Стваральнік жывых твораў
03.03.2018 | 19:08 |
Эрнест Васільевіч Ялугін
Эрнест Ялугін
Яўген Гучок, паэт, публіцыст

Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не быў усыпаны ружамі. Разумець гэта павінна так: яго нястомная і выніковая праца на ніве беларускага прыгожага пісьменства не вельмі была ацэнена і ўганаравана як былымі, так і сённяшнімі ўладамі краіны і кіраўніцтвам пісьменнікаў. Чаму ж так атрымалася? У адрозненне ад некаторых іншых пісьменнікаў, чые творы выдаваліся ў двух, трох, чатырох і болей тамах (сёння яны нават пры жаданні - не чытаюцца), Э. Ялугін - сціплы, не вёрткі па жыцці чалавек, а як пісьменнік - шчыры прыхільнік праўды - больш паслугаваў ісціне, а не ўстаноўкам сацрэалізма. Ён - стваральнік жывых твораў. Відаць, таму і аднаго тома выбранага не заслужыў.

А створана Э. Ялугіным нямала. Гэта раманы "Мсціслаўцаў посах" і інш., аповесці "Без эпітафіі" (пра трагічны лёс Цішкі Гартнага) і інш., нарысы "Салёная планета" і інш., эсэ "Толькі камяні" і інш., сцэнарыі дакументальных фільмаў "Мсціслаў: звенні часу" і інш. Асабліва адзначыўся творца ў стварэнні кніг гістарычнай тэматыкі. У дадатак да сваёй творчасці ён здзейніў (як і Ніл Гілевіч) варты ўвагі грамадзянскі ўчынак: уласнымі сродкамі і з сяброўскай фінансавай падтрымкай апошнім часам выдаў выбранае ў трох тамах сваіх твораў. Першы том аб'ёмам больш за 25 умоўна-друкаваных аркушаў змяшчае раман "Ідзі і кажы", які распавядае пра падзеі ў ХVІ ст. (праўда, з сэнсава апраўданымі экскурсамі ў мінулае і будучае) на тэрыторыі тагачаснай Беларуска-Літоўскай дзяржавы (ВКЛ), а таксама ў Макоўскім вялікім княстве. У другім томе змешчаны драматычныя творы ("Свечачка на Дзяды", "Святло прадоння" і "А потым - Рай"), прысвечаныя сваёй, беларускай, і замежнай сучаснасці і не такой ужо далёкай мінуўшчыне і якія, па словах самога аўтара, аб'ядноўвае апора на рэальныя падзеі. Такая ўжо яго творчая пазіцыя. Трэці том займае зноў жа гістарычны раман "Перад патопам", які ў многім спалучаны з раманам "Ідзі і кажы", але ў ім пададзены падзеі другой паловы ХVІ ст. 

Вось жа пра раман першага тома "Ідзі і кажы", які я толькі што прачытаў (і вельмі шкадую, што не прачытаў яго раней: не было мажлівасці - твор гэты не меў да гэтага часу публікацыі), неабходна сказаць не мімаходзь, а крыху больш разгорнута. Дык і кажу.

Пра што ж у гэтым рамане? Як і амаль ва ўсіх творах Э. Ялугіна - пра Радзіму, каханне, здраду, людзей годных і нягодных, пра адносіны і стасункі паміж імі і многае іншае, спадарожнае ім. адразу трэба адзначыць, што "Ідзі і кажы" напісаны ў рэчышчы гістарычнай мастацкай прозы, якая вымагае не толькі ўстанаўлення фактаў мінулага, але і яскравага жывога іх адлюстравання. Нашаму аўтару гэта ўдалося. У яго атрымаўся жывы ва ўсіх адносінах твор. Парад намі жывое жыццё герояў і іх эпохі.

Пераканаўча, з даследчыцкай трапнасцю аўтар абмалёўвае характар мсціслаўскага княжыча Фёдара (вядома, праз яго словы і дзеянні) - сына князя Мсціслаўскага Міхаіла -, які пайшоў на здраду сваёй Айчыне, які збег у Маскоўскае княства да вялікага князя Васілія, за што давялося плаціць дарагую цану яму самому і яго Радзіме. Закаханне княжыча ў пляменніцу маскоўскага гаспадара і аднолькава незадаволенасць сацыяльным становішчам, пакуль што адпушчаным яму дома, не апраўдвае здраду.

