Мова – адукацыя – дзяржава (паноўлена)
07.07.2013 | 21:34 |
Язэп СТЭПАНОВІЧ, прафесар БДзПУ, доктар біялагічных навукЯзэп СТЭПАНОВІЧ, прафесар БДзПУ, доктар біялагічных навук

Сучаснае становішча беларускай нацыі настолькі сур'ёзнае, што бачна без падказкі астролагаў: мы рухаемся ў нікуды. Ёсць яшчэ шанец расставіць правільна выпрацаваныя чалавецтвам арыенціры й вырвацца з багны. Трыяда "мова - адукацыя - дзяржава" - вось стрыжань існаванння любой нацыі. Ад зфармаванасці й трываласці гэтага стрыжня залежыць моц дзяржавы - і эканамічная, і палітычная, а не наадварот. 

Чаму Беларусь не набыла належнага аўтарытэту ў цывілізаваным свеце, страчвае эканамічныя пазіцыі? Бо, вярнуўшы ў 1991 г. незалежнасць і маючы лепшыя павэдлуг суседзяў стартавыя эканамічныя й навукова-тэхнічныя ўмовы, у сярэдзіне 90-х паставіла воз наперадзе каня ды ўпарта кансервуе становішча. Пакуль ня вернем усё на сваё месца, не чакаць нам дабра. 

Прыкра й балюча глядзець на нашы рэаліі. Недарэчнасць відавочная, заўважаецца нават шавіністычна настроенымі суседзямі, для якіх мы становімся нецікавымі, паколькі здаемся без супраціву. Я шматкроць адчуў на сабе, як узрастае павага замежных калегаў ды простых грамадзянаў іншых дзяржаў, калі бачаць, што ты ведаеш і шануеш сваю мову, культуру, ведаеш гісторыю роднай краіны. Няўжо гэта пачуццё адсутнічае ў нашых чыноўнікаў, урадоўцаў, якія прымаюць рашэнні й ад якіх залежыць лад грамадскага жыцця? Відавочна, пакуль не загавораць кіраўнікі дзяржавы, міністры й іншыя вышэйшыя начальнікі, ня пойдзе ланцуговая рэакцыя, ня будзе зруху ў беларускім пытанні. Пастановы, загады не даюць эфекту ў грамадстве, калі самі чыноўнікі іх ігнаруюць і безпакарана, як напрыклад, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі й План мерапрыемстваў у сістэме Міністэрства адукацыі па папулярызацыі й пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010-ы й наступныя гады. Вядома, што найлепшы, найэфектыўны спосаб пашырэння мовы - уласны прыклад кіраўніцтва.

Да поўнай дэнацыяналізацыі тутэйшага насельніцтва застаўся мізерны крок. Наша дзяржаўнасць пахне бутафорыяй. Здзяйсняецца мара Міхаіла Мураўёва, генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю, які казаў, "што не зрабіў расейскі штык, тое зробіць адукацыя". Так, калі ў 1993-1994 навучальным годзе на беларускай мове ў краіне навучалася 76% першакласнікаў, а ў сталічнай вобласці - нават больш за 92%, у Менску - больш за 58%, з'явіліся роднамоўныя сярэднія ўстановы, паступова дзяржаўная беларуская мова, як і нацыянальныя мовы ў іншых краінах, займала належнае месца й гучала ў галоўным заканадаўчым органе, то пасля ганебнага рэферэндуму 14 траўня 1995 г. зноў пачало насаджацца рускамоўе: у 1995-1996 н. г. у першыя роднамоўныя класы было прынята ўжо 37,9% ад усіх першакласнікаў у сталіцы - 19,5%, па-беларуску ў краіне навучалася 34,8%, па-руску - 65,2% школьнікаў. Паводле афіцыйных звестак у 2011-2012 н. г. на роднай мове навучалася ўжо менш за 20% дзяцей ад усіх школьнікаў. А сёлета стан беларускамоўнай адукацыі настолькі гіблы, што, як адзначыў старшыня ТБШ Алесь Лозка ("Наша слова", № 3, 2013), гэтыя звесткі набылі сакрэтны характар.

