Заклікаем Міжнародную федэрацыю хакея перастаць займацца палітыкай
06.05.2013 | 02:23 |
Заклікаем Міжнародную федэрацыю хакея перастаць займацца палітыкайЗабарона на выкарыстанне беларускага нацыянальнага сцяга на Чэмпіянаце свету па хакеі ў Швецыі і Фінляндыі, з'яўляецца ні чым іншым, як падтрымкай аўтарытарных уладаў Беларусі.

 Звязана гэта з правядзеннем у Беларусі ў 2014 годзе Чэмпіянату свету па хакеі. Раней бел-чырвона-белыя сцягі і герб "Пагоня" неаднаразова з'яўляліся на трыбунах падчас чэмпіянатаў свету па хакеі. І ніхто беларускую нацыянальную сімволіку на афіцыйным узроўні не забараняў.

Таму відавочна, што забаранілі сімволіку не таму што "яна з'яўляецца палітычнай", як гэта сцвярджаюць хакейныя функцыянеры. Гэта звычайная гульня, але ўжо палітычная, у якой Міжнародная федэрацыя хакея гуляе ў паддаўкі з беларускімі ўладамі.

Цэнтр "Супрацоўніцтва без межаў" выказвае сваю падтрымку сябрам "Беларускай Нацыянальнай Памяці", які вывесілі бел-чырвона-белыя сцягі на трыбуне падчас матчу Беларусь-Чэхія і заклікае Міжнародную федэрацыю хакея перастаць змешваць спорт і палітыку.

Нагадаем, што 3 траўня арганізатары чэмпіянату свету па хакеі ў Швецыі і Фінляндыі выклікалі паліцыю на беларусаў, якія прыйшлі на трыбуну арэны ў Стакгольме падтрымаць зборную Беларусі ў матчы з Чэхіяй.

Арганізатарам чэмпіянату не спадабаліся бела-чырвона-белыя сцягі, якія вывесілі сябры "Беларускай Нацыянальнай Памяці". Паводле хакейных функцыянераў, сцягі з'яўляюцца палітычнай сімволікай і не могуць выкарыстоўвацца.

Адзін са сцягоў быў вялізны (была таксама і харугва з выявай герба "Пагоня"). Яго неаднаразова паказвалі падчас жывой трансляцыі на тэлеканале "Беларусь-2". Калі паліцыя паспрабавала згарнуць бела-чырвона-белыя сцягі, на абарону беларусаў сталі шведскія заўзятары. У выніку беларускія сцягі змаглі правісець на трыбунах да канца матчу. Аднак арганізатары заявілі, што больш беларусаў з нацыянальнымі сцягамі на трыбуны не пусцяць.

Пазней генеральны сакратар хакейнага ЧС-2013 у Стакгольме Тоні Вірэн пацвердзіў забарону Міжнароднай хакейнай федэрацыі выкарыстання бел-чырвона-белага сцягу на матчах чэмпіянату.

Прэс-служба Цэнтра «Супрацоўніцтва без межаў»
Україна 43 024 м. Луцьк пр. Молоді 13Б тел/факс.: +38-0332-78-49-77
www.collaboration.org.ua e-mail:  Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў вашым браўзэры павінна быць уключаная падтрымка Java-script

 

Афіцыйна: "Бел-чырвоны сьцяг пад забаронай на швэдзкай арэне" 

Інцыдэнт зь беларускімі заўзятарамі адбыўся 3 траўня падчас хакейнага матчу Беларусь — Чэхія. Швэдзкая паліцыя спрабавала забраць у беларусаў бел-чырвона-белы сьцяг. А пазьней адзін з швэдзкіх арганізатараў папярэдзіў, што болей на матчы з такой сымболікай іх ня пусьцяць.  

Тоні Вірэн, генэральны сакратар хакейнага ЧС-2013 у Стакгольме пракамэнтаваў Радыё Свабода забарону выкарыстаньня бел-чырвона-белых сьцягоў падчас правядзеньня матчаў ЧС:

— У адпаведнасьці з правіламі Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі мы ня можам дазваляць любыя палітычныя сымбалі, знакі ці нешта падобнае ў месцы правядзеньня матчаў. Таму мы папрасілі прыбраць гэтыя сьцягі.

— Хто прыняў рашэньні лічыць гэтыя сьцягі палітычнымі?

— Гэта супольнае рашэньне Фэдэрацыі і арганізатараў чэмпіянату.

— Выкарыстаньне гэтага сьцяга забаронена швэдзкім заканадаўствам?

— Не, ён не забаронены ў Швэцыі. Мы проста сьледуем правілам Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі.

— Гэта азначае, што правілы Фэдэрацыі больш прыярытэтныя за швэдзкія законы?

— Мы ня ставім пытаньне такім чынам. Мы проста кіруемся правіламі Фэдэрацыі.

— Хто быў ініцыятарам прызнаньня гэтага сьцягу палітычным сымбалем?

— На жаль, у мяне няма адказу на гэтае пытаньне.

— Гэта значыць, што на наступныя матчы заўзятараў з гэтымі сьцягамі ня пусьцяць?

— Так. У адпаведнасьці з раней прынятым рашэньнем, калі яны будуць мець сымбалі, якія прызнаныя палітычнымі.

— Вы ведаеце, што некаторыя швэдзкія палітыкі і актывісты НДА выступілі з асуджэньнем гэтага рашэньня і плянуюць акцыі пратэсту каля Глобэн-арэны?

— Мы нічога пра гэта ня чулі. Мы кантактуем з уладамі, з паліцыяй, але наколькі я ведаю, ніхто пакуль не заяўляў пра правядзеньне такой акцыі.

— Якім чынам можна адмяніць рашэньне пра забарону бел-чырвона-белага сьцяга?

— Пытаньне ўласна не да мяне. Мы проста выконваем ужо прынятае рашэньне.

statkevich.org
Радыё Свабода