў Колас, паглядзець на прыроду. Яны табе сказалі няпраўду, калі гаварылі, што ў Коласа ляжыць на ашчадных кніжках адзін мільён шэсцьсот тысяч грошай. Не, брат Юзік, у Коласа ляжыць шэсцьсот мільёнаў шэсцьсот тысяч і шэсцьдзесят з палавінаю капеек. Няпраўду гаворыш і ты, калі сцвярджаеш, што я памагаю табе, як памагаюць жабраку: па дзесяць тысяч жабракам не даюць. Апроч Коласавага брата, ёсць і сёстры, сваякі і сваячкі. Ёсць многа чужых людзей, сірат, што таксама патрабуюць дапамогі. Калі я трохі акрыяю, стану на ногі, я пайду патрасу трохі свае "мільённыя" кніжкі, тады і табе прышлю трохі, бо зараз у мяне на руках няма грошай. Тады ты прыедзеш у Мінск. Я завязу цябе да хірурга, каб ён выдаліў табе непатрэбны палец. Я завязу цябе да зубніка, каб ён паставіў табе штучныя зубы, так, як і мне. Скора будзе год, як мяне рэзаў хірург. Да ўсяго гэтага дадаць трэба, што я 22 разы, пачынаючы з 1946 года, хварэў на запаленне лёгкіх... Ды не будзем сварыцца перад Новым годам. Бывай здаровы. Я ўсцягнуўся з пасцелі, каб напісаць табе адказ на тваё пісьмо. Усяго добрага. Костусь".

Як розніцца па зместу і танальнасці ліст бацькавага дзядзькі Антося, матчынага брата, які падрыхтаваў хлопца да паступлення ў настаўніцкую семінарыю!

"Дарагі Костусь!

Пішу табе прадсмертнае пісьмо. Пішу карандашом у пасцелі, бо ўстаць за стол не магу. Звяртаюся да цябе, дарагі Костусь, з вялікаю просьбай: не забывай Елены Ефімаўны.

Уміраць мне вельмі цяжка з-за таго, што я астаўляю Елену Ефімаўну адну, хворую, працаваць яна не можа, пенсіі не выхлапатала і астаецца без усякіх сродкаў да жыцця, ёй нават няма дзе галаву прыкланіць. Дочкі памагаць ёй не могуць, бо Ларыса жыве з двума дзецьмі ў страшэннай галечы, а Вера па свайму характару памагаць не будзе, тым больш, што яна часта бывае беспрацоўная. А я перад Еленай Ефімаўнай вельмі вінаваты: праз мяне яна страціла свой дом і сядзібу, але мяне захавала да глыбокай старасці. Каб не Елена Ефімаўна, то мае косці ўжо даўно згнілі б у зямлі. Вось чаму я звяртаюся да цябе, дарагі Костусь, з просьбаю - не забывай Елены Ефімаўны.

Шчыра і вельмі-вельмі дзякую табе, дарагі Костусь, за ўсё, што ты зрабіў для нас. А я яшчэ ўдзячны табе за тое, што, дзякуючы табе, я знайшоў вечны пакой на бацькаўшчыне.

Прашчай, дарагі, мілы і добры Костусь!

Прашчайце, Міхаська і Данік!

Жадаю вам усім усяго добрага ў жыцці, жывіце на карысць дарагой радзімы!

А мой жыццёвы шлях ужо закончыўся.

Апошні з сям'і Юркі

         дзядзька Антось.

                     Мікалаеўшчына".

Не за сябе прасіў дзядзька Антось, а за сваю жонку. Цяпер абодва дзядзькі - Антось Лёсік і Антось Міцкевіч - знайшлі вечны прытулак на Мікалаеўскіх могілках пад адной плітою.

Так, на семдзесят трэцім годзе жыцця Коласу прыйшлося легчы пад нож хірурга. Пачалося з болей у жываце, і бацька вырашыў лячыцца саматугам, бо той страшнай пагрозы жыццю ад жывата не ўяўляў. Да дактароў не звярнуўся, бо трэба было праводзіць і весці чарговую вечарыну. Станавілася горш, але, як звычайна пры болях у жываце, прыклаў грэлку. Добра, што ў гэты час у хаце быў Максім Лужанін. Ён сам перанёс апендыцыт і ведаў, што ні цяпла, ні слабіцельнага ўжываць нельга. Грэлку адключыў і наказаў Даніку неадкладна вызваць доктара, бо бачыў цяжкі стан Коласа. Прыехала цэлая брыгада на чале з Б. І. Трусэвічам. Гэта яшчэ больш напалохала хворага, пачалася ліхаманка, яго трэсла. Тут жа вызначылі - апендыцыт, а пры высокай тэмпературы патрэбна неадкладная аперацыя. Бацьку павезлі ў лечкамісію, паведамілі ўладным структурам. Адтуль прыйшло распараджэнне - чакаць хірурга з Масквы. Але стан здароўя станавіўся крытычным, і наш выдатны хірург М. І. Бобрык узяў адказнасць на сябе і ўночы прааперыраваў. Яшчэ пару гадзін - і гнойны апендыкс лопнуў бы. Хворае сэрца, немаладыя гады абумовілі вельмі цяжкае становішча. Бацька адчуваў, што памірае, і папрасіў, каб каля яго былі свае людзі. Абедзве нявесткі - Наташа і Зарына - дзяжурылі каля яго. Данік і Максім пастаянна наведвалі яго, падтрымліваючы ўражанне, што нічога страшнага няма, каб адхіліць цяжкія думкі. Уставаць хвораму забаранілі, і да пасляаперацыйных цяжкасцей дабавілася запаленне лёгкіх.

Праз некалькі дзён бацька пачаў ачуньваць. Максім Лужанін склаў верш і перадаў бацьку, а ён - хірургу. Доктару верш спадабаўся, і ён ад душы смяяўся.