Пасля маёй публікацыі ў "Нашым слове", № 7 (1106) ад 13 лютага 2013 г. нарэшце з'явілася навейшая афіцыйная лічба - 16%. Проста жах! Трэба разумець, што й гэтыя 16 - фармальны паказнік, бо, як вядома, беларускамоўных настаўнікаў-прадметнікаў нідзе ў нашых ВНУ не рыхтуюць. Трапіўшы ў "беларускія" школы, маладыя педагогі, за рэдкім-рэдкім выключэннем, не абцяжарваюць сябе беларускамоўнымі падручнікамі, выкладаюць па-расейску. Зваротная рэакцыя вучняў адпаведная. Вось і атрымліваюцца гэтыя дзьмутыя 16 адсоткаў. Асабліва жахлівае становішча назіраецца ў рэгіёнах. Дэнацыяналізацыя вёскі праз прыезджых настаўнікаў, папоў, кіраўнікоў сяльгаспрадпрыемстваў, "Белорусскую ниву" і г. д. - гэта апошні маштабны забойчы прэс над беларускай нацыяй.

Адзінае, што яшчэ трошкі сілкуе нацыянальную адукацыю, гэта падрыхтоўка настаўнікаў і выкладнікаў беларускай мовы й літаратуры. Але пад уплывам сацыяльна-палітычнага клімату ў грамадстве й зніжэннем прэстыжу роднай мовы назіраецца рэзкае самаскарачэнне (ужо непатрэбныя загады, пастановы) на беларускіх плынях філалагічнага ды іншых гуманітарных факультэтаў ВНУ. Да прыкладу, у галоўнай педагагічнай кузні - БДзПУ імя Максіма Танка з-за сістэматычнага недабору абітурыентаў ліквідаваны цэлы факультэт беларускай мовы - культуры. А яшчэ ў 2004-2005 н. г. на першым курсе тут было 10 групаў, дзе я выкладаў "Асновы экалогіі". Зараз на аб'яднаным факультэце беларускай і рускай моў набрана толькі адна невялічкая беларускамоўная група. Вось вынік 22-гадовай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі! Куды мы коцімся?

Я сам сведка: калі ў пачатку 90-х бальшыня выкладнікаў ВНУ паспяхова карысталася беларускай мовай як на аўдыторных занятках, гэтак і ў міжасабовых адносінах, то пасля сумнавядомага рэферэндуму выкладанне й справаводства рэзка вярнуліся на расейскую мову. Заўважыў: моладзь марудней здавала нацыянальныя пазіцыі. Але гвалтоўная антыбеларуская прапаганда СМІ й пасаванне выкладнікаў і чыноўнікаў зрабілі сваю справу - студэнты нават баларускамоўнага профілю зацураліся роднай мовы, пачалі актыўна пазбаўляцца, я б назваў, сіндрому варанізму. Натуральна, не хочацца быць белай варонай - асобай, у якую скіроўваюцца не паважныя адносіны, як на пачатку 90-х, а негатыўныя, што вядуць да ізаляцыі й сацыяльных абмежаванняў Такім нацыянальна арыентаваным студэнтам перакрыты доступ да пэўных дабротаў: інтэрнату, стыпендыі, пуцёўкі. Каб не выглядаць спачувальнікам, і педагогі на іспытах, як правіла, заніжаюць такім студэнтам адзнакі.

Прынцыповым і нацыянальна арыентаваным выкладнікам таксама заказаны кар'ерны рост і маральная ўтульнасць. Яны знаходзяцца пад пільнай увагай адміністрацыі. Ведаючы гэту асаблівую ўвагу, неабходна быць бездакорным у сваёй прафесійнай дзейнасці.

