Беларусы замежжа
20.09.2011 | 02:11 |
Міра ЛУКШАМіра ЛУКША

Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету праходзіў 8-10 ліпеня 2011 г. у Мінску. На працягу трох дзён адбыліся ўрачыстыя сустрэчы і мерапрыемствы з удзелам дзеячаў беларускай культуры, з беларусамі замежжа, якія прадстаўляюць беларускую культуру і лічаць Беларусь сваёй радзімай.

У мерапрыемствах прынялі ўдзел калектывы, фотамастакі, пісьменнікі, мастакі, майстры прыкладных мастацтваў, а таксама лідэры грамадска-культурных аб’яднанняў беларускага замежжа з дванаццаці краін свету.

З Польшчы на свяце прысутнічалі два бельскія калектывы — вакальна-інструментальная „Маланка” і мужчынскі хор „Куранты” з кіраўнікамі Сяргеем Лукашуком і Алінай Негярэвіч, літаратары з Беларускага літартурнага аб’яднання „Белавежа” Юрый Баена і Міра Лукша ды сябра кансультацыйнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Ян Сычэўскі, старшыня БГКТ (іншаму сябру гэтага савета Яўгену Вапу забаранілі ўезд у Рэспубліку ў Беларусь, — як сказалі арганізатары фестывалю, задуманага на апошнім З’ездзе беларусаў свету, дачыненне да гэтага мела беларуская дыпламатыя, а не яны — працаўнікі беларускай культуры). 

Адбыліся пасяджэнні па справах беларусаў замежжа ў парламенце РБ і Віцебску, канцэрты самадзейных фальклорных калектываў у прадпрыемствах Мінска і ў Віцебску, у Мінску была адкрыта выстава „Беларускія мастакі ў свеце”, фотавыстава прысвечаная дзейнасці беларускіх грамадскіх аб’яднанняў замежжа, а таксама праведзена сустрэча з беларускімі літаратарамі Польшчы, Латвіі, Расіі і Украіны. Завяршыўся першы фестываль мастацтва беларусаў свету выступам беларускіх музычных калектываў замежжа ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

— Нягледзячы на прысутнасць ці адсутнасць мінусаў у арганізацыі фестывалю, важна тое, што такая падзея адбылася, — сказаў старшыня федэральнай нацыянальнай культурнай

аўтаноміі „Беларусы Расіі”

