Краіна бязважкіх слоў
05.10.2016 | 16:08 |
Дзмітрый Шулюк, нам. галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць”Дзмітрый Шулюк, нам. галоўнага рэдактара часопіса "Маладосць"

Скарбніца беларускага фальклору багатая на прыказкі і прымаўкі. На трапныя выразы, якія так дасканала абмалююць любую з'яву. "Конь вырвецца - здагоніш, а слова вырвецца - не зловіш". "Сліны не падымеш, а слова не вернеш". "Куляй патрапіш у аднаго, а трапным словам - у тысячу". "Сказаў, як гваздом прыбіў". "Словы - гужы, за сэрца цягнуць". "Слова даражэй за золата". Толькі, здаецца, "прагніла штосьці ў Дацкай дзяржаве". Здаецца, гэта гісторыя народнай мудрасці - толькі гісторыя. Здаецца, тыя беларусы, якія так цанілі слова, даўно вымерлі, а замест іх, скраўшы гэтае імя, жывуць зусім іншыя істоты.

2016 год аб'яўлены ў Беларусі Годам культуры. Што ж адчулі жыхары рэспублікі, калі пачулі гэта ўпершыню. Напэўна, у большасці, ціхі голас далёка ўсярэдзіне: "Цікава, што яны зробяць?" "Яны" - гэта тыя, хто адносіцца да культуры. Бо не кожнаму вядома, што да культуры адносіцца ўсё і ўсе.

"2016 год аб'яўлены годам культуры. Выклікана гэта тым, што культура, у шырокім сэнсе слова, павінна выконваць больш актыўную ролю ў згуртаванні народа вакол стваральных мэт, высокіх маральных прынцыпаў і нашых добрых традыцый, у неперарыўным глыбокім працэсе фарміравання працалюбівай, адукаванай, духоўна багатай нацыі!"

Гэта словы нашага прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка. Словы таго, хто мае права гаварыць за народ, і мае абавязак гаварыць за народ. А той самы народ нават не слухае. Няма яму справы, што там кажуць ад яго імя. Няма справы да высокіх мараляў і актыўных роляў. Народ схаваўся, забіўся па вуглах і шчылінах і без цікавасці назірае за жыццём краіны. За жыццём, якое павінен ствараць.

"Упэўнены, беларусы пераадолеюць і цяперашнія, цалкам часовыя цяжкасці. Мы абавязкова выйдем на новы, больш высокі ўзровень эканомікі і якасці жыцця. Таму што валодаем звышкаштоўным здабыткам - слаўнай гісторыяй мужнасці і стойкасці, адзінствам народу, пачуццём асабістага гонару, вялізным жаданнем разам зрабіць сваю Радзіму моцнай і квітнеючай".

Таксама словы прэзідэнта. Колькі ў іх упэўненнасці, веры ў свой народ. Ды хіба, гэты народ слухае тыя словы? Слухае, а не чуе.

Доўгі час беларусы змагаліся за сваё самавызначэнне, за незалежнасць. Ішлі на смерць і заставаліся жывымі ў вечнасці. Ішлі не ўсе. Але тады было апраўданне: страх. Можна было сказаць, што хтосьці спалохаўся за сям'ю, за дзяцей. Зараз не трэба ісці на смерць. Зараз няма чаго баяцца. Чаму тады амаль тыя ж людзі, сядзяць пахаваўшыся па вуглах і шчылінах? Можа яны і тады не баяліся? Можа ў іх зусім іншая прычына? Адна прычына для ўсяго жыцця: лянота. Лянота захапіла ў палон нашчадкаў Скарыны, Касцюшкі, Купалы. Гэтыя "беларусы па пашпарту" і пальцам не паварушаць без загаду ад асабістага страўніка.

Я прывяду толькі адзін прыклад. Іх шмат, вы самі ведаеце, але я прывяду адзін.

