Творчыя арганізацыі патрабуюць перагляду Пастановы №7
18.03.2017 | 18:38 |

7ГА "БАЖ", РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбаю патлумачыць чаму гэтыя арганізацыі не ўвайшлі ў спіс творчых саюзаў. Разам з тым іншыя грамадскія аб'яднанні, сябры якіх займаюцца аналагічнай дзейнасцю, у гэты спіс увайшлі.

...............................

30 студзеня 2017 г. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняло пастанову № 7 "Аб вызначэнні пераліку творчых саюзаў", згодна з якой у пералік творчых саюзаў уключаны:

1. Грамадскае аб'яднанне "Беларуская гільдыя акцёраў кіно";

2. Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз архітэктараў";

3. Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз дызайнераў";

4. Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз журналістаў";

5. Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз кінематаграфістаў";

6. Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз кампазітараў";

7. Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў";

8. Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз майстроў народнай творчасці";

9. Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз музычных дзеячаў";

10. Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз тэатральных дзеячаў";

11. Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз мастакоў";

12. Грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі";

13. Беларускае грамадскае аб'яднанне "Фотамастацтва".

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў", грамадскае аб'яднанне "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларускі ПЭН-цэнтр", як і шэраг іншых арганізацый, члены якія займаюцца творчай дзейнасцю, не былі ўключаны ў пералік творчых саюзаў.

"Згодна з арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Сітуацыя, калі па незразумелых і непразрыстых крытэрах адны з грамадскіх аб'яднанняў былі ўключаны Міністэрствам культуры ў пералік творчых саюзаў, а другія - не, ёсць паказальнікам дыскрымінацыйнага падыходу з боку міністэрства да шэрагу арганізацыяў і іх членаў, якія займаюцца творчай працай, што парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь", - гаворыцца ў звароце ў Мінкульт.

Аўтары зварота просяць патлумачыць, па якіх крытэрах Міністэрства культуры вызначыла, якія арганізацыі адносяцца да творчых саюзаў, а якія - не; адмяніць пастанову № 7 "Аб вызначэнні пераліку творчых саюзаў".