Я ведаю паэта Яўгена Гучка ўжо не адзін дзясятак гадоў. Чалавек ён чысцейшага сэрца, высокіх дум і парыванняў, неадступны і пранікнёны патрыёт сваёй роднай зямлі. Эрудыт, мысляр... А ў той жа час душа не радуецца рэчаіснасці, якую вочы бачаць. І, назіраючы за ходам падзей у грамадскім жыцці, паэт-ваяр набыў скепсіс і паняверку... Таму з цікавасцю, не пазбаўленай, праўда, і зразумелай тут насцярогі, я прачытаў яго мастацка-публ іцыстычны твор "Законы неба не адмяняюцца" (Нябесная Беларусь)", які надрукавалі ў газеце "Наша слова" ў №№ 22-30 за чэрвень - ліпень 2016 г.
Форму ягонаму твору прыдае трохрадкоўе слупкоў, або змыслых строф, якія паэт узяў сабе на ўцеху, на ўзбраенне, адштурхнуўшыся ад японскага хоку, і не здраджвае аблюбаванаму прыёму, ладу, форме ад самага пачатку сваёй творчай біяграфіі. Па сутнасці выкладзенае ў яго паэме-эсэ, можна назваць яшчэ паэмай маналогам, бадай што... Аўтар свядома выбраў жанр паэмы без сюжэту, а каб быў сюжэт ды былі дзеі-падзеі, вобразы, характары - яны самі па сабе ўжо разгортваліся б і завастралі цікавасць чытача.
Наватарства паэта, калі хочаце,
у тым, што ён кінуў выклік класічнай паэме і замест сюжэту рызыкнуў падаць свой
мыслярскі одум, набытак, клёк, афарбаваны аўтарскімі пачуццямі. І тут мы маем
кіпенне пачуццяў замест сюжэту.
Пералічым раздзелы твора,
якія ў пэўнай меры выяўляюць змест паэмы-эсэ. Зазначым, дарэчы: усе раздзелы працяты
пякучым болем аўтара за краіну сваіх мар - Радзіму. Толькі ж гэты боль і гняце,
і ўзвышае, бо за ім - бачанне Нябеснай Беларусі. Праўда, гэта адзіны станоўчы і
ўзвышаны вобраз, на якія відочна бракуе паэме.
Ну дык вось, шаноўныя
чытачы, чытайма разам: 1. А хлеб духоўны - без чаргі. 2. Зямная (Беларусь, - Э. Я.), яна на ахвярах трымаецца.
3. Бойся каўтуна ў галаве. 4. Ганьба сваім і чужым. 5. Хто мову Айчыны сваёй не
пакінуў. 6. У небе, у самым небе. 7. Дык будзьма ж, як сонца! 8. Замест "Не бойся"
- "Смялей!" 9. І сэрцы, і думкі, і воля... 10. Радзіма і Творца - вось жа ў гэтым
усё.
Душа!
Што можа
ў неба
ўзняць душа,
Калі не ў спаемстве
яна з жыццём беларуса?!
Бачачы паратунак (для годных
таго паратунку) суайчыннікаў у міфічнай Нябеснай Беларусі як мары, аўтар тым не
менш кліча да дзеі - стварыць, зрабіць, дасягнуць на роднай зямлі тоеснасці з
той ідылічнай, нябеснай краінай. А пакуль што, да здзяйснення гэткай запаветнай
мары яму і нам, грэшным, далёка, бо дух народа, ёй-ёй, - наш дух нямоцны. І
ёсць горкая праўда, і ёсць аўтарскае папярэджванне ў наступных радках:
Янку Купалу забілі б і сёння,
Толькі ўжо не ў Маскве,
А ў Мінску.
У падобным сцвярджэнні,
дарэчы, уся драма, калі не трагедыя нашага жыцця тут, на спрадвечнай зямлі
беларускай. А вось вытокі бездухоўнасці, ліха на яе:
У каго няма айчыны на зямлі,
Сваю гаротнасць аніколькі
Ён не ўяўляе.
Сям'я без культу Айчыны
Зямной і нябеснай -
Пустая ячэйка.
У паэме "Законы неба не
адмяняюцца" сказана шмат горкай і непамыснай праўды. Толькі ж, калі да сэнсу,
ёсць там і спрэчныя альбо знарочыста грубыя радкі і, можа паказацца нават, што
празмерна згушчаюцца невясёлыя фарбы. Нехта ахвотна залічыць аўтара ў
апазіцыянеры. Дарэмна, аднак!..
Гучок - сам па сабе, і крытыка
ў яго - падчас жорсткая крытыка ладу - распаўсюджваецца ва ўсе бакі, на сваіх і
чужых, на ніякіх, адпетых, на грамадства ў цэлым, бо, людцы мілыя, набліжаецца
катастрофа - гібель нацыі, і больш няма сумненняў - страты панясуць усе!
Тут прыгадваецца падобнае
ж непрыняцце карціны жыцця і нягод у грамадзе ды горыч Васіля Цяпінскага ў сярэднявечча:
"Хіба не кара божая - лад, што ўсталяваўся ў нас у доме?!"
