Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Маша і Машка: Аповесць Друк E-mail
08.12.2007 | 18:29 |
Знiклым i дачасна знiкаючым вёскам i вёсачкам, яе жыхарам, хто яшчэ застаўся ў жывых, са скрухай i душэўным болем прысвячаю.
 
Аўтар
Пасярод ночы, у кароткім промільгу між сном і трызненнем, яна ўлавіла якійсь гук з боку кухні, як штось глуха ляснула, пасля мякка, акурат на снег за вакном шлёпнула з грушы мёрзлая дзічка, нешта кранулася падлогі.
Намаганнем волі яна прыўзняла трохі галаву, выбавіла вушы з ваўнянай хусткі, каб лепш чуць. «Няўжо зноў бац упанадзіўся, лазіць па стале, шукае чаго па кутах? — апякла думка.— Божачка, няўжо да мяне скора дабярэцца, прывядзе ненажэрную сваю хеўру?!»
Хацелася б ведаць, колькі ўжо часу, але высоўваць рукі з­пад ватнай коўдры, каб пасвяціць на сцяну, дзе вісеў круглы, на батарэйцы, гадзіннік, які нячутна адлічваў хвіліны і гадзіны, не рашылася. «Кепска, што без бою,— са шкадаваннем зноў падумала пра даваенныя яшчэ ходзікі, у цёмным, са шклом, футарале, што мёртва Бог ведае колькі часу пыляцца збоку ля бажніцы.— Як хораша яны білі, адлічвалі кожныя паўгадзіны».

На кухні зноў нешта шкрэбнула, цяпер у рог дзвярэй, пасля мацней і настойлівей, і яна, канчаткова ачомаўшыся, адчула, як цёплая хваля падкаціла да сэрца.

— Машка, Машка! — хрыпла гукнула ў цемнату і задыхнулася ад чуллівасці.— Няўжо? Дзе ж ты так доўга бадзялася? Але ж, дзякаваць Богу, хоць жывая...

Яна пазнала, што гэта Машка, у гэтым ужо не было ніякага сумневу. Яна знарок пакідала на кухні, хоць холад і выпетрываў там усё наскрозь, прычыненую фортку, не зашчапляла яе на кручок, нібы ведала, што Машка не здрадзіць ёй, не пакіне паміраць адну, абавязкова вернецца дамоў.

Трэба было падняцца, адчыніць котцы дзверы, пусціць да сябе. Яна прымусіла сябе сесці, спусціць долу ногі. Адразу адчула, які ад нізу ідзе холад. Добра, што побач, прыслоненыя да табурэткі, стаялі буркі, і яна асцярожна, не вельмі хілячыся, уссунула іх на высахлыя, надта ж ужо ненатуральна белыя, сама ажно здзівілася, ногі. Наапашкі накінула стары, моллю пабіты, кажух, якім дадаткова акрывалася паверх ватнай коўдры. Трымаючыся спачатку за ложак, пасля за настылую, пальцы ажно апякло, кафлю грубкі («дзіва што, тыдзень, пэўна, не палілася»), яна датэпала да дзвярэй, памкнулася адчыніць. Папхнула іх ад сябе і, ужо не помнячы нічога, асунулася долу.

...Уверсе было добра. Яна плавала пад бэлькамі, бачыла сваё цела, ахінутае кажухом, распэтланыя сівыя валасы, змярцвелы, нерухомы твар, увесь у зморшчыках, няўдала падвернутыя ў бурках ногі. Ёй было дзіўна, што вось цела ляжыць пластом, але ж сама яна, Маша, жывая, плавае сабе пад бэлькамі і ўжо не чуе ані холаду, ані болю ў сэрцы. А вунека, быццам разгубленая надта, сядзіць ля галавы котка, іхняя Машка. Нешта там яшчэ валяецца ля яе пысы. «Машка, Машка!» — паклікала зверху, але Машка ані не зрэагавала, быццам не да яе звярталіся.

Яна паплыла да кута, дзе, ахінутая даматканым, вышываным у васількі рушніком, вісела ікона Маці Божай. Хацела заглянуць ёй у вочы, папытаць, што ж чакае яе далей, ці возьмуць яе на неба, у той райскі сад, пра які так марыла, асабліва калі жыццё стала невыносным і ад хвароб, і ад іншай пошасці. Але яна, як ні ўглядалася, не злавіла погляд Царыцы Нябеснай, бы тая аказалася зусім абыякавая да яе, Машынага, лёсу. «Божачка, чым жа ўгнявіла каго, у чым саграшыла? — моўчкі пыталася і ў сябе, і ў Бога.— Хай не кожан дзень малілася, але ж жыла чэсна, працавала, ірвала жылы на зямлі сваёй і калгознай, гадавала Лёшку...»

Згадаўшы пра сына, адчула якісь дыскамфорт, хваля жалю да яго ўскалыхнула і ўстрывожыла. Яна зноў паплыла да грубкі, каб з­пад бэлькі яшчэ раз зірнуць на сваю такую няўклюдную, распластаную на падлозе абалонку. «Во да чаго чалавек дажываецца,— маланкай мільганула думка.— Ні спагады табе, ні помачы нават у апошнія свае дні...»

Яна хацела пакружляць яшчэ над ложкам, у якім нямогла правалялася, бы падла, больш чым тры месяцы, павярнулася туды і... твар у твар сутыкнулася са сваім Іванам.

— Ты?! — здзівілася нямала.— Чаго прыпёрся сюды? Калі памагаць, дык, бачыш, ужо позна. Раней трэба было думаць. Вунь,— кіўнула на сваю абалонку,— бачыш, якая стала.

— Маша, ты што? — Іван пачуваў сябе быццам вінаватым.— Я ж толькі сказаць, каб...

— Ведаю, загадзя ведаю твае казані,— перапыніла яго на паўслове.— Годзе, наслухалася за ўсю жытку.

Яе, такую нядаўна ўціхаміраную, лагодную да ўсіх і ўсяго, зараз нібы прарвала. За пяць гадоў адзіноты, калі сканаў Іван, пайшоў, як і іншыя мужчыны вёскі, на клады, калі пачаліся непрыемнасці і ў сына, яна, Маша, падпарадкоўваючыся неўсвядомленаму інстынкту самааховы, ляпіла ў душы заслонку ад усяго шкоднага, што бачыла ў сваім жыцці. З ёю, той заслонкай, было нібы лягчэй, не так пякло, вярэ­дзіла ўсярэдзіне. Боль амаль зусім прытупляўся, калі яна, покуль магла трохі совацца, покуль трымалі хоць трохі ногі, клыпала да суседкі, каб пагаманіць, а заадно паглядзець па тэлеку вечаровыя навіны. Тэлек у Акуліны быў нікудышні, цягнуў усяго адзін, мясцовы, канал, але ім і гэтага хапала. Хоць там гаварылі на гарадской, нязвыклай для іхняе вёскі мове, аднак яны з Акулінай былі не апошнія дурніцы, галоўнае ўсё ж разумелі. Пасля тых навінаў у абедзвюх святлелі твары, яны яшчэ доўга абмяркоўвалі бачанае і чутае.

— Бач, любка, як людзі жывуць,— чмякала бяззубым ротам Акуліна.— Лепшага ці і трэба. І косяць, і жнуць, і якісь палацы... як гэта іх? ага, хлядовыя, строяць. І праўда ж, хай Амэрыка тая ды іншыя брэшуць, бы цюцькі, але нам што, у нас сваё...

— Ну, Акулінка, табе б толькі на трыбуну...— было неяк ушчаміла не ў патрэбны момант сваю рэпліку Маша.

Акуліна як папярхнулася, вырачыла вочы, ад гневу доўга не магла здыхацца. Прадбачачы, што можа зараз адбыцца, якія памыі і на яе, і на сына можа выплюхнуць суседка, Маша змякчыла сітуацыю:

— Анягож, брэшуць і праўда. Але наш дае ім лупцоўкі. Хвігу не хавае доўга ў кішэні, паказвае ў патрэбны мамент.

...Тады абышлося, бо калі б суседка разышлася, ці ўратавала б яе, Машу, ейная заслонка. Зараз жа, сустрэўшыся сам­насам з Іванам, яна адчула, што ўжо нішто не можа стрымаць наслоеныя адна на адну, як бы закарэлыя за доўгія гады, крыўды.

— Ты што, Маша? — зноў паўтарыўся Іван.— Ці ж высвятляць зараз?.. Табе трэба вярнуцца, Лёшку чым падсобіць. Яму дрэнна, вельмі дрэнна.