Валерый Казакоў: — Калі задашся мэтай, то знойдзеш і задаволеных, і незадаволеных гэтым фестывалем. І вакол тут пачынаюць нейкія палітычныя жарсці — думаю, што гэта непатрэбна. Мы з Адамам Мальдзісам працуем над вельмі сур’ёзным энцыклапедычным даведнікам „Беларусы памежжа”. А беларуская дыяспара ў Расіі шматлікая. Усяго беларусаў афіцыйна па перапісе 2002 года лічыцца 816 тысяч, а раней іх было мільён дзвесце тысяч. За дзесяць гадоў паўмільёна кудысьці зніклі. З трывогай чакаю вынікаў апошняга перапісу. Галоўная прычына знікнення — беларусы асімілююцца, перастаюць усведамляць сябе беларусамі. На жаль, гэта так. Чаму? На тое ёсць шмат прычын. Не апошняе месца займаюць і занядбанне роднай мовы ў метраполіі, скасаванне запісу нацыянальнага паходжання ў расійскім пашпарце, інтэрнізацыя жыцця і агульная ўніфікацыя. Што будзе з намі далей — ужо і так бачна: мы можам знікнуць як выбітны этнас па-за межамі Беларусі. Ці добра гэта? Лічу, што не. Адсюль і перамены ў кірунках працы нашай супольнасці. Мы вырашылі: ад аднаго толькі замілавання скокамі і спевамі трэба пераходзіць да беларускай работы. А гэта — ладзіць беларускія школы, факультатывы, падкрэсліваць сваю ўнікальнасць, адметнасць, шукаць і замацоўваць навукова свае карані, распаўсюджваць звесткі пра ўклад беларусаў у навуку і культуру Расіі, а яшчэ рабіць працу па вяртанні на Радзіму каштоўнасцей, калісьці адсюль звезеных. Нешта ўжо атрымліваецца. Зрабілі электронныя каляровыя копіі тэкстаў двух старажытных летапісаў: Слуцкага і Баркалабаўскага, рыхтуем іх кніжнае выданне і перадачу Нацыянальный бібліятэцы Беларусі. Зрабілі нядрэнныя копіі карцін са славутага збору Нямцэвічаў, якія часова былі вывезены ў 1914 годзе са Скокаў, што на Берасцейшчыне. Цяпер ладзім адліўку гармат, якія калісьці ўпрыгожвалі Нясвіжскі замак і таксама часова былі звезены з нашай краіны. І яшчэ шмат чаго іншага... На жаль, справамі беларусаў замежжа ў Мінску ніхто сур’ёзна не займаецца. Гэтая праблема, як тая каша, размазана па талерцы: трохі Міністэрства культуры, трохі Міністэрства замежных спраў, трохі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, трохі іншыя ўрадавыя структуры. А жыццё пераконвае, што калі ўсе патроху, гэта насамрэч — аніяк. Няма ні праграмы, ні закона аб суайчынніках і працы з імі. Можа, хтосьці чакае, пакуль мы зусім знікнем — і клопатаў ніякіх у чыноўнікаў не будзе. Дык я ўсіх супакою: гэты час далёка, бо мы ўпартыя і будзем самі за сябе змагацца. У розных рэгіёнах суполкі працуюць па-рознаму. Сярод лепшых можна пазначыць Маскву, кіраўнік — Сяргей Кандыбовіч, Пецярбург — Мікола Русакевіч, Іркуцк — Алег Рудакоў, Цюмень — Уладзімір Шугля, Сургут — Сяргей Бандарэнка, Самара — Ірына Глуская, і шмат хто яшчэ. Ёсць і другі бок работы ў дыяспары, на што варта звярнуць увагу. Шмат хто з нашых землякоў працуе на расійскую дзяржаву, сярод беларусаў шмат дэпутатаў усіх узроўняў... Калі б усіх хоць трохі падштурхнуць да справы дапамогі сваёй Радзіме, то Беларусі і нафта з газам не былі б так патрэбныя. Але, на жаль, беларушчына ў многіх, памяць пра радзіму далей келішка і нецвярозых спеваў не ідзе. Калі самі яны яшчэ тое-сёе з беларускага жыцця памятаюць, то дзяцей сваіх беларушчыне не вучаць, мовай роднай не валодаюць. Але будзем працаваць з усімі. Так, здавалася б, у Расіі ёсць і закон аб ФНКА, і ўмовы для працы, аднак далей дэкларацый падтрымка дзяржавы не ідзе. Пра дыяспары расійская ўлада ўспамінае толькі тады, калі прыпячэ... Вось, неўзабаве павінны адбыцца выбары, пра нацменшасці абавязкова ўспомняць і паклічуць кагосьці „падпіраць”, каб не звалілі. Але і мы не лыкам шытыя, сваё меркаванне маем. І далей будзем працаваць на карысць Беларусі, здаровага, паважлівага развіцця беларуска-расійскіх адносін.

Пра новыя выданні паведаміў доктар філалагічных навук, літаратуразнаўца Адам Мальдзіс на творчай сустрэчы ўдзельнікаў Першага фестывалю мастацтваў беларусаў свету, якая адбылася 10 ліпеня ў Мінску ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Анталогію творчасці

