Пра свет, які з’ехаў з катушак
19.05.2016 | 01:40 |

Васіль ЯКАВЕНКА, пісьменнік

Васіль ЯКАВЕНКА, пісьменнік

Пра свет...

Як сцвярджаў нябожчык Мікола Крукоўскі, наш славуты беларускі філосаф, а за ім і іншыя валадары думкі, развіццё культуры чалавечай цывілізацыі ідзе па сінусоідзе: спачатку станаўленне, за ім -- росквіт, потым упадак і -- поўны распад цывілізацыі. Гэта пацверджваецца гісторыяй цывілізацый, і апошні часовы перыяд, як правіла, супадае з перавагай асабістых інтарэсаў і, калі хочаце, "правоў чалавека" над грамадскімі і нацыянальнымі інтарэсамі і правамі. Асабліва гэтая тэндэнцыя цяпер выразна назіраецца ў Заходняй Еўропе. Прычым , даходзіць да яўнага адсурду, калі культура адмаўляе самую сябе і робіцца заганнай і смешнай.

Пяць-шэсць гадоў таму дзяржаўныя дзеячы Германіі, Францыі, Англіі пачалі заўважаць: нешта нелагоднае і зусім не ліберальнае, супраціўнае творыцца ў іх уладаннях, асабліва з прытокам туды іншаверцаў і наогул людзей іншых рас і краін, і што мультыкультурная палітыка ў Еўрасаюзе дае збоі, кідае ім выклік. Іншаземцы, калі іх шмат, наогул не ўпісваюцца ў агульны малюнак нацыі як сацыяпсіхічнай і культурнай адзінкі, спараджаюць канфлікты, сацыяльна-псіхалагічную напружанасць у краінах. І тады ж заходнія ўладары даручылі былому міністру замежных спраў Германіі Ёшку Фішару стварыць кампетэнтную еўрапейскую камісію ды кардынальна вывучыць сітуацыю з "варагамі". Аднак у камісію Фішара не патрапілі сталыя вучоныя: ні філосафы альбо сацыёлагі, ні дэмографы альбо псіхолагі , ні нават культуролагі... Сабраліся там чыноўнікі сярэдняй рукі і самі сябе назвалі мудрацамі. Не доўга думаючы, яны падмянілі вядомы класічны пастулат (закон) аб развіцці ад простага да складанага, да відавой разнастайнасці на зямлі. Закон распаўсюджваецца на ўсё жывое і існае, і на грамадскія структуры таксама, у прыватнасці -- на культуры народаў і самі нацыі... І вось гэты закон "мудрацы" падмянілі тэзісам аб мультыкультурнай разнастайнасці грамадзян у адной супольнасці ды ўхвалілі палітыку на стварэнне дэмаграфічнай кашы ў Еўропе. Маўляў, «новыя хвалі іміграцыі будуць яшчэ больш памнажаць разнастайнасць», -- гэтак дакляравалі яны. Невуцтва ўзяло верх!

Цяпер, калі Заходнюю Еўропу запаланілі бежанцы са сваім адмысловым ухілам жыцця і падзеі пачалі развівацца зусім не па еўрапейскіх стандартах, -- насельніцтва раней стабільных краін не на жарт устрывожана тэрактамі, размываннем сваёй самавітасці, і незадачлівыя еўрапейскія лібералы хапіліся за галаву: даводзіцца расхлёбваць кашу, якую заварылі! Толькі Ёшка Фішар застаецца ў баку. А тым часам самую буйную ідэалагічную дыверсію з падменай навуковых паняццяў і ўхвалою мультыкультуралізму , ад якога Еўропа цяпер стогне, зрабіў менавіта ён, немец, невядома якога паходжання.

Пра нацыі...