Маша гатовая была яго размятлашыць, а пасля, як і заўсёды здаралася, дараваць і пашкадаваць. Але калі згле­дзела ў другім, дальнім ад Багародзіцы куце яшчэ адзін твар, зарослы шчэццю, з рожкамі на галаве, з бутэлькай цёмнага шкла ва ўчэпістай лапе, жахнулася, словы захраслі ў горле. «Чорт, чорт паганы,— урэшце крыкам вырвалася з яе.— Вон адсюль, з маёй хаты». Яна інстынктыўна падалася да іконы і ўжо адтуль павярнула голаў, каб глянуць, што робіць Іван і як бароніцца ад нячысціка. Але Іван і не думаў бараніцца. Ён быў узрадаваны, паплыў да чорта, ухапіўся аберуч за бутэльку, адкаркаваў і, булькаючы, прагна пачаў жлукціць з горла. «Божачка, літасцівы мой,— звярнулася да Багародзіцы Маша,— не дай і Лёшку да такога дакаціцца, дапамажы і ўратуй. Векі вечныя буду Табе кланяцца, услаўляць Тваю дабрыню».

Маці Божая, як падалося Машы, цяпер ужо не адвяла позірк убок, глянула ёй у вочы ні то з дакорам, ні то з шкадаваннем...

 

Нешта шорсткае, але далікатнае кранулася яе шчакі, падкралася да падбародка, памкнулася да губ. І хоць у галаве былі цемра і тлум, а ў вушах штось бязладна бумкала, акурат білі ў званы, і гукі тыя, ані не падобныя на царкоўныя, надта ж балюча адгукаліся ва ўсім целе, яна, нягле­дзячы ні на што, адчувала цёплую лагоду, што ішла ад твару і скрадвала пакуты.

Колькі так доўжылася, яна не ведала, ляжала сабе ды ляжала, цьмяна ўсведамляючы, што з ёю робіцца. У нейкі момант змагла варухнуць нагой, пасля зноў і зноў, і тады хтось яшчэ больш апантана пачаў лізаць падбароддзе, шчаку, нос, нават ціхутка мяўкнуў. Гэта яе канчаткова абудзіла. Удзячнасць да коткі дала трохі сілы, і яна, падцягнуўшы руку, кранулася поўсці сваёй любіміцы. «Машка, Машка,— пяшчотна гладзіла яе такое чамусьці змарнелае цела.— Ты прыйшла, не кінула адну ў бядзе. Нічога, мы разам мо акрыяем...»

Вокны паступова яснелі, рассейваючы начны морак і ў хаце. Трэба было падымацца, бо толькі зараз яна канчаткова ўсвядоміла сваё становішча, а яшчэ адчула, як дранцвее ад холаду ўсё ўсярэдзіне. Машка ўжо сядзела збоку і ўмольна глядзела на сваю гаспадыню, бы падахвочваючы на нейкі ўчынак.

Уставаць было няпроста, і шчасце, што, калі падала без прытомнасці, не зламала ні рук, ні ног. Пабіла, і добра­ткі, відаць, патыліцу, бо на падлозе Маша згледзела лужынку чагось мокрага. Напружыла зрок і пазнала, што гэта кроў. Правая рука — левай яна трымалася за сцяну — машынальна пацягнулася да галавы, да тога месца, дзе пякло і смыліла. Ззаду ўсе валасы былі закарэлыя, бачна, кроў ужо запяклася і больш не цякла. «Нічога, загоіцца,— супакоіла сябе.— Я трывушчая. І не такое бывала».

Машка ціхутка мяўкнула і ткнулася пысай у нешта яшчэ цёмнае, што валялася трохі збоку ад лужынкі крыві. «А Божачка! — уразілася, пазнаўшы, што гэта на падлозе, Маша.— То ж яна мне падсілкавацца прынесла, просіць, пэўна, каб узяла, з’ела. Сама не стала, хоць бачна, якая схуднелая».

Мыш была яшчэ жывая, бо толькі Машка адвярнула пысу, як тая борздзенька памкнулася шмыгнуць да грубкі і дзе зашыцца. Але Машка лоўка накрыла яе лапай і ўмольна глянула ў вочы гаспадыні. «Не, котачка мая любая, не,— Маша, нягледзячы на слабасць ва ўсім целе, ажно захлынулася ад пяшчоты.— Гэта твой ласунак, а я сабе, як трохі паляжу, аддыхаюся, нешта знайду. Мо нават і грубку падпалю, што цёплае згатую. Паленцаў жа яшчэ колькі ё ў запасе».

Яна, не зачыніўшы шчыльна дзверы ў кухню­лядоўню, каб Машка магла вольна хадзіць і на двор праз фортку, і сюды, у хату, так­сяк дабралася да сваёй пасцелі і лягла. Зноў акрылася коўдрай і кажухом, трохі сагрэлася. Думала, што хоць колькі засне, але сон, хоць і змружвала вочы, болей не ішоў. Слабасць паступова адступала, яснела, нягле­дзячы на зуд там, дзе рана, у галаве. Неяк адразу прыгадала, нават не прыгадала, а ўбачыла, яскрава і выразна, быццам гэта быў не сон, не трызненне, як плавала пад бэлькамі, як размаўляла з Іванам... «Божачка, няўжо гэтак было...»

Скалануўшыся, яна павярнула голаў да іконы, выцягнула з­пад коўдры руку, тройчы перажагналася.

І зноў, соты, а мо і тысячны раз, наплыло, ужо з рэальнага, самой перажытага, прапушчанага скрозь сэрца і нервы. Нітачка за нітачкай, усё нанова, яна пачала разблытваць вузлы і вузельчыкі свайго жыцця, якіх навязалася ой як багата. Асабліва за апошнія дзесяць гадоў, калі жыў яшчэ Іван, быў разам сын, не зусім абязлюднела вёска. Хто ведае, мо і іхняя жытка пайшла б на лад, мо ўсё і добра было б, каб не надарылася гэтая варажнеча. Не, не толькі ў іхняе сям’і. Здаецца, увесь свет ашалеў, перавярнуўся дагары нагамі, замест таго, каб рупіцца, як спокан веку было, здабываць хлеб і што­колечы да хлеба, людзі пачалі гаўкацца, шукаць нейкае праўды, нешта даказваць адно аднаму. У вёску раз­пораз наязджалі нейкія чужыя людзі, чыстыя і файна апранутыя, як у горадзе. Праўда, да гарадскіх іх цяжка было аднесці, бо гаварылі яны, калі вяскоўцы збіраліся дзе ля крамы, на іхняй, вясковае, мове, раздавалі якісь паперы, часам газеты ці танюсенькія кніжачкі.

Ад іх, тых чысценькіх гаваруноў, і пайшло, бадай, найбольшае ліха. Нешта ж такое яны пасеялі, што ўскаламуціла, узвіхурыла ўсё навокал. Цяпер ужо і свае, найперш маладыя, у якіх яшчэ матчына малако на губах не высахла, пачалі гыркацца з дарослымі, даказваць, што і тое ў іх жытцы не гэтак, і гэта не так. Што ад іхняе, бацькоўскае, лагоды ды вечнай пакоры і страху перад начальнікамі і начальнічкамі яны забыліся, што і самі людзі, а не быдла якоесь. І жывуць яны як не найгорш у свеце... Божачка, што яны толькі ні вярзлі! Бабы, а іх у вёсцы было нашмат больш, чым астатніх жыльцоў, нутром адчуўшы пагрозу іх ціхаму існаванню, высмейвалі выдумкі сваіх смаркачоў­выскачак і ў якасці доказаў як не за каршэнь цягнулі паслухаць, што кажуць па радзіву ці вечарам па тэлеку.

Тэлекаў, праўда, у вёсцы было кот наплакаў, ды і тыя, у каго меліся, свяціліся цьмяна, як скрозь туман. Але ўсё­ткі... Вось адтуль, з экранаў тых, гаварылі дык гаварылі, усё адно што алеем душу змазвалі. Асабліва стараўся ён, іх найпершы заступнік, кожнае слоўца якога яны, бабы, сабраўшыся разам, смакавалі, бы найлепшы ласунак. За яго яны пайшлі б галасаваць хоць дзесяты, а то й соты раз. Але варажнеча, што навісла над вёскай, хутка праявілася самым нечаканым чынам.

Аднойчы колькі жанок, у тым ліку і яна, Маша, сабраліся ў Акуліны, бо меўся выступаць зноў ён, сядзелі так і ціха гаманілі, святой хвіліны чакаючы, здарылася тое, чаго яны ну аніяк не маглі прадбачыць. Толькі на экране з’явілася так любая ім постаць, так горача пачала хваліць зробленае самім, а пасля бэсціць сваіх нягеглых памагатых, у хату з лесу, з сякерай у руках, увайшоў Хвёдар, гаспадар, і адразу, яшчэ з парогу, папрасіў есці.