Добры доктар Бобрык,
Але страшны ножык:
Выража апендыкс,
Пакладзе на ложак.

Не чапні рукою,
Не мяльні нагою,
Покуль каля пупа
Дзіркі не загоіш.

Гэта ўсё мінецца,
Час усё заліжа.
Дзякуй, дзядзька Бобрык,
Што не рэзаў ніжай.

Бацька і сам яшчэ раней пісаў жартоўныя прысвячэнні дактарам, знаёмым, знаходзячыся ў стацыянары. Найбольш перапала цудоўнаму доктару С. І. Ліаранцэвічу. Я яго ведаў не толькі як выдатнага дыягностыка, але і як заядлага паляўнічага. Каля паўсотні жартоўных вершаў, экспромтаў на "медыцынскія тэмы" праляжала ў хатнім архіве каля паўсотні гадоў. Часцей за ўсё паэт звяртаўся да доктара як да "Святога Сергія", ад якога залежыць даць ці не даць "святых" кропель (спірытуса). І калі пасланні не даходзілі да сэрца "святога", то ўзнікаў зварот да Бога, ці чорта. Канешне, доктар ведаў, калі можна зрабіць "палёгку" хвораму, а калі не - у залежнасці ад стану здароўя. Калі ж была сапраўды пагроза жыццю, сабраўся кансіліум дактароў і было вырашана прыставіць сядзелку, што абмяжоўвала хворага, ён тут жа выказаў сваё незадавальненне.

Свяцілам зямлі Беларускай.
Б. І. Трусэвічу, Д. А. Маркаву, С. І. Ліаранцэвічу

О, дактары! Замахі вашы мелкі.
Да гэтага, відаць, прывучаны вы змалку.
Чаму ж, чаму замест сядзелкі
Вы не прызначылі ляжалку?

Не на многа перажылі дактары свайго пацыента. Непадалёку ад помніка Коласу на Ваенных могілках стаяць помнікі выдатным дактарам, тонкім псіхолагам М. І. Бобрыку і С. І. Ліаранцэвічу.

Пагаршэнне стану здароўя адчулася яшчэ ў Ташкенце, к пачатку пяцідзесятых стала значна горш. І бацька паўтараў і паўтараў: "Сынок, я тут часовы госць. Прывыкайце жыць без мяне". Свой настрой і агляд мінулага ён выказаў у лісце да Гарадзецкага пасля перанесенага захворвання сэрца і некалькіх запаленняў лёгкіх: "Никогда в жизни я не чувствовал себя так плохо, как в этот год. Я совершенно обессилел. Не могу ходить. Сердце достукивает свои последние, уже немногочисленные удары. Хотел бы дождаться завершения своих 69 лет: в этот день хочу отметить приход в жизнь моей внучки Маруси.

Когда я окидываю оком мысли прошлое и думаю о себе, то сегодня не верю, что было время моего неутомимого труда. Как раз теперь ведется редактирование всего того, что я написал на протяжении всей сознательной жизни. Глебка, один из редакторов, сказал мне: "Столько работы! И зачем Вам было писать так много?" А я и сам, сидя за просмотром и слушая замечания редакторов, тоже думаю: действительно, писал много... Но это соучастие в редактировании собственных писанин воскрешает во мне мою прошлую жизнь, где я откликался на каждое мало-мальски значительное событие в общественной жизни и в личной... Сегодня у меня уже нет прежней трудоспособности. Ведь помимо поэзии я сижу и много времени отвожу всевозможным статьям..."

Час ад часу ў яго пачуццё адзіноты ўрывалася маладая энергія пісьменнікаў, навукоўцаў, а таксама людзей з рознымі сваімі справамі. Аднойчы ў двор зайшоў вайсковец у капітанскіх пагонах і, саромячыся, запытаўся ў мяне, ці можна пабачыць Коласа. Я кудысьці спяшаўся, часу не было яго правесці, і я сказаў: "Падымайцеся на другі паверх, бацька дома і прыме Вас. Ён вельмі прыхільна ставіцца да вайскоўцаў". Так увайшоў у наш дом Аляксей Слесарэнка. Ён расказаў бацьку, што яшчэ са школьных гадоў палюбілася яму паэзія Коласа: ён хоча заняцца чытаннем твораў са сцэны. Як неаднаразова успамінаў Слесарэнка, Колас даў дабро, але пацікавіўся: "Ці хопіць у вас на гэта беларускага цярпення?" Хапіла. Дзесяць тысяч вечароў гучаў яго голас са сцэн клубаў, школ Беларусі і за межамі яе. Пасля доўгі час працаваў у Літаратурным музеі Якуба Коласа, пасябраваў з яго дырэктарам, але гэта было пазней.

Колас, як і Купала, чытальнікам быў неважнецкім - голас слабы, тэмбр прыглушаны, і ён добра разумеў, што самае лепшае ўражанне на людзей аказвае майстэрскае чытанне, і гэта з'яўляецца найбольш магутнай крыніцай прапаганды літаратуры, паэзіі. Сам ён вельмі высока ставіў майстэрства чытання артыста Малога тэатра Царова. Яму спадабалася кампазіцыя для чытання "Рыбаковай хаты", падрыхтаваная Аляксеем Слесарэнкам, і ён падтрымаў маладога чытальніка, прыклаў немалыя намаганні, каб забяспечыць яго кватэрай.

Набліжаліся семідзесятыя ўгодкі паэта, і ўрад рэспублікі прыняў пастанову пабудаваць яму дом. Распрацаваць праект гэтага дома Данік запрасіў слыннага архітэктара Заборскага, а за будаўніцтвам наглядаў сам. Старую драўляную хату разам з распісанай аўтографамі печкай знеслі. Па новай двухмаршавай лесвіцы бацьку было падымацца значна лягчэй. Ды і плошча была вялікаю, было дзе разгарнуцца і нам, і нашым дзецям. І дзед нярэдка займаўся са сваімі ўнукамі. У пісьме да Маргарыты Прозаравай ён пісаў: "Внуки шумят. Самый потешный из них Андрей. Он самый меньший по возрасту, но свою сестрицу Машу обогнал. Много говорит. Иногда пугает меня: Х-х-х! Такой издает звук для устрашения деда и сам смеется".

