Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Юры Станкевіч. "Лавец святла поўні" (Дарожныя нататкі невядомага вандроўніка) Друк E-mail
18.09.2011 | 16:46 |
Юры Станкевіч
Юры Станкевіч
...Нікому не пажадаю сваёй Радзімы. Толькі сабе... (З дзённіка)

* * *

Увосень 199... года, прымаючы ўдзел у навуковай экспедыцыі па адным з рэгіёнаў Паўднёвай часткі Цэнтральнай Афрыкі, аўтар гэтага караценькага ўступу выпадкова сустрэўся ў тропіках з вядомым палеантолагам, этнографам, натуралістам і шукальнікам прыгод Майклам Ракфелерам. Сустрэча адбылася яшчэ да таямнічага знікнення спадчынніка ўплывовай і адной з найбагацейшых сем'яў Амерыкі: да гэтага часу ходзяць упартыя чуткі пра тое, што ён стаў ахвярай рытуальнага забойства: быў з'едзены канібаламі.

Але пакуль адбылася гэтая падзея, аўтар прыведзеных радкоў меў магчымасць пагаварыць на працягу сутак са спадаром Майклам. Апошні, даведаўшыся, што я выхадзец з зусім невядомай яму Беларусі, даў мне адрас аднаго белага чалавека, які жыў у Луандзе, і напісаў да таго чалавека адпаведны ліст, у якім прасіў аддаць мне выпадкова знойдзены ім, Майклам Ракфелерам, раней у тропіках дзённік невядомага вандроўніка і навукоўца, напісаны кірыліцай на славянскай мове, якую я павінен быў, на погляд яго, спадара Майкла, зразумець. За гэта спадар Майкл толькі папрасіў мяне перакласці для яго самыя цікавыя, калі такія знойдуцца, старонкі на англійскую мову, а сам дзённік, калі я таго пажадаю, забраць сабе. Я абяцаў, але не выканаў першую частку яго просьбы, бо Майкла Ракфелера беспаспяхова шукалі і шукаюць дагэтуль, і надзеі на сустрэчу з ім у мяне ўжо не засталося. Тым не менш, па заканчэнні экспедыцыі я ўспомніў пра белага чалавека ў Луандзе, знайшоў яго і атрымаў часткова пашкоджаную, ушчэнт і дробна спісаную, пульхную запісную кніжку, якую і прапаную ўвазе чытачоў, збольшага аформіўшы ўсё пад belle lettre і надаўшы загалоўкі. Няхай самі чытачы мяркуюць пра вартасць надрукаванага.

Навуковец Севярын ПЕРАГУД

I. Праваднік "Сплюшка"

Запісная кніжка 194... год

1.

"Чэрвень 194... г.

Я нарадзіўся ў горадзе, але найбольш вольна адчуваю сябе ў лесе. Чаму так? Вось сапраўдная загадка. Мае бацькі таксама гараджане, гараджанамі былі і іх бацькі - магчыма, справа ў генах больш далёкіх продкаў, а магчыма, у складзе маёй псіхікі і асаблівасцях характару: хто ведае?

Урэшце, не шукайце ў гэтых нататках якіх-небудзь вызначальных звестак пра мяне асабіста і маіх сваякоў, сяброў і знаёмых. Па-першае - гэта небяспечна, калі запісы хто-небудзь знойдзе, як для мяне, так і для іх, а па-другое - гэтыя старонкі ў нататніку (дарэчы, весці дзённікі ў нас забаронена катэгарычна) заўсёды надзейна захаваны ў лесе, у месцы, вядомым толькі мне, і калі здарыцца так, што я загіну, то іх ніхто ніколі не знойдзе.

Дык вось, мне, скажам так, за дваццаць, мяркуюць - я дужы, спрытны, кемлівы, але недаверлівы і схільны да адзіноты і г.д. Імя ў мяне няма. Вядома, яно ёсць, але ў цяперашніх абставінах, як мне параілі, я ні ў якім разе не павінен называць яго (небяспечна для родных), хіба што мянушку, ці, як у нас іншым разам кажуць, "паграмуху" альбо "бразготку". Іх у мяне дзве. Адна асноўная: "Сплюшка", другая больш побытавая - "Лунатык". Сплюшка - гэта начная птушка з атрада савіных. Днём яна спіць дзе-небудзь у сваёй схованцы-кубле, а бліжэй да ночы ажывае і выбіраецца са свайго жытла на паляванне. Прыкладна ў такім біярытме існую і я ўжо амаль год. Справа ў тым, што я - кур'ер, ці праваднік і выканаўца розных, скажам так, прыватных аператыўных даручэнняў у адной асобе. Але пра гэтыя дэталі майго існавання - потым, і менавіта сціпла - у дэталях. Пра сябе скажу яшчэ толькі, што да вайны скончыў гімназію, паступіў вучыцца далей, але быў неўзабаве, быццам як удзельнік нацыяналістычных дзеянняў, арыштаваны бальшавіцкімі нкусаўцамі і пасаджаны ў турму, дзе я нейкі час знаходзіўся ў адной камеры з вязнем, якога звалі Янам. Спачатку я не ведаў яго прозвішча і даведаўся толькі пасля таго, як сустрэўся з ім у лесе, дзе яго звалі капітан Шэстак, але ўжо тады, у турме, гэтая сустрэча была для мяне вялікай удачай. Ян Шэстак, упэўніўшыся, што я не сексот (аказалася, што ён ведаў майго бацьку, якога арыштавалі нашмат раней і які знік у сутарэннях НКУС), у тых перапынках паміж допытамі і ўвогуле агульнай неразбярыхай вялікага хапуна перад самай вайной і пасля яе пачатку вызначыў мяне як асобу.

Вайна ўжо ішла, і хапун, па вядомых прычынах, збольшага прыпыніўся. У нас быў нейкі час, пакуль нкусаўцы разбіраліся што там і да чаго. Ян казаў мне, што мы павінны ўцячы з этапа, калі нас не расстраляюць адразу. Адзін ён гэта наўрад ці зробіць, а ўдвух - удвух будзе шанц. Ён навучыў мяне асновам канспіратыўнай і вышуковай працы, крыху - нажавому бою, рукапашцы і выжыванню ў экстрэмальных умовах. Мы ўцяклі разам праз выламаны дах з вагона эшалона, які, запоўнены палітычнымі вязнямі, спехам гналі на ўсход. Пра капітана Шэстака я ведаю няшмат - толькі тое, што яму крыху больш за трыццаць пяць гадоў, ён у рэшце рэшт мог быць без малога нават маім бацькам па ўзросце; што ён, служачы ў чырвоным войску, быў удзельнікам баявых падзей пад возерам Хасан, дзе навучыўся ў аднаго з палонных японцаў майстэрству ўсходніх адзінаборстваў, пасля па даносе быў асуджаны вайсковым трыбуналам, быццам за антысавецкую дзейнасць, але ўцёк, дэзерціраваў і нелегальна вярнуўся на радзіму. Тут ён неўзабаве быў зноў выкрыты, асуджаны да вышэйшай меры - і чакаў выканання прысуду, і, каб не маланкавыя падзеі пачатку вайны, верагодна, быў бы ўжо знішчаны як вораг народа.

Усё гэта я нагадваю ў пачатку маіх нататкаў, каб больш да таго, што тычыцца іншых і агульнага становішча, не вяртацца ўвогуле, бо цяпер усё небяспечна, і нельга, як кажа капітан Шэстак, давяраць нікому, ніколі і ні пры якіх абставінах.

Па-мойму, лес - самае цудоўнае, што толькі ёсць у свеце. Магчыма, мора ці акіян яшчэ больш цудоўныя, але ж у іх чалавеку доўга не пратрымацца, бо прыходзіць да завяршэння плаванне, і тады варта, як зямной істоце, вяртацца на сушу. А ў лесе можна існаваць заўсёды. У ім можна выжыць у любую пару года, нават узімку: толькі быць назіральным, паводзіць сябе спакойна, стрымана і шмат чаго ўмець - як, напрыклад, хутка распаліць у дождж вогнішча і зрабіць яго бяздымным, як знайсці якую спажыву і падтрымаць сілы без асноўных запасаў ежы, як вызначыць, дзе ты знаходзішся, як хутка адбудаваць зямлянку на начлег, як заначаваць без палаткі і вогнішча, як высачыць ворага і самому не трапіць у пастку, і яшчэ многа ўсяго іншага.

У лесе мае асноўныя памагатыя - птушкі. Колькі буду жыць на гэтым свеце, я ніколі не пакрыўджу ніводную з іх. Я ўпэўнены, што яны - своеасаблівыя сэнсітывы і праз нейкі час знаёмства адчуваюць чалавека, побач з якім знаходзяцца: які ён? што яму трэба ад іх? варта дапамагаць яму ці не?.. Па інтанацыі іх галасоў я ведаю, што чужынец, які не застаўся імі не- заўважаны, недзе блізка і што мне трэба асцерагацца. Я часта лавіў на сабе выпрабавальныя позіркі - а яны не адводзяць сваіх вачэй ад вачэй чалавека, у адрозненне ад млекакормячых: будзе гэта маленькі, не больш слівы, зімародак, ці цяжкі глушэц.

З сабой у мяне няшмат: нож у похвах, замацаваных на поясе, яшчэ адзін запасны выкідны, карабок сярнічак у фальзе, каб не замачыць, і наган пад курткай з левага боку, каб заўсёды быў пад правую руку, хаця я навучыўся страляць і з левай. Для яго я сам пашыў спецыяльную кішэню. Наган мне ахвяраваў камандзір атрада Шэстак. Гэта ўвогуле надзейная зброя ўзору 1910 года, калібру 7,62 мм, сямізарадны, з барабанам, які адкідваецца ў правы бок. Яшчэ ў мяне ёсць плашч-накідка, запасныя патроны, компас і лёгкая сплеценая сетка кшталту гамака. На ёй зручна спаць, замацаваўшы на вышыні пад дрэвамі. Сетку мне звязала Івонка Т. (Спачатку прозвішча дзяўчыны было ў тэксце поўнасцю, але пасля старанна закрэслена аўтарам нататак. - С.П.) Івонка - мая другая дзяўчына. Першая - старэйшая за мяне ўдава, настаўніца музыкі ў горадзе, і сувязь з ёй - выпадковая. Тады я быў студэнтам.

Удава была старэйшая за мяне гадоў на дзесяць і з адпаведным вопытам у любоўных справах, які мне з задавальненнем перадавала. Але аднойчы яна мяне непрыемна насцярожыла, калі прагаварылася, што сустракалася з чалавекам з адпаведных органаў. Я пазваніў ёй на другі дзень і сказаў, што з'язджаю з горада назаўсёды. Цалкам верагодна, што яна магла быць інфарматарам. Але досыць пра яе, тым больш - я яе ніколі потым не бачыў.

Т. жыве ў невялічкай вёсачцы, і я зрэдку заходжу да яе, перадусім папярэдзіўшы спецыяльным знакам у схованцы: шчыліне на сасне, якая расце на ўзлеску. Знак, які вядомы толькі нам, я пакідаю перад сваім хуткім прыходам. Калі ў вёсцы ці ў іх хаце ёсць ці чакаюцца чужынцы, Івонка таксама пакідае мне адпаведны знак.

Нават ноччу я ўсё роўна добра бачу, мажліва, гэта асаблівасць маіх вачэй, а мо, гэта проста малады, яшчэ не падпсаваны ўзростам зрок. Я прызвычаіўся ў сваіх вандроўках рухацца пераважна з надыходам цемры. Я нібы заплываю ў ноч, як у раку, і яна абдымае мяне ў свае пяшчотныя абдымкі. Я незаўважна палюбіў начныя загадкавасць і шматзначнасць пад зорным небам, асабліва калі на ім паяўляецца месяц. Назіраючы за ім, а таксама па суклону сонца, напрамку ветру і шэрагу іншых прыкмет, я заўсёды магу дакладна вызначыць, якое надвор'е будзе ў бліжэйшыя суткі. І амаль усяму гэтаму, усім ведам я абавязаны капітану Шэстаку, які ўвесь час вучыў мяне, калі мы разам пасля ўцёкаў прабіраліся на радзіму. Тады ж капітан Ян Шэстак навучыў мяне і забіваць, але пра гэта потым так, потым... (Далей некалькі радкоў у нататніку старанна закрэслены. - С.П.).

Капітан Шэстак сказаў мне, што я, магчыма, і выжыву ў гэтай суцэльнай крыважэрцы, бо шанец ёсць, хаця і невялікі. Вядома, калі буду абачлівым і здолею ацэньваць абставіны на некалькі хадоў наперад. "Заўважаў, як паводзяць сябе драпежнікі, Сплюшка?" - спытаў ён аднойчы. "Так, і не раз", - адказаў я. "Дык вось, і ты павінен дзейнічаць гэтак жа. Нападаць, калі вораг слабы, і абыходзіць моцнага. І галоўнае, нікому не называць свайго імя".

Я задумаўся над яго словамі, а потым, у сваю чаргу, запытаў:

"А ты, Старшой, хіба не думаеш выжыць?"

Я так называў яго іншым разам па звычцы, перанятай ад расейцаў - "Старшой", з націскамі на о. Пры чужых, вядома, захоўваў субардынацыю. Тады казаў проста - "спадар капітан".

"Не думаю, - неяк абыякава адказаў ён. - Гэта цалкам нерэальна. Для мяне ва ўсякім разе".

"Чаму?" - задаў я дурнаватае пытанне.

"Таму што гэтая вайна ўжо не пакіне мне шанцаў. Шмат людзей ведаюць мяне, маё імя, і многія з іх, чэкісты, напрыклад, у выніку іх перамогі, будуць шукаць мяне і потым, калі я нават ацалею."

Я абдумаў яго словы і спытаў:

"Ты хіба сумняваешся ў нашай перамозе?"

"Задача не ў тым каб некага перамагчы, - адказаў ён, - у нас небагата сіл і занадта шмат ворагаў, а ў тым, каб пасля таго, як яны абязсіляць сябе ў бойках адзін супраць другога - пабудаваць сваю незалежную краіну. Урэшце, проста выжыць. І толькі пасля ўсяго таго стаць моцнымі".

"А калі здарыцца так, што гэта ўдасца здзейсніць?"

"Мару пра тое," - адказаў ён.

"Дык чаму ты рыхтуешся да смерці?" - не адставаў я.

"Таму што з двух шляхоў мужчына павінен выбіраць менавіта гэты, - патлумачыў ён. - Тады ты становішся па-сапраўднаму вольны."

У паясненне да яго слоў скажу толькі, што на маю думку ўсе навокал: і лес, і вёскі, і малыя і больш вялікія гарады і сталіца, ёсць зараз суцэльная крыважэрня.

У акупаваных гарадах пануюць немцы. Ім дапамагае паліцыя створаная на пачатку вайны ў асноўным, з асаднікаў, якія, захапіўшы частку адміністрацыйных пасадаў, справакоўваюць знішчэнне беларускага вызвольнага нацыянальнага руху.

На вёсках тым не менш там-сям актыўна дзейнічае Беларуская самаабарона, якая паспяхова выкурвае адтуль немцаў і іх памагатых. А ў лесе - суцэльны броўнаўскі рух самых розных сілаў: нацыянальная і савецкая партызанкі, атрады дыверсантаў з Усходу, якіх пачалі актыўна скідваць на парашутах, акаўцы і польскія пракамуністычныя атрады, агенты Цанавы і Панамарэнкі, "ціхацёмныя"[1] з Лондану, дэзерціры, акружэнцы і марадзёры... Вось праз гэты лес, які кішыць людзьмі са зброяй, я амаль штодня раблю вандроўкі.

Камандзір нашага атрада Ян Шэстак, а на яго погляд абставіны навокал менавіта такія, увесь час імкнецца падтрымліваць сувязь з іншымі атрадамі беларускай народнай партызанкі, і мне пакуль хапае самай рознай працы, бо павінны пастаянна дзейнічаць каналы сувязі паміж лесам, Беларускай Незалежніцкай партыяй, партыяй Беларускіх нацыяналістаў, Беларускай Народнай Грамадой і іншымі адгалінаваннямі нацыянальнага руху.

У мяне ёсць запаветныя мары. У будучым я б хацеў прысвяціць сябе заняткам антрапалогіяй - навукай аб паходжанні, эвалюцыі чалавека і яго рас у часе. Хацеў бы павандраваць па ўсяму свету і пабачыць homo sapiens у натуральным атачэнні: у нетрах Амазонкі, у пясках Сахары, у балотах Паўднёвай Афрыкі, у гарах Каўказа, але наўрад ці мне пашчасціць ажыццявіць сваю мару, і не толькі з-за таго, што ў Еўропе вайна, і я магу загінуць у любую хвіліну. Мяне, калі пераможа камунабальшавізм, і мая краіна не здолее вырвацца з кіпцюроў "Вялікага Брата" і стаць незалежнай, нават калі мяне зноў не пасадзяць у лагер ці не расстраляюць, то ўсё роўна ніколі не выпусцяць за межы гэтага нялюдскага запаведніка, запланаванага на самазнішчэнне. Не, не выпусцяць. Ніколі.

Капітан Ян Шэстак кажа мне, што калі верх возьмуць адна з супрацьстаячых сілаў, і як толькі становішча неяк выкрышталізуецца, і я да таго часу ўсё яшчэ буду жывы, то мне трэба адыходзіць спачатку на Захад, а потым выбраць сабе месца на жыхарства ў якой далёкай краіне, не кранутай камуністычнай атрутай. Толькі там, кажа ён, ты здолееш спраўдзіць сябе, як асобу і здзейсніць свае мэты, бо чалавек, які не мае мэтаў варты хіба што толькі жалю..."

2.

"Канец чэрвеня 194... г.

Палову дня, вечарам і ўноч я рухаўся па компасу ў паўднёвым напрамку. Я замаляваў сабе частку мапы тых месцаў без аніякіх абазначэнняў. У выпадку небяспекі паперка, калі нават і трапіць у варожыя рукі, нічога нікому не давядзе, але такога ні ў якім разе не павінна адбыцца, інакш мне гамон. На гэты раз у мяне не такое ўжо і складанае заданне: наладзіць адзін з каналаў сувязі з нацыянальнай партызанкай, з мэтай наступнага ўсталявання кантактаў паміж аддзеламі і іх аб'яднання пад адзіным кіраўніцтвам, каб пасля камандзіры здолелі ўтварыць "Лаву атаманаў", якая будзе збірацца па меры патрэбы і выпрацоўваць метады баявых дзейнняў, у рэчышчы, як кажа капітан Ян Шэстак, "беларускага кірунку". Збольшага я ведаю асноўныя тактычныя й стратэгічныя напрамкі дзейнасці нашай партызанкі: гэта, па-першае - захаванне боездольнай збройнай сілы ў як найбольшай цэласці да часу абязсільвання нашых асноўных акупантаў, па-другое - праводзіць збройны супраціў толькі калі хто з акупантаў нападзе на наш, альбо суседскі аддзел, ці на апякаемную вёску, па-трэцяе - збройная расправа з марадзёрамі, а таксама шматлікімі агентамі, даносчыкамі і стукачамі, якія часта з дапамогай немцаў імкнуцца здушыць наш рух.

Таму я і мушу ісці да месца, дзе, па звестках нашых людзей, базуецца атрад атамана Лесавіка (мянушка), каб перадаць яму адпаведныя прапановы ад камандзіра нашага атрада капітана Шэстака.

Палову дня, вечарам і ўноч я рухаўся па компасе ў паўднёвым напрамку. Я замаляваў сабе частку мапы тых месц без аніякіх абазначэнняў. У выпадку небяспекі паперка, калі нават і трапіць у варожыя рукі, нічога нікому не давядзе, але такога ні ў якім разе не павінна адбыцца, інакш мне гамон. На гэты раз у мяне не такое ўжо і складанае заданне: наладзіць адзін з каналаў сувязі з нацыянальнай партызанкай.

Таму я і мушу ісці да месца, дзе, па звестках нашых людзей, базіруецца атрад атамана Лесавіка (мянушка), каб перадаць яму адпаведныя прапановы ад камандзіра нашага атрада капітана Шэстака.

Як і ўсе мае вандроўкі па лесе, і гэтая поўная ўсялякіх небяспечных нечаканасцей, але я да іх ужо звыклы.

Галоўнае ў лесе - выкінуць з галавы ўсялякі роздум пра агульныя, прыватныя і іншыя праблемы. Тут пачуцці павінны быць скіраваны толькі на тое, каб пабачыць усё жывое, што трапляецца на тваім шляху, першым, і не даць высачыць сябе іншым. Гадзюка імкліва і бясшумна слізне з-пад ног і адразу знікне ў імшаніку і папараці, устрывожана крыкне птушка - і трэба ўжо спыніцца і прыслухацца: адзін ты тут альбо ёсць яшчэ хто. Рука звыкла кладзецца на цёплую рукаятку нагана, дыханне затрымліваецца, вочы пільна ўзіраюцца па баках і наперад, а вушы насцярожана прыслухоўваюцца.

І так - увесь час.

Увечары, калі сонца ўжо было на суклоне, я з усімі перасцярогамі працягваў рушыць па вузкай лясной сцяжынцы, якая якраз вяла мяне ў патрэбным накірунку. Цемра імкліва агортвала лес. Цені ад дрэў паступова згушчаліся, птушак ужо было не чуваць, зрок мой і слых абвастрыліся.

Раптам я замёр: дым. Я не палю - у лесе такому, як я, лепш гэтым не займацца, таму адразу адчуваю пах тытуню, часам з вельмі далёкай адлегласці. Я прыслухаўся. Але хоць нязначнага шуму і чалавечага голасу не пачуў, і на якую секунду мне падумалася, што ўсё гэта насланнё, не больш, нешта накшталт галюцынацыі, але ў той жа момант унутраны халодны і разважлівы голас абвергнуў мае развагі: я ўжо даўно засвоіў, што ў лесе ніякіх дробязей не існуе: тут усё вартае ўвагі, важнае і істотнае, і ад самай маленькай дробязі часам залежыць тваё жыццё.

