Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Паміж двух агнёў: Урокі гісторыі Друк E-mail
11.01.2008 | 16:59 |
Змест
Паміж двух агнёў: Урокі гісторыі
1. Абнадзейлівы пачатак
2. Паланізацыя
3. Русіфікацыя
4. Марныя надзеі

1. Абнадзейлівы пачатак

Кожны народ можа здабыць для сябе шчаслівую долю, толькі маючы ўласную незалежную дзяржаву. Вось толькі далёка не ўсім народам гэта ўдавалася. Беларусы тут не маюць асаблівых падстаў наракаць на свой лёс. Сваю ўласную дзяржаву яны займелі даволі рана – у дзесятым стагоддзі, калі, да прыкладу, аб маскоўскім княстве яшчэ не было ніякай гаворкі. Тою дзяржаваю з’явілася адно з самых старажытных усходнеславянскіх фарміраванняў – Полацкае княства, якое большую частку сваёй гісторыі праіснавала самастойна, нягледзячы на ўсе намаганні Кіева ўсталяваць сваю ўладу над ўсімі ўсходнеславянскімі землямі.

У канцы таго ж стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўзнікла другое старажытнае беларускае княства – Тураўскае. І хоць яму не адзін раз пагражалі кіеўскія і валынскія князі, а таксама многія іншыя заваёўнікі, тураўцам даволі працяглы гістарычны перыяд удавалася захоўваць сваю незалежнасць. Яны нават здолелі захаваць на той час нескаронаю ўласную каралеўскую дынастыю.

Памянёныя княствы і іншыя, што ў розныя гады сівой даўніны існавалі на тэрыторыі Беларусі, паслужылі цаглінамі для збудавання ў наступным адной з найбольш вялікіх і магутных дзяржаў Усходняй Еўропы – Вялікага Княства Літоўскага. На працягу некалькіх стагоддзяў яно аказвала істотны ўплыў на грамадска-палітычнае развіццё ўсіх усходніх славян.

Уласная дзяржаўнасць дазваляла нашым далёкім продкам даволі паспяхова развіваць сваю гаспадарку і культуру. Адносна рана на тэрыторыі Беларусі з’явіліся пасяленні новага тыпу – гарады. У ХІІІ стагоддзі іх тут налічвалася ўжо каля паўсотні. Найбуйнейшым з іх быў Полацк, колькасць жыхароў якога, па ацэнках беларускіх даследчыкаў, у тыя гады магла дасягаць дзесяці тысяч чалавек. У скандынаўскіх сагах і саксонскіх легендах гэты наш самы старажытны горад (поруч з Кіевам і Ноўгарадам) называўся трэцім цэнтрам усходняга славянства.

На аснове ўсталявання самастойных сувязяў з Візантыяй, Заходняй Еўропай і Усходам Полацк стаў буйным культурным асяродкам, у якім нашымі славутымі продкамі ствараліся выдатныя ўзоры мастацтва, выпрацоўваліся ўласныя традыцыі летапісання, жывапісу, дойлідства. Як адзначаюць многія гісторыкі, традыцыі полацкага жывапісу істотна паўплывалі на развіццё гэтага жанру мастацтва ў Смаленску. Яшчэ больш шырокае распаўсюджванне атрымалі дасягненні полацкіх архітэктараў. У полацкім стылі будаваліся храмы не толькі на суседніх беларускіх землях (прынамсі, у Новагародку, Смаленску), але і ў далёкім Ноўгарадзе.

Варта зазначыць, што Полацк, Смаленск і Тураў сталі аднымі з першых цэнтраў хрысціянства ва Ўсходняй Еўропе. Епіскапскія кафедры ў іх з’явіліся ўжо на мяжы Х і ХІ стагоддзяў. Гэта ў немалой ступені садзейнічала паскоранаму развіццю ў памянёных і іншых старажытных беларускіх княствах пісьменства і літаратуры, далучаючы іх да тых прагрэсіўных гістарычна-культурных працэсаў, што адбываліся у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе.

