Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Мільянеры-жабракі, або Дзіўнае існаванне Саюза беларускіх пісьменнікаў Друк E-mail
08.09.2010 | 11:21 |
Эрнест ЯЛУГIН, Віктар ХУРСІК, пiсьменнiкi; Алесь ДАНIЛЬЧЫК, член Прэзiдыума Мiжнароднага лiтаратурнага фонду, у 2007-2008 гг. дырэктар Беллiтфонду
Так, у свой час яны, беларускія пісьменнікі, былі мільянерамі. У цэнтры сталіцы — Дом літаратара, свая паліклініка, на Іслачы — цудоўная база адпачынку і творчасці. Беллітфонд з велізарнымі фінансавымі сродкамі...

Мінск, вул. Фрунзе, 5

Адным словам, жылі духоўныя творцы няблага. Да таго часу, пакуль да ўлады не прыйшлі людзі, для якіх клопаты пра літаратуру, роднае слова сталі лішнім цяжарам. На пераломным этапе развiцця краiны, калі нацыянальная ідэалогія, перажыўшы кароткі час адраджэння, была здратавана, роля пісьменнікаў у дзяржаве адышла ў цень. На самiм караблi творчага Саюза ўжо ў першай палове 90-х былi заўважаны “цечы”. Не было капiтана, якi б здолеў вывесцi судна з затлумленай дробнымі клопатамі гавані.

Пры ігнараванні ўладамі творчага аб’яднання першымi ляснулi такiя “смачныя” кавалкi пiсьменнiцкай уласнасцi ў цэнтры Мiнска, як Дом лiтаратара i памяшканне-катэдж палiклiнiкi. Забралі іх па “палітычных матывах”, як у свой час падкрэсліваў сам прэзідэнт. Незадачлiвыя сакратары Саюза пiсьменнiкаў пад ачолам В.Зуёнка, выдатнага паэта, але, на жаль, не кiраўнiка-змагара, замест таго, каб маёмасна замацаваць за саюзам Дом літаратара, цiха “прыватызавалi” толькі рэстаран у Доме лiтаратара i хадзiлi шчаслiвыя ад штодзённага хмелю. Менавiта ад iх пачынаецца адлiк няўмелага кiравання Саюзам пiсьменнiкаў i Беллiтфондам, ад iх засталіся велізарныя даўгi.

У 1998 годзе прэзiдэнт А.Лукашэнка сустрэўся з лiтаратарамi па iх просьбе, але агульную мову знайсцi не ўдалося. Да Саюза беларускiх пiсьменнiкаў пачалi прымяняцца тыя ж гаспадарчыя падыходы па арэндзе сваіх жа памяшканняў, што i да камерцыйных арганiзацый. Сiтуацыя рэзка пагоршылася, майстры слова пачалi ўспрымаць новыя патрабаванні за абразу і яшчэ больш аддалiлiся ад улады. А тут на пасаду старшынi СБП трапіў малады выкладчык унiверсiтэта, паэт, празаiк i лiтаратуразнаўца, у нейкай меры бізнесовец Алесь Пашкевiч.

Ролю i месца гэтага чалавека ў далейшым заняпадзе Саюза беларускiх пiсьменнiкаў і ліквідацыі Беллітфонду належыць яшчэ высветлiць. Мы ж будзем казаць пра тое, што нам вядома.

