Кастусь ТРАВЕНЬ
У чым складанасьць нашага
цяперашняга моманту? На погляд шараговага мінака, наша грамада раздробленая, не
згуртаваная. Не карыстаецца Нацыянальнай Ідэяй, у выніку безабароннымі выглядаюць
не толькі грамадства і народ, але і сама ўлада.
Кожны наш індывід нібыта мае
сваё асабістае меркаванне і навязвае яго суразмоўцу. Яскравы прыклад Litvarus. Чалавек апантана
прапіхвае ў свядомасьць грамадства сваю звышкаштоўную ідэю, новую назву
Беларусі (Літварусь). Іншыя апантана абараняюць каштоўнасьці рынкавага
грамадства, яшчэ існуюць русафілы і русафобы, прыхільнікі правоў чалавека,
дэмакратыі і лібералізму. Усе гэтыя людзі зацыкленыя на адной, ад сілы двух
ідэях, якія сапраўды існуюць у галовах, але самі па сабе не могуць быць тым аб'яднаўчым
матывам ці момантам, якія дазволілі б нашай краіне рухацца ў патрэбным
накірунку.
Наша улада таксама мае
некалькі карысных і каштоўных ідэй якія і ажыцяўляе, але яна прамінае некаторыя
прынцыпы і ідэі без якіх наш дзяржаўны карабель можа прыплысьці ў нікуды, гэта
значыць страціць сваю дзяржаўнасьць. Ніхто з нашых грамадска актыўных людзей не
з'яўляецца палітыкам. Большасьць не асэнсавала лёс палітычных папярэднікаў, тых
хто параўнаўча нядаўна былі актыўнымі палітыкамі ў жыцці: Троцкага, Сталіна,
Леніна, Мао Цзэдуна, а таксама тэарэтыкаў Ортега і-Гасета, Грамшы, Кара Мурзы,
Сораса... Такім чынам калі не чыталі, то і не ведаюць складанасьцяў палітычнай
барацьбы.
Нашы пасіянарыі
нагадваюць тых сляпых якія абмацалі слана і з цвёрдай перакананасцю засведчылі:
той, хто мацаў хвост, сказаў, што слон - гэта такая вяроўка; другі, што мацаў
пуза, зацвердзіў, што слон - гэта сцяна; і трэці зазначыў, што гэта вялікі ліст
капусты( ён мацаў вуха). У чым жа праблема? Нам патрэбны тэарэтыкі[1], якія прачыталі б усю
сусветную палітычную тэорыю, асэнсавалі яе і прапанавалі нашай разумовай эліце
сваё разуменне рэчаіснасьці. Яны павіны абагуліць усе карысныя і каштоўныя ідэі
якія зараз жывуць у грамадстве, знайсьці кансэнсус, заваяваць аўтарытэт, адшукаць
аднадумцаў, якія падхопяць іхнія ідэі і панясуць народу.
Лукашэнка ў свой час
агучыў сваю праграму. Ён у патрэбны час і ў патрэбным месцы прамовіў:
" -Я навяду парадак! -". У
той момант гэтага было дастаткова - беларускі народ хацеў парадку. Свабода для
народа было нечым незразумелым, туманым[2] і таму небяспечным. Наш
прагматчны народ, што жыў з свайго мазаля, з багатым гістарычным досьведам
адчуваў, што гэтая "свабода" абярнецца хаасам, бязладзем, рабаўніцтвам,
голадам, нэнзай...
Я ўспамінаю, як у канцы вар'яцкіх
90-х гадах заехаў у адзін з калгасаў Варонежскай вобласці на мяжы Баброўскага і
Анінскага раёнаў, там у гэты момант расфарміроўвалі калгас. Людзям давалі
кожнаму па 6 га
чорназёма, і мужчыны на мехдвары разгублена тоўпіліся і не ведалі, што рабіць.
Мужчыны - механізатары гадоў па 40, сярод іх выдзяляўся рослы механік у
скуранцы, не ведалі як жыць далей. Я запытаў у іх:
- А што далей?