Аб раннім пашырэнні кірылічнага пісьма на Полаччыне і Смаленшчыне сведчаць, прынамсі, надпісы на посудзе, знойдзеным пад Смаленскам, і на пячатцы полацкага князя Ізяслава, якім ўжо болей за тысячу гадоў. Пры гэтым пісьменства не было прывілеяй адных толькі буйных гарадоў. Яно мэтанакіравана распаўсюджвалася і ў іншых больш-менш значных паселішчах, у тым ліку аддаленых ад княжацкіх цэнтраў. Школы і бібліятэкі ствараліся пры многіх манастырах і храмах. У асобных з іх вяліся летапісы і перапісваліся кнігі, прычым не толькі пераклады царкоўных і свецкіх твораў, але і арыгінальная літаратура мясцовага паходжання. Такія асветнікі старажытнай Беларусі, як Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клім Смаляціч і Аўрамій Смаленскі сталі сапраўднымі чарадзеямі, зоркамі першай велічыні на культурным небасхіле Ўсходняй Еўропы. Іх арыгінальныя творы, у прыватнасці Тураўскае Евангелле, жыццяпісы Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, па праву лічацца аднымі з найбольш старажытных помнікаў. І прыходзіцца толькі шкадаваць, што далёка не ўсе творы нашых продкаў тых далёкіх часоў захаваліся. Асабліва шкода, што пакуль так і не ўдалося адшукаць найстаражытнейшы Полацкі летапіс, які мог бы так многа расказаць аб жыцці і дзейнасці тагачасных палачан.

Непараўнальна большых поспехаў у развіцці сваёй гаспадаркі і культуры дасягнулі беларусы ў часы існавання Вялікага Княства Літоўскага, у якім яны займалі дамінуючае становішча (прыкладна дзевяць дзесятых яго агульнай тэрыторыі і восем дзесятых агульнай колькасці насельніцтва). Рухавіком сацыяльна-эканамічнага і нацыянальна-культурнага развіцця, як і раней, быў горад, колькасць якіх на беларускіх землях імкліва павялічвалася. Калі да 1500 года ў гістарычных звестках упамінаецца аб існаванні ў Княстве толькі 83 гарадоў, то к 1600 году іх ужо налічвалася 530. Сярод гарадскіх пасяленняў таго часу сваімі памерамі і ўзроўнем развіцця выдзяляліся найперш Берасце, Віцебск, Гародня, Драгічын, Менск, Новагародак, Полацк і Слуцк. Бясспрэчным лідэрам сярод іх, безумоўна, быў Полацк, у якім у сярэдзіне ХVІ стагоддзя пражывала каля 50 тысяч чалавек.

Памянёныя і іншыя беларускія гарады шырока славіліся сваімі рамёствамі. У кожным з іх рамяство было прадстаўлена некалькімі дзесяткамі прафесій. Гарадскія рамеснікі не толькі абслугоўвалі саміх гараджан, але і пастаўлялі свае вырабы на рынкі, у тым ліку замежныя, што садзейнічала шырокаму развіццю гандлёвай дзейнасці. Беларускія купцы паспяхова гандлявалі з Масквою, Ноўгарадам, Псковам, Цверру, Разанню. Асобныя з іх са сваімі таварамі дабіраліся да Варшавы, Познані, Гданьска, Рыгі і другіх далёкіх замежных гарадоў. Гэта з'яўляецца яскравым сведчаннем таго, што рамёствы на Беларусі ў тыя гады дасягнулі адносна высокага ўзроўню развіцця і былі ў стане вырабляць прадукцыю, канкурэнтаздольную, як сказалі б сёння, на рынках не толькі блізкага, але і далёкага замежжа.

Паспяховае развіццё гаспадарчай дзейнасці стварала неабходныя перадумовы для ўзмацнення ролі гарадоў як культурна-асветніцкіх цэнтраў. Горад стаў паўнапраўным цэнтрам адукацыі, спрыяльным асяроддзем для станаўлення выдатных мысліцеляў свайго часу.