— Авоечкі, я ж нічога не згатавала,— успляснула рукамі Акуліна.— Ды і сам не пан велькі, можаш картоплін колькі зварыць. Бачыш жа, мы глядзімо...

Хвёдар, цёмны ад шчэцця і якісь надта змарнелы, люта бліснуў вачыма і з сякерай матлянуўся да тэлека, з усяго маху, не думаючы доўга, гапнуў па экране. Шкло ўміг брызнула, разляцелася на дробныя ашкабалкі, засыпала падлогу, трапіла на ногі і на спадніцы жанок. Віскнуўшы ад страху, тыя вопрамець кінуліся прэч на двор, далей ад бяды. Збялелая, бы палатно, выскачыла ўслед за імі і Акуліна.

— Божачка,— лямантавала яна на ўсю вуліцу,— убіўца пракляты! Цяпер жа затузаюць, пэўна ж, некаму даложаць, што ён нарабіў­натварыў.

Як ні прасіла Акуліна жанок нікому нічога не казаць, выхадку Хвёдара ўжо на другі дзень смакавалі паўсюль. Адны рагаталі, надрываючы жываты, іншыя хапаліся за калы, штось даказваючы адно аднаму, трэція, больш асцярожныя, круцілі пальцам ля скроні і баязліва азіраліся па баках.

Неяк скукліўся, зусім сцішэў, не паказваўся нікому на вочы сам Хвёдар. Казалі, што перастаў і піць, і есці. Запёршыся наглуха ў даўно пустым хляве, нешта мармытаў сабе пад нос, часам кашляў, анікога не пускаў усярэдзіну, нават жонку, якая малёгала ўзяць хоць што­кольвечы ў рот.

Чаго баялася Акуліна, тое і здарылася. На чацвёрты ці пяты дзень на двор да іх зайшлі, пакінуўшы легкавік у завулку, нейкія двое ў цывільным. З імі яшчэ міліцыянт, таксама зусім незнаёмы. Далікатна пастукаўшыся ў дзверы, папыталі, дзе гаспадар. Таіцца, выдумляць, што нічога не ведае, Акуліне не выпадала. Яна была пераканана: прыезджыя, калі не скажа, адразу ж павядуць да хлява, пачнуць ламаць дзверы. Ім жа, канешне, усё вядома, яны ўсё бачаць наскрозь.

Не супраціўляўся, бы чакаў сабе кары, і сам Хвёдар. Учуўшы ў двары моцны тупат, ён не палез на вышкі, не стаў зашывацца ў спарахнелую пазалеташнюю салому, як рабіў на першым часе, калі Акуліна, не ведаючы, дзе муж, шукала яго паўсюль, неаднойчы заглядвала і ў хлеў (тады Хвёдар не прыдумаў яшчэ завалу з сярэдзіны). Зараз ён, яшчэ болей зарослы і счарнелы, бы цыган, толькі з патухлымі, нейкімі надта ж блякла­абыякавымі вачыма, выйшаў насустрач чужакам, пакорліва паплёўся з імі да машыны...

Ход ейных думак перапыніла котка, якая скочыла на край ложка, пачала шукаць, дзе пагрэцца. «Змерзла, бедненькая,— устрапянулася Маша.— Як жа я адразу не паклікала да сябе? Але ж сама не помню, як дапяла да пасцелі, як легла». Адхінуўшы край коўдры, вольнай рукой яна ўхапіла, прыгарнула кошку да сябе, пасунула бліжэй да грудзей. Гладзячы, зноў са шкадаваннем зазначыла, якая яна змарнелая, не тое, што было два тыдні таму. «Дзе ж ты бадзялася, дурненькая? — перабірала парадзелую поўсць сваёй любіміцы.— Думала, што я ўжо сканаю, і лепш не бачыць маю немач? Бо чым магла памагчы? Але ж мышку мне, бач, прынесла. Ці ж з’ела хоць сама?»

Яна павярнула голаў, кінула позірк на падлогу ля грубкі і нічога там не згледзела. Праз шыбкі вокан садзілася скупое пакуль ранішняе святло. Яно дазваляла, аднак, разгле­дзець, што было ў хаце, што нажылося за доўгія гады, з чым зраслася і звыклася. Самаробны стол непадалёк ад бажніцы, засланы парыжэлым ужо ад пылу і даўнасці абрусам, на ім тры гаршчкі з альясам, з мякаці якога рабіла часам на мёдзе, калі ўдавалася купіць якую шклянку, лякарства; два венскія крэслы, прыстаўленыя ўпрытык да стала, ся­дзеннямі пад абрус; між двох вокан камода з шуфлядкамі для драбязы, а ўнізе — і для бялізны. Уверсе камоды за шклом — розныя кубачкі і талеркі, некаторыя з іх нават гожа, у буйныя ружы і іншыя кветкі размялёваныя. Гэтыя талеркі Маша асабліва ашчаджала, ні сама, нават у важныя святы, нават на Вялікдзень, не карысталася, ні сыну і мужу, як жылі ўсе пад адным дахам, не дазваляла браць у рукі. «Дурная, думалася, што лепшае яшчэ паперадзе, і тады... А бач, як усё прахам пайшло...»

Слёзы, буйныя і пякучыя, засцілі вочы, і яна асцярожна павярнулася да сцяны, перамясціўшы на новае месца і котку. Тая, ушчэнт змораная, спала зараз без задніх лап, нават, здэцца, ціха пахрапвала. «Хай адаспіцца, можа, больш не сыдзе. Але ж есці што?» — кальнула думка. Самой як ні моташна было, як ні гула гудам галава, спаць болей не выпадала. Сцёршы далоняй слёзы, вырашыла ўсё ж падняцца. Трэ прапаліць грубку, трошкі сагрэць хату, бо і вада ў вядры ля камоды можа замерзнуць, калі ўжо не замерзла. Урэшце, зварыць хоць картоплін колькі, хоць супу з аўсянкі не зашкодзіла б. Можа ж, палезе ў рот. Не палезе, то хоць прымусіць сябе трэ.

Гэтак думаючы, выцягнула з­пад падушкі буркі, намацала ў нагах іншую цёплую апратку. На дварэ было досыць ужо светла і, адчувалася, памякчэла, бо шыбкі, якія яшчэ ўчора спрэс пакрывала марозная аздоба, зараз ачысціліся, стала бачна ўсё ў двары і на вуліцы. Па голлі клёна ля брамкі вызначыла, што ветру нямашака, і можна было б пасля, як лепей адчуе, паспрабаваць даклыпаць да Акулінінай хаты. Можа ж, кабету ўжо выпісалі з больніцы, прывезлі назад, можа ж, трохі падлячылі. Ого, не прывядзі Госпадзі займець такую хваробу! А ўсё праз яе чалавека, Хвёдара, царства яму нябеснае.

Хвёдар, пасля тога, як забралі яго невядомыя ў цывільным, прыйшоў дадому месяцы праз два. Прыйшоў лагодны, усмешлівы, нават папаўнелы ў твары, нават гладка паголены, чаго амаль ніколі з ім не было, прынёс замест пабітага якісь іншы, меншага памеру, нашмат лягчэйшы, тэлевізар, у якім, колькі Акуліна ні аглядвала, не знайшла ні аднае ні ручкі, ні кнопкі, ні якога­небудзь пераключальніка. Падумала была адразу, што то якаясь бліскучая, са шклом і гладкімі бакамі, дзіцячая забаўка, звычайная скрыначка, у якую нечага цяжкаватага напіхалі. Але ж не. Толькі Хвёдар торкнуў гэтую штуковіну ў разетку, як адразу і загаварыла на ўсю хату, і засвяцілася ў тым шкле. Ды так ярка, так выразна, акурат усярэдзіне сядзеў жывы чалавек, глядзеў на цябе ва ўпор і казаў: «Матай на вус і запамінай, глядзі мне...»

Хвёдар цяпер цалюткія дні і да глыбокай поўначы праседжваў ля скрынкі, слухаў, што казалі адтуль разумныя людзі, цыкаў часта на жонку, калі тая не ў час і не да месца ўстаўляла якое сваё слова.

Нішто, здэцца, не прадракала бяды. Аднойчы Акуліна, атрымаўшы сваю пензію (мужу яшчэ два гады чакаць гэткай лафы), пайшла ў Праснакі, што ў цэнтры калгоза, каб купіць якіх крупаў, солі, запалак, булку ці дзве, калі падвязуць, хлеба, мо якіх дзешавейшых селядцоў. На многа яна не разлічвала, бо пензіі той — кот наплакаў, а трэба ж працягнуць як мага даўжэй, каб пасля не класці зубы на паліцу. Восем кіламетраў — туды ды назад — узялі нямала часу і сіл, і Акуліна, як пайшла перад абедам, вярнулася толькі прыцемкам.

