Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Культура arrow Любоў Уладыкоўская. "Як захаваць культурную самабытнасць?"

Любоў Уладыкоўская. "Як захаваць культурную самабытнасць?" Друк E-mail
14.08.2011 | 19:34 |
Любоў Уладыкоўская.Сучасныя нарысы да некаторых аспектаў праблемы

У кнізе на падставе міждысцыплінарнага навуковага аналізу культурнага развіцця ў сучасным свеце, а таксама практычнага матэрыялу, вывучанага аўтарам непасрэдна падчас мэтавых вандровак у розных еўрапейскіх краінах і ЗША, асветлена надзвычай актуальная праблема - мэтазгоднасць і шляхі захавання культурнай самабытнасці беларусаў ва ўмовах глабалізацыі. Адрасавана выкладчыкам, навукоўцам, студэнтам, асветнікам, чыноўнікам, - усім, хто цікавіцца сучаснымі культурнымі працэсамі або па доўгу службы абавязаны дбаць пра культурнае развіццё сучаснага беларускага грамадства і нацыі ў цэлым.

Шчыра дзякую за дапамогу ў падрыхтоўцы і выданні кніг: Ксяндзу Уладзіславу Завальнюк, Польскаму інстытуту ў Мінску і асабіста Веславу Раманоўскаму, Амбасадзе ЗША ў Рэспубліцы Беларусь, Міністэрству культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і асабіста Міхалу Міхальскаму, Старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь Уладзіміру Шчаснаму, Таццяне Дзяменцьевай .

ПРАДМОВА

Культура, як, зрэшты, мова, гісторыя і прырода, вызначае аснову самой істоты чалавека - тое, што блізкае, роднае, дарагое... Увесь духоўны і творчы вопыт народа адлюстроўваецца ў культуры, таму без культуры няма народа - ані яго мінулага, ані будучыні. Сэнс існавання і само апраўданне народнага быцця акрэсліваюцца культурным самавыяўленнем, культурнай творчасцю, культурнай дзейнасцю.

Апошнія некалькі гадоў я наведала амаль усе еўрапейскія краіны, - праўда, не заўсёды з канкрэтнай мэтай вывучэння культурных асаблівасцей. Менавіта непасрэднае знаёмства з жыццём іншых народаў, а не толькі ўласна навуковыя доследы, яшчэ раз мяне пераканалі, што культурная самабытнасць выступае ядром сутнасці нацыі, абумоўлівае лад існавання ўсяго грамадства. І гэта невыпадкова - у культуры адлюстроўваюцца тыя каштоўнасці і ідэалы народа, якія накіроўваюць на першаступеннае развіццё таго ці іншага аспекту сацыяльнага быцця.

Сярод еўрапейскіх краін больш за ўсё я люблю бываць у Польшчы, Вялікабрытаніі і Германіі. Выбар мой досыць суб'ектыўны, але ўсё ж мае пад сабой рацыянальную аснову: гэта моцныя, магутныя народы, слаўныя сваёй адметнасцю, гісторыяй і культурай, сваім патрыятызмам, народы, у нечым блізкія да нас, беларусаў.

Немцы - гэта не толькі нацыянальны нямецкі характар з уласцівым яму надзвычайным парадкам ва ўсім, прагматызмам, педантычнасцю і дысцыплінаванасцю, гэта не толькі дбайна дагледжаныя нямецкія ландшафты, але перадусім - класічная нямецкая філасофія - Кант, Гегель, Фіхтэ. І яшчэ - высокі ўзровень нямецкай культуры - і нацыянальнай, прафесійна-мастацкай, і бытавой, і дзяржаўна-эканамічнай. Немцы ў нечым нагадваюць беларусаў - магчыма, працалюбівасцю, адданасцю сваёй зямлі, стрыманасцю. Ці магчымае існаванне магутнага нямецкага народа з багацейшай гісторыяй без адмысловасці нямецкай культуры? Вядома ж, не.

Ці, да прыкладу, англічане - спакойная, ураўнаважаная, кансерватыўная нацыя, якая ніколі не разбурае, а толькі ўдасканальвае. Перадача ведаў, прадпрымальніцтва і фінансавая сфера, а таксама дызайн - вось прыярытэтныя напрамкі развіцця сучаснай Вялікабрытаніі (прамысловая вытворчасць у асноўным вынесена ва ўсходнія краіны). Спаконвечная традыцыйнасць, размеранасць, кансерватызм прывялі да таго, што і ў Еўрасаюзе Вялікабрытанія імкнецца да максімальна магчымай самастойнасці. Так, у чатырох асноўных прынцыпах Еўрасаюза - свабоднае перамяшчэнне, свабодны гандаль, агульная знешняя і агульная сельскагаспадарчая палітыка, - некаторыя пытанні ўзнікаюць у гандлёвай сферы: з-за сваёй адданасці спрадвечным традыцыям англічане імкнуцца захаваць нацыянальную валюту, нацыянальныя меры вагі і адлегласці.

І, безумоўна, Польшча. Ментальна, культурна, гістарычна блізкі нам народ. Падкрэсленая ўвага да ўласнай гісторыі і культуры заўжды была ўласцівая палякам. У формуле "Бог. Гонар. Айчына" адлюстроўваецца і моцная рэлігійная хрысціянска-каталіцкая традыцыя палякаў, і шляхецкая, чалавечая годнасць, і гонар за сваю вялікую культуру; раскрываецца асабліва чулае стаўленне да сваёй радзімы, што пацвярджаецца, напрыклад, значнай распрацаванасцю навукі культуралогіі, у тым ліку шырокім спектрам яе спецыялізацый і міждысцыплінарнага стасавання. Палякі любяць сваю радзіму, ганарацца ёю і ўмеюць шанаваць сваю культурную самабытнасць. Высокі ўзровень сацыяльнай свядомасці і нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці, гістарычнай памяці нават на ментальным, падсвядомым узроўні, адкрытасць публічных дэбатаў у сацыякультурнай сферы садзейнічаюць успрыманню культурнай самабытнасці не толькі як каштоўнасці, але і як карысці, што належыць да сферы нацыянальнага інтарэсу, які выступае катэгорыяй першапачатковай. Зрэшты, народ, у якога на першым месцы Бог, не можа не мець добрай перспектывы

Літанія Польскага Народу, з якой мне давялося пазнаёміцца, створана на ўзор агульнавядомых у Каталіцкім Касцёле, праўда, са сваімі адметнасцямі, бо носіць рэлігійна-патрыятычны характар. У Літаніі ўзносяцца просьбы да Бога, каб той змілаваўся над Айчынай - Польшчай, зварот да Божай Маці нагадвае зварот да Каралевы Польскай, да анёлаў - як да польскіх святых, потым ідзе просьба аб вызваленні польскага народу ад вялікай гістарычнай пакуты, няволі, здрады, апатыі, нязгоды, нянавісці, злосці, злой волі саміх палякаў, ад усялякага зла Айчыны. Літанія ўтрымлівае і нацыянальную самакрытыку, і разуменне, што, каб наступілі змены да лепшага, найперш мусяць яны наступіць у духоўнай сферы жыцця народу. Вера ў Бога яднаецца з верай у свае сілы праз жыццядайную міласць, сапраўдную любоў да радзімы, мужнасць, грамадскую лагоднасць, дух калектывізму, пачуццё ўзаемнай службы і падтрымкі, шчырую згоду. Літанія паказальная тым, што падае яшчэ адзін голас пратэсту супраць міжнароднай несправядлівасці і акупацыйных імперыялістычных, разбойных сіл, бо не бывае міру праз ‘‘трыумф'' якогасьці народу, мір прыносяць цярпенне, пакора, ахвярная праца, служэнне іншым. Вось гэтае ўспрыманне палякамі хрысціянства як канкрэтнай сілы творчасці і развіцця, а не як абстрактнай прыгожай рэлігіі, і складае адну з прывыбнейшых нацыянальных польскіх рысаў.

Менавіта Польшчы я абавязаная тым чароўным канчатковым усведамленнем сілы і права роднага слова, калі, упершыню наведаўшы Варшаву ў самым пачатку дзевяностых, з радасным здзіўленнем адчула, што такое паўнацэнны народ, спраўджаная нацыя - пасля расійска- і трасянкамоўнага Мінска польская мова, якая на правах гаспадыні спакойна і ўпэўнена панавала наўкол, падалася цудам. Каралеўскія Лазенкі, што ў цэнтры Варшавы, шапоццем стогадовых дрэў, крыкам паўлінаў нагадалі незабыўнае аж на генным узроўні наша сумеснае няпростае мінулае. Тое першае наведванне Варшавы паўсюднай польскай мовай і радасным пачуццёвым адкрыццём нашай гістарычна-культурнай агульнасці, а таксама высокай, вытанчанай шляхецкасцю, якая у нас, сённяшніх беларусаў, амаль выкараненая, паслужыла самым вялікім штуршком да далейшай актыўнай беларускай навукова-асветніцкай дзейнасці і шматлікіх сумесных беларуска-польскіх навуковых праектаў і падчас маёй працы ў міністэрстве адукацыі, і пазней, падчас дырэктарства ў знакамітым Скарынаўскім цэнтры, і цяпер. Немалую ролю адыграў тут і Польскі інстытут у Мінску на чале з былым надзвычай актыўным дырэктарам Цэзарыем Карпіньскім - чалавекам творчым, адкрытым, прагрэсіўным, у працы - няўрымслівым.

Псіхалогія сцвярджае, што мы тым больш некага ці нешта кахаем або любім, чым больш гэтаму некаму ці нечаму аддаем. Магчыма, для нас такой прывабнай здаецца польская культура яшчэ і таму, што беларусы аддавалі ёй сваіх лепшых людзей: Адама Міцкевіча і Адама Нарушэвіча, Юльяна Нямцэвіча і Уладзіслава Сыракомлю, Станіслава Манюшку і Мечыслава Карловіча, Міхала Клеафаса Агінскага і Тадэвуша Касцюшку, Ежага Гедройца...

Перад намі, беларусамі, - непачаты абшар працы. Трэба навучыцца так арганізоўваць сацыяльнае жыццё, як гэта робяць прадказальныя немцы, пабудаваць сістэму беларускага асветніцтва (і адукацыі ў прыватнасці) з такой павагай да творчага патэнцыялу асобы і трапяткой аховай усялякай культурнай традыцыі, як гэта ўмеюць і практыкуюць брытанцы (англічане, шатландцы, жыхары Уэльса і Паўночнай Ірландыі), шанаваць нацыянальную годнасць і ганарыцца сваёй культурай так, як гэта дэманструюць палякі.

Беларусь багатая на асобы, кожная з якіх не толькі шмат робіць у сваім прафесійным полі, але сваёй актыўнай дзейнасцю закрывае вялікі абсяг - цэлы напрамак - нязробленага, пакуль адкрытага ў духоўнай, сацыяльна-гуманітарнай і культурнай сферах. Анатоль Грыцкевіч, Уладзімір Конан, Леанід Лыч, Іван Саверчанка, кс. Уладзіслаў Завальнюк і інш. - людзі высокай маральнай культуры і чысціні, акадэмічнага інтэлекту і глыбокай, сапраўднай адданасці Беларусі. Іх тытанічная праца можа быць прыроўненая да дзейнасці цэлых інстытутаў. Задача дзяржавы і грамадства - усяляк падтрымаць гэтых людзей, даць ім магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял на карысць Бацькаўшчыны.

Хаця так актуальныя для нас пытанні нацыянальна-культурнага будаўніцтва, духоўна-рэлігійнага адраджэння часта ўспрымаюцца ў Еўропе як кансерватыўныя, нават архаічныя, бо не стасуюцца з моднымі ліберальнымі поглядамі, будзем, аднак, пэўныя, што гарантыя нашага паўнацэннага развіцця і раўнапраўнага голасу ў геапалітычным дыялогу ў рэшце рэшт можа быць забяспечана толькі і выключна праз нашу культурную самабытнасць, якая выступае паказчыкам значнага ўзроўню рэалізацыі нацыянальнага духу, крытэрыем высокай культуры і моцнага жыццёвага імунітэту нацыі, а таксама яе перспектыўнасці. Захаванне культурнай самабытнасці ёсць ідэяй дабра, бо накіравана на памнажэнне пазітыўных ведаў і павелічэнне пазітыўных дзеяў. Культурная самабытнасць - гэта станоўчае ўзбагачэнне жыцця, за якую трэба змагацца як за каштоўнасць надзвычайнай ступені важнасці.

Беларусь - не культурны мост паміж "Захадам і Усходам", а тыпалагічна еўрапейская краіна з уласцівай ёй культурай, гісторыяй, ментальнасцю і іншымі асаблівасцямі, - і гэта пры тым, што адзінства Еўропы выцякае не так з інстытуцый еўрапейскіх, як са спосабу мыслення, сістэмы каштоўнасцей. Беларусам неабходна, па-першае, жыць і працаваць у беларускім культурным кантэксце і ўсяляк супрацьстаяць нацыянальнаму нігілізму, па-другое, не замыкацца на местачковай правінцыйнасці і адсталай замшэласці, як мага пашыраць свой кругагляд, знаёміцца з іншымі культурамі, сучасным светам. Неабходна не толькі вывучаць і адлюстроўваць гістарычна-этнаграфічныя асаблівасці беларускай культуры, што было асабліва актуальным і апраўданым у X1X стагоддзі, але больш актыўна аналізаваць і сучасныя тэндэнцыі ў культурнай сферы, надзённыя працэсы міжкультурнага ўзаемадзеяння - з выхадам на практыку і перспектыву.

На жаль, мой асабісты жыццёвы досвед сведчыць пра недастатковае веданне ў Беларусі асаблівасцей сучасных сацыякультурных працэсаў, што працякаюць у еўрапейскім рэгіёне і ў свеце ў цэлым. Хаця прапанаваныя мною тут некаторыя прыклады захавання культурнай самабытнасці і культурнай спадчыны ў еўрапейскіх краінах і ў ЗША ў сілу фармата гэтай працы не могуць насіць поўнага, завершанага характару, аднак усё ж адлюстроўваюць сусветную практыку пільнай увагі развітых дзяржаў да падтрымкі сваіх культур, сістэмную прадуманасць падыходаў да сацыяльна-культурнага развіцця ў XX1 стагоддзі.

Даўно наспеў час не толькі належна вывучыць, ацаніць і развіваць сваю тысячагадовую традыцыю, але і шырэй прэзентаваць самабытную беларускую культуру на міжнародным узроўні. Давайце разам зробім так, каб было што прэзентаваць і было каму ...

Ці актуальная культурная самабытнасць у эпоху глабалізацыі?

Калі пытанне пра тое, што першаснае - дзяржава ці нацыя, застаецца спрэчным і выклікае да сённяшняга дня шматлікія дэбаты, то ўзаемадачыненні катэгорый нацыі і культуры відавочныя - нацыі без культуры няма, менавіта творча- культурная рэалізацыя народа прыводзіць у рэшце рэшт да ўзнікнення і развіцця нацыі.

Таму пытанне захавання культурнай самабытнасці ў сучасным свеце залежыць ад пытання існавання нацый і нацыянальных утварэнняў. Выглядае, аднак, што нацыі ў глабальным кантэксце паступова губляюць сваё значэнне, уступаючы месца наднацыянальным утварэнням. Інтэграцыйныя працэсы актывізуюцца, прыкладам чаго можа служыць хаця б пашырэнне Еўрасаюза і выпрацоўка ўнутры яго сумеснай праграмы дзеянняў, напрыклад, у галіне культуры, сельскай гаспадаркі, гандлю, знешняй палітыкі, што не толькі адлюстроўвае агульнасць інтарэсаў, але і патрабуе, як мінімум, агульнай сістэмы каштоўнасцей. Здаецца, што глабальныя тэндэнцыі універсалізацыі і стандартызацыі, што ў сферы культуры часта набываюць форму прымітывізацыі і гібрыдызацыі, не садзейнічаюць развіццю культурных традыцый і пашырэнню сферы функцыянавання нацыянальных моў, паглыбленню гістарычнай памяці і ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці, - гэта значыць, захаванню нацыянальна-культурнай самабытнасці.

Небяспека глабалізацыі заключаецца ў тым, што чалавек паступова страчвае каналы непасрэднай сувязі з натуральнай прыроднай і сацыяльна-культурнай прасторай, якая марудна раствараецца ў супертэхналагічным развіцці сучаснага грамадства, уніфікуецца пад уздзеяннем новых стандартаў масавай культуры і стылей жыцця [52, с.230-231]. Гэтая прастора набывае рысы непрадказальнай штучнасці, яна канструіруецца і сімвалізуецца, абумоўліваючы адпаведны стан свядомасці асобных людзей і грамадства ў цэлым. Такая сітуацыя ўплывае на духоўна-інтэлектуальную і культурную стабільнасць чалавека і грамадства, яна небяспечная стратай асноў нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці, своеасаблівасці свайго існавання як выніку няўстойлівасці ведаў і ўнутраных вобразаў. Нацыянальна-культурнае светаадчуванне і светабачанне, губляючы сваю прыродную аснову, трансфармуюцца і занепадаюць, у выніку чаго аслабляецца само нацыянальна-культурнае ядро [64].

Лічыцца, што ў эпоху глабальных трансфармацый з пункту гледжання інфармацыйнай бяспекі самымі праблемнымі сферамі выступаюць эканамічная, фінансавая, абаронная, грамадскай свядомасці, навукова-тэхнічная. Некаторыя даследчыкі прапануюць дадаць сюды адукацыйную і культурную сферы, аргументуючы гэта неабходнасцю забеспячэння інфармацыйна-псіхалагічнай бяспекі індывідуальнай і грамадскай свядомасці, абароны ад дэструктыўнага інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння разнастайных інфармацыйных крыніц, захавання ўстойлівасці культурных, каштоўнасных, духоўных асноў нацыі [52, с.193].

Разам з тым глабалізацыя мае аб'ектыўны характар і не можа трактавацца адназначна адмоўна: тэндэнцыі сцірання культурных адрозненняў і нівелявання традыцыйных духоўных каштоўнасцей, спрашчэння, прымітывізацыі суправаджаюцца тэндэнцыямі ўскладнення, развіцця сацыякультурных з'яў. Калі трактаваць глабалізацыю як працэс ахоплівання адзінымі эканамічнымі, палітычнымі, сацыякультурнымі ўзаемаадносінамі ўсёй чалавечай супольнасці (К. Коўкер, С. Хантынгтон, Э. Гідэнс), то тут маецца на ўвазе, па-першае, пастаянны гістарычны працэс пашырэння прасторы ўзаемадзеяння паміж людзьмі, дзяржавамі і культурамі, па-другое, універсалізацыя свету праз узмацненне рысаў усеагульнасці і гамагенізацыі, па-трэцяе, працэс мадэрнізацыі сучаснага соцыуму. Глабалізацыя ў якасці мадэрнізацыі разглядаецца пераважна з двух пунктаў гледжання: эвалюцыйнага (Э. Гідэнс, Р. Робертсон і інш.), згодна з якім глабалізацыя мае доўгатэрміновы характар і патрабуе кантролю, і "рэвалюцыйнага" (Ф. Фукуяма, Ж. Аталі і інш.), дзе глабалізацыя трактуецца як вестэрнізацыя.

У кожным разе ў сучасную эпоху надзвычайнае значэнне набываюць працэсы ўзаемадзеяння разнастайных нацыянальных культур, якія, паводле самай агульнай класіфікацыі, набываюць формы канфлікту, сінтэзу і сімбіёзу [63].

Як слушна заўважае А. Лазарэвіч, калі ва ўмовах каланіялізму культурнае ўзаемадзеянне вызначалася дамінуючай этнічнай групай і зводзілася да інтэграцыі этнічных меншасцей у дамінуючае культурнае асяроддзе, то ва ўмовах глабалізацыі культуры на першы план выходзяць новыя спосабы і напрамкі ўзаемадзеяння культур, якія ідэалагічна прызнаюцца раўнапраўнымі і раўнацэннымі, але вымушаны існаваць у межах палітыкі нацыянальных ці федэратыўных дзяржаў, а таксама ва ўмовах моцных знешніх уздзеянняў, звязаных з фарміраваннем наддзяржаўных супольнасцей, інтэнсіўнай іміграцыяй і камунікацыяй. Лічыцца, што ўжо ў эпоху першых цывілізацый выдзяляліся т.зв. паспяховыя ў плане распаўсюджвання, ці дамінантныя, культуры і культуры непаспяховыя, якія заставаліся ізаляванымі на працягу доўгага прамежку часу. Дадзеная паспяховасць ці непаспяховасць культур вызначалася ў першую чаргу сродкамі камунікацыі, галоўным з якіх у старажытных цывілізацыях была пісьменнасць. Менавіта такая магчымасць хуткага і эфектыўнага распаўсюджвання інфармацыі давала магчымасць дамінантным культурам развіваць мастацтва, навуку, рэлігію і менавіта яна ляжала ў аснове наступнай трансфармацыі непаспяховых культур пры іх каланіяльным захопе [52, c.219]. Хаця непаспяховыя культуры мінулага ў межах дамінуючых культур сёння і могуць выступаць правобразамі лакальных культур, у якіх прэвалююць традыцыйныя сродкі міжасабовай камунікацыі, захоўваецца свая мова і часта звычаі і абрады, пэўная рэлігійная вера, аднак пытанне сутнасці паспяховасці і карэктнасці ўжывання гэтага тэрміну ў дачыненні да культурнага развіцця, якое выступае праявай духоўнасці, што па сваёй сутнасці знаходзіцца па-за шкалой канкурэнтнага вымярэння, застаецца адкрытым - кожная культура самакаштоўная, багатая сваім духоўным, творчым зместам і адлюстроўвае пэўны тып светабачання.

Як бясспрэчная унікальнасць любой асобы, так бясспрэчнай з'яўляецца і унікальнасць любой культуры. Культурная самабытнасць - гэта не што іншае, як назапашаная гістарычна-творчым досведам народа цэласная, гарманічная сістэма пэўных пазітыўных ведаў і вобразаў, дзякуючы якім пазнаецца (і пераўтвараецца) свет. Невыкарыстанне гэтай сістэмы, а тым больш - яе знішчэнне, дэманструе негатыўную, разбуральную, забойчую тэндэнцыю (зла). Культурная самабытнасць, выяўляючы сілу народнага патэнцыялу ў сацыяльна-творчай сферы, стварае магчымасць для гістарычна-культурнага разгортвання ўсёй панарамы нацыянальнага быцця, забяспечваючы фактычна не толькі сацыяльна-культурны прагрэс, але і само існаванне народу.

Нягледзячы на ўсеахопны характар глабалізацыі, якая выяўляе заканамерны этап гісторыі чалавецтва, змаганне за захаванне і ўмацаванне нацыянальна-культурнай самабытнасці выступае задачай першачарговай важнасці для кожнай нацыі, кожнай культуры. Культурную самабытнасць важна захаваць і для таго, каб не дапусціць узнікнення агульначалавечай імперыі зла праз сілавое навязванне сацыяльна-культурных каштоўнасцей адных дзяржаў іншым.

У сацыякультурнай сферы, як і ў прыродзе і ў жыцці ў цэлым, кожная тэндэнцыя суправаджаецца супрацьлеглай. Антыглабалісцкі рух - толькі адна з выяў тэндэнцыі супрацьстаяння аднамернасці, аднаполюснасці свету. Імкненне да рэгіяналізацыі, узмацнення нацыянальнага сепаратызму, што ў розных кропках планеты часам набывае розныя выявы аж да ваенных сутыкненняў, з'яўляецца формай пратэсту супраць нівелявання культурнай самабытнасці і права нацый уладкоўваць сваё жыццё максімальна самастойна. Культурная самабытнасць адлюстроўвае тую гістарычна-генную адметнасць нацыі, якая дазваляе ёй аптымальным чынам уладкаваць сваё жыццёвае асяроддзе і найбольш поўна і творча пазнаць і пераўтварыць навакольны свет, а таксама выявіць сябе ў ім.

Разам з тым сучасная сацыякультурная трансфармацыя далёка не абмяжоўваецца ўмовамі і заканамернасцямі функцыянавання асобных сацыяльных сістэм, лакальных культур, унутранымі асаблівасцямі фарміравання і рэалізацыі нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў, спецыфікай ментальных структур свядомасці і паводзін, так як усё гэта стала адчуваць сур'ёзнае знешняе ўздзеянне, набываць рысы ўсеагульнасці і ўзаемазалежнасці. Калі мець на ўвазе грамадства (чалавецтва) як адзіны сацыяльны арганізм, то асобныя дзяржавы, народы, нацыянальныя культуры не могуць не адчуваць уплыву цэласнасці сістэмы, што выяўляецца ў абавязковым прытрымліванні пэўных уніфікаваных прынцыпаў і нормаў развіцця, незахаванне якіх або парушэнне вядзе да распаду цэласнасці [52, с. 215-216]. Сапраўды, усе народы, краіны, нацыянальныя культуры, нягледзячы на сваю выключную каштоўнасць і багацце ўнутранага зместу, несумненна бяднейшыя за цэласнасць культурна-гістарычнага вопыту і заўсёды будуць адчуваць падпарадкаванасць гэтаму вопыту, патрэбу ў дапаўненні і ўзбагачэнні ім, што з'яўляецца адной з аб'ектыўных перадумоў глабалізацыі. [52, с.217]. Аднак варта памятаць, што згаданая сусветная скарбніца ўсё ж такі складаецца з унёскаў і здабыткаў канкрэтных народаў, нацый, культур, таму культурная самабытнасць выступае і тут першаснай, фундаментальнай каштоўнасцю. Уласцівая ж сучаснай глабалізацыі тэндэнцыя размывання сувязей паміж культурным досведам і тэрытарыяльным кантэкстам, нягледзячы на тое, што культура традыцыйна звязвалася з ідэяй пра яе лакальнасць, не можа адназначна сведчыць пра тое, што глабалізацыя з'яўляецца аднанакіраваным працэсам дэтэрмінацыі ўсяго, што адбываецца ў свеце: дапускаецца, прынамсі, магчымасць інтэрвенцыі лакальнага ў глабальныя працэсы.

