Таццяна УЛАСЕНКА
Студэнт Сяргей Ханжанкоў, незадоўга перад арыштам, 1962 г. Былы палітзняволены Сяргей Ханжанкоў распавёў пра рэжым у мардоўскіх вязніцах, як адміністрацыя спрабавала пасварыць дысідэнтаў са «здраднікамі Радзімы» і чаму двое беларусаў былі самымі вядомымі на ўвесь лагер.
Беларуская ССР другой паловы ХХ ст. мела
свой адметны драматычны лёс. Вызваляюцца з лагераў і турмаў і вяртаюцца
дадому палітычныя зняволеныя Ларыса Геніюш і яе муж Янка, Лявон і Юры
Луцкевічы, Язэп Сушынскі, Васіль Супрун і іншыя. Яны вяртаюцца ў
краіну, дзе адначасова з навязваннем савецкай камуністычнай прапаганды
маштабна праводзіцца русіфікацыя беларускага насельніцтва. Інтэнсіўна
скарачаецца колькасць беларускамоўных школ, адсутнічаюць беларускія
сярэднія тэхнічныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Пераследы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі
не спыняюцца. З найбольш вядомых: у 1957-м годзе асуджаны на 7 гадоў
зняволення выкладчык Гродзенскага педінстытуту Браніслаў Ржэўскі, у
1963-м абвінавачваюцца за антыпартыйную прапаганду пісьменнікі і
літаратуразнаўцы А. Кулакоўскі, Н. Тарас, І. Чыгрынаў, В. Каваленка. У
1964 забіваюць мастака-вальнадумцу Вітольда Дзіско. У 1965 годзе Васіль
Быкаў церпіць здзеклівую крытыку ад савецкага кіраўніцтва з-за
надрукаванай у часопісе «Маладосць» аповесці «Мёртвым не баліць»;
рэдактара Пімена Панчанку звальняюць з пасады.
Аднак нягледзячы на апальнае становішча
прадстаўнікоў беларускага асяродку, павялічваецца кола
нацыянальна-адраджэнскіх дыскусійных згуртаванняў інтэлігенцыі,
апазіцыйных груп у Акадэміі навук БССР, усё больш пашыраецца колькасць
негатыўна настроеных людзей да савецкай рэчаіснасці. Вартаўнікі рэжыму
працягваюць хапаць найбольш падазроных і небяспечных да сацыялізму
асобаў, найменш падатлівых да прапаганды выхоўваюць “хвілінкамі
нянавісці” на партыйных пасяджэннях.
Так, у 1963 годзе ў Мінску былі схоплены
прадстаўнікі маладзёвай антыкамуністычнай арганізацыі, лідэрам якой быў
студэнт Беларускага Палітэхнічнага Інстытута Сяргей Ханжанкоў. Адразу
супраць хлапцоў распачынаецца беспрэцэдэнтная крымінальная справа. Шуму
вакол яе і вазні са зняволенымі было многа. Бо схапілі не каго-небудзь,
а антысаветчыкаў, значыць, “особо опасных государственных преступников”.
У Ханжанкова супрацоўнікі КДБ знайшлі
распрацаваныя праграму дзейнасці арганізацыі і Статут, у якіх была
добра прадстаўлена цвёрдая палітычная пазіцыя – змаганне з дыктатарскім
рэжымам і партыйна-бюракратычным апаратам кіравання. Схапілі
“тэрарыстаў”!
У праекце праграмы, падрыхтаваным Ханжанковым,
было напісана: “Камунізм абвяргаецца самімі людзьмі, якія праяўляюць
пасіўнасць там, дзе не бачаць асабістых выгодаў. <…> Камунізм
развівае ў асобы беспрынцыповасць, баязлівасць, сляпое павінавенне.