Аднойчы свой верш "Рыну" дзед пераказаў старэйшаму ўнуку. Несумненна, у вершы быў выкарыстаны фальклорны матэрыял, паводле якога да салдата, паселенага ў асобны пакойчык хаты, уночы прыходзіў Нехта Невядомы, гаворачы: "Ой, рыну я, рыну! Ой, рыну я, рыну!" Салдат не мог заснуць і нарэшце не вытрываў: "Рынь, згінь твая маці!" І раптам хата напоўнілась срэбраным звонам - звонам манет. Малы хітра глянуў на дзеда і кажа: "Дзед, рынь ты!" Дзед рассмяяўся, дастаў з кішэні кашалёк і стаў вытрасаць на падлогу манеткі. Нешматлікія фотаздымкі адлюстроўваюць сувязь пакаленняў. І не толькі са сваімі ўнукамі - фотаматэрыялы зафіксавалі сустрэчы са школьнікамі, з дзетдомаўцамі, якія прыязджалі ў дом песняра. Выхаванцаў Брэсцкага дзіцячага дома бацька сустрэў як родных, і не толькі з кнігамі паехалі назад дзеці - шмат каштоўных падарункаў атрымалі яны. Дзеці - наша змена. І таму клапаціцца аб іх выхаванні, дапамагаць ім бацька лічыў неабходным.

Нягледзячы на складанае матэрыяльнае становішча ў дваццатыя гады, увесь ганарар за паэму "Сымон-музыка" бацька перадаў дзіцячаму дому. Тады дзеці, страціўшыя бацькоў, знаходзіліся ў надзвычай бядотным стане. За гэту акцыю ад свайго дзядзькі Язэпа бацька атрымаў такую адзнаку як "дурань". Але ж паэма прысвечана беларускай моладзі, і таму не толькі духоўная, маральная, але і матэрыяльная падтрымка, як лічыў бацька, неабходна.

Надзвычай важнай справай Колас лічыў адукацыю. Ён клапаціўся, каб не толькі яго дзеці, а каб як мага больш маладых людзей набывалі вышэйшую адукацыю, бо толькі высокаадукаваныя спецыялісты могуць прынесці найбольшую карысць свайму народу, дзяржаве. У тыя часы не было дакладнага крытэрыя карысці працы адукаваных людзей. Цяпер падлічана, што ўклад людзей з вышэйшай адукацыяй у валавы нацыянальны прадукт у сем разоў большы, чым неадукаваных. У аснове ж адукацыі і самаадукацыі ляжыць веданне мастацкай літаратуры, музыкі, жывапісу, тэатру. Менавіта праз гэтыя крыніцы чалавек глыбока знаёміцца з жыццём, з найвялікшымі дасягненнямі чалавецтва. І Колас сам піша ў шэрагу работ аб дзейнасці славутых майстроў слова.

На працягу ўсяго жыцця яго не пакідаў клопат аб роднай мове. У адным з артыкулаў, адрасаваным моладзі, ён пісаў: "Родная мова - гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. Пагэтаму вам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры. І перш за ўсё трэба ведаць свой народ, яго гісторыю, яго багатую вусную творчасць".

Лінія грамадскай адказнасці, вастрыня успрыняцця рэчаіснасці адлюстроўвалася ў многіх артыкулах і выступленнях.

Неўзабаве надыходзіць і семідзесяцігоддзе Коласа. І ўжо яму даводзіцца выслухоўваць мноства прывітальных слоў з нагоды юбілею. Святкаванне адбылося надзвычай урачыста. Адна з першых вечарын - юбілейная сэсія - адбылася ў Акадэміі навук, дзе вельмі цёпла навукоўцы віталі свайго віцэ-прэзідэнта. Праз два дні адбылося віншаванне юбіляра ў дзяржаўным універсітэце - паўнюткая зала студэнтаў і выкладчыкаў. А яшчэ праз два дні адбылася гарадская вечарына, якую адкрыў старшыня Вярхоўнага Савета, партызанскі важак В. І. Казлоў. Ад Саюза пісьменнікаў СССР юбіляра віталі А. Сафронаў, М. Ісакоўскі, ад Украіны - М. Нагнібеда і М. Рыльскі, ад Камсамола Беларусі - П. Машэраў, віталі таксама сабраты па пяру: Н. Зар'ян, В. Лукс, Набі Бабаеў. А Жарокаў запрасіў юбіляра ў Казахстан, дзе яму падаруюць добрага жарабца. Да юбілею знялі дакументальны фільм "Народны паэт". Віншаванні прадоўжыліся ў Маскве - у Цэнтральным доме літаратараў, адбылася сустрэча са студэнтамі ў клубе універсітэта, а таксама ў Політэхнічным музеі. Нагрузка выдалася вялікая - не толькі выседзець і выслухаць, але ж і самому трэба нешта сказаць, аддаць дань савецкай уладзе, а пасля - застолле з тостамі і чаркамі, што для хворага чалавека - выпрабаванне на трываласць. Адпачыць і папрацаваць паміж з'ездамі, юбілеямі і хваробамі Колас адпраўляецца ў дом адпачынку Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Прыходзілася прымаць удзел у пленумах і з'ездах кампартыі Беларусі. На адным з іх адбылося неспадзяванае развіццё падзей. Пасля смерці Сталіна ў крамлёўскай групоўцы пачалася барацьба за ўладу. Лаўрэнцій Берыя, відаць, хацеў заручыцца падтрымкаю партарганізацый рэспублік. І з гэтай мэтаю ён накіроўвае ў Мінск былога другога сакратара ЦК КПБ Міхаіла Зімяніна, якога перавялі на работу ў Маскву. Для ўладкавання свайго стаўленіка на месца першага сакратара партыі рэспублікі было ўзнята пытанне правала работы ў нацыянальным будаўніцтве. Зімянін з рэзкай крытыкай абрушыўся на тагачаснага сакратара Патолічава Н.С. Зімяніна падтрымаў старшыня дзяржплана Чорны, нехта яшчэ. Патолічаў палічыў, што яго будуць здымаць з пасады, а тут яшчэ бярэ слова народны паэт Якуб Колас. Патолічаў, як пасля расказваў, адразу падумаў, чаго яшчэ спатрэбілася гэтаму старцу - дабіваць мяне? Але "старац " адзначыў, што, сапраўды, недахопаў у пытаннях нацыянальнага адраджэння многа, але іх пры жаданні можна выправіць. Важна, што партыйнае кіраўніцтва забяспечыла высокія тэмпы ўздыму гаспадаркі, і ў гэтым заслуга ў першую чаргу Патолічава. Затым бярэ слова сакратар Гомельскага абкама партыі Сікорскі і ў рэзкай форме абвяргае абвінавачванні, выказаныя Зімяніным. Удзельнікі з'езду падтрымалі свайго сакратара і тым самым выступілі супраць ініцыятывы Масквы. Рэдчайшы выпадак непадпарадкавання камуністаў цэнтру. Але паколькі ініцыятарам быў магутны канкурэнт Берыя, рашэнне камуністаў Беларусі прызналі правільным.

