Пазачарговая канферэнцыя беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі
31.08.2011 | 23:33 |
Цягам двух дзён (27-28 жніўня 2011 г.) у Вільні адбывалася пазачарговая канферэнцыя беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі, якую арганізавала і правяло Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Image

Сярод гасцей і дэлегатаў былі прадстаўнікі з Беларусі, Латвіі, Польшчы. Гэтым разам па фінансавых праблемах не атрымалася сабраць вялікую колькасць дэлегатаў. Цягам двух дзён у канферэнцыі прыняло ўзел каля 40 чалавек.

Image

  

Image

  

Image 

У Вільню завіталі: з Польшчы Яўген Вапа, з Латвіі Вячка Целеш, з Беларусі былі Алена Макоўская, Алег Трусаў, Анатоль Астапенка, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Хільмановіч, Вячаслаў Сіўчык, Галіна Сіўчык, Вольга Мікалайчык, Леанід Лыч і інш. Мясцовых беларусаў прадстаўлялі: старшыня ТБК і арганізатар канферэнцыі Хведар Нюнька, Артур Яўмен, Алесь Трусаў, Вацлаў Гульбіновіч, Фаіна і Валера Радзюкевічы, Крыстына Балаховіч і Алег Аблажэй, Галіна Лаўрыновіч, Андрусь Старавойтаў і інш.

З літоўскага боку ў канферэнцыі прыняў удзел вядомы праваабаронца Стасіс Каўшыніс. На паседжанні прысутнічала знакамітая журналіст сайта «Хартыя 97» Наталля Радзіна. Ад грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” быў Андрэй Бабіцкі.

Працу канферэнцыі распачаў Хведар Нюнька прывітаўшы гасцей і кораценька абвесціўшы аб парадку працы. У выступах, якія прагучалі, у асноўным гучала тэма катастрафічнага стану беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь і праблемаў па выжыванні і захаванні беларускай нацыі. Як адзначыла Алена Макоўская, за апошнія 10 гадоў у Расеі беларусаў стала менш на поўмільёна. Такая сітуацыя назіраецца і ў іншых краінах. Гэтае змяншэнне адбываецца не па натуральных прычынах (смерць, пераезд у іншую краіну), а за асіміляцыйных працэсаў. І калі такіх працэсаў не спыніць, то хутка беларусаў не застанецца. Думкі, якія выказваліся, умоўна можна падзяліць на дзве часткі: адны лічаць што небяспекі для беларускай мовы няма і яшчэ рана біць аб гэтым трывогу, другія - беларуская мова знікае і яе трэба ратаваць. Таксама падзяліліся думкі і наконт рускамоўных беларусаў. Адны лічаць, што гэта цалкам нармалёвая з'ява і праблемы ў гэтым няма. Іншыя - што гэта надзвычай трывожны працэс, калі знікае мова, знікае і нацыя. Немагчыма пабудаваць дэмакратычную і незалежную Беларусь без беларускай мовы, іначай рана ці позна яна стане часткай Расеі.

Прадстаўнік “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Бабіцкі адзначыў, што такі катастрафічны стан беларускай мовы можна змяніць толькі праз змену ўлады. Сенняшняя ўлада не зацікаулена ў развіцці беларускай культуры. Знішчэнне нацыянальнага сцяга і герба – гэтаму пацвярджэнне. Трэба аб’яднацца і разам перамагчы дыктатуру, каб адрадзіць беларускую культуру. Беларусам Балтыі і ўвогуле беларусам у сенняшнім становішчы ніхто не дапаможа, акрамя іх саміх.

У часе канфэрэнцыі былі выпрацаваныя звароты да сусветнай грамадскасці, Еўрапарламента, да кіруючых інстытуцый Літоўскай Рэспублікі а таксама і да адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У іх занепакоенасць: катастрафічным станам правоў чалавека ў Беларусі, знішчэннем беларускасці рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі. Галоўная задача - звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на стан рэчаў, якія адбываюцца ў Беларусі з тым, каб яна дапамагла беларускім дэмакратычным сілам вярнуць Беларусь у сям’ю Еўрапейскіх дзяржаваў.

Еўрапейская Беларусь - Грамадзянская кампанія

Зварот да прым'ер-міністра Літоўскай Рэспублікі Андруса Кубілюса (копія Міністэрству Культуры)

Мы, дэлегаты пазачарговай канферэнцыі беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі, якая адбылася ў Вільні 27-28 жніўня 2011 года, звяртаемся да Вас з наступным:

Выказваем падзяку Міністэрству Культуры і Уладам Літоўскай Рэспублікі за тое, што толькі ў свабоднай і дэмакратычнай Літве змаглі сабрацца беларусы, каб абмеркаваць свае праблемы і дасягненні ў краінах пражывання.