Карацей кажучы, чалавек заканчвае сваё існаванне як асоба. Усё, пра што
казалася вышэй, не выпадкова і не часова, а вынікае з самога
камуністычнага вучэння і будзе існаваць, пакуль існуюць краіны, якія
карыстаюцца гэтым вучэннем. Таму мы хочам вынішчыць існуючы рэжым. Мы
хочам бачыць свабоднага чалавека ў дэмакратычным грамадстве”.
Праект мусіў быць аформлены ва ўлётку і
памножаны для распаўсюду. Але перад гэтым група Ханжанкова задумала
здзейсніць іншае – падарваць своеасаблівы сімвал савецкай эпохі –
радыёглушыцель у Мінску, які перашкаджаў слухаць радыёперадачы з
вольных краінаў свету. Афіцыйна ён называўся “Радыёстанцыя №3” і
знаходзіўся ў двары на скрыжаванні сённяшніх праспекта Незалежнасці і
вул. Казлова.
Здзейсніць задуманае хлопцам не давялося. Трое
антысаветчыкаў былі схоплены і прадстаўлены суду. Правакатарам аказаўся
іх агульны знаёмы, які ў далейшым на судзе даваў паказанні супраць
групы.
За “спробу здзейсніць дыверсію” і “антысавецкую прапаганду”
ў кастрычніку 1963-га 10 гадоў зняволення прысудзілі Сяргею Ханжанкову
і Георгію Сярогіну. Трэцяму іх сябру Віктару Храпавіцкаму далі 8 гадоў.
Завадатар антыкамуністычнай арганізацыі Сяргей
Ханжанкоў быў этапіраваны ў Мардоўскі лагер – адзіны ў той час савецкі
лагер для палітвязняў. Ён ніколі не прасіў сабе памілавання. Адсядзеўшы
ўвесь тэрмін, выйшаў на свабоду толькі ў 1973 годзе.
Выносілі Ханжанкову прысуд ў будынку, дзе зараз
размяшчаецца Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь – па вул. Леніна, 28.
Зусім нядаўна тут распачаўся чарговы судовы працэс над палітвязнямі –
ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам
Асіпенкам...
10 сакавіка, калі адбылося першае судовае
пасяджэнне па справе прадпрымальнікаў, Сяргей Ханжанкоў паспяшаўся да
прыступкаў “сталінкі”, каб падтрымаць сваёй прысутнасцю мужных
беларусаў. Так сімвалічна, цягам 47 гадоў, у ХХІ стагоддзі, страшны
беларускі лёс вярнуў былога палітзняволенага ў залю Вярхоўнага суда — у
якасці прысутнага па справе новых палітвязняў, ахвяраў цяпер ўжо
лукашэнкаўскага рэжыму.
Размаўляю з Сяргеем Мікалаевічам, і ён адзначае
сімвалічнае падабенства: “Судзілі мяне ў той самай залі суда, у якой
зараз судзяць Міколу Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку. І практычна
нічога ў гэтым памяшканні не змянілася…»
– 10 гадоў зняволення – гэта вялікі тэрмін
пакарання за спробу слухаць замежныя перадачы свабодных краінаў свету,
за спробу выражаць свае думкі і меркаванні, за права быць асобай у
грамадстве. Праўда, мала што змянілася з тых часоў у палітычным і
грамадскім жыцці ў нашай краіне. Так жа, як і раней, людзей
пераследуюць за прагу да свабоды і незалежнасці, збіваюць, даводзяць да
вар’ятняў ці самагубства, саджаюць у турмы. А беларускія турмы пры
сучасным рэжыме славяцца сваімі жахлівымі, нечалавечымі ўмовамі. А што
сабой уяўляла сістэма Мардоўскага лагеру, у які Вас этапіравалі ў 1963
годзе?
– Пасля смерці Сталіна колькасць лагераў па
ўсяму ГУЛАГу ў цэлым скарачалася і паступова палітвязні звозіліся ў
Мардовію. Складаўся Мардоўскі лагер у часы свайго найбольшага
«росквіту» з 22 лагераў, якія размяшчаліся ўздоўж чыгункі на тэрыторыі
Мардоўскай АССР. На мапах пазначана станцыя Поцьма, аднак ні на воднай
мапе вы не знойдзеце чыгуначную ветку Поцьма – Барашава, якая звязвала
ўсе палітычныя лагеры на тэрыторыі Мардоўскай АССР. Да гэтага часу яна
з’яўляецца засакрэчанай.