Пытаннi лёсу старэйшай творчай арганiзацыi павiнны былi б абмяркоўвацца на з’езде, цi хаця б публiчна i шырока на радзе пiсьменнiкаў. Але новы старшыня (безумоўна, не ўзгадняючы свае дзеянні з радай) самастойна i раптоўна вырашыў “далучыць” усю пiсьменнiцкую суполку да вялiкай палiтыкi. У набліжэнні выбараў прэзiдэнта ў 2006 годзе Дом літаратара быў больш падобны на перадвыбарны штаб А.Казулiна. Безумоўна, паважаючы гэтага мужнага чалавека i палiтыка, мы тым не менш павiнны зазначыць, што крок старшынi СБП меў адмоўныя наступствы. Рэпрэсіям падверглася грамадская арганiзацыя. Улада выселіла СБП з Дома літаратара, і паплечнікі Пашкевіча дэманстратыўна, пад прыцэлам фотакамер, вынеслі адтуль партрэты Купалы і Коласа, Чорнага і Танка... Увогуле ўсю пісьменніцкую маёмасць. На супраціў пісьменнікаў, а саюз тады налічваў больш за 500 чалавек, кіраўнік СБП нікога не паклікаў. І ў хуткім часе ўлады нанеслі яшчэ адзін сакрушальны ўдар — і па Беларускім лiтаратурным фондзе, гэтай грамадскай арганiзацыі, членамi якой адначасова з’яўлялiся ўсе пiсьменнiкi. Менавiта Беллiтфонд, а не Саюз пiсьменнiкаў валодаў усёй маёмасцю, якую належала выкарыстоўваць у інтарэсах сяброў саюза. На яго балансе знаходзiлася жамчужына пiсьменнiцкай уласнасці пад Ракавам — Дом творчасцi “Іслач”. Выдатны архiтэктурны ансамбль на беразе ракi ў хваёвым бары на плошчы ў 26 гектараў, дзе сотка каштуе больш за тысячу долараў.

Крыху перадгiсторыі...

Беллітфонд патанаў у пазыках. Першым з нядбайнікаў, пры якім пачаўся беззваротны рух да жабрацтва, можна назваць былога армейскага юрыста Уладзіслава Мачульскага. Рэкамендаваны кіраўніцтвам СБП на пасаду старшыні і дырэктара гэтай грашовай арганiзацыi, ён ніякай крытыкi не прымаў, рэвiзораў таксама. На наш погляд, яго трэба было прыцягваць да сур’ёзнай адказнасці, але ён нейкiм чынам адскочыў i тут жа няблага ўладкаваўся ў дзяржаўным выдавецтве (дзе працуе i сёння). У многiм ягоная, так бы мовіць, удача тлумачыцца прыходам на яго месца небезвядомага Чаргiнца. Мікалай Іванавіч, былы паспяховы футбалiст, пiсьменнiк, мiлiцэйскі генерал, а потым і сенатар, спачатку па свежых слядах здолеў устанавiць карцiну разарэння Беллітфонду i заявiў, што ў той час, калі ў тэрміновым парадку трэба было рамантаваць дах Дома творчасці і на гэта неставала грошай, невядома куды падзеліся некалькi дзясяткаў тысяч долараў. Не хочацца гаварыць  пра шахер-махер, але пытанні ёсць. Па логiцы, па праўдзе-матухне і старшынi СБП Пашкевічу, i старшыні Беллітфонду Чаргінцу належала прынцыпова падысцi да справы, навесцi парадак, узбудзiць крымiнальную справу: якая ж тут палiтыка, калi пісьменніцкае аб’яднанне абрабавалi?! Пэўна, i ўлады не пярэчылі б такому ходу падзей. Але гэтага не адбылося.

Тым часам далёка не дурань М.Чаргiнец пачаў правакаваць пiсьменнiкаў (вось чыя школа ў Пашкевiча!). Ён па чарзе прапаноўваў iм то напiсаць зварот у падтрымку прэзiдэнта, то ў падтрымку “Саюзнай дзяржавы”, то вылучыць намiнантаў на яе прэмiю. Адмоўныя адказы адразу ж станавiлiся вядомымi наверсе. Хутка Мiкалай Іванавiч зразумеў, што дзейнiчаць трэба iнакш, i яны рассталiся з Пашкевiчам, кажуць, сябрукамi. Хаця, падкрэслiм, абодва ведалi, што папярэднi старшыня-дырэктар Беллiтфонду давёў Дом творчасці “Іслач” да ручкі.