На ганку праз вакно згледзела зіхценне экрана, а вось самога Хвёдара ў крэсле чамусьці не ўбачыла. Не было мужа і ў хаце. Думаючы, што той пабег дзе за хлеў, распакавала клункі, сама, ушчэнт стомленая, прысела на ўслончыку ля тэлевізара, не змеціла, як неўпрыкмет задрамала. Прахапілася, бы што яе штурхнула ў плячо. Экран па­ранейшаму чыста свяціўся, выступаў самы найлюбшы ёй чалавек. Слухаць бы яго ды слухаць, але браў ужо непакой за Хвёдара. Дзе і што магло стацца з мужам, што так даўно нямашака? Каб куды папёрся, то, пэўна ж, вышмаргнуў бы з разеткі провад. Не, паперціся Хвёдар, на ноч гледзячы, нікуды не мог, бо, апроч Машы ды глухога дзеда Сілівона, які дажываў свой век праз чатыры хаты адсюль, у вёсачцы іхняе анікога не засталося. Адны, і іх найболей, аддалі Богу душу, іншых звезлі ў горад дзеці, і кінутае­рынутае іхняе жытло з забітымі крыж­накрыж вокнамі і дзвярамі ўвачавідкі гніло і марнела, у падворках буйна раскашавалі адно лапухі ды крапіва.

Акуліна ў той вечар прыбегла да яе, Машы, якая ўколенкі, запаліўшы васковую свечку, стаяла перад бажніцай і малілася.

— Мой часам не заходзіў да цябе? — з парогу кухні гукнула ў пярэднюю хату Акуліна.— Во, бегаю, шукаю свайго валацугу.

Маша тады, помніцца, нямала ўз’ятрылася на суседку:

— Ага, пад спадніцай у мяне сядзіць і не хоча вылазіць. Патрэбен мне твой чалавек, як сабаку пятая нага. Сваім нацешылася па горла. Пятнаццаць гадоў дзень і ноч жлукціў, сябе труціў і мне жыццё калечыў... Але хай яму Бог суддзя будзе. Сёння ўжо гадавіна, як згарэў, захлынуўся ў тым віне, думаў, што ўсё перап’е...

Яна горка заплакала, і Акуліне нічога не заставалася, як хутчэй падацца на вуліцу. Але недзе хвілін праз пятнаццаць адтуль, з­пад яе хаты пачуўся, нават праз зачыненыя вокны і дзверы, немы, жудасны крык. Маша басанож і паўраспранутая кінулася на падворак, услухалася і, пазнаўшы, што гэта Акуліна захлынаецца ў тым крыку, пабегла насустрач.

...Хвёдара, ужо астылага, яны ўдзвюх ледзьве выбавілі тады з вераўчанай пелькі, змайстраванай у хляве, так­сяк зацягнулі ў хату і паклалі на падлогу непадалёк ад тэлевізара. Тэлевізар быў не выключаны, не да яго было. Там, на экране, нехта глуха нешта бубнеў, пасля спявалі і скакалі, аднак ні Акуліна, ні Маша, разгубленыя і забітыя горам, не здагадаліся перапыніць такую недарэчную зараз весялосць.

Пахаваць Хвёдара (і як толькі дазналіся?) прыехалі на другі дзень усё тыя ж у цывільным. Самі купілі труну і вянок, знекуль дасталі двох дахадзяг капаць на кладах яму. Праважатых, апроч Машы, Сілівона (яго на «Запарожцы» падвозіў Славік, які акурат у той дзень прыехаў з райцэнтра адведаць дзеда), больш нікога не было. Акуліна, а з ёю і Маша, трохі затрымаліся ля горбіка зямлі, разам яшчэ паплакалі, а калі вярнуліся ў Акулініну хату, згледзелі, што тэлевізара няма. Абгледзелі ўсе куткі і закуткі, Акуліна нават схадзіла да Сілівона папытаць, мо Славік бачыў каго чужога, хто б мог выпадкова забрысці ў вёску і паквапіцца на дабро. Славік спачатку зніякавеў, пасля, узлаваўшыся, павёў Акуліну да «Запарожца», расчыніў дзверцы, паказаў, што ўсярэдзіне пуста, перавярнуў усё ўверх нагамі і ў багажніку.

— Славічак, ды я ж аніяк і не думала пра цябе,— апраўдвалася Акуліна.— Я адно папытаць, мо бачыў каго.

Славік ні слова не сказаў, збегаў толькі ў хату, відаць, нешта буркнуў дзеду, а, вярнуўшыся, сеў у машыну, з усяе сілы газануў і памчаў на большую дарогу. Акуліна памкнулася была пагаварыць з Сілівонам, яшчэ раз апраўдацца, але, успомніўшы, што глухому ўсё роўна нічога не дакажа, пабрыла дахаты.

Загадку прапажы яна яшчэ доўга смакавала з Машай, калі наведвалі адна адну.

— Вой, так жа хораша паказваў,— гаравала Акуліна.— Як жа без яго? Стары б хоць пачыніць, ды хто возьмецца? Там жа ўся сярэдзіна гнілая...

Ім абедзвюм зараз вельмі не хапала свежага, хай сабе з тэлескрынкі, голасу. Радзіва ўжо даўно не працавала, і адна ўцеха была — тэлевізар. З ім неяк не так хацелася нават есці, неяк свае бядоты лягчэй забываліся... І вось на табе — маеш...

Хутка, праўда, і той скрадзены тэлевізар не спатрэбіўся б. Электрыкі, палічыўшы, што вёска зусім апусцела, што там ні ў аднае хаце не засталося жывой душы, абрэзалі правады, якія спатрэбіліся ім недзе ў іншым месцы. Маша з Акулінай (Сілівон з­за немачы не змог) пайшлі адразу ў Праснакі да старшыні сельсавета Каробкі, каб паскардзіцца на несправядлівасць. Каробка, убачыўшы кабет, перастаў перакладваць якіясь паперкі, выслухаў і ці то ў жарт, ці ўсур’ёз здзівіўся:

— Дык вы яшчэ?.. Ого! І пенсію, відаць, яшчэ палучаеце?

— І пензію палучаем,— з выклікам сказала Маша.— Нас прэзідэнт наш не абіжае, мы яго... Можа, каму гэта муляе, але мы яшчэ жыцьме. Але як жа без святла?

— Разбяромся,— трохі чагось спалохаўся Каробка. Аднак ужо праз хвіліну, апёкшы позіркам Машу, сам пайшоў у наступ:

— За сынка табе б дулю з макам даць. Думаеш, не ведаю, што ён там, у Мінску, з другімі вытвараў, на што квапіўся. Уласць ім, бачыце, памяняць трэба, на Самога брэшуць. Але рукі ім укароцяць, яшчэ як укароцяць. Па саменькі локаць.

Маша аніяк не чакала такога ўдару, стаяла, хапала ротам паветра, не ў сілах вымавіць хоць слова ў адказ. Ды што яна магла вымавіць? Волю слязам яна зноўку дала ўжо дома. Акуліна, калі вярталіся з сельсавета, клікала да сябе, каб абмеркаваць, што рабіць далей, мо нават напісаць пісьмо прэзідэнту. Ён хутка, як пачытае, навядзе парадак, гэных паразітаў, якія адно і ўмеюць, што перакладваць паперкі, выведзе на чыстую ваду. Маша, аднак, спаслаўшыся, што разбалелася галава і ёй трэба паляжаць, адхіліла прапанову суседкі.

Той вечар і аж за поўнач яна прастаяла на коленках перад іконай, пыталася ў Багамаці, як жыць самой, што будзе з сынам. Пыталася і не знаходзіла адказу. На кавалкі кроіла сэрца крыўда на Лёшку, што так адбіўся ад рук, што загубіў, скалечыў сабе жыццё і яе, матку, на сорам выставіў. А хлопец жа, здаецца, не дурны, ласкавы, заўсёды, як прыязджаў, туліў яе да сябе, ушчуваў бацьку, падкідаў і гасцінцы тады­сяды, і грошы, як выпадала. Маша ганарылася, што сын ані амаль не піў,прыгожа і чыста апранаўся, хоць і на заводзе тым вялікім, дзе трактары робяць, працаваў майстрам. Працаваў... Хто ж такіх доўга трываць будзе, якія проці ўласці бунтуюць, шчэ і на вуліцы выходзяць? Божа міласэрны, што ж гэта дзеецца ў свеце, што шукаюць лепшага людзі? Ё хлеб і што да хлеба, не страляюць, даюць работу, дык жа не, мала, нейкае скулы шчэ хочацца. Колькі Маша помніць сябе, яе вучылі дарослыя, вучыла родная матка, само жыццё вучыла: хочаш нешта мець, то цярпі, як часам ні было б крыўдна і балюча. Свет не перайначыш, не пераробіш на свой капыл. Во, гэтулькі ж гадоў цярпела свайго п’янтоса, ірвала ў калгасе жылы і за сябе, і за яго. А ён, калі заліваў вочы, плявузгаў абы­што, лаяў парадкі, бубнеў і бубнеў, пакуль не звальваўся дзе і не засынаў...