– Як змяніўся лагерны рэжым пасля смерці Сталіна, ці шмат чаго засталося ў лагеры ад той жахлівай эпохі?
– Вядома, што ў 1953 г. адразу пасля смерці
Сталіна і арышту Берыя ў лагерах ад Нарыльска да Казахстана, ад Мардовы
да Калымы пракаціліся паўстанні зняволеных супраць нечалавечых умоў
адбыцця пакарання, зверстваў адміністрацыі, правакацыяў на расстрэлы,
голаду, непасільнай працы, і г.д. А ў першыя часы «хрушчоўскай адлігі»
адбылося пацяпленне і ў лагерах з палітзняволенымі. Наглядчыкі,
канваіры і іншыя служачыя добра памяталі нядаўнія паўстанні асуджаных і
проста не ведалі, як сябе паводзіць са зняволенымі зараз, не ведалі,
што іх чакае заўтра, таму абыходзіліся з «палітычнымі» лагернікамі
вельмі асцярожна.
Праўда, гаварыць «палітычны» не зусім правільна,
бо такога тэрміна ў Савецкім Саюзе не было. Па артыкулах асуджаныя
праходзілі як «особо опасные государственные преступники», гэта значыць
«антисоветчики», ды «изменники Родины», якія сядзелі за вайну 1939-1945
г.г.
Вядома, што ў перыяд з 1956 па 1960 гг. лагерныя
ўмовы былі настолькі палегчаныя, што зняволеных нават не прымушалі
працаваць, дазваляліся перадачы з волі, лісты ад родных, у сталоўку за
брыдкай ежай практычна ніхто не хадзіў, бо з'явіліся шапікі, а любы
лагернік па жаданні мог зарабіць грошай. Гэта быў так званы «залаты
век» палітычнага лагеру, які я ўжо не застаў.
Што датычыцца майго этапу, а гэта быў 1963 год,
адміністрацыя турмаў апамятавалася, што ўлада яшчэ застаецца ў іх
жалезных савецкіх руках, і многія з былых парадкаў вярнуліся зноў.
Абавязковым быў 8-гадзінны працоўны дзень, карцэр за непаслухмянасць,
правакацыі з боку наглядчыкаў. Права на пасылку – адну на год, кепскае
харчаванне на 40 капеек у суткі. Але гэта была ўжо не тая турма, пра
якую распавядалі былыя вязні і пра якую пісаў А. Салжаніцын у
«Архіпелагу ГУЛАГу».
– У чым заключаліся правакацыі з боку адміністрацыі, наглядчыкаў лагеру?
– Падчас майго этапавання ў мардоўскім лагеры ў
1963 годзе знаходзілася 80% людзей, якія сядзелі за другую сусветную
вайну па артыкуле “здрада Радзіме”. Сярод такіх людзей былі паліцаі,
палонныя, партызаны і г.д. Тэрміны ў іх былі вялікія – да 25 гадоў
зняволення.
Калі я апынуўся ў лагеры, яны адседзелі па 17
гадоў. Гэта і тлумачыць такі вялікі працэнт зняволеных за вайну. А
антысаветчыкаў было параўнальна мала, бо шмат каго рэабілітавалі пасля
смерці Сталіна, альбо выпусцілі за адсутнасцю складу злачынства.
Адміністрацыя лагеру з-за нейкіх сваіх карысных
інтарэсаў спрабавала нас сварыць. Нам, дысідэнтам, казалі: “Вы ж,
студэнты, проста кніжкі чыталі, а тыя – здраднікі, ішлі супраць нас са
зброяю ў руках!”. А ім казалі іншае: “Вас жа жыццё заставіла, а гэтым
што трэба – яны ж гора ніколі не бачылі”.