Прыемна зазначыць, што дзякуючы параўнальна высокаму ўзроўню свайго грамадска-палітычнага і культурнага развіцця (у дадатак да пераканаўчай перавагі па займаемай плошчы і колькасці насельніцтва) беларускія землі ў Вялікім Княстве Літоўскім адыгрывалі вызначальную ролю ў агульным развіцці як гаспадарчай дзейнасці, так і культуры, асабліва дзяржаўнай мовы, літаратуры, пісьменнасці, справаводства, кнігадрукавання і г. д. Дастаткова сказаць, што ў ХІV-ХVІ стагоддзях абсалютная большасць актаў і грамат Княства была напісана на старабеларускай мове, якую часта называлі кірыліцай альбо «рускай». На гэтай мове быў надрукаваны і знакаміты Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, які на той час па праву лічыўся самым перадавым у Еўропе зборам законаў. Прычым ён не толькі быў напісаны на старабеларускай мове, але і замацоўваў яе ў якасці дзяржаўнай.

Асабліва значнымі дасягненнямі ў духоўным жыцці Беларусі былі адзначаны канец ХV-ХVІ стагоддзе, за што гэты перыяд у нашай гісторыі атрымаў назву «залаты век». Аб гэтым яскрава сведчаць найперш поспехі тагачаснага беларускага кнігадрукавання, заснаванага вялікім беларускім асветнікам, гуманістам і рэфарматарам Францыскам Скарынам. У сваёй першай пражскай друкарні літаральна за лічаныя гады ён выдаў ажно 23 кнігі Старога Запавету, першая з якіх («Псалтыр») убачыла свет ужо 6 жніўня 1517 года. У пачатку 20-х гадоў ХVІ стагоддзя Францыск Скарына перанёс сваю друкарскую дзейнасць у Вільню, дзе каля 1522 года выдаў «Малую падарожную кніжыцу» і ў 1525 годзе – «Апостал».

Наш славуты асветнік здолеў падняцца на ўзровень усяго еўрапейскага Адраджэння і стаць упоравень з такімі ягонымі славутасцямі, як Эразм Ратэрдамскі і Марцін Лютэр. З гэтай нагоды варта зазначыць, што скарынаўская Біблія была надрукавана раней за нямецкую Лютэраву. Сваім з’яўленнем на свет яна амаль на паўстагоддзе апярэдзіла польскую Біблію і на 47 гадоў «Апостала» Івана Фёдарава (Федаровіча) і Пятра Мсціслаўца. А між тым кнігадрукаванню ў тыя гады належыла рэвалюцыйная роля ў развіцці практычна ўсіх рэнесансавых тэндэнцый. У той жа час яно з’яўлялася найбольш аб’ектыўным адлюстраваннем агульнага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця дзяржавы і яе народа.

Аб стане развіцця на Беларусі ў тыя далёкія часы літаратуры можна меркаваць, у прыватнасці, па паэме Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра», створанай у 1522 годзе. Адзін з заходнееўрапейскіх мысліцеляў гуманістаў аб ёй сказаў прыкладна так: калі б у народа быў толькі адзін паэт і ён напісаў толькі адну гэту паэму, то ўжо за адно гэта ён заслугоўваў бы ўсеагульнай увагі. Між тым Мікола Гусоўскі быў не адзінокі на ніве сярэдневяковай беларускай літаратуры, інакш бы ён проста не ўзняўся да такіх вышынь.

Па-ранейшаму выгадна выдзялялася Беларусь і сваімі дасягненнямі ў манументальнай архітэктуры. У ХІV-ХVІ стагоддзях яе майстрамі было створана многа выдатных помнікаў народнага дойлідства, замкавых і палацавых ансамбляў. Сярод іх – своеасаблівыя мураваныя культавыя пабудовы: Сынковіцкая і Маламажэйкаўская цэрквы абарончага тыпу, Троіцкі касцёл у Ішкальдзі, палацава-замкавыя комплексы ў Міры, Геранёнах і Смалянах.