Дастойнае і эфектыўнае супрацьстаянне глабалізацыі можа адбыцца ў плоскасці генерыравання матэрыяльных і духоўных інавацый (не выключаючы пры гэтым значэння існуючых каштоўнасцей), стварэння тэхналогій іх экстрапаляцый за межы сферы крэатыўнага і лакальнага значэння [52, с.222]. Невыпадкова ў тэхналагічным канкурыраванні дзяржаў перавага аддаецца распрацоўкам новых сродкаў камунікацыі і тэхнікам валодання імі, так як размова ідзе не толькі пра магчымасці далучэння да іншых культур і каштоўнасцей, але і пра экстрапаляцыю ўласнага вопыту, што стварае перадумовы дамінавання ў адпаведных абласцях сацыяльнай актыўнасці.

Многія даследчыкі, пераважна расійскія, успрымаюць глабалізацыю як экспансію каштоўнасцей асобных дзяржаў і лічаць, што перавага гэтых дзяржаў неаддзельная ад іх пераваг у інавацыйна-тэхналагічнай і інфармацыйна-камунікатыўнай сферай. Але супрацьпаставіць што-небудзь дадзенай тэндэнцыі можна толькі ў кантэксце ўсведамлення таго, што глабалізацыя - гэта свайго роду канкурэнцыя і спаборніцтва, што наводзіць на думку пра якасць тавараў і паслуг, культуратворчага працэсу ў цэлым, якія дэманструюць свае перавагі ў глабальным універсуме аналагічных з'яў. Толькі такім чынам можна захаваць арыгінальнасць і самабытнасць матэрыяльнай і духоўнай культуры. І гэта не самы складаны спосаб супрацьстаяць працэсам глабалізацыі і ўплываць на іх. Цяжкасці больш сур'ёзнага характару звязаны з непадуладнасцю звычайным нормам сацыяльнага рэгулявання пачуццёва-бессвядомай сферы чалавека, схільнай да асобых крытэрыяў псіхалагічнага ўспрымання пры ацэнцы розных феноменаў [52, с.222-223].

Калі гаворка ідзе пра ўзаемадачыненне культурнай самабытнасці і універсалізму, то ідэя арыентацыі на сінтэзаваны досвед, на сістэму агульначалавечых каштоўнасцей, што можа паслужыць аб'яднальным пачаткам у складаных умовах сучаснага развіцця, з аднаго боку, выклікае сумненні і патрабуе, як мінімум, удакладнення зместу культурнага сінтэзу, як і агульназначных ідэалаў і стандартаў развіцця. З іншага боку, пры ўсім жаданні і ўнутранай патрэбе нацыянальна-культурнага самавыяўлення варта памятаць, што глабальны працэс імкнення да еднасці адлюстроўвае тое адзінства чалавечага быцця, якое існуе аб'ектыўна і сведчыць пра само існаванне чалавечага роду як такога, пра існаванне чалавека разумнага і чалавека духоўнага. Іншая рэч, што гэтае адзінства існуе на высокім, духоўным узроўні, а не на тым матэрыяльным, што часцей за ўсё прапануе сучасная глабалізацыя.

Што датычыць еўрапейскага рэгіёну, то праблема суадносін нацыянальнага і універсальнага аспектаў грамадскага быцця і культуры існавала ад самых вытокаў хрысціянскай цывілізацыі. Толькі ў XV111 - X1X стагоддзях, калі фарміраваліся сучасныя еўрапейскія дзяржавы, паўсталі шматлікія канцэпцыі (этналагічныя, філасофскія, сацыякультурныя, сацыялінгвістычныя) нацыянальнага і універсальнага. Паводле У.Конана, гэтыя канцэпцыі канчаткова аформіліся, падзяліўшыся на тры асноўныя тэорыі-гіпотэзы - субстанцыяльную, функцыянальную, квазісубстанцыяльную [49].

Згодна з субстанцыяльным падыходам, які падзяляе і аўтар гэтых радкоў, што ўзнік у нямецкай школе этнолагаў і філосафаў (І.Г.Гердэр, В.Гумбальт, кантэкст філасофіі гісторыі Гегеля), усе нацыянальныя феномены ёсць выяўленнем глыбінных асноў быцця чалавечага грамадства. Кожная гістарычная нацыя выяўляе пэўныя ступені самаразвіцця абсалютнай ідэі і рэалізуецца ў форме спецыфічных грамадскага ладу, дзяржавы, маралі і права (аб'ектыўны дух), мастацтва, рэлігіі, філасофіі - усёй духоўнай культуры (абсалютны дух). Самаарганізаваўшыся ў грамадства і дзяржаву з пэўным, адэкватным для сябе грамадска-палітычным ладам, нацыя стварае сваю сістэму культуры і праз яе далучаецца да агульначалавечай універсальнай духоўнай традыцыі [47].

Успрыманне кожнай нацыі па аналогіі з чалавечай асобаю, якая мае аналагічныя правы, развівалася ў межах персаналістычнай канцэпцыі, што мае велізарнае значэнне для разумення праблемы культурнай самабытнасці. Яна слаба даследавана і мала прадстаўлена ў беларускай гуманітарнай навуцы, таму патрабуе тут нашай асабліва пільнай увагі.

Згодна з персаналізмам нацыю трэба разумець як натуральную чалавечую агульнасць, якая творыць вялікі калектыўны арганізм у плане біялагічным, экзістэнцыяльным, культурным, сацыяльным і агульнай самасвядомасці, жыве ў мацярынскім часе-прасторы свету і ні ў якім выпадку не з'яўляецца вынікам ідэалогіі, права ці думкі. Гэтая людская супольнасць мае характар анталагічны і рэальны, яна выяўляе сацыяльныю экзістэнцыю саматычна-духоўнага развіцця.

Па аналогіі з адзінкай (асобай) нацыя мае вымярэнне цялеснае, духоўнае і асабовае. Вымярэнне цялеснае ўключае ў сябе генезіс, супольную гісторыю, традыцыю, супольны лёс, супольнае існаванне, айчыну як нішу жыцця, тэрыторыю, супольную гаспадарку і матэрыяльную культуру. Вымярэнне псіхічна-духоўнае падразумевае калектыўную суб'ектыўнасць, самасвядомасць, адчуванне акрэсленай этнічнай цэласнасці, разуменне сябе, духоўную культуру, мову, вышэйшыя вартасці, сумесную нацыянальную практыку і нацыянальнае самавыхаванне [36].

Нацыянальнасць - гэта, хутчэй, пачуццё агульнасці, чым справа этнічнага паходжання. Да пэўнай нацыі можа належаць асоба ці група асоб іншага паходжання, пры ўмове, аднак, што яны духоўна адпавядаюць агульнаму асяроддзю, зрастаюцца з жыццём дадзенага краю і кіруюцца агульным дабром супольнасці. У любым выпадку найважнейшым ёсць асабовае вымярэнне жыцця нацыі. Гэта не толькі частка прыроды і свету, але таксама аснова найвышэйшых рэчаў: ідэі, вартасці, духу, рэлігіі, маральнасці, драматызму існавання.

Сёння шматлікія ліберальныя і пазітывістычныя, мадэрністычныя і постмадэрністычныя плыні распачалі ў свеце вайну супраць вышэйзгаданага паняцця нацыі. Калі персаналістычная канцэпцыя нацыі лічыць яе створанай Богам, то праціўнікі такой канцэпцыі бачаць у гэтым рэлігійную фікцыю і сцвярджаюць, што рэальна існуюць толькі супольнасці, створаныя самім чалавекам, ідэалогіяй, "сацыяльнай інжынерыяй". Калі нацыі ў нашым разуменні звязаныя этычным кодэксам, вышэйшымі каштоўнасцямі, абавязкам агульнага дабра, то сённяшнія прагматыкі адкідваюць Дэкалог і ствараюць сабе ўласную сацыяльную этыку. Калі мы бачым унутраную каштоўнасць нацыі (яе каштоўнасць самой па сабе), то "інжынеры новага грамадства" не бачаць у нацыі духоўнай, культурнай каштоўнасці, якая вызначаецца самабытнасцю, а здатныя разгледзець усяго толькі "сацыяльныя элементы", грамадскія рухі, палітычныя сілы. Калі ў персаналістычнай канцэпцыі нацыя мае сваю глебу, сумленне, сямейную атмасферу, салідарнасць, ахвярнасць, калі нацыя не служыць ніводнай партыі, ладу, ідэалогіі, але ўсе яны служаць народу, то гэтак званая сацыяльная (у некаторых выпадках - палітычная, інтэлектуальная) эліта не чуецца нацыянальнаю асобаю, будуе сваю дзейнасць на інтарэсе, бізнесе, барацьбе. Як вынік, услед за нацыяй адкідваюцца і такія каштоўнасці, як сама айчына, традыцыя, родная мова. Замест нацыі узнікае "грамадзянская супольнасць" як феномен рухомы, матэрыяльны, безасабовы, які паддаецца кіраванню сродкамі масавай інфармацыі, грашыма, таварам, тэхнікай. Грамадзянскай супольнасці культурная самабытнасць непатрэбная, трэба толькі дэмакратыя, якая, аднак жа, ёсць функцыяй згарманізаванага, высокаарганізаванага, стабільнага грамадства, якое на чым можа быць больш надзейна пабудавана, унутрана сцэментавана, як не на глыбінных нацыянальна-культурных каштоўнасцях?

Тут дарэчы будзе адзначыць, што гістарычна нацыянальнае станаўленне ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы адбывалася ў шчыльнай сувязі ідэі нацыянальнага абуджэння з працэсамі дэмакратызацыі і лібералізацыі. Сапраўды, супольнае ўсведамленне прыналежнасці да нацыянальнага цэлага ёсць адной з перадумоў дэмакратызацыі, а трактаванне посткамунізму як адмаўлення знешняга дамінавання і непрыняцця таталітарнага палітычнага рэжыму стварала ўражанне, што нацыяналізм з'яўляецца вызваленчай барацьбой. Нягледзячы на тое, што палітычныя тэндэнцыі ў розных краінах Еўропы на працягу апошніх 15 гадоў дэманструюць, што ідэалагічны саюз паміж нацыяналізмам і ліберальнай дэмакратыяй ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе быў часовым і няўстойлівым, а значэнне, у якім "нацыя" і "нацыяналізм" з'яўляюцца бясспрэчным саюзнікам дэмакратызацыі, становіцца ўсё больш і больш аддаленым ад міжнароднага кантэксту ўспрымання сучаснага нацыяналістычнага дыскурсу, Беларусі крайне неабходна прайсці (хай сабе і паскораным чынам, у новых, сучасных глабальных умовах) ўсе этапы нацыянальнага станаўлення і культурнага развіцця, каб цалкам забяспечыць і замацаваць сваё існаванне ў якасці суб'екта гістарычнага развіцця і міжнароднай палітыкі.

Відавочна, што калі хто хоча зняволіць народ, не кажучы ўжо пра яго поўнае знішчэнне, як хацеў нацызм, а потым бальшавізм, то пазбаўляе яго культурнай самабытнасці, памяці, гісторыі і ўласнай традыцыі.

Апрача таго, перавага каштоўнасцей калектыўных (што прыпісваецца нацыяналізму) у процівагу каштоўнасцям адзінкі, асобы (чым ганарыцца лібералізм) - пытанне досыць спрэчнае, бо катэгорыя нацыі як духоўна-маральнай і культурна-творчай адзінкі якраз і мае на ўвазе стварэнне ўмоў для найбольш поўнага і гарманічнага развіцця ў натуральным культурна-моўным кантэксце кожнага асобнага чалавека [64].

Важна падкрэсліць, што нацыя рэалізуецца і ў маральнай плоскасці, яна мусіць прайсці праз мяжу амбівалентнасці: каштоўнасці-антыкаштоўнасці, праўда-фальш, дабро-зло, мір-вайна, справядлівасць - несправядлівасць, любоў - нянавісць, свабода-няволя, роўнасць - уціск. Маральнасць нацыі акрэслівае яе быт і жыццё ў самой істоце, паступова ўзнікае поле самавыхавання, аўтапедагогікі, асветніцтва. Нацыя ставіць сабе мэты, выбірае каштоўнасці, да якіх звяртаецца сама і на якія арыентуе наступныя пакаленні, бо яна мае свае святыні, свае ідэалы і свае абавязкі.

Персаналістычная канцэпцыя нацыі асабліва актыўна падтрымлівалася польскімі даследчыкамі. Увогуле яшчэ ад XV1 стагоддзя ў польскай персаналістычнай канцэпцыі нацыі выдзяляюцца дзве асноўныя плыні: плынь традыцыйная, ці універсалістычная (падкрэсліваецца еднасць еўрапейскай сям'і, ідэя універсальнага пасланніцтва нацыі, служэння універсальнаму касцёлу - Войцех Навапольчык, Геранім Павадоўскі і інш.) і плынь мадэрністычная, радыкальная, якая набліжаецца да нацыяналізму (дзяржава павінна быць аднанацыянальнай, дзяржаў можа быць шмат, дзяржава і нацыя - самастойныя, хрысціянская абшчына павінна пераймаць рысы нацыі дадзенага краю - мову, культуру, светабачанне і г.д. - Якуб Пшылускі, Ян з Туробіна і інш.). Асаблівае развіццё тэалогія нацыі набыла пасля Другой сусветнай вайны (працы кардынала Стэфана Вышыньскага, Яна Паўла Другога) і, хаця не была выразна навукова сфармулявана, але змагла выступіць шырокай плынню польскай свядомасці. У трактаванні нацыі ў Польшчы ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя існавала нават непаразуменне паміж гістарычнымі школамі кракаўскай і варшаўскай: кракаўская, песімістычная, атаясамлівала дзяржаву з нацыяй, варшаўская ж надавала асаблівае значэнне маральнасці, адраджэнню польскага духу, рэформам грамадскага жыцця і т.п.

Паводле персаналістычнай канцэпцыі нацыі, апошняя мае першынство над дзяржаваю, бо дзяржава выступае формай жыцця нацыі, яе арганізацыі і самаўладдзя. Калі нацыя дае жыццё супольнасці, то дзяржава - спосабы і формы гэтаго жыцця, прычым жыццё нацыі без дзяржавы ў пэўных умовах цалкам магчымае.

Ян Павел Другі не раз казаў, што нацыя творыцца культурай. Генетычна першым ёсць народ, потым паўстае яго культура. Культура як спосаб прыстасавання свету да сябе, да сваіх патрэбаў нейкай супольнасцю не можа спарадзіць народ, бо ёсць пазнейшай за дадзены народ. Аднак калі народ ужо паўстаў, то створаная ім культура ідэнтыфікую яго, фарміруе адпаведна яго членаў праз далейшае развіццё, кшталтуе "новых", канстытуюе ўласную традыцыю.

Гістарычна польская тэалогія нацыі прадстаўлена многімі постацямі - святарамі, гісторыкамі, літаратарамі. Так, Ян Павел Вароніч паядноўвае натуралістычную і тэалагічную канцэпцыі нацыі (нацыя- канкрэтная супольнасць, не ідэалістычная, ці суб'ектыўная, але створаная Богам - Творцам і Збаўцам); Адам Міцкевіч, хаця і не быў акадэмічным тэолагам, але меў геніальную тэалагічную інтуіцыю, мысліў глыбока рэлігійна; Кіпрыян Норвід (1821-1883) у мастацкай літаратуры адлюстроўвае ідэю нацыі як калектыўнага чалавека; кс.Эдмунд Баяноўскі (1814--1871) лічыў, што нацыя мае не толькі фізічнае існаванне, але і пэўны ўклад маральных асноў і цнотаў; львоўскі гісторык, публіцыст Генрык Шміт (1817--1883) падкрэсліваў надзвычайную ролю свабоды для кожнай нацыі (свабоды і ўнутранай, і знешняй); гісторык, палітык і пісьменнік, прадстаўнік кракаўскай песімістычнай школы Юзэф Шуйскі (1835-1883) звяртаў увагу на хрысціянскае пасланніцтва паміж Еўропай Заходняй і Еўропай Усходняй; кс. Юзэф Станіслаў Адамскі (1851-1926) вызначаў патрыятызм не як простае паняцце, а як вобразна-фізічнае (любоў да малой айчыны), інтэлектуальнае, духоўнае (сардэчная повязь з культурай, гісторыяй, традыцыяй), рэлігійнае (любоў да радзімы спалучаецца з любоўю да Бога, з верай, малітвай і ахвярным чынам); гістарыёграф, пісьменнік, філосаф Станіслаў Гарфеін Гарскі (1867-1928) падкрэсліваў, што кожная думка павінна быць нацыянальнай, а не чыста абстрактнай ці акадэмічнай; публіцыст Антоні Халанеўскі (1872-1924) у сваёй працы ‘‘Дух польскай гісторыі"(Кракаў, 1917; Рым, 1946) раскрыў сутнасць польскай ментальнасці і культуры, якой, на думку аўтара, манархія ўнутрана неўласцівая; біскуп Зыгмунт Лазінскі (1870-1932) падкрэсліваў, што любоў да радзімы вучыць любіць і чужую зямлю; Мар'ян Здзяхоўскі (1861-1938) сцвярджаў ідэю пра тое, што адраджэнне славян грунтуецца не на варожым стаўленні да Захаду ці Усходу, але на дзеях вялікіх духоўных постацей; Вінцэнт Лютаслаўскі (1863-1954) бачыў Польшчу на чале ўсходнееўрапейскай уніі; літаратар, пісьменнік, публіцыст Артур Юзэф Мар'ян Гурскі (1870-1959) быў перакананы, што сутнасць польскасці складаюць тры элементы: вера ў чалавека, адсутнасць грубага імперыялізму і шляхецкая любоў да свабоды; кс. Ежы Папялушка (1947-1984) ўвогуле аддаў сваё жыццё за асновы патрыятызму, за абарону грамадска-палітычных каштоўнасцей: за права нацыі на суверэннасць, самаўладдзе, вызваленне ад бальшавіцкга атэістычнага таталітарызму, за права суверэннага выхавання і адукацыі дзяцей і моладзі, без засілля атэістычнай ідэалогіі, скажэння гісторыі і іншых ведаў.

Калі коратка падсумаваць персаналістычную канцэпцыю нацыі, то яна зводзіцца да наступнага: нацыі, як і чалавек, створаны Богам; нацыі першасныя ў адносінах да грамадства; належаць да нацыі - гэта азначае жыць у яе кантэксце для ўсеагульнага дабра, памнажаць яе культурную самабытнасць; разбурэнне нацыянальна-культурнай самабытнасці ёсць у значнай ступені разбурэннем самога чалавека.

Такім чынам, перспектыўнасць развіцця нацыянальных культур у эпоху глабалізацыі абумоўлена тым, што, па-першае, нацыянальная культура з'яўляецца аптымальнай формай сацыяльна-творчага пазнання і духоўнага пераўтварэння свету, а таксама пэўным "апраўданнем" народнага быцця і чалавека як адзінкі грамадскай; па-другое, глыбінёй натуральна-прыроднай этнічнай аперцэпцыі, закладзенай у гістарычна-геннай памяці архетыпамі, сімваламі-вобразамі, усім характарам этнічнага менталітэту, і адноснай устойлівасцю нацыянальнага светапогляду, асабліва мастацкай яго формы, што ляжаць у аснове этнічнага ядра і нацыянальнай самасвядомасці; па-трэцяе, узрастаннем ролі любой ідэнтычнасці ў перыяд уніфікацыі і стандартызацыі, у тым ліку ідэнтычнасці нацыянальна-культурнай, якая абумоўлівае падтрымку і развіццё нацыянальнай культуры. Перспектыўнасць нацыянальных культур ужо дэманструе сябе ва ўзмацненні нацыянальных рухаў у супрацьдзеянне тэндэнцыям да нівелявання нацыянальна-культурных адрозненняў.

Вытокі і сутнасць беларускай культурнай самабытнасці

Культурная самабытнасць кожнага народа носіць амбівалентны характар: з аднаго боку, прыродны, натуральны, які ўрастае і ў канкрэтны косма-псіха-логас - канкрэтную зямлю, ландшафт, клімат, а разам з тым і ў адпаведнае этнічна-культурнае светаадчуванне, светабачанне, светаўяўленне; з іншага боку, духоўна-ідэйны, які фіксуецца адпаведным узроўнем нацыянальнай самасвядомасці і культурнай ідэнтычнасці, а таксама ўнутранай, іманентнай патрэбай (асобы і ўсяго народу) творчасці, самавыяўлення, самаўдасканалення, маральна-духоўнага ўзрастання і духоўнага жыцця ў цэлым.

Беларуская культура, у якой адлюстраваны ўсе асаблівасці светапогляду, характару і спецыфікі менталітэту беларускага народа, - надзвычай складаная з'ява, феномен якой тут мажліва закрануць толькі схематычна, агульнымі штрыхамі. Відавочна, аднак, тое, што працэс фарміравання і выяўлення беларускай культурнай самабытнасці неаддзельны ад працэсу гістарычнага станаўлення самой беларускай нацыі, у тым ліку развіцця нацыянальнай самасвядомасці і разгортвання беларускай ідэі.

Беларусы - старажытны еўрапейскі народ з досыць заблытанай і недастаткова вывучанай гісторыяй, які ўзнік у выніку складанага змяшання ў асноўным славянскіх (крывічы, дрыгавічы, радзімічы), а таксама балцкіх і фіна-угорскіх плямёнаў. Беларусы лічацца адносна маладой нацыяй, хаця як папуляцыі ёй 3,5 тысячы гадоў [53, c.356].

У ІX стагоддзі на тэрыторыі Беларусі ўжо існавала некалькі княстваў, мацнейшым з якіх было Полацкае. З канца X ст. старабеларускія княствы добраахвотна прымалі хрысціянства, якое аказала велізарны ўплыў на развіццё ўсёй беларускай культуры, асабліва на золку яе станаўлення. Так, напрыклад, у сярэдзіне X1 стагоддзя ў Полацку князем Усяславам Чарадзеем быў пабудаваны Сафійскі сабор - адзін з самых знакамітых хрысціянскіх храмаў з арыгінальнай архітэктурай, які і сёння ўражвае сваёй веліччу. Паступова ўзнікае полацкая архітэктурная школа са спецыфічным мастацкім прыёмам ў храмавых пабудовах - дзвюхколернай (бела-чырвонай) паласатай гамай сцен. Славу беларускаму дойлідству прынеслі і Спаса-Прэабражэнская царква ў Полацку, і Каложская царква ў Гродне, і храм Дабравешчання ў Віцебску, а таксама ўнікальныя беларускія храмы-крэпасці ў Сынкавічах, Мураванцы, Супраслі, Камаях, Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, Свята-Духаў Сабор у Мінску, Магілёўская Мікалаеўская царква і інш. Хрысціянскія храмы ў Беларусі заўсёды былі эпіцэнтрам жыцця і сімвалам беларускай духоўнасці.

У X11 стагоддзі ўнучка Усяслава Чарадзея святая Еўфрасіння Полацкая прыняла манаства і занялася асветніцтвам - перакладала і перапісвала кнігі, адчыняла школы, бібліятэкі, абразапісныя майстэрні, засноўвала манастыры (а менавіта хрысціянскія манастыры на той час выступалі цэнтрамі пісьменства і культуры). Фактычна Еўфрасіння Полацкая - ці не самая адукаваная жанчына ў тагачаснай Еўропе, яна стварыла полацкае летапісанне і заснавала бібліятэку Сафійскага сабора. Патронка Беларусі Еўфрасіння - першая жанчына сярод славян, якая стала святой. Жыватворны Крыж Еўфрасінні Полацкай, замоўлены ёй майстру-ювеліру Лазару Богшу, - шасціканцовы, паўметровы, з выявамі Хрыста і святых, аздоблены залатымі пласцінамі і каштоўнымі камянямі, - неацэнная рэліквія і нацыянальны сімвал беларусаў. Існуе легенда, згодна з якой беларусы толькі тады стануць шчаслівым народам, калі Крыж будзе знойдзены і вернуты ў Беларусь.

Легенда, безумоўна, застаецца легендай, аднак разуменне беражлівага, трапяткога стаўлення да культурнай спадчыны як умова шчаслівага, спакойнага, гарманічнага і дастойнага жыцця ўсёй нацыі заслугоўвае ўвагі.

У Беларусі хрысціянства доўгі час існавала паралельна з язычніцтвам, што знайшло сваё выяўленне ў вуснай народнай творчасці - адной з багацейшых не толькі сярод славянскіх народаў, але і ўва ўсёй Еўропе (гэта выдатна ілюструецца нядаўнім шасцітомным выданнем "Традыцыйная мастацкая культура беларусаў", а таксама чатырма тамамі, прысвечанымі культуры Магілёўскага Падняпроўя (2001), Віцебскага Падзвіння (2004), Гродзенскага Панямоння (2006), Брэсцкага Палесся (2008), прычым два апошнія тамы выйшлі ў дзвюх кнігах).

Многія народныя святы (напрыклад, Дзяды - дзень успамінаў памерлых, Каляды - некалі назва першага дня кожнага месяца ў старажытных рымлян, а ў беларусаў - сезоннае зімовае свята, звязанае, як і іншыя народныя святы, з аграрным цыклам), назвы і імёны бяруць свой пачатак у язычніцкай традыцыі. Так, назва буйнейшай беларускай ракі Нёман абазначае бога вайны, знакамітае летняе свята Купалле як гімн сонцу і жыццю (а таксама псеўданім класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы) паходзіць ад імя бога вады. Як піша гісторык Алег Латышонак, "боствы нашых продкаў наогул мірныя, звязаныя з сельскай гаспадаркай, у чым дасканала выказваецца характар беларуса" [53, c.17], хаця ж, праўда, "мы па натуры былі ваяўнічымі і далей з'яўляемся такімі. Справа толькі ў тым, што калі няма ідэі, якая аб'ядноўвае, то з гэтай ваяўнічасці няшмат вынікае. Або нацыя разбураецца ўнутрана, або людзі ідуць змагацца за чужыя справы" [53, c. 357].