Вядома, “здраднікі Радзімы” сваю працу
выконвалі: сачылі за намі, данасілі, калі што не так, бо сядзелі доўга,
ім трэба было выслугоўвацца. Мы паміж сабой так іх і называлі –
“здраднікі”.
– Цяжка было прыстасавацца да жыцця ў лагерных умовах?
– Жыццё за кратамі для мяне з самага пачатку не
падалося нечаканай трагедыяй, як для іншых. Спрацавала біяграфія, бо
нарадзіўся я ў Магаданскай вобласці, жыў у г. Магадане, дзе ў той час
знаходзіўся самы знакаміты лагер. Там жа пайшоў у сярэднюю школу.
Бацькі – палітзняволеныя (тата быў асуджаны ў 1935 г., дзед па матчынай
лініі – у 1929 г.).
Таму я добра ведаў лагерны побыт і парадкі, а
таксама лагерную літаратуру, фальклор. Маральна быў падрыхтаваны. Тым
больш, сулагернікамі былі адукаваныя, інтэлігентныя людзі.
Вольны час мы скіроўвалі на самаадукацыю.
Адпрацуем – і па кніжкі, газеты, часопісы. Чыталі шмат. Праводзілі
дыскусіі, абмяркоўвалі розныя тэмы.
Сярэдняя школа ў г. Магадане. Агромністай выявай на ўваходзе школьнікаў сустракае “Вялікі Брат” Сталін
– Якія кнігі дазвалялася чытаць?
– Нам дазвалялася выпісваць любую афіцыйную
савецкую літаратуру. А на той момант ужо было выдадзена шмат расейскай,
а таксама ўкраінскай і беларускай нацыянальнай літаратуры. У зняволеных
за час адбыцця пакарання збіраліся агромністыя бібліятэкі з кнігамі,
часопісамі, газетамі.
Якраз у тыя часы вялікім адкрыццём стала кніга
Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”, якая выклікала ажыятаж сярод
лагернікаў. Дзякуючы таму, што аўтар сам пераклаў кнігу на расейскую
мову, яна выйшла ў часопісе “Новый мир”, а гэты часопіс нам дазвалялася
выпісваць ў лагеры, бо ён быў афіцыйны. Чыталі кнігу з вялікім
захапленнем, адкрываючы для сябе нібыта новую галактыку. Упершыню мы
пабачылі вобразы не надуманых гераічных і сімвалічных герояў Савецкай
арміі, а сапраўдных людзей; пабачылі рэальныя страшныя акалічнасці
партызанскага жыцця. Гэта была яшчэ адна праўда пра вайну.
– Ці ўзнікалі ў лагеры раптоўныя сустрэчы з
беларусамі? Як складваўся іх лёс, па якіх артыкулах і на колькі былі
пакараныя? Увогуле, як сябравалася з сулагернікамі?
– «Хто?», «Адкуль?» «Студэнт?» «З Менску?!» «Во!
Дык такія ў нас ёсць – беларусы!» Такім воклічам сустракалі мяне з
этапу. Прыкладна так сустракалі кожнага новага зняволенага, бо гэта
была падзея – можна было пабачыць земляка. Падчас маёй адсідкі
беларусаў было зусім мала. Можа, адбывалі ў суседніх лагерах, але я пра
гэта не ведаю.
– А кім быў прадстаўлены беларускі асяродак у вашым лагеры?
– Вы спрабуеце даведацца пра беларускіх
нацыяналістаў, ці шмат такіх было... Трэба разумець той факт, што пасля
смерці Сталіна, і калі адбылося яго асуджэнне, у 1955-1956 гг. шмат
людзей увогуле было вызвалена за «адсутнасцю складу злачынства», і
беларусаў у тым ліку. Да таго ж, прыкладна ў 60-х – 70-х гг. тэрміны
зняволення скончваліся, людзі вярталіся дадому.
