Неабыякавыя нататкі
Чым далей ад нас
адыходзяць тыя гады і тыя падзеі, калі беларускі народ, стаўшы на шлях
самавызначэння, дамагаўся сваёй дзяржаўнай незалежнасці, тым глыбей
асэнсоўваецца гістарычная роля і значэнне дзеячаў Беларускай Народнай
Рэспублікі ў жыцці народа і нацыі. Неацэнную паслугу тут нам аказваюць даследчыкі
гістарычных падзей, так бы мовіць, рэстаўратары мінуўшчыны, сярод якіх пачэснае
месца займае і Ўладзімір Сакалоўскі. Яго новая кніга «Надзвычайная місія БНР у
Нямеччыне (1919-1925)», змешчаная ў часопісе Arche, №3, 2009, стар.1-328,
прадметна і шматпланава раскрывае адзін з найбольш драматычных перыядаў
гістарычнай чыннай рупнасці беларусаў па стварэнні і адстойванні сваёй
дэмакратычнай народнай дзяржавы.
Адраджэнне краіны і імкненне
беларусаў да еднасці, нацыянальнай аўтаноміі, самастойнасці выспявала пад
моцным уціскам расейскага самаўладства, а таму і было яно даволі стрыманым і
павольным.
Паўстанне ў 1863 годзе, а
потым рэвалюцыйныя падзеі 1905 года ў Расеі абудзілі да жыцця ў мясцовага
насельніцтва (найперш у інтэлігенцыі) парасткі самаўсведамлення, што вялі
спакваля да фарміравання нацыянальнага руху. Вайна 1914-1918 гадоў выклікала
яшчэ большую цікавасць да самавызначэння і вызвалення з-пад прыгнёту Расеі.
Разам з беларусамі, зрэшты, тыя ж памкненні мелі і іншыя народы, палякі і
ўкраінцы, фіны і латышы, літоўцы.
Узрастанню незалежніцкіх
настрояў на Беларусі ў значнай меры садзейнічала палітыка нямецкіх акупацыйных
уладаў, і такія акалічнасці як гатоўнасць немцаў прызнаць беларускі народ
асобнай нацыяй, як пераклад акупацыйных загадаў на беларускую мову, адкрыццё
школ на роднай мове, дазвол весці набажэнства па-беларуску, наданне беларускай
мове статуса самастойнай і роўнай па значэнні з мовамі іншых народаў рэгіёна,
пра што яскрава засведчыў факт выдання «Слоўніка на сямі мовах: нямецкай,
польскай, рускай, беларускай, літоўскай, латышскай, габрэйскай» - усё гэта
паказвала, што і беларус можа мець сваю годнасць і радасць ад усведамлення сябе
гаспадаром (не тое што пад Расейскай імперыяй!). Усё гэта натуральна спрыяла
ўзрастанню незалежніцкіх настрояў і памкненняў.
Праца У. Сакалоўскага
"Надзвычайная місія БНР у Нямеччыне" ўяўляе сабой зборнік дакументаў, упершыню
гэтак поўна і з веданнем справы сабраных пераважна ў архівах Берліна, Вільнюса,
Мінска. Іх тут больш за дзве сотні ды яшчэ фатаграфіі з нямецкіх газет і
часопісаў. Дакументы сістэматызаваны, уладкаваны ў кнігу па важнейшых
напрамках дзейнасці Берлінскай місіі, з грунтоўным уступам да іх, напісаным
гэтым жа нашым пранікнёным даследчыкам, супрацоўнікам Славістычнага семінара
Бонскага універсітэта.
Гартаеш, чытаеш,
удумваешся... Пачуццё глыбокай павагі, захаплення ды запозненай (на цэлыя
пакаленні) трывогі, нематываванай віны ахоплівае душу. Якія асобы, іх шмат! І
як шчыра, аддана і самаахвярна служылі яны роднай зямлі, прадвызначаючы для яе
волю і свабоду! Які чын у дакляраванні, сцвярджэнні і абароне незалежнай
Беларускай Народнай Рэспублікі! Колькі высілкаў на гэта пакладзена!