А ў нацыянальным пытанні змен не адбылося.

Прымаючы ўдзел у розных пасяджэннях, асэнсоўваючы адпаведныя пытанні, Колас часта адклікаўся на іх ці ў вершаванай, ці ў празаічнай форме. У мяне захаваўся маленькі лісток, відаць, з блакнота, дзе алоўкам занатаваны адносіны да крытыкі і самакрытыкі: "Крытыка і самакрытыка - вялікія і святыя словы. Але і самыя высокія словы пры пэўных умовах абарочваюцца ў малакаштоўныя сцёртыя медзякі. Лёгка сказаць: "Прызнаю крытыку справядлівай. Мяне (нас) трэба яшчэ больш жорстка крытыкаваць". Такім прызнаннем чалавек, якога крытыкуюць, лічыць, што ён ужо святы, што далей ён будзе паступаць так, як належыць камуністу, а між тым, нічога не робіць, каб паправіцца ў сваёй дзейнасці.

Вельмі баюся, каб "Крытыка і самарытыка" не стала для некаторых савецкіх і партыйных работнікаў тым, чым становіцца споведзь для хрысціяніна.

Прыгадваецца анекдот, як бацька гаварыў сыну пасля споведзі:

-- Ну, сынок, цяпер можна ісці красці".

Аб вяртанні пачуцця крытыкі да самога сябе Колас звяртаецца да бога з лёгкім гумарам:

Мая малітва

ную адзін я, бы закляты,
У смутку марна трачу дні.
Вярні мне, божа, мае страты,
Пачуцце крытыкі вярні.

Ды навучы глядзець цьвяроза
На ўсё, што вабіць здаляка.
Выбаў нас, божа, ад пагрозы
Насіць ярмо замест вянка.

У 1953 годзе ад нашых геолагаў Колас атрымлівае каштоўны падарунак - беларуская нафта ў бутэльцы ад гарэлкі. Якая шчодрая наша зямля! Знойдзена нафта, а якіх яшчэ адкрыццяў можна чакаць? Такі падарунак акрыляў, але ж такія находкі сакрэціліся. Тым не менш, з гэтай нагоды з'явіўся верш - "Найдаражэйшы падарунак".

Нягледзячы на частыя захворванні Колас плённа працаваў. А для творчай працы найбольш спрыяльныя ўмовы былі створаны ў пісьменніцкім доме адпачынку - Каралішчавічах. Хаця навакольная прырода не радавала вока чалавека, які захапляўся чыстымі, празрыстымі хвайнякамі, засланымі ігліцаю і белым мохам, але ж там быў добры пакойчык, някепская кухня, а галоўнае - добрая кампанія пісьменнікаў з іх жонкамі і дзецьмі. Цёмны на нізіне яловы лес больш адпавядаў назве Камарышчавічы, чым Каралішчавічы. Немалаважным было і тое, што сюды значна менш дабіралася наведвальнікаў, больш часу можна было аддаць творчай рабоце. Безумоўна, у Балачанцы адпачывалася лепш, навакольныя лясы тулілі заядлага грыбніка і прыгадвалі дарагое мінулае. Але ў гэтым годзе сур'ёзна захварэў Канстанцін Сцяпанавіч Дзятка, прыйшлося адвезці яго ў Мінск у больніцу. Колас часта наведваў яго. Хвораму станавілася горш і горш. Дактары не гаварылі, што ў яго за хвароба. А ён адчуваў прыбліжэнне канчыны і прасіўся дахаты, каб памерці там. Дактары доўга не пагаджаліся выпісаць хворага, але нарэшце ўступілі яго просьбе. У той дзень, калі Колас сабраўся адвезці яго, ён памёр, адштурхнуўшы кіслародную падушку са словамі: "Калі не хапае свайго паветра, то штучнае мне не патрэбна". Пахавалі яго на Кальварыйскіх могілках. Яшчэ адзін ланцужок, які звязваў Коласа з блізкім сэрцу чалавекам, з мясцінамі, стаўшымі другой радзімай, абарваўся. Мар'я Іванаўна пераехала да сына ў Мінск, хату, у якой Колас часта гасцяваў, прадалі. Цяпер яна знаходзіцца ў Блоні.