Пасля зыходу Чаргiнца ў святле выяўленых iм фактаў правапарушэнняў з боку былога яго папярэднiка У.Мачульскага старшынi пісьменніцкай арганізацыі належала ініцыяваць грунтоўную праверку дзейнасцi Беллiтфонду з дапамогай спецыялiстаў і прыняць на конкурснай аснове вопытнага кiраўнiка, якi б згадзiўся выцягнуць фонд з багны. Так робiцца паўсюдна. Але замест Чаргінца старшынёй выбралі Язэпа Янушкевіча, адмысловага даследчыка-літаратуразнаўцу. Працягваў жа гаспадарчыя справы распарадчы дырэктар В.Корбут, якога (аднакашнiка па ўнiверсiтэце) яшчэ за Чаргінцом рэкамендаваў пасадзіць у дырэктарскае крэсла старшыня СБП А.Пашкевіч (як нi дзiўна, тады пiсьменнiкi зацвердзiлi гэту кандыдатуру). Чалавек, якi не меў нiякага вопыту кiравання структурай рэспублiканскага маштабу, атрымаў доступ да ўсiх пiсьменнiцкiх грошай! Неўзабаве высветлiлася, што гэты хлопец добра ведае не толькi свайго сябра Пашкевiча, а i Чаргiнца. Ракiроўка ўдалася. Цяпер, можна меркаваць, Чаргiнец мог кiраваць Лiтфондам i дабiвацца патрэбных яму “вынiкаў” праз пасярэднiка.

І сапраўды, з прыходам Корбута ўсялякi здаровы сэнс і шчырыя намаганні ў кiраўніцтве гэтай арганiзацыяй былі марна страчаны, нiякiх крокаў па вывадзе з крызiсу не прадпрымалася, расла нават запазычанасць за арэнду памяшканняў. Старшыня Саюза А.Пашкевіч надзейна атуляў свайго сябрука ад крытыкі. У хуткiм часе Беллітфонд быў даведзены да банкруцтва, а яго маёмасць закладзена за даўгi і выстаўлена на продаж. Прычым кошт закладзенага ў шмат разоў перавышаў запазычанасць.

Тым часам рыхтаваўся чарговы з’езд Саюза пісьменнікаў, якім кіраваў і кіруе да сённяшняга часу А.Пашкевіч. Праўленне Беллітфонду ў гэты час заканчвала перамовы з пакупніком “Іслачы”, як меркавалася, даволі выгадным. Тады менавіта і пайшлі чуткі, што А.Пашкевіч прагне, апроч старшынства ў СП, займець яшчэ і пасаду кіраўніка Беллітфонду, дзеля чаго плануе напрыканцы з’езда правесці нечарговы выбарчы сход беллітфондаўцаў, у часе якога ні за што, ні пра што змясціць аддана працаваўшага Язэпа Янушкевіча. Чуткі пацвердзіліся на пасяджэнні рады Саюза пісьменнікаў. Але, пачуўшы такую прапанову, “старэйшыны” рады, у тым ліку Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, не пагадзіліся з сумяшчэннем дзвюх такіх адказных пасад, ды яшчэ ў трывожны час. Балазе Пашкевіч і без таго ўваходзіў у склад праўлення Беллітфонду, прынамсі, меў магчымасць быць заўжды інфармаваным і ўплываць на ягоную дзейнасць. Рада не прыняла рашэнне аб сумяшчальніцтве. Адмоўна наконт сумяшчэння выказалася таксама большасць членаў праўлення Беллітфонду.

