Леанід МАРАКОЎ •
Толькі адна ноч
У Архіве прэзідэнта Расійскай Федэрацыі (АПРФ, вопіс № 24, справа № 411) захоўваецца «Список лиц, подлежащих суду военной коллегии Верховного суда Союза ССР». У спіс уключаны «ворагі народа» з усяго Савецкага Саюза ад Далёкаўсходняга краю да яго заходніх межаў, ад паўночнай ледзяной Комі АССР да сонечных курортаў Крыма. Спіс датаваны: 7 верасня 1937 года. Падпісаны І. Сталіным, В. Молатавым, Л. Кагановічам, К. Варашылавым, М. Яжовым. Спіс асуджаных па першай катэгорыі (да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу) па Беларускай ССР налічвае 103 чалавекі, па другой катэгорыі (прыгавораны да 10 і больш гадоў зняволення ў канцлагерах) – 6 чалавек. Спіс па Беларускай ССР датаваны 15 верасня 1937 і падпісаны І. Сталіным, В. Молатавым і начальнікам 8-га аддзела Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі СССР старшым маёрам дзяржаўнай бяспекі У. Цэсарскім. У спіс уключаны:
Абухоў Барыс Аляксандравіч,
Аронаў Навум Мееравіч,
Афанасьеў Ігнат Ільіч,
Бабкоў Сямён Дзмітрыевіч,
Барзуноў Георгій Фёдаравіч,
Бейлін Саламон Хаімавіч,
Белацаркоўскі Абрам Давыдавіч,
Бурдыка Іван Сямёнавіч,
Варшаўскі Станіслаў Юльянавіч,
Васільеў-Вашчылін Рыгор Мікітавіч,
Вольны (Ажгірэй) Анатоль Усцінавіч,
Габаеў Моўша-Нохім Ізраілевіч,
Габрусёў Апанас Сцяпанавіч,
Гейштэрн Антон Міхайлавіч,
Гінзбург Якаў Яфімавіч,
Госін Абрам Мендзелевіч,
Гурскі Канстанцін Іосіфавіч,
Гурэвіч Нохман Гіршавіч,
Дзмітроў (Дзмітраў) Мікалай Андрэевіч,
Дзьякаў (Дзякаў) Ананій Іванавіч,
Дракахруст Абрам Генрыхавіч,
Дудар Алесь (Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч),
Елянсон Гірш Борухавіч,
Ермакоў Мікалай Паўлавіч,
Жывуцкі Іван Сцяпанавіч,
Замалін Навум Міхайлавіч,
Зарэцкі (Касянкоў) Міхась Яфімавіч,
Зянковіч Аляксандр Сазонавіч,
Іваноў Аляксандр Васілевіч,
Ігнаценка Дзмітрый Кузьміч (асуджаны па другой катэгорыі),
Іспраўнікаў Прохар Іванавіч,
Кавалёў Сямён Трафімавіч (асуджаны па другой катэгорыі),
Каваль (Кавалёў) Васіль Пятровіч,
Кантар Саламон Мендзелевіч,
Капітанакі Міхаіл Васілевіч,
Карпенка Іван Іванавіч,
Качанаў Герасім Антонавіч,
Кляніцкі Віктар Сямёнавіч,
Кляшторны Тодар Тодаравiч,
Кудзелька Іосіф Фадзеевіч,
Кучынскі Аляксей Сцяпанавіч,
Левін Аляксандр Самойлавіч,
Левін Саламон Вульфавіч,
Лейбін Піня Майсеевіч,
Ляйбовіч Хаім Элясавіч,
Ліхтэнштэйн Сямён Давыдавіч,
Лукашонак Мікіта Сяргеевіч,
Лявонны Юрка (Юркевіч Леанід Мікалаевіч),
Лямперт Саламон Рыгоравіч,
Мазель Эліязар Якаўлевіч,
Малаў (Малоў) Барыс Міхайлавіч,
Маракоў Валерый Дзмітрыевіч,
Маргелаў Сцяпан Прохаравіч,
Марголін Міхаіл Саламонавіч (вядома, што арыштаваны быў i яго брат),
Масленнікаў Павел Аляксандравіч,
Мелік-Шахназараў Андрэй Паўлавіч,
Мілевіч Антон Сігізмундавіч (асуджаны па другой катэгорыі),
Мірлін Абрам Навумавіч,
Міснікоў Мікалай Данілавіч,
Міхееў Мікалай Іванавіч,
Мурзо Сяргей Мікітавіч,
Мухін Павел Максімавіч,
Навахрэст Якаў Пятровіч,
Несцяровіч Іван Іванавіч,
Падсявалаў Іван Іванавіч,
Паплыка Іван Майсеевіч,
Пасманік Міхаіл Львовіч,
Півавараў Залман Рувімавіч,
Пітомцаў Міхаіл Мікітавіч,
Пратапопаў Апалон Уладзіміравіч,
Пурыс Ізраіль Лейзеравіч,
Пуцілоўскі Аляксандр Андрэевіч,
Пуцінцаў Іван Андрэевіч,
Пыж Рыгор Фёдаравіч (асуджаны па другой катэгорыі),
Пятрашын Кузьма Рыгоравіч,
Пятровіч (Нёманскі) Іван Андрэевіч,
Разумоўскі Арон-Лейб Сіманавіч,
Рыдзеўскі Міхаіл Антонавіч,
Самахвалаў Аляксандр Рыгоравіч,
Сандамірскі Якаў Рыгоравіч,
Сапрыцкі Оскар (Аскар) Абрамавіч,
Саракош (Сарокаш) Іван Усцінавіч,
Спектар Якаў Мееравіч,
Старынскі Васіль Сямёнавіч,
Сташэўскі Васіль Пятровіч,
Стрэле Георгій Уладзіміравіч,
Суроўцаў Мікалай Якаўлевіч,
Сялоў Дзмітрый Паўлавіч,
Сярдзюк Панцеляймон Іванавіч,
Таненбаўм Мірон Барысавіч,
Таўбін Юдаль Абрамавіч,
Троіцкі Іван Васілевіч,
Трумпацкі Эля Хацкелевіч,
Успенскі Яўген Канстанцінавіч,
Фалкін Рыгор Якаўлевіч,
Фінкельштэйн Аба Алтэравіч,
Фломбаўм Яўсей Еўнавіч,
Фрэнкель Іосіф Львовіч (асуджаны па другой катэгорыі),
Харлац Дзмітрый Сямёнавіч,
Хатулёў Пётр Фёдаравіч,
Чарнушэвіч Аляксандр Анікеевіч,
Чарняк Мікалай Платонавіч,
Чарот (Кудзелька) Міхась Сямёнавіч,
Чачура Канстанцін Георгіевіч,
Шалай (Шалаеў) Макар Ксенафонтавіч,
Шапіра Юдаль Ісакавіч,
Шастакоў Павел Пятровіч,
Элькін Якаў Веньямінавіч (таксама арыштаваны i яго брат),
Ярковіч Іван Канстанцінавіч (асуджаны па другой катэгорыі).
Згоду, дакладней, загад на знішчэнне па ўсім СССР тысяч (атрымаецца мільёнаў) ні ў чым не вінаватых людзей далі вышэйшыя кіраўнікі краіны. Загад дадзены, і яго трэба было выконваць, а лепш… перавыконваць. Што і было зроблена ў невыпадкова прызначаную ноч.
29 кастрычніка 1937 года, напэўна, у гонар 20-годдзя кастрычніцкага перавароту, у сталіцы Беларусі Мінску адбылася акцыя, аналагаў якой яшчэ не ведала гісторыя чалавецтва. На працягу ночы ў сутарэннях унутранай турмы НКВД, так званай «амерыканкі», былі расстраляны паэты Алесь Дудар, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Сяргей Мурзо, Зяма Півавараў, Міхась Чарот, празаікі Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Васіль Сташэўскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Анатоль Вольны, літаратурныя крытыкі Саламон Левін, Пятро Хатулёў, Макар Шалай, журналіст Павел Шастакоў, наркам асветы Аляксандр Чарнушэвіч, рэктар БДУ Ананій Дзьякаў (Дзякаў), нам. наpкама земляробства БССР Аскар Сапрыцкі, адказны сакратар СНК БССР Іван Бурдыка, начальнік упраўлення па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР Іосіф Кудзелька, начальнік планава-фінансавага ўпраўлення наркама асветы БССР Дзмітрый Сялоў, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, педагог, рэдактар Аляксей Кучынскі, загадчык секцыі геаграфіі Інстытута эканомікі АН БССР Сцяпан Маргелаў, загадчык вучэбнай часткі Мінскага педагагічнага інстытута Міхаіл Рыдзеўскі, фізік Яўген Успенскі, дацэнт Віцебскага ветэрынарнага інстытута Навум Замалін, выкладчык Мінскага Белпедтэхнікума Ігнат Афанасьеў, настаўнік Іван Жывуцкі, студэнт 5 курса БДУ Саламон Лямперт.
Паэты Ізі Харык, Арон Юдэльсон, празаікі Платон Галавач, Майсей Кульбак, літаратурны крытык Якаў Бранштэйн, журналіст Віктар Вайноў, наркам асветы Аляксандр Варончанка, крытык, публіцыст Хацкель Дунец, наркам юстыцыі БССР Максім Ляўкоў, другі сакратар ЦК КП (б) Б Мікалай Дзеніскевіч, загадчык асобага сектара (аддзела) ЦК КП (б) Б Міхаіл Лабадаеў, сакратар Барысаўскага РК КП (б) Б Леў Майсееў, дзяржаўны дзеяч, педагог, публіцыст Язэп Каранеўскі, вучоны-аграхімік Рыгор Пратасеня дададзены ў смяротны спіс мясцовымі энкавэдыстамі.
Сёння ўжо цяжка ўдакладніць, калі – 29 (у 23.45, да прыкладу) або 30 (скажам, у 00.15) кастрычніка 1937 – расстралялі празаіка і грамадскага дзеяча Янку Нёманскага (Пятровіча), паэтаў Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна, нам. загадчыка сельскагаспадарчага аддзела рэдакцыі газ. «Віцебскі пралетарый» Прохара Іспраўнікава, дырэктара трэста «Галоўхлеб» БССР Георгія Барзунова, дырэктара Белпрамторга Саламона Кантара, загадчыка аддзела хлебнай гpупы наpкамата ўнутpанага гандлю Барыса Малава, загадчыка сакpатаpыята СНК БССР Якава Спектара, дырэктара конесаўгаса № 120 Георгія Стрэле, загадчыка лабараторыі Віцебскай ветэрынарнай станцыі Івана Карпенку, нам. дырэктара па навуковай рабоце Віцебскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі Элізара Мазеля, загадчыка кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута Якава Сандамірскага, загадчыка лабараторыі Віцебскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі Паўла Мухіна, загадчыка лабараторыі біяфабрыкі № 5 у Віцебску Панцялея Сердзюка.
Тое ж самае можна сказаць і пра дададзеных у спіс мясцовымі энкавэдыстамі начальніка Упраўлення вышэйшай школы Наркамата асветы БССР Вадзіма Башкевіча, нам. наpкама асветы БССР Іосіфа Гершона, загадчыка аддзела школ і навукі ЦК КП (б) Б Мікалая Арабея, старшыню ЦК прафсаюзаў БССР Захара Кавальчука, сакратара Варашылаўскага РК КП (б) Б Захара Кавалёва, начальніка Упpаўлення будаўнічых pабот пры СНК БССР Анатоля Аўгусціновіча, начальніка Упpаўлення шкляной прамысловасці Наркамата лёгкай прамысловасці БССР Мікалая Кандрашука, нам. наркама Наpкамата саўгасаў БССР Леанарда Лашкевіча, сакpатаpа Дзяpжынскага РК КП (б) Б, члена ЦК КП (б) Б (з 1937) Барыса Мар’янава, кансультанта Упpаўлення справамі СНК БССР Дзям’яна Міхайлава, дырэктара Гідролізнага доследнага завода Наркамата мясцовай прамысловасці Сяргея Міцькова, кансультанта СНК БССР па камунальных і тpанспартных справах Васіля Петрушэню, наркама саўгасаў БССР Андрэя Турлая, начальніка аддзела землеўпарадкавання Наркамата земляробства БССР Ісака Фрыдмана, начальніка службы Днепра-Дзвінскага параходства ў Гомелі Віктара Яркіна.
Уключаныя ў сталінскі смяротны спіс начальнік Ветэрынарнага ўпраўлення Наркамата земляробства БССР Пасманік Міхаіл Львовіч (н. ў 1903), яго нам. Іваноў Аляксандр Васілевіч (н. ў 1898) і старшы ветэрынарны ўрач Ветэрынарнага ўпраўлення Гурскі Канстанцін Іосіфавіч (н. ў 1903) (з машыністам паравознага дэпо станцыі «Мінск» Бяганскім Іосіфам Вікенцевічам (н. 1.1.1881), бацькам таксама рэпрэсаванай пісьменніцы Ядвігі Бяганскай, і 20 іншымі, далучанымі да спіса мясцовымі энкавэдыстамі) асуджаны да ВМП і расстраляны 17 кастрычніка 1937.
Наркам унутранага гандлю БССР Гурэвіч Нохім Гіршавіч (н. ў 1895), падчас арышту беспрацоўны Ермакоў Мікалай Паўлавіч1 (н. 1.5.1894), загадчык кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута Міхееў Мікалай Іванавіч (н. ў 1905), загадчык склада «Галоўнафты» Пятрашын Кузьма Рыгоравіч, падчас арышту беспрацоўны Пітомцаў Міхаіл Мікітавіч2 (н. 13.11.1902), нам. начальніка штаба, палкавы камісар 16-га стралковага корпуса Паплыка Іван Майсеевіч3 (н. ў 1890), вайсковец, старшы афіцэр БВА Пратапопаў Апалон Уладзіміравіч, ветэрынарны ўрач Віцебскай біяфабрыкі Чарняк Мікалай Платонавіч4 (н. ў 1885), ветэрынарны ўрач Віцебскай біяфабрыкі Чачура Канстанцін Георгіевіч, загадчык кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута Кляніцкі Віктар Сымонавіч (н. ў 1879), загадчык кафедры анатоміі гэтага ж інстытута Абухоў Барыс Аляксандравіч, загадчык кафедры заагігіеннага інстытута Старынскі Васіль Сямёнавіч, дацэнт інстытута Качанаў Герасім Артамонавіч (н. у 1907), прафесар Віцебскага медыцынскага інстытута Троіцкі Іван Васілевіч (н. у 1893) былі асуджаны да ВМП і расстраляны 31 кастрычніка 1937 г.
У гэты ж дзень расстраляны і далучаныя да спіса мясцовымі энкавэдыстамі пробашч касцёла кармелітаў у Чавусах Магілёўскай вобл. Казюнас Павел Мацвеевіч (н. ў 1868), выкладчык Магілёўскага сельскагаспадарчага тэхнікума Маеўскі-Лукша Давыд Якімавіч (н. ў 1899), дырэктар Мінскага (Беларускага) навукова-даследчага інстытута прамысловасці Слонім Самуіл Захаравіч (н. 30.9.1888), праваслаўны святар Раеўскі Аляксандр Сямёнавіч (н. ў 1868) і 30 іншых.
Загадчык лабараторыі Віцебскай ветэрынарнай станцыі Капітанакі Міхаіл Васілевіч (н. ў 1904) арыштаваны 17.5.1937, прыгавораны да 10 гадоў ППК і этапаваны ва Унжэнскі канцлагер НКВД Горкаўскай чыгункі, дзе адбываў пакаранне да 7.9.1945.
Лёсы ўключаных у смяротны спіс Аронава Навума Мееравіча, Бабкова Сямёна Дзмітрыевіча, Бейліна Саламона Хаімавіча, Белацаркоўскага Абрама Давыдавіча, Варшаўскага Станіслава Юльянавіча, Васільева-Вашчыліна Рыгора Мікітавіча, Габаева Моўша-Нохіма Ізраiлевіча, Габрусёва Апанаса Сцяпанавіча, Гейштэрна Антона Міхайлавіча, Гінзбурга Якава Яфімавіча, Госіна Абрама Мендзелевіча, Дзмітрова Мікалая Андрэевіча, Дракахруста Абрама Генрыхавіча, Елянсона Гірша Борухавіча, Ігнаценкі Дзмітрыя Кузьміча, Кавалёва Сямёна Трафімавіча, Левіна Аляксандра Самойлавіча, Ляйбовіча Хаіма Элясавіча, Лейбіна Пінi Майсеевіча, Ліхтэнштэйна Сямёна Давыдавіча, Лукашонка Мікіты Сяргеевіча, Марголіна Міхаіла Саламонавіча (вядома, што арыштаваны быў ягоны брат), Масленнікава Паўла Аляксандравіча, Мелік-Шахназарава Андрэя Паўлавіча, Мілевіча Абрама Сігізмундавіча, Мірліна Абрама Навумавіча, Міснікова Мікалая Данілавіча, Навахрэста Якава Пятровіча, Несцяровіча Івана Іванавіча, Падсявалава Івана Іванавіча, Пурыса Ізраіля Лейзеравіча, Пуцілоўскага Аляксандра Андрэевіча, Пуцінцава Івана Андрэевіча, Пыжа Рыгора Фёдаравіча, Разумоўскага Арона-Лейбы Сіманавіча, Самахвалава Аляксандра Рыгоравіча, Саракоша Івана Усцінавіча, Суроўцава Мікалая Якаўлевіча, Таненбаўма Мірона Барысавіча, Трумпацкага Элі Хацкелевіча, Фалкіна Рыгора Якаўлевіча, Фінкельштэйна Абу Алтэравіча, Фломбаўма Яўсея Еўнавіча, Фрэнкеля Іосіфа Львовіча, Харлаца Дзмітрыя Сямёнавіча, Шапіры Юдаля Ісакавіча, Элькіна Якава Веньямінавіча (таксама арыштаваны ягоны брат), Янковіча Аляксандра Сазонавіча (далучаны мясцовымі энкавэдыстамі), Ярковіча Івана Канстанцінавіча невядомыя, але найхутчэй, яны ў кастрычніку-лістападзе 1937-га былі арыштаваны і асуджаны тройкамі НКВД да ВМП.
29 кастрычніка 1937 года толькі ў Мінскай турме НКВД энкавэдысты расстралялі не менш за 70 чалавек (праўдападобна, больш за 100). І заўважце каго! Дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, навукоўцы, літаратары, работнікі асветы. Ніколі ні раней, ні пазней такога адсеву не рабілася. Вынішчалі эліту беларускай інтэлігенцыі, мозг нацыі… Вынікі таго расстрэлу мы адчуваем нават цяпер, праз 70 гадоў! Страх, што ўеўся ў нашы гены, душыць, як пятля, сціскае нашыя шыі, не дае дыхаць…
У жніўні таго юбілейнага для бальшавікоў 1937-га іх гвардзейцы-энкавэдысты пачалі татальнае вынішчэнне інтэлектуальнай беларускай эліты. Толькі за тры восеньскія месяцы паслугачамі таталітарнага рэжыму было рэпрэсавана больш за 600 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі. За перыяд жа так званага крывавага тунэля смерці (жн. 1937 – снеж. 1938) расстраляна не менш за дзесяць тысяч чалавек.
Рэпрэсаваны… Знайшлі ж бальшавікі слова! Не канкрэтнае – расстраляны або загублены на катарзе ці замардаваны ў ссылцы, а замежнае, не кожнаму да канца зразумелае – рэпрэсаваны (з лацінскай repressor – падаўленне). Не, гэта было не падаўленне, гэта было вынішчэнне, генацыд супраць беларускага народа!
Першага жніўня 1937 г. на вялікім вогнішчы ў «амерыканцы» энкавэдысты Сакалоў (нам. начальніка Мінскай унутранай турмы НКВД), Абрамчык, Гарбацэвіч вынішчылі – спалілі – некалькі дзесяткаў тысяч (!) рукапісаў беларускіх літаратараў. Гарэлі творы, якія не праскочылі цэнзуру або пісаліся ў стол, для нас, нашчадкаў. Гарэлі рукапісы М. Багуна, С. Баранавых, А. Вольнага, П. Галавача, У. Галубка, Ц. Гартнага, С. Дарожнага, А. Дзеркача, А. Дудара, Х. Дунца, М. Зарэцкага, С. Знаёмага, В. Каваля, Т. Кляшторнага, М. Кульбака, Ю. Лявоннага, В. Маракова, С. Мурзо, Я. Нёманскага, З. Піваварава, С. Ракіты, А. Розны, В. Сташэўскага, Б. Тарашкевіча, Ю. Таўбіна, У. Хадыкі, І. Харыка, М. Чарота, В. Шашалевіча, А. Юдэльсона і многіх іншых. Гарэла амаль уся спадчына пісьменнікаў «першага прызыву». Няма чалавека – няма толькі адной праблемы. Няма рукапісаў – няма паэтаў, няма гісторыі, няма народа!