І тут паняволі ўзнікае пытанне: як і дзе
знаходзілі сілы чальцы Рады і Ураду БНР, каб столькі часу упарта змагацца за
сваю краіну, трываць няўдачы і доўжыць далей сваю справу? Прынамсі, у гэтым
выпадку беларусы даказалі, што здольны адстойваць нацыянальныя ідэі, ідэалы,
каштоўнасці не толькі самаахвярнай працай, але і цаной свайго жыцця, нездарма
ж на рубяжах беларускай незалежнасці склалі саве галовы 11 тысяч чалавек.
Надзвычайная берлінская
місія беларусаў, апантаных ідэяй самавызначэння свайго народа і сцвярджэння
дзяржаўнасці ў незалежнай дэмакратычнай
рэспубліцы, з'явілася
для даследчыка і ўкладальніка зборніка дакументаў
У.Сакалоўскага акурат
той прызмай, праз якую найлепшым чынам раскрываецца драма, а тут дарэчы будзе
сказаць, і аптымістычная трагедыя БНР увогуле.
Дзейнасць дыпламатычнай
місіі разбіта на сем раздзелаў: Пачатак адносін з акупацыйнымі ўладамі,
Дыпламатычнае ўзвіжанне, Праца з ваеннапалоннымі, Прэс-бюро і культурна-асветная
праца, Дзейнасць па сувязях з іншымі арганізацыямі, Фінансавая і гандлёвая
рупнасць, Берлінская канферэнцыя 1925 года. Падзеі адсочваюцца ад самых вытокаў,
і натуральна, што дакументы ў зборніку змешчаны ў храналагічнай паслядоўнасці.
Адносіны немцаў да створанай у прыфрантавых
умовах структуры Беларускай Народнай Рэспублікі на пачатку былі недаверлівымі
і даволі складанымі, але з цягам часу яны ўнармаваліся, палагоднелі, і нямецкія
ўлады перадалі кіраўніцтву новай рэспублікі нават пэўныя функцыі кіравання
краінай.
Іншае назіралася з боку
польскіх уладаў, якія квапіліся на беларускія землі і потым захапілі заходнюю
частку краіны. Не лепш ставіліся да БНР таксама і бальшавікі. Па сваёй
ідэалагічнай сутнасці яны не маглі трываць аніякіх дэмакратычных уладаў, апроч
дыктатуры пралетарыяту, аніякай самастойнай формы дзяржаўнага ўтварэння,
апроч камуністычнага кагалу. Імі груба фальсіфікаваліся гістарычныя факты,
вялася зацятая паклёпніцкая кампанія супраць БНР. Жалю варта, адзначае даследчык,
але ж яшчэ і да гэтага часу сустракаюцца даволі цвердалобыя гісторыкі, якія
карыстаюцца тагачаснымі бальшавіцкімі штампамі, перапісваюць тэндэнцыйныя і
бязглуздыя тэзы пра БНР, спрабуючы даказаць яе несамавітасць, малазначнасць ды
марнасць. Яны схільны захапляцца, да пры-кладу, Парыжскай камунай, з яе новай
формай дзяржаўнага складу, што праіснавала некалькіх месяцаў і зусім не
чуюць, не бачыць шматгадовай напружанай высакароднай працы Урада БНР перш на
ўласнай тэрыторыі, а потым і за яе межамі.
Грунтуючыся на
дакументах, аўтар слушна даводзіць пра галоўны напрамак у працы Берлінскай
місіі - прызнанне Германіяй суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі, чаго
яшчэ не было. Немцы то прыхільна ставіліся да беларускага нацыянальнага руху,
да беларускага эміграцыйнага ўраду і нават ахвотна ішлі на перамовы з ім, але
ж яны пасля паразы ў вайне не мелі дастатковай волі на падобныя міжнародныя
акцыі, бо іх правы і іх свабода былі падкарочаны Версальскімі дамовамі. Ім не
выпадала першымі прызнаць беларускі ўрад пакуль гэтага не зробяць іншыя,
асабліва краіны Антанты, Англія, Францыя. Гэта так, але ж, аналізуючы
дакументы, У.Сакалоўскі яшчэ і яшчэ раз паказвае, наколькі ўважлівымі і
клапатлівымі былі нямецкія ўлады ў адносінах да нашых дыпламатычных службаў,
што прадстаўлялі БНР. Міністэрства замежных спраў Германіі, напрыклад,
цыркулярам за 4 лістапада 1920 года, які разаслала ў Рыгу, Коўна, Маскву,
Стакгольм, патрабавала ад сваіх дыпламатаў у той сітуацыі "звярнуць асаблівую
ўвагу на захаванне неафіцыйных адносін, паклаўшы іх у аснову дзейнасці з
беларускімі прадстаўніцтвамі". І ўжо, адступаючы ад тэкстаў гэтага зборніка,
вазьму на сябе смеласць зазначыць: на дваццаць гадоў пазней, у 2-ю сусветную
вайну, з падобнаю ўвагай і прыхільнасцю ставіўся да Беларускай Цэнтральнай
Рады, што доўжыла справу БНР у акупаванай краіне, Вільгельм Кубэ.