Я працягваў слухаць. Слабы вецер ледзь гойдаў вершаліны дрэў, часам рыпелі іх галіны, ціха шамацела лісце, але гэты ж вецер зноў упарта данёс да мяне ледзь улоўны пах папяроснага тытуню. Так, менавіта ад папяросы, бо дым ад махоркі мае іншы, больш салодкі пах. Я асцярожна зрабіў некалькі крокаў у той бок, адкуль несла палёным тытунём, потым яшчэ, і зноў замёр. Цемра ўжо цалкам апанавала лес. Раптам непадалёку ад мяне, метраў за дзесяць, пачуўся адзіночны, яўна прыглушаны далонню кашаль, і адразу ўслед за ім на імгненне бліснуў аганьчык запальнічкі: чалавек прыкурваў. Папяросы, асабліва "Беламорканал", як я ведаў, маюць асаблівасць тухнуць, калі зрабіць большую чым трэба паўзу паміж зацяжкамі. Да таго ж бензінавая запальнічка - з'ява ў лесе рэдкая. Чалавек, які паліў, быў тут нядаўна і, пэўна, аднекуль здалёк, вырашыў я. Толькі вось хто ён? Акружэнец? "Бульбаш"-нацыянал? Такі ж самы праваднік, як я? Марадзёр? "Ціхацёмны" ? Дыверсант? Акавец? Адзін ён? Ці побач з ім ёсць яшчэ людзі? Усе гэтыя пытанні замітусіліся ў маёй галаве, патрабуючы дакладнага азначэння. Я з засцярогай зняў свае гнуткія, лёгкія спартыўныя макасіны і засунуў іх у кішэні нагавіц - баяўся, каб выпадкова не трэснула пад нагой сухая галінка: тады становішча ўскладніцца і адразу стане непрадказальным. Паклаўшы руку на рукаятку нагана, я ціха пасунуўся ў бок невядомага ўладальніка запальнічкі і папярос.

Я збольшага нават у цемры ўрэшце разгледзеў яго. Ён быў у палявой, быццам чырвонаармейскай, форме. На поясе чарнела кабура. Зацягнуўшыся ў чарговы раз, ён саўгануў недапалак у мох, на якім сядзеў. Спінай ён прыхінаўся да сасны, а на каленях трымаў аўтамат ППШ. "Дэсантнік, - вызначыў я. - Значыць, побач група". І сапраўды, неўзабаве яго ціха паклікалі.

"Ваня!"

"Чё?" - азваўся ён па-расейску. Па голасу яму было каля дваццаці пяці.

"Иди пахавай. Тебя сменят".

Я ціха прасунуўся ўслед за ім, адразу ўбачыўшы невялічкую палянку і ўмела раскладзенае вогнішча. Трое сядзелі ля яго і елі проста з кансервавых бляшанак. Яшчэ чацвёра спалі побач. Што ж, дзейнічалі яны, а гэта безумоўна былі ўсходнія дэсантнікі, у асноўным правільна. За выключэннем некаторых хібаў. Я, напрыклад, мог бы заваліць іхняга Ваню, а потым і ўсіх астатніх, калі б яны паснулі ці ў мяне была аўтаматычная зброя, той жа аўтамат. Але пакуль мы не нападалі на іх першымі. Дый у мяне была зусім іншая задача.

Ваня ўспароў нажом бляшанку і стаў есці. Адзін з дэсантнікаў паварушыўся і сеў. Яны прыслухаліся і ціха загаварылі.

"Спал бы еще".

"Да незачем. Баба стала сниться. Обтрухаешся еще"...

"Этова гребанова атамана, как его, Лесовика, уберем потом, к началу июля. Как приказано. Сначала объявимся в их зоне, вольемся в отряд, приглядимся, что к чему, что за людишки у него. Они уже рядом. Днём, может, встретимся."

"А если он нас не подпустит? Или стрелять вздумает?"

"Да вряд ли. Они тут доверчивые еще. Не пуганные".

Я слухаў. Слых у мяне і зрок, як у коткі. А лес - мой дом, не іхні. Але нічога больш істотнага я не пачуў. Хаця і гэтага было больш чым дастаткова. Яны далей успомнілі нейкіх сваіх дзяўчат-радыстак з вучэбкі, і як і колькі разоў трахалі кожную з іх. Але слухаць пра радыстак мне не было асаблівай патрэбы. Заваліць хіба іх, як паснуць? Спачатку вартавога, а потым астатніх - з яго аўтамата?.. Але ж я ціха адступіў і з усімі перасцярогамі зноў выйшаў на сцяжынку. Цяпер атаману Лесавіку я ўсё роўна буду жаданым госцем, анягож.

Бліжэй да раніцы я выйшаў у зону дыслакацыі атрада Лесавіка, даў сябе выявіць, папярэдне вызначыўшы, што гэта менавіта "бульбаўцы" і, неўзабаве ўжо сядзеў з ім сам-насам. Я ўпершыню бачыў яго так блізка. Ён сярэдняга росту, шыракаплечы, у твары і ў постаці адчуваецца моц. Па ўзросце - гадоў сарака пяці. Выслухаўшы мяне да канца, ён спытаў:

"Ты не бачыў - у іх была радыёстанцыя?"

Я паціснуў плячыма.

"Ноч", - сказаў я, не тлумачачы дарэмна.

Але ён разумеў імгненна, не трэба было разжоўваць.

"Я твой даўжнік, сынок, - сказаў ён. - Заставайся у маім атрадзе. Калі хочаш, вядома, я цябе выкуплю ў Шэстака". - Ён усміхнуўся.

Я адмовіўся адразу - рашуча і беспаваротна.

"Што ж, тады бывай, - развітаўся ён. - Ідзі, цябе пакормяць. А мы тут сустрэнем тваіх лясных знаёмых. Калі, на твой погляд, іх чакаць?"

"Праз дзве-тры гадзіны, - падумаўшы, адказаў я. - Хіба што яны напорацца на каго-небудзь, на упаўцаў, напрыклад, ці на акаўцаў..."

"У цябе ёсць гадзіннік?" - раптам пацікавіўся ён.

"Не", - сказаў я. На той час гадзіннікі былі вялікай каштоўнасцю.

Лесавік палез у кішэню.

"Трымай. Швейцарскі. Трафей. Заслужыў. Да іх прыбыцця пабудзеш у нас, а потым..."

Ён яшчэ раз на словах перадаў тое, што я павінен быў сказаць капітану Шэстаку, і выклікаў сваіх. Я выйшаў з зямлянкі вонкі. Праз тры гадзіны і дзесяць хвілін у атрадзе з'явіліся восем дэсантнікаў... (Далей некалькі сказаў закрэслена, потым цэлая старонка пашкоджана плямамі. - С.П.)."

3.

"Канец чэрвеня 194... г.

Івонка жыве на ўскрайку вёскі, побач з лесам. У доме, акрамя яе і маці, больш нікога, і я ведаю, што жанчыны, застаўшыся адны, увесь час у трывозе. Бацька яе быў узяты перад вайной, у час хапуна, і вестак ад яго няма дагэтуль. Пры сустрэчы я супакойваю дзяўчыну, але здагадваюся, што яго альбо расстралялі адразу, альбо этапавалі на ўсход, што амаль раўназначна. Хіба смерць бывае іншай. Івонка ўвесь час пытаецца ў мяне, што і як, але ж каб я ведаў...

Сёння я падышоў да яе жытла, як і раней, з наступленнем цемры, папярэдне праверыўшы знакі на сасне. Я ціхенька пастукаў у вакно яе бакоўкі ўмоўным стукам: тры ўдары, потым два, паўза, і зноў тры. За шклом у святле месяца мільгануў яе насцярожаны твар, і яна адчыніла акно, пазнаўшы мяне. Я праз падваконне залез у яе пакойчык і абняў дзяўчыну.

"Я ўвесь час чакала, як добра, што ты прыйшоў", - ціха сказала яна мне, цалуючы ў вусны.

Івонка невысокая, з даволі шырокімі, развітымі клубамі, маленькімі грудзямі, тонкая ў таліі і цёмнавалосая. У святле месяца я сцягнуў з яе кашулю і скінуў сваю куртку і нагавіцы, паспеўшы толькі пакласці на падлогу наган, каб калі што, дацягнуцца да яго нават з ложка. Ноч была цёплая, летняя. Праз некалькі хвілін пяшчотных ласкаў і адпаведных слоў Івонка гарыць ад жадання. Гэтаксама, як і я. Яна ўся выгінаецца, высока падціскаючы ногі і ашчапервае іх за маёй спінай.

"Ах!" - міжволі вырываецца ў яе.

Але гучна размаўляць нам недарэчна, ёй тым больш, бо ў другім баку, за сцяной, спіць яе маці. Палкасць неўзабаве спатольвае нашу прагу адзін да другога. Потым нейкі час мы ляжым моўчкі. Івонцы шаснаццаць год з малым. Я - яе першы мужчына. Праз год яна павінна закончыць школу. Іх, з дазволу немцаў, створана нямала па вёсках, і цяпер там выкладаюць толькі па-беларуску. Івонка ціха пачынае расказваць мне, што цяперашнія школы многім не падабаюцца, і кажуць, што настаўніцы беларускай мовы - маладой дзяўчыне - днямі пагражалі з лесу. Настаўніца жыве ў суседняй вёсцы.

"Хто пагражаў?" - паімкнуўся я ўдакладніць.

"Прыходзілі з пушчы".

"І што казалі?"

"Каб не выкладала і з'язджала дадому. Інакш - заб'юць".

"Чырвоныя? Гаварылі па-нашаму?"

"Быццам, так. Толькі былі апранутыя чамусьці пад "акаўцаў". У канфедэратках, але ж боты расейскія."

"А ты адкуль пра гэта даведалася?"

"Выпадкова падслухала, як яна размаўляла пра тое з іншай настаўніцай. І маці казала."

Я абдумваю адказы дзяўчыны. Я разумею, што яна гаворыць мне праўду і ўсё, што ведае. Як ведаю і тое, што пра мяне яна нікому чужому не раскажа. Тым не менш, нават ёй я не гавару свайго імя. Яна кліча мяне па мянушцы - "Сплюшка". Смешна, канечне. Кахаю я яе? Так. Калі скончыцца вайна і мы ацалеем, то мне не варта шукаць каго лепшага. Ад дабра дабра не шукаюць. А пакуль... Пакуль яна баіцца толькі аднаго - зацяжарыць. Па-першае, зараз не той час, а па другое - яна яшчэ дагэтуль малалетка, і што на гэта скажа яе маці? Івонка аж курчыцца ў маіх абдымках пры гэтых словах... Калі займацца тым, што мы і зараз робім удваіх, у асобныя, вызначаныя ёй дні, то цяжарнасці можна пазбегнуць, разважае яна.

"І сёння такі дзень?" - пытаюся я.

"Так, - адказвае яна. - Толькі ўжо даўно ноч".

Але я вяртаю яе да таго, што мяне больш цікавіць.

"Дык, яны гаварылі па-нашаму? Тыя, хто пагражаў настаўніцы?

"Быццам так, але з акцэнтам"...

"З расейскім?" - перапытваю я.

"Так".

Ноччу я мала сплю. Звыкся, што больш - днём. Ад таго і мянушка. Але цяпер нібы правальваюся ў раптоўны сон на некалькі хвілін. Урэшце, мой сон быццам не зусім паўнавартасны - я ведаю ў падсвядомасці, што сплю, ведаю, што пра гэта ведаю, і адчуваю, што гэта ненадоўга. Да таго ж Івонка не дае мне спаць больш некалькіх хвілін. Рука яе лашчыць мяне ўсё больш рызыкоўна, дыханне пачашчаецца. У яе жылах цячэ і ўкраінская кроў, кроў старажытных полаўцаў, ад іх склад яе постаці, цёмнавалосасць, тэмперамент, мяркую я.

На досвітку, калі яшчэ цёмна, я зноў пераскокваю падваконне і, пасля таропкага развітання з Івонкай, знікаю ў лесе. Я ведаю, што мяне ніхто не павінен у яе бачыць. Інакш гэта стане небяспечным для нас абаіх.

4.

"Пачатак ліпеня 194... г.

Неўзабаве перад абвешчанай сходкай атаманаў да нас даходзіць вестка, што Лесавік раптоўна пакінуў свой атрад і вылецеў з аднаго з лясных аэрадромаў у Маскву на сустрэчу з Панамарэнкам. Замест яго засталіся два новапрыбыўшыя дэсантнікі, адзін з якіх афіцэр, і пачалі падпарадкоўваць сабе атрад Лесавіка. Ахоўнік Лесавіка пацвердзіў іх словы. Калі капітан Шэстак даведаўся пра гэтыя падзеі, то склікаў сваю выведку. Я таксама прысутнічаў, і ніколі яшчэ не бачыў камандзіра Шэстака ў такой змрочнай лютасці.

"Гэта суцэльная дэза, - сказаў ён. - Я не даю веры іх словам, ніводнаму. Тут усё не так".

З ім пагадзіліся, адзначыўшы, што Лесавік не мог зрабіць такое знянацку, абавязкова абгрунтаваў бы свае дзеянні і папярэдзіў астатніх. Тым больш, што як акружэнец і былы палонны немцаў, ён падвяргаўся ва ўсходняй сталіцы вялікай небяспецы.

Вырашана было ўсё праверыць і, галоўнае, не дапусціць "бульбаўцаў" Лесавіка, якія засталіся без свайго камандзіра, да якіх неабдуманых, а, магчыма, і цалкам справакаваных дзеянняў.

Пасля ўсяго капітан Шэстак затрымаў мяне. У рубленай напаўзямлянцы было душна. Звінелі камары.

"Табе сур'ёзнае і сакрэтнае даручэнне", - сказаў ён і задумаўся ледзь не на хвіліну. Непаголены твар яго серабрыўся шчэццю.

"Я слухаю".

"Пойдзеш зноў на базу Лесавіка. Дарогу ведаеш. Фармальна - перадасі на словах іх маскоўскаму камандзіру, што мяркуецца рыхтаваць сумесную акцыю супраць нямецкага гарнізона. Скажаш, што пакуль вызначаецца - якога менавіта. Мэта - захоп зброі і харчавання. Пабудзеш там пару дзён. Цяпер слухай уважліва: за гэты час разведай, якія там абстаноўка, настрой, мажліва, планы. Пагавары з ахоўнікам-ад'ютантам Лесавіка. Я не даю веры, што Лесавік кінуў атрад і раптоўна паляцеў на ўсход. Магчыма, тут здрада. За табой будуць сачыць. "Раскалі" ахоўніка. Любымі сродкамі. Даведайся праўду."

Я моўчкі выслухаў камандзіра і толькі потым спытаў:

"Скажы, Старшой, ты павінен ведаць - што здарылася з тымі дэсантнікамі, якія прыйшлі да Лесавіка раней і наконт намераў якіх я яго папярэдзіў?"

"Ён адабраў у іх зброю і выгнаў з атрада".

"Лічыш гэта памылкай?"

"Так."

"Трэба было іх ліквідаваць?"

Капітан Шэстак толькі паціснуў плячыма.

Праз суткі, без асаблівых прыгод, я дабраўся да месца. Перадусім пару гадзін праспаў у лесе, падвесіўшы гамак на вышыні прыкладна двух метраў паміж дрэвамі, але ад камароў не было літасці, нават нягледзячы на тое, што я абкруціў галаву і рукі анучкамі. Раніцай я пабачыў у лесе дваіх. Адзін нёс у руках мех, другі трымаў на шыі вінтоўку напагатове. Яны прайшлі даволі блізка ад мяне, але не заўважылі - што з іх боку было даволі нядбайна. Абодва былі ў ношанай салдацкай форме старога ўзору і ў чаравіках з абмоткамі.

Капітан Шэстак неяк сказаў мне, што я валодаю пэўным талентам пераўвасаблення.

Калі ён, гэты талент, сапраўды ў мяне ёсць, то цяпер якраз і спатрэбіўся. Інтуітыўна я зразумеў, што мне трэба ўсяляк хаваць сваю дасведчанасць, кемлівасць і свае сапраўдныя намеры. Я павінен быў выспавядаць ролю простага, неадукаванага хлопца-кур'ера, які атрымаў загад перадаць на словах не вельмі значныя звесткі і аналагічныя павінен прынесці назад. А паколькі думкі чалавека і яго розум хутчэй за ўсё выдаюць вочы, бо за словамі можна сачыць, то я нейкі час трэніраваўся перад асколкам люстэрка надаваць сабе дурнаваты выгляд. Магчыма, мне гэта ўдалося.

Як я неўзабаве высветліў, ад'ютант, ці ардынарац, Лесавіка крыху старэйшы за мяне, высокі і даволі моцны хлопец, увесь час быў пад прыхаваным наглядам. Як я заўважыў, ён да таго ж выглядаў прыгнечана і быццам у нечым няўпэўнена. Нягледзячы на тое, што я іграў сваю ролю, на мой погляд, здавальняюча, мне далі зразумець, што маё знаходжанне ў атрадзе Лесавіка сябе вычарпала. Маўляў, і з ежай кепска, а я лішні рот, і ўвогуле мне ў іх больш няма чаго рабіць. Тады я вырашыў дзейнічаць. Знайшоўшы нейкую падставу, а яны там збіраліся ў чарговы раз вытапіць самаробную лазню, я падрадзіўся ім дапамагаць, каб папарыцца і самому, і стаў дапамагаць насіць ваду з крыніцы, якая струменіла непадалёку ў лясным балотцы. Насілі ваду ў біклагах, на якіх раней у калгасах вазілі малако з фермаў, і звычайна ўдвух. Я стаў у пару з Анатолем - так звалі ардынарца Лесавіка. Да балотца з крыніцай было каля паўкіламетра. Па лесе, вядома, крыху больш. Першы наш ваяж я прысвяціў знаёмству і агульным размовам пра дзевак і выпіўку. Я загаварыў урэшце пра Лесавіка, а спачатку спытаў Толю, як яго новы камандзір, на што той адказаў даволі змушана, ненатуральна і ў самых агульных рысах, толькі пацвердзіўшы гэтым мае падазрэнні. Па дарозе я ўжо ўсё разлічыў: і калі мы найбольш аддаліліся ад базы, і калі іншыя насільшчыкі будуць далёка, і ўсе іншыя варыянты. Як толькі мы адышлі, я прапанаваў скараціць шлях і пайсці напрасткі праз лес. Толя не згаджаўся, але я пацягнуў яго разам з біклагай, якую мы трымалі на жэрдцы, за сабой, і ў бок ад сцяжынкі.

Я напаў на яго раптоўна і, ашчаперыўшы ў скачку нагамі, здушыў за горла, а потым абваліў на зямлю. Ён спрабаваў вызваліцца, але беспаспяхова, і пачаў урэшце задыхацца, аж пасінеў з твару. Я выхапіў нож і крыху калупнуў яму скуру на шыі, так што паказалася кроў. Ён амаль апруцянеў ад нечаканасці і страху і псіхалагічна быў зломлены.

"Дзе Лесавік?" - прашыпеў я яму ў вуха.

"Яго няма..."

"Як няма, ён мёртвы?"

"Так, так..."

"Хто яго забіў?"

"Пятроў, цяперашні камандзір атрада".

"Як гэта адбылося?"

"Яны адышліся ўбок. Былі перамовы. У лесе. Далёка. Пятроў захацеў, каб Лесавік падпарадкаваўся яму як былы савецкі маёр, разам з атрадам. За тое прапанаваў яму месца свайго памочніка. Калі Лесавік адмовіўся, той нечакана выхапіў наган і стрэліў яму ў грудзі".

"А ты, сука, што рабіў?"

"Там былі энкавэдысты. Двое. Я б не даў ім рады. Яны змусілі мяне абвясціць, што атаман... паляцеў у Маскву на перагаворы пра зброю, а камандаванне перадаў пакуль Пятрову."

"І ты абвясціў?"

"Адпусці мяне!"

"Не".

"Я табе згаджуся!"

"Толькі не ты, мяшанец!"

"Не забівай!"

"Тады засілься сам, я дам табе вяроўку, юда!"

Але я адпусціў яго, як і абяцаў, па некалькіх прычынах. Па-першае, яго б хапіліся, па-другое, я абяцаў, па-трэцяе, ён быў цяпер у маіх руках, і я мог выкачваць з яго ўсю інфармацыю.

Мы нават данеслі ваду ў лагер, і я добра папарыўся, не зважаючы на вялікую рызыку, што гэты Толя мог усё паведаміць цяперашняму камандзіру Пятрову.

Але ён маўчаў, і мой разлік быў беспамылковы.

5.

"Ліпень 194... г.

У апякаемых нашым атрадам вёсках адбыліся дзве падзеі. Невядомыя ў колькасці да дзесяці ўзброеных асоб нахабна абрабавалі адну з іх і зніклі ў лесе. Яны выбралі час, калі сябры самапомачы, вышлі на дапамогу суседзям, дзе ля адной з вёсак дэсантнікі падкінулі забітага немца. У гэткіх выпадках акупанты, звычайна, пасылалі на месца падзей эйнзатцкаманду з гарнізона, і разборка мусіла быць самай жорсткай. Другая падзея была жахлівая. Настаўніцы беларускай мовы з суседняй вёскі, але са школкі, якая месцілася ў вёсцы, дзе жыла Івонка, ноччу перарэзалі горла. У сувязі з гэтым камандзір Шэстак даручыў мне наведаць вёску і пагаварыць са сваёй дзяўчынай, а калі пашанцуе, то і з кім яшчэ з яе жыхароў, і высветліць, хто гэта зрабіў. Я ніколі не бачыў Старшога ў такой лютасці, як зараз. Ён толькі сказаў мне, што на нялюдскую жорсткасць будзе абавязкова адэкватны адказ.

Івонка маўчыць. Уся вёска сцішылася, моцна напужаная. Ніхто з настаўнікаў не выходзіць на працу. Маці Івонкі, якая таксама выкладае ў школцы матэматыку і фізіку, баіцца нялюдскай помсты і сядзіць дома, але не займаецца, як звычайна, гаспадаркай.

Я ціха размаўляю з Івонкай у яе пакойчыку. Ноч за вакном поўная пагроз і невядомасці. Раз-пораз я прыадчыняю вакно і прыслухоўваюся, але раблю гэта больш для таго, каб заспакоіць дзяўчыну. Сёння нам не да кахання: Івонка рашуча адхіляе мае намеры ў гэтым напрамку - учора яна была ў суседняй вёсцы на хаўтурах.

"Заставайся тут, я скажу пра ўсё маці, - прапаноўвае яна. - Мне страшна."

"З задавальненнем, - гавару я, - але ж мяне чакаюць у лесе. Яшчэ крыху часу, і ўсё высветліцца - вось тады мы і будзем разам".

"А ты не пакінеш мяне? Я ж нават не ведаю твайго імя..."

"Застанемся жывымі - пра ўсё даведаешся. А пакуль - нельга".

Паступова я скіроўваю нашу размову на тое, што мяне цікавіць, а мой інтарэс тычыцца забойства настаўніцы беларускай мовы: пра што гаварылі на хаўтурах? Каго падазраюць? Ад каго перадусім зыходзілі пагрозы і папярэджанні?