І вось з’езд пісьменнікаў. Нейкі нязвычна нервовы, скамечаны, хутчэй падобны на дылетанцкі палітычны мітынг, без грунтоўнага абмеркавання пісьменніцкай творчасці і творчых планаў на будучыню. А потым той жа састаў прэзідыума на чале з Пашкевічам абвяшчае адкрыццё агульнага нечарговага сходу членаў Беллітфонду, парушаючы і статутныя нормы, і элементарную інтэлігенцкую прыстойнасць, калі вядучы не дае апанентам хоць коратка выказаць іншае меркаванне (на жаль, гэтым займаліся літаратары, якія лічаць сябе вялікімі дэмакратамі). А выгукі з месца: апамятацца, спыніць знішчэнне Беллітфонду як арганізацыі, бо ўжо два папярэджанні маюцца, трэцяе будзе апошнім цвіком у труну Беллітфонду... Вядучы грэбліва адмахваўся, прэзідыум маўчаў. Ніл Гілевіч з месца раіць не гарачыцца, Анатоль Вярцінскі... Дзе там! Багата хто быў зачараваны прэзідыумам: адтуль абяцаюць, што сыпане столькі дабра, калі Пашкевіч узначаліць яшчэ і Беллітфонд. Ніхто з вяршыцеляў сходу нават не падумаў пра знявагу годнасці Язэпа Янушкевіча, якому не прадаставілі магчымасці нават для кароткай справаздачы. Няўцямнае галасаванне... Падзея нагадвала пераварот, учынены змоўшчыкамі. Пашкевіч абраны! Група яго падтрымкі ганарыста зыркае. Пераможцы! Умоўна можна лічыць, што акурат з гэтага моманту, калі ў яго з’явілася магчымасць раскрыцца на ўсю моц, і палезла з душы паэта наверх усё тое, што раней не вельмі заўважалася...

Што ў першую чаргу зрабiў А.Пашкевiч, гэтак брутальна змянiўшы Язэпа Янушкевiча, якi шчыра працаваў старшынёй Лiтфонду на грамадскiх пачатках? Правiльна... Старшыня СБП, як сапраўдны прадстаўнiк маладога капiталiзму, паклапацiўся пра салiдны аклад, адмераўшы яго сабе па мiнiстэрскай шкале з адпаведнымi бонусамi. Пры гэтым рэальных захадаў па ўратаванні арганiзацыi не прадпрыняў, хаця ведаў вельмi дасканала ўсе юрыдычныя калiзii i патрабаваннi Мiнюста на гэты конт. Хапiла нязначнай зачэпкi Мiнюста, i Вярхоўны Суд на сваiм пасяджэннi 4 мая 2007 года маланкава прыняў рашэнне аб лiквiдацыi Лiтфонду. На тым пасяджэннi Вярхоўнага Суда нiхто ад пiсьменнiкаў нават i папрысутнiчаць не паспеў. Але Пашкевiча гэта, мабыць, задаволiла, да шырокай грамадскасцi краiны ён не звяртаўся. Вiдаць, палiчыў справу зробленай. Просiм прабачэння ў чытача, але мы не можам патлумачыць iнакш той факт, што магутны патэнцыял старэйшай пiсьменнiцкай арганiзацыi, у якой не адна сотня членаў у розных кутках краiны не быў падключаны i задзейнiчаны для абароны сваiх правоў.

Далей — болей. Лiквiдацыйную камiсiю, згодна са статутам, а гэта значыць па законе, улада павiнна была прызначыць з лiку членаў праўлення Беллiтфонду. Так спачатку i прадугледжвалася. Тэрмiн, праўда, Вярхоўны Суд вызначыў на гэту працэдуру надзiва кароткi — паўдня. Аднак на наступны дзень ён вынес ужо новае рашэнне: стварыць лiквiдацыйную камiсiю не з пiсьменнiкаў, а з дзяржаўных асоб. У камiсiю ўвайшлi намеснiкi мiнiстра эканомiкi, юстыцыi, фiнансаў, унутраных спраў i ў дадатак — намеснiк старшынi Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi! Не выключана, што “паспрыяў” такому ходу i разваротлiвы Мiкалай Іванавiч. Але чаму гэтаму не супрацьстаяў старшыня Саюза пiсьменнiкаў А.Пашкевіч? Вельмi рахманы i пакорлiвы, у адзiн пагодны дзень, сустрэўшыся з чыноўнікамі, ён узяўся за лiквiдацыю таго, што належала яго калегам па пяру. На юрыдычныя нестыкоўкi заплюшчвалі вочы (Мiнiстэрства юстыцыi, якое раней патрабавала ад Беллiтфонду абраць сабе старшыню праўлення (не Пашкевіча), раптам без дай прычыны, без усялякага выбарчага працэсу прызнала ў лiквiдацыйнай камiсii паўнамоцтвы А.Пашкевiча!). Дзе ж тут логiка i дзе закон?

