Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Паміж двух агнёў: Урокі гісторыі Друк E-mail
11.01.2008 | 16:59 |
Змест
Паміж двух агнёў: Урокі гісторыі
1. Абнадзейлівы пачатак
2. Паланізацыя
3. Русіфікацыя
4. Марныя надзеі

3. Русіфікацыя

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі ўмовы для нацыянальнага выжывання і развіцця беларускага народа не толькі не палепшыліся, а наадварот, істотна пагоршыліся. Ён апынуўся як бы паміж двух агнёў: з захаду яго па-ранейшаму прыпякала паланізацыя, а з усходу накаціўся шквал агню не менш небяспечнай русіфікацыі. Расійскія палітыкі не горш за польскіх разумелі: толькі пазбавіўшы беларусаў сваёй нацыянальнай самасвядомасці шляхам русіфікацыі, можна быць спакойнымі за набытыя заходнія тэрыторыі.

Ужо 28 мая 1772 года, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, расійская імператрыца Кацярына ІІ падпісала Наказ, у адпаведнасці з якім усе губернатары былых польскіх, гэта значыць беларускіх, губерняў абавязваліся складаць свае прыгаворы, рашэнні і загады толькі на рускай мове. Жыхарам далучаных зямель дазвалялася карыстацца сваёй мовай і мясцовымі законамі толькі ў такіх выпадках, у якіх гэта не будзе дакранацца да расійскай улады, якая, дарэчы, сама ж і вызначала, зразумела, зыходзячы са сваіх уласных інтарэсаў, у якіх выпадках выкарыстанне беларускай мовы дакранаецца, а ў якіх не дакранаецца расійскай улады. Прыкладна праз год, 8 мая 1773 года, Кацярына ІІ падпісала Наказ «Аб заснаванні ў Беларускіх губернях губернскіх і правінцыйных земскіх судоў», у якім яшчэ раз было нагадана пра абавязковае выкарыстанне ў канцылярскім справаводстве толькі рускай мовы.

Русіфікацыя усходніх беларусаў, што апынуліся ў складзе Расійскай імперыі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, пры Кацярыне ІІ адбывалася пры адначасовым выцясненні польскай культуры і мовы. Пасля яе смерці адносіны расійскага імператарскага двара да польскай культуры і мовы рэзка змяніліся. Ні Павел І, ні Аляксандр І не прынялі сколькі-небудзь сур’ёзнага дзяржаўнага акта, які б абмяжоўваў сферу распаўсюджвання польскай культуры і мовы. Таму палякі вельмі хутка аднавілі свае былыя пазіцыі ў беларускім краі, у значнай меры страчаныя пры Кацярыне ІІ, а дзесьці нават і ўмацавалі іх. Па сутнасці, аж да канца першай чвэрці ХІХ стагоддзя пазіцыі польскага элемента ў духоўным жыцці Беларусі пераважалі над рускім.

Аднак з прыходам да ўлады ў снежні 1825 года Мікалая І расійскія ўлады зноў аднавілі свой планамерны наступ на польскую культуру і мову. Асабліва ён узмацніўся пасля разгрому ў 1831 годзе нацыянальна-вызваленчага паўстання на тэрыторыі Польшчы, Літвы і заходняй частцы Беларусі. Галоўны ўдар быў скіраваны ў напрамку польскай сістэмы народнай адукацыі. У 1832 годзе зачыняецца Віленскі універсітэт, выкладчыкі і студэнты якога бралі актыўны ўдзел у паўстанні, а з 1836 года польская мова была цалкам выключана з навучальна-выхаваўчых працэсаў усіх тыпаў школ. Адначасова адбывалася масавае закрыццё уніяцкіх і базыльянскіх школ, якія прыхільна ставіліся да беларускасці. Варта зазначыць, што закрыццё названых школ не заўсёды спалучалася з заснаваннем адпаведнай колькасці рускамоўных навучальных устаноў, што адмоўна адбівалася на агульным адукацыйным узроўні насельніцтва беларускага краю.

