Прафесар Алесь Астроўскі звольнены з Гарадзенскага медуніверсітэта
23.10.2015 | 23:14 |
Прафесар Алесь Астроўскі звольнены з Гарадзенскага медуніверсітэта Алесь Астроўскі - прафесар Гарадзенскага медуніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, звольнены з навучальнай установы. Такое рашэнне прыняла вялікая навуковая рада ўніверсітэта ў час конкурсу на замяшчэнне пасады прафесара. У прафесійным плане Алесь Астроўскі не меў падставаў асцерагацца такой рэакцыі рэктарату.

Расказвае прафесар Астроўскі:

- Быў аб'яўлены звычайны конкурс на замяшчэнне вакантнай пасады. Раз у пяць гадоў ён аб'яўляецца, і я мусіў прайсці па гэтым конкурсе. Усё, здавалася, ішло нармальна. І раптам як гром сярод яснага неба. Натуральна думаеш, што ж насамрэч адбываецца. Успомніў, што я не першы ў Гародні. Ігар Кузьміч мне сказаў, што я ўжо восьмы выкладчык і чацвёрты прафесар з нашых гарадзенскіх універсітэтаў, які быў звольнены.

Адзін з лепшых навукоўцаў Гарадзенскага медуніверсітэта аказаўся непатрэбны сістэме. Яго грамадская пазіцыя, патрыятызм у выхаванні студэнтаў сталі асноўнай прычынай зачысткі чарговага выкладчыка вышэйшай навучальнай установы. Алесь Астроўскі мяркуе, што звальненне выкладчыкаў-патрыётаў сваёй краіны выгадна перадусім прарасейскім спецслужбам. У Алеся Астроўскага трое непаўнагадовых дзяцей.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Перадгісторыя

Алесь Астроўскі: "Я не адзіны беларус, які ў Беларусі жыве ва ўмовах дыскрымінацыі"

Днямі ў рамках перадачы "Начная Свабода" рэдактар сайту "Родная зямля"ў наўпроставым эфіры даў інтэрвю карэспандэнту радыё "Свабода" Вользе Караткевіч (Прага).

В. Караткевіч: "Давайце пачнем гутарку з нашумелай гісторыі - гэта ваш удзел у навукова-практычнай канфэрэнцыі, арганізаванай з дапамогай прадстаўніцтва ТАСІС. За гэта Вы атрымалі дысцыплінарнае спагнаньне ва ўнівэрсытэце..."

А. Астроўскі: "Арганізатарам канфэрэнцыі быў таксама інстытут НІСЭПІ пад кіраўніцтвам Алега Манаева. 22-23-га лютага гэтая канфэрэнцыя адбывалася ў Менску. Тэма была такая - Эўропа, якая пашыраецца, і Беларусь. Гэта быў заключны этап у сэрыі канфэрэнцыяў, якія праводзіліся ў рэгіёнах. Былі сустрэчы зь людзьмі ў рэгіёнах, і вось лепшым далі магчымасьць выступіць на заключнай канфэрэнцыі. А гісторыя такая. Я, як звычайна, дамовіўся на катадры, з загадчыкамі, выкладчыкамі, што яны падменяць мяне ў часе канфэрэнцыі. Напісаў заяву ў адпаведнай форме на імя рэктара ўнівэрсытэта. Загадчык па катадры падпісаў, што ён ня супраць таго, каб я ўдзельнічаў, я занёс паперы ў прыёмную рэктара і праз 2 сутак спакойна паехаў у Менск. Пасьля высьветлілася, што дазволу я не атрымаў, і калі я вярнуўся з канфэрэнцыі, мне была напісаная вымова, як быццам за прагул. Былі іншыя дробязі - пазбаўленьне прэмій... Калі б гэта быў адзін выпадак, дык можна было б сьцярпець, але я 27 гадоў працую ва ўнівэрсытэце, і ўвесь час ва ўмовах прэсінгу. Ва ўмовах дыскрымінацыі. Я думаю, што я не адзіны беларус, які ў Беларусі жыве пастаянна ва ўмовах дыскрымінацыі. Наступіў такі момант, апошняя кропля... Я вырашыў падаць у суд. Натуральна, у нашых умовах я прайграў. Суд пакінуў рашэньне рэктара нязьменным. Па-ранейшаму я лічусь прагульшчыкам".

В. Караткевіч: "Алесь, а ці выказвалі салідарнасьць калегі?"

А. Астроўскі: "Несумненна. Асабліва на катадры. Былі зьдзіўленыя, нават абураныя. Гэта абсалютна нармальная справа - канфэрэнцыя. Да таго ж людзі разумеюць, што гэта вялікі гонар - супрацоўнік катадры едзе на навуковую канфэрэнцыю міжнародную, на якую запрошаныя ў якасьці назіральнікаў, слухачоў прадстаўнікі 20-і замежных амбасадаў. У асноўным мне выказвалі спачуваньні. І ў значнай ступені абурэньне".

