Калі спалучаныя зямля і неба
27.05.2016 | 20:15 |
«Мы існуём як нацыя і нам ёсць, панове, на чым стаяць і што адстойваць!» -- гэта паводле слоў М.І. Крукоўскага і ўсёй літаратурна-публіцыстычнай творчасці В.Якавенкі, у якога філосаф Крукоўскі бачыў «выключны талент, каб спалучаць зямлю і неба».

80-годдзе беларускага пісьменніка, публіцыста, грамадскага дзеяча Васіля ЯКАВЕНКІ

2 чэрвеня 2016 года а 16 гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, п.110) адбуддзецца юбілейны творчы вечар, прысвечаны 80-годдзю беларускага пісьменніка, публіцыста, грамадскага дзеяча Васіля ЯКАВЕНКІ.

Да мерапрыемтва падрыхтавана кніжная выстава. У экспазіцыі будуць прадстаўлены асноўныя працы аўтара, артыкулы, літаратура аб яго жыцці і творчай дзейнасці.

Павіншаваць юбіляра збяруцца вядомыя літаратуразнаўцы, вучоныя, пісьменнікі, калегі-аднадумцы, сябры і родныя Васіля Цімафеевіча.

Пісьменнік Васіль Якавенка нарадзіўся 5 мая 1936 года у вёсцы Пажыхар Васілевіцкага раёна, пад час вайны вёска апынулася ў партызанскай зоне і была спаленая немцамі. З часам адрадзілася і цяпер у Светлагорскім раёне.

 

Васіль Цімафеевіч вядомы ў краіне як абаронца роднай зямлі і прыроды, палымяны ахоўнік Палесся ад згубнага праекта суцэльнага асушэння забалочаных масіваў, выпрамлення і ператварэння Прыпяці ў скразную канаву, што пагражала Беларусі абязводжваннем і нечуванай кліматычнай катастрофай. Пісьменнік нямала зрабіў і ў справе абароны насельніцтва ад радыяцыі. Пра плён яго экалагічнай і чарнобыльскай дзейнасці сведчаць газета «Набат», якую ў 90-я гады ён заснаваў і выдаваў, а таксама кнігі «Письма к живым» (1999), «Крушэнне на ростані» (2002), «Прывіды Шанхая над Свіслаччу» (2011).

Тэма адданасці роднай зямлі, зберажэння і прымнажэння яе матэрыяльных і духоўных скарбаў не менш выразна і магутна гучыць ва ўсіх яго мастацкіх і публіцыстычных творах, прынамсі, у аповесці «Пакуль сонца ў зеніце» (1977), у падарожным эсэ «Вясковыя дыспуты» (1987), мастацка-публіцыстычных зборніках «Дайсці да ладу» (1985), «Другой зямлі не будзе» (1989) «Нячывелле» (2008), у дзіцячых казках «Смяльчак Лузь» (1995), брашуры-эсэ «Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве» (2015).

А гістарычны раман Васіля Якавенкі «Надлом» (2003) прызнаны ў літаратуры наватарскім, на яго аснове ў хуткім часе аўтар стварыў трылогію «Пакутны век» з яскравымі нацыянальнымі характарамі і шырокай панарамай ваенна-гістарычных падзей ( 2006, перавыдадзены 2009).

Літаратурная крытыка і чытачы даволі высока ацанілі творчы плён і грамадскую рупнасць пісьменніка, дастаткова сказаць, што эпічнаму твору «Пакутны век» зазвычай шукаюць аналагі ў сусветнай мастацкай літаратуры.

У перакладзе на рускую мову выйшлі яго кнігі: «Приручение земли», Политиздат, 1975; «Через гать», «Советский писатель», 1982; «На что нам жизнь дана», «Советский писатель», 1991; «Надлом. Кручина вековая», Нестор-История, 2014, Санкт-Пецярбург. Апошняя назва -- рускамоўнае выданне трылогіі «Пакутны век».

 

Кантактная інфармацыя:

Васіль Якавенка, пісьменнік + 375 29 30 44 064
Вольга Панасіна, Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі 
+ 375 17 284 10 31