беларускіх пісьменнікаў замежжа плануюць выдаць беларускія філолагі. Першым крокам можа стаць стварэнне анталогіі іх творчасці, якую плануе выпусціць выдавецтва „Мастацкая літаратура”. Акрамя гэтага праекту, у планах стварэнне Фонду творчасці пісьменнікаў сучаснага беларускага замежжа, які б аб’ядноўваў і рабіў агульнадаступнай іх дзейнасць. Адам Мальдзіс заявіў, што першыя крокі для рэалізацыі гэтых праектаў ужо зробленыя. Але арганізатарам неабходная дапамога саміх аўтараў, бо без іх удзелу вельмі праблематычна знайсці і сабраць разам найлепшыя творы. Па словах навукоўца, сёння за мяжой назапасіўся велізарны пласт матэрыялу, які, на вялікі жаль, не сабраны разам і часцяком недаступны беларускаму чытачу. Гэта звязана з тым, што вывучэнне творчасці беларускай іміграцыі пачалося толькі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Адам Мальдзіс заявіў, што неабходна з вялікай увагай паставіцца да творчасці людзей, якія як беларусы тварылі і твораць за межамі роднай зямлі.

— Мы над гэтым энцыклапедычным даведнікам працавалі з невялікім перапынкам чатыры гады, пачалі ў 2006 годзе, потым быў вымушаны перапынак з-за фінансавых праблем, але ўсё роўна гэты перапынак быў напоўнены работай. Трэба было сачыць за прэсай і вылоўліваць, як гаворыцца, нашых суайчыннікаў з самых розных крыніц. І гэта праца была даволі актыўнай і плённай, таму што якраз у Расіі былі рассакрэчаны многія з тых, хто быў у разведцы, хто працаваў на космас, на стварэнне атамнай энергетыкі і г.д. Адзін прыклад прывяду: у Расіі Іван Колас, пісьменнік, родам з Палесся, які пісаў кнігі, дзе гаварыў праўду пра палескае падполле, якое выглядала крыху інакш, чым лічыла мясцовае начальства, таму ён доўгі час быў у „падвешаным” стане. А калі былі поўнасцю рассакрэчаны дакументы, аказалася, што ён зрабіў столькі гераічных учынкаў на тэрыторыі Беларусі як разведчык: быў у Польшчы, на парашуце спусціўся, калі пачалося там варшаўскае паўстанне, выбраўся адтуль з каштоўнымі паперамі. Гэта не спадабалася пэўным военачальнікам, таму іх паклалі пад сукно. Можа быць таму, гэта маё меркаванне, што ён свае матэрыялы непасрэдна Сталіну ўручыў, а Берыя хацеў, каб усё ішло праз яго. І доўгі час гэты Іван Колас быў у такім няпэўным стане, а калі ён стаў Героем Расіі, у 90-х гадах, калі аддалі яму належнае, то, зразумела, ён увайшоў у наш даведнік, мы атрымалі шмат матэрыялаў пра яго з самых розных крыніц. І тут пра нашу распачатую работу даведаўся Валерый Казакоў. Ён прыехаў да мяне паглядзець, што ж у нас ёсць. І калі я яму паказаў, колькі падрыхтавана артыкулаў (дзесьці больш за 1000), калі паглядзеў нашу базу звестак, у папках, картатэцы, камп’ютары, ён прапанаваў, каб мы разам гэту справу працягнулі. Калі гаварыць так шчыра, то я над гэтай тэмай працаваў апошнія чатыры гады і ўсё жыццё, таму што дзе б я ні працаваў, увесь час назапашваў матэрыялы пра беларусаў за мяжой. За год набралася яшчэ каля 800 артыкулаў: і праз суполкі, і праз людзей. Чаму нам так хутка і лёгка гэта ўдалося зрабіць? Па-першае, вядома ж, Валерый Казакоў разаслаў запыты па аўтаноміях. Добра адгукнулася Заходняя Сібір (а гэта Цюменская, Новасібірская, Томская вобласці), Іркуцк, Санкт-Пецярбург (суполка „Белыя росы”, старшыня Мікалай Русакевіч), яны даслалі амаль палову гэтых матэрыялаў. Зразумела, патрэбна было іх апрацоўваць паводле нашых матэрыялаў, паводле навуковай канцэпцыі, перакладаць. І сёння мы маем дзесьці пад 2000 артыкулаў. Выданне будзе арыгінальнае, упершыню выйдзе такі даведнік.