В. Караткевіч: "Вы сказалі, што рэгулярна адчуваеце ціск на сябе. Ці адчуваеце Вы сябе дысыдэнтам?"

А. Астроўскі: "Я асабіста дысыдэнтам не зьяўляюся, але ведаю некаторых па перапісцы праз Інтэрнэт. Напрыклад, Міхася Кукабаку, нашага беларуса, які жывеў Маскве і лічыць сябе клясычным дысыдэнтам. Дысыдэнт - гэта чалавек, які нязгодны з пэўным рэжымам, падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, які выказвае нязгоду, але ў адрозьненьне ад палітыкаў, апазыцыянэраў, - у асноўным у пасіўнай форме. Наколькі я ведаю, лёзунг дысыдэнтаў - "Ня браць удзелу ў зле". Гэта самае мінімальнае, што ты заўсёды можаш зрабіць, калі ў цябе няма іншых магчымасьцяў. Проста не рабі зла, ня ўдзельнічай у ім. Але гэтага ў большасьці выпадкаў сапраўды недастаткова. Зло актыўнае, агрэсіўнае. Калі мы хочам дамагчыся зьменаў у нашым жыцьці, то таксама павінны быць актыўнымі. І дабро павінна быць з зубамі, мы павінны змагацца, арганізоўвацца, ясна акрэсьліваць свае мэты. Інакш посьпеху ня будзе. Простай пасіўнай нязгоды ў большасьці выпадкаў недастаткова".

В. Караткевіч: "Лекцыі на катадры мэдычнай біялогіі Вы чытаеце па-беларуску. Якая рэакцыя студэнтаў?"

А. Астроўскі: "Тут я хачу спыніцца на 2-х аспэктах. Найперш, як я гэта вырашыў зрабіць. У 1995 годзе, калі быў рэфэрэндум па мове, які мяне асабіста абразіў, абразіў маю годнасьць. Да гэтага я з расейскамоўнымі гаварыў па-расейску, зь беларускамоўнымі - па-беларуску. Але ў 95-м годзе адбылася ломка. Я падумаў, што калі мы вось так будзем гуляцца ў гэтыя справы, ня будзем мець пэўнай пазыцыі, нічога ня выйдзе. Я для сябе вырашыў, прыняў канкрэтную пазыцыю, што я буду весьці заняткі, чытаць лекцыі, весьці навуковую працу па-беларуску. Што і раблю 12 гадоў. Паралельна высьветлілася (а я думаў, што будзе барацьба), што абсалютная большасьць студэнтаў ня супраць. Калі ім патлумачыць усю падаплёку падзей, што этнацыд, які адбываецца ў Беларусі, накіраваны супраць іх, супраць моладзі. Супраць іх аб'ектыўных інтарэсаў. Гэта адзін з элемэнтаў таго, каб ня даць маладым людзям стаць гаспадарамі на ўласнай зямлі. Мы, беларусы, у сваім доме. Гэта наш дом, наша зямля. Адзіныя законныя гаспадары - мы. Спачатку мы павінны арганізаваць сваё ўласнае жыцьцё. На радасьць сабе і як узор для іншых. І ўсё гэта абсалютна зьвязана зь беларускай мовай. Ну вось так трохі патлумачыш перад заняткамі, перад лекцыямі... І за 12 гадоў я ня бачыў ніякіх пратэстаў".

В. Караткевіч: "Алесь, нам пазваніў чалавек з Горадні з пытаньнем да Вас..."

Званок: "З Гародні Юргель Раман, Беларускі хэльсынскі камітэт. Спадар Алесь, Вы зараз беспартыйны грамадзка-палітычны дзяяч. Чаму Вы выйшлі з партыі БНФ у 2004 годзе адразу пасьля парлямэнцкіх выбараў?"

А. Астроўскі: "Спадара Рамана я добра ведаю, нярэдка мы сустркаемся. Думаю, гэтае пытаньне задае, бо лічыць яго важным. У БНФ я быў ад пачатку арганізацыі (потым у БНФ Вінцука Вячоркі) і выйшаў, сапраўды, у 2004 годзе. Бо было ўжо ня першы раз невыкананьне кіраўніцтвам арганізацыі сваіх папярэдніх абавязаньняў. Шмат працы, мы падстаўляемся, на нас ціснуць, мы знаходзімся ва ўмовах дыскрымінацыі. А такое ўражаньне, што кіраўніцтва не адчувае сваёй адказнасьці. І тыя абяцаньні, зьвязаныя з падтрымкай, арганізацыяй працы, практычна не былі выкананыя абсалютна. Трэба было прымаць рашэньне. Адбылася бюракратызацыя, фармалізацыя, некрафілізацыя, калі жадаецца, кіраўніцтва. Далейшай сваю дзейнасьць у арганізацыі я палічыў бесперспектыўнай. І я вырашыў рабіць нешта за межамі БНФ".

