Нарэшце магу паведаміць Вам...
02.08.2010 | 03:57 |
ImageТэксты даведніка "Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах", якія былі выдадзены ў 2000 годзе (аб'ёмам 41 улікова-выдавецкі аркуш) і напісаны для другога выдання ў 2006 годзе (аб'ёмам 19,5 улікова-выдавецкага аркуша), сабраны для далейшай работы ў адным камп'ютэры разам з фатаграфіямі (калі яны меліся).

Паверце, гэта была нялёгкая справа, бо частка матэрыялаў была згублена (свядома ці па нядбайнасці - яшчэ канчаткова не высветлілася) як ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, так і ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя". Цяпер жа нам усё вернута. Таму нарэшце склалі адзіны "Змест" для абодвух наяўных частак з тым, каб яго можна было б, як мы гаварылі, разаслаць па краінах, у тым ліку па Вашых аўтаноміях, і тым самым пазбегнуць паўтораў.

Днямі было праведзена пасяджэнне аўтарскага калектыву (дарэчы, ён быў скарочаны на пяць асобаў, якія не праявілі сваёй актыўнасці або праявілі яе ў іншым накірунку). З ім быў зроблены разлік за работу, выкананую ў 2006 годзе, абмеркаваны этапы далейшай работы над дапаўненнямі 2010 года (па нашых падліках, яны складуць па аб'ёму 11 выдавецкіх аркушаў, з іх для сямі матэрыял для напісання ёсць у Мінску, а для пяці мы спадзяемся атрымаць ад зарубежных аб'яднанняў, у тым ліку ад аўтаномій). Быў складзены графік работы, дадзены першыя заданні. Члены аўтарскага калектыву будуць весці работу спецыялізавана - па краінах або па тэматыцы.

Усё гэта дало мне падставы скласці праекты "Дамовы" і "Каштарысу" прыблізна ў тых рамках, пра якія мы дамаўляліся. З Вашага боку застаецца разаслаць "Змест" разам з "Памяткай" па аўтаноміях. Відаць, будзе лепш, калі артыкулы адтуль стануць высылаць на прамую нам - у віртуальным выглядзе або пісьмова (тэксты могуць перакладацца ў нас).

Адначасова ўстанаўліваюцца сувязі з суполкамі Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны і Эстоніі. Гэтая справа даручана канкрэтным асобам.

Застаецца нявырашаным пытанне, як быць з беларускімі суполкамі Расійскай Федэрацыі, якія не ўваходзяць у Аўтаномію. Варта было б і да іх праявіць гуманнасць. І звярнуцца да іх, пасылаючы "Памятку", відаць, больш выпадае нам, чым Вам. Але ў нас ёсць далёка не ўсе адрасы. Якое Ваша меркаванне па гэтаму поваду?

Дакументацыю ўсю мы можам падпісаць у час Вашага чарговага прыезду ў Мінск.

З павагай і найлепшымі пажаданнямі. 

Адам Мальдзіс