Член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец прапанаваў меры па падтрымцы беларускай мовы
06.03.2017 | 23:51 |
Член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец прапанаваў меры па падтрымцы беларускай мовыУ Беларусі неабходна прыняць меры па падтрымцы нацыянальнай мовы для забеспячэння рэальнага раўнапраўя дзяржаўных моў у сітуацыі двухмоўя, зацверджанага Канстытуцыяй.

Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі 17 лютага першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Аляксандр Лукашанец.

Навуковец прапанаваў шэраг мер, якія, на яго думку, найбольш неабходныя і актуальныя на сённяшні дзень. Перш за ўсё ён лічыць патрэбным рыхтаваць, абмяркоўваць і прымаць усе заканадаўчыя акты адначасова на дзвюх мовах.

Дзяржаўныя і прыватныя ўстановы, лічыць Лукашанец, павінны быць забяспечаны ўсімі неабходнымі бланкамі і іншымі дакументамі як на рускай, так і на беларускай мове.

Усе службовыя асобы, сказаў навуковец, павінны сапраўды валодаць дзвюма афіцыйнымі мовамі Беларусі, каб мець зносіны з грамадзянамі. Ён перакананы, што "дастатковае веданне абедзвюх дзяржаўных моў павінна быць галоўным крытэрыем адпаведнасці работніка сваёй службовай пасадзе".

Высокі ўзровень валодання беларускай мовай таксама павінен быць у выпускнікоў ВНУ, асабліва гэта тычыцца маладых настаўнікаў. "Сёння вельмі востра стаіць праблема падрыхтоўкі педагагічных кадраў, якія маглі б пасля атрымання дыплома выкладаць на любой дзяржаўнай мове свае навучальныя прадметы, у тым ліку фізіку, матэматыку, хімію", - растлумачыў прадстаўнік НАН Беларусі.

На выніковых іспытах у школе і на ўступных іспытах у ВНУ, на яго думку, трэба правяраць веданне дзвюх дзяржаўных моў, а не адной - на выбар выпускніка або абітурыента.

Такія меры, адзначыў вучоны, адпавядаюць "сутнасці дзяржаўнага двухмоўя" і Канстытуцыі Беларусі. Яны дапамогуць беларускай мове "заняць належнае становішча ў грамадстве" і забяспечаць "неабходную моўную кампетэнцыю грамадзян".

"Гэтыя меры таксама дазволяць нам замацаваць прэстыж краіны як дзяржавы, якая выбудоўвае сваю незалежнасць, захоўвае нацыянальныя асаблівасці і паспяхова ўваходзіць у сусветную супольнасць, - падсумаваў Лукашанец.

Захар Шчарбакоў, (БелаПАН)