У ХVІ стагоддзі на Беларусі пачынае ўсталёўвацца канфесійная сістэма школьнай адукацыі. Адначасова ўсё большая колькасць беларусаў адпраўляецца за ўніверсітэцкай адукацыяй у буйнейшыя навукова-культурныя цэнтры Еўропы, што спрыяла пашырэнню іх грамадска-палітычнага далягляду, лепшаму ўспрыманню прагрэсіўных гуманістычных, асветніцкіх, рэнесансавых павеваў, якія яны пасля пераносілі ў духоўнае жыццё свайго роднага краю.

Такіх выдатных поспехаў у гаспадарчым і эканамічным развіцці нашы далёкія продкі змаглі дасягнуць толькі дзякуючы наяўнасці ўласнай дзяржавы, якая ў меру сваіх магчымасцяў стварала неабходныя для гэтага ўмовы і бараніла свой народ ад ворагаў, якіх у Беларусі заўсёды было нямала. Напачатку асабліва непакоілі беларусаў крыжакі. З канца ХІІІ стагоддзя і да 1410 года, у якім аб’яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы пад Грунвальдам ушчэнт разбілі нямецкіх рыцараў, яны зрабілі на беларускія гарады і вёскі больш за 140 нападаў.

Многа клопатаў прычынялі беларусам у тыя далёкія гады таксама татара-мангольскія орды і крымскія ханы. З 1473-га і па 1569 год яны арганізавалі на тэрыторыю Вялікага княства ажно 75 паходаў, падчас якіх бязлітасна палілі беларускія гарады і вёскі, рабавалі і забіралі ў палон іх жыхароў.

Адбіваючыся ад крыжакоў і татара-мангольскіх ордаў, беларусы тым самым засланялі сабой сваіх суседзяў, што жылі на ўсход і поўнач ад іх, і далі ім мажлівасць больш-менш спакойна (калі не лічыць міжусобных войнаў) нарошчваць сваю дзяржаўную моц. І даводзіцца толькі шкадаваць, што гэтая моц пасля была скіравана супраць беларусаў.

Упершыню свае прэтэнзіі на беларускія землі Масковія заявіла пры цары Іване ІІІ, які абвясціў сваю дзяржаву законнай пераемніцай Кіеўскай Русі і цэнтрам аб’яднання ўсіх усходнеславянскіх абсягаў. Першая адкрытая вайна Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага пачалася ў 1492 годзе, калі войскі Івана ІІІ занялі шэраг княстваў у вярхоўях Акі, захапілі Вязьму, Масальск і іншыя гарады. Усяго праз восем гадоў войскі маскоўскага цара разам з крымскімі татарамі зноў напалі на Княства і адваявалі ад яго 17 гарадоў і каля 70 валасцей. Затым адбыліся войны ў 1507, 1512 і 1534-1537 гадах, якія істотна знясільвалі Вялікае Княства Літоўскае, вымагаючы ад яго і ягоных грамадзян няспыннай напругі, вялізарных фінансавых выдаткаў, прыводзілі да вялікіх разбурэнняў паселішчаў і гаспадаркі.

Страта Смаленска з’явілася бясспрэчным сведчаннем канчатковай змены агульнага балансу сіл дзвюх суседніх краін, уступіўшых паміж сабой у паласу бясконцых войнаў, на карысць Маскоўскай дзяржавы. Яе ваенныя напады рабіліся ўсё больш і больш маштабнымі і разбуральнымі, а сілы ў Вялікага Княства Літоўскага для належнага адпору ім няўмольна змяншаліся.

Асаблівай жорсткасцю вызначыўся паход Івана ІV, празванага ў Беларусі Жахлівым, на старажытны беларускі горад Полацк у 1563 годзе. Горад быў пераўтвораны ў сапраўднае папялішча. Усе ягоныя жыхары, што яшчэ заставаліся ў жывых пасля захопу Полацка войскамі маскоўскага цара, былі абвешчаны палоннымі. Многія з іх былі пасечаны стралецкімі шаблямі, а большасць – звязаны і пагнаны на ўсход. Уратаваліся зусім нямногія. Набыты за доўгія гады напружанай працы палачан гарадскі скарб, уласнасць купцоў, шляхты і іншых заможных людзей цар таксама загадаў адаслаць у сваю сталіцу. Адпусціў жывымі толькі польскіх рыцараў. І то дзеля таго, каб яны паведалі свайму каралю Жыгімонту Аўгусту, што Масква вайны з Польшчай не прагне, а толькі жадае вярнуць «сваё»: Валынь, Галіччыну і Беларусь да самае Вільні.