Канечне, калi старшыня СБП у чарговы раз давёў пiсьменнiкам пра “злачыннасць улады”, то iм не заставалася нiчога, як у гэта паверыць. На адным з пасяджэнняў рады СБП, калi зайшла гаворка пра лiнiю паводзiн у лiквiдацыйнай камiсii кiраўнiка Саюза i Лiтаратурнага фонду, А.Пашкевiч сказаў, што ў знак пратэсту супраць гвалту ён не будзе падпiсваць пратаколы чыноўнай камiсii, i рада пагадзiлася з iм, занеслi меркаванне ў пратакол. Праўда, з таго часу нi на адным з пасяджэнняў рады ён не выступiў са справаздачай аб лiквiдацыi, не давёў, на што пайшлi грошы ад продажу “Іслачы”, якая рэшта ад iх засталася i хто iмi распараджаецца, урэшце, падпiсваў ён асабiста гэтыя пратаколы цi не? Калi б пратаколы не былi iм падпiсаныя, то гэта дало б магчымасць пазнаёміцца і, пры патрэбе, у нечым аспрэчваць вынікі лiквiдацыi.

Лiквiдацыйная камiсiя, вiдавочна, таксама не мела інтарэсу, каб арганiзаваць сустрэчу з уладальнiкамi маёмасцi на Іслачы. А той Дом творчасцi будаваўся са шматгадовых адлiчэнняў з пiсьменнiцкiх ганарараў — не за дзяржаўныя сродкi. Да чыiх рук прылiпла каля мiльёна долараў, пiсьменнiкi не ведаюць i сёння і такога пытання старшынi СБП не задаюць. А чаму? Мо таму, што ён запэўнiвае ў адданасцi iдэалам дэмакратыi? Але ж не па словах, а па справах вызначаецца годнасць чалавека. Нашы народныя паэты, старыя i хворыя ўжо, чамусьцi не задаюць яму і такое пытанне: чаму не захаваўся ўнiкальны кабiнет Максiма Танка? Вывезцi i захаваць той кабiнет Пашкевiчу прапаноўвалi...

І такі факт. Вызваляючы Дом літаратара, было вынесена 2 тысячы кніг і звыш 80 жывапісных партрэтаў класікаў беларускай і савецкай літаратуры, сярод якіх былі і ўнікальныя. Згрувасцілі іх у аварыйным, сырым і мокрым памяшканні на Іслачы дый забылі пра іх.

Нiхто з пiсьменнiкаў не ведае таксама, куды рушыла “рухомая маёмасць” з Дома лiтаратара i Дома творчасцi? Дык чаго вартая такая рада СБП, якая дазваляе адкрыты крадзеж i здзек? Дарэчы, пасля ліквідацыі Беллітфонду ліквідацыйная камісія выплаціла Пашкевічу звыш 23 мільёнаў рублёў быццам бы за тое, што ўвесь гэты час ён працаваў як старшыня Беллітфонду. Але ж у чым заключалася ягоная праца, якой, як мы лічым, не было?