Само паняцце культурнай самабытнасці асацыіруецца ў першую чаргу з фальклорам, які стагоддзямі выпрацоўвае нацыянальны стыль. Беларускі фальклор здзіўляе надзвычайным жанравым багаццем і духоўнай глыбінёй. Больш за дзевяць соцень самадзейных народных калектываў і дзесяткі выдадзеных тамоў вуснай народнай творчасці сведчаць пра глыбіню невычэрпнага багацця беларускай народнай душы. Фальклор, як вядома, гістарычна і змястоўна-вобразна цесна звязаны з язычніцтвам. Язычніцкая ж рэлігія звычайна разглядаецца ў апазіцыі да хрысціянства. Між тым, як слушна заўважае беларускі прафесар Уладзімір Конан, адзін з самых адданых і паслядоўных абаронцаў вуснай народнай творчасці, неабходна адрозніваць старадаўнюю, народна-мастацкую рэлігійную свядомасць і язычніцтва сучаснае, "цывілізаванае", якое грунтуецца на самаабагаўленні чалавека і пакланенні "мамоне". Што датычыць старажытнага язычніцтва, то яно несла пазітыўны, культурны сэнс, бо было напоўнена верай у Боскае тварэнне, жыццёвым аптымізмам, таму яно заслугоўвае не пустога адмаўлення, а дыялектычнага "зняцця" і захавання язычніцкай творчасці ў хрысціянскай свядомасці і культурнай традыцыі [48, c.570].

У выніку хрысціянізацыі старадаўняй Беларусі (канец 1X-X1 стст.) духоўным каналам сувязі з агульначалавечай цывілізацыяй стала хрысціянства як сусветная рэлігія, праз якую беларуская культура далучылася да універсальнай антычнай цывілізацыі. Адначасова Беларусь станавілася чыннікам агульнаеўрапейскай хрысціянскай культуры-цывілізацыі новага тыпу, якая прынесла багаты плён у XV - XX стагоддзях і садзейнічала таму, што беларуская культура, як піша Уладзімір Конан, "прайшла" ўсе асноўныя еўрапейскія культурна-гістарычныя тыпы, выпрацаваўшы адпаведныя стылі: сярэдневяковы, рэнесансавы, барокавы, класіцызм, рамантызм, пазітывізм, у мастацкай культуры - рэалізм, урэшце, першыя вытокі мадэрнізму, асобныя плыні якога (абстракцыянізм і супрэматызм К.Малевіча, этнаграфічны экспрэсіянізм М.Шагала) зарадзіліся ў беларускім рэгіёне.

Зрэшты, што дало Беларусі хрысціянства, у самым агульным плане яшчэ ў 1951 годзе падсумаваў у аднайменным артыкуле каталіцкі святар, гісторык, культуролаг, адзін з актыўных дзеячаў беларускага рэлігійнага і культурна-асветніцкага жыцця ў эміграцыі Леў Гарошка (1911 - 1977): хрысціянства прынесла на Беларусь евангельскую навуку і традыцыю, хрысціянскую мараль і філасофію; асвету, кнігі; яно дало штуршок для арганізацыйнага жыцця; кананічнае царкоўнае права аказала вялікі ўплыў на кадыфікацыю беларускага права; хрысціянства паспрыяла развіццю мастацтва (іканапіс, фрэскавае і ювелірнае мастацтва, музыка і інш.); стварыла мураванае дойлідства (дагэтуль было драўлянае); дало вялікіх святых (дарэчы, магутны аўтарытэт агульнахрысціянскіх святых, не раз'яднаных на праваслаўных і каталіцкіх, як Кірыл і Мяфод, Вольга, Уладзімір Вялікі, Барыс і Глеб, Еўфрасіння Полацкая, Кірыл Тураўскі і інш., для беларусаў палягае на сімвалічным увасабленні ў гэтых постацях цэльнага, нераздзельнага хрысціянства, што аб'ектыўна служыла і служыць перадумовай экуменізму); адчыніла дзверы для скарбаў культуры Захаду і Усходу (для духоўнага развіцця неабходны абмен думак); спрыяла ўтварэнню адной літаратурнай мовы і спрычынілася да аб'яднання беларускіх плямёнаў у адзін народ; рэлігійныя спрэчкі садзейнічалі паглыбленню беларускай свядомасці; каталіцтва, напрыклад, з яго дысцыплінаванасцю карысна паўплывала на беларускую псіхіку, пачаткі беларускага адраджэнскага руху таксама з'явіліся ў каталіцкім асяроддзі (К.Каліноўскі, Я.Баршчэўскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і інш.), каталіцтва паўплывала і на праваслаўе, якое ў Беларусі адрозніваецца ад расійскага і не мае ні цэзарапапізму, ні крайняй пасіўнасці, яно адчыніла дзверы для беларускага народа і ў міжнародным жыцці (напрыклад, Ватыканская радыёстанцыя першая ўключыла беларускія перадачы ў сваю праграму), дзякуючы ж каталіцызму беларусы залічаюць сябе да народу Захаду і інш. [39].

Падзеленасць цела беларускага народа на хрысціянскія канфесіі, калі рэлігійны фактар не адыгрываў адназначна станоўчай ролі ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці, адлюстравала сусветную карціну хрысціянскага канфесійнага падзелу. Разам з тым і сёння полікультурнасць і шматканфесійнасць Беларусі найлепшым чынам спрыяюць рэалізацыі ідэі талерантнасці і міжкультурнага дыялогу.

Беларусь паступова станавілася месцам міжканфесійнага дыялогу, прыкладам чаго могуць служыць сучасныя шматлікія міжнародныя міжканфесійныя канферэнцыі, сустрэчы на ўзроўні іерархаў хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій, шматгадовая дзейнасць Міжканфесійнай працоўнай групы пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Й.Рау і інш.

З прычыны таго, што беларуская прафесійная мастацкая культура развівалася ў неспрыяльных умовах, адносна кароткі перыяд і не паспела грунтоўна пераасэнсаваць хрысціянскае Пісанне і царкоўнае Паданне [48], працэс далейшага шматпланавага творчага засваення хрысціянства можа паслужыць фундаментам перспектыўнага развіцця ўсёй беларускай культуры.

І этнічная самаідэнтыфікацыя народа, і яго менталітэт, і нацыянальная самасвядомасць з яе вышэйшай формай выяўлення - нацыянальнай ідэяй, - цесна звязаны не толькі з роднай мовай, але таксама і з рэлігіяй - як у плане светаўспрымання, так і ў плане светапогляду: хрысціянства служыць крыніцай фарміравання архетыпаў нацыянальнага менталітэту як этна-псіхічнай асновы нацыянальнай самасвядомасці [63]. Афармленне ўласна-беларускай нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнай ідэі, якое, на думку большасці даследчыкаў, адбылося ў канцы X1X - пачатку XX стагоддзяў, калі па гістарычных прычынах рэлігійны фактар не адыгрываў нацыятворчай ролі, грунтавалася і было магчымым дзякуючы самому існаванню на працягу стагоддзяў беларускага этнічнага ядра і сфарміраванай беларускай культурнай традыцыі ў самым шырокім яе сэнсе (уключаючы, напрыклад, кніжную і, шырэй, адукацыйна-асветніцкую традыцыю, рэлігійную думку, асаблівасці абразапісання і інш.). Менавіта вось гэтая гістарычна-культурная абумоўленасць разгортвання нацыянальнага жыцця не дазваляе называць актывізацыю беларускай ідэі "беларускім праектам", як гэта часта гучыць апошнім часам, бо ніякі праект паводле свайго вызначэння не носіць аб'ектыўнага, незваротнага характару.

Духоўны фактар - перадусім у форме рэлігіі і царквы - на ранішняй фазе агульнаеўрапейскай культуры быў дамінуючым, адыгрываў вядучую ролю ў развіцці грамадства і забяспечыў разгортванне, станаўленне еўрапейскай цывілізацыі. Перыяд еўрапейскага рэнесансу выяўлены і ў Беларусі перыядам Адраджэння - гэта быў час гарманічных суадносін духоўнага і матэрыяльнага, калі паўсталі еўрапейскія нацыі і нацыянальныя дзяржавы. З цягам часу матэрыяльны фактар узмацняўся, духоўна-ідэальны занепадаў. Працэс страты творчай духоўнай сілы і набыцця пачуццёва-спажывецкага характару закрануў мараль і мастацтва, што выявілася ў заходнееўрапейскім мадэрнізме пачатку XX стагоддзя і ў глабальным постмадэрнізме пачатку XX1 стагоддзя [51].

Разам з тым, сам феномен Адраджэння стаўся паўтаральным для беларускай культуры і слушна набыў значэнне паскоранага грамадска-культурнага развіцця пасля працяглага перыяду застою і заняпаду, а таксама ўнутранага назапашвання сіл.

Арыентацыя на хрысціянства і сёння выдатна суадносіцца з фарміраваннем новага мыслення чалавека, якое павінна характарызавацца не так апораю на палітыцы і эканоміцы, як на культуры, рэлігіі і маральнасці. Прычым і ў навуцы паступова прызнаецца неабходнасць сумяшчэння розных тыпаў пазнання, тлумачэння і пераўтварэння свету - навуковага і рэлігійнага. З гэтага пункту гледжання толькі станоўча можа ацэньвацца як свабода сумлення ў Беларусі, так і тое, што матэрыялістычныя традыцыі ў беларускай навуцы як часткі постсавецкай, асабліва гуманітарнай, ад пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя паступова дапаўняюцца рэлігіязнаўчымі даследаваннямі, а адукацыя - тэалагічнымі дысцыплінамі (на жаль, апошнім часам гэты працэс замарудзіўся).

Беларуская хрысціянская поліканфесійнасць (а ў Беларусі сёння дзейнічаюць 25 рэлігійных канфесій і напрамкаў, агульная колькасць рэлігійных арганізацый дасягнула 3156; 59 % жыхароў Рэспублікі Беларусь лічаць сябе рэлігійнымі, з іх да хрысціянскай традыцыі аднеслі сябе больш як 82 %, прычым 72,6 % атаясамліваюць сябе з праваслаўем, 9,3 % - з каталіцтвам, 0,4 % - з пратэстантызмам [44]) не толькі не выключае, але сцвярджае хрысціянства як адзіную сістэму каштоўнасцей і этычных кодаў.

Рэлігійная дзейнасць усіх канфесій у Беларусі асабліва актывізавалася з канца 1980-ых гадоў (калі, паводле афіцыйных дадзеных, у 1989 г. да ліку атэістаў сябе залічвалі 65% жыхароў Беларусі, то ў 1994 г. іх налічвалася толькі 32 % ( г. зн. на 30% менш). Сёння ў Беларусі дзейнічаюць амаль тысяча праваслаўных цэркваў, 5 мужчынскіх і 8 жаночых манастыроў, каля 500 рымска-каталіцкіх парафій, каля 350 касцёлаў. Многія хрысціянскія храмы Беларусі адрадзілі сваю былую славу рэлігійных цэнтраў: касцёл бернардынцаў XV1 ст., напрыклад, у пасёлку Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай, штогод збірае дзесяткі тысяч паломнікаў.

Разам з тым, нягледзячы на нядаўні рэлігійны рэнесанс, рэлігійныя ўяўленні жыхароў Беларусі на фоне веры ў варажбу і астралогію, вонкавай набожнасці даволі размытыя і недакладныя (сапраўды рэлігійныя людзі складаюць усяго сёмую частку вернікаў). Частка людзей атаясамлівае сябе з пэўнай канфесіяй, маючы на ўвазе толькі культурную ідэнтыфікацыю. Так, больш за палову тых, хто ідэнтыфікуе сябе з хрысціянствам (55,6 %) увогуле не наведваюць царкоўныя службы, толькі 7,4 % вернікаў-хрысціян пастаянна бываюць на набажэнствах [44, с.6].

Фактычны ўплыў хрысціянства на сучаснае беларускае грамадства даволі абмежаваны і неглыбокі, фрагментарны і мазаічна-лакальны, ён не ўкаранёны ва ўсе формы жыццядзейнасці грамадства і ахоплівае пераважна толькі духоўную эліту (не сацыяльную). Грамадства ў сваёй большасці застаецца секулярызаваным і абязбожаным. У гэтай сітуацыі патрабуецца актывізацыя хрысціянскага асветніцтва: глыбейшае ўваходжанне Хрысціянскай Царквы ў кантэкст беларускай нацыянальнай культуры і ў гуманітарна-тэарэтычным плане (удзел святароў у адукацыйным працэсе, культурна-асветнай і навуковай працы, паступовае збліжэнне тэалогіі, хрысціянскай філасофіі і гуманітарнай навукі праз ліквідацыю палярызацыі тэалогіі і гуманістыкі, якая асабліва была характэрнай для канца XVIII, XIX і XX стст.), і ў плане практычна-функцыянальным (выкарыстанне беларускай мовы ў душпастырстве, у царкоўным жыцці, пераклад на беларускую мову Святога Пісання і інш.); уласна рэлігійнае асветніцтва (пераважна праз сродкі масавай інфармацыі, катэхізацыю і т.п.).

У адукацыі як істотным сегменце шырокага спектру сучаснай культуры нельга цалкам выключаць з дыдактыкі рэлігійны фактар. Варта шырэй прапаноўваць тэалогію і рэлігіязнаўства, няхай сабе ў форме спецкурсаў, на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі, ва ўсіх тыпах навучальных устаноў. Гэта дапаможа захаваць пераемнасць беларускіх культурных традыцый, удасканаліць змест сучаснай беларускай гуманістыкі, паглыбіць светапогляд і пашырыць кругагляд моладзі, ды і грамадзян у цэлым, пазбегнуць актывізацыі ўплыву на моладзь дэструктыўных рэлігійных сект (якія часта выкарыстоўваюць духоўны голад і адсутнасць элементарных рэлігійных ведаў), унікнуць нігілістычных, упадніцкіх настрояў, калі маладыя людзі не здатныя зрабіць асэнсаваны выбар на карысць пэўнай духоўнай пазіцыі, рэалізаваць свабоду сумлення, бо там, дзе ў чалавека павінны знаходзіцца думкі і ўяўленні універсальнага характару (пра сэнс жыцця і т.п.), часта пануюць закладзеныя, нібы ў кампутары, стэрэатыпы. Нават пры самай добрай адукацыі, калі чалавек не ведае, хто ці што ён такое з пункту гледжання духоўных ведаў, ён не здолее правільна вызначыць сваё месца ў свеце і не будзе ведаць, што рабіць з сабой.

У Беларусі як арганічнай частцы еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі духоўнасць асацыіруецца, перш за ўсё, з хрысціянствам. Гэта звязана з разуменнем духоўнасці як перспектывы ў вечнасць, а такую перспектыву праз ідэалы і задае хрысціянства. Самае моцнае ў хрысціянскай духоўнасці - гэта менавіта не адмаўленне, а сцверджанне, ахоп і паўната. Хрысціянства - гэта не з'ява новай маралі, новай дактрыны ці новай філасофіі, а гэта адкрыццё вечнасці ў паўнаце. Хрысціянства нясе веру не проста ў бессмяротнасць душы, але і ў пераадоленне смерці, цемры і распаду. Хрысціянства ў свой час з'яднала мудрасць Афінаў і надзеі Усходу з марамі Рыма пра ўсеагульную "згоду", яно асудзіла прыгнятальнікаў, узвысіла жанчыну, садзейнічала выкараненню рабства. Пазней у маладых варварскіх краінах Захаду яно стала апорай гуманнасці і асветы, прымусіўшы грубую сілу прызнаць духоўны і маральны аўтарытэт. Хрысціянства стала крыніцай жыццёвага дынамізму, усеахопнасці і універсальнасці, яно ўвабрала ў сябе лепшае, што было назапашана сусветнымі рэлігійна-філасофскімі сістэмамі. Як пісаў Аляксандр Мень, "калі будызм быў прасякнуты палымяным імкненнем пазбаўлення ад зла, імкненнем да выратавання, ...то гэтая прага выратавання... уласціва і хрысціянству, Новаму Запавету. Калі ў ісламе ёсць абсалютная адданасць чалавека Богу, які з'яўляецца суверэнным валадаром Космасу і чалавечага лёсу, то гэта мы знаходзім і ў хрысціянстве. Калі брахманізм, індуізм сучасны, гаворыць пра шматстайныя праявы Боскага, то і гэта ёсць у хрысціянстве. Калі, нарэшце, пантэізм сцвярджае, што Бог ува ўсім, што Ён нейкая таямнічая сіла, якая пранізвае кожную кроплю, кожны атам светабудовы, то хрысціянства і з гэтым згоднае, хаця і не абмяжоўвае ўздзеянне Бога толькі такой пантэістычнай усепрысутнасцю. Але мы памыліліся б з вамі, калі б лічылі, што хрысціянства з'явілася як нейкая эклектыка, якая проста сабрала ў сабе ўсе элементы папярэдніх вераванняў. У ім выявілася каласальная сіла нечага новага, і гэтае новае было не столькі ў дактрыне, колькі ў прарыве іншага жыцця ў гэтае нашае штодзённае жыццё" [56, с. 662].

Тут мне належыць, відаць, адказаць шматлікім маім апанентам, якія, спасылаючыся на поліканфесійнасць і шматрэлігійнасць Беларусі, што да таго ж спрадвеку давала прытулак і яўрэям, і татарам, і прадстаўнікам іншых нацый і народнасцей, розных рэлігій і веравызнанняў, не заўсёды пагаджаюцца з тым, што беларуская культура - гэта найперш культура хрысціянская. Прывяду той просты аргумент, што выключная большасць вядомых асобаў, якія ўнеслі важкі ўклад у беларускую культуру, былі хрысціянамі - прадстаўнікамі розных канфесій: Кірыла Тураўскі і Клім Смаляціч, Усяслаў Чарадзей і Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына і Мікола Гусоўскі, Пётр Скарга і Язэп Руцкі, Леў Сапега і Пятро Магіла, Мялецій Сматрыцкі і Сімяон Полацкі, Астафі Валовіч і Сымон Будны, Радзівілы і Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч і Міхал Клеафас Агінскі, Кастусь Каліноўскі і Максім Багдановіч, браты Луцкевічы і Вінцэнт Гадлеўскі, Вацлаў Ластоўскі і Усевалад Ігнатоўскі, Станкевічы і Гарэцкія...

Самабытнасць, непаўторнасць беларускай культуры, як і ключавыя рысы нашага нацыянальнага менталітэту, цалкам адпавядаюць хрысціянскаму светаўспрыманню: высокая духоўнасць, рамантызм, паэтычнасць, натхнёнасць і ўзнёсласць, міласэрнасць, ахвярнасць, гасціннасць, засяроджанасць, далікатнасць, міралюбнасць, сарамлівасць, памяркоўнасць, пакора, пакутніцтва, простасць, руплівасць, сціпласць, стрыманасць, стоеная сіла, цярпімасць і цярплівасць, талерантнасць, альтруізм.

Чысціня, імкненне да станоўчага, святасці, Боскага адлюстравана і ва ўлюбёным колеры беларусаў, які лічыцца колерам вышэйшасці і магутнасці, рамантычнай узнёсласці - белым, што невыпадкова фігуруе і ў самой назве нашага народа і краіны.

Трактоўкі і тлумачэнні паходжання і ўжывання назвы "Белая Русь" надзвычай шматлікія: белыя валасы і вопратка, светлыя вочы жыхароў, свабода ад ардынскага іга; цэнтр усходнеславянскіх земляў; "усход" у старажытнай колералогіі; прастора хрысціянскай духоўнасці - у супрацьлегласць "чорнай" тэрыторыі паганства... На сёння вядома, што ўпершыню назва "Белая Русь" была ўжыта ў геаграфічным трактаце "Апісанне земляў"(Дублінскі рукапіс) ананімнага аўтара - каталіцкага місіянера ў сярэдзіне X111 стагоддзя [53, с.110]. На думку прафесара Алега Латышонка, "здагадкамі, адкуль узялася назва "Беларусь" і што яна сапраўды абазначае, можна напоўніць не адзін том. Навукоўцы і аматары выводзілі слова "белая" ад вопраткі жыхароў нашай зямлі, ад яе заснежаных палёў і нават ад белых бяроз. Прыводзіліся ў дапамогу не толькі славянскія, але і цюркскія мовы, у якіх белы колер азначае "захад". Сёння ўжо можна з даволі вялікай пэўнасцю сцвердзіць, што назва "Белая Русь"мае перш за ўсё ідэйны характар. Белы колер... праз сувязь з чысцінёю... набывае не толькі палітычны, але і рэлігійны змест"[53, c.96].

Дзеля захавання культурнай самабытнасці і нацыянальнай тоеснасці беларусам варта абапірацца на ўласную культурна-рэлігійную традыцыю, пачуццё ўласнай самапавагі і самастойнасці. Трэба памятаць, што развіццё, будучыню, перспектыву забяспечвае менавіта духоўны фактар, таму і арыентавацца належыць на вечна прыгожыя ідэалы хрысціянства. На фундаменце хрысціянства адбылося станаўленне беларускай нацыі і развіццё беларускай нацыянальнай культуры. Хрысціянства фарміруе каштоўнасную шкалу і жывіць духоўны пласт нацыянальнага быцця, праз сістэму каштоўнасцей і ідэалаў спрыяе ўмацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці, забяспечвае пераемнасць культурнай традыцыі і само духоўнае развіццё беларускага грамадства.

Сапраўдны росквіт беларуская культура набыла ў залатыя часы Вялікага Княства Літоўскага - ад канца X111 стагоддзя, калі беларускія землі апынуліся ў геапалітычным цэнтры Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, і аж да XV111 стагоддзя. Шырока ўжывалася старабеларуская мова, на якой былі створаны арыгіналы аднаго з лепшых і прагрэсіўных у Еўропе збору прававых дакументаў - Статуты Вялікага Княства Літоўскага (рэдакцыі 1529 1566, 1588 гадоў), у падрыхтоўцы якіх прыняў актыўны ўдзел знакаміты беларускі дзяржаўны дзеяч Леў Сапега. У Статутах Вялікага Княства Літоўскага лёгка праглядаюцца як сучасная еўрапейская дактрына права асобы на свабоду сумлення, так і дактрына прававой дзяржавы ў цэлым.

Як слушна заўважаў беларускі даследчык Сямён Падокшын, яшчэ падчас першага беларускага Адраджэння (XVI - пачатак XVII стст.) сфарміраваліся каштоўнасці і ідэалы, якія склалі аснову сучаснай духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа: арганічнае спалучэнне агульначалавечага і нацыянальнага; рэнесансна-гуманістычная, персаналісцкая канцэпцыя чалавека, якая знітавана з ідэяй духоўнай свабоды і вяршэнства закону; усведамленне неабходнасці культурна-рэлігійнай згоды; талерантнасць; этычная дамінанта айчыннай філасофскай культуры; ідэя развіцця духоўнай культуры на нацыянальнай беларускай моўнай аснове; непрымальнасць у сацыякультурным жыцці прымусу і насілля [58].

Віднейшы прадстаўнік той эпохі, сімвал беларускай культуры і нацыянальнага беларускага характару з уласцівай ім адмысловай любоўю да кнігі і духоўнасці, асветы і ведаў, місіянер Францыск Скарына (імя якога па праву сёння носяць шэраг грамадскіх аб'яднанняў і культурна-асветных арганізацый Беларусі, а ў яго гонар у некалькіх краінах узведзены помнікі і ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі), атрымаўшы рознабаковую адукацыю ў Еўропе, у аўтарскіх прадмовах і каментарах да выдадзеных ім кніг Бібліі прапагандаваў патрыятызм, дабрачыннасць, духоўнае і інтэлектуальнае развіццё чалавека, чым падтрымаў адпаведную парадыгму беларускага культурнага развіцця.

Імкненне да ціхага, спакойнага, дабрачыннага, працавітага жыцця (з руплівасцю на сваёй ніве), якое вызначаецца арыентацыяй на каштоўнасць ведаў, адукацыі, павагай да кнігі, зафіксавала спецыфіку беларускай ментальнасці і культурнай самабытнасці - галоўным нацыянальным героем у беларусаў выступае асветнік, настаўнік, кніжнік, святар.

Глыбокае імкненне беларусаў да ведаў выявіла сябе ў тым, што яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага надзвычай паспяхова развіваліся розныя навукі: лінгвістыка, гісторыя, геаграфія, астраномія, матэматыка, медыцына. Беларус Казімір Семяновіч стаў вынаходнікам шматступенчатай ракеты (1650 г.), беларус Ілля Капіевіч удасканаліў кірылічны алфавіт і вынайшаў адпаведныя літары (1700), Казімір Чарноўскі стварыў падводную лодку, Якуб Наркевіч-Ёдка выступіў аўтарам бесправадніковай перадачы электрасігналаў...

Да сярэдзіны XV11 стагоддзя на беларускіх землях ужо дзейнічалі выдавецкія цэнтры ў Брэсце, Мінску, Магілёве, Мінску, Нясвіжы, Іўі, Оршы, Пінску, Ашмянах, Бялынічах і іншых гарадах і мястэчках. Яшчэ ў канцы XV1 стагоддзя для беларусаў было выдадзена каля 400 назваў кніг агульным накладам больш за 300 тысяч, што па тых часах было рэкордным.

Тагачасная Еўропа добра ведала калег і паслядоўнікаў Францыска Скарыны - Міколу Гусоўскага, аўтара лацінамоўнай паэмы "Песня пра зубра" (Кракаў, 1523), Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Стэфана Зізанія, якія працягвалі кніжную справу ў Беларусі і гэтым спрыялі фарміраванню сістэмы школьнай адукацыі, што першапачаткова дзейнічала пры хрысціянскіх брацтвах. У 1579 г. у Вільні - сталіцы Вялікага Княства Літоўскага - была адчынена першая вышэйшая навучальная ўстанова - Віленская акадэмія, дзе выкладалі вядомыя вучоныя з усёй Еўропы. Культурныя цэнтры засноўваліся ў розных гарадах і мястэчках, якіх у сярэдзіне XV11 стагоддзя ў Беларусі налічвалася больш за 450, а таксама ў сядзібах беларускай шляхты. Асабліва вялікіх поспехаў у развіцці багатай літаратуры і тэатра дасягнуў вялікі рэфарматар, прадстаўнік старажытнага беларускага княскага роду Радзівілаў князь Мікалай Радзівіл Чорны, які ў сярэдзіне XV1 стагоддзя стаў адным з самых уплывовых валадароў Еўропы.