У краіне склалася парадаксальная сітуацыя: беларускамоўны грамадзянін расцэньваецца як апазіцыянер. А афіцыйнае стаўленне да апазіцыі выключна адмоўнае. I гэта мэтанакіравана мусуецца ўсімі дзяржаўнымі СМІ. Зфармаваны стэрэатып: гаворыш па-беларуску - апазіцыянер, г. зн. дэструкцыйны элемент, - моцна селектуе сацыяльны статус грамадзян на карысць дэнацыяналізму. Мне, бывала, не раз чыноўнікі выкідвалі прама ў лоб: "Вы - БНФавец!?" На што я адказваў пытаннем: "А што толькі сябрам БНФ можна карыстацца роднай мовай?"

Яшчэ згадаю адзін прыклад ва ўніверсітэце з адным добра знаёмым калегам. Адзін-на-адзін мы - закідычныя сябры. Сустрэліся неяк на калідоры. Гамонім па-беларуску. Гляджу, сябар раптам тушуецца, пераходзіць на расейскую мову і: "Ой, извини, мне же надо идти...", - хоць гутарка была ініцыяваная ім. Ах, на гарызонце з'явілася начальства - навошта сведчыць сувязь з апазіцыянерам.

З уласнага досведу беларускамоўнага выкладання "Экалогіі" і "Асноў сучаснага прыродазнаўства" на розных факультэтах БДзПУ імя Максіма Танка: нідзе ад студэнтаў не пачуў папроку ў моўным плане. Аднойчы толькі ад калегі-выкладніка пасля адкрытай лекцыі атрымаў: "Вы не тактично себя ведете - не спросив у аудитории говорите на белорусском языке. Что Вы хотите этим подчеркнуть?". "Якая праблема? Я гавару на дзяржаўнай мове. I зваротная сувязь выдатная", - я ў адказ. Адсюль можна зрабіць выснову: праблема ў старэйшых пакаленнях, выхаваных у савецкім светаўспрыманні, і надзея на моладзь, прытым, заўважу, пераважна гарадскую, не скаваную комплексам "дзеравенскасці", з якой асацыюецца беларуская мова.

Мова - аснова культуры. Добра сказаў сёлета ў інтэрвію радыё "Свабода" польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі: "Культуры заўсёды жывуць як праціўнікі, заўсёды больш дынамічныя культуры перамагаюць менш дынамічныя". А каму прыемна быць пераможаным? Усе народы трымаюцца перад усім за сваю мову, каб выжыць. Мова сама сабой абараняе яго носьбітаў. Гэта культурны код нацыі. Ён разбураецца - знікае нацыя.

Чыноўнікам усіх рангаў трэба схамянуцца, парушыць крыху свой моўны камфорт і глянуць у корань, зрабіць тое, што некалі зрабілі ў XIX ст. чэхі пасля шматвяковай нямецкай акупацыі й балгары, скінуўшы такое ж працяглае турэцкае ярмо, нашы суседзі летувісы, партнёры па СНД казахі... Клін выбіваецца клінам. Толькі адукацыя й асвета. Па ўсёй адукацыйнай лесвіцы - ад дзіцячых садкоў да ВНУ. Адной беларускай уніяцкай царкве ды касцёлу тут ня справіцца. I ня трэба прымусу. Трэба толькі стварыць умовы жыццёвай неабходнасці, перспектывы й усё пойдзе належным чынам. На шляху нацыянальнага Адраджэння трэба паставіць маяк - вышэйшая адукацыя на беларускай мове, перад усім Беларускі нацыянальны ўніверсітэт, за які сябрамі ТБМ сабрана больш за 50 тысяч подпісаў грамадзян. Тады, ведучы сваё дзіця ў садок, маці й бацька будуць ведаць, што на беларускай мове чакае яго набыццё ведаў у школе, атрыманне спецыяльнасці ў каледжы й ВНУ, кар'ерны рост на працы.