Нашу гісторыю разам з нашым народам ЯНЫ ўвесь час і выкарчоўваюць. Калі мячом, калі агнём.
Асуджаныя па першай категорыi (расстрэл)
1. АЖГИРЕЙ (ВОЛЬНЫЙ) Анатолий Устинович
2. АРОНОВ Наум Мейерович
3. АФАНАСЬЕВ Игнатий Ильич
4. БАБКОВ Семен Дмитриевич
5. БЕЙЛИН Соломон Хаимович
6. БЕЛОЦЕРКОВСКИЙ Абрам Давыдович
7. БОРЗУНОВ Георгий Федорович
8. БУРДЫКО Иван Семенович
9. ВАРШАВСКИЙ Станислав Юльянович
10. ВАСИЛЬЕВ-ВАЩИЛИН Григорий Никитич
11. ГАБАЕВ Мовша-Нохим Израилевич
12. ГАБРУСЕВ Афанасий Степанович
13. ГЕЙШТЕР Антон Михайлович
14. ГИНЗБУРГ Яков Ефимович
15. ГОСИН Абрам Менделевич
16. ГУРЕВИЧ Нохман Гиршевич
17. ГУРСКИЙ Константин Иосифович
18. ДАЙЛИДОВИЧ-ДУДАРЬ Александр Александрович
19. ДМИТРОВ Николай Андреевич
20. ДРАКОХРУСТ Абрам Генрихович
21. ДЬЯКОВ Ананий Иванович
22. ЕЛЕНСОН Гирш Борухович
23. ЕРМАКОВ Николай Павлович
24. ЖИВУЦКИЙ Иван Степанович
25. ЗАМАЛИН Наум Михайлович
26. ЗЕНКОВИЧ Александр Сазонович
27. ИВАНОВ Александр Васильевич
28. ИСПРАВНИКОВ Прохор Иванович
29. КАНТАР Соломон Менделевич
30. КАПИТАНАКИ Михаил Васильевич
31. КАРПЕНКО Иван Иванович
32. КАЧАНОВ Герасим Антонович
33. КЛЕНИЦКИЙ Виктор Семенович
34. КЛЯШТОРНЫЙ Федор Федорович
35. КОВАЛЬ Василий Петрович
36. КОСЯНКОВ-ЗАРЕЦКИЙ Михаил Ефимович
37. КУДЕЛЬКО Иосиф Фаддеевич
38. КУДЕЛЬКО-ЧАРОТ Михаил Семенович
39. КУЧИНСКИЙ Алексей Степанович
40. ЛЕВИН Александр Самойлович
41. ЛЕВИН Соломон Вульфович
42. ЛЕЙБИН Пиня Моисеевич
43. ЛЕЙБОВИЧ Хаим Эльясович
44. ЛИХТЕНШТЕЙН Семен Давидович
45. ЛУКАШЕНОК Никита Сергеевич
46. ЛЯМПЕРТ Соломон Григорьевич
47. МАЗЕЛЬ Элиазар Яковлевич
48. МАЛОВ Борис Михайлович
49. МАРГЕЛОВ Степан Прохорович
50. МАРГОЛИН Михаил Соломонович
51. МАСЛЕННИКОВ Павел Александрович
52. МЕЛИК-ШАХНАЗАРОВ Андрей Павлович
53. МИРЛИН Абрам Наумович
54. МИСНИКОВ Николай Данилович
55. МИХЕЕВ Николай Иванович
56. МОРЯКОВ Валерий Дмитриевич
57. МУРЗО Сергей Никитич
58. МУХИН Павел Максимович
59. НЕСТЕРОВИЧ Иван Иванович
60. НОВОХРЕСТ Яков Петрович
61. ОБУХОВ Борис Александрович
62. ПАСМАНИК Михаил Львович
63. ПЕТРАШИН Кузьма Григорьевич
64. ПЕТРОВИЧ Иван Андреевич
65. ПИвОВАРОВ Залман Рувимович
66. ПИТОМЦЕВ Михаил Никитич
67. ПОДСЕВАЛОВ Иван Иванович
68. ПОПЛЫКО Иван Моисеевич
69. ПРОТОПОПОВ Апполон Владимирович
70. ПУРИС Израиль Лейзерович
71. ПУТИНЦЕВ Иван Андреевич
72. ПУЦИЛОВСКИЙ Александр Андреевич
73. РАЗУМОВСКИЙ Арон-Лейба Симонович
74. РЫДЗЕВСКИЙ Михаил Антонович
75. САМОХВАЛОВ Александр Григорьевич
76. САНДОМИРСКИЙ Яков Григорьевич
77. САПРИЦКИЙ Оскар Абрамович
78. СЕЛОВ Дмитрий Павлович
79. СЕРДЮК Пантелеймон Иванович
80. СОРОКОШ Иван Иустинович
81. СПЕКТОР Яков Мейерович
82. СТАРИНСКИЙ Василий Семенович
83. СТАШЕВСКИЙ Василий Петрович
84. СТРЕЛЕ Георгий Владимирович
85. СУРОВЦЕВ Николай Яковлевич
86. ТАНЕНБАУМ Мирон Борисович
87. ТАУБИН Юлий Абрамович
88. ТРОИЦКИЙ Иван Васильевич
89. ТРУМПАЦКИЙ Эля Хацкелевич
90. УСПЕНСКИЙ Евгений Константинович
91. ФАЛКИН Григорий Яковлевич
92. ФИНКЕЛЬШТЕЙН Аба Алтерович
93. ФЛОМБАУМ Евсей Евнович
94. ХАРЛАЦ Дмитрий Семенович
95. ХОТУЛЕВ Петр Федорович
96. ЧЕРНУШЕВИЧ Александр Аникеевич
97. ЧЕРНЯК Николай Платонович
98. ЧЕЧУРО Константин Георгиевич
99. ШАЛАЕВ Макар Ксенофонтович
100. ШАПИРО Юдель Исаакович
101. ШЕСТАКОВ Павел Петрович
102. ЭЛЬКИН Яков Вениаминович
103. ЮРКЕВИЧ-ЛЯВОННЫЙ Леонид Николаевич
Асуджаныя па другой катэгорыi (ППК)
1. ЕРКОВИЧ Иван Константинович
2. ИГНАТЕНКО Дмитрий Кузьмич
3. КОВАЛЕВ Семен Трофимович
4. МИЛЕВИЧ Антон Сигизмундович
5. ПЫЖ Григорий Федорович
6. ФРЕНКЕЛЬ Иосиф Львович
Бiяграфii расстраляных 29–30 кастрычніка 1937 года
АРАБЕЙ Мікалай Лявонавіч [16.1899, в. Вялікая Вобрына Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], партыйны дзеяч. З сялянскай сям’і. Скончыў рэальнае вучылішча ў Петраградзе. З 1919 (?) да 1930 у Чырвонай арміі на палітрабоце. З ліп. 1919 да снеж. 1920 на Зах. фронце. У ВКП (б) з 1920. У 1926 скончыў курсы ўдасканальвання вышэйшага начсаставу. З лют. да верас. 1930 – інструктар ЦК КП (б) Б, потым вучыўся ў Інстытуце чырвонай прафесуры ў Маскве (да ліст. 1933). Ажаніўся, гадаваў дваіх дзяцей. Пасля вяртання ў Мінск – памочнік сакратара ЦК КП (б) Б, дырэктар Белпартвыдавецтва. З верас. 1935 да мая 1936 – загадчык аддзела школ і навукі ЦК КП (б) Б. 17.1.1936 бюро ЦК КП (б) Б рэкамендавала А. на пасаду наркама асветы БССР, а таксама ў члены ЦК і кандыдатам у члены бюро ЦК КП (б) Б. Пры абмеркаванні гэтага пытання на пленуме адзін з яго ўдзельнікаў заявіў, што А. у 1923 выступаў у абарону Л. Троцкага. Узнікла «персанальная справа», пры разглядзе якой 4.3.1936 бюро ЦК адмяніла сваё рашэнне аб вылучэнні наркамам і вызваліла А. ад пасады загадчыка аддзела школ і навукі ЦК КП (б) Б, выключыла з членаў партыі і накіравала на перавыхаванне на абутковую фабрыку ў Мінску ў якасці нарміроўшчыка. Кантрольная партыйная камісія пры ЦК ВКП (б), куды ён звярнуўся з апеляцыяй, пацвердзіла выключэнне з партыі. Арыштаваны 27.4.1937 у Мінску па адрасе: пл. Парыжскай Камуны, д. 14, кв. 11. Асуджаны 29.10.1937 пазасудовым органам НКВД як «удзельнік антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 16.7.1957. Асабовая справа А. № 10752-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Энгельса, д. 26/92, кв. 25 арыштавана ўрач Ляхаўскай паліклінікі, маці дваіх дзяцей Арабей Дэбора Майсееўна (н. 29.8.1902 у мяст. Старыя Дарогі Бабруйскага пав. Мінскай губ.), жонка Мікалая Арабея. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД яна была асуджана як «член сям’і расстралянага ворага народа» да 8 гадоў ППК. Этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР1 НКВД Казахскай ССР. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 27.4.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа А. № 6693-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: БНДЦЭД; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
АЎГУСЦІНОВІЧ Анатоль Ільіч [4.9.1904, Оpша Магілёўскай губ., цяпер райцэнтр Віцебскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З сям’і службоўца. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Уступіў у ВКП (б). Да арышту – начальнік Ўпpаўлення будаўнічых pабот пры СНК БССР. Арыштаваны 10.7.1937 у Мінску па адрасе: вул. Пpавадная, д. 6, кв. 8. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «член антысавецкай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстpаляны. Рэабілітаваны 10.8.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа А. № 10858-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
16.2.1938 у Мінску па адрасе: Каралінскі зав., д. 8, кв. 4 арыштавана хатняя гаспадыня Аўгусціновіч Алена Іванаўна (н. 28.2.1907 у Мінску ў сям’і служачага; атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю; выйшла замуж, гадавала дзіця), жонка Анатоля Аўгусціновіча. 16.5.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана праз Оршу ў Цемнікоўскі канцлагер НКВД Мардоўскай АССР. У 1941 пераведзена ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 15.2.1946. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 4.9.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа А. № 6895-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
АФАНАСЬЕЎ Ігнат Ільіч [2.1.1888, в. Гарадзечна Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Смаленская вобл., Расія – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], педагог. З сям’і бел. селяніна-серадняка: бацька меў 5 дзесяцін зямлі, дом і карову. Скончыў настаўніцкую семінарыю. У 1910-я г. – настаўнік Мсціслаўскага 2-класнага прыходскага мужчынскага вучылішча. У 1920–30-я г. выкладчык МБПТ, Мінскай 2-гадовай школы культпрасветработнікаў, Яўрэйскага педагагічнага тэхнікума. Жонка А. Марыя Васілеўна (н. ў 1881, хатняя гаспадыня) жыла ў Магілёве з іх агульным сынам Барысам і сваёй дачкой Вольгай Сцяпанаўнай Пятровай. Арыштаваны 29.4.1937 у Мінску па адрасе: вул. Падлесная, д. 8/22, кв. 11 . Пры вобыску разам з інш. рэчамі ў А. забралі ягоны пашпарт (серыя ФО № 534970). Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 як «удзельнік шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны Вярхоўным судом Беларусі 15.5.1992. Асабовая справа А. № 35624-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: Памятная книжка Могилевской губернии. Могилев, 1915. С. 168; Рэпрэсаваныя…
БАРЗУНОЎ Георгій Фёдаравіч [23.4.1901, с. Гоці (?) Тульскай губ., цяпер Бялёўскі р-н Тульскай вобл., Расія – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З сялянскай сям’і. Член ВКП (б) з 1925. Да арышту – дырэктар трэста «Галоўхлеб» БССР. Арыштаваны 22.7.1937 у Мінску па адрасе: вул. Ленінская, д. 36/43, кв. 17. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД за «дзейнасць у складзе антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі правых» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 4.7.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа Б. № 10667-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
16.5.1938 асобай нарадай НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы і ворага народа» да 8 гадоў ППК маці чацвярых дзяцей Барзунова Марфа Захараўна (н. ў 1900 у с. Таць Тульскай губ., цяпер Бялёўскі р-н), жонка Георгія Барзунова. Этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 24.4.1946. Далейшы лёс невядомы.
Кр.: НАРБ, ІКБР; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
БАШКЕВІЧ Вадзім Ігнатавіч [12(24).3.1904, в. Сёмкаў Гарадок Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З сям’і бел. настаўнікаў. Да 1919 скончыў школу першай ступені і 3 курсы Мінскай гімназіі. У сувязі з заняццем Мінска ў жн. 1919 польскімі легіянерамі вучоба была перапынена. У 1920 працаваў загадчыкам валаснога рэўкама ў мяст. Сенніца каля Мінска. Пасля быў загадчыкам клуба ў в. Новы Двор Самахвалавіцкага пав., інструктарам Мінскага павятовага камітэта, загадчыкам аддзела палітпрасветы і нам. сакратара Мінскага павятовага камітэта камсамола Беларусі. З сак. 1924 – інструктар Барысаўскага акруговага камітэта КСМБ, у ліст. пераведзены на пасаду загадчыка аддзела палітпрасветы Слуцкага акруговага камітэта ЛКСМБ. У 1928 уступіў у ВКП (б). У студз. 1931 прызначаны нам. загадчыка сектара навукі і культуры ЦК КП (б) Б, потым начальнікам Упраўлення вышэйшай школы Наркамасветы БССР. Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. 23.8.1936 пастановай бюро ЦК КП (б) Б адхілены ад работы «за сувязь з нацдэмамі і прамое патуранне контррэвалюцыйным трацкісцкім элементам». Са жн. 1936 беспрацоўны, нягледзячы на тое, што неаднаразова звяртаўся ў партыйныя і савецкія органы з просьбай уладкаваць яго на работу. Арыштаваны ў Мінску ў 1936 па адрасе: вул. Валадарскага, д. 30, кв. 4. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 29.10.1937 як «член антысавецкай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.5.1956. Асабовая справа Б. № 6577-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: БНДЦЭД; Рэпрэсаваныя…
БРАНШТЭЙН Якаў Анатолевіч [10.11.1897, Бельск Гродзенскай губ., цяпер Падляшскае ваяв., Польшча – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], крытык, літаратуразнавец. З сям’і службоўца. У 1914–18 жыў у Варшаве. Друкавацца пачаў у 1918. У 1919 пераехаў у Савецкую Расію (Арол). Добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію. Пасля дэмабілізацыі (1921) працаваў у рэдакцыі газ. «Орловская правда». У 1925 скончыў літаратурны ф-т 1-га Маскоўскага ун-та. У 1926–30 вучыўся ў Камуністычнай акадэміі ў Маскве. З 1930 навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. З 1932 адначасова прафесар МПІ. У 1932–37 адказны сакратар СП БССР. Член СП СССР з 1934. Член-карэспандэнт АН БССР з 1936. Як крытык выступаў з 1925. Б. «беспадстаўна атаясамліваў метад са светапоглядам, супрацьпастаўляў рэалізм yciм іншым «антырэалістычным кірункам». Памылкова лічыў, што ўздым мастацкай культуры непасрэдна залежыць ад уздыму палітычнай свядомасці творцы, а значыць, ад палітычнай накіраванасці мастацкай літаратуры…» (І. Багдановіч). Арыштаваны 6.6.1937 у Мінску па адрасе: 2-гі Апанскі зав., д. 4б, кв. 2. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член трацкісцкай арганізацыі і арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 27.6.1956. Асабовая справа Б. № 6889-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
11.2.1938 асобай нарадай НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы і ворага народа» да 8 гадоў ППК Бранштэйн Раіса Аляксандраўна (н. ў 1904 у Харкаве), верагодна, жонка або сваячка Якава Бранштэйна. Этапавана ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 18.10.1945. Далейшы лёс невядомы.
Тв.: Атака: [Зборнік артыкулаў]. Мн., 1930. Ідыш; Аб стане яўрэйскай літаратуры ў перыяд рэканструкцыі. Мн., 1932. Ідыш; Літаратурная вучоба: У дапамогу выкладчыкам літаратуры і кіраўнікам літгурткоў. Вып. 1. Мн., 1935.
Кр.: Бародзіч Д. Спадчына Я. Бранштэйна // ЛіМ. 1958. 23 ліп.; Лынькоў М. Ён быў сярод нас… // ЛіМ. 1962. 25 снеж.; НАРБ, ІКБР; Возвращенные имена; БП. Т. 1; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
БУРДЫКА Іван Сямёнавіч [7.9.1900, в. Хутар Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н Мінскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З бел. сялянскай сям’і. У 1925 уступіў у ВКП (б). Меў незакончаную вышэйшую адукацыю. У 1930-я г. адказны сакратар СНК БССР. Арыштаваны 28.6.1937 у Мінску па адрасе: Омскі зав., д. 5а, кв. 3. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 30.11.1957. Асабовая справа Б. № 11025-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: БНДЦЭД; Рэпрэсаваныя…
ВАЙНОЎ Віктар Лявонавіч [23.2.1904, в. Палужжа Карэліцкай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], журналіст. З бел. сялянскай сям’і. Скончыў Камуністычны ун-т. У 1926–27 сакратар Магілёўскага акружкама КП (б) Б, пазней загадчык сельскагаспадарчага сектара (аддзела) газ. «Звязда». У чэрв. 1936 выключаны з ВКП (б). На момант арышту працаваў загадчыкам экспедыцыі карамельнага цэха фабрыкі «Камунарка». Жыў з жонкай у Мінску па адрасе: вул. Свярдлова, д. 60, кв. 4. Маці В. Марыя Васілеўна і сястра Алена жылі ў в. Палужжа. Брат Сцяпан працаваў рабочым на заводзе імя Дзмітрыева ў Магілёве, другі брат Іван жыў у Томастоне, штат Канектытут, ЗША, таксама працаваў рабочым. Арыштаваны 8.12.1936. Пры вобыску разам з інш. рэчамі забраны і пашпарт В. (серыя ФД № 043726). Асуджаны да ВМП з канфіскацыяй маёмасці 28.10.1937. Расстраляны. Рэабілітаваны 28.4.1956. Асабовая справа В. № 5913-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
4.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Свярдлова, д. 60, кв. 4 арыштавана на той час рабочая Мінскай скураной фабрыкі імя Куйбышава (а ў 1930–36 член ВКП (б), партыйны і савецкі работнік у Мінску і Смалявічах) Растоўская Рэвека Лазараўна (н. 31.3.1904 у г. Цельшы Ковенскай губ., цяпер Літва, у сям’і службоўца), жонка Віктара Вайнова. 16.5.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК з канфіскацыяй маёмасці і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 4.9.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 17.1.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Р. № 5881-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
ВАРОНЧАНКА Аляксандр Аўксенцевіч [14.2.1905, Чэрыкаў Магілёўскай губ., цяпер Магілёўская вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны дзеяч. З бел. сялянскай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Уступіў у ВКП (б). У 1935–36 – загадчык агітацыйна-масавага аддзела Мінскага гаркама КП (б) Б, пасля сакратар Кагановіцкага РК КП (б) Б Мінска, наркам асветы БССР. Арыштаваны 3.8.1937 у Мінску па адрасе: вул. Валадарскага, д. 28. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «актыўны член антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі, створанай па заданні палякаў» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 16.5.1957. Асабовая справа В. № 10308-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
20.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Чыгуначная, д. 10, кв. 1 арыштавана настаўніца Мінскай вячэрняй школы № 15, маці дваіх дзяцей Варончанка (Ясэпкіна) Хася Самуілаўна (н. ў 1908 у мяст. Хіславічы Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Смаленская вобл., Расія; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Аляксандра Варончанкі. 28.11.1937 асуджана асобай нарадай пры НКВД як «член сям’і ворага народа, прыгаворанага да ВМП» і «саўдзельніца яго контррэвалюцыйных злачынстваў» да 8 гадоў ППК. Этапавана ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 28.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана прэзідыумам Мінскага абл. суда 27.7.1957. Асабовая справа В. № 10634-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: БНДЦЭД; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
ВОЛЬНЫ Анатоль [сапр.: Ажгірэй Анатоль Усцінавіч; 19.11(2.12).1902, ст. Пухавічы Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, празаік, кінадраматург, журналіст. З сям’і службоўца. Вучыўся ў Ігуменскай гімназіі (паступіў у 1911). У 1920 пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную армію. Пасля дэмабілізацыі ў 1921 працаваў у ЦК ЛКСМБ, у газ. «Малады араты». Вучыўся ў БДУ. Публікаваўся з 1921. У 1920–30-х г. быў актыўным удзельнікам літаратурна-мастацкага руху ў Беларусі. З 1923 – у літаб’яднанні «Маладняк». Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў бел. прозе. Член СП Беларусі з 1934; заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1935). Паводле сцэнарыяў В. пастаўлены фільмы «Хвоі гамоняць» (1929, сааўтар К. Дзяржавін), «Атэль «Савой» (1930), «У агні народжаныя» (1930), «Сонечны паход» (1931), «Новая радзіма» (1935) і інш. Яго называлі «майстрам контррэвалюцыйных анекдотаў». Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 4.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. М. Гоpкага, д. 4, кв. 6. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член контррэвалюцыйнай аpганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 3.12.1957. Асабовая справа № 11054-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсаваны і сваякі В.