В. Караткевіч: "Вы аўтар і суаўтар кніг "Тэхналёгія прапаганды ва ўмовах таталітарнага рэжыму", "Беларуская нацыянальная ідэя"- у чым ідэя і наколькі яна моцная ды эфэктыўная?"

А. Астроўскі: " Тут два пытаньні. Вось першая згаданая Вамі кніжка была напісаная ў суаўтарстве зь Лявонам Баршчэўскім, Уладзімірам Падголам, а яшчэ там былі 30 актывістаў БНФ... У 1998 годзе мы спрабавалі выпрацоўваць тэхналёгіі, як супрацьстаяць прапагандзе ўлады. А ў 1999 годзе ў Горадні адбылася важная канфэрэнцыя "Беларуская нацыянальная ідэя". Сабраліся спэцыялісты розных кірункаў - філёзафы, сацыёлягі, эканамісты, гісторыкі, матэматыкі... Вырашылі сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. Былі сабраныя матэрыялы, і была выдадзеная ўнікальная, як я лічу, кніга (мая заслуга ў тым, што я адзін з рэдактараў у гэтай кніжцы). Тады стала зразумела - зь якіх пунктаў не паглядзець на праблемы Беларусі, то адказ выглядае прыкладна так: беларускі народ мае поўнае права на ўласную дзяржаву. І пасьля гэтага паўстала пытаньне - якой гэтая дзяржава павінна быць? Я лічу, што гэтае пытаньне ў нашай ідэалягічнай сфэры да канца не расшыфраванае. Дзяржава павінна быць такой, каб рэалізоўваць аб'ектыўныя інтарэсы беларускага народу. Як гэта зрабіць? Як пабудаваць эканамічную сыстэму? Палітычную... Якая даміноўная канфэсія павінна быць у Беларусі, як вырашаць экалягічныя праблемы, чарнобыльскія, пытаньні нашай культуры - усё гэта павінна быць сфармулявана ў выглядзе нейкага Праграмнага вобразу будучай Беларусі ў выглядзе нашай мэты, за якую мы павінны змагацца. Гэта значыць, канструктыўная мэта - мэта змаганьня "за", а ня "супраць".

В. Караткевіч: "Праблему цывілізацыі Вы бачыце ў разрыве паміж тэхналягічным прагрэсам і гуманістычным - якое месца тут веры ў Бога?"

А. Астроўскі: "Па-мойму, Бог... Як навуковец (хаця і хрышчаны ў праваслаўе ў нашым гарадзенскім саборы, мае дзеці таксама хрышчаны ў межах Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы), я спрабую адказаць на пытаньне "што ёсьць Бог". Па мне Бог - сыстэма аб'ектыўных заканамернасьцяў, якія знаходзяцца ўнутры нашага сьвету, нашай рэчаіснасьці. Яны абумоўліваюць існаваньне нашага сьвету, нашай рэчаіснасьці, іх прагрэсіўнае разьвіцьцё. Вось я веру ў такога Бога - сыстэму аб'ектыўных заканамернасьцяў, якія забясьпечваюць прагрэсіўнае разьвіцьцё сьвету. Наша задача, як часткі гэтых ведаў, гэтай сыстэмы, удзельнічаць у прагрэсіўным гуманістычным разьвіцьці. Праблема цывілізацыі ў тым, што тэхналягічны прагрэс зьвязаны з удасканаленьнем сродкаў вытворчасьці, сродкаў вядзеньня вайны, - яму нішто не перашкаджае. А гуманістычны прагрэс зьвязаны з уладкаваньнем адносін паміж людзьмі, народамі. Высьвятляецца, што ёсьць шмат ворагаў, шмат соцыяпаразытычны сіл, якія тармозяць гэты прагрэс. І ў выніку ўзьнікае сытуацыі, што тэхналягічны прагрэс выпярэджвае, а гуманістычны адстае. Узьнікае разрыў. Вобразна гэтую сытуацыю можна выразіць так - ядзерная дубінка будзе ў руках у малпы, якая ў любы момант можа зь яе скарыстацца. Вось гэта патэнцыял для будучага Армагедону. Калі мы - людзі, калі мы хоць крыху думаем пра будучыню, мы павінны ўсімі сродкамі спыніць небясьпеку, якая нарастае".

В. Караткевіч: "У што Вы верыце?"

А. Астроўскі: "Я асабіста веру ў сілу праўды. Імкнуся набываць сілу праз праўду. Лічу гэта самым моцным сродкам, які немагчыма дыскрэдытаваць. І я веру, што калі-небудзь у Менску будзе фэстываль славянскага року, і нашыя рокавыя гурты - "Крама", "Палац", "Камэлёт", "НРМ", іншыя будуць выступаць на роўных з гуртамі іншых краінаў, якія нясуць нацыянальную, а не імпэрскую праўду. ДДТ там ня будзе".