Добра, што перад гэтым выйшла кніга

„Беларусы замежжа”.

У гэтым выданні я таксама ўдзельнічаў, матэрыялы браліся з нашай базы звестак, але там гэта накшталт, тэарэтычнай манаграфіі, гэта не даведнік, там змешчаны матэрыялы пра двух-трох прадстаўнікоў з розных краін, а ў даведніку — 1800. Гэта наша сузор’е, наша донарская кроў. Часта за мяжой кажуць, што ў нас нічога не было і няма сёння, але ж так гісторыя разгортвалася, што беларусы за мяжой былі каталізатарамі грамадскага, навуковага працэсаў. Калі ўспомніць, Бенядыкт Дыбоўскі адкрыў возера Байкал для навукі, яго флору і фаўну, Эдуард Пякарскі навучыў якутаў грамаце, стварыў алфавіт і г.д., Аляксандр Пальмбах тое самае зрабіў для Тувы (Тувінская АССР). Ян Чэрскі трапіў у Сібір як ссыльны, але і ён, і іншыя ўраджэнцы Беларусі гады ссылкі ператварылі ў гады плённай працы і засталіся ў гісторыі, а мы іх не ведаем фактычна, і многіх не ведаем. Дык вось самае каштоўнае, цікавае ў даведніку — гэта людзі, гэта цэлае „сузор’е” беларусаў. Дарэчы, слова сузор’е ў дачыненні да беларусаў замежжа першым ужыў у адным са сваіх артыкулаў В. Казакоў. То, можа быць, такую назву для даведніка і возьмем „Беларускае сузор’е памежжа”? Даведнік плануем выдаць недзе ў лістападзе. Гэта рэальна. Калі браць тэрмін „блізкае замежжа”, выходзіць, што Узбекістан ці Кыргызстан, ці Якуція — гэта блізкае замежжа, а ўжо, скажам, Чэхія і Славакія — гэта ўжо далёкае замежжа, таму тут лепш сказаць беларусам памежжа, краін, якія мяжуюць з намі, уключаючы ўсю тэрыторыю былога Савецкага Саюза плюс Польшча. Бо тут розныя прынцыпы. На тэрыторыі памежных краін ёсць этнічныя беларусы: скажам, Беласточчына, у Віленскім краі многа беларусаў, у Латгаліі ў Літве, у Расіі таксама ёсць многа. Але найболей беларусаў, якія захавалі сваю мову, песні, звычаі, у Сібіры. Мы якраз адзначаем цяпер 100-годдзе масавага перасялення ў Сібір беларусаў у пошуках зямлі. Яны даволі танна куплялі там зямлю і асядалі, дзякуючы рэформам Сталыпіна, а Сталыпін жа ў свой час працаваў губернатарам у Гродне. Вось тады выехала, па маіх падліках, каля 700-800 тысяч чалавек. І яны аселі вёскамі ў глухой тайзе і захавалі беларускія традыцыі нават больш, чым мы ў Беларусі. На адлегласці 100 км там вёска ад вёскі знаходзіцца. Асабліва ярка гэта відаць у Цюменскай, Новасібірскай, Томскай, Іркуцкай абласцях, дзе ладзяцца канцэрты, фестывалі на беларускай мове. Цікавы факт: Бенядыкт Дыбоўскі, удзельнік паўстання 1863 года, які быў сасланы ў Сібір, у сваіх матэрыялах пакінуў такі запіс: „Мяне хацелі пасяліць у адной вёсцы, а лепей я пасялюся ў беларускай вёсцы. Гэта відаць, што беларуская вёска, і па гаворцы, і па вышыўцы, бо ў гэтых вёсках не ведаюць, што такое мат”... Такія вось духоўныя традыцыі захавалі нашы суайчыннікі. Хто ўвойдзе? Беларусы, але не толькі тыя, што нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, а і тыя, якія нарадзіліся на іншых тэрыторыях, але мы ведаем, што яны беларусы і засведчылі гэта. З пісьменнікамі лягчэй, тут мова відаць, цяжэй з фізікамі, вайскоўцамі і г.д. Мы ўвесь час хвалімся Соф’яй Кавалеўскай, таму што яна, маўляў, нарадзілася на тэрыторыі Віцебскай губерні, але ж гэта зямля сёння не беларуская, гэта паўночныя тыя раёны, якія адышлі да Пскоўскай губерні, разумееце, гэта будзе супярэчыць духу нават Хельсінкскіх пагадненняў, калі мы будзем на суседнія тэрыторыі замахвацца. Там, дзе мы ведаем, што гэта сапраўды беларус і ён гэта засведчыў, то ён увойдзе. Іншая рэч, калі ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, няважна, якой ён нацыянальнасці. Напрыклад, Шагал нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі ці нехта іншы — мы яго ўключаем. Мы не будзем у гэты даведнік уключаць нашчадкаў беларусаў. Чаму? Гэта вельмі важнае пытанне, таму што даведнік тады разрасцецца неймаверна. Скажам, кампазітар Ігар Стравінскі — сын ураджэнца Беларусі, але ці адчуваў ён сябе беларусам? Тут мы нацяжку рабіць не можам. Мы ведаем, што продкі Глінкі паходзілі з беларускага памежжа, але прыпісваць яго да беларускіх кампазітараў мы не можам. Або Дзмітрый Шастаковіч, дзед яго быў палітычным ссыльным пасля паўстання 1863 года і выехаў у Сібір, ён цікавіўся, па маіх звестках, прыязджаў на радзіму сваіх продкаў на Мядзельшчыну, але ж гэта не дае падставы ўключаць яго ў даведнік. Можна скласці асобны даведнік, кшталту „Нашчадкі беларусаў”, і гэта будзе цікавы даведнік. Той жа самы Дастаеўскі, продкі яго тут.