Пра нацыі чамусьці мала хто дбае. Пра іх і ў міжнародных арганізацыях нікому галава не баліць, ні ў ААН, ні ў ЕС , ні ў ЕўраАзіі... Дый у нашым затулку... бадай што. А дарэмна, бо нацыя -- гэта па форме і змесце, па сацыякультурнай адметнасці і духоўным напаўненні -- самая вялікая каштоўнасць, створаная тым ці іншым народам, наогул чалавецтвам. Вядома, калі рушацца нацыі, знікае цывілізацыя.

У адрозненне ад некаторых вучоных і пісьменнікаў я прынцыпова лічу, што беларуская нацыя ўтварылася не ў 20 стагоддзі, а шмат раней за іншыя нацыі ў Еўропе, яна сфармавалася яшчэ ў сярэдневечча з ліцвінаў, продкаў беларусаў у Вялікім Княстве Літоўскім, бо там былі ўсе адметныя рысы нацыі -- агульная тэрыторыя, мова, адзіны ўласцівы народу менталітэт і гістарычная памяць, адзіны гонар за сваю зямлю і культуру, які дакументальна зафіксаваны -- асабліва ў вышэйшага пласта грамадства -- у шляхты. Прычым базавай, фундаментальнай культурай тады была побытавая і духоўная культура вёскі, -- яна перадавалася са стагоддзя ў стагоддзе і абагачалася, і сведчаннем таму сёння з'яўляюцца шматлікія тамы фальклору і помнікі беларускай пісьменнасці або... тыя ж маслабойкі з дрэва ды іншыя хатнія рэчы, прадметы геніяльна створаныя мясцовымі майстрамі (тут варта зазірнуць хоць бы ў Мотальскі краязнаўчы музей). Урэшце -- самы вялікі гістарычны дакумент дзяржавы і нацыі -- Статут Вялікага Княства Літоўскага!

Зазначу, што пасля апошняй вайны з гітлераўцамі беларусы (на маёй памяці) ў пераважнай большасці гаварылі па-беларуску і добра ведалі розніцу паміж сабой і прадстаўнікамі іншых нацыянальных утварэнняў, у тым ліку палякамі і рускімі, што паказвае на нацыянальнае самаўсведамленне.

Зазначу яшчэ: значна пазней, у васьмідзясятыя гады, падчас вандроўкі па Беларусі разам з вядомым рускім публіцыстам і пісьменнікам Іванам Васільевым мне спадобілася прысутнічаць на ранішняй планёрцы ў адным з калгасаў Валожынскага раёна. Там усе спецыялісты і калгаснікі гаварылі на выдатнай, чыстай, каларытнай беларускай мове. Іх мовай я быў проста зачараваны. Я ганарыўся імі. А "мова -- дом духоўнага быцця", па Хайдэгеру. Мова там жыла! І цяпер я трымаю на думцы з'ездзіць туды яшчэ раз.

Аднак што да нацыі. Яе развіццё на беларускіх землях было запаволена і няўцешна затарможана на цэлыя стагоддзі -- з-за ўваходжання ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай. Ад поўнага апалячвання ўвесь наш народ выратавала вёска, у якой культура і дух насельнікаў былі як бы закансерваваны. Нашы сяляне ў масе сваёй не ўспрынялі ні пальшчызны, ні расейшчыны, і такая сітуацыя захавалася аж па 20 стагоддзе, можна сказаць, па ліхія 30 - 40 гады, пакуль сталінскія найміты не пачалі высякаць творчую і тэхнічную інтэлігенцыю, гарадскую і сельскую, вучоных, найбольш адораных і здольных сялян. Толькі ж паламаныя расліны і дрэвы адраджаюцца, паколькі ў іх ёсць карані.

У наступныя векапомныя камуністычныя дні савецкім ідэолагам пры падтрымцы мясцовых манкуртаў, аслепленых камунізмам, удалося ўсё ж навязаць нам русіфікацыю і парушыць беларускі нацыянальны падмурак. Як сказаць, ці ёсць ён цяпер, ці яго няма?.. Спадзяванні, я чую, на моладзь. Аднак у нас застаецца яшчэ магутны акамулятар нацыі -- гэта разгалінаваная беларуская літаратура, якая зрабіла свой выдатны ўнёсак у абуджэнне, у адраджэнне народа і нацыі ў пасляваенны час нашай гісторыі. І -- ёсць, далібог, ёсць яшчэ мы, уласна, сваімі персонамі!