Яго, Івана, ужо няма, высушыла слёзы па ім. А вось за Лёшку баліць, смылее душа. Няўжо ж у бацьку пайшоў? Не, Лёшка не такі. Ён быў неахвочы да гэтае атруты, гэтае гары, якую людзі і самі гналі і ад якой гнуліся паліцы крамаў, як неахвочы і што расказваць пра сябе, пра сваё жыццё­быццё. Маша ані не ведала, чым жыў сын, што ў яго наўме, чым можа пахваліцца. Яна не раз падступалася з роспытамі, ці займеў хоць дзеўчыну, ці хутка жэніцца. Там жа, у горадзе, дабра гэтага — хоць гаць гаці. Усе пазбягаліся туды, усе дзюркі пазатыкалі. Але Лёшка ўхіляўся ад гэтых роспытаў і смяяўся, пасля чамусьці замыкаўся ў сабе, хмурнеў. А калі Маша ўстрывожана пыталася, мо што ў яго са здароўем, мо захварэў сам, сын хінуў яе да сябе, цалаваў і супакойваў: «Будзе табе і навестка, мама, будзе, яшчэ парадуешся. А пакуль...» Што азначала гэтае «пакуль», не казаў, і яна не настырняла допытамі.

А нявестку ёй ой як жадалася! Жадалася і ўнучачку ці ўнука мець, і не аднаго дзіцёнка. Гэта ў яе так сталася, што аднаго толькі нарадзіла. Баялася болей ад Івана. Нават і тады, калі ён яшчэ гэтак пагана, да бяспамяцтва не піў.

Пачалося ж усё з тога яго адыходніцтва, на якое падбіў Сілівонаў пляменнік Славік. Удвох (напытаў і дагаварыўся) яны падрадзіліся ў нейкім далёкім адсюль мястэчку — Маша і не чула пра такое — узвесці са шлаку сцены дома­хароміны, а калі гаспадары давераць, то і паставіць кроквы і ўсё астатняе зрабіць. Іван тады кінуў­рынуў ферму, дзе лічыўся падвозчыкам кармоў, упакаваў у сумку патрэбнае з адзення, узяў як не ўсе з цяжкасцю сабраныя грошы, прыхапіў брус сала, колькі цыбулін і развітаўся з ёю і з малым тады яшчэ сынам.

Яна, Маша, нутром адчувала, што не варта мужыка адпускаць далёка ад сябе, што пагоня за доўгім рублём дабром не скончыцца. Яно так і сталася. Спачатку Іван рэгулярна па суботах дабіраўся падарожнымі машынамі дадому, і калі не было яшчэ позна, разам вячэраў, тое­сёе расказваў пра зробленае, пра гаспадароў, пасля, пазяхаючы, не папытаўшы нават, як вучыцца Лёшка — хлопец толькі пайшоў у школку,— кідаўся ў ложак і засынаў. Машы хацелася мужчынскае ласкі, пяшчоты, маладая яшчэ кроў кіпела ў жылах, аднак прыставаць да стомленага мужа, нечага дамагацца не асмельвалася.

Гэтак доўжылася месяцы з два. А пасля, як настаў час прывезці хоць якія грошы за зробленае, Івана бы след прастыў. Не з’явіўся дадому ні ў бліжэйшую суботу, ні ў другую, ні ў трэцюю. Не ведаючы, што й думаць, Маша некалькі разоў хадзіла да Сілівона, мо той што скажа пра пляменніка, разам жа з Іванам робяць, і ці быў Славік калі ў дзядзькі. Сілівон (мо што і ведаў) адводзіў вочы ўбок, смаліў, кашляючы, самасад, ухіляўся ад адказу. Калі Маша аднойчы больш настойліва прыперла яго да сцяны, буркнуў незразумелае: «Знайшлі боты пару». І ўсё, ні слоўца ні пра Славіка, ні пра Івана.

Пра мужа расказала таварышка па ферме, таксама даярка, Каця Мельнікава. Неяк у панядзелак, калі падаілі кароў і тых пагналі ў поле, Каця адвяла Машу ўбок, гняўліва шапнула, каб не чулі іншыя цікаўныя вушы:

— А твой таго... марцуе з іншай краляй. Была ўчора ў райцэнтры на кірмашы, сама бачыла, вось пабажыцца гатова. Ого, выгладзіўся, прыфарсіўся, хвост распушыў. Фу, аж гідка глядзець было. А краля, старэйшая за твайго і ўся размалёваная, п’яўкай учапілася яму подручкі, і так разам хадзілі, штось вынюхвалі. Мяне ён не змеціў, а каб стрэліся твар у твар, далібожачкі, плюнула б абоім пад ногі альбо і ў вочы...

Маша ажно ўспыхнула ад пачутага. Сэрца ў грудзёх часта затахкала, гатовае разарвацца на кавалкі. Але яна змагла ўзяць сябе ў рукі, пры жанках не распускаць нервы. А вось дома не знаходзіла сабе месца. Лёшка, прыйшоўшы з урокаў, усё дапытваў, чаго мамка плача, мо брыгадзір накрычаў, што часта здаралася, калі той яшчэ зранку не дабіраў меру і пасля гойсаў па вёсцы, не ведаючы, да каго як прыдрацца. Маша, прыгарнуўшы сына да сябе, гладзіла яго шаўкавістую галоўку, казала:

— Ды не, сыночак, не. Гэта вот так нейкая жальба нахлынула. Ты не глядзі. Вось паеш цёпленькага, зараз з печы дастану, і збегай пагуляй, покуль рабіць урокі.

Яна вырашыла не трывожыць сына, а калі той зноў спытае, чаму татка так доўга не прыходзіць з заробкаў, выдумаць, што ў іх там са Славікам запарка, гаспадары просяць, каб і ў нядзельку парабілі.

Праз паўгода, была ўжо пазнаватая восень, Іван заявіўся дадому. Падлучыў акурат такі момант, калі Лёшка быў у школе, а Маша пайшла ў Праснакі ў кантору, каб выпрасіць які аванс і што­колечы купіць з яды для сына і для сябе, бо ўсё паканчалася і ў кубле, і на паліцах, адно толькі бульба ды буракі з агароду і засталіся.

Іван у верхняй бруднай вопратцы хроп у ложку, нават не зняў кірзавыя боты, таксама брудныя і нечым заляпаныя. Твар ягоны быў азызла­чырвоны, а з рота патыхала нясцерпным сівушным перагарам. «Божачка,— жахнулася Маша, не ведаючы, радавацца ці гараваць з нагоды з’яўлення мужа.— За што ж мяне такая долечка напаткала?»

 

Зараз, успамінаючы ўсё гэта даўняе, Маша дзівілася, як не зламалася сама, як выстаяла, змагла выгадаваць сына і выправіць па­людску на вучобу далей, у той ягоны тэхнікум, у саменькі Мінск. Каб жа ведала тады, што яго там чакае наперадзе, то лепш угаварыла б застацца ўдоме, вывучыцца на шафёра, а то й трактарыста. Тады і галава не пухла б ад думак за яго. І паміраць не давялося б вось так, у холадзе і адзіноце...

Холад і праўда нябачнымі калючымі льдзінкамі скоўваў яе худое абяссіленае цела, і яна як магла хутчэй нацягвала на сябе ваўняны швэдар, цёплыя панталоны, ваўняныя таксама шкарпэткі, якія ўжо прашморгаліся ў насках і пятках, але ўсё ж яшчэ грэлі. У бурках таксама, хоць і акалавелі нямала і спачатку халадзілі нават праз шкарпэткі, было ўсё ж добра. На швэдар яна нацягнула кажух, а голаў ямчэй абматала хусткай, з якой не разлучалася ні днём, ні ноччу.

