Юрась ПАЦЮПА. Сумныя развагі пасьля XVI зьезду СБП
У кожнай супольнасьці, у кожным грамадзкім руху трапляюцца
людзі нячыстага сумленьня, пярэваратні ці, як у народзе кажуць, ЗЛАДЗЮГІ. І
заўжды ёсьць спакуса сказаць: так, гэта зладзюга, але ж гэта НАШ ЗЛАДЗЮГА.
Азначэньне "наш" адразу мяняе плюс на мінус, а для дабра й зла ўжо не застаецца
крытэру. Такую думку выказаў Сяргей Аверынцаў у 1986 годзе ў часопісе "Юность".
Тады я быў яшчэ студэнтам, і з тае пары гэтая перасьцярога служыць для мяне
зоркай у "цемры быцьця".
Як ведама, страшней за ўсё выступіць ня супраць ворага, а
супраць хаўрусьніка. На груньце гэтага страху й разьвіваецца ідэалёгія НАШЫЗМУ,
дзе рэй вядуць ПРЫСТАСАВАНЦЫ й БАЯЗЬЛІЎЦЫ. І заўжды здараецца падстава, а за ёй
спакуса стаць нашыстым, падмяніць праўду ідэалёгіяй.
Невясёлыя думкі пра нашызм не пакідалі мяне пакуль адбываўся
XVI зьезд беларускіх пісьменьнікаў. Так, я быў шчасьлівы нагодзе сустрэцца з
калегамі па пяру. Але гэтая радасьць была азмрочаная няшчырасьцю, якая лунала ў
паветры, а слушныя і высокія словы аддавалі пустазвонствам. Чаму? Можа, я
мылюся? І гэта маё суб'ектыўнае пачуваньне? Можа. Але менавіта на гэтым
зьезьдзе пісьменьнікі ўчынілі расправу над сваім калегам Васілём Якавенкам.
Расправіліся подла й бяздумна. Меншасьць рабіла гэта сьведама, прадумана і таму
- подла. А большасьць - наіўна, бязглузда й недарэчна. Праўда, тых, хто
выключыў Якавенку з СБП было зусім няшмат. З усіх 416 сябраў саюзу на зьезьдзе
было толькі 219 чалавек, а зь іх за выключэньне Якавенкі прагаласавала 100
чалавек, супраць - 22, устрымаліся - 29. А дзе ж астатнія 68 чалавек? Дый дзе
рэшта, тыя 97, хто не прыехаў? Як той казаў "А - упала, В - прапала, а што
засталося"? А засталося тое, што дэлегаты зьезду ня мелі жаднай інфармацыі пра
існасьць канфлікту, пра патрабаваньні Якавенкі як старшыні рэвізійнай камісіі
да трыумвірату, які ўзурпаваў уладу ў СБП і ўсталяваў там "кіраваную дэмакратыю".
БОЛЬШАСЬЦЬ СЯБРАЎ САЮЗУ НЕ ГАЛАСАВАЛА, БО НЕ РАЗУМЕЛА, ШТО АДБЫВАЕЦЦА.
Трыумвірат (Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч і падпалкоўнік
гэбэ ў законе), а таксама частка зацікаўленых сябраў СБП падрыхтавалі расправу,
якая яшчэ ўвойдзе ў аналы як найбруднейшая старонка з гісторыі Саюзу
пісьменьнікаў. Я не зьдзіўлюся, калі выключэньне Васіля Якавенкі стане пачаткам
канца пісьменьніцкай арганізацыі. Ня ўлады, не Чаргінец кончаць СБП. Ён сам
сябе зьесьць. Зьесьць, бо ня хоча ведаць праўды! Бо жыць у шкарлупіне
ідэалягічнай "правільнасьці" зручней! Як жа так? Бальшыня ж ня мела інфармацыі!
Так, але гэтая бальшыня ня дзеці маленькія і павінна паводзіць сябе
па-даросламу. Пісьменьнікі не зацікавіліся фінансавымі злоўжываньнямі, пра якія
спрабаваў сказаць зьезду Васіль Якавенка, а потым - Эрнэст Ялугін. Не была
прызначаная незалежная камісія расьсьледаваньня. Нават не далі дагаварыць
Ялугіну, затое моўчкі выслухалі тузін пустых і няўцямных прамоў. Затое моўчкі
праглынулі ўбогую адгаворку Ўладзіміра Сіўчыкава, што прагучала ў якасьці
справаздачы рэвізійнай камісіі. Сіўчыкаў, дарэчы, ухіляўся ад працы ў камісіі.