Такую перспектыву гарантаваў прыняты ў 1990 г. Вярхоўнай радай 12 склікання "Закон Рэспублікі Беларусь аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Ён быў разлічаны на павольнае пашырэнне ў грамадстве дзяржаўнай беларускай мовы. Калі б яго трымаліся, мы б ужо даўно займелі людскі выгляд, павагу й пашану з боку суседзяў і народаў свету. Нацыянальнае жыццё на Беларусі ў першыя гады пасля аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці ішло далёка не такімі шпаркімі тэмпамі, як, напрыклад, у суседніх прыбалтыйскіх краінах, але паступальна. Будавалася нацыянальна-дзяржаўная піраміда. Беларускай мовай карысталіся грамадзяне ва ўсіх сферах дзейнасці, дома й публічна, не баючыся пераследу. Тады такой і думкі не было. Наадварот, было за гонар валоданне дзяржаўнай мовай як сярод карэнных жыхароў, так і прыезджых небеларусаў. I прэстыж яе мацаваўся найаўтарытэтнымі носьбітамі: Старшынём Вярхоўнай рады Станіславам Шушкевічам, шэрагам дэпутатаў, міністрамі. Міністры адукацыі Віктар Гайсёнак і Васіль Стражаў, міністар культуры й друку Анатоль Бутэвіч ня толькі падтрымалі ініцыятывы ТБМ імя Францішка Скарыны аб правядзенні першай (1994 г.), а затым другой (1995 г.) нацыянальных канферэнцый "Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі", але й узялі непасрэдны ўдзел і аказалі матэрыяльную дапамогу ў іх рэалізацыі. Канферэнцыі прайшлі вельмі плённа ў Менскім "Доме настаўніка" (зараз ліцэй БДзУ) у пэўнай ступені дзякуючы ўмовам, створаным гаспадаром установы - рэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі кіроўных працаўнікоў сферы адукацыі Аляксандрам Жуком. I ў грамадстве, і ў кіраўніцтве было разуменне неабходнасці супольных скаардынаваных дзеянняў перад усім у галіне адукацыі й выхавання, дзе нацыянальнай мове надавалася першачарговае значэнне. Пачалася праца па распрацоўцы нацыянальных падручнікаў для рознага ўзроўню навучальных устаноў. Дзеля гэтага патрэбны ўзгодненыя навукова-тэрміналагічныя стандарты, над якімі працуюць тэрмінолагі, абапіраючыся на практыку беларускамоўнага выкладання розных дысцыплінаў

Няўжо касмапалітным і нігілістычным прагматыкам, якія перахапілі ініцыятыву ў структурах улады ды так смакавіта тапталі ўсё нацыянальнамоўнае ад сярэдзіны 90-х, дагэтуль не дайшло, што нацыянальная мова - аснова еднасці - згоды ў краіне як сям'і, а апошняе - залог эканамічнага поспеху й міжнароднай павагі?!

Родная мова патрэбна не Таварыству беларускай мовы, а дзяржаве ў асобах прэзідэнта, міністраў і чыноўнікаў усіх рангаў. Існаванне ТБМ выклікана часам, неабходнасцю ратавання галоўнай нацыянальнай адметнасці.

Ідэя стварэння Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, ініцыяваная ТБМ, мусіць быць ажыццёўлена. Гэта галоўны паратунак ад згаданых фатальных для нацыі тэндэнцый. Гэта быў бы моцны стымульны штуршок у нацыянальным адраджэнні, у развіцці краіны ды яе прызнанні ў свеце. На першых кроках варта практыкаваць рознамоўныя плыні ў ВНУ, як гэта робіцца паспяхова на гістфаку БДзУ. Магчымасці такой практыкі яшчэ ёсць, пакуль ня знік цалкам беларускамоўны рэзерв выкладнікаў пакуль родная мова крыху цепліцца на высілках энтузіястаў, якіх небходна падтрымаць, а не заганяць у рэзервацыю. Інакш - ня быць Беларускай дзяржаве.