Мінскі форум як узор грамадзянскай супольнасці
10.12.2008 | 11:51 |

Мінскі форум ХI Вяртанне газет "Народная воля" і "Наша ніва" у агульнае прававое поле СМІ падобна вяртанню людзям украдзеных промняў сонца. І, думаецца, параўнанне апраўданае, паколькі святло і свабода - паняцці вельмі блізкія па сваім значэнні. Самы раз павіншаваць рэдакцыі: яны вытрымалі ў чорным целе ажно тры гады, паказаўшы тым самым стойкасць беларускага вольнага духу, скіраванага на нацыянальнае і дэмакратычнае адраджэнне.

Беларускім змагарам за прасветлую гадзіну ў грамадстве, бадай, цяжэй дома, чым было некаму за царызмам на высылцы. Шчыры дзякуй усім стойкім духам! Асабліва рэдактарам.

З гэтай добрай нагоды прыгадваю прадстаўнічы Мінскі форум, ужо ХI па ліку. Ён прайшоў у Міжнародным адукацыйным цэнтры у сярэдзіне лістапада, і меў займацца "Суседствам і бяспекай: Перспектывамі Беларусі ў Еўропе". Адметнасць яго была ў тым, што не толькі немцы, а сярод іх і дэпутаты Бундэстага, але і іншыя прадстаўнікі дзяржаў-суседзяў Беларусі (у пашыраным разуменні) зацікавіліся інфармацыяй аб унутрыпалітычных і эканамічных прыярытэтах беларускага ўрада на 2009 год, прыехалі і прынялі ўдзел у форуме. А яшчэ ў тым яго адметнасць, што беларускі афіцыйны бок таксама не аказаўся глухім: у пасяджэннях удзельнічалі і выступалі са сваіх, безумоўна, пазіцый Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей, супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў ды шырока прадстаўленая тут апазіцыя, наогул зацікаўленыя асобы ад грамадскіх арганізацый і рухаў, лідэры некаторых партый, палітолагі. Нярэдка завязваліся кароткія, але палкія і вострыя дыскусіі па зусім акрэсленых палітычных і эканамічных пытаннях, якія ў атмасферы чуйнае шырокае залы патрабавалі неадкладных прадметных тлумачэнняў, як мінімум.

Мінскі форум ХI

  

Мінскі форум ХI

 

І вось тут вядомы дзеяч Пятро Садоўскі, былы наш пасол у Нямеччыне, паставіў перад Макеем пытанне аб неадкладным зняцці з газеты "Народная воля" адміністратыўнай блакады з тым, каб яна вольна сабе друкавалася ў Мінску, прадавалася ў шапіках і ішла па падпісцы да чытачоў. "Зрабіўшы гэта, вы зробіце канкрэтны крок у выкананні патрабаванняў ЕС да беларускай адміністрацыі, калі сапраўды хочаце ўзаемаразумення і збліжэння пазіцый", - казаў ён, сам яшчэ не верачы, што нешта людскае з тае размовы выйдзе. Спадар Макей адказваў стрымана, уступчыва, але няпэўна, не ад яго ж падобнае свята залежала.

На форуме, аднак пытанне пра "Народную волю" і "Нашу ніву", пра уціск незалежнага друку было на вуснах усе тры дні, яно як бы па эстафеце перадавалася ад аднаго да аднаго і моцна засела ў памяці залы.

Цяпер мяркую, што шматлюдны і на рэдкасць актыўны і добразычлівы Мінскі форум адыграў выключную ролю ў вырашэнні пытання са зняццем няўклюднай блакады з незалежнай прэсы і прызнання яе грамадзянскага статуса. Захады да гэтага, вядома, былі і раней, але ж тут перад абліччам Еўропы і свету нашаму чынавенству ўжо няможна было рабіць прыгожую міну ў дрэннай гульні.

Згадваецца і іншае. Каля дзесятка гадоў мінула, як адміністрацыя прэзідэнта пачала была збіраць прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і палітычных партый у адказ на рэкамендацыі АБСЕ і Еўрапейскага Звязу пайсці на кантакт і супрацоўніцтва з сіламі апазіцыі ў краіне. Тады належала паказаць, што ў нас фарміруецца атмасфера даверу ў грамадстве і сама грамадзянская супольнасць. Толькі ж далей мыльных бурбалак у гамане справы не пайшлі. У параўнанні з Мінскім форумам то былі зараней прадуманыя, спудлавана скроеныя прапагандысцкія муляжы.

Аднак тут ужо іншы час, іншыя варункі еўрапейскай палітыкі прымусілі зняць з твару маскі. І да таго ж незвычайнае штосьці рабілася на гэтым форуме, калі думкі і выказаныя намеры розных бакоў не ішлі на вецер, а ўлічваліся, з іх рабіліся высновы самыя правільныя і чэсныя. Сябры! Вось у такую б эпоху, куды мы паціху прасоўваемся, нам і жыць!

Мінскі форум увогуле з'яўляецца ўзорам таго, як у грамадстве павінны выстройвацца і вырашацца ўзаемаадносіны паміж грамадой і ўладнымі структурамі. Толькі так і такім чынам можна выйсці з тупіка і застою ў грамадстве.

Вядома, поспех Мінскага форуму быў прадвызначаны перш-наперш дбаннем, руплівай дзейнасцю яго нязменнага кіраўніка Райнэра Лінднэра, прафесара універсітэта ў Канстанцы, доктара, наўздзіў адкрытага, даступнага і абаяльнага чалавека, а яшчэ і дапамогай у арганізацыі з боку Пасольства ФРГ у Рэспубліцы Беларусь.

Ад сябе асабіста і ўсіх удзельнікаў форуму хочацца выказаць ім самую шчырую ўдзячнасць!

Васіль Якавенка,
пісьменнік, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы
"Інстытут нацыянальнай памяці"