Урэшце пасля шматлікіх і самых розных пытанняў і адказаў у мяне выкрышталізоўваюцца тры найбольш магчымыя варыянты: першы - злачынства ўчынілі аператыўнікі з атрада НКУС, другі - тыя, хто "касіў" пад акаўцаў, трэці - нехта з прасавецкіх партызан. Я выпытваю ў дзяўчыны самыя другасныя і на першы погляд, нязначныя абставіны: хто што сказаў раней, каго тут бачылі з чужынцаў, чым хто з іх цікавіўся?

Івонка піша па памяці змест пагражальнай запіскі, якую пакінулі забойцы:

"Ня будзеце па-вашаму цвэнькаць, быдла."

Я хаваю паперку - пакажу камандзіру Яну Шэстаку. Потым я супакойваю, як магу, дзяўчыну і на досвітку зноў даю нырца ў лес.

У адмысловым аддзеле выведкі, створаным пры нашым атрадзе, мяне выслухоўваюць і раяць весці пошукі далей, бо пакуль амаль нічога не высветлілася.

Былы ардынарац Лесавіка і мой цяперашні інфарматар Толя пакідае мне ў тайніку звесткі. У лесе, прыкладна на паўдарозе паміж нашымі атрадамі, у дупле адной з бяроз, ствол якой дзіўна і быццам адметна выгнуты ў выглядзе літары "С", ён піша на пакамечаных шматках паперы алоўкам пра ўсё, на яго погляд, важнае, што чуе ў атрадзе і па-за яго межамі. У сваю чаргу я запісваю яму і пакідаю ў тайніку заданні. Цяпер мяне цікавіць, хто забіў настаўніцу.

Мне нечакана спрыяе. Толя коратка паведамляе, што выпадкова пачуў урывак з размовы кіроўцаў атраду - савецкіх "усходнікаў". Настаўніцу беларускай мовы з суседняй ад той вёскі, дзе жыве Івонка, ліквідавалі, па чутках, два выканаўцы з пракамуністычнага атрада па ўзгадненню (зрохкаліся) з іх новым камандзірам Пятровым. Я закладваю ў тайнік два дапаўняльныя пытанні: імёны выканаўцаў, і месца дыслакацыі іх атрада. Праз некалькі дзён атрымліваю адказ, але толькі на другое.

Па некаторых, знешне незаўважных прыкметах, я даведваюся неўзабаве, што камандзір Ян Шэстак са сваімі памочнікамі рыхтуюць акцыю адплаты.

Так яно, урэшце, і ёсць. Праз дзень Старшой выклікае мяне да сябе. Твар яго, з рашучым падбародкам, няголены, ён мала спіць, што адчуваецца, але вочы пранізлівыя і выяўляюць энергію і розум.

"Сядай, Сплюшка, - кажа ён прыхільна. - У мяне да цябе далікатная справа. Я б даручыў яе іншаму, але ты больш надзейны."

"Дзякуй за камплімент, Старшой, - заўважаю я, - дык што трэба зрабіць?"

"Трэба "талалай", - кажа ён.

"Талалаямі" ў нас клічуць злоўленых "языкоў" праціўніка.

"З якога, так бы мовіць, боку?" - спытаў я.

"З таго атрада, з якога "выканалі" настаўніцу са школкі. Мы тут параіліся і вырашылі, што варта адпомсціць, нават неабходна, хоць лішніх ворагаў нам не трэба: памятаеш, як нападаюць драпежнікі?"

"Памятаю", - кажу я.

"Дык вось. Пакуль нам патрэбны выканаўцы, жывыя ці мёртвыя, і плюс "талалай", якога, не буду хаваць, калі ты прывядзеш, у жывых таксама не пакінем. Але тут ужо, як кажуць, на каго з іх Бог пашле. Я б іх усіх пад страту, але потым... потым..."

"Потым" можа і не адбыцца", - сказаў я.

"Ты маеш рацыю. Можа і так".

Але тут яго быццам прарвала на кароткі час. Ён пачаў гаварыць пра канцэнтрацыйны лагер. Там, восем гадоў таму, за радамі калючага дроту, размясцілі ў былых казармах старой рускай арміі не толькі крымінальнікаў, спекулянтаў ды заможных яўрэяў, а і камуністаў і сепаратыстаў з Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, якіх падвяргалі нечуваным здзекам. Чамусьці каты рабілі акцэнт на чалавечых экскрэментах у якасці ўдзеяння. Мне расказвалі, - сціскаючы кулакі, распавядаў Ян Шэстак, - як кіраўніку АУН на Валыні Уладзіміру Робітніцкаму ломам выбілі зубы, каб накарміць калам праз шланг. Вязьняў з ліку "бульбашоў" і "бандэраўцаў" прымушалі поўзаць па дарожцы, якая была ўтворана з асколкаў шкла і цэглы, каб мяса ў іх здзіралася да касцей.

Я слухаў яго моўчкі.

"Нам трэба змагары, нават няшмат, але гатовых на ахвярапрынашэнне. А здраднікі павінны ведаць, што іх будуць знішчаць нават коштам свайго жыцця. Страх прымусіць тады апошніх не супрацьстаяць нашай ідэі".

Ён сціснуў кулакі і каўтануў камяк у горле.

"Ты гатовы?"

"Слухаюся, Старшой!" - я ўскочыў з зэдліка.

"Будзь вельмі абачлівы".

"Буду, Старшой".

"Тады ідзі. Сухую пайку на трое сутак табе выдадуць".

Ён на імгненне абняў мяне і сарамяжліва даў пляскача. І толькі як я павярнуўся і выходзіў, раптам укрыжаваў маю спіну. Але я заўважыў гэты яго рух па ценю на сцяне.

6.

"Ліпень 194... г.

Амаль суткі я кружыў ля варожага лагера. Днём адыходзіў далей і выбіраў ахвяру з тых, хто хадзіў па лесе па аднаму, але, па маіх назіраннях, а я хадзіў па пятах па чарзе за трыма, ніводзін не цягнуў на стоадсоткавага "талалая": то былі, па вопратцы, знешняму выгляду і паводзінах, звычайныя шарагоўцы. І толькі з цемнатой мне пачало шанцаваць. У "майго" языка былі выцягнутыя наперад сабачыя сківіцы, востры нос, збягаючы назад лоб з залысінамі і гонкая, драпежная постаць. Ён быў апрануты ў адносна новую форму і трымаў рэвальвер на поясе ў кабуры, з чаго я зрабіў выснову, што ён не просты "лясны брат", а нехта з камандзіраў. Урэшце, як потым высветлілася, я не памыляўся.

У цемры я асцярожна рухаўся за ім, пакуль ён не спыніўся. Як я і здагадаўся, мой "талалай" выйшаў па патрэбе. Як толькі ён загаліў азадак, я імкліва пасунуўся да яго ўсытыч і прыставіў рулю нагана да патыліцы.

"Ціха, - папярэдзіў я яго. - Інакш атрымаеш кулю". Секунду ён раздумваў, а потым прыняў адзіна правільнае рашэнне: не стаў крычаць. Вольнай рукой я выцягнуў яго рэвальвер.

"Устань і павярніся", - загадаў я.

Ён хацеў падцягнуць штаны, але я не дазволіў.

Амаль у цемры мы сустрэліся позіркамі.

"Закрычыш, - папярэдзіў я, - і ты не жылец".

"Хто ты і што хочаш?" - спытаў ён з акцэнтам.

"Не задавай пытанняў", - сказаў я.

Тут я зрабіў памылку, бо стаяў надта блізка, і ён раптоўна кінуўся на мяне і ашчаперыў, скаваўшы мае рукі са зброяй, адначасова імкнучыся паваліць на зямлю. Я ўдарыў яго галавой у міжброўе, і ён адразу абмяк на некалькі секунд. Я зваліў яго і звязаў рукі за спінай. Ён хутка апрытомнеў і падняўся на ногі.

"Пойдзеш са мной", - загадаў я, са спіны падцягнуў яму нагавіцы і зашпіліў рэмень.

Усю ноч мы ішлі. Ён так і не папрасіўся па патрэбе, цярпеў, але загаворваў не раз: усё імкнуўся выведаць, хто я, з якога атрада і якая ў мяне мэта. Называў мяне "таварыш", прапанаваў нават адкупіцца, маўляў, у яго схавана ў лесе золата, грошы. Мяркую, блефаваў, а калі і не - пляваць.

Апоўдні мы ўрэшце прыйшлі. Я здаў "талалая" ў штаб і пайшоў спаць. За яго адразу ўзяліся і ўсур'ёз: нейкі час чуліся яго крыкі, а потым усё сціхла.

Як я даведаўся назаўтра ў камандзіра Яна Шэстака, "талалай" "раскалоўся" і здаў выканаўцаў. Іх было трое, і цяпер яны ў горадзе. "У горадзе, - давёў мне камандзір Ян Шэстак, - з імі разбяруцца нашы людзі. Туды ўжо скіраваны кур'ер. А ты пакуль адпачывай".

"Талалая" к вечару адвялі як мага далей ад базы, застрэлілі і там жа закапалі ў лесе. Што ж, такі яго лёс.

* * *

Як я даведаўся, днямі немцы даслалі з гарнізона эйнзатцкаманду і на досвітку акружылі вёску, ля якой невядомыя раней падкінулі іх забітага дагэтуль жаўнера. Вясковы пастух - апантаны па мянушцы Піянер, якраз выганяў кароў на пашу і, як заўсёды, трубіў у горан. Горан, набыты ў гарадской краме, яму да вайны выдалі ў калгасе замест аплаты працадзён, чаму апантаны быў усё роўна бясконца рады, і спачатку трубіў і з патрэбай, і без, з чаго і атрымаў адпаведную мянушку.

Усіх мужчын павыганялі з хат і разам пашыхтавалі перад былым сельсаветам. Потым адлічылі кожнага чацвёртага (у іх лік, а іх набралася дзесяць, трапіў і Піянер, які нічога не разумеў) і тут жа, зачытаўшы загад, расстралялі.

І хаця вёска была не з нашай зоны апекі, камандзір Шэстак вельмі ўзрушыўся і на сходцы папрасіў па магчымасці выведаць, хто падкінуў да яе забітага немца, амаль пенсіянера, хутчэй за ўсё паштара, які ехаў па сваіх справах на веласіпедзе і не ўяўляў небяспекі.

* * *

Камандзір Ян Шэстак разам са штабістамі і ротнымі распрацоўвае вельмі адказную аперацыю па абязшкоджванні атрада Пятрова, які пасля забойства Лесавіка і захопу ўлады ўсходнімі дэсантнікамі становіцца небяспечным для ўсяго нашага рэгіёна і ўвогуле нацыянальнага руху. Адтуль ужо прыходзіў сувязны і спрабаваў агітаваць сярод нашых, але камадзір Ян Шэстак абачліва загадаў не чапаць яго і дазволіць вярнуцца назад.

* * *

Я ведаю, што адноўленая Беларуская Народная Грамада заклікае ў існуючай сітуацыі актыўна ўкараняцца і ісці на ўданую супрацу з акупантамі, каб абсадзіць людзьмі ключавыя адміністрацыйныя пазіцыі, перадусім, кіраўніцтва збройнымі сіламі, якой у той час была створаная немцамі дапамаговая мясцовая паліцыя, і гэтым ратаваць перад знішчэннем з нямецкіх рук беларускі актыў.

Таму ў горадзе ў адміністрацыі ёсць "свае" людзі, якія выдадуць адпаведныя дакументы, прыкрыюць ад пераследу.

Пры падтрымцы прыхільных да нас асоб, акрамя пасадаў у камітэтах Самапомачы, якія грамадаўцы мусілі апанаваць, яны занялі шмат месцаў у культурна-асветных установах, тэатрах, музеях, школах. Але гэта, вядома, недастаткова. Нашы сілы малыя і раскіданыя па розных накірунках, а ўціск на іх узрастае з кожным днём. З усходу дэсантуюцца ўсе новыя групы парашутыстаў, якія адразу ўкараняюцца ў лясныя атрады "бульбашоў" і калі сілай, а большай часткай хітрасцю ці каварствам навязваюць ім спачатку сваё супрацоўніцтва, а потым, цішком абезгаловіўшы камандзіраў, вядуць рэй.

У атрадзе Лесавіка, як я ведаю, пачаўся разлад. Падманутыя Пятровым "бульбашы" ўсё яшчэ чакаюць "з Масквы" свайго атамана, але большая частка з іх пакінула атрад і растварылася ў лесе і навакольных вёсках. Эмгэбісты з Усходу поўнасцю захапілі кіраўніцтва і займаюцца ў асноўным дробнымі дыверсіямі на чыгунцы і дарогах. У іх, вядома, з'явіліся актыўныя памагачы і сярод мясцовых, да таго ж апошніх штодня ледзь не прымусова вярбуюць аператыўнікі са створанага ў атрадзе асобага аддзела.

Двума з іх (мясцовымі) нядаўна забіты ўніяцкі святар. Мой інфарматар паведамляе, што спачатку два п'яных партызана ўварваліся ў царкву, дзе стралялі па іконах і нагадзілі, а затым павялі з сабой святара - айца Лявона, чалавека яшчэ зусім маладога па ўзросту, шчыра адданага, як мы ведалі, беларускай справе. У лесе яго застрэлілі, прычым адзін з вылюдкаў апрануў на сябе яго сутану і ў такім выглядзе смяшыў у атрадзе сваіх п'яных паддзельнікаў. Інфарматар паведамляе імя і прозвішчы выканаўцаў. Іх зваць ... (прозвішчы густа закрэслены аўтарам нататак, так што прачытаць немагчыма. С.П.). Мяркую, мне даручаць іх ліквідацыю.

Вярнуўся кур'ер з горада. Я даўно там не быў і таму вельмі цікаўлюся апошнімі падзеямі. Нашы людзі пачалі адсочку забойцаў маладой настаўніцы беларускай мовы. Спадзяюся, што іх дні на гэтым свеце ўжо адлічаны. Я зноў папрасіўся ў камандзіра Шэстака ў горад, каб разабрацца з імі самому, але ён не дазволіў. "Каб ты ведаў, - сказаў ён мне змрочна, - у сярэднім жыццё такога кур'ера-аператыўніка, як ты, Сплюшка, працягваецца ў нашых варунках толькі шэсць месяцаў. Ёсць вядома, выключэнні. Я хачу, каб ты быў адным з такіх, выключэнняў, і як мага долей..."

Кур'ер расказаў яшчэ, што на нашых людзей у горадзе пішуць немцам даносы, а тыя, не разабраўшыся, іншым разам хапаюць "бульбашоў" і расстрэльваюць. Але, дадае ён, адміністрацыйны аддзел Беларускае Народнае Самапомачы прымае ўжо самыя актыўныя захады, каб выправіць становішча. Да таго ж, кажа кур'ер, усё-такі немцы наладзілі работу заводаў і фабрык, а таксама школ, навучальных і культурных устаноў. Па іх загаду (немцы, хоць і ведаючы бальшавікоў, тым не менш, былі бясконца здзіўлены) ачышчана часоўня гарадскога праваслаўнага сабора, у якой пры саветах утварылі... прыбіральню (!)

(Тут у запісах правадніка Сплюшкі назіраецца адчувальны перапанык, пасля чаго яны ўзнаўляюцца. С.П.)

7.

"Жнівень 194... г.

Амаль месяц я нічога не занатоўваў у запісную кніжку. Але зусім не таму, што навокал нічога значнага не адбывалася. Наадварот. Толькі холадна, бяздумна і разважліва пісаць пра некаторыя з падзей я проста не мог, бо яны тычыліся мяне ў самай найвялікшай ступені.

Ледзь не два тыдні назад невядомыя згвалтавалі Івонку. Калі я ў чарговы раз наведаўся да яе, то адразу зразумеў, што адбылося нешта вельмі нядобрае. Івонка знаходзілася ў стане адзеравянелай дэпрэсіі, ледзь не комы, і мне спатрэбілася нямала сіл і намаганняў, каб вывесці яе з шоку, і прымусіць да размовы. Урэшце яна збольшага расказала мне, як усё здарылася.

Калі яна засталася дома адна (маці была занята ў школцы), з паўночнага боку, з лесу да хаты падышлі двое ўзброеных людзей і патрабавалі накарміць іх і даць чаго-небудзь з сабой. Як пазней высветлілася, гэта былі акружэнцы з усходніх савецкіх вайскоўцаў, цяпер звычайныя марадзёры, якія хаваліся ў лесе ад немцаў, акаўцаў, упаўцаў і "бульбашоў", спадзеючыся да апошняга не кантактаваць з імі і так пераседзець вайну, незалежна ад яе зыходу. Асноўным іх заняткам было рабаванне па вёсках. Верагодна, яны папярэдне заўсёды нейкі час назіралі за тым, што і як робіцца ў наваколлі, ці ёсць там мужчыны з самааховы, дзе слабае месца, і потым ішлі і забіралі ўсё, што маглі і хацелі на той час. У хаце Івонкі яны забралі соль, рэштку прадуктаў і дзве сярэбраныя лыжкі, на якіх былі пазначаны ініцыялы яе бацькоў.

Упершыню я адчуў, як вялікая бяда кранула, урэшце, і асабіста мяне. Нават у час арышту і будучы вязнем я не зазнаваў такой безвыходнасці, адчаю і цяжкай, каламутнай нянавісці. Я павінен быў дзейнічаць. Па-першае, я выведаў у Івонкі некаторыя іх прыкметы. Мне было важна ўсё: як яны выглядалі, у што былі апрануты, якога колеру мелі валасы, ці былі і як падстрыжаны, можа, мелі якія асаблівыя выявы, знакі і адрозненні ў паводзінах, пра што і як гаварылі - мне трэба было ведаць усё.

Адначасова я паведаміў пра сваю бяду камандзіру Яну Шэстаку - з ім я мог гаварыць, як з бацькам. Ён выслухаў мяне моўчкі. Адчувалася, што падзеі апошняга часу накладвалі на яго вялікі цяжар. Калі я закончыў свой аповед, камандзір Шэстак сказаў, што дапаможа ў вышуку, але я давёў яму, што справа тычыцца выключна мяне, і я ўсё вырашу сам. Папрасіў яго толькі адкласці даручанае мне і двум маім сябрам заданне па ліквідацыі забойцаў да таго, як спраўлюся з крыўдзіцелямі Івонкі.

"Ты адчуваеш, што нашых ворагаў большае?" - спытаў мяне раптам камандзір Шэстак.

Я згадзіўся, думаючы пра сваё, а ён заўважыў гэтую маю адхіленасць і адпусціў, нагадаўшы быць вельмі абачлівым.

"Пабудзь ля дзяўчыны, - дадаў ён, - бо яны могуць аб'явіцца там зноў. А лепш - зусім заставайся ля яе. Ты спатрэбішся нам потым".

Але я адмовіўся ад апошняга і хутка зазбіраўся, папрасіўшы толькі больш патронаў да свайго нагана і затачыў на нажным станку ў нашай невялічкай, створанай пры атрадзе, майстэрні дзве жалезныя пласціны, якія знайшоў ля вёскі і якія раней маглі быць дэталямі сеялак ці якога плуга. Справа ў тым, што я ў атрадзе ўвесь час трэніраваўся і дасягнуў неблагіх вынікаў у кіданні нажа, удасканаліў сваю "рукапашку" і стральбу з абедзвюх рук з вінтоўкі і рэвальвера. Але забойная вартасць нажа - не больш як сем метраў, а заточаная пласціна ляціць далей і літаральна праламвае цела ахвяры. Гэта мне таксама падказаў камандзір Ян Шэстак. Я злаўчыўся кідаць даволі важкія, заточаныя пласціны з абедзвюх рук паасобку і разам.

Івонка больш маўчыць, увесь час знаходзячыся ў цяжкім одуме. Я прапанаваў ёй, што прадстаўлюся яе маці і скажу, што пасля вайны мы возьмем шлюб, але яна ніяк на гэта не адрэагавала, і я не настойваў. Я ведаю, што летам тут заўсёды шмат работы. Селяніну ці ўвогуле таму, хто жыве ў вёсцы, каб выжыць, трэба назапасіць харчавання на доўгія зіму і вясну. Івонка занята ўсім гэтым, але робіць усё нібы праз сілу і механічна. Маці пра тое, што адбылося, не ведае.

Удзень я ці кружу ў лесе паблізу ад вёскі, ці ляжу, схаваўшыся, на гарышчы пуні, а ноччу зноў заняты пошукамі і выведкай. У вёску зрэдку наведваюцца немцы, бываюць і партызаны з самых розных атрадаў: усім нешта трэба. Але "маіх" пакуль няма. Я ўжо збольшага ведаю, як яны выглядаюць, у што апрануты. Час, між тым, ідзе. Урэшце я запланавана заходжу ў дзве суседнія, самыя блізкія вёскі і пытаюся ў жанчын, ці не з'яўляліся ў іх два "таварышы", апранутыя так і так, і на выгляд такія вось: я абмалёўваю ў агульных рысах іх узрост. "Так, - адказваюць мне ў адной з крайніх хат жанчыны", - былі нядаўна, пагражалі зброяй, забралі дзвюх курэй-нясушак і хлеб. "Як выглядалі тыя нясушкі? - між іншым, паспачуваўшы сялянкам, пацікавіўся я. - Якой былі масці: звычайныя, белыя ці якія іншыя?" "Рудыя", - адказалі мне, - рудыя з шэрымі пёрамі, кончыкі якіх мелі чорную афарбоўку. А грабеньчыкі, каб вылучаць сваіх, памазаны школьным чарнілам".

Карыстаючыся компасам, я па спіралі абыходжу лес вакол вёсак, часта сілкуючыся іргой, ажынай, грыбамі і рэшткамі хлеба і сала, якія яшчэ ў мяне засталіся. Я аддаю шмат энергіі, і мой арганізм патрабуе ўсё больш бялку. Не хапае солі, якая нават у горадзе, як я ведаю, каштуе вельмі дорага.

Івонка амаль увесь час зацята маўчыць. Раней яна шмат расказвала мне: пра бацькоў, пра сваё дзяцінства, пра школу і сябровак, з якімі вучылася, а зараз абмяжоўваецца некалькімі словамі пра надзённае. Часам мне вельмі шкада яе, але я ведаю, што нічым ёй цяпер не дапамагу: хіба толькі паціху час усё вылечыць. Блізкасці са мной яна мякка, але рашуча пазбягае. Мае пачуцці да яе абвастрыліся: можа я не так і моцна кахаю яе, але не задумваючыся ахвяраваў бы дзеля яе жыццём. Магчыма, ад таго, мяркую, што ў жыцці я мала ад каго бачыў дабра, а гэтая дзяўчына даверылася мне поўнасцю і безразважна і, як кажа камандзір Ян Шэстак - за зло - па справядлівасці, а за дабро - дабром.