- А мы ня ведаем. - У глыбіне
душы гучаў яшчэ неасэнсаваны жах. Кожны з іх не ведаў, што рабіць з гэтай
зямлёй. А як пракарміць сям'ю, адукаваць дзяцей?
- Працы няма. Прывезлі
ўзбекаў. Трымаюць іх у гуртажытку, за цагельным плотам, пад аховай, кормяць, на
выхадныя вывозяць у райцэнтр.
- Што ж вы будзеце
рабіць?
Яны ня ведалі. Яны
простыя рабочыя-механізатары, ня ведалі што рабіць! Ім патрэбен быў Лідэр, які
ведаў бы што рабіць. Але яго не было! Адукаваны інжынер-механік таксама не
ведаў што рабіць.
Праклятыя рускія пытанні:
"Что делать? Кто виноват?"
ІІ
У палітыцы адсутнічаюць
такія паняткі, як "праўда" і "справядлівасьць", там пануе "мэтазгоднасьць".
Канечне кожны палітык карыстаецца ідыёлагемамі "праўда" і "справядлівасьць", у
патрэбны момант кожны палітык б'е ў шаманскі бубен і на ўсю моцу карыстаецца
паняткамі, як "праўда", "гістарычная праўда", "справядлівасьць". Ідыёлагемы
заўсёды служаць сродкам маніпуляцыі свядомасьці шараговых людзей і выканаўцаў
загадаў. Але для самых Лідэраў гэтыя паняткі - пусты гук. І Рузвельт, і
Чэрчыль, не кажучы пра нямецкіх фюрэраў і савецкіх камісараў, шырока
карысталіся слонгамі "справядлівасьць" і "праўда". Дзяржавы нямецкіх фюрэраў і
сталінскіх камісараў наогул былі спрэс ідэялігазаваныя. Разам з тым гэтыя ідэі
і паняткі былі аб'яднаныя ў стройную сыстэму ў якой важную ролю меў цэтлік "ворагі".
У цяперашні час у той ці
іншай ступені гэтай ідэяй свядома ці несвядома спрабуе карыстацца Зянон Пазняк.
Між тым пошук знешніх і унутраных ворагаў сёння ў цяперашніх варунках не
спрацоўвае. Ліцвіны-беларусы вельмі недалюбліваюць гэты пастулат - "ворагі"
таму, што ён патрабуе ад народа "гераізма" і самахвярнасьці. Ліцвіны-беларусы
вельмі неахвотна і вяла рэагуюць і актывіруюць сваю свядомасьць на
неабходнасьці "гераізму". Дарэчы як і ўкраінцы, у якіх нават і прымаўка існуе: -
Дзе сынку шукаць цябе, як вайна пачнецца?
-Шукай тату ў палоне. Чаму
так? Таму што ні ліцвіны, ні ўкраінцы не хочуць ваяваць і праяўляць гераізм за
нейкую чужую для іх імперскую ідэю.
Якую ж ідэю сёння можна
прапанаваць нашаму грамадству? Рынкавыя адносіны адкрытага заходняга
грамадства? Вельмі небяспечна! Мы не можам адчыніцца перад моцнымі фінансава і
эканамічна заходнімі дзяржавамі - бо рызыкуем імгнена страціць не толькі свае
прадпрыемствы, але і зямлю. Аб'яднацца з нашымі "братамі" на Усходзе пад адной
коўдрай? Але ў расейскага грамадства няма Ідэі, яны самі кладуцца пад
амерыканцаў і Захад. Што ж рабіць? Тое самае пытанне, што прамаўлялі
варонежскія рабочыя-механізатары. Жахлівае пытанне! Нібыта момант свабоды
выбара, але якая вялізарная адказнасьць кладзецца на плечы тых хто робіць
выбар. Як некалі прамовіў Сальвадор Далі:
- "Я ненавіжу свабоду, яна вымушае мяне рабіць
выбар!"