Тв.: Камсамольская нота: Вершы. Мн., 1924 (з А. Александровічам); Ваўчаняты: Раман беларускіх лясоў / Сааўт. А. Александровіч, А. Дудар. Мн., 1925 (2-е выд. 1929); Два: Аповесць. Мн., 1925; Чарнакудрая радасць: Вершы. Мн., 1926; Зборнік фельетонаў. Мн., 1927; Табе: Вершы. Мн., 1927; Суседзі: Гумарэскі і фельетоны. Мн., 1932; Шасцідзесятая паралель: Кінааповесць. Мн., 1935.
Кр.: Айзенштадт Г. Ждите нас, звезды!: Докум. очерк о комс. поэте, журналисте и сценаристе А. Вольном // Знамя юности. 1978. 5 окт.; Айзенштат Г. З ліку першапраходцаў // Чырвоная змена. 1981. 21 крас.; Брадзянскі Б. На шляху да рэалізму: Пра творчасць кінадраматурга А. Вольнага // ЛіМ. 1935. 16 сак.; Шушкевіч С. Талент, загартаваны Кастрычнікам: Да 70-годдзя з дня нараджэння А. Вольнага // ЛіМ. 1972. 1 снеж.; Яго ўспамінаюць добрым словам // Шушкевіч С. Выбр. тв.: У 2 т. Т. 2. Мн., 1978; БП. Т. 2; Рэпрэсаваныя…
ГАЛАВАЧ Платон Раманавіч [5(18).4.1903, в. Пабокавічы Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], празаік. У 1922–23 – інструктар Барысаўскага павятовага камітэта камсамола, з 1926 – загадчык аргаддзела, з 1928 – першы сакратар ЦК ЛКСМБ. У 1929–30 – нам. наркама асветы БССР. У 1922–23 вучыўся ў Мінскай партшколе, у 1926 скончыў Камуністычны ун-т Беларусі. Быў рэдактарам газ. «Чырвоная змена», час. «Маладняк», «Полымя». З’яўляўся адным з лідэраў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП. Ініцыятар арганізацыі крытыка-творчага аддзялення МПІ. З пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці (1921) Г. змагаўся за чысціню роднай мовы, за яе дакладнасць і выразнасць. Першае апавяданне «Загубленае жыццё» апублікавана ў газ. «Савецкая Беларусь» у 1925. У 1927 выйшла кніга апавяданняў «Дробязі жыцця». Тэматыка шматлікіх аповесцяў, апавяданняў, нарысаў звязана з грамадзянскай вайной і жыццём вёскі. Яго творы карысталіся поспехам, перакладаліся на рускую, польскую, украінскую, чэшскую, яўрэйскую i iнш. мовы.
Як успамінаў паэт Павел Пруднікаў (таксама рэпрэсаваны), «Платон Галавач быў рослы, стройны, прыгожы малады чалавек з бялявай чупрынай, якой не стараўся закрываць свой шырокі і высокі лоб, з блакітнымі вачамі, белымі, як цукар, зубамі, з правільнымі рысамі твару, на якім заўсёды ззяла ўсмешка, акуратна апрануты і абуты. Пераважна любіў хадзіць у светла-шэрым касцюме і белай кашулі-касаваротцы, вышытай беларускім народным арнаментам і падпяразанай тонкім поясам з кутасамі. Ён заўсёды з кожным быў прыветлівы і стараўся трымацца роўным. У час гутаркі ніколі не перабіваў свайго субяседніка. Спачатку даваў магчымасць выказацца яму, а потым ужо гаварыў сам, ніколі ні на каго не павышаў голасу. Скажу шчыра – не любіць яго была нельга».
А вось што прыгадваў пра пісьменніка Я. Скрыган (таксама рэпрэсаваны) у сваёй кнізе «Некалькі хвілін чужога жыцця» (Мн., 1990. С. 52): «Любіў глядзець трошачкі спадылба, гаварыў вельмі спакойна і ціха, голас у яго быў мяккі, з малюсенькім насавым гучаннем. І здалося зусім нечаканым, што няма ў яго ні рэзкага жэсту, які звычайна выпрацоўвае прафесія, ні строгага позірку, ні павышанай камандзірскай ноты – усё па-чалавечы проста і душэўна».
Арыштавалі Г. 11.8.1937 у Мінску па адрасе: вул. Маскоўская, д. 8/1, кв. 34. Пры вобыску следчыя канфіскавалі 67 сшыткаў рукапісаў (магчыма, сярод іх быў і раман «Ён»). У сувязі з арыштам выключаны з ВКП (б). Ва ўнутранай турме НКВД лёс звёў Г. з яшчэ адным рэпрэсаваным пісьменнікам С. Шушкевічам, які пазней успомніў такі эпізод (прыведзены ў кнізе В. Куляшовай «Лясному рэху праўду раскажу», Мн., 1989): «Платона Галавача і Васіля Каваля я бачыў апошні раз 3 кастрычніка 1937 года. Іх прывялі сведчыць супраць мяне. Скатаваны і знясілены, Платон Раманавіч доўга маўчаў… Нарэшце загаварыў: «За [мной] няма ніякай віны, таксама, як і за кожным з нас». Сказаў і заплакаў…»
Перад «судом» Г. пакінуў у камеры запіску: «Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон». Але на «судзе» (пачаўся ў 22.15, а скончыўся праз пятнаццаць хвілін) вінаватым сябе прызнаў.
28.10.1937 у 22.30 тройкай НКВД асуджаны як «арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» і за «правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны праз некалькі гадзін пасля прысуду.
З сакрэтнай даведкі начальніка 1-га спецаддзела НКВД Шавялёва: «Акт аб выкананні прысуду захоўваецца ў Мінску ў Асобым архіве 1-га спецаддзела НКВД СССР том 8 ліст 1б».
Асабовая справа Г. № 6852-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Многія яго творы засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстанне 1863–64 і К. Каліноўскага. Імем Г. названы вуліца і завулак у Бабруйску. У 1968 на будынку Гарбацэвіцкай школы Бабруйскага р-на, дзе вучыўся Г., адкрыта мемарыяльная дошка.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Маскоўская, д. 8/1, кв. 34 арыштавана хатняя гаспадыня, маці дачкі Галіны і сына Ралана Вечар Ніка Фёдараўна (н. ў 1905 у в. Машчыцы Слуцкага пав. Мінскай губ.), жонка Платона Галавача. 28.11.1937 асуджана асобай нарадай пры НКВД як «член сям’і расстралянага ворага радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР (в. Далінская). Пасля вызвалення вярнулася на радзіму. Рэабілітавана трыбуналам БВА 24.7.1956. Асабовая справа В. № 6759-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
У асабовай справе Г. захоўваецца рапарт:
Зам. Министра внутренних дел БССР полковнику Ханяк.
Рапорт.
В 1 спецотдел МВД БССР поступило заявление Вечер Нины Федоровны о розыске Головача Платона Романовича, осужденного ВК Верховного суда СССР к ВМН.
Прошу вашего согласия объявить заявителю Вечер Н. Ф., что муж ее, Головач П. Р., находясь в лагере, 25 декабря 1944 г. умер от паралича сердца.
Начальник 1 спецотдела МВД БССР майор Минаев.
На рапарце ёсць рэзалюцыя: «Согласен. 19. VIII» (1956 г. – Л. М.) Подпіс.
Тв.: Збор твораў: У 3 т. Мн., 1958. Т. 1. Апавяданні. Нарысы. Артыкулы. Т. 2. Аповесці. Т. 3. Праз гады: Раман; Пісьмы // Полымя. 1963. № 4; Некалькі слоў пра сябе // Пра час і пра сябе. Мн., 1966; Праз гады. Мн., 1992; Спалох на загонах. Мн., 1996.
Кр.: Булацкі Р. В., Карніловіч Э. А. Платон Галавач – публіцыст. Мн., 1973; Бугаёў Дз. З кагорты першых // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979; Каленкович И. Творчество Платона Галавача: (Жанрово-стилевое своеобразие): Автор. дис. канд. филол. наук. Мн., 1979; БП. Т. 2; ЭГБ. Т. 2; Рэпрэсаваныя…
ГЕРШОН Іосіф Хаімавіч [лют. 1900, Бабруйск Мінскай губ., цяпер Магілёўская вобл. – 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны служачы. З сям’і рабочага. Атрымаў пачатковую адукацыю. У 1919 уступіў у ВКП (б). Падчас арышту – нам. наpкама асветы БССР. Арыштаваны 26.6.1937 у Мінску па адрасе: вул. Камунальная, д. 21/25, кв. 7. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 29.10.1937 як «член антысавецкай тэрарыстычна-шпіёнскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13.8.1957. Асабовая справа Г. № 10812-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
4.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Рабкораўская, д. 16, кв. 8 арыштавана настаўніца школы слабаадукаваных пры Мінскай войлачнай фабрыцы, маці дваіх дзяцей Гершон (Шведзік) Броня Борухаўна (н. 9.8.1898 у Бабруйску; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Іосіфа Гершона. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 29.8.1943. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 13.1.1956. Асабовая справа Г. захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
ДЗЕНІСКЕВІЧ Мікалай Міхайлавіч [26.4(9.5).1904, в. Закаблукі Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], партыйны дзеяч. З сям’і рабочага. Атрымаў сярэднюю адукацыю, працаваў слесарам на Мінскай чыгунцы. З 1921 – на камсамольскай рабоце. З 1925 – сакратар Аршанскага камітэта ЛКСМБ, потым на партыйнай рабоце. У 1930 скончыў курсы партыйных работнікаў у Маскве. З 1933 – загадчык аддзела ЦК КП (б) Б, сакратар Лёзненскага райкама, Віцебскага гаркама КП (б) Б (1937), другі сакратар ЦК КП (б) Б. Арыштаваны з жонкай 26.7.1937 на дачы ЦК КП (б) Б «Гарадзішча». Асуджаны за «ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі правых» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25.2.1956. Асабовая справа Д. № 5900-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
26.7.1937 разам з мужам арыштавана ўрач Лёзненскай бальніцы Коршун Ірына Васілеўна (н. 4.12.1912 у Мінску ў сям’і рабочага), жонка Мікалая Дзеніскевіча. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы, прыгаворанага да ВМП» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР, потым у Салікамскі інвалідны лагер НКВД Молатаўскай (цяпер Пермскай) вобл. Вызвалена 26.7.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 10.12.1955. Асабовая справа К. № 6301-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
З нарыса Н. Курганавай і П. Марцава «Личный номер – 902»:
«Со страхом ждала ночи (успамінае Ірына Коршун. – Л. М.). Каменные стены не могли заглушить вопли и стоны заключенных. Конвейер допросов замедлял свой бег лишь днем. Однажды забрали польку. Прошло двое суток. Ее уже перестали ждать. Через неделю в камеру на носилках внесли какую-то грязную женщину и вывалили на пол. Ее подняли, уложили на нары. Четырехугольное опухшее лицо, такое же тело, ноги. Вся в кровоподтеках». Ирина делала «новенькой» холодные примочки. Когда та пришла в сознание и произнесла ее имя, по голосу Коршун узнала польку! Почти восемь суток она простояла на допросе под ярким светом. Падала. Отливали водой, поднимали. Били по суставам пивными бутылками. Она назвала лучших коммунистов Польши, предала мужа. Подписала все!..
Однажды днем Ира услышала у двери своей камеры крик Н. Денискевича: «Ирочка, родная». Затем слышно было, как он вырвался и бежал по коридору с криком: «Клянусь тобой, ни в чем не виноват!» Ирина стала стучать в дверь кулаками, мисками, кружками. Она истерично кричала: «Звери, куда его увели, так не издеваются в фашистских тюрьмах над политзаключенными, как здесь над невиновными людьми!»1
Кр.: Жертвы политического террора…; ЭГБ. Т. 3; Рэпрэсаваныя…
ДЗЯКАЎ Ананій Іванавіч [1.10.1896, в. Багданаўка Мсціслаўскага пав., цяпер Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны дзеяч, педагог. З сялянскай сям’і. Скончыў пачатковую школу. Удзельнічаў у 1-й сусветнай вайне. За мужнасць у баях атрымаў афіцэрскае званне. У 1918 уступіў у ВКП (б), узначаліў Вяземскі зямельны аддзел. У 1919–23 служыў у Чырвонай арміі (камандзір роты). З 1923 – нам. старшыні Мсціслаўскага павятовага выканкама. У 1924 прызначаны нам. старшыні (потым старшынёй) Магілёўскага акруговага выканкама. У ліп. 1928 накіраваны на вучобу ў Прамысловую акадэмію ў Маскву, але вучыцца не давялося – быў прызначаны нам. старшыні (пазней старшынёй) Віцебскага выканкама. У 1930–34 вучыўся ў Маскве ў Інстытуце чырвонай прафесуры. З лют. 1934 – нам. рэктара, рэктар БДУ. Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. З восені 1935 загадчык аддзела ЦВК БССР. У ліп. 1936 прызначаны наркамам асветы БССР. Арыштаваны 11.5.1937 у Мінску па адрасе: вул. Горкага, д. 21/52, кв. 24. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член нацыянал-фашысцкай арганізацыі, які праводзіў шкодніцкую работу ў галіне народнай асветы» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 3.4.1957. Асабовая справа Д. № 10175-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
22.9.1937 у Мінску па адрасе: вул. 11 ліпеня, д. 18, кв. 2 арыштавана хатняя гаспадыня Дзякава Марыя Іванаўна (н. 19.2.1904 у Мсціславе, атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю), жонка Ананія Дзякава. 28.11.1937 асобай нарадай НКВД асуджана як «жонка здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 22.9.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 8.6.1956. Яе асабовая справа № 6688-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: БНДЦЭД; Яноўскі А., Зельскі А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў біяграфіях яго рэктараў. Мн., 2001. С. 47–60; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
ДУДАР Алесь [сапр.: Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч; 24.12.1904, в. Навасёлкі Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, крытык, перакладчык, першы муж паэткі і настаўніцы Наталлі Вішнеўскай1 . З бел. сялянскай сям’і. У час 1-й сусветнай вайны Дайлідовічы знаходзіліся ў бежанстве. Выязджалі ў Тамбоўскую вобл. (Казлоў, цяпер Мічурынск). Вясной 1917 сям’я вярнулася ў Беларусь. Пасля сканчэння (1921) сярэдняй школы (па іншых звестках – сямігодкі) Д. уступіў у тэатральную трупу славутага У. Галубка. Першы верш апублікаваў у 1921 у газ. «Савецкая Беларусь». У 1923 – адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій «Маладняка». Выступаў таксама як крытык і празаік. Перакладаў з рускай, нямецкай, французскай моў. У 1927–28 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага ф-та БДУ.
Алесь Звонак успамінаў: «Малады, круглатвары, з усмешліва-цёплым позіркам, высокі і зграбны… вочы ясныя, усмешлівыя, з нейкімі іскрынкамі. Голас мяккі, задушэўны, здаецца, крыху з прышэптам… Гэта і ёсць Алесь Дудар»1.
У выніку кампаніі супраць бел. пісьменнікаў-студэнтаў Д. вымушаны пакінуць ун-т. У снеж. 1927 выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да новага аб’яднання «Полымя». За верш «Пасеклі наш край папалам…» арыштаваны ДПУ 20.3.1929; высланы на тры гады ў Смаленск. Зноў арыштаваны ў Смаленску 22.7.1930 і прывезены ў Мінск на допыты па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У 1931 зноў у Смаленску. Пасля сканчэння тэрміну высылкі вярнуўся ў Мінск. Сябра СП БССР з 1934. У 1935–36 у асноўным займаўся перакладамі. Трэці раз арыштаваны 31.10.1936 у Мінску па адрасе: вул. Правадная, д. 15а, кв. 2. Як з «нацдэмам са стажам», следчыя з Д. доўга не цырымоніліся і адразу пачалі катаваць. «Гутаркай» з паэтам займаўся вядомы сваімі садысцкімі схільнасцямі следчы Быхоўскі. Пасля трохсутачнага «канвееру» паэт «успомніў», што сапраўды лічыў, быццам «Москва русифицирует Беларусь… и все беды Беларуси идут от Москвы… а период с двадцать пятого по двадцать шестой годы был золотым веком истории белорусской литературы…»1.
Журналіст З. на адным з допытаў у НКВД, не вытрымаўшы катаванняў, паведаміў пра такі выпадак: «Дудар вытащил спрятанные фото высланных нацдемов и, вспоминая о совместной с ними деятельности, высказывался об этом периоде как о расцвете белорусской культуры…»
28.10.1937 Д. быў асуджаны тройкай НКВД як «член антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 21.9.1957.
Тв.: Выбраныя творы. Мн., 1959; Вежа: Вершы і паэмы. Мн., 1984.
Кр.: Багдановіч І. Будучыня з сінімі крыламі: Літаратурны партрэт А. Дудара // Роднае слова. 1994. № 12; Міхнюк У. Арыштаваць у высылцы: Дакументальны нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996; Маракоў Л. Алесь Дудар: штрыхі да партрэта пісьменніка // Роднае слова. 2001. № 12.
ДУНЕЦ Хацкель Майсеевіч [студз. 1897, Слонім Гродзенскай губ., цяпер райцэнтр Гродзенскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], крытык, публіцыст. Атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю. З 1920 у РКП (б), на партыйнай рабоце ў Віцебску. З 1926 у Мінску. Публікаваўся з 1927. Працаваў нам. рэдактара яўрэйскай газ. «Октобэр», рэдактарам газ. «Літаратура і мастацтва», быў адным з кіраўнікоў яўрэйскай секцыі СП БССР. У 1930–35 нам. наркама асветы БССР. Сябра СП БССР з 1934. У сярэдзіне 1930-х г. абвінавачваўся ў трацкізме. У 1935 выключаны з партыі, зняты з усіх адказных пасад. Працаваў культработнікам на заводзе імя Кірава. Арыштаваны 8.6.1936 у Мінску па адрасе: вул. Кіpава, д. 5/30, кв. 3. Асуджаны 27.8.1936 да 5 гадоў ППК. Этапаваны ва Ухта-Пячорскі канцлагер НКВД Комі АССР. Зноў арыштаваны ў крас. 1937, этапаваны ў Мінск. 28.10.1937 тройкай НКВД прыгавораны да ВМП. Расстраляны. Верагодна, рэпрэсавана і жонка Д. Па першай справе (№ 19688-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны 24.1.1967 калегіяй па крымінальных справах Вяpхоўнага суда БССР, па другой – 2.3.1967.
