Андрэй Саннікаў: Мяне спрабавалі давесці да самагубства
17.04.2012 | 02:20 |
Андрэй Саннікаў з сынамПалітвязень даў першае інтэрв’ю  пасля вызвалення.

Ён пагутарыў з карэспандэнтам заснаванага ім у свой час сайта charter97.org.

— За ўсю гісторыю лукашэнкаўскай Беларусі з усіх палітвязняў, якіх у краіне было тысячы, вам, напэўна, прыйшлося перажыць больш за ўсіх: катаванні, здзекі, шантаж забойствам жонкі і сына, сем этапаванняў з адной калоніі ў другую, адзіночная камера, поўная ізаляцыя… Чаму менавіта з вамі абышліся так жорстка?

— Напэўна, пытанне не да мяне, і

я не думаю, што перанёс больш, чым хтосьці іншы. У дачыненні да ўсіх сённяшніх палітвязняў былі зняты ўсе абмежаванні на беспредел.

Таму тое, што адбывалася са мной, тое, што адбываецца з астатнімі — гэта беспрэцэдэнтныя здзекі, катаванні і зноў жа — не з мэтай дамагчыся нейкай просьбы, прызнання віны. Усё нашмат страшней: знішчыць фізічна, знішчыць маральна. Чаму гэта адбываецца, пытанне таксама не да мяне. Я думаю, што ўся гэтая практыка абавязкова будзе асуджана.

— Пра тое, якім катаванняў вы падвяргаліся, вы змаглі паведаміць у судзе, потым перадаць праз адвакатаў і жонку. Ці ёсць нешта, чаго мы не ведаем?

— Я думаю, што я не маю права сёння ў падрабязнасцях распавядаць, што са мной адбывалася, бо мая сям’я, калегі, аднадумцы сёння застаюцца закладнікамі.

Я па сабе ведаю, як любое неасцярожнае слова можа быць выкарыстана супраць іх.

Магу толькі сказаць, што, на мой погляд, была мэта знішчыць мяне фізічна, пажадана давесці да самагубства, штурхнуўшы да бестэрміновай галадоўкі. Зрабіць так, каб фізічную ліквідацыю можна было спісаць на добраахвотнае рашэнне сысці з жыцця. Я баюся, што тое самае адбываецца з Сяргеем Каваленкам і іншымі палітвязнямі.

— Гэта значыць, метады спецслужбаў не змяніліся з 1937 года?

— Калі я кажу пра тое, што наогул няма абмежаванняў, я маю на ўвазе, што

спецслужбы (і не толькі спецслужбы) пайшлі нашмат далей, чым іх калегі ў сталінскія часы. Нават пры Сталіну не ўжывалі такіх гнюсных метадаў у дачыненні да палітвязняў, як сёння ў Беларусі.

— Вам не здаецца, што гэта асабістая помста Лукашэнкі вам, як найбольш моцнаму яго суперніку?

— Безумоўна, я бачу тут асабісты матыў. Але

дзеля справядлівасці павінен сказаць, што я вітаю яго рашэнне памілаваць мяне, Змітра Бандарэнку і вельмі спадзяюся — усіх астатніх палітвязняў. Ведаю, што яму вельмі нялёгка гэта было зрабіць.

— І чаму, па-вашаму, ён гэта зрабіў?

— Адказ відавочны.

Гэта, безумоўна, уплыў мер, прынятых Еўрасаюзам. Але тут хачу падкрэсліць: толькі дзякуючы салідарнасці беларусаў, сем’яў палітвязняў, нашых сяброў, фактычна ўсёй краіны ў рашэннях уплывовых міжнародных структур стала з’яўляцца выразная і прынцыповая палітыка ў дачыненні да Беларусі.

— Шмат аб чым хочацца ў вас спытаць, але разумеем, што за адну размову не ўдасца. Ацаніце дзень 19 снежня 2010 года: і самі выбары, і вечаровыя падзеі на Плошчы.

— Я лічу, што

19 снежня мы ўсё перажылі хвіліны найвышэйшага эмацыйнага ўздыму, які затым ўлады ператварылі ў найглыбейшую трагедыю апошніх гадоў.

Да гэтага часу лічу, што ў той момант была магчымасць пачаць прадметны дыялог для выхаду Беларусі з тупіку, але сярод чыноўнікаў не знайшлося ні аднаго мужнага чалавека, які быў бы гатовы ўзяць на сябе адказнасць. Я думаю, што на гэтае пытанне двума словамі не адкажаш. Думаю, гэта тэма для асобнай гутаркі.

— Андрэй Алегавіч, гэты дзень стаў фатальным для вас. Вы апынуліся ў турме, ваша жонка Ірына Халіп таксама была арыштаваная, вы ледзь не страцілі сына, практычна ўсе члены вашага штаба падвергнуліся рэпрэсіям. Не шкадуеце, што пайшлі ў прэзідэнты?

— Гэтае пытанне не зусім правільнае. Проста іншага рашэння не было. З другога боку, гэта правільнае пытанне, бо нішто мяне так не мучыць, як лёс маёй сям’і, маіх сяброў. Але віны сваёй у гэтым я не адчуваю, бо я быў і застаюся прынцыповым прыхільнікам негвалтоўных дзеянняў.

І калі і была радасць у мяне ў СІЗА КДБ, то гэтая радасць была звязана з умоўным вызваленнем жонкі, з тым, што Наталлі Радзінай удалося з’ехаць ад пераследу, з тым, што маім сябрам удалося пазбегнуць арышту. У СІЗА КДБ мяне «аберагалі» ад любой інфармацыі, звязанай з выездам за мяжу маіх сяброў, але, калі яна праточвалася праз муры «амерыканкі», гэта была сапраўды радасць.

— Андрэй Алегавіч, што Вы хочаце сказаць людзям, якія за вас галасавалі, якія змагаліся за ваша вызваленне?

— Я ніяк не чакаў такой хвалі салідарнасці, падтрымкі, людскага стаўлення, такога ўдзелу ў лёсе палітвязняў. Я яшчэ раз хачу паўтарыць: толькі дзякуючы гэтаму ўзнік такі ціск на рэжым, які прывёў да майго вызвалення і павінен у найбліжэйшы час прывесці да вызвалення ўсіх палітвязняў.

— Мы яшчэ пазмагаемся?

— Жыве Беларусь!

nn.by