Адпачываў і працаваў Колас у Каралішчавічах і ў наступным годзе. Засталося шмат фатаграфій таго часу. А праз некаторы час ён наведаў нарачанцаў, гасцяваў у "адмірала" Лынькова, аматара прагулак на лодцы з магутным маторам. Аднойчы ён угаварыў Коласа пакатацца на водным транспарце, завёз далёка, аж наляцеў шквалісты вецер. "Мараходы" ледзьве не ўтапіліся, прыйшлося пахвалявацца. У тым 1954 годзе прыходзіць цяжкая вестка з радзімы, з Акінчыц - памёр старэйшы брат Уладзя. Развітацца з ім, развітацца назаўсёды адпраўляецца Колас...

А ўвосень, перад другім усесаюзным з'ездам пісьменнікаў СССР, адбываецца трэці з'езд пісьменнікаў Беларусі. Адкрыць яго даручаюць Якубу Коласу, яму прыходзіцца рыхтаваць прамову. У ёй, аддаючы даніну дасягненням пад кіраўніцтвам партыі, прамоўца ўздымае пытанне - чаму няма твораў, у якіх была б адлюстравана веліч падзей апошніх гадоў. І сам дае адказ - недаацэнка сваёй ролі як пісьменніка. Для абгрунтавання думкі звяртаецца да верша Пушкіна "Прарок" і каментуе: "Паэт у разуменні Пушкіна павінен мець зоркія вочы, каб многае бачыць, чуткі слых, каб шмат чаго пачуць. Паэт павінен мець адзыўлівае сэрца, каб адгукацца на ўсе праявы і падзеі ў жыцці, якія хвалююць людзей. "Празднословный и лукавый язык" Пушкін вырывае, бо гэты язык, у нашым разуменні, ёсць язык халтуршчыкаў. Сапраўднае ж слова паэта-грамадзяніна, інжынера чалавечых душ, павінна запальваць агонь у сэрцах людзей і клікаць іх наперад, на шлях прагрэсу, культуры і маральнага ўдасканалення. Таму і сам паэт павінен быць маральна чыстым". І не арыгінальныя рыфмы, вычварныя сказы вянчаюць верш, а яго ідэйная накіраванасць, мысль, філасофія верша, яго музыка. І не важна, што лермантаўскі "Парус" мае дзеяслоўныя рыфмы, яны не адчуваюцца на фоне карціны мора, адзінокага паруса ў тумане, блакітнага променя сонца.

"Кожны буйны твор павінен выступаць пад тым ці іншым сваім сцягам. Другімі словамі такі твор павінен выражаць пэўную праблему, як напрыклад, раман Леаніда Леонава "Рускі лес".

У цэлым выступленне прагучала як аналіз і праграма мастацкай творчасці пісьменнікаў, як гэта бачылася народнаму паэту. У выступленні на ўсесаюзным з'ездзе, закранаючы пытанне аб станоўчым героі, ізноў спасылаючыся на Пушкіна і яго патрабаванні, выступоўца адзначыў неабходнасць, каб герой стаяў на ўзроўні аўтара і не знаходзіўся ў духоўнай адзіноце. Поруч з ім павінны быць, калі не роўныя па інтэлекту і шырыні поглядаў, дык хаця б аднадумцы. Другое пытанне, якое адзначыў Колас - аб крытыцы і яе недахопах. На з'ездзе з досыць рэзкімі поглядамі на існуючае становішча ў літаратуры выступіў Міхаіл Шолахаў. Яго выступленне выклікала вострую палеміку і асуджэнне. І Колас адсылае Шолахаву ліст у падтрымку яго выступлення.

Не толькі актуальныя пытанні літаратуры поўнілі сэрца паэта. На ХХІІ з'ездзе Кампартыі Беларусі ён узнімае пытанне аб ачыстцы палёў ад камення.Абапіраючыся на матэрыялы інстытута геалогіі Акадэміі, ён прыводзіць жахлівыя лічбы кубаметраў валуноў, камення, якія засмечваюць зямлю ў шэрагу раёнаў, і як гэта ўплывае на земляробства. А для будаўнічых патрэб каменне завозяць з Украіны - сотні тысяч кубаметраў.

Непакоіць Коласа і занядбаны стан могілак, вакол якіх няма агарожы. На могілках пасвяць коз, няма ніякай павагі да памяці нашых продкаў. "А на гэтых могілках ёсць вядомыя людзі, што прысвяцілі сваю дзейнасць, сваё жыццё народу і радзіме - Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і шмат іншых," - піша Колас на імя П. А. Абрасімава, члена ЦК КПБ, каб былі прыняты адпаведныя меры. І гэта ў апошні год жыцця, калі прычапляюцца новыя хваробы - запаленне суставаў рук. У пачатку чэрвеня ў суправаджэнні старэйшага сына Колас едзе ў санаторый Барвіха. Праз месяц пакідае яго.

У лісце ад восьмага ліпеня Колас піша да П. У. Броўкі, што лячэнне нічога не дало: "Рукі баляць мацней, чым балелі дагэтуль. Да суставаў рук далучыўся боль у суставе правага пляча... Сплю я тут кепска... А ўрэшце ж я быў бяссонны ўсё сваё жыццё. З горкімі думкамі гадаю пра тое, што да канца жыцця астануся бязрукім інвалідам. Добра яшчэ, што гэтага жыцця засталося не дужа багата. Ногі з трудом носяць мяне па зямлі. Галава круціцца, як біч на цапільні, - блізка мой захад. Нічога, апроч газет, не чытаў, нічога не пісаў. Работа ж не ўся зроблена: не дапісана "На шляхах волі", не прыступіў да напісання аўтабіяграфіі, аб чым я даўно думаю. Проста ляжаў, сядзеў, думаў, пераадольваючы "культ личности". Вельмі шкада, што не пераадолелі яго раней, калі быў жывы сам "культар". Тлумачэнне, што тады нельга было пераадольваць, не пераканаўчае: ці мог стаяць высока ў вачах народа чалавек, які ўзяў на знішчэнне і здзек амаль па чалавеку з кожнай сям'і савецкіх людзей? Аўтарытэт яго быў штучны, узгадаваны на грунце страху за сваё жыццё, за свой дабрабыт. І мы так напалоханы, што не адважваемся адкрыта гаварыць пра гэта і цяпер. І, напэўна, ты, перачытваючы гэтыя радкі, ускінеш плечы, нахмурышся і падумаеш: "І навошта ён піша так?"... Цалую цябе моцна. Бывай шчаслівы. Твой Якуб-інвалід ".