Персанаж беларускай міфалогіі Дзіў, прысутнасць якога абазначаецца ў рамане ўжо з першых старонак твора, сцвярджае, што каханне і іншае ў параўнанні з вернасцю Радзіме не павінна мець літасці. У такіх сітуацыях і выпадках стаўка на закаханасць, хай яна нават утрымлівае ў сабе шэкспіраўскія жарсці, амаль заўсёды церпіць фіяска. Радзіма - вышэй за ўсё. Любоў да яе - самае першае і высокае духоўнае пачуццё. Ці не пра гэта гаворыць ускосна прысутны ў рамане і Францыск Скарына ў сваіх прадмовах да Бібліі: "Понеже от рождения звери, ходящие в пустыни, знают ямы своя; пчелы и им подобная боронять ульев своих, - тако ж и люди, игде зародились и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають".

А ў князя Міхайлы Глінскага без агаворак на шэкспіраўскую любоўную жарсць была прамая, шкурная здрада Радзіме. Яму, бачыце, мроілася роля-пасада вялікага князя ў ВКЛ, а то і болей - каралеўская карона у Рэчы Паспалітай.

Вось жа з такіх княжычаў і князей і іх папаярэднікаў і наступнікаў - большассьці ліцвінскай (беларускай) магнатэрыі і шляхты (буйнай ды і дробнай) пачало прыходзіць у заняпад, у вымарачнае становішча Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Гэта з'ява-праява - тэндэнцыя ў ХХ ст. ахарактарызавалася паэтычнай максімай, якая, на вялікі жаль, не пакінула нашу зямлю і сёння: "Яны Радзіму збыць пасмелі, абы набыць сабе партфелі".

Страшнай трагедыяй абарочваецца каханне Зыха і Насты з паселішчаў, што знаходзіліся па розныя бакі мяжы. Іх саміх і ўсіх жыхароў лясной вёскі накрыла крывавая бойня, распачатая маскоўцамі і іх памагатымі з ліцвінаў. А Зых і Наста - маладыя людзі аднаго племя, адной зямлі, але маскоўская захопніцкая палітыка наканавала ім жыць у двух розных дзяржавах. Ды, да ўсяго, яны і самі ў пэўнай ступені вінаватыя, што, як кажуць, не зусім асцярожна абыйшліся са сваім гарачым каханнем. І тым не менш, крывавы чын, які будзе працягнуты і ў будучыні, распачалі суседзі, з якімі гісторыя вымусіла жыць нашаму народу.

Вось жа пасля перабегу княжыча Фёдара ў Масковію пачасціліся ўварванні маскоўцаў на землі ВКЛ. Тых маскоўцаў добра і трапна ахарактарызаваў народ Мсціслаўшчыны, пра што засведчана ў "Слоўніку беларускай мовы" Івана Іванавіча Насовіча: "Не паі маскву, яна і так п'яная, не дуры маскву, яна і так дурная".

Вядома, што ў Масковіі ўсе жыхары-насельнікі ад самага высокага статуса баярына да апошнягя смерда былі халопамі цара. Вось яна - пераемнасць пабудовы, структуры ўлады ад Залатой арды і імперыі Чынгіз-хана. У ВКЛ жа магнатэрыя і шляхта (нават дробная) у пэўнай ступені, у адрозненне ад смердаў, перад вялікім князем і каралём пачувала сябе больш-менш вальготна. Нават прыгнечаны працоўны люд - сяляне і рамеснікі тут былі ў крыху лепшым становішчы, чым той жа люд на Усходзе. Пра гэта мы даведваемся з вуснаў простых людзей, што зафіксавана ў рамане: "У Вялікім княстве падаткамі народ стрыгуць дагала, а ў Масковіі і ўвогуле скуру абдзіраюць". Вось жа ў такіх умовах жыве мсціслаўскі падлетак Пятрок (будучы друкар Пётр Мсціславец), каб апынуўшыся потым у Маскве, пераканацца ва ўсім гэтым.

Рэльефна выразна абмаляваны магнатэрыя ВКЛ і Кароны (асабліва ў частках 13 і 14 рамана "Вабнае зіхаценне палацаў" і "Каралеўскія забавы" і гаспадара Масковіі з яго рабскім атачэннем (самадурства, крывадушша, жорсткасць, агрэсіўнасць, подласць, помслівасць, трусасць і інш.). Аўтар пераканаўча раскрывае сакрэты, таямніцы і інтрыгі княства, каралеўскага і царскага двароў-прыходаў гаспадароў жыцця.