Між тым у гэткім
становішчы ўсе краіны постсавецкай прасторы. Усе! Такім чынам нам патрэбна
лавіць вецер у свае ветразі і актыўна руляваць, манеўрыраваць, шукаць
саюзнікаў, мацаваць унутраную еднасьць, дзеля чаго трэба ў знешнім асяродзе не
казаць нічога благога пра сябе... А гэта значыць, што трэба займацца палітыкай,
якой мы не займаліся амаль 220 год. Па майму меркаванню таксама, палітычным
шчанюкам трэба перастаць гаўкаць на "караван' і перайсьці да канструктыўнага
дыялогу!
Калісьці Ленін быў
дэмакратычным лідэрам сваёй палітычынай суполкі, накіроўваў і стрымліваў сваіх
палітычна розных і варожых адзін да аднаго палітыкаў, як Троцкі і Сталін. У нас
ёсьць сёння такія лідэры: постбальшавік Пазняк і посткамуніст Лукашэнка. Няма
Леніна. Той, хто мог быць Ленінам - старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі
Ткачоў, заўчасна загінуў.
ІІІ
Перш чым ісьці ўперад
трэба зразумець, што адбылося за апошнія 25 год. Зараз шмат хто па заходняму
заточаных свядомых, лічаць, што камуністаў зверглі дэмакратчыныя сілы, бо
камандная сыстэма аджыла, яна неэфектыўная і таму павіна была загінуць.
Але вось што кажа вядомы
фінансіст і філосаф Джордж Сорас : - "Цяпер пашыранае паўсюль перакананне, што
рынак - дасканалая сыстэма. Яно грунтуецца на прызнанні таго, што дзяржаўнае
рэгуляванне не здольнае выконваць свае задачы. ... няўдалае рэгуляванне зусім не
значыць, што свабодныя рынкі дасканалыя, і наадварот. Абедзве сістэмы маюць
свае хібы, і выбар паміж імі мае рэфлексіўны характар".
Па майму меркаванню, на самай
справе сама партакратыя зрабіла гэты пераварот[3],
дзеля таго каб прыватызаваць агульнанародную маёмасьць ці, як яны тлумачылі
народу - "нічыю маёмасьць". Зрабіўшыся ўладальнікамі вялізарных багаццяў
партакратыя не здоляела стварыць Ідэю больш-меньш прыдатную для простых людзей
і народа. Цяперашняе ідыялогія алігархаў вядзе народы постсавецкай прасторы да
вымірання. Такім чынам класавая барацьба будзе нарастаць.
У нашым выпадку вельмі
спрытна паміж нашым уладным колам і "свядомай патрыятычнай элітай" прафесійна
ствараюцца напружаныя непрыязненыя адносіны, канфрантацыя, дзе абодва бакі нажаль
не слухаюць адзін аднаго. У выніку спачатку ў "заднім праходзе" апынуліся
патрыёты, затым прыйшла чарга тутэйшага прадпрымальніцтва, зараз надыходзіць
чарга тутэйшай ўлады, якую ўсходняя алігархія разам з заходняй алігархіяй запхнуць
у задні праход...
У першую чаргу наша ўлада
прайграла і прайграе ідэялагічна. Гэта нясе вялізарную небяспеку для нашага
грамадства, дзяржавы, улады і народа, бо мы ўсе на адным караблі. Улада, і
асабліва аўтарытарная ўлада[4], заўсёды ў першаю чаргу займаецца
бягучымі справамі. Прадбачанне будучыні, канструктыўныя ідэі, розныя версіі шляхоў
развіцця дзяржавы павінна прапаноўваць канструктыўная апазіцыя, якая ў нас, на жаль,
адсутнічае.