Кр.: Рашэнні парткома Наркамасветы і Саюза савецкіх пісьменнікаў па справе тав. Дунца: Пастанова бюро Мінскага гаркома КП (б) Б // ЛіМ. 1935. 23 лют.; БП. Т. 2; Рэпрэсаваныя…
ЖЫВУЦКІ Іван Сцяпанавіч [17.9.1912, в. Зарэмец (?) Ігуменскага або Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяперашняе месцазнаходжанне не ўстаноўлена – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], педагог. З сям’і вясковага каваля бел. паходжання, у сярэдзіне 1930-х г. старшыні калгаса. Скончыў МПІ (1934). Выкладаў бел. і рускую мову і літаратуру ў СШ мяст. Заслаўе Мінскага р-на. Маці Ж. Леанора Адольфаўна – хатняя гаспадыня. Брат Іосіф (н. ў 1910) знаходзіўся ў Марыінскім канцлагеры НКВД Кемераўскай вобл.; другі брат (імя невядома, н. ў 1911) вучыўся на рабфаку ў Мінску; малодшы брат Віктар (н. ў 1921) вучыўся ў школе. Арыштаваны 14.10.1937. Асуджаны 28.10.1937 пазасудовым органам НКВД як «удзельнік контррэвалюцыйнай шпіёнскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 19.10.1959. Асабовая справа Ж. № 14857-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.
ЗАМАЛІН Навум Міхайлавіч [1905, мяст. Кадзіна Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Смаленская вобл., Расія – 29 ці 30.10.1937, Мінск, турма НКВД]. З мяшчанскай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Уступіў у ВКП (б). Да арышту дацэнт Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Быў жанаты. Арыштаваны 25.7.1937. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «удзельнік антысавецкай дыверсійна-тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР 9.2.1967. Асабовая справа З. № 13401-п з фотаздымкам захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: НАРБ, ІКБР.
ЗАРЭЦКІ Міхась [сапр.: Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, в. Высокі Гарадзец Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Талачынскі р-н Віцебскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], празаік, драматург, перакладчык, крытык. Дзяцінства прайшло ў в. Зарэчча пад Шкловам – адсюль паходзіць і псеўданім. Вучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семінарыі (у 1917 пакінуў семінарыю пасля 2 гадоў вучобы). У 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне. Уступіў у ВКП (б). У 1920–27 палітработнік Чырвонай арміі. Публікавацца пачаў у 1922. З 1924 член літаб’яднання «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае бюро арганізацыі. У 1926–27 рэдагаваў час. «Маладняк». У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб’яднання «Полымя». У жн. – кастр. 1927 у складзе дэлегацыі бел. літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў ліст. 1928 [артыкулы «Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага плана)»]. Выступленні З. у друку былі расцэнены як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з А. Александровічам і А. Дударом заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4.12.1928). У 1929 выключаны з ВКП (б) за «праяўленне нацыянал-дэмакратызму». Член СП Беларусі з 1934. Працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва АН БССР. Ажаніўся, гадаваў сына Вячаслава і дачку Радаміру.
П. Пруднікаў успамінаў: «Гэта быў стройны, вышэй сярэдняга росту, бландзіністы, маладжавы на погляд чалавек. Заўсёды акуратна апрануты, падцягнуты, добра прычэсаны, чыста паголены. Твар яго меў удумліва-дабрадушны выгляд, вочы – сіне-блакітныя. Гаварыў ціха, але пераканаўча. Ніколі не павышаў голасу. Паходка была быстрая, імклівая, але не мітуслівая».
Я. Скрыган удакладняў: «У 1927 годзе Міхась Зарэцкі выглядзеў зусім іначай (чым аўтар гэтых радкоў. – Л. М.). Гэта быў ужо ў поўным сэнсе слова пісьменнік і інтэлігент. Папулярнасці і славе яго адпавядаў вонкавы выгляд. Апрануты ён быў, як тады казалі, чыста па-еўрапейску: самае моднае элегантнае паліто, блішчастыя пальчаткі і капялюш. А капялюш на той час мала хто насіў, гэта было нават вельмі смела. Бачылі яго найчасцей разам з А. Александровічам і А. Дударом… Мы тады зачытваліся М. Зарэцкім. Пісаў ён многа, горача і ярка»1 .
Арыштаваны 3.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Абутковая, д. 23, кв. 3.
Пратакол вобыску ў кватэры М. Зарэцкага:
Взято для доставления в НКВД Белоруссии следующее:
Паспорт.
Заграничный паспорт.
Удостоверение СП № 1543.
Другие документы:
писем – 44 штуки, открытки – 13 шт., адресов телеф. и телег. – 10 штук, телеграмм – 3 шт., 9 пакетов с выписками из контрреволюционной троцкистской литературы, 19 записных книжек, 20 тетрадей с разными записями (магчыма, сярод іх быў і раман «Крывічы». – Л. М.), фотокарточек – 20 шт., групповых фото – 50 шт., написанных общих тетрадей – 2 шт.
Рукопись на 3129 листах. Разная переписка на 953 листах…
Книг с автографами – 83 шт., книг разных авторов и изданий – 80 шт., Зарецкий – сочинения – 36 шт.
Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 у 18.30 (пасяджэнне працягвалася 15 хвілін) як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7.12.1957. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Многія рукапісы З. загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».
Таксама рэпрэсавана жонка пісьменніка Марыя Іванаўна Касянкова (некаторы час пакаранне адбывала з Л. Геніюш).
Два дакументы з асабовай справы Міхася Зарэцкага:
Секретно
Справка
Приговор о расстреле Косенкова-Зарецкого Михаила Ефимовича приведен в исполнение в Минске 29/X–1937. Акт о приведении приговора в исполнение хранится в Особом архиве в спецотделе НКВД СССР, т. 8, лист 155.
Нач. отд. спец. отд. НКВД СССР
лейтенант госбезопасности Шевелев.
22 октября 1956. Секретно.
Начальнику Главного управления милиции МВД СССР,
Начальнику 1 спецотдела МВД СССР,
Главному военному прокурору.
Прошу дать указание соответствующему отделу ЗАГС о выдаче гражданке Косенковой Марии Ивановне свидетельства о смерти ее мужа Зарецкого М. Е.:
«Зарецкий Михаил Ефимович, 1901 г. рождения, был осужден Военной Коллегией Верховного Суда СССР 28 октября 1937 г. и, отбывая наказание, умер 13 июня 1941 г.»
Гр. Косенкова М. И. проживает по адресу:
г. Баку 40, III Поперечная, д. 15, кв. 3.
Зам. Председателя Военной Коллегии Верховного Суда СССР
А. Борисоглебский.
Тв.: Збор твораў. Т. 1–4. Мн., 1989–1992.
Кр.: Мушынскі М. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991; БП. Т. 2; ЭГБ. Т. 3; Рэпрэсаваныя…
ІСПРАЎНІКАЎ Прохар Іванавіч [16.3.1902, в. Трыбулінцы (?) Вяліжскага або Віцебскага пав. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], журналіст. З бел. сялянскай сям’і. Атрымаў сярэднюю адукацыю. Уступіў у ВКП (б). У першай палове 1930-х г. нам. дырэктара па гаспадарчай часці Віцебскай ветэрынарнай станцыі. З кастр. 1936 упаўнаважаны Галоўліта, нам. загадчыка сельскагаспадарчага сектара (аддзела) газ. «Віцебскі пралетарый». Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. Арыштаваны 3.7.1937 у Віцебску па адрасе: вул. 1-я Свярдлова, д. 19. Перавезены ў Мінск. На допытах яго жорстка катавалі, і ён агаварыў сябе, прызнаў, што з’яўляўся «членам фашысцкай арганізацыі, контррэвалюцыянерам, трацкістам, шкоднікам», «праводзіў работу па зрыве выпуску супрацьсібіраязвеннай сыроваткі» і г. д. Асуджаны тройкай НКВД 29.10.1937 да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 10.6.1958. Асабовая справа І. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: НАРБ, ф. 4, в. 21, с. 1097, л. 151–152; Рэпрэсаваныя…
КАВАЛЁЎ Захар Ціханавіч [1900, в. Узлогі Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Хоцімскі р-н Магілёўскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], партыйны работнік. З бел. сялянскай сям’і. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1922). Працаваў сакратаром Чэрыкаўскага гаркама КП (б) Б, быў загадчыкам аддзела Аршанскага акругкама. Падчас арышту – сакратар Варашылаўскага РК КП (б) Б. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 9.9.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 171, кв. 6. Выключаны з партыі ў сувязі з арыштам. Абвінавачваўся ў тым, што «праводзіў шкодніцкую работу ў сельскай гаспадарцы – тармазіў калгаснае будаўніцтва, насаджаў у вёсцы хутары і г. д.; пры абмене партыйных дакументаў знарок зберагаў патрэбныя арганізацыі контррэвалюцыйныя кадры». Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 14.11.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа К. № 10990-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсавана і жонка К.
Кр.: НАРБ, ІКБР.
КАВАЛЬ Васіль [сапр.: Кавалёў Васіль Пятровіч; 4(17).8.1907, в. Сава Горацкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Горацкі р-н Магілёўскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], празаік. У 1925 скончыў агульнаадукацыйныя курсы пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі; увосень 1925 паступіў у Магілёўскі педтэхнікум. Тады ж быў прыняты ў літаб’яднанне «Маладняк». Пачаў друкавацца ў 1926 у час. «Аршанскі маладняк». У 1926–29 (з перапынкам) вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага ф-та БДУ, але кінуў вучобу і пайшоў на творчую працу. Пасля другога расколу «Маладняка» ў 1928 абраны членам Цэнтральнага бюро аб’яднання і ўведзены ў рэдакцыйную групу час. «Маладняк», дзе застаўся пасля ўтварэння БелАПП. Увосень 1928 крытык А. Мардвілка пісаў: «Ніхто (як В. Каваль. – Л. М.) не ахапляе так эмацыянальна сілу зямлі і цягу да яе чалавека, самую існасць сялянскага жыцця і працы». З 1931 К. – актыўны ўдзельнік Беларускага літаратурнага аб’яднання Чырвонай арміі і Флота. У 1932–34 служыў у войску, быў ваенным журналістам газ. «Красноармейская правда» ў Смаленску.
Я. Скрыган успамінаў: «Аказалася, што ён зусім не пявучы, не такі паэтычны і ласкавы, як назва яго кнігі («Як вясну гукалі». – Л. М.), а наадварот, маўклівы, спакойны, з чорнымі і цвёрдымі валасамі, трохі насуплены, задуманы, трохі недаверлівы, з нізка апушчанаю галавою, з цяжкаю верхняю губою і як бы пужлівымі вачыма… Усміхаўся ён скупа, як бы баючыся, каб чаго нядобрага не падумалі пра яго ўсмешку»1 .
Арыштавалі К. 2.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Маскоўская, д. 3/2, кв. 4. Асудзілі 28.10.1937 як «члена антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Верагодна, былі рэпрэсаваны і сваякі К. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 24.9.1957. Асабовая справа К. № 10898-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Выбраныя творы. Мн., 1932; Выбранае: Аповесці і апавяданні. Мн., 1959; Следапыты; Санька-сігналіст. Мн., 1961.
Кр.: Пальчэўскі А. Васіль Каваль // Пальчэўскі А. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1975; Казека Я. Васіль Каваль // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984; Грамадчанка Т. Васіль Каваль // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20–30-х гг. Мн., 1985; БП. Т. 3; ЭГБ. Т. 3; Рэпрэсаваныя…
КАВАЛЬЧУК Захар Захаравіч [1893, в. Крыўляны Пружанскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З бел. сялянскай сям’і. З 1911 у ЗША. Працаваў на аўтамабільных заводах Дэтройта ліцейшчыкам, страгальшчыкам. У 1916 уступіў у члены Рускай федэрацыі, якая ўваходзіла ў Сацыялістычную партыю Амерыкі. Пасля яе распаду стаў членам Кампартыі ЗША, за прыналежнасць да якой быў арыштаваны і высланы за межы краіны. Пераехаў у СССР. Працаваў ліцейшчыкам на заводзе Аўтамабільнага маскоўскага таварыства. Уступіў у ВКП (б) (1920). У 1921 паступіў у ВЧК, адкуль накіраваны на вучобу ў Маскоўскую савецкую партыйную школу. Пасля яе заканчэння член Маскоўскай павятовай кантрольнай камісіі, загадчык агітпрапа павятовага Маскоўскага камітэта. У 1930 накіраваны ў БССР. Працаваў сакратаром Аршанскага акруговага камітэта партыі, загадчыкам аддзела кадраў ЦК КП (б) Б. З 1932 старшыня ЦК прафсаюзаў БССР, член ЦК КП (б) Б. Пастановай Бюро ЦК КП (б) Б у 1936 вызвалены ад сваіх абавязкаў за прыналежнасць да трацкісцкай апазіцыі ў 1923. Выведзены са складу кандыдатаў у члены Бюро ЦК КП (б) Б, члена ЦВК БССР і Прэзідыума ЦВК БССР. Падчас арышту – дырэктар рыбакансервавага завода. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 29.7.1937 у Мінску па адрасе: вул. Ленінская, д. 36/43, кв. 22. Выключаны з партыі ў сувязі з арыштам. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «актыўны член контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 15.9.1956 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа К. № 7252-с (спынена з-за адсутнасці складу злачынства) захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсавана і жонка К.
Кр.: БНДЦЭД; НАРБ, ІКБР.
КАНДРАШУК Мікалай Фёдаравіч [1897, мяст. Скідзель Гродзенскага пав., цяпер Гродзенскі р-н – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З бел. сялянскай сям’і. Член ВКП (б) з 1919. Падчас арышту – начальнік Упpаўлення шкляной прамысловасці Наркамата лёгкай прамысловасці БССР. Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. Арыштаваны 1.8.1937 у Мінску па адрасе: вул. Камуністычная, 3-ці дом Саветаў, кв. 26. Выключаны з партыі ў сувязі з арыштам. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД за «дзейнасць у складзе польскай шпіёнскай тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 16.4.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа К. № 10197-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсавана і жонка К.
У верас. 1937 органамі НКВД арыштаваны інжынер Аршанскага ільнокамбіната Кандрашук Канстанцін Фёдаравіч (н. ў 1894 у мяст. Скідзель), брат Мікалая Кандрашука. 20.10.1937 асуджаны за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да ВМП і 4.11.1937 расстраляны ў Віцебскай турме НКВД. Рэабілітаваны 4.12.1957 трыбуналам БВА. Групавая справа Канстанціна Кандрашука і інш. № 10895-п (усяго каля 30 чалавек) захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: БНДЦЭД; НАРБ, ІКБР.
КАНТАР Саламон Мендзелевіч [май 1894, Горкі Магілёўскай губ., цяпер райцэнтр Магілёўскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. Член ВКП (б) з 1922. Да арышту – дырэктар Белпрамгандлю. Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. Арыштаваны 18.8.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 32/1, кв. 11. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД за «дзейнасць у складзе антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 6.7.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа К. № 10677-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсавана і жонка К.
Кр.: БНДЦЭД; НАРБ, ІКБР.
КАРАНЕЎСКІ Язэп Пятровіч [31.12.1887 (12.1.1888), Заслаўе Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны дзеяч, педагог, публіцыст. З бел. сялянскай сям’і. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1909), Віленскі настаўніцкі інстытут (1914). З 1915 выкладаў у Мінскім настаўніцкім інстытуце. У 1915–17 член культурна-асветнага гуртка «Наш край», з мая 1917 – арганізацыі «Маладая Беларусь». З 1916 у эвакуацыі ў Яраслаўлі. У маі 1918 прыехаў у Мінск, дзе вёў перамовы з урадам БНР па пытанні рээвакуацыі Мінскага настаўніцкага інстытута. У 1919–20 школьны інспектар і выкладчык геаграфіі Мінскай беларускай гімназіі. У 1920 нам. старшыні Беларускай камуністычнай арганізацыі; са жн. 1920 член КП (б) Б, загадчык аддзела ў Наркамаце асветы БССР. Правадзейны член Інбелкульта з 1924. Быў дырэктарам МБПТ. Публікаваўся ў перыядычным друку па праблемах адукацыі. З 1926 – нам. старшыні Інбелкульта. З 1927 – прарэктар Камуністычнага ун-та імя У. Леніна, з кастр. 1928 – намеснік, з кастр. 1929 да ліп. 1931 – рэктар БДУ. З 1932 – у Маскве, нам. дырэктара па вучэбнай частцы Інстытута чырвонай прафесуры сусветнай гаспадаркі і сусветнай палітыкі. Арыштаваны 15.7.1937 у Маскве па адрасе: Цвярскі бульвар, д. 10, кв. 5. Крымінальную справу К. запатрабаваў НКВД БССР, і ён быў этапаваны ў Мінск. Пасля катаванняў на допытах у верас. 1937 прызнаўся ў «шпіянажы на карысць Польшчы», у правядзенні «контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай прапаганды». Асуджаны 28.10.1937 тройкай НКВД як «член антысавецкай нацыяналістычнай тэpарыстычнай шпіёнскай дывеpсійнай арганізацыі» да ВМП. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 6.4.1957. Асабовая справа К. № 16406-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Пасля арышту К. арыштавана і асуджана да 5 гадоў пазбаўлення волі яго жонка П. Г. Каранеўская. Пакаранне адбывала з 3-гадовым сынам Юрыем.
Тв.: Да пачатку вучэбнага года // Асвета. 1924. № 3; Паслякастрычніцкі перыяд // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху. Мн., 1924; Інстытут беларускае культуры (Інбелкульт) // Наш край. 1927. № 10.
Кр.: ЭГБ. Т. 4; Гісторыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў біяграфіях яго рэктараў. Мн., 2001; Рэпрэсаваныя…
КАРПЕНКА Іван Іванавіч [1905, мяст. Парычы Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Светлагорскі р-н Гомельскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], навуковец. З сям’і службоўца. Атрымаў вышэйшую адукацыю. У 1930-я г. – загадчык лабараторыі Віцебскай ветэрынарнай станцыі. Жыў у Віцебску па адрасе: вул. 1-я Свярдлова, д. 19. Арыштаваны 26.6.1937. Перавезены ў Мінск. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 29.10.1937 за «дзейнасць у складзе антысавецкай групы» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 24.10.1957. Асабовая справа К. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
29.11.1937 у Віцебску па адрасе: вул. 1-я Свярдлова, д. 19 арыштавана ветэрынарны ўрач Віцебскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі Карпенка Аляўціна Васілеўна (н. ў 1904 у мяст. Каршуноўка Тамбоўскай вобл., Расія), жонка Івана Карпенкі. Верагодна, у канцы 1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Цемнікоўскі канцлагер НКВД Мардоўскай АССР. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 27.5.1957 трыбуналам Маскоўскай ВА. Асабовая справа К. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: Рэпрэсаваныя…
КЛЯШТОРНЫ Тодар Тодаравіч [26.2(11.3).1903, в. Парэчча Лепельскага пав. Віцебскай губ., цяпер Лепельскі р-н Віцебскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, перакладчык. Пасля службы ў войску вучыўся на рабфаку ў Оршы. Першыя вершы апублікаваў у 1925 у час. «Аршанскі маладняк». Першы зборнік вершаў «Кляновыя завеі» выйшаў у 1927. Аўтар паэмы «Калі асядае муць», у якой адзін з герояў сведчыў: «Мы ходзім пад месяцам і ГПУ». Пасля выйшлі зборнікі «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Палі загаманілі» (1930), «Праз шторм – на штурм» (1934). Член літаб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. Перакладаў рускую паэзію на бел. мову. На вершы К. напісаны песні І. Івановым, М. Равенскім. У 1931 скончыў БДУ. Працаваў на радыё, у рэдакцыях бел. газет і часопісаў. Член СП Беларусі з 1934.
П. Пруднікаў успамінаў: «Тодар Кляшторны быў ціхі, спакойны і выключна ветлівы чалавек. Ён заўсёды і ўсюды стараўся быць непрыкметным. Многа ведаў, слухаў іншых, але сам гаварыў мала. З выгляду ён быў прыгожы, высакарослы, крыху сутулаваты, як быццам гнуўся знарок, саромеючыся свайго росту, сінявокі, з добрай чупрынай непаслухмяных валасоў каштанавага колеру. Апрануты звычайна не па модзе. Як на вопратку, так і на абутак асаблівай увагі не звяртаў. Усе яго думкі і клопаты былі сканцэнтраваны на адным – паэзіi, якой ён самааддана служыў з дзіцячых гадоў свайго жыцця…
Вершы свае Тодар Кляшторны чытаў ціха, больш унутраным голасам, характэрным толькі для паэтаў. Ні жэстаў, ні мімікі не прымяняў. І, нягледзячы на ўсё гэта, слухачы яго вельмі добра прымалі. Асабліва тады, калі ён чытаў вершы на тэму кахання…»
Арыштаваны 3.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Фабрычная, д. 10/4, кв. 7. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 29.10.1937 у 11.00 як «член антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці.
Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8.6.1957. Асабовая справа К. № 10476-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
28.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Фабрычная, д. 10/4, кв. 7 арыштавана маці траіх дзяцей Германовіч Яніна Міхайлаўна (н. ў 1909 у в. Раванічы Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н Мінскай вобл.), жонка Тодара Кляшторнага. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК. 24.1.1938 прыбыла з Аршанскай турмы ў Акмолінскае аддзяленне Карагандзінскага канцлагера НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 1.12.1945. Верагодна, у канцы 1940-х – пачатку
1950-х г. зноў арыштавана і выслана ў г. Бялова Кемераўскай вобл. Канчаткова вызвалена ў 1955. Рэабілітавана трыбуналам БВА 4.11.1955. Як напісана ў асабовай справе Г. № 5570-с (захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі), у 1957 кошт канфіскаванай у яе сям’і маёмасці быў «кампенсаваны». Памерла ў 1959 у Мінску.
Тв.: Залатое вязьмо: Выбр. вершы. Мн., 1960; Выбраныя вершы. Мн., 1970; Сляды дарог. Выбранае. Мн., 2003.
Кр.: Хранить вечно; Багдановіч І. Э. Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння. Мн., 2001; Шушкевіч С. Права на песню // Шушкевіч С. Выбр. творы: У 2 т. Мн., 1978. Т. 2.; БП. Т. 3; ЭГБ. Т. 4; Рэпрэсаваныя…
КУДЗЕЛЬКА Іосіф Фадзеевіч [1894, в. Рудзенск Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер г. п. Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З сялянскай сям’і. Прымаў удзел у грамадзянскай вайне, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У 1924 уступіў у ВКП (б). У 1930-я г. – начальнік Упраўлення па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР. Арыштаваны 30.4.1937 у Мінску па адрасе: Койданаўскі тракт, д. 29, кв. 1. Выключаны з ВКП (б). Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 (?) як «актыўны член антысавецкай арганізацыі» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 2.12.1958. Асабовая справа К. № 13352-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: Койданаўскі тракт, д. 29, кв. 1 арыштавана бактэрыёлаг Мінскага мясакамбіната Аляксеева (Кудзелька) Уладзіслава Мікітаўна (н. ў 1901 у в. Кабылля Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер в. Кастрычніцкая Вілейскага р-на Мінскай вобл.; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Іосіфа Кудзелькі. 29.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і расстралянага здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК. У студз. 1938 этапавана (з Аршанскай турмы) у Акмолінскае аддзяленне Карагандзінскага канцлагера НКВД Казахскай ССР. 15.8.1938 пераведзена ў Сярэдне-Азіяцкі канцлагер НКВД Узбекскай ССР. Вызвалена і рэабілітавана ў перыяд 8.12.1943–10.1.1944. Далейшы лёс невядомы. Асабовая справа А. № 7253-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
13.7.1937 у Мінску па адрасе: вул. К. Маркса, д. 40, кв. 10 арыштаваны парт. і дзяржаўны дзеяч Кудзелька Іван Фадзеевіч (н. 30.11.1891 у в. Рудзенск; з 1914 у арміі; з сак. 1918 у Чырвонай арміі; уступіў у ВКП (б) (1918); з 1922 працаваў на Мiнскім чыгуначным вузле; з 1925 сакратар Гарадоцкага, Глускага райкамаў КП (б) Б; у 1930 сакратар Мазырскай акруговай кантрольнай камісіі; з 1932 – загадчык аддзела кадраў ЦК КП (б) Б; у 1933 сакратар Мінскага гаркама КП (б) Б; з 1935 наркам фінансаў БССР), брат Іосіфа Кудзелькі. 28.7.1937 пазасудовым органам НКВД асуджаны за «дыверсійна-шпіёнскую дзейнасць у Наркамфіне БССР» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці і расстраляны (28.6.1938). Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 26.3.1957. Асабовая справа К. № 10144-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
22.9.1937 у Мінску па адрасе: вул. К. Маркса, д. 40, кв. 10 арыштавана хатняя гаспадыня, маці дваіх дзяцей Кудзелька Ксенія Якаўлеўна (н. 21.1.1894 у с. Лоцманская Каменка, цяпер Днепрапятроўскай вобл., Украіна), жонка Івана Кудзелькі. 8.10.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 5 гадоў ППК і этапавана ў Цемнікоўскі канцлагер НКВД Мардоўскай ССР (ст. Поцьма). Далейшы яе лёс невядомы. Рэабілітавана 12.4.1957 судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Асабовая справа К. № 10179-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
17.10.1937 у Мінску па адрасе: вул. К. Маркса, д. 40, кв. 10 арыштаваны Кудзелька Уладзімір Іванавіч (н. ў 1921 у Днепpапятpоўску), сын Івана Кудзелькі. 8.10.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджаны разам з маці як «член сям’і здрадніка радзімы» да 3 гадоў ППК і этапаваны ва Усольскі канцлагер НКВД Свярдлоўскай вобл. 18.8.1941, верагодна, лагернай тройкай прыгавораны за «антысавецкую прапаганду» да 10 гадоў ППК. Загінуў у зняволенні 10.5.1942. Рэабілітаваны 27.12.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР. Асабовая справа К. № 11320-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
18.11.1937 у в. Крыніца Смілавіцкага р-на Мінскай вобл. арыштаваны Кудзелька Міхаіл Фадзеевіч (н. ў 1897 у в. Рудзенск), верагодна, малодшы брат Іосіфа і Івана Кудзелькаў. 15.2.1938 пастановай НКВД асуджаны за «антысавецкую дзейнасць» да ВМП і 15.3.1938 расстраляны ў Мінскай турме НКВД. Рэабілітаваны 15.6.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР. Асабовая справа К. № 10590-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: Хранить вечно; ЭГБ. Т. 4; Рэпрэсаваныя…
КУЛЬБАК Майсей Саламонавіч [13(25).3.1896, мяст. Смаргонь Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер райцэнтр Гродзенскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, празаік, драматург. Вучыўся ў Валожынскім ешыбоце. У сувязі з пачаткам 1-й сусветнай вайны ў 1914 пераехаў у Мінск. Экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка. Працаваў у школах і гімназіях Смаргоні, Мінска, Вільні. Пачаў публікавацца з 1916. Прыхільна сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю, якой прысвяціў пафасную паэму «Горад» (1919). У 1919 К. знаходзіўся ў Вільні. З 1920 да 1927 жыў у Вільні і Берліне. Вярнуўся ў Мінск у 1928. Працаваў у рэспубліканскіх газетах, у яўрэйскім сектары
БелАН. Член СП Беларусі з 1934. Перакладаў на ідыш творы Я. Коласа і Я. Купалы.
З успамінаў М. Хведаровіча: «М. Кульбак быў вясёлым чалавекам, у якім жыла, як кажуць, «смяшынка-залацінка», умеў цікава расказаць, і я не раз бачыў, як Купала, Колас і Чорны сядзелі з ім на канапе ў Доме пісьменніка і ўважліва яго слухалі…»1
Арыштаваны 11.9.1937 у Мінску па адрасе: 2-і Акопны (?) зав., д. 4б, кв. 1.
З успамінаў Г. Рэлеса: «Увосень 1937 года, калі сталінскія душагубы з’явіліся па яго, ён сказаў жонцы:
– Ну, Зэльдэ, прыйшла і мая чарга. Залішне казаць табе, што я ні ў чым не вінаваты. Ты сама гэта ведаеш. Але мы ўжо больш ніколі не ўбачымся. Беражы дзяцей.
Выканаць гэты запавет поўнасцю Зэльдэ не ўдалося. Услед за ім арыштавалі і яе… Сын загінуў у гета… Цудам ацалела толькі дачка…»2
Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі» і за «сувязь з польскімі разведорганамі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 15.12.1956. Асабовая справа К. № 8179-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску арыштавана настаўніца адной з СШ горада Кульбак Зэльда Барысаўна (н. ў 1897 у Вільні), жонка Майсея Кульбака. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 24.7.1956. Асабовая справа К. № 6761-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Выбранае. Мн., 1970; Зельманцы: Раман. Мн., 1960.
Кр.: Барскі А. Майсей Кульбак – прыгожая і трагічная кветка беларускай зямлі // Ніва (Беласток). 1984. 15 студз.; Возвращенные имена; БП. Т. 3; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
КУЧЫНСКІ Аляксей Сцяпанавіч [4(16)2.1892, в. Выдранка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны і грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў гарадское вучылішча, здаў экстэрнам экзамены на званне сельскага настаўніка. З 1909 працаваў у школах Рагачоўскага пав. У 1916 скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут. Мабілізаваны ў армію. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый. Са снеж. 1917 у Мсціслаўскім пав.; працаваў у дзяржаўных і партыйных органах. Уступіў у ВКП (б) (1917). Рэдактар газ. «Думы бедняка». З 1922 у Смаленску. Працаваў у губкаме РКП (б), у газ. «Рабочий путь», быў рэдактарам газ. «Смоленская деревня». З мая 1929 у Беларусі, в. а. рэдактара газ. «Рабочий». З 1930 нам. рэдактара газ. «Савецкая Беларусь». Падчас арышту в. а. рэктара БДУ. Арыштаваны 7.2.1937 у Мінску па адрасе: вул. Кірава, д. 23, кв. 44. У сувязі з арыштам выключаны з ВКП (б). Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 як «член антысавецкай шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі, удзельнік у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта над адным з кіраўнікоў дзяржавы» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 4.7.1957. Асабовая справа К. № 10604-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Кірава, д. 23, кв. 44 арыштавана выкладчыца нямецкай мовы Беларускага політэхнічнага інстытута Кучынская (Старасценка) Алена Фёдараўна (н. 30.12.1894 у Оршы Магілёўскай губ., цяпер райцэнтр Віцебскай вобл., у сям’і бел. службоўца; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Аляксея Кучынскага. 28.11.1937 асуджана асобай нарадай пры НКВД як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Зноў арыштавана і другі раз асуджана 14.2.1940 да ссылкі на 5 гадоў у Краснаярскі край. Вызвалена 5.11.1942. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 11.12.1956. Асабовая справа К. № 8164-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 разам з маці арыштаваны сын Алены і Аляксея Кучынскі Дзмітрый (н. 9.11.1919 у Мсціславе Магілёўскай вобл.) – вучань 10 класа СШ № 2 Мінска. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджаны як «член сям’і ворага народа» да 5 гадоў ППК і этапаваны ў Ягрынскі канцлагер НКВД Архангельскай вобл. З 1940 – у Краснаярскім краі. Вызвалены 14.2.1940. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны трыбуналам БВА 25.12.1956. Асабовая справа К. № 9890-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: БНДЦЭД; Жертвы политического террора…
ЛАБАДАЕЎ Міхаіл Гаўрылавіч [1905, мяст. Прапойск Быхаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер райцэнтр Слаўгарад Магілёўскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], партыйны работнік. З бел. сялянскай сям’і. Атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю. Уступіў у ВКП (б) (1927). Да арышту – нам. першага сакратара ЦК КП (б) Б, адначасова загадчык асобага сектара (аддзела) ЦК КП (б) Б. Быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Арыштаваны 26.7.1937 у Мінску па адрасе: зав. Круглы, д. 1, кв. 1. Выключаны з партыі ў сувязі з арыштам. Асуджаны 28.10.1937 тройкай НКВД як «удзельнік антысавецкай арганізацыі правых» і за «шкодніцкую работу ў сельскай гаспадарцы» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 27.7.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа Л. № 10751-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
26.7.1937 арыштавана медсястра Мінскай скурна-венералагічнай клінікі, маці дваіх дзяцей Лабадаева Вольга Ігнатаўна (н. 8.7.1908 у в. Лашанцы Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Крупскі р-н Мінскай вобл.), жонка Міхаіла Лабадаева. 28.10.1937 ці 28.11.1937 асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК. Этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 27.7.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 4.9.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Л. № 6885-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
14.8.1938 у Прапойску арыштаваны Лабадаеў Гаўрыла Паўлавіч (н. ў 1873), верагодна, бацька Міхаіла Лабадаева. 2.11.1938 тройкай НКВД асуджаны за «шпіянаж і ўдзел у контррэвалюцыйнай партыі» да ВМП і 18.11.1938 расстраляны. Рэабілітаваны 20.7.1960 трыбуналам БВА. Асабовая справа Л. № 7127-сн захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД; Жертвы политического террора…
ЛАШКЕВІЧ Леанард Янавіч [1899, Рыга, цяпер Латвія – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], партыйны і дзяржаўны дзеяч. З сям’і польскага рабочага. Атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю. Уступіў у ВКП (б) (1920). Да арышту – нам. наркама Наpкамата саўгасаў БССР. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 1.8.1937 у Мінску па адрасе: вул. Камсамольская, д. 1, кв. 13. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД за «дзейнасць у складзе антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 21.3.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа Л. № 10143-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, асуджана і жонка Л.
Кр.: Рэпрэсаваныя…
ЛЕВІН Саламон Вульфавіч [жн. 1912, пас. Ратамка Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], літаратурны крытык. З сям’і служачага. Блізкі сябар літаратурнага крытыка П. Хатулёва. Скончыў МПІ (1934). Выкладаў літаратуру ў адной з мінскіх СШ. Жыў з бацькам Вульфам Беркавічам (н. ў 1877), вартаўніком пры Доме Ураду, і маці Соняй Лазараўнай (н. ў 1877), хатняй гаспадыняй. Арыштаваны 13.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 9, кв. 2. Пры вобыску разам з інш. рэчамі канфіскаваны і пашпарт Л. (серыя ФЗ № 091212). Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 за «антысавецкую дзейнасць» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны пленумам Вярхоўнага суда СССР 29.11.1989. Асабовая справа Л. № 28720-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; Рэпрэсаваныя…
ЛЯВОННЫ Юрка [сапр.: Юркевіч Леанід Мікалаевіч; 16(29).7.1908, Чавусы Магілёўскай губ., цяпер райцэнтр Магілёўскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт. Вучыўся ў Чавускай сямігодцы, Магілёўскім педтэхнікуме, МПІ (за распаўсюджванне «контррэвалюцыйных вершаў» выключаны, але пазней аднавіўся і ў 1934 скончыў літаратурны ф-т). Друкавацца пачаў у 1924. Першыя зборнікі паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» выйшлі ў 1930. Член СП Беларусі з 1934. Працаваў у рэдакцыях газ. «Магілёўскі селянін», «Звязда», час. «Работніца і калгасніца Беларусі». Разам з С. Грахоўскім пераклаў на бел. мову раман Ж. Верна «80 000 лье пад вадой». Некаторыя вершы Л. пакладзены на музыку.
З успамінаў С. Грахоўскага: «Ён гадзінамі чытаў па памяці Маякоўскага і Кірсанава, Ціханава і Лугаўскога. У яго быў тонкі густ да слова, да формы, а пра сябе ён часта гаварыў: «Сапраўднае я яшчэ напішу, значнае наперадзе…»1
Арыштаваны 30.10.1936 у Мінску па адрасе: вул. Фурманская, д. 9, кв. 2. З падследных, якія праходзілі з ім разам, толькі Л. пасля бясконцых катаванняў не пацвердзіў, што Цішка Гартны «контррэвалюцыянер», «нацдэм» і г. д. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25.4.1957. Асабовая справа Ю. № 10242-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1938 у Мінску па адрасе: вул. Фурманская, д. 9, кв. 2 арыштавана бухгалтар «Белсольэнерга» Гольдберг Яўгенія Абрамаўна (н. ў 1907 у Мелітопалі, цяпер Украіна), жонка Юркі Лявоннага. 28.11.1938 асобай нарадай НКВД асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК. Этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 2.6.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Г. № 6656-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Выбранае. Мн., 1960.
Кр.: Грахоўскі С. Савецкая № 68: Трыццатыя гады…: Успаміны
// Дзень паэзіі. Мн., 1978; Шушкевіч С. З маладнякоўскага племя // ЛіМ. 1968. 30 ліп.; БП. Т. 4; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
ЛЯМПЕРТ Саламон Рыгоравіч [27.3.1916, Мінск – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], навучэнец. З сям’і службоўца. Скончыў 7-класнае гарадское вучылішча. У першай палове 1930-х г. вучыўся на гістарычным ф-це Ленінградскага дзяржаўнага ун-та, потым перавёўся на 5 курс БДУ. Жыў з маці Ідай Я. (поўнае імя па бацьку невядома, н. ў 1887), інвалідам, і сястрой Вольгай, працавала бібліятэкарам. Арыштаваны 17.2.1937 у Мінску па адрасе: вул. Абаронная, д. 13, кв. 1. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 17.4.1992 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа Л. № 34836-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.
ЛЯЎКОЎ Максім Архіпавіч [12.5.1894, в. Кавалі Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны дзеяч. З сялянскай сям’і. Удзельнік 1-й сусветнай вайны. З 1918 – ваенны камісар Рудабельскай воласці Бабруйскага пав. У 1920-я г. атрымаў вышэйшую адукацыю (?). З 1931 – наркам юстыцыі і пракурор БССР. Старшыня Цэнтральнай камісіі па справах былых чырвонагвардзейцаў і партызан. З 1933 – сакратар ЦВК БССР. У 1932–37 – член ЦК КП (б) Б. Арыштаваны 13.7.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 31. Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 як «агент польскай разведкі і член нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР 21.9.1957. Справа Л. № 10936-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
18.10.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 31 арыштавана адказны сакратар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП (б) Б Ляўкова Ніна Уладзіміраўна (н. 18.2.1902 на ст. Мураўёва, цяпер Латвія; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Максіма Ляўкова. У 1936 выключана з ВКП (б) за «абарону свайго брата, абвінавачанага ў прыналежнасці да трацкістаў». 16.5.1938 асуджана асобай нарадай пры НКВД СССР як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК. Этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 18.10.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 12.2.1957. Асабовая справа Л. № 9982-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: ЭГБ. Т. 4; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
МАЗЕЛЬ Елізар Якаўлевіч [1895, Палтава, цяпер Украіна – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], навуковец. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Да арышту – нам. дырэктара па навуковай рабоце Віцебскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі. Арыштаваны 26.4.1937. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД за «дзейнасць у складзе антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 28.9.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа М. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
10.11.1937 у Віцебску па адрасе: вул. 1-я Свярдлова, д. 19 арыштавана хатняя гаспадыня Мазель Разалія Львоўна (н. ў 1899 у Палтаве ў сям’і купца), жонка Елізара Мазеля. 14.12.1937 пастановай НКВД асуджана за «дзейнасць у складзе контррэвалюцыйнай шкодніцкай арганізацыі» да ВМП і 9.1.1938 расстраляна ў Віцебскай турме НКВД. Рэабілітавана 27.10.1956 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа М. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.
МАЙСЕЕЎ Леў Абрамавіч [15.11.1897, Веліж Віцебскай губ., цяпер райцэнтр Смаленскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], партыйны работнік. Атрымаў сярэднюю адукацыю. Уступіў у ВКП (б) (1919). Служыў у Чырвонай арміі. Падчас арышту – сакратар Барысаўскага РК КП (б) Б. Арыштаваны 8.8.1937. Выключаны з партыі ў сувязі з арыштам. Асуджаны 28.10.1937 тройкай НКВД як «член трацкісцкай шкодніцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 19.12.1956 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа М. № 9857-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
13.11.1937 у Барысаве арыштавана загадчыца дзіцячага сада пры заводзе імя Молатава, маці дваіх дзяцей Майсеева Марыя Рыгораўна (н. ў 1903 у Мінску; член ВКП (б) з 1925), жонка Льва Майсеева. 16.5.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка Радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 13.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 30.10.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа М. № 7411-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.
МАЛАЎ Барыс Міхайлавіч [ліст. 1904, Мінск – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З сям’і бел. рабочага. Член ВКП (б). Да арышту – загадчык аддзела хлебнай гpупы Наpкамата ўнутpанага гандлю. Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. Арыштаваны 19.7.1937 у Мінску па адрасе: вул. Свяpдлоўская, д. 8, кв. 15. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «член антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстpаляны. Рэабілітаваны 8.3.1958 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа М. № 11563-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсавана і жонка М.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.
