Водгукі аб творчасці Ірыны Хадарэнка
24.01.2011 | 12:12 |
Кніга Ірыны ХадарэнкаГаліна БУЛЫКА, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў

Каардынаты лабірынту

Некалі адраджэнскі мастак напісаў аўтапартрэт, смела выявіўшы сябе Ісусам Хрыстом... А беларуская дзеўчына ў вершы "Аўтапартрэт" атаясамілася з ідэальнай істотай, своеасаблівым сімвалам адвечнай жаноцкасці, складзеным сіламі і дабра, і зла...

Кожны раз, калі гартаеш старонкі рукапісу маладога аўтара, мімаволі ловіш сябе на думцы, што не столькі цікавяць самі вершы, колькі ўзнікае жаданне адшукаць сярод радкоў, вобразаў, словаў тыя кропкі, ад якіх можа пачацца крышталізацыя паэтыкі. Гэта значыць - крышталізацыя, узнікненне той сістэмы свету, якая адрозніць ад соцень тысяч вершапісцаў менавіта гэтага паэта.

Вось яны, крышталікі: "Рэчаіснае мора...", "Растапіліся хмары, як мяккі алей...", "Жыццёвы глей...", "Пярэстай творчасці матыў..."

А потым знаходзяцца рухі, блікі, што, нібыта промні ад фараў выпадковага аўто, асветлілі начную цішу:

Апусціўся цёплы вечар
Кошкай на калені....

Але ў гэткай утульнасці хутка:

У попел ператворыцца папера,
Сусвет надзей пакрыецца смугой,
А кволая скалечаная вера
Загіне пад бязлітаснай тугой.

У падобным краявідзе душа Ірыны Хадарэнка імкнецца адшукаць сябе. Паэтка ўглядаецца ў аблічча мадонны - "багіні і служкі", прагне зразумець "фатальную жанчыну" Мілэдзі і ўрэшце стварыць люстэрка з вострых асколкаў, падораных Афеліяй, Мінервай, Неферціці, Сібілай, Музай, Чорнаю Паненкай...

Так і хочацца словамі пушкінскай гераіні запытацца: "Свет мой, зеркальце, скажи..."

Душа паэтэсы кіруецца ў доўгі шлях, бо стварыць гармонію, сабраць выкшталцоны вобраз з мноства промнікаў, існых і выпадковых, магчыма адно толькі з цягам часу, са спасціжэннем вопыту.

І таму спадзяюся, што блуканне промня па люстэркавым лабірынце будзе плённым.

 

Казімір КАМЕЙША, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў

"Дарыць людзям душу". Прадмова да кнігі Ірыны Хадарэнка "Чорная ружа"

На паэтычным небасхіле час ад часу загараюцца новыя зоркі. І гэта радуе. Бо дадаецца больш святла ў свеце, таго святла, якое зыходзіць ад самой душы. Вялікі Гарсія Лорка зазначыў: "Місія ў паэта адна - адушаўляць у літаральным сэнсе, дарыць людзям душу". Місія, што і казаць, не простая. Думаеш заўсёды з трывогай пра гэта, калі шукаеш у халодна-ледзяных, рацыяналістычна скроеных вышуках тую ж душу і не знаходзіш яе. І па-добраму радуешся, калі контуры душы яскрава праглядаюцца ўжо ў першых спробах аўтара.

Некалі ў рэдакцыю часопіса "Маладосць" нясмела зайшла сарамлівая дзяўчына, нерашуча паклала на стол рэдактара паэзіі лісты з акуратным вучнёўскім почыркам. Вершы. Незнаёмае прозвішча - Ірына Хадарэнка, вучаніца гімназіі № 1 ім. Францішка Скарыны. І знайшлося ў радках тое, што кранула:

Я стану тою зоркаю,
Што ўспыхвае раптоўна
І фальш атрутай горкаю
Знішчае паслядоўна.

А далей было пра тую ж душу:

Я маю здольнасць гэткую:
Змяняць сваё аблічча.
Адкрытая й таемная
душа кагосьці кліча.

І на самай справе, хоць і нясмела, але зорка загарэлася. І яна гарыць, не згасла.

І вось сёння Ірына Хадарэнка выходзіць да чытача са сваім першым паэтычным зборнікам "Чорная ружа". Да сваіх паэтычных вобразаў маладая паэтка крочыць, "блукаючы завулкамі ілюзій", часам пакідаючы "сонечны востраў" дзявоцкай летуценнасці, каб адчайна прайсці праз цёмныя і змрочныя калідоры рэальнасці, адчуць разам з дабрынёй і жорсткасць гэтага свету. Можа, таму і "чорная ружа" ў яе творы зусім не страшная і самотная, бо з душы на яе пялёсткі выпраменьваецца чалавечае святло.

У юнацтве заўсёды здаецца, што ты здольны ахапіць неахопнае, абняць неабдымнае. Гэтае наіўнае і ілюзорнае часта шкодзіць і Ірыне Хадарэнка. У аўтаркі з'яўляецца жаданне ўславіць і прыроду сонечнага Крыма, і працу акцёра на сцэне, і адначасова зазірнуць у майстэрню мастака, а потым падзівіцца музыцы суседа-гітарыста "з верхняга паверха", і прысвяціць верш "творчым людзям усіх часоў і народаў", і паслухаць, як "восень грае рытм-энд-блюз на саксафоне". І, вядома ж, часта ўсё гэта застаецца на ўзроўні жадання.

Страху, як кажуць, тут вялікага няма. Гэта - выдаткі росту. А падкупляе ў росшуках паэткі яе сталая разважлівасць, смелы подступ да тэмы, добрае імкненне да філасофскага асэнсавання жыцця. Як, скажам, вось у гэтых радках:

Не спяшайся скакаць праз масток,
Што схаваўся за тым небакраем.
Пі працяжна апошні глыток...
Ну, а Вечнасць? Яна пачакае.

Такіх радкоў нямала ў кнізе. Стала, на добрым узроўні напісаны і вянок санетаў "Лабірынты душы".

Не трэба палохацца ў вершах Ірыны Хадарэнка змрочных фарбаў. Душа, і асабліва душа паэта, мусіць рэагаваць як на светлае, так і на змрочнае.

Хочацца вітаць прыход у айчынную паэзію новага імя. Ірына Хадарэнка прыйшла ў яе сваім шляхам і са сваім голасам.