Далей... Далей Пашкевiч, як нi ў чым не бывала, прадстаўляе Саюз беларускiх пiсьменнiкаў на мiжнародных форумах, бадзёра распавядае членам рады, што “СБП... аднавiў... вярнуў тое, што страчваў з 1996 года”. Вось i “кнiжная серыя” выпускаецца, вось i “свой перыядычны орган” ёсць, i гэтак далей. Толькi не тлумачыць ён, што гэта за орган i чаму даўно не працуюць творчыя секцыi i няма аналiзу творчасцi усiх членаў СБП, калi яны прынятыя ў арганiзацыю. Чаму на мерапрыемствах Саюза гадамi мiльгацяць адны i тыя ж твары — ад сiлы 15—20 чалавек, чаму на радзе не абмяркоўвалася выданне тых кнiг, якiя выходзяць пад маркай СБП, чаму ўкладкi “Лiтаратурная Беларусь” такiя бедныя на iмёны, а па змесце часам нагадваюць правiнцыйныя лiтстаронкi ў раённых газетах, на што звярнуў увагу ў свой час галоўны рэдактар “Народнай Волi” І.Сярэдзiч, пагаджаючыся друкаваць iх бясплатна. Аднак укладальнікі “Літаратурнай Беларусі” не пажадалi знайсцi з iм паразуменне i перакачавалi ад крытыкi падалей у больш, вiдаць, спагадлiвы “Новы час”. А можа, сам старшыня i рада патлумачаць, як магло стацца так, што Саюз пiсьменнiкаў i на сёння не мае свайго часопiса, затое выдаецца прыватны часопiс “Дзеяслоў”, дзе намеснiкам рэдактара той жа Пашкевiч? Што, лiтаратурны фонд “Нёман” як грамадская арганiзацыя больш шануецца за мяжой чым Саюз беларускiх пiсьменнiкаў Купалы i Коласа? Цi не з прычыны таго, што старшыня так i не здолеў аддзялiць асабiстае ад грамадскага, мы не маем нi абнародаванага спiсу сваiх сяброў, нi тэлефоннага даведнiка, як не мае СБП нi кута ў Доме лiтаратара, нi сваёй вялiкай бiблiятэкi, рахунка ў банку (у 2004 годзе невядома з якой патрэбы рахунак СБП быў адкрыты ў горадзе Гродна), не мае юрыдычнага адрасу i ўсё больш нагадвае напаўлегальнае прыватнае прадпрыемства спадара А.Пашкевiча.

Не дзейнiчае i такi апраўданы ў рабоце пiсьменнiкаў iнстытут, як сакратарыят, i намеснiкi старшынi, нават яны не ведаюць, калi i якiя мерапрыемствы ад iмя Саюза iхнi кiраўнiк праводзiць. Сваволле, самаўпэўненасць старшынi СБП не атрымалi i не атрымлiваюць належнай крытычнай ацэнкi з боку рады. Гэта падштурхоўвае яго да здрады iнтарэсам арганiзацыi. З-за яго асабiстых амбiцый страчана традыцыйнае супрацоўнiцтва з пiсьменнiцкiмi арганiзацыямi ў Маскве — Мiжнародным лiтаратурным фондам i Мiжнароднай супольнасцю пiсьменнiцкiх саюзаў. У сваiм звароце да Рады ад 20 красавіка 2010 года кiраўнiк рэвiзiйнай камiсii СБП В.Якавенка пiсаў: “Разам з абрывам гэтых сувязяў наш Саюз страцiў i магчымасць удзельнiчаць у прэстыжным праекце падрыхтоўкi да выпуску мастацкай перакладной лiтаратуры ў 50 тамах (25 тамоў з расiйскага боку i 25 — з беларускага)... i тое не дзiва. Пра нашага кiраўнiка А.Пашкевiча там успамiнаюць з сарказмам”. Уявiце, якая фiнансавая падпiтка страчана Саюзам пiсьменнiкаў! Няма сумнення, што ў сучасных умовах яна магла б быць i значна большай.

Некаторыя з нас, сведкі ўзаемадачыненняў з Масквой, могуць дадаць, што непаслядоўныя i нярэдка двурушныя паводзiны А.Пашкевiча вельмi абуралi І.Пераверзiна, дырэктара МЛФ, якi пазней, пасля смерцi С.Мiхалкова, стаў i старшынёй МСПС. Менавiта па гэтай прычыне А.Пашкевiча вывелi са складу прадстаўнiчых органаў гэтых аб’яднанняў.

Не сакрэт, што кiраўнiцтва СБП да сённяшняга дня не праліло свет на тое, куды пайшлі атрыманыя ад МЛФ у 2007—2008 гадах дабрачынныя сродкi ў суме 410.000 расiйскiх рублёў. На якiя патрэбы яны выкарыстаны? Старшыня Саюза беларускiх пiсьменнiкаў не даў здавальняючай справаздачы на гэты конт нi радзе, нi рэвiзiйнай камiсii, нi тым больш Мiжнароднаму лiтаратурнаму фонду, а яго блытаныя i супярэчлiвыя тлумачэннi нiяк не пацвярджаюцца дакументамi. Дык цi бедныя беларускiя пiсьменнiкi? Пэўна, той, хто ведае, якiя сумы абарочваюцца цераз кiраўнiцтва СБП, толькi ўсмiхнецца. І гэта ў той час, калi нават сталыя, заслужаныя творцы выдаюць свае кнiгi на свае грошы...