На час адлучак я пакідаю ёй свой наган. Я паказаў ёй, як страляць.

Днямі, пры святле сонца, я пабачыў на яе галаве пасмачку сівых валасоў. Ёй - толькі семнаццаць.

8.

"Жнівень 194... г.

Завяршаючы чарговую выведку ў лесе, а мае вылазкі станавіліся ўсе больш аддаленымі па радыусу, калі браць за цэнтр кола вёску, дзе жыла Івонка, я натрапіў на след. Ён, як я вызначыў, быў больш як сутачнай даўнасці: гадзін трыццаць пяць, сорак. Гэта былі рэшткі дзвюх курэй-нясушак. Побач было месца, дзе палілі вогнішча. Пер'і сярод папаратніку, якія я старанна агледзеў, былі рудымі і шэрымі з чорнымі кончыкамі. Дзве адсечаныя курыныя галавы і косці былі старанна затаптаны ў мох. Сэрца маё забілася, калі я ўбачыў на птушыных галовах метку, пра якую казалі сялянкі: грабеньчыкі былі знарок запэцканы чарнілам. Гэта быў "мой" след.

Чытаючы па слядах на зямлі: адламаных там-сям галінках дрэў, пашкоджаным папаратніку, недакурку і абгарэлай сярнічцы, якія я знайшоў, я рухаўся ў паўночна-ўсходнім напрамку, зрэдку звяраючыся па компасу і перамаляванай у штабе камандзіра Шэстака мапе. Уяўныя сляды марадзёраў я неўзабаве згубіў, але працягваў крочыць наперад. Дзесьці там, у глыбіне лесу, павінна была знаходзіцца іх лежка, схрон, а можа, якая старожка ці леснічоўка - я быў упэўнены. Я рызыкаваў: у гэты час яны маглі якраз, размінуўшыся са мной, рухацца ў зваротным накірунку - да вёскі. І хаця ў Івонкі цяпер мой наган, я не быў упэўнены, што ў рашаючы момант яна здолее з яго страляць і, тым больш,зможа забіць чалавека.

Ноч заспела мяне ў лесе, але цемра - мой лепшы сябар і саюзнік. Я адразу адчуў, што аджыў, і пачуцці мае абвастрыліся: я, нібы індзеец з раманаў Фенімора Купера, якімі захапляўся ў дзяцінстве, асцярожна і бязгучна рухаўся ў выбраным мной напрамку.

У лесе, і тым больш ноччу, можна напароцца на звера: рысь, дзіка, лася, ваўка ці нават мядзведзя. На дрэвах хаваюцца глушцы. З наступленнем цемры ўсе кладуцца на лежку. Хіба што совы палююць. Ды я разам з імі. Але рухацца ў поўнай цемры, калі на небе няма месяца, вельмі цяжка і небяспечна: трэсне галінка пад нагой, правалішся ў яму ці трапіш у расцяжку ці капкан - і ты ўжо мішэнь для ворага. Іншая справа - калі на небе поўня, а ты асцярожна крадзешся калі не па лясной дарозе, дык хоць па сцяжынцы.

Нават у мірны час сустрэча ў лесе з незнаёмцам выклікае стрэс. У вайну падобныя сустрэчы, калі згубіш пільнасць, могуць каштаваць жыцця, бо зараз лес - зона звышнебяспекі.

На мапе, якую я вывучаў днём, а цяпер уявіў у памяці, якраз у паўночна-ўсходнім напрамку, на мяжы вялікіх балот, была пазначана закінутая леснічоўка. Я ніколі не быў у тых месцах, але спадзяваўся, што за светлавы дзень здолею яе адшукаць.

Там я хацеў адпачыць, а пасля рухацца назад, толькі выбраўшы крыху іншы напрамак. З гэтымі думкамі я замацаваў свой гамак і чуйна праспаў у ім каля дзвюх гадзін, пакуль першае святло і птушкі не абудзілі мой неглыбокі сон. Зверыўшыся па компасу, я працягваў рух наперад.

Бліжэй да ранку я ўбачыў сляды. Некалькі прыкметных, ледзь заўважных у траве і моху сцяжынак прымусілі мяне рухацца асабліва асцярожна. А незадаволеныя, амаль істэрычныя крыкі птушак, у прыватнасці сарокі, упэўнілі мяне, што дзесьці побач чужынцы.

Праз некалькі хвілін я пачуў пах раскладзенага вогнішча, і мая рука рэфлектыўна саўганулася за пазуху, але ж нагана, як я адразу ўспомніў, не было. Як мага асцярожней я пасунуўся бліжэй і пабачыў невялічкую закінутую палянку, а ў глыбіні за ёй паўразбураную леснічоўку.

Іх было двое. Я бязгучна залёг у мох і пачаў іх разглядаць праз кустоўе. Яны былі даволі рослыя і дужыя: адзін русавалосы, з кірпатым носам, другі ледзь не чарнавалосы, абодва скуластыя, з даўно неголенымі тварамі і ў бруднай савецкай вайсковай форме. На вогнішчы вісеў салдацкі кацялок, у якім нешта варылася. Дзве вінтоўкі ляжалі побач, пад рукамі - перасцерагаліся. Слабы вецер, хоць і дзьмуў у мой бок, не дазваляў нічога пачуць, а чужынцы зрэдку размаўлялі паміж сабой. "Яны", - раптам падказала мне падсвядомасць, а ў галаве ўжо праносіліся самыя розныя варыянты дзеянняў. Я адчуў нянавісць і ў той жа час палёгку: добра, што яны тут, а не ў вёсцы ці па дарозе да яе. Як мага асцярожней, я пачаў абыходзіць іх па крузе, пакуль не апынуўся на адной прамой паміж імі, леснічоўкай і мной. Ад іх да леснічоўкі было, як я імгненна прыкінуў, метраў пятнаццаць. Нябачны, я выйшаў з-за лесу і перабег да леснічоўкі, моцна рызыкуючы. У дзверы я прайсці не мог, бо адразу быў бы заўважаны, і таму пралез у акно, якое, дарэчы, было без шкла і занавешана дзяругай. Я выцягнуў нож і агледзеўся: унутры было нейкае падабенства ложкаў, адна шынэль валялася на падлозе, другая вісела на цвіку. Дзве скрыні, пэўна, замянялі зэдлікі. Замест падлогі была ўтрамбаваная зямля. Пасярэдзіне стаяў самаробны стол, на якім я ўбачыў конаўку і чорную ад копаці каструлю, з якой выторкваліся дзве лыжкі. Лыжкі! Я стаў ля стала так, каб не знаходзіцца спінай да дзвярэй, і выцягнуў іх з каструлі. На абедзвюх я адразу ўбачыў выціснутыя, пэўна, яшчэ рукой Івончынага бацькі, знаёмыя ініцыялы.

Гэта былі яны, злачынцы і крыўдзіцелі Івонкі.

Я хутка выслізнуў праз акно назад і зноў пачаў назіраць за марадзёрамі, а што гэта яны - цяпер у мяне не было ніякіх сумненняў. Са зброі ў мяне былі толькі нож і адна заточаная пласціна-сюрыкэн. Я выцягнуў яе са спецыяльна прыстасаванага скуранога мяшэчка ў кішэні і стаў чакаць.

Між тым абодва мешанцы знялі з вогнішча кацялок і панеслі ў хату. Пэўна, яны зварылі сабе нейкую поліўку з грыбоў - я адчуў характэрны пах. Зброю яны захапілі з сабой.

Я доўга чакаў лежачы. Урэшце адзін з іх - кірпаты і русавалосы - выйшаў вонкі і скіраваў у лес, амаль што да мяне. Вінтоўкі ў яго не было. Я падхапіўся з зямлі і стаў назіраць, адначасова бязгучна прасоўваючыся яму насустрач. Ён дайшоў да мяжы, дзе расло кустоўе і пачынаўся сасоннік, нагнуўся і пачаў нешта рабіць. Я імкліва апынуўся ў яго за спінай, побач, і ўбачыў, што ён адкрыў нешта накшталт крышкі люка ў вузкую яму, укленчыў і залез туды з галавой. Я пасунуўся бліжэй і ўдарыў яго тупым бокам сюрыкэна справа над лапаткай. Ён абмяк, а я выцягнуў яго, назапіхаў у рот травы і звязаў рукі за спінай. Ён адразу ачуняў і нешта замыкаў, пукацячы вочы. Я спіхнуў яго ў яму галавой уніз і, у думках перажагнуўшыся, рушыў да леснічоўкі. Калі б у гэты момант другі марадзёр з'явіўся ў дзвярах і са зброяй, у мяне не было б аніякіх шанцаў. Нават без вінтоўкі, бо ён паспеў бы забегчы ўнутр і схапіць яе. Але ён не выйшаў.

Я асцярожна зайшоў у дзверы, і тут мы сустрэліся позіркамі. На імгненне ён знерухомеў, а потым ускочыў і кінуўся да вінтовак, адна з якіх стаяла ля сцяны. Але ён спазніўся. Пласціна-сюрыкэн урэзалася яму ў спіну, вышэй да шыі, і ён, рохкнуўшы, асунуўся долу, соўгаючы ў агоніі нагамі. Я забраў вінтоўкі і перакуліў цела тварам уверх. Ён быў яшчэ жывы, але ў яго вачах я ўжо бачыў перадсмяротныя жах і пакуту.

"Гэта ты з падзельнікам згвалцілі днямі дзяўчыну ў Ружанах?" - спытаў я яго. 

Ён не разумеў, апанаваны страхам.

Я забраў у кішэню лыжкі, ускінуў на плечы зараджаныя вінтоўкі і выйшаў з леснічоўкі. Кірпаносы ўжо вылез з ямы і высільваўся, каб высвабадзіць рукі, але пабачыўшы мяне, кінуў гэтую спробу. Я нацэліў рулю яму ў галаву і свядома вытрымаў паўзу.

"Не убивай, - выдыхнуў ён па-расейску. - Я все расскажу".

"Навошта? Твой падзельнік ужо ўсё сказаў. Гэта ж ты прапанаваў яму згвалціць дзяўчыну з Ружан. Так?"

Кірпаты адмоўна закруціў галавой.

"Нет. Он врёт. Это как раз он".

Я загадаў яму легчы тварам да зямлі і звязаў рукі як мага мацней, а сам вярнуўся ў леснічоўку. Чарнявы ўжо быў мёртвы. Я выцягнуў нож і адсек яму галаву, якую вынес, трымаючы за валасы.

Пабачыўшы гэта, кірпаты пабялеў. Я спытаў у яго, што ў яме, але ён не мог адказаць, бо калаціўся ад страху. Я занырнуў туды сам і выцягнуў загорнутае ў льняную анучу сала кілаграмы на тры, яшчэ нейкія прадукты ў слоіках, але іх не стаў браць.

Потым я знайшоў мех і, кінуўшы туды галаву, павесіў яго на шыю кірпатага.

"Панясеш".

Ён з гатоўнасцю заківаў. Яго калаціла.

Мы пайшлі праз лес. Ён наперадзе, я са зброяй ззаду. З меха капала кроў і сцякала яму на жывот. Адзін раз я пачуў паблізу людзей і загадаў яму легчы і маўчаць. Некалькі чалавек са зброяй прайшлі ад нас метраў за дваццаць.

Праз колькі гадзін мы прыйшлі да базавага лагера камандзіра Яна Шэстака. Я здаў вінтоўкі і марадзёра ў атрадную разведку.

"Чаму ты не забіў яго?" - спытаў, выслухаўшы мяне, камандзір Шэстак.

"Няхай яго расстраляюць перад сялянамі тых вёсак, дзе яны гвалцілі, рабавалі, а магчыма, і забівалі", - адказаў я.

Камандзір Шэстак, падумаўшы, кіўнуў.

"Твая рацыя, Сплюшка".

9.

"Жнівень 194...г.

Днём мяне іншы раз будзяць, і я, каб не страціць фізічнай формы, дапамагаю на будаўніцтве зямлянак. Бліжэй да зімы гэтым заняты ўсе тыя, хто не на заданнях. Самая маленькая зямлянка рыхтуецца адной сям'ёй - на тры-чатыры чалавекі, а самая вялікая - на трыццаць-сорак. Часта жывуць у зямлянках па чарзе: адны спяць, другія заняты іншым. Зямлянкі будуюць двускатныя, а на кучменістай паверхні - аднаскатныя. Спачатку капаюць яму, дзірван здымаюць і паліваюць вадой, у яме замацоўваюць стаякі, сцены выкладваюць жэрдкамі, прыбіваюць цвікамі кроквы. На кроквы зноў кладуць жэрдкі, салому, потым усё засыпаюць зямлёй, а зверху кладуць раней зняты дзірван. Унутры майструюць нары, стол, печку, у столі - вентыляцыйную адтуліну. У такой зямлянцы можна ператрываць і самую марозную зіму. Чалавек у лесе ніколі не прападзе і ў холад, калі здолее распаліць вогнішча, а потым на гэтым месцы паспее выкапаць сабе і накрыць зямлянку.

* * *

Наш кур'ер з горада паведамляе, што немцы, захоўваючы ўсё ў тайне, нечакана правялі буйную акцыю па знішчэнню мірных грамадзян, большасць з якіх былі яўрэі. У атрадзе ўзрушаны гэтым паведамленнем. Камандзір Ян Шэстак кажа, што не апраўданая нічым жорсткасць увогуле вядзе да зганьбавання такога паняцця, як чалавек. У ходзе нялюдскай акцыі, дадаваў кур'ер, былі нарабаваны золата і каштоўнасці, якія, па словах нашых людзей, немцы рыхтуюць пераправіць у Германію. На думку камандзіра, гэтыя патэнцыяльныя грошы павінны застацца ў нас, каб - калі іх нават немагчыма будзе вярнуць былым уладальнікам, яны служылі будаўніцтву будучай рэспублікі.

Я не ведаю падрабязнасцей, але па шматлікіх прыкметах здагадваюся, што плануецца аперацыя па перахопу каштоўнасцей. Справа няпростая, і яе падрыхтоўка трымаецца ў вялікім сакрэце.

Урэшце, за некалькі гадзін да яе пачатку, камандзір Шэстак выклікае мяне да сябе. У яго зямлянцы ўжо сядзяць два нашы аператыўнікі. Яны прыкідваюць на сябе палявую форму салдат вермахта. Адзін камплект - для мяне. Ян Шэстак падрабязна і ў дэталях ставіць перад намі, як кажуць, "уводную". На трафейным матацыкле (нядаўна мы адбілі яго ў немцаў) мы пад'язджаем да аднаго з блокпастоў на ўездзе ў горад і там хаваем яго ў ляску, пасля чаго ўдвух - трэці застаецца пры матацыкле - абыходзім блокпост і ўваходзім у горад. Там да нас далучацца двое нашых людзей, якія дакладна паведамяць нам час руху аўтамабіля з каштоўнасцямі і золатам да чыгункі. Наша задача: перахапіць аўтамабіль, абясшкодзіць ахову і даставіць груз у лясок да матацыкліста ці хутка захаваць яго ў горадзе ў крушнях і пасля прабірацца ў лес па адным.

"Планы - адно, - кажа нам Ян Шэстак, - а рэчаіснасць - зусім іншае. Імправізуйце. Вы самыя кемлівыя ў атрадзе. І, галоўнае, не рызыкуйце дарэмна, вяртайцеся назад..."

Нас стрыгуць пакарацей, і мы пераапранаемся.

* * *

Камандзір Ян Шэстак меў рацыю.

Усё і пайшло - не па плану. У горадзе, дзе мы неўзабаве апынуліся, абмінуўшы блокпост, да нас далучыўся толькі адзін наш чалавек - невысокі мацак гадоў трыццаці ў пакамечаным картовым касцюме. Ён паведаміў, што яго напарнік ноччу быў арыштаваны па даносе і дастаўлены ў гестапа, дзе зараз, пэўна, ідзе яго допыт. "Варта спыніць акцыю", - прапанаваў ён. Але аператыўнік, які прыйшоў са мной і які, дарэчы, быў прызначаны старшым па групе - не згадзіўся. "Мы шмат рызыкавалі, - сказаў ён, - і не варта спыняцца на паўдарозе."

Урэшце мы прынялі канчатковае рашэнне. Трэба было спяшацца, бо нас проста мог спыніць патруль. "Мацак" паведаміў нам час руху і нумар машыны, у якой немцы павязуць каштоўнасці. Вырашана было спыніць яе ў абумоўленым раней месцы - там да вуліцы ўсутыч падступалі разбураныя пры бамбёжцы будынкі. Мы скіравалі туды па адным - так было больш бяспечна.

"Наша" машына - чорны "опель" з адпаведным нумарам - з'явілася нечакана. Але больш нечаканым было тое, што яе суправаджалі два аўтаматчыкі на матацыкле: адзін сядзеў наперадзе за рулём, другі збоку ад яго ў калясцы і з аўтаматам наперавес.

Я прыкінуў суадносіны сіл, жахнуўся ў думках і з пачуццём адчаю ў душы выбег на дарогу. Усё вырашалася за секунды. У маю задачу ўваходзіла ліквідаваць вадзіцеля і спыніць машыну. Але зусім нечакана, за секунду да таго, як я пачаў рухацца, прагучаў умоўны сігнал - знак адмены аперацыі: наш старшы па групе ўрэшце ўсвядоміў, што нам з нашым адным аўтаматам, дзвюма гранатамі і пісталетамі ўвязвацца ў бойку - амаль што самагубства. Але яго рашэнне і, адпаведна, сігнал былі ўжо запозненыя. Я ўскінуў руку ўгору, сігналізуючы вадзіцелю "опеля", каб спыніўся, і адначасова не выпускаючы з поля зроку аўтаматчыкаў на матацыкле. Адзін з іх - той, што сядзеў у калясцы, прыпадняўся з сядзення і зрабіў мне імклівы знак аўтаматам убок: пэўна, у іх быў загад не спыняцца. Мне нічога не заставалася, як выхапіць левай рукой з кабуры свой рэвальвер і пачаць стральбу па лабавым шкле машыны, адначасова хутка кідаючы цела ў бакі - "таньчы, каб не падстрэлілі" - казалі ў атрадзе вопытныя аператыўнікі. Адначасова з маімі стрэламі з крушняў ударыў аўтамат майго напарніка па матацыклістах. Лабавое шкло "опеля" ад маіх куль рассыпалася пырскамі, але вадзіцель застаўся ў стане самакантролю. Магчыма, я нават не зачапіў яго, і машына праслізнула далей. Паранены нямецкі аўтаматчык, які сядзеў за рулём, страшна закрычаў і рухнуў на бок, заваліўшы матацыкл. Як я паспеў заўважыць, гэта быў малады хлопец, прыкладна маіх гадоў. Другі - той, што сядзеў у калясцы, выпусціў па нас амаль увесь магазін, пасля чаго ўпаў пад колы матацыкла. "Мацак" быў забіты. Куля прабіла яму галаву. "Опель", ад'ехаўшы, затармазіў, адтуль выкуліўся яшчэ адзін аўтаматчык і пачаў па нас страляць. У дадатак метраў за сто ад нас нечакана паказаўся грузавік, поўны жаўнераў. Мы з напарнікам ледзь занырнулі ў крушні і пачалі ўцякаць. Уся аперацыя, вядома, правалілася.

Але гэта было не ўсё. Ззаду пачуўся сабачы брэх. Мы з напарнікам адразу раздзяліліся і ўцякалі ўжо па аднаму. Вядома, у нас была агульная мэта - апынуцца ў "кропцы", дзе нас чакаў атрадавец на трафейным матацыкле. Па брэху я зразумеў, што сабака быў адзін, але след ён узяў менавіта мой. Я хутка бегаю, але пагоня набліжалася. Па мне адразу пачыналі страляць, як я толькі апынаўся на адкрытай мясцовасці. Пасля ім, пэўна, загадалі ўзяць мяне жывым, бо сабаку спусцілі са шворкі. Ён імкліва дагнаў мяне: аўчарка з рудымі падпалінамі і чорнай спінай. Я паспеў здзерці з сябе кіцель, абматаць ім левае перадплечча і руку і выхапіць нож. Збіты з ног, я ўсё-такі здолеў пусціць яго ў ход: з перарэзаным горлам сабака засоўгаў нагамі ў агоніі. Я падхапіўся з зямлі і зноў пабег. Анёл-ахоўнік, пэўна, аберагаў мяне. Як толькі пачалося кустоўе, а за ім лес, я адарваўся ад пагоні.

На "кропцы" мы некалькі гадзін чакалі з горада майго напарніка, але ён не з'явіўся. К ночы мы паехалі на матацыкле назад па лясной дарозе. І тут здарылася нешта жахлівае і незразумелае. Праз некалькі кіламетраў з лесу па нас ва ўпор адкрылі агонь з вінтовак, прыняўшы, пэўна, за немцаў. Хто гэта зрабіў, з якога атрада, я так і не даведаўся. Атрадавец, які кіраваў матацыклам, сядзеў наперадзе мяне і быў адразу забіты. Яго мазгі апырскалі мне твар. Я ж здолеў скочыць у лес, за дрэвы, дзе ўжо быў у сваёй стыхіі, і так цудам уратаваўся.

Праз суткі ў атрад вярнуўся з горада аператыўнік, з якім мы, пасля сутычкі з немцамі, разбегліся ў развалінах.

"Пайшлі па шэрсць, а вярнуліся абстрыжаныя", - толькі і сказаў камандзір Ян Шэстак. Ён змрочны і прыгнечаны нашай няўдачай. Але я перажываю яшчэ больш.

* * *

У лесе пахаладала і ідуць зацяжныя дажджы.

Івонка па-ранейшаму ў стане моцнай дэпрэсіі. Да таго ж я зрабіў не зусім абачлівы ўчынак - прынёс да яе лыжкі, мяшок і вытрас з яго галаву, спытаўшы, ці пазнае яна свайго крыўдзіцеля, і дадаўшы, што другі таксама мёртвы. Яна спалатнела і страціла прытомнасць.

10.

"Кастрычнік 194... г.