Дык страты панясуць усе...
і свядомыя, і несвядомыя грамадзяне, прычым разам з уладамі. І, калі шчыра, у
мяне сёння ўзнікае парадаксальная думка: паэт Гучок у сваіх клопатах, верагодна,
стаіць ужо бліжэй да ўладаў, чымся да апазіцыі, прынамсі, у разуменні
неабходнасці павароту краіны да неадкладнага вырашэння нацыянальных пытанняў.
У галовах высокіх паволі
і тым не менш абгрунтавана, натуральна і прыкметна адбываецца ледзьве азначаны тут
паварот. Зрэдзь з'яўляюцца публікацыі ўладных людзей, у якіх трактуецца
неабходнасць шанаваць сваю гісторыю, культуру, духоўныя і маральныя каштоўнасці,
урэшце - мову, і гэтая задача бачыцца ўсеагульнаю, калі не сказаць,
абавязковаю, для ўсіх. Па крайняй меры так, як гэта рабілася і робіцца ў іншых
краінах, якія дасягнулі свайго развіцця. Прынамсі, падобная задача павінна
аб'яднаць намаганні дзяржаўных структур і грамадства. У вырашэнні гэтай задачы
- вышэйшы сэнс утворанага дзяржаў нага арганізму. Прычым, клопат пра дабрабыт
народа не адмяняецца, а, наадварот, узмацняецца.
Жалю варта, але
даводзіцца прызнаць, што піраміда палітычнай апазіцыі за апошнія 20 гадоў
перакулілася, і кіраўнікі палітычных партый і рухаў, як чорт ладану, баяцца
ўздымаць і вырашаць нацыянальныя пытанні на сваёй зямлі, а яшчэ больш - за яе
межамі, у ЕС, да прыкладу... Разам з тым у Еўропе, па прычыне недалужных і
прадузятых ліберальных стандартаў страчваюць людзі сваё аблічча, каларыт, ранейшы
творчы дух. Нясуць страты народы і нацыі. Замест сцвярджэння годнасці, досціпу,
прыгажосці, велічы той ці іншай нацыі вядуцца бясконцыя размовы аб правах
індывіда - чалавека, які разглядаецца ў адрыве ад сваёй зямлі, роду, радзіны. І
тыя славутыя і развесістыя "правы чалавека" ўсё часцей парушаюцца, і раз-пораз
гучаць тэракты. Западаючы ў бок эга, юру, аднаполых шлюбаў і іншай пошасці ў
грамадстве, гібее выпеставаная стагоддзямі мараль.
Скрозь бароняць правы
індывіда... Вось толькі ніхто нідзе не бароніць правы нацый на развіццё і
трываласць, на самую іх будучыню, што, мусібыць, не менш важна за абарону правоў
пэўнай асобы. Нацыі ж заўжды вянчаюць развіццё духу чалавечага. Як, зрэшты, і творчасці.
Матэрыяльнай і духоўнай. Таму яны заўжды - вянец чалавецтва. У іх - яго веліч,
а не ў рассыпаным па планеце боб-гароху. І ўсё гэта карэлюецца з паэтычным
творам Гучка.
Трывога, скруха, сум, абвостраны
боль за сваю збэшчаную размаітымі акупантамі зямлю і дзяржаву не пакідаюць паэта. У душы часам складваецца ўражанне, што
ён у сваёй трывозе і мораку-нэнзе самотны-самотны і неадкуль больш чакаць ні
падтрымкі, ні радасці, уцехі. Гэта не можа не хваляваць яго. Адзінота, што
праўда - сяброўка філосафа, мысляра. Ды на Беларусі тым часам мала беларусаў... і
гэта ён засведчыў у сваёй паэме. Беларусы страчваюць свае пазіцыі. А ці ж так яно?..
Адзінота пасуе Богу
І таму, хто ўлюблёны
Ў Айчыну сваю.
А людзі? Каханне?
Бацькі і дзеці?
Культура, мастацтва
і падобнае іншае? Не...
Радзіма і творца -
вось жа ў гэтым усё!
У размове з дасціпным паэтам
і публіцыстам Я. Гучком, пасля таго, як была надрукаваная паэма "Законы нябёсаў
не адмяняюцца", я зазначыў яму, што падобны твор зацікавіць далёка не ўсіх
чытачоў -- не кожнаму ляжа на душу. Ён лёгка пагадзіўся і сказаў:
- Няхай і так. Я ж пісаў у
разліку на падрыхтаваных, разумных ды цямных чытачоў. Буду чакаць, што скажуць людзі.
І апошняе, што мне
застаецца дадаць, гэты твор Гучка патрабуе да сябе далікатнага і не
перадузятага падыходу, яго лепш чытаць не ўвесь адразу, а паасобнымі дзялкамі, скажам,
раздзеламі. Лягчэй засвойваецца. Дый, увогуле, браць мудрасці праз меру,
упохапкі, таксама нягожа. Не данясеш куды трэба.
Васіль
Якавенка, пісьменнік. Наша слова. - 30 лістап. 2016. - С. 7.
|