Свабоднае пасяленне татар і яўрэяў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага спрыяла іх культурнаму развіццю, у тым ліку ўзвядзенню рознага кшталту архітэктурных аб'ектаў культавага і свецкага прызначэння. Так, узведзеная ў Смаргонскім раёне ў вёсцы Даўбучышкі мячэць (першае ўзгадванне ў літоўскай метрыцы датуецца 1558 г.) лічыцца адной з самых старажытных у Еўропе. Ужо ў XX ст. яўрэйскія традыцыі ў Беларусі сталіся асабліва моцнымі ў літаратуры і мастацтве - гэта творчасць пісьменніка Змітрака Бядулі, рэпрэсаваных паэтаў Зэліка Аксельрода, Ізі Харыка, мастакоў Хаіма Суціна і Саламона Юдовіна і інш.

Беларускаму народу ўдалося стварыць дзесяткі першакласных архітэктурных збудаванняў, у якіх арганічна спалучаліся ўласныя і запазычаныя стылі. Пануючым мастацкім стылем у архітэктуры Беларусі стала барока ("віленскае барока"): менавіта ў гэтым стылі былі ўзведзеныя палацы Сапегаў у Ружанах, Храптовічаў - у Шчорсах, Радзівілаў - у Нясвіжы, Мікалаеўская царква і касцёл кармелітаў - у Магілёве, фарныя касцёлы - у Нясвіжы і Гродне, сабор Пятра і Паўла - у Віцебску. У будаўніцтве Нясвіжскага касцёла езуітаў і калегіума, палацава-замкавага комплекса ўдзельнічаў запрошаны з гэтай мэтай у канцы XV1 стагоддзя Радзівілам Сіроткам вядомы італьянскі архітэктар Джавані Бернардоні. На жаль, у XX стагоддзі былі разбураныя амаль усе старажытныя гарады Беларусі (адбудаваныя наноў зусім у іншым стылі), уключаючы і культурныя помнікі.

Беларуская разьба і кафля, слуцкія паясы, налібоцкае і ўрэцкае шкло, няглюбскія ручнікі - гэтыя і іншыя дасягненні прыкладнога мастацтва склалі славу Беларусі на некалькі стагоддзяў, як, зрэшты, і беларускія дудары, гусляры і лірнікі, знаменны спеў і партэсныя спевы, самабытная драўляная скульптура і беларуская школа жывапісу з характэрнымі рысамі эпохі Рэфармацыі і Рэнесансу, данатарскі і сармацкі партрэт, Магілёўская і Куцеінская школы графікі ў выяўленчым мастацтве, батлейка і народная драма.

У другой палове XV1 - пачатку XV11 стагоддзя інтэнсіўнае развіццё палемічнай літаратуры бало непасрэдна звязана як з узрастаннем прэстыжу польскай мовы і культуры, каталіцкага касцёла пасля Люблінскай уніі 1569 г., так і з заключэннем Брэсцкай уніі 1596 г., віднымі ідэалогамі якой выступілі Пётр Скарга, Іпацій Пацей, у той час як антыуніяцкі рух быў прадстаўлены творчасцю Марціна Бранеўскага, Мілеція Сматрыцкага, Захарыя Капысценскага, Лявонція Карповіча, Афанасія Філіповіча. Унія ахапіла большую частку насельніцтва Беларусі і фактычна да першай паловы X1X стагоддзя выступала нацыянальнай царквой, дзе захоўвалася жывая беларуская мова.

Падзелы Рэчы Паспалітай ў канцы XV111 стагоддзя ажыццявілі спрадвечную мэту Масквы ў дачыненні да Беларусі, якая ўключала ў сябе перадусім панаванне на нашых землях праваслаўя і самадзяржаўя. "Вяртанне" Беларусі ў лона імперыі патрабавала пераадолення моўнага і рэлігійнага бар'еру, зменаў у гістарычнай памяці беларусаў. Паступова адбывалася страта самастойнасці беларускай духоўнай культуры і пераход яе на ўзровень культуры мастацкай (найперш літаратуры і фальклору).

Беларуская культура паступова зводзілася да этнаграфічнага ўзроўню, узроўню прыгоннай вёскі: матэрыяльная культура - да прымітыўнай сельскагаспадарчай вытворчасці і дробных рамёстваў, мастацкая культура - да фальклору і ручнога мастацкага рамяства, духоўная культура - да моўных дыялектаў, змешаных хрысціянска-язычніцкіх вераванняў, звычаяў і вусных паданняў.

У 1802 г. на беларускіх землях была ўведзеная расійская адміністратыўная сістэма і ўтвораны пяць губерній з цэнтрамі ў гарадах Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна і Вільнюс. Палітыка раздачы беларускіх зямель расійскім чыноўнікам на працягу ўсяго X1X стагоддзя мела на мэце, апрача іншага, і прывіванне тут рускіх этнічных элементаў [33].

Віды і жанры мастацтва, непасрэдна звязаныя з мовай, пачалі значна адставаць ад архітэктуры і прыкладнога мастацтва: у Беларусі паступова пашыраецца архітэктура чыстага класіцызму (дом віцэ-губернатара ў Гродне, Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі), нарастаюць эклектычныя рысы - у неарускім стылі пабудаваны архірэйскі дом у Мінску, зямельны банк у Віцебску, у неараманскім стылі - Чырвоны касцёл у Мінску; з'яўляецца і стыль "мадэрн". У выяўленчым мастацтве распаўсюджваецца класіцызм і рамантызм (творчасць жывапісцаў В. Ваньковіча, Я. Дамеля, Я. Сухадольскага і скульптараў К. Ельскага, А. Скірмунта); у пейзажы і нацюрморце пануе рэалізм (І. Хруцкі, І. Дмахоўскі); да канца X1X стагоддзя ўзмацняецца крытычны рэалізм (Н. Сілівановіч, І. Гараўскі, Ф. Рушчыц), імпрэсіянізм (В. Бялыніцкі-Біруля).

Барацьба за душу Беларусі, якая вялася на працягу X1X стагоддзя, паспрыяла станаўленню ідэі беларускай нацыі і дзяржавы. Немалую ролю ў гэтым станаўленні адыграў Віленскі універсітэт, зачынены царскай уладай у 1832 г. (а адукацыйныя ўстановы каталіцкіх манастыроў былі пераўтвораны ў свецкія расійскія вучылішчы). Яшчэ ў 1931 г., пасля падаўлення паўстання, было адменена дзеянне статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. (заменена расійскім кодэксам), пазней адменена і унія.

Паступова ўзмацняецца кантроль за адукацыяй, і моладзі з Беларусі і Літвы забараняецца навучацца ў вышэйшых навучальных установах Польшчы ці яшчэ далей на Захадзе.

Першая палова X1X стагоддзя была сведкам актывізацыі нацыянальнага жыцця ў Еўропе. Творы нямецкага гісторыка культуры Іаана Гердэра (1744 - 1803), прысвечаныя адмысловаму духу кожнага нацыянальнага арганізма, рэвалюцыі 1830 г. у Францыі і Бельгіі і іншыя гістарычныя падзеі натхнялі патрыётаў-рамантыкаў на нацыянальныя ідэі і павышалі цікавасць да культуры як іх асновы і крыніцы.

У пачатку X1X стагоддзя знайшліся людзі, якія здолелі нацыянальна вызначыць Беларусь. Былі гэта настаўнікі філарэтаў і філаматаў Міхайла Баброўскі, Ігнат Даніловіч ды іншыя прафесары Віленскага універсітэта, якія мелі нацыянальную праграму ў палітычнай (адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага), культурнай (вяртанне дзяржаўнага статусу беларускай мове) і рэлігійнай (унія як нацыянальная рэлігія) сферах.

Беларускасць у той час ужо праяўляла сябе духам незалежнасцi, якi выхоўваўся шматлiкiмi навуковымі і асветніцкімі суполкамi і дэмакратычнымi выданнямi накшталт "Rocznik Litеracki", "Pamіеtnik Naukowo-Literacki" i iнш., якiя падкрэслена звярталi ўвагу на беларускi народ, яго культуру; такімі фактамі, як, напрыклад, кнiгай А. Рыпiнскага "Беларусь. Некалькi слоў пра паэзiю люду гэтай нашай польскай правiнцыi; пра яго музыку, танцы i г. д.", якая сведчыла пра цiкавасць да беларусаў, пра пэўны ўзровень рэгiянальнай свядомасцi i фармiравала гэтую цiкавасць i этнiчную свядомасць; чатырма тамамi апавяданняў Я. Баршчэўскага пад агульнай назвай "Шляхцiц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях"; апiсаннямi прыгажосцi беларускiх краявiдаў у паэме "Пан Тадэвуш" А. Мiцкевiча, у вершах А. Плуга; творчасцю У. Сыракомлi, якi адзiн з першых звярнуў увагу на палешукоў з iх спаконвечнаю моваю, народнай песняю, даўнiмi звычаямi; абаронаю беларускай мовы i лiтаратуры А. Ельскiм i iнш.[63].

Залаты перыяд беларускай культуры (XV1- XV11 стст) пакінуў пасля сябе ўспаміны, што паслужыла штуршком для нацыянальна-культурнага руху ў Беларусі, найперш у літаратуры [64], якая стваралася пераважна на дзвюх мовах - польскай і беларускай, хаця ў сістэме адукацыі пасля 1863 г. дазвалялася выкарыстанне толькі рускай мовы.

Паўстанне 1863 г. было скончана смяротным пакараннем 128 чалавек з Беларусі і Літвы і высылкай каля 12 000 чалавек у Сібір. Польская мова была выключана з усіх афіцыйных праграм, Беларусь запаланілі расійскія памешчыкі, настаўнікі, святары. Але нарадзіўся беларускі нацыяналізм, і яго палітычным крэда стаў "Ліст з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага [33].

Другая палова X1X стагоддзя стала эпохай народніцтва і панславізма з ідэяй славянскай федэрацыі і канфедэрацыі з іх бясспрэчным палітычным асяродкам - Расіяй. Аднак жа, як піша Л.Лыч, "рознага роду праекты палітычнага аб'яднання славян пад эгідай Расійскай імперыі не знаходзілі падтрымкі ва ўплывовых колах ...[славян - Л.У.]" [55, c.11]. Увогуле ж "увесь перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі (1772 - люты 1917 г.) - гэта адна толькі страта ёю не па ўласнай віне сваіх нацыянальна-культурных, моўных асаблівасцяў, што немінуча вяло да канчатковай дэфармацыі беларусаў як самабытнага славянскага этнасу... Працяглая па часе, жорсткая па метадах правядзення культурна-моўная асіміляцыя беларускага народа моцна затармазіла яго духоўнае развіццё" [55, c.13, 16].

Цiкавасць да этнiчнай гiсторыi беларусаў выявiлi яшчэ ў першай палове XIX ст. чэшскiя вучоныя (Ф. Чалакоўскi, П. Шафарык), якiя ахарактарызавалi этнагенез i культуру беларусаў. У 60-70 гг. XIX ст. ужо менавiта беларускiя вучоныя займаюць вядучае месца ў этнаграфiчным вывучэннi Беларусi: П. Р. Шэйн, Е. Р. Раманаў, Ф. Стаўровiч, П. Баброўскi i iнш.[64].

Нiхто iншы так, як пiсьменнiцкая iнтэлiгенцыя, не ўсведамляў значэння роднай мовы для лёсу беларусаў i нiхто так старанна не працаваў над умацаваннем яе прэстыжу, не высiльваўся дзеля таго, каб беларуская мова пачала ўжывацца i ў чыста практычных мэтах. Так, у 1862 г. у Варшаве выйшаў "Elementarz dla dobrych dzietok katolikou", якi выкарыстоўваўся ў прыватных сельскiх школах, у 1870 г. быў выдадзены беларускi слоўнiк I. Насовiча (30 тыс. слоў) i iнш.

Не толькі этнографы, але і гiсторыкi, лiнгвiсты (А. Кiркор, М. Федароўскi, Ю. Крачкоўскi, Ф. Стаўровiч, П. Баброўскi) у сваiх працах сцвярджалi, што мова i культура беларусаў прадаўжаюць свой гiстарычны працэс. У гэтым плане вялiкае значэнне мелi даследаваннi I. I. Насовiча ("Слоўнiк беларускай гаворкi", 1870), М. Я. Нiкiфароўскага ("Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Вiцебскай Беларусi i апiсанне прадметаў ужытку", 1895), некалькi выпускаў "Беларускага зборнiка" Е. Р. Раманава (1886-1891), працы М. Янчука, У. Дабравольскага, М. Доўнар-Запольскага, I. Сербава i iнш. [64].

Бытавое i сямейнае жыццё беларусаў у абрадах i песнях апiсаў П. Шэйн, прымхi i забабоны беларусаў-палешукоў разглядаў А. Сержпутоўскi, перажыткi старажытнага светаўспрымання беларусаў даследаваў А. Багдановiч, а ў 1884 г. лінгвіст Яўхім Карскі распачаў публікацыю сваіх даследаванняў, прысвечаных беларускай мове, якія дасягнулі кульмінацыі ў "Беларусах" - манументальным апісанні беларускай мовы і літаратуры (тры тамы ў сямі частках, 1903 - 1922).

Такім чынам, калі культурная самабытнасць беларусаў пачала афармляцца з X11 стагоддзя, то ў выніку неспрыяльных гістарычных абставін толькі ў канцы X1X стагоддзя была сфармулявана ідэалогія захавання і развіцця гэтай самабытнасці, трапна агучаная Францішкам Багушэвічам у яго прадмове да паэтычнага зборніка "Дудка беларуская": "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!.."

Дзякуючы вышэпамянёным асобам, а таксама сучаснікам Францішка Багушэвіча паэтам і пісьменнікам Янку Лучыну, Адаму Гурыновічу, Альгерду Абуховічу выкладзеная на старонках падпольнага гектаграфiчнага часопiса "Гомон" (выдаваўся ў 1884 г. ў Пецярбурзе) iдэя аб iснаваннi самабытнага беларускага народа, перспектывах яго захавання i развiцця адыграла велiзарную ролю ў нацыянальна-культурным адраджэннi нашага краю і сцверджанні нацыянальна-культурнай самабытнасці беларускага народа. Гоманаўцы абвясцiлi пра iснаванне самастойнага беларускага этнасу i сваёй прыналежнасцi да яго культуры, і гэтую ідэю падтрымалі і развілі пазней класікі беларускай літаратуры Янка Купала (1882-1942), Якуб Колас (1882-1956), Максім Багдановіч (1891-1917), Змітрок Бядуля (1886-1941), Алесь Гарун (1887-1920), Максім Гарэцкі (1893-1939) і інш., чыя творчасць адкрыла свету шматгранную і непаўторную прыгажосць беларускай душы.

Папулярызацыі беларускай культуры ў пачатку XX стагоддзя спрыяла выданне газет "Наша доля" і "Наша ніва", з'яўленне філасофскіх эсэ (кшталту "Адвечным шляхам" (1921) Ігната Канчэўскага), якія раскрывалі феномен беларускай культуры і нацыянальнага характару, а таксама актыўная дзейнасць Інстытута беларускай культуры, заснаванага ў 1921 г.

У часы "нашаніўскага" адраджэння (1906 - 1916) на першы план выйшлі сімвалічныя, этназберагальныя функцыі беларускай мовы, з'явілася прэса і кнігавыдавецтвы, дзейнасць якіх была накіравана на папулярызацыю беларускай культуры і нацыянальнай ідэі. У 20-я гг. мінулага стагоддзя, падчас дзяржаўна-палітычнай беларусізацыі 1918-1928 гг., беларуская ідэя ўзмацніла сваю духоўна-культурную складковую (да прыкладу, за гэтыя гады беларускія навуковыя камісіі распрацавалі і выдалі 32 тэрміналагічныя слоўнікі, якія змяшчалі тысячы беларускіх тэрмінаў з розных галін ведаў і практыкі, у тым ліку справаводства і ваеннай справы [57, с. 45].

Пасля палітыкі беларусізацыі, накіраванай у пэўнай ступені на падтрымку беларускай культуры і мовы, наступіў перыяд фізічнага вынішчэння дзеячаў беларускай культуры, перадусім пісьменнікаў. У гады Другой сусветнай вайны загінулі яшчэ тысячы пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў, навукоўцаў, а працэс далейшай русіфікацыі ў кантэксце пабудовы савецкага грамадства значна замарудзіў і фактычна нівеляваў беларускую культурную самабытнасць, прывёўшы да ўпадку нацыянальную свядомасць і ўсё нацыякультурнае развіццё беларускага народа.

У межах савецкай дзяржавы адначасова адбываліся два паралельныя працэсы - мадэрнізацыя грамадства ў цэлым разам з адначасовай пабудовай нацыянальных формаў сацыяльнага і культурнага жыцця. З'яўляліся новыя сродкі па стварэнні нацыянальных адметнасцей. Савецкая дзяржава шляхам утварэння нацыянальных рэспублік забяспечыла нацыі-суб'екты неабходнымі сродкамі для таго, каб яны маглі «ўявіць» свае нацыі. З мэтай далейшага зліцця нацыянальных культур і растварэння іх у абстрактна-касмапалітычнай культуры як культуры пралетарскага інтэрнацыяналізму насаджалася культура, "нацыянальная па форме і сацыялістычная па змесце". Адбывалася адкрытая русіфікацыя беларускай культуры - пад маркай яе саветызацыі і інтэрнацыяналізацыі.

Паступова мастацкая культура падпарадкоўвалася дагматычна зразумеламу ідэалу сацыялізму з перавагай абстрактна-рацыяналістычнага зместу над канкрэтна-пачуццёвай формай. У архітэктуры і прыкладным мастацтве пачалі дамінаваць манументальна-касмапалітычны канструктывізм і функцыяналізм, які з цягам часу перайшоў у своеасаблівы ампір, а затым і ў "сталінскае барока", прыкладам якога можа служыць галоўны праспект у сталіцы.

Прынцып партыйнасці і сацрэалізму паступова ахапіў усе віды прафесійнай мастацкай культуры - ад музыкі да мастацкай літаратуры. Гвалтоўнае ўкараненне вульгарызаванай марксісцка-ленінскай ідэалогіі падаўляла любыя праявы арыгінальнай нацыянальнай філасофскай думкі, а татальная ідэалагізацыя сродкаў масавай інфармацыі і сістэмы адукацыі перарасла ў барацьбу з самымі нязначнымі праявамі нацыянальнай спецыфікі беларускай духоўнай культуры.

Такім чынам, праз усё XX стагоддзе беларуская ідэя захоўвалася ў выглядзе абясточанага, напаўразбуранага, але жывога нацыянальнага ядра, якое спарадзіла вядомае беларускае адраджэнне дзевяностых гадоў і аб'ектыўна абумовіла ўзнікненне суверэннай дзяржавы Рэспубліка Беларусь [63].

У сярэдзіне 80-ых гадоў мінулага стагоддзя беларуская культура ўступіла ў новы этап свайго развіцця, для якога характэрна аслабленне дзяржаўнага кантролю і ідэалагічнага ўціску над культурнай сферай. Абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі стварыла спрыяльныя ўмовы для актывізацыі нацыянальных тэндэнцый у культуры, выяўленню яе творчай самабытнасці, што суправаджалася і працэсамі адкрытай канфрантацыі з савецкасцю і ўсім савецкім на цалкам новай контр-ідэі беларускасці, сфармуляванай на падставе па-за- і дасавецкай гісторыі беларусаў, аналагічна з іншымі нацыянальнымі ідэямі ў краінах Усходняй Еўропы.

Вялікую ролю ў працэсе беларускага культурнага развіцця адыгралі грамадскія аб'яднанні, якія займаліся пытаннямі адраджэння гісторыі Беларусі, захавання помнікаў гісторыі і культуры, вяртання нацыянальных каштоўнасцей на Радзіму ("Талака", "Тутэйшыя", "Бацькаўшчына" і інш.). З'явіліся неафіцыйныя творчыя аб'яднанні - Беларускі фонд культуры (з 1987 г.), Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў і інш. Была створана пэўная заканадаўчая база , якая юрыдычна замацавала курс на нацыянальнае адраджэнне - законы "Аб мовах" (26.01.1990), "Аб культуры" (04.09.1991), "Аб адукацыі" (26.10.1991) і інш. Адкрылася некалькі недзяржаўных галерэй ("Верхні горад", "Віта-нова", "Зямля людзей"). У 1993, 1997, 2001, 2005, 2009 гг. у Мінску прайшлі з'езды беларусаў свету, якія арыентавалі беларусаў на салідарнасць у межах адзінай культурнай прасторы. Асаблівую ролю ў навуковай і асветніцкай працы, грамадска-культурным яднанні адыграла дзейнасць Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны (1991 - 2004) - адзінай дзяржаўнай установы, дзе комплексна, міждысцыплінарна, выключна на беларускай мове даследаваліся беларускі культурны феномен і грамадска-культурныя ўзаемадачыненні Беларусі з іншымі краінамі, актыўна вялася асветніцкая праца, накіраваная на пашырэнне ведаў пра беларускую культуру.

Гісторыя беларускай культуры ўяўляе сабой чаргаванне перыядаў застою і паскоранага развіцця - Адраджэння. Беларускі нацыянальны рух як імкненне да рэалізацыі нацыянальнай ідэі, дэманструючы сябе праз разнастайныя формы патрыятызму і нацыяналізму, гістарычна цесна знітаваны з культурным самавыяўленнем беларусаў, а найперш з беларускай мовай і літаратурай. Калі спеласць нацыі выяўляецца наяўнасцю ў яе культуры высокаразвітай класічнай літаратуры, нацыянальнай гісторыі (як навукі, а таксама сістэмы нацыянальных міфаў) і філасофіі, то беларусы, без усялякага сумнення, мацнейшыя менавіта сваёй літаратурай.

Менавіта беларускія пісьменнікі заўсёды выступалі асноўнымі носьбітамі феномену беларускай культуры, яны непасрэдна тварылі на роднай мове, усімі сіламі аберагалі і змагаліся за яе, разумеючы, што беларуская мова, выяўляючы этнічнае светаадчуванне і нацыянальны светапогляд, служачы асновай нацыянальнай самасвядомасці, ёсць фундаментальнай, духоўнай каштоўнасцю беларускай нацыі.

Хаця ў нацыянальным быцці моўнае пытанне не заўсёды з'яўляецца вызначальным (без асобнай мовы існуюць сучасныя нацыі швейцарская, чарнагорская, бельгійская, ірландская і іншыя), але ў сацыяльна-культурным жыцці дзвюхмоўнае і шматмоўнае асяроддзе часта параджае шмат праблем. Вядома, "моўны бар'ер" (камунікатыўныя цяжкасці), "моўная дыскрымінацыя" (юрыдычныя і этычныя праблемы, звязаныя з тым ці іншым абмежаваннем сацыяльных магчымасцей носьбітаў пэўнай мовы), "моўны сімвалізм" (семіятычныя праблемы, звязаныя з захаваннем мовы як атрыбута нацыянальнай дзяржавы) адрозніваюцца паводле сваёй здольнасці быць крыніцай міжэтнічнай напружанасці, а таксама паводле ўплыву на ўзмацненне нацыянальнай свядомасці носьбітаў розных моў [57, с. 42-43 ].

На думку прафесара філалогіі Ніны Мячкоўскай, сёння ў Беларусі практычна не існуе "моўнага бар'еру", а нязначнасць камунікатыўных праблем аб'ектыўна хаця і затарможвае рост нацыянальнай свядомасці, але не вырашальным чынам; што датычыць "моўнай дыскрымінацыі", дык на заканадаўчым і адміністратыўным узроўнях яе няма, але на практыцы беларуская мова патрабуе юрыдычнай роўнасці і рэжыму "найбольшага спрыяння" як з боку дзяржавы, так і з боку грамадскасці [57, с. 43].

У моўным пытанні нельга недаацэньваць ролі інфармацыйнага фактару (у эпоху сучаснай глабалізацыі - аднаго з самых магутных), калі, з аднаго боку, за стагоддзі існавання ў адной дзяржаве з Расіяй беларуская мова проста не мела ніякай магчымасці моцна ўкараніцца ў адукацыі, навуцы і культуры, і сёння даводзіцца многія культурна-моўныя традыцыі не так аднаўляць, як ствараць; з іншага боку, адзіная з Расіяй інфармацыйная прастора і сучасныя камунікатыўныя тэхналогіі пакідаюць беларускай мове мінімум прасторы, пераважна ў сферы нацыянальнай гуманістыкі з рэтраспектыўным ухілам.

Відавочна, што без спецыяльных мер падтрымкі беларускай мовы яна страціць апошнія нешматлікія выспы ў рускай інфармацыйнай прасторы, яшчэ больш звузіць сферу свайго бытавання і канчаткова ператворыцца ў праяву рэгіянальнай субкультуры, што надзвычай істотна аслабіць як нацыянальнае ядро, так і нацыянальную ідэнтычнасць уключна з нацыянальнай ідэяй, а таксама паставіць пад сумненне паўнацэннае развіццё беларускай нацыянальнай культуры, якая сваю адметнасць і асаблівую каштоўнасць традыцыйна чэрпае перадусім у беларускай мове і выяўленым у ёй беларускім светаадчуванні.

Беларуская мова - галоўны вынік і сродак нацыянальнай культуры, матэрыялізаванае думанне, выяўленне ступені развіцця карэннай нацыі. Абстрактнае думанне (як і мысленне ўвогуле), гістарычная памяць (напачатку як памяць роду) і мова - паняцці ўзаемаабумоўленыя. Мова поруч з абстрактным мысленнем, гістарычнай памяццю разам з культурнай традыцыяй стварае аснову культуры. Мова ўплывае на свядомасць. У мове выяўляецца сутнасць натуры народа, душа, склад розуму і манера думання, тэмперамент. Нацыянальная мова - трансцэндэнтная, вечная каштоўнасць беларускай нацыі, якая поруч з нацыянальнай дзяржавай з'яўляецца падмуркам нацыянальнай ідэі (і нацыянальнага ідэалу). Беларуская мова - аснова нацыянальнай свабоды, разам з нацыянальнай дзяржавай яна рэалізуе жыццёвы патэнцыял народу, духоўнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё, саму нацыянальную ідэю.

Нацыянальная мова - фактар найлепшага развіцця асобы, першасная ўмова яе гарманічнага існавання.

Дыскусія на тэму адраджэння беларускай мовы і пашырэння яе ўжытку актыўна вялася ў беларускім грамадстве ў 90-х гг. мінулага стагоддзя, што дастаткова поўна адлюстравана тагачаснымі сродкамі масавай інфармацыі. Даказвалася, што без роднай мовы адбываецца дэградацыя асобы і грамадства, занядбанне іх інтэлектуальнага, творчага, маральнага патэнцыялу: хаця спажывецкія функцыі чалавека і грамадства не атрафіруюцца, аднак яны правакуюць узнікненне масавай культуры, эрзац-культуры, імітацыю духоўных каштоўнасцей.