Мы выказваем занепакоенасць, што на сёняшні дзень у Вільні не адноўлена дзейнасць музея імя Івана Луцкевіча, які дзейнічаў у Вільні з 1919 па 1945 г. і быў гонарам усіх беларусаў. За дваццаць год дзейнасці Таварыству беларускай культуры ў Літве так і не знайшлося месца ў Базыльянскіх мурах (Aušros Vartų 7), у спрадвечным цэнтры беларускай культуры ў Вільні.

За нашу пазіцыю Таварыства беларускай культуры ў Літве цягам апошніх пятнаццаці гадоў ня мела дапамогі з боку Рэспублікі Беларусь. На жаль, на сёння Таварыства беларускай культуры ў Літве знахозіцца ў цяжкім фінансавым становішчы. Згодна актаў рэвізійнай камісіі за апошнія гады Таварыства мае 15000 літаў доўгу за камунальныя паслугі. Звяртаемся да Вас з просьбай дапамагчы нам у вырашэнні гэтай праблемы.

Нам падаецца неаб'ектыўным падыход камісіі Міністэрства Культуры пры разглядзе часткова фінансуемых з дзяржаўнага бюджэту праектаў. Наш праект прадугледжваў правядзенне ў 2011 годзе пятай канферэнцыі беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі. Гэта масштабны праект, але выдзеленая Таварыству сума была значна заніжанай і не дазволіла выканаць усяго запланаванага (арэнда памяшкання, кампенсацыя транспартных расходаў, правядзенне мастацкай часткі, даклады навукоўцаў з перакладам і інш.). Таму давялося скараціць праграму і назваць не пятай канферэнцыяй, а пазачарговай канферэнцыяй беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі.

Спадзяемся на далейшую плённую працу з Урадам Літоўскай Рэспублікі.

  • Латвійскае таварыства беларускай культуры "Світанак" (Латвія)
  • Культурны цэнтр Якуба Коласа ў Вільні (Літва)
  • Беларускі саюз Польшчы (Польшча)
  • Саюз мастакоў "Маю гонар" (Латвія)
  • Рэдакцыя тыднёвіка "Ніва" (Польшча)
  • Таварыства беларускай культуры ў Літве (Літва)
  • Таварыства беларускай мовы ім.Ф.Скарыны (Беларусь)
  • Рэдакцыя газеты "Наша слова" (Беларусь)
  • Рэдакцыя газеты "Новы час"( Беларусь)
  • Згуртаваньне беларусаў свету "Бацькаўшчына"(Беларусь)
  • Рух салідарнасці "Разам" (Беларусь)
  • Беларускі цэнтр у Кіеве "Захід"(Украіна)
  • Фонд Сапегі ў Гародні (Беларусь)
  • Фонд садзейнічання абароны грамадзян (Літва)
  • Рэдакцыя радыё "Рацыя" (Польшча)
  • Рэдакцыя праграмы "Chartija 97" (Літва)
  • Абьеднанне "Эўрапейская Беларусь" (Беларусь)
  • Незалежнае дакументальнае кіно (Беларусь)
  • Маці і жонкі ў абароне палітзняволеных (Беларусь)
  • Рэдакцыя радыё "Тутэйшы час"(Літва)

Зварот да Еўрапарламента. Сп. Ежы Бузэку

Дэлегаты пазачарговай канферэнцыі беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі, якая адбылася ў Вільні 27-28 жніўня 2011 года, пазітыўна ацэньваюць крокі, зробленыя Эўразвязам па падтрымцы дэмакратычнага руху ў Беларусі. У той жа час мы занепакоеныя той падтрымкай, якую да гэтага часу аказваюць некаторыя Эўрапейскія краіны цяперашняму рэжыму ў Беларусі. Як прыклад, перадача дадзеных аб банкаўскіх рахунках грамадзянаў Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратызацыю сваёй краіны. І як вынік, пасля перадачы гэтых дадзеных, вядомы праваабаронца віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў арыштаваны. Таму звяртаемся да Вас з просьбай прыпыніць супрацоўніцтва з рэжымам і зрабіць усё магчымае, каб падобнае не паўтаралася.

Сёння Рэспубліка Беларусь адгароджана ад Эўрапейскага Звязу высокім коштам на візы для шэраговых грамадзянаў, а таксама шматлікімі складанасцямі па іх атрыманні, таму мы звяртаемся да Вас з просьбай зрабіць бясплатнымі шэнгенскія візы для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь альбо на першым этапе зменшыць іх кошт. Гэта паспрыяе інтэграванню беларускага грамадства ў эўрапейскую супольнасць

Мы лічым, што Эўрапейскі Звяз павінен увесці кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць кампаній, якія непасрэдна фінансуюць рэжым Лукашэнкі.