Разам з рускай мовай прышлі ў школы і іншыя навучальныя ўстановы, якія дзейнічалі на Беларусі, і расійскія падручнікі, якія выхоўвалі навучэнцаў у духу ўшанавання Расійскай імперыі. Прынамсі, у першай частцы кнігі «История России в рассказах для детей», выдадзенай у 1841 годзе ў Санкт-Пецярбурзе ніводным словам не згадвалася ні пра Беларусь, ні пра беларусаў.

Каб надаць русіфікацыі больш дзейсны характар, расійскія ўлады ў 1839 годзе пайшлі на ліквідацыю Беларускай уніяцкай царквы, дзе ўсё яшчэ цяпліўся беларускі дух, і на ажыццяўленне шэрагу іншых захадаў па пашырэнні рускіх ідэалаў. 25 чэрвеня 1840 года Мікалай І выдае указ, згодна з якім усе справы, як па ўрадавай, так і па судовай частцы, не выключаючы спраў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў і прадвадзіцеляў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б роду і наймення яны не былі, трэба было пісаць толькі на рускай мове. Ад гэтага часу ў афіцыйнай дакументацыі забаранялася карыстацца словамі «Беларусь» і «беларусы». Наша Бацькаўшчына атрымала новую афіцыйную назву – «Паўночна-Заходні край». Усё рабілася дзеля аднаго: прымусіць беларусаў назаўсёды забыцца пра свае гістарычныя карані.

У арсенал сродкаў русіфікацыі беларускага народа быў уключаны таксама і пераслед асобных творцаў, што сваімі творамі стараліся адрадзіць у беларусаў любоў да роднага краю, беларускай культуры і мовы. Так, царскімі ўладамі быў цалкам знішчаны пераклад на беларускую мову першых дзвюх песень з паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», зроблены В. Дуніным-Марцінкевічам і выдадзены ў 1859 годзе ў Вільні. І гэта, заўважым, у той час, як уся паэма на польскай мове вольна распаўсюджвалася практычна па ўсяму Паўночна-Заходняму краю.

Аналагічным чынам паставіліся царскія ўлады і да поўнага перакладу паэмы «Пан Тадэвуш». Ад ненажэрнага полымя русіфікацыі ўдалося выратаваць толькі некалькі экземпляраў.

Асаблівая ўвага царскімі ўладамі надавалася пасылцы на службу ў навучальныя ўстановы, што знаходзіліся на беларускіх землях, найбольш здольных і адукаваных людзей чыста рускага паходжання з цэнтральных і ўсходніх губерняў Расійскай імперыі. Найперш для выкладання рускай мовы і гісторыі, а таксама для заняцця пасад інспектараў вучэбных акруг і дырэктараў мясцовых гімназій. «Туземцаў» на дадзеныя пасады прызначалі ў самых крайніх выпадках і з вялікай асцярогай.

Паток рускіх інтэлігентаў і чыноўнікаў на беларускія землі суправаджаўся не меншым сустрэчным патокам на ўсход высокаадукаваных і нацыянальна свядомых беларусаў. Пры гэтым, калі рускія ехалі ў Беларусь добраахвотна, з жаданнем дапамагчы царскаму ўраду хутчэй русіфікаваць сваіх заходніх «братоў»,»а заадно і атрымаць большы заробак (для асоб рускага паходжання, якія накіроўваліся царскімі ўладамі для работы ў сістэме народнай асветы ў беларускіх губернях, была ўведзена 50-працэнтная надбаўка да заработнай платы), дык беларусаў высылалі на ўсход пад прымусам, з тым каб такім чынам максімальна аслабіць супраціўленне новай уладзе мясцовага насельніцтва далучаных да Расійскай імперыі беларускіх тэрыторый. Адначасова мелася на мэце, адарваўшы ад родных каранёў, «пераплавіць» у ненажэрным катле русіфікацыі свядомых беларусаў у сапраўдных рускіх, якія гэтак жа, як і этнічна рускія, верна служылі б нацыянальна-дзяржаўным інтарэсам вялікай Расіі, у тым ліку і шляхам удзелу ў ганебнай русіфікацыі беларускага краю.