Цікава, што ў Нямеччыне пасля Першай сусветнай
вайны заставалася 60 тысяч беларускіх ваеннапалонных, і Надзвычайная місія пры
неабходнасці аказвала ім юрыдычную і грашовую дапамогу, выдавала беларускія
пасведчанні, а прыватным асобам - пашпарты, па якіх нашы грамадзяне маглі бэз
перашкод ехаць на Бацькаўшчыну альбо жыць у замежжы. Дыпламатычная місія
перадавала ў лагеры ваеннапалонных шмат беларускай нацыянальнай літаратуры,
часопіс «З роднага краю», бюлетэні Беларускага Прэс-Бюро. Многія з паняволеных
беларусаў гатовы былі паслужыць сцвярджэнню і адстойванню са зброяй у руках
сваёй самастойнай дзяржавы, місія, як і ў цэлым Урад БНР, настойліва дамагаліся
стварэння беларускага войска. Але Польшча і Расея ўсяляк блакіравалі вырашэнне
гэтага пытання нямецкімі ўладамі. Нямала шкодзілі ў запачаткаванні вайсковых
спраў таксама расейскія генералы, што заставаліся ў Германіі ды не прызнавалі
Беларусь.
Беларускае Прэс-Бюро пры Надзвычайнай місіі
выдавала бюлетэні на нямецкай мове. Яно асвятляла дзейнасць як самога ўрада,
так і ягоных прадстаўніцтваў, выкрывала хлусню і дэзінфармацыю, што ў якасці
памыяў шчодра вылівалася на дзеячаў БНР з боку польскіх і савецкіх сродкаў
інфармацыі і прапаганды.
Пачынаючы з 1920 года,
Прэс-Бюро рэгулярна раз ці два разы на тыдзень выпускала бюлетэні пра
Беларусь. Гэта была адна з найбольш кампетэнтных крыніц інфармацыі для
нямецкай грамадскасці, асабліва прэсы і Міністэрства замежных спраў Германіі і
іншых краін пра лёс беларускага народа. У бюлетэнях утрымліваліся найбольш
дакладныя звесткі пра нацыянальны і сацыяльны ўціск, пра нечуваныя здзекі над
людзьмі пры акрутным рэжыме Пілсудскага. Падавалася дакладная інфармацыя пра
паўстанні беларускага сялянства за Саветамі і бальшавікамі, раскрывалася сама
сутнасць, планы і задачы БНР; разам з тым рыхтаваліся агляды зарубежнай прэсы
для свайго ўраду. Беларускаму Прэс-Бюро ўдалося навязаць зносіны не толькі з
рознымі прыватнымі тэлеграфнымі агенствамі, але і афіцыйнымі - «Вольфа»,
«Прэссэ-Вартэ», літоўскім «Эльта».
Успамінаючы пра той час,
Васіль Захарка з задавальненнем адзначаў: "Наша Прэс-Бюро разносіць весткі па
ўсяму сьвету. Нас запрашыюць чытаць лекцыі, рэфэраты і наогул як можна больш
інфармаваць немцаў у беларускай справе..."
