Нізка вершаў
12.05.2011 | 02:00 |
Мікола БАКАС

Да Божае ласкі — пад штандарам Хрыста

Жыве Беларусь нібы праўда святая!
Была ты с крыжом і была на крыжы.
Ад Бога табе гэты крыж ратавальны —
Каб праўды трымацца і з вераю жыць:
Як белая ружа — прыгожа і чыста,
Як Белая вежа — стаяць непахісна,
Бярозкаю белай цягнуцца да неба —
Да Божае ласкі, да Божага хлеба.

З чаго гэты хлеб? Ён - з цярпення й любові,
А сіла яго - ад спрадвечнага Слова,
Што кліча людзей на сумленную споведзь,
Каб вартымі сталі ахвяры Хрыстовай…
Ахвяры Хрыстовай і матчынай мовы.
Ад Слова стварылася наша жыццё,
А наша Радзіма — ад роднага слова.
Няхай жа гучыць яно гімнам вясновым
Магутнаму Богу і маці з айцом!
Пад сцягам Хрыста — беларуская праўда,
Яна — наша вера, яна — наша сіла.
Дык пераможам — і будзе ўлада
Уладай Пагоні, крыжа Еўфрасінні —
На радасць і шчасце любімай Радзімы!

ImageШто будзе…

Што будзе з табою, краіна мая?
Ці гэта прароцтва? Маё уяўленне?
Я хуткае бачу тваё вызваленне.
Народзіцца братніх народаў сям’я –
Дзяржава з прадвечнаю назвай – Літва.
Надыдзе той дзень пад счасліваю Зорай,
Што ззяе над віленскай Брамаю Вострай.
І Божы тады заласкавіцца твар.

23.10.2010.

Вясна будзе

Хай снежань заснежыць,
          хай студзень застудзіць.
Вясне тыя межы
          хаду не змарудзяць.
Нядоўга віхурам з Расеі злавацца,
Нядоўга дыктату мароза трымацца.
Вясну не стрымаць іх варожасцю лютай.
Сканае зіма. Дачакаемся. Хутка.
І будзе канец маразам з адмарозкамі.
Здаўна іх чакаюць халодныя ложкі.
Яны не пазбегнуць нябеснае кары.
Той Суд – незалежны. Ён – хуткі і правы.
Вясна пераможа пад сцягам Хрыстовым.
Жыццё загамоніць шчасліваю мовай.
І чуецца ўжо, што на гук перамогі
“Жыве Беларусь!” – адгукаецца: “З Богам!”

(дапісаны і дапрацаваны 28.03.2009)

ImageПан Хрыстос уваскрос!

Пан Хрыстос уваскрос, смерцю смерць патаптаў, –
Лепшы наш Правадыр і Настаўнік!
Ён прыйшоў да людзей і ахвяраю стаў –
Шчодры выкуп за іх ратаванне.
Бог прыйшоў, і яны асудзілі яго –
Святары, што служылі ўладам.
Асудзілі Любоў, асудзілі Святло,
Асудзілі Дабро і Спагаду.
Асудзілі ў сэрцах, забруджаных злом.
Аддалі на пагубу і здзекі
Той уладзе хлуслівых і штучных багоў,
Што рабіла рабоў з чалавекаў.
Не забойцу, а збаўцу на смерць аддалі,
Бо, па сутнасці, самі забойцы.
Не патрэбен ім той, чые словы былі:
“Ідзеце за мной і ня бойцесь!”
Забівалі каменнямі сэрцаў сваіх
За дынарый свой гонар прадаўшыя д’яблу.
Род няверны, заўсёды ён ганіў святых,
Бо ня праўду любіў, а паганскую славу.
Тая слава смярдзіць з іх нячыстых нутроб.
Як што пуза – алтар, дык душа – у загане.
Пад законам ліхім моўчкі стогне народ,
Ды тлусцеюць затое злачынцы ў законе.
Не, ня ў Божым законе – у бязбожным і злым:
Без суда, міласэрдзя і шчырае веры.
Цемру душ іх вартуе брудны дух кабалы,
А для духа ратунку зачынены дзверы.
Запанелая плоць не прымае Закон,
Той, сапраўдны Закон, што ратуе ад смерці.
Запанелы слуга б’е фальшывы паклон,
Тоіць здраду яго атлусцелае сэрца.
Гора вам, ганарліўцы, прадажная плоць.
Святары без святла – недастойныя свята.
Пан Хрыстос уваскрос! Наш – адзіны – Гасподзь.
Ён – адзіны суддзя, Пан Хрыстос Пантакратар.
Ecce Homo! – Асоба, Змагар за любоў.
Як вучыў, так і жыў, – і пайшоў на Гальготу.
Найвышэйшы прынізіў сябе да рабоў,
Каб з ніжэйшых абраць змагароў і лагодных.
Пан Хрыстос перамог – бо ня раб, а Герой!
Не даецца любоў нетрываламу духам.
Мужных рыцараў збройных святы непакой
Сцяг свабоды нясе паняволеным душам.

(10.10.10.)

Малітва беларуская

О Божа вялікі, мы – твае дзеці,
Мы – беларусы на гэтай планеце.
Каб наша дзяржава расла і квітнела,
Каб нашыя сэрцы дабром багацелі,
На літасць Тваю спадзяёмся мы, Божа.
Хто верыць у Бога – той зло пераможа..
Спаўна мы спазналі сірочае долі.
Наш Бацька і Творца, мы просім: даволі,
Твайго прабачэння мы просім: памілуй,
З надзеяй і верай мы просім: прымі нас,
Прымі пад ахову Тваю беларусаў, –
Да Ласкі і Праўды – ад зла і спакусаў,
Прымі, як дзяцей, пад бацькоўскую руку.
Заўжды мы ўдзячны Табе за навуку
Як трэба любіць, дараваць і змагацца
За права пачэснае Божымі звацца.
Па волі Тваёй ды паўстане дзяржава.
Навекі вякоў Твая сіла і слава!