На пачатку 1970-х этапаваных станавілася ўсё
меней. Шмат заставалася менавіта ўкраінскіх нацыяналістаў і рускіх
дысідэнтаў. Аднак і з беларусамі мяне звёў лёс. І якія гэта былі
беларусы – самыя вядомыя на ўвесь лагер! Праходзілі па вельмі гучнай
справе 1952 года, што ўмоўна называлася «амерыканскім дэсантам».
Сама гераічная гісторыя, калі яны з
амерыканскага самалёта высаджваліся ў Беларусі з мэтай антысавецкага
супраціву, уражвала ўсіх нас! І адбывалі пакаранне ў маім лагеры абодва
гэтыя дэсантнікі – Цімох Вострыкаў і Генадзь Касцюк. Апошні быў вельмі
сціплы і маўклівы, а вось Цімох, кіраўнік дэсанту, быў завадатарам,
вясёлым хлопцам. Тэрмін яго пакарання скончыўся на два гады пазней
майго – у 1975-м.
– Якім Вам запомніўся Цімох Вострыкаў у лагеры?
– Якраз Вострыкаў і быў тым самым яркім
прадстаўніком беларускага нацыяналістычнага асяродку. Размаўляў з усімі
толькі па-беларуску. Шмат распавядаў нам па гісторыі Беларусі, пра
Вялікае княства Літоўскае, пра беларускі нацыяналізм.
У Вострыкава была свая кампанія, з кім ён цесна
кантактаваў. Але мяне найбольш уразіла першае з ім знаёмства. «Адкуль?
— кажа. — Менскі студэнт з палітэхнічнага? А на якой мове навучаецеся ў
інстытуце?» — «На рускай», — кажу. «О...А як жа гэта, на рускай? А чаму
ж так? Чаму не на беларускай?» Ён вельмі перажываў за гэта.
Па выхадзе на свабоду. Менск, 1973 год – Ці даводзілася сустракаць вядомых грамадскіх дзеячаў ці палітыкаў?
– Вядома, былі вядомыя людзі розных
нацыянальнасцяў. Адбываў пакаранне ў нашым лагеры літоўскі нацыяналіст
Баліс Гаяўскас. Яму прысудзілі 25 гадоў за нацыяналістычны рух у Літве,
а пасля вызвалення зноў далі 10 гадоў зняволення за пераклад кнігі
“Архіпелаг ГУЛАГ” на літоўскую мову.
37 гадоў Гаяўскас пражыў за кратамі. У лагеры з
самага пачатку запомніўся тым, што меў пры сабе сем агромністых валізак
з кнігамі. І больш нічога. Трымаўся з гонарам, чытаў шмат, увогуле, быў
самым чытаючым чалавекам сярод лагернікаў. Па выхадзе на свабоду
Гаяўскас зноў прыняў актыўны ўдзел ва ўзнаўленні літоўскай
дзяржаўнасці. На пачатку 90-х стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета
Літоўскай ССР, узначальваў парламенцкую камісію па расследаванні
дзейнасці КДБ.
З падобным лёсам быў украінскі нацыяналіст і
палітычны дзеяч, сённяшні старшыня УНА-УНСО Юрый Шухевіч. На момант
майго этапавання тэрмін адбыцця пакарання яго заканчваўся, яго пры мне
вызвалілі, але хутка пасля зноў пасадзілі. У 1972 годзе Шухевіч быў
пакараны за антысавецкую брашуру, якую знайшлі ў яго хаце. На гэты раз
далі 10 гадоў пазбаўлення волі. Так што большая частка жыцця гэтага
выбітнага палітычнага дзеяча прайшла ў няволі.
– Зараз актуальна для ўкраінцаў пытанне аб
прысваенні звання Героя Украіны Стэпану Бандэры. Ці абмяркоўвалася
гэтая асоба ў лагерным ўкраінскім асяродку?
– Фігура Бандэры ніколі не выклікала спрэчак ва
ўкраінскіх лагерных колах. Пра яго заўсёды гаварылі з вялікім гонарам.