Становішча ўскладняецца. У лесе з'явіліся ілжэпартызанскія атрады, якія выконваюць зусім іншыя задачы. Складзеныя ў асноўным з агентаў Цанавы, псеўдаатрады актыўна сутыкаюць ілбамі "бульбашоў" з немцамі, акаўцаў з "бульбашамі", палююць на атаманаў, з мэтай іх ліквідацыі і запалохваюць насельніцтва. Імі ўжываюцца захопы закладнікаў з ліку сваякоў тых, хто ў лесе і іх забойствы. Некалькі дэсантнікаў з аднаго з такіх атрадаў на вачах сагнанай да будынка былога сельсавета вёскі, распілілі пілой звязанага жывога "бульбаша", захопленага імі ў лесе. Іх мэта - застрашыць мясцовае насельніцтва.

Часу цяпер у мяне абмежавана, бо мы раз-пораз вядзем баі з праціўнікамі, і да нататніка я звяртаюся зрэдку і то, каб толькі занатаваць некалькі сказаў.

У лесе пахаладала, і часта ідуць зацяжныя дажджы.

Івонка па-ранейшаму ў стане моцнай дэпрэсіі. Да таго ж я зрабіў не зусім варты ўчынак - раней прынёс да яе лыжкі, мяшок і вытрахнуў з яго галаву, спытаўшы ці пазнае яна свайго крыўдзіцеля, дадаўшы, што другі таксама мёртвы. Яна спалатнела і страціла прытомнасць.

(Тут запіс невядомага аўтара надоўга перапыньваецца, і аднаўляецца, мяркуючы па даце, толькі праз некалькі месяцаў. С.П.).

* * *

Наш атрад правёў некалькі цяжкіх баёў, і мы нясём вялікія страты. Становішча ўскладняецца яшчэ і тым, што многія з нашых "бульбашоў" змушаны забраць у лес сваіх родных, бо існуе рэальная небяспека, што іх возьмуць у заложнікі. І хоць мы вылічылі амаль усіх марадзёраў, у вёсках пазаставаліся жаўнеры-акружэнцы, якія не падаліся са сваімі палітрукамі на ўсход, а папрыставалі за работнікаў да сялянскіх сем'яў. Немцы дазвалялі гэта і нават адпускалі ваеннапалонных з лагераў, калі прыязджаў селянін і прасіў работніка. Але дэсантнікі і агенты Цанавы выдалі загад усім "прымакам" з'явіцца ў лес пад пагрозай расстрэлу як дэзерціраў. Немцы, даведаўшыся пра гэта ад сваіх агентаў, загадалі ўсім палонным, хто яшчэ не пайшоў у лес, з'явіцца на зборныя пункты. Хто ўцалеў - пайшоў у лес сам.

* * *

"Кастрычнік 194... г.

Пакончыла самагубствам Івонка. У нашым тайніку на сасне я знайшоў ад яе развітальны запіс. Як аказалася, яна зацяжарыла ад тых марадзёраў і вырашыла падвесці пад сваім жыццём апошнюю рысу.

Я прашуся ў самыя розныя акцыі і паранены ў плячо. Камандзіра Яна Шэстака імкнуліся атруціць, але ён праз тыдзень ачуняў: здаровы арганізм неяк вытрымаў. Я ўвесь час быў побач з ім. Выведка вылічвае, хто мог прынесці ў атрад атруту, і ці ёсць у нас "крот", або завербаваныя агенты Цанавы.

Прыводжу адну, на мой погляд, важную размову з камандзірам Янам.

"Адыходзь у горад, Сплюшка, - сказаў ён мне. - Табе нашы людзі зробяць дакументы. Нам патрэбны там правераны чалавек."

"Не, Старшой, - адказаў я. - Буду побач з табой".

"Ты можаш загінуць выпадкова".

"На тое і вайна".

"Такія, як ты, магчыма, спатрэбяцца потым, як яна скончыцца", - ціснуў ён.

"А як яна, на тваю думку, скончыцца, Старшой?" - спытаў я.

"Немцы і іх нешматлікія саюзнікі змагаюцца амаль з усім астатнім светам. Рабі сам высновы".

"І што тады будзе з намі?"

"У нас было мала шанцаў. Пасля таго як скончыцца вайна - не застанецца амаль ніводнага. Хіба цуд нам дапаможа".

"Але ж і літоўцы і ўкраінцы побач таксама амаль у такім жа становішчы, як і мы".

"Такім, ды не зусім".

"Дык што?"

"Мы памром. Але не ўсе. Маладыя, як ты, павінны уцалець. Вы будзеце, калі застанецеся тут, жыць у страшным свеце, але надзея, хоць і малая, толькі на вас".

"Ты падводзіш мяне да нечага важнага. Хіба не так, Старшой?"

"Ты кемлівы, Сплюшка. Але гэтае важнае тычыцца толькі мяне. Я магу загінуць, бо на мяне палююць. Цяпер слухай уважліва: у мяне ў лесе, тут недалёка, ёсць асабістая схованка. Яе знайсці... (Я прапускаю падрабязнасці). Там ты знойдзеш гарадскі адрас маёй каханкі, жанчыны, якая гадуе нашага з ёй сына. Запомні адрас, а паперку адразу знішчы. Ніхто не павінен ведаць, што яны неяк звязаны са мной. Ты яшчэ знойдзеш там крыху золата. Палову яго аддасі маім родным, другую забярэш сабе".

"Мне не трэба", - пачаў я аднеквацца даволі рашуча.

"Гэта загад, Сплюшка, - коратка адрэзаў ён. - Не трэба табе - спатрэбіцца іншым. Наш рух павінен жыць".

"Слухаю", - толькі і сказаў я.

* * *

"Лістапад 194... г.

Я - у горадзе. Нашы людзі забяспечылі мяне дакументамі і ўладкавалі на часовую працу. У невялікай кацельні, якая размешчана ў падвальным памяшканні, я падтрымліваю тэмпературны рэжым і сачу, каб у тэрмін забяспечылі палівам. Падмарожвае, і ў паветры я часам бачу снег. Як рэпрэсіраваны бальшавікамі, я мог бы заняць якую пасаду, але мне трэба быць незаўважным.

Са зброяй хадзіць па вуліцы небяспечна, і таму мой наган большую частку сутак ляжыць у схованцы, а я нашу з сабой у кішэнях нож і два сюрыкэны. У апошніх мала хто прызнае зброю, а між тым, як я ўпэўніўся, гэтая рэч вельмі эфектыўная.

Як мне тут паведамілі, два з трох забойцаў маладой настаўніцы з беларускай школы ліквідаваны, трэці, адчуўшы пагрозу жыццю, зноў сышоў у лес.

Рана цямнее, і ўвогуле рухацца па гораду без зброі небяспечна, а са зброяй, я маю на ўвазе мой наган, таксама. Можа затрымаць нямецкі патруль, а ў гестапа адразу прыгледзеліся б больш уважліва і да маіх ліпавых дакументаў, і да мяне самога, хаця немцы часам скрозь пальцы глядзяць на барацьбу "бульбашоў"-нацыяналістаў з пракамуністычным польскім і савецкім партызанскімі рухамі - амаль усе іх намаганні зараз скіраваныя на Усход, дзе бальшавікі кідаюць у топку вайны усё новыя і новыя дывізіі.

Урэшце я толькі праваднік Сплюшка - вось і ўсё. Я вырашаю свае маленькія задачы, і адна з іх, як кажа камандзір Ян Шэстак, - уцалець як мага даўжэй, хаця да апошняга я амаль што раўнадушны: думаю, у маладосці людзі, бадай, не так непакояцца за сваё жыццё, як у сталым веку.

Магчыма, я б з задавальненнем уліўся ў нацыянальны рух моладзі, які мае дзіўны росквіт менавіта зараз, пасля прыходу немцаў, але ў мяне зусім іншыя мэты і задачы. Я - чалавек ценю, і такім павінен заставацца і далей.

(На гэтым запісе заканчваецца першая частка нататак правадніка Сплюшкі. - С.П.).

II. Зялёнае пекла

Запісная кніжка, 195... год

11.

"Верасень 195... г.

Я не вялікі прыхільнік эпісталярнага жанру, мне бракуе часу, да таго ж я не толькі не сантыментальны, а можа нават жорсткі чалавек, але нейкая ўнутраная патрэба змушае мяне зноў узяцца за пяро. Магчыма, асноўнай прычынай гэтаму ёсць настальгія, бо няма таго дня, каб мне хоць на секунду не ўспомнілася мая няшчасная радзіма, тым больш, што я цяпер так далёка ад яе.

Урэшце, прайшло амаль дзесяць год.

Коратка пра тое, што адбылося за гэты час. На піку мінулай вайны наш рух адчуў на сабе ўсё больш адчувальныя ўдары з усіх трох бакоў: я маю на ўвазе асобную плынь сярод гітлераўскіх акупантаў, усходніх бальшавікоў, а таксама польскіх праціўнікаў нашага нацыянальнага адраджэння, якія з насякомай тупагаловасцю і зласлівасцю лічылі тэрыторыю маёй краіны ўсяго толькі "ўсходнімі крэсамі".

Якраз у гэты час забілі камандзіра Яна Шэстака, Бяда здарылася ўзімку, праз некалькі месяцаў ад няўдалай спробы яго атруціць. Ён быў заманены ў пастку ўсходнымі дэсантнікамі. Гэтага б не здарылася, каб не здрада яго паручэнца. Сям'ю апошняга, уключаючы двух непаўналетніх дзяцей, захапілі закладнікамі, пасля чаго на яго быў аказаны адпаведны ўціск. Камандзір Ян Шэстак дорага аддаў сваё жыццё: па чутках, пляцоўка перад лясной старажоўкай, куды ён прыйшоў на перамовы, і ўсё ўнутры яе былі залітыя крывёю. Жывым яго не ўзялі.

Пасля гэтага, выконваючы яго папярэдні загад, я ўвесну знайшоў і раскапаў схованку ў лесе, пра якую ён мне гаварыў і забраў усё, што там было, каб аддаць яго сям'і. Пра яе, дарэчы, ніхто нічога не ведаў. Сабе я пакінуў зусім крыху. Гэта было золата ў выглядзе некалькіх царскіх манет, адбітае ім у немцаў напачатку вайны.

Увесну я ўступіў у шэрагі Беларускае Краевае Абароны, камандаваў узводам, потым ротай. К гэтаму часу тысячы людзей з гарадоў і вёсак, здымаючыся са сваіх месцаў, пакідалі краіну назаўсёды, бо ведалі, што з надыходам бальшавікоў іх жыццё не будзе вартым і пляўка.

Разам з імі я адыходзіў на захад."

"Пачатак кастрычніка 195...г."

Старонкі працягу сваіх сціплых і невялікіх па памеру нататак (бо імкнуся занатоўваць самае істотнае) я запісваю пасля свайго не зусім звычайнага вызвалення з палону. Вызваліў мяне і па сутнасці выратаваў ад смяротнай і ганебнай небяспекі, за што я абавязаны яму на ўсё астатняе жыццё (хаця ў цяперашніх варунках яно можа абарвацца ў любы час), французскі антраполаг і этнограф Жак Дэліз. Адразу звяртаю ўвагу на тое, што яго імя я называю поўнасцю і сапраўднае. Ён неўзабаве назаўсёды пакідае Афрыку, і таму гэта яму, як ён лічыць, ужо не важна.

Якраз ён мяне і папярэдзіў: бо для яго ананімнасць тлумачыцца агульнавядомым у тропіках сярод мясцовых плямён фактарам: неабдумана абвясціць сваё імя - раўназначна "рускай рулетцы" - калі-небудзь яна спрацуе, бо няма для любога абарыгена з любога з мясцовых плямёнаў Экватарыяльнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Афрыкі больш заманлівага і прывабнага, чым наяўнасць у сваёй хіжыне адпаведна апрацаванага чэрапа чалавека, імя якога яму вядомае. Лічыцца, што ману - жыццёвая сіла з кушы - інкруставанага чэрапа - пераходзіць разам з імем у яго ўладальніка пасля таго як усе прыдатныя да яды часткі цела выкарыстаны. Адсюль вынікае і ўся жахлівасць небяспекі, пра якую я згадаў у пачатку аповеду: у рэшце рэшт, як кажуць, не дай Бог каму-небудзь (а такіх, мяркую, дарэчы, было процьма) зведаць незайздросны лёс - правандраваўшы па страўніку і кішках якога канібала, выкінуцца з яго ў выглядзе дзярма. Таму на ўсім працягу гэтых нататак не шукайце майго сапраўднага імя, я нідзе яго не ўжыву.

Збольшага я растлумачыў Жаку Дэлізу, што я не рускі, як ён мяркуе, і што нарадзіўся я ў адным з гарадоў Усходняй Еўропы, у Літве, ці, як пазней сталі называць гэтую частку тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага - у Беларусі. Не назваў я яму адразу і прычын, якія змусілі мяне пакінуць сваю радзіму (дарэчы, такіх мігрантаў, як я, з майго роднага кута ў розныя часы, тлумачыў я, было мноства), да таго ж усіх прычын назваць проста немагчыма, бо некаторыя тычацца толькі асабіста мяне. Калі коратка, сказаў я яму, то, апынуўшыся па-за межамі Беларусі, я паступова рухаўся на Захад, уладкоўваючыся то там, то сям рознарабочым, жыў і вучыўся ў Францыі, але скончыліся грошы, пакуль пасля розных прыгод і цяжкасцей не дасягнуў Гамбурга, дзе наняўся матросам на сухагруз, каб крыху зарабіць. Праплаваўшы нейкі час па Паўночным моры, я набыў неабходныя навыкі і неўзабаве, змяніўшы некалькі каманд і караблёў, у плаваннях усё далей рухаўся ў паўднёвым напрамку, праз Біскайскую затоку і ў Атлантыку, даплыўшы ў адным з рэйсаў аж да Танжэру. Там я пакінуў карабель і некаторы час знаходзіўся ў Каралеўстве Марока, адкуль восеньскім ранкам у саставе новай каманды адплыў да Заходняй Афрыкі ў напрамку Гвінейскай затокі аж да басейна Луалабы. Мэтай нашай экспедыцыі былі рознабаковыя гандлёвыя пагадненні і даследчая работа ў вытоках вялікай ракі і абапал. Якраз заканчваўся сезон дажджоў, і ў гэтай частцы кантынента звыкла ўтваралася штогадовае "зялёнае пекла": неймаверна разбухлыя трапічныя джунглі, якія пераходзілі ў гіганцкія балоты, паяднаўшы паміж сабой большую частку малых і вялікіх рэк. Усіх нас (а экіпаж парахода, акрамя туземцаў, якіх наймалі на кароткі час, складаўся з некалькіх белых) трэсла ліхаманка, з-за вялікай вільготнасці і шкодных выпарэнняў любая драпіна на целе адразу загнівала, а працы, між тым, большала з кожнай гадзінай, бо многія з нас, матросаў, раз-пораз падоўгу валяліся ў цесных каютах, пакутуючы ад хвароб.

Другаснай нашай экспедыцыйнай мэтай было набыццё праз гандаль з мясцовымі абарыгенамі слановых біўняў, якія на еўрапейскім кантыненце ўсё яшчэ каштавалі вялікіх грошай, а тут іншым разам проста валяліся ў джунглях ля сцяжын, па якіх звычайна гіганцкія жывёліны рухаліся ў месцы папасу і на вадапой. Карабель наш быў стары, дно там-сям дало слабую цечу, і ў труме раз-пораз пакрысе набіралася вада, якую ўвесь час трэба было адпампоўваць. З-за вялікай вільготнасці ўсім нам даводзілася спаць на сырых ложках. Па меры таго, як мы прасоўваліся ў глыбіню кантынента, мы за невялікую плату наймалі праваднікоў ці, па-нашаму, лоцманаў. Звычайна гэта былі, як і амаль усе мясцовыя дзікуны, асобы жорсткія, хітрыя і каварныя, за якімі ўвесь час патрабавалася пільнае вока. Усе мы былі папярэджаны пра гэта з часоў Лівінгстона[2] і прайшло больш як паўстагоддзя і цяпер ідзе ўжо дваццатае стагоддзе, але змянілася няшмат.

Афрыка - кантынент вялікіх кантрастаў, дзе можна сустрэць шмат астравоў першабытнага ладу, дзе не ведаюць кола, кіруюць ведзьмакі і шаманы і пануе палігамія і канібалізм. Усё насельніцтва было размежавана па племянных прыкметах, а плямёны варагавалі між сабой. Як жанчыны, так і мужчыны, што трапляліся нам насустрач, ахвотна абменьваліся з намі каштоўнасцямі, якія мелі выгоду для абодвух бакоў. Амаль усе афрыканцы мелі ўнутраны покліч да ўсялякіх аздоб: на пальцах - пярсцёнкі і кольцы, на шыі, руках і шчыкалатках - бранзалеты з латуні, медзі і жалеза. Жанчыны часта праціналі верхнюю губу, устаўляючы ў адтуліну пелеле - вялізнае кольца са слановай косці, якое перашкаджала ім не толькі есці, а і размаўляць. Але першае, на што нам настойліва ўказвалі звяртаць увагу - гэта на заточаныя разцы і ўвогуле на зубы, што з'яўлялася асноўнай прыкметай канібалізму, на што непасрэдна звярталі ўвагу яшчэ антраполагі XIX стагоддзя, якія даследавалі басейн Луалабы. Там, дзе існуюць "востразубыя", нідзе паблізу не ўдавалася выявіць хоць бы адну магілу - яшчэ адзін красамоўны і злавесны доказ паядання сабе падобных. Але тое, што высветлілася пазней, было нашмат складаней за самыя неверагодныя аповеды.

Некаторыя з плямён не ўступалі з намі ні ў які кантакт. Толькі дзе б мы ні рухаліся, трымаючы напагатове карабіны, яны ўвесь час сачылі за намі. Нават калі мы не назіралі іх візуальна, іх нябачная прысутнасць адчувалася паўсюдна.

У хуткім часе мы змушаны былі пакінуць пад аховай часткі экіпажа наш параход, а самі, наняўшы насільшчыкаў з валамі, працягвалі рух у глыбіню кантынента з мэтай геаграфічнага і этналагічнага даследавання. Сезон дажджоў закончыўся, і ўсё ў джунглях імкліва расло і расплоджвалася, прагна паглынаючы вільгаць. Неўзабаве стала менш балот, і мы рухаліся далей, набываючы па дарозе і складуючы ў тайныя схованкі слановыя біўні, якіх, дарэчы, набывалі не так і шмат, бо да нас тут ужо, пэўна, пабывалі паляўнічыя за рабамі пачатку стагоддзя, усялякія гандляры і рызыкоўныя авантурысты.

Як я ўжо адзначыў вышэй, у апошнія дні абарыгены з намі ў кантакт не ўступалі. Таму, спыніўшыся на ноч і распаліўшы вогнішча, мы, параіўшыся, вырашылі паварочваць назад. Заўважылі мы і трывогу сярод нашых насільшчыкаў-праваднікоў, якія ўпраўляліся з валамі: з імі рабілася нешта для нас незразумелае - яны ўсё больш нечага баяліся.

"Што здарылася, Урабве?" - спытаў я нашага галоўнага правадніка і талмача, які збольшага ведаў некалькі дыялектаў з ужытку мясцовых плямён.

"Гэта тэрыторыя асматаў, - адказаў ён. - Яны дрэнныя людзі, і мы баімся".

"Чым яны дрэнныя?" - пацікавіўся я

Урабве маўчаў ці пачынаў аднеквацца.

Назаўтра прадстаўнікі асматаў уступілі з намі ў кантакт. Іх было трое, узброеных лукамі, стрэламі, якія трымалі за спінай, але ў руках сціскалі вінтоўкі. Гэта былі лёгкія магазінныя англійскія вінтоўкі "Лі-Энфілд". Я заўважыў, што асматы былі высакарослыя, на галаву вышэйшыя за нашых насільшчыкаў і мелі вельмі цяжкі і змрочны выгляд. 

Урабве нейкі час размаўляў з імі, дапамагаючы жэстыкуляцыяй, а потым асматы раптоўна зніклі.

"Што яны хочуць?" - адразу запыталіся мы.

Урабве яўна было не па сабе.

"Яны хочуць, каб кожны з белых назваў ім сваё імя. Яшчэ яны хочуць ведаць, ці працавалі мы на акіянскім узбярэжжы альбо плавалі матросамі на караблях".

"Навошта ім гэта"?

"Такія людзі, мы думаем, прасолены наскрозь, а для асматаў гэта ўсё роўна як цукар, - патлумачыў, хаваючы вочы, спахмурнелы Урабве. - Яны так і кажуць - салодкія людзі. За кожнага такога яны, з іх слоў, не пашкадуюць аддаць адну, а за белага - дзвюх жанчын".

"Ці не хочаш ты сказаць, што яны збіраюцца выкарастаць нас замест ежы?" - спытаў я.

"Менавіта так, сэр. Мы схіляемся да такой думкі. Я ж казаў - яны дрэнныя людзі".

Уноч асматы ў вялікай колькасці напалі на нас. З вінтовак не стралялі, а абсыпалі атручанымі стрэламі. Атрута, якой былі змазаны наканечнікі, не забівала, але аказвала ўздзеянне, як вельмі моцнае снатворнае. З белых быццам я адзін застаўся жывы, а лёс астатніх мне невядомы.

12.

"Кастрычнік 195...г."

Нявольніцкія рынкі, пра якія раней паведамляў антраполаг і этнограф Герберт Уорд, аказваецца, існуюць і да гэтага часу. Менавіта цяпер, калі большая частка Зямлі была ахоплена сусветнай вайной, а зараз - аднаўленнем эканамічных адносін, тут, у аддаленых закутках, пэўна, адбыўся сапраўдны рэнесанс першабытнага ладу жыцця. Дарэмныя былі шматлікія місіянеры і спробы навязаць дзікунам хрысціянства.

Пра гэта я раздумваў, седзячы са звязанымі рукамі і нагамі на складзе "жывога тавару" - інакш утаптаную пляцоўку на зямлі назваць было нельга. Дзесяткі рабоў абодвух полаў, нават маці з немаўлятамі на руках, чакалі тут вырашэння свайго лёсу. Большасць з іх, пераважна мужчын, будзе з'едзена. Жанчыны, асабліва маладзейшыя, могуць быць выкуплены ў палон для сельгасработ альбо ў сексуальных мэтах. Часам некаторых з іх, нібы манекеншчыц і манекеншчыкаў, вадзілі перад "купцамі", якія, цмокаючы языкамі, асобымі знакамі мецілі тыя кавалкі ці часткі цела, якія хацелі б купіць паасобна, у адзіночку, альбо з кім-небудзь склаўшыся, калі не хапала грошай. Ахвяры з неверагоднай для белага чалавека пакорлівасцю прымалі свой лёс.