У кантэксце гістарычнай праўды праглядаецца нешчаслівы-неміласцівы лёс Беларусі-Літвы ў рэчышчы супрацьстаяння між сабой Азіі і Еўропы. Наша зямля тады была ўсходнім фарпостам Еўропы. Мяжа між Еўропай і Азіяй у тыя часы пралягала па левай даліне Дняпра бліжэй да Масковіі. І вось нашы продкі былі, фігуральна кажучы, між молатам і кавалдай. Не часта ў часы смяротнай небяспекі спяшаўся ім на дапамогу Захад. Наадварот, ён быў схільны да аслаблення ВКЛ, каб пасля сдзейсніць у яго адрас-бок акт інкарпарацыі. І пра гэта можна даведацца з рамана "Ідзі і кажы". Тут жа падаюцца густа і шчыльна напісаныя (сэнсы і словы заўсёды ўпрытык падагнаны адзін да аднаго) батальныя сцэны Аршанскай бітвы на Крапівінскім полі і на рацэ Крапіўна.

Ад першай і да апошняй старонкі тэкст рамана "Ідзі і кажы" здольны трымаць чытача ў трывожным напружанні. Праўда, часам ён перарываецца момантамі здаровай усмешкі і гумару. А ўсё гэта адбываецца коштам здзіўляючай энцыклапедычнай эрудыцыі аўтара, глыбокага ведання чалавечай псіхалогіі, вядома, у бліскучым, непаўторным стылістычным выкананні-афармленні. Яго пяру падуладны і тонкія пейзажныя замалёўкі, і трывожна-містычны стан прыроды. Яны ў яго на ўзроўні высокай паэзіі. Яго славесная находка часта ўтрымлівае метафарычныя рухі, што надае тэксту дадатковую абаяльнасць. І ўсё гэта і заўсёды апраўдана. І таму ствараецца ўражанне, што аўтар не стылізуе, а піша з натуры.

Нельга не сказаць пра кампазіцыйную пабудову рамана, які складаецца з 37 частак-раздзелаў. І што паказальна: кожны раздзел існуе нібыта асобна, самастойна, аўтаномна, а між тым, яны звязаны між сабой і тэматычна, і ідэйна, і сюжэтна, і стылістычна і разам складаюць адзінае цэласнае, цэлае, калі хочаце - сімфанічны эпас. Гэта неразрыўнае пано, якое складаюць нібыта самастойныя мазаікі. Як гамераўскія "Іліяда" і "Адысея".

Дарэчы, "Ідзі і кажы", як амаль і ўсе творы Э. Ялугіна, не "падпарадкоўваюцца" тэхніцы хуткага чытання. Глыбока напісаны, раман гэты патрабуе ўдумлівага, можа, нават і ўслых чытання, - чытання на ўзроўні мастацкага выканання. Тым больш, што тэкст яго большым сваім аб'ёмам амаль рытмізаваны.

Вось такая высокапрафесійная паэтыка твора нашага аўтара. Яна вартая ўхвалення, вывучэння і наследавання, з гледзішча тонкай аўтарскай назіральнасці і бліскучай яго стылістыкі.

Неабходна адзначыць, што "Ідзі і кажы" стваралася на працягу 20-ці гадоў, улічваючы, вядома, што аўтар карпатліва даследаваў розныя летапісы, хронікі, акты, дакументы, паданні і інш.; вывучаў творы айчынных і замежных гісторыкаў, мысліцелей і пісьменнікаў (больш за сотню адзінак); творча кантактаваў з гісторыкамі-сучаснікамі М. Ермаловічам, М. Ткачовым, А. Трусавым, К. Тарасавым, М. Чарняўскім, А. Белым, З. Сіцькам, А.Пухоўскім і інш. Неацэнную дапамогу аказваў яму сваімі кансультацыямі наш славуты гісторык Мікалай Мікалаевіч Улашчык. Таму раман, можна лічыць, у пэўнай ступені атрымаўся дакуменціраваным творам. А адкрываецца том (рамана) прадмовай доктара гістарычных навук, прафесара Анатоля Пятровіча Грыцкевіча "З гістарычнай дакладнасцю і мастацкай выразнасцю", у якой прызнаецца бяспрэчная ўдача пісьменніка і выказваецца спадзяванне на прыхільную сустрэчу чытачамі гэтага твора. А напісаў тую прадмову выдатны наш гісторык незадоўга да сыходу ў іншы свет - у нябесную Беларусь.