МАРАКОЎ Валерый Дзмітрыевіч [14(27).3.1909, мяст. Козырава Мінскага пав., цяпер у межах Мінска – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, перакладчык. Старэйшы сын Дз. Маракова1. Падчас 1-й сусветнай вайны – у бежанстве ў Мцэнску (Расія) і Ромнах (Украіна). У 1924 скончыў 4-ю Мінскую сямігодку і да канца 1925 працаваў мулярам разам з бацькам. З чэрв. 1925 у друку пачалі з’яўляцца яго першыя вершы («Чырвоная змена», «Малады араты» і інш.). У снеж. па пастанове ЦБ юных піянераў і пры спрыянні А. Якімовіча прызначаны сакратаром рэдакцыі час. «Піянер Беларусі». Належаў да «другога прызыву» (1926) маладнякоўцаў, да якіх яго прывёў І. Барашка. У канцы 1926 пэўны час (па запрашэнні А. Звонака) жыў у Полацку, друкаваўся ў газ. «Чырвоная Полаччына». Першы зборнік вершаў выйшаў у 1926. Другі – у 1927. У тым самым годзе паступіў у МБПТ, але пасля двух курсаў адкліканы з вучобы і прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзела газ. «Савецкая Беларусь», дзе працаваў з перапынкам да канца 1930. М. Гарэцкі ў той час пісаў пра М.: «Маракоў вызначаецца лірычнасцю, эмацыйнай напружанасцю, гучальнасцю сваіх вершаў. У яго шмат пачуцця, ён любіць яскравыя фарбы і гучанне». С. Шушкевіч пазней успамінаў: «Маракова заўважыў і акрыліў бацькоўскай ласкай і прыхільнасцю Янка Купала. Народны паэт не раз запрашаў да сябе юнака на сваю кватэру і цешыўся яго першымі творчымі крокамі, даў паэту не адну сваю кнігу з цёплым і шчырым аўтографам»1. У 1931 М. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне МПІ (скончыў у 1934). Адначасова працаваў у час. «Чырвоная Беларусь». Сябра СП Беларусі з 1934. У пачатку 1935, спрабуючы пазбегнуць арышту, паехаў у мяст. Чэрнеўка Барысаўскага р-на. 1 сак. вярнуўся дадому. Праз 3 тыдні арыштаваны органамі Дзяржбяспекі. Пасля 3 месяцаў знаходжання ва ўнутранай турме НКВД вызвалены. Паўторна арыштаваны 6.11.1936. Арышт быў праведзены супрацоўнікамі НКВД БССР Авербухам і інш. згодна з ордэрам № 700, выдадзеным 3.11.1936 і сапраўдным адны суткі (арыштавалі па ўжо несапраўдным ордэры – беззаконнасць у беззаконнасці). Як потым высветлілася, мог мець месца ўзброены супраціў пісьменніка пры арышце. Паводле слоў Тодара Кляшторнага, сказаных у верас. 1936 у Доме пісьменніка М. Багуну і П. Хатулёву, «Маракоў, калі ад’язджаў з Мінску на раён, узяў з сабой наган і казаў, што ён будзе са зброяй у руках бараніць сябе…» Калі б В. Маракова арыштоўвалі не на Мінскім вакзале, а ў пакоі, які ён здымаў у Барысаве і дзе, магчыма, прыхаваў так і не знойдзены энкавэдыстамі наган, апошнія вымушаны былі б «браць» пісьменніка з боем…
28.10.1937 пасля года катаванняў знявечанага М. тройка НКВД асудзіла (у 19.30; пасяджэнне працягвалася 15 хвілін) як «члена контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.4.1957. Асабовая справа М. № 10234-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
З сакрэтнай даведкі начальніка 1-га спецаддзела НКВД Шавялёва: «Акт аб выкананні прысуду захоўваецца ў Мінску ў Асобым архіве 1-га спецаддзела НКВД СССР, том 8, ліст 155».
Тв.: На залатым пакосе: Вершы. Мн., 1927; Вяршыні жаданняў. Паэзія. Мн., 1930; Права на зброю: Вершы. Мн., 1933; Лірыка. Мн., 1959; Вяршыні жаданняў: Вершы, паэмы. Мн., 1989; Рабінавая ноч: Выбранае. Вершы, паэмы, проза, публіцыстыка, крытыка, пераклады. Мн., 2003.
Кр.: Рагойша В. Сердце, согретое грустью // Вопросы литературы. 1990. № 6; Пруднікаў П. Паэт эмоцый // Маладосць. 1998. № 3; Грахоўскі С. Растаптаныя пялёсткі // Голас Радзімы. 1998. 7 мая; Звонак А. З успамінаў аб В. Маракове // Першацвет. 1998. № 10–11; Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. Мн., 1999.
МАРГЕЛАЎ Сцяпан Прохаравіч [28.3.1902, в. Расохавічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], эканаміст, географ. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1927), аспірантуру пры НДІ сельскай і лясной гаспадаркі (1930). З 1931 працаваў у Інстытуце эканомікі АН БССР: вучоны сакратар інстытута, загадчык секцыі эканамічнай геаграфіі. Адначасова выкладаў у Інстытуце народнай гаспадаркі, прафесар. Кандыдат эканамічных навук (1934). Распрацоўваў тэорыю размяшчэння ў БССР тэхнічных сельскагаспадарчых культур і перапрацоўчай прамысловасці. Адзін з кіраўнікоў групы па складанні Вялікага атласа БССР. Арыштаваны 23.1.1937 у Мінску па адрасе: Барысаўскі тракт, д. 54а, кв. 11. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член з 1927 антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнскай шкодніцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 19.7.1957. Асабовая справа М. № 10673-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: Барысаўскі тракт, д. 54а, кв. 11. арыштавана лабарантка дражджавога завода «Чырвоная зара», маці дваіх дзяцей Гоманава (Маргелава) Серафіма Георгіеўна (н. 27.6.1904 у Горках Магілёўскай губ., цяпер райцэнтр Магілёўскай вобл., у сям’і рабочага; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Сцяпана Маргелава. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД прыгаворана як «член сям’і здрадніка радзімы, асуджанага да расстрэлу» да 8 гадоў ППК. Этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 9.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 2.10.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Г. – М. № 7215-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Да пытання аб рэсурсах Палесся БССР. Мн., 1933; Эканамічная геаграфія БССР. Мн., 1936 (у сааўт.).
Кр.: Возвращенные имена; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
МАР’ЯНАЎ Барыс Лазаравіч [1894, мяст. Татаpск Смаленскай губ., цяпер Смаленская вобл., Расія – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], партыйны работнік. З бел. сялянскай сям’і. Атрымаў сярэднюю адукацыю. Уступіў у ВКП (б). У 1930-я г. – сакpатаp Дзяpжынскага РК КП (б) Б, член ЦК КП (б) Б (з 1937). Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 9.8.1937 у Дзяpжынску Мінскай вобл. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «член антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстpаляны. Рэабілітаваны 9.5.1959 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа М. № 14127-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсавана і жонка М.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.
МІХАЙЛАЎ Дзям’ян Мацвеевіч [30.10.1905, в. Хоцімск Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ., цяпер райцэнтр Магілёўскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З бел. сялянскай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Уступіў у ВКП (б). Падчас арышту – кансультант Упpаўлення справамі СНК БССР. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 23.6.1937 у Мінску па адрасе: вул. Горкага, 3-ці дом Саветаў, кв. 17. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 24.9.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа М. № 10893-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсавана і жонка М.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.
МІЦЬКОЎ Сяргей Рыгоравіч [20.3.1896, в. Косашчына Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Пастаўскі р-н Віцебскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], партыйны работнік. З бел. сялянскай сям’і. Скончыў вясковую школу. Да 1915 жыў з бацькамі, дапамагаў ім па гаспадарцы. У 1920-я г. уступіў у ВКП (б). Працаваў у Полацку, Клімавічах, Гомелі, Оршы, Лёзне, Расне, Віцебску, Мсціславе. З сак. 1929 загадчык вясковага аддзела ЦК КП (б) Б. У 1930-я г. дырэктар Гідролізнага вопытнага завода Наркамата мясцовай прамысловасці. Дэлегат 8–15 з’ездаў КП (б) Б. Гадаваў дачку Алену (н. ў 1926). У студз. 1936 выключаны з ВКП (б). Арыштаваны 20.6.1937 у Мінску па адрасе: Грушаўскі пас., д. 32, кв. 1. Падчас вобыску канфіскаваны пашпарт М. № 608317. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «актыўны член антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі правых» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 23.5.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа М. № 10379-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.
МУРЗО Сяргей Мікітавіч [1912, Масква – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, настаўнік. З сям’і рабочага. Да 1930 працаваў токарам на Віцебскім станкабудаўнічым заводзе «Камінтэрн». У 1934 скончыў МПІ.
З успамінаў З. Біралы: «Мой аднакурснік Сяргей Мурзо ў чарзе [па хлеб. – Л. М.] страціў прытомнасць. Апамятаўшыся, ледзь дайшоў да інтэрната».
З успамінаў С. Шушкевіча: «Дэкан інстытута знайшоў пад падушкай студэнта – былога віцебскага рабочага (Сяргея Мурзо. – Л. М.) – два тамы твораў С. Ясеніна і патрабаваў выключыць з інстытута чытача «кулацкіх упадніцкіх твораў». На агульным студэнцкім сходзе выступіў В. Маракоў. Ён нагадаў зборнік С. Ясеніна «Русь Савецкая», «Паэму пра 26», даказаў, што яго сябар ведае, як адрозніць станоўчае і патрэбнае ад шкоднага і слабога. Студэнт скончыў інстытут разам з усімі таварышамі крытыка-творчага аддзялення».
Друкаваўся з 1929. Належаў да так званых паэтаў-ударнікаў, асноўнай тэмай якіх было ўслаўленне працы рабочага. Быў членам Віцебскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Да арышту – настаўнік СШ у Краснаполлі Магілёўскай вобл. Арыштаваны 3.11.1936 у Мінску або пасля арышту дастаўлены ў Мінск, бо разам з шэрагам літаратараў абвінавачваўся ў адным злачынстве. Асуджаны 28.10.1937 тройкай НКВД як «член антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да ВМП. Расстраляны 29.10.1937. Рэабілітаваны 10.11.1956 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа М. № 3929 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл.
З архіваў НКВД:
Справка.
Дело Мурзо Сергея Никитича вместе с заключением, в котором ставится вопрос о прекращении дела за отсутствием преступления, представлено 28.6.56 г. в… Коллегию Верховного суда СССР для рассмотрения. №№ 9-17987-37.
30.8.1956.
Тв.: Ля сталёвых бліскучых машын // Рытмы будавання. Віцебск, 1930.
Кр.: БП. Т. 4; Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. Мн., 1999; Рэпрэсаваныя…
МУХІН Павел Максімавіч [1907, в. Забалоцце Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Барысаўскі р-н Мінскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], навуковец. З бел. сялянскай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. У 1930-я г. загадчык лабараторыі Віцебскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 3.7.1937 у Віцебску па адрасе: вул. 11-я Ветэрынарная, д. 19. Перавезены ў Мінск. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 29.10.1937 за «дзейнасць у складзе антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 24.10.1957. Асабовая справа М. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Верагодна, рэпрэсавана і жонка М.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД; Рэпрэсаваныя…
НЁМАНСКІ Янка [сапр.: Пятровіч Іван Андрэевіч; 31.3(12.4).1890, мяст. Шчорсы Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер в. Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], празаік, публіцыст, эканаміст, грамадскі дзеяч. У 1909 скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю; у 1915–16, 1918 вучыўся на гісторыка-філалагічным ф-це Петраградскага ун-та. У 1916 мабілізаваны ў армію, накіраваны ў школу прапаршчыкаў. У 1918 – загадчык выдавецкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918–19 разам з Ц. Гартным выдаваў газ. «Дзянніца». Там з 1918 пачаў друкаваць публіцыстычныя творы. У 1919–21 – у Чырвонай арміі. З 1922 у Мінску; працаваў у планава-эканамічных органах. Нам. старшыні Дзяржплана БССР. Член Інбелкульта. Акадэмік БелАН з 1928. У 1929–31 сакратар АН БССР. З 1931 загадчык аддзела эканомікі НДІ прамысловасці. У 1933–36 узначальваў кафедру фінансавых дысцыплін у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі. З першым апавяданнем «Над Кроманню» выступіў у 1922 (час. «Полымя»). У 1927–32 член праўлення літаратурнага аб’яднання «Полымя». На працягу 1928–30 пісаў раман «Драпежнікі», які застаўся няскончаным (рукапіс 2-й часткі быў спалены энкавэдыстамі пасля арышту). Арыштаваны 27.4.1937 у Мінску па адрасе: вул. Горкага, д. 21/52, кв. 25.
З асабовай справы Янкі Нёманскага (№ 10052-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі):
Протокол обыска
Изъято:
4 тетради (рукапісаў, сярод якіх, магчыма, была другая частка рамана «Драпежнікі». – Л. М.), разная переписка, блокнотов 11 штук, 10 книг под ред. Петровича, книга «Война с белополяками», журн. «Полымя» – 25 штук, «Красная новь» – 2 шт., 2 книги под редакцией Некрашевича, 1 книга под ред. Дунца, 1 книга под ред. Гартного и разн. книги – 7 шт., вся переписка и документы…
Постановление
1937 г. мая, 10 дня. Я, инспектор при наркоме Внутренних дел БССР, лейт. Гос. Без. Кац М. И., рассмотрев следственное дело № 9751, нашел:
Материалами следствия в достаточной степени установлено, что Петрович И. А. состоял членом национал-фашистской организации в БССР и проводил организационную, вредительскую и разрушительную к-р деятельность.
На основании ст. 128 УПК БССР
Постановил:
Петровича Ивана Андреевича привлечь по настоящему делу в качестве обвиняемого, предъявив ему обвинение по ст. 68, 69, 70, 72, 76 УК БССР.
Инспектор при наркоме лейт. Кац.
Асуджаны тройкай НКВД 29.10.1937 у 10.00 як «член нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 16.3.1957.
4.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. 11 ліпеня, д. 18/7, кв. 2 арыштавана старшы эканаміст Наркамата лясной гаспадаркі БССР, маці траіх дзяцей Пятровіч Глафіра Дзмітрыеўна (н. 26.4.1892 у г. Нараўчат Пензенскай губ., цяпер райцэнтр Пензенскай вобл., Расія; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Янкі Нёманскага. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і расстралянага ворага народа» і «саўдзельніца ягоных контррэвалюцыйных злачынстваў» да 8 гадоў ППК. 24.1.1938 прыбыла з Оршы ў Акмолінскае аддзяленне Карагандзінскага канцлагера НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 25.11.1945. Пасля вызвалення жыла ў Віцебску ў дачкі Лідзіі. Неаднаразова звярталася ў АН БССР і КДБ з прашэннем прызначыць ёй пенсію за беспадстаўна рэпрэсаванага мужа, але адказу не дачакалася. Рэабілітавана трыбуналам БВА 6.3.1956. Асабовая справа П. № 6643-с знаходзіцца ў архіве КДБ Беларусі.
15.11.1937 у Мінску арыштаваны навучэнец Мінскага дарожна-механічнага тэхнікума Пятровіч Андрэй Іванавіч (н. 10.7.1922 у Ноўгарадзе, Расія), сын Янкі Нёманскага і Глафіры Пятровіч. 28.11.1937 «тройкай» НКВД асуджаны як «член сям’і ворага народа» да 5 гадоў ППК. Этапаваны ў Паўночна-Уральскі канцлагер НКВД Свярдлоўскай вобл. Загінуў у зняволенні ў 15 гадоў. Рэабілітаваны 9.5.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа П. № 6594-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: На зломе: Апавяданні. Мн., 1925; Творы. Мн., 1984.
Кр.: Строева Т. Адзін з пачынальнікаў // ЛіМ. 1980. 4 крас.; Хомчанка В. Абавязак памяці // ЛіМ. 1985. 15 ліст.; Савік Л. Янка Нёманскі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. Мн., 1999. Т. 2; Платонаў Р. Лёсы. Мн., 1998; БП. Т. 4; ЭГБ. Т. 5; З асабістага архіва Л. С. Савік; Хранить вечно; Рэпрэсаваныя…
ПЕТРУШЭНЯ Васіль Аляксандравіч [1904, в. Сінягова Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Стаpадаpожскі p-н Мінскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З бел. сялянскай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Уступіў у ВКП (б). Да арышту – кансультант СНК БССР па камунальных і тpанспартных справах. Арыштаваны 9.8.1937 у Мінску па адрасе: вул. Камсамольская, д. 31/33 (у 1937 значная частка жыхароў гэтага «элітнага» дома арыштавана і прыгаворана да расстрэлу), кв. 4. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «член антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 17.2.1966 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа П. № 19413-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР.
ПІВАВАРАЎ Зяма [Залман Рувімавіч; 24.5(5.6).1910, мяст. Касцюковічы Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ., цяпер райцэнтр Магілёўскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, перакладчык. Пачаў пісаць вершы па-беларуску ў 1925, тады ж упершыню апублікаваў іх у клімавіцкай газ. «Малады камуніст». У 1927 паступіў у Мсціслаўскі педтэхнікум. У 1929 пераехаў у Ленінград. Публікаваўся ў ленінградскіх альманахах і часопісах. Уступіў у БелАПП. З 1931 вучыўся на літаратурным ф-це МПІ (скончыў у 1934). У 1934–36 супрацоўнік газ. «Чырвоная змена». Перакладаў рускіх паэтаў. Выступаў у друку і як тэатральны крытык. Арыштаваны 13.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Чычэpына, д. 30, кв. 1. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член нацыянал-фашысцкай арганізацыі», за «антысавецкую пpапаганду» і «ўдзел (з 1934) у тэрарыстычнай групоўцы» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8.3.1958. Асабовая справа П. № 11556-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсаваны сваякі П.
Тв.: Лірыка двух нараджэнняў: Вершы. Мн., 1934.
Кр.: Левін С. Пра творы Зямы Піваварава // ЛіМ. 1934. 31 студз.; Шушкевіч С. У буднях працоўных гартаваўся радок // Чырвоная змена. 1971. 17 крас.; Русаковіч В. Зяма Півавараў // Полымя. 1985. № 6; БП. Т. 5; Рэпрэсаваныя…
ПРАТАСЕНЯ Рыгор Іванавіч [1.12.1899, в. Сенніца Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Слуцкі р-н Мінскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], аграхімік. З сям’і рабочага. Атрымаў вышэйшую адукацыю. У 1932–33 працаваў нам. дырэктара Інстытута аграглебазнаўства АН БССР. У снеж. 1933 выключаны з КП (б) Б, потым працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзела Інстытута аграглебазнаўства. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 26.11.1936 у Мінску па адрасе: Барысаўскі тракт, д. 54а, кв. 15. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член трацкісцка-тэрарыстычнай шпіёнска-шкодніцкай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 22.8.1957. Асабовая справа П. № 10820-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, асуджана і жонка П.
Кр.: Возвращенные имена; Рэпрэсаваныя…
РЫДЗЕЎСКІ Міхаіл Антонавіч [30.10.1885, Рэчыца Мінскай губ., цяпер Гомельская вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], педагог, верагодна, сваяк Сцяпана Некрашэвіча. З сялянскай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. У канцы 1920-х – пачатку 1930-х г. дырэктар МБПТ. Падчас арышту – загадчык вучэбнай часткі МПІ. Арыштаваны 27.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Валадарскага, д. 30, кв. 11 (27.10.1933 у гэтай жа кватэры быў арыштаваны і дацэнт Мінскага медыцынскага інстытута Хаім Манасзон). Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 як «член антысавецкай тэрарыстычна-шпіёнскай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 11.5.1957. Асабовая справа Р. № 10284-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
20.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Нова-Мясніцкая, д. 26, кв. 61 арыштавана хатняя гаспадыня Рыдзеўская Алена Рыгораўна (н. 20.5.1889 у в. Масееўка Магілёўскай губ., цяпер Светлагорскі
р-н Гомельскай вобл.), жонка Міхаіла Рыдзеўскага. 28.11.1937 (?) асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Акмолінскае аддзяленне Карагандзінскага канцлагера НКВД Казахскай ССР. Пасля вызвалення (1945) вярнулася на радзіму. Жыла разам з дачкой Аленай у Мінску ў кватэры зяця – П. Броўкі, але прапісана была на раёне. Рэабілітавана 3.7.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Р. № 6659-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
20.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Нова-Мясніцкая, д. 26, кв. 61 разам з маці арыштаваны студэнт МБПТ (?) Рыдзеўскі Алег Міхайлавіч (н. ў 1919 (?) у в. Сарочынцы, цяпер Харкаўская вобл., Украіна), верагодна, сын Міхаіла Рыдзеўскага. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджаны за «антысавецкую дзейнасць» да 5 гадоў ППК і этапаваны ў Акмолінскае аддзяленне Карагандзінскага канцлагера НКВД Казахскай ССР. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 4.9.1956 тpыбуналам БВА. Асабовая справа Р. № 6904-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Сын Міхаіла Рыдзеўскага Ігар (н. ў 1916) падчас 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі. Працаваў у Мінскім гарадскім тэатры. З 1943 сувязны партызанскай групы Казанцава. У другой палове 1940-х г. рэпрэсаваны. Пасля вызвалення (1956?) вярнуўся на радзіму. Працаваў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР, потым – дырэктар вучэбнага тэатра Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, здымаўся ў тэлефільме «Справа Ігнатоўскага» (1991). У 1990-я г. – супрацоўнік літаратурнага музея П. Броўкі. Аўтар успамінаў.