Кожны год у нашай краіне адзначаецца Дзень пісьменства. Кожны год - гэта новы горад, са сваёй літаратурнай гісторыяй. У 2016 годзе свята прыняў Рагачоў. Для большасці Рагачоў вядомы не літаратурнай спадчынай, а згушчаным малаком. Здаецца ніякай сувязі паміж з'явамі, ды вось у нашым беларускім гімне ёсць радкі:

"Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям'і"

Складана не заўважыць тут словы "шчыра" і "сям'я"? На жаль, не складана. Асабліва, калі чытаць гэтыя словы не "шчыра" і не бачыць свой народ як "сям'ю".

Легендарны беларускі часопіс "Бярозка" першага чэрвеня звярнуўся да Рагачоўскага малочна-кансервавага камбінату з прапановай.

"У сувязі з правядзеннем 3-4 верасня ў Рагачове Свята Беларускага пісьменства просім Вас разглядзець прапанову рэдакцыі легендарнага (выдаецца з 1924 года) часопіса для дзяцей сярэдняга  і старэйшага школьнага ўзросту "Бярозка" пра размяшчэнне на яго старонках рэпартажа ў форме экскурсіі нашых карэспандэнтаў на ваша прадпрыемства. Нумар з рэпартажам можа выйсці ў свет у канцы жніўня і з'явіцца ў продажы акурат да свята ў вашым горадзе. Для юных беларускамоўных чытачоў па ўсёй краіне гэта будзе прывітаннем з горада, дзе сёлета ладзіцца знакавае для іх свята.

Просім Вас у выпадку згоды разглядзець таксама магчымасць выкупіць пэўную колькасць тыражу часопіса з рэпартажам для выкарыстання ў якасці падарункаў дзецям супрацоўнікаў прадпрыемства (гэта можа быць, напрыклад, падарунак да 1 верасня і Свята Беларускага пісьменства адначасова). Кошт аднаго экземпляра часопіса - 18 000 рублёў".

Як жа адрэгавалі прадстаўнікі Рагачоўскага камбінату? Ніяк. Галоўны рэдактар "Бярозкі" патэлефанавала ім, і пачула ў адказ, што гэта прапанова іх не зацікавіла. Тлумачу: іх, як прадстаўнікоў беларускага прадпрыемства, як жыхароў Рагачова, як грамадзян Рэспублікі Беларусь, не зацікавіла гэта прапанова. Прапанова стаць часткай Году культуры ў сваёй краіне, стаць часткай Дня пісьменства ў сваім горадзе, ды проста, парадаваць сваіх дзяцей, стаць прыкладам для іх. Прыкладам актыўнага чалавека, патрыёта. Прыкладам таго, што "шчыра" і "сям'я" ў беларускім гімне не проста словы.

Мы жывём у краіне бязважкіх слоў, картонных традыцый і касметычных звычаяў. У краіне, дзе за сімфанічным аркестрам страўніка,  кашалька і тэлевізара, ледзь гучна заціхае мелодыя сэрца. У краіне, дзе на вечнае пытанне Каліноўскага "каго любіш?", існуе толькі адзін адказ "сябе".

2016 год - год культуры ў Беларусі.

"Калісьці ў нас існаваў добры выраз: "Да штыка прыраўняць пяро!" І, між іншым, усе кіраўнікі буйнейшых сродкаў масавай інфармацыі, як у нас прынята сёння казаць - медыахолдынгаў, гэты штык насілі пры сабе. Але ці то штык затупіўся, ці то пяро згубілі?..

...Вось гэтую баявітасць, уменне актыўна і прафесійна весці дыскусію адстойваць канструктыўную пазіцыю сёння як ніколі важна ўзяць ва ўзбраенне нашым газетам, часопісам, тэлеканалам і радыёперадачам не толькі рэспубліканскага ўзроўню, але і рэгіянальнага" (з звароту са штогадовага Паслання да беларускага народу і нацыянальнага сходу А.Р. Лукашэнка ад 21 красавіка 2016 года)

Спадзяюся, што мой штык яшчэ не затупіўся. І слова маё патрапіць не ў аднаго, а ў тысячу, ці ў тысячу тысяч.