Фарміруецца Аргкамітэт Інстытута Нацыянальнай Памяці
22.01.2008 | 23:02 |
ImageПамяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці.

Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі і пераследу злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя.

Дзеля поспеху ў дасягненні сваіх мэтаў Аргкамітэт ІНП мае намер аб’яднаць намаганні здаровых нацыянальных сіл на адраджэнні культуры, мовы, гістарычнай спадчыны, кансалідаваць на служэнні народу і нацыі грамадскія структуры, якія ўжо створаныя, як і досвед, вопыт навукоўцаў, гісторыкаў, археолагаў, архітэктараў, юрыстаў, псіхолагаў, краязнаўцаў, мовазнаўцаў, філосафаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, грамадскіх дзеячаў, увогуле нераўнадушных да гісторыі і жыцця свайго народа грамадзян.

Аргкамітэтам ІНП прадугледжваецца стварэнне інстытуцыі, якая будзе займацца збіраннем сведчанняў, захаваннем, распрацоўкай, даследаваннем і абнародаваннем матэрыялаў, звязаных з функцыянаваннем розных палітычных фармацый, жыццём і працай асобных дзеячаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з іх уплывам на культуру, на лёс беларускай дзяржавы і народа Беларусі.

Аргкамітэт будзе займацца даследаваннем палітычных, эканамічных і сацыяльных мадэляў існавання беларускай дзяржаўнасці з мэтай вылучэння дэструктыўных момантаў, элементаў, сістэм і прыцягнення да іх увагі уладных структур і грамадскасці. У законным парадку АргІНП будзе ўносіць прапановы ў дзяржаўныя органы дзеля прывядзення негатыўных працэсаў, якія адбываюцца, у рэчышча максімальнага спрыяння іх устойліваму развіццю беларускай дзяржаўнасці. Важным клопатам Аргкамітэта стане вяртанне на Радзіму дакументальнай спадчыны.

Першым крокам у стварэнні Аргкамітэта ІНП з’явілася рашэнне Аргкамітэта па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, які працаваў на працягу Года Памяці — 2007 — і вырашыў на сваім заключным пасяджэнні 9 студзеня 2008 года рэарганізаваць сваю структуру ў Аргкамітэт грамадскага аб’яднання “Інстытут Нацыянальнай Памяці” з адпаведным пашырэннем яго асабовага складу і праблематыкі.

Пры пэўнай падрыхтоўцы і замацаванні праграмных палажэнняў ГА Інстытут Нацыянальнай Памяці можа прэтэндаваць на дзяржаўную рэгістрацыю і падтрымку.

У кола інтарэсаў і праблем, якімі канкрэтна будзе займацца АргІНП, таксама ўваходзяць:

  • Колькасць страт і шкод, што нанесены беларускаму народу, яго генафонду, культуры, архітэктуры, мове злачынствамі, якія чынілі акупанты з захаду і ўсходу, у тым ліку злавесныя таталітарныя камуністычны і нацысцкі рэжымы.
  • Вывучэнне батальных сцэн і ўвогуле варункаў ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі пад час Другой сусветнай вайны з далейшым іх асвятленнем у друку.
  • Прапаганда патрыятычных традыцый народа і лепшых твораў беларускай літаратары і мастацтва, архітэктуры, у якіх развіваюцца нацыянальныя традыцыі, а таксама беларускай мовы, лічачы яе за самы высокі ўзор творчасці народа і нацыі.
  • Клопат аб аднаўленні і ўдасканаленні сістэмы беларускамоўнага навучання.
  • Падрыхтоўка да публікацыі і публікацыя энцыклапедычнага збору пра выдатных асобаў, выхадцаў з беларускай зямлі, якія ва ўсе часы ўздымалі навуку, культуру, мастацтва іншых народаў свету.
  • Дзеянні грамадзян, скіраваныя на ўмацаванне незалежнасці беларускай дзяржавы, на абарону свабоды, а таксама чалавечай годнасці.
  • Пераслед злачынстваў супраць міру, чалавечнасці, падтрымка прадстаўнікоў іншых народаў і нацыянальных меншасцей.
  • Спрыянне грамадзянам Беларусі, рэпрасаваным таталітарнымі і аўтарытарнымі рэжымамі, у адстойванні свайго права на кампенсацыю.
  • Аргкамітэт ІНП, рэалізуючы сваё права ў галіне публічнай гістарычнай адукацыі, штораз будзе адсочваць распаўсюджванне ў СМІ заведама суб’ектыўных і хлуслівых меркаванняў з мэтай падмены гістарычнай памяці народа палітызаванымі штампамі, састарэлымі догмамі мінулых эпох і часоў.

Дэвіз Аргкамітэта: не могуць быць таямніцай і не могуць быць забытыя супрацьпраўныя дзеянні, якімі прычынена шкода грамадзянам краіны!

Кантактны тэлефон: 8 029 776 77 13 маб.