У канцы ліпеня я ў апошні раз ездзіў з бацькам у Вусцянскія хвайнякі і зрабіў апошняе фота, дзе ён, трымаючы ў руцэ шляпу, ішоў па хвойніку, збіраючы нешматлікія баравічкі. На наступны дзень я ў складзе каманды выехаў у Маскву на першую спартакіяду народаў СССР.

Праз некалькі дзён ён у апошні раз наведаў гэтыя дарагія сэрцу мясціны. І роўна праз месяц ад ліста да Броўкі ён напісаў ліст Максіму Лужаніну: "Дарагія Максіме і Жэня! Сягоння прышло да мяне тваё пісьмо. <...> Аб сабе што скажу? Ногі не служаць, шмат хадзіць не магу - паехаць, скажам, у Балачанку па баравікі не адважваюся: лягчэй Максіму-адміралу праехаць над нарачанскімі бяздонніцамі, чым Якубу Коласу па гравійцы Магілёўскае шасэ - Пухавічы. " <...> Цалую вас, нарачанцы, абнімаю, і ўсё ж такі заўсёды жыць на Нарачы не згодзен. Прывітанне сям'і Танка, Міхала, Куляшова і ўсім вам. Цалуе вас Якуб Колас, якому сыходзіць тэрмін жыць на гэтым свеце. Якуб Колас".

Гэты ліст быў напісаны за пяць дзён да свайго апошняга дня і дня нараджэння ўнучкі Марыі, названай у гонар яе бабкі, - жонкі паэта.

Я імкнуўся прыехаць у гэты дзень з Масквы, дзе прымаў удзел у спаборніцтвах і выступіў паспяхова, заняў два прызавыя месцы з выкананнем нарматываў майстра спорту. Я не застаўся на заключны банкет, які ладзіўся для ўдзельнікаў спартакіяды, з нецярплівасцю чакаў звароту ў родны Мінск. З самай раніцы настрой быў такі прыўзняты, так хацелася парадаваць бацьку поспехамі, што міжволі лавіў сябе на думцы - каб не прыйшлося плакаць увечары. Пры прыбыцці на станцыю я з вакна згледзеў жонку поруч з нашым сябрам Сяргеем Касцюковічам і ...чамусьці з сястрой у белым халаце. Гэта насцярожыла мяне. На пероне ка мне падбегла жонка і сказала, што бацькі з намі больш няма...

Які ўдар абрушыўся на маю галаву! Прыкмета спраўдзілася: радасны настрой зранку абярнуўся ўвечары вялікім горам.

У апошні дзень свайго жыцця бацька напісаў ліст да Гарадзецкага: "Дорогой, хотя и не очень преданный друг Сергей! <...> Похвалиться здоровьем не могу. Давление тоже было высокое - 240, я же никаких мер не предпринимаю - оно само снизилось. Сколько сейчас - не знаю. Вчера пролежал в постели целый день. <...> Сегодня надо кое-куда зайти. <...> Не забывай 15 сентября - 50 лет моей так называемой литературной деятельности. Целую. Твой Костусь".

Так, да 50-годдзя літаратурнай дзейнасці заставалася ўсяго два месяцы, а "кое-куда зайти" - напэўна, мелася на ўвазе ЦК КПБ. Менавіта туды ў апошні дзень жыцця ён адносіў ліст аб стане беларускай мовы. Над ім Колас працаваў у апошнія месяцы і закончыў у канцы мая. Гэты ліст ён хацеў перадаць непасрэдна першаму сакратару - К. Т. Мазураву. Але, як сцвярджаў брат, у выніку шэрагу абставін - занятасці Мазурава, затым ад'езду ў Барвіху і інш. - атрымалася затрымка. Колас накіраваўся да другога сакратара Ц. С. Гарбунова. Але і Гарбуноў быў заняты і не прыняў яго. Аб намеры Коласа яму было вядома, і праз некалькі дзён пасля пахавання бацькі брату пазванілі, каб гэты ліст даслалі ў ЦК. Данік зняў копію і ліст занёс Гарбунову. У прысутнасці былога памочніка Патолічава Н. С. - Шыраева М. Р. - Гарбуноў услых прачытаў гэты ліст, падзякаваў брату, паціснуў яму руку. Ці быў зарэгістраваны гэты ліст, ці не - можна даведацца толькі з архіва ЦК. Пакуль што ён не знойдзены. Ліст быў замоўчаны і толькі праз многа гадоў надрукаваны. У ім занатаваны галоўны клопат усяго жыцця паэта - клопат аб роднай мове, аб пашырэнні сферы яе ўжывання. Гэта - апошняе слова народнага паэта, якое можна разглядаць як запавет.Яно застаецца актуальным, і таму лічу патрэбным прывесці увесь тэкст:

"У Бюро ЦК КПБ

Дарагія таварышы!

Калі б сіла ўяўлення змагла паказаць мне гадоў 50 таму назад сягонняшні Мінск і ўсю нашу рэспубліку такімі, якімі яны зараз ёсць, гэта здалося б недасяжнаю мараю, непраўдзівым сном. Я гавару аб тым, што асабліва дорага майму сэрцу, бо на маіх вачах узрос і адужаў народ беларускай зямлі, стаў жыць непараўнальна лепш, змяніў аблічча свае зямлі. Маладыя людзі ўжо не могуць уявіць сваю краіну без аўтамабіля на вуліцы, без трактара на полі, без велічных гарадоў, без электрычнага святла, без усеагульнай граматнасці, без кіно, тэатра. Гэта ўсё - наша праца, клопат... Нашы здабыткі - гэта мы самі, савецкія людзі, працавітыя, простыя. З тым большай пільнасцю і дбайнасцю беражом мы сваё шчасце, працу, свае багацці.

