Сяргей Харэўскі аб новых купюрах: Гэта суцэльная недарэчнасць
11.11.2015 | 21:31 |
Беларусам прапануецца імітацыя еўра ў значна горшым выкананні.Беларусам прапануецца імітацыя еўра ў значна горшым выкананні. 

На мінулым тыдні стала вядома, што ў 2016 годзе ўрад правядзе дэнамінацыю нацыянальнай валюты. Ужо былі прадэманстраваныя ўзоры новых грошай - папяровых і металічных. Журналісты «Нашай Нівы» папрасілі з дызайнерскага боку прааналізаваць новыя рублі ды капейкі мастацтвазнаўцу Сяргея ХарэўскагаУзоры новдзелаў глядзіце тут...  

«Акрамя ўсяго іншага, я з'яўляюся нумізматам, збіраю металічныя грошы розных краін. На фоне маёй калекцыі, прапанаваныя беларускія грошы, саступаюць. Вельмі расчаравалі капейкі. Тым больш, што юбілейныя беларускія манеты атрымлівалі шматлікія прэстыжныя міжнародныя прэміі, выконваліся вельмі прафесійна. Чакалася, што на такім сур'ёзным дызайнерскім і ювелірным узроўні, як юбілейныя манеты, будуць і штодзённыя.

Новыя капейкі выглядаюць лапідарнымі і нецікавымі. Дробныя манеты з невялікімі дэталямі амаль цалкам імітуюць савецкія.

А больш буйныя - няўдалая копія літоўскіх літаў. Выглядае гэта вельмі бездапаможна.

За прыклад можна ўзяць шмат усяго. Напрыклад, Новая Зеландыя бярэ на манеты рэдкія і адметныя прыклады ўласнай флоры і фаўны. Такія манеты распавядаюць табе нешта пра краіну.

Вельмі прыгожыя манеты ў Харватыі, мы разумеем, што гэта за краіна, уяўляем яе характар.

Што да купюр, то відавочна абсалютная бездапаможнасць купюры наміналам 5 рублёў. Нейкае незразумелае гіпатэтычнае гарадзішча, якое нам нічога не кажа. Гэта суцэльная недарэчнасць.

Агулам, не занадта фантазіравалі, выкарыстоўвалі ўсе тыя ж сюжэты, што маем цяпер, толькі зрабілі іх у горшым выкананні. На сённяшніх грошах, асабліва значнага наміналу, малюнкі чытаюцца ясна і цалкам. На прапанаваных жа выявах нарэзаныя як калаж. З мноствам лішніх дэталяў. Кампазіцыйна новыя купюры выглядаюць значна горш.

Калі мяняць грошы, то можна памяняць і серыю ілюстрацый. Такі падбор архітэктуры выклікае мноства пытанняў.

Нам прапануецца імітацыя еўраў у значна горшым выкананні. Можна было б адлюстраваць розныя стылі, розныя эпохі. Няўжо ў Магілёўскай вобласці няма нічога больш вартага, чым музей Масленнікава? Тая ж Свята-Мікалаеўская царква, адноўленая ратуша. Хто гэта адбіраў, якія крытэры? Чаму б не размясціць некаторыя абразы.

І шчыра кажучы, будынак Нацыянальнай бібліятэкі ў такім выкананні, у такім размяшчэнні, не выглядае арганічна. У Менску ёсць куды больш сур'ёзныя архітэктурныя ансамблі. Візітоўкай Менска для многіх да сёння застаюцца прывакзальныя вежы, або плошча Перамогі, ці панарама Верхняга горада, або выява іконы Божай Маці Менскай, якая з'яўляецца гербам Менска.

Гістарычны досвед паказвае, што размяшчэнне вядомых асоб на грошах, гэта вельмі сумнеўна. Персаніфікаваць грошы небяспечна. Якая градацыя? Чаму Касцюшка будзе на 5 рублях, а Купала - на 10? Мы сутыкнёмся з праблемай, каго размяшчаць на якой купюры.

Па-другое, у нашым грамадстве няма кансэнсусу што да гістарычных асоб. Я б ушанаваў Івана Насовіча, аўтара першага беларускага слоўніка, які не ўвайшоў пакуль ў нашу свядомасць. Для таго, каб асобы былі на грошах, яны павінны трывала ўвайсці ў школьную дыдактыку, нацыянальны наратыў, каб ні ў каго не ўзнікала пытанняў.

Мы не бачым кроку наперад, а толькі крокі назад. Спроба скрыжаваць быка і індыка, скапіяваць еўра ў такіх калажных вобразах, абсалютна няправільная», - заявіў Харэўскі.