Пакольку дзяржаўны воз
цягне ўлада, а апазыцыя дзяржаўнымі клопатамі не абцяжараная, то шукаць кампрамісы
і шляхі дыялогу з уладай павіна рабіць патрыятычная частка нашага грамадства,
што будзе выгадна абодвум бакам. Між тым адсутнасць канструктыўнай апазіцыіі
страшна прыпыняе пераход нашай краіны да нацыянальна-дэмакратычнага развіцця
грамадства. Практычна перашкаджае зрабіць крок уперад, і ў гэтым вялізарная пагроза
для грамадства. Улада зараз непрадбачліва ўзяла ўсю адказнасьць за лёс дзяржавы
і грамадства на свае плечы і ў выніку зробіцца потым гістарычна адказнай за
падзеі, што адбудуцца на нашай тэрыторыі.
У нас тыя людзі, што
выдаюць сябе за апазіцыю, блытаюць панятак "дыктатура" з "аўтарытарнай уладай."
Стварэнне еднасьці ў
грамадстве з'яўляецца сёння першачарговай мэтай, як для ўлады, так для
канстуктыўнай апазіцыі, так і для ўсяго грамадства. Нам усім не патрэбна
канфрантацыя, непатрэбна грамадзянскае супрацьстаянне, барыкады, правакацыі,
крывавыя разборкі. Улада павінна паважаць грамадства, грамадства давяраць і
паважаць уладу. Толькі ў такім выпадку ў нас не адбудуцца падзеі кшталту падзей
у Кіргізіі, Лівіі, Сербіі... якія дарэчы былі ініцыіраваныя звонку.
Калі ўладнае кола Расеі
зацікаўлена ва ўмацаванні і захаванні Расеі, як кантынента, а не як Імперыі, як
самастойнай дзяржавы, то такая еднасьць у Рэспубліцы Беларусь выгадна і Расеі?!
Спроба захаваць імперыю - гэта свядомае ці несвядомае жаданне суіцыду расейскай
дзяржавы! Ва ўсялякім выпадку пакольку ўладнае расейскае кола агучвае сваю
зацікаўленасьць у сяброўстве, то і наша патрыятычная эліта павіна напоўніцу
карыстацца гэтай рыторыкай. Разам з тым мы павіны увесь час тактычна агучваць і
разбураць імперскія памкненні Расеі, як крокі пэўных сіл па разбурэнню дружбы
між дзяржавамі і народамі.
ІV
Якая самая галоўная і
істотная рыса характара палітыка? У першую чаргу - гэта разуменне сутнасьці "сілы". У дылеме "сіла" ці "справядлівасьць"
палітык без усялякіх хістанняў абапрэцца на "сілу". Улада - гэта тая самая Сіла!
"Улада - вось слова, роўнага
якому няма ў свеце. Не Бог, не багацце - улада! Удумайцеся ў гэта слова,
уцялесьніцеся ім, каб яно дрыготка затрымцела ва ўсёй вашай сутнасці. Улада!'' Так прамаўляў 100 год таму назад у ''Жалезнай пяце '' Джэк Лондан.
Сёння дазваляецца не любіць уладу - гэта не жанчына, што яе трэба абавязкова
любіць. Можна нават ненавідзець уладу! Але ўладу неабходна паважаць, бо ўлада -
гэта сіла. Як толькі ўлада пачынае
страчваць сілу, яна пачынае хістацца, рабіцца неўпэўненай, і страчваць павагу.
Таму страта сілы - гэта страта легітымнасьці.
Што толькі ў свой час не
вытвараў Ельцын, і сікаў на колы летака ў Ісландыі, і дырыжыраваў п'яны
берлінскім аркестрам, і зваліўся па п'янцы з мастка ў рэчку, і нават пачаў
вайну ў Чачне..., але будучы чалавекам валявым, валадарным і маючы за сабой моц
Расейскай ядзернай дзяржавы, сыйшоў з палітычынай сцэны фактычна не страціўшы
павагі ў большасці сваіх грамадзян. А вось Гарбачоў, наадварот будучы вельмі
верным сваёй жонцы, дэмакратычны і мяккі ліберальны палітык, застаўся ў памяці
народа, як трапло, слабы чалавек, чуць не агент варожых сіл, не мужчына, а "тряпка".