Ён быў бясспрэчным героем нацыянальна-вызвольнага руху Украіны,
чалавекам-легендай, выбітным змагаром з камунізмам, фашызмам і
шавінізмам.
– Хто з палітычных рэпрэсаваных найбольш уразіў Вас як асоба?
– Разам са мною адбывалі пакаранне вядомыя зараз на ўвесь свет пісьменнікі –
Андрэй Сіняўскі і Юлій Даніэль. Іх абвінавацілі ў напісанні і перадачы
за мяжу твораў, якія «ганілі савецкі дзяржаўны і грамадскі лад».
Упершыню справа палітычных разглядалася на адкрытым судовым працэсе.
Пра іх пісалі газеты.
Пісьменнікі не прызналі сваёй віны, нягледзячы
на тое, што падчас следства на іх аказваўся моцны ўціск КДБ. Гэтыя
людзі зрабілі выклік дыктатарскаму рэжыму і абвясцілі сваё права пісаць
і друкаваць антысавецкія творы ў любой свабоднай краіне.
Гэтак сама пісьменнікі паводзілі сябе і ў лагеры – незалежна, з гонарам. Яны ўразілі не толькі мяне, але і ўсіх зняволеных.
– Хто Вас чакаў з лагеру і якія падзеі ўзрушылі пасля на свабодзе?
– Чакалі мяне маці, бацька і брат. Дарэчы, маці
раз у год наведвала мяне ў лагеры. Дарога з Мінску не блізкая, але
болей сустрэч і не дазвалялася.
Што ўзрушыла... У 1990 годзе ў Санкт-Пецярбургу
адбыўся І з'езд палітзняволеных, на які быў запрошаны і я. Там пабачыў
усіх сваіх сулагернікаў. Гэта было маштабнае мерапрыемства з удзелам
вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, праваабаронцаў.
І з’езд палітзняволеных. Санкт-Пецярбург, 1990 год
Сустрэча з фінскім сябрам, савецкім дысідэнтам і былым сулагернікам
– З чым Вы звязалі сваю дзейнасць у далейшым?
– Мой лёс з самага пачатку склаўся так, што не
прыйшлося выбіраць род заняткаў. Займаюся тым, што больш за ўсё баліць.
Таму сваю дзейнасць звязаў з пошукам інфармацыі па ахвярах
камуністычнага і нацысцкага рэжымаў, а таксама ўшанаваннем іх памяці.
Супрацоўнічаў з Санкт-Пецярбургскім “Мемарыялам”: дапамагаў збіраць
інфармацыю, прымаў удзел у штогадовых вандроўках з былымі палітвязнямі
на Салаўкі, дзе пры савецкай уладзе знаходзіўся першы палітычны лагер
асобага прызначэння, больш вядомы па абрэвіятуры “СЛОН”. Збіраў
інфармацыю для публікацый пра лагер палонных і інтэрнаваных у г.
Баровічы Ноўгарадскай вобласці. Зараз з’яўляюся намеснікам старшыні
секцыі «Мемарыял» БДТАПГіК у Мінску.
Сяргея Ханжанкова, разважлівага,
інтэлігентнага чалавека, звычайна можна пабачыць на акцыях па
ўшанаванні памяці ахвяраў нацызму і сталінізму і на вулічных акцыях. Ён
актыўна ўдзельнічае ў гісторыка-культурніцкіх мерапрыемствах:
канферэнцыях, пасяджэннях, круглых сталах, паездках па краіне. Яго як
асобу не здолелі зламаць ні ўсе недэмакратычныя рэжымы, пры якіх ён
жыў, ні дзесяць гадоў лагераў. Але чаму ў нашай краіне застаецца шмат
тых, пра каго Сяргей Мікалаевіч пісаў на пачатку 60-х у сваёй праграме
– «беспрынцыпных, баязлівых, здольных на сляпое павінавенне»?..
|