Зразумела, палякі не маглі спакойна змірыцца з такім ходам падзей, што назаўжды пазбаўляў іх былых прывілей, якімі яны валодалі падчас існавання Рэчы Паспалітай, і зводзіў іх да становішча прыгнечанай нацыі, і таму яны адчайна супраціўляліся. Ім актыўна дапамагалі і многія беларусы, найперш тыя з іх, што ўжо паспелі апалячыцца і адчуць на сабе ўсю асалоду становішча, якое давала ім услугоўванне польскім уладам. У рэшце рэшт гэтае сурпаціўленне вылілася ў чарговае вызваленчае паўстанне, якое адбылося ў 1863-1864 гадах. Аднак зноў перамога аказалася на баку царскай Расіі, якая адразу ж пасля падаўлення паўстання рэзка ўзмацніла сваю барацьбу супраць антырускіх сіл, якія яшчэ працягвалі існаваць на яе заходніх тэрыторыях.

Галоўны удар быў скіраваны на поўнае пазбаўленне гэтых сіл жыва творных каранёў, якія давалі ім мажлівасць пасля кожнай паразы зноў і зноў падымацца з каленяў. Усяго за якіясьці два–тры гады карэнным чынам была перабудавана ў плане ўсямернага ўзмацнення рускага элемента, найперш рускай мовы, дзейнасць навучальных устаноў Віленскай вучэбнай акругі, з якой выйшла нямала актыўных удзельнікаў апошняга паўстання. Адначасова пачалася строгая праверка педагагічных кадраў. Ад рэпрэсій не ўдалося ўхіліцца не толькі многім настаўнікам, але і навучэнцам. Усяго за ўдзел у паўстанні было выключана з 13 гімназій і 3 прагімназій 455 чалавек. Ужо ўвесну 1864 года на пасадах дырэктараў навучальных устаноў і інспектараў асобаў рускай нацыянальнасці было больш, чым палякаў. К канцу ж гэтага года, як адзначаў у сваёй справаздачы апантаны русіфікатар, папячыцель Віленскай вучэбнай акругі І. Карнілаў, усе настаўнікі палякі былі звольнены з пасады, а на іх месца выкліканы з унутраных губерняў добранадзейныя асобы праваслаўнага веравызнання.

Істотна павялічыўся паток у заходнія губерні расійскай літаратуры, у тым ліку падручнікаў па гісторыі, у якіх праслаўлялася Расійская імперыя і адначасова праводзілася ідэя, быццам Паўночна-Заходні край быў і ёсць рускі, што польскі элемент толькі часова быў «накінуты» тут у эпоху польскага ўладарства. Пра беларускі ж элемент у іх увогуле не ўпаміналася, быццам беларусаў у Паўночна-Заходнім краі наогул ніколі не было і няма на дадзены момант часу. Такімі вось кнігамі ў асноўным і былі запоўнены ўсе бібліятэкі краю.

Мэтам узмацнення русіфікатарскага прэсу была падпарадкавана і царкоўна-рэлігійная дзейнасць. Рабіліся самыя рашучыя захады, каб як мага больш узмоцніць уплыў Рускай праваслаўнай царквы на мясцовае насельніцтва пры адначасовым аслабленні такога ўплыву з боку каталіцкага касцёла як правадніка польскіх інтарэсаў. Пэўны час з гэтай мэтай нават спрабавалі ўвесці ў яго набажэнства рускую мову, праўда, беспаспяхова.

А вось беларускую мову царскія ўлады моцна трымалі ў закутку і ніяк не жадалі выпускаць яе на жыццёвы прастор. Больш таго, у 1867 годзе царскі ўрад выдаў загад, якім забараніў выдаваць літаратуру на беларускай мове ў межах усёй Расійскай імперыі. Між тым выдавецкая справа ў тыя гады была па сутнасці адзінай сферай грамадскага жыцця, дзе сяды-тады яшчэ ужывалася беларуская мова. Гэтым сваім загадам расійскія ўлады на некалькі дзесяцігоддзяў затрымалі працэс фарміравання новай беларускай мастацкай літаратуры. Дарэчы, такіх адміністрацыйных абмежаванняў у дадзенай важнейшай сферы духоўнай творчасці не зведаў ніводзін з усіх астатніх славянскіх народаў, за што нам, беларусам, нельга не «падзякаваць» тагачасным расійскім палітыкам.