Думаецца, што родная - беларуская - мова як спецыфічны сродак не толькі камунікавання, але і бачання, і разумення свету, а таксама эмацыянальна-пачуццёвага і інтуітыўна-падсвядомага яго асэнсавання, што адначасна захоўвае і транслюе родавую памяць, адыгрывае вызначальную ролю ў працэсе станаўлення і жыццядзейнасці асобы і сацыяльнай супольнасці ў цэлым.

У беларускай сітуацыі, калі нават рэлігійна-канфесійны фактар не з'яўляецца адназначна аб'яднаўчым для нацыі, як тое ёсць, напрыклад, у Ірландыі (дзе ірландская мова не з'яўляецца пануючай), менавіта беларуская мова ёсць галоўным цэментуючым звяном нацыянальна-культурнага арганізму: нягледзячы на тое, што, згодна з перапісам 1999 г., большасць жыхароў Беларусі размаўляюць па-руску (часта гэтая мова нагадвае "трасянку"), 73,7 % ўсяго насельніцтва Беларусі, у тым ліку 85,5% беларусаў, назвалі беларускую роднай мовай. Гэта азначае як аб'ектыўную дадзенасць роднай мовы, так і тое, што этнічнае і моўнае самавызначэнне грамадзян Беларусі ў значнай ступені адбываецца на нацыянальна-дзяржаўнай аснове.

З аднаго боку, сёння беларуская мова мае сваю функцыянальную нішу, перш за ўсё ў сферы кніжна-пісьмовай культуры, што адлюстроўвае значнасць не так камунікатыўнай, як сімвальнай функцыі нацыянальнай мовы: кансалідуючай, метамоўнай, эстэтычнай [57, с.88]. З іншага боку, мова ў беларускай сітуацыі - аснова пачуцця адрознасці ад суседняй Расіі, яна выступае адной з галоўных крыніц нацыянальнай свядомасці. Нягледзячы на тое, што будучыня Рэспублікі Беларусь звязваецца яе грамадзянамі пераважна з нацыянальнай незалежнасцю (палітычнай і эканамічнай суверэннасцю), ад незалежнасці чакаецца і забеспячэнне нацыянальна-культурнай самастойнасці беларускага народа, у тым ліку і беларускай мовы.

Адчай і трывога гучаць у словах вядомага і актыўнага абаронцы беларускай мовы прафесара Леаніда Лыча: "...Мова была і застаецца галоўным чыннікам адрознення, адметнасці аднаго народа ад другога... Было б вялікай і недаравальнай памылкай спадзявацца, што выратаванне беларускага народа можа адбыцца само сабой, без рашучых і смелых практычных дзеянняў самой дзяржавы. Моцна адарваная ад спрадвечных духоўных традыцый вёска ўжо не ў стане рабіць бесперапынныя ін'екцыі здаровым беларускамоўным людскім патэнцыялам у страшэнна здэнацыяналізаванае карэннае насельніцтва краіны. Найважнейшымі сродкамі папаўнення яго такім паўнавартасным матэрыялам маглі б быць арганізацыя беларускамоўнага навучання ва ўсіх звёнах адукацыі, наданне прыярытэту нацыянальнаму фактару ва ўсіх сферах дзейнасці чалавека... Далейшае знаходжанне велізарнай масы карэннага насельніцтва краіны па-за кантэкстам беларускай нацыянальнай культуры немінуча прывядзе да глабальнай катастрофы, канчатковай страты далёка не апошняга па сваёй ролі ў славянскай супольнасці этнасу... Калі ж усё пакінуць без змяненняў, дык толькі цуд не дазволіць калісьці самабытнаму, з арыгінальнай, багатай культурай славянскаму беларускаму народу стаць рэліктавым этнасам" [55, с.34-35].

Пытанне захавання беларускай культурнай самабытнасці на сучасным этапе ёсць пытаннем захавання беларусаў як самастойнай этнічнай супольнасці, нацыі. Наўрад ці якой яшчэ еўрапейскай нацыі даводзілася з такімі цяжкасцямі захоўваць сваю этнакультурную самабытнасць. З усіх славянскіх краін у Беларусі - самая высокая ступень культурна-моўнай асіміляцыі тытульнага народа [55, с.71]. У гэтай сітуацыі "...становіцца асабліва шкада скалечаных у моўным развіцці беларускіх дзяцей. Амаль з-за пагалоўнага невалодання роднай мовай яны зносяцца паміж сабой па-руску і сярод славянскіх сяброў выглядаюць нейкімі недаразвітымі, нацыянальна няспелымі ці палітычна непаўнапраўнымі" [55, с.51].

Распрацоўка і рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы нацыянальна-культурнага развіцця, накіраванай на ліквідацыю наступстваў нацыянальнага нігілізму і асіміляцыі, падтрымку беларускай мовы, становіцца задачай першачарговай важнасці.

Увогуле ж праблемай у даследаваннях постсавецкай сацыякультурнай трансфармацыі ў Беларусі з'яўляецца тое, што яны будуюцца на некалькіх зыходных ісцінах, адна з якіх - дэфіцыт нацыянальнай ідэнтычнасці ў беларускага народа. Часам сцвярджаецца, што непасрэдным індыкатарам гэтага анталагічнага недахопу беларускай нацыі з'яўляецца лёс прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху - іх выцясненне на ўзбочыну грамадскага жыцця, прычым прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху пры гэтым разглядаюцца як адзіны легітымны носьбіт (і адначасова прадстаўнік і выразнік) беларускай нацыянальнай ідэі, які выпрацоўвае свой дыскурс на этнакультурным разуменні нацыі - гэта значыць прызнанні быцця нацыі аб'ектыўным і першасным у адносінах да грамадскіх рухаў; нацыя вызначаецца з дапамогай аб'ектыўных характарыстык, якія выяўляюць этнакультурную ідэнтычнасць, як супольная гістарычная тэрыторыя, супольныя міфы і гістарычная памяць, масавая, публічная культура; нацыя мае адмысловы аўтэнтычны статус (у адрозненне ад мадэрнісцкай канцэпцыі нацыі, якая падкрэслівае свядомае канструяванне нацыі палітычнымі сіламі і разглядае нацыяналістычныя рухі як групы са сваімі палітычнымі інтарэсамі).

У цэлым у Беларусі ў канцы XX ст. развіваўся ў асноўным этнакультуралізм. Прыхільнікі беларускага нацынальнага руху ў гэты час пачалі актыўна працаваць над новым зместам нацыянальнай ідэі, якая была б глыбока ўкаранёнай у мінулым ды зацверджаная ў гістарыяграфіі. Ідэя еўрапейскай Беларусі дазваляла вывесці краіну са сферы расійскага цывілізацыйнага прыцягнення і, такім чынам, сфармуляваць альтэрнатыўную стратэгію для яе будучыні, прычым беларуская нацыя ўяўлялася як гістарычная і культурная супольнасць, што знаходзіцца ў стане забыцця ці бяздзейнасці.

Са свайго боку, сучасны беларускі афіцыйны дыскурс артыкулюе ідэю нацыі як сканструяванай сутнасці, у межах якой усялякія грамадзянскія рытуалы, дзяржаўныя святы, адукацыйная сістэма і шматлікія інстытуцыйныя і культурныя намаганні патрэбныя для ўкладання атрыбутаў афіцыйнай беларускай ідэі ў народнае ўспрыманне "сваёй краіны".

Хаця існуе шмат агульных рысаў у паняццях нацыянальнай ідэнтычнасці, якія дамінуюць у грамадскай думцы цэнтральна-усходнееўрапейскіх краін, ёсць таксама і важныя адрозненні, якія можна прасачыць у рэтраспектыве нацыянальнага будаўніцтва. Напрыклад, чэшская нацыянальная спецыфіка заключалася ў эканамічнай арыентацыі чэшскага нацыянальнага руху, а таксама ў эканамічных перавагах Багемскіх зямель у параўнанні з астатняй часткай Габсбургскай імперыі. З гэтага вынікае, што індустрыялізацыя і ўрбанізацыя былі ўспрынятыя ў якасці крыніц узмацнення чэшскай нацыянальнай дзяржаўнасці, у той час як нацыянальныя рухі іншых краін, якія сутыкаліся з абставінамі эканамічнай адсталасці, інтэнсіўней развівалі гісторыка-культурнае разуменне нацыі.

Што датычыць сучаснай беларускай сітуацыі, то, на маё глыбокае перакананне, сапраўдным індыкатарам нацыянальнай ідэнтычнасці ў нашым гісторыка-культурным кантэксце па-ранейшаму застаецца ступень ужывання, выкарыстання беларускай мовы, а індыкатарам беларускасці дзяржавы выступае ступень рэальнай дзяржаўнай яе (мовы) падтрымкі.

У свой час слынны сацыяльны філосаф Густаў Ле Бон (1841-1931) паказаў пэўную анатомію "рэвалюцыйнай хваробы''народу (кніга выдадзена ў Парыжы у 1895 г., польскі пераклад "Псіхалогія натоўпу" -у Варшаве ў 1986 г.). Згодна з аўтарам, нацыя ёсць найвышэйшай стадыяй калектыўнага жыцця, за ёй развіваюцца формы дэгенерацыйныя, ніжэйшыя - натоўп, выпадковая супольнасць, спатканне адзінак. Натоўп аб'ядноўваецца пачуццём бунту: адно пачуццё вакол адной ідэі. Губляецца ўласнае "я", вольнасць, а абуджаюцца заразныя пачуцці гвалту, якія нагадваюць гіпноз. На жаль, канструкцыі натоўпу кантынуюць такія інстытуцыі, як парламент, палітычныя партыі, сістэма выбараў, палітычнае выхаванне. Гэта рэчы хутчэй адмоўныя, яны камуфлююць распад нацыі. Пазітыўны ўплыў аказвае вышэйшая рэлігія і выбітныя асобы, якія з'яўляюцца рэкапітулятарамі сацыяльнай масы і сацыяльна-палітычнай тэматыкі. У кожным разе тады нацыя становіцца нацыяй, калі створыць пэўны ідэал, які мае трывалую еднасць мыслення і адчування (магчымую, натуральна, толькі ў кантэксце роднай мовы). Толькі пасля гэтага можна развіваць уласцівую нацыі філасофію, рэлігійную думку, навуку, мастацтва, творчасць, грамадскае жыццё, самасвядомасць, аўтаідэнтыфікацыю. Калі ж занепадае ідэал народу і яго самасвядомасць, сам народ памірае.

Сярод ідэалаў і каштоўнасцей, якія складаюць фундамент сучаснай духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, сфармуляваных яшчэ ў XV1 стагоддзі, сярод адзінства універсальнага і нацыянальнага, рэнесансна-гуманістычнай канцэпцыі чалавека, прасякнутай ідэяй духоўнай свабоды, верхавенства закона, культурна-рэлігійнай згоды, этычнай дамінанты, непрыняцця гвалту і прымусу, ідэя развіцця культуры на нацыянальнай, беларускай моўнай аснове з'яўляецца дамінуючай і выступае асновай беларускай ідэнтычнасці.

Адкідванне ідэі дамінавання беларускай мовы як сутнаснай, іманентнай уласцівасці беларускага народа, замоўчванне і ігнараванне яе сведчыць не толькі пра неразуменне асноў сацыякультурнага развіцця, але, магчыма, і пра свядомую антыбеларускую пазіцыю, накіраваную на вынішчэнне цэлага народа (у тым ліку і праз формы паўтарэння і незасваення адных і тых жа відавочных ісцін цягам цэлых стагоддзяў) як самастойнага суб'екта культурнай творчасці. Гэта тлумачыцца той простай прычынай, што існаванне народа па-за сваім светапоглядам (які выяўляецца мовай і ў мове) немагчымае.

Пры распрацоўцы духоўных асноў нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці надзвычайную ролю мае філасофія як спосаб інтэгральнага спасціжэння і трактоўкі свету і на асабістым, і на грамадскім узроўнях. Гісторыка-філасофская складковая асноў нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці можа быць найбольш устойлівай, інварыянтнай у адносінах да сучасных форм развіцця і асіміляцыі масавай культуры. На вялікі жаль, сучасная сітуацыя ў сферы прафесійнай філасофскай думкі Беларусі часта нагадвае хутчэй сумны адбітак расійскай правінцыйнай рэфлексіі, чым духоўна і культурна незалежны беларускі філасофскі дыскурс: прафесійная філасофія Беларусі пераважна адарваная і дыстанцыянаваная ад гістарычных каранёў і традыцый беларускай культуры.

Між тым кожны народ выпрацоўвае сваю філасофію, не падобную да іншых. Услед за Уладзімірам Конанам можна лічыць, што падобна на тое, як у немцаў гэта анталогія, логіка і дыялектыка, у англічан - гнасеалогія і прагматызм, у французаў і палякаў - сацыялогія і культуралогія, у італьянцаў - тэалогія і эстэтыка, у амерыканцаў - эканоміка і г.зв. "інструменталізм" (крытэрый ісціны - эмпірычны "поспех"), у беларусаў такой філасофіяй можа стаць культуралогія і сацыяльная этыка, а таксама тэарэтычная і практычная герменеўтыка - "увядзенне" нацыянальнай традыцыі ў сучасны культурны кантэкст і "перакадзіроўка" іншанацыянальных культур у сістэму сваёй культуры.

Асабліва важным мне бачыцца выкарыстанне і памнажэнне тэалагічных ведаў, якія складаюць значную частку еўрапейскай гуманістыкі, але зусім да нядаўняга часу не развіваліся ў Беларусі, як, зрэшты, недастаткова інтэнсіўна распрацоўваліся і шырокія, тэарэтычныя пласты сацыякультурнага быцця з апорай на беларускую культурную традыцыю і ў беларускацэнтрычнай сістэме каардынат (шчаслівым выключэннем з'яўляюцца хіба працы прафесара М.Крукоўскага, прафесара У.Конана і некаторых іншых, зусім нешматлікіх беларускіх філосафаў і культуролагаў).

Сімвалічная і прытчавая філасофія разам з літаратурай і мастацтвам, рэлігіяй і верай з'яўляецца не толькі вышэйшым метадам пошуку ісціны, але яшчэ і захаваннем самабытнасці беларускай культуры, яе духоўнага ядра. Сапраўды, культурная самабытнасць не абмяжоўваецца крытэрыем актуальнасці, бо яна каштоўная ў трох вымярэннях часу - мінуўшчыне, сучаснасці і будучыні. Для кожнага пакалення людзей яна актуальная, патрэбная, асабліва цяпер, у пачатку XX1 ст., калі беларусы перажываюць адзін з самых складаных этапаў сваёй гісторыі: этнаграфічны ўзровень самазахавання няўхільна губляецца, а новы ўзровень - нацыянальнага быцця ў постінфармацыйнай прасторы - пакуль што не набыты.

Сучасная мастацкая культура характарызуецца пошукам новых форм свайго выяўлення, пашырэннем альтэрнатыўных метадаў, стракатасцю жанраў; сучаснае мастацтва носіць пераважна відовішчны характар, сфера культуры камерцыялізуецца. Між тым тую масавую культуру, што актыўна прапагандуецца і фактычна запаланіла жыццё сучаснага чалавека, - разбуральную, агрэсіўную, інфернальную, - можна трактаваць як бездухоўную, з уласцівай ёй неадпаведнасцю паміж высокім прызначэннем чалавека і рэальным самавыяўленнем, што прыводзіць да дэградацыі чалавека і грамадства, выхалошчвання нацыянальнай культуры аж да яе вынішчэння, замаруджвання сацыяльна-культурнага развіцця ў цэлым.

У гэтай сітуацыі важным фактарам бяспекі грамадскай супольнасці выступаюць беларуская нацыянальная культура і нацыянальная ідэнтычнасць. Культурная самабытнасць параджае нацыянальна-культурную ідэнтычнасць - атаясамленне чалавекам сябе з гэтай культураю, уяўленне пра яе як пра родную і адчуванне сябе максімальна камфортна ў кантэксце менавіта гэтай культуры. Культурная самабытнасць і нацыянальна-культурная ідэнтычнасць у беларускай сітуацыі звязаны наймацнейшым чынам. Без іх захавання немагчыма захаваць суверэнітэт беларускай нацыі і дзяржавы, якія праз цэлыя стагоддзі былі аб'ектамі дэнацыяналізацыі. Задача дзяржавы - захоўваць і аберагаць гэтую ментальную ўстойлівасць нацыі, бо ў глабальнай перспектыве толькі яна акажацца здольнай няспынна ўзнаўляць пакаленні творчых, таленавітых, духоўна багатых людзей.

Самасвядомасць народа не зводзіцца толькі да знакавых сістэм: філасофскіх тэкстаў, мастацтва, літаратуры і т.п. Калі ў мінулым беларусы сцвярджалі сябе і маўчаннем - існаваннем на этнаграфічным узроўні, то ў будучыні важна забяспечыць пераход нацыянальнай свядомасці з падсвядомага ўзроўню на ўзровень элітарны і масавае яе пашырэнне.

Перыядычнае маўчанне беларусаў можна патлумачыць не толькі крайне неспрыяльнымі гістарычнымі ўмовамі, але і тым комплексам непаўнавартасці, які ўзнік у выніку адчування сябе "меншым суседам" з пункту гледжання суаднесенасці з вялікімі культурамі сумежных народаў. Менавіта "размытая", недааформленая нацыянальная самасвядомасць ёсць адной з аб'ектыўных перашкод у развіцці арыгінальнай беларускай культуры. Сённяшнім відавочным прыкладам адчування другаснасці, несамастойнасці служыць шэраг тэлеперадач на беларускім тэлебачанні, якія дакладна ці амаль дакладна - і, безумоўна, у значна горшым выглядзе, як усе копіі, - капіруюць перадачы расійскія ("Белорусское времечко", "Наша Белараша", разнастайныя "зорныя" танцы і т.п. ).

Нягледзячы на тое, што менавіта самабытная беларуская культура - арыгінальная, непаўторная, багатая на таленты - ёсць на сёння адзінай сапраўднай магчымасцю для культурнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, у культурным плане сітуацыя ў Беларусі мала змянілася ад брэжнеўскіх часоў: людзі, што ўласнай творчасцю з уласнай ініцыятывы, а галоўнае, у беларускім культурным кантэксце пасоўваюць культуру наперад, часта аказваюцца выштурхнутымі не толькі за межы эліты, але і з грамадска-культурнага жыцця ўвогуле. Адсутнасць традыцый незалежных грамадзянскіх ініцыятыў, натуральных для адкрытага грамадства заходняга тыпу, карэлюе з тым, што большасць беларусаў жыве ў звыклай залежнасці ад дзяржавы: па-ранейшаму моцная псіхалагічная інерцыя савецкай сістэмы, у якой галоўнай каштоўнасцю аб'яўляўся калектывізм. Масавая свядомасць інертная і шаблонная, яна застаецца глыбока правінцыйнай і патрыярхальнай. Для яе характэрна насцярожана-адчужанае стаўленне да якіх-кольвек нязвыклых або несанкцыянаваных уладай культурных акцый. Публічныя беларускія культурныя акцыі ад самага пачатку нясуць на сабе кляймо другаснасці і неістотнасці і маюць слабы ўплыў на масавую свядомасць.

Пераадоленню комплексаў культурнай непаўнавартасці беларусаў не надта спрыяюць і сучасныя інтэлектуалы-мадэрністы. Так, Андрэй Казакевіч у сваёй рэцэнзіі на кнігу В.Булгакава «Гісторыя беларускага нацыяналізму» («Яшчэ адна гісторыя пра беларускі нацыяналізм» - ARCHE № 7-8-9 за 2007 г.)) піша пра пэўны дыскамфорт ад беларускасці. На яго думку, у пэўных асяродках беларускай супольнасці пасля зыходу «нацыянальнай» хвалі 1990-ых назіраецца стадыя стомленасці ад нацыянальных «ідэй» і паўстае жаданне іх разбурыць з вышыні ўласнай інтэлектуальнай пазіцыі. Стомленыя ад гісторыі інтэлектуалы хочуць трапіць ва ўтульнае спажывецкае асяроддзе сучаснасці (адзін з прыкладаў чаго - кніга В. Акудовіча «Код адсутнасці»).

Некаторыя даледчыкі параўноўваюць беларускую ідэнтычнасць з "маўклівай рэальнасцю", якая не здолела прабіцца на ўзровень рэпрэзентацыі з розных прычын: метафізічнай слабасці, містычнага нежадання, прыналежнасці да заганнага цывілізацыйнага кола [46]. Мадэрную фазу беларускай ідэнтычнасці Ігар Бабкоў, напрыклад, выводзіць з канца XV111 ст. (размова ідзе пра ідэнтычнасць шляхты) і лічыць, што яна да гэтага часу з яе не выйшла. Гэтая затрымка з'яўляецца спецыфічнай праблемай для даследчыкаў і апісваецца звычайна як недааформленасць у выніку "перыферыйнага", у адносінах да еўрапейскай "універсальнасці", статусу.

Згодна з бачаннем І. Бабкова, першапачаткова Беларусь апазнаецца як "цёмная" (у рамках кансерватыўнай рэакцыі на Асветніцтва), затым кансерватыўны перыяд змяняецца перыядам кансерватыўна-рамантычным (этнаграфічным), які ў сваю чаргу эвалюцыянуе ў народніцтва і краёвую ідэю. Заходнерусізм - спецыфічны беларускі феномен, які доўгі час вызначаў (і ў пэўнай ступені да гэтага часу вызначае) культурны ландшафт Беларусі. Галоўнай стратэгіяй было сцверджанне "рускага" характару ВКЛ і пошук славянскага ў гісторыі ўвогуле. Нацыянальны рух патрабаваў высокай культуры, стварэння адпаведнай інфраструктуры і інстытуцый з перспектывай гамагенізацыі беларускага горада. Сістэма беларускай савецкай ідэнтычнасці канчаткова фарміруецца ў 60-70-ых гадах XX стагоддзя. Структура культурнай прасторы становіцца падобнай да сучаснай: беларуская мова функцыянуе на вёсцы і ў сферы высокай культуры, руская - у адміністрацыі і грамадскім штодзённым ужытку. Першая рэпрэзентуе "этнаграфічную асаблівасць і мясцовы каларыт", другая мае характар метакультуры і захавання універсальных каштоўнасцей. "Постсавецкая ідэнтычнасць" хутка афармляецца ў "новую беларускую". Другая частка грамадства спрычыняецца да аднаўлення беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці з практыкай вяртання праўдзівай гісторыі і культуры. Ідэнтычнасць мае адначасова і антытаталітарны (прыхільнасць да каштоўнасцей заходняй цывілізацыі), і антыуніверсалісцкі грунт (інтэлектуальная і палітычная рэабілітацыя лакальнага). З гэтага вынікае, што ідэнтычнасць беларускай нацыі, якая сфарміравалася ва ўмовах Першай сусветнай вайны і БССР, ад пачатку не была аднароднаю. Частка насельніцтва была дастаткова глыбока інтэграваная ў сімвалічную сістэму саветызму, другая захоўвала повязь з нацыянальнай (лакальнай) традыцыяй. Наяўнасць падзелу ў ідэнтычнасці сучаснай Беларусі дастаткова відавочная, і сённяшнія рэаліі не спрыяюць інтэграцыі яе частак [35].

Сацыёлаг Надзея Яфімава выдзяляе 5 мадэляў грамадзянскай ідэнтычнасці сучасных беларусаў: вялікая сям'я; савецкая ідэнтычнасць; пратэстная ідэнтычнасць; еўрапейская ідэнтычнасць; патрыятычная, ці пазітыўная грамадзянская, ідэнтычнасць. Што датычыць культуры, то, на думку Н. Яфімавай, няма аднаго аўтара ці кірунку ў беларускім мастацтве, якія былі б аднолькава папулярныя і любімыя ўсімі. Увогуле ж з беларускасцю і Беларуссю ў масавай свядомасці найбольш асацыіруецца архітэктура, напрыклад, замкі (у Міры, Нясвіжы), а таксама прыкладное мастацтва (саломка, слуцкія паясы). Самыя вядомыя мастакі - М. Шагал, К. Малевіч, пісьменнікі - В. Быкаў, Р. Барадулін, У. Караткевіч. Беларускі менталітэт, як лічыць даследчыца, характарызуецца наступнымі рысамі: уменнем прыстасавацца да любых абставін (не змяніць абставіны, а самому змяніцца); беларус моцна трымаецца за сваё - напрацаванае, здабытае, недаверліва ставіцца да знешняга свету, заўсёды адгукнецца, дапаможа; цярплівасцю, інертнасцю; беларусы мяккія, душэўныя, гасцінныя, беларусамі лёгка кіраваць, яны працавітыя, закрытыя, скурпулёзныя, не вельмі радасныя, хутчэй песімісты, непрадпрымальныя, упартыя, міралюбівыя [65 ].

Як відаць, дамінуюць пасіўныя рысы характару. Праўда, на думку сацыёлага, маладое пакаленне беларусаў часта бунтуе супраць такога стэрэатыпу нацыянальнага характару як недастаткова прывабнага. Новы беларус разняволены, свабодны; зарабляе сабе на жыццё інтэлектуальнай працай; у яго больш выяўленая цікавасць да сваіх каранёў, гісторыі. У новай беларускай ідэнтычнасці большае значэнне атрымлівае элемент еўрапейскай ідэнтычнасці - важна быць беларусам і еўрапейцам адначасова [65 ].

