Міжнародны эксперт у сферы энергетычнай палітыкі Майкл Шнайдэр мяркуе, што наяўная эканамічная сітуацыя ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне не дазволіць Беларусі завяршыць праект будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы (Гродзенская вобласць).
Такую думку Шнайдэр выказаў 25 кастрычніка на вялікай партнёрскай канферэнцыі Міжнароднага адукацыйнага цэнтра ў пасёлку Кшыжова (Польшча) падчас прэзентацыі справаздачы аб сусветным ядзерным статусе 2014 года, вядучым аўтарам-укладальнікам якога ён з'яўляецца.
«Не думаю, што ядзерны рэактар у Беларусі наогул будзе пабудаваны, - сказаў ён. - Тое, што яго пачалі будаваць, яшчэ не азначае, што гэты праект будзе завершаны, бо ў наяўнай эканамічнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне такі затратны аб'ект вельмі цяжка пабудаваць».
На думку Шнайдэра, тармажэнню будаўнцітва атамнай станцыі ў Астраўцы
пасадзейнічае той факт, што Расія, якая фактычна фінансуе гэты праект,
зараз знаходзіцца ў «цяжкім эканамічным становішчы». «Вядома, Расія можа
крос-субсідаваць Беларусь за кошт нафты і газу, але цэны на
нафтапрадукты ў свеце падаюць», - зазначыў эксперт, дадаўшы, што ў гэтым
святле «вельмі малая колькасць аналагічных расійскіх праектаў будзе
завершана».
Нагадаем, для будаўніцтва АЭС у Астраўцы выбраны праект расійскай
кампаніі «Атамбудэкспарт», генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам
выступае расійская кампанія ААТ «НІАЭП» - ЗАТ «АСЭ». Мяркуецца, што
станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400
МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на лістапад 2018
года, другога - на ліпень 2020-га.
У пачатку кастрычніка гэтага года стала вядома, што ўрад Расійскай
Федэрацыі распарадзіўся выдзеліць Беларусі крэдыт да 10 млрд. долараў на
будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык 15 кастрычніка ў Мінску заявіў
журналістам, што сёлета на будаўніцтве Беларускай АЭС будзе асвоена
больш за 450 млн. долараў. Ён таксама паведаміў, што будаўніцтва першага
блока ідзе па графіку, а другога - нават крыху апярэджвае
графік. Неабходныя сродкі будуць асвойвацца па ўзрастаючай. «Мы
нарошчваем магутнасці нашых субпадрадных арганізацый і для гэтага
ствараем неабходную інфраструктуру ў Астраўцы, для таго каб у 2015-2016
гадах размясціць максімальную колькасць будаўнікоў і мантажнікаў», -
сказаў Патупчык.
|