Найвялікшым духоўным багаццем народа з'яўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў. Любіць і шанаваць мову нас вучыў вялікі Ленін, выдатныя пісьменнікі, вучоныя, педагогі.

Беларуская мова параўнаўча маладая. Хоць і даўно ўжо гаворыць на ёй народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму задача савецкай інтэлігенцыі рэспублікі - берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца, першае, штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах.

Ці ўсё добра ў нас у гэтых адносінах? Далёка не ўсё. На мой погляд, далейшае развіццё культуры рэспублікі вельмі многа праігрывае і, скажам проста, стаіць перад сур'ёзнай пагрозаю іменна ад недастатковай увагі да роднай мовы. Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльдаў і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў. Смешна сказаць, але, праехаўшы Мінск, кавалак Слуцкай шашы на працягу 30 кіламетраў, я не ўбачыў ніводнага беларускага слова. Толькі ў Русінаве на даследчай бульбяной станцыі знайшлося два пачарнелыя ад часу надпісы: "Кузня" і "Сьвіран". Дый то, відаць, яны былі зроблены ў 30-х гадах, да рэформы правапісу, бо пасля мяккіх зычных у іх стаіць мяккі знак. Няўжо нашы аўтамабілі, трактары, станкі, тканіны, цукеркі, папяросы сталі б горшымі, каб на іх былі беларускія надпісы. Хай толькі якасць не падводзіць! Бо колькі ні пішы "Казбек" на мінскіх папяросах, усё роўна спажывец патрабуе ленінградскіх. Свіслач рака незайздросная, але калі папяросы з такой назвай будуць самымі лепшымі, дык яны знойдуць попыт ва ўсім Савецкім Саюзе. Чаму ж мы дапускаем, каб беларускія этыкеткі з'яўляліся толькі на дрэнным гуталіне і на не вельмі смачных водах? Гэта ж і мала, і проста крыўдна.

Акадэмія навук, якая павінна быць цэнтрам беларускай навукі, не карыстаецца беларускаю моваю, не выдае на ёй работ, не праводзіць паседжанняў. Што ў Акадэміі існуюць інстытуты мовы і літаратуры, яшчэ справы не рашае. У нас дасюль не распрацавана беларуская тэрміналогія па ўсіх галінах навукі, а гэта дало б магчымасць пісаць па-беларуску навуковыя працы, выкладаць па-беларуску спецыяльныя дысцыпліны. Няўжо навуковая праца, калі яна ўдалая і цікавая, што-небудзь страціць пры напісанні па-беларуску! Наадварот, яе будуць перакладаць і пашыраць на многіх мовах свету, як гэта робіцца з творамі нашых літаратараў. Могуць сказаць, што, стаўшы на такі шлях, распужаеш з Акадэміі вучоных, ураджэнцаў іншых рэспублік, якія не валодаюць мовай. Не, ніхто не збіраецца саджаць за азбуку паважаных і сур'ёзных людзей. Аднак, жывучы ў Беларусі, ім бы не грэх навучыцца хоць бы чытаць газету. Большасць жа нашых вучоных - беларусы, і мову яны ведаюць, але ёю не карыстаюцца. У іх адрас і накіраваны гэты папрок. Бо хіба можа быць сур'ёзнае развіццё навукі, калі вучоныя не хочуць паважаць мовы народа, на зямлі якога яны працуюць?

Саюзы кампазітараў і мастакоў таксама адмовіліся ад свае мовы. Ну, няхай у іх іншыя сродкі выражэння думак і пачуццяў, не моўныя. Аднак зрабіць уклад у нацыянальнае мастацтва і музыку, не ведаючы мова народа, немагчыма. Мова - важнейшы элемент нацыянальнай формы, не ведаючы яе, не карыстаючыся ёю, ні мастак, ні кампазітар не здолеюць валодаць усімі духоўнымі багаццямі народа.

Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны здзек над ёю. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўлення, пастаноўкі націскаў, мова засмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газетчыкі не карыстаюцца мовай у побыце. Пераклады газетных артыкулаў і матэрыялаў радыё даручаюцца машыністкам і малаграматным людзям. Адкуль жа тут узяцца добрай мове? Вось і пішуць нашы газеты і часопісы "прадстаячы", "маючыйся", "кіруемы" і іншыя страхападобныя словы.

Тэатры, ставячы перакладныя п'есы, па-свойму, няграматна папраўляюць перакладчыкаў, змяняюць сказы і словы, бо, бачыце, беларускае слова "не гучыць". Беларускае слова гучыць, але яны не ведаюць яго, не імкнуцца зразумець сэнс і данесці яго да гледача. Назвы п'ес тэатры стараюцца даць так, каб яны былі не перакладзены, а толькі напісаны беларускімі літарамі. Дарэчы, тэатр оперы і балету ніяк не можа ўзбіцца на арыгінальны рэпертуар, пераклады лібрэта класічных опер не робяцца. Спевакі, артысты філармоніі, чытальнікі занядбалі беларускі рэпертуар. Можна пачуць, што такога рэпертуару няма. Няпраўда, ёсць і творы для чытання. Трэба працягнуць руку і ўзяць. А пачні шырэй выконваць, дык і рэпертуар пашырыцца, будзе больш ахвоты працаваць у стваральнікаў яго.

Студыя "Беларусьфільм" здымае фільмы на рускай мове, а потым дубліруе іх на беларускую. Такім шляхам нацыянальную кінематаграфію не створыш. Дарэчы, дубліраваныя фільмы не з'яўляюцца на экранах сталіцы, дзе і як яны ідуць, невядома.