Тут належыць падкрэсліць розніцу паміж кантэкстам беларускай нацыянальнай культуры і кантэкстам сучаснага беларускага грамадства - апошні мала выяўляе спецыфічныя культурныя рысы, уласцівыя беларусам як нацыі з адмысловай тысячагадовай культурнай традыцыяй і адпаведным псіхалагічным тыпам, затое яскрава адлюстроўвае працэс дэфармацыі, здзічэння беларускай душы і характару. Ёсць Беларусь сённяшняя, здэнацыяналізаваная, апаганеная, а ёсць Беларусь тысячагадовая, сапраўдная, культурная, інтэлігентная. Культурная самабытнасць якраз і закліканая фарміраваць і падтрымліваць адмысловы нацыянальны характар і адпаведны псіхалагічны тып, як, напрыклад, вызначыў яго Ян Станкевіч: "Беларус кемлівы, быстры, борзда арыентуецца, вельмі здольны да высшых перажыванняў душэўных, ён лёгка працінаецца абстрактнымі ідэямі, лёгка захапляецца паэзіяй і мастацтвам, ён наогул вельмі пачуццёвы і не матэрыяліст - гэта ўсё рысы славянскія. А з другога боку, натура беларуса глыбокая, трывалая, уздзержлівая, ён станоўкі, упорысты і вельмі адпорны на ўсякі націск, даволі скрытны, не лёгка праяўляецца...З гледзішча паляка беларус спакойны і маўклівы, а з гледзішча ліцвіна - ён рухлівы і гаваркі" [62, c.4].

Такім чынам, у сувязі са слабасцю грамадскага сектара ў эпоху рынкавай татальнасці і глабальнай уніфікацыі асноўны клопат пра захаванне культурнай самабытнасці, якая вызначаецца высокай духоўнасцю, і культурнай спадчыны беларускага народа мусіць узяць на сябе дзяржава. Яна павінна рэалізоўваць такую нацыянальную культурную палітыку, якая б грунтавалася на беларускай моўнай аснове і фундаменце глыбокіх народных традыцый, беларускай ментальнасці, узмацняла нацыянальную ідэнтычнасць. Дзяржава павінна ўсяляк садзейнічаць і заахвочваць развіццё творчых здольнасцей асобы, дапамагаць творцам эканамічнымі і інтэлектуальнымі рэсурсамі.

Некаторыя пытанні культурнай палітыкі ў сферы захавання культурнай самабытнасці (унутраныя і знешнія аспекты)

Сёння культурная палітыка паступова становіцца адным з асноўных фактараў стратэгіі развіцця. Сучасную сацыякультурную сітуацыю ў Беларусі вызначаюць фактары ўнутранай дынамікі (эканоміка, сацыяльна-палітычныя змяненні, узровень адукаванасці, урбанізацыя і інш.), фактары гістарычнага характару (традыцыі, нацыянальны лад жыцця, поліканфесіяналізм, асаблівасці станаўлення беларускай дзяржаўнасці і інш.) і фактары знешнія (уплыў сусветнай культуры, міждзяржаўныя культурныя кантакты, новыя канцэпцыі культуры ў замежных краінах і інш.).

Некаторыя даследчыкі, як, напрыклад, прафесар Арнольд Міхневіч, вызначыўшы комплекс пазітыўных і негатыўных тэндэнцый развіцця беларускай культуры, прыходзяць да высновы, што, нягледзячы на негатыўныя вынікі эканамічнага крызісу і сацыяльна-палітычнай нестабільнасці, крызісныя працэсы ў Беларусі ўдалося паслабіць, а ў шэрагу выпадкаў і спыніць; у цэлым жа беларусам пашанцавала зберагчы назапашаны ў папярэднія часы культурны патэнцыял нацыі. Разам з тым, на парадку дня застаецца комплекс складаных праблем культурнага будаўніцтва, а асноўнымі мэтамі дзяржаўнай культурнай палітыкі сёння павінны быць як умацаванне дэмакратычных асноў культурнага жыцця і дзейнасці народа, так і дзяржаўная падтрымка культуры ў такім стане, які забяспечвае неабходныя перадумовы для палітыка-эканамічнага і духоўнага развіцця грамадства і дзяржавы, непарыўнасць культурнага працэсу ў Беларусі і ахову яе нацыянальнай самабытнасці, а таксама нашу ўключанасць у сусветны культурны працэс.

Дзеля здзяйснення вышэйпамянёных задач належыць сістэмна зберагаць гісторыка-культурную спадчыну і развіваць нацыянальныя культурныя традыцыі, што забяспечвае фарміраванне нескажонай гістарычнай самасвядомасці народа. Захаванне культурнай самабытнасці беларускага народа як адной з умоў яго суверэнітэту павінна цалкам выключыць тэндэнцыю да культурнай аўтаркіі і духоўнай самаізаляцыі.

Праблема захавання культурнай самабытнасці вымагае вывучэння пытання аб культурных каштоўнасцях. Само паняцце "гісторыка-культурныя каштоўнасці" вызначаецца Законам Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", прынятым 09 студзеня 2006 г. Пад гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі разумеюць матэрыяльныя аб'екты і нематэрыяльныя выявы творчасці чалавека, якія маюць унікальныя духоўныя, мастацкія і (ці) дакументальныя вартасці і якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Вышэйназваны закон у арт.13-14 прыводзіць класіфікацыю матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Так, у адпаведнасці з гісторыка-культурнай значнасцю, матэрыяльныя каштоўнасці Беларусі падзяляюцца на наступныя катэгорыі:

  • катэгорыя "0" - гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія ўключаныя або прапанаваныя для ўключэння ва ўстаноўленым парадку ў Спіс аб'ектаў сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, або ў Міжнародны спіс сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай;
  • катэгорыя "1" - гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія маюць міжнароднае значэнне;
  • катэгорыя "2" - гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія маюць нацыянальнае значэнне;
  • катэгорыя "3" - гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія маюць значэнне для асобных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, згодна з законам, падраздзяляюцца на дзве катэгорыі:

  • катэгорыя "А" - гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх з'яўляюцца безумоўнымі і нязменнымі;
  • катэгорыя "Б" - гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія цалкам ці часткова ўзноўленыя (зафіксаваныя) на другасным матэрыяле, альбо чые унікальныя духоўныя, мастацкія і (ці) дакументальныя вартасці з часам могуць змяніцца.

Культурныя каштоўнасці знаходзяцца пад аховай як унутрыдзяржаўнага, так і міжнароднага права; шырока распаўсюджваецца практыка міжнароднага супрацоўніцтва па ахове культурных каштоўнасцей, асабліва ў справе рэстытуцыі.

Аўтэнтычнасць і ўнікальнасць гістарычных аб'ектаў з'яўляюцца паказчыкамі, якія служаць асновай для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Са слоў Старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, руплівага і дасведчанага абаронцы беларускай культурнай спадчыны Уладзіміра Шчаснага, штогод кожная краіна можа прапанаваць толькі адну кандыдатуру для ўключэння ў гэты спіс. Чатыры беларускія помнікі (столькі ж, колькі і ў суседніх Літве і Украіне) ўжо ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны: архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы, дуга Струве, Белавежская пушча, палацавы комплекс "Мір". Экспертам ЮНЕСКА падчас іх візітаў у Беларусь былі прадстаўленыя і іншыя культурныя помнікі: "Драўлянае дойлідства Палесся", "Абарончыя храмы (Камаі і Сынкавічы)", Камянецкая вежа, галоўны праспект сталіцы. Вялікую перспектыву ў гэтым плане маюць культурныя помнікі, якія належаць адразу некалькім краінам (напрыклад, ужо ўключаны ў спіс ЮНЕСКА драўляныя культавыя пабудовы Польшчы і Славакіі, трансгранічны праект Беларусі і Польшчы "Аўгустоўскі канал"). Вельмі вялікае значэнне мае тое, як пададзены, апісаны культурна-гістарычны фон таго ці іншага культурнага помніка, як раскрыта яго унікальнасць у якасці аб'екта сусветнага значэння; прычым гістарычныя помнікі могуць выкарыстоўвацца не толькі ў якасці адукацыйных і турыстычных цэнтраў, але і для сацыяльнага і эканамічнага развіцця цэлых рэгіёнаў.

Што датычыць матэрыяльнай спадчыны, то немагчыма ў адначассе аднавіць усе культурныя помнікі: ніякая, нават самая багатая краіна, не можа сабе гэтага дазволіць. Мова можа ісці толькі пра неадкладную кансервацыю помнікаў, пра што мусяць рупіцца ў першую чаргу мясцовыя ўлады.

Інакш выглядае сітуацыя са спадчынай нематэрыяльнай, тут патрабуюцца самыя неадкладныя захады. Галоўная задача - не архівізаваць нематэрыяльную культурную спадчыну, а захоўваць яе ў жыцці, перадаваць з пакалення ў пакаленне, зберагаючы мясцовыя асаблівасці, у тым ліку праз формы краязнаўчай працы.

Тут дарэчы будзе ўзгадаць "круглы стол" па пытаннях усебаковай аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, які адбыўся ў студзені 2008 г. з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытута нацыянальнай бяспекі і іншых арганізацый, якія займаюцца праблемамі захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Падчас паседжання ўдзельнікаў "круглага стала" разглядаліся пытанні выканання Канвенцыі ЮНЕСКА 2003 г. аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь, якая для Беларусі ўступіла ў сілу 20 красавіка 2006 г. (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29.12.2004 г. №627). Беларусь, такім чынам, стала адзінаццатай краінай свету і першай у СНД, якая далучылася да гэтага міжнароднага дакумента. Мэта Канвенцыі - захаванне і развіццё існуючых элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, іх улік на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях, стварэнне адпаведных інвентароў (рэестраў), а самае галоўнае - стварэнне сістэмы іх аховы, выкарыстання і адаптацыі ў сучаснай культурнай прасторы.

У сувязі з ратыфікацыяй вышэйзгаданай Канвенцыі ў Беларусі ўжо зменена сістэма заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны; у заканадаўчыя акты ўведзена само паняцце "нематэрыяльная культурная спадчына"; у дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўключаны некалькі аб'ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны і г.д. Пацверджаннем аўтарытэту Беларусі ў гэтай галіне з'яўляецца яе членства ў Міжнародным камітэце па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Разам з тым, у дачыненні да нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая няўмольна знікае пад уздзеяннем працэсаў глабалізацыі і сучаснай масавай культуры, неабходна стварыць нацыянальную стратэгію аховы і выкарыстання, што прадугледжвала б, у прыватнасці, фарміраванне сістэмы яе ўліку і інвентарызацыі; вылучэнне на нацыянальным і рэгіянальных узроўнях кампетэнтных органаў па каардынацыі дзейнасці па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны; распрацоўку навукова-даследчай метадалогіі; стварэнне і развіццё сістэмы падрыхтоўкі кадраў у галіне кіравання і аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны; стварэнне сістэмы перадачы нематэрыяльнай культурнай спадчыны праз форумы і адпаведную прастору і інш. Не шкодзіла б мець і нацыянальны каардынацыйны цэнтр па ахове і вывучэнні нематэрыяльнай культурнай спадчыны, распрацаваць дзяржаўную комплексную праграму "Нематэрыяльная культурная спадчына", стварыць раённыя саветы па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў складзе прадстаўнікоў мясцовых уладаў (раённых аддзелаў культуры), цэнтраў народнай творчасці альбо дамоў рамёстваў, музеяў.

Адным словам, захаванне і матэрыяльнай, і нематэрыяльнай культурнай спадчыны патрабуе самай пільнай дзяржаўнай увагі і падтрымкі.

Даведка. На сённяшні дзень у Беларусі дзейнічаюць Закон Рэспублікі Беларусь ад 04.06.1991 №832-X11 (рэд. ад 18.07.2007) "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь" , Закон Рэспублікі Беларусь ад 09.01. 2006 №98-3 (рэд. ад 18.07.2007) "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", Закон Рэспублікі Беларусь ад 22.03.1995 №3680-X11 (рэд.ад 18.07.2007) "Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь", Закон Рэспублікі Беларусь ад 12.12.2005 №70-3 (рэд. ад 18.07. 2007) "Аб музеях і музейным фондзе Рэспублікі Беларусь", Закон Рэспублікі Беларусь ад 09.07.1999 №283-3 "Аб народным мастацтве , народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь", Закон Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2004 №292-3 (рэд. ад 20.07.2006) "Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь".

Захаванне культурнай самабытнасці вымагае не ў апошнюю чаргу і комплекснага, сістэмнага, міждысцыплінарнага навуковага даследавання феномену і тэндэнцый развіцця нацыянальнай культуры, выпрацоўкі шляхоў пашырэння прысутнасці беларускай культуры ў свеце, у тым ліку праз папулярызацыю культурных здабыткаў, як гэта робяць Польскі інстытут, што дзейнічае ў многіх краінах свету, ці Інстытут Адама Міцкевіча ў Варшаве, створаны ў 2000 г., ці Міжнародны культурны цэнтр у Кракаве. Інстытут Адама Міцкевіча, напрыклад, мэтай сваёй дзейнасці мае падтрымку і папулярызацыю польскай культуры, у тым ліку культурнай спадчыны і польскай мовы, а сваімі задачамі - стварэнне, актуалізацыю і распаўсюджванне ў свеце інтэграванай сістэмы інфармацыі пра польскую культуру; выданне рознага кшталту прамацыйных матэрыялаў, у тым ліку на замежных мовах; патрымку выданняў літаратурных твораў; арганізацыю культурных імпрэз, семінараў, канферэнцый і т.п.

У многіх краінах, не толькі ў Польшчы ( у Германіі, Латвіі, Славакіі, Балгарыі і інш.) існуюць інстытуты, мэтай якіх з'яўляецца назапашванне і сістэматызацыя ведаў пра нацыянальную культуру і папулярызацыя краіны ў свеце шляхам сістэмнага мэтанакіраванага распаўсюджвання інфармацыі пра айчынныя культурныя, навуковыя, духоўныя, грамадскія здабыткі і дасягненні. Так, знешняя культурная палітыка - трэцяя складковая знешняй палітыкі сучаснай Германіі пасля класічнай дыпламатыі і знешнеэканамічнай палітыкі.

Гадоў з дзесяць таму прапаноўвалася стварыць аналагічны інстытут і ў Беларусі - які б комплексна, міждысцыплінарна вывучаў усё, што складае спецыфіку Беларусі (нацыянальна-культурныя асаблівасці, традыцыі і перспектывы) і мэтанакіравана папулярызаваў нацыянальную беларускую культуру ў свеце, фарміруючы максімальна пазітыўнае аблічча краіны. Мэта Інстытута Беларусі - стварэнне інтэграванай сістэмы інфармацыі пра беларускую культуру (у шырокім сэнсе, як сукупнасці ўласцівых грамадству прыкмет - духоўных і матэрыяльных, інтэлектуальных і эмацыянальных, што, апроч мастацкай культуры, ахоплівае лад жыцця, сістэму каштоўнасцей, традыцыі і вераванні) і на яе аснове - распрацоўка стратэгіі развіцця культуры. Інстытут Беларусі павінен сумясціць функцыі адукацыйныя, інфармацыйныя, навукова-даследчыя, кансультатыўныя і каардынуючыя. Інстытут мог бы таксама збіраць, сістэматызаваць і аналізаваць інфармацыю пра Беларусь, якая распаўсюджваецца за мяжой, рыхтаваць адпаведныя рэкамендацыі дзяржаўным органам з наступнай распрацоўкай цэлых комплексаў канкрэтных упраўленчых рашэнняў. Адначасова вырашаюцца і іншыя задачы, сярод якіх - наступныя:

  1. Навукоўцы розных спецыяльнасцей прыцягваюцца да працы над канкрэтнымі праблемамі, што стаяць перад дзяржавай, грамадствам, сучасным чалавекам, што, па-першае, надае навуцы практычны прагматычны характар, па-другое, гарантуе высокую эфектыўнасць комплексных, інтэгратыўных рашэнняў у сацыякультурнай сферы.
  2. Праз вывучэнне сусветнага вопыту шукаюцца рашэнні праблемы захавання нацыянальна-культурнай самабытнасці ва ўмовах глабалізацыі.
  3. Выпрацоўваецца філасофская канцэпцыя новага, глабальнага мыслення, новага, сучаснага светапогляду. Беларуская гуманітарная навука і філасофія развіваюцца ў еўрапейскім і сусветным кантэксце.
  4. Пашыраецца сацыяльная база для кансалідацыі сучаснага беларускага грамадства, яго гуманізацыі. Фарміруюцца механізмы ўмацавання агульных сацыяльных ідэалаў, нацыянальнай ідэнтычнасці.
  5. Памнажаюцца міжнародныя навуковыя, эканамічныя, сацыяльныя кантакты, павялічваецца прыток турыстаў, прыцягваюцца замежны інтэлектуальны капітал і інвестыцыі.
  6. Узрастае эфектыўнасць інтэграцыі ў сістэму новых міжнародных адносін.
  7. Умацоўваецца пазіцыя Беларусі як суб'екта міжнароднага права, актыўнага ўдзельніка міжнароднай палітыкі, што садзейнічае захаванню палітычнага суверэнітэту дзяржавы.
  8. Сістэматызуецца праца па падтрымцы беларускай дыяспары і інш.

Асноўнымі напрамкамі навукова-асветніцкай і міжнароднай дзейнасці Інстытута могуць быць наступныя:

№ п/п

Назва напрамкаў

Пералік задач, якія плануецца

вырашыць (могуць удакладняцца)

 

1

2

3

 

1

Міждысцыплінарнае вывучэнне феномена культуры Беларусі (у шырокім сэнсе)

1.1.Вызначэнне асаблівасцей нацыянальнай беларускай культуры.

1.2.Аналіз сучасных тэндэнцый развіцця розных форм беларускай культуры.

1.3.Стварэнне даведачна-інфармацыйнага комплексу ў галіне беларуса- і народазнаўства.

1.4.Вывучэнне прысутнасці беларускай культуры ў свеце (у постсавецкіх краінах, у Еўропе, у ЗША, у іншых краінах).

1.5.Вывучэнне глабальных праблем сучаснасці і вызначэнне тэндэнцый глабалізацыі ў Беларусі (сацыякультурная сфера).

1.6. Вывучэнне пытання полікультурнасці ў свеце і яе рэалізацыі ў Беларусі.

1.7.Вызначэнне аптымальных шляхоў пабудовы канструктыўнага дыялогу беларускай культуры з іншымі культурамі.

 

 

2

 

 

 

Папулярызацыя Беларусі ў свеце

 

 

 

2.1.Вызначэнне эфектыўных шляхоў папулярызацыі Беларусі ў свеце.

2.2.Навуковая апрацоўка інфармацыі і ведаў пра Беларусь, што распаўсюджваюцца за мяжой.

2.3.Пашырэнне прысутнасці беларускай культуры ў свеце праз арганізацыю навукова- і культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў сумесна з Пасольствамі Рэспублікі Беларусь у замежных краінах, дыпламатычнымі місіямі ў Рэспубліцы Беларусь, асяродкамі дыяспары, навуковымі і асветніцкімі інстытутамі іншых краін (сумесныя прэзентацыі, канферэнцыі, вечарыны і т.п.).

2.4.Арганізацыя і ажыццяўленне міжнародных навуковых праектаў, прэзентацыя іх вынікаў.

2.5.Каардынацыя і забеспячэнне прысутнасці беларускіх удзельнікаў у міжнародных навуковых і культурных мерапрыемствах, што адбываюцца за мяжой.

2.5.Асветніцка-арганізацыйная дзейнасць па распаўсюджванні ведаў пра Беларусь (выступленні ў СМІ, у тым ліку замежных, удзел у агульнадзяржаўных мерапрыемствах, правядзенне семінараў, канферэнцый, кансультацый, выдавецкая дзейнасць (уключаючы буклеты), у перспектыве - арганізацыя пастаянна дзеючай Міжнароднай школы па вывучэнні беларускай мовы і культуры). 

 

Інстытут Беларусі можа распрацоўваць такія канкрэтныя навуковыя тэмы, як, напрыклад, наступныя: феномен беларускай культуры - глабальнае (міжнароднае) вымярэнне; што такое беларуская духоўнасць; досвед культурнай традыцыі, у чым ён; што беларусы далі свету, а свет - Беларусі; "культурнае адкрыццё" года; міжкультурны дыялог сучаснасці: месца Беларусі і інш.

У захаванні культурнай самабытнасці і пашырэнні прысутнасці беларускай культуры ў свеце пэўную ролю можа адыграць і беларуская дыяспара - этнічная супольнасць, што валодае асноўнымі рысамі нацыянальнай адметнасці народа: мовай, культурай, самасвядомасцю, але пражывае па-за межамі дзяржавы, якую ўтварыў яе народ. Дыяспара захоўвае нацыянальныя адметнасці праз арганізацыйныя формы функцыянавання: групы, суполкі, зямляцтвы і да рэгіянальных, альбо агульнадзяржаўных нацыянальна-культурных і грамадскіх рухаў уключна [38, c.5]. Пытанне аб колькасці беларускай дыяспары застаецца адкрытым: лічыцца, што прыблізна каля 3 млн. беларусаў пражывае за мяжой. На вялікі жаль, колькасная перавага над беларусамі ў замежжы рускіх, палякаў, украінцаў пры невысокім узроўні нацыянальнай свядомасці нашых суайчыннікаў прыводзіць да таго, што яны міжволі трапляюць у сферу ўплыву іншанацыянальных культур. Тым не менш, культурная спадчына беларусаў замежжа належыць да культурных здабыткаў усёй нацыі.

З польскага вопыту культурнай палітыкі: стратэгія культурнага развіцця

Захаванне культурнай самабытнасці вымагае не проста дзяржаўнай падтрымкі культурнага жыцця, але выпрацоўкі цэлай стратэгіі культурнага развіцця, якая ўключае ў сябе асноўныя напрамкі і формы дзяржаўнай пратэкцыі нацыянальнай культуры, дэтальны аналіз стану культуры, яго моцныя і слабыя бакі, праблемы і шанцы культурнага развіцця ў параўнанні з іншымі краінамі. Вопыт у гэтай сферы нашай суседкі Рэспублікі Польшча падаецца вартым увагі і можа быць выкарыстаны пры распрацоўцы адпаведных дзяржаўных дакументаў у Рэспубліцы Беларусь.

Нацыянальная стратэгія развіцця культуры Рэспублікі Польшча ў 2004-2013 гадах [19] прадугледжвае параўнаўчы аналіз выдаткаў у выбраных еўрапейскіх дзяржавах па стану на 2000 г. Дзеля магчымасці параўнання былі вылічаныя выдаткі на культуру з разлікам на аднаго жыхара. Публічныя выдаткі на культуру ў Польшчы, паводле дадзеных Еўрастата, аказаліся найменшыя ў Еўропе і склалі 11% ад выдаткаў на культуру ў Даніі, 13% - Францыі, 24,5% - Германіі, 44% - Эстоніі, 83% - Венгрыі [7].

Еўрапейскія краіны выпрацавалі розныя формы захавання культурнай спадчыны і падтрымкі культурнага развіцця, але, як правіла, дзяржава паўсюль выступае ў ролі мецэната культуры. Функцыянаванне ключавых напрамкаў культуры рэгулюецца па-рознаму ў розных краінах Еўрасаюза. У дачыненні да згаданай Стратэгіі прааналізаваныя найперш тыя рашэнні ў прыярытэтных напрамках культуры, якія рэкамендаваныя як найлепшыя ўзоры для пашырэння ў Польшчы, беручы пад увагу спецыфіку кіравання сістэмай культуры ў гэтай краіне. Так, у сферы падтрымкі кнігадрукавання і бібліятэчнай справы найлепшым прызнаны скандынаўскі вопыт, у сферы фарміравання культурнай прасторы і аховы культурных здабыткаў, а таксама развіцця сучаснага мастацтва - вопыт французскі, у сферы фінансавання культуры - вопыт нямецкі, швейцарскі, французскі, галандскі і англійскі, і практычна ўсе краіны прапануюць цікавейшыя формы прамоцыі творчасці.

Нацыянальная стратэгія развіцця культуры Рэспублікі Польшча ў 2004-2013 гадах разглядае рэгіён у якасці цэласнай культурнай адзінкі, што, такім чынам, садзейнічае захаванню культурнай самабытнасці рэгіёнаў. Рэгіяналізацыя тэрытарыяльнай прасторы становіцца ўсё больш істотным элементам сацыяльна-эканамічнага, культурнага і палітычнага жыцця. У Польшчы, напрыклад, гэта абумоўлена дзвюма асноўнымі прычынамі: унутранай, звязанай з адносна нядаўняй дзяржаўнай рэформай самакіравання, і знешняй, звязанай з палітыкай Еўрасаюза ў дачыненні да рэгіёнаў.

Галоўнай мэтай структурнай еўрапейскай палітыкі ёсць забеспячэнне ўсебаковага і гарманічнага развіцця ўсяго Еўрасаюза, а таксама павелічэнне ступені сацыяльна-эканамічнай цэласнасці, што звязана з дыспрапорцыямі ў рэгіянальным развіцці, якія носяць структурны характар і вынікаюць найперш з перыферыйнага стану рэгіёнаў, што патрабуе такой культурнай палітыкі Еўрасаюза, якая была б накіраванай найперш на падтрымку рэгіёнаў. Такім чынам падтрымліваецца рэгіянальная культурная самабытнасць.

У якасці моцных бакоў культурнага развіцця Польшчы вышэйзгаданая Нацыянальная стратэгія вызначае наступныя:

  • высокая сацыяльная акцэптацыя культуры і выдаткаў на яе;
  • заканадаўчая дзейнасць міністэрства культуры;
  • разнастайнасць і багацце культур рэгіёнаў;
  • развітае пачуццё абавязку ў дачыненні да культурнай спадчыны;
  • патэнцыял развіцця, звязаны з талентам і асабістымі якасцямі кіраўнікоў у сферы культуры;
  • вялікая колькасць вядомых у свеце творцаў культуры;
  • развітая сетка агульнадаступных культурных інстытуцый, асабліва бібліятэк, у рэгіёнах;
  • матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына сусветнай каштоўнасці;
  • функцыянаванне цэлага шэрагу асяродкаў даследавання і дакументызацыі культурных здабыткаў;
  • высокі ўзровень вышэйшай мастацкай адукацыі;
  • высокі статус Міністэрства культуры як канстутыцыйнага органа, адказнага за культуру, і інш.