Не забыліся царскія ўлады і пра чыста сілавыя метады ўтрымання Заходняга краю ў сваім поўным падпарадкаванні. Яшчэ ў 1832 годзе быў створаны «Асобы камітэт па справах заходніх губерняў», у склад якіх уваходзіла ўся тэрыторыя Беларусі. У ХІХ стагоддзі ў беларускіх губернях часам дыслакавалася да 200 тысяч рускіх воінаў, у абавязкі якіх уваходзіла не толькі абарона заходніх дзяржаўных межаў Расійскай імперыі, але і падаўленне нацыянальна-вызваленчага руху.

У мэтах надзейнага ўтрымання Беларусі ў складзе імперыі на беларускія землі пачалі планамерна перасяляць рускіх дваран і казённых сялян. Разам з імі бясконцым патокам хлынулі ў Беларусь рускія чыноўнікі, інжынерна-тэхнічныя работнікі і шмат іншага люду, які нёс з сабой на нашы землі рускі парадак і рускі дух, няўмольна выцясняючы з жыцця мясцовага насельніцтва ўсё беларускае.

Падпарадкаваўшы фактычна ўсю жыццядзейнасць беларусаў рэалізацыі сваіх нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў, Расійская імперыя пры ўсёй сваёй моцы гэтак жа сама, як і раней Рэч Паспалітая, не ўратавала іх ад разбуральных наступстваў ваеннага кшталту. Яны былі звязаны найперш са шматлікімі войнамі, якія Расія вяла ў тым ліку і на заходнім напрамку, падчас якіх беларуская зямля нязменна станавілася арэнай кровапралітных, спусташальных баёў. Пры гэтым нярэдка ў такіх войнах беларусам даводзілася станавіцца братазабойцамі, што толькі павялічвала людскія страты нашай Бацькаўшчыны.

Так было, прынамсі, у вайну Расіі з напалеонаўскай Францыяй. Яшчэ да канчатковага трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, пасля жорсткага падаўлення царскімі войскамі паўстання Тадэвуша Касцюшкі многія беларусы ўступілі ў створаныя ягоным паплечнікам генералам Янам Дамброўскім легіёны і разам з напалеонаўскай арміяй ваявалі супраць Аўстрыі, адной з дзяржаў-забойцаў Рэчы Паспалітай. Туды іх вяло спадзяванне, што Напалеон, набраўшы належную моц, дапаможа ім вырваць родную Бацькаўшчыну з кіпцюроў расійскага арла. І калі летам 1812 года французкі імператар рушыў сваю паўмільённую армію на Расію, польскія легіёны таксама ішлі на ўсход у яе шэрагах. Па дарозе на Маскву да іх далучаліся новыя шматлікія ваенныя кагорты беларусаў. У армію Напалеона іх вяла шчырая вера ў ягоныя абяцанні ўзнавіць Рэч Паспалітую, а ў рамках яе і Вялікае Княства Літоўскае.

Каб падтрымаць гэтую веру і такім чынам дамагчыся максімальнай падтрымкі з боку беларусаў у вайне супраць Расіі, Напалеон нават стварыў у Вільні часовы ўрад ВКЛ на чале з Камінскім. Аднак вельмі хутка ўсе галоўныя пасады ў ім занялі французкія ваеначальнікі і інтэнданты, прымусіўшы мясцовую шляхту стаць праваднікамі экзекуцый, грабяжоў і катавання сялян, што ў масавым парадку здзяйснялася французкімі акупантамі. У адказ на гэта беларускі мужык, абараняючы сваё жыццё і набыты цяжкай працай скарб, разгарнуў супроць іх сапраўдную партызанскую вайну, чым істотна дапамог расійскай арміі перамагчы непрыяцельскія войскі.

Напалеонаўскае нашэсце дорага каштавала беларускаму народу. Адны толькі людскія страты склалі мільён чалавек. У баявых дзеяннях, ад голаду і пошасцяў загінуў кожны чацверты беларус. Беларускія палкі, што ўваходзілі ў Вялікую армію Напалеона і налічвалі ў сваіх шэрагах каля 25 тысяч чалавек, часткова былі разбітыя, а часткова адступілі на захад, дзе да скону жыцця ваявалі за чужыя інтарэсы.