А дзе ў яго факты? Дзе лічбы? Ня трэба гэтага!
Гавары праўду? Дык жа паспрабаваў сказаць праўду Васіль
Якавенка! І быў зьвінавачаны ў паклёпе. Калі паклёп, тады прызначце незалежную
камісію з таго й з другога боку! Калі паклёп, дык чаму за яго ня выключылі
астатніх сябраў рэвізійнай камісіі? Я ведаю чаму! Гэта лішняе. І небясьпечна.
Затое правераны гэбісцкі мэтад - прыбраць лідара і такім спосабам зьліквідаваць
бунт або штрайк.
Так пісьменьнікі-дэмакраты затыкаюць рот сваім калегам. І
найбольшы спрыт у гэтай справе праявіў Лявон Баршчэўскі. Якраз на яго долю
выпала няўдзячная "справа расправы". Сваю прамову супраць Якавенкі Баршчэўскі
заснаваў на супастаўленьні ніяк ня зьвязаных паміж сабой падзей, маўляў, у той
час, калі арыштавалі Ўладзіміра Някляева, зьявіўся ў дзяржаўным друку артыкул
супраць Алеся Пашкевіча. На зьезьдзе гэтую рыторыку я назваў подлай. Гэта якраз
той мэтад, які ў свой час выкарыстаў слынны Азаронак, толькі ў адваротным
ідэалягічным кірунку. Супастаўленьні і аналёгіі ня ёсьць довадам. Але яны ўплываюць
на эмоцыі аўдыторыі. Якраз на эмоцыі і ціснуў Баршчэўскі. Ён прыраўнаў СБП з
партызанскім аддзелам, а дзяржаўны друк з акупацыйнымі газэтамі. А каму ж не
прыемна пачувацца партызанам! Дзіўна, кажа Баршчэўскі, каб партызаны пісалі
адзін на аднога ў акупацыйныя газэты. А я на гэта адкажу: дзіўна, каб партызаны
легальна праводзілі свой зьезд у акупаваным Менску. За намёк на партызанку
адразу расстрэльвалі. Дзякуй Богу, ні мяне, ні Баршчэўскага, ні Якавенку, ні
Пашкевіча за прыналежнасьць да СБП ніхто не расстрэльвае. Мы з Вамі сп.
Баршчэўскі, неяк жывем у гэтай краіне і паслугоўваемся яе інстытутамі, якія б
кепскія яны ні былі. Адно з двух: або ўсе грамадзяне Беларусі калябаранты, або
Вы хлусіце!
Дзіўна неяк, як удумаесься ў лёгіку Баршчэўскага. Выходзіць,
калі садзяць у турму невінаватых, дык тады гаварыць праўду забараняецца? Не!
Пракурор ад "дэмакратыі" Баршчэўскі так ня думае! Проста, ён лічыць, што нельга
крытыкаваць "нашых". Вось з гэтага моманту й пачынаецца нашызм. Тады й
зьяўляюцца ЗЛАДЗЮГІ, але НАШЫ. А яшчэ прасьцей заплюшчыць на ўсё вочы! Раз
ідэалягічна правільны - НАШ - значыць, крыштальна чысты й не падлягае крытыцы.
Як цэзарава жонка. Мае імунітэт ад несумленнасьці. Менавіта непрабіўны нашызм
кіраўніцтва СБП і падштурхнуў Якавенку зьвярнуцца ў дзяржаўны друк. Тут, я
лічу, ён зрабіў тактычную абмылу, якой ахвотна пакарысталіся ўсьцешаныя
нашыстыя. Нездарма копію артыкулу яны раздалі ўсім дэлегатам зьезду. Але ці
схібіў ён супраць сумленьня? Не! Калі Васіль Якавенка змагаўся супраць
абвалаваньня Прыпяці, было неістотна, дзе ён друкуецца, бо на той час усе
выданьні былі савецкія. Калі Васіль Якавенка даводзіў да ведамасьці грамадзтва
праўду пра Чарнобыль, наагул ня ставілася пытаньне "правільныя" ці "няправільныя"
тыя газэты. Дый сам ён выдаваў "Набат". А вось калі зачапіў "нашых" у
няправільным "чаргінцоўскім" друку, тады спадар пракурор і "прыпаяў" яму і "паклёп"
і "данос".