Слабыя бакі сучаснага стану культуры вызначаюцца:

  • адсутнасцю ясна вызначанай культурнай палітыкі дзяржавы;
  • адсутнасцю цэласнай культурнай палітыкі (адпаведнага ўзгаднення паміж мясцовай уладай і Міністэрствам культуры);
  • адсутнасцю стратэгічнага кіравання ў культуры, канцэнтрацыяй галоўным чынам на аперытыўным кіраванні;
  • недастатковасцю належнага аб'ёму сродкаў Міністэрства культуры;
  • малымі выдаткамі на культуру ў пералічэнні на аднаго жыхара ў параўнанні з іншымі краінамі Еўрасаюза;
  • занадта вялікай дыспрапорцыяй выдаткаў на культуру ў розных рэгіёнах Польшчы з разлікам на аднаго жыхара;
  • дрэнным тэхнічным станам інфраструктуры сферы культуры;
  • адсутнасцю сістэмы ацэнкі якасці функцыянавання культурных інстытутаў;
  • адсутнасцю інстытутаў, агульных для Міністэрства культуры, органаў мясцовага самакіравання і недзяржаўных арганізацый;
  • вялікай розніцай у колькасці бібліятэк і даступнасці бібліятэчных збораў у розных раёнах Польшчы;
  • састарэласцю бібліятэчных збораў і бібліятэчнай базы ў цэлым;
  • неадпаведнасцю рынкавай эканоміцы вучэбных праграм мастацкіх навучальных устаноў;
  • не зусім ясным юрыдычным станам шматлікіх аб'ектаў нерухомасці;
  • адсутнасцю дакументызацыі і інвентарызацыі разнастайных культурных аб'ектаў;
  • адсутнасцю эфектыўных інструментаў для стварэння матывацыі інвестыцый у культуру прадстаўнікоў прыватнага сектару;
  • нізкай ступенню камерцыялізацыі культурных аб'ектаў;
  • высокай залежнасцю інстытутаў культуры і іх кіраўнікоў ад арганізатараў гэтых інстытутаў;
  • недастатковай колькасцю навуковых даследаванняў у сферы культуры і інш. [19].

Вялікі пералік слабых бакоў стану культуры ў параўнанні з колькасцю моцных бакоў сведчыць пра імкненне да аб'ектыўнасці пры аналізе стану культуры, адкрытасць польскага грамадства, дэмакратычны характар улады і яе патрыятызм, здольнасць і жаданне актыўна развіваць нацыянальную культуру.

Стратэгія вызначае тыя практычныя станоўчыя вынікі, якія прыносіць дзяржаўная падтрымка культуры, а таксама акрэслівае негатыўныя моманты ў культурнай сферы, якія неабходна пераадолець: перарванне культурнай традыцыі і змена сістэмы каштоўнасцей, спад актыўнасці ў культуры і зніжэнне агульнакультурнага ўзроўню, паступовая дэградацыя культурных здабыткаў, недастатковасць бюджэтных сродкаў, памяншэнне колькасці бібліятэк, кепскі тэхнічны стан культурных інстытутаў, занадта глыбокая дэцэнтралізацыя сістэмы кіравання культурай, нежаданне зменаў у культурных асяродках, паглыбленне інстытуцыянальнага крызісу ў культуры ў цэлым і інш.

Увогуле ж падрыхтоўка Нацыянальнай стратэгіі развіцця культуры ў 2004 - 2013 была праектам унікальным і піянерскім, таму адбывалася пры шырокай грамадскай дыскусіі з актыўным удзелам прадстаўнікоў творчых саюзаў, мясцовых уладаў і розных няўрадавых арганізацый - т.зв. сацыяльных партнёраў. Правядзенне дэтальнага аналізу стану культуры ў Польшчы, а таксама патрэбаў і фінансавых магчымасцяў у культурнай сферы вынікла таксама з кантэксту ўваходжання Польшчы ў Ерасаюз, што дало, апроч іншага, новыя шанцы ў плане фінансавання культурных праектаў.

У дакуменце прапануецца перспектыва культурнай сітуацыі і яе развіццё ў кантэксце сацыяльна-эканамічнага развіцця - культура, такім чынам, выступае важным фактарам стымулявання развіцця ўсяго грамадства. Стратэгія змяшчае шматлікія практычныя рэкамендацыі, якія датычаць зменаў у межах юрыдычнай, фінансавай, арганізацыйнай сістэм функцыянавання культуры.

Існуючы культурны патэнцыял Польшчы вызначаецца гістарычнымі, мастацкімі і цывілізацыйнымі здабыткамі, а таксама творчасцю знакамітых прадстаўнікоў культуры, функцыянаваннем культурнай сеткі, інстытутам культурнай адукацыі, няўрадавых арганізацый, аб'ектамі матэрыяльнай культуры - рухомых і нерухомых, а таксама культурнымі промысламі. Усе гэтыя сферы ёсць і павінны заставацца прадметам зацікаўленасці як міністэрства культуры, так і рэгіянальных і мясцовых уладаў, а іх дзейнасць падтрымана ў форме грамадскага мецэнацтва (непасрэднага або апасродкаванага).

Згодна з высновамі, прапанаванымі ў Стратэгіі, дзяржава павінна захаваць ролю крэатара гарызантальнай і сектаравай палітыкі ў сферы культуры, а выдаткі на апошнюю павінны значна ўзрасці (адпаведна аб'ём фінансавання міністэрства культуры мусіць быць адэкватным новым рэаліям; павінны павялічыцца таксама і пазабюджэтныя крыніцы фінансавання культуры). Дзяржава, а найперш міністэрства культуры, мусіць выступаць партнёрам для органаў мясцовага кіравання і разам з апошнімі падтрымліваць культуру ў рэгіёнах. Мясцовым органам улады належыць усяляк рэалізоўваць лакальныя стратэгіі культурнага развіцця, павінна павялічыцца адказнасць за развіццё культуры і з боку грамадства ў цэлым і інш. [19].

Увогуле ж установы культуры ў Польшчы падзяляюцца на дзве катэгорыі: агульнанацыянальныя - іх няшмат, сюды ўваходзяць пераважна нацыянальныя музеі і тэатры, і культурныя інстытуцыі, якія курыруюцца мясцовымі ўладамі.

Што датычыць зберажэння матэрыяльнай спадчыны (як, напрыклад, архітэктурных збудаванняў), то польская культурная палітыка нагадвае тыя падыходы, якія шырока практыкуюцца і ў іншых краінах: жылыя збудаванні, калі яны маюць гістарычную каштоўнасць, знаходзяцца пад пільнай увагай і апекай мясцовых уладаў, дзяржавы, і жыльцам забараняецца ўносіць змяненні ў архітэктурнае аблічча без узгаднення з мясцовымі ўладамі.

Мэтай польскай культурнай стратэгіі, такім чынам, стала гарманічнае і ўраўнаважанае культурнае развіццё ў рэгіёнах, а задачамі - павелічэнне эфектыўнасці кіравання ў сферы культуры; укараненне інавацыйных тэхналогій у сістэму арганізацыі культурнай творчасці і ў сістэму пашырэння культуры і павелічэння магчымасцей доступу да культурных здабыткаў; змяншэнне рэгіянальных дыспрапорцый у сферы культуры; павелічэнне доступу да мастацкай адукацыі, даброт і паслуг культуры; стварэнне найлепшых умоў для мастацкай творчасці, эфектыўная прамоцыя творчасці; захаванне культурнай спадчыны і актыўная ахова культурных здабыткаў; выкарыстанне сучасных тэхналогій у працэсе мадэрнізацыі і пашырэнні інфраструктуры ў сферы культуры. Галоўным адказным за рэалізацыю Стратэгіі выступае міністэрства культуры, а таксама міністэрства эканомікі і працы, міністэрства народнай адукацыі і спорту, СМІ, спонсары, інстытуты бізнесу і грамадскіх партнёраў [19].

У межах Стратэгіі дзейнічае цэлы шэраг культурных праграм, як, напрыклад, нацыянальная праграма падтрымкі чытачоў і развіцця кніжнага сектара, нацыянальная праграма аховы культурных здабыткаў і культурнай спадчыны, нацыянальная праграма развіцця мастацкіх інстытутаў, нацыянальная праграма "Знакі часу", накіраваная на развіццё і пашырэнне сучаснага мастацтва і інш.

Такім чынам, сэнс падрыхтоўкі стратэгіі развіцця культуры, апроч палітычнага і гістарычнага дыскурсу, заключаецца ў пытанні рэалізацыі канкрэтных мэтаў і задач, у тым ліку практычна-інстытуцыянальных спраў.

Сфера культуры ў сістэмным яе разуменні выступае значным фактарам сацыяльна-эканамічнага развіцця, мае істотны ўплыў на фарміраванне дзяржаўных дэмакратычных інстытутаў, праз сферу паслуг і культурнай прадукцыі ўносіць значны ўклад у валавы нацыянальны даход, забяспечвае вялікай колькасцю працоўных месцаў. Культура, развіваючыся ў рэгіёнах, актыўна спрычыняецца да справы аб'яднання ўсёй нацыянальнай супольнасці.

Надзвычай істотным элементам пільнай увагі польскага грамадства і ўраду застаецца польская мова: хаця, калі параўноўваць з беларускай сітуацыяй, польскай мове нічога не пагражае. Згодна з Уставай "Пра польскую мову" , прынятай 07 кастрычніка 1999 г., якая датычыць аховы польскай мовы і яе ўжывання ў публічнай сферы, польская мова афіцыйна абвешчана фундаментам нацыянальнай самасвядомасці і культуры. Цікава адзначыць, што ў некаторых выпадках (пры найменнях тавараў або паслуг, суправаджальнай дакументацыі тавараў і інш.) пры ўжыванні не польскай мовы прадугледжваецца адпаведнае пакаранне [30]. Зрэшты, моўная разнароднасць ёсць дэмакратычнай і культурнай асновай Еўрасаюза, абавязковым прынцыпам функцыянавання інстытутаў ЕС: дзяржаўнымі мовамі Еўрасаюза сёння выступаюць ажно 27 моў, у тым ліку польская, чэская, эстонская, літоўская і інш.

Уступленне Польшчы ў Еўрасаюз дало штуршок і паслужыла адным з фактараў стварэння стратэгіі развіцця гэтай краіны ў сучасных умовах. Членства Польшчы ў Еўрасаюзе, паводле вызначэння саміх палякаў, стала пытаннем, паводле якога палякі ўпершыню за дзесяцігоддзі павярнуліся да будучыні, а не да мінулага, пачалі глядзець уперад, а не назад ( паводле вынікаў рэферэндума ад 07 - 08 чэрвеня 2003 г., 77, 45 % палякаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, выказаліся за ўваходжанне Польшчы ў Еўрасаюз). Пасля 01 мая 2004 г. дыскусія па гэтым пытанні стала беспрадметнай, а яе месца заняло абмеркаванне месца і ролі Польшчы ў Еўрасаюзе, а таксама неабходнасць захавання і развіцця ўласнай культурнай самабытнасці і мовы [20].

З аднаго боку, уваход у Еўрасаюз стаўся адным з элементаў распачатай у 1989 г. сістэмнай трансфармацыі, накіраванай на ўваходжанне ў сусветную палітычную, эканамічную і культурную капіталістычную сістэму, дэмакратызацыю, мадэрнізацыю, эканамічную і культурную глабалізацыю, адкрыццё межаў, павелічэнне міграцыйных працэсаў і т.п. З іншага ж боку, уваходжанне Польшчы ў Еўрасаюз было абумоўлена і глыбока спецыфічнай асаблівасцю польскага грамадства, аналіз якой не ўваходзіць у кола акрэсленай праблематыкі аўтара гэтай працы. Варта адзначыць толькі, што палякі -найвялікшыя еўраэнтузіасты на нашым кантыненце [20]. Сёння для пераважнай большасці палякаў прыналежнасць іх краіны не толькі да Еўропы як гістарычна сфарміраванай супольнасці, але і да Еўрасаюза як інстытута ёсць фактам натуральным і відавочным.

Калі тварэнне і ўмацаванне пачуцця нацыянальнай супольнасці, патрыятызму і калектыўнай самасвядомасці польскага народа адбывалася да 1989 г. неўпарадкавана, апазіцыйна да аўтарытарнай камуністычнай улады, то пасля змены палітычнай сістэмы выяўленне нацыянальных і рэлігійных перакананняў страціла палітычную функцыю апазіцыйнасці. На першы план выйшлі грамадзянская свядомасць, мультыкультурнасць, поліэтнічнасць польскай супольнасці. Калі адны даследчыкі палічылі гэта абавязковым элементам культурнай мадэрнізацыі польскага грамадства, то іншыя ўбачылі тут спробу расхіствання традыцыйнай самасвядомасці палякаў, якая здаўна была знітавана з каталіцкай рэлігійнасцю.

У 2005-2007 гадах узмацненне нацыянальнай і рэлігійнай ідэнтычнасці стала прадметам мэтанакіраванай дзейнасці дзяржаўнай улады ў Польшчы. Да сённяшняга дня не спыняецца публічная дыскусія на тэму спецыфікі польскага патрыятызму, польскай рэлігійнасці і гістарычнай палітыкі, а таксама еўрапейскай ідэнтычнасці і еўрапейскай культурнай палітыкі ў цэлым. Канцэпцыя "Еўропы Айчын" ("Еўропы нацый"), якая прызнае развіццё нацыянальных дзяржаў і нацыянальных культур у супольнасці аб'яднанай Еўропы, трактуецца ў Польшчы надзвычай пазітыўна і ўспрымаецца як "добрая Еўропа": хрысціянская, гуманістычная, салідарная, дэмакратычная, стабільная.

Зрэшты, пытанне аб ролі нацыянальных дзяржаў не датычыць толькі стасункаў у Еўрасаюзе. У глабальным свеце змяняецца пазіцыя дзяржавы як суб'екта ўлады, кантролю, апекі і арганізацыі сацыяльнага жыцця. З аднаго боку, гаворка ідзе пра аслабленне ролі дзяржавы, асабліва ў плане мажлівасцей аховы грамадзян ад знешніх уплываў, у першую чаргу ў сферах эканамічнай, ваеннай, культурнай і інфармацыйнай. Дзейнасць нацыянальных дзяржаў усё больш узаемазалежная ад функцыянавання наднацыянальных, рэгіянальных і лакальных утварэнняў. З іншага боку, глабальныя змяненні вымагаюць дастасаванай актыўнасці нацыянальных дзяржаў, якія мусяць станавіцца чыннікам і каталізатарам развіцця, у тым ліку культурнага.

Хаця адзінай палітыкі Еўрасаюза ў галіне культуры няма і кожная краіна праводзіць уласную культурную палітыку, аднак членства ў Еўрасаюзе дае мажлівасць фінансавай падтрымкі разнастайных культурных праектаў як непасрэдна з саюзнага бюджэту, так і шляхам сумеснага фінансавання агульнаеўрапейскіх праектаў.

Увогуле ж разгляд культурнай палітыкі як палітыкі падтрымкі культуры і мастацтва па лініі дзяржавы датуецца пачаткам X1X ст. Карэнныя змены ў галіну міжнароднага культурнага супрацоўніцтва ў Еўропе ўнёс падпісаны 07 лютага 1992 г. Маастрыхцкі дагавор аб стварэнні Еўрапейскага саюза. Артыкул 128 даў прававую падставу для развіцця дзейнасці Саюза ў галіне культуры. У Дагаворы адзначаецца, што мэта дзейнасці Саюза ў галіне культуры - не стварэнне нейкай адзінай, наднацыянальнай, еўрапейскай культуры, а падтрымка захавання і развіцця нацыянальных культур краін-чальцоў. Адначасова падкрэсліваецца, што характэрнай рысай еўрапейскай культуры і яе багаццем з'яўляецца разнастайнасць, якая павінна быць захавана.

Бюджэты краін-чальцоў на культуру выдзяляюць розныя сродкі. Гэта залежыць ад усталявання гістарычных традыцый, мадэляў адносін паміж дзяржавай і сферай культуры, якія вызначаюць спосаб кіравання і прызначэнне дзяржаўных сродкаў. Вялікае значэнне мае спонсарства.

У 1997 г. пры Савеце Еўропы быў створаны даследчы аддзел па пытаннях культурнай палітыкі, які выдае зборнік "Культурная палітыка ў Еўропе: асноўныя факты і тэндэнцыі". Асноўнымі прынцыпамі культурнай палітыкі абвешчаны шматкультурнасць, антырасізм, захаванне разнастайнасці.

Праграмы Еўрасаюза ў пытаннях культуры сканцэнтраваны на ахове і пераацэнцы еўрапейскай спадчыны, а таксама рэінтэграцыі з сучаснасцю. Еўрапейскі саюз падтрымлівае шырокае развіццё інфраструктуры культуры, асабліва што тычыцца новых інфармацыйна-камунікацыйных тэхнік.

Далучэнне Беларусі да разнастайных культурных праграм Еўрасаюза дазволіць ёй скарыстаць з досведу краін-чальцоў, у якіх ужо даўно культура развіваецца ва ўмовах рынку, у адкрытым грамадстве. Мадэлі культурнай палітыкі там вызначаюцца пагадненнем запатрабаванняў рынку з удзелам высокай культуры, аховай нацыянальнай тоеснасці, а таксама - што ва ўмовах глабалізацыі вельмі істотна - аховай уласных рынкаў культуры.

Пошук "залатой сярэдзіны" паміж поўнай адкрытасцю і некаторай нацыянальна-лакальнай замкнутасцю ў культурнай сферы ёсць ідэальным шляхам пры вырашэнні пытання культурнага развіцця, у тым ліку захавання культурнай самабытнасці.

З амерыканскага вопыту культурнай палітыкі: захаванне культурнай спадчыны ў ЗША

Мне пашанцавала наведаць Злучаныя Штаты Амерыкі не ў якасці турыста ці па нейкіх прыватных справах, але з мэтай вывучэння пытання захавання культурнай спадчыны ў гэтай краіне. Злучаныя Штаты Амерыкі - унікальнае месца, дзе прысутнічаюць элементы ці не ўсіх этнічных культур свету і развіваюцца некалькі паралельных гісторый. Не варта забываць і таго, што розныя нацыі прыўнеслі свой уклад у развіццё Амерыкі: пераважна яўрэі фактычна пабудавалі фінансавую сістэму, немцы актыўна спрычыніліся да развіцця індустрыі, славяне і скандынавы - сельскай гаспадаркі.

Мультыкультурнае амерыканскае грамадства - гэта глабалізм у мініяцюры, таму і захаванне культурнай спадчыны, якая вызначаецца не толькі надзвычайнай шматэтнічнасцю і полікультурнасцю, але і адсутнасцю сталых, сфарміраваных стагоддзямі традыцый, класічных узораў, павінна мець сваю спецыфіку. Спецыфіка гэтая палягае на выключнай прадуманасці і сістэмнасці аховы культуры: надзвычай беражліва ашчаджаюцца тыя культурныя набыткі, якія і прывезеныя на кантынент эмігрантамі, і ўжо выпрацаваныя тут, у працэсе ўласна амерыканскай жыццядзейнасці і творчасці - безумоўна, з розным уплывам сваіх (родавых) этнічных культур.

Найбольш паказальным падаецца прыклад горада Чыкага, што ў штаце Ілінойс.

Гісторыя гэтага горада тыповая для Амерыкі: шукаючы шлях да Мексіканскага заліва, у 1673 г. на землі ўзбярэжжа возера Мічыган трапілі французы, якія панавалі тут да 1763 г., пазней былі выціснутыя англічанамі, але, як і апошнія, не пакінулі заўважнага следу ў гісторыі краю. Падчас вайны за незалежнасць 1778 г. англічане былі выгнаныя з гэтых мясцін, а тэрыторыя ўвайшла ў склад штата Вірджынія. У 1809 г. пачалося масавае засяленне зямель Ілінойса, якія ў 1818 г. атрымалі статус штата (дваццаць першага па ліку). Зразумела, карэннае насельніцтва адчайна змагалася за права жыць на сваёй зямлі, захоўваць і перадаваць праз пакаленні ўласныя традыцыі. У 1832 г. паміж пасяленцамі і індзейцамі адбыліся асабліва кровапралітныя сутыкненні, якія ўвайшлі ў гісторыю як Вайна Чорнага Ястраба.

У гістарычных крыніцах вёска Чыкага (на мове мясцовых індзейцаў "чыкага" абазначае "дзікі часнок, які расце ў мокрых, балоцістых мясцінах") згадваецца з 1833 г., калі колькасць яе насельніцтва складала каля 100 чалавек. З 1837 г. Чыкага - гэта ўжо вядомы горад з трыма тысячамі жыхароў. Па тэмпах свайго росту ў X1X стагоддзі горад Чыкага выйшаў на першае месца ў свеце. У 1893 г. ён становіцца галоўным месцам святкавання чатырохсотгадовага юбілею Хрыстафора Калумба. Ужо ў пачатку XX стагоддзя Чыкага налічваў да 1 млн. насельніцтва. Выхадцы са 117 краін свету, жыхары горада складаюць наступныя прапорцыі: адна трэць - прадстаўнікі белай расы, адна трэць - афраамерыканцы, адна трэць - так званыя іспанамоўныя. Карэннае насельніцтва згаданых мясцін індзейцы ілінівек, продкі ілінойсаў, якія жылі тут спрадвечна, складаюць менш за адзін працэнт сярод жыхароў чыкагскіх ваколіц, астатнія выціснутыя на захад ад Місісіпі.

Чыкага, як вядома, славіцца сваімі хмарачосамі (будынак 1885 г. Хоум Іншуранс - першы ў свеце хмарачос), што будаваліся пераважна рукамі індзейцаў. Літаральна вырваныя са сваёй зямлі, адарваныя ад каранёў і звыклага ладу жыцця, тутэйшыя насельнікі страцілі жыццёвы імунітэт, у тым ліку і пачуццё фізічнага страху перад вышынёй, што, аднак, не пазбавіла людзей ад шматлікіх няшчасных выпадкаў падчас высотных работ. Моцна падарваны імунітэт, дарэчы, не мог выратаваць і ад такой распаўсюджанай з'явы, як алкагалізм: туземцаў элементарна спойвалі. Да сённяшняга дня генацыд у адносінах да індзейцаў афіцыйна не прызнаны, хаця кожны штат публічна пацвердзіў, што на яго тэрыторыі жыло пэўнае племя. У працэсе генетычнай асіміляцыі індзейцамі засталіся тыя, хто думае па-індзейску, а гэта абсалютна адмысловы тып светабачання (напрыклад, індзейцы цалкам не прымаюць сельскую гаспадарку ў нашым яе разуменні, бо, на іх думку, парушаецца не толькі глеба і экалагічная раўнавага, але і гармонія ўзаемадачыненняў з прыродай і светам у цэлым). Тым не менш у ЗША кожны індзеец можа стаць грамадзянінам пры ўмове прыняцця адпаведнай прысягі на вернасць дзяржаве, у адрозненне ад той жа Канады, дзе індзейцы лічацца недзеяздольнымі і прыраўноўваюцца ў грамадзянскіх правах да дзяцей. Фактычна індзейская культура, надзвычай самабытная і па-свойму багатая, знішчана, а менавіта яна была аптымальным спосабам бачання і пераўтварэння свету для мясцовых жыхароў. Здаецца, у ЗША толькі адзін універсітэт - у Паўночнай Дакоце - спрабуе аднавіць індзейскую культуру і развіваць т. зв. native science, а ў самім Чыкага існуюць усяго дзве творчыя арганізацыі, якія дэманструюць два пласты індзейскай культуры - музыку і сказанні. Аргументы на карысць таго, што еўрапейцы прынеслі на амерыканскі кантынент цывілізацыйныя дасягненні ўзамен варварству, бясспрэчныя. Але пытанне ў тым, наколькі гэтая цывілізацыя, што не развівае творча, а знішчае мясцовую культуру, маральна і духоўна апраўданая, ці гарантуе яна сацыякультурны прагрэс? Гэтая праблема надзвычай складаная, яна патрабуе асобнага даследавання, адзначу толькі, што культура, відаць, забяспечвае само права на існаванне той ці іншай супольнасці. У любым выпадку, своеасаблівасць светапогляду розных этнічных груп вызначыла выключную ролю нацыянальна-культурнай самасвядомасці ў такой геаграфічна і гістарычна далёкай ад нас краіне, як ЗША.

Культурная мазаічнасць Чыкага, адсутнасць класічнай, традыцыйнай культуры, паралельнае існаванне некалькіх этнічных гісторый у гісторыі гэтага горада паслужылі прычынай таго, што і высокую ступень развіцця, і ўсялякую падтрымку мае тут культура матэрыяльная, і перш за ўсё - вулічнае мастацтва, як правіла, у стылі мадэрн. Разам з тым, адчуваецца вялікая патрэба ў духоўна-культурных каштоўнасцях, якія яшчэ трэба выпрацоўваць і здабываць. Невыпадкова надзвычай вялікая ўвага надаецца вывучэнню і папулярызацыі мясцовай гісторыі, а аддзел культуры горада ўвёў нават спецыяльную пасаду - афіцыйнага гісторыка Чыкага.

Увогуле ў ЗША кіраванне культурай ажыццяўляецца на мясцовым узроўні - палітыка ў дачыненні да культурных багаццяў краіны носіць дэцэнтралізаваны характар. Спрэчкі паміж вялікімі, універсальнымі музеямі, якія базіруюцца на ідэі адзінства чалавецтва і разуменні, што кожная нацыянальная культура ўносіць свой уклад у сусветную скарбніцу, і малымі музеямі, якія прысвечаныя пэўнай этнічнай культуры, сістэматычна правакуюць пытанне пра тое, што ж такое культура Амерыкі, хто яе стварае і каму яна належыць. Згаданыя дэбаты пра універсальнае і рэгіянальнае, лакальнае, этнічнае пэўным чынам адлюстроўваюць і сусветную карціну ўзаемадзеяння і разумення культурных працэсаў.

Інстытут журналістыкі ў Чыкагскім універсітэце - самы вялікі ў ЗША, які займаецца мастацтвам: студэнтам прапануюцца асобныя курсы і майстар-класы па праблеме асвятлення культурных падзей і мастацкіх з'яў. Інфармацыйная падтрымка мастацтва ажыццяўляецца на бясплатнай аснове, больш за тое, шматлікія фірмы і кампаніі дзеля паляпшэння свайго іміджу і ў рэкламных мэтах не толькі займаюцца мецэнацтвам, але распрацоўваюць і рэалізуюць уласныя праграмы падтрымкі творчасці і культуры ў цэлым. Так культура відавочна будуе масты паміж этнасамі і нацыямі, а ўсе агульнагарадскія падзеі носяць адназначна інтэрнацыянальны характар.