Дачка Міхаіла Рыдзеўскага Алена (н. 15.4.1911 у в. Ісакавічы, цяпер Лоеўскі р-н Гомельскай вобл.) у 1930-я г. выйшла замуж за паэта Петруся Броўку. Працавала ў Інстытуце мовазнаўства, потым – дырэктарам музея П. Броўкі. Памерла 15.8.1982.
Кр.: Рэпрэсаваныя…
САНДАМІРСКІ Якаў Рыгоравіч [1902, Крамянчуг Палтаўскай губ., цяпер Палтаўская вобл., Украіна – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], педагог. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Падчас арышту – загадчык кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 3.7.1937 у Віцебску па адрасе: вул. 1-я Ветэрынарная, д. 11/21. Перавезены ў Мінск. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 29.10.1937 за «дзейнасць у складзе нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 5.10.1957. Асабовая справа С. з фотаздымкам захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Паводле некаторых звестак, рэпрэсаваны і бацька Якава Сандамірскага.
Кр.: Рэпрэсаваныя…
САПРЫЦКІ Аскар Абрамавіч [1894, в. Халочча Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Чачэрскі р-н Гомельскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. Падчас арышту – нам. наpкама земляробства БССР. Арыштаваны 26.4.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 31/2, кв. 3. У сувязі з арыштам выключаны з партыі. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член антысавецкай дыверсійна-тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 27.10.1956. Асабовая справа С. №7399-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Кастрычніцкая, д. 3, кв. 4 арыштавана настаўніца Мінскай школы № 2, маці дваіх дзяцей Сапрыцкая Берта Навумаўна (н. 9.1.1900 у Гомелі ў сям’і службоўца; мела вышэйшую адукацыю), жонка Аскара Сапрыцкага. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД прыгаворана як «член сям’і ворага народа, асуджанага да ВМП» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена ў 1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 24.7.1956. Асабовая справа С. № 6763-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: БНДЦЭД; Рэпрэсаваныя…
СПЕКТАР Якаў Мееравіч [студз. 1891, мяст. Копысь Горацкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Аршанскі р-н Віцебскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. Падчас арышту – загадчык сакpатаpыята СНК БССР. Арыштаваны 2.7.1937 у Мінску па адрасе: вул. К. Маpкса, д. 36/43, кв. 24. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «член антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 8.8.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа С. № 10859-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. 1-я Лекарта, д. 3, кв. 7 арыштавана краўчыха фабрыкі імя Крупскай Спектар Фаня Яфімаўна (н. 10.12.1903 у мяст. Копысь у сям’і службоўца), жонка Якава Спектара. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і расстралянага ворага народа» да 8 гадоў ППК. Этапавана ў Аршанскую турму НКВД. З 24.1.1938 у Карагандзінскім канцлагеры. Вызвалена 5.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 6.8.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа С. № 10648-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; Хранить вечно; Жертвы политического террора…
СТАШЭЎСКІ Васіль Пятровіч [11(23).3.1895, в. Свінка Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер в. Лугавая Капыльскага р-на Мінскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], празаік, драматург, педагог. З бел. сялянскай сям’і. У 1914 скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Ваяваў у 1-ю сусветную вайну і ў час грамадзянскай вайны ў Расіі. У 1918–20 і ў 1923 настаўнічаў. У 1920 – удзельнік антыпольскага руху на Случчыне. У 1920–21 служыў ваенкамам. Уваходзіў у арганізацыю «Маладая Беларусь», БПС-Р, са студз. 1920 член Беларускай камуністычнай арганізацыі, са жн. член КП (б) Б. За пратэсты супраць арышту членаў БПС-Р выключаны ў маі 1921 з КП (б) Б. Публікавацца пачаў у 1923. У 1924 скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут. Выкладаў гісторыю і літаратуру на настаўніцкіх курсах і на рабфаку ў Оршы. Першую п’есу апублікаваў у 1926. З 1926 жыў у Мінску. Адказны сакратар літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1928–29 працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». З 1929 – адказны сакратар літаратурнага аб’яднання «Полымя». Член СП Беларусі з 1934. У 1936 Беларускі тэатр юнага гледача паставіў яго п’есу «Мікола Гоман».
З аўтабіяграфіі Я. Ермаловіча (1967): «Засталася ў памяці сустрэча з Васілём Сташэўскім. Што ў ім захапляла, дык гэта нязгасны аптымізм, любоў да жыцця і вера ў яго. Знаходзячыся ў вельмі цяжкіх жыццёвых умовах, кашляючы кроўю (ён хварэў туберкулёзам), Сташэўскі расказваў анекдоты, жартаваў, спяваў, дзяліўся сюжэтамі ненапісаных твораў, якія спадзяваўся з цягам часу напісаць, і ні разу не заікнуўся аб тым, што хворы і што вось-вось можа памерці…»
Арыштаваны 4.11.1936. Асуджаны 28.10.1937 да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 8.6.1957. Асабовая справа С. № 10477-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Правіянцкая, д. 33, кв. 1 арыштавана гідратэхнік Мінскага інстытута харчовай прамысловасці Сташэўская Лідзія Пятроўна (н. 2.10.1908 у Мінску ў сям’і службоўца), жонка Васіля Сташэўскага. 28.11.1937 асуджана асобай нарадай пры НКВД як «член сям’і расстралянага ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 6.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 24.7.1956. Асабовая справа С. № 6762-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Бацька і сын; У цемры: П’есы. Мн., 1927; Беспрытульная: П’еска (у 1 дзеі). Мн., 1927; Архангелы з крэсаў: П’еса. Мн., 1930; Прысяга ў лесе: Шэсць сцэн з 1919–1920 гг. Мн., 1930; Шуміць Бярэзінка: Аповесці, апавяданні, нарысы. Мн., 1963.
Кр.: Александровіч С. Жывыя старонкі часу // Полымя. 1963. № 12; Сабалеўскі А. Васіль Сташэўскі // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. Мн., 1975. Т. 2; Шушкевіч С. Талент грамадскага гучання // ЛіМ. 1975. 28 сак.; БП. Т. 5; ЭГБ. Т. 6/1; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
СТРЭЛЕ Георгій Уладзіміравіч [1900, в. Кашэдары Трокскага пав. Віленскай губ., цяпер Літва – 29 ці 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны дзеяч Беларусі. З бел. рабочай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Працаваў у Бабруйску (да 1924), Клімавічах (да 1926), Мазыры, Оршы (старшыня акруговага выканаўчага камітэта). З 1929 у Мінску ва Упраўленні народнагаспадарчага ўліку, потым у Калгасцэнтры. З 1933 начальнік Упраўлення жывёлагадоўлі (конегадоўлі і ветэрынарыі) Наркамата земляробства, нам. наркама. З 1936 дырэктар конесаўгаса № 120 у Мсціславе Магілёўскай вобл. Быў жанаты, меў дзіця. Арыштаваны 29.4.1937. Абвінавачваўся як «актыўны ўдзельнік нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Падчас следства жорстка катаваны. Асуджаны асобай нарадай пры НКВД 29 ці 30.10.1937 да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 22.3.1958. Асабовая справа С. № 3647 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл.
22.1.1938 арыштавана хатняя гаспадыня Стрэле Ганна Пятроўна (н. ў 1903 у в. Адаменкі Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Лёзненскі р-н Віцебскай вобл., у бел. сялянскай сям’і), верагодна, жонка Георгія Стрэле. 16.5.1938 асуджана асобай нарадай пры НКВД як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана Вярхоўным судом БССР 3.3.1958.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.
СЯЛОЎ Дзмітрый Паўлавіч [5.8.1896, в. Яхрабол, цяпер Яраслаўская вобл., Расія – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З сялянскай сям’і. Да арышту – начальнік планава-фінансавага ўпраўлення Наркамата асветы БССР. Арыштаваны 20.6.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 33, кв. 8. Асуджаны 28.10.1937 тройкай НКВД як «член нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 3.8.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа С. № 10816-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: Транспартны зав., д. 18, кв. 3 арыштавана прадавец магазіна № 3 Галоўхлебзбыта Сялова (Баркоўская) Лізавета Маркаўна (н. 28.12.1902 у мяст. Лоеў Мінскай губ., цяпер райцэнтр Гомельскай вобл., у сям’і рабочага), жонка Дзмітрыя Сялова. 28.11.1937 асуджана асобай нарадай пры НКВД як «член сям’і расстралянага ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана праз Оршу ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 10.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 5.11.1956. Асабовая справа С. – Б. № 7414-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; Жертвы политического террора…
СЯРДЗЮК Панцялей Іванавіч [1907, станіца Старамінская Азоўска-Чарнаморскага краю, Украіна – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З сям’і службоўца. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Да арышту – загадчык лабараторыі біяфабрыкі № 5 у Віцебску. Арыштаваны 27.1.1936 на рабоце. Перавезены ў Мінск. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД за «дзейнасць у складзе антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 29.10.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа С. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: НАРБ, ІКБР.
ТАЎБІН Юлій [Юдаль Абрамавіч; 2(15).9.1911, Астрагожск Варонежскай губ., цяпер Варонежская вобл., Расія – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў сям’і аптэкара. У 1921 пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў. Пасля заканчэння сямігодкі (1928) паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, адначасова стаў сябрам аршанскай філіі «Маладняка», друкаваўся ў часопісе філіі. Разам з Т. пачалі вучыцца Змітрок Астапенка і Аркадзь Куляшоў (пазней вядомая «тройца мсціслаўцаў»), будучы выпускнік першага выпуска прафесійных літаратараў МПІ (1934), «камсамольскі паэт» (як называў яго аднакурснік С. Шушкевіч) Зяма Півавараў, будучы «ўдзельнік вызвалення Заходняй Беларусі» (І. Багдановіч), дзіцячы пісьменнік Павел Левановіч (загінуў падчас 2-й сусветнай вайны), Ганна Сапрыка і інш. Першыя вершы з’явіліся ў 1926 на старонках час. «Маладняк Калініншчыны» (Клімавічы). Увосень 1930 выйшаў першы зборнік вершаў «Агні». Тагачасная крытыка ставілася да Т. насцярожана; яго абвінавачвалі ў рабскіх адносінах да старой буржуазнай літаратуры. У 1931–33 вучыўся ў МПІ (паводле іншых звестак – у БДУ). Стаў членам БелАПП.
Сцяпан Ліхадзіеўскі пазней успамінаў: «Юлі Таўбін… Гэта быў юнак, ад прыроды ўзнагароджаны вялікім паэтычным талентам. Сціплы, добры, таварыскі, чалавечны, ён выклікаў да сябе ўсеагульную любоў і павагу».
Сяргей Грахоўскі ў сваёй кнізе «Так і было» адзначыў, што «сярод пісьменнікаў Таўбін быў адметны ад усіх: зрэнкі аксамітна-чорных вачэй, здавалася, бачаць навылёт, выразныя тоўстыя губы нечым нагадвалі Пушкіна, у свае дзевятнаццаць гадоў ён хадзіў трошкі сагнуты, нібы толькі ўстаў з-за стала. Можа, так і было…».
Арыштаваны ў канцы лют. 1933. Прыгавораны 10.8.1933 да 2 гадоў ссылкі (паводле звестак В. Куляшовай, «повадам для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амерыку»). Тэрмін адбываў у Цюмені. Настойліва вывучаў англійскую мову, многа перакладаў з яе. Перакладаў таксама творы Г. Гейнэ, У. Маякоўскага. 4.11.1936 паўторна арыштаваны і этапаваны ў Мінск. 29.10.1937 выязная сесія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла паэта да расстрэлу.
Незадоўга да арышту Юлі Таўбін паслаў у Ленінградскае аддзяленне выдавецтва «Художественная литература» падборку перакладаў на рускую мову вершаў Альфрэда Хаўсмана, якія потым увайшлі ў зборнік «Антология новой английской поэзии» (выйшаў праз 20 дзён пасля расстрэлу паэта). Пераклад верша англійскага паэта «Законы Бога и людей» прагучаў своеасаблівым пасланнем з «таго свету»:
…Себе другой избрал я путь –
Они хотят меня вернуть.
Но я, хуля законы их,
Им не навязывал своих.
Мол, как угодно, господа, –
Раз вы туда, так я сюда.
Так нет же! Им стерпеть нельзя,
Что у него своя стезя.
Они грозят – иди назад,
Не то – тюрьма, петля и ад.
Как не робеть мне! Суд их скор.
Могу ль вступить в неравный спор?
Не я построил этот мир.
Я в нем блуждаю, чужд и сир.
Хоть глупые, но господа –
Они. Их сила, их права.
А нам на Марс не улететь
С тобой, душа моя… Так впредь
Смирись и следовать сумей
Законам Бога и людей…
Рэабілітаваны 29.8.1956.
Тв.: Каб жыць, спяваць і не старэць…: Вершы. 1928–1930. Мн., 1931; Тры паэмы. Мн., 1931; Мая другая кніга: Вершы. Мн., 1932; Таўрыда: Паэма. Мн., 1932; Выбраныя вершы. Мн., 1957; Вершы. Мн., 1969.
Кр.: Бечык В. Голас маладосці // ЛіМ. 1973. 8 сак.; Грахоўскі С. Жыве ў памяці маёй: Успаміны // Дзень паэзіі-73. Мн., 1973; Азгур З. Пад небам і пад дахам майстэрні: [Успаміны] // Полымя. 1974, № 2; Бярозкін Р. Пра Юлія Таўбіна // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974; Маракоў Л. Ліст з таго свету // Голас Радзімы. 1999. 26 жн.
ТУРЛАЙ Андрэй Аляксеевіч [30.11.1894, в. Вялікая Кракотка Слонімскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны дзеяч. З сялянскай сям’і. У 1918 уступіў у КП (б) Б. У 1935–36 сакратар Полацкага райкама партыі. Член ЦК ВКП (б). Падчас арышту – наркам саўгасаў БССР. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 9.8.1937 у Мінску па адрасе: вул. М. Горкага, 3-і дом Саветаў, кв. 8. У сувязі з арыштам выключаны з партыі. Асуджаны тройкай НКВД 29.10.1937 як «член антысавецкай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 15.9.1956. Асабовая справа Т. № 7222-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
22.9.1937 арыштавана Турлай Раіса Абрамаўна (н. ў 1903 у Бабруйску), жонка Андрэя Турлая. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД БССР асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК. Этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 22.9.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 26.9.1955. Яе асабовая справа № 5551-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
УСПЕНСКІ Яўген Канстанцінавіч [18.10.1891, Вільня – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], фізік, грамадскі дзеяч, педагог. З сям’і службоўца. Скончыў Віленскую гімназію (1910), фізіка-матэматычны ф-т Маскоўскага ун-та (1915). З бел. нацыянальна-вызваленчым рухам пазнаёміўся ў студэнцкія гады (з 1911) у Віленскім зямляцтве пры Маскоўскім ун-це. Пасля заканчэння ун-та працаваў у Бабруйску і Глуску: у гімназіях, школах, палітэхнікуме і педтэхнікуме, вёў фізіку і матэматыку. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі абраны ў бюро Настаўніцкага саюза. Падчас нямецкай і польскай акупацыі ўваходзіў у Бабруйскую беларускую раду. Летам 1918 быў ініцыятарам першых настаўніцкіх курсаў у Бабруйску. У час польскай акупацыі – адзін са стваральнікаў Беларускага нацыянальнага камітэта. У 1921 уступіў у ВКП (б). Быў нам., потым загадчыкам Бабруйскай палітасветы. Працаваў разам з Алесем Адамовічам, прымаў удзел у правядзенні беларусізацыі. У верас. 1922 па запрашэнні У. Ігнатоўскага пераехаў у Мінск. Прызначаны загадчыкам Галоўпалітасветы і Галоўпрафасветы пры наркаме асветы БССР. Са студз. 1923 – асістэнт, потым дацэнт кафедры фізікі педагагічнага ф-та БДУ. З мая 1924 – нам. дэкана педагагічнага ф-та, загадчык фізіка-матэматычнага і прыродазнаўчага аддзяленняў. Увосень 1924 арганізаваў таварыства «Прэч непісьменнасць». З 1929 – дэкан фізіка-матэматычнага ф-та. У 1925–36 прафесар БДУ. Першы ў Беларусі пачаў выкладаць фізіку на бел. мове. Быў дэлегатам навуковых з’ездаў у Маскве, Ленінградзе, Берліне. У 1931–36 супрацоўнік Фізіка-тэхнічнага інстытута БелАН. У кастр. 1935 выключаны з ВКП (б) за «прытупленне класавай пільнасці і адрыў ад партыйнага жыцця». З 1936 – прафесар і загадчык кафедры фізікі Гомельскага педінстытута. Асноўныя працы У. прысвечаны квантавай тэорыі ядра атама, гісторыі і метадалогіі фізікі. Арыштаваны 20.6.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 97, кв. 12. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «актыўны член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25.7.1957. Асабовая справа У. № 10764-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
15.11.1937 у Мінску па адрасе: Грушаўскі пас., д. 23 арыштавана касір Аптэкаўпраўлення Белмедінструментаў Успенская Ксенія Міхайлаўна (н. 13.11.1892 у Вільні ў сям’і службоўца), жонка Яўгена Успенскага. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД БССР асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5 (ці 30).9.1943. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 12.6.1956. Асабовая справа У. № 6686-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
19.11.1937 у Мінску па адрасе: Грушаўскі пас., д. 23 арыштаваны сыны У. – Рыгор (н. 5.5.1919, вучань Мінскай СШ № 4) і Уладзімір (н. 28.7.1916, студэнт фізіка-матэматычнага ф-та БДУ) Успенскія. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД БССР асуджаны як «члены сям’і расстралянага ворага народа» да 5 гадоў ППК і этапаваны (хутчэй за ўсё, разам з маці) у Карагандзінскі канцлагер Казахскай ССР. Уладзімір вызваліўся 19.11.1942. Пра далейшы лёс Рыгора нічога не вядома. У 1956 трыбуналам БВА браты рэабілітаваны. Іх асабовыя справы № 6660-с (Уладзіміра) і № 6662-с (Рыгора) захоўваюцца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; ІКР; Гесь А. Успенскі Яўген Канстанцінавіч // Университет профессорский. Гомель, 2005. С. 327–329; Возвращенные имена; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
ФРЫДМАН Ісак Сямёнавіч [1887, Сімферопаль, цяпер Украіна – 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. Атрымаў вышэйшую адукацыю, уступіў у ВКП (б) (1918). Да арышту – начальнік аддзела землеўпарадкавання Наркамата земляробства БССР. Быў жанаты, меў двое дзяцей. Арыштаваны 15.7.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 148/19, кв. 57. Выключаны з партыі ў сувязі з арыштам. Асуджаны 28 ці 29.10.1937 тройкай НКВД за «шкодніцтва ў сельскай гаспадарцы» і як «член тэрарыстычнай арганізацыі правых» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны 25.5.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР Асабовая справа Ф. № 10367-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсавана і жонка Ф.
Кр.: НАРБ, ІКБР.