Данос? Даносы бываюць палітычныя! А калі вашу кватэру
абрабуюць, сп. Баршчэўскі, вы адразу пабяжыце даносіць! Я не сумняюся. А што
рабіць, калі абяруць арганізацыю? Маўчаць? Як па-дзеля мяне, дык несумленны -
ён і ў Афрыцы несумленны. І ўва ўладзе. І ў апазыцыі. І падлягае аднолькавай
крытыцы й выкрыцьцю. Дарэчы, крытыку штукарстваў Алеся Пашкевіча распачаў якраз
Уладзімір Някляеў, лідар кампаніі "Гавары праўду". Значыць, калі Някляеў сядзеў
у турме, Якавенка ўсяго толькі працягваў распачатую ім дзейнасьць.
Я ня сьледчы. І не зьбіраюся капацца ў фінансавых справах
старшыні СБП. Можа, ён і праўда крыштальна чысты... Але ўражвае, што гэтулькі
пісьменьнікаў жадаюць схаваць галаву ў пясок, як тыя страусы, і жыць у
чорна-белым сьвеце, дзе ўсё ясна й проста. Дзе ёсьць толькі СВАЕ й ЧУЖЫЯ, і ўсё
вызначаецца тым, якія лёзунгі ты абвяшчаеш. А хто ня з намі, той супраць нас.
Найбольш мяне ўразіла ўпартае жаданьне заткнуць рот апанэнтам. Цяпер хваляцца,
што далі - з горам папалам! - пяць хвілін, каб выступіў старшыня рэвізійнай
камісіі Васіль Якавенка. І не для справаздачы далі выступіць, а толькі для
апраўданьня сябе самога. А чаго гэта каштавала? Фашыстыя Дзімітраву больш давалі
часу на апраўданьне, чым нашыстыя-пісьменьнікі свайму калегу!
Кажуць, што Чаргінец пільна адсочвае, хто з работнікаў
дзяржаўных выданьняў выступае ў недзяржаўных сродках масавай інфармацыі і,
наадварот, якія дзяржаўныя выданьні друкуюць сябраў "старога" Саюзу. У прэсе
шмат пісалася й пра тое, як яшчэ нядаўна, пад страхам звальненьня з працы,
пісьменьнікаў заганялі ў "новы" Саюз. І што ж? Цяпер гэтую практыку пераняў
Алесь Пашкевіч і рада "старога" Саюзу, вызначае, ДЗЕ і ШТО належыць друкаваць.
Непаслухмяных гнаць! Асабліва "крытыканаў"! Рада на чале з старшынём цяпер сама
вызначае, дзе паклёп, а дзе праўда. У гэтай працэдуры нават адвакаты
непатрэбныя. Эканомія!
І вы, спадарове, пасьля гэтага наракаеце на рэжым?! Дык
рэжыму ў вас павучыцца трэба! Якая ў вас палітычная культура, такі й рэжым
маеце. Як той казаў, усё па Гегелю.
Але будзьма справядлівыя! Дзякуй Богу, кіраўніцтва СБП не
забараняе публікавацца ў дзяржаўным друку. Шмат якія сябры СБП, у тым ліку і
аўтар гэтых радкоў, друкуюцца і ў дзяржаўнай прэсе, і ў незалежнай. І ніхто нас
за гэта не карае. Пакаралі толькі Васіля Якавенку. Чаму ж яго аднаго? Бо ён
НАШЫХ пакрытыкаваў! Вось такая баляда пра "акупацыйныя газэты" сп.
Баршчэўскі...