Было невыносна горача, жамяра раскашавала па мне і выядала вочы. Нянавісць да лупавокіх аматараў чалавечыны межавала ўва мне з адчаем. Я хацеў толькі аднаго: каб зберагчы хоць частку сіл, і, калі мяне ўрэшце развяжуць, дорага прадаць сваё жыццё. Толькі потым, пасля тлумачэння Жака Дэліза, я зразумеў, чаму мяне не адправілі адразу на пожаг да іх правадыра: я не адкрыў ім сваё імя, хаця па некалькі разоў за гадзіну яны падыходзілі і праз мясцовага талмача пыталіся ў мяне, ці ўспомніў я яго. Пэўна, яны вырашылі, што я забыўся на яго ад атруты і павінен абавязкова ўспомніць, і тады кушы - мой чэрап - набудзе яшчэ і ману - жыццёвую сілу ў гаршку ў хіжыне якога-небудзь іх военачальніка.

Дык вось: лёс мой быў бы прадвызначаны, каб нешматлікая экспедыцыя Жака Дэліза, што якраз трымала шлях праз тыя месцы і абсалютна выпадкова сутыкнулася з такой экзатычнай на цяперашні час з'явай, як нявольніцкі рынак. Хаця кіраўніку і ўдзельнікам экспедыцыі, бадай, гэта было не ў навіну.

Дэліз, вядома, не мог адбіць мяне з дапамогай сілы ці зброі, ён увогуле не ўмешваўся ў справы мясцовых плямён - інакш ён не здолеў бы працягваць свой шлях, і таму ён зрабіў адзінае, што мог - выкупіў такога ж белагу, як і сам, толькі трапіўшага ў бяду".

* * *

"Кастрычнік 195... г."

Я крыху ведаю французскую мову, і мы з Жакам Дэлізам збольшага паразумеліся. Я буду суправаджаць яго ў непрацяглай экспедыцыі ў якасці памочніка. Ён тыповы навуковец, якога мала цікавяць падзеі, не звязаныя з яго навуковымі інтарэсамі, тым не менш я растлумачыў яму, што быў вымушаны пакінуць сваю радзіму ў вялікай бядзе, і не па сваёй волі, і што калі б я там застаўся, то быў бы выкрыты карнымі органамі і знішчаны. Дэліз вяла пацікавіўся прычынай такога антаганізму паміж мной і ўладамі, і я коратка давёў яму, што прымаў удзел у нацыянальным руху, які ставіў мэтай незалежнасць сваёй краіны, а напрыканцы вайны, у лютым 1944 года, уступіў у рады Краёвай Абароны і з баямі адступаў на захад. Думаю, мае тлумачэнні яго супакоілі.

"Што гэта - так цяжка цяпер набыць незалежнасць? - пацікавіўся ён. - Там, у вас на радзіме? І хто такія партызаны, пра якіх ты гаворыш?"

"Гэта сілы нашага супраціву, - адказаў я. - Нешта накшталт вашых макі".

"А-а, макі!" - зразумеў ён.

"Вакол нас нацыі, якія хочуць трымаць нас у прыгоне, - дадаў я. - Яны намнога больш колькасныя і моцныя, а мы - маленькі народ".

Ён моўчкі кіўнуў. Тлумачэнні задаволілі яго.

Гэтая экспедыцыя прыносіць усім, нам асабліва, цяжкія фізічныя пакуты. Я лічу, што ўвогуле не варта пра такое пісаць, але, урэшце, змушаны, бо шмат прыкрых з'яў аднімаюць у мяне, і не толькі ў мяне, а і ў маіх спадарожнікаў многа часу, нерваў і сілы. Адна з іх - шматлікія паразіты, якія назаляюць нам усім, але асабліва белым. Дзесяць гадоў назад, калі я знаходзіўся ў лесе - там, на радзіме, ва ўсіх нас заводзіліся вошы, і не столькі ад бруду, неахайнасці ці немагчымасці трымаць чысціню і парадак і аддаваць належнае патрабаванням гігіены, колькі ад вялікага нервовага напружання. Тыдзень праходзіш чысты, а потым зноў адчуваеш іх прысутнасць, што само па сабе ўжо ўганяе ў стрэс.

Тут жа насякомыя адкладаюць свае лічынкі пад скуру, і праз нейкі час пачынаецца моцны сверб, а на месцах укусаў укараняюцца невялікія, але надзвычай жыццяздольныя чарвякі. Медыкаменты і мазі спачатку быццам дапамагаюць, але потым усё аднаўляецца. Урэшце, мы лечымся па рэцэпту чарнаскурых: прыкладваем да хворага месца, дзе завёўся паразіт, полую трубку-дудачку са сцябла расліны, назву якой я запамятаваў, і, нібы вакуумам, пачынаем высмоктваць чарвяка, а потым выплёўваем пад ногі. Са спіны і тых месц, да якіх не можаш дацягнуцца сам, гэта дапамагаюць нам рабіць нашы насільшчыкі.

Нас акружаюць джунглі - трапічны лес. На працягу каля пяці тысяч кіламетраў ад Уганды цягнецца шырокі зялёны пояс - зона антрапалагічнай і біялагічнай недаступнасці. Густыя вершаліны гіганцкіх дрэў амаль не прапускаюць сонечнага святла. Іх карані - нібы водаправоды, якія перапампоўваюць у сябе тысячы тысяч кубаметраў вільгаці. Ствалы большасці дрэў абсаджаны калючкамі - своеасаблівая мера перасцярогі. Каб іх не з'елі, расліны абараняюць сябе і мурашамі. Дождж, хаця і больш рэдкі, яшчэ ідзе амаль штодня, і зялёнае сэрца Афрыкі нібы пульсуе. З неба на нас часам падаюць вялізныя плады амфалакарпума - амаль па два кілаграмы пажыўнага мякішу, які злёгку пахне нашым часнаком. Сланы іх паядаюць, папярэдне раскалоўшы біўнямі. Фігавыя дрэвы пладаносяць круглы год, і імі актыўна харчуюцца шматлікія малпы, у асноўным шымпанзе. З птушак мы сустракаем бананаеда і самага балбатлівага з папугаяў - жако.

Тропікі кішаць змеямі. Мурыны заўважаюць іх хутчэй за еўрапейцаў і папярэджваюць нас. Асабліва небяспечная для ўсіх нас чорная мамба - адна з самых хуткіх і атрутных рэптылій у свеце. Яе рухавая хуткасць можа дасягаць дваццаці кіламетраў у гадзіну, і ад яе не выратуешся, нават калі бегчы з усёй сілы. Дэліз кажа мне, што калі б гэтая змяя была такой жа зласлівай і агрэсіўнай, як аўстралійскі таман, які ў лютасці можа гнацца за патрывожыўшым яго чалавекам да кіламетра, то мы наўрад ці дасягнулі б сваёй мэты. Таму як толькі мы бачым на сваім шляху чарговую змяю, адразу забіваем яе: звычайна сячэм доўгім нажом, які ўжываюць туземцы.

У ходзе нашага руху наперад мы сутыкаемся з самымі рознымі плямёнамі. Усе яны, нягледзячы на даходзячыя да іх парасткі цывілізацыі, зноў вярнуліся да сваіх старажытных звычак, і асноўнай з іх - антрапафагіі. Канібалы арганізуюць нечаканыя набегі на пасёлкі, раскіданыя па берагах рэк, палоняць жыхароў і ператвараюць іх у рабоў. Палонных кормяць на ўбой, як жывёлу, пасля чаго забіваюць, расчляняюць трупы і прадаюць мяса на вагу. Калі рынак перанасычаны, то частку мяса пакідаюць, вэндзяць над агнём ці закопваюць на глыбіню штыка рыдлёўкі каля невялічкага вогнішча. Пасля такой апрацоўкі мяса можна захоўваць на працягу некалькіх тыдняў. Пакупнік звычайна купляў асобна нагу, руку, галаву ці іншую частку цела, сек на кавалкі і карміўся сам і даваў сваякам.

Жак Дэліз паведаміў мне шмат з таго, што ведаў: напрыклад, абарыгены племені ганавуры здзіралі мяса з цел сваіх ворагаў, але пакідалі вантробы і косці. З кавалкамі чалавечыны на піках яны вярталіся дамоў і перадавалі здабычу жрацам. Самы знатны атрымліваў плоць, садраную з галавы. Ганавуры елі мёртвых ворагаў, але наўмысна не забівалі жанчын. Суседняе ж племя атака аддавала перавагу жаночай плоці. "Самае непрыемнае, - сцвярджаў Дэліз, - трапіць калі-небудзь на вочы ці ў іх вёскі ці ўвогуле сутыкнуцца з племенем калеры. Гэтыя імкнуцца з'есці як мага больш трупаў. Яны настолькі крыважэрныя, што забіваюць і адразу з'ядаюць любога чужынца, як белага так і чорнага, калі той раптам з'явіцца на іх тэрыторыі".

Я даведаўся ад яго таксама, што канібалы з племені горгум варылі галовы забітых асобна, і есці іх маглі толькі тыя, хто іх забіваў, ці старэйшыны. Асаблівымі прысмакамі лічыліся мазгі і плоць з галоў, а цела аддавалі астатнім супляменнікам: жанчынам і дзецям. У гэтым племені елі і вантробы нябожчыкаў, мылі іх і чысцілі попелам. Затое канібалы з племені сура не дазвалялі сваім жанчынам есці мяса забітых, а скармлівалі яго хлопцам і юнакам.

Племя анга не ўжывала мяса хлопцаў і юнакоў, а таксама старых, тлумачачы гэта тым, што ў занадта маладых і старых не хапае лепшых якасцей: сілы і адвагі. Абарыгены племені часта забівалі і елі супляменніц, якія дапускалі пралюбадзейства, а таксама сваіх вясковых злачынцаў. Дэліз паведаміў мне, што, на думку абарыгенаў, яны ядуць чалавечае мяса таму, што яно асабліва сакавітае, а самай вялікай прысмакай лічацца далоні, пальцы рук і ног, а ў жанчын - іх грудзі. Асаблівай жорсткасцю пры гэтым вызначаліся людаеды племені бафумбанса, бо перад смерцю катавалі сваіх палонных. Яны кіпяцілі пальмавы алей і з дапамогай гарбуза, які выкарыстоўваўся ў якасці клізмы, вылівалі вар ці праз горла ахвяры ў страўнік, ці праз задні праход у кішэчнік. На іх думку, пасля такой папярэдняй працэдуры мяса вязняў станавілася больш сакавітым і мяккім. Целы памерлых яшчэ доўгі час ляжалі, пакуль не прапітваліся алеем наскрозь, пасля чаго іх расчлянялі і прагна паядалі.

"Урэшце, - дадаў Дэліз, - неўзабаве мы дасягнем тэрыторыі племені бамбала. Па маіх даных, яны таксама вялікія аматары чалавечыны. Хіба што самі пабачыце".

"Мяне цяжка здзівіць жорсткасцю, - адказаў я яму, - бо я ж прайшоў вайну, хаця і ў цывілізаванай Еўропе. Але і там і перад ёй, і цяпер пасля яе здараліся і бываюць голадаморы, у час якіх людзі апускаюцца да антрапафагіі".

"Вось як? - з сумневам спытаў Дэліз. - Але ж у гэта цяжка паверыць".

"Успомніце, калі вы чулі, пра блакадаабложныя гарады, - давёў я яму. - Як толькі блакада сканчалася, туды рушылі сваякі пацярпелых і пачалі помсціць за свае сем'і - забівалі на месцы тых, хто краў дзяцей ці старых і ўжываў іх у якасці ежы. Да таго ж адзначаецца і такая з'ява, як гарманальная залежнасць. Хто звыкся з чалавечынай, той заўсёды аддасць ёй перавагу".

Раптам Дэліз нават ажывіўся.

"Вы нагадалі і трапілі ў самую сутнасць, калі загаварылі пра гармоны, - сказаў ён. - Вы, пэўна, ведаеце, што гэтыя біялагічна актыўныя рэчывы часткова раскладаюцца як чужародныя ў тым выпадку, калі мы, еўрапейцы, ужываем іх, забіваючы і паядаючы жывёл, але пры антрапафагіі засвойваюцца арганізмам адразу, напрамую. Вось чаму канібалы, у арганізм якіх да таго ж паступае шмат натуральных андрагенаў, вышэйшыя ростам і больш агрэсіўныя. Не выключана, - адзначыў Дэліз, пакратаўшы лоб і выцершы яго бруднай насоўкай, - што гэтая якасць ужо закладзена ў іх генах і замацавана шматлікімі пакаленнямі".

"І ўвогуле, па-мойму, чалавек усюды аднолькавы", - дадаў я.

"Вы, канечне, чулі пра Персі Фосета?"[3] - раптам спытаў мяне Жак Дэліз.

"Так, - сказаў я. - Я чытаў яго дзённікі і вельмі ўражаны тым, што ён здзейсніў. Ён - мой ідэал".

"Дык вось, ён, абмяркоўваючы канібалізм, не асуджае яго. Маўляў, калі вы пазнаёміцеся з ім бліжэй, вы нічога не будзеце мець супраць: зручны спосаб пазбавіцца ад нябожчыка - не займаецца зямля і не забруджваецца паветра. Чаму, пытаецца ён, есці мёртвага чалавека горш, чым есці мёртвую жывёлу ці птушку?"

"А вы самі спрабавалі чалавечыну?" - задаў я Дэлізу, магчыма, не зусім тактоўнае і прыемнае для яго пытанне.

"У дзённіку Фосета на такое ж пытанне адказвае нейкі сеньёр Данайрэ і гаворыць, што, жывучы і вандруючы сярод дзікуноў, змушаны быў прыняць усе іх звычкі, - дыпламатычна адказаў мне Дэліз. - Урэшце, можа і вы паспытаеце..."

Я змаўчаў.

13.

"Канец кастрычніка 195... г."

Я ўжо не магу засынаць адразу і пакідаць на варце толькі сваю падсвядомасць, як рабіў гэта ў гады маёй маладосці на радзіме. Тут, у "зялёным пекле", з наступленнем ночы я яшчэ доўга ляжу ў сваім гамаку, закруціўшыся ад пражэрлівай жамяры і вампіраў у коўдру, і слухаю істэрычныя крыкі баноба - карлікавых шымпанзе. У такія хвіліны мне ўспамінаюцца людзі, якіх я любіў і паважаў, далёкае мінулае і мая няшчасная краіна. Ці давядзецца калі-небудзь пабачыць яе? Наўрад.

Тут, у джунглях, мне днямі зноў прыснілася Івонка. Дзіўна, што апошнія месяцы яна ніводнага разу не наведала мяне ў снах, а цяпер вось аб'явілася. "Але ж ты памерла, Івонка?" - спытаў я ў яе, але яна пачала пераконваць мяне, што гэта не так. "Гэта няпраўда", - сказала яна.

Я прачнуўся, і пачуццё пяшчоты да яе яшчэ не адышло, а твар мой быў мокры ці то ад слёз, ці то ад кропель вільгаці з дрэў.

Раніцай мы, як звычайна, крыху снедаем, а потым, нагружаныя паклажай, рухаемся далей.

То тут, то там зрэдку з грукатам падаюць дрэвы, час якіх скончыўся па старасці. А некаторыя іх віды захаваліся ў джунглях з часоў дыназаўраў. Урэшце Жак Дэліз, які ўвесь час аспрэчвае Дарвіна, сцвярджае, што віды не мяняюцца ніколі.

"Хіба не дзіўна тое, што некаторыя расліны, як і мы, харчуюцца плоццю? - пытаецца ён. - Вось, напрыклад, мясцовы непентэс, ці еўрапейскія расянка і жыроўка, паўночнаамерыканская мухалоўка - яны ядуць насякомых і дробных птушак. Навошта?"

"І што тут дзіўнага?" - спытаў я яго.

"Але ж дарвінізм сцвярджае, што жывёлы паходзяць ад раслін. А тут атрымліваецца, што эвалюцыя ідзе наадварот. Магчымасці паядаць плоць маглі з'явіцца толькі адразу і ва ўсяго віду, а гэта супярэчыць таму ж дарвінізму".

"Вы можаце мне патлумачыць?"

"Я прыйшоў да высновы, што віды з'яўляліся поўнасцю сфарміраванымі і закончанымі. Доказаў мноства. Толькі пакуль - не ведаю чаму..."

"Значыць, і чалавек з'явіўся адразу, а не ўзяў пачатак ад малпы?" - спытаў я яго.

Дэліз уважліва зірнуў на мяне.

"Мяркую, так яно і ёсць".

"Тады адкуль ён узяўся?"

"На гэта нам яшчэ давядзецца адказаць".

"Што вы маеце на ўвазе?"

"Для мяне ў жыцці існуюць і даўно непакояць дзве загадкі", - кажа Жак Дэліз. Твар яго, з шырокім ілбом і шэрымі, выцвілымі ад сонца вачыма, робіцца адчужаным і задуменным.

"Якія?" - асцярожна пытаюся я.

"Першая - гэта само жыццё. Адкуль і чаму яно ўзнікла".

"Ну, а другая?"

"Другая - таямніца мозгу чалавека. Па сутнасці ён дадзены нібыта аднекуль, з іншага вымярэння, існуе аўтаномна і, на маю думку, у такім вось, схільным да абстрагавання, выглядзе ўвогуле не патрэбны".

"Чаму?"

"Зірніце навокал. Адсутнасць яго ў раслін і наяўнасць крыху больш удасканаленага ў жывёл, не перашкаджае ім жыць..."

Чым бліжэй мы падыходзім да месцабытавання племені бамбала, тым больш я, чалавек, які мае навыкі адсочваць лясныя знакі, рэчы і сляды, бачу тое, чаго б лепш не бачылі мае вочы. На дарозе і абапал яе, на палянах, дзе, пэўна, месціліся стаянкі племені, разам з рэшткамі патухлых вогнішчаў шмат белых, патрэсканых, пасечаных чалавечых костак - усё тое, што засталося ад іх баляванняў.

Пасля таго як мы дасягнулі цэнтральнай вёскі і правялі са старэйшынамі ці правадыром неабходныя перамовы за права рухацца далей праз тэрыторыю племені, правадыр занырнуў у сваю вялікую хіжыну і выйшаў адтуль са смажаным кавалкам мяса на блюдзе.

Я, затаіўшы дыханне, назіраў, як наш кіраўнік Жак Дэліз, праз невялікую паўзу даў згоду і, забраўшы блюда з яго рук, паспытаў пачастунак. Правадыр - немалады, хітраваты з выгляду туземец у падранай еўрапейскай кашулі і са шклянымі занізкамі на шыі - з напружаннем назіраў, пакуль Дэліз не даеў, і толькі тады задаволена ляпнуў таго па плячы і ўсміхнуўся, паказаўшы яўна заточаныя, вострыя зубы.

"Вы ведалі, што вы елі?" - не зусім тактоўна спытаў я Дэліза, калі мы размясціліся на кароткі адпачынак.

"А вы бачылі ў наваколлі хоць адну магілу?" - адказаў ён пытаннем, уставіўшы ў рот пальцы, званітваўшы, і заглынуўшы пасля віскі з біклагі.

"Не", - паціснуў я плячыма.

"Дык будзем спадзявацца, што я паспытаў свежыны. У іх тут, дарэчы, водзяцца свінні".

Праз некалькі гадзін мы, прэзентаваўшы невялікія падарункі старэйшыне, рушылі далей. Нам быў дадзены неафіцыйны дазвол прайсці праз іх тэрыторыю.

Па дарозе Дэліз расказаў мне, што абарыгены племені бамбала лічылі асобым дэлікатэсам чалавечае мяса, калі яно праляжала некалькі дзён закапаным у зямлі, а таксама чалавечую кроў, змяшаную з мукой маніёкі. Жанчынам племені забаранялася дакранацца да чалавечай плоці, але яны ўсё ж знаходзілі мноства спосабаў абысці "табу", і асаблівай папулярнасцю ў іх карысталася мярцвячына, якую яны выкопвалі з зямлі і якая дасягнула высокай ступені разлажэння.

"Толькі Генры Стэнлі[4], - дадаў мне Жак Дэліз на маю маўклівую цікаўнасць, - ніколі не паддобрываўся і не парушаў еўрапейскай этыкі і хрысціянскай маралі. Але яму лёгка гэта было рабіць, бо ён прабіваўся праз джунглі са зброяй і з атрадам у дзвесце, трыста чалавек. Ён страляў усіх іх, як сабак".

14.

"Пачатак лістапада 195... г.

Зацяжныя пераходы адчувальна вымотваюць з нас сілы, але мы працягваем рухацца наперад. Дэліз зрабіў мне камплімент, сказаўшы ў размове, што я валодаю выключнай цягавітасцю і мог бы паспаборнічаць у гэтым з самім Персі Фосэтам.

Я ўсміхнуўся:

"Але ж і вы можаце служыць мне прыкладам у гэтым сэнсе. Да таго, я ж беларус. Мы такі народ - індзейцы Еўропы".

"Усё роўна ваша нервовая сістэма мяне ўражвае, - дадаў Жак Дэліз. - Калі мы вернемся ў Еўропу, я дам вам самыя лепшыя рэкамендацыі".

"Лепш вазьміце мяне з сабой, калі вас зноў пацягне ў падарожжа", - папрасіў я яго.

Мы зрабілі чарговы прывал на тэрыторыі племені анга. Гэтае племя, як і навакольныя, практыкуе паляванне за галовамі. Яго мужчыны, як я ўвогуле заўважыў за анга, на галаву вышэй за скатаводаў і маюць нядобры выгляд. Скатаводчыя плямёны, напрыклад, масаі, не ўжываюць чалавечыну, бо мяса ў іх і так хапае.

"Не высоўвайцеся з лагера ўвечары, - папярэдзіў мяне пасля сустрэчных перамоў Дэліз, - як я заўважыў па некаторых прыкметах, яны збіраюцца рыхтаваць "дырэтла".

Я ўжо ведаў, што гэта такое.

Мужчыны племені, якія павінны былі падтрымліваць сябе ў баявой форме, на погляд мясцовых ведзьмакоў ці знахароў, пастаянна адчувалі патрэбу ў своеасаблівым стымулятары смеласці, які яны называлі "дырэтла". "Дырэтла" звычайна гатавалася з сэрца ці печані ворага, але калі ворага не знаходзілася, то яго наўпрост адшуквалі сярод сваіх.

З пачаткам ночы ў афрыканскай вёсцы чамусьці запанавала нязвыклая цішыня, што ўжо выклікала ў мяне цікаўнасць.