У даведнік увойдуць

ураджэнцы Беларусі,

тут ужо не мае значэння, хто ён, таму мы і выкарыстоўваем такі тэрмін, бо, скажам, на тэрыторыі Расіі дзейнічалі ўраджэнцы Беларусі: і палякі, і яўрэі, і татары і г.д. У падзагалоўку мы акрэслім гэта абавязкова. Дарэчы, маё назіранне, калі я быў у Вялікабрытаніі і сустракаўся з суайчыннікамі. Скажам, ён нарадзіўся ў Беларусі, а ажаніўся з украінкай — стаў украінцам, з полькай — стаў палякам, англічанкай — англічанінам. Значыць, меў рацыю польскі пісьменнік Ігнацій Красіцкі, што мы, мужчыны, кіруем светам, а намі — жанчыны... Вось гэтыя моманты трэба браць пад увагу, таму што, скажам, у ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі з кожным годам пры перапісе насельніцтва колькасць беларусаў змяншаецца. Гэта найбольш адчуваецца ў Расіі, пры апошнім перапісе там зафіксавана дзесьці каля 800 тыс. беларусаў, а пры папярэднім — каля 1 млн. 200 тыс. Значыць, ідзе працэс дэнацыяналізацыі. Але гэта не датычыцца Сібіры, і я разумею чаму — таму што яны ў сваіх вёсках як жылі, так і жывуць, і ніякага ўплыву амаль няма. Крыху ёсць, бо, вядома, людзі вырываюцца ў свет, але заўсёды традыцыі перадаюцца. Працэс глабалізацыі непазбежны, і мы тут нічога не зробім, павінны гэта ўлічваць і вельмі далікатна ставіцца, бо гэта выклікае неразуменне нашых суседзяў. „Ага, Дастаеўскі беларус. Ну, гэта вы, хлопцы, дарэмна сказалі”. І сапраўды дарэмна. Ці, скажам, вядомы французскі паэт Гіём Апалінэр. Ён жа стрыечны брат Каруся Каганца (Кастравіцкага). Іх продак нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, быў сасланы ў Сібір, дык вось адзін трапіў у Францыю і стаў французскім паэтам, а другі ў Беларусі стаў беларускім пісьменнікам. Значыць, у гэтым выпадку мы можам гаварыць толькі пра карані. І такіх людзей з беларускімі каранямі шмат. Паводле маіх звестак, чвэрць Галівуда — гэта ўраджэнцы Беларусі, якія ў пошуках лепшага хлеба выехалі ў свой час, эмігравалі, ці іх нашчадкі. Напрыклад, папулярны артыст Генры Форд. Мяне некалькі разоў трывожылі з Амерыкі: маўляў, знайдзіце продкаў, яго любімая бабуля з Мінска дзесьці ў 1906-1913 гадах выехала ў ЗША. І праз Нацыянальны гістарычны архіў знайшлі. Або мы ведаем, што быў у Беларусі вядомы разведчык Леў Маневіч, ён трапіў у наш даведнік, а днямі прыходзіць да мяне жанчына з Гомеля, Валянціна Лебедзева, з матэрыялам пра другога Маневіча — Абрама (1881 года нар.) — знакамітага мастака, які выстаўляўся і ў Парыжы, і ў ЗША, куды эміграваў. Класік нашага выяўленчага мастацтва, а мы пра яго нічога не ведалі. Такім чынам, кожны дзень папаўняецца наша база звестак на некалькі новых адзінак. Ну і, зразумела, улічваем пэўную планку значнасці, усіх даць немагчыма, беларусаў за мяжой каля трох з паловай мільёнаў. Адны захавалі сваю самасвядомасць, іншыя не. Мы бяром так: калі вайсковец, але не Герой Савецкага Саюза ці не Герой Расіі, то не ніжэй за генерала. З навукоўцаў бяром дактароў навук, кандыдатаў навук — толькі тады, калі ён, скажам, яшчэ адначасова лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР ці нешта іншае. Зразумела, калі чалавек нечым выключны, то ён таксама ўваходзіць у даведнік. У нас ёсць нават адзін рабочы, але ў яго некалькі дзясяткаў вынаходніцтваў, ён Асоба. Значыць, найперш — каб была Асоба.