Пра курс у адкрытым плаванні

Мы згубілі цікавасць да перспектыўных сваіх дакументаў. І нам не выпадае ведаць: ідэолагі ў сваіх лекцыях і манускрыптах не аналізуюць і не разглядаюць развіццё дзяржавы як нацыі. А хада жыцця між тым не спыняецца, і наш карабель кудысьці плыве і плыве, пакуль без компаса, што варта прызнаць. А калі ён і мы на месцы кружым?.. Ёсць рызыка, і не давядзі, Праведны, каб нас зацягнула ў Бярмудскі трохвугольнік!

Не так даўно чалавек з вышэйшага эшалона ўлады сказаў і засведчыў у часопісе "Беларуская думка", амаль даслоўна:

"Сваю гісторыю, традыцыі і звычкі трэба клапатліва захоўваць, а вот культуру, духоўныя і маральныя каштоўнасці -- несці людзям. Задача гэта агульная для ўсіх. Як што яна аб'ядноўвае дзяржаву і грамадства. Будзе нядрэнна, калі нашы дзеці з малалецтва будуць жыць ў атмасферы беларускай культуры і традыцый, дзе ёсць месца нашым нацыянальным гульням, уборам, песням, літаратуры і кіно. Вядома, не варта абмяжоўваць іх доступ да культурных скарбаў іншых народаў. Але сваю самавітасць трэба захоўваць".

Ужо не першы год мы ў душы лашчым спадзеў на прасвятленне ў галовах стырнавых, рулявых... Нарэшце, даходзяць ведамкі, што там недзе наша трывога пачутая, і ў рубцы ўстанаўліваецца больш надзейны навігацыйны прыбор -- раз-пораз робяцца спробы выправіць курс карабля.

І як добра было б -- уладу займець над сабой і больш ужо не давярацца стыхіі!

Ад рэдакцыі

Артыкул "Пра свет, які з'ехаў з катушак" вядомага публіцыста, пісьменніка і грамадскага дзеяча Васіля Якавенкі яшчэ раз засведчыў, якія глыбокія, балючыя і найвастрэйшыя праблемы нашага нацыянальнага жыцця хвалююць аўтара.

Васіль Цімафеевіч даўно вядомы ў краіне як абаронца роднай зямлі і прыроды, палымяны ахоўнік Палесся ад згубнага праекта суцэльнага асушэння забалочаных масіваў і ператварэння Прыпяці ў скразную канаву, а Беларусі - ад пагрозы, нечуванай кліматычнай катастрофы.

Тэма адданасці роднай зямлі, зберажэння і прымнажэння яе матэрыяльных і духоўных скарбаў магутна гучыць ва ўсіх яго мастацкіх і публіцыстычных творах. А гістарычны раман "Надлом" (2003), на аснове якога створана эпічная трылогія "Пакутны век" (2006) высока ацэнена грамадскасцю і стала каштоўным унёскам у скарбонку нацыянальнай культуры.

У працы над новым раманам "Тарнада на сонцы" Васіль Цімафеевіч Якавенка сустрэў на пачатку мая сваё 80-годдзе. Шчыра віншуем яго з гэтай адметнай датай , зычым добрага здароўя і невычэрпнай творчай энергіі яшчэ на шмат гадоў наперадзе!

У гонар юбілею пісьменніка Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае на прысвечаны Васілю Якавенку літаратурны вечар, які адбудзецца 25 мая (Мінск, пр.Незалежнасці, 116, галерэя "Лабірынт", 3-ці паверх).

Пачатак а 16-й гадзіне.

 

Газета "Народная воля" №37 за 17 мая 2016 г.