Ад журналістыкі - да рамана-эпапеі, як партрэта стагоддзя
15.06.2016 | 19:16 |
Літаратурная вечарына "Узыходжанне", прысвечаная 80-годдзю Васіля Цімафеевіча Якавенкі адбылася 25 траўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

Васіль Якавенка з сямґёй і сябрамі
Васіль Якавенка з сям'ёй і сябрамі

Яе распачаў намеснік дырэктара бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша:

- Дарагія сябры, чытачы, даследчыкі творчасці пісьменніка, якія сочаць за шматграннай дзейнасцю юбіляра, з вялікім гонарам мы прысутнічаем на адкрыцці выставы кніг і імпрэзы, прысвечанай яго юбілею. ХХ стагоддзе пакінула нам нялёгкую спадчыну. Апісаць гэты час не заўсёды проста. Васіль Якавенка - адзін з тых, хто не баіцца выказваць сваё ўласнае меркаванне, здольны да інтэрпрэтацыі найбагацейшага пласту нашай гісторыі. Праца Васіля Якавенкі - гэта праца чалавека, які здольны ахапіць вялікі масіў фактаў, імёнаў і па-мастацку аб'яднаць іх у адной сюжэтнай лініі. Прапанаванае ім ўспрыняцце гістарычных фактаў для нас сёння надзвычай актуальнае.

Выступае Аляксандр Суша
Выступае Аляксандр Суша

Загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Менскага лінгвістычнага ўніверсітэта Пётр Васільевіч Васючэнка адзначыў:

- Я стараюся даваць нашым студэнтам лепшае, што ёсць у нашай літаратуры, і быў узрадавваны, калі быў надрукаваны раман "Пакутны век". Наш юбіляр паказаў, як можна перайсці ад журналістыкі да рамана-эпапеі, стварыўшы патрэт стагоддзя. Ён нарадзіўся, дарэчы, 5 траўня, у дзень друку. Твор яго інфармацыйна насычаны, у ім сабрана велізарная факталогія. Мне імпануе экалагічны імператыў, які суправаджае публіцыстыку Васіля Якавенкі: тут супадаюць экалогія прыроды і экалогія душы.

Філасофскі аналіз творчасці пісьменніка даў у кароткай лекцыі прафесар культуралогіі Аляксей Уладзіміравіч Рагуля. Ён прасачыў творчую эвалюцыю аўтара, разважаў пра яго літаратурны феномен.

- Якавенка ідзе ад народнасці культуры. Першапачатковыя чалавечыя каштоўнасці такога ўзору, як мацярынства і бацькоўства, людскасць, дыхтоўнасць, пісьменнік свядома падкрэслівае. Ён дае глыбокі сацыяльна-псіхалагічны аналіз рэчаіснасці. Сутнасць феномену Якавенкі ў тым, што ён адштурхоўваецца ад народнай філасофіі. Народнасць - ёсць паказчык вышэйшага інтэлектуальнага ўзроўню творцы, - заўважыў прафесар А. Рагуля.

Сябра ТБМ, паэт і публіцыст Яўген Гучок сказаў пра свайго калегу, як пра асобу:

- Васіль Якавенка - беларусацэнтрычны чалавек, бескампрамісны грамадскі дзяяч, выдатны арганізатар канферэнцый, шчыры і таварыскі чалавек, які не раз прыходзіў з дапамогай сябрам і ўсяму народу. У 1991 годзе сярод першых арганізацый ён запачаткаваў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль" і дапамог змагацца з бядой. Трэба пакланіцца яму і пажадаць моцнага здароўя і плённай дзейнасці!

Як зямляк са шчырымі пажадання выступіў фізік і палітолаг Анатоль Астапенка:

- У нас, у Васілевічах заўсёды ўзгадвалі пісьменнікаў-выхадцаў з нашых мясцін - Івана Навуменку і Васіля Якавенку. З Васілём Цімафеевічам мне давялося сустракацца з 1986 года. Яго публіцыстыка была заўсёды вострай, але ён яшчэ і дапамагаў людзям, якія шукалі падтрымкі. Ён выпускаў вострую незалежную газету "Набат". Ён шмат зрабіў ў абарону беларускай мовы: напісаў мноства лістоў і зваротаў, правёў шэраг канферэнцый і семінараў.

- Мяне ўсхвалявала праўдзівасць твору, у ім шмат старонак пра багацце зямлі, пра моц народнага духу, - сказала паэтка Вера Буланда.

- Каб радасна пад беларускім небам крыяла мудрасць Якавенкі Васіля! - пажадала ў вершаваных радках Аляксандра Грыцкевіч.

Спявак і мастак Андрэй Плясанаў цягам пяці гадоў меў магчымасць падарожнічаць з Васілём Якавенкам і браць удзел у сустрэчах з чытачамі.

- Мы разам наведвалі Моталь, радзіму герояў пісьменніка, дзе нас сардэчна сустракалі мясцовыя жыхары, - узгадвае спадар Андрэй.

Спявак выканаў для свайго сябра і паплечніка некалькі песень патрыятычнага зместу. Песню "Край" заспявала Кацярына Ваданосава. Мастак М. Карпук падарыў сябру свой пейзаж "Восеньскі матыў". Цеплыню сустрэчы з чытачамі ў бібліятэцы падзялілі жонка юбіляра Ларыса Мацвееўна і дзве яго дачкі - Наталля і Алена, унук і ўнучка.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Выступае Аляксандр Суша; 2. Васіль Якавенка з сям'ёй і сябрамі.

Газета "Наша слова" №22 за 1 чэрвеня 2016.