Пасля некаторага роздуму я непрыкметна напіхаў у свой гамак травы і накінуў на яе коўдру, так што здавалася, быццам там спіць чалавек, а сам з рэвальверам і нажом саслізнуў у навакольную цемру. Я добра бачыў і неўзабаве заўважыў ажыўленне каля хіжыны знахара, ці як яго тут звалі - "амуродзі", дзе ўжо сабраліся некалькі мужчын. У руках у іх я заўважыў завостраныя рытуальныя нажы, што вымусіла мяне быць яшчэ больш абачлівым і асцярожным.

Уся гэтая хеўра на чале з "амуродзі", які выйшаў з жытла, нейкі час перагаворвалася паміж сабой, а потым рушыла ўздоўж краю вёскі ва ўсходнім напрамку.

Я, зліваючыся з дрэвамі, пасунуўся ўслед.

Моўчкі яны дайшлі да адной з хіжын і спыніліся. "Амуродзі" паклікаў гаспадара, і той выйшаў вонкі, але як толькі ён з'явіўся, на яго накінуліся і пачалі затыкаць нечым рот. Гаспадар адчайна супраціўляўся, некалькі разаў ускрыкнуў, але сілы былі няроўныя. Яго абвалілі на зямлю, звязалі і, нібы жывёлу, пацягнулі ў лес, як я ўжо здагадаўся, для рытуальнага забойства.

Чарнаскурыя цягнулі сваю ахвяру ўсё далей ад вёскі. Я з усімі перасцярогамі краўся за імі. Урэшце яны адшукалі месца, якое, пэўна, на іх думку, падыходзіла да іх справы. Гэта была невялікая, адносна пазбаўленая дрэў паляна. Выканаўцы прысуду хутка распранулі ахвяру і паклалі на зямлю. Запалілася масляная лямпа. Пры яе прывідным святле ў ход пайшлі нажы. Спрытна імі маніпулюючы, ад цела жывой ахвяры пачалі адразаць кавалкі мяса. Адзін выбраў сабе частку нагі, другі - біцэпс на руцэ, трэці выразаў кавалак з грудзей, а чацвёрты - з паха. Усё гэта яны расклалі на белай анучцы перад "амуродзі", якому належала падрыхтаваць неабходнае лекавае пітво. Адзін з хеўры нацадзіў у кацялок крыві з ран, другі нажом здзёр усю плоць з твару да касцей - ад ілба да горла, выразаў язык і выкалаў ахвяры вочы. Увесь гэты час вязень быў жывы і жалобна мыкаў праз зноў заткнуты рот. Памёр ён толькі тады, калі яго паласнулі нажом па горлу.

Канечне, я мог бы дапамагчы няшчаснаму: пастраляць частку іх з рэвальвера, а астатнія б разбегліся, але пасля такой сутычкі наш лёс быў бы прадвырашаны, а чарговая ахвяра для "дырэтла" была б вызначана назаўтра ж. Я толькі холадна і разважліва за ўсім назіраў, нябачны ў цемры.

Але, пэўна, я дапусціў нейкую памылку, бо калі вяртаўся назад і прайшоў ужо значную частку шляху да вёскі па сцяжынцы, якая менавіта туды і вяла, дзве цёмныя постаці кінуліся на мяне з двух бакоў. Не інакш мяне вылічылі па вопратцы і белым колеры маёй скуры. Магчыма, яны здагадаліся пра тое, што я адсочваў ахвярапрынашэнне на палянцы, і хацелі прыцягнуць мяне да іх "амуродзі" жывым.

Я не паспяваў выхапіць рэвальвер. Чарнаскурыя схапілі мяне за рукі, і мяне ўратавалі толькі мая знаходлівасць і набытыя калісьці навыкі. Я рэзка кінуў сваё цела ўніз, што для іх было зусім нечакана, і ў цемры наўгад ударыў таго, што быў бліжэй, рабром нагі, каб трапіць у костку вышэй галёнкі. Я быў абуты ў моцныя, з закарэлай падэшвай, чаравікі. Ад болю той рохкнуў і выпусціў маю руку. Падсечка дапамагла пакласці на зямлю другога нападаўшага. Я ўскочыў і выхапіў свой нож. Першы мурын ужо кідаўся на мяне са сваім нажом кшталту мачэтэ, але крывым. Я інстынктыўна ўхіліўся і адпрацаваным рухам майго нажа рассек яму горла і жывот у даўжыню. Другі якраз падхапіўся з зямлі, і мой нож увайшоў яму ніжэй грудной клеткі ў сонечнае спляценне. Ён памёр амаль імгненна, не здолеўшы нават крыкнуць.

Далей я зрабіў магчыма адзінае ў маім становішчы. Закапаць адразу два целы да ўсходу сонца я не мог, дый мурыны - вопытныя следапыты і днём знайшлі б іх. Здымацца ўсім з месца і ноччу пакінуць вёску - значыць выклікаць за сабой пагоню.

Я ўклаў у руку першага нападаўшага яго нож і ўставіў яго ў рану на жываце другога, якому таксама заціснуў у далонь ручку яго нажа. Старанна абмацаўшы і агледзеўшы месца бойкі, я па магчымасці знішчыў свае сляды.

Дэліз, нервова выслухаўшы мяне, моцна ўсхваляваўся. Урэшце мы вырашылі пакінуць усё як ёсць і заставацца да раніцы.

Мы з Жакам Дэлізам, як ні ў чым не бывала, на віду ва ўсіх рабілі свае дробныя справы, і наш спакой падзейнічаў, тым больш, што нашы насільшчыкі і талмачы не ведалі пра здарэнне ў лесе. Але мы з кіраўніком экспедыцыі і двое яго белых памочнікаў трымалі свае зараджаныя вінтоўкі і рэвальверы напагатове. Мурыны, між тым, збіраліся ў купкі і ажыўлена размаўлялі паміж сабой, жэстыкулюючы рукамі.

Набліжаўся вечар, але мы не знімаліся з месца, хаця чарнаскурыя часта падыходзілі да нашай стаянкі і назіралі - насцярожана і змрочна. Нашы насільшчыкі занепакоіліся.

Як толькі на лес упалі першыя цені, а сонца пачало хавацца на даляглядзе, раптам пачуўся гулкі і доўгі голас тамтама. Удалечыні запалалі вогнішчы. Неўзабаве да нас дайшоў дзіўны пах. Нашы мурыны захваляваліся.

"Клянуся Богам, яны там кагосьці рассякаюць і падсмажваюць", - сказаў мне Дэліз.

"Я чую характэрны пах. І нашы насільшчыкі ўстрывожаны..."

Тым не менш на твары Дэліза я чамусьці заўважыў палёгку.

"Яны пасеклі трупы, і цяпер смажаць свае прысмакі на ражнах, - патлумачыў мне Жак Дэліз. - Значыць, яны паверылі ў вашу містыфікацыю. Віншую, але больш так не рабіце. Калі ласка..."

Ён скіраваў да вогнішчаў аднаго з нашых насільшчыкаў, каб той пабачыў, што там робіцца, але той адразу пачаў адмаўляцца. Відавочна, мурын быў моцна напужаны.

"Калі я нават пашлю яго пад прымусам, - сказаў Дэліз, - то ён падмане мяне, але блізка да іх не падыдзе, бо ў іх, пэўна, няблага разгуляўся апетыт".

15.

"Лістапад 195... г.

Правадыр племені тангале, праз тэрыторыю якога мы трымаем шлях, сустрэў нас не дужа ветліва. Нас атачылі некалькі дзесяткаў пахмурных мужчын у хітонах ад пояса і ніжэй каленяў і ўзброеных вінтоўкамі, дзідамі і невялічкімі сякерамі - хутчэй за ўсё гэта былі сякеркі, якімі кухар у Еўропе сячэ мяса. Нехта да нас, пэўна, завёз сюды цэлую партыю. На чале з Дэлізам мы ўсяляк дэманстравалі гэтым тупалобцам сваю прыхільнасць. Але сэнс справы высветліўся пазней: выявілася, што іх правадыр ужо доўгі час хворы. У яго была адкрытая загніваючая рана на назе, хутчэй, язва. Дэліз у ходзе гутаркі ў хіжыне правадыра, дзе прысутнічаў я і наш талмач, перадаў таму на словах, што здольны хутка вылечыць яго, калі нашай экспедыцыі прынясуць у дастатковай колькасці харчавання ў абмен на што-небудзь і прапусцяць праз сваю тэрыторыю.

Седзячы на бруднай падсцілцы, правадыр задумаўся, а потым абвесціў Дэлізу:

"Калі ты вылечыш мяне лепш за майго знахара, то мы вас усіх забяспечым ежай і дазволім рухацца далей. Але пакуль рана на назе не зажыве, вы нікуды не пойдзеце".

Дэліз, агледзеўшы нагу старэйшыны, згадзіўся.

Мы вярнуліся ў сваю палатку, і я спытаў кіраўніка экспедыцыі, як ён збіраецца дзейнічаць. Сказаць - адно, а выканаць свае словы - зусім іншае.

"Вы чулі пра антыбіётыкі?" - спытаў ён.

"Чуў, але цьмяна. Ведаю, што яны толькі з'явіліся", - адказаў я.

"У мяне знаёмыя навукоўцы ў лабараторыі пад Парыжам: яны адсыпалі мне ў дарогу цэлы мяшэчак так званага пеніцыліну. Аднойчы я выпрабаваў яго на сабе. Эфект проста фантастычны. На паўчайнай лыжцы мы не вельмі страцім, але можам шмат чаго выйграць".

Не адкладаючы справы, мы з Дэлізам пакрочылі да хіжыны правадыра. Рана на сцягне гнаілася, і ад яе, як і ад правадыра, непрыемна пахла. Дэліз зрабіў некалькі рухаў рукамі над ранай, імітуючы мануальны ўплыў, а потым пацярушыў на яе белым парашком з каробачкі з-пад сярнічак. Дэліз забараніў правадыру часова варушыць нагой, і мы пайшлі.

Назаўтра з раніцы ўсім нам прынеслі ежу. Мы з Дэлізам пераглянуліся і скіравалі да правадыра. Ён спаў, і мы, вярнуўшыся, паелі, а потым зноў наведалі правадыра. Як аказалася, у яго паменшала тэмпература, і ён спакойна праспаў ноч, а рана ачысцілася і пакрылася тонкай плёнкай. Яна, відаць, загойвалася. Праз двое сутак ад яе ўжо амаль не заставалася і знаку. Увесь гэты час нам прыносілі шмат ежы. Мы бралі толькі раслінную. Правадыр быў задаволены, але яго ўдзячнасць праявілася даволі нечаканым чынам.

"Вам прывядуць дзяўчынку, - абвесціў ён Дэлізу праз нашага талмача, - можаце ўзяць яе ў жонкі".

І ў знак прыхільнасці ён гучна пляснуў нашага кіраўніка экспедыцыі па спіне. Я ўбачыў, як Дэліз разгубіўся, але адмаўляць правадыру не выпадала, тут гэта расцэньвалася як страшная крыўда.

Дзяўчынка гадоў дванаццаці-чатырнаццаці аказалася моцна цёмнаскурай (бываюць і з больш светлым адценнем), даволі стройнай, з ужо развітымі грудзямі, якія тырчэлі ў розныя бакі. Кавалак анучы, абкручанай вакол яе клубоў, амаль нічога не хаваў. Яна яшчэ не прайшла праз інецыацыю - гэта калі ў хлопчыкаў адразаюць крайнюю плоць, а ў дзяўчынак клітар, і магчыма таму часта мастурбавала, што тут лічыцца звычайнай з'явай, якой, не надта саромячыся, нібы малпы ў заапарку, раз-пораз займаюцца ўсе тутэйшыя дарослыя і падлеткі абодвух полаў. Урэшце пра гэта пісаў яшчэ Давід Брайтан, англійскі падарожнік і географ, які вандраваў з экспедыцыяй па Цэнтральнай Афрыцы ў канцы саракавых.

Калі я звярнуў на гэта ўвагу Дэліза, той паціснуў плячыма: маўляў, чаго тут толькі не набачышся.

"Раней, - сказаў мне ён, - я назіраў адно племя, дзе была надзвычай распаўсюджана педэрастыя. Гэта лічылася ў іх правільнай і неабходнай справай".

"Але ж як тады працягваць род і выхоўваць ваяўнічых асоб, каб яны былі здольны да супраціву ад іншых плямён? - спытаў я. - Трэба ж не толькі абараняць сваю тэрыторыю, але і захопліваць новую?"

"Так, - згадзіўся Дэліз, - яны выкарыстоўвалі жанчын для працягу роду, але выключна для гэтага і ў абмежаваны час. А перадусім кожны з мурынаў меў ля сябе хлопчыка свайго ж племені, з якім займаўся ў асноўным аральным сексам. Потым гэты хлопчык падрастаў і заводзіў, у сваю чаргу, сабе такога ж, і так паўсюдна. Сапраўды, іх жанчынам не пазайздросцілі б іншыя..."

Дэліз і я пайшлі ў палатку. Дзяўчынка з усім сваім невялікім скарбам, які яна трымала на палцы за плячыма, рушыла за намі.

Раптам Дэліз спыніў яе і, паказаўшы на мяне, пачаў тлумачыць дзяўчынцы, што ў яе цяпер будуць два мужы. Яна доўга не разумела, але пасля таго, як усё ўцяміла, відавочна, прыйшла ў захапленне.

Увесь дзень яна выконвала для нас дробную работу, але бліжэй да вечара, паеўшы з нашымі мурынамі, усю сваю цікавасць скіравала на палатку, дзе днём месціліся мы з Дэлізам. Ноччу я звычайна спаў у гамаку.

"Урэшце, кінем жэрабя, - сказаў мне Дэліз, - каму, так бы мовіць, пачынаць. У іх тут не прынята адмаўляцца ад падарункаў".

Я паціснуў плячыма. Выпала яму.

"У вас ёсць кантрацэптывы? - спытаў Дэліз, усміхаючыся.

"Ёсць".

"Пазычце пакуль. Ці, вы думаеце, я тут збіраюся пакідаць сваіх нашчадкаў?"

Я схадзіў да свайго рукзака і прынёс.

Хвілін праз дваццаць ён выйшаў з палаткі.

Я зайшоў унутр. І хаця я даўно не меў справы з жанчынамі, жадання ў мяне не было.

Чарнаскурая сядзела, падкурчыўшы ногі пад сябе.

"Як цябе зваць?" - знакамі запытаў я ў яе.

Яна адказала нешта накшталт "Умва" ці "Унва" і, падхапіўшыся з падлогі і хіхікаючы, палезла мне ў шорты. Далоні рук яе знутры былі бледна-ружовыя.

Дачакаўшыся эрэкцыі, яна далей чамусьці адхілілася ад любошчаў і, паказаўшы знакамі, запыталася, як мяне зваць.

Я адмоўна пахітаў галавой.

"Я - Умва, - настойвала яна. - А ты?"

Як мага зразумела я патлумачыў ёй, што ў мяне няма імя.

Маё тлумачэнне яе надзвычай моцна расчаравала, але, тым не менш, мы заняліся каханнем. Ад скуры Умвы пахла, як ад жывёлы. Яны тут, пэўна, ніколі не мыюцца. Гэткі маленькі сексуальны звярок.

Праз нейкі час я замацаваў свой гамак і праспаў з гадзіну. Умва, якая ўпершыню пабачыла такі ложак, перадусім хацела залезці да мяне, але я не дазволіў, і яна зноў занырнула ў палатку да Дэліза.

Рану правадыра яшчэ раз пацярушылі з мяшэчка, і яна поўнасцю загаілася, а мы вырашылі адпачыць яшчэ палавіну сутак.

Раніцай мы рушылі далей па свайму маршруту. Так як Умва да нашага адыходу нечакана знікла, пытанне, што з ёй рабіць далей, адразу вырашылася. Урэшце, хітры і, на мой погляд, каварны правадыр, вядома, прадбачыў такі сцэнарый, а можа і садзейнічаў яму".

16.

"Лістапад 195... г

Дэліз спытаў мяне, што я буду рабіць у Еўропе, калі мы вернемся з экспедыцыі. Я адказаў яму, што не закончыў вучыцца, і калі зараблю грошай, то прадоўжу гэтую справу.

"Я дапамагу вам уладкавацца на першы час, - пасля роздуму сказаў ён. - Вы дастаткова павандравалі па лясах. Завершыце адукацыю. Зоймецеся навуковай працай, заведзяце сям'ю".

"Мяне цягне на радзіму", - сказаў я.

"Вы звар'яцелі. Вас проста знішчаць. Што вы там страцілі, хто прагне вашага вяртання?"

"Магчыма, і так. Нікому не пажадаю сваёй радзімы. Хіба толькі сабе..."

Між тым, мы рухаемся далей з усё большымі цяжкасцямі. Адзін за адным збеглі двое нашых насільшчыкаў-мурынаў. Яны захапілі з сабой, а больш дакладна, скралі: адну вінтоўку, коўдру, спецыяльныя інструменты, з якімі, вядома, не ўяўляюць, што рабіць, і, што самае непрыемнае, скрынку з медыкаментамі. Чамусьці яны тут усе ўпэўнены ў незвычайных, нават акультных якасцях шматлікіх таблетак. "Спадзяюся, яны з'ядуць іх усе адразу", - змрочна пажартаваў Дэліз. Увогуле людзі ў джунглях неверагодна прымхлівыя: сярод племені багесу, напрыклад, лічылася страшным злачынствам закапаць труп памерлага ў зямлю. На суклоне дня труп звычайна ўкладвалі пасярэдзіне вёскі. Усе хаваліся ў кустах, і калі наступала поўная цемра, пачыналі завываць, як шакалы. Моладзі і жанчынам не дазвалялася выходзіць вонкі. Да трупа падыходзілі сваякі і расчлянялі яго, забіраючы самыя лепшыя кускі з сабой. Усё гэта з'ядалі, а косці спальвалі на вогнішчы. Калі пахаваць труп у зямлі, сцвярджалі гэтыя абарыгены, то дух будзе непакоіць усіх у акрузе і помсціць. Брат памерлага звычайна забіраў сабе ўсіх яго ўдоў. Чэрап змяшчалі ў спецыяльны гаршчок і захоўвалі ў хіжыне. На ўсходзе Афрыкі, па словах антраполагаў, плоць старых, хворых і непрацаздольных супляменнікаў высушвалася і захоўвалася ў сямейных кладоўках. Яе, як прысмакі, прапаноўвалі ў знак асаблівай павагі гасцям. Адмова есці ўспрымалася як смяротная знявага. Але, разам з тым, афрыканскія абарыгены больш недаверлівыя і агрэсіўныя, чым, напрыклад, паўночнаамерыканскія.

Персі Фосэт у сувязі з гэтым апісвае ў сваіх дзённіках выпадак, які красамоўна сведчыць аб непахіснай веры паўночнаамерыканскіх індзейцаў у акультныя сілы.

Так, адзін белы авантурыст, распавядае ён, прыдумаў арыгінальны спосаб разбагацець, не прыкладаючы да гэтага ніякіх намаганняў. Ён проста набыў еўрапейскую цацку - маленькую завадную карову, і, намеціўшы сабе ахвяру - індзейца, які валодаў дастаткова вялікімі статкамі рагатай жывёлы - паказваў яму цацку і сцвярджаў, што гэта ўвасабленне духу, якое можа смяртэльна пакараць менавіта гэтага індзейца. Але каб гэтага не здарылася, індзейцу трэба было прыгнаць уладальніку ўвасаблення духу сто ці дзвесце галоў жывёлы.

Смяротна напужаны абарыген глядзеў, як жалезная кароўка матляла галавой, і - вядома, згаджаўся.

(У запісках аўтара далей назіраецца адчувальны прабел. - С.П.)

17.

"Студзень 195... г.

За намі ідзе бяда. Спачатку мы вырашылі, што насільшчыкі збягаюць, бо не вераць у нашу задумку, але ж мы хутка будзем ля нашай мэты, а назад вернемся па рацэ. Ва ўсякім разе ім няма сэнсу прабірацца на месцы свайго пражывання па адным, каб па дарозе не загінуць і не быць з'едзенымі. Я западозрыў іншае, а менавіта выкраданне нашых людзей нейкімі таямнічымі праследавацелямі. Дэліз папярэдзіў усіх, каб засцерагаліся і не хадзілі па аднаму, нават па патрэбе. Да гэтага часу мы ўсе, і нашы мурыны, былі выматаны фізічна і псіхалагічна. Я стаў заўважаць за сабой першыя прыкметы моцнага знясілення. Тым не менш мы рухаемся, і да нашай мэты зусім нямнога. Частку ночы я ўжо не сплю, але не магу спаць і днём, бо ў гэты час сутак мы рухаемся наперад. Ноччу, дзесьці ў яе сярэдзіне, я знікаю ў лесе, паблізу ад нашай стаянкі, і спрабую весці хоць нейкую адсочку. Хвілін па пяць-дзесят штодня, нягледзячы на стому, я да таго ж практыкуюся ў аднаўленні навыкаў рукапашнага і нажавога бою, заняткі якімі не пакідаў і ў Еўропе.

У адну з такіх начэй, калі я адышоў ад стаянкі на некалькі дзесяткаў крокаў, там-сям асцярожна пакідаючы знакі, каб потым не заблукаць і вярнуцца назад - зламаную галінку, прымятую расліну - у мяне з'явілася адчуванне, што за мной сочаць. Я выцягнуў рэвальвер і прыслухаўся. Лес у гэтую пару года, дый увогуле, робіць дзіўнае, фантастычнае і змрочнае ўражанне. Таямніча-варожая яго сутнасць, якая абуджаецца раз-пораз істэрычнымі крыкамі папугаяў і драпежнікаў і іх ахвяр, цісне на чалавека, змушае яго адчуваць сябе бясконца малой часткай гіганцкай біялагічнай сістэмы, якая працуе па-за яго намерамі, жаданнямі і памкненнямі.

Дык вось, я адчуў небяспеку і прыпаў да зямлі, а потым адпоўз на некалькі крокаў і прыціснуўся спінай да дрэва. Я павярнуў галаву, і адразу ля майго вуха ў дрэва са звонам уваткнулася страла і пачала дробна вібрыраваць. Я адхіснуўся, і недарэмна, бо туды, дзе секунду назад было маё цела, трапіла другая. Я ведаў, што туземцы не толькі выдатна бачаць у цемры, а могуць і забіць дробную жывёліну, страляючы па дузе праз кустоўе і дрэвы. Пушчаная імі на поўную моц страла прабівае цела чалавека наскрозь.