Вялікі Э. Кант калісьці прапаноўваў вырваць з рук моладзі раманы і аповесці, якія не скіроўваюць яе да высокага жыцця. Вось жа і сёння многія розныя элітныя жаночыя і мужчынскія прыгодніцка-бандыцкія творы не здольны адграніваць душу чалавека на Дабро; наадварот, яны яе разбураюць. Дык вось, безумоўна, гэта ні ў якой ступені не тычыцца твораў (асабліва - гістарычных) Э. Ялугіна. Сёння яны патрэбны і неабходны чытачу, асабліва беларускаму патрыёту. Яны, добра насычаныя бясспрэчнай інфармацыяй шырокага дыяпазону, з'яўляюцца яшчэ, да ўсяго, удзячнай крыніцай для навукоўцаў-даследчыкаў: гісторыкаў, этнографаў, мовазнаўцаў, рэлігіяведаў, палітолагаў, палітыкаў, псіхолагаў, псіхіятраў, крыміналістаў, стылістаў і інш. Як і ва ўсіх яго творах, у рамане "Ідзі і кажы" багата дэтальнага апісання інтэр'ераў і экстэр'ераў палацаў і храмаў, зброі, палявання-забаў, цырымоній магнатэрыі, царкоўных рытуальных прыналежнасцей, адзення, прычосак, рознага начыння, пітва і страў (і натуральна, людзей вакол іх), жытла беднага люду і многага іншага. І, заўважым, у кожнага персанажа - свой моўны аўтапартрэт і, вядома, па абодва бакі мяжы. А ўдала аўтар усё гэта дэталізуе, бо добра яго ведае, бо даследаваў, вывучаў. І таму старонкі твора гучаць пераканаўча. Дарэчы, "Ідзі і кажы" можа быць вартым спадарожнікам падручнікам па гісторыі Беларусі. Больш таго, ён сам у пэўнай ступені - універсальны мастацкі падручнік.

Няма сумневу, што раман "Ідзі і кажы" нароўні з іншымі творамі Э. Ялугіна - важкі ўклад у скарбніцу прыгожага беларускага пісьменства, уклад, які яе ўзбагачае.

А цяпер колькі слоў пра асобу аўтара і яго жыццёвы шлях. Нарадзіўся Эрнест Васільевіч Ялугін у вёсцы (станцыі) Асінаўка Аршанскага раёна; цяпер у складзе Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Што датычна працоўнага паслужнога спісу ў розных установах, то тут карціна такая. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1954 г.) у горадзе Крычаве - радзіме бацькоў - служачых, інтэлегентаў быў літсупрацоўнікам пры крычаўскай раённай газеце "Шлях сацыялізма". З 1957 г. па 1960 г. працаваў у мсціслаўскай раённай газеце "Калгасная праўда"; потым - у шматтыражцы "За коммунистический труд" (Салігорск). З 1961 г. - загадчык аддзела, адказны сакратар газеты "Знамя юности". У 1992 г. завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ. З 1966 г. - раз'язны карэспадэнт "Сельскай газеты", з 1969 г. - карэспадэнт газеты "Літаратура і мастацтва"; з 1976 г. - супрацоўнік часопіса "Нёман", з 1978 г. па 1984 г. - намеснік галоўнага рэдактара гэтага ж выдання. З 1991 г. па 1997 г. - галоўны рэдактар газеты "Наша слова". І дзе б ні працаваў Э. Ялугін, ён дзейсна прапагандаваў любоў да беларушчыны. Цяпер на пенсіі. Жыве ў Мінску. Чалавек ён - сумленны, справядлівы, добразычлівы, спагадлівы. Сёння цяжка хварэе. У дадатак да таго, што пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы, на яго здароўі адбіўся незайздросны лёс нашай Бацькаўшчыны ад мінуўшчыны і да сённяшніх дзён. Пажадаем шаноўнаму Эрнесту Васільевічу хутчэйшага выздараўлення і новых здзяйсненняў на ніве айчыннага прыгожага пісьменства.

І яшчэ. У вёсцы - чыгуначнай станцыі Асінаўка (цяпер гэта амаль прыгарад горада Дуброўна) імем пісьменніка Э. Ялугіна названы цэнтральная вуліца і завулак. А ўдастоіўся такога гонару Эрнест Васільевіч за годны ўклад у беларускую літаратурную класіку і яе развіццё. Як бачым, у адрозненне ад кіруючых сталічных колаў, у глыбінцы - на малой радзіме пісьменніка больш разумеюць і цэняць стваральніка жывых літаратурных твораў.