Падняцца ва ўсёй амуніцыі і спачатку хоць колькі паклыпаць па хаце, покуль абвыкнуцца ногі, покуль галава перастане кружыцца, было няпроста, і зараз Маша пашкадавала, што загадзя не запаслася якой арэхавай палкай, каб абаперціся на яе, падтрымаць цела. Яна дзівілася з сябе, як гэта ў поўнач, калі пачула шкрабанне Машкі, змагла датэпаць да дзвярэй, пусціць да сябе котку. І паплацілася за гэткую неабачлівасць.

Яна дацягнулася рукой да тога месца патыліцы, дзе яшчэ пякло, і пальцы намацалі ладны гузяк. «Нішто сабе,— здзі­вілася сама.— Дзіва што кроў, дзіва што душа выйшла праз пяткі». І ўсё ж яна была здаволеная, што памагла Машцы. «Во спіць сабе, уткнуўшы ў падушку пыску, не чуе нат, што гаспадыня ўстала. Спі­спі...»

Машы няўцерп хацелася падбароддзем крануцца ейнай мордачкі, пачухаць за вушкамі, мо і пацалаваць, як неаднойчы тое рабіла, але зараз яна шкадавала трывожыць сон сваёй пястунні. «Спі­спі,— усё не магла хоць на крок адысціся ад ложка, адвесці куды ўбок позірк.— Мы з табой шчэ...»

Зноў, каторы ўжо раз, узгадалася, як у адзін з прыездаў Лёшка зайшоў у хату (тое было позна ўвечары, Іван, зноў бы гразі дзе набраўшыся з хаўруснікамі, хроп на тапчане, а яна, Маша, абірала на заўтра зварыць бульбу) і з вечным сваім мятым­перамятым партфелем, у якім прывозіў гасцінцы і прадукты, паставіў на стол якісь плецены з лазы кошык са шчыльнай накрыўкай зверху.

— Во, мама,— сын пацалаваў яе ў шчаку і ззяючымі вачамі паказаў на кошык,— падмогу табе прывёз, жывую, вясёлую. Будзеш цешыцца. Як жа ў вёсцы без гэтага?

У кошыку штось варухнулася, і Маша як не абамлела. Ёй падалося, што там, усярэдзіне, якаясь марская свінка (такую бачыла ў руках на кірмашы ў аднаго зазывалы), і яна аніколі не звыкнецца з яе прысутнасцю ў хаце, што б там добрае хто ні казаў пра яе. Кошык варухнуўся, пасля яшчэ і яшчэ, гатовы, здэцца, упасці, і Лёшка змушаны быў прыадчыніць накрыўку. Паказалася пыска з вялікімі, па сліве, пужлівымі вочкамі, зіркнула наўкола і маланкай шуснула на стол, а пасля і са стала. «А божачка,— і ўзрадаваная, што гэта ніякая не свінка, і адначасна разгубленая, усклікнула Маша.— То ж котка, і гожая котка, і малодзенькая якая».

З тае пары, вось ужо, здэцца, дзесяты год, Машка (так назваў яе сын) была для Машы больш чым жывёлінкай, якая павінна не толькі лавіць мышэй, а то і бацаў (многія каты самі баяліся гэтай гідоты), але хоць трошкі і скрашваць яе няўтульную жытку, скрадваць адзіноту. Дзякаваць Богу, што яна не пускалася ў загулы, як бывае з іншымі катамі і кошкамі, бо Лёшка, сам казаў, зрабіў ёй у горадзе якуюсь аперацыю, і Маша была спакойная, калі котка куды бегала. Бывала, знікала і на суткі, а то і болей. Але заўжды вярталася, вінавата лашчылася, а ноччу лезла пад коўдру і, тулячыся целам да жывата ці грудзей, ціха мурлыкала і засынала. Гэта былі шчаслівыя хвілі і для Машы, бо цяпло і шчырая даверлівасць нявіннай істоты размякчалі яе душу, не давалі загрубець. А вось Івана, як быў яшчэ жывы, Машка баялася, бы агню. І варта было тому з’явіцца на парог, як яна вопрамець кідалася ці то ў фортку, калі была адчыненая, ці ў падпечак. І там сядзела, покуль не пераконвалася, што гаспадар па­мёртваму спіць. У рэдкія хвіліны цвярозасці і прасвятлення Іван сам цягнуўся да коткі, хацеў узяць на рукі, пагладзіць, але і тая і блізка не падпускала да сябе.

— Глядзь, засранка, ігнаруе хазяіна,— бурчэў Іван і зноў пачынаў збірацца да хаўруснікаў.

— Не быў бы засраны хазяін, не ігнаравала б,— умешвалася Маша.— Ды ад цябе ж, хоць калі і не дастанецца чаго выпіць, усё роўна за вярсту смярдзіць. Так прапах увесь. І хочаш, каб Машка...

Плюнуўшы, муж зыходзіў, і Маша нават не спрабавала яго спыніць, бо ведала, што намаганні яе будуць дарэмныя.

 

Выведнела так, што стала бачна нават у кутках ля грубкі і за ёю, а за вакном наогул ваўсю раскашавала раніца. Скрозь падвоеныя рамы чутно было цвірканне вераб’ёў, а на слупку плота сядзела і драла горла варона. «Добра, што снегу не накідала,— адзначыла ў думках Маша.— Прадвеснем часта Бог вышкі змятае».

Яна дацягнулася да шчоткі, якой мяла падлогу, і, ашчаперыўшы дзяржальна, на яго абапіраючыся, выпрасталася, пасля зрабіла крок, другі. Прыслухалася да сэрца. Здэцца, церпіць, не бунтуе, як было ўсе апошнія дні. Пэўна і яму, сэрцу, трэба хоць трохі ўзварухнуцца, інакш зусім скволіцца, перастане гнаць кроў.

Ля грубкі Маша села на табурэтку і пачала рабіць звыклае: спачатку скамячыла шматок якойсьці старой абгорткі, паклала на рашотку, на паперу кінула колькі сухіх трэсак, пасля з дапамогай дзяржальна высунула засоўку. Можна было падпальваць і, як разгарыцца, пакрысе класці на агонь паленцы. Зараз яна каторы раз пахваліла сябе, што, пакуль не кінула яе немач у пасцель, пакуль не прыпякло да бяспамяцтва ў грудзёх, змагла нанасіць да грубкі паболей дроў, распалкі, а ў вёдрах паставіць вады. Бульбы таксама прынесла кошык у хату, каб за кожным разам не лезці ў склеп.

Дровы бадзёра браліся агнём, патрэсквалі, і гэта надавала бадзёрасці і ёй. Трэ было ставіць варыць бульбу, і Маша, успомніўшы, што чыгунок жа там, за дзвярыма, на кухні, вырашыла (цяпер ужо з дапамогай табурэткі) падацца туды, глянуць, што там і як.

Лядоўня, з якой яна ўжо нібы і звыклася, тут асабліва была адчувальная. Праз расчыненую на ўвесь мах фортку патыхала хоць і не марозным, а пругкім і досыць сырым паветрам. Доўга на кухні затрымлівацца не выпадала, і Маша, выбраўшы патрэбны посуд, паклыпала з помаччу табурэткі назад. Аднак штось убачанае на стале спыніла яе. Угледзеўшыся, пазнала абваленае ў снезе колца вэнджанай крамнай кілбасы. «Скуль гэта дабро? — не магла даўмецца напачатку. Пасля як апякло: — То ж, пэўна, Машка дзесь украла, прыцягнула мне, як я ў бяспамяцтве ляжала. Мо і драпалася тады ў дзверы, а я й не чула. Пасля мышку, во, упалявала, думала, мне лепш дагодзіць... О божачка!»

Яна ўзяла кілбасу ў рукі, абцерла ад снегу. Колца было амаль усё цэлае, толькі ў адным месцы бачыліся дзюрачкі ад зубоў. Відаць, як цягнула здабычу дадому, як скакала ў фортку.

Кілбасу ўжо ля грубкі Маша абгледзела яшчэ раз. Панюхала нават, як пахне. Мо сапсаваная якая і хто выкінуў? Не, пахла вэнджаным, ды і скурачка ажно ільснілася, выклікала давер і апетыт.

Яны, як зварылася бульба, снедалі ўжо разам. Маша ледзьве ўскатурхала сваю любіміцу, так соладка тая спала.

— Ты куды гэта, зладзейка, убілася, нарабіла людзям шкоды? — ушчувала котку.— Няўжо дапяла ажно ў краму ў Праснакі? І як сцягнула? А каб змецілі, то забілі б, пэўне ж. Што іншага з такой зладзейкай рабіцьме?