ХАРЫК Ізі [Ісак Давыдавіч; 6.3.1896, па іншых крыніцах 17.3.1898, мяст. Зембін Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Барысаўскі р-н Мінскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт. У 1919 добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію, удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Расіі. У 1916–23 – член арганізацыі «Паалей-Цыён». У другой палове 1920-х г. уступіў у ВКП (б). Літаратурную дзейнасць пачаў у 1920 публікацыямі ў яўрэйскіх газетах. У 1921–23 вучыўся ў Вышэйшым літаратурным інстытуце імя В. Брусава ў Маскве. У 1922 у Мінску выйшла першая кніжка вершаў «Трапятанне». З 1925 друкаваўся ў яўрэйскiм час. «Штэрн». У 1927 скончыў яўрэйскае аддзяленне педагагічнага ф-та 2-га Маскоўскага дзяржаўнага ун-та. З 1928 сталі з’яўляцца пераклады вершаў Х. на бел. мову. Пераехаў у Мінск, працаваў рэдактарам час. «Штэрн». У 1931 абраны членам ЦВК БССР. Член СП Беларусі з 1934. Член прэзідыумаў СП БССР і СССР. Да 1936 у Мінску, Маскве і Кіеве выйшла 13 яго кніг на яўрэйскай мове. З пачатку 1930-х г. выступаў з артыкуламі і нарысамі таксама ў беларускамоўных выданнях. Х. перакладаў на яўрэйскую мову творы Я. Коласа, М. Чарота. Член-карэспандэнт БелАН з 1936. Адзін з аўтараў «Пісьма беларускага народа вялікаму Сталіну» (1936). Вершы «Над Бярозай» і «Хлеб» былі пакладзены на музыку С. Палонскім.
З успамінаў перакладчыка Юркі Гаўрука (таксама рэпрэсаванага): «Я ніколі не забуду той атмасферы давер’я, зацікаўленасці, любові і пашаны, якая адразу ж устанавілася паміж паэтам і яго слухачамі. Ізі Харык чытаў многа, з вялікім уздымам. Яго гучны, выразны голас з пявучай інтанацыяй, запал, аптымізм і публіцыстычная вастрыня вершаў літаральна зачаравалі вучняў (Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. – Л. М.). Твары іх гарэлі, вочы блішчалі. Яны гатовы былі слухаць яго бясконца… Фізічна моцны, з энергічнымі рысамі твару і пышнай чорнай чупрынай, ён быў увасабленнем жыццярадаснасці…»1
Арыштаваны ў Мінску ў Доме спецыялістаў. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13.6.1956. Асабовая справа Х. № 6870-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 148, кв. 52 арыштавана хатняя гаспадыня, маці дваіх сыноў (Юлія і Давыда) Харык Дзіна (Матліна) Звулаўна (н. ў 1911 у Бабруйску), жонка Ізі Харыка. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД СССР асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена ў 1946. Вярнулася на радзіму. Працавала выхавацелькай у дзіцячым садзе, загадвала бібліятэкай Мінскага аб’яднання габрэйскай культуры імя Ізі Харыка. Дзіне Харык не раз прапаноўвалі з’ехаць за мяжу, у Ізраіль, ЗША, але яна адмаўлялася. Усё чакала сваіх сыноў. Рэабілітавана 14.8.1956. Памерла 11.3.2003. Асабовая справа Х. № 6846-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Адданасць: [Выбр. тв]. М., 1970. Яўр.; Пераклады: Выбр. тв. Мн., 1958; Выбранае. Мн., 1969.
Кр.: Лынькоў М. Таленавіты паэт // Маладосць. 1958. № 6; Броўка П. Пра паэта і таварыша // ЛіМ. 1973. 23 сак.; Хведаровіч М. Сугучнасць часу // Беларусь. 1976. № 3; БП. Т. 6; Наша Ніва. 2003. 18 крас.; Рэпрэсаваныя…
ХАТУЛЁЎ Пятро [Пётр Фёдаравіч; 29.6.1912, Віцебск – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], літаратурны крытык. Пачаў выступаць на старонках бел. перыядычнага друку ў 1932. У 1934 скончыў МПІ. Працаваў у рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». На працягу 1934–36 апублікаваў, пераважна на старонках гэтай газеты, артыкулы, рэцэнзіі, нататкі пра творчасць А. Александровіча, П. Броўкі, Э. Самуйлёнкі, Ю. Таўбіна, У. Хадыкі, І. Шапавалава і інш. Выступаў супраць вульгарызатарскага падыходу да літаратуры, заклікаў улічваць асаблівасць гістарычнага часу і не шукаць ворагаў у XIX ст. Арыштаваны 3.10.1936 у Мінску па адрасе: вул. Р. Люксембуpг, д. 44, кв. 12.
З пратакола допыту П. Хатулёва ад 13.11.1936: «В 1931 году у меня обнаружили нацдемовские стихи (вершы, якія былі прысвечаны М. Багдановічу. – Л. М.), написанные еще в Витебске и привезенные с собой. В связи с этим обо мне был поставлен вопрос на общеинститутском собрании, на котором мои стихи были осуждены, а мое пребывание в институте оказалось под вопросом…»
Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 29.9.1966. Асабовая справа Х. № 19561-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: «Мая другая кніга» Юлія Таўбіна // ЛіМ. 1932. 15 чэрв. Сааўт. І. Малец; Заўвагі пра творчасць П. Броўкі // Полымя рэвалюцыі. 1934. № 4.
Кр.: Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства (20–30-я гады). Мн., 1975; БП. Т. 6; Рэпрэсаваныя…
ЧАРНУШЭВІЧ Аляксандр Анікеевіч [1899, мяст. Капыль Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер райцэнтр Мінскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], парт. і дзяржаўны дзеяч. З бел. сялянскай сям’і. Удзельнік партызанскага руху ў Беларусі ў грамадзянскую вайну, потым барацьбы з бандытызмам. З 1922 на парт. рабоце: сакратар Грэскага райкама КП (б) Б, загадчык аддзелаў Бабруйскага і Віцебскага акруговых камітэтаў партыі, культуры і прапаганды ЦК КП (б) Б. З кастр. 1932 – сакратар Мінскага гаркама КП (б) Б. У сак. 1933 – лют. 1936 наркам асветы БССР, потым загадчык аддзела забеспячэння Бел. геалагічнай разведкі. Член ЦК КП (б) Б (1929–36), член Бюро ЦК КП (б) Б
(1931–34). Арыштаваны 19.6.1937 у Мінску па адрасе: вул. Камсамольская, д. 31/33, кв. 30. Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 як «член нацыянал-фашысцкай шкодніцкай арганізацыі» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны 15.12.1956. Асабовая справа Ч. № 9842-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
4.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Энгельса, д. 64, кв. 2 арыштавана студэнтка 5 курса БДУ Чарнушэвіч Марыя Лукінічна (н. ў снеж. 1902 у в. Грыбаўшчына Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.), жонка Аляксандра Чарнушэвіча. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 26.6.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Ч. № 6689-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: ЭГБ. Т. 6/2; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
ЧАРОТ Міхась [сапр.: Кудзелька Міхась Сымонавіч; 7.11.1896, мяст. Рудзенск Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч, стрыечны брат Іосіфа і Івана Кудзелькаў. У 1917 скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Мабілізаваны ў армію; служыў афіцэрам запаснога палка ў Кузнецку. Вясной 1918 вярнуўся ў Мiнск; пачаў настаўнічаць у бел. школе; паступіў у МПІ. Спяваў у хоры Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», быў старшынёй тэатральнай суполкі «Маладзік». Друкавацца пачаў у 1918. У 1919 – член Белнацкама і створанай пры ім Вайсковай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі. З 1920 – супрацоўнік, у 1925–29 рэдактар газ. «Савецкая Беларусь». У 1922 апублікаваў першы зборнік вершаў «Завіруха». У 1923 удзельнічаў у стварэнні літаб’яднання «Маладняк», з якога выйшаў у канцы 1927. Некаторы час быў членам літаб’яднання «Полымя», потым уступіў у БелАПП. У 1922–24 – кандыдат у члены, у 1924–31 – член ЦВК БССР. У 1924 вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі. У 1930-я г. працаваў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР. Падчас арышту загадчык літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Быў жанаты, гадаваў сына Вячаслава, дочак Святлану, Зінаіду, Алену (усе ва ўзросце ад 6 да 11 гадоў). Арыштаваны 24.1.1937 у Мінску па адрасе: вул. Ленінская, д. 35, кв. 1, адначасова выключаны з ВКП (б).
З пратакола вобыску: «…документы, журналы – 210 штук, книги – 85 штук, переписка – 127 страниц, рукописи – одна пачка…»
Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 у 10.00 як «агент польскай разведкі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Апошні верш «Прысяга» запісаў на сцяне мінскай унутранай турмы НКВД.
З успамінаў Міколы Хведаровіча: «У 1939 годзе я быў пераведзены ў адзіночную камеру. Уважліва аглядзеў сцены, шукаючы надпісаў, і вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкалупаны нечым вострым на сцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маім любімым паэтам і другам Міхасём Чаротам. Гадамі я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы:
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, –
Кажу вам – я не вінаваты!»1
Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8.12.1956. Асабовая справа К. № 8153-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Імем Ч. названы вуліцы ў Маладзечне і Рудзенску.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Старажоўская, д. 47, кв. 2 арыштавана хатняя гаспадыня Дадыка Ефрасіння Тарасаўна
(н. ў 1903), жонка Міхася Чарота. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР (Акмолінск). Загінула ў зняволенні ў першай палове 1940-х г. Рэабілітавана 11.3.1957 трыбуналам БВА. Асабовая справа Ч. № 10102-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Творы: У 3 т. Мн., 1932–1936; Збор твораў: У 2 т. Мн., 1958; Выбраныя вершы і паэма «Босыя на вогнішчы». Мн., 1967; Выбранае. Мн., 1982.
Кр.: Ярош М. Міхась Чарот: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1963; Яго ж. Міхась Чарот. Мн., 1966; Песняр революционной романтики. Мн., 1983; БП. Т. 6; Рэпрэсаваныя…
ШАЛАЙ Макар [сапр.: Шалаеў Макар Ксенафонтавіч; 17.2.1906, в. Цельцы Расонскага р-на Віцебскай вобл. – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], літаратурны крытык. Скончыў партшколу ў Віцебску. У 1925–26 сакратар Народнага дома пры выканкаме Расонаў. Член Беларускай літаратурна-мастацкай камуны (1927–28). Друкаваўся ў час. «Росквіт». Працаваў у газ. «Чырвонаармейская праўда». Выступаў з рэцэнзіямі на творы П. Броўкі, А. Александровіча, Я. Скрыгана, Г. Брэскай і інш. У 1928 паступіў у БДУ (пры дапамозе наркама асветы А. Баліцкага і П. Шукайлы).
З успамінаў Я. Скрыгана: «Я жыў з Макарам Шалаем, чалавекам нястрымнага запалу спрэчак. Ён назубок ведаў класікаў марксізму, Чарнышэўскага, Герцэна, Дабралюбава, Пісарава, Пляханава і логікай іх мыслення збіваў з ног любога праціўніка. Ён не мысліў сябе без спрэчак і шукаў толькі такога асяроддзя…
Мы, асабліва Макар Шалай і Апанас Сідарэнка, заспрачаўшыся па якой кнізе ці па якому пытанню эстэтыкі, маглі забыць на абед, на вячэру, хапацца за чубы, прасядзець усю ноч, плаваючы ў сінім дыме…»
З восені 1928 – член «Маладняка», потым БелАППа. Арыштаваны 15.3.1933 па справе «Беларускай народнай грамады». Пасля катаванняў вызвалены з дыягназам шызафрэнія. Пасля вызвалення вярнуўся на радзіму. У сярэдзіне 1930-х г. выкладаў літаратуру ў Расонскай СШ. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Другі раз арыштаваны 17.11.1936, верагодна, у мяст. Расоны Віцебскай вобл. Перавезены ў Мінск.
З успамінаў С. Грахоўскага: «З «амерыканкі», унутранай турмы НКВД у Мінску, мяне перавялі ў старую турму на вуліцы Валадарскага. Пасля адзіночкі ў «амерыканцы», дзе я амаль развучыўся гаварыць, у вялікай «замкавай» камеры, нягледзячы на глыбокую ноч, мяне сустрэлі – бог ты мой! – сябры-пісьменнікі Сяргей Дарожны, Сымон Куніцкі, Макар Шалай… На прагулку нас выводзілі ў турэмны двор, які быў разбіты на маленькія клетачкі метраў па дваццаць – дваццаць пяць. У гэтых клетках мы і хадзілі кругам… Кругам у клетках…»
Асуджаны 28.10.1937 тройкай НКВД як «член антысавецкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 20.7.1957. Асабовая справа Ш. № 6742-п захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000; Рэпрэсаваныя…
ШАСТАКОЎ Павел Пятровіч [1889, в. Манастыршчына Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Смаленская вобл., Расія – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], рэдактар, журналіст, педагог, дзяржаўны дзеяч. З бел. сялянскай сям’і. З 1906 працаваў настаўнікам школы граматы ў в. Шэнькаўка Мсціслаўскага пав. У 1907 паступіў у Полацкую настаўніцкую семінарыю. З 1912 настаўнічаў у Мсціславе. У жн. 1913 быў залічаны ў Віцебскі настаўніцкі інстытут. З пачаткам 1-й сусветнай вайны мабілізаваны ў войска. У 1916 стаў прапаршчыкам. Ваяваў на Румынскім фронце. У 1917 пераведзены ў Маскву. У пачатку 1918 вярнуўся ў Мсціслаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы першага павятовага з’езда Саветаў. Працаваў загадчыкам аддзела народнай асветы. Зімой 1920 прызначаны ваенным камісарам павета. Потым стаў рэдактарам павятовай газ. «Думы бедняка», у якой публікаваў свае артыкулы і вершы. У 1920 пераехаў у Мiнск. Служыў начальнікам палітасветы губваенкамата. З-за хваробы пакінуў армію. З 1921 працаваў у Мсціславе загадчыкам павятовага зямельнага аддзела. Потым прызначаны загадчыкам аддзела народнай асветы Магілёўскага акруговага выканкама. Пісаў нарысы і артыкулы па-беларуску і па-руску, публікаваўся ў мясцовай прэсе, у газ. «Савецкая Беларусь». Увосень 1926 пераведзены ў Маскву, прызначаны загадчыкам бел. сектара Камуністычнага ун-та нацыянальных меншасцяў Захаду імя Ю. Мархлеўскага, дзе таксама выкладаў бел. мову і літаратуру. Арганізаваў у Маскве святкаванне 20-годдзя літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа. Быў адным з укладальнікаў зборніка артыкулаў «Літаратурная творчасць К. М. Міцкевіча (Якуба Коласа)» (М., 1928), аўтар уступнага артыкула ў зборніку. Удзельнічаў у стварэнні Цэнтральнага беларускага клуба ў Маскве (лют. 1928), член праўлення клуба. З восені 1928 – у Мiнску. Сябраваў з Я. Купалам. З чэрв. 1929 рэдактар газ. «Рабочий». У верас. 1929 прызначаны рэдактарам газ. «Савецкая Беларусь», дзе публікаваў свае нарысы і артыкулы. У апошнім нумары газеты выступіў з крытыкай бюракратычных парадкаў (артыкул «Лісты знізу»). 21.3.1933 газета была закрыта. У маі 1933 прызначаны рэдактарам газ. «Калгаснік Беларусі». Зрабіў выданне папулярным сярод чытачоў і аўтараў. У жн. 1935 газета закрыта. Ш. прызначаны дырэктарам Белдзяржвыдавецтва. Падчас арышту – нам. наркама асветы БССР, старшы кансультант Белдзяржкіно БССР. Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. Арыштаваны 30.1.1937 у Мінску па адрасе: вул. К. Маркса, 16 (2-гі Дом Саветаў). Асуджаны 28.10.1937 як «член дыверсійна-шкодніцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29.10.1937. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 10.11.1956. Асабовая справа Ш. № 7772-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
20.11.1937 у Мінску арыштаваны вучань адной з мінскіх школ Вадзім Паўлавіч Шастакоў (н. ў 1921), сын Паўла Шастакова. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД СССР 16-гадовы падлетак быў асуджаны як «член сям’і здрадніка радзімы» да 5 гадоў ППК. Далейшы яго лёс невядомы.
10.2.1933 у Мінску па адрасе: вул. Пеpшамайская, д. 11, кв. 3 арыштаваны адказны сакратар Наpкамата земляробства БССР Шастакоў Сяргей Пятровіч (н. ў 1896 у в. Манастыршчына Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Смаленская вобл., Расія; атрымаў вышэйшую адукацыю; у 1919–22 служыў у Чырвонай арміі), брат Паўла Шастакова. 8.5.1933 асуджаны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» да 5 гадоў ППК. Далейшы яго лёс невядомы. Рэабілітаваны трыбуналам БВА 16.7.1958. Асабовая справа Ш. № 11070-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсавана і жонка Ш.
Тв.: Да новых перамог на культурным фронце // Савецкая Беларусь. 1928. 14 кастр.; Лісты знізу // Там жа. 1933. 21 сак.
Кр.: Карніловіч Э. Сябра Янкі Купалы // Маладосць. 1995. № 10; Рэпрэсаваныя…
ЮДЭЛЬСОН Арон Ісакавіч [17.7.1907, Рыга – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, публіцыст. Паходзіў з настаўніцкай сям’і. Пачаў публікавацца ў 1923 у нелегальным друку Латвіі. Да 1928 жыў у Латгаліі, потым пераехаў у Беларусь. З 1929 выступаў у яўрэйскім друку Беларусі. У 1930 паступіў у МПІ. Найбольшы лірызм і мастацкую чуйнасць выявіў у ранні латгальскі перыяд творчасці, калі натуральныя пачуцці яшчэ не былі дэфармаваны класавай ідэалогіяй. Працаваў у рэдакцыі яўрэйскай газ. «Октобэр», на радыё. Да 1935 часта публікаваўся ў час. «Штэрн». Член СП Беларусі з 1934. У 1935 быў сакратаром яўрэйскай секцыі СП. Арыштаваны 11.9.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 98, кв. 2. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член трацкісцкай арганізацыі, які рыхтаваў тэрарыстычны акт» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 9.4.1957. Асабовая справа Ю. № 10266-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 (?) у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 98, кв. 2 арыштавана інспектар Дзяржаўнага банка, маці дваіх дзяцей Шур Бася Саламонаўна (н. ў 1902 у пас. Урэчча Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Любанскі р-н Мінскай вобл., у сям’і службоўца; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Арона Юдэльсона. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 28.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 10.6.1957. Асабовая справа Ч. № 10394-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Камбінат: Паэма. М.; Харкаў; Мн., 1931. Ідыш; Межы: Проза і вершы. Мн., 1934. Ідыш; У нашай сталіцы: (Нарысы). Мн., 1934. Ідыш; Чырванасцяжны калгас «Колас» / Сааўт. Х. Шынклер. Мн., 1934. Ідыш; Прывітанне: Вершы. Мн., 1961.
Кр.: Базарэвіч М. Прывітанне светламу дню // ЛіМ. 1961. 29 жн.; Хведаровіч М. Ён быў у нашым страі // ЛіМ. 1967. 18 ліп.; БП. Т. 6; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя…
ЯРКІН Віктар Іванавіч (29.11(9.12).1889, в. Дзякоўскае Раманаў-Барысаглебскага пав., цяпер Тутаеўскі р-н Яраслаўскай вобл., Расія – 29.10.1937, Мінск, турма НКВД), дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Кіндзякоўскае народнае вучылішча (1901). У 1902–05 член арганізацыі анархістаў-камуністаў на Пуцілаўскім заводзе (Пецярбург). У 1-ю сусветную вайну на Зах. фронце (1915–17). З 1918 старшыня ЧК Зах. вобл. у Смаленску. Са студз. 1919 старшыня ЧК БССР, адначасова з сак. 1919 старшыня Мінскага гарсавета. З мая 1919 на чэкісцкай рабоце ў Паволжы. З 1921 у сістэме Наркамата шляхоў зносін СССР. У 1935–37 начальнік службы Дняпроўска-Дзвінскага параходства ў Гомелі. Дэлегат I з’езда КП (б) Б (снеж. 1918), I Усебел. з’езда Саветаў (лют. 1919). Член ЦБ КП (б) Б, ЦК КП (б) ЛіБ, ЦВК БССР і Літ. – Бел. ССР. 26.2.1937 арыштаваны і 28.10.1937 тройкай НКВД асуджаны да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1967.
Літ.: ЭГБ. Т. 6/2. |