Дзіўна, што Якавенкавы публікацыі ў дзяржаўным друку
абазвалі здрадай, а вось вынікі праверкі фінансавай дзейнасьці з боку той жа
дзяржавы палічылі дастатковым аргумэнтам супраць Якавенкі. Дык няўжо няясна,
калі празь нядбальства Пашкевіча ў бюджэт перайшла аграмадная сума
пісьменьніцкіх грошай, хто ж яго будзе караць? Яму яшчэ й прэмію дадуць! А што
да грантаў, дык для тых наагул няма мэханізму кантролю... Але вернемся да
зьезду.
Зьезд адбываўся паводле загадзя падрыхтаванага сцэнару.
Пасьля выгнаньня Якавенкі пайшлі правільныя выступы, якія гучалі й пяць гадоў
таму, і дзесяць... У чым пераконвалі пісьменьнікі адзін аднаго? У тым, што
дзяржава занядбала родную беларускую мову. Дык і праўда занядбала! Я гатоў
падпісацца пад кожным словам. Але пераконваць мяне ў гэтым ня трэба. Чыноўнікаў
варта было б пераконваць. І можна часам пераканаць. Хоць і ня проста. Дык чаму
ж, калі той жа Васіль Якавенка два гады таму распачаў агульнанацыянальную
кампанію ў абарону беларускай мовы і падрыхтаваў ліст, пад тым лістом зьявілася
шмат подпісаў акадэмікаў, але не паставіў свайго подпісу Алесь Пашкевіч? Чаму
няма пад тым лістом подпісу аднаго заслужанага і выдатнага пісьменьніка, але
кепскага аратара, які замучыў зьезд доўгай прамовай пра мову. Няма, бо яны
адмовіліся падпісваць. Той аратар сказаў, што ён тузін такіх лістоў падпісаў за
савецкім часам. Пашкевіч наагул праігнараваў. Лепш перад сваімі біць сябе ў
грудзі.
Што праўда, на зьезьдзе былі прынятыя адпаведныя рэзалюцыі.
Але ня веру я ім. Ня веру, бо тыя, хто праўдамі й няпраўдамі затыкае рот сваім
калегам, ня можа сам гаварыць праўду. Ня мае цаны ягонае слова ў абарону мовы!
Спачатку расправу, а потым справу? Ня веру!
Я ведаю Васіля Якавенку з 1988 г., Алеся Пашкевіча - з
1991 г. І ведаю, што першы шмат зрабіў, каб пабольшала праўды ў
грамадзтве. Я сам быў сьведкам, працуючы ў Бюро прапаганды Саюзу пісьменьнікаў
БССР, як Васіль Якавенка пачынаў ствараць Народны фронт. А ў чым заслугі
Пашкевіча? У тым, што ён гвалтам уцягнуў Саюз у сумнеўныя палітычныя гульні. Я
і ў страшным сьне не галасаваў бы за Казуліна. Але Пашкевіч, ня зьняўшы зь сябе
абавязкаў старшыні, стаў ягонай правай рукой. І ўсе сябры Саюзу сталі
закладнікамі ягонай авантуры. Дык хоць цяпер, маючы нагоду, выкажу тое, што
даўно накіпела...
Дзіўныя рэчы адбываюцца вакол Пашкевіча. Шмат хто ў Саюзе ім
абураны. Шмат якія сябры рады, што выганялі з Саюзу Васіля Якавенку, лаюць
Пашкевіча, але як толькі выходзяць на трыбуну - пачынаюць пяяць пад яго дудку.
Я гэта чуў з вуснаў самых сяброў рады. Але пастаўлю тут шматкроп'е...
А чаго я толькі ні пачуў на зьезьдзе!
Да мяне падыходзілі сябры рады й прызнаваліся: Якавенку так
абылгалі кіраўнікі СБП, што яны галасавалі за выключэньне толькі ад
недасьведчанасьці. А што тады гаварыць пра людзей з правінцыі!
У кулюарах некаторыя шараговыя сябры Саюзу наагул пыталіся:
у чым жа палягае канфлікт рэвізійнай камісіі й рады СБП? Выходзіць, ня ведалі
за што галасавалі! Як на тым рэфэрэндуме. Знаёмы спосаб - заблытаць.