Паводзячы рэвальверам з боку ў бок, я не страляў. Некалькі прывідных ценяў праслізнулі за дрэвамі і зніклі. Праз хвіліну я вярнуўся ў лагер. Мы амаль не спім.

* * *

Забіты апошні з памочнікаў Дэліза, не лічачы мяне. Іх заставалася двое. Аднаго, хворага, мы значна раней адправалі на параходзе, калі некаторы час ішлі ўздоўж ракі. Гэты ж адлучыўся днём на пяць хвілін, не больш. У яго целе мы знайшлі дзевяць стрэл, і шанцаў выжыць ён не меў.

"Як заалагічнаму тыпу - чалавеку ўласцівы некалькі асноўных інстынктаў: піць, есці, мець жанчыну і ненавідзець сабе падобных, - сказаў мне Жак Дэліз, - і я не ведаю сэнсу той гульні, у якую гуляе з намі Бог..."

Нам, па нашых падліках, заставалася некалькі дзён шляху. Мы выходзілі б да аднаго з прытокаў Луалабы і далей плылі б па рацэ, на берагах якой месціліся місіянерскія станцыі і дробныя паселішчы, у якіх там-сям можна было сустрэць і белага чалавека.

Якія драпежнікі палююць за намі? Калеры?

Мужчыне з племені калеры, каб узяць сабе жонку, трэба абавязкова прад'явіць ёй галаву забітага ім чалавека, якую перадусім ачышчаюць, высушваюць і ў далейшым захоўваюць у адмысловым гаршку. Чым больш галоў напалюе ваяр племені - тым больш ён можа ўзяць сабе жонак.

Вось што паведаміў этнограф Джэймс Дэніс, з нататкамі якога мне давялося азнаёміцца, і які вандраваў тут раней. "У Цэнтральнай частцы Афрыкі, ад усходняга да заходняга ўзбярэжжа, асабліва ўверх і ўніз па шматлікіх вытоках ракі Конга, практыкуецца канібалізм, які суправаджаецца звярынай лютасцю і жорсткасцю. Амаль усе плямёны ў басейне ракі альбо канібалы, альбо нядаўна з'яўляліся імі, а сярод некаторых такая практыка на ўздыме. У час падарожжа па гэтай краіне мяне больш за ўсё ўразіла неверагодная колькасць знявечаных цел. У трупаў не хапала рук і ног, у іншых - мяса было выразана са сцёгнаў, у трэціх - выцягнуты і аб'едзены вантробы. Ніхто не мог пазбегнуць падобнага лёсу - ні маладыя, ні жанчыны, ні дзеці. Усе без разбору станавіліся ахвярамі і ежай для іх заваёўнікаў ці суседзяў."

Каб не страх смерці і крыважэрная лютасць калеры, а Жак Дэліз упэўнены, што гэта менавіта яны ўвесь апошні час пераследуюць нас, нашы і так нешматлікія насільшчыкі даўно б разбегліся. Не надта абцяжарваючы іх, мы скінулі частку нашай паклажы. Засынаючы на некалькі хвілін, я ўжо не магу нават успамінаць аб радзіме. Як там? Чым займаюцца людзі? Ці працягваецца наш супраціў і ці засталіся ў жывых некаторыя з тых, каго я ведаў па лесу?

* * *

Дэліза схапілі проста днём. Я літаральна на некалькі хвілін згубіў яго з вачэй, і калі паклікаў, то ён не адказаў. Яму пашанцавала, што я адразу знайшоў след. Выявіць яго было не цяжка, бо Дэліз адчайна супраціўляўся, і яго валаклі поцягам, пакідаючы на зямлі і раслінах прыкметны след. Хвілін праз дзесяць я дагнаў іх. Двое лютага выгляду, расфарбаваных туземцаў, без асаблівай перасцярогі, як мурашы вусеня, цягнулі нашага кіраўніка далей ад стаянкі. Трэці, узброены вінтоўкай, прыкрываў адыход. Я максімальна прыблізіўся да іх незаўважаным, і ён не здолеў у спешцы трапіць у мяне. Я, тым не менш, паклаў яго з рэвальвера толькі з трэцяга выстралу, затое двое другіх накінуліся на мяне з доўгімі нажамі кшталту мачэтэ.

Мяне выратавалі толькі навыкі нажавога бою, калісьці атрыманыя ад камандзіра Яна Шэстака, і хуткасць маёй рэакцыі.

Дэліз быў паранены стралой у плячо. Я распутаў яму ногі і перавязаў яго. Трупы дзвюх чарнаскурых валяліся побач. Трэці быў жывы, але нічога не бачыў. У імклівай бойцы я паласнуў яго нажом па вачах.

"Вы выратавалі мяне, - стрымана канстатаваў Дэліз, - і я вам абавязаны".

"Тым жа абавязаны вам і я".

"Мы павінны абмяняцца лістамі да родных, - раптам прапанаваў ён. - Калі нехта з нас вернецца дадому, а другі загіне, то перадасць пра гэта звестку".

"Я сваім пісаць не магу, - падумаўшы, сказаў я. - Інакш іх, мяркую, адразу арыштуюць".

Мы вярнуліся на нашу стаянку. Дэліз адчуваў слабасць, бо страціў шмат крыві.

Ноччу збеглі апошнія насільшчыкі, і мы засталіся ўдвух.

* * *

Магчыма, страла калеры была атручана, бо Дэліз слабее на вачах. У яго сіні твар і апухлі ногі. Мне ўпершыню становіцца страшна, бо я не хачу застацца тут адзін. Мы, дакладней я, нясём з сабой толькі самае неабходнае і сваю зброю.

"Некалькі дзён, - кажа Дэліз. - Усяго некалькі дзён, і мы - ля мэты".

* * *

Дэліз памёр. Пэўна, наступіла агульная інтаксікацыя арганізма. Я закапаў яго цела і старанна замаскіраваў магілу. Калеры абавязкова выкапаюць і з'ядуць труп, калі даведаюцца пра месца захавання.

Я іду адзін. Божа, дай мне сілы...

(На гэтым дзённік невядомага падарожніка заканчваецца. - С.П.)

Дапаўненне

III. Імя

З нататак Севярына Перагуда, 200... год.

18.

Ліст Жака Дэліза дачцэ Фані

Дарагая Фані.

Я не магу шмат пісаць, таму гавару табе самае важнае. Наша экспедыцыя мае праблемы. У нас заканчваюцца харчаванне і лекі. Апошнія проста скралі. Да таго ж на нас, верагодна, пачалося паляванне. Я гатовы да найгоршага, і на ўсякі выпадак вырашыў абмяняцца лістамі са сваім памочнікам. Мы па чарзе выратавалі адзін аднаго ад смерці. Я называю яго Сплюшка (дакладней, ён так сам сябе кліча. Гэта псеўда). Ён з былой Літвы, ці, як цяпер яе называюць - Беларусі. Яму няма з кім ліставацца, бо ў яго ў Еўропе нікога няма, а на яго радзіме яго не чакаюць. Калі ён прынясе табе гэты ліст, то мяне, хутчэй за ўсе, ужо не будзе ў жывых. Не сумуй. Ты ведаеш, што рабіць: табе ўжо дваццаць. Усё, што застаецца пасля мяне, пяройдзе да цябе.

Прыгледзься ўважліва да таго, хто перадасць табе гэтую звестку пра мяне. Я маю на ўвазе чалавека, які называе сябе Сплюшка. Дапамажы яму і не выпускай з-пад увагі. Ён праўдзівы, цягавіты, цікаўны. Я б хацеў, каб вы былі побач, але гэта ўжо вырашаць вам. Мяркую, ён скажа табе сваё сапраўднае імя.

Заканчваю з надзеяй на лепшае.

Жак Дэліз.

13 студзеня 195... г.

P.S. Прасачы за лёсам маёй апошняй навуковай працы.

(Ліст перакладзены мной з французскай. - С.П.)

* * *

Я прыходжу да адзіна вартай, на сучасны навуковы погляд, высновы, што паходжанне чалавека хавае вялікую таямніцу, і што тэорыя Дарвіна прапускала веды праз своеасаблівы фільтр і працягвае гэта рабіць і зараз. Дарвіністы зарэтушоўваюць больш старажытнае паходжанне homo sapiens таму, што яно ставіць пад удар усю тэорыю эвалюцыі. Высвятляюцца неверагодныя факты: чалавек існаваў на Зямлі значна раней узнікнення першых прыматаў. У навуковых выданнях нядаўна прамільгнулі дзіўныя паведамленні пра тое, што ў Каліфорніі выявілі чалавечыя шкілеты, наканечнікі дзідаў і камянёвы інструмент у скале ўзростам каля пяцідзесяці мільёнаў гадоў. Аднак навукоўцы сцвярджаюць, што ў той час не існавала нават чалавекападобных малпаў. Знаходка, адна са шматлікіх, зноў асядае ў фільтры. Дарвіністы падтасоўваюць і фальсіфікуюць доказы. "Пілтдаунскага чалавека" знайшлі ў 1913 годзе ў Англіі. Я тады яшчэ не нарадзіўся на свет. Пра гэта можна прачытаць і зараз у падручніках, але зусім нядаўна высветлілася, што гэта містыфікацыя, падробка. У мяне ўвогуле няма прычын верыць у малпавы варыянт паяўлення чалавека. Тут нешта больш глыбокае і, магчыма, не зусім прыемнае для нас, нават жахлівае. Мне нічога не вядома пра паходжанне новых відаў. Затое знойдзеныя каштоўныя артэфакты "губляюцца". Перад тым як пытацца, адкуль прыйшоў чалавек, варта вызначыць, хто ён такі. Гэта я і даследую зараз. Ёсць старажытныя Веды, дзе сцвярджаецца, што продкі чалавека жылі і пяцьсот мільёнаў гадоў назад. Гэта гаворыць пра тое, што тэорыя Дарвіна можа быць увогуле зваротнай, гэта значыць, што чалавек паходзіць не ад малпы, а наадварот - малпа паходзіць ад яго, і ў сувязі з гэтым можна гаварыць не аб эвалюцыі, а пра дэградацыю, і што наперадзе - яшчэ больш неверагодныя адкрыцці. Мне б хацелася зрабіць хоць крок у гэтым фантастычным накірунку. А пакуль што рэальныя знаходкі не ўпісваюцца ў навуковыя погляды і таму знішчаюцца. Я ведаю дзесяткі выпадкаў, калі пад уціскам вучоных-артадоксаў вынаходнікі, якія знайшлі і апісалі стаянкі старажытных людзей, былі вымушаны адмовіцца ад раскопак. Навуковая іерархія толькі на першы, знешні, выгляд дэмакратычная, а на самай справе аўтарытарная.

Навуковую "школу" звычайна ўзначальвае адзін ці некалькі "недатыкальных" паханаў-аўтараў прац, кніг, падручнікаў. Любая новая знаходка, якая ставіць пад сумнеў іх навуковы аўтарытэт і іх тэорыі, імі адразу адвяргаецца. І ўсе маўчаць.

Што, урэшце, выспавядае тэорыя Дарвіна? Што аднойчы выпадкова атрымаўся генетычны код жыцця. Але верагоднасць гэтага складае, прыкладна, адзін да 10 у 10000 ступені, а такая лічба - больш, чым уся колькасць атамаў ва ўсім Сусвеце.

Ці з'яўляецца Афрыканскі кантынент "калыскай" чалавецтва?

Знойдзены артэфакты, якія надзвычай яўна процістаяць прынятаму навукай погляду на гісторыю. Іх, здавалася, выкідвалі ці гублялі спецыяльна. Дзе цвік, знойдзены шукальнікамі золата ў 1851 годзе ў блоку пясчаніку ўзростам у 387 мільёнаў гадоў? Дзе стальны куб (12х12х12 см), знойдзены ў Германіі ў кавалку вугалю ўзростам 260-300 мільёнаў гадоў? А залаты ланцужок, таксама ў вугалі, узростам у 260 мільёнаў гадоў, знойдзены ў ЗША?

У чэрвені 1968 года вынаходнік Вільям Дж. Мейстэр выявіў адбітак чалавечай нагі, які мае ўзрост да 600 мільёнаў гадоў! Прычым нага ў абутку (!) наступіла на трылабіта і раздавіла яго. Колькасць такіх артэфактаў узрастае. Між тым, што за людзі насялялі нашу планету ў глыбокастаражытным часе? Адкуль яны? Куды пайшлі? Куды і мы ідзём зараз? Пасля сваіх вандровак па свеце, працы над навуковай дысертацыяй, знаёмства з самымі перадавымі распрацоўкамі яшчэ там, у Еўропе, я ўсё больш пачынаю выспавядаць, напэўна, вар'яцкую ідэю, якая тычыцца хутчэй філасофіі і футуралогіі, чым натуральных навук і прыродазнаўства. Так, мне здаецца цалкам верагоднай ідэя... штучна створанага, віртуальна "пульсуючага" чалавецтва. Вось яно ўзнікае, падзяляецца на расы, народы і плямёны, развіваецца і дасягае ў сваім развіцці своеасаблівай мяжы, а далей ці пераходзіць гэтую мяжу і становіцца звышчалавецтвам, ці, не дасягнуўшы яе, знясіленае, пачынае дэградаваць. Часам мне думаецца, што такіх спроб, уключаючы цяперашнюю, было ўжо некалькі, і ўсе - дарэмныя. За гэтымі спробамі, бясспрэчна, нехта стаіць і сочыць звонку. Нейкія Звышсілы? Праграма? Бог, які стварыў увесь наш Сусвет, ці якія іншыя, бясконца далёкія ад нас у сваім развіцці істоты? Але і Бог, і невядомыя істоты таксама павінны былі аднекуль узнікнуць? Магчыма, мы ніколі пра гэта не даведаемся. Англічанін Персі Фосет быў блізкі на свой час да разгадкі нейкай часткі гэтай найвялікшай таямніцы, але "зялёнае пекла" паглынула яго назаўсёды. Тым не менш яго пошукі звышрасы, якая, на яго думку, існавала аўтаномна ад астатніх цывілізацый, акружыўшы сябе непрыступнымі бастыёнамі з першабытных плямёнаў, якія выспавядалі антрапафагію, мяркую, хаця і памылковыя ў першааснове, былі прыступкай да сапраўднага навуковага азарэння.

Увогуле наступ такіх глабальных метафізічных мутацый, кшталту камунабальшавізму, якія дзіўным чынам пераўтвараюць калектыўны розум цэлых рас і цывілізацый у інструмент самазнішчэння, выклікае ў мяне атарапеласць. Само сабой узнікае ерэтычнае пытанне: а ці не чарговы гэта збой у працуючай Праграме, якую заклаў сам Творца? А калі - не, то што гэта?

Думкі пра маю радзіму - маленькую краіну ў цэнтры Еўропы - не пакідаюць мяне і тут - у пекле, якое завецца Экватарыяльнай Афрыкай. Вайна, што праходзіла над Еўропай, пакінула мой народ без надзеі на выжыванне. Бальшавізм, які застаўся жывы, давершыць справу распаду і дэградацыі, бо частка эліты нацыі і яе лепшыя прадстаўнікі, калі яны не паспелі адысці на Захад, былі і будуць знішчаны. Дый не толькі эліта.

Я штодня думаю пра радзіму, і часам слёзы выступаюць на маіх вачах. Я жадаю ёй найлепшага, але малаверагодна, што яна падымецца з каленяў. Я ўпэўнены - Прырода ці Праграма, ці нешта іншае, што яе складае і кіруе нашым Сусветам, гэта барацьба ўсіх супраць усіх. Каб выжыць - трэба навучыцца не толькі жорсткасці, а і адзінству, і супрацоўніцтву, інакш надзеі няма. Барацьба ідзе заўсёды: яўная і прыхаваная. Віды змагаюцца і варагуюць за тэрыторыю, якая дае ім ежу. Жыццё - гэта харчовыя ланцугі, дзе жывое можа выжыць толькі паядаючы такое ж жывое. Як тут, у Афрыцы. Смерць тут хуткая і адкрытая. Адзін нападае і перамагае, калі яму пашанцуе, другі пакорліва памірае. Але ёсць і нябачная барацьба: дробныя драпежнікі ўкараняюцца у цела, разбураюць мышцы, лёгкія, вочы, мазгі. Слану і насарогу не страшныя леапарды, але страшныя паразіты.

Народы, расы, мяркую, таксама паяўляюцца, існуюць і, калі не здолеюць выстаяць у гэтай спрадвечнай барацьбе, гінуць. Я часта думаю пра свой народ, народ-донар, кроў якога ўжо стагоддзі жывіць шматлікіх драпежнікаў і паразітаў. Нядаўна, яшчэ да маёй экспедыцыі ў Цэнтральную Афрыку, знаёмы антраполаг прыводзіў у сваім дакладзе прыклады бесчалавечнасці, якая становіцца нормай, калі ідзе няўхільны ўціск на жыццё. Ён расказаў пра невялічкі паўднёваамерыканскі народ - назавём яго - племя Ок. Гэта былі звычайныя качэўнікі, якія займаліся паляваннем. Як і падобныя плямёны, яны былі арганічнай часткай наваколля. Ок былі ўласцівы шчырасць, самапавага, здольнасць абараняць сябе са зброяй у руках, здаровы недавер да чужынцаў. Але апошнія ўрываліся ў іх прастору і адцяснялі Ок у неспрыяльныя месцы існавання. Пачалася агульная дэградацыя. Маладыя адбіралі ежу ў старых. Жанчыны кідалі малых дзяцей проста на дарозе. Укараняўся канібалізм. Калі знясілены шляхам падаў на зямлю, з яго смяяліся, а потым забівалі і з'ядалі. Ecce homo. Я маўчу.

У мяне няма сумневу, што ўсе напісанае "правадніком Сплюшкам" з'яўляецца праўдай. Нават у семідзесятых гадах ХХ стагоддзя, у час, напрыклад, вызваленчай барацьбы Гвінеі-Бісау і астравоў Зялёнага Мыса ад партугальскіх каланістаў, паўстанцам даводзілася адыходзіць ад удараў партугальскіх войск на Поўнач, у Сенегал. Каб не страціць мабільнасці, яны пакідалі сваіх параненых у вёсках некаторых навакольных плямён. Але калі зноў вярнуліся ў Гвінею-Бісау, то не знайшлі сваіх сяброў па зброі. Гэта здаралася так часта, што лідэр руху Паік Амілкар Кабрал загадаў раскапаць месцы, дзе, па словах абарыгенаў, яны закапалі памёрлых. Але там нічога не знайшлі. Жыхары вёсак пасля допытаў прызналіся, што яны "адразу выкарысталі параненых у ежу". Неўзабаве знайшліся іх косці, але схаваныя далёка за межамі вёсак, і чэрапы ў хіжынах як рытуальныя прыналежнасці. Паўстанцы расстралялі канібалаў і спалілі іх вёскі. 

Ёсць звесткі, што ў горных вёсках Гвінеі і цяпер ужываюць у ежу сваіх памерлых супляменнікаў, аддаючы асаблівую перавагу мазгам, якія злёгку падсмажваюць над вогнішчам у драўляных цыліндрах. Роберт Гайдушак, нобелеўскі лаўрэат у галіне медыцыны, сцвярджае, што невылечная хвароба "куру" перадаецца там менавіта ад ужывання чалавечых цел і мазгоў. "Куру" ў перакладзе на мясцовы дыялект азначае "смерць, якая рагоча". Ахвяры хваробы паводзяць сябе, як апантаныя гебефрэніяй і ўвесь час смяюцца, а пасля паміраюць і, у сваю чаргу... ідуць у ежу, каб пасля заразіцца смяротным вірусам іх супляменнікам. Так, ecce homo.

Калі вы лічыце, што навука ўжо дасягнула свайго апагея, і мы ведаем, хто мы, адкуль і куды ідзём, то памыляецеся. Магчыма, будзеце мець рацыю вы і тады, калі палічыце мой каментарый да запісной кніжкі правадніка Сплюшкі - меркаваннямі звычайнага натураліста і географа, дылетанта ў прыкладных навуках, не спрактыкаванага ў эмпірычных распрацоўках. Магчыма, і так.

Але адкажыце мне на самыя простыя пытанні: што такое час? чаму, напрыклад, нараджаюцца аднаяйкавыя блізняты? што ўяўляе сабой вада? чаму свеціць і грэе сонца?

Так, чаму яно свеціць і грэе над нашай Зямлёй ужо чатыры з паловай мільярды гадоў і дагэтуль не згасае? Чаму яно пульсуе і пакрываецца плямамі? Яго паліва для тэрмаядзерных працэсаў даўно павінна скончыцца... Агульная фізіка стала зусім незразумелай з паяўленнем квантавай... І яшчэ шмат чаго...

Але я адхіліўся.

Я хачу выказаць сваю думку наконт чалавека, які называе сябе "правадніком Сплюшкам". Вось яна:

Калі наша няшчасная краіна ў мінулым пазбавілася такіх, як ён, і яго аднадумцаў, то лёс яе прадвызначаны. Вартая жалю зямля, на якой не знаходзіцца месца такім людзям, і вартыя жалю людзі, якія на ёй жывуць.

Менавіта аўтар прыведзенага мной вышэй дзённіка мог стаць у шэраг такіх вялікіх падарожнікаў і навукоўцаў, як Амундсэн, Скот, Чычэстэр, Піры, Хеердал, Арсеньеў, і зрабіць гонар сваёй радзіме. Але - ...не адбылося. Наўрад ці хто даведаецца калі-небудзь пра гэтага лаўца святла Месяца, нават яго імя.

Я часта думаю, што калі намі, усім нашым Сусветам кіруюць таямнічыя сілы, то ацэньваць самую Праграму кіравання - па-за межамі нашай самасвядомасці. А мы існуём у рэальнасці, якая становіцца з кожным днём усё больш загадкавай, а існаванне чалавека ў ёй - усё больш аслаўлівым.

Мне шкада.

2004 г.



[1]  "Ціхацёмныя" - польскія дыверсанты, якіх засылалі з Англіі. 

[2] Давід Лівінгстон - шатландскі місіянер і географ, даследчык Цэнтральнай Афрыкі.

[3] Персі Фосет - вядомы англійскі географ і падарожнік, які ў пачаткуXX стагоддзя восем разоў вандраваў па цяжкадаступных раёнах Паўднёвай Амерыкі. Знік без слядоў.

[4] Г.Стэнлі - легендарны англійскі даследчык Афрыкі.

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 733
mod_vvisit_counter Учора 2370
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 10789
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 46329