Пры Берлінскай місіі,
дарэчы, існавала і выдавецкая суполка «Вызваленне». Гэта ў ёй былі выдадзены
кніга А.Цвікевіча «Адраджэнне Беларусі і Польшча» (Берлін, 1921), часопісь для
беларускіх ваеннапалонных «З роднага краю», аказана дапамога ў выданні на
нямецкай мове кнігі В. Егера «Беларусь». Тут выштукавалі першыя дзяржаўныя
загранічныя пашпарты для цывільных, аддрукавалі паштоўкі з гербамі беларускіх
ваеводстваў, а таксама карту Беларусі з удакладненнямі і дадаткамі.
Як паказваюць дакументы,
Берлінская місія адыграла важную ролю ў навядзенні дыпламатычных мастоў. На
пачатку была праведзена канферэнцыя паслоў усіх дзяржаў, якія ўзніклі пасля
развалу царскай імперыі - на тэрыторыях, што акаймоўвалі яе з поўдня і захаду:
Азербайджан, Грузія, Паўночны Каўказ, Украіна, Беларусь, Латвія, Эстонія.
Многія важныя пытанні вырашаліся Урадам БНР таксама ў Берліне як горадзе,
размешчаным у цэнтры Еўропы, куды зручней за ўсё было дабірацца, запрашаць
прадстаўнікоў з Канстанцінопаля, Прагі, Капенгагена, Рыма, Сафіі, Парыжа...
Адсюль накіроўваліся на канферэнцыі - Парыжскую, Жэнеўскую, Генуэзскую і
іншыя. З Берлінскай місіяй мела зносіны шырокая сетка карэспандэнтаў з усіх
кантынентаў свету: гэта разнастайныя замежныя палітычныя і грамадскія дзеячы
і ўстановы, агенцтвы і карпункты.
У дзейнасці Гандлёвай Камісіі актыўны удзел
прымаў як сам кіраўнік Рады Міністраў Вацлаў Ластоўскі, так і Старшыня Рады
Народнай Рэспублікі - Пётра Крачэўскі. Гандлёвы клопат місіі, хаця
і не прынёс асаблівых дывідэндаў БНР, тым не менш быў працяглым па часе,
значным па багаццю дакументаў, інтэнсіўным па ўдзелу ў ёй урадавых структур.
Апошнім этапам у
дзейнасці Надзвычайнай місіі БНР у Нямеччыне стала правядзенне сумнавядомай
Берлінскай канферэнцыі 12 - 15 кастрычніка 1925 года. Дакументы праліваюць
святло на актыўную арганізацыйную, але ў пэўнай меры і змоўніцкую (пры ўдзеле
Саветаў) ролю ў ёй Аляксандра Цвікевіча. Тым не менш на канферэнцыі была прынята
рэзалюцыя "ў справе так званай крывіцкай прапаганды", якая сваёй матываванасцю
і актуальнасцю ніяк не страчвае свайго значэння па сёння, але была забытая
беларускай эміграцыяй у пасляваенныя саракавыя і пяцідзесятыя гады, калі па
прапанове неабачлівых і зацыкленых на мроях Ластоўскага навукоўцаў нашы
суайчыннікі дапусцілі ў сваім асяродку раскол, падзяліўшыся на "крывічоў" і
гэтак званых "зарубежнікаў" ды ажно да смерці вялі між сабою вайну. Але на чым
жа сышліся тады ў Берліне беларускія дзеячы?..
Заслухаўшы даведку аб так
званай "крывіцкай прапагандзе" Нарада лічыць, што думка аб перамене
нацыянальнага імя Беларусі на "Крывію" ёсць сведчанне гістарычнага рамантызму,
што ў плашчыне акадэмічнай не з'яўляецца небяспечным. Аднак прымаючы пад
увагу... што гэта прапаганда ўносіць разлад у свядомасць народа... і што краявыя
арганізацыі рашуча выказаліся супраць яе, - Канферэнцыя, не ўваходзячы ў
акадэмічны разгляд пытання, лічыць "крывіцкую прапаганду" шкоднай інтарэсам
беларускага нацыянальнага адраджэння.
У гэтай рэзалюцыі
праявіліся абачлівасць і мудрасць дэлегатаў важнейшай палітычнай нарады.