Так. Да зьезду я пачуў нямала прыватнай крытыкі на адрас
Алеся Пашкевіча й ягоных паплечнікаў. Але на зьезьдзе мяне ўразіла
баязьлівасьць многіх сябраў СБП. Як жа ўсё-ткі некаторыя дрыжаць перад
Пашкевічам! А перад Пятровічам! Цяпер Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч, як Пуцін
і Мядзьведзеў. І гэта ўсе ведаюць. І скрозь маўчаць.
Цікава было пачуць у зале аргумэнты супраць Якавенкі, якія
ўмоўна можна было падзяліць на дзьве групы: капітулянтаў і шпэкулянтыў.
Уражвала іх прымітыўнасьць. Капітулянты апускалі лапкі ўгору й казалі: пры
гэтай уладзе мы нічога не даб'емся. А раз нічога нельга зрабіць, значыць,
кіраўніцтва СБП нельга крытыкаваць, яно ні ў чым не вінаватае! Шпэкулянты былі
яшчэ прасьцейшыя, маўляў, не падзяліўся Алесь грантам з Васілём, вось той і
верадуе! І гэта гаварылі людзі, якія называюць Якавенку здраднікам! А вы ў
такім разе хто? Няўжо ў вашых сквапных галовах не знайшлося больш прыстойнай
матывацыіі? Навошта тады пісаць вершы, раманы, апавяданьні, крытыку, калі ўсё
так проста й зводзіцца да атрыманьня й дзяльбы грантаў? А яшчэ да колькасьці
плошчы на старонках часопісаў і ганарараў за занятую плошчу!
Ня цешыць, на жаль, і прэса. Ніхто не спрабуе разабрацца ў
існасьці праблемы. Прэса, як і грамадзтва, падзялілася на два ідэалягічныя
лягеры, пра НАШЫХ выдаюцца бадзёрыя рэпартажы, а на адрас НЯНАШЫХ зьбіраецца
нэгатыў. Так у "дзяржаўнай" прэсе, так і ў "незалежнай". А якія мілыя й
безадказныя загалоўкі! Уявеце, што пра вас напісалі: "выключылі за паклёп"... А
вы тым часам праўду пісалі?.. Тады такі загаловак і ёсьць паклёп! Паласканьне
імя ў брудзе. Зрэшты, час пакажа...
Мяне спытаюць, чаго я дабіваюся гэтым артыкулам? Анічога
апрача праўды! Саюз пісьменьнікаў ужо прыватызаваны. Нічога зьмяніць нельга.
Той жа Васіль Якавенка цьвяроза мяркуе, што нават калі б быў абраны новы
кіраўнік СБП, ён бы апынуўся ў патавай сытуацыі. Саюз ня мае ані памяшканьня,
ані юрыдычнага адрасу. І часопіс, і памяшканьні - усё, чым карыстаецца СБП,
належыць прыватным асобам. Улады не зацікаўленыя ў існаваньні Саюзу. Вось і
ўсё.
Пытаньне стаіць проста: быць або ня быць на ласцы ў сп.
Пашкевіча, у сп. Пятровіча. Быць у Саюзе - гэта значыць стаць шырмай для іх
прыватнай дзейнасьці. Так, Барысу Пятровічу вялікі дзякуй за прыватны (і
выдатны!) часопіс "Дзеяслоў". Але прыватызаваць цэлую пісьменьніцкую
арганізацыю ня варта! Ведаю, мне могуць прапанаваць выйсьці. Што ж... Чулі мы
гэта з розных бакоў! Калі й выйду, то не для вашай пацехі, спадары дарадцы. А
зрэшты, я не Бахарэвіч і не хварэю на інфантылізм. Любові й апекі ад Б. Пятровіча
ды А. Пашкевіча мне ня трэба.
Сумна думаць пра будучыню СБП... Праўда, ёсьць і добрая
навіна. Выгнаньне Васіля Якавенкі з Саюзу пісьменьнікаў не адбылося. Яно ня мае
юрыдычнай сілы. Трыумфатары, як выявілася, кепска чытаюць статут свае
арганізацыі. Выключэньне лічыцца законным, калі за яго прагаласавала большая
палова ад усіх удзельнікаў зьезду. На зьезьдзе было 219 дэлегатаў, за
выключэньне прагаласавала 100. Так што займайцеся арытмэтыкай, спадары
трыумфатары!
|