Таму апрыорнае ўсведамленне і разуменне "Сілы",
з'яўляецца вельмі важным для будучага палітыка. Звычайна ўспрыманне гэтага
феномена "сіла" зразумела тым людзям,
што раслі ў самы нізу грамадскай лесвіцы, у сялянскай ці рабочай сям'е і ўжо з
дзяцінства атрымалі рэалістычнае разуменне значэння "сілы". Выхаванцы
гарадскія, з гарадскіх сем'яў, звычайна разумелі і ставілі на першае месца
выхаванне, адукацыю, інтэлектуальныя здольнасьці. Але інтэлігент Троцкі
прайграў маргіналу Сталіну, гэтаксама інтэлігент Пазняк прайграў селяніну
Лукашэнку.
"Сіла"і "справядлівасьць"
знаходзяцца ў супрацілеглым палажэнні, дзе сіла зверху, а "справядлівасьць" пад
капытамі сілы.. "Справядлівасьць" у большасьці людзей атаясамліваецца з
дэмакратыяй, але справядлівасьць - гэта толькі аргумент, ідэялагічны пастулат,
магчымасьцть звінаваціць свайго апанента ў несправядлівасьці. Наогул - гэта
зброя слабых. Справядлівасьць не цягне нават на самастойны феномен.
У склад Сілы ўваходзяць: характар, розум, веды, прафесіяналізм, здароў'е,
напэўна, яшчэ грошы, хаця гэта не
рыса характару. Сапраўдны палітык павінен мець яшчэ адну выключную рысу
характару - гэта апантанасьць. І
Лукашэнка і Пазняк - апантаныя, пасіанарныя палітыкі. Для іх палітыка - сэнс
іхняга жыцця. Так і павінна быць. Апантаны палітык, ці як кажуць у народзе -
вальтануты - гэта сапраўдны стан сапраўднага палітыка.
Падчас імпічмента, калі
ўлада Лукашэнкі ў 1996 годзе захісталася, ні Шарэцкаму, ні Ціхіню, ні Карпенку не
хапіла апантанасьці, жалезнай волі, самахвярнасьці. Крытыкаваць лёгка, а
ўзваліць на сябе адказнасьць за дзяржаву, за лёс народа - гэта вам не з трыбуны
прамовы казаць.
V
Сёння
ў грамадстве, краіне і ўладзе адбываюцца вельмі складаныя працэсы, якія нават
тэарэтычна цяжка разруляваць. У краіне вырас клас прадпрымальнікаў. Ці
з'яўляецца гэты клас буржуазіяй?
Нашы
прадпрымальнікі ў большасьці з'яўлюцца спекулянтамі, па вызначэнню
амерыканскага бізнесмена і міліардэра Форда - яны паразіты. Яны ў нашай краіне
займаюцца тым, што прывозяць з-за мяжы шмоткі і вывозяць за мяжу валюту. Валюту
якую з цяжкасцю зарабляюць нашыя дзяржаўныя прадпрыемствы і якую ўлада бярэ ў
крэдыт за мяжой, тым самым залазячы ў крэдытную пятлю. Выезд за межы краіны
грамадзян нашай краіны складае большую колькасьць, чым прыезд замежных турыстаў.
Такім чынам, вывозім валюты больш, чым увозім! А колькі валюты вывозім за
замежныя інамаркі.
Сучасны
прадпрымальнік павінен вывозіць тавары і прывозіць валюту. Мы сёння жывем не па
сродках! І наша ўлада ведае гэта, але нават баіцца аб гэтым сказаць народу. У бізнес
"купі-прадай" збеглі ўсе маладыя, актыўныя і пасіянарныя людзі. Няма каму
працаваць ва ўладзе, у школе, на заводзе, у паліклініках... Калі паспрабаваць
пусціць ва ўладу цяперашніх бізнесменаў-прадпрымальнікаў, то яны прададуць за
замежныя паперкі ўсё што мае попыт за мяжой. Мы застанемся без жанчын, без
лясоў, без заводаў, нарэшце без зямлі..., гэта значыць без тэрыторыі!