Але ж тут яны не маглі не
дапусціць расколу беларускага нацыянальнага руху, і ён адбыўся ўжо з іншай
нагоды. Сцэнар нарады, як сведчаць дакументы, па сутнасці быў распрацаваны ў
Менску, у сценах ЦК КП(б)Б, пры чынным удзеле Масквы.
Для людзей, надзеленых
душой і сэрцам, асабліва патрыётаў сваёй зямлі, спакутаваных і знясіленых у
беспатольнай працы на эміграцыі, вельмі зразумелая цяга на Бацькаўшчыну. І,
вядома, было б больш выйгрышным і апраўданым, калі б спадар Цвікевіч,
ахвяраваўшы сваім, у пэўнай меры эфемерным кабінетам міністраў, знайшоў у
Савецкай Беларусі нешта лепшае, ну - тое, чаго шукаў і што яму тамтэйшыя
жанглёры чалавечымі лёсамі, выступаючы пад маскамі дабрадзеяў, шчодра
дакляравалі. Але ж Берлінская канферэнцыя, падтрымаўшы прапанову старшыні Ураду
аб самаліквідаванні Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, дала пуцёўку
ўтрапёнаму спадару Цвікевічу і ягоным паплечнікам Уладзіміру Пракулевічу,
Леанарду Зайцу не ў краіну цудаў, а на эшафот.
Канферэнцыя паклала канец
актыўнай дзейнасці ўрада БНР. Праўда, Рада - тая самая Рада БНР, якая шэсць -
сем гадоў таму, разгарнула працу па
стварэнні дзяржавы і
прыцягнула ў значнай меры на свой бок народ, а ў выніку прымусіла бальшавікоў,
што гулялі ў рожкі з ёй, пайсці на ўтварэнне БССР, не знікла, не, а толькі
пацярпела значныя страты. Яна засталася. І Урад БНР быў утвораны па-новаму.
Таму і не варта спадарам гісторыкам перабольшваць значэнне гэтай Берлінскай
канферэнцыі, па-змоўніцку падрыхтаванай і небездакорна праведзенай. Важней
зразумець апантанасць піянераў і першапраходцаў беларускай дзяржаўнасці, якія,
робячы гістарычную справу, не знайшлі да сябе спагады і не знайшлі падтрымкі ў
дзейнасці ні з боку Англіі, ні з боку Францыі, не гаворачы ўжо пра Польшчу і
Расею, спрактыкаваных адно на ўціску нацыянальнай годнасці беларусаў.
Дапамагала ж Беларускай Народнай Рэспубліцы, чым магла, суседка з поўдня -
Україна.
І дзіўна, пры сваёй
актыўнасці, як маглі працяглы час трымацца і дзе знаходзіць сілы дзеячы БНР у
эміграцыі! Пра гэта неспакойна думаеш, калі знаёмішся з дакументамі кнігі.
Праўда, атрымліваючы ад тэкстаў пэўны зарад энергіі і бачанне той, ужо
гістарычнай рэальнасці, у якой жылі, рупіліся і змагаліся яны, бэнээраўцы,
пачынаеш разумець, што толькі поўнае ўсведамленне нацыянальных клопатаў і
задач, іх велічы, што паўстала перад імі, ды першыя ўдалыя крокі ў разбудове
дзяржавы надавалі ім аптымізму, памнажалі сілы. Сапраўды, больш вялікіх задач і
высакародных памкненняў ніхто з іх, бадай, не мог і ўявіць. Таму і рабілася
стаўка цаною ў жыццё. Таму і паказальна, што ў апошнім дакуменце зборніка
ўтрымліваецца фраза, якая адлюстроўвае дух, настрой гэтых дойлідаў БНР, і,
спадзяюся, падаўжальнікаў іх справы: "Рэальнасць падпарадкоўвае слабейшых, а
моцны духам рамантызм змагаецца і накрэслівае новыя шляхі будучыні".
У працы У. Сакалоўскага
раскрываецца яшчэ адна, дый можа не адна старонка гісторыі беларускага
нацыянальнага руху на цярністым шляху станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
Было б пажадана, каб пры
асобным выданні «Надзвычайнай місія БНР у Нямеччыне» было больш каментарыяў,
якіх у часопісным варыянце, на жаль, не хапае.
Васіль Якавенка,
пісьменнік
|