А пра маральнасць некаторых асоб i наогул можна забыць. Так, напрыклад, узiмку быў створаны аргкамiтэт святкавання 100-годдзя Б.У.Кiта. У плане мерапрыемстваў стаяла выданне кнiгi пра яго жыццё i дзейнасць. На кнiгу павiнны былi пайсцi грошы, што засталiся ад расходаў на адкрыццё музея Б.Кiта ў Навагрудку. Гэту грамадскую суму — 3000 долараў ЗША — А.Пашкевiч узяў пад распiску ў пiсьменнiцы Вольгi Іпатавай. На пасяджэннi аргкамiтэта ён запэўніў, што кнiга будзе выдадзена. Мiналi месяцы, а воз — ні з месца. Лідзія Савiк, давераная асоба Кiта, маючы гэту распiску, перададзеную ёй Іпатавай, пачала патрабаваць ад старшынi СБП вярнуць грошы, прасiла быць гаспадаром свайго слова. Толькi ж на ўсё гэта — нуль увагi. Пашкевiч да самай вечарыны Кiта, якая адбылася 6 красавiка 2010 года ў Палацы мастацтваў, усё абяцаў, што кнiга да юбiлею выйдзе. Не выйшла! За падрыхтоўку кнiгi ён наогул не браўся i на ўрачыстую вечарыну не прыйшоў.

У адным з выпускаў “Лiтаратурнай Беларусi” (газета “Новы час” ад 28 мая 2010 г.) ён надрукаваў цалкам сфальсiфiкаванае паведамленне: маўляў, пры чарговым абмеркаваннi арганiзацыйных пытанняў “рада аднагалосна выказала давер кiраўнiцтву СБП пад ачолам Алеся Пашкевiча”. Тым часам пра давер яму на тым пасяджэннi рады без хiстанняў выказаўся хіба адзiн чалавек, а рашэнне ж было — каб А.Пашкевiч са сваiм блiжнiм атачэннем сустрэлiся з рэвiзiйнай камiсiяй i далi ёй вычарпальныя тлумачэннi па ўсiх пастаўленых пытаннях, i ў першую чаргу — фiнансавых. Аднак, па сведчаннi старшынi рэвiзiйнай камiсii В.Якавенкi, Пашкевiч, нахабна, груба і безаглядна парушаючы Статут СБП, i пасля рады адмовiўся прадаставiць камiсii спіс членаў Саюза, пратаколы, іншыя дакументы i зрабiць фiнансавую справаздачу.

У хвiлiны шчырасцi перад самiм сабой старшыня можа прызнацца i зазначыць у прыватнай гутарцы, што саюза, якiм ён кiруе, няма, i з гэтым цяжка спрачацца. Толькi ж хто ён тады?..

Мы адкрыта выказалi сваю асабiстую пазiцыю па пытаннях жыцця арганiзацыi. Мы лiчым гэта за дэмакратычны ўчынак. Нашае творчае грамадскае аб’яднанне, якое заўжды было носьбiтам мудрасцi, свядомых нацыянальных памкненняў, прынцыповасцi, прыкладам паважлiвых адносiн да сваiх калег i iх творчасцi, належыць аберагаць ад пошасцi. Яно павiнна развiваць далей свае традыцыi ды мацаваць уласцiвую творцам прамянiстую i гаючую прысутнасць у грамадстве.

Народная Воля
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

Всеукраїнська тижнева газета «Сіворщина»

Кнігі - поштай
 Народная Воля
ГУЛАГ - с фотокамерой по лагерям
Майдан - Пульс Громадянського Спротиву України Беларусь - наша зямля
КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 15
mod_vvisit_counter Учора 2341
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 8465
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 22518