Што ж мы маем у галіне нацыянальнай асветы? У вузах, тэхнікумах, школах выкладанне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. Беларускіх школ мала, яны размешчаны на ўскраінах, у горшых будынках, у горшых умовах, як бы сумысля, каб малыя дзеці насельніцтва не маглі дабрацца туды. Нават у многіх школах вясковых мясцовасцяў беларускага толькі і засталося, што паржавелыя шыльды над ганкам. Кажуць, супраць беларускай школы з'яўляюцца пратэсты насельніцтва. Я і мае таварышы-літаратары атрымліваем таксама абразлівыя пісьмы за абарону мовы, за работу над ёй. Трэба добра разабрацца, хто гэта піша. Праўда, разбірацца цяжка, бо пішуць ананімы. Ці выражаюць гэтыя пісьмы сапраўдную волю і жаданне народа? Можа, сапраўды наш народ перастаў любіць сваю мову? Не, гэтага не было і не можа быць! Прыслухайцеся да жыхароў гарадскіх ускраін і рабочых пасёлкаў, да калгаснікаў: у іх вуснах гучыць чыстая, прыгожая беларуская мова. Нікому з іх і ў думку не ўпадзе пратэставаць супраць той мовы, на якой ён гаворыць. Але ёсць мяшчанская праслойка, якая грэбліва адносіцца да нашай мовы; яна мае ўплыў на недастаткова развітых асоб. На жаль, прыслухоўваючыся да голасу гэтага мяшчанства, і некаторыя людзі з органаў народнай асветы пачынаюць імкнуцца ліквідаваць беларускую школу і наогул выкладанне мовы ў ёй. Але не волю народа выконваюць яны, блізарукія. Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменню, а з другога - нашы ворагі, ворагі нашай савецкай рэчаіснасці, ворагі дружбы народаў. Наогул недастатковая ўвага да мовы дае матэрыял для плётак і інсінуацый нашым замежным ворагам і іх паслугачам.

У чым жа прычына сягонняшняга становішча з мовай?

У пэўны час - ці трэба тлумачыць, калі і чаму гэта было? - вялікая група інтэлігенцыі перастала карыстацца сваёю мовай. Абазвацца па-беларуску тады - значыла зарабіць ярлык нацыяналіста.

Прашу разумець мяне правільна. Партыя вяла справядлівую барацьбу з буржуазным нацыяналізмам, ускрываючы шкоднасць і карэнні гэтага зла. Я маю на ўвазе іншае, а іменна тыя нездаровыя з'явішчы, у выніку якіх значная колькасць партыйнай і савецкай інтэлігенцыі рэспублікі былі бязвінна рэпрэсіравана. Дык вось, баючыся быць пакаранымі без віны, людзі пакідалі гаварыць па-беларуску, а потым, натуральна, пакрысе і забывалі мову. Гэтак было са старэйшымі. Моладзь, падрастаючы, пачала ўжо нігілістычна адносіцца да мовы: нашто яе вывучаць, калі яна не мае практычнага прыстасавання, не ўжываецца для выкладання, для перапіскі, не гучыць на сходах...

На жаль, не было зроблена ніякіх крокаў, каб паправіць гэты крэн ад свае мовы. Вымушаны выпадковымі і нездаровымі абставінамі адыход інтэлігенцыі ад беларускай мовы пачаў няправільна разумецца наогул нелюбоў да яе народа, нежаданне ёю карыстацца. З гэтага неразумення і вынікла тое, што ўжыванне беларускай мовы паступова змяншалася.

Ці не даволі разважаць і перайсці да канкрэтных прапаноў? Становішча мовы ў рэспубліцы патрабуе паляпшэння. Я не думаю аб нейкіх адміністрацыйных загадах, смешна было б беларусізаваць беларускую рэспубліку. Усю справу можа вырашыць добры прыклад. Лягчэйшым за ўсё іншае мне здаецца такі шлях. У нас праводзіцца шмат рэспубліканскіх нарад, урачыстасцяў, святкаванняў. На іх выступаюць з дакладамі адказныя работнікі, якія ведаюць беларускую мову. Вось няхай бы гэтыя даклады рабіліся па-беларуску. Гэта задавала б тон і паказала павагу да мовы з боку кіраўніцтва рэспублікі. Добры прыклад пярэйдзе ў вобласць, а затым і ў раён. А то ж сапраўды нецікава атрымліваецца, што сакратары райкомаў і старшыні выканкомаў гавораць з народам не на яго мове. Мне думаецца, такім шляхам можна дасягнуць большага кантакту і ўзаемаразумення.

Другое. Такія ўстановы, як Міністэрства культуры, Міністэрства асветы, могуць і павінны весці сваю работу па-беларуску. Калі беларускаю моваю загавораць міністры і іх шматлікія намеснікі, пачнуць праводзіць на гэтай мове паседжанні, пісаць, дык можна мець пэўнасць, што справа пойдзе на лад.

Само сабой зразумела, ніякай цяжкасці не складзе і карыстанне мовай у творчых арганізацыях мастакоў, кампазітараў, у тэатрах. Укараненне мовы ў Акадэміі зробіць уплыў на ўкараненне яе ў навучальных установах. Выкладанне самой мовы і асноўных прадметаў на ёй справа не цяжкая. Кадры ёсць, падручнікі ёсць - трэба толькі паваротлівасць міністэрства. Вядома, што колькасць беларускіх школ павінна быць павялічана і ўмовы ў іх павінны быць добрымі.

Я не майстар рабіць прапановы, іх трэба пашырыць і паглыбіць. Аб усім гэтым неабходна добра і ўважліва памеркаваць. ЦК знойдзе адпаведныя метады і сродкі. Пачаў жа я гэтую гаворку таму, што не мог не пачаць, таму, што адчуваю гэта сваім абавязкам перад народам.

Якуб Колас".
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 62
mod_vvisit_counter Учора 2370
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 10118
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 45658