Машка, паскудніца гэткая, слухала і нават вухам не вяла. Уплятала напоўніцу кавалачкі кілбасы, якія рэзала і кідала ёй на падлогу гаспадыня, і была, здэцца, ад шчасця на сёмым небе. Машы таксама, як сагрэлася ад агню з грубкі, а яшчэ хоць трохі паела гарачай бульбы ў прыкуску з кілбасой (даўно такога смакоцця і не каштавала), стала добра. Ужо хацелася нешта рабіць, неяк шавяліцца. Турбота брала, як зноў з­пад паветкі нацягаць назапас у хату дроваў. Вады яшчэ хопіць, унь два вядры як не поўныя стаяць і, дзякаваць Богу, не замерзлі. Усё астатняе таксама покуль ё: кошык бульбы, кусочак сала, запалкі, соль. Што яшчэ трэба? Бадай, і ўсё. Хлеба вось нямашака, але ў яе сухароў поўная торбачка. З восені яшчэ, бы адчувала, што зляжа, што прыцісне немач, насушыла.

На вуліцу, па дровы, зноў пайшла з табурэткай — на ногі яшчэ ды і як выпрастацца хоць трохі, спадзеву было мала, а з табурэткай — нішто сабе: трымайся адно абе­
дзвюма рукамі, ціха соўгай яе перад сабой, так і да Акуліны можна даклыпаць. А што? Вось як нацягае дроў, сходзіць, колькі б часу гэта ні заняло. А куды ёй спяшацца? Мо бедалажку выпусцілі з больніцы, мо прывезлі дамоў. І так ужо два месяцы яе нямашака. Хто ж болей трымаць будзе? Тут адно — альбо дамоў, альбо ў дамоўку. Іншага шляху няма. Але ж каб памерла дзе, то, пэўна, прывезлі б на клады, пахавалі б калі не побач з мужам, то хоць дзе. Не, такога не магло быць, бо па­суседску яна, Маша, як бы сама ні хварэла, усё роўна даведалася б. У глухой абязлюдзелай вёсачцы любы рух, любы пабочны гук не застанецца па­за ўвагай.

Акуліна і праўда была дома, распальвала ў печы. Убачыўшы раскірэчаную, з табурэткай у якасці падмогі Машу, тая спачатку рассмяялася, пасля горасна заплакала.

— Мая ж ты суседачка, да чаго ж мы дажыліся? Во, капцім адно неба. А мяне толькі па абедзе прывезлі з раёну, кінулі ў лядоўню. І ўвечары дапазна паліла, і зараз, глянь, палю. Думала хутка цябе адведаць, ці жывая­здаровая хоць. Але ж ты першая...

Яны гаварылі і не маглі нагаварыцца. Найперш спавядалася Акуліна.

— Мяне трохі падрамантавалі, хоць і пензію ўсю на лекі аддала. Многіх жа таблетак не было ў больніцы. Ды і на шакаладкі колькі пайшло, каб дагадзіць. Але каб тады, пасля Калядаў, не прыйшла паштарка Зося, не прынесла грошы і каб не выклікала хуткую тую помач, то ці жыла б ужо.

— Нічога, заўтра ці паслязаўтра зноў будзе пензія,— нагадала Маша.— Возьмеш у рукі зайчыкаў тых, і балячкі як адна забываюцца. А тут і вясна, бач, просіцца на парог.

Пра сына Акуліна анічагуткі не спытала, быццам забылася ці знарок не схацела. Ну і хай. Мо так і лепей. Пэўна ж, яна асуджае Лёшку, ведае, што хлопец сядзіць у нейкім сізе за жалезнымі кратамі. Хіба гэткае схаваеш ад каго? Нават, расказваў неяк Сілівонаў Славік, у газеце мінскай было напісана пра бунтаўшчыкоў, якія проці ўласці рабілі розныя паскудствы, нешта на галоўнай вуліцы выгуквалі, падымалі ўгору якіясь свае сцягі. Ну і паганялі іх, многім палічылі костачкі. А некаторых, у тым ліку і Лёшку Рабатая, у турму ўпяклі. Нібы за супраціў міліцыянтам. Во табе і воля, во табе і праца. Цяпер жа, пэўна, адтуль пагоняць, калі і выйдзе з турмы.

Пякло і смылела Машы на душы ад журбы і горасці за сына. Не ўберагла яго, і ў тым яе вялікі грэх. Ужо ў свой апошні прыезд яна заўважыла, што Лёшка нейкі сам не свой, нешта муляе яму мазгі. Прыгадалася, як ён у будні дзень заявіўся ў вёску і, не застаўшы яе, Машу, дома, не знайшоўшы і ключа ад замка, зазірнуў да суседкі. Тады яшчэ ў Акуліны быў ток, працаваў стары тэлевізар, і жанчыны заварожана, войкаючы і хітаючы галовамі, слухалі якогась важнага чалавека, які расказваў з тэлеэкрана, колькі ворагаў акружае нас з усіх бакоў, якія толькі і сняць, каб заваяваць нас, зжэрці ўсіх жыўцом, пасля адно костачкі выплюнуць.

Лёшка тады, забіраючы ключ, не стрываў, ляпнуў:

— Мама, цётка Акуліна, ну што ж вы гэткую атруту, гэткую брахалаўку слухаеце? Вось лепш пра што сваё пагаманіце. Спаць будзе спакойней...

Акуліна падцяла вусны, нічога не запярэчыла, але відно было па яе твары: Лёшку яна асуджае, што совае нос у тое, чаго зусім не ведае. Малако шчэ не высахла на губах, а ён ужо, бач, павучае, што слухаць, а што не. Маша таксама не адобрыла сынаву рэпліку, толькі хацела паўшчуваць яго дома, каб сам­насам.

Ды не атрымалася шчырай гаворкі. Лёшка, аказалася, і начаваць не збіраўся ў роднай хаце. Толькі ступілі за парог, сказаў:

— Мама, я сёння ж і паеду. З Праснакоў знаёмы хлопец падвязе да станцыі на матацыкле. Я ўжо дамовіўся. Яшчэ будзе позні цягнік, паспею. Мне трэба ўзяць сёе­тое са свайго, што пакідаў раней, ды і прадуктаў, во, трохі прывёз. Грошай гэты раз малавата, далі абы­што, дык ты ўжо пацярпі. Іншым разам, калі ўсё будзе добра, прыеду, падкіну і капейчыну.

— Авоечкі,— разгубілася ад сынавага рашэння Маша.— Хто ж на ноч гледзячы куды збіраецца? Можа ж ранічкай льга?

— Трэба, мама, трэба,— у сынавым голасе чулася не знаная дасюль цвёрдасць і рашучасць.

Гэта нямала і напалохала Машу:

— Мо ў якую непрыемнасць ці бяду трапіў? То кажы матцы. Хто ж табе паспагадае, хто выслухае ды што параіць?

— Ну што ты, мама? Усё нармальна.

Аднак Лёшка быў не зусім такі, як заўсёды. Абняўшы, прытуліўшы яе да сябе, гэты раз і цалаваў больш горача, і дрыготкім голасам сказаў штось малазразумелае не то сабе, не то ёй:

— Божа, што робяць, што чыняць над людзьмі...

...Адчувала, шчэ як адчувала яна тады бяду. Лёшка не прыехаў ні праз тыдзень, ні праз месяц нават. А пасля ўсё ж дайшла вестка, што яго асудзілі, кінулі за краты. Ад сораму яна не знаходзіла сабе месца ні ў хаце, ні ў двары. У краму таксама не хадзіла, баялася, што ёй будуць пароць вочы, папікаць сынам. Каб што купіць у Праснаках, прасіла Акуліну. Праз колькі месяцаў ужо падумала была, што ўсе забыліся і пра яе, і пра Лёшку. Ці ж мала іншых у свеце навін, яшчэ больш трывожных, нават страшных?

Вось тады яна, Маша, гэтак неабачліва згадзілася разам з Акулінай пайсці ў сельсавет наконт святла... О, лепш бы ногі адсохлі, як было перціся да тога Каробкі! Вось і атрымала, што і заслужыла. А ў дадатак і сардэчны прыступ, хваробу, з якой толькі зараз пачынае выкарасквацца. А ці выкараскаецца?