Яшчэ большыя страты панесла наша Бацькаўшчына ў часы Першай сусветнай вайны, стаўшай пачаткам краху Расійскай імперыі. Расія гэтую вайну таксама ў значнай меры вяла на тэрыторыі Беларусі. Пад нямецкай акупацыяй апынулася каля паловы ўсёй нашай тэрыторыі з гарадамі Гародня, Берасце, Пінск, Баранавічы і інш. Асобныя часці праціўніка даходзілі аж да Барысава і Смалявічаў.

Адступленне рускай арміі суправаджалася масавай гібеллю мясцовага насельніцтва. Руйнаваліся вёскі і гарады, бязлітасна знішчаўся матэрыяльны і духоўны набытак. Сотні тысяч беларусаў, ратуючы свае жыцці, хто добраахвотна, а хто пад прымусам, пакідалі свае родныя мясціны разам маёмасцю і несабраным ураджаем і ўцякалі на ўсход. Многія з іх так і не змаглі вярнуцца на сваю Радзіму: альбо памерлі, не вытрымаўшы цяжкіх пакут, альбо засталіся жыць на неабсяжных расійскіх абшарах. Тыя ж, што засталіся ў родных хатах, цярпелі ад бясконцых рэквізіцый на патрэбы ваюючых армій, а то і ад звычайнага марадзёрства і гвалту, якія ў масавым парадку чынілі не толькі нямецкія, але і расійскія салдаты. Усяго за гады Першай сусветнай вайны загінула 1,2 мільёна беларусаў.

А хіба нашы суайчыннікі гінулі толькі ў войнах, што вяліся на тэрыторыі Беларусі? Хіба не лажылі яны свае галовы на сопках Маньчжурыі і не тапіліся ў акіянскіх хвалях пад Цусімай, абараняючы інтарэсы Расійскай імперыі? Можна не сумнявацца: косці беларускіх салдат ляжаць паўсюдна, куды толькі ступала расійская армія. З гэтай нагоды хочам зазначыць такі факт з нашай гісторыі, які, думаем, вядомы далёка не ўсім: у 1811 годзе Беларусь, на долю якой прыпадала каля дзесяці працэнтаў агульнай колькасці насельніцтва Расійскай імперыі, пастаўляла ў яе армію 15 працэнтаў агульнай колькасці рэкрутаў.

Удзел Беларусі ў бясконцых войнах, што вёў царскі ўрад дзеля рэалізацыі сваіх нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў, вядома, не садзейнічаў яе сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю. Не менш адмоўна адбіваліся на ім і тыя захады ў эканамічнай сферы, якія былі здзейснены расійскімі ўладамі на беларускіх землях. Па іх волі многія тысячы вольных беларускіх мужыкоў былі пераўтвораны ў прыгонныя, а падымны падатак быў заменены падушным. Сотні беларускіх вёсак былі аддадзены ва ўласнасць расійскім абшарнікам і чыноўнікам, перавёўшым іх жыхароў на паншчыну. Падушным падаткам былі абкладзены і беларускія гарады. Тыя з іх, што мелі магдэбурскае права, былі яго пазбаўлены.

Усе гэтыя захады расійскіх улад былі скіраваны на ўзмацненне сацыяльнага прыгнёту жыхароў беларускага краю і на максімальнае абмежаванне свабоды іх гаспадарчай дзейнасці, што ніколі не спрыяла развіццю эканомікі і сацыяльнай сферы. І хоць сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускага народа не прыпынілася, яго адставанне ад суседніх народаў, якое пачалося яшчэ падчас існавання Рэчы Паспалітай, няўхільна павялічвалася. Асабліва істотным станавілася адставанне ў нацыянальна-культурным развіцці, што было абумоўлена мэтанакіраваным правядзеннем палітыкі паўнамаштабнай русіфікацыі беларускага краю. Наша Бацькаўшчына ўсё больш і больш нагадвала сабой забітую, адсталую ўскаіну. І даводзіцца толькі здзіўляцца, што і ў такіх выключна складаных умовах беларуская нацыянальная ідэя да канца не сканала. Нягледзячы ні на што, працягвала саграваць душы беларускіх патрыётаў і як бы чакала свайго лепшага часу.



 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 591
mod_vvisit_counter Учора 2422
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 10204
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 32635