Праца па захаванні культурнай спадчыны штата Ілінойс уключае ў сябе цэлую сістэму асветніцкай дзейнасці з мэтай пашырэння ведаў пра канкрэтныя культурныя помнікі і іх культурную каштоўнасць - у дэмакратычных умовах значнасці грамадскай думкі гэта найлепшы спосаб захавання культурнай спадчыны. Асабліва гэта датычыць захавання будынкаў, якія маюць гісторыка-культурнае значэнне. Так, рух за захаванне гістарычных будынкаў Чыкага пачаўся ў 50-ых гадах мінулага стагоддзя, калі фатограф Нікальс, які рабіў здымкі гістарычных каштоўнасцей, пачаў уздымаць пытанне пра захаванне цэнтра горада. У 2001 г. створана арганізацыя па захаванні Чыкага - "Чыкага -7" (у гонар першых сямі будынкаў, якія ахоўваліся). На сённяшні дзень у Чыкага зарэгістравана 50 раёнаў гістарычнай значнасці і 300 будынкаў знаходзяцца пад аховай мясцовых уладаў. Прыкладам жа інтэгральнага развіцця культурна-гістарычнага турызму ў штаце Ілінойс можа служыць музей Абраама Лінкольна - надзвычай сучасны, аснашчаны цудоўнымі дыярамамі, разлічаны на ўсе ўзроўні ведаў, што дэманструе вернасць дэмакратыі Абраама Лінкольна і яго адданасць ідэі роўнасці, як гэта цытуецца на адной са сцен музея: "Я не хацеў бы быць рабом, але я не хацеў бы быць і валадаром. Усё, што адхіляецца ад гэтага, таксама адхіляецца і ад дэмакратыі". Адметнасць музея - у эмацыянальнай форме падачы гістарычнага матэрыялу праз светлавыя, дымавыя, гукавыя, тэатральна-пантанімічныя эфекты ("спачатку гісторыя павінна пранікнуць у сэрца"), нібыта яго аўтары былі ўпэўненыя, што праўду ў гісторыі не заўсёды можна знайсці ў аб'ектыўным, дакументальным падыходзе.

Спецыяльныя музеі для дзяцей (дарэчы, даступныя для ўсіх, бо ў некаторыя дні працуюць бясплатна) накіраваныя не так на забавы, як на фарміраванне пазнаваўчых здольнасцей і атрыманне канкрэтных працоўных навыкаў: у музеі нават самым маленькім дзецям даецца магчымасць канструяваць фантаны і шлюзы у басейне, вучыцца выкарыстоўваць вытворчыя адкіды, весці лясную гаспадарку, гуляць у шахматы і т.п. Г.зв. "культура выкідвання смецця" вучыць дзяцей, яшчэ немаўлят, эканоміі - пры стварэнні новага неабходна выкарыстоўваць старое. Усё падпарадкавана практычнай дзейнасці і прагматызму.

Увогуле клопат грамадства, дзяржавы, мясцовых уладаў пра маладое пакаленне дае кожнаму ўсе шанцы для таго, каб выявіць і развіваць свае мастацкія здольнасці. Шматлікія культурныя цэнтры, якія працуюць у асноўным з дзецьмі, рыхтуюць разнастайныя этнічныя праграмы (выбірай на любы густ!), якія ўключаюць у сябе выставы-экспазіцыі, выступленні знакамітых мастакоў, пісьменнікаў, семінары, майстар-класы і т.п.

Напрыклад, "After school matters" - "Галерэя 37" - ініцыятыва па выкарыстанні пустой прасторы ў цэнтры горада. Падлеткаў вучаць размалёўваць лаўкі і прапаноўваць гэтыя (платныя!) паслугі ў банках, бібліятэках, іншых установах. Прычым, калі дзеці прысутнічаюць на ўсіх занятках, яны ў рэшце рэшт атрымліваюць нават стыпендыю.

Што адразу кідаецца ў вочы, дык гэта накіраванасць на пастаянны пошук новага, іншага, лепшага. Амерыканскае грамадства надзвычай дынамічнае, мабільнае, неўраўнаважанае - высокі ўзровень энтрапіі выяўляе вялікі патэнцыял супольнасці.

Такім чынам, кіраванне культурай у ЗША ажыццяўляецца на мясцовым узроўні (няма нават пасады міністра культуры). Палітыка ў дачыненні да захавання культурных багаццяў краіны з'яўляецца дэцэнтралізаванай, яна адлюстроўвае палітычныя інтарэсы рэгіёнаў. Калі ў 90-ых гадах мінулага стагоддзя ў кантэксце руху ў бок утварэння рэгіянальных цэнтраў культуры акцэнт рабіўся на захаванні гісторыі краіны, а не на развіцці сучаснага мастацтва, то ў пачатку XX1 стагоддзя пачалі падтрымлівацца ў першую чаргу тыя работы, якія "працуюць" на міжнародны статус краіны. Паралельна расце зацікаўленасць лакальных груп ва ўласнай культуры.

Урад уплывае на культуру некалькімі спосабамі: праз валоданне і кіраванне функцыямі (напрыклад, агульнанацыянальныя музеі); праз заахвочванне (скідкі, гранты, выгадныя дзяржаўныя пагадненні); праз рэгуліроўку метадам забароны; праз інстытут інтэлектуальнай уласнасці; праз інфармацыю (дзяржава можа прадастаўляць інфармацыю, якая напрамую паўплывае на насельніцтва).

Такім чынам, нават самае агульнае знаёмства з сістэмай захавання культурнай спадчыны ў адным са штатаў ЗША робіць відавочным плённасць і прадуманасць культурнай палітыкі гэтай краіны, актыўную зацікаўленасць дзяржавы ў максімальна поўнай самарэалізацыі кожнай асобы і кожнай этнічнай групы, грамадскай супольнасці ў цэлым.

Некалькі слоў пра Вялікабрытанію

Адной з асаблівасцей сучаснай Вялікабрытаніі, што вынікае са спецыфікі ўсёй гісторыі і культуры брытанцаў, з'яўляецца надзвычай высокі ўзровень адукацыйных паслуг і фактычнае падпарадкаванне адукацыйнай сферы іншых сфер жыцця: невыпадкова атрымаць адукацыю на востраве туманнага Альбіёна лічыцца вельмі прэстыжным. Адукацыя ў Вялікабрытаніі развівалася стагоддзямі. Гэта складанейшая сістэма з рознымі варыяцыямі ў розных частках краіны. Хаця адукацыя ў Англіі, у адрозненне ад Шатландыі, - амаль цалкам платная (для замежных грамадзян - значна даражэйшая, прычым памер аплаты розны ў розных навучальных установах), для таленавітых маладых людзей з бедных сем'яў, якія паказалі высокі ўзровень ведаў, робяцца скідкі аж да бясплатнага навучання. Школа Брыгхаўс Хай, вопыт працы якой мне давялося вывучаць, - адна з лепшых у Англіі. 1369 вучняў 11-18 гадоў навучаюцца ў 7-13 класах (у класе ў сярэднім па 15 чалавек). Творчая, свабодная атмасфера, індывідуалізаваны падыход да навучання спалучаюцца з цвёрдай дысцыплінай і фіксаванай сістэмай пакарання. Гадавы бюджэт школы - 6 млн. фунтаў (каля 12 млн. даляраў). Што прыемна здзівіла, штогод дзеці за ўласна заробленыя грошы наведваюць розныя краіны (у тым ліку афрыканскія) з мэтай азнаямлення з полікультурным светам. Фарміраванне талерантнасці, такім чынам, выступае адной з мэтаў выхавання і навучання, тым больш што школа Брыгхаўз Хай - адна з нямногіх у Англіі, дзе навучаюцца амаль выключна "белыя" дзеці. Дарэчы, прэстыжнасць школы і жаданне бацькоў аддаць дзяцей менавіта ў гэтую школу паслужыла прычынай павелічэння кошту дамоў, якія размешчаныя побач.

Мэта брытанскай адукацыі - падрыхтоўка да жыцця ў XX1 стагоддзі: лічыцца, і тут ёсць рацыя, што ў камп'ютэрную эпоху насычаць маладога чалавека толькі канкрэтнымі фактамі - досыць неразумны занятак, галоўнае - навучыць вучыцца, даць канцэптуальнае разуменне свету і свайго месца ў ім, выхаваць перспектыўнае мысленне, уменне распазнаваць і рэалізоўваць жыццёвыя шанцы, захоўваць адпаведныя міжлюдскія і міжкультурныя ўзаемадачыненні.

У Вялікабрытаніі вельмі развітая сістэма кантролю ведаў. Ацэнка так званай "дабавачнай вартасці" - наколькі вучань, студэнт падняў свой інтэлектуальны ўзровень за час навучання, - асноўны крытэрый эфектыўнасці адукацыйнай установы. Кіраванне на ўсіх адукацыйных узроўнях ажыццяўляецца не праз адукацыйныя стандарты, нейкія фіксаваныя нормы, а праз жывы вынік, канкрэтны рэзультат. Што цікава, калі расклад заняткаў і падручнікі для навучання вызначаюць дырэктары школ, то праграму і методыку выкладання кожны настаўнік выбірае самастойна. Лінейныя менеджэры назіраюць за працай настаўнікаў і даюць канкрэтныя парады па паляпшэнні якасці навучання і павышэнні кваліфікацыі. Дзяцей вучаць у першую чаргу быць арганізаванымі, умець працаваць самастойна, заканчваць працу своечасова, займацца даследчай дзейнасцю з дапамогай матэрыялаў бібліятэк і Інтэрнэта, граматна падаваць інфармацыю ў вуснай і пісьмовай форме, працаваць у калектыве.

Самай прэстыжнай спецыяльнасцю універсітэта ў Хаддэрсфілдзе (які мне таксама пашчасціла наведаць), як і ў большасці іншых універсітэтаў, з'яўляецца "бізнес і кіраванне". Увогуле бізнес бярэ вельмі актыўны ўдзел у адукацыйным працэсе. Сярэдняя аплата за навучанне - каля 7,5 тыс. фунтаў у год (для параўнання: у Лондане сярэдняя аплата навучання за год - 15 тыс. фунтаў). Як правіла, студэнты аплочваюць сваё навучанне самастойна (існуе магчымасць банкаўскага крэдытавання з наступнай гнуткай сістэмай пагашэння крэдытаў у залежнасці ад гадавой зарплаты: да атрымання гадавой зарплаты памерам у 15 тыс.фунтаў крэдытор можа не пагашаць крэдыт; калі за 25 гадоў працы гадавая зарплата не падымаецца вышэй за 15 тыс. фунтаў у год, то крэдытор не пагашае крэдыт увогуле).

Кароткая даведка. Кожная зямля Злучанага Каралеўства мае ўласную адукацыйную сістэму, адпаведныя паўрамоцтвы перададзеныя Шатландыі, Уэльсу і Паўночнай Ірландыі. Дзяржаўны Сакратарыят па адукацыі і навучанню падпарадкаваны Парламенту Аб'яднанага Каралеўства, хаця з кожным днём адміністраванне і фінансаванне дзяржаўных школ усё больш залежаць ад мясцовай улады. Агульная дзяржаўная адукацыя ў Англіі і Уэльсе была прадстаўлена пачатковым узроўнем у 1870 г. і сярэднім узроўнем - у 1900 г. У Шатландыі абавязковая сярэдняя адукацыя існуе з 1696 г.! Са 138 універсітэтаў Аб'яднанага Каралеўства некаторыя па праву заслужылі міжнародную славу, асабліва Кембрыджскі, Оксфардскі ці Лонданскі; у 2007 г. 32 універсітэты Вялікабрытаніі ўвайшлі ў спіс 200 лепшых у свеце.

У Вялікабрытаніі - каля 450 розных каледжаў. Кожны ў сярэднім мае ад 10 да 25 млн. фунтаў гадавога абароту.

Існуе сістэма закрытых прыватных школ, галоўны вынік дзейнасці якой - выпускнік, англійскі джэнтльмэн у поўным сэнсе гэтага слова - выхаваны, прыстойны, адданы, вынослівы і т.п. Дзевяць самых старажытных і арыстакратычных прыватных школ застаюцца самымі ўплывовымі: Ітан ( 1440), Харроу (1571), Уінчэста (1382) і інш. Напрыклад, Ітанская прыватная школа была заснаваная каралём Генры Шостым, ці не 20 прэм'ер-міністраў Вялікабрытаніі скончылі гэтую школу. Большая палова ўсіх выпускнікоў - гэта лорды, якія ўнаследавалі свае тытулы.

Такім чынам, адукацыйная сфера сёння выяўляе адну з самых істотных адметнасцей брытанцаў, яна адлюстроўвае той спецыфічны культурны тып адмысловай павагі да традыцыі, ведаў і творчай самарэалізацыі асобы, які дазволіў нацыі ўзняцца на такі інтэлектуальна-творчы ўзровень развіцця (і адпаведна эканамічны, палітычны, сацыяльны), які з'яўляецца адным з самых высокіх у свеце. Шырокамаштабнае капіталаўкладанне ў будучыню шляхам сапраўды ўсебаковага развіцця таленту жыхароў Аб'яднанага Каралеўства стала ці не самай эфектыўнай лініяй развіцця культурнай самабытнасці Вялікабрытаніі.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Захаванне культурнай самабытнасці з'яўляецца актуальнай задачай сучаснасці і ў беларускай сітуацыі патрабуе дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы, беларускіх культурных традыцый, уключаючы ўсе формы захавання і развіцця культурнай спадчыны, умацавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларускага народа. Без стварэння натуральнага культурна-моўнага кантэксту і задзейнічання глыбіннага духоўнага пласта народнага патэнцыялу на фоне глабальнага сацыякультурнага ўзаемадзеяння беларуская нацыя трапляе ў стан абсалютнай неканкурэнтаздольнасці і ніякі плённы міжкультурны дыялог на ўсіх узроўнях для яе становіцца немагчымым. У сённяшніх умовах гэтаксама небяспечным выступае і ўсялякае штучнае абмежаванне ў сферы сацыякультурнага абмену, міжкультурных камунікацый і т.п., бо яно пагражае звесці беларускі народ да ўзроўню адсталага, правінцыйна-местачковага, дапатопнага, выміраючага этнасу. Таму самае эфектыўнае рашэнне прадугледжвае гарманічнае ўзаемадапаўненне, з аднаго боку, стабільнага нацыянальнага ядра ў выглядзе беларускай мовы і беларускай культуры (наколькі магчыма, аўтэнтычнай, прафесійна-мастацкай, духоўных традыцый і інш. - усяго, што ўваходзіць у сферу беларускай нацыянальнай культуры), з іншага боку, актыўны міжкультурны дыялог, у тым ліку развіццё беларускай гуманітарнай навукі і філасофіі ў кантэксце еўрапейскіх здабыткаў і сусветнага вопыту, адкрытасць да засваення лепшага, павага да іншых культур, валоданне замежнымі мовамі і інш.

Пры распрацоўцы стратэгіі нацыянальна-культурнага і духоўнага развіцця выключна важным з'яўляецца дасканалае вывучэнне вопыту іншых краін, найперш еўрапейскіх, бо беларуская культура з'яўляецца часткаю еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. Паспяховым і магчымым для нашай акцэптацыі з'яўляецца ў першую чаргу польскі вопыт (маецца на ўвазе як захаванне культурных здабыткаў, так і рэалізацыя стратэгіі далейшага культурнага развіцця). Велізарнае значэнне мае і выкарыстанне досведу брытанскага (невыпадкова інтэлектуальны патэнцыял становіцца самым магутным фактарам нацыянальнага развіцця), нямецкага і нават амерыканскага - апошні асабліва карысны сваёй полікультурнасцю, дынамічнасцю, інавацыямі.

Будзьма ж беларусамі годнымі, мужнымі, адукаванымі, з пачуццём гонару за тысячагадовую культурную гісторыю і рамантычную духоўнасць, уласцівую нашаму народу, адкрытымі свету і гатовымі цалкам адкрыць сучасны і будучы свет для сябе.

Спіс літаратуры

1. Bock, K. Human Nature and History. A Response to Sociobiology / K. Bock. - New York, 1980.

2. Bogucka, M. Dzieje kultury polskiej do 1918 roku / Maria Bogucka -Wroclaw: Ossolineum, 1987.

3. Coleridge. On the Constitution of Church and State. Цытуецца паводле: Williams. Culture and Society, 1979. - s.75-76

4. Culture programme: a serious cultural investment / European Commission - Culture [Electronic resource]. - 2008. - Mode of access: http://europa.eu/pol/cult/index_en.htm. - Date of access: 07.08.2008.

5. Dahrendorf, R. Out of Utopia, Toward a Reorientation of Sociological Analysis / R. Dahrendorf. - American Journal of Sociology. - 1958. - № 64.

6. Dewey, J. Human Nature and Human Conduct / J. Dewey. - New York, 1922.

7. Eurostat, http://europa.eu.int/comm/eurostat/Public/datashop/print-catalog.

8. Gellner, E. Nations and Nanionalism // E. Gellner . - Oxford, 1983.

9. Habermas, J. On the Logic of the Social Sciences / J. Habermas. - London, 1970.

10. Intercultural Dialogue // Euro barometer : Robert Schuman Foundation [Electronic resource]. - 2008. - Mode of access: www.robert-schuman.eu. - Date of access: 03.03.2008.

11. James, W. The Principles of Psychology / W. James. - New York, 1890.

12. Jan Pawel II. Pamiec i tozsamosc / Jan Pawel II. - Krakоw: wydawnictwo Znak, 2005. - 174 s.

13. Jan Pawel II. Wiara I rozum / Jan Pawel II. - Warszawa, 1998.

14. Kant, I. Krytyka czystego rozumu. T.2. PWN / I.Kant. - Warszawa, 1986. - 548 s.

15. Kant, I. Uzasadnienie metafizyki moralnoњci / I. Kant. - Warszawa, 1984. - 478 s.

16. Kloskowska, A. Kultury narodowe u korzeni / Antonina Kloskowska. - Wydawnictwo naukowe PWN. - Warszawa, 1996. - 470 s.

17. Komunikacja miedzykulturowa: zblizenia i impresja / Pod redakcja Aliny Kapciak, Leszka Korporowicza I Andrzeja Tyszki. - Warszawa: Instytut kultury, 1995. - 200 s.

18. Koneczny, F. Rozwoj moralnosci / Feliks Koneczny. - Lublin, 1938.-388 s.

19. Narodowa strategia rozwoju kultury na lata 2004 - 2013.

20. 5 lat czlonkostwa Polski w Unii Europejskiej w perspektywie spolecznej /Praca zbiorowa pod redakcja dr Elzbiety Skotnickiej - Illasiewicz . - Warszawa : Urzad Komitetu Integracji Europejskiej, 2009.

21. Przeclawski, K. Etyka i religie na przelomie tysiaclecii:Ciaglosc i zmiana / Krzysztof Przeclawski - Warszawa, 2001.

22. Rousseau, Jan Jakub. Trzy rozprawy z filozofii spolecznej, przel. Henryk Elzenberg. - PWN: Warszawa 1956. - s.229, 242 - 243.

23. Schiller. Listy o estetycznym wychowaniu czlowieka i inne rozprawy. Przel.I. Krońska i J. Prokopiuk. - Warszawa, 1972.

24. Skarga, В. Tozsamosc i humanizm / В. Skarga // Znak. - 1996. - № 1.

25. Spengler, О. Historia, kultura, polityka / O. Spengler .- Warszawa : PIW, 1990. - 389 s.

26. Tadeusz Biesaga SDB. Spór o normе moralności.-Kraków, 1998. - 327 s.

27. Tozsamosc. Interakcja. Grupa. Tozsamosc jednostki w perspektywie teorii socjologicznej. - Lodz: Wydawnictwo Uniwersytetu Lodzkiego, 1989.

28. Turner, J. H. Struktura teorii socjologicznej / J. H. Turner. - Warszawa, 2004. - 733 s.

29. Tylor, E.. Cywilizacja pierwotna: badania rozwoju mitologji, filozofji, wiary, mowy, sztuki i zwyczajów. Przel.z 3-go wyd.ang. Z.A.Kowerska. T.1./ E.Tylor. - W-wa, 1896. - s.36-39.

30. Ustawa z dnia 7 pazdziernika 1999 r. O jezyku polskim // Kancelaria Sejmu. - 2008 - 09 - 10.

31. Wielomski, A. Unia Europejska jako wyzwanie historiozoficzne / A. Wielomski [Electronic resource]. - 2008. - Mode of access: www. konserwatyzm. pl. - Date of access: 06.09.2008.

32. Wuthnow, R. Meaning and Moral Order / R. Wuthnow. - California : University of California, 1987.

33. Zaprudnik, Jan. Belarus: At a crossroads in history / Jan Zaprudnik. - Boulder - San Francisco - Oxford. Westview Press. -1993.

34. Znaniecki, F. Wspolczesne narody / Florian Znaniecki -Warszawa: PWN, 1990.

35. Бабкоў І. Генэалёгія беларускай ідэі // Arche: Пачатак. - 2005. - №3. - С.136 -165.

36. Бартнік, Ч. С. Тэалогія нацыі / Ч. С. Бартнік. - Чэнстахова, 1999. На польскай мове.

37. Бекус, Нэлі. "Беларуская нацыя" ў святле розных стратэгій нацыятварэння. - http://www. arche.by. - 02. 02.2009.

38. Беларуская дыяспара: нарысы гісторыі і сучаснага стану / М.М. Бацян [і інш.]. - Мінск: БДУ, 2006. - 160 с.

39. Гарошка, Леў. Што дало Беларусі хрысціянства?/ Леў Гарошка // Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура (Анталогія); укладанне, прадмова і апрацаванне: Юры Гарбінскі. - Варшава, 1998.- С. 408-412.

40. Глушакова, Т. И. Методические рекомендации по дисциплине «Реституция в Беларуси» / Т. И. Глушакова. - Минск: Изд. Центр БГУ, 2007. - 32 с.

41. Грыцкевіч, А. Старонкі нашай мінуўшчыны / Анатоль Грыцкевіч //. - Мінск: Кнігазбор, 2009. -468 с.

42. Едліцкі, Ежы. Звыраднелы свет. Страхі і прысуды крытыкаў сучаснасці / Ежы Едліцкі. - Варшава, 2000. - 306 с. На польскай мове.

43. Завальнюк, У. Узняліся крыжы над святынямі. - Мн.: Выданне касцёла Св. Сымона і Св. Алены, 1999. - 204 с.

44. Землякоў, Л. Рэлігія ў сучаснай Беларусі / Л. Землякоў, І. Жылінская // Беларускі гіст. часоп. - 2008. - № 6. - С. 3-12.

45. Ігнатовіч, Н. Беларусамі сябе лічаць і савецкія людзі, і еўрапейцы / Наста Ігнатовіч. - http:// euroradio. fm /by /14.07.2009.

46. Казакевіч Вольга, Казакевіч Андрэй. Да праблемы генезісу беларускай ідэнтычнасці // Палітычная сфера. - 2006. - №6. - С.19 - 26.

47. Конан, У. Гармонія нацыянальнага і універсальнага ў беларускай культурнай традыцыі / Мастацтва. - 1995. - №7. - С. 2-4.

48. Конан, У. Хрысціянства ў гістарычным лёсе Беларусі / Уладзімір Конан // Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура (Анталогія); укладанне, прадмова і апрацаванне: Юры Гарбінскі. - Варшава, 1998.- С.565 - 588.

49. Конан, У. Гармонія нацыянальнага і універсальнага ў быцці і культуры / Уладзімір Конан // Мастацтва. 1995. - №6. - С. 2-4.

50. Конан, У. М. Выбранае / уклад. М. А. Козенкі; прад. М. А. Козенкі. - Мінск: Смалтэк, 2009. - 536 с.

51. Крукоўскі, М. І. Бляск і трагедыя ідэалу / М. І. Крукоўскі. - Мінск : Беларускі кнігазбор, 2004. - 352 с.

52. Лазаревич, А. А. Глобальное коммуникационное общество / А. А. Лазаревич. - Минск: Белорус. Наука, 2008. - 350 с.

53. Латышонак, А. Нацыянальнасць - беларус / Алег Латышонак. - Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2009. - 558 с.

54. Літвінічын, А. Сацыяльная філасофія Бертранда Рассела / Альдона Літвінічын . - Кракаў, 1996. - 239 с. На польскай мове.

55. Лыч, Л. Праблема захавання беларускай этнакультурнай прысутнасці ў славянскім свеце / Леанід Лыч. - Мн., 2006. -72 с.

56. Мень, А.Мировая духовная культура. Христианство. Церковь. Лекции и беседы / А. Мень. - М., 1997. - 671 с.

57. Мячкоўская, Н.Б.Мовы і культура Беларусі: Нарысы / Ніна Мячкоўская. - Мінск: ВтАА "Права і эканоміка", 2008. - 347 с.

58. Падокшын, С. Падмурак дзяржаўнасці / С. Падокшын. - ЛіМ. - 1999. - 1 студз.

59. Саверчанка, І. Чалавечае вымярэнне: інтэлектуальная і духоўная сферы. - Мінск, 2004. - 55 с. На беларускай і нямецкай мовах.

60. Салееў, В. А. Хрысціянства і шляхі развіцця культуры на беларускай зямлі / В. А. Салееў // Культура. Хрысціянства. Адукацыя; пад рэд. В. А. Салеева. - Мн.: НІА, 2003. - С. 7 - 31.

61. Сініла, Г. В. Біблія як феномен культуры і літаратуры. Ч.11. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу / Г. В. Сініла. - Мн.: Бел. навука, 2004. - 612 с.

62. Станкевіч, Ян. Крывія-Беларусь у мінуласці / Ян Станкевіч. - Мн., 1942.

63. Уладыкоўская, Л. М. Духоўныя ідэалы ў сучаснай культуры Беларусі і каштоўнасці глабалізму / Л. М. Уладыкоўская. - Мінск: БДУ, 2009. - 199 с.

64.Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Акварэлі любові: Канцэпцыя нацыянальнага светапогляду ў творчасці Янкі Лучыны / Любоў Уладыкоўская-Канаплянік. - Мн.: Энцыклапедыкс, 2000. -126 с.

65. Яфімава, Н. Інтэрв'ю Еўрапейскаму радыё для Беларусі / http: //euroradio. fm/by/reports/35326/ 2009-07-13.
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1368
mod_vvisit_counter Учора 1529
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6488
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 28919