Каб ухіліцца ў далейшым падобных спусташальных нападаў з боку магутнай усходняй суседкі, Вялікае Княства Літоўскае вырашыла спалучыць свае сілы з Каронай Польскай. Дзеля гэтага памянёныя дзве дзяржавы на сваім агульным сойме ў Любліне ў 1569 годзе прынялі акт, у адпаведнасці з якім яны аб’ядналіся ў адну дзяржаву, якая атрымала назву Рэч Паспалітая.»

Безумоўна, вельмі няпроста даўся гэты надзвычайна адказны крок дзяржаўным дзеячам Вялікага Княства Літоўскага, якія не маглі не разумець, чым ён, урэшце, можа абярнуцца і для іхняй дзяржавы, і для іх саміх. Бо, трэба думаць, меў рацыю стараста Жмуцкі Юры Хадкевіч, што ўзначальваў літоўска-беларускіх дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў падпісанні Люблінскай уніі, звяртаючыся да караля польскага з такімі словамі: «Святлейшы, найміласцівейшы кароль! Мы прыйшлі да Вашай вялікасці, каб пакончыць гэтую справу (маецца на ўвазе падпісанне уніі. – Г.Л., Л.Л.). Мы пагаджаемся на яе, але з вялікім болем і сцісканнем сэрца, па загаду Вашай каралеўскай ласкі, падпарадкоўваючыся волі Вашай. Як усё гэта нам баліць, немагчыма выказаць словамі … Мы ўжо даведзены да таго, што павінны кінуцца з уніжанай просьбай да ног нашай каралеўскай міласці». Як засведчыў адзін з прысутных на гэтым акце падпісання Люблінскай уніі, пры апошніх словах прамоўцы ўсё літоўска-беларускія дэпутаты палі на калені.

Настрой і паводзіны членаў беларуска-літоўскай дэпутацыі лёгка зразумець, калі ўлічыць, што да таго часу Карона Польская ўжо не раз паказала, што яна таксама не супраць павялічыць сваю дзяржаўную моц за кошт Вялікага княства. Ды і на гэты раз, скарыстаўшы выключна цяжкае становішча, у якім апынуліся іх партнёры па міждзяржаўных перамовах, палякі, хоць і пагадзіліся на тое, каб іх сумесная дзяржава была федэрацыяй, настаялі на тым, каб у Люблінскай уніі быў зроблены цэлы шэраг запісаў, якія адназначна ставілі польскі бок у прывілеяванае становішча. Апошняе выявілася, прынамсі, у ягоным большым прадстаўніцтве ў органах улады адзінай федэратыўнай дзяржавы і знешнепалітычнай залежнасці беларускага боку ад Польшчы. Было прадугледжана нават пэўнае прыстасаванне гаспадарства Вялікага Княства Літоўскага да польскага кодэксу. Можна было не сумнявацца, што, карыстаючыся сваім прывілеяваным становішчам у складзе Рэчы Паспалітай, польскі бок у далейшым будзе толькі павялічваць свой палітычны і сацыяльна-эканамічны націск на беларусаў.

Аднак што заставалася рабіць у тых драматычных абставінах, якія склаліся ў другой палове ХVІ стагоддзя. Трэба ж было шукаць якогасьці паратунку, з двух бед выбіраць меншую. На той момант меншым злом дзяржаўным лідэрам ВКЛ падалося аб’яднанне з Польшай у адзіную федэратыўную дзяржаву, няхай сабе і не даваўшую ім належнай роўнасці з палякамі, і яны адважыліся на гэты крок.



 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 632
mod_vvisit_counter Учора 1157
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 5862
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 49535