Далей трэба будзе рабіць другую частку даведніка, якая магла б называцца

„Беларускае сузор’е далёкага замежжа”.

Але, адкрыта кажучы, я думаю, што трэба перадаваць эстафету больш маладому пакаленню, і ёсць каму перадаць, і гэта некалькі ўстаноў, але найлепей, мне здаецца, падыходзіць адроджаны пры Міністэрстве культуры Інстытут беларускай культуры. Тым больш, што ў тым праекце дзяржаўнай праграмы, прысвечанай беларусам у свеце, значацца ўжо даведнікі па краінах: „Беларусы ў Расіі”, „Беларусы ў Польшчы” і г.д. (Беларусы, напрыклад, у Ізраілі фактычна зрабілі дзяржаву: тры прэзідэнты былі беларусамі, а колькі прэм’ер-міністраў. Цяперашні прэзідэнт Шымон Перэс нарадзіўся ў Вішневе Валожынскага раёна.) На маю думку, гэтыя даведнікі могуць выходзіць і не ў Беларусі, а ў тых краінах. Мы гатовыя перадаць матэрыялы. Напрыклад, у Літве ёсць Алесь Адамковіч, які выдаў першую кнігу пяцітомніка „Беларусы ў Літве” — „Беларусы ў Вільні” (праўда, гэта не даведнік), чаму б яму не працягваць гэту справу.

Працяг павінен быць. Памятаю, адна з членаў аўтарскага калектыву ўздыхнула і спытала ў мяне: „Адам Іосіфавіч, а калі ж гэта скончыцца?” На што я мусіў быў адказаць: „Скончыцца тады, калі скончыцца жыццё”. Таму што заўсёды адбываецца працэс перамяшчэння людзей: прыязджаюць у Беларусь, пакідаюць яе. Дарэчы, цікавымі былі б і даведнікі „Уклад рускіх у беларускую культуру”, „Уклад палякаў у беларускую культуру” і г.д. Так што працы хопіць усім ахвотным, — канчае Адам Мальдзіс.

Czasopis