...У хаце, ужо як вярнулася ад Акуліны, было досыць цеплавата, і Маша парадвалася, што змагла гэтак напаліць грубку. Ёй прыйшла думка ў цяпле сесці за стол і напісаць пісьмо, пра якое неаднойчы думала, але пакуль аніяк не рашалася. Ручка, во, і колькі аркушыкаў паперы ё. Са­дзіся толькі і пішы. Словы ж даўно ўжо саспелі ў галаве, яны, як гарачае вуголле, пяклі душу. Ідэю напісаць пісьмо прэзідэнту падкінула Акуліна, калі вярталіся з сельсавета. Маша тады, уніжаная Каробкам (помніць, усё і пра кожнага помніць, нягоднік!), нічога не адказала суседцы, а ўжо дома падумала: а чаму б не? Толькі яна, Маша, напіша не пра адны слупы, якія забралі разам з провадам і звезлі невядома куды і каму, пакінуўшы іхнія з Акулінай, ага, шчэ і Сілівонаву, хаты без святла, але і пра сваю гаротную жытку, пра работу ў калгасе ад цямна і да цямна, ад чаго, во, рукі і спіна шчэ і зараз, калі яна ўжо пяць гадоў на пензіі, баляць, ныюць, хоць на сцяну лезь, асабліва як мяняецца надвор’е. Ён жа, прэзідэнт, зразумее яе, хай толькі прачытае, сам жа некалі ў саўгасе кіраваў. Але пра сябе як пра сябе, гэта так ужо, а вось пра сына... Яму шчэ жыць ды жыць, а не ў турме гнісці змоладу. Вядома, ён нешта там утварыў, мо што і сказаў па дурноце лішняе. Толькі ён не са зла гэта, ён наогул добры і пяшчотны. Каму ж, як не ёй, матцы, ведаць пра тое... Яшчэ яна раскажа, што пасля смерці мужа асталася адна­адненькая, і без сына, без ягонай помачы аніяк не абыдзецца. Так што хай прэзідэнт уважыць яе старасць, яе нямогласць, хай загадае выпусціць Лёшку з­за кратаў. А ўжо яна яму, як толькі прымчыцца дадому, выдасць так, каб дзесятаму заказаў.

Хвалюючыся, баючыся не разгубіць гатовыя слоўкі, не сцерці з памяці ўсе доказы і довады, яна села за стол, узяла ў рукі асадку, пасунула блізенька да сябе чыстую паперу.

 

...Калі, пастукаўшыся раз­другі ў дзверы, а пасля, не дачакаўшыся адказу, паштарка Зося зайшла ў хату, каб аддаць Машы пенсію за чарговы месяц, яна ўбачыла гаспадыню, галава якой нязручна неяк ляжала на стале, а левая рука бязвольна звешвалася долу. «Во спіць,— падумала напачатку Зося.— А вунь папера пад носам, і ручка. Ці не завяшчанне пісала дый прыкархнула?» Але насцярожыла кошка, якая сядзела побач з галавой гаспадыні, журботна, вільготнымі вачыма глянула на чужога чалавека і не падумала куды ўцякаць.

Зосю, калі падышла бліжэй, скаланула: гаспадыня была мёртвая. У тым не было ніякага сумневу. Разбэрсаныя сівыя валасы ляжалі, бы прыліплі, на паперы. А на твары, белым, што і сама папера, і ў застылых вачах бачны быў адбітак задумлівасці, боскай пакоры і прашэння. Правая рука жанчыны трохі расшчапіла асадку, але ўсё роўна, хоць і няўклюдна, пяро ўтыкалася ў выведзеныя каравым почыркам тры словы, адно з якіх было недапісанае: «Любы наш прызі...»

Перапалоханая, Зося вопрамець кінулася з хаты і бегла без перадышкі да сельсавета, каб там хутчэй засведчыць смерць яшчэ аднае пенсіянеркі, а таксама пазваніць адтуль у сабес, папытаць, калі вярнуць зберажоныя грошы, якія так патрэбныя для казны.

 
« Папяр.

Каментар

Каб карыстацца гэтай формай Вы павінны мець наладжаны javascript...

Ваш каментар:Маша і Машка: Аповесць ...

Адпішыце Ваш каментар ніжэй.

Ваша імя (абавязковае поле)
E-Mail (неабавязковае поле)
Ваш email не будзе апублікаваны на сайце, ён будзе бачны толькі адміністратару сайта
Хатняя старонка (неабавязковае поле)

For more BBCode info:  [Click here]

Supported BBCode

[b]bolded text[/b]
[i]italicized text[/i]
[u]underlined text[/u]
[s]striked text[/s]
[sub]subscripts text[/sub]
[sup]superscripts text[/sup]
[center]center text[/center]
[hr] To draw a line
[url]http://ongetc.com[/url]
To quote:[quote]quoted text[/quote]
[code]monospaced text[/code]
To change text size: [size=9]Your Text[/size]
To change text color: [color=red]Red Text[/color]
or [color=#FF0000]Red Text[/color]
(Can use many different color names or hex codes.)



Тэкст:

БелСаЭс «Чарнобыль»

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
АДВЕЧНАЕ | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Правда ли, что на самом деле Путин - богатейший человек в мире?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | SOS-паралелі


После 17 лет пребывания у власти российский лидер владеет "состоянием в размере 200 млрд долларов, 58 самолетами и вертолетами, а также 20 дворцами и загородными виллами" "Возможно, российский президент Владимир...
Пралегамены да канструявання беларускага нацыяналізму
АДВЕЧНАЕ | Гістарычны матыў


Анатоль Астапенка У кожнай сучаснай дзяржаве кожнынармальны грамадзянін ад пачатку нацыяналіст. Быць нацыяналістам - гэта нармальны стан чалавека. Чалавека без свайго нацыянальнага пачатку на Зямлі проста не існуе. Кожны нараджаецца альбо...
Творчыя арганізацыі патрабуюць перагляду Пастановы №7
АДВЕЧНАЕ | Гістарычны матыў


ГА "БАЖ", РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбаю патлумачыць чаму гэтыя арганізацыі не ўвайшлі ў спіс творчых саюзаў. Разам з тым іншыя...
Литвинизм и Белая Русь
АДВЕЧНАЕ | Даследаванні


Вадим ДЕРУЖИНСКИЙ В российской прессе появилась статья минчанина, кандидата политических наук Николая Малишевского (1977 г.р.) «Литвинство и Белая Русь». Автор в традициях сталинизма лишает Беларусь и беларусов права на свою...
РЕАЛЬНАЯ ДЕЙСТВИТЕЛЬНОСТЬ «ПУТИНЛЭНДА»
ДЗЯРЖАВА І МЫ | SOS-паралелі


На Западе много десятилетий тому назад придумали парк аттракционов под названием «Диснейлэнд». Задумка была оригинальна и проста одновременно: каждый обыватель «западного рая» (при наличии небольшого количества «баксов» в кармане)...
Член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец прапанаваў меры па падтрымцы беларускай мовы
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


У Беларусі неабходна прыняць меры па падтрымцы нацыянальнай мовы для забеспячэння рэальнага раўнапраўя дзяржаўных моў у сітуацыі двухмоўя, зацверджанага Канстытуцыяй. Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі 17 лютага першы намеснік дырэктара...
Удзельнікі акцыі ў Бабруйску выставілі ўльтыматум уладам
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


У Бабруйску 26 лютага на мітынгу супраць дэкрэту № 3, які адбыўся на цэнтральнай плошчы горада, прыняло ўдзел больш за 1000 чалавек. Распачаў мітынг і быў яго вядоўцам сустаршыня Беларускай...
«Круглый стол» с тремя неизвестными. Чапай думу думает
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вопрос о будущем одного человека должен уступить место вопросу о будущем всей страны. Митинг возмущенных «тунеядческим» декретом белорусов завершился мирно, и Александр Лукашенко, улетевший в Сочи, получил возможность спокойно подумать....
Пресловутый «русский мир»
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вадим Деружинский   Уважаемые коллеги! Не смог промолчать, видя, какой дурдом вы тут обсуждаете. Некий господин Костян С. И. называет себя «председателем Белорусского славянского комитета». Поскольку славяне - понятие сугубо...
Алег Трусаў. «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V–XV стагоддзі)» [Паноўлена]
КНІГІ | Нятленнае


Гісторыя - гэта навука аб развіцці чалавечага грамадства. якая вывучае мінулае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і раз-настайнасці. У сувязі з гэтым гісторыя складаецца з сусветнай (усеагульнай) гісторыі і...
Краснасельскі краязнаўца
АДВЕЧНАЕ | Асоба


Мінае 80 гадоў з дня нараджэння (11.01.1937) Верацілы Міхася, сына Уладзіміра з пасёлка Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне. 40 гадоў прайшло, як я пазнаёміўся з магутным краязнаўцам, дасціпным гумарыстам-фалькларыстам, рэстаўратарам, нумізматыкам,...
если бы Вы стали президентом Беларуси
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Палітыка


Вадим Дзеружинский ПОЗИЦИЯ. По поводу вопроса "Главный вопрос к Вам: если бы Вы стали президентом Беларуси, то какие бы вы предприняли действия для процветания этой крайне бедной природными ресурсами...
Joomla! Ukraine

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1198
mod_vvisit_counter Учора 1650
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6636
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 25245
Каталог TUT.BY