Таксама мы занепакоеныя тым, што краіны Эўрапейскага Зьвязу і на далей працягваюць выдаваць грамадзянаў Рэспубліцы Беларусь, нягледзячы на тое, што яны там могуць быць пераследаванымі па палітычных матывах. Для нас незразумела тое, што Рэспубліка Беларусь не выконвае сваіх абавязацельстваў перад цывілізаваным светам і да гэтага часу на яе тэрыторыі знаходзяцца шукаемыя Інтэрполам людзі, а Інтэрпол фармальна да гэтага часу перадае рэжыму палітычна-рэпрасаваных асобаў.

Мы, дэлегаты пазачарговай канферэнцыі беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі, занепакоены занядбаннем нацыянальнай культуры ў Беларусі і яе русіфікацыяй. Таму звяртаемся да прадстаўніцтва Еўразвяза, каб побач з пытаннямі па дэмакратызацыі Беларусі адначасова ставілася пытанне і па захаванню нацыянальнай культуры і беларускай мовы ў краіне.

Стан беларускай мовы ў Беларусі набліжаецца да катастрофы. Па апошніх дадзенах, толькі 1,9 % вучняў першых класаў гарадзкіх школ вучацца на беларускай мове, няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ. Нацыянальная мова беларусаў амаль не гучыць на тэлебачанні, яе, за рэдкім выключэннем, няма і на старонках большасці дзяржаўных СМІ.

Просім, пры кантактаваннях з сёняшнімі беларускімі ўрадоўцамі ўсіх узроўняў карыстацца выключна беларускай мовай, а не рускай, як гэта робіцца некаторымі краінамі.

Беларусы Балтыі маюць свае глыбокія гістарычныя карані, звязаныя агульнаэўрапейскай гісторыяй у межах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Таму мы, Дэлегаты пазачарговай канферэнцыі беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі, просім звярнуць увагу, перадусім еўрапейскай супольнасці, на сёняшні фінансавы стан беларусіх дэмакратычных арганізацый Балтыі, якія змагаюцца за дэмакратычныя каштоўнасці сваёй этнічнай бацькаўшчыны, з-за чаго не могуць атрымоўваць ніякай фінансавай дапамогі з боку сёняшняга урада РБ. Просім ім аказаць палітычную, маральную, фінансавую падтрымку, неабходную для захавання беларускай нацыянальнай культуры, мовы, тоеснасці ў полікультурнай парадыгме краінаў Балтыі і Эўропы.

Хочам звярнуць увагу, што да гэтага часу так і не адноўлены музей братоў Луцкевічаў, якія дзейнічаў у Вільні з 1919 г. па 1945 г. Яго экспанаты знаходзяцца ў розных музеях і архівах розных краінаў. Просім паспрыяць адраджэнню зачыненага бальшавікамі музея і дапамагчы частковаму аднаўленню яго былых фондаў.

Мы зазначаем, што і надалей будзем змагацца за дэмакратызацыю Беларусі і за тое, каб бачыць яе ў сям'і Эўрапейскіх дзяржаў.

  • Латвійскае таварыства беларускай культуры "Світанак" (Латвія)
  • Культурны цэнтр Якуба Коласа ў Вільні (Літва)
  • Беларускі саюз Польшчы.(Польшча)
  • Саюз мастакоў "Маю гонар" (Латвія)
  • Рэдакцыя тыднёвіка "Ніва" (Польшча)
  • Таварыства беларускай культуры ў Літве (Літва)
  • Таварыства беларускай мовы ім.Ф.Скарыны (Беларусь)
  • Рэдакцыя газеты "Наша слова" (Беларусь)
  • Рэдакцыя газеты "Новы час" (Беларусь)
  • Згуртаваньне беларусаў свету "Бацькаўшчына" (Беларусь)
  • Рух салідарнасці "Разам" (Беларусь)
  • Беларускі цэнтр у Кіеве "Захід" (Україна)
  • Фонд Сапегі ў Гародні (Беларусь)
  • Фонд садзейнічання абароны грамадзян (Літва)
  • Рэдакцыя радыё "Рацыя" (Польшча)
  • Рэдакцыя праграмы "Chartija 97" (Літва)
  • Абьеднанне "Эўрапейская Беларусь" (Беларусь)
  • Незалежнае дакументальнае кіно. (Беларусь)
  • Маці і жонкі ў абароне палітзняволеных. (Беларусь)
  • Рэдакцыя радыё "Тутэйшы час" (Літва)