Краснасельскі краязнаўца
10.01.2017 | 15:52 |
Мінае 80 гадоў з дня нараджэння (11.01.1937) Верацілы Міхася, сына Уладзіміра з пасёлка Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне. 40 гадоў прайшло, як я пазнаёміўся з магутным краязнаўцам, дасціпным гумарыстам-фалькларыстам, рэстаўратарам, нумізматыкам, услед за Скарынам -- у лекарскіх навуках практыкам: на сябе адчуваў натхнённае ўздзеянне яго зёлак.

Міхась Вераціла. Фота С. Панізьніка. Кастрычнік 1987 г.
Міхась Вераціла. Фота С. Панізьніка. Кастрычнік 1987 г.

У 1987 г. для тэлепраграмы "Спадчына" Беларускага тэлебачання я працаваў разам з сям"ёй Верацілаў над здымкам перадачы "Святло, што ў народзе жыве". Міхась з жонкай Любай выпраменьвалі святло душэўнай творчасці. Міхась, да прыкладу, быў маляром на цэментным заводзе, а стаў мастаком. Нездарма Алесь Белакоз запрашаў яго "абуджаць" Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей. А яшчэ Міхась Вераціла разьбяр,аўтар помнікаў на сваім мацерыку. Археолагам стаў, адкрыўшы для даследчыкаў нетры крэмнездабыўных шахтаў.

"Адкуль бяруцца самародкі?"--так называўся мой артыкул пра Верацілу, надрукаваным у "Сучасніку--88". Адкуль? Пра гэта могуць паведаміць змястоўныя публікацыі Міхаіла Уладзіміравіча, яго шматлікія калецыі -- паштовак, філатэліі, рарытэты старадаўняга кнігадрукарства...

Міхась Вераціла ў сваім гаспадарстве. Фота С. Панізьніка. Кастрычнік 1987 г.
Міхась Вераціла ў сваім гаспадарстве. Фота С. Панізьніка. Кастрычнік 1987 г.

С. Панізьнік, прымерка кальчугі. Фота М. Верацілы. Кастрычнік 1987 г.У 1987 годзе Люба і Міхась мне далі прымерыць створаную імі кальчугу, асцярожна прапанавалі патрымаць не касу -літоўку, а меч ваяра, які ў пагоні ворагаў перамагаў, вяртаў адлучанае, затоеннае...

Такім абаронцам спадчыны, выяўляльнікам прытушаных скарбаў для ўзвышэння Айчыны, якая дзякуючы такім апантаным даследнікам ніколі не пераўтворыцца ў Атлантыду, і з"явіўся на мерыдыянах і паралелях нашага беларускага кантыненту Міхась Вераціла.

Сяргей Панізьнік