Нашы
прадпрымальнікі хочуць быць буржуазіяй - гэта значыць мець доступ да ўладных
крэсел, але яны не хочуць быць нацыянальнай буржуазіяй. Ці я памыляюся?
Паразважаем, пановеБыць нацыянальнай буржуазіяй - значыць трымаць адказнасьць
перад народам.
У
цяперашнім часе жыццёва неабходна, каб нашая дзяржаўная палітыка карысталася
метадамі і прыёмамі палітыкі пратэкцыянізму. Але гэта не магчыма без падтрымкі
нашых саюзнікаў.
Такім
чынам нехта павінны тармасіць наша грамадства, будзіць тых хто свядома
заплюшчыў вочы. Тых, хто не хоча бачыць і не хоча чуць. Хто жыве сёнішнім днём
і не адчувае заўтрашні і паслязаўтрашні ў часе.
"Паняткі без пачуццяў - пустыя, а пачуцці без паняткаў - сляпыя." - зазначыў у свой час Імануіл
Кант.
Сыстэмнасьць
меркавання і дзеянняў - гэта тое, што выцякае з нашых ведаў, адукацыі,
прафесіяналізму. Памагае ставіць пытанне "Чаго мы хочам?" і дазваляе асэнсаваць
і матываваць нашы жаданні.
Гэта
павіна рабіць канструктыўная нацыянальная дзяржаўная апазіцыя!
Аматары-апазіцыянеры і грантасмокі аджылі сваё, яны ня маюць аніякай вагі ў
грамадстве, аніякага аўтарытэту, з'яўляюцца агентамі ўплыву, распільшчыкамі
замежных грантаў, аб гэтым вельмі шчыра і ясна распавёў Джордж Сорас у сваёй
цудоўнай кніжцы " Наперадзе хвалі".
25 сакавіка 2012 года г. Менск
[1] У час Вялікай рэвалюцыі і пасля самой рэвалюцыі вялікай павагай і
аўтарытэтам у палітычнай эліты карысталіся тэарэтыкі. Троцкі ўвесь час
абвінавачвае Іосіфа Сталіна, што той не быў тэарэтыкам партыі. У вачах Троцкага
гэта самы вялікі хіб дыктатара. У падтэксце абвінавачанняў Троцкага гучыць: - "Калі,
ты не теарэтык, то чаму бярэшся за кіраўніцтвам дзяржавай. Куды павядзеш
дзяржаву, калі не ведаеш накірунку?"
[3] У тыя часы, 1987-90 гг., вядомы кампазітар і спявак упершыню праспяваў з
маскоўскай сцэны на ўвесь Савецкі Саюз : "Туман, туман, похож на обман...", у
зале прагучалі дружныя воплескі і песня зразу стала знакамітай..
[3] "У СССР адбыўся капіталістычны пераварот. Тыя
людзі, хто прыйшоў да ўлады - яны больш не будуць ісьці да камунізму. Наадварот,
яны будуць ісьці да капіталізму, каб прысвоіць народную маёмасьць і кіраваць у
сваіх правінцыях і ўездах як капіталісты."
Мао Цзэдун. Май 1956 г.
[4] Пры
(дыктатуры) таталітарнай ўладзе "забаронена
усё, акрамя таго, што загадана!" Пры аўтарытарнай уладзе "Дазволена ўсё , акрамя палітыкі!" Пры
ліберальна-дэмакратычным ладзе "Дазволена
ўсё, што не вядзе да змены ўлады." Пры дэмакратыіі " Дазволена усё, што не забаронена законам". "Нева" 1989 г. "От культа власти